Багiі аліiмпа




старонка6/11
Дата канвертавання14.03.2016
Памер1.76 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8   9   10   11
Тамір

Пакахала німфа Аргіопа смяротнага, фракійскага спевака Філамона, за яго незвычайныя прыгажосць і голас, за добрае сэрца. Але сяброўкі Аргіопы пелапанескія німфы насміхаліся з яе, бо самі былі выбранніцамі багоў. Прыйшлося Аргіопе пакінуць родныя мясціны. Яна перанеслася ў Атыку. Там і нарадзіла сына Таміра.

Хлопчык рос сярод людзей і не ведаў нічога пра сваіх бацькоў, ад якіх атрымаў у спадчыну музычны талент. Але ўсё ведалі Музы. Яны надзялілі прыродны талент Таміра боскім натхненнем, надарылі юнака мядовым голасам. Стаўшы знака-мітым спеваком, ён вандраваў па розных краінах. Паўсюль захапляліся майстэрствам Таміра і так высока цанілі, што скіфы нават прапанавалі яму царскі трон. Але што гэта за ўлада над адным народам? Тамір адчуваў сябе ўладаром над усімі, хто яго слухаў. Нездарма ж на музычных спаборніцтвах, у якіх ён удзельнічаў, перамога заўсёды прысуджалася яму.

Цешылася маці Таміра. Яна ўвесь час здалёк сачыла за сынам, яго поспехамі. "Усё ёсць у Таміра, — разважала німфа, — прыйшла і слава. Але ці можа быць чалавек шчаслівым, калі ён абдзелены мацярынскай пяшчотай? Вось узрадуецца мой сынок, калі даведаецца пра сваіх бацькоў, палюбіць нас! Надышоў час, калі можна раскрыць таямніцу яго нараджэння". Але Тамір не захацеў нават выслухаць яе. "Мне не цікава гэта, — груба абарваў ён матчыны прызнанні. — Няма ў маім сэрцы месца ні для маці, ні для бацькі, ні для сясцёр. Мой лёс — музыка, і я ўвесь аддадзены ёй!"

— Але... сынок,—збянтэжылася німфа. — Ці ведаеш, што тваіх бацькоў паважаюць Музы?!

— Хіба гэта мае якое значэнне! — зноў абрэзаў яе Тамір. — Дарэчы, калі ты знаёмая Музаў, то можаш перадаць ім: славуты музыкант і спявак, непераможны Тамір, выклікае іх на спаборніцтва.

— Апамятайся, — прастагнала Аргіопа. — Узвышайся сваім мастацтвам над смяротнымі. Не будзь жа дзёрзкім з багамі.

А Тамір у запале адважыўся на страшную ганьбу багінь.

— Няхай Музы ведаюць маю ўмову, — крычаў ён. — Калі перамога будзе за імі, я аддам усё, што ў мяне ёсць і чым валодаю, усё, чаго яны пажадаюць. А калі спаборніцтва выйграю я, кожная з Музаў павінна стаць мне каханкай!

Жахнулася німфа... І знікла. Яна ведала: багі не даруюць сыну.

Як і трэба было чакаць, боскае мастацтва аказалася мацнейшым. Музы памяталі аб ўмове: яны пажадалі забраць у ганарліўца зрок, голас і слых. У адно імгненне славуты спявак ператварыўся ў няшчаснага бедака. Ліра стала непатрэбнай, і Тамір выкінуў яе ў рэчку.

Талент прынёс герою вядомасць, нават славу, але не спасцігнуў Тамір крыніцы мастацтва. Пагарда да блізкіх абумовіла яго непачцівасць да багоў і знішчыла ў сыне Аргіопы мастака і асобу.

Пра Таміра згадваецца ў "Іліядзе" Гамера. Сафокл напісаў трагедыю "Тамір", але да нас дайшлі толькі ўрыўкі.

Што тычыцца вобразаў Апалона, Музаў, Пегаса як сімвалаў паэтычнага натхнення, то адзін толькі пералік твораў, у структуру якіх яны ўвайшлі, заняў бы шмат месца. Акрамя ўзвышанай і лірычнай інтэрпрэтацыі гэтых вобразаў, нярэдка сустракаецца і парадыйная, і сатырычная (гэта характэрна перш за ўсё для паэзіі, якая апрацоўвае вобраз Пегаса). Удакладнім толькі, што крылаты конь (міфы з яго ўдзелам — у цыкле "Героі" 2-й часткі дапаможніка) стане вельмі прывабным для паэтаў не ў антычную эпоху, а ў новы час.

Вобраз Арфея ўвасобіў у помніку, што знаходзіцца ў Мінску ля будынка музычнага вучылішча, беларускі скульптар В. Замковіч.

АРТЭМІДА


Артэміда ўвайшла ў алімпійскі сонм багоў перш за ўсё як багіня лясоў і палявання. У Рыме яна ўшаноўвалася пад імем Дыяна.

Уяўлялі Артэміду залатакудрай, высокай і гнуткай, у кароткім шафранавым хітоне, сандалях, моцна прывязаных рамянямі, каб спрытней было лётаць па лясах і гарах, з залатым лукам і калчанам сярэбраных стрэл за плячыма. На чале рою німфаў, сваіх спадарожніц і сябровак, ганялася Артэміда за хутканогімі аленямі і ланямі, падсцерагала дзікоў, захапляючыся паляваннем. Разам з тым яна з дзявочай ласкавасцю песціла жывую прыроду: асцярожна брала на рукі малых зверанят, абараняла слабейшых жывёл ад драпежнікаў.

Увечары Артэміда разам з німфамі спяшалася да свайго брата Апалона ў Дэльфы ці на вяршыню Парнаса, дзе бог мастацтваў іграў на залатой кіфары, акампануючы спевам і танцам цудоўных Музаў. Німфы браліся за рукі і разам з Музамі і сваёй багіняй вадзілі карагоды да глыбокай ночы. Цеснае сяброўства звязвала блізнят Апалона і Артэміду. Пяшчотна любілі яны маці-багіню Латону, і тая ганарылася сваімі прыго-жымі і мужнымі дзецьмі.

Адзін з самых вядомых грэчаскіх міфаў распавядаў пра Артэміду і фіванскага царэвіча Актэона.



Актэон

Ад золку паляваў у лясах Кіферона Актэон. Апоўдні выйшаў ён са сваімі спадарожнікамі ў даліну Гаргафію, якая была прысвечана багіне Артэмідзе. Нясцерпна паліла сонца, і стомлены юнак адышоў у цень кіпарысаў і соснаў. У глыбіні гушчару, у самым зацішным кутку знаходзіўся абвіты зелянінай грот — дзівоснае тварэнне мастачкі-прыроды, а побач бруіў ручай з чыстай, празрыстай вадой. Тут любіла адпачываць пасля палявання і абмывацца свежай вадой багіня лясоў Артэміда. Нерашучымі крокамі, быццам па волі няўмольнага лёсу, ступаў па незнаёмай мясціне Актэон... А тым часам багіня ў атачэнні цнатлівых німфаў уваходзіла ў ваду. Адна німфа трымала гераічную зброю Артэміды — дзіду, лук і калчан, другая — хітон і сандалі, самая спрытная з іх скручвала ў вузел распушчаныя валасы багіні.

Замест таго, каб бегчы адсюль без аглядкі, Актэон, бы зачараваны, стаяў ля ўвахода ў грот і глядзеў на незямную прыгажосць. Ускрыкнулі, заўважыўшы яго, німфы, кінуліся закрыць сваімі целамі аголеную Артэміду. Але багіня была вышэй за ўсіх іх на цэлую галаву, і калі ўбачыла юнака, запалаў гневам яе твар, бліснулі вочы. Дзёрзкасць, непач- цівасць смяротнага не маглі застацца непакаранымі, але ў Артэміды не было ў руках стрэлаў. Яна зачарпнула жменю вады і прыснула ёю ў твар царэвіча.

"Цяпер расказвай, як ты бачыў мяне, непрыбраную, калі зможаш расказаць!" — падумала багіня, і ў той самы момант на галаве Актэона выраслі галінастыя рогі, выцягнулася шыя, рукі і ногі ператварыліся ў стройныя ногі аленя, а цела пакрылася плямістай поўсцю. Усялілася ў душу юнака і аленевая баязлівасць. Ён пабег і сам дзівіўся, як хутка неслі яго ногі. А калі ўбачыў свой адбітак у ручаі — жахнуўся і хацеў крыкнуць: "Гора мне!" Але голас яго не слухаўся. Актэон застагнаў і заплакаў. Слёзы ліліся не з яго вачэй, а з вачэй аленя. Толькі розум застаўся чалавечы.

Што рабіць? Куды бегчы? Вярнуцца ў царскі палац ці схавацца ў лесе? Пакуль так раздумваў Актэон, выбеглі з гушчару яго ўласныя сабакі, гучным брэхам сабралі паляўнічых — былых сяброў царэвіча і разам кінуліся наўздагон. Бяжыць малады прыгожы алень, а за ім гоніцца зграя сабак. Хоча ён крыкнуць: "Злітуйцеся! Я — Актэон! Прызнайце ж свайго гаспадара!" Але язык непадуладны юнаку. І вось ужо адзін сабака ўчапіўся ў спіну, другі кінуўся на грудзі, трэці павіс на плячах... Няма больш моцы... Зубамі рвуць цела ўсе астатнія сабакі... Калі паляўнічыя сабраліся вакол загнанага аленя, пачалі клікаць Актэона, каб царэвіч разам з імі палюбаваўся на цудоўную здабычу. І ніхто не ведаў, што іх няшчасны гаспадар паміраў побач.

Па адной з версій міфа, прычынай смерці Актэона з'явілася яго спроба спаборнічаць з Артэмідай у майстэрстве палявання. Але цікавейшым уяўляецца іншае тлумачэнне. Цнатлівая Артэміда, багіня-дзева, пакарала смяротнага за тое, што ён убачыў яе аголенай, у багіні ўгледзеў жанчыну. Артэміда не даравала нікому, хто нават у думках квапіўся на яе недаступную святасць. Менавіта такі вобраз гэтай багіні ў класічнай міфалогіі. Артэміда ніколі не думала аб замужжы і патрабавала цнатлівасці ад сваіх спадарожніц-німфаў. Але яны часам аказваліся бездапаможнымі перад чарамі бессмяротных багоў.



Калісто

З высокага Алімпа ўгледзеў Зеўс на зямлі дзяўчыну. Яе прыгажосць моцна ўразіла ўладара багоў і людзей. Гэта была Калісто, адна з німфаў, якія спадарожнічалі Артэмідзе падчас палявання. Дзяўчына якраз увайшла ў гай, скінула з пляча калчан, адклала ў бок лук і прылегла на траву адпачыць.

— Можа, раўнівая Гера ні аб чым не даведаецца, — падумаў Зеўс. — А калі і даведаецца, то каханне такой прыгажуні варта любых папрокаў!

Імгненна набыў Зеўс аблічча Артэміды, з'явіўся перад Калісто і голасам багіні лясоў запытаў у яе:

— Ці не мая ты німфа, дзяўчына? На якіх перавалах ты палявала?

Калісто ўбачыла перад сабой багіню-апякунку. "Вітаю цябе, багіня, — адказала яна, — ты для мяне значнейшая за самога Зеўса!''

Усміхнуўся бацька багоў і людзей: яму аддаюць перавагу перад ім жа самім, пачаў цалаваць німфу, ды не так, як цалуюцца дзяўчаты, — сціснуў яе ў сваіх абдымках. Калісто зразумела небяспеку, але нічога не магла зрабіць... Узмыў у нябёсы пераможца-бог, а разгубленая німфа ўжо выходзіла з гаю, калі пачула гукі рагоў і воклічы Артэміды. Яна хацела ратавацца ўцёкамі, бо баялася, што гэта зноў Зеўс, і толькі калі ўбачыла вакол багіні карагод сябровак, далучылася да іх лёгкага натоўпу. Калісто адчувала сябе вінаватай, ледзьве паднімала вочы на дзяўчат і ўжо не займала месца побач з Артэмідай, а трымалася воддаль.

Аднойчы стомленыя паляваннем німфы спыніліся каля светлага ручая, каб абмыць свае дзявочыя целы. Яны скідвалі з сябе адзенне. Марудзіла толькі Калісто. Сурова паглядзела ў яе

бок Артэміда. Пачырванела Калісто, калі сяброўкі пачалі распранаць яе, і ўсе ўбачылі, што яна неўзабаве стане маці.

— Прэч ад нас, — гнеўна сказала цнатлівая багіня, — не апаганьвай святую крыніцу, — і прагнала былую сяброўку.

Нарадзіўся ў Калісто сын. Аб гэтым даведалася раўнівая жонка Зеўса Гера і вырашыла адпомсціць. Яна ператварыла прыгожую Калісто ў страшэнную мядзведзіцу. Пакрыліся чорнай шчаціністай поўсцю рукі маладой жанчыны, пакрывіліся далоні, пазагіналіся ў звярыныя кіпцюры пальцы, на пяшчотным твары з'явілася пашча. З хрыплага горла мядзведзіцы нёсся злы, поўны жаху рык.

Вельмі пакутавала Калісто, але не магла вымавіць ніводнага слова. Блукала яна ў гэткім жудасным абліччы па лясах, па палях, недалёка ад свайго ранейшага дома, дзе жыў яе сын. Калі ён вырас, то пайшоў паляваць і на адной з лясных сцежак сустрэўся з маці. Калісто пазнала сына. Яна хацела сказаць яму што-небудзь пяшчотнае, але толькі зараўла, паднялася на дыбкі і пайшла на хлопца. Той жа нічога не ведаў пра лёс маці і замахнуўся дзідай. Ён забіў бы Калісто, каб не Зеўс. У той самы момант вярхоўны бог адарваў маці і сына ад зямлі і перанёс іх на неба, змясціўшы сярод сузор'яў. З тае пары яны зіхацяць у нябёсах — Вялікая Мядзведзіца і яе вечны вартаўнік Валапас.

Каханне вярхоўнага бога да прыгожай німфы — тэма вядомай карціны Ф. Бушэ "Юпітэр і Калісто".

Падобна таму, як брат Артэміды бог святла Апалон увабраў у сябе рысы сонечнага Геліяса, Артэміда засвоіла цнатлівую чысціню сястры Геліяса — Месяца (бел. Поўня). І тады Артэміду пачалі ўшаноўваць пад імем Селена. Міфы пра Артэміду-Селену адносяцца да позняй гераічнай міфалогіі. Яны выяўлялі свет мараў і мрояў і распавядалі пра каханне багіні да прыгожага Эндыміёна, які спаў вечным сном.

Да нас дайшоў яшчэ адзін міф, які сведчыць аб жаночай прыродзе мужнай багіні Артэміды.

Арыён

...зорка

тая, што ў восені ўсходзіць і ярыцца блескам

вялізным

высака з неба між зоркамі многімі ў цёмную

ночку —

Псом Арыёна яе называюць з прадвечнага веку...

Гамер ("Іліяда". Пераклад Б. Тарашкевіча)

Пачула Артэміда аб паляўнічых поспехах волата Арыёна (Orion). Арыён быў вельмі прыгожым і такім магутным, што з лёгкасцю перасоўваў горы, а яшчэ ён мог пераходзіць па моры з аднаго вострава на другі. Не толькі людзі, нават багі дзівіліся на такі цуд. Гэта марскі бог Пасейдон, бацька Арыёна, надарыў свайго любімага сына здольнасцю хадзіць па хвалях. Шмат на якіх астравах перабіў Арыён дзікіх звяроў і розных пачвар, якія пагражалі людзям. Захацела Артэміда паляваць разам з Арыёнам. І той быў не супраць паказаць багіні свае моц і спрыт. Пачалі яны ганяцца за звярамі па ўсім свеце, і побач са славутымі паляўнічымі заўсёды бег чуйны нястомны сабака Арыёна Сірыус.

Апалон як бог сонца і святла ведаў пра ўсё, што адбывалася на зямлі, і заўважыў, што яго цнатлівая сястра часам глядзіць на свайго спадарожніка па паляванні з захапленнем, нават з пяшчотай. Ведаў Апалон, што багіня Зары Эас не ўстаяла перад прыгажосцю Арыёна і спаткалася з ім на востраве Дэлас. Гэта тады зачырванеўся світанак і з тае пары застаўся пунсовым. Баючыся, што і Артэміда можа закахацца ў Арыёна, Апалон звярнуўся па дапамогу да Геі, і тая наслала на волата-паляўнічага пачварнага скарпіёна. Арыён выпусціў у яго стрэлы, а потым кінуўся з мячом, але ніякая зброя не магла адолець скарпіёна. Зразумеўшы гэта, Арыён нырнуў у мора і паплыў у бок вострава Дэлас, бо спадзяваўся, што Эас выратуе яго. Апалон жа тым часам паклікаў Артэміду.

— Бачыш, сястра, — сказаў ён, — у моры, бліжэй да Артыгіі, плыве штосьці чорнае? Гэта галава ліхадзея, які толькі што спакусіў адну з тваіх жрыц. Яго імя Кандаон. Ці зможаш працяць яго сваёй стралой?

Не ведала Артэміда, што Кандаонам называлі ў Беотыі яе сябра Арыёна. Яна старанна прыцэлілася, выстраліла і паплыла, каб паглядзець на сваю ахвяру. Якім жа несуцешным было гора багіні, калі яна ўбачыла, што смяротна параніла Арыёна. Панеслася Артэміда да Асклепія і ўгаварыла ажывіць сябра. Але бог-лекар не паспеў выканаць яе просьбу, бо Зеўс паразіў перуном яго самога. Тады пачала Артэміда прасіць свайго бацьку, каб ён, усёмагутны ўладар неба і зямлі, вярнуў жыццё Арыёну. Зеўс адмовіў дачцэ.

— Такое, — сказаў ён, — непадуладна нават мне.

— Дык зрабі тады так, — не сунімалася Артэміда, — каб заўсёды можна было любавацца прыгажосцю Арыёна!

— Добра, — паабяцаў бацька людзей і багоў, і неўзабаве на небе ля сузор'я Плеяд з'явілася новае сузор'е Арыён. Побач з ім — зорка Сірыус, верны сабака нябеснага паляў-нічага, якога таксама падняў на неба Зеўс. І Скарпіён тут: ён вечна гоніцца за Арыёнам.

Згубныя функцыі Артэміды (у міфах пра Актэона, Калісто, Арыёна) звязаны з архаічным мінулым гэтай багіні — уладаркі звяроў на Крыце. Яе ахвярныя жывёлы: дзік, алень, казёл і каза. Архаічныя ўяўленні грэкаў захаваліся і ў рэлігійным кульце Артэміды. У абрадах, прысвечаных ёй, даўжэй, чым у іншых абрадах, існавалі ахвяраванні, нават чалавечыя.

Рэшткі гэтай дагістарычнай культуры мелі месца ў спартанцаў, дзе юнакоў выхоўвалі вельмі сурова, інакш, чым у іншых грэчаскіх дзяржавах. У Спарце ўсё грамадскае і прыватнае жыццё пранізваў ваенны дух. Бацькі нованароджаных прадстаўлялі дзяцей на суд старэйшын, і тыя вырашалі, ці магло дзіця стаць у будучым дастойным грамадзянінам. Кволых, слабых ці з якімі заганамі скідвалі са скалы ў прорву. Калі хлопчыкам спаўнялася сем гадоў, іх забіралі з сем'яў і да чатырнаццаці гадоў працягваўся першы перыяд выхавання. Яны шмат займаліся ў гімнастычных школах, летам і зімой хадзілі ў лёгкім плашчы і басанож, спалі на падсцілках з трыснягу, які павінны былі самі сарваць рукамі, без дапамогі нажа. Кармілі іх скупа, каб галодныя дзеці вучыліся самі дабываць сабе ежу. І тыя гойсалі па садах і агародах, забіраліся ў хаты, нападалі на спячых вартаўнікоў. Хлопец, які пападаўся, караўся бязлітасна. Яго білі бізуном не за тое, што ён злодзей, а за тое, што няўдалы злодзей, якому не хапае асцярожнасці, хітрасці і знаходлівасці.

Секлі перад алтаром Артэміды, каб кроў пырскала на статую багіні. Такім чынам выпрацоўвалі ў тых, хто вытрымліваў і не паміраў, неадчувальнасць да болю. Лічылася, што калі спартанец трапіць у палон, то ніякія катаванні не прымусяць яго выдаць ваенныя сакрэты. Ён з усмешкай будзе пераносіць удары бізуна, і стоміцца хутчэй той, хто будзе яго біць.

Калі аднойчы запыталі кульгавага спартанца, навошта ён ідзе на вайну, пачулі такі адказ:

— Я іду не бегаць, а біцца.

— Навошта ты ідзеш на вайну? — запыталі старога спартанца.

— Засланіць маладых.

Міне шмат часу, калі Спарта страціць сваю ваенную моц і будзе разбіта македонцамі. Але калі тыя запатрабуюць ад пераможаных пяцьдзесят хлопчыкаў у заложнікі, спартанцы адкажуць: "Вазьміце лепш дарослых: мы не хочам, каб хлопчыкі вярнуліся да нас не па-спартанску абучаныя".

Міфы апавядалі, як за злачынную знявагу да вялікай багіні Артэміды быў пакараны эталійскі цар Айней. У іх асуджаліся "гібрыс" — ганарыстасць, фанабэрыстасць смяротных, якія ўяўлялі сябе роўнымі багам.

У той год Айней сабраў вельмі добры ўраджай і, удзячны за гэта, прынёс дары ўсім алімпійскім багам. Толькі свядома абышоў ён Артэміду: маўляў, не патрэбна яму апякунства багіні палявання і не прызнае ён яе крывавую справу. У адказ на гэта Артэміда наслала на зямлю эталійскага цара страшэннага дзіка... Але гэты міф меў перадгісторыю. У свой час, калі маленькаму сыну Айнея і Алтэі Мелеагру было ўсяго сем дзён, ля яго калыскі з'явіліся багіні лёсу. Побач у ачагу патрэскваў агонь. Багіні ўказалі на адно з паленаў: "Як толькі яно згарыць, памрэ і Мелеагр." Царыца выхапіла гэтае палена голымі рукамі, загасіла яго і схавала ў скрыню. З той пары не было Алтэі спакою: яна баялася за сына і жыла, чакаючы бяды...



Калідонскае паляванне. Мелеагр

Бязлітасна знішчаў пачварны дзік вінаграднікі, скаціну, не шкадаваў і людзей. Разгубіўся цар Айней: ён жа сам наклікаў бяду на свой народ. Што рабіць? І тады выратаваць Калідон узяўся адважны сын Айнея Мелеагр. Затрубіў ён у паляўнічы рог, і адгукнуліся на гэты кліч магутныя героі: Тэсей з Афінаў, браты-блізняты Кастар і Палідэўк са Спарты, цар лапіфаў Пірытой, Ясон з Іолка... Шмат славутых герояў з усёй Элады сабралася на Калідонскае паляванне. А з далёкай Аркадыі прыбыла мужная і прыгожая дзяўчына Аталанта. Высокая, светлавалосая, у кароткім хітоне, з калчанам са слановай косці, яна была падобна на самую Артэміду.

Дзевяць дзён гасцявалі героі ў ветлівага гаспадара цара Айнея, практыкаваліся ў кіданні дзіды, піравалі і між іншым дамовіліся, што шкура дзіка і галава з ікламі дастануцца таму, каму пашанцуе забіць гэтага вялізнага звера. На дзевяты дзень героі адправіліся на паляванне, і калі сустрэлі дзіка ў гаі, то акружылі яго з усіх бакоў. Але гэтая пачвара апярэдзіла паляўнічых і спачатку падняла на іклы некалькіх сабак, а потым кінулася на людзей.

Дзіда Ясона праляцела над самай галавой звера, але нават не параніла яго. Молячы аб дапамозе самога Апалона, кінуў сваю дзіду Ампікід. Бог пачуў героя, але хтосьці (хіба сама Артэміда) збіў жалезны наканечнік з дрэўка зброі... Люты дзік наносіў героям смяротныя ўдары... Тады аркадзец Анкей смела пайшоў на яго з сякерай, але паспеў толькі замахнуцца — і зваліўся на зямлю, абліваючыся крывёй. Услед за гэтым страла зямлячкі Анкея Аталанты працяла загрывак дзіка. Паранены і раз'юшаны, ён кінуўся ў бок дзяўчыны, але ў гэты момант кінуў сваю дзіду Мелеагр і... пахіснуўся вялізны звер. Усе героі пачалі кідаць дзіды і дроцікі — пачварны дзік заваліўся на бок, а ў яго цела ўсё ляцелі стрэлы... Скончылася Калідонскае паляванне. Здабыча па праву належала Мелеагру. А ён урачыста прамовіў:

— Шкура і галава прызначаны ўзнагародай пераможцу, але я як гаспадар адмаўляюся ад іх на карысць гасцей.

— У такім разе, — перабіў Мелеагра брат яго маці Плек-сіп, — узнагарода пераходзіць твайму бліжэйшаму сваяку, а гэта значыць — мне!

— Узнагарода належыць таму, — ледзьве стрымліваючы сябе, прадоўжыў царэвіч, — хто першы параніў дзіка. Гэта подзвіг Аталанты!

— Ты ў сваім розуме, хлопец? — закрычаў дзядзька Мелеагра. — Табе гэтая дзеўка даражэйшая за мяне, любоўныя ўцехі — за абавязак перад сваяком? — і кінуўся да дзіка, адпіхваючы Аталанту.

Не сцярпеў такой ганьбы Мелеагр. І ў злосці, у запале схапіў яшчэ чырвоную ад крыві звера дзіду і... кінуў яе ў Плексіпа. Ніхто не паспеў перашкодзіць гэтаму забойству. Героі стаялі як аслупянелыя. Потым паціху пачалі разыходзіцца. Моўчкі, у маркоце ішоў дамоў і Мелеагр.

А тым часам яго маці царыца Алтэя, узрадаваная подзвігам сына на Калідонскім паляванні, даведалася пра смерць свайго брата. Залілася яна слязьмі, загаласіла... І тут назвалі ёй імя забойцы. Не памятаючы сябе ад гора і гневу, Алтэя кінулася ў свой пакой, дзе ў запаветным месцы яна столькі гадоў берагла свой найвялікшы скарб, выхапіла са скрыні галавешку і кінула ў агонь. Галавешка ўспыхнула яркім святлом і хутка загасла. У гэты самы момант раптоўна ўпаў на дарогу мёртвы Мелеагр.

Праз які час апрытомнела Алтэя і зразумела, што адбылося непапраўнае. А калі прынеслі ў палац нежывое цела, няшчасная маці ўжо ведала: пасля ўсяго, што здарылася, яна таксама не будзе жыць, не мае права.

У міфе пра Мелеагра адлюстраваліся ўяўленні і перажыткі дагістарычнай эпохі. Тут і фетышызм: жыццё юнака амаль пры яго нараджэнні было заключана ў палаючае палена. Тут і праявы матрыярхату, калі брат жанчыны лічыўся кроўна больш блізкім, чым сын. Можна нарадзіць яшчэ аднаго сына, разважалі ў тую пару, а брата не заменіць ніхто. Міф увайшоў у тэкст "Іліяды", распрацоўваўся Сафоклам і Эўрыпідам у трагедыях, якія не захаваліся, а таксама Авідзіем у "Метамарфозах". Самыя вядомыя творы на гэты сюжэт, якія з'явіліся ў новы час, — карціны П. П. Рубенса "Мелеагр і Аталанта" і "Калідонскае паляванне".

Вельмі прыгожая багіня Артэміда вабіла да сябе лепшых мастакоў, і яны адлюстроўвалі яе ў вобразе паляўнічай, з німфамі, з Актэонам. Аўтарамі гэтых помнікаў былі выдатныя майстры антычнасці Фідый, Паліклет, Праксіцель, а таксама новага часу В. Тыцыян, П. П. Рубенс, Рэмбрант, Ф. Бушэ. У Луўры знаходзіцца "Артэміда Версальская" — рымская копія грэчаскага помніка — статуя высокай, стройнай, грацыёзнай Артэміды-паляўнічай з ланню.

Мастацтва ведае і іншы вобраз Артэміды. У кульце гэтай грэчаскай багіні адзначалася яе ўсходняе паходжанне: невыпад-кова яна разам з Апалонам дапамагала траянцам у іх вайне з грэкамі — ахейцамі. У Малой Азіі ў грэчаскім горадзе Эфесе стаяў храм, прысвечаны Артэмідзе. Там яе ўшаноўвалі як багіню ўрадлівасці і ўяўлялі зусім інакш, чым у Эладзе. Азіяцкая Артэміда была маці-карміцелькай з мноствам грудзей. Хтанізм гэтай багіні збліжае яе з вобразам Вялікай мацеры багоў Кібелай у Малой Азіі. Кібела была ўладаркай гор, лясоў, звяроў і спрыяла іх пладаноснасці. У вобразе класічнай Артэміды праяўляліся рудыменты архаічнай багіні ў тым, што яна з дапамогай Іліфіі, якая была дачкой Зеўса і Геры і апякункай родаў, дапамагала парадзіхам.

Храм Артэміды ў Эфесе быў вядомы ўсяму антычнаму свету і ўвайшоў у склад сямі цудаў свету. Гісторык Пліній пісаў, што гэты храм акружалі сто дваццаць сем калон, якія былі падораны храму такой жа колькасцю цароў. Храм будаваўся па праекце славутага архітэктара Херсіфрона, але рэалізацыя складанага праекта была настолькі цяжкай, што пасля смерці яго аўтара храм будаваў сын Херсіфрона Метаган, а пасля яго смерці — Пеоній і Дэметрый. Будаўніцтва было завершана ў 450 г. да н. Х., але ў 356 г. да н. Х. храм згарэў дашчэнту. Падпальшчыка схапілі; ён не адмаўляў сваёй віны, але ні за што не хацеў гаварыць, чаму ўчыніў такое злачынства. Толькі пад пагрозай катаванняў ён усё-такі прызнаўся, што хацеў назаўсёды перадаць сваё імя нашчадкам — любым спосабам, любой цаной. Жыхары Эфеса пакаралі злачынца смерцю і прынялі закон, які забараняў вымаўляць яго імя. Але яно захавалася, дайшло да нас. "Герастратава слава" — гэта значыць ганебная слава. "Герастрат!" — так кажуць пра чалавека, які прагне славы любым шляхам, нават злачынным.

Ёсць сур'ёзнае сумненне вучоных наконт таго, што Гераст-рат спаліў менавіта той храм, які быў прызнаны за цуд свету.

АРЭС

Нагою тупнуў грозны бог вайны—

I скалануўся шар зямны навокал,

Памчала рэха з весткай жудаснай далёка.

Дж. Байран ("Паломніцтва Чайльд Гарольда". Пераклад Р. Барадуліна)

Самым жорсткім і вераломным з усіх алімпійскіх бостваў быў Арэс (Арэй). Ён — бог вайны, вайны несправядлівай, ганебнай, бог забойства, крывавай разні на полі бою.

Арэс быў сынам Зеўса і Геры, але гэта позні матыў: не падлягае сумненню нягрэчаскае, хутчэй за ўсё фракійскае, паходжанне Арэса, яго слабая асіміляцыя з алімпійскім атачэннем. Ён ваяваў дзеля таго, каб ваяваць: не цікавіўся, з-за чаго распачыналася вайна, і падчас бітвы перабягаў з аднаго боку на другі, сеючы вакол сябе смерць, не разбіраючы, хто вінаваты. Суправаджалі Арэса ў бітвах яго сыны Дэймас і Фобас — увасабленне страху і жахлівасці, а ўперадзе калясніцы несліся багіня разладу Эрыда і крыважэрная Эніо (у Рыме яна атаясамлівалася з Белонай).

Цешыўся бог вайны, калі бачыў патокі крыві, чуў стогны параненых. Калі ж паранілі яго самога, — Гамер распавядае ў "Іліядзе", што Афіна ўзмацніла ўдар дзіды, якую кінуў у Арэса герой Дыямед, — то закрычаў ад болю, як "дзесяць тысяч мужоў". Скалануліся ад гэтага крыку дружыны ахейцаў і траянцаў, а паранены ў ніз жывата Арэс пакінуў поле боя і ўзнёсся на Алімп са скаргай на Афіну. Але не стаў яго слухаць Зеўс, сурова перабіў сына:

Змоўкні, о ты, крывадушны! Не сядзі ля мяне і не енчы!

Між багоў-алімпійцаў больш за іншых ты мне ненавісны,

Бо заўсёды табе наймілее варожасць, разлады і войны.

Вярхоўны алімпіец асудзіў Арэса за дзікунства, бязладнасць і дадаў, што месца яго не на Алімпе, а ў Тартары.

Не любілі Арэса багі, не любілі людзі. Афіна яшчэ раз атрымала над ім перамогу: параніла каменем шыю. Арэс паваліўся на зямлю і разам са сваімі даспехамі заняў 325 метраў. Аднойчы Геракл прымусіў бога вайны ўцякаць на Алімп. Юныя волаты Алаяды пратрымалі Арэса ў палоне цэлых трынаццаць месяцаў. Столькі і адпачылі смяротныя без бразгату зброі. "Магутны", "страшэнны", "жахлівы", "чалавеказабойца", "скала-нацель народаў" — эпітэты бога вайны.

У дзецях Арэса таксама праяўляліся рысы дзікунства, жорсткасці, нястрыманасці. Яго сын Флегій, які быў царом флегійскага племені ў Беотыі, "праславіўся" шэрагам ганебных учынкаў: рыхтаваў пірацкае нападзенне на Пелапанесе, спрабаваў абрабаваць храм Апалона ў Дэльфах, а калі яго дачка Караніда нарадзіла ад Апалона сына Асклепія, падпаліў Дэльфійскі храм, прысвечаны Апалону. Багі не даравалі Флегію: асудзілі не толькі на смерць, але і на вечныя пакуты ў Аідзе: ён сядзеў пад скалой, якая раскачвалася і ў любы момант магла абрушыцца. Цар Эліды Энамай, што забіў мноства жаніхоў сваёй дачкі Гіпадаміі, таксама быў сынам Арэса. Параджэннем бога вайны лічылі і дракона, з якім змагаўся герой Кадм, што пераканаўча сведчыць аб старажытным хтанізме Арэса. Самы люты бог Арэс кахаў пяшчотную Афрадыту. Адны дзеці Арэса і Афрадыты, як Дэймас і Фобас, увасаблялі бацькоўскі пачатак, другія, як чароўная Гармонія, — мацярынскі, а Эрот — бадай, абодва.

Ушаноўвалі грэкі Арэса значна менш за іншых алімпійцаў. Яму прысвяцілі ўзгорак у Афінах Арэапаг. Там яшчэ ў міфалагічныя часы засядаў суд, які меў тую ж назву. Тлумачыцца гэта тым, што на ўзгорку ўпершыню слухалася судовая справа і адказчыкам у ёй быў Арэс. Пасейдон абвінаваціў бога вайны ў забойстве свайго сына Галірофія. Але суд алімпійцаў апраўдаў Арэса, бо Галірофій квапіўся на гонар яго дачкі Алкіпы. Храмаў, прысвечаных ваяўнічаму богу, было толькі тры: у Афінах, Аргалідзе і малаазіяцкім Галікарнасе.

У выяўленчым мастацтве Арэс прадстаўлены маладым, фізічна моцным, часцей за ўсё ў бліскучым шлеме на галаве, з мячом ці дзідай у руцэ. Найбольш каштоўны з вядомых нам помнікаў Арэса — скульптура IV ст. да н. Х. "Баргезійскі Арэс". На некалькіх пампейскіх фрэсках адлюстраваны сюжэт "Арэс і Афрадыта". Гэтая тэма цікавіла мастакоў і новага часу, аб чым сведчаць карціны з назвай "Венера і Марс" С. Батычэлі і П. Веранезе, скульптура "Марс і Венера" А. Кановы. З твораў на іншыя сюжэты найбольш знакамітыя карціны Рэмбранта і П. П. Рубенса, а таксама скульптура "Марс і Амур" прад- стаўніка дацкага класіцызму Б. Торвальдсена. Рымскі двайнік грэчаскага Арэса Марс лічыўся бацькам заснавальнікаў Рыма Ромула і Рэма і быў пасля Юпітэра самым шануемым боствам на рымскім Алімпе.

АФРАДЫТА

Зорка Венера ўзышла над зямлёю,

Светлыя згадкі з сабой прывяла...

М. Багдановіч (Раманс)

Грэчаскую міфалогію ўпрыгожвае вельмі істотны для яе вобраз боства, без чараў і міласці якога не абыходзіліся ні багі, ні героі. І ўжо колькі тысячагоддзяў уладарыць над чалавецтвам цудоўная Афрадыта (у Рыме яе ўшаноўвалі пад імем Венера) —увасабленне кахання і жаночага хараства. Эліны надзялялі гэтую багіню касмічнымі функцыямі магутнага пачуцця, якое пранізва-ла і пераўтварала ўвесь свет, надавала яму прыгажосць і пяшчоту.

Эпітэты Афрадыты: "залатая", "фіялкавенчаная", "прыгожа-вокая", "пенанароджаная". Згодна з традыцыйнай класічнай версіяй, яна дачка Зеўса і акіяніды Дыёны, на якую нават раўнівая жонка Зеўса Гера не таіла злосці. Існавала і больш старажытная версія: Афрадыта нарадзілася з крыві пакалечанага Кронам Урана; тая кроў трапіла ў мора і ўтварыла пену (грэч. арhros — пена). Але ў класічнай міфалогіі карціна нараджэння багіні кахання набыла чароўнасць і пышнасць.

1   2   3   4   5   6   7   8   9   10   11


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка