Багiі аліiмпа




старонка5/11
Дата канвертавання14.03.2016
Памер1.76 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8   9   10   11
Кіпарыс

На лугах вострава Кеас, што ў Эгейскім моры, пасвіўся дзівосны алень. Яго галінастыя рогі зіхацелі бы золата, гнуткая шыя аленя была аздоблена бліскучымі каштоўнымі камянямі, а з вушэй спускаліся жамчужныя ўпрыгажэнні. Гэтая чароўная жывёліна была прысвечана німфам і зусім страціла прыродную дзікасць, страх перад людзьмі. Грацыёзны алень спакойна заходзіў да іх у жытло, дазваляў сябе лашчыць, і ўсе цешыліся пры сустрэчы з гэтым лясным красуном. Больш за ўсіх любіў незвычайнага аленя царэвіч Кіпарыс, вялікі сябар бога Апалона. Юнак вадзіў аленя на пашу, дзе былі свежая, сакавітая трава і празрыста-чыстая вада ў крыніцы. Кіпарыс збіраў духмяныя кветкі і ўпрыгожваў імі рогі свайго ўлюбёнца, а потым садзіўся яму на спіну і раз'язджаў, быццам коннік, па шырокай Карфейскай даліне.

Стаяў спякотны летні дзень. Неміласэрна паліла сонца, і алень Кіпарыса схаваўся ад яго промняў у засень кустоў. Прыго-жая жывёліна цешылася прахалодай, калі паляўнічы дроцік паразіў яе насмерць. І трэба ж было такому здарыцца! Паляўні-чым, які смяротна параніў пестуна Кіпарыса, аказаўся сам Кіпарыс. Юнак выпадкова зайшоў у месца, дзе адпачываў алень, і не пазнаў яго, бо густое лісце закрывала жывёліну. Страшэнная роспач ахапіла Кіпарыса, калі ён убачыў, што нарабіў: яго ўлюбёнец пакутліва паміраў ад цяжкай раны. Гора юнака было невыказным, і ён маліў Апалона паслаць смерць яму таксама.

Срэбралукі бог спрабаваў супакоіць сябра, але дарэмна: той прасіў аб адным — каб Апалон дазволіў яму сумаваць вечна. І тады ўсёмагутны алімпіец ператварыў Кіпарыса ў дрэва. Валасы юнака пачалі цвярдзець і сталі цёмна-зялёнай хвояй, а цела апранулася ў кару. І вось ужо перад Апалонам не царэвіч, а высокае і стройнае кіпарысавае дрэва. З глыбокай маркотай у голасе сказаў Апалон:

— Заўсёды, мой сябар, я буду смуткаваць па табе і аплакваць. Ты таксама будзеш тужыць аб чужым горы, аб чалавечай журбе.
Цёмная, своеасаблівая афарбоўка лісця кіпарыса магла быць прычынай таго, што гэтае дрэва звязвалі з культам памерлых. У Эладзе і ва ўсім Міжземнамор'і кіпарысы саджалі і да гэтай пары саджаюць пераважна на могільніках, а галіны іх выкарыстоўваюць у пахавальных абрадах.

Кіпарысай звалі дачку Барэя, які вырасціў першы кіпарыс на яе магіле. Кіпарысамі называлі і дачок Этэокла ў Архамене. Яны танцавалі на свяце Дэметры і Коры, зваліліся ў крыніцу, але былі ператвораны ў дрэвы.


Апалон меў яшчэ імя Номій. Гэта быў Апалон, які пасвіў статкі і ахоўваў іх. Так, калі срэбралукі бог даведаўся аб смерці сына Асклепія, забітага маланкай Зеўса, ён, раз'юшаны, перабіў кіклопаў, якія кавалі маланкі Грамавержцу. За гэта Апалон быў асуджаны служыць у смяротнага — фесалійскага цара Адмета (па іншай версіі, каб ачысціцца ад пралітай крыві Піфона). Срэбралукі бог так спраўна абыходзіўся са сваімі абавязкамі пастуха, што коні і каровы Адмета сталі самымі лепшымі і колькасць іх значна павялічылася.

Самае знакамітае імя Апалона — Мусагет. Як бога музыкі і паэзіі, гармоніі і паэтычнага натхнення яго суправаджалі чароўныя музы. Яны спявалі разам з Апалонам пад акампанемент яго ліры альбо кіфары.

Мастацтва Апалона-Кіфарэда ўвасабляла чыстае, яснае гучанне струнных інструментаў, якія лічыліся грэчаскімі ў адрозненне ад усходняй варварскай флейты. На флейце іграў фрыгійскі сілен Марсій, які спаборнічаў з Апалонам у музычным майстэрстве. Музыка Марсія мела экстатычна-шалёны характар, як тая музыка (флейтаў, тымпанаў, трашчотак), што суправа-джала Дыянісійскія оргіі. Апалон перамог сілена і жудасна ад-помсціў за дзёрзкасць: садраў з яго, жывога, скуру. ("Пакаранне Марсія" — карціна на гэты сюжэт італьянскага мастака XVII ст. І. Ліса.) Паводле падання, скура сілена Марсія вісіць у Келенах, што ў Фрыгіі; яна заўсёды пачынае рухацца, быццам танцуе пры гуках флейты і застаецца нерухомай, калі даносяцца гукі кіфары.

Міфічны вобраз Апалона прайшоў значны эвалюцыйны шлях, і лепшая, класічная існасць гэтага пануючага ў грэчаскай рэлігіі і міфалогіі боства ўсё ж такі не выцесніла яго архаічнага мінулага. Светлы Апалон, які атаясамліваўся з сонцам, Апалон, які знішчаў пачвараў, ачышчаў і лячыў людзей, апекаваў Музаў, захаваў у сабе рысы цёмнага забойцы, што насылаў смяротныя хваробы. З цягам часу Апалон станавіўся універсальным богам, які ўмацоўваў сусветную гармонію.

Самым вядомым адлюстраваннем вобраза Апалона ў мастацтве з'яўляецца "Апалон Бельведэрскі", рымская мармуровая копія, якая была зроблена з грэчаскага бронзавага арыгінала IV ст. да н. Х. і захоўваецца ў Ватыкане. Гэта выява бога ў вобразе стройнага, прыгожага юнака, які трымае ў руцэ лук і глядзіць услед выпушчанай страле. Па словах буйнога нямецкага мастацтвазнаўца ХVIII ст. І. І. Вінкельмана, гэты Апалон увасабляе абаяльную мужнасць, прыгажосць юнацтва, пяшчоту і годнасць.

Вялікую мастацкую значнасць мае таксама антычная статуя работы Праксіцеля: яна адлюстроўвае Апалона, які забівае яшчарку. У новы час да славутага вобраза звярталіся скульптары Б. Торвальдсен і А. Радэн, жывапісцы Н. Пусэн, Э. Дэлакруа, К. Брулоў, Дж. Цьепала, кампазітары Ж. Б. Люлі, В. А. Моцарт, І. Стравінскі і шмат іншых вядомых і малавядомых мастакоў. У паэзіі Апалон часцей за ўсё выступае разам з Музамі.



Музы

Як сабіральніцы мёду са спевам заўсёды працуюць,

Так і для Музаў няма песні без працы жывой...

З яснага ў гэтых радках, схаванае зведаць імкніся;

Толькі тады Апалон зробіцца твой мудрацом.

М. Карыцкі ("Да аднаго паэта")

Паэтам і ўсім смяротным натхненне пасылаецца "салодкамоўнымі" багінямі Музамі. Не сумняваўся ў гэтым Гамер: "Іліяда" і "Адысея" пачынаюцца зваротам да Музы.

"Муза, спявай мне пра гнеў Ахілеса, Пелеева сына" — гэта першы радок "Іліяды", а значыць, і ўсёй еўрапейскай паэзіі. "Шчаслівы той, каго любяць Музы", — сцвярджаў другі грэчаскі паэт Гесіёд і распавядаў пра тое, як Музы стварылі з яго паэта: адкрылі таямніцу паэтычнага вымыслу — фантазіі, абучылі песням.

У "Адысеі" ўпершыню з'яўляюцца дзевяць алімпійскіх Музаў. Гесіёд ужо называе іх імёны. Але першапачаткова, у даалімпіскай (дакласічнай) міфалогіі, было толькі тры Музы — Мелета (у перакладзе з грэчаскай "вопытнасць", "спракты-каванасць"), Мнема ("памяць") і Аойда ("песня"). Цікава, што і ў неагляднай старажытнасці чалавек цаніў не толькі свае фізічныя здольнасці; адчувалася жаданне ўсладзіць душу песняй, а таксама замацаваць свае веды і вопыт у памяці.

Алімпійскія ж Музы з'яўляліся ўзорам гармоніі і дасканаласці. Юныя, прыгожыя, цнатлівыя, з дзіўнымі галасамі, яны былі дочкамі Зеўса і багіні памяці Мнемасіны. Нарадзіліся яны ля падножжа Алімпа, дзе квітнелі раскошныя лугі і пасвіліся статкі, якія належалі багам. Тут, у Піэрыі, Музы любілі вадзіць свае карагоды. А яшчэ іх упадабаным месцам былі горныя вяршыні Парнаса ў Дэльфах і Гелікона ў Беотыі. Там яны абыходзілі ахвярнік Зеўса, купаліся ў фіялкава-цёмнай вадзе Кастальскай крыніцы і Гіпакрэны, якую выбіў са скалы капытом крылаты конь Пегас. Бог музыкі і паэзіі Апалон суправаджаў іх спевы чароўнай ігрой на сваёй залатой кіфары, кіраваў гульнямі ўсіх дзевяці Музаў.

Каліопа (у перакладзе з грэчаскай "цудоўнагалосая") была першапачаткова музай спеваў, пазней стала музай эпічнай паэзіі. Яна трымае ў руках навошчаную дошчачку і палачку для пісання — сціло. Мельпамена, што значыць "спяваючая", спачатку лічылася музай журботнай песні, а ў класічнай міфалогіі — музай трагедыі. Яе атрыбуты ў выяўленчым мастацтве — трагічная маска, вянок з вінаграднага лісця, тэатральная мантыя, катурны. З цягам часу Мельпамена стала ўвасабленнем тэатра наогул. Муза камедыі Талія ("чароўная"). Яе адлюстроўваюць у мастацтве маладой жанчынай, галаву якой аздоблівае вянок з плюшча. У адной руцэ Талія трымае камічную маску, а ў другой — бубен альбо посах: яна яшчэ была музай букалічнай (пастухоўскай) паэзіі. Тэрпсіхора ("тая, што любіць танец") — муза танцаў. Мастакі ствараюць яе вобраз, увенчаны лаўровым вянком. Атрыбутам Тэрпсіхоры з'яўляецца таксама ліра. Муза любоўнай (эратычнай) паэзіі Эрато (у паэзіі ўжываецца і як Эрата) натхняла славутых грэчаскіх лірыкаў, і ў руках у гэтай музы — вялікая ліра, якая нагадвае арфу.

Можа таму, што эліны вельмі любілі паэзію і спевы, яны прыдумалі яшчэ адну музу лірычнай паэзіі Эўтэрпу ("радасная''). Яе ўяўлялі з флейтай у руках. Палігімнія ("багатая гімнамі") — муза гімнічнай паэзіі. У яе няма ніякіх атрыбутаў. Але гэтую Музу можна пазнаць па задуменнаму позірку і шчыльнаму пакрывалу. Палігімнія натхняла тых, хто ствараў гімны і малебныя песні. Калі ж мы бачым вобраз музы, у руках якой світак папіруса ці пергамента і грыфельная палачка, то не сумняваемся: гэта Кліо — муза гісторыі ("тая, што ўслаўляе"). Яна надзяляла чалавека здольнасцямі вывучаць неба і зямлю, ход нябесных свяціл і зямных спраў. Уранія ("нябесная") — муза астраноміі. У адной руцэ яна трымае астральны глобус, а ў другой — палачку-радыус, якой астролагі ўказвалі на зоркі. Кліо і Уранія сталі музамі гісторыі і астраноміі ў эліністычную эпоху.

Такім чынам, спачатку багіні спеваў, Музы пачалі апека-ваць усю творчую дзейнасць чалавека. Храмы ў іх гонар называліся мусеёнамі (адсюль сучаснае "музей").

Сімвалічна тое, што маці Музаў багіня памяці. Гэта яна, Мнемасіна, ці памяць, спалучае сучаснасць з мінуўшчынай, ствараючы тым самым пераемнасць у развіцці свету. І міфы мы ведаем таму, што пра іх расказалі людзям мілагучныя Музы.

Не было для багоў-алімпійцаў, нават самых суровых, большай асалоды, чым бачыць карагод прыгожых Музаў на чале з Апалонам і слухаць іх цудоўныя спевы. Калі Апалон хутчэй за думку пераносіўся з Парнаса на Алімп, там усталёўваліся спакой і цішыня: алімпійцы забываліся на розныя крыўды, разлад, і нават бог вайны Арэс не хацеў згадваць пра крывавыя бітвы. Усе ўважліва сачылі за тым, як спявалі, змяняючы адна адну, паўхор'ямі мілагучныя Музы пад дзіўныя гукі залатаструннай кіфары Апалона. Іх прыгажосць, гармонія, мастацтва ўтаймоўвалі дзікія сілы прыроды: рэчкі, якія разліваліся, вярталіся ў свае рэчышчы, супакойвалася мора, што бушавала некалькі дзён, заціхалі і чалавечыя страсці.

Музы ўсхвалялі боскі свет, добрыя звычаі, якія панавалі на Алімпе і на зямлі, намаўлялі лепшыя думкі. Калі надыходзіла ноч, яны ахутваліся туманам і спускаліся да людзей, каб самых здольных надарыць паэтычным талентам, натхніць паэтаў і спевакоў. Эліны ставіліся да паэтаў і музыкантаў з вялікай пачцівасцю: перад гэтымі ж людзьмі, разважалі яны, адкрывалася штосьці такое, што было недаступна для іншых. Ім спрыяла боская сіла. Правіцелі запрашалі паэтаў да сваіх двароў, не шкадавалі пачастункаў і спадзяваліся на стварэнне хвалебнай оды ў свой гонар. Пра паэтаў распа- вядалі легенды. Адна з іх пра Арыёна.



Калісьці, у старой Эладзе,

хадзілі вандраваць рапсоды.

Было ў іх творчасці суладдзе

з жыццём і думкамі народа.



У. Дубоўка ("Інтрадукцыя")

Паэт-пясняр Арыён (Arion) быў добра вядомы не толькі на востраве Лесбасе, дзе нарадзіўся. Ён шмат падарожнічаў і паўсюль выклікаў захапленне сваім талентам. Аднойчы Арыён вяртаўся на караблі ў Карынф з багатымі скарбамі і, як заўсёды, быў упэўнены: багі, яго апекуны, ніколі не дазволяць яго пакрыўдзіць. Але маракі задумалі загубіць Арыёна, а здабычу падзяліць паміж сабой.

— Выбірай, — прапанавалі яны паэту. — Можаш забіць сябе сам, і мы абяцаем пахаваць тваё цела, як толькі выйдзем на бераг. А калі не, — зараз жа кідайся ў мора.

— Што ж, — сказаў Арыён, — відаць, такі ў мяне лёс. Толькі перш чым скончыць самагубствам, дазвольце праспяваць маю апошнюю песню.

Павесялелі рабаўнікі: пяройдуць да іх скарбы Арыёна, ды яшчэ пачуюць яны боскі голас спевака! І адышлі на сярэдзіну карабля, каб размясціцца ўтульней. Арыён апрануўся ў святочнае адзенне, выйшаў на карму, выканаў урачысты гімн і... кінуўся ў
марскія хвалі. Але цуд! У той самы момант з'явіўся побач з ім дэльфін, узяў паэта на спіну і даставіў на бераг.

Тыя, хто распавядаў і слухаў пра Арыёна, не сумняваліся, што аблічча дэльфіна прыняў сам Апалон. Арыён — легендарная постаць паэта, з твораў якога да нас нічога не дайшло. Мы лепш ведаем другога славутага паэта VI ст. да н. Х. — Івіка, які паходзіў са знатнага роду, але прамяняў багацце на неспакойнае жыццё паэта-вандроўніка. Івіку хацелася як мага больш пабачыць і зведаць, каб расказаць пра ўсё гэта ў сваіх гімнах. На яго таксама па дарозе ў Карынф напалі рабаўнікі. Паэт быў забіты, а сведкамі злачынства з'явілася толькі чарада жураўлёў у высокім небе. Упэўненыя ў сваёй беспакаранасці забойцы прыйшлі ў Карынф, пачалі весяліцца на свяце. Але хіба можна схавацца ад справядлівага гневу багоў?! І калі аднойчы над горадам праплывала чарада серабрыстых птушак, адзін са злачынцаў ускрыкнуў: "Глядзіце, гэта ж Івікавы жураўлі!" Людзі ўсё зразумелі — і паэт быў адпомшчаны. На падставе гэтай антычнай легенды Ф. Шылер напісаў сваю вядомую баладу.

А сярод міфічных спевакоў-паэтаў самы знакаміты, вядома, Арфей. Родам з Фракіі, ён быў сынам музы Каліопы і рачнога бога Эагра, а ў адным з міфалагічных варыянтаў — самога Апалона. Дзівосны голас Арфея, яго чароўная ігра на ліры былі цудам. Каб паслухаць музыку, з глыбіні мора выплывалі рыбы і хуткія дэльфіны; дрэвы схілялі кроны, рэчкі спынялі цячэнне, а дзікія звяры станавіліся ручнымі, ласціліся да ног спевака. Вобраз Арфея з'явіўся ўвасабленнем чалавечага захаплення мастацтвам, увасабленнем магутнасці спеваў, а таксама кахання. Вельмі папулярным у антычнасці быў міф пра Арфея і Эўрыдыку.

Арфей і Эўрыдыка

Арфей — паэт, і сваім словам

Умее свет заваражыць.

Спяваць на ліры азначае б ы ц ь,

Зноў нарадзіцца ў слове новым,

Жывым заўсёды, адмысловым.

М. Сяднёў ("Арфей")

Жыў Арфей шчасліва са сваёй любай жонкай прыгажуняй Эўрыдыкай, але шчасце іх было нядоўгім. Аднойчы гуляла Эўрыдыка з сяброўкамі-німфамі ў зялёнай даліне, збірала кветкі, як раптам выпаўзла з густой травы змяя і ўкусіла яе. Памерла Эўрыдыка.

Ніяк не мог змірыцца з такой стратай Арфей, не мог суцешыцца. Блукаў гаротна адзін па лясах, у жалобных песнях выказваў свой смутак. Разам з ім аплаквала Эўрыдыку ўся прырода. І адважыўся музыка на неверагоднае — спусціцца за жонкай у падземнае царства мёртвых. Але як туды трапіць? Няма для жывых дарогі ні ў Аід, ні з яго. Узяў Арфей ліру і пайшоў шукаць уваход у краіну ценяў... Нарэшце, праз глыбокую пячору Тэнара ён дайшоў да берага ракі Стыкс, за якой пачыналася змрочнае жытло памерлых. Але дзе перавозчык Харон са сваёй лодкай? Азірнуўся Арфей і ўбачыў цені нябожчыкаў, якія таксама чакалі пераправы. Моўчкі прычаліў Харон да берага, селі ў лодку цені, а калі зрабіў крок Арфей, то натыкнуўся на вясло, пастаўленае поперак, і пачуў: "Тут не месца жывым. Калі прыйдзе твой час, тады і з'явішся. А зараз вяртайся назад".

Ударыў Арфей па струнах залатой ліры, і загучала песня над краінай вечнага маўчання... Апусціў Харон вясло, абаперся на яго, прыслухаўся: ніколі не чуў ён нічога чароўней за гэтыя гукі. А Арфей, не спыняючы спеваў, падняўся ў лодку. І праз некаторы час апынуўся на другім беразе. Смела накіраваўся ён да ўладара падземнага царства Аіда. Пачуўшы цудоўную музыку, замёр пачварны трохгаловы сабака Кербер (Цэрбер), які вартаваў выхад. Прывідныя цені нябожчыкаў акружылі Арфея, але пад гукі яго ліры выпусцілі з рук кубкі, якімі чэрпалі ваду з ракі забыцця Леты, і пачалі ўспамінаць сваё ранейшае жыццё... І вось перад Арфеем залаты трон грознага Аіда. Побач з ім жонка ўладара прыгожая Персефона, а за спіной — бог смерці Танат, у чорным плашчы, з вялізнымі чорнымі крыламі.

— Што табе патрэбна, прышэлец? — сурова запытаў Аід.

Зноў крануў струны Арфей і заспяваў лепшую са сваіх песень — пра сваё шчаслівае каханне да Эўрыдыкі, пра горкую смерць любай... Песня была такая сумная і такая натхнёная, што расчуліла ўвесь падземны свет. Заплакалі багіні помсты бязлітасныя Эрыніі, залілася слязьмі багіня прывідаў Геката, спыніў бясконцую, цяжкую працу Сісіф, забыўся пра няўтольныя смагу і голад Тантал, не напаўнялі сваю бяздонную пасудзіну Данаіды. Навярнуліся слёзы на вочы Персефоны. І нават сам Аід апусціў галаву...

Калі скончыў Арфей, яшчэ доўга панавала маўчанне.

— Я прыйшоў, — звярнуўся спявак да ўладара падзем'я, — дзеля маёй каханай жонкі Эўрыдыкі. Танат выкраў яе ў мяне на пачатку нашага шчасця. Магутны сярод багоў! Ты ведаеш, што ўсе мы прыйдзем сюды, і мая любая вернецца пад тваю ўладу, а разам з ёй і я. Прашу цябе, адпусці Эўрыдыку на зямлю, дай ёй яшчэ раз паслухаць спевы птушак, убачыць сонца, кветкі, дазволь які час зноў кахаць.

— Вялікая багіня, — казаў Арфей Персефоне, — ты ведаеш асалоду зямнога жыцця і ведаеш, як цяжка расстацца з блізкім чалавекам. Дапамажы нам!

— Добра, спявак! — адазваўся Аід. — Няхай будзе так, як ты просіш! Я вярну табе Эўрыдыку. Вядзі яе ў верхні свет. Яна пойдзе за табой, а ты за Гермесам. Але памятай: не азірайся назад, не спрабуй паглядзець на яе. Азірнешся — страціш Эўрыдыку навекі.

— Усё, што загадаеш! — усклікнуў Арфей.

Тым часам Гермес прывёў да яго жонку. Узрадаваны Арфей хацеў абняць яе, але Гермес спыніў спевака, папярэдзіў:

— Арфей, ты абдымеш толькі цень Эўрыдыкі. Паспяшайся: нялёгкі наш шлях.

Шчаслівы Арфей шпарка пайшоў услед за Гермесам, нячутны цень рухаўся ззаду. Яны мінулі царства Аіда, моўчкі пераправіліся ў лодцы Харона, і ў рэшце рэшт наперадзе пачало святлець. Значыць, ужо недалёка быў выхад на зямлю. Доўга ўзбіраўся Арфей наверх па крутой сцежцы, заваленай каменнем. Вакол была цемра, і раптам праз шчыліну гор, якія акружалі Аідаву прорву, пачалі пранікаць промні сонечнага бога Геліяса. Яшчэ некалькі крокаў — і Эўрыдыка будзе выратавана! Але... ці йдзе яна за імі? Можа, адстала? Засталася ў царстве смерці?

Ад адной гэтай думкі закалацілася сэрца, ахапіў Арфея жах. Ён прыслухаўся... але цені ступаюць бязгучна. Ашалеўшы ад страху, што зноў страціў Эўрыдыку, Арфей азірнуўся, і ў той самы момант постаць пачала раставаць, і вобраз Эўрыдыкі з выразам смутку, жалю і незямнога кахання на бледным твары назаўсёды знік у цемры Аіда.

Не ўдалося Арфею зноў пранікнуць у царства Аіда: на гэты раз Харон быў няўмольны... Што ж загубіла спевака? Яго цікаўнасць? Ці недавер да ўласнага шчасця? Хутчэй за ўсё прычыны не ў героі, а ў тых непазбежных законах, якія сцвярджаліся багамі і не дапускалі ніякіх выключэнняў. Імкненне міфалагічных герояў парушыць спрадвечную раўнавагу сіл смерці і бессмяротнага свету ніколі не мела поспеху. Мы ж ведаем, што здарылася з Асклепіем, які спрабаваў уваскрасаць людзей. Згодна з паданнем, Арфей загінуў ад рук фракійскіх вакханак — паклонніц і спадарожніц бога віна Вакха (Дыяніса). Яны ўзненавідзелі Арфея за тое, што спявак, верны свайму вялікаму каханню, пазбягаў жанчын і не прымаў удзелу ў раз-гульных вакхічных святах. Мажлівая прычына смерці Арфея — і гнеў Дыяніса за тое, што музыкант, стаўшы жрацом Апалона, зняважыў культ Дыяніса. Вакханкі разадралі Арфея і раскідалі па кавалках яго цела...


Разам з тым арфічнае веравучэнне, заснавальнікам якога лічыўся міфічны Арфей, — далучылася менавіта да культу Дыяніса (ці адкалолася, магчыма, у VI ст. да н. Х. ад Дыянісій-скіх містэрый). Арфічную рэлігію называюць містычным мона-тэізмам: ідэя адзінабожжа ў ёй набыла таямнічасць; містэрыі, у якіх удзельнічалі яе прыхільнікі, мелі скрыты містычны сэнс. Галоўным зместам арфічнай тэалогіі былі казанні пра Дыяніса, яго пакуты, забойства тытанамі і адраджэнне. Згодна з арфічным вучэннем, кожны чалавек мае ў сабе дабро (ад Дыяніса) і зло (ад тытанаў). Мэта — вызваліцца ад зла, г. зн. ад цела, бо толькі душа ў чалавека дыянісійская. Трэба падпарадкаваць цела, каб выратаваць душу ад цялесных кайданоў. Місты (пасвячоныя) не елі мяса, яек, бабоў. Падчас містэрый адбываліся цырымоніі ачышчэння, пасвячэння і іншыя сімвалічныя рытуалы. Па арфічнаму вучэнню, душу пасля смерці чалавека чакаў пад зямлёй суд. Ачышчаная душа вярталася на зямлю і ўсялялася ў новае цела, каб заслужыць дараванне за грахі папярэдняга жыцця. Такім чынам, яна пастаянна адраджалася і памірала. Арфічныя жрацы, падобна вандроўным музыкам, хадзілі па вуліцах і дамах, прапаведавалі сваё вучэнне. Пасвячоным у іх містэрыі абяцалася пасля смерці шчаслівае жыццё.
...Смерць Арфея аплаквалі птушкі, звяры, лясы, дрэвы. Кавалкі яго цела сабралі і пахавалі Музы, а галава даплыла па рацэ Гебр да вострава Лесбас, дзе яе прыняў Апалон. Цень Арфея спусціўся ў царства Аіда, сустрэўся з ценем жонкі, і з таго часу Арфей і Эўрыдыка ўжо ніколі не разлучаліся.

Міфолаг Р. Грэйвс лічыў, што смерць Эўрыдыкі і няўдача Арфея з яе вяртаннем у свет Сонца — гэта позні матыў у міфах пра Арфея. Цікавую думку выказваў даследчык першабытнай культуры Э. Тайлар: Арфей, які спускаўся ў Аід па Эўрыдыку, — гэта само Сонца, што заходзіць і зноў выходзіць з падзем'я. Трэба адзначыць, што міфалагічны сюжэт пра Арфея аб'яднаў некалькі старажытных матываў: чароўнае ўздзеянне музыкі (пра гэта і ў міфе аб Амфіёне), спуск у Аід (як у міфах пра Геракла, Тэсея, Адысея), смерць Арфея ад таго, што быў раздзёрты вакханкамі (Дыяніс-Загрэй — тытанамі).

Немагчымасць асабістага бяссмерця героя кампенсавалася ў міфах неўміручасцю яго подзвіга і славай сярод нашчадкаў. Хіба можна казаць, што Арфей памёр? Яго імя натхняла пакаленні мастакоў. Карціны на сюжэт "Арфей і Эўрыдыка" напісалі П. П. Рубенс, Н. Пусэн, К. Каро, А. Фейербах; скульптуру "Арфей" стварыў А. Радэн. З тае пары, як у Еўропе на мяжы ХVI— XVII ст. з'явілася опера, і да нашых часоў міф аб Арфеі — яе ўпадабаны сюжэт ("Арфей" К. Мантэвердзі, "Арфей і Эўрыдыка" К. В. Глюка, сімфанічная паэма "Арфей" Ф. Ліста, класічная аперэта Ж. Афенбаха "Арфей у пекле", музыка да балета "Арфей" І. Стравінскага).

Вобраз Арфея, які стаў увасабленнем паэзіі і кахання, хвалюе пісьменнікаў XX ст. (Р. М. Рыльке, Ж. Както, Ж. Ануй, О. Мандэльштам, М. Цвятаева і інш.). Не перастаюць звяртацца да яго і беларускія аўтары. Матыў знаходжання Арфея ў Аідзе выкарыстоўваецца Л. Рублеўскай і У. Арловым у аспекце універ-сальнага, агульначалавечага зместу, які заключаны ў міфе (Руб-леўская не называе герояў, імкнучыся да мастацка-філасофскага абагульнення тэмы). Паэты сцвярджаюць думку аб велічы кахання ў яго любых праявах — у радасцях і ў пакутах.

У каханні часцей, чым на сцэне,

можа велічным быць чалавек.



Л.Рублеўская ("Арфей")

Арлоў у сваім вершы-версэце быццам апраўдвае Арфея, які азірнуўся:

Той, хто кахае, напэўна, мяне зразумее.

("Арфей")

Аповесць Ю. Станкевіча "Анёлы на бальшаку" — з героямі і праблемамі нашага сучаснага жыцця — можна назваць сучасным парафразам вядомага міфа. Нават імёны герояў — Арсень і Эрыка — сугучныя міфалагічным.

Для М. Сяднёва Арфей — паэт-творца, які сваім словам не толькі заварожвае, але і стварае новую эстэтычную рэальнасць, заўсёды жывую, заўсёды адмысловую, які ўвасабляе зліццё паэзіі з рэальнасцю. Цікавым і арыгінальным у вершы Сяднёва з'яўляецца спосаб рэцэпцыі міфа: ён дапісваецца. Звернем увагу на апошні радок верша.

І слухаюць яго абшары,

святлеюць, як ад нейкіх чараў.

Такое музыкі яшчэ не чулі

загоны нашыя ў журбе вялікай.

Прыйшоў да іх з душою чулай

пясняр Арфей — Сымон Музыка.

Вялікі Арфей — гэта наш Сымон-музыка, герой паэмы Я. Коласа. Традыцыйны змест міфа аб геніяльным Арфеі, які сваім мастацтвам уплываў на ўсю навакольную прыроду, напаўняецца новым прасторавым і часавым, а таксама эстэтычным сэнсам, звязаным з нашым краем, з нашай беларускай паэзіяй, з нашым фальклорам. Падобна антычнаму герою, Сымон адчувае прыроду, яе душу, яе музыку. Па-майстэрску выказаў М. Сяднёў думку аб арфічнасці беларускай паэзіі. І наогул, усё часцей апошнім часам вобраз Арфея "прачытваецца" як сімвал Культуры, і ў гэтым сэнсе ён проціпастаўляецца сімвалу Цывілізацыі — Праметэю.

У "Баладзе пра сыноў Пітакоса" У. Караткевіча акцэн-туецца думка аб мастацтве Арфея як сапраўдным, чыстым, незаангажаваным мастацтве. Арфею як сімвалу Паэта, увасобіўшага боскую гармонію і прыгажосць, супрацьстаіць "сын Пітакоса". Ён украў Арфееву ліру, бо хацеў стаць "прарокам і богам", спадзяваўся, што

...тыгры абліжуць ногі,

І схіліцца свет да ног.

Нібы перад ангельскім клірам,

Галовы схіляць звяры...

Скончыў "сын Пітакоса" трагічна: яго з'елі тыгры. І здарылася гэта не толькі таму, што герой не зразумеў крыніцы мастацтва. Свет высокіх пачуццяў не адкрываецца перад тымі, чыё сэрца здольна толькі на зайздрасць, на імкненне ўзвысіцца над іншымі. Толькі лепшае, шчырае, спагадлівае можа ўразіць нават закасцянелыя душы.

Сапраўднае, народжанае трапяткой, пакутлівай душой Майстра, не зблытаць з хлуснёй, падробкай. І ва ўсе часы "нашчадкі Арфея" ствараюць мастацтва, а "нашчадкі Пітакоса" імкнуцца заглушыць яго парасткі, пераўзыйсці Майстра шляхам брудных учынкаў. Аўтар балады — з "нашчадкаў Арфея" і мае маральнае права сказаць сваім мізэрным апанентам, думаючым, што ўсё, і паэтычную славу таксама, можна купіць:

А дзе ж вы купіце сонца,

Што ўсё-ткі належыць нам?

А хто вам падорыць, цвярозым,

Лобныя мукі начэй,

А дзе вы купіце слёзы

З Цэрберавых вачэй?

Матыў супрацьстаўлення творчых асоб існаваў і ў грэчаскай міфалогіі. Зямляк Арфея таленавіты спявак Тамір быў ганарлівым, фанабэрыстым і сваё асабістае майстэрства паставіў вышэй за натхненне, якім надзяляюць смяротных багі.



1   2   3   4   5   6   7   8   9   10   11


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка