Баляслаў Прус




Дата канвертавання23.03.2016
Памер54.66 Kb.




Баляслаў Прус (Bolesіaw Prus) (1847 – 1912) Баляслаў Прус (сапраўднае імя Аляксандр Главацкі) – польскі пісьменнік эпохі пазітывізму, храніст Варшавы, мысляр, асветнік і грамадскі дзеяч. Самы ранні пераклад твору Баляслава Пруса на беларускую мову зрабіў Міхал Чарнецкі (апавяданне “Міхалка”, 1930). Янка Брыль пераклаў на беларускую мову шэраг апавяданняў Баляслава Пруса: “На канікулах”, “Антэк”, “Грахі маленства”, “Шарманка”, “Камізэлька”, “Стасевы прыгоды”, “Цені”, “Жывы тэлеграф”, “Міхалка” (зборнік “Грахі маленства, 1981). Урывак з раману“Лялька” ў перакладзе Міколы Хаўстовіча змешчаны ў часопісе “Arche” (2010, №4).

На канікулах

(Na wakacjach)
Вечарам, як звычайна, прыйшоў да мяне мой школьны калега. Абодва мы жылі на сяле за некалькі вёрст адзін ад аднаго і бачыліся амаль штодня. Гэта быў статны бландзін са спакойнымі вачыма. Мяне заварожваў яго глыбокі супакой і цвярозасць думкі.
У той дзень я заўважыў, што яму нешта не па сабе: глядзеў у зямлю і нервова пасцёбваў сябе шпіцрутэнам па нагах. Было ніякава распытваць яго аб прычынах відавочнай заклапочанасці, але ён пачаў сам:
– Ведаеш, – адазваўся, – сягоння здарыўся са мной бесталковы выпадак. Я здзівіўся. Непраўдападобным здавалася, каб «бесталковы выпадак» мог здарыцца з такім самаапанаваным чалавекам.
– Быў, – казаў далей, – зрання ў вёсцы пажар. Згарэла хата...
Сцепнуў плячыма, і мне здалося, што злёгку пачырванеў; зрэшты, магчыма, што на яго твар трапіў бляск сонца, якое пачынала ўжо заходзіць.
– Загарэліся, – працягваў пасля перапынку, – у селяніна на гарышчы каноплі, а праз некалькі хвілін занялася і страха. Я чытаў у той час нейкі цікавы раздзел кнігі, але, заўважыўшы клубы чорнага дыму і полымя, падаўся з цікавасцю на тое месца. Людзі былі на работах, дык я застаў там толькі некалькі чалавек: дзве бабы, што лямантавалі над няшчасцем, арганісціху, якая іконай святога Фларыяна ўтаймоўвала пажар, і перапалоханага селяніна з пустым вядром. Ад іх я пачуў, што хата замкнёна, бо гаспадар з жонкай выйшлі ў поле.
– Вось яна, сістэма будавання, – падумаў я. – Дом гарыць, нібы набіты порахам. Праз некалькі хвілін увесь дах стаяў у полымі: дым грыз вочы, а агонь так моцна смаліў, што, каб не спаліць вопраткі, я быў змушаны на некалькі крокаў адступіцца.
Тым часам надбегла больш людзей з бусакамі, сякерамі і вадой: адны пачалі разварочваць плот, якому нішто не пагражала, другія лілі ваду з вёдраў такім чынам, што, не дастаўшы агню, да ніткі змачылі прысутных, а адну бабу звалілі з ног.
Я не ўмешваўся са сваімі заўвагамі, бо бачыў, што агонь не пагражае іншым будынкам, а хаты ўратаваць было ўжо немагчыма.
Раптам нехта крыкнуў:
– Там дзіця, іх малы Стасік!
– Дзе? – запыталі.
– У хаце, спіць у ночвах пад акном... Вось каторы-небудзь выбі шыбу, дык яшчэ выцягнеш жывога...
Аднак ніхто не рушыўся. Салома на страсе ўжо згарэла, а кроквы рдзеліся, як распаленыя драты. Прызнаюся, што, калі я гэта пачуў, сэрца ўва мне здрыганулася.
«Калі ніхто не ідзе, – падумалася, – дык пайду я... На выратаванне хлапчука хопіць паловы мінуты. Часу аж лішне, але ж пякельная гарачыня!»
– Ну зрушся каторы! – крычалі бабы. – Ох вы, недарэкі, нявартыя звацца мужчынамі!..
– Дык лезь сама ў агонь, калі такая разумная! – крыкнуў нехта з натоўпу. – Там смерць пэўная, а дзіця слабое, як кураня, і так ужо не жыве...
«Прыгожа! – падумаў я, – ніхто не ідзе, а я яшчэ вагаюся. Хоць, – шапнула мне развага, – якое ліха цягне мяне ў гэту бязмэтную авантуру?.. Ці я ведаю, дзе ляжыць дзіця? Можа, выкулілася з начовак?»
Бэлькі ўжо абвугліліся і пачалі з глухім трэскам выгінацца.
«Аднак усё ж трэба туды ўварвацца, – думаў я, – кожная хвіліна дарагая. Дзіця не павінна згарэць, нібы чарвяк».
«А калі ўжо не жыве? – адказвала развага, – тады шкада нават сурдута...»
Здалёк пачуўся страшны крык жанчыны:
– Ратуйце дзіця!
– Трымайце яе! – загудзелі ў адказ. – Скочыць у агонь і загіне...
Пачулася за мной нейкая тузаніна і той самы крык:
– Пусціце!.. там маё дзіця!..
– Цягні яе ўпол! – быў адказ.
Я ўжо не мог сцярпець і кінуўся наперад. Ахутаў мяне жар, дым, дах затрашчаў, як быццам яго раздзіралі, з коміна пасыпалася цэгла, Я адчуў, што валасы мае тлеюць і... разгневаны адступіў.
«Што за дурны сентыменталізм, – падумалася, – для жмені чалавечага попелу рабіць з сябе страшыдла!.. Яшчэ скажуць, што малым коштам захацеў зрабіцца героем!..»
I тут штырхнула мяне нейкая маладая дзяўчына, прабягаючы ўбок хаты. Пачуўся звон выбіваных шыб, а як раптоўны подых ветру адгарнуў туман дыму, я ўбачыў яе ў акне так моцна перахіленую ў глыб хаты, што відаць было яе нявымытыя ногі.
Што ты робіш, вар’ятка? – закрычаў я, – там ужо труп, не дзіця.
– Ягна! Вярніся! – выкрыкнулі з натоўпу.
Столь завалілася, аж іскры ўзвіліся ў неба. Дзяўчына знікла ў дыме, а мне пацямнела ў вачах.
– Я-агна! – паўтарыў плачлівы голас.
– Зара... зара! – адказала дзяўчына, прабягаючы каля мяне.
3 натугай несла на руках хлопчыка, які, прачнуўшыся, гарлапаніў на ўсё горла.
– Дык дзіця жывое? – запытаў я.
– Жывюсенькае.
– А дзяўчына... ці гэта яго сястра?
– Дзе там! – адказалі, – зусім чужая, нават служыць у іншага гаспадара. Ёй не больш пятнаццаці гадоў.
– I нічога ёй не сталася?
– Апаліла хустку і трохі валасоў.
Ідучы сюды, я бачыў яе. Скрэбла ля сяней бульбу і штосьці сабе напявала фальшывым голасам. Я хацеў выказаць ёй маё прызнанне, але мне ўспомніўся яе дзікі запал і мой разважны такт перад абліччам чужога няшчасця, і... такі агарнуў мяне сорам, што не пасмеў сказаць ёй ні слова.
– Мы ўжо такія! – дабавіў і пачаў збіваць шпіцрутэнам бадылі, што раслі пры дарозе. На небе пачалі паказвацца зоркі, а халодны вецер прынёс ад сажалкі кваканне жаб і піск вадзяных птушак, якія ладзіліся да сну.
Звычайна гэтай парой мы ўкладвалі праекты на будучыню, а сягоння ніводзін з нас не разамкнуў вуснаў. Затое мне здавалася, што навокал нас шэпчуць кусты:
– Вы ўжо такія!..

пераклад з польскай – Пятро Бітэль

Упершыню надрукавана ў альманаху “Далягляды”, 1987.



prajdzisvet.org


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка