Багiі аліiмпа




старонка7/11
Дата канвертавання14.03.2016
Памер1.76 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8   9   10   11
Нараджэнне Афрадыты

На жыццё будзе кожнаму

хмелю і жыта,

будзе з мора выходзіць

яго Афрадыта.

А. Русецкі ("Не паверу прарокам")

Паўстаўшы з беласнежнай пены марскіх хваль, ззяючы прыгажосцю свайго аголенага цела, прыплыла Афрадыта ў ракавіне на востраў Кіфера. Але ён быў такі маленькі! Лёгкі, ласкавы Зефір падзьмуў ізноў і вынес багіню на бераг Кіпра. Гэты востраў быў варты бессмяротнай: ён патанаў у зеляніне велічных кіпарысаў, міндальных і гранатавых дрэў, кедраў і пальм. Не паспела Афрадыта ступіць на сушу, як яе акружылі вясёлыя і грацыёзныя, у залатых дыядэмах, Оры — Эўномія, Дыка, Эйрэна. Яны з радасцю сустрэлі цнатлівую багіню, пакрылі яе нятленным адзеннем, увянчалі галаву залатым вянцом, упрыгожылі жамчужнымі завушніцамі, абвілі залатымі каралямі шыю і павялі на Алімп. З вялікім захапленнем, здзіўленнем і замілаваннем віталі Афрадыту багі-алімпійцы.

Гэты сюжэт знайшоў знакамітае адлюстраванне ў жывапісным палатне італьянскага майстра эпохі Адраджэння С. Батычэлі. Багіня дзіўнай прыгажосці прыплывае з марской далечыні. Ракавіну падганяюць сваім дыханнем крылатыя вятры Зефіры і гуляюць доўгімі пасмамі залатых валасоў багіні. Яе цела ўражвае вытанчанай грацыяй і чысцінёй ліній, а чароўны задуменны твар надае абліччу характэрныя для рэнесанснага мастацтва духоўнасць і эмацыянальнасць. "Нараджэнне Венеры" — так называецца карціна С. Баты-чэлі. І гэтаксама назваў свой верш У. Караткевіч, радкі якога з'явіліся паэтычнай рэфлексіяй на твор славутага італьянца і, вядома ж, на міфалагічны вобраз чароўнай багіні.

Вочы твае і цела

Стварыў калісь Бацічэлі

Шмат стагоддзяў таму

На муку маю,

На муку.

На вечную ў сэрцы зіму.

Алімпійская багіня тут — сімвал не толькі вечнай, але і недаступнай прыгажосці. Верш пранізвае тыповы для рамантыка настрой: туга аб недасягальнасці ідэалу.

З міфа аб нараджэнні Афрадыты зразумела, чаму яе называлі Кіферэяй і Кіпрыдай. Дочкі Зеўса, мілыя і прывабныя Оры, назаўсёды засталіся ў яе свіце. Спадарожнічалі Афрадыце таксама багіні радасці і прыгажосці Харыты. Увайшоўшы ў алімпійскі сонм багоў, золатавалосая Афрадыта адорвала любасцю і каханнем усё жывое: пры ёй пачыналі квітнець расліны, дзікія звяры рабіліся ручнымі і шукалі сабе пару, станавіліся шчаслівымі людзі, бо пазнавалі раней не вядомае ім пачуццё і стваралі сем'і.

Афрадыта мела пояс, у якім змяшчаліся каханне, жаданне, словы спакушэння. Гэта старажытны фетыш, надзелены магічнай сілай, якой пакараліся нават вялікія багі. Толькі трое з іх не былі спагадлівымі да кахання. Ваяўнічая Афіна цалкам аддавалася ваеннай справе, а яшчэ вучыла людзей розным рамёствам і мастацтвам. Аднаго разу яна застала ўпотай сядзеўшую за калаўротам Афрадыту і вельмі пакрыўдзілася за тое, што ўмешваюцца ў яе сферу дзейнасці, нават прыгразіла, што не будзе больш прасці. Афрадыта папрасіла прабачэння і з тае пары не займалася ніякай працай. Яе боскім абавязкам было тварыць каханне. Абыякавай да кахання была яшчэ Артэміда: яна мела задавальненне з палявання, лётала увесь дзень па лясах, а ўвечары вадзіла з німфамі карагоды. Трэцяя багіня, якая пазбегла ўлады Афрадыты, — Гестыя. Пасля таго, як з-за яе рукі паспрачаліся Пасейдон і Апалон, Гестыя паклялася галавой Зеўса, што назаўсёды застанецца цнатлівай. Удзячны Зеўс надарыў яе месцам у сярэдзіне кожнага жытла: яна стала багіняй дамашняга ачага і карысталася ўсеагульнай пашанай. Галоўныя свяцілішчы Афрадыты знаходзіліся на востраве Кіпр. Храм у горадзе Пафасе меў агульнагрэчаскае значэнне. На кіпрскай зямлі Афрадыта стварыла цуд, пра які дазналася ўся Элада.

Пігмаліён

— Шчаслівы ты, што можаш Галатэю

У мармуры стварыць, Пігмаліён.

Перад яе прывабнасцю нямею,

IІ мне здаецца, што ўсё гэта — сон.

— Не сон?

Чакай!

Яшчэ разцом прайду я,

Яшчэ распраўлю валасоў брую.

I ты пабачыш наяву жывую.

Глядзі! Скідае туніку сваю.

М. Танк ("Пігмаліён")

Цар Кіпра Пігмаліён расчараваўся ў жанчынах, жыў самотна, займаўся любімым мастацтвам — разьбярствам. Але не пакідала яго думка аб ідэальным вобразе жанчыны. Мо таму ўдалося яму аднойчы выразаць з белай, як снег, слановай косці цудоўную статую. Прыгажосць форм спалучалася ў ёй з дзявочай чысцінёй і сарамлівасцю. Чым больш углядаўся Пігмаліён у сваё стварэнне, тым больш годнасці заўважаў у ім. Часам здавалася, што статуя жывая, дыхае і вось-вось пачне гаварыць... Тады ён пяшчотна кранаўся яе рукі, цела... потым цалаваў у вусны... Прыгажэйшая за ўсіх жанчын на свеце... маўчала. Пігмаліён шаптаў ёй ласкавыя словы, адорваў кветкамі... а яна заставалася нерухомай. Ён нікога не пускаў у сваю майстэрню, бо раўнаваў каханую да кожнага, хто мог яе ўбачыць, убраў у дарагое адзенне, надзеў на палец пярсцёнак, аздобіў шыю доўгім ланцужком... Усё дарэмна: ніякага пачуцця ў адказ.

Неўзабаве надышло свята Афрадыты. Яго святкаваў увесь Кіпр. Людзі прыносілі ахвяры, звярталіся да сваёй апякункі з маленнямі. "О, залатая Афрадыта! — умольваў вялікую багіню Пігмаліён. — Калі ты здольная дапамагчы, няхай мая жонка будзе падобнай на статую, якую я вырабіў са слановай косці!" Ведала Афрадыта, што мастак утойваў сваё сапраўднае жаданне, сваю мару аб тым, каб гэтая статуя і стала яму жонкай... Тройчы ўспыхнуў ахвярны агонь, распалены Пігмаліёнам у гонар багіні кахання, і языкі полымя ўзвіліся высока ў неба. Гэта быў добры

знак: Афрадыта прыняла просьбу Пігмаліёна, бо ніхто не кахаў так шчыра і аддана, як ён.

З усіх ног панёсся Пігмаліён у свой палац, у майстэрню. Кінуўся да каханай, узяў за руку і адчуў, як мякчэйшай зрабілася скура, пацалаваў — і ўбачыў, як паружавеў яе твар, пачалі напаўняцца паветрам грудзі... І ўжо было чуваць роўнае дыханне. Не верачы сам сабе, Пігмаліён заглянуў каханай у вочы — і назаўсёды патануў у іх блакіце. Ператварыўшыся з боскай волі ў жывую жанчыну, Галатэя моцна пакахала свайго стваральніка і стала яму шчаслівай жонкай.

Гэты міф, паэтычна расказаны Авідзіем у "Метамарфозах", усхваляў Афрадыту і каханне, якое здольнае на самае неверагоднае, на цуд, і можа ўдыхнуць жыццё ў мёртвы камень. Ва ўсе часы ён служыў тэмай для мастацкіх твораў (драма Ж. Ж. Русо, жывапіс А. Л. Жырадэ-Трыазона, скульптура Э. М. Фальканэ, оперы Ж. Ф. Рамо і Л. М. Керубіні). Камедыя выдатнага англійскага драматурга Б. Шоў, якая з'явілася ўзорам для мюзікла Ф. Лоў "Мая цудоўная ледзі", мае назву "Пігмаліён". Але ў ёй нават не згадваецца ні антычны скульптар, ні герой з такім імем. Шоў паўтарыў міфалагічную гісторыю на сучасным яму матэрыяле: жанчынаненавіснік прафесар-лінгвіст у якасці эксперымента "вылепіў" з вульгарнай, брыдкаслоўнай вулічнай кветачніцы сапраўдную ледзі, з добрымі манерамі, правільнай мовай, і закахаўся ў сваё стварэнне.

Элінам — народу паэтаў і мастакоў — было ўласціва пакла-ненне перад прыгажосцю. Гэты матыў гучыць у міфе пра Пігма-ліёна. Падобная замілаванасць у адносінах да прывабнай жанчыны, да мастацкага твора, наогул да прыгажосці адчуваецца ў вершы М. Танка "Пігмаліён". На першы погляд ён уяўляе паэтычную ілюстрацыю да міфа. Але на самай справе твор беларускага паэта мае глыбокі філасофска-эстэтычны сэнс. Галоўнае ў ім — не каханне, як у міфе, а натхненне, сам творчы працэс, радасць і мукі якога часам вабяць мастака больш за канчатковы вынік працы. Яго натхненне прадугадвае ў камлызе будучае цудоўнае стварэнне. Цуд адбываецца на вачах здзіўленага і зачараванага магіяй мастацтва гледача. Цуд — гэта само мастацтва: яно захоплівае і мастака, і кожнага чалавека.

Дзякуючы хрысціянскім пісьменнікам Кліменту Алек-сандрыйскаму і Арнобію стала вядома аб гістарычным зерні грэчаскага міфа. Ён нарадзіўся з пэўнага рытуалу, які меў месца на Кіпры. На самай справе цар закахаўся не ў звычайную статую, вырабленую ім самім, а ў тую, якая была самай старажытнай і найбольш шануемай на востраве, — статую апякункі кіпрыётаў Афрадыты. Такім чынам, міф распавядаў пра свяшчэнны рытуал — сімвалічны шлюб цара з багіняй як царыцай Кіпра. Наступны міф таксама з'яўляецца водгаласам старажытнага культу Афрадыты, які выконваўся ля Троі (Іліёна) на лясістай гары Ідзе. Ён расказвае пра любоўнае спатканне багіні з царом дарданцаў Анхісам. Зеўс ніяк не мог пагадзіцца на тое, што Афрадыта мела ўладу і над ім, бацькам багоў і людзей. Яна ж магла запаліць сэрца вярхоўнага бога да смяротнай, магла перадаць Геры свой чарадзейны пояс, які рабіў любога закаханым у яго гаспадыню. А таму Зеўс паспрыяў, каб нясцерпную страсць да смяротнага адчула сама багіня кахання.



Афрадыта і Анхіс

I кожны раз дзіўлюся я,

Бо не іначай—Афрадзіта

Тваё сапраўднае імя.

С. Грахоўскі ("Афрадзіта")

Прыгожы і мужны Анхіс быў падобны да бога. На высокай вяршыне Іды ўбачыла яго Афрадыта і загарэлася безаглядным пачуццём. Памчалася яна на Кіпр у свой храм, дзе Харыты абмылі і ўмасцілі бессмяротным алеем боскае цела, убралі багіню ў пурпурнае адзенне і залатыя ўпрыгажэнні. Хутка вярнулася яна на Іду і паспяшалася па гарах да Анхіса. Беглі за ёй, віляючы хвастамі, дзікія звяры: шэрыя ваўкі, агнявокія львы, драпежныя мядзведзі і барсы. Усялілася і ў іх каханне, і разышліся яны парамі па гарах і далінах.

Увайшла Афрадыта ў будан пастухоў; тут адпачываў, іграючы на ліры, Анхіс. Каб не напалохаць юнака, Кіпрыда з'явілася перад ім у абліччы дзяўчыны. Усё ж Анхіса здзівіла і насцярожыла незямная краса госці, яе раскошнае зіхоткае ўбранне. Ахоплены каханнем, ён вітаў яе, як багіню ці німфу, а ў адказ пачуў:

— Слаўны Анхіс! Я не багіня, а смяротная. Мая маці — зямная жанчына, бацька — цар Фрыгіі Атрэй. Карміцелькай мне была траянская жанчына, таму я і ведаю вашу мову. Калі я танцавала і бавілася з сяброўкамі ля храма Артэміды, мяне выкраў Гермес. Ён сказаў, што я павінна стаць жонкай уладара дарданцаў Анхіса і нарадзіць яму слаўных дзяцей. Гермес перанёс мяне праз незнаёмыя землі, паказаў твой будан, а сам вярнуўся да бессмяротных. О, Анхіс, заклінаю цябе Зеўсам, пазнаём мяне са сваімі бацькамі і сваякамі. Няхай яны вырашаць, ці годная я таго, каб быць ім нявесткай. Пашлі таксама хуткага вестуна да фрыгійцаў, каб супакоіць маіх родных. Мае бацькі прышлюць шмат золата і тканага адзення, і ты атрымаеш пасаг. А потым наладзім вяселле, каб спадабалася яно багам і людзям.

— Калі ты сапраўды смяротная дзяўчына, — пяшчотна і палка адказаў Афрадыце юнак, — і багамі прызначана табе быць маёй жонкай, ніхто мне не перашкодзіць кахаць цябе...

Ложа прыгожых каханкаў было ўсцелена мяккімі плашчамі, пакрыта шкурамі мядзведзяў і львоў, і ўвесь час, закалыхваючы, гулі над імі пчолы... На досвітку, развітваючыся з Анхісам, багіня адкрылася яму. Яе твар заззяў нятленнай прыгажосцю, якая магла належаць толькі багіні, увенчанай прамяністым вянком. Напалоханы тым, што ўбачыў бессмяротную багіню аголенай, Анхіс прасіў у яе літасці.

—Будзь мужным,—супакоіла яго Афрадыта.—Не чакай зла ні ад мяне, ні ад каго іншага з багоў, бо яны прыхільныя да цябе. Наш сын будзе славутым героем.

І тут яна прыгадала сабе, што спасцігне Анхіса ўдзел усіх смяротных — старасць.

— Калі б ты мог назаўсёды заставацца такім прыгожым і стройным і называцца маім мужам, — журботна сказала Афрадыта і дадала:

— Сына нашага выхаваюць горныя німфы. Праз колькі гадоў яны прывядуць хлопчыка да цябе. Ён будзе падобны да бессмяротных, і ты адвядзеш яго ў Іліён. І калі б ні пыталіся пра маці твайго сына, адказвай, што яго нарадзіла німфа. Скажаш каму праўду, пачнеш неразумна хваліцца, разгневаны Зеўс спапяліць цябе пякучай маланкай.

Гэты міф спалучае вытанчанасць вобраза Афрадыты з архаічнай суровасцю багіні. Па адной з міфалагічных версій, Анхіс усё-такі не ўстрымаўся ад спакусы і пахваліўся. Зеўс ударыў у яго маланкай, і не пазбег бы Анхіс смерці, калі б Афрадыта не адхіліла маланку сваім чарадзейным поясам.

Культ Афрадыты пад імем Венеры быў вельмі папулярны ў Рымскай імперыі, бо багіня як маці траянца Энея, народжанага ад Анхіса, лічылася родапачынальніцай імператарскай дынастыі Юліяў. Яна апекавала Энея ў Траянскай вайне і знаходзілася побач з сынам, калі ён прыбыў у Італію.

А на грэчаскім Алімпе ўсе былі закаханыя ў Афрадыту. Асабліва яе дамагаўся Пасейдон, што цалкам зразумела: яна ж нарадзілася ў яго марской стыхіі. Зеўс аддаў замуж самую прывабную багіню за нязграбнага, кульгавага Гефеста. Але выродлівасць бога-каваля была толькі знешняй. За ёй хавалася сапраўдная прыгажосць розуму і майстэрства. Гэтая прыгажосць і спрыяла з'яўленню на свет цудоўных твораў Гефестава мастацтва. Працаваў ён самааддана: алімпійцы жылі ў пабудаваных Гефестам залатых палацах, славутыя героі перамагалі выкаванай ім зброяй, і ціхамірная прыгажосць Афрадыты квітнела сярод раскошы, створанай для яе мужам.

Але Афрадыта нарадзілася, каб несці свае дары ўсяму свету. У ёй мелі патрэбу і мастацтва, і мудрасць, і моц, і гераізм, і буй-ства. Міфы прыпісваюць Афрадыце дзяцей ад бога вайны Арэса. Двое з іх — Эрот і Антэрот — указвалі на адзінства прыцягальнай і той, што адштурхоўвае, сілы кахання. Другая пара — Фобас (Жах) і Дэймас (Страх) — спадарожнічалі Арэсу ў бітвах. Багіня Гармонія — жывое ўвасабленне процілегласці бацькоў — спакойнай красы Афрадыты і дзікай нястрыманасці Арэса.

А сапраўдным выбраннікам сэрца золатавалосай Афрадыты быў смяротны — юнак надзвычайнай прыгажосці Адоніс.

Адоніс

Адоніс нарадзіўся з міравага дрэва, у якое ператварылася яго маці, асірыйская царэўна-пакутніца Смірна. Пакараўшая яе Афрадыта праявіла міласць да немаўляці, схавала яго ў скрыню і перадала на выхаванне багіні змрочнага падзем- нага царства Персефоне. Адоніс вырас такім прыгожым хлопцам, што не было бессмяротнага, нават алімпійца, прыгажэйшага за яго. Сама выхавацелька закахалася ў юнака і не хацела вяртаць яго Афрадыце.

Але вялікая багіня не ўяўляла сабе жыцця без грацыёзнага Адоніса. Ні да каго іншага і ніколі яна не адчувала падобнага пачуцця. Дзеля яго бессмяротная забылася на сваю красу і розныя аздабленні, імкнулася ўвесь час быць побач з каханым, спадарожнічала яму паўсюль, нават на паляванні. Спешчаная і какетлівая, падымалася ледзь свет, вытрымлівала пякучыя промні сонца, любую непагадзь і толькі аб адным упрошвала Адоніса: не паляваць на львоў, мядзведзяў і дзікоў. Бо аднаго разу юнак ледзьве не паплаціўся за сваю смеласць. Прадзіраючыся праз гушчар, ён убачыў спячага льва. Падкраўся бліжэй да звера, а той кінуўся на яго з грозным рыкам. Пакаціліся абодва па зямлі... шчасце, што непадалёк знаходзілася Афрадыта. Самааддана кінулася яна ратаваць каханага, захінула яго сваім тонкім, але моцным пепласам і вырвала з кіпцюроў раз'юшанага звера. З тае пары багіня рэдка пакідала свайго любімца і заўсёды нагадвала пра асцярогу.

Аднойчы Афрадыта не дачакалася Адоніса з палявання і адправілася яа яго пошукі. Яна блукала па цёмным лесе, прабіралася праз хмызнякі, горныя цясніны, глыбокія прорвы. Церні і камяні рвалі боскае адзенне, ранілі пяшчотныя рукі і ногі (там, куды падалі кроплі крыві, вырасталі пышныя, духмяныя ружы). У рэшце рэшт багіня знайшла свайго каханага, але, смяротна паранены дзіком, ён сканаў у яе на руках. (Гэты сюжэт адлюстраваў мастак-класіцыст ХVIII ст. А. Ласенка, і яго карціна "Смерць Адоніса" экспануецца ў Дзяржаўным мастацкім музеі Беларусі). З кропляў крыві Адоніса выраслі журботныя кветкі анемоны, а душа яго апусцілася ў Аід. (З тае пары ружа і анемон сталі раслінамі Кіпрыды, і каханыя плялі вянкі з гэтых кветак).

Моцна засумавала Афрадыта — і людзі на зямлі пераставалі кахаць, станавіліся жорсткімі, эгаістычнымі. У роспачы і ў слязах накіравалася багіня да Зеўса і пачала ўмольваць, каб бацька вярнуў ёй Адоніса. Але ніяк не згаджалася Персефона: гэта ж яна падбухторыла Арэса паслаць на Адоніса вялізнага дзіка, бо хацела завалодаць юнаком у сваім маркотным царстве ценяў. Тады загадаў Зеўс, каб Адоніс праводзіў з Персефонай найбольш суровую частку года, а ўсе летнія месяцы быў з Афрадытай.

Радуецца ўся прырода, калі вяртаецца на зямлю юнак, вяртаецца прыгажосць, — і багіня хараства адорвае сваім шчодрым каханнем Адоніса, багоў і людзей. Праўда, раз-пораз дае аб сабе знаць рана, атрыманая паляўнічым ад іклаў дзіка. Тады разам з ім пакутуе Афрадыта — і з'яўляюцца ў смяротных сумны настрой, недавер, расстанні. Але неўзабаве ўсміхаецца багіня — і зноў на зямлі суладдзе, радасць, асалода.

Гісторыя кахання Афрадыты і Адоніса, вядомая таксама па творах выяўленчага мастацтва (В. Тыцыян, П. П. Рубенс, Н. Пу-сэн) і літаратуры (Лопэ дэ Вэга, У. Шэкспір), яскрава сведчыць аб усходнім паходжанні гэтай багіні. Адоніс, імя якога ў перакладзе з фінікійскай азначае "пан", ці "ўладар", ушаноўваўся на Усходзе фінікійцамі, сірыйцамі, егіпцянамі як боства паміраючай і ажываючай расліннасці. Там адбываліся святы ў яго гонар — адоніі. Гэта і містэрыі з аплакваннем памерлага паўбога, і радасныя ўрачыстасці з нагоды яго ўваскрэсення і вяртання на зямлю. (Ёсць меркаванне, што культ Адоніса, вядомы з II тысячагоддзя да н. Х., паўплываў на ўзнікненне міфа пра ўваскрэсенне Ісуса Хрыста). Міравае дрэва, з якога нарадзіўся Адоніс, выкарыстоўвалася ў якасці ўзбуджаючага сродку, што ўказвае на аргіястычны характар яго культу.

У Грэцыі гэтае ўсходняе боства набыло вялікую папулярнасць у эпоху элінізму. Жанчыны ставілі ў сваіх дамах "садкі Адоніса" — вазы з раслінамі ці кветкамі, якія хутка распускаліся і хутка вялі, — сімвал недаўгавечнасці лета, якое змяняецца зімой. Гэта адпавядала першапачатковаму падзя-ленню года на два адрэзкі часу — лета і зіму, а ў міфе тлумачылася знаходжаннем Адоніса ў верхнім свеце з Афрадытай і ў ніжнім — з Персефонай.

Вобраз Афрадыты збліжаецца тут і нават атаясамліваецца з усходняй багіняй урадлівасці, якой была фінікійская Астарта, вавілона-асірыйская Іштар, егіпецкая Ісіда. Зразумела, чаму Кіпр з'явіўся востравам Афрадыты: заселены фінікійцамі, ён геаграфічна быў блізкім да сірыйска-палестынскага ўзбярэжжа. Рытуальнае служэнне Афрадыце часам насіла пачуццёвы характар. Яе нават лічылі багіняй гетэр з іх вольным спосабам жыцця. Пачуццёвасць, спешчанасць грэчас-кай багіні таксама ад яе ўсходніх папярэдніц. Нягледзячы на падобныя ўплывы, грэкі заўсёды выкарыстоўвалі свае ўласныя багатыя міфатворчыя магчымасці.

Бачу: ідзе яна лёгкай хадою.

Рук няма. Пэўна, маланка скрышыла,

Каб перад небам і перад зямлёю

Імі грудзей сваіх не засланіла.

М. Танк ("Венера Мілоская")

Сюжэты з міфаў аб Афрадыце — упадабаныя ў мастацтве. Сярод сусветных шэдэўраў вылучаюцца жывапісныя палотны італьянскіх майстроў XVI ст. Джарджоне ("Спячая Венера") і В. Тыцыяна ("Венера Урбінская"), а таксама карціна іспанскага мастака ХVII ст. Д. Веласкеса "Венера перад люстэркам".

Самыя славутыя выявы багіні кахання і хараства ў антычныя часы — статуі Афрадыты Кнідскай і Афрадыты Мілоскай. Першая — работы грэчаскага скульптара Праксіцеля (IV ст. да н. Х.) — вядома нам толькі па шматлікіх копіях, а Афрадыта Мілоская, якую датуюць прыкладна II ст. да н. Х., захоўваецца ў адным з лепшых музеяў свету парыжскім Луўры.

Праксіцель першым адлюстраваў вобраз аголенай багіні. Гісторык Пліній расказвае, што мастак, выконваючы заказ жыхароў горада Коса, вырабіў дзве статуі: адну апранутую, а другую аголеную. Яны выбралі першую, а другую Праксіцель прадаў жыхарам Кніда, і гэты славуты помнік мастацтва прынёс гораду славу і дабрабыт: з усіх зямель прыбывалі ў горад каб палюбавацца на статую. Распавядалі таксама, быццам сама Афрадыта, убачыўшы яе, усклікнула: "Мяне бачылі аголенай Парыс і Адоніс, але дзе і калі мяне мог бачыць Праксіцель?"

"Афрадыту Мілоскую" знайшлі на востраве Мелас у 1820 г. Збіралі па кавалках... Калі вялікі паэт XIX ст. Г. Гейне, доўгі час прыкуты хваробай да ложка, перад смерцю адчуў патрэбу развітацца з жыццём, з мастацтвам, з чалавецтвам, ён з апошніх сіл дабраўся да Луўра і развітаўся з Афрадытай Мілоскай.

Увасабленнем жаночай прывабнасці выступала антычная багіня ў паэме "Пояс Венеры" Я. Баршчэўскага. Юны аўтар захапляўся тады паэтамі-класіцыстамі і ў іх стылі ўсхваліў вечны вобраз. Захапленне Афрадытай, увекавечанай антычнымі мастакамі і стаўшай сімвалам жаночай прыгажосці, гучыць у творчасці М. Танка ("На крутым пастаменце з граніту") і У. Ка-раткевіча ("Безгаловая Венера"). У вершы Караткевіча антычная багіня, увасобленая жаноцкасць, не можа, як і арыстафанаўская Лісістрата, пагадзіцца з мужчынскай ваяўнічасцю і таксама заклікае спыніць жахлівыя войны:

Прыйдзіце, мужчыны, ад сечаў,

Ад турмаў, ад страт на світанні.

Адзінае ёсць на свеце:

Сумленне, братэрства, каханне.

У вершы С. Грахоўскага "Венера" багіня таксама ўвасабляе хараство і чысціню, але галоўная думка аўтара — аб зменлівасці жыцця, мастацкіх густаў і вечнасці прыгажосці:

Мяняюцца напрамкі і манеры

І новыя з'яўляюцца штодня,

Ды толькі не мяняецца Венеры

Святая прыгажосць і чысціня.

Паэтаў, як правіла, натхняе міфалагічная Афрадыта-Венера, а вось Л. Баршчэўскага прывабіў літаратурны вобраз багіні ка-хання, і цяпер мы маем мажлівасць чытаць на роднай мове адзін з лепшых вершаў старажытнагрэчаскай паэткі VII—VI ст. да н.Х., спявачкі пакутлівага, трагічнага кахання з вострава Лесбас — Сапфо. Напісаны гэты "Гімн Афрадыце" т.зв. сапфічнай страфой:

Прад табой чало хілю, Афрадыта,

Зеўсава дачка—што ў цянёты вабіш;

Неўміручая, я малю: ты смуткам

Сэрца не рві мне,

А сыдзі з вышыняў зноў, як калісьці:

Голас мой тады з далячынь ты чула

І бацькоўскае пакідала неба,

Як я прасіла.



Эрот

Ды не старэе бог Амур

І І I не губляе марна час:

Аднекуль стрэлаў навалок,

І І I вось — узняты лёгкі лук.

А. Пісьмянкоў ("Антычны матыў")

Спадарожнікам Афрадыты і памочнікам у справах кахання быў яе сын Эрот (Эрас), якому ў рымскай міфалогіі адпавядаў Амур, ці Купідон. Першапачаткова Эрас быў вядомы ў грэчаскай міфалогіі як магутная касмічная сіла, вялікі бог, старэйшы за Зеўса і Крона. І толькі ў класічнай міфалогіі, побач з Афрадытай, ён набыў аблічча, якое замацавалася ў паэзіі і мастацтве позняй антычнасці ў вобразе свавольнага жартаўлівага хлопчыка ці юнака, узброенага лукам і стрэламі.

І ўстанеш ты перада мной

З крылатай, востраю стралой,

Мне ў сэрца мецячай, і з лукам,

Пяяць гатовым поўным згукам!

Ды ўсё жа быў не бачан ён,

Хоць я і слёзы ліць прымаўся.

Што ж ты вачам не паказаўся,

Ўладар кахання, Купідон?



М. Багдановіч ("Купідон")

Эрот — заўсёдны персанаж вершаў грэчаскага паэта VI ст. да н. Х. Анакрэонта. Ён стаў любімым паэтам А. Пушкіна і М. Багдановіча, якім імпанавала прыгожая, элегантная, простая па пачуццях, але вельмі жвавая, дасціпная і мілагучная паэзія славутага эліна. Ад спадчыны Анакрэонта дайшло да нас мала, але яго творчасць з'явілася ўзорам для шматлікіх паэтаў-пераймальнікаў антычнага і новага часу. У еўрапейскай паэзіі ХVI—XIX ст. вылучаецца цэлая плынь — анакрэантычная, прад-стаўнікі якой падобна Анакрэонту ўсхвалялі зямныя радасці жыцця; і неслі іх людзям Эрот, Афрадыта, Дыяніс. У такіх вершах апяваецца жартаўлівы вобраз Эрота, ад стрэл якога няма ніякага паратунку. Свавольны крылаты сын Афрадыты ўвасабляе каханне, якое пазбаўлена глыбіні і пакут, суправаджаецца заўсёды весялосцю і віном. Аптымістычны, жыццесцвярджальны характар анакрэантычнай паэзіі добра перадаў Багдановіч:

Бледны, хілы, ўсё ж люблю я

Твой і мудры і кіпучы верш, Анакрэон!

Ён у жылах кроў хвалюе,

Ў ім жыццё струёю плешча, вее хмелем ён.

Верш такі — як дар прыроды,

Вінаграднае, густое, цёмнае віно:

Дні ідуць, праходзяць годы, —

Але ўсё крапчэй, хмяльнее робіцца яно.



"Бледны, хілы, усё ж люблю я..."

Радасны настрой, хаця і з адценнем смутку, характэрны для верша Багдановіча "Купідон". І ўжо зусім нетыповым для анакрэонтыкі з'яўляецца яго верш-рандэль "На могілках". Амур у гэтым вершы — "I сумны і прыгожы // Стаіць з павязкай на вачах". Гэты Амур увасабляе сапраўднае, моцнае каханне, якое здольна перамагчы ўсё на свеце, перамагчы "і смерці жах".

Некаторыя з вершаў грэчаскіх паэтаў — пераймальнікаў Анакрэонта — перакладзены на беларускую мову А. Жлуткам.

У позняй антычнасці бога кахання звязвалі з вобразам Псіхеі, і рымскі пісьменнік Апулей у рамане "Метамарфозы, ці Залаты асёл" аб'яднаў элементы міфа аб Псіхеі ў адно паэтычнае цэлае, якое набыло казачны характар.



1   2   3   4   5   6   7   8   9   10   11


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка