Багiі аліiмпа




старонка9/11
Дата канвертавання14.03.2016
Памер1.76 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8   9   10   11
Прымірэнне Гермеса з Апалонам

Прыйшлі Апалон і Гермес у Пілас, на тое месца, дзе ля ракі Алтэй былі схаваныя каровы. Выкрадальнік вывеў іх з хлява, і Апалон убачыў, што ў статку не хапае дзвюх жывёлін.

— Куды ты іх падзеў, прайдзісвет?

— Зарэзаў, мяса падзяліў на дванаццаць роўных частак, каб ахвяраваць дванаццаці алімпійскім багам.

— Дванаццаці? — здзіўлена перапытаў Апалон. — Цікава, хто гэты дванаццаты?

— Ваш пакорны слуга, — сціпла вымавіў Гермес. — Я быў вельмі галодны, але з'еў толькі дванаццатую частку, а астатняе спаліў, як таго патрабуе Зеўс.

— Слухай, — не пераставаў здзіўляцца Апалон, — табе адзін дзень ад нараджэння. І ты змог садраць шкуру з дзвюх кароў?! Я баюся тваёй пачварнай сілы, а таму зраблю вось што... — і Апалон хутка і моцна звязаў Гермеса вяроўкамі. А праз хвіліну ўбачыў, што яго каровы сталі нібы ўкопаныя і не маглі скрануцца з месца. Апалон зноў здзівіўся, цяпер ужо чарадзейнаму таленту малодшага брата, і ўсё роўна быў няўмольны, не згаджаўся яго вызваляць. Нічога не заставалася сыну Маі, як прасіць Апалона дараваць яму ашуканства, але і гэта было дарэмна. Тады ўзяў Гермес у рукі ліру, з якой не расставаўся, і пачаў перабіраць струны. Спачатку прыслухаўся Апалон да дзіўных гукаў, а потым з вялікай асалодай слухаў спевы Гермеса. Маленькі хітрун усхваляў па чарзе ўсіх багоў-алімпійцаў і Апалона таксама.

— Гэта цудоўна! — не стрымаў свайго захаплення Апалон. — Лічы, што я дараваў табе ўсё... А дзе ты ўзяў гэты музычны інструмент? Слухай, давай мяняцца на што-небудзь!

— А што ты мне прапануеш?

— Хочаш маіх кароў?

— Згодзен, — адказаў Гермес, і яны ўдарылі па руках.

У Старажытнай Грэцыі можна было сустрэць статуі Гермеса з кашальком у руках — выявы бога гандлю. А злодзеі зрабілі Гермеса сваім апекуном — відаць, за тыя ж самыя якасці, што і гандляры. У судах і на сходах Гермеса ўшаноўвалі як бога красамоўства, а яшчэ грэкі лічылі яго вынаходнікам гімнастычных практыкаванняў і паважалі як апекуна палестраў і гімнасій, дзе займаліся спортам.

У Гермеса было шмат абавязкаў, і ён усюды паспяваў, каб дапамагчы героям. Гэта ён прынёс ліру Амфіёну, каб той з яе дапамогай пабудаваў фіванскія сцены; даў меч Персею, якім аргоскі герой забіў гаргону Медузу; Гермес неаднаразова выратоўваў Адысея; дапамог траянскаму цару Прыяму пранікнуць у стан Ахіла, каб той аддаў няшчаснаму бацьку цела забітага Гектара... Шмат слаўных спраў на рахунку Гермеса. За вельмі кароткі час ён прайшоў шлях ад прымітыўнага ашуканца да памочніка і заступніка герояў і людзей.

Самыя вядомыя дзеці Гермеса — гэта ўжо згаданы бог лясоў і гаёў Пан, таксама Аўталік, які быў дзедам Адысея, а значыць, Адысеевы кемлівасць, красамоўства, хітрамудрасць з'яўляліся спадчыннымі. Сынам Гермеса і Афрадыты быў юнак незвычайнай прыгажосці, якога звалі Гермафрадыт. Яго выхавалі на гары Ідзе, што ў Фрыгіі, рачныя німфы — наяды. У пятнаццацігадовым узросце юнак адправіўся падарожнічаць па Малой Азіі. Аднойчы німфа крыніцы Салмакіда ўбачыла Гермафрадыта, калі ён купаўся ў яе водах, і горача закахалася, але без узаемнасці. І тады па просьбе Салмакіды багі злілі яе з каханым юнаком у адну двухполую істоту.

Мастацтва антычнай Грэцыі адлюстроўвала алімпійскага бога Гермеса пераважна ў вобразе прыгожага, фізічна спрытнага, зграбнага юнака з яго нязменнымі атрыбутамі: крылатым капялюшам, крылатымі сандалямі, з жазлом- кадуцэем у руках. Да нас дайшлі рымскія копіі твораў грэчаскіх скульптараў Праксіцеля, Скопаса, Лісіпа. Элінскі Гермес натхняў таксама лепшых мастакоў новага часу, у тым ліку Карэджа, Я. Тынтарэта, П. П. Рубенса.

У наш час выяўленні Гермеса распаўсюдзіліся ў эмблемах банкаў, гандлёвых фірм ці Гандлёвай палаты (як у Мінску).

ГЕСТЫЯ

Багіня дамашняга ачага Гестыя была старэйшай дачкой Кронаса і Рэі, сястрой Зеўса, Пасейдона, Аіда, Геры і Дэметры. Гэта самая добрая і справядлівая багіня: яна ніколі не ўдзельнічала ні ў алімпійскіх спрэчках, ні ў войнах, заўсёды бараніла выгнаннікаў і тых, каго праследавалі.



У цэнтры кожнага жытла — і палаца, і хаціны — было святое месца, дзе палаў агонь. Куча цаглін і камянёў з'яўлялася для старажытных грэкаў свяшчэнным месцам, бо яны верылі ў прысутнасць багіні Гестыі. Госць, які сумняваўся ў добрым прыёме гаспадароў, альбо вандроўнік, што шукаў прытулак, мог дакрануцца да края ачага, і з гэтай хвіліны ён знаходзіўся пад апекай Гестыі. Калі хто ад'язджаў з дому, то прасіў багіню аб шчаслівым вяртанні, а калі вяртаўся, дзякаваў ёй у сваіх малітвах.

У адным з гамераўскіх гімнаў (XXIX) распавядаецца, што ніводны пір, ніводная бяседа не пачыналіся і не заканчваліся без рытуалаў у гонар Гестыі, ахвяраванняў ёй віна і стравы. Ля свяшчэннага ачага адбываліся вясельныя абрады. Калі жаніх забіраў нявесту з яе дому, бацька дзяўчыны запрашаў усю сям'ю сабрацца вакол святога месца. Гестыю задобрывалі, і багіня дазваляла нявесце адмовіцца ад сваіх продкаў, пакінуць ачаг. Сям'я жаніха, у якую пераходзіла дзяўчына, выдзяляла ёй месца ля свайго ачага, і тая пачынала прыносіць ахвяраванні продкам мужа. Калі нараджалася дзіцятка, яго абносілі вакол ачага і нібыта падчас гэтага рытуалу давалі імя.

Гестыя стрымала абяцанне, дадзенае Зеўсу, і засталася вечна цнатлівая.

Прыап

У міфалогіі элінаў быў бог нягрэчаскага паходжання (з нягрэчаскіх абласцей Малой Азіі), культ якога не атрымаў значнага распаўсюджвання ў Грэцыі, але меў вялікі ўплыў у Рыме. Гэта Прыап — бог садоў і палёў, які пазней стаў таксама богам сладастраснасці і цялеснага кахання. Бацькам Прыапа лічылі бога віна Дыяніса, маці — багіню кахання Афрадыту, але часам называлі ў якасці бацькоў Гермеса, Адоніса, шэраг німфаў.

Аднойчы Прыап падкраўся да спячай Гестыі і прыйшоў у захапленне ад асляпляльнай прыгажосці багіні. Ён агледзеўся вакол: усе багі, што бралі ўдзел у сельскім свяце, мірна спалі. Юрлівы Прыап нізка нахіліўся над цнатлівай Гестыяй і ўжо хацеў пацалаваць багіню ў вусны, але ў той самы момант моцна закрычаў асёл Сілена, што знаходзіўся непадалёк. Прачнуліся ўсе алімпійцы, і Прыапу ледзьве ўдалося ўцячы, каб пазбегнуць гневу багоў.

Гестыю ўшаноўвалі як апякунку не толькі жылля, але абшчынаў і дзяржаў. Сімвалам яе быў агонь, што палаў у будынках, дзе засядалі члены гарадской рады. Калі каланістаў адпраўлялі ў далёкі шлях з мэтай заснавання новых паселішчаў, ім давалі вугалі, запаленыя ад ачага Гестыі ў родным горадзе, для таго, каб запаліць агонь на новым месцы. Такім чынам, непагасны агонь, апякункай якога была Гестыя, аб’ядноўваў багоў, грамадства і кожную сям’ю.

Храмаў, спецыяльна прысвечаных Гестыі, было зусім мала, бо эліны не мелі ў гэтым патрэбы: ў кожным доме быў яе алтар. Няшмат захавалася і выяваў багіні, што таксама зразумела:

Гестыю ўяўлялі ў выглядзе агню. Праўда, Пліній згадваў статую Гестыі, аўтарам якой быў Скопас.

Вялікай пашаны ўдастоілася багіня Веста, якая адпавядала Гестыі ў Рыме. Як апякунка Рыма і ўсёй дзяржавы Веста мела спецыяльны храм на Форуме, у якім жрыцы-вясталкі вечна падтрымлівалі нябесны агонь.

ДЭМЕТРА


Дар Цэрэры лепшы кветак

Вам дадасць яшчэ акрас.

З каласкоў людзям наедак

I аздоба сама раз.

Гётэ ("Фаўст". Пераклад В. Сёмухі)

Багіню земляробства і ўрадлівасці, якой у грэкаў лічылася Дэметра, у Рыме ўшаноўвалі пад імем Цэрэра. Дэметра была дачкой тытанаў Кронаса і Рэі, сястрой Зеўса, Пасейдона, Аіда, Геры і Гестыі.

Увасабленнем Зямлі ў грэчаскай міфалогіі было старажытнейшае даалімпійскае божышча Гея. З развіццём жа грамадства і рэлігіі з'явілася спецыяльная багіня, якая пачала займацца зямной урадлівасцю, а з цягам часу стала апякункай земляробства. Калі ўлада ў Старажытнай Грэцыі належала радавой арыстакратыі, Дэметра лічылася другасным божышчам, і ў паэмах Гамера, дзе алімпійскія багі былі разам з героямі Траянскай вайны галоўнымі персанажамі, яна згадвалася мала. Вялікае значэнне набыў культ гэтай багіні ў VI—V ст. да н. Х. Падобна культу Дыяніса — бога віна і вінаробства, ён распаў-сюдзіўся па ўсёй Эладзе, стаўшы вельмі папулярным у народзе адпаведна ўзросшай у грамадскім жыцці ролі земляробаў.

Шмат дабрадзейнага атрымалі людзі ад Дэметры. Багіня навучыла іх араць зямлю і засяваць палі, клапацілася аб ураджаі збажыны, аб росце ўсіх зямных пладоў, якімі карміліся людзі. Сачыла і за іншымі справамі, усталёўвала справядлівыя адносіны паміж людзьмі. І таму, калі чыноўнікі і суддзі займалі свае пасады, яны прысягалі Дэмэтры, абяцаючы выконваць законы — пісаныя і няпісаныя.

Уяўлялі Дэметру ў вобразе высокай прыгожай жанчыны з мяккімі рысамі твару, з залацістымі, як спелае калоссе, валасамі, апранутай у доўгае адзенне, на галаве — вянок, сплецены з каласоў і макаў.

На дабро і клопаты багіні людзі адказвалі ёй вялікай пашанай і ахвяраваннямі. Часцей за ўсё ахвяроўвалі свінню як сімвал пладавітасці.

Міфы стваралі вобраз Дэметры — маці, што смуткавала па страчанай дачцэ Персефоне. У Персефону закахаўся бог падземнага царства ценяў Аід і папрасіў яе рукі ў Зеўса. Не хацелася бацьку багоў і людзей крыўдзіць свайго старэйшага брата. У той самы час ён ведаў, што на такі шлюб ніколі не пагодзіцца Дэметра, і таму Зеўс, як вялікі дыпламат, заявіў, што ён не згаджаецца на шлюб Аіда з Персефонай, але і не забараняе яго. Для Аіда падобны адказ быў раўназначны дазволу.

Выкраданне Персефоны Аідам

У Нісейскай даліне гуляла са сваімі сяброўкамі дачка багіні ўрадлівасці Дэметры маладая і прыгожая Персефона. Дзяўчаты збіралі кветкі ў мяккай лугавой траве. Кветак было шмат — ружы, касачы, фіялкі, гіяцынты... І ўсе такія свежыя, духмяныя, розных колераў і адценняў... Цешылася Персефона гэткай прыгажосці, падобна матыльку перабягала ад адной кветкі да другой, толькі зусім не кранала нарцысаў: маці забараніла збіраць іх, бо нарцысы былі прысвечаны падземным божышчам і іх пах адварочваў думкі ад неба.

Раптам позірк Персефоны спыніўся на незвычайнай кветцы. Яна не была падобная ні на якую іншую і ўразіла б сваёй прыгажосцю любога бессмяротнага. Нават сонца не бачыла такога дзіва! Ад аднаго кораня падымалася сто кветкавых галовак, якія зіхацелі дзівоснымі фарбамі, а па краях пялёсткаў палалі пунцовым агнём. І такі боскі водар напаўняў усё наваколле, што, здавалася, усміхнуліся адно аднаму шырокая зямля і блакітнае неба, засмяялася салёнае мора!

Не ведала Персефона свайго лёсу, не здагадвалася аб тым, што ўсёмагутны Зеўс уступіў просьбе свайго брата, бога падземнага свету Аіда, і даў згоду на яго шлюб з Персефонай. Тады і ўпрасіў Аід багіню зямлі Гею вырасціць цудоўную кветку. Зачараваная яе прыгажосцю, Персефона наблізілася да кветкі і сарвала яе. У той самы момант раскрылася зямля шырокай прорвай, вылецеў адтуль на сваіх чорных, як вугаль, бессмяротных конях Аід, схапіў дзеву, якая вырывалася з яго грубых абдымкаў, і памчаўся на залатой калясніцы. Закрычала Персефона, паклікала на дапамогу бацьку Зеўса, але той знаходзіўся далёка ад багоў, у храме, дзе прымаў ахвярапрына-шэнні людзей. Магутны, пераможны крык Аіда, які ўвозіў каштоўную здабычу, заглушыў дзявочы голас, і яго пачулі толькі багіня прывідаў Геката і ўсёвідушчае Сонца-Геліяс.

Пакуль бачыла Персефона зямлю, яснае неба, шумнае мора і сонечныя промні, спадзявалася, што яшчэ сустрэнецца з матуляй, з бессмяротнымі багамі. Але калі зямная прорва праглынула яе разам з калясніцай Аіда, Персефона ў роспачы, сабраўшы апошнія сілы, пачала клікаць сваю маці. Адгукнуліся на гэты крык горныя вяршыні і марская глыб, і Дэметра пачула дачку. Рэзкі боль працяў матчына сэрца. Яна паспяшалася ў Нісейскую даліну. Але там Персефоны не было. Страшэнна гаруючы, багіня накінула на плечы цёмны плашч і адправілася на пошукі дачкі... Шукала ўдзень і ўначы, на зямлі і на моры. З паходняй у руках яна абыходзіла лясныя гушчары, спускалася ў яры, абшуквала пячоры. І ніхто — ні бог, ні чалавек, ні птуш- ка — не мог супакоіць няшчасную маці.

На золку дзесятага дня Дэметра сустрэла Гекату. Тая чула крык Персефоны, але хто яе выкраў, бог ці які смяротны, не бачыла і параіла звярнуцца да Геліяса.

— Скажы мне праўду, прамяністы Геліяс, — умольвала Сонца багіня Дэметра. Ты ж аб'язджаеш па небе на сваёй залатой калясніцы зямлю і моры, нішто не можа схавацца ад тваіх вачэй, скажы, хто выкраў маю дачку!

— Вялікая багіня, — адказваў Геліяс. Я разам з табой смуткую аб Дзеве. У яе знікненні вінаваты сам Зеўс. Ён дазволіў Аіду назваць Персефону сваёй жонкай, і той выкраў яе для свайго мёртвага царства. Не пакутуй дарэмна, Дэметра! Хіба не дастойны ў цябе зяць — уладар усяго падземнага свету?!

Хуткія, як лёгкакрылыя птушкі, агнядышныя коні Геліяса памчалі калясніцу. А гора багіні Дэметры стала яшчэ цяжэйшым.

Дэметра сярод людзей

Дэметра — багіня жыцця — не любіла смерці, не любіла ўладара яе краіны. Зняважаная тым, што сатварылі багі, яна вырашыла адысці ад іх і пакінула Алімп. Змяніўшы боскае аблічча на чалавечае, Дэмэтра блукала сярод людзей, пакуль не дайшла да Элеўсіна.

Увайшоўшы ў Элеўсін, знясіленая Дэметра апусцілася на вялікі камень, што ляжаў ля студні. Яна прыняла аблічча старой жанчыны і сядзела з апушчанай галавой, са слязьмі ў вачах. З горада прыходзілі па ваду жанчыны. Прыйшлі і дочкі элеўсін-скага цара Кілея. Убачыўшы маркотную чужаземку, царэўны ласкава, са спачуваннем пачалі распытваць, хто яна, адкуль.

Багіня не адкрылася, а расказала, што родам яна з Крыта, была выкрадзена піратамі і трапіла б у рабства, каб не збегла ад іх, пасля доўгага блукання лёс закінуў яе ў гэты горад.

— Я ўмею працаваць, — гаварыла старая, — магу глядзець за домам, няньчыць немаўлятак, магу навучыць тонкаму рука-дзеллю. Багі блаславяць вас, дзяўчаты, дадуць вам добрых мужоў, прыгожых дзяцей, пашкадуйце ж мяне, знайдзіце які прытулак.

Усцешыліся царэўны, што могуць дапамагчы беднай жанчыне. У іх нядаўна нарадзіўся брат і, можа, іх маці царыца Метанейра даверыць ёй хлопчыка. Сёстры хутка напоўнілі свае збаны вадою і паспяшаліся дадому. Маці дала згоду, і яны прывялі Дэметру ў бацькоўскі дом.

Уваходзячы ў царскі палац, багіня на момант спынілася ў дзвярах, выпрасталася і амаль дакранулася галавой вершніка. Цудоўным святлом азарыўся ўвесь палац, і царыца падумала, што не простую смяротную прывялі дочкі. Яна паднялася са свайго трона і запрасіла сесці госцю. Але тая адмовілася, уселася на простае сядзенне служанкі, закрыла заплаканы твар і зноў засмуткавала. Дабрадушная служанка, якую звалі Ямба, узялася развесяліць няшчасную чужаземку. Яна гучна смяялася, крыўля-лася і пасля аднаго непрыстойнага жэста ўсё-такі прымусіла Дэметру ўсміхнуцца. У гасцінным доме элеўсінскага цара багіня ўпершыню згадзілася пачаставацца ежай.

Метанейра перадала ёй на выхаванне сваё дзіця, і Дэметра падзякавала царыцы:

— Багі блаславяць цябе, добрая жанчына, — сказала яна. — Я бяру на сябе клопаты аб тваім маленькім сыночку і думаю, што табе не прыйдзецца скардзіцца на мяне. Я ведаю гаючыя травы, умею варажыць, і ў маіх руках з хлопчыкам не здарыцца ніякай бяды.

Багіня, страціўшы дачку, прывязалася да дзіцяці, як да свайго роднага, прыціскала яго да грудзей, сагравала боскім дыханнем. Кволы і хваравіты хлопчык пачаў цудоўна расці і за некалькі начэй вырас, як за год. Ніхто не ведаў, што новая нянька карміла яго боскай стравай — амброзіяй, а ноччу, калі ўсе ў палацы спалі, укручвала ў пялюшкі і клала ў палаючы агонь. Здзіўленая Метанейра захацела даведацца, чаму так хутка развіваўся яе сын (ён ужо гаварыў, як дарослы!) і падпільнавала Дэметру. Убачыўшы сваё дзіця ў полымі, яна падняла лямант на ўвесь палац.

— Што ты робіш, чужаземка? — крычала жанчына. — Аддай майго беднага хлопчыка!

Разгневаная Дэметра выхапіла з агню свайго выхаванца і, паклаўшы на зямлю, сказала:

— Вазьмі! Вам, неразумным людзям, невядома, дзе дабро, а дзе зло. Калі б не твая цікаўнасць, атрымала б сына вечна маладым і бессмяротным. З-за тваёй жа дурасці ягоны лёс будзе чалавечым. Але сярод людзей застанецца памяць аб тым, як ён рос у бессмяротных абдымках.

І раптам на месцы старой крыцянкі з'явілася велічная багіня. Цудоўны водар — зерня і спелых пладоў — разліўся па палацы, засвяціўся боскім святлом твар, рассыпаліся па плячах доўгія залатыя валасы.

— Дэметра! — ледзьве вымавіла збянтэжаная царыца, схіліла перад багіняй калені і не мела сіл падняцца з зямлі.

— Так, я Дэметра, уладарка боскіх і чалавечых радасцей. Няхай элеўсінскі народ пабудуе ў сваім горадзе вялікі храм. Я навучу людзей, як служыць у гэтым храме, як уміласцівіць мой свяшчэнны дух, усхваліць мяне і мае дары!

Персефона не была адзінай дачкой Дэметры. Гамер распавядае пра шлюб багіні ўрадлівасці з крыцкім богам земляробства Ясіёнам. Плодам кахання іх, што сышліся на тройчы ўзараным полі, з'явіўся сын Плутас — бог багацця і дастатку. Ад шлюбу з Зеўсам акрамя Персефоны ў Дэметры быў яшчэ сын, магутны Якх. Гэтае божышча разам з Дэметрай, Персефонай і Дыянісам з'явіцца героем рытуалаў, якія будуць адбывацца падчас знакамітых Элеўсінскіх містэрыяў. Містэрыі будуць праходзіць у Элеўсінскім храме, бо ў ім пэўны час жыла вялікая багіня.

Сустрэча Дэметры з дачкой

З тае пары, як адправілася Дэметра на пошукі Персефоны, спыніўся на зямлі ўсялякі рост. Стаялі аголеныя, без лісця, дрэвы, высахлі кветкі і травы, загінулі вінаграднікі. Дарэмна людзі аралі і засявалі палі: высахлая зямля не давала ўраджаю. Спыніліся ахвярапрынашэнні смяротных багам. Захутаная ў чорнае адзенне Дэметра сядзела на бліскучым троне пасярод храма, які пабудавалі для яе элеўсінцы. Багіня аплаквала сваю дачку, абыякавая да ўсяго, што рабілася ў свеце.

Тым часам пагібель пагражала ўсяму жывому на зямлі, і мог вымерці людскі род. Тады Зеўс, бацька багоў і людзей, паслаў да Дэметры залатакрылую Ірыду. Але багіня нават не скранулася з месца, не захацела нічога ні бачыць, ні слухаць. Дарэмна пасылаў Зеўс іншых багоў у Элеўсін: ніхто не змог упрасіць няшчасную маці.

— Я не вярнуся на Алімп, — рашуча адказала Дэметра, — і не вырашчу на раллі збажыны, пакуль зноў не ўбачу маю любімую дачку.

У рэшце рэшт Зеўс згадзіўся і паслаў у падземнае царства Гермеса, каб той угаварыў Аіда адпусціць Персефону на зямлю. Вярхоўны бог перадаў брату наступнае: калі Персефона не вернецца, Дэметра не пашле на палі жыватворны дождж, зноў не ўродзіцца хлеб, памруць людзі і не будзе каму прыносіць нам, бессмяротным багам, ахвяраванні.

Усміхнуўся ўладар змрочнага царства і сказаў Персефоне:

Можаш збірацца да маці, ды не смуткуй занадта: твая доля не горшая за іншых бессмяротных. Будзеш уладарыць разам са мной, будзеш мець ад багоў вялікую пашану. Вечная кара спасцігне кожнага смяротнага, хто не прыйдзе да цябе з належным дарам, не прынясе ахвяраванняў.

Невыказна ўзрадавалася Персефона і, шчаслівая, пачала рыхтавацца да сустрэчы з маці. Аід пачаставаў яе гранатам, саладзейшым за мёд, і ўсадзіў на залатую калясніцу, а Гермес хутчэй за вецер дамчаў дачку Дэметры ў Элеўсінскі храм.

Як менада кінулася да Персефоны маці, яны доўга абды-маліся, цалавалі адна адну... І ўжо потым Дэметра з трывогай запыталася ў дачкі, ці ела яна што-небудзь у палацы Аіда.

— Я з'ела некалькі зярняткаў гранатавага плоду з яго рук, — адказала Персефона, і Дэметра зразумела, што дачка не застанецца з ёй назаўсёды.

Увесь дзень яны правялі разам, цешыліся адна з адной, а потым па запрашэнню Зеўса адправіліся на Алімп. І там Дэметра звярнулася да вярхоўнага бога с просьбай:

— Калі я павінна адпусціць Персефону да Аіда, то зрабі так, каб дачка хоць колькі магла быць са мною!..

Згадзіўся Зеўс, толькі б вярнула Дэметра на зямлю ўрадлівасць! І вырашыў, што Персефона будзе знаходзіцца з маці і з іншымі багамі на Алімпе дзве трэці года, а адну трэць праводзіць з мужам у падземным царстве.

І адразу абудзілася прырода, зазелянела і заквітнела зямля, наліліся поўныя каласы, паспелі цяжкія гронкі вінаграду. Адрадзілася на зямлі жыццё! І ўсе ўсхвалялі вялікую багіню Дэметру і яе дачку Персефону.

Кожны год, калі Персефона пакідала сваю маці, тая паглыблялася ў журбу, апранала цёмнае адзенне... І разам з багіняй смуткавала ўся прырода. Калі ж вярталася дачка Дэметры, багіня зноў весялела, радавалася — і ўсё пачынала квітнець, а зямля давала добры ўраджай.

Аід свядома пачаставаў Персефону гранатам. Гэты плод быў адным з атрыбутаў багіні Афрадыты. І яго вогненна-чырвоныя кветкі сімвалізавалі ў Грэцыі каханне і шлюб. Персефона праглынула некалькі гранатавых зярнятак, і гэта азначала заключэнне шлюбу з Аідам і яго неразрыўнасць.

Існуе і іншая версія. У першабытныя часы забаранялася ежа чырвонага колеру, бо лічылася, што яна прызначалася для мёрт-вых. Персефона з'ела зярняткі чырвонага граната, а таму ўжо не магла забыць царства смерці і павінна была вярнуцца ў яго.

Штогадовае вяртанне Персефоны з царства Аіда з'яўляецца адным з варыянтаў міфа, распаўсюджанага ў старажытных міфалогіях. Гэта міф аб паміраючым і ўваскрасаючым богу, накшталт Асірыса, Адоніса, Дыяніса-Загрэя. Ён сімвалізуе штогадовае паміранне і абуджэнне расліннасці. Зямля прымае ў сябе мёртвае на выгляд зерне, а вясной з яго прарастае новае жыццё. Тленне насення адначасова з'яўляецца і нараджэннем новага жыцця.

Калі Дэметра сустракалася з дачкой, яна станавілася яшчэ больш літасцівай і добрай да людзей. Наогул багіня была дабрадушнай, але жорстка пакарала Эрысіхтона.

Эрысіхтон

Цар Фесаліі Эрысіхтон быў фанабэрыстым і бязбожным: не шанаваў багоў і не прыносіў ім ахвяраванняў. А яшчэ ён меў ненажэрнае сэрца. Прачуў аднойчы, што дзесьці будуюць такія высачэзныя палацы, якія ледзьве не падпіраюць неба, і надумаўся пабудаваць такі ж для сябе. Ён загадаў слугам вастрыць сякеры і павёў іх да свяшчэннай дубровы Дэметры. Там, у велічных дубах, жылі німфы — дрыяды, любіміцы багіні. Іх ўшаноўвалі людзі: часта збіраліся ля дубоў, маліліся німфам і пакідалі ім на памяць стракатыя стужкі.

Над усімі дрэвамі ўзвышаўся гаспадар дубровы — тысячагадовы дуб. Яго найбольш любіла Дэметра і шанавалі смяротныя. Эрысіхтон загадаў пачаць з гэтага дуба, што было вялікай ганьбай для багіні. Людзі адмовіліся падняць свае сякеры. Тады, забіўшы некалькі слуг, Эрысіхтон сам ударыў па святым дрэве. Уздрыгнуў волат-дуб... застагнала і памерла разам з ім німфа, якая жыла ў дрэве.

Апрануліся ў цёмнае адзенне дрыяды і прыйшлі да Дэметры з просьбай, каб пакарала яна бязбожніка, які забіў іх сяброўку. Разгневалася Дэметра на Эрысіхтона і паслала адну з дрыяд на калясніцы, запрэжанай крылатымі змеямі, у Скіфію за багіняй голаду. З'явілася тая ў дом Эрысіхтона — бледная, з запалымі вачыма, грубай скурай, якая абцягвала адны косці, — і ўдыхнула ў яго няўтольны голад. Чым больш ён еў, тым больш пакутаваў ад голаду. Праеўшы ўсю сваю маёмасць, звар'яцелы Эрысіхтон выбег на дарогу і пачаў прасіць любыя аб'едкі. Але людзі ведалі, за што быў пакараны гэты грэшнік, і ніхто не падаў яму нават сухой скарынкі... Тады пачаў ён марнець і, не маючы моцы крычаць, каб патрабаваць ежу, стаў рваць зубамі сваё цела і загінуў у страшэнных муках.

У элінаў, як і ў некаторых іншых народаў, існаваў звычай, згодна з якім высечка дрэў у свяшчэнным гаі каралася смерцю. У міфе ж аб Эрысіхтоне гэтае дзеянне караецца ненажэрным голадам. Імя Эрысіхтон азначае "той, хто барануе зямлю". У такім разе злачынствам Эрысіхтона магло быць ворыва, на якую не дала згоды Дэметра.

Трыпталем

Распавядаюць міфы і аб героях, якія выконвалі запаветы багіні, вучылі людзей земляробству. Удзячная за гасціннасць, якую яна сустрэла ў доме элеўсінскага цара, Дэметра выбрала яго сына Трыпталема, падарыла юнаку калясніцу з плугам, запрэжаную драконамі, і даручыла раз'язджаць па ўсёй зямлі, вучыць хлебаробству.

Навучыў Трыпталем грэкаў і адправіўся да іншых народаў, якіх эліны называлі варварамі. Дзякуючы ™яму і Дэметры ў былых качэўнікаў з'явілася аселасць, яны таксама пачалі апрацоўваць зямлю, карміцца хлебам і радавацца сытнай страве. Паўсюль Трыпталем быў жаданым госцем, але часам натыкаўся на варожасць.

Вандравалі па шырокім кавыльным стэпе дзікія плямёны геты. Аднойчы ўбачылі яны, як нейкі чужынец меддзю раздзірае іх пашы, і паднялі страшэнны лямант. Выпусціў цар гетаў стралу з лука і забіў аднаго з драконаў, якія перавозілі цудоўную калясніцу Трыпталема. Другой трапнай стралой ён бы паразіў самога юнака, але раптам з'явілася Дэметра. Пазбавіўшы неразумнага варвара жыцця, багіня перанесла яго і забітага дракона на небасхіл. Таму і з'явіліся сузор'і Стральца і Дракона.

Дэметра заўсёды ахоўвала Трыпталема ад небяспекі. Юнак навучыў земляробству скіфскага цара Лінка, але той захацеў адняць яго славу і прысвоіць сабе. Цар прыкінуўся гасцінным гаспадаром, паслаў Трыпталему мяккі ложак, а калі ён заснуў, падкраўся з кінжалам. Узняў вераломны цар над спячым юнаком свой кінжал — і ў гэты момант яго пальцы ператварыліся ў вострыя кіпцюры, зменшылася тулава і пакрылася стракатай шкурай, а над вуснамі выраслі вусы. Так па волі Дэметры пераўтварыўся цар у рысь. З тае пары гэты звер, азлоблены на ўсіх, жыве ў непраходных гушчарах, хаваецца ў галінах дрэў, каб часам кінуцца на шыю паляўнічаму альбо дрывасеку.

У вобразах цароў-варвараў міфы адлюстравалі адвечную барацьбу качавых плямёнаў з аселымі земляробскімі народамі.

Вырастанне злакаў эліны лічылі вялікай таямніцай, якую багіня Дэметра адкрывала толькі выбраным. Гэтая думка лягла ў аснову Вялікіх Элеўсінскіх містэрый (таінстваў). З'яўленне вяс-ной зялёных парасткаў з сухога зерня, якое было кінута ў зямлю, спарадзіла ўяўленне аб мажлівасці ўваскрэсення з мёртвых.

На працягу 9 дзён месяца, які адпавядае нашаму верасню, на свяшчэннай тэрыторыі Элеўсінскага храма разыгрывалася свяшчэнная драма, якая ўяўляла сабой этапы пакут Дэметры, яе вандраванняў у пошуках дачкі і сімвалізавала таямнічую сувязь паміж жывым і мёртвым светамі, фізічнае і духоўнае ачышчэнне. Аднаўленне "страсцей" Дэметры набліжала вяртанне Персефоны, а значыць, і ўраджая, які дарыла карміцелька-зямля.

Мы не ведаем дакладна ўсяго, што адбывалася падчас гэтых рэлігійных святкаванняў, бо іх удзельнікі пад страхам смяротнага пакарання не мелі права расказаць аб рытуалах, вядомых толькі пасвячоным у іх. Але ніхто не сумняваецца, што там мела месца тэатралізацыя міфа аб выкраданні Персефоны. У сувязі з гэтым адбываўся акт пасвячэння ў таямніцу замагільнага жыцця. Пасвячоным у таінствы жрэц абяцаў лепшы лёс на тым свеце.

Падчас Элеўсінскіх містэрый ушаноўваўся і Дыяніс, бо ён так сама, як і Дэметра, быў апекуном урадлівасці і сімвалізаваў творчыя сілы прыроды і бясконцае аднаўленне жыцця, нягледзячы на няміласць розных стыхій. Народныя святкаванні, якімі былі Дыянісіі і Элеўсініі, з'явіліся галоўнымі вытокамі грэчаскай трагедыі і тэатра.

У Грэцыі Персефону звалі яшчэ Корай, а ў рым- скай міфалогіі ёй адпавядала Празерпіна. Сюжэт аб выкра- данні Персефоны (Празерпіны) вабіў сваім трагічным пафасам і дынамічнасцю шматлікіх мастакоў і знайшоў славутае ўвасабленне ў скульптуры Л. Берніні, жывапісу Рэмбранта і П. П. Рубенса, меладраме І. Стравінскага, операх К. Мантэвердзі, Ж. Б. Люлі.

Найбольш вядомая выява Дэметры антычнай эпохі — скульптура "Дэметра Кнідская" (IV ст. да н. Х.), грэчаскі ары-гінал, які прыпісваецца сучасніку Праксіцеля афіняніну Леахару. У гонар гэтай старажытнай і вельмі шануемай багіні ставілі храмы, яе ўсхвалялі ў гімнічнай паэзіі.

Персефону адлюстроўвалі ў двух абліччах: як строгую ўла-дарку падземнага свету і як прыгожую маладую дзяўчыну (Кору).

Звярталася да вобразаў Дэметры і Персефоны і паэзія новага часу (вершы "Элеўсінскае свята", "Скарга Цэрэры" Ф. Шылера).

ДЫЯНІС

Дайце спачын рукам,

а сэрцу—віна, весялосці.

Прыйшоў Дыяніс,

прыйшоў бог вясёлы ў госці.

Прыйшоў Дыяніс,

прыйшоў спадарожнік наш вечны.

Прыйшоў Дыяніс,

хмелем зялёным увенчаны.

Прыйшоў Дыяніс,

лазой вінаграднай абвіты.

Прыйшоў Дыяніс

з сваёю нязменнаю світай.

А. Вярцінскі ("Гефест — друг Праметэя")

Вялікую папулярнасць у класічнай Эладзе набыў культ Дыяніса. Яго ўшаноўвалі і пад імем Вакха, а рымляне — Бахуса як бога расліннасці і ўрадлівасці, апекуна вінаградарства і вінаробства. Дарамі Дыяніса лічыліся неўтаймаваныя сілы зямлі, звязаныя з дрэвамі, на якіх нястрымна прарастаў плюшч, з вільготнасцю, якая жывіла ўсё, што нараджалася на зямлі, з вінаграднай лазой, даваўшай людзям цудоўны напой. Дыяніс увасобіў прыроднае багацце, жыццёвы дастатак; ён стаў сімвалам пладаносных, творчых сіл прыроды.

Грэкі перанялі гэтае бажаство з усходняй (фракійска-фрыгійскай) міфалогіі. І хоць імя Дыяніса існавала на таблічках крыцкага пісьма ў ХIV ст. да н. Х., яго культ распаўсюдзіўся толькі ў VIII—VII ст. да н. Х. і пазней, калі пачала фармавацца дэмакратычная дзяржава. Дыяніс як бог, вельмі набліжаны да смяротных, асабліва да вяскоўцаў-земляробаў, супрацьпастаў-ляўся Апалону, якога шанавала арыстакратыя. Аб народнай аснове культа Дыяніса сведчыць і тое, што яму доўга прыйшлося заваёўваць права быць прынятым у лік дванаццаці алімпійскіх багоў. Шмат у якіх міфах распавядаецца пра яго зямное паходжанне.

1   2   3   4   5   6   7   8   9   10   11


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка