Балада белай ліліі валянціна коўтун




Дата канвертавання01.05.2016
Памер130.81 Kb.
Балада белай ліліі
ВАЛЯНЦІНА КОЎТУН
Нарадзілася 06.04.1946 года ў вёсцы Дземяхі ў сям’і настаўнікаў. Скончыла школу і працавала затым піянерважатай на Брэстчыне. Вучылася на філалагічным факультэце Львоўскага універсітэта, з чацвёртага курса якога перавялася ў Беларускі дзяржаўны універсітэт (закончыла ў 1969). Адразу пасля універсітэта два гады выкладала мову і літаратуру ў Астравецкім раёне. Затым пераехала ў Мінск, дзе стала супрацоўнічае з рэдакцыямі рэспубліканскіх перыядычных выданняў (“Сельская газета”, “Полымя”, “Маладосць”, выдавецтва “Юнацтва”).

Сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі і Украіны. Старшыня Усебеларускага жаночага фонду святой Еўфрасінні Полацкай (з 1993). Кандыдат філалагічных навук.

У друку выступае з 1966 года. Выдала зборнікі паэзіі “Каляровыя вёслы” (1971), “На ўзлёце дня” (1977), “Метраном” (1985), “Лісты да цябе” (1988), “Свята любові” (2006). Лаўрэат літаратурнай прэміі імя А.Куляшова (1986). Шмат пісала для дзяцей (зборнікі “Мы робім казку” (1983), “Вясёлы заасад” (1986), плённа працуе ў галіне прозы (кніга апавяданняў “Калінавая гронка залатая” (1988), раман-жыціе “Пакліканыя” (часопіс “Полымя”, 2002), прысвечаны Еўфрасінні Полацкай; кінараман “Спасам пакліканыя” (Полымя. – 2007. – №3).

Шмат гадоў захоплена асобай слыннай паэтэсы Цёткі, якой прысвяціла паэмы “На зломе маланкі” (1979) і “Суд Алаізы” (1985), а таксама раман-дылогію “Крыж міласэрнасці” (1988 – 1996). Вядома як перакладчык з украінскай і рускай моў, даследчык фальклору, літаратуразнаўца. Выдала навуковыя кнігі “Святло народнага слова: паэтычны лад беларускай народнай песні” (1984), “Крыніца паэзіі: На шляхах эпізацыі” (1987).

Паэзія Валянціны Коўтун – найбольш яскравае ўвасабленне нацыянальнай жаночай лірыкі. І гэта гаворыцца без усялякай ацэнкі, а толькі канстатуецца факт. Бо наша зямлячка, у адрозненне ад сваіх паплечніц па творчаму цэху, ніяк не саромеецца прызнаць, што яна – ЖАНЧЫНА, што яна ні ў якім разе не будзе падладжвацца пад густы і запатрабаванні, што дамінуюць у пэўны перыяд у грамадстве, а будзе глядзець на ўвесь свет вачыма дачкі, маці, бабулі і г.д., сінанімічны рад можна доўжыць, але сутнасная аснова застаецца. Хаця і яна зрэдку прызнаецца, што – “Не, жанчына, не бываць паэтам, – Бо сям’я…”. Аднак у цэлым рашуча абараняе права жанчыны быць не толькі ўвішнай гаспадыняй, жонкай, клапатлівай маці, але творцам. У вершах “Медсястра”, “Амаль жартам” яна нават падкрэслівае выключныя мажлівасці жанчыны ў творчасці, бо яе болевы парог значна мацнейшы, і яна можа адчуваць не толькі ўласныя пакуты, але і пакуты іншых, і не толькі блізкіх і родных.

А бытавыя “клопаты” – у тым ліку і цяжарнасць, мацярынства, толькі ўзбагачаюць яе душу, дазваляюць глянуць на звыклыя рэчы новымі вачыма. Жанчыне пад сілу ўсё – вось чаму яе ідэалам становіцца Жана д’Арк (“Балада белай ліліі”). Аднак не абавязкова ёй станавіцца героем, каб здзейсніць сваё жыццёвае прызначэнне. Аб гэтым сведчаць і “Лісты да маці”. Жанчына заўсёды прыгожая – і ў маленстве, і ў дзяцінстве, і ў юнацтве, і ў спеласці. Такой жа яна застаецца і ў старасці – мудрай, разважлівай, вечнай, што надзвычай пераканаўча ўвасоблена ў вершы “Казачніца”:

У вёсцы то мяцеліцца, то весніць,

То залаціцца каля плота ўкроп…

І травы чарадзейныя, і песні,

І – ўсё жыццё! – насіла баба горб.

Палола ўлетку высяглыя травы,

Цягала дні ў прыполе, як траву.

І чорнай хусткай крыўды і пагарды

Яна ўкрывала моўчкі галаву.

Заляжа боль, і стане маці млосна, –

Адразу кліча бабу да сябе.

Здавалася, старая носіць зёлкі

У тым вялікім, як зямля, гарбе.

І хто з нас ведаў, што нясе нябога

Наш боль і голад на сваёй спіне.

Сялянскі стогн, і важкай працы ўтому,

І курганоў сівое забыццё,

І крыўды нашы, бы каменне грому,

Цягала баба ўсё сваё жыццё.

І толькі казкі цёплымі начамі

Яна складала ў хвілі залатой.

Смяяліся у сне яны, крычалі…

Не казкі, дзеці… Сніцца абы-што.

Было няўцям у радасным маленстве,

Што лёс імчаў за лекаркай, бы змей.

Ад нас, малых, было ў хаціне цесна:

– Расказвай, баба, не маўчы… далей…

І грознай пугай зноў Іванка ляскаў,

І балаціну чорт пануры гроб.


Мы ў свет выходзілі, нібы асілкі, з казкі


І не баяліся, што ў казачніцы горб.

А крыніцай натхненя можа быць усё на гэтай зямлі, бо мы ў значнай ступені з’яўляемся нашчадкамі мінулых пакаленняў, як тугія зярняткі – памяццю былых яблыкаў. Тады і нараджаецца сапраўдная паэзіі:

Бяссонне назаўсёды… Як калісьці,

Прыйду у сад да першага святла.

І буду зноў здзіўляцца, што праз лісце

Я, нібы промень месяца, прайшла.

І ўсім святлом сваім, начным, азяблым,

Я асвятляю гэты дзіўны сад,

І яблык у маіх руках – не яблык,

А толькі цень яго тугіх зярнят.

І пачуццё, як сум па нейкім доме,

Вядзе мяне ў засень ад галля…

А хтосьці да мяне ўжо бы, як промень,

І не дажыў да дзённага святла.


(“Паэзія”)


Як сцвярджаў У.Гніламёдаў, “любая сэрцу радзіма бачылася паэтэсе ў розных выявах: то ў вобразе поўні, то зялёнага саду, то лесу, то чорнага бусла, то таямнічай Ясельды, то мужнай Прыпяці; была яна то салаўінай песняй, то вабіла вока ручніком з пеўнямі, то ўяўлялася прамысловымі кроснамі. Але паэтка адчувала непарыўную сувязь з пакаленнямі продкаў, з духоўнымі і маральнымі традыцыямі народа. Пейзаж абвеяны лёгкім лірычным настроем. Голас паэткі ціхі, але дастаткова сур’ёзны і самавіты, пачуцці трывала звязаны з жыццём і апладняюцца ім.

Вось чаму вельмі часта В.Коўтун звяртаецца да вобразаў маладзенькіх дзяўчатак, падлеткаў, якія пераймаюць ад бацькоў галоўныя запаветы жыцця, дзе на першы план выходзяць маральныя ўстаноўкі. Аднак як цяжка ўтрымацца, калі з’яўляецца каханне, магутнае, страшнае, жарслівае:


На сустрэчу запальваем свечку


Ў храме змучаных сонцам палян.

Вось і мне раптам кінуў вуздэчку

Позірк твой, нібы чорны цыган.
Я не знаю, за што мне адплата,

Я не знаю, навек ці дарма

Маё царскае “эго” распята

На тваё, з хрыпатцою, імя.


На імя тваё… (Літасці трэба.)

На палын развітання і гнеў.

Смакам страсці, надзеі і хлеба

Ты вяртаеш мяне да мяне.


І шалёная тая карэта

Раптам, глянь, з вышыні ды ў прыбой.

Я адна, але ўся – перад светам,

Не адна і не ўся – прад табой.

Хаця для жанчыны ён падчас засланяе ўвесь сусвет (“Было табою ўсё”), яна паступова пачынае ўсведамляць, што без яе мужчына нічога не варты, хаця трывога назаўсёды застанецца з лірычнай гераіняй:

Белы гром над маёй галавой,

Што ты ходзіш па цёмнаму небу?

Што ты хочаш ад спелага хлеба,

Белы гром над маёй галавой?
Белы дзень за маёю спіной!

Прыйдзе час нематы і знямогі,

Ды падыме праменні з дарогі

Белы дзень за маёю спіной.


Белы конь у трывозе маёй, –

Ты ляціш раніцою да сына.

Хто цябе асядлае ўспамінам,

Белы конь у трывозе маёй?!


Прывячаю вясеннім агнём

Кожны подых і кожнае слова…

І жыццё пачынаюць нанова

Белы дзень…

Белы конь…

Белы гром…


Агульнавядома, што кожны паэт выразна па-свойму глядзіць на гэты свет. А калі гэта паэт і жанчына ў адной асобе, то і адметнасць бачання ўзрастае мінімум двойчы. Так, звычайны для беларускай традыцыйнай культуры працэс ткання ператвараецца ва ўяўленні паэтэсы ў міфічны працэс. Бо “на кроснах, хатаю сагрэта, Праменне месяца ляжыць. Узмах далоняў – поўня ўсходзіць. А ўзор – з травы, з расы, з галля…”. Вось чаму жанчыны ноччу, калі любыя ўнукі спяць, ткуць густы, грыбны туман (“Жанчыны ткуць”). Гады ва ўяўленні лірычнай гераіні плывуць нібы вянкі, што ўюць дзяўчаты на Купалле (“Ясельда”). У Белавежскай пушчы векавой жыве, як чорны дэман, бусел. Бусляняткі ягоныя ў дзікай глухамані нараджаюцца белымі-белымі, але пастцупова ад гора чарнеюць іх крылы. Прырода ў яе заўсёды жывая, вецер – вішнёвы; мітусня першых промняў на вакне нагадвае мурашак; шпакі спрачаюцца між сабой як людзі; чмель не гудзе, а спявае веснавыя гімны; усім у сэрцы западаюць казкі лесу. Паэтэса выдыхне шэраг імпрэсій, дзе пакажа чароўнасць свету ў самых разнастайных праявах (“Ліпень”, “Красавік”, “Праднавальнічнае”, “Рутвіца”, “Сінюшкі”).

Вышэй мы згадвалі, што Валянціна Коўтун не толькі паэт, але і вучоны – фалькларыст і літаратуразнаўца. У іпастасі апошніх яна спрабавала, і даволі плённа і паспяхова, разгадаць феномен прыгажосці гучання роднага слова. І не толькі ў манаграфіях, але і ў вершах. У сваіх паэтычных замалёўках “Даўні верш: Пра музыку…”, “Песня”, “Вясенняя мелодыя”, “Балада палескай песні” яна сцвярджае, што песня родная падобна на маці-радзіму, яна роўнавялікая гнязду бусліка, што дрыжыць пад самым сэрцам хаты, бо суправаджае палескую дзяўчынку, маладзіцу, жанчыну ад калыскі і да таго часу, калі гады пачынаюць рыпець, быццам старыя дзверы. Яна згадае “Арабіны”, “Чарэшню”, “Замову ветру”, “Зялёную дарогу”, бо ўсё ў гэтым свеце жывое і павінна славіць жыццё. Тым болей, што на гэтай зямлі жывуць Ул.Караткевіч, В.Палтаран, Е.Лось і самыя дарагія людзі – муж і сын, пра якіх так хочацца расказаць захоплена і ўзнёсла, не баючыся, што зайздроснікі сурочаць. Як у вершы “У верасні” (Мужу, Георгію Міхайлавічу Новіку, прысвячаецца):

Яшчэ здаецца, я табой сляпая,

А хмельны вечар падміргне, як сват.

Каторы год нязмушана гартаю

Твайго кахання сціплы фаліянт.

Сляпое шчасце так сачыць рукою

Радкі павек, усмешак і журбы.


І раптам… Раптам


з мудрага спакою

Мы едзем заўтра раненька ў грыбы.

Ці ноч была – не знаю…

Золак-прымха…

А дзень грыбны няўмелаю грыбніхай

Ніхто ў тым лесе не блукаў яшчэ.

Калі адчуеш ўсім напраглым целам

У пушчы першароднай цішыні,

Што гэта ж ты жывеш на свеце белым, --

І не жывеш прыродаю ані.

Што гэта ж ты, дзіця гарачай вёскі, --

Сучасная да самазнебыцця,

Не чуеш больш, дзе ў сэрцы адгалоскі,

А дзе арганны голас пачуцця…

Так блізка я, разбітая дарэшты,

Так блізка ты, разгублены такі…

Бярэм грыбы. Яшчэ, як з касы рэшту,

Яшчэ зразаем светлыя рыжкі.

Я лес прайшла,

нібы прайшла празрэнне,

І я тваёй навуцы, Гіменей,

Вучуся зноў у лісця і карэння,

Хоць азбука даўно не для мяне.

Я тут вучуся быць, як нанова,

Што набылі мы, страцілі з табой…

Вось толькі слова…

Дык няўжо і слова

Чытала толькі дотыкам сляпой?!

Сваё слова, вячыстае, сардэчнае, знайшла Валянціна Коўтун для ўвасаблення і самага галоўнага пачуцця на свеце – кахання. Каханне – гэта магутнейшая сіла, якая з глыбіні цёмных вачэй б’е ў сівыя званы, але яно заўсёды ходзіць поруч з растаннем і смерцю:

Жыву, каб боль свой перажыць…

Надзеі воран прылятае…

Варожыць, чорны, на крыжы…

Уздзіўлены:

– Яна кахае.


І ў думках нават не грашу,

Магільны груд пераступаю.

А нехта зноў зірне ў душу…

І скажа:


– А яна – кахае…

Цікавы і адметны цыкл партрэтаў В.Коўтун “З роду Еўфрасінні”, дзе яна стварыла сапраўдную галерэю выбітных постацей слаўных жанчын Беларусі. Яна славіць адважных пісьменніц ХХ стагоддзя (“Беларускім паэтэсам: Алаізе Пашкевіч (Цётцы), Ларысе Геніюш, Яўгеніі Янішчыц прысвячаецца”), якія аддалі ўсё дзеля служэння Бацькаўшчыне, згадвае не толькі славутую святую асветніцу, але і мастачак, жанчын-вучоных.

Гісторыя нашага народа – гераічная і мужная, таму яе лепш за ўсё ўвасобіць у жанры гераічным і мужным. Вось чаму яна стварае цыкл “Балады памяці”, дзе здолела спалучыць падзеі мінулага і актуальныя праблемы сучаснасці (“А Прыпяць не спыніць”, “Лісты да маці”, “Балада белай лілеі”, “Балада франтавога медаля”).

Ідэалам для Валянціны Коўтун у значнай ступені застаецца Цётка, якую яна ўславіць у лірыцы, ліра-эпіцы (драматычная паэма) і прозе. У дылогіі “Крыж міласэрнасці” В.Коўтун паказала нам Цётку як грамадскага дезяча, рэвалюцыянерку, паэтэсу і, самае галоўнае, як Жанчыну і Чалавека. Наша зямлячка не аднойчы падкрэслівае, што Алаіза Стэфанаўна Пашкевіч (сапраўднае імя класіка роднай літаратуры)прайшла надзвычай складаны шлях, як і ўсе беларускія жанчыны пачатку ХХ ст., а таму ейны вобраз выключна трагічны, бо заўсёды (і гэта вельмі добра разумее і В.Коўтун) “божы дар і насалода, і пакута”.

Наша сучасніца ў сваім грунтоўным рамане (менавіта рамане, а не белетрызаванай біяграфіі) паказвае, як бедная шляхцянка Алаіза ўздымаецца да вышынь нацыянальнага духу, паказваючы ў гэтай высакароднай барацьбе прыклад мужчынам-творцам. І разам з тым перад намі паўстае не ідэалагізаваны вобраз, а рэальны зямны чалавек з ягонымі страсцямі і жаданнямі, які, аднак, зусім свядома забывае пра сябе, ахвяруе ўласнымі марамі дзеля шчасця Радзімы.

Ніхто, бадай, так не ведае Цёткі, яе жыццёвага і творчага шляху, як наша зямлячка: “Цяпер, калі я думаю пра Цябе, мне ўжо не абавязкова браць у руку кнігу з адным толькі словам – знакам задыяку – на вокладцы: “Цётка”. Цені Тваёй душы – Сымоны і Сцяпаны са Старога Двара, васілішкаўскія прыгажуні Касі і змардаваныя лёсам Міхаські, пецярбургскія і віленскія студэнты, рабочыя і салдаты – прыходзяць самі і ўваскрашаюць перабытае, здаецца ж не мною, але ўсё ж кожным з нас, сённяшніх, далёкае Тваё Жыццё”. І Валянціна Коўтун не баіцца папрокаў у рамантычнай ідэалізацыі, бо ўсё рамантычнае нараджаецца найперш праз вялікую духоўную пакуту, вялікі боль. І ўжо толькі пасля праз іншыя пачуцці і адчуванні – гордасць, самасвядомасць, пасталенне.

Наша зямлячка паказвае, як Алаіза жыла Рэвалюцыяй, была яе дачкой і сястрой. Спазнаўшы душой, што нарэшце народу будзе воля, яна хадзіла па вуліцах разбэрханай Вільні і гаварыла такія прамовы, якія запальвалі сэрца работніц агнём веры і барацьбы і якія яна пасля не магла ўспомніць, бо ўсё паглыналася хваляваннем. А потым садзілася за стол з бялюткім абрусам і пісала.

Ніхто не можа зразумець Жанчыну і Паэтэсу так, як Жанчына і Паэтэса. Вось чаму В.Коўтун уяўляе Цётку сталай, дзёрзкай, самаахвярнай жанчынай, якая ніколі не пераставала быць паэтэсай. Сумленне яе таленту было настолькі актыўным і балючым, што на першы план выступіла дзеянне, справа: рэвалюцыя і выгнанне, зборнікі вершаў і чытанкі для дзяцей, тэатральная трупа, наладжванне дзе толькі можна беларускіх школ, рэдагаванне першага часопіса для мроладзі “Лучынка”, дарога з вёскі ў вёску да хворых тыфам… У рамане В.Коўтун падкрэслівае, што зроблена столькі работы, што яе цяпер не назавеш нават подзвігам. Гэта было нешта значна большае, глыбейшае, гістарычна і сацыяльна прадвызначанае. Сімвалічнае для развіцця ўсёй нашай дарэвалюцыйнай літаратуры, культуры і адукацыі. В.Коўтун невыпадкова параўноўвае дзейнасць Цёткі з маланкай, са зломам маланкі, што імгненна асвятляе ўсю зямлю, разрываючы спрадвечны морак.

Перад В.Коўтун стаяла выключнай складанасці мастакоўская задача: паказаць Цётку – выдатную пераемніцу Ф.Багушэвіча, папярэдніцу Янкі Купалы, Якуба Коласа і Максіма Багдановіча на фоне складаных падзей: пачатак дзейнасці Беларускай рэвалюцыйнай грамады, выданне студэнцкіх пісанак, пасталенне рэвалюцыйнай і сацыяльнай самасвядомасці будучай паэтэсы-патрыёткі падчас вучобы ў Пецярбурзе. Дзеля гэтага патрэбна было засвоіць вялікую навуковую літаратуру па праблеме ў Польшчы, Літве і Беларусі, апрацаваць успаміны яе сучаснікаў, прасеяць незлічоную колькасць архіўных матэрыялаў, кіпы жандарскіх данясенняў, афіцыйных цыркуляраў, прыватных дзённікаў, маніфестаў, геаграфічных картаў, прыватных лістоў і запісак, тэатральных афіш і білетаў, аб’яў, судовых спраў, царкоўных і касцёльных запісаў, сямейных альбомаў і гісторыі царскай турмы. Аднак, самае галоўнае, спалучыць дакументальныя звесткі з фантазіяй і домыслам, ды так арганічна і натуральна, каб паверыў гэтаму чытач. І гэтага яна дасягнула.

Наогул, схільнасць да прозы была добра заўважна на працягу ўсяго творчага шляху пісьменніцы. Так, у паэзіі яна імкнулася да эпічнай шырыні, маштабнасці ў адлюстраванні гістарычных падзей. Вось чаму яна яшчэ на раннім этапе звярнулася да жанру паэмы (“А Прыпяць не спыніць…”, “Чарацінка чакання”, “Балада чорнага хлеба”). Гэтыя творы яшчэ зведалі плённы і дамінантны ўплыў лірычнага пачатку – тут няма лагічна збудаванага сюжэту, пераказу падзей, усё падпарадкавана эмацыянальнаму пачатку, выкліканага тым ці іншым учынкам, здарэннем. Аднак і тут ужо праяўляліся здольнасці аўтаркі да манументальнага ўзнаўлення рэчаіснасці, дзе спалучаліся вымысел і рэальнасць. Так, паказваючы падзеі 1240 года на Піншчыне, яна паказвае адважных воінаў, што мужна змагаліся з ордамі захопнікаў:


Гудзела сеч –


Палешукі!..

Быў мяккі бераг.

Іх пальцы моцна ўраслі

Ў зямлю карэннямі аеру.

Вось бацька з сынам моцна спіць.

Цяпер іх ад зямлі гаротнай

Не адарваць, не аддзяліць –

Праз іх прайшла вясной лістота.

Вось як незвычайна паказвае паэтэса адзінства роднай зямлі і людзей, што жывуць на ёй. Толькі такая знітаванасць дазваляе выстаяць у самыя складаныя часы і эпохі. Твор набывае рысы сапраўднага рэквіема.

На шляху да эпізацыі спатрэбіўся і вопыт паэмы “Чарацінка чакання”, дзе пра падзеі ўжо блізкай нам вайны гаворыцца ў маналагічных і спавядальных формах, таму тут спалучыліся і рэалістычны, і ўмоўны тып адлюстравання рэчаіснасці:

Зачакалася маці сына.

Салавей маўчыць у руцэ.

Броваў хлопцавых аблачына

На дзявочай ляжыць шчацэ.

Асабліва ўсё гэта праявілася ў драматычнай паэме “Суд Алаізы”, дзе паказана вучоба Цёткі ў Пецярбургу і работа ў Нова-Вілейцы.

У цэнтры Рэчыцы стаіць каплічка, узведзеная па праекту мастака Э.Агуновіча і прысвечаная светлай памяці асветніцы і заступніцы зямлі беларускай святой Еўфрасінні Полацкай. Менавіта тут спыняўся параход са святымі мошчамі, калі іх перавозілі са святой зямлі на Радзіму, у Полацак. Светлы вобраз першай святой на ўсходнеславянскіх землях стаўся крыніцай натхнення для В.Коўтун у рамане “Пакліканыя”. Перад намі сапраўднае Жыціе вялікай ахвярніцы, што выбрала духоўнасць перад цялесным, аддала тленнае дзеля пошукаў спрадвечнай Ісціны.

Светламу вобразу Заступніцы Беларусі ахвяравала Валянціна Коўтун-Ясельда і драматычную містэрыю “Крыж Ігуменні” – … Як водгалас вякоў мінулых і згукі шляху да Святасці блажэннай і найпадобнейшай Ігуменні з Полацка” (“Маладосць”, 2007, №1).

Аб магутнасці задумы і складанасці ўвасаблення яе філасофска-грамадскага пачатку сведчыць нават просты пералік дзейных асоб, сярод якіх ёсць не толькі рэальныя гістарычныя персоны – Прадслава, Звеніслава, Лазар, бацькі Прадславы, але і Кат порубу, Кажадуб, вяшчун Вікула, Пасланец д’ябла, Анёлы рэчытатыву, “а таксама іншыя асобы містычна-рэлігійнага і паганскага свету; князі і баяры; гольмгардская варта; смерды розных узростаў; скамарохі; вікінгі”.



Вельмі ўражвае і агульны малюнак сцэны: з правага боку – пушча, дзе ў акружэнні соснаў – паляна бялявіна з вогнішчам, буданом вешчуна і драўляным паганскім боствам-ідалам. Злева царква, падобная да Полацкай Сафіі, манастыр з крыжом наверсе, таксама абрысы і еўрапейскага замка, і полацкіх харомаў з залаю. Па цэнтры – келля са сталом, на якім пергамін, гусінае пяро, падсвечнік са свечкамі. На сценах – абразы Выратавальніка і Маці Божай. Усё, што сімвалічна яднае мясціны будучых падзей. У тэксце выкарыстаны звесткі, матывы, асобныя выказванні з “Новага Запавету” і “Аповесці жыцця і смерці святой, блажэннай і найпадобнейшай Еўфрасінні, ігуменні манастыра Святога Слова і найсвяцейшай Ягонай Маці, што ў Полацку. Выкарыстанне анёлаў рэчытатыву, дзіваў капішчанскіх з іх выразным каментаваннем падзей нагадвае хоры са старажытнагрэцкіх трагедый, што надае твору выключную трагедыйнасць і драматызм. Усё гэта павінна паказаць выключную драматызацыю працэса хрысціянізацыі Беларусі ў тыя старажытныя часы, супраціўленне новай веры як з боку княскай ўлады, так і святароў і нават міфалагічных постацей, што ўвасаблялі сабой паганства. Містэрыя ўражвае кантрастнасцю святла і цемры, што падкрэслівае складаны выбар князёўны-прыгажуні Прадславы, якая, паступова забываючы зямныя радасці і ўсё болей сурова адмаўляючыся ад іх, становіцца Ігуменняй, Еўфрасінняй, Святой заступніцай зямлі Беларускай у нябёсах.

Творчасць В.Коўтун – прыкметная з’ява ў нацыянальным прыгожым пісьменстве. Рэчычане шануюць сваю слынную зямлячку, невыпадкова тут адкрыты музей яе творчасці.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка