Багiі аліiмпа




старонка8/11
Дата канвертавання14.03.2016
Памер1.76 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8   9   10   11
Псіхея

Амура крылы —

чуеш шолах іх? —

лунаюць не пад столлю —

пад нябёсамі.

Пакоі... Пустата...

Яны ўдваіх —

і больш нікога — са сваімі лёсамі.

Я. Хвалей ("Страла Амура")

У аднаго цара было тры дачкі-прыгажуні. Не хапала слоў у людской мове, каб апісаць чароўную, недасягальную красу малодшай з іх — Псіхеі. З далёкіх краін прыходзілі палюбавацца на яе. Гаварылі, што, маўляў, сама Афрадыта сышла на зямлю з вяршынь Алімпа. Людзі пачалі менш наведваць Кіпр і Кіферу, менш прыносіць ахвяры багіні кахання і хараства, а станавіліся на калені перад Псіхеяй, звярталіся да яе з малітвамі, адорвалі кветкамі.

Абурылася сапраўдная багіня і захацела пакараць саперніцу. Паклікала яна крылатага Эрота.

— Калі ты любіш сваю маці, то адпомсціш ганарыстай за мяне. Пусці адну са сваіх стрэл у сэрца гэтай прыгажуні, запалі яе каханнем да самага апошняга, самага мізэрнага са смярот- ных — якога бегляка ці бадзягу.

Тым часам сёстры Псіхеі павыходзілі замуж за цароў, а яна сама сядзела ў хаце і аплаквала сваю адзіноту. Усе захапляліся яе красой, але ніхто не прасіў рукі. Здзіўлены гэтым, бацька звярнуўся да аракула і пачуў:

— Пастаў сваю дачку на ўскрай скалы, але раней аплач яе, як на пахаванне, і прыбяры, як на вяселле. За ёй прыляціць бессмяротны, люты, як дракон. Ён падпарадкоўвае сабе ўвесь свет, страшыць самога Зеўса.

Павінуючыся божай волі, бацька пакінуў Псіхею на вяршыні скалы чакаць таямнічага мужа. Дзяўчына ўздрыгвала ад плачу і страху. Але падуў пяшчотны Зефір, далікатна прыпадняў яе і панёс на сваіх крылах у горную даліну, апусціў у мяккую траву квяцістага луга... Пасля доўгага сну прачнулася Псіхея і ўбачыла такую прыгажосць! Яна знаходзілася ў гаі, парослым высокімі цяністымі дрэвамі, а паміж іх бруіла крыштальна чыстая крыніца. А побач... узвышаўся палац. Кожны зразумеў бы, што ён збудаваны не чалавечай рукой. Залатыя калоны падтрымлівалі разную столь з лімоннага дрэва і слановай косці. Сцены былі абкладзены чаканным срэбрам з выявамі розных жывёл. Падлога ззяла каштоўнымі камянямі, якія складваліся ў цудоўныя малюнкі.

Псіхея адважылася пераступіць парог раскошнага палаца... У сярэдзіне ўсё зіхацела золатам, але не было жывой душы. Яна абыходзіла пакоі, балконы... усюды было пуста. Толькі бесцялесыя галасы казалі, што яны слугі і выканаюць усе пажаданні. Сапраўды, нябачныя рукі прыслужвалі Псіхеі за сталом, устаўленым смачнымі стравамі і напоямі, бы нектар. Нябачны музыкант іграў на кіфары, нябачны голас спяваў.

Так у асалодзе праходзілі дні. Ноччу Псіхею наведваў таямнічы муж. Яна не ведала, што гэта Эрот. Толькі чула пяшчотны незямны голас, але ніколі не бачыла свайго каханага. Муж упрошваў Псіхею не дазнавацца, хто ён, бо тады надыдзе канец іх шчасцю.

Лепш памру, чым згублю тваё каханне, любы, — казала Псіхея. — Бо кім бы ты ні быў, я кахаю цябе, як сваю душу, і не замяніла б цябе нават на Эрота. Толькі прашу цябе: дазволь маім сёстрам наведаць мяне.

Праз які час сёстры Псіхеі, якія аплаквалі яе няшчасны лёс, былі дастаўлены Зефірам у залаты палац. Уражаныя багаццем і раскошай, яны пазайздросцілі ўсяму, што бачылі, і пераканалі Псіхею ў тым, што, напэўна, яе каханы — агідны дракон ці якая жахлівая пачвара. Сёстры растрывожылі душу збянтэжанай Псіхеі і прымусілі паверыць ім.

Не маючы сіл пераадолець цікаўнасць, паслухаўшы парады сясцёр, Псіхея аднойчы ноччу дастала свяцільнік і падкралася да ложка мужа. Але, як толькі асвяцілася таямніца пасцелі, яна ўбачыла найпрыгажэйшае відовішча, убачыла самога Эрота... Яна не магла адвесці вачэй ад залаціста-белакурай галавы, кучаравых, пахучых ад амброзіі валасоў, якія акружалі малочна-белую шыю і ружовыя шчокі, глядзела на гладкае і зіхатлівае цела. Ад незвычайнага прамяністага бляску твару закалыхалася святло ў лямпе. На плячах спячага бога ззялі росныя крылы. І яны адпачывалі, толькі трапяталі іх лёгкія беласнежныя пярынкі. На падлозе ляжалі лук і калчан, поўны стрэл.

Адчуўшы захапленне і асалоду ад незямной прыгажосці, Псіхея не магла стрымаць жаданне, нахілілася над богам кахання, пацалавала яго, і ў той самы момант гарачая кропля алея пырснула з лямпы на плячо Эрота. Апечаны бог прачнуўся ад болю, усхвалявана вымавіў: "Гэта ж я, прастадушная Псіхея, насуперак волі сваёй маці Афрадыты не закахаў цябе ў самага нікчэмнага з смяротных, але сам зрабіў легкадумна..." Бессмяротны хутка ўзняўся ў паветра, пакінуўшы Псіхею адну са сваім горам. У роспачы пабегла Псіхея за каханым, але дарэмна: ён ужо на Алімпе, і Афрадыта перавязвае сыну параненае плячо.

Удзень і ўначы шукала Псіхея свайго мужа. Прайшла шмат зямель і краін, апускалася ў змрочнае царства. Афрадыта помсціла ёй і насылала розныя выпрабаванні, боль, пакуты. Але дапамагаў і суцяшаў Эрот, бо ён кахаў Псіхею, як і раней. Малады бог дабіўся ад Зеўса дазволу на свой шлюб з Псіхеяй, і той урачыста аб'явіў Эрота і Псіхею мужам і жонкай.

Гэты міф з казачнай афарбоўкай мае глыбокі сімвалічна-рэлігійны сэнс. Грэчаскае слова psyche азначае "душа". У міфе выяўляецца вечнае імкненне чалавечай душы да прыгожага і ўзвышанага, яе прага спазнаць каханне. Падзенне Псіхеі-душы як вынік цікаўнасці зрабіла яе ахвярай злых сіл. Але прага душы ўзвысіцца да кахання-любові перамагла, і Псіхея злілася з богам-каханнем у вечным шчасці. Праступае сімволіка зліцця чалавечай душы з божай існасцю.

З антычнасці захавалася вялікая колькасць выяваў Эрота (Амура) і Псіхеі. Найбольш значныя творы еўрапейскага мастац-тва на гэты сюжэт — скульптурныя групы А. Кановы, Б. Тор-вальдсена, А. Радэна. У літаратуры матыў Эрота і Псіхеі распра-цоўвалі Кальдэрон дэ ла Барка, Ж. Лафантэн, Ж. Б. Мальер, рускі пісьменнік І. Багдановіч. Гэты казачны сюжэт вядомы ў фальклоры розных народаў ("Пунсовая кветачка" ў апрацоўцы С. Аксакава).

Прыгожы матыў знайшоў мастацкі адбітак і ў беларускай літаратуры. Я. Купала, напрыклад, пераклаў з польскай мовы фантастычна-алегарычную паэму Е. Жулаўскага "Эрос і Псыха". Рэмінісцэнцыі з антычнага міфа-казкі змяшчае верш К.Сваяка "Эрос і Псыхэя". Галоўнае ў ім — патрэба лірычнага героя ў такім самым шчасці — "каханні для неба". Герой прагне спасцігнуць душу каханай і прачытаць у яе вачах "тайніцу душы". Верш спалучае страснае пачуццё з глыбокай думкай.

Дай душу мне тваю—больш не трэба,

Творчы дух ты народу аддай,

І так жыйма абое для неба,

І сваім ты мяне называй.

І смяротныя, і багі, і нават Зеўс былі безабароннымі перад залатымі стрэламі Эрота. Не толькі шчасце і радасць неслі яны, але і пакуты, боль, пагібель. Мы ж ведаем, як паспрачаліся Эрот і Апалон і што з таго выйшла.

Эліны ўшаноўвалі Эрота і як бога мужчынскага сяброўства: у гімнасіях, дзе займаліся фізічным выхаваннем, выявы Эрота стаялі побач са статуямі Гермеса і Геракла.

Агульнапрызнаным элінамі, асабліва закаханымі і маладымі, быў бог шлюбу Гіменей.

ГІМЕНЕЙ

Гіменей быў сынам Афрадыты і Дыяніса (па іншых версіях — Апалона і адной з Музаў: Каліопы, Ураніі, а можа, Тэрпсіхоры). Дакладна паходжанне гэтага бога невядома. Згодна аднаму з міфаў, Гіменей быў прыгожым спеваком і музыкантам, які раптоўна памёр на вяселлі Дыяніса (другая версія — страціў голас). Каб не забыць Гіменея, яго імя пачалі выкрыкваць падчас вяселляў, і гэтым жа імем назвалі ўрачыстую песню, што выконвалася ў гонар маладых.



Гіменей ратуе нявест

У Афінах няшчасце. Ноччу марскія рабаўнікі праніклі ў горад і выкралі самых прыгожых дзяўчат. Слаўныя Афіны агарнула жалоба. Гэтыя дзяўчаты збіраліся вьіходзіць замуж, і ўсё было падрыхтавана да вясельных урачыстасцяў. А цяпер толькі малітвы перабівалі горкае маўчанне горада.

Раптам пачуліся радасныя галасы, смех, і неўзабаве ўсе ўбачылі, як у горад уваходзіў вельмі прыгожы юнак, убраны ў гірлянды кветак, з залатым жазлом у руках, і вёў за сабой усіх выкрадзеных красунь.

— Хто ты, адважны і высакародны герой? — пыталіся бацькі і жаніхі, быццам зноў нарадзіўшыся на свет.

— Прасі ў нас, чаго хочаш!

Юнак усміхнуўся:

— Не пазнаеце мяне?

— Да гэта ж Гіменей! — закрычаў, не верачы сваім вачам, адзін са шчаслівых жаніхоў.

Усеагульная радасць панавала на вяселлі афінскіх дзяўчат. Горад скаланулі воклічы: "О, Гімен! О, Гіменей!" А ён, з ярка палаючай паходняй у руках, ляцеў на сваіх бела- снежных крылах наперадзе вясельнага шэсця. Бог шлюбу благаслаўляў маладых, пасылаў ім шчасце. І яго ўсхвалялі ў радасных вясельных гімнах-гіменеях.

Распавядалі таксама, што першапачаткова Гіменей быў прыгожым, але бедным юнаком, і заможныя бацькі дзяўчыны, у якую ён закахаўся, не хацелі мець яго сваім зяцем. Толькі пасля таго, як Гіменей мужна дабыў у рабаўнікоў сваю і іншых выкрадзеных дзяўчат і прывёз іх з далёкага вострава, ён атрымаў згоду на доўгачаканы шлюб. Саюз маладых быў такі шчаслівы, што пра яго спявалі на вяселлях, а Зеўс па просьбе Афрадыты зрабіў Гіменея і яго жонку несмяротнымі. Яшчэ адна версія міфа пра Гіменея сцвярджае, што юнака пасля яго смерці ўваскрэсіў Асклепій. Імя Гіменея — персаніфікацыя старажытнай культавай песні-гімна.

"Вузы Гіменея", "Гіменей" — гэта ў пераносным сэнсе і ёсць шлюб. У Рыме грэчаскаму Гіменею адпавядаў бог вяселля Таласіян. У міфалогіі беларусаў бога шлюбу звалі Люмбел, і ён таксама прысутнічаў падчас вяселляў. Прыгожага хлопчыка, якога выбіралі на гэтую ролю, апраналі ў белую кашулю, а на галаву надзявалі вянок з чырвоных кветак.

ГЕФЕСТ


Высока мой молат ўзлятае: гэ-эх!

Мой горан шугае.

Толькі ўздыхае стары мой мех.

А. Вярцінскі ("Гефест — друг Праметэя")

Гефест увайшоў у грэчаскую міфалогію як бог-каваль, апякун агню і апрацоўкі металаў, сын Зеўса і Геры (у рымскай міфалогіі яго атаясамлівалі з Вулканам).

Гэты алімпійскі бог, як і Афіна, быў вялікім працаўніком. Ён рабіў маланкі для Зеўса, рамантаваў калясніцу для бога сонца Геліяса, каваў раскошную зброю, калі яна была патрэбна багам, як, напрыклад, Фетыдзе для яе славутага сына Ахіла. Гефест будаваў на Алімпе палацы і вырабляў цудоўны посуд, кубкі, а для багінь — непараўнальныя ўпрыгажэнні. Асабліва любіў Гефест працаваць у кузні на востраве Лемнас і ў сярэдзіне Этны, дзе дапамагалі майстру яго вучні — аднавокія волаты-кіклопы. Гэтыя месцы людзі стараліся абмінаць: яны бачылі, як адтуль валілі клубы дыму, выляталі распаленыя камяні і чуўся грозны гул.

У Афінах культ Гефеста быў настолькі звязаны з культам Афіны, што ім абаім прысвячалі агульныя храмы. Але Гефест увасабляў фізічную працу, стыхійны бок рамяства, а Афіна і ў рамястве — духоўнае. Уяўлялі Гефеста магутным, мускулістым, з густой барадой і нязграбным, бо быў ён кульгавы. На Алімпе можна было пачуць плётку пра тое, што раўнівая Гера, сапернічаючы з мужам, які нарадзіў дачку без маці, нарадзіла сына без бацькі — Гефеста, праўда, не такога дасканалага, як багіня мудрасці. Але алімпійцы і людзі таксама не сумняваліся ў тым, што бацькам Гефеста быў Зеўс, і ведалі, чаму яго сын стаў кульгавым.



Нараджэнне Гефеста

Гефест нарадзіўся слабым, кволым, выродлівым. Засаро-мелася яго маці Гера і скінула сына з вяршыні Алімпа. Дзіця зляцела ў мора. На шчасце, марскія німфы Фетыда і Эўрынома гулялі непадалёк, у хвалях. Яны падхапілі дзіця ў свае абдымкі, занеслі глыбока пад воды сівога Акіяна і выхавалі ў блакітным гроце. На працягу дзевяці гадоў німфы апекавалі Гефеста. Спачатку сумавалі, што іх улюбёнец не цікавіўся музыкай, не хацеў вучыцца танцам, не цягнула яго і да ваеннай справы. Праўда, яму перашкаджала кульгавасць: маці трымала немаўлятка за ножку, калі скідвала яго ўніз.

Найбольш Гефест любіў майстраваць і займаўся тым, што вырабляў для сваіх выратавальніц аздабленні з золата і каштоўных камянёў — раскошныя завушніцы, каралі, бранзалеты, пярсцёнкі. У аніводнай алімпійскай багіні не было падобных. Напэўна, шкадавала царыца неба аб тым, што так абышлася ў свой час з сынам. А ён памятаў аб гэтым. Аднойчы Гефест зрабіў для маці падарунак — цудоўнае крэсла. Усе багі былі ў захапленні, калі кіклопы прынеслі яго на Алімп. Радаваласяі Гера, уселася зручней. Падарунак варты жонкі Зеўса! А калі захацела падняцца, — не змагла. Паспрабавала яшчэ раз, але крэсла не адпускала, быццам нябачныя ланцугі прыкулі намёртва. Захваляваліся багі, але ніхто, і Зеўс таксама, не ведаў, як дапамагчы Геры.
Звярнуліся да Гефеста. Той быў няўмольны. Нават Гермес, багаты на розныя хітрыкі, не змог прывесці яго на Алімп. Удалося гэта толькі Дыянісу. Ён паднёс Гефесту кубак не разбаўленага вадой віна, потым другі, трэці. Захмялеў каваль. Тады пасадзіў яго Дыяніс на асла і павёз на Алімп. Вызваліў Гефест Геру са смешнага палону і сам застаўся на Алімпе. З тае пары, пасля прымірэння, заўсёды, калі сварыліся Зеўс з Герай, сын заступаўся за маці.

Афрадыта і Арэс

Жонкай Гефеста была Афрадыта. Але існавала яшчэ адна міфалагічная версія, па якой Гефест ажаніўся з малодшай Харытай — Аглаяй, а мужам Афрадыты быў Арэс. Магчыма, каб звесці ў адно гэтыя супярэчнасці, і з'явіліся міфы, якія апісвалі любоўныя прыгоды Афрадыты і Арэса. І, думаецца, небеспад-стаўна: вельмі ж рознымі па сваіх інтарэсах былі бог-каваль (заўсёды ў сажы, ён амаль не вылазіў з кузні) і багіня хараства і кахання, самая прыгожая і прывабная на Алімпе — Афрадыта.

Бог сонца Геліяс бачыў усё, што рабілася на Зямлі і на Небе. Ён і расказаў Гефесту аб здрадзе Афрадыты. Зняважаны Гефест вырашыў па-свойму пакараць каханкаў. З вельмі тонкага дроту, амаль нябачнага, ён зрабіў сетку і прымацаваў да ложка. І калі ў чарговы раз сустрэліся Афрадыта і Арэс, то раптам звалілася на іх сетка і яны апынуліся ў пастцы.

Паклікаў Гефест багоў: "Глядзіце, як трэба караць няверную жонку". Багі пачалі пасмейвацца... Зеўс адмовіўся быць суддзёй у гэтай далікатнай справе, а ўгаварыў Гефеста вызваліць паланёных бог Пасейдон.


Жартаўлівая гісторыя паланення Афрадыты і Арэса знайшла ўвасабленне ў палатне Ф. Бушэ. Я. Тынтарэта, П. П. Рубенс, А. ван Дэйк, Б. Торвальдсен аддавалі перавагу вобразу Гефеста-каваля і адлюстроўвалі яго ў кузні.

У гонар Гефеста грэкі наладжвалі святы, прысвячалі яму храмы і алтары. На востраве Лемнас быў заснаваны горад Гефестый, на востраве Самас — Гефестопаль і Гефестыён. Дайшло шмат манет з малаазійскай Грэцыі з адбіткам Гефеста, што сведчыць аб культавым пакланенні гэтаму богу.



ГЕРМЕС


Вядзе нас Гермес хутканогі...

Блізка ўжо, блізка блакітнае неба.

У. Арлоў ("Арфей")

Гермес — алімпійскі бог, які ў літаратурных помніках часцей за ўсё паўставаў у вобразе вестуна багоў і Зеўса, але меў шмат іншых важкіх функцый. Ён адзін з самых старажытных грэчаскіх багоў усходняга, мажліва, малаазійскага паходжання: некаторыя з яго знакамітых вынаходніцтваў былі вядомыя яшчэ ў даэлінскія часы.

Шмат якія чалавечыя якасці — лепшыя і горшыя, вартасці і заганы ўвасобіў у сваёй постаці гэты вельмі папулярны ў Эладзе бог, рымскім аналагам якога быў Меркурый. У гонар Гермеса паўсюль ставілі алтары і статуі, узводзілі храмы, але асабліва ўшаноўвалі яго ў Аркадыі. Там, у самым цэнтры Пелапанеса, і нарадзіўся Гермес — сын грамавержца Зеўса і Маі, дачкі тытана Атланта, што трымаў нябесны купал. Жытлом німфы Маі была пячора гары Кілена, дзе заўважыў яе Зеўс з вышыні свайго Алімпа. Юная, зграбная прыгажуня Мая была вартая вялікага кахання, і ўпотай ад багоў і людзей Зеўс пачаў наведвацца ў яе цяністую пячору.

Першае вынаходства Гермеса

Калі з'явілася на свет дзіцятка, Мая спавіла яго і паклала ў калыску. Малютка Гермес рос неймаверна хутка, падобна іншым дзецям Зеўса, але ніхто з іх не быў такім спрытным і вёрткім, як гэты сын. Праз некалькі гадзін ён пакінуў калыску і выправіўся на пошукі прыгод... Неўзабаве Гермесу сустрэлася чарапаха. Яна прагульвалася на мяккай траве — павольна і паважна, па-панску расстаўляючы ногі. Доўга смяяўся, назіраючы за ёй, сын Зеўса.

— Ах, маленькая скацінка, відаць, ты нездарма мне трапілася. Ну адкуль ты, такая забаўная цацка? Стракаты абломак панцыра, але мае ногі і можа рухацца? Забяру ж я цябе дадому. Тут з табой можа стацца што-небудзь дурное, у жытле — куды больш бяспечна. Ведай: ты — першае, з чаго я атрымаю карысць, але не апошняе. Праўда, табе прыйдзецца развітацца з жыццём, затое мёртвая ты будзеш выконваць цудоўныя, гучныя песні і станеш знакамітай спявачкай.

Схапіў Гермес чарапаху і прынёс у пячору; там выцягнуў яе нажом з панцыра, потым нарэзаў трысняговых сцяблоў, сіметрычна замацаваў іх на паверхні цвёрдага, як камень, панцыра, абцягнуў яго валовай скурай, прыстасаваў да гэтага перакладзінку і нацягнуў сем струн з авечых кішак. Скончыўшы працу, Гермес ударыў па струнах плектрам, які таксама вынайшаў для гэтай справы, і пачаў спяваць. Ён усхваляў у спевах сваё нараджэнне, сваіх бацькоў Зеўса і Маю, потым пячору Маі і шчаслівае жыццё ў ёй, перабіраў струны і апяваў па чарзе горных німфаў — прыслужніц сваёй маці і ўрэшце ўзяўся за рэчы, якія знаходзіліся ў яго жытле: спяваў пра кацялкі, трыножнікі... А калі ўжо не было пра што спяваць, Гермес схаваў ліру ў сваю калыску. І тут адчуў, што выгаладаўся, і захацеў мяса... Ужо Геліяс апусціўся на сваёй залатой калясніцы ў Акіян пад зямлю, калі маленькі Гермес выйшаў з дому і пад покрывам ночы накіраваўся ў Піэрыю.

Так ад самага нараджэння выявіліся ў Гермеса спрытнасць, кемлівасць, вынаходлівасць. Будучы бог накіруе гэтыя якасці на карысць багам і людзям: шмат чаго вынайдзе для ўпрыгажэння і аблягчэння жыцця.

Крадзеж кароў Апалона

На схілах Піэрыйскіх гор пасвіліся статкі, якія належалі багам. Больш за іншыя спадабаўся Гермесу статак з пяцідзесяці прыгожых, станістых кароў. Іх гаспадаром быў срэбралукі Апалон. Ніхто не вартаваў тых кароў, бо ўсе ведалі, што ў выпадку прапажы Апалон не злітуецца над злодзеямі. "Як жа выкрасці іх, каб не даведаліся, хто гэта зрабіў, нават багі, — думаў Гермес. — Дарога пясчаная, на ёй добра бачныя сляды". Скінуў сын Маі сандалі, перавязаў прутамі тамарыска і мірта два ахапкі галін і ўсунуў у іх свае ножкі. А што рабіць з каровамі? Павярнуў ён іх задам наперад і пагнаў такім чынам, што сляды вялі ў бок, процілеглы іх сапраўднаму накірунку. Па дарозе Гермесу сустрэўся нейкі стары, які працаваў на сваім вінаградніку.

— Слухай, — звярнуўся да яго сын Маі, — тваю працу блаславяць багі, і яна будзе плённай, толькі паслухайся мяне: тое, што ты бачыш, лічы, што не бачыў; тое, што чуў, ніколі не чуў і нікому не скажаш.

У Піласе, каля ракі Алтэя, Гермес знайшоў прасторны хлеў, загнаў у яго жывёл, накарміў духмяным сенам, каб не мыкалі, а потым расклаў вогнішча і засмажыў дзвюх кароў. Наталіўшы свой голад, ён замаскіраваў сляды адпачынку і паспяшаўся дадому, на гару Кілена. Дзверы ў пячору былі зачыненыя, але Гермес скурчыўся і прабраўся праз замочную шчыліну. На пальчыках ён падкраўся да сваёй калыскі, захутаўся ў пялюшкі і заснуў быццам бязвіннае дзіця. І ўсё ж такі не ўдалося Гермесу абхітрыць маці.

— Дзе ты быў усю ноч? — строга запытала яна сына. — Не абярэшся з табою клопату: учора нарадзіўся, а сёння я ўжо хвалююся, каб не з'явіўся па тваёй міласці Апалон. Ну пачакай, хітрун. Вось надзене ён на твае ножкі цяжкія кайданы і не зможаш ніколі вызваліцца ад іх.

Не спалохаўся матчынай пагрозы Гермес, а толькі засмяяўся.

— Ніколі не бойся за мяне, маці! Я ж не якое-небудзь дурное дзіця! Калі Апалон надумае пільна сачыць за мной, я адпраўлюся ў яго Дэльфы, пранікну ў палац і знайду там шмат таго, што можна сцягнуць, набяру золата, рознага адзення...

Маленькі Гермес пачаў сваё самастойнае жыццё з выкрадання кароў. І гэта невыпадкова. Калі ён стане алімпійскім боствам, то спачатку будзе ўшаноўвацца як увасабленне сіл прыроды, а потым як бог жывёлагадоўлі, апякун пастухоў. У гонар Гермеса грэкі наладзяць свята з гульнямі, падчас якіх будуць ствараць вобраз Гермеса — добрага пастыра. Сімвал гэтага вобраза — скульптурны помнік "Гермес Крыафор", які адлюстроўвае бога з баранам на плячах. У той жа час функцыя Гермеса як апекуна пастухоўства другасная. Самы славуты ў антычнасці пастух бог Пан — сын Гермеса і німфы Дрыопы. Але вернемся да малога Гермеса, у якога яшчэ наперадзе ўсе слаўныя справы і розныя хітрыкі.

Паўставала з Акіяна ружоваперстая багіня зары Эас, калі Апалон (Феб) дазнаўся аб прапажы сваіх пяцідзесяці кароў. Раззлаваўся срэбралукі страшэнна і ніяк не мог уцяміць, як гэта грузныя жывёлы зніклі, не пакінуўшы ніякіх слядоў. Усе сляды вялі на луг, дзе яны пасвіліся, і ніводзін — з лугу. Не падняліся ж бяскрылыя каровы ў паветра, бы птушкі...

Тым часам убачыў Апалон старога, які працаваў бесперапынна ўдзень і ўноч. У той момант ён рыхтаваў бярвенне для агароджы.

— Паслухай, стары, — запытаўся Апалон. — Можа, ты бачыў каго-небудзь, хто гнаў адсюль пяцьдзесят прыгожых крыварогіх кароў? Яны пасвіліся на лузе і кудысьці зніклі.

— Здаецца, што ўчора я бачыў хлопчыка. У руках яго быў дубец, і ён гнаў кароў задам наперад.

Стары яшчэ не скончыў гаварыць, як з'явілася ў небе хуткакрылая птушка, і Апалон зразумеў гэты знак: выкра-дальнікам мог бьць толькі нованароджаны сын Зеўса. Хутка памчаўся ён на гару Кілену і апынуўся ля ўваходу ў пячору Маі.

Як толькі Гермес убачыў разгневанага бога, ён нацягнуў пялюшкі па самыя вушы і засоп носам. А Апалон паглядзеў на Маю, потым на калыску і пачаў гойсаць па ўсіх закутках, спадзяючыся адшукаць сваю ўласнасць. Знайшоў жа ён толькі нектар, пахучую амброзію, прыгожае — з золата і срэбра — убранне німфы... Тады Апалон наблізіўся да калыскі і закрычаў на ўвесь голас:

— Аддай маіх кароў, нягоднік! Інакш я вазьму цябе за ножку і скіну ў цёмны Тартар. Адтуль цябе ўжо ніхто не вызваліць — ні магутны бацька, ні маці!

Гермес толькі лупаў вачыма.

— Якіх кароў? Што такое карова? Матуля, што ад мяне патрэбна гэтаму смяротнаму?

— Смяротнаму?! — яшчэ больш разышоўся срэбралукі бог. — Ты абражаеш мяне і робіш выгляд, быццам не ведаеш, што такое карова. Але выкраў кароў менавіта ты! Я гэта добра ведаю.

— Не разумею, чаго ты ад мяне хочаш... І хто ты такі... Я хачу спаць... Я люблю матчына малако... І больш нічога мне не трэба.

— Хопіць прыкідвацца! — не сунімаўся Апалон. — Зараз я табе пакажу, што такое карова.

З гэтымі словамі ён сцягнуў коўдру і... гучна зарагатаў.

— Дык гэта ты — выкрадальнік майго статку?! Ну і шэльма! Яшчэ такі маленькі, а ўжо...



Не чапай мяне! Я такі малы і слабы. А ты грубы... Я буду скардзіцца на цябе Зеўсу!

— Гэта ты будзеш скардзіцца? Ах ты махляр! А ну, вылазь сам з калыскі, і пойдзем да бацькі. А інакш я за вуха зацягну цябе на Алімп!

Гермеса немагчыма ўявіць без яго выкрутасаў і хітрыкаў. Цікава, што ашуканства, махлярства заўсёды ўжываліся ў ім разам з кемлівасцю. І той, каму ён рабіў якую шкоду, не мог сердаваць на Гермеса, як немагчыма сур'ёзна злавацца на свавольнае дзіця. Менавіта так успрымалі Гермесавы выхадкі багі-алімпійцы, калі ён выкраў меч у Арэса, трызубец — у Пасейдона. Аднаго разу Афрадыта ніяк не магла знайсці свой чарадзейны пояс, а Гефест — клешчы. Дайшло да таго, што Гермес надумаўся жартаваць з бацькам і ледзьве не сцягнуў у таго маланкі, але апёкся аб іх і падняў такі лямант... У Гермесе было столькі маладосці, свавольства, абаяльнасці! Самае горшае, што багі маглі пра яго сказаць, дык гэта папракнуць Маю, заўважыць ёй з іроніяй: "Добра ж ты выхоўваеш свайго першынца!" А тая толькі паціскала плячыма. Яна ж ведала, што ўсе любілі яе сына, і спадабаўся ён ім адразу, яшчэ тады, калі ў суправаджэнні Апалона з'явіўся на Алімпе.

Упершыню на Алімпе

Два прыгожыя сыны Зеўса Апалон і Гермес падняліся на Алімп. З непрывычкі сын Маі ледзьве не аслеп ад яркага святла, якое залівала высокую вяршыню. Ён быў уражаны таксама магутнасцю бацькі і веліччу іншых алімпійцаў, якія сабраліся на раду. Зеўс сурова запытаў Апалона:

— Адкуль такая неабходнасць і тэрміновасць — цягнуць на боскую раду дзіця?

Прашу цябе, бацька, выслухай, — пачаў Апалон. — Гэтае дзіця выкрала і з'ела маіх кароў!

— З'ела кароў? — здзіўлена перапытаў вярхоўны бог, не паверыўшы ніводнаму яго слову.

— Ён іх выкраў, — не сунімаўся Апалон. — А калі змог выкрасці, дык і з'есці мог. Ты б ведаў, з якой спрытнасцю і хітрасцю ён усё гэтае зрабіў?! А перада мной прыкінуўся наіўным дзіцяткам, схаваўся ў пялюшкі...

— Шаноўны бацька, — узяў слова Гермес. — Я раскажу ўсё як было, бо я ж не магу казаць няпраўду! Апалон раптоўна ўварваўся ў дом маёй маці на гары Кілена. Ён злосна накінуўся на мяне, пачаў крычаць, каб я вярнуў яго кароў. Яму гэта проста, бо ён жа мацнейшы, мужнейшы за мяне. Ён — прыгожы юнак, а я толькі ўчора нарадзіўся. Ці можа такі злодзей, як я — маленькае дзіця, — справіцца з вялікім статкам скаціны? Абарані ж, бацька, мяне, слабага, ад нападкаў моцнага! — і Гермес спрытна перакінуў сваю пялюшку праз правую руку.

Зеўс ведаў праўду, яго нельга было ашукаць. Але бацька багоў і людзей меў вялікую асалоду ад прамоўніцкага майстэр-ства свайго сына, яшчэ немаўляткі. Зеўс адкрыта ганарыўся сынам, які знешне нагадваў прыгажуню-маці, а розумам быў у бацьку. І алімпійцы пераглядаліся паміж сабой: як прыгожа, як складна гаворыць гэтае дзіця! Загадаў Зеўс Апалону і Гермесу разам адправіцца ў Пілас, каб знайсці статак кароў, а потым спытаў у малодшага:

— Ты надта вынаходлівы, умееш пераконваць. Хочаш быць маім вяшчальнікам?

З радасцю, бацька! — згадзіўся Гермес. — Абяцаю табе, што ніколі не буду ашукваць, але не абяцаю, што заўсёды буду гаварыць праўду.

— Рабі, як хочаш, — сказаў, усміхаючыся, Зеўс. — Толькі павінен будзеш пільна сачыць, каб не парушалася права пада-рожнікаў і вандроўнікаў свабодна хадзіць па ўсіх дарогах свету.

Прыняў Гермес бацькавы ўмовы, і Зеўс уручыў яму жазло-кадуцэй, шыракаполы капялюш і залатыя сандалі. Сына Маі прынялі ў алімпійскую сям'ю багоў.

Жазло Гермеса спачатку было ўвасабленнем таго, што яго гаспадар — вястун багоў. З цягам часу яно набыло чарадзейную, магічную моц: магло ўсыпляць, а таксама абуджаць людзей і розных істот. Так быў усыплены пільны шматвокі волат Аргус і выратавана ад яго няшчасная Іо. Капялюш абараняў боскі твар ад спякоты ўлетку і ад дажджу ўвосень, але хутка займеў вельмі важны для свайго гаспадара атрыбут — крылы. Сандалі ж былі з крыльцамі ад самага пачатку. Крылатыя капялюш і абутак Гермеса дапамагалі яму пераносіцца хутчэй за вецер, выконваючы заданні багоў.

Быць вяшчальнікам Зеўса і вестуном яго і багоў, а гэта значыць пасрэднікам паміж Алімпам і чалавецтвам, — самы значны і пачэсны абавязак Гермеса як алімпійскага бога. Таму і зрабілі яго апекуном вяшчальнікаў, паслоў, захавальнікам недатыкальнасці пасольстваў. Яшчэ Гермес апекаваў падарож-нікаў, і яму ставілі на дарогах прысвячальныя слупы — гермы. У Атыцы — центральнай вобласці Старажытнай Грэцыі — яны стаялі на ўсіх скрыжаваннях дарог. Той, хто ішоў міма, клаў ля такой гермы камень, і гэта спрыяла ачышчэнню палёў ад камення. Пашкоджанне гермы лічылася святатацтвам. На гермах магло быць што-небудзь напісана, напрыклад якаясьці засцярога, а на іх верхняй частцы знаходзіліся выявы бога.

Гермес з'яўляўся пасрэднікам не толькі паміж багамі і людзьмі, але і паміж жыццём і смерцю. Важным яго абавязкам было суправаджаць душы памерлых у падземнае царства Гадэса. Частае наведванне замагільнага свету спрыяла пранікненню Гермеса ў таямніцы, недасягальныя для смяротных і багоў верхняга свету. У эпоху элінізму Гермеса атаясамлівалі са старажытнаегіпецкім богам мудрасці і магіі Тотам і таксама лічылі знакамітым майстрам чараўніцтва. Гэта быў Гермес Трысмегіст ("тройчы вялікі"), з якім звязваліся акультныя навукі (хірамантыя, астралогія, магія) і г. зв. герменеўтычныя (таемныя, даступныя, толькі пасвячоным) сачыненні. Навука тлумачэння шматзначных альбо тых, што не паддаюцца ўдакладненню, тэкстаў (пераважна старажытных) называецца герменеўтыкай. Асаблівую ролю герменеўтыка атрымала ў мастацтвазнаўстве і юрыспрудэнцыі (тлумачэнне законаў).

Спрытнасць, прадбачлівасць, хітраватая мова ды і махлярства Гермеса з'явіліся прычынай таго, што з развіццём гандлю, які прыносіў прыбытак, яго зрабілі апекуном гандляроў і купцоў. Што тычыцца самога Гермеса, то першую гандлёвую здзелку ён правёў на другі дзень свайго жыцця.



1   2   3   4   5   6   7   8   9   10   11


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка