Багiі аліiмпа




старонка4/11
Дата канвертавання14.03.2016
Памер1.76 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8   9   10   11
Нараджэнне Апалона

З краіны ў краіну бегла цяжарная тытаніда Лета (у рымскай міфалогіі Латона). Нідзе не магла яна знайсці прытулку, каб нарадзіць дзяцей Зеўса. Гэтак помсціла сваёй саперніцы раўнівая жонка Зеўса Гера. Яна ўгаварыла зямлю Гею не даваць няшчаснай ніякага прыстанку. Так і блукала тая без сну, пакутуючы ад смагі, бо ніводная крыніца не хацела напаіць яе, баючыся гневу Геры. У рэшце рэшт дабралася Лета да маленькага камяністага астраўка Дэлас. Гэта Зеўс паклапаціўся аб ёй, і па яго просьбе Пасейдон падняў з марской глыбіні востраў. Ён плаваў па моры і таму не быў падуладны Геі.

— Дэлас, — звярнулася да яго Лета. — Цябе гоняць марскія хвалі, а мяне — гнеў Геры. Злітуйся, дай мне прытулак — і паспрыяеш таму, хто абароніць сваю маці і прынясе табе такую славу, якой не ведаў ніводзін з астравоў.

Прыемна было пачуць такое Дэласу, бо ніхто не цікавіўся ім, толькі марскія чайкі прыляталі на яго аголеныя скалы і наво-дзілі смутак сваім маркотным крыкам. Але засумняваўся востраў:

— Калі твой сын будзе магутным і слаўным, ён можа пагрэбаваць мною і знайсці сабе іншую, багатую расліннасцю радзіму. А можа, кіне мяне ў глыбіню марскіх хваляў?!

Але Лета паклялася:

— Няхай мяне пачуе неба, зямля, воды свяшчэннай ракі Стыкс, што тут, на Дэласе, будзе ўзведзены алтар і людзі з іншых астравоў будуць цябе ўсхваляць.

Прычаліў астравок да мацерыка і забраў вандроўніцу... Нарадзіла Лета на Дэласе блізнят Апалона і Артэміду, дзяцей усемагутнага Зеўса. Побач з ёй знаходзіліся ўсе багіні, акрамя Геры. З рук самай справядлівай — Феміды — маленькі Апалон прыняў салодкую страву багоў амброзію. І адразу адчуў сябе моцным, адкінуў пялюшкі, падняўся і весела сказаў:

— Няхай мне прынясуць мой выгнуты лук і мілую ліру. І яшчэ... Я буду прарочыць, перадаваць нязменную волю Зеўса.

Калі ступіў Апалон на зямлю Дэласа, то астравок пакрыўся травамі і кветкамі, заззяў, быццам залаты. Узрадавалася ўся прырода.

Гэтае міфалагічнае паданне сведчыць аб тым, што з дапамогай міфаў грэкі тлумачылі паходжанне розных звычаяў, якія прыйшлі з глыбокай старажытнасці. Так, востраў Дэлас сапраўды лічыўся ў іх свяшчэннай зямлёй. Яго нельга было апаганьваць смерцю, і таму паміраючых пераносілі на бліжэйшы востраў Рэнію. Штогод з Афінаў на Дэлас прыбываў упрыгожаны гірляндамі карабель з паломнікамі. Згодна з паданнем, гэта быў той самы карабель, на якім у свой час афінскі герой Тэсей адправіўся на Крыт разам з юнакамі. Іх пасылалі ў ахвяру жудаснаму быку Мінатаўру. Афіняне далі зарок Апалону, што

калі бог іх выратуе, то кожны год будзе здзяйсняцца паломніцтва на востраў, прысвечаны яму.

З таго моманту, як жрэц Апалона асвячаў гатовы адплыць на Дэлас чарговы карабель, і да яго вяртання ў Афінах забаранялася выконваць смяротныя прысуды. Калі не было спадарожнага ветру, падарожжа зацягвалася. Філосаф Сакрат, асуджаны артадоксамі на смяротнае пакаранне, чакаў 30 дзён. Ён пераканаў верных вучняў у немагчымасці сваіх уцёкаў, бо не хацеў адказваць несправядлівасцю на несправядлівасць і сваім прыкладам падрываць законы горада. "Сумленна жыў, сумленна і памру", — разважаў мудрэц і на пытанне, як яго пахаваць, з усмешкай адказаў: "Пахавайце, калі дагоніце". І меў рацыю, бо застаўся навечна бессмяротным.

На востраве Дэлас ужо ў старажытнасці збіраліся на спаборніцтвы песняры, і, паводле падання, сам Гамер вучыў дэласкіх дзяўчат пеану — гімну ў гонар Апалона.

Жыхары Дэласа распавядалі, што іх плаваючы востраў стаў устойлівым і нерухомым пасля з'яўлення на ім Апалона, і паказвалі пальму, якую абхапіла Лета рукамі падчас нараджэння сына. Пасвячоная Апалону жывёла — воўк, бо міфы распавядалі і пра тое, што цяжарная Лета блукала ў вобразе ваўчыцы.

Дэльфійскі аракул

Хоць асцерагаўся я, прызнацца,

Стрэцца з Піфіяй, ды, у яе краі

Будучы, асмеліўся спытацца:

Што мяне наперадзе чакае?

М. Танк

Помслівая Гера прыдумвала, чым яшчэ дапячы саперніцы, і паслала на яе пачварнага сына Зямлі змея Піфона. Вымушана была маці Апалона і Артэміды разам з дзецьмі ратавацца ўцёкамі. Але хутка юны Апалон расправіўся з Піфонам, хоць той быў не слабей за самога Зеўса. Залатыя стрэлы, пушчаныя Апалонам у вогненную пашчу Піфона, забілі страшэнную пачвару, і срэбралукі бог упершыню выканаў урачысты пераможны пеан аб тым, што тут, на схіле Парнаса, у самым цэнтры зямлі, будзе ўзвышацца храм. У ім будуць прыносіць ахвяры Апалону і даведвацца пра свой лёс у жрыцы Піфіі. А там, дзе стлеюць косці Піфона, будуць спаборнічаць у хуткасці і дужасці юнакі падчас Піфійскіх гульняў.

Не паспеў бог вымавіць апошнія словы прароцтва, як з'явіўся перад ім у паветры храм. Ён быў з пер'я і пуха лебедзяў, якія абплывалі Дэлас у час нараджэння Апалона. Лёгкі, як пух, храм апусціўся на зямлю і ператварыўся ў мармуровы. Ён цудоўна зіхацеў на сонцы, але быў пусты... Тады ператварыўся Апалон у дэльфіна і ў гэтым абліччы прывабіў крыцкі карабель. Маракі сышлі на бераг, убачылі бога, які іграў на ліры, і пайшлі за ім, зачараваныя дзівоснымі гукамі. А калі азірнуліся, заліў быў пусты: карабель знік.

— Прыміце ад мяне, бога Апалона, падарунак, лепшы за ваш карабель, — сказаў ім бог і паказаў на храм. — Вы будзеце жрацамі гэтага Дэльфійскага храма, а значыць, маімі жрацамі, і такімі шчаслівымі і багатымі, што пазайздросцяць вам нават цары.

Прароцтвы Апалона заўсёды здзяйсняліся. Важнай падзеяй культурнага жыцця грэкаў сталі Піфійскія гульні. У глыбокай старажытнасці гэта былі музычныя спаборніцтвы, да якіх у VI ст. да н. Х. былі далучаны атлетычныя і конныя. Піфійскія гульні праводзіліся ў гонар Апалона на раўніне ля падножжа Парнаса, дзе ён забіў Піфона і ўсталяваў сваё свяцілішча. Яны адбываліся летам у кожны трэці год алімпіяды і па сваёй значнасці саступалі толькі Алімпійскім гульням.

Апалон быў богам сонца і зваўся Фебам, што азначае "прамяністы". Падобна таму, як сонца раскідвае свае промні, асвятляе шлях і бачыць усё, што адбывалася і адбудзецца, прадбачыў будучае Апалон-Феб і прадказваў яго людзям. Дэльфы сталі агульнагрэчаскім рэлігійным цэнтрам, упадабаным месцам элінаў, бо самай каштоўнай праявай боскай міласці яны лічылі прароцтвы аракулаў. Аракуламі называліся месцы, дзе адбываліся прароцтвы; так звалі і жрацоў, якія гаварылі ад імя бога, а таксама самі прароцтвы. Выява бога было яго ўвасабленнем, а храм — жытлом. Жрацы выбіраліся на народным сходзе і займа-ліся толькі выкананнем абрадаў. Дэльфійскі аракул быў самым славутым і аўтарытэтным у антычным свеце. Да яго звярталіся не толькі грэкі, і таму сцякаліся ў Дэльфы скарбы з усяго свету. Кожны нёс падарунак за прадказанне і параду бога.

Да храма падыходзілі дарогай, якая з цягам часу аздобілася мноствам малых храмікаў і статуй. Боскую волю прамаўляла жрыца Піфія. Яна малілася (падчас малітвы грэкі выпростваліся і паднімалі ўгору распасцёртыя рукі, а калі звярталіся да падземных багоў, то падалі на калені і стукалі далонямі аб зямлю). Пасля малітвы і амавенняў Піфія ішла ў самае святое месца храма і ўзбіралася на прыгожы разны трыножнік. Апранутая ў доўгае адзенне, з распушчанымі валасамі яна жавала лаўровае лісце і ўдыхала выпарэнні зямлі — міязмы ад распаду цела Піфона (хутчэй за ўсё, паліліся спецыяльныя курэнні, якія ахутвалі жрыцу воблакам дыму). Такім чынам Піфія даводзіла сябе да адурманенага стану і ў экстазе выкрыквала бязладныя словы. Лічылася, што іх намаўляла ёй таямнічая божая сіла. Жрацы дадавалі свае словы, складалі цэлыя фразы, часцей у вершаванай форме (гекзаметрамі, а ў больш познія часы таксама элегічным памерам альбо ямбічнымі трыметрамі) і, зразумела, двухсэнсоўнага сімвалічнага зместу. Мудрыя пранікалі ў сэнс гэтых прароцтваў, а тыя, каго спасцігала няўдача, крыўдавалі на сябе, бо не здолелі іх правільна зразумець. Апалон — Локсій, г. зн. "той, хто гаворыць загадкамі".

Да Дэльфійскага аракула звярталіся не толькі прыватныя асобы, як, напрыклад, бацькі, якія клапаціліся аб дзецях, ці купцы, што адпраўляліся ў далёкае плаванне. Сюды прыбывалі дэлегацыі ад грэчаскіх і іншых гарадоў і дзяржаў за парадамі напярэдадні вайны ці падчас розных бедстваў (землятрус, эпідэмія, сухмень...). Грамадзяне Афінаў двойчы хацелі даведац-ца ад аракула, як выратаваць свой горад ад нашэсця персаў. Пасля несуцяшальнага першага прароцтва яны атрымалі новае, згодна з якім "драўляная цвярдыня" абароніць Афіны. Афінскі дзяржаўны дзеяч Фемістокл зразумеў, што гэта ваенныя караблі, і, значна ўзмацніўшы свой ваенны флот, атрымаў рашаючую перамогу над персамі ў бітве пры Саламіне. А лідзійскаму цару Крэзу Піфія прадказала: "Калі ты пяройдзеш раку Галіс, то разбурыш царства". Усцешаны Крэз перайшоў Галіс і сапраўды разбурыў царства, толькі... сваё, а не персаў. Карысталіся паслугамі Дэльфійскага аракула і рымляне. Цікава, што імператару Нерону жрацы сказалі пра небяспечны для яго 73-гадовы ўзрост. Нерон быў упэўнены, што пражыве менавіта столькі, а на самой справе скончыў жыццё ў 31 год, праўда, змяніў яго на троне 73-гадовы імператар Гальба.



Пуп зямлі

Сярод розных святынь Дэльфійскага храма знаходзіўся камень. Ім ганарыліся эліны. Яго ахоўвалі два залатыя арлы. Гэта быў "пуп зямлі". Ён даказваў, што цэнтр зямлі — у Грэцыі. (І сёння грэкі паказваюць гэты вялікі камень з арнаментам — амфалас). Паводле старажытнага ўяўлення, Зямля нагадвала форму шчыта і, падобна невялікаму ўзвышэнню ў цэнтры шчыта, таксама мела сярэдзінны ўзгорак. Каб вызначыць, дзе ён, Зеўс выпусціў з усходу і захаду двух арлоў. Доўга ляцелі арлы над рознымі краінамі і сустрэліся ў паветры менавіта ў тым месцы, якое было аднолькава далёка ад абодвух краёў Зямлі — Каўказ-скіх гор і Геркулесавых слупоў. Сустрэліся яны над Дэльфамі.

Грэкі добра ведалі мудрыя думкі, якія былі высечаны на Дэльфійскім храме: "Пазнай самога сябе", "Стрымлівай гнеў", "Назірай канец жыцця", "Горшых заўсёды большасць", "Нічога залішняга", "Самае лепшае — мера". А міфы былі скарбніцай гэтай мудрасці. Некаторыя з іх распавядалі, як багі помсцілі смяротным за ганарыстасць, славалюбства, за непашану да алімпійцаў. І нярэдка ў ролі караючага бога выступаў Апалон. У такіх міфах адлюстроўваліся архаічныя ўяўленні аб Апалоне як жорсткім і згубным божышчы: ён насылаў мор на людзей і на цэлыя народы; яго залатыя стрэлы не ведалі літасці і забівалі імгненна. Таму пра чалавека, які паміраў заўчасна, казалі: "Яго паразіла страла Апалона".

Ніоба

Здавалася, самі багі клапаціліся аб жонцы фіванскага цара Ніобе (Ніабее). Яна нарадзіла сем магутных сыноў і сем красунь-дачок, а прыгажосць самой царыцы рабіла яе падобнай на багіню. Але шчаслівая Ніоба была, як і яе бацька Тантал, высакамернай і пыхлівай... Аднойчы па закліку прарочыцы народ пачаў ствараць на вуліцах Фіваў алтары і спраўляць свята ў гонар боскіх блізнят Апалона і Артэміды, а таксама іх маці Латоны. І тут з'явілася Ніоба ў суправаджэнні прыбліжаных, у раскошным убранні, якое зіхацела золатам, і злосна закрычала:

— Вы страцілі розум? Ці варта ўшаноўваць алтарамі нейкую маці двух нікчэмных блізнят? Лепш успомнілі б пра мяне: мой бацька быў любімцам багоў, і сам Зеўс мне дзед і свёкар, у той час як Латона — проста тытаніда! Гэта ж у мяне, а не ў яе рас-туць сем храбрых сыноў і сем цудоўных дачок... А ёй, цяжарнай, было адмоўлена ў прытулку ўсімі — і Зямлёй, і Небам, і Вадой.

Выпаліўшы гэтыя словы, Ніоба торкнула сваім царскім посахам бліжэйшы алтар і абярнула яго... Моўчкі стаялі напалоханыя людзі. Яны баяліся гневу царыцы, але яшчэ больш іх страшыў боскі гнеў. І раптам усе пачулі спачатку ціхі, а затым гучнейшы і ў рэшце рэшт страшэнны плач. Ён даносіўся з боку палестры, дзе сыны Ніобы займаліся бегам і барацьбой... А потым пачалі прыносіць іх саміх аднаго за адным, ад старэйшага да самага малодшага, зусім хлапчука... І з сэрца кожнага тырчала залатая страла.

— Гэта Апалон загубіў іх, — пранеслася па натоўпе, людзі вярталіся да алтароў, каб прадоўжыць рытуалы, якія спыніла Ніоба. Яна не пярэчыла... бо нічога не магла вымавіць. Апусціўшы галаву, ледзьве рухалася за тымі, хто нёс яе бездыханных дзяцей... Але гора не змякчыла сэрца пагардлівай царыцы. Яна апрытомнела пры словах нейкай жанчыны: "Гэта не Апалон, а маці забіла іх сваёй ганарыстасцю". Няшчасце і несправядлівасць надалі ёй смеласці.

— Радуйся, бязлітасная! — крыкнула Ніоба, падняўшы правую руку ў бок нябёсаў. — Ты перамагла мяне, саперніца!.. Але чаму перамагла?.. Не, я і зараз багацейшая за цябе дзецьмі. Пасля столькіх смярцей усё роўна перамагаю я!

Замоўкла Ніоба, замоўкліІ ўсе. Запанавала жудасная цішыня. Раптам пачуўся дзіўны свіст — і ўпала адна з дачок царыцы, трымаючыся рукой за стралу ў грудзях. За ёй — другая, трэцяя... Шэсць залатых стрэл зляцелі з цецівы лука Артэміды... Заставалася адна, малодшая дачка Ніобы, яшчэ зусім дзяўчынка. Яна кінулася да маці, каб тая ўкрыла яе. І тут ганарлівасць пакінула царыцу.

— О, злітуйся! — пачала яна маліць Латону. — Хоць адну, хоць гэтую, меншую, пакінь мне!

Але было позна: бліснула залатая страла і працяла яшчэ адно сэрца... Гора і жах агарнулі няшчасную Ніобу. Яна быццам скамянела. Смяротная бледнасць пакрыла яе твар, перастала біцца сэрца. Заходні вецер Зефір абхапіў яе сваімі магутнымі крыламі і занёс Ніобу ў Лідзію, на яе радзіму. Там, высока на гары Сіпіл стаіць яна дагэтуль белай каменнай статуяй, і слёзы тугі жывяць крыніцу, якая ліецца са скалы.

Апалон караў раптоўнай смерцю, і ён жа вылечваў, збаўляў ад хвароб, ад вар'яцтва. Пад псіхічным захворваннем эліны разумелі стан чалавека, калі ён адчуваў цяжар учыненага ім злачынства. Трэба было маліцца ля алтара Апалона, акунацца ў крыніцу побач з яго свяцілішчам у Дэльфах і рабіць гэта толькі з чыстым сэрцам. Асабліва паганіла чалавека праліццё роднаснай крыві, і паганіла не толькі вінаватага, але і кожнага, хто меў з ім зносіны. Усе цураліся забойцы. Апалон жа вучыў людзей, як ачысціцца, і ў гэтым сэнсе быў вельмі чалавечным богам, блізкім да смяротных. Лекарскую моц ён перадаў свайму сыну Асклепію (у рымскай міфалогіі — Эскулап).



Асклепій

Асклепій стаў у грэкаў богам лячэння. Апалон пакараў яго маці німфу Караніду за здраду. Калі страла працяла цяжарную Караніду, Апалон дастаў з яе цела дзіця і аддаў на выхаванне мудраму кентаўру Хірону, які сярод іншага займаўся медыцынай. Хірон адкрыў таямніцы і вылечваў хворых не толькі травамі, але і гукамі, музыкай. Калі Асклепій навучыўся лекарскаму майстэрству ў бацькі і свайго настаўніка, ён пачаў ратаваць людзей ад смерці і нават уваскрашаць памерлых. Зеўс і ўладар падземнага царства Гадэс вырашылі, што гэта вельмі небяспечна, бо парушаецца парадак, усталяваны багамі на зямлі, і Зеўс кінуў у Асклепія сваю маланку.

Гамер згадваў у "Іліядзе" лекараў Махаона і Падалірыя, якія цудоўна, толькі ім вядомымі сродкамі залечвалі раны грэчаскіх воінаў. Гэтыя лекары — сыны Асклепія, а дочкамі яго былі Гігіея (ад гэтага імя слова "гігіена") і Панакея (лац. "панацэя": гэтае слова ўжываецца ў сэнсе сродку ад усялякіх бедаў). Культ Асклепія распаўсюдзіўся па ўсёй Грэцыі і быў вельмі папулярны ў Эпідаўры. Там знаходзілася знакамітае свяцілішча, і да яго збіраліся з усіх мясцін Элады. Гэтае і іншыя свяцілішчы Асклепія (на паўднёвым схіле Акропаля ў Афінах, на в. Кос) знаходзіліся ў месцах, багатых карыснымі для здароўя крыніцамі, паветрам, лекавымі травамі. Жрацы гэтых свяцілішчаў былі таксама лекарамі. Яны рабілі хворым назначэнні: дыеты, ванны, ачышчэнні, а потым пасля ахвярапрынашэнняў, малітваў і іншых абрадаў пакідалі іх на ноч у храме. Асклепій перадаваў хворым сваю волю ў сне. Раніцай яны расказвалі сны жрацам, і тыя тлумачылі іх і вызначалі далейшае лячэнне. Той, хто папраўляўся, прыносіў у ахвяру Асклепію пеўня. Некато- рыя апісвалі сваю хваробу і сродкі вылячэння на табліцах, якія вывешвалі ў храме. Часам гэтыя табліцы давалі лекарам, напрыклад, Гіпакрату.

Уяўлялі Асклепія падобным да Зеўса — з посахам у руках, вакол якога абвівалася змяя ці дзве змяі. Гэтая жывёла была пасвячона Асклепію, а ў глыбокай старажытнасці яго самога ўяўлялі ў абліччы змея. Сярод розных тлумачэнняў "змяінай атрыбутыкі" і тое, што змяя скідвала скуру і адраджалася, як адраджалася ад лекаў цела хворага. У Грэцыі лекараў называлі асклепіядамі — нашчадкамі бога-збавіцеля, у Рыме — эскула-памі. У літаратуры "эскулап" ужываецца часцей за ўсё ў жартаў-лівым ці іранічным сэнсе.

Лаўры, якія не толькі ў антычную эпоху вянчалі паэтаў і пераможцаў, мелі міфалагічнае паходжанне: архаічнаму Апалону былі ўласцівы раслінныя функцыі. Ён — Дафній, а гэта значыць "лаўровы", "той, хто любіць лаўровае дрэва" Дафну (грэч. daphne — лаўр). Дачка рачнога бога Пенея німфа Дафна была першым каханнем залатакудрага бога, і каханнем няшчасным.

Дафна

Горды сваёй перамогай над змеем Піфонам, убачыў Апалон бога кахання Эрота. Той нацягнуў свой залаты лук.

— Навошта табе, малы свавольнік, зброя герояў? Яна больш пасуе да майго пляча. Я магу параніць дзікага звера ці ворага... Мае стрэлы забілі вялізнага Піфона. Каб распаліць полымя кахання, табе дастаткова мець паходню. Дык не спрачайся з маёй славай стралка!

Пакрыўдзіўся на Апалона сын Афрадыты і задумаў адпомсціць:

— Твая страла, Феб, цаляе ва ўсіх, а мая пацэліць... у цябе.

Сказаў гэта і ўзляцеў на сваіх залатых крылах на вяршыню Парнаса. Там Эрот вынуў з калчана дзве стралы. Адна з іх абуджала каханне, а другая знішчала яго. Першай стралой ён працяў сэрца Феба, другую пусціў у цудоўную німфу Дафну, якая жыла ў суседнім лесе.

Як толькі сустрэўся Апалон з Дафнай, адразу закахаўся ў яе. Але, пачуўшы яго пяшчотныя словы, пабегла тая прэч. Залатакудры бог паспяшаўся за ёй. Пачуццё ўсё расло ў яго грудзях: ён глядзеў на прыгожыя непрыбраныя валасы німфы, бачыў яе вочы, падобныя на зоркі, вусны, на якія нельга было налюбавацца, на паўаголеныя плечы, белыя рукі...

— Чаго ж ты ўцякаеш ад мяне, німфа? — крычаў Апа- лон, спрабуючы дагнаць яе. — Чаго баішся? Запытай, хто я, каму спадабалася ты. Я не дзікі пастух, не грабежнік. Я — Апалон, сын Зеўса!

Ён шмат чаго гаварыў, але Дафна на слухала. Яна бегла хутчэй за вецер, прадзіралася скрозь лясны гушчар, пера-скоквала цераз каменне і скалы... І падчас бегу станавілася яшчэ прыгажэйшай. Але хутка неслі крылы кахання і Апалона. Яшчэ імгненне — і дагоніць ён Дафну. Яна ўжо адчувае за спіной яго гарачае дыханне, сілы пакідаюць яе. Убачыла німфа хвалі Пенэя і пачала маліць:

— Бацька! Дапамажы дачцэ. Схавай мяне ці знішчы мой вобраз, змяні аблічча... Толькі б не дакрануўся ненавісны...

І тут адчула, як яе цела пачало нямець, пакрывацца карой, валасы ператварацца ў лісце, рукі выцягвацца ў галіны, ногі, як карані, прырастаць да зямлі. Яна ператварылася ў лаўровае дрэва. Дакранаецца Апалон да яго рукой і чуе яшчэ біццё сэрца. Абнімае галіны, цалуе дрэва, а яно адступае ад пацалункаў. І тады сказаў Апалон:

— Калі не магу зрабіць цябе жонкай, будзеш маім дрэвам.

З галінаў лаўра Апалон сплёў для сябе вянок, а лісцем аздобіў ліру.

Міфалагічны сюжэт пра Апалона і Дафну знайшоў багатае адлюстраванне ў мастацтве (карціна Н. Пусэна, скульптура Л. Берніні, опера Р. Штраўса). Трэба прызнаць, што каханне Апалона не прыносіла шчасця яго выбранніцам.



Касандра

Закахаўся срэбралукі бог у дачку Траянскага цара Прыяма сінявокую прыгажуню Касандру і для таго, каб яна адказала ўзаемнасцю, абяцаў навучыць майстэрству прароцтва. Касандра навучылася, але адвергла каханне свайго боскага настаўніка. Апалон ужо не мог адняць у дзяўчыны дар прадказання, таму адняў здольнасць пераконваць: што б ні прарочыла Касандра, ёй ніхто не верыў. Дарэмна гаварыла яна сваім суайчыннікам аб пагібелі Троі, калі вернецца на радзіму яе брат Парыс, аб небяспецы, якую таіў драўляны конь, пакінуты грэкамі. Шалёнай называлі Касандру, калі яна папярэджвала іх аб згубных намерах аргоскай царыцы Клітэмнестры. Загінуў ад рукі вераломнай Клітэмнестры яе муж герой Траянскай вайны Агамемнан, загінула прарочыца.

Мова Касандры заўсёды была цудоўнай, натхнёнай, паэтычнай, але ўспрымалі яе як незразумелае, сумбурнае трызненне, а Касандру — ледзь не вар'яткай. Нярэдка людзі, падобныя да Касандры, надзеленыя незвычайным розумам і дарам прадбачання, папярэджваюць аб тым, што можа адбыцца. Але іх не слухаюць, з іх смяюцца, іх закідваюць камянямі. Яшчэ ў лёсе мужнай Касандры адлюстравалася трагедыя жанчыны, жыццё якой у антычным грамадстве, нават у дэмакратычных Афінах, было вельмі нялёгкім.

Вобраз Касандры — адзін з самых трагічных у антычнасці, і, пачынаючы з "Арэстэі" Эсхіла, ён натхняў літаратараў і мастакоў усіх эпох на стварэнне трагедыі неразумення (карціны П. П. Рубенса, скульптура М. Клінгера, драма Лесі Украінкі).

"Талент Касандры" — так назвала свой верш Н. Загорская. Падобна міфалагічнай гераіні паэтка пакутуе за тое, што адбываецца, і за тое, што адбудзецца ў свеце, бо яна надзеленая незвычайнай здольнасцю прадбачання:

Болем чужым станаўлюся відушчая.

Талент Касандры мне лёс дараваў.

Лёс сапраўды выбірае, каго адорваць "талентам Касандры": выбірае сярод тых, хто не можа абыякава ставіцца да гора іншых людзей, да чужога болю. І баліць добрае, спагадлівае сэрца, "каменем важкім" кладзецца на яго "чорная вестка" аб чалавецтве, якое ніяк не пазбавіцца войнаў, аб трагедыі народа, перажыўшага Чарнобыль, аб будучым роднай прыроды:

Ходзіць нядоля доламі, пушчамі,

Падаюць дрэвы ў бяду напавал...

Каханне Апалона не прыносіла шчасця ні яму, ні жанчынам. Міфы распавядаюць і пра тое, як трагічна абрывалася жыццё сяброў золатавалосага бога.

Гіякінт

Сын спартанскага цара Амікла Гіякінт (лац. Гіяцынт) быў вельмі прыгожым юнаком, меў зграбную фігуру і быў падобны да алімпійскага бога. Срэбралукі Апалон часта з'яўляўся ў даліне Эўрота, каб бавіць час з Гіякінтам. Сябры палявалі на схілах гор у густалістых лясах, займаліся гімнастыкай, і ў спрыце Гіякінт амаль не ўступаў несмяротнаму Апалону: ён жа з дзяцінства трэніраваў сябе, як усе спартанцы.

Набліжаўся гарачы поўдзень, калі аднойчы Апалон і Гіякінт вырашылі заняць сябе кіданнем дыска. Яны ўмасцілі алеем свае гнуткія целы і падрыхтаваліся да спаборніцтва. Першым цяжкі медны дыск узяў алімпіец. Магутнай рукой ён кінуў снарад так высока, што той знік з вачэй. Толькі праз некаторы час дыск з'явіўся ў небе і, нібы зорка, пачаў падаць на зямлю. Да яго паспяшаўся Гіякінт: юнак жадаў хутчэй паказаць сваё майстэрства, кінуць не горш, а, можа, і лепш за свайго славутага сябра. І ў гэты момант дыск упаў на зямлю, але адскочыў ад удару і трапіў у галаву юнага атлета. Твар Гіякінта пакрыўся смяротнай бледнасцю, і ён са стогнам паваліўся на зямлю.

Ахоплены жахам падбег да Гіякінта Апалон, схіліўся над ім: пунсовая кроў лілася з раны няшчаснага. Што толькі ні рабіў Апалон, якія травы ні прыкладваў да раны, але ўсё аказалася дарэмным: кроў не спынялася. Паклаў несмяротны галаву сябра сабе на калені і, пакутуючы, глядзеў, як скрываўліваліся яго валасы, усё больш бляднеў твар, гаслі вочы. Быццам палявая кветка, сарваная ў спякотны дзень, што апускала лісце і хілілася да зямлі, паміраў Гіякінт. Бяссільна схілялася да зямлі яго галава.

— О, Зеўс! — усклікнуў у роспачы Апалон. — Чаму багі бываюць бездапаможныя! Памірае мой мілы сябар, а я бяссільны выратаваць яго. Памірае ад майго дыска! І чаму я — несмярот-ны, чаму не магу разам з ім сысці ў змрочнае царства ценяў!

Апалон абліваўся слязьмі, а душа Гіякінта адляцела ў падземны свет Аіда. Глядзіць алімпіец на сканаўшага юнака і ціха прамаўляе:

— Не, ты не можаш загінуць незваротна, мой Гіякінт. На гэтым свеце застанецца вечная памяць аб табе. Няхай яна жыве не толькі ў маім сэрцы, але і сярод людзей.

І ў тое самае імгненне з крыві Гіякінта вырасла лілейна-белая кветка, на пялёстках якой былі крывава-чырвоныя плямы.

Паводле другой версіі, прыгожаму Гіякінту вельмі сімпатызаваў заходні вецер Зефір. І хоць Зефір увасабляў цёплы вецер, з Гіякінтам ён абышоўся вельмі холадна: з рэўнасці накіраваў дыск Апалона ў галаву юнака.

Самая простая трактоўка гэтага міфа — заключаная ў ім спроба патлумачыць знакі на пунсовых пялёстках кветкі гія-цынта. Гэта нібыта накрэсленыя грэчаскія словы, якія азначаюць "гора, гора" — перадсмяротныя словы няшчаснага юнака.

Гіякінт быў фітаморфным (раслінным) боствам паміраючай і ажываючай прыроды. Яго імем называўся позні летні месяц Гіякінфій на Крыце, Родасе, Косе, у Спарце. Культ Гіякінта меў нягрэчаскае паходжанне і пазней быў выцеснены культам Апалона. Антычны гісторык Павсаній сведчыў, што ў мікенскім горадзе Аміклы (якому сваё імя даў бацька Гіякінта) Апалон усталяваў свята Гіякінфіі, і яно праходзіла як свята срэбралукага алімпійца. Паводле падання, падножжа статуі Апалона, які сядзеў на троне, уяўляла сабой ахвярнік, а ў ім быў пахаваны Гіякінт. Падчас святаў Гіякінфій у гэты ахвярнік пранікалі праз медныя дзверы і прыносілі ахвяры Гіякінту яшчэ да таго, як пачалі ахвяраваць у гонар Апалона.

Міф аб Гіякінце быў папулярны ў антычнасці. Яго сюжэт часта сустракаўся на вазах VI — V ст. да н. Х. і атрымаў паэтычную апрацоўку ў Авідзія. Звярталіся да гэтага міфа і ў новы час (карціны А. Карачы, Дж. Цьепала, А. Іванава). На тэму "Апалон і Гіякінт" была напісана першая опера В. А. Моцартам, калі маэстра меў 11 гадоў ад нараджэння.

Рысы расліннага дэманізму адлюстраваліся і ў міфіч- ным вобразе Кіпарыса.

1   2   3   4   5   6   7   8   9   10   11


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка