Багiі аліiмпа




старонка3/11
Дата канвертавання14.03.2016
Памер1.76 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8   9   10   11
Жаніцьба Пасейдона

Спачатку Пасейдону спадабалася срэбраногая Фетыда. Яна была старэйшая дачка Нерэя і прыгожа вадзіла карагоды са сваімі сёстрамі-нерэідамі. Марскі ўладар не захацеў адмаўляцца ад свайго кахання нават тады, калі пачуў, што сам Зеўс збіраецца сысціся з Фетыдай. Але даведаўся Пасейдон аб прароцтве, згодна з якім у яе народзіцца сын, дужэйшы за бацьку, і таму закахаўся ў сястру Фетыды сінявокую Амфітрыту. Ён убачыў німфу, калі тая гуляла з сяброўкамі ў марскіх хвалях ля вострава Наксас, залюбаваўся яе грацыёзнасцю і прыгажосцю і хацеў прызнацца ў каханні, а можа, і ўкрасці дзяўчыну, адвезці яе на сваёй калясніцы ў раскошны палац.

Толькі Амфітрыта не была ад гэтага ў захапленні. Напалоханая суровым выглядам Пасейдона, у якога былі ўскудлачаныя валасы, вільготная барада, а з-пад густых броваў злавесна бліскалі вочы, Амфітрыта знікла ў глыбіні мора. Яна схавалася ў адной з пячораў, папрасіўшы прытулак у Атланта, які пільнаваў уваход у Акіян.

Засмуткаваў Пасейдон, і тут да яго паслуг з'явіўся дэльфін — самы мудры з марскіх істот. Дэльфін паабяцаў дапамагчы. Ён сапраўды адшукаў Амфітрыту і, як добры сват, пачаў нахвальваць дзяўчыне Пасейдона-жаніха. Якія ў яго бязмежныя ўладанні. Якое незлічонае багацце. А які цудоўны палац: увесь зіхаціць жэмчугам, золатам, сапфірамі і караламі.

Уважліва слухала Амфітрыта дэльфіна, а праз некалькі дзён яна, як царыца мора, сядзела на ізумрудным троне побач са сваім мужам Пасейдонам. Пасейдон аддзячыў дэльфіна за тое, што ён даставіў на спіне свайму гаспадару каханую німфу: змясціў дэльфіна ў небе, сярод зорак.

Цудоўным творам антычнага мастацтва была выява Амфітрыты на заходнім шчыце Парфенона, храма афінскага Акропаля. Вывезены ў XIX ст. з Грэцыі, ён знаходзіцца ў Англіі. Ваза V ст. да н. Х. з выявай багіні "Амфітрыта і дэльфін" захоўваецца ў пецярбургскім Эрмітажы. Самая вядомая з карцін новага часу, што адлюстроўваюць вобраз марской царыцы ў атачэнні розных марскіх бостваў — гэта "Трыумф Нептуна і Амфітрыты" французскага жывапісца ХVII ст. Н. Пусэна.

Мноства марскіх бостваў суправаджалі Пасейдона і ўладарку мораў Амфітрыту. Да іх паслуг заўсёды былі нерэіды са сваімі прыгожымі танцамі, а таксама бацька Амфітрыты мудры дарадчык і цікавы распавядальнік Нерэй. Неад'емным удзельнікам гэтай кампаніі быў сын Пасейдона і Амфітрыты Трытон, які моцна трубіў у рог з ракавіны і падымаў буру. Прагулкі па моры суправаджалі дэльфіны, марскія быкі, а ў залатую калясніцу Пасейдона запрагалі гіпакампаў — марскіх коней, якія замест задніх ног мелі рыбіны хвасты.

Акрамя Трытона ў Пасейдона было шмат дзяцей ад іншых багінь і смяротных. Ён сам, магутны, жудасны, стыхійны, і дзеці яго, у адрозненне ад высакародных і чалавечных дзяцей Зеўса, былі надзеленыя анархічнай сілай і дзікім норавам, як жорсткі волат Антэй, злачынны Пракруст, кіклоп-людаед Паліфем, забойца Амік і шмат падобных да іх. Як выключэнне — афінскі цар Тэсей, прыстойны і высакародны, варты вялікіх подзвігаў. Праўда, і ў яго паводзінах час ад часу маглі выявіцца бацькавы рысы: то надумаецца Тэсей выкрасці прыгожую Алену, а то нават і саму Персефону, жонку Гадэса, з падземнага царства; наклікаў Тэсей бяду і смерць на свайго невіноўнага сына Іпаліта.

Папулярны ў антычнасці міф пра сыноў Пасейдона Ота і Эфіальта адлюстраваў барацьбу алімпійскай рэлігіі са старажыт-нымі культамі. Гэтыя веліканы, якія ў дзевяць гадоў мелі рост каля чатырнаццаці метраў, спрабавалі парушыць боскі парадак.

Алаяды

Жонка цара Алаэя Іфімідэя закахалася ў Пасейдона. Шмат часу яна праводзіла ля мора і, гуляючы па беразе, любіла зачэрпваць марскую ваду і ліць на сваё цела... Нарадзілася ў Іфімідэі ад Пасейдона два сыны — От і Эфіальт. Усе называлі іх Алаядамі — па імені іх смяротнага бацькі Алаэя — і здзіўляліся, якімі вялізнымі і магутнымі яны былі. А неўзабаве Алаяды пачалі пагражаць самім багам:

— Пачакайце, — казалі яны, — набяромся яшчэ моцы і тады нагрувасцім на боскую гару Алімп другую гару — Осу, а на Осу — Пеліён. Узбярэмся на неба і зробім усё, што толькі захочам. Мора можам ператварыць у мацярык, засыпаўшы яго гарамі, а зямлю — у мора.

Алімпійцы пакуль не чапалі сыноў Пасейдона. Хоць Ала-яды і вельмі магутныя, разважалі яны, але яшчэ зусім юныя: павінны паразумнець.

А праз які час знік самы ваяўнічы алімпійскі бог Арэс. Трынаццаць месяцаў не было вядома яго месца знаходжання. Людзі радаваліся гэтаму, бо на зямлі запанаваў мір. Крыважэрнага бога не любілі і на Алімпе, але трэба было паклапаціцца аб яго лёсе. І даведаліся несмяротныя, што бога вайны Арэса трымаюць у зняволенні здолеўшыя скаваць яго волаты Алаяды... Зусім знясіленага алімпійца вызваліў з бяды яго брат па бацьку Гермес.

Тым часам пагрозы Алаядаў пераходзілі ўсялякую меру, дазволеную смяротным.

— Мы падымемся на Алімп, — не ўціхамірваліся браты, — каб дамагчыся кахання Геры і Артэміды. У нас хопіць моцы, каб выкрасці багінь.

Алімпійцы ведалі, што сыны Пасейдона могуць здзей- сніць сваю ганебную пагрозу. І тады Апалон выпусціў са свайго залатога калчана сярэбраныя стрэлы, і яны працялі сэрцы Ота і Эфіальта.

Распавядалі таксама, нібыта пакарала Алаядаў сама Артэміда. Багіня ператварылася ў лань і ў гэтым абліччы з'явілася перад імі ў час палявання. Браты кінулі ў яе свае дзіды, але паразілі імі адзін аднаго.

Героем позняга грэчаскага міфа быў сын Пасейдона кіклоп Паліфем, не толькі традыцыйна жорсткі, але і пяшчотны. Чаго не зробіць каханне, нават з пачварай і людаедам!




Паліфем і Галатэя

Самая прыгожая нерэіда Галатэя кахала юнака Акіда, сына бога лясоў Пана. Але Галатэю даймаў сваім каханнем пачварны, аднавокі сын Пасейдона кіклоп Паліфем. Страсць Паліфема была настолькі моцнай, што ён закінуў гаспадарку і нават не хацеў вяртацца ў сваё жытло — утульную пячору. Раней кіклоп быў вельмі неахайным, цяпер жа пачаў сачыць за сваім выглядам, расчэсваць касматыя валасы і глядзецца ў вадзяное люстэрка. Каханне так падзейнічала на Паліфема, што заціхла яго нялюдская крыважэрнасць, і маракі ўжо не баяліся праплыць паблізу яго паўвострава. Аднойчы Паліфем падняўся на скалу з жалейкай у руках, якая была складзена з сотні трысняговых сцяблоў, і зайграў на ёй, каб такім спосабам выказаць свае пачуцці. Горы і марскія хвалі слухалі журботныя гукі жалейкі. А ў гэты самы час за гэтай самай скалой абнімаліся Акід з Галатэяй, і да іх, шчаслівых, даляталі спевы няшчаснага закаханага.

— О, Галатэя, — спяваў Паліфем, — ты бялейшая за лілею, страйнейшая за алешыну, саладзейшая за спелы вінаград, мякчэйшая за лебядзіны пух. Ты была б яшчэ прыгажэйшай, каб не ўцякала ад мяне. Навошта ж ты робіш гэта? Ці ведаеш, што палова гор у нашым краі належыць мне, а таксама пячоры — халаднаватыя, калі пячэ сонца, і цёплыя падчас халоднае зімы. Мае дрэвы, любая, згінаюцца пад цяжарам пладоў. Залацісты вінаград, што расце на маіх лозах, я берагу толькі для цябе. УІ мяне ёсць статак з тысячай авечак, заўсёды ёсць малако, мы з табой зможам яго піць калі і колькі захочам. І ўлетку, і ўзімку я буду частаваць цябе, мая мілая, смачным сырам.

Я не дазволю табе смуткаваць, Галатэя: ты будзеш гуляць з зайцамі, ланямі, казлянятамі, дзікімі галубамі. Нядаўна я знайшоў двух маленькіх медзведзянят-блізнят. О, прыйдзі ж да мяне! Не адмаўляйся ад маіх падарункаў! Ведаю, што я валасаты, касматы, але скажы мне, красуня, ці бывае прыгожае дрэва без лісця альбо скакун без грывы. Ведаю, што ў мяне толькі адно вока, але ж і шчыт у воінаў бывае толькі адзін. Дзень мае толькі адзін сонечны дыск, а бачыць усё і ўсіх. Ты толькі паглядзі на мяне: я ж сын Пасейдона, і я не баюся нават Зеўса з яго перунамі, а перад табой, даражэнькая, схіляюся да зямлі, і калі ты злуешся, гэта мяне ўзрушае больш, чым Зеўсавы перуны.

Я б не так крыўдзіўся на цябе, Галатэя, калі б ведаў, што ты нікога не кахаеш. Але за што ты пакахала Акіда? Ну, пападзецца ён мне ў рукі — жывым не выпушчу, а цябе ўсё роўна дастану з хваляў. О, цудоўная німфа, ты падманлівей за струмень, лягчэй за Зефір... І тут Паліфем убачыў Галатэю побач з Акідам. Раз'юшаны, ён закрычаў грамавым голасам:

— Гэта ваш апошні шчаслівы час! — і кінуўся да іх. Галатэя адным скачком апынулася ў родных хвалях, а яе каханы спрабаваў ратавацца ўцёкамі, але, зразумеўшы дарэмнасць гэтага, у роспачы закрычаў:

— Дапамажыце мне, бацькі! Калі я асуджаны на смерць, забярыце мяне ў свае ўладанні.

Паліфем адламаў скалу і кінуў яе так, што вялізны абломак накрыў юнака„. Скрозь скалу прасачылася кроў раздаўленага Акіда. А крыху пазней скала раскрылася: з яе нетраў з'явіўся струмень, а з яго падняўся юнак да пояса ў вадзе. І хоць ён быў большым, чым каханы Галатэі, і твар яго свяціўся блакітным святлом, гэта быў Акід.


Багі ператварылі Акіда ў рэчку, якая захавала яго імя. "Рака Акіда" — так і ў цяперашні час называецца адна з нямногіх буйных рэк на Сіцыліі.

У грэчаскага паэта эпохі элінізму Феакрыта ёсць ідылія на тэму кахання Паліфема да Галатэі. Там яшчэ больш пачуцця і больш іроніі: Паліфем гатовы дзеля каханай спаліць агнём сваю шэрсць, калі здаецца ёй касматым, і яшчэ ён згодны ахвяраваць сваё адзінае вока, толькі б тая пакахала яго. Але не давялося спраўдзіцца шляхетным намерам Паліфема: гэтага вока пазбавіў яго Адысей — выпаліў завостраным абпаленым калом, каб збегчы разам з таварышамі з пячоры лютага людаеда.

Дзеці Пасейдона сталі героямі шматлікіх мастацкіх твораў. Аб магутнасці і ваяўнічасці Алаядаў можна меркаваць па рэльефу на ўсходнім фрызе Пергамскага алтара Зеўса "От, які змагаецца з Артэмідай" (180—160 гг. да н. Х.), што захоўваецца ў Берліне. У літаратуры гэты міфалагічны сюжэт не распрацаваны: Гамер толькі згадвае братоў-волатаў у "Адысеі", а трагедыя Сафокла "Алаяды" не захавалася.

Гісторыю Акіда і Галатэі расказаў у "Метамарфозах" Авідзій. Гэта ў значнай ступені спрыяла яе вялікай папулярнасці ў мастацтве новага часу. Найбольш вядомыя творы датуюцца ХVII—ХVIII ст.: карціна "Марскі пейзаж з Акідам і Галатэяй"


К. Ларэна, скульптура "Акід і Паліфем" А. Радэна, оперы "Акід і Галатэя" Ж.-Б. Люлі і Г. Ф. Гендэля.

Багі аднавілі жыццё Акіда, праўда, у іншай іпастасі. Пашкадавалі яны і смяротную Іно.



Iно (Леўкатэя)

Аднойчы весяліліся юныя нерэіды ў спакойным моры, кружыліся ў такт хваляў пад высокай скалой і раптам пачулі, як там, уверсе, закрычала жанчына. На якое імгненне яна спынілася на краі скалы і, моцна прыціскаючы да грудзей дзіця, кінулася ў мора. Ледзьве паспелі добрыя німфы падставіць свае белыя рукі, каб выратаваць няшчасную. Яны аднеслі жанчыну ў грот і пачулі з яе вуснаў дзіўны расповяд:

— Я — Іно, жонка фіванскага цара Афаманта і няшчасная маці. У нас было двое сыноў, але царыца Алімпа Гера наслала на мужа шаленства: гэтак яна помсціла нам за прытулак, які мы далі маленькаму Дыянісу, сыну Зеўса і маёй сястры Семелы. У бяспамятстве Афамант выпусціў стралу ў нашага старэйшага сына. Ратуючы ад смерці малодшага Мелікерта, я схапіла яго на рукі і пабегла, але шалёны Афамант гнаўся за намі, і я выбрала смерць у марскіх хвалях.

— Мы возьмем цябе да нас, — сказала Іно старэйшая нерэіда, — у нашае жыццё. Пастарайся забыць пра сваё мінулае. З гэтага моманту тваё імя Леўкатэя ("белая багіня").

Праз які час Леўкатэя з сынам на руках сядзела ў цудоўным палацы Пасейдона побач з яго жонкай царыцай мораў Амфітрытай. Зіхацела бялюткае адзенне Леўкатэі, вянок з водарасцяў адцяняў прыгожы твар. Яна шчасліва ўсміхалася; адпіўшы са свайго кубка боскага нектару, паднесла напой бессмяротных да рота свайго сына.

Можаш цешыцца, Леўкатэя, — гаварыў ёй Пасейдон, — цешыцца за сябе і за сына. Ён ужо не Мелікерт, якім быў раней, а Палемон — боскі гадаванец марскіх хваляў. Ты шмат пакутавала ўІ сваім мінулым жыцці і шмат памылялася. Ведаю, што раскайваешся, таму мы і прынялі цябе сюды, дзе не будзе больш ні граха, ні пакут, ні раскаяння.

Забыла Леўкатэя пра ўсё, што было з ёй раней, пра тое, што расказала нерэідам, і пра тое таксама, што ўтаіла ад іх: яна ж была не толькі пяшчотнай маці, але і злой, вераломнай мачыхай, якая хацела загубіць свайго пасынка Фрыкса. І ўсё ж такі захавала Леўкатэя (Іно) нейкую любасць да таго, верхняга свету. Можа, таму, стаўшы бессмяротнай, яна заўсёды старалася прыйсці разам са сваім сынам на дапамогу маракам і падарожнікам, калі тыя цярпелі ў моры бедствы. Гэта Леўкатэя, міласцівая марская багіня, выратавала Адысея ў час буры, калі яго, зусім знясіленага, ганялі хвалі бурлівага мора.

У Рыме двайніком Леўкатэі — апякункі мараплаўцаў — стала Альбунея (Матута). Маракі ўшаноўвалі яе, як Леўкатэю ў Грэцыі, нават у часы хрысціянства.

Музычную кантату "Іно" напісаў сын і вучань славутага Баха — І. Ф. Бах, а оперу з такой жа назвай — італьянскі кампазітар Г. Даніцэці.

АФІНА


Мудрым быць — неабходны, найпершы за ўсё

Дзеля шчасця варунак. Законы багоў

Шанаваць мы павінны таксама.

Сафокл ("Антыгона". Пераклад Ю. Дрэйзіна)

Нараджэнне Афіны

Часам багі пакутавалі, як простыя смяротныя. Аднаго разу сам Зеўс адчуў страшэнны боль у галаве. Не стаў ён скардзіцца нікому з алімпійцаў, бо, па-першае, не нарадзіўся яшчэ сын Апалона бог-лекар Асклепій, які мог адолець любую хваробу, а па-другое, Зеўс лепш за іншых ведаў аб прычыне сваёй мігрэні. Ведаў, што ў багіні розуму Метыды павінны былі нарадзіцца ад яго дзеці, спачатку дачка, а потым сын, і гэты сын, па прароцтву, з'явіўся б уладаром Сусвету. Зеўс зусім не хацеў развітвацца са сваёй вярхоўнай уладай на Зямлі і Небе і таму надумаўся праглынуць цяжарную Метыду разам з небяспечным патомствам. І як вынік — гэты шум у галаве, нясцерпны боль, ну хоць крыкам крычы! Пачаў Зеўс клікаць свайго сына майстра на ўсе рукі бога-каваля Гефеста. Той прыбег адразу з кузні з молатам у руцэ.

— Стукні мяне хутчэй ды мацней па галаве, — сказаў яму бацька. — Адлажы ў бок молат. Вазьмі вось сякеру.

— Як гэта? Не магу... — прамармытаў Гефест.

— Я загадваю табе, — павысіў голас Зеўс, — бі так, як б'еш па кавадле молатам.

Ледзьве жывы ад страху моцным ударам вялікай сякеры Гефест расшчапіў Зеўсаву галаву і выскачыла з яе дзева ў поўным узбраенні, з бліскучай дзідай у руцэ. Ад гэтага скачка скалануўся Алімп, застагнала зямля, закіпела хвалямі мора, перапалохаліся багі.

— Гэта твая сястра Афіна, — з радасцю сказаў Зеўс здзіўленаму Гефесту і з павагай паглядзеў на толькі што народжаную ім багіню — магутную дачку магутнага бацькі. Афіна стаяла побач з ім: стройная, гіганцкага росту; яна вызначалася суровай і велічнай прыгажосцю ваіцельніцы, яе даспехі, шлем, шчыт, дзіда зіхацелі золатам, а ясныя блакітныя вочы гарэлі мудрасцю.

Гэты міф — позняга паходжання, і ён акцэнтуе перавагу партрыярхату над матрыярхатам. Па іншай версіі міфа, Зеўсу дапамагаў не Гефест, а мудры Праметэй. Культ багіні Афіны быў адным з самых распаўсюджаных у Старажытнай Грэцыі (у рымскай міфалогіі Афіна атаясамлівалася з Мінервай). Тое, што яна нарадзілася з галавы Зеўса, сведчыла аб незвычайнай мудрасці Афіны, і бацька багоў і людзей у складаных сітуацыях заўсёды раіўся са сваёй любімай дачкой. Разумная і разважлівая, яна брала ўдзел ва ўсіх чалавечых справах, дапамагала высакародным і мужным героям Гераклу, Дыямеду, Тэсею, апекавала Адысея ў яго прыгодах і выпрабаваннях, кіравала ўчынкамі сына Адысея Тэлемаха.

Як ваяўнічая багіня Афіна карэнным чынам адрозніва- лася ад бога вайны Арэса, нават супрацьстаяла яму. З'яўленне на полі бітвы Арэса азначала пачатак разні і жахаў. Афіна патрабавала чалавечнасці нават на вайне. Яе дэвіз: "больш розуму, чым сілы". І з'яўленне гэтай багіні азначала пераломны момант у бітве, боскае ўмяшанне і боскае цвёрдае слова ў вырашэнні чалавечых спраў.

Шмат карыснага зрабіла Афіна для людзей. Яна ж увесь час знаходзілася ў дзеянні, цнатлівая і недаступная, ніколі не думала ні аб каханні, ні аб шлюбе. Афіна навучыла людзей розным мастацтвам і рамёствам, і яе лічылі сваёй апякункай мастакі, філосафы, музыканты. Гэта ж Афіна прыдумала флейту, вырабіўшы яе з косці аленя. Але калі заўважыла, як падчас ігры раздуваюцца шчокі і адтапырваюцца вусны, адкінула яе ад сябе назаўсёды. Флейту падабраў сілен Марсій. Сюжэт гэтага міфа знайшоў увасабленне ў добра вядомай па рымскай копіі скульптурнай групе Мірана "Афіна і Марсій" (V ст. да н. Х.).

Багіня Афіна з'яўлялася абаронцай гарадоў і гаваней, але больш за іншыя любіла горды і цудоўны горад Афіны. Пра тое, як багіня мудрасці была абрана яго апякункай, распавядае міф.

Афіна і Пасейдон

Алімпійскія багі размяркоўвалі паміж сабой грэчаскія гарады. Гера захацела апекаваць Мікены і Аргос, Афрадыта выбрала Фівы, Дэметра — Элеўсін. А горад, які быў заснаваны Кекропам і яшчэ не меў назвы, меркавалі ўзяць пад сваю апеку бог мора і марской прасторы Пасейдон, а таксама Афіна — багіня мудрасці, справядлівай вайны і мірнай працы. Каго ж абраць з гэтых дваіх прэтэндэнтаў, вельмі шаноўных у элінскім свеце? І тады Кекроп паклікаў старэйшых грамадзян у культурны цэнтр горада ў Акропаль і прапанаваў ім самім прыняць рашэнне. З'явіліся ў Акропаль і багі, што спрачаліся за горад. Хто ж з іх прынясе большы дар яго грамадзянам?!

Падняў свой трызубец Пасейдон і з вялізнай сілай ударыў ім па гранітнай скале. Яна раскалолася, і хлынула марская вада.

— З гэтае хвіліны і навечна тут будзе бруіць крыніца, — сказаў марскі бог. Гэта азначала, што народ, які прыме апякунства Пасейдона, будзе ваяўнічым і зоймецца мараплаўствам. Афіна ж падняла сваю дзіду і ўваткнула яе ў зямлю. І адразу на тым месцы з'явілася аліўкавае дрэва, усы-панае залацістымі пладамі.

Цар Кекроп і яго старэйшыны вырашылі аддаць пера- вагу мудрай дачцэ Зеўса, бо як яны разважалі, боскасць не столькі ў сіле, колькі ў дабратворнасці. Сваім дарам Афіна абяцала людзям радасць і дастатак.

Прысвяціўшы Афіне свой горад, мудрыя афіняне не пакінулі ў крыўдзе і Пасейдона, пабудавалі ў Акропалі ў яго гонар храм. Можа, таму і сталі яны не толькі добрымі земляробамі, але і выдатнымі мараплаўцамі.

Мудрая Афіна заўсёды ўтаймоўвала стыхійныя сілы герояў і багоў, дапамагаючы людзям. Яна паклапацілася аб наследніку цара Кекропа, бо ў таго не было сына, і, можна сказаць, выхавала новага афінскага цара Эрэхтэя. Багіня навучыла Эрэхтэя карыстацца павозкай, а герою Белерафонту дала першую (залатую) вуздэчку для непакорнага крылатага каня Пегаса, які слухаўся толькі Зеўса. Конь у элінаў лічыўся свяшчэннай жывёлай Пасейдона, і ён, марскі бог, падарыў людзям дзікага каня, а Афіна навучыла, як яго ўтаймаваць і зрабіць хатняй жывёлай. Згодна паданню, Эрэхтэй замацаваў у Афінах культ багіні-апякункі, устанавіўшы ў яе гонар адно з самых вялікіх святаў у антычным свеце — Панафінеі. Гэта апафеоз Афіны, якая ўвасабляла дзяржаўную мудрасць. Увесь афінскі народ прымаў удзел у Вялікіх Панафінеях — свяце, якое пры тыране Пісістраце (VI ст. да н. Х.) адбывалася раз у чатыры гады. Падчас яго выступалі музыканты і вакалісты, змагаліся атлеты ў гімнастычных і конных спаборніцтвах. Пераможцаў узна-гароджвалі аліўкавымі вянкамі і па-майстэрску распісанымі амфарамі, якія былі напоўнены каштоўным алеем. Дзяўчаты, апранутыя ў воінскія даспехі, выконвалі пад акампанемент флейтаў пірыйскі танец: яго ўпершыню выканала Афіна пасля перамогі над гігантамі (па іншай версіі — гэты танец з дзідай і шчытом Афіна выканала адразу, як толькі з'явілася з галавы Зеўса). Выступалі хоры юнакоў і мужчын, а пасля конкурсу мужчынскай прыгажосці пачынаўся бег з паходнямі.

Самая ўрачыстая частка Панафінеяў — шэсце ў Акропаль да храма Афіны. У ім браў удзел увесь горад: і дарослыя, і дзеці. Пачыналася працэсія на світанку. Зменшаны макет карабля неслі мужчыны на плячах, а на яго мачце і рэях распасціраўся пеплас — цудоўнае ўбранне прыгожага колеру з вышытымі ўзорамі, якія адлюстроўвалі ваенныя перамогі Афіны. Выраблялі гэты раскошны пеплас для багіні дзяўчаты са знатных сем'яў і працавалі над ім на працягу цэлага года. Далей ішлі дзяўчаты ў белым, якія неслі на галовах свяшчэнныя сасуды, ішлі старэйшыны, жанчыны, мужчыны, воіны... Пышныя калясніцы, запрэжаныя чацвёркамі коней, якімі кіравалі юнакі-арыстакраты, замыкалі шэсце, калі не лічыць кароў і авечак для ахвярнага рытуалу. Завяршаўся самы ўрачысты дзень усеагульным гуляннем, а ў апошні дзесяты дзень Вялікіх Панафінеяў наладжваліся прыгожыя спаборніцтвы мараходаў, якія праходзілі ў Саламінскім заліве.

Усе ўсхвалялі Афіну, а асабліва ткачыхі: гэта ж багіня навучыла іх ткацкаму майстэрству, і нельга было забывацца пра гэта, як забылася Арахна.

Арахна

Далёка за межы горада, што ў Лідзіі, разнеслася слава аб Арахне. Не была дзяўчына слаўнай ані родам, ані багаццем: яе бацька — просты фарбавальшчык тканін. Але не толькі людзі, нават німфы збіраліся са схілаў гары Тмол, каб палюбавацца на мастацтва Арахны, бо ніхто са смяротных не ўмеў так роўна і хутка прасці, так тонка і прыгожа ткаць і аздабляць сатканае цудоўнымі ўзорамі. Усе хвалілі Арахну, і гэта так закружыла ёй галаву, што дзяўчына пачала выхваляцца і аднойчы саманадзей-на заявіла, што не баіцца нават спаборніцтва з самой Афінай.

Тады Афіна прыняла аблічча старой, узяла посах і прыйшла да Арахны.

— Не толькі благое нясе з сабой старасць, — сказала багіня. — Доўгае жыццё дае вопыт і шмат чаму вучыць. Пры-слухайся да маёй парады: ўзвышайся сваім мастацтвам толькі над смяротнымі, не выклікай на спаборніцтва багіню, а слёзна малі яе дараваць табе.

Але Арахна раззлавалася і ў адказ пачала гнеўна крычаць:

— Ты страціла розум ад старасці. Раздавай парады сваім дачкам ці нявесткам, а мяне не чапай. Сама ведаю, што і як рабіць. Што ж не з'яўляецца Афіна? Ці не збаялася?

— Не, не збаялася, я тут, — вымавіла багіня і прыняла сваё аблічча.

Ахнулі жанчыны і німфы, якія прысутнічалі пры гэтым, схіліліся перад дачкой Зеўса, вітаючы яе. А Арахна толькі ўсхапілася са свайго месца, пачырванела, потым збялела, але паставіла на сваім — быць спаборніцтву.

Селі яны абедзьве за ткацкі станок, пачалі працу, лоўка перабіраючы рукамі, не зважаючы на стому.Афіна выткала гісторыю сваёй спрэчкі з Пасейдонам за ўладу над Афінамі. А каб саперніца магла ўбачыць, якая ўзнагарода чакае яе за неразумную ганарыстасць, паказала ў чатырох рагах свайго раскошнага вырабу, як караюць багі смяротных за непавагу і непакорнасць: ператвараюць іх у розных птушак і нават у рэчы. Закончыла Афіна выявай на матэрыі свайго свяшчэннага дрэва алівы.

Арахна выткала таксама дзіўныя карціны. Яны адлюстроўвалі любоўныя прыгоды багоў. Там быў Зеўс, які вы-крадаў Еўропу, ператварыўшыся ў белага быка. Была Леда: яна купалася, калі ў абліччы лебедзя падплыў да яе вярхоўны бог, бо не мог ён застацца абыякавым да незямной прыгажосці. Арахна выткала Данаю, якую абсыпаў залаты дождж, і шмат іншых гіс-торый пра каханне багоў. І ўсё так жыва, так хораша і дасканала, што нават Афіна не змагла знайсці аніводнага недахопу.

Узлавалася багіня, забылася на тое, што павінна быць справядлівай, і разарвала тканіну Арахны. Не перажыла дзяўчына такой абразы, павесілася. Тады зразумела Афіна, як далёка зайшла, выслабаніла Арахну з пятлі і сказала ёй: "Жыві, але вісі ў паветры, і пакаранне гэтае тваім нашчадкам таксама". У той жа момант адбылося ператварэнне Арахны: яна зрабілася павуком, які вечна пляце сваё тонкае павуцінне.

Для людзей міфалагічнага мыслення багіня Афіна з'яўля-лася ўвасабленнем справядлівасці і законнасці. Так, жрацам яна загадала прапаведваць запаветы, сярод якіх былі наступныя:

— Не адмаўляй нікому ні ў вадзе, ні ў агні.

— Не пакідай нічыіх астанкаў без пахавання.

— Не паказвай нікому няправільнай дарогі.

— Не забівай вала, які цягне плуг.

Афіна заснавала ў сваім горадзе арэапаг, які сачыў за выкананнем законаў і караў злачынцаў. Гэта ёй, Афіне, славуты трагік антычнасці Эсхіл даручыў ператварэнне багінь помсты Эрыній у дабрадзейных багінь, якія спрыялі міру, урадлівасці, творчасці, неслі людзям дабрабыт. Аб гэтым яго трагедыя "Эўменіды".

У славу багіні Афіны і яе народа ў Акропалі — скалістым узгорку, які стаў культурным і грамадскім цэнтрам усёй Грэцыі, — быў узведзены цудоўны храм Парфенон, бо Афіну называлі Парфенас (ад грэч. parthenos — "дзева", "цнатлівая"). Акропальскі архітэктурны ансамбль — вяршыня не толькі элінскага мастацтва; гэта адно з найлепшых дасягненняў сусветнай культуры. Ён быў створаны ў гонар перамогі грэкаў над персамі (якой садзейнічала багіня-ваіцельніца Афіна) у V ст. да н. Х., у час, які стаў "залатым" для грэчаскай дзяржаўнасці і мастацтва. Вялікая заслуга ў гэтым правадыра афінскай дэмакратыі Перыкла, пры непасрэдным удзеле якога адбываліся архітэктурныя і скульптурныя работы ў Акропалі, а кіраваў імі сябар Перыкла славуты Фідый.

Храм Парфенон, стваральнікі якога — архітэктары Ікцін і Калікрат, быў цэнтрам усіх пабудоў Акропаля. Ён вылучаўся сваімі памерамі і дасканалымі прапорцыямі. Калоны дзесяцімятровай вышыні складалі з асноўным будынкам адзінае цэлае. Уражваў і колер мармуру: цёплы, залацісты, у гармоніі з колерам самой акропальскай скалы. Цудоўныя рэльефы на сценах Парфенона адлюстроўвалі не толькі міфалагічныя сюжэты, але і свяшчэнную працэсію афінскіх жыхароў падчас свята Панафінеяў. Упершыню антычны храм быў аздоблены карцінамі з жыцця звычайных людзей. Чалавек падымаўся да боска-гераічнага ўзроўню.

У храме ўзвышалася ўся з золата і слановай косці дванаццаціметровая статуя Афіны Палады — поўная высакарод-ства, сілы і велічнасці. Другая статуя Афіны, з бронзы, яшчэ большая за першую, была ўстаноўлена перад Парфенонам. Гэта Афіна Промахас — ваяўнічая багіня, якая абараняла горад. Яна быццам вітала ўсіх, хто паднімаўся ў Акропаль, і была бачная здалёк, нават з караблёў, якія набліжаліся да порта. А трэцяя Афіна (усе тры статуі — Фідыя) стаяла пры ўваходзе ў Акропаль і, мажліва, была самай цудоўнай. Не ваяўнічая, а добрая і ласкавая, яна мела выгляд маладой дзяўчыны, кучаравыя валасы якой перавязаны шырокай стужкай. Шлем Афіна зняла і трымала яго ў руцэ. А дзіда была не зброяй, а проста апорай для адпачываючай багіні.

Аўтарытэт Афіны ў яе горадзе быў бясспрэчны, і тыран Пісістрат, якога народ пазбавіў улады і прагнаў з горада, змог выкарыстаць гэта ў сваіх асабістых мэтах.

Аднойчы цішыня афінскіх вуліц узарвалася крыкамі вяшчальнікаў.

— Грамадзяне, — крычалі яны, — Афіна не згодна з ва-шым рашэннем...

— Афіняне, найбольш за ўсіх людзей ваша багіня-апякунка шануе Пісістрата...

— Афіна загадвае вам прыняць Пісістрата...

— Афіна загадвае быць вернымі яму...

— Грамадзяне, Афіна вяртае Пісістрата ў свой Акропаль... Сустракайце яе... і Пісістрата...

Жыхары Афінаў усміхаліся, паціскалі плячыма: маўляў, што толькі не выдумае гэты Пісістрат. Добра зрабілі, што прагналі яго: не павінен кіраваць той, хто так імкнецца да ўлады... Але неўзабаве пачуўся тупат конскіх капытоў, і людзі ўбачылі ўрачыстую працэсію, якая ўязджала ў горад. На пярэдняй калясніцы стаяла... сама багіня Афіна! Так, гэта была яна — у залатым з высокім грэбнем шлеме, у адной руцэ шчыт, у другой — дзіда.

Збянтэжаныя і ўзрадаваныя людзі кідалі свае справы і беглі вітаць багіню — заступніцу горада. На другой калясніцы, што ехала следам за галоўнай, яны ўбачылі Пісістрата: ён задаволена ўсміхаўся. А яго воіны, як тыя вяшчальнікі, гучна тлумачылі: "Афіняне, прыміце Пісістрата! Сама Афіна жадае гэтага!"

Што было рабіць людзям? Пярэчыць сваёй любімай і справядлівай багіні яны не маглі ды і не хацелі і таму зноў абвясцілі Пісістрата сваім уладаром. Не ведалі афіняне, што тыран ашукаў іх. Ён знайшоў высокую і прыгожую жанчыну, убраў яе ў дарагое адзенне, даў дзіду, шчыт і адправіўся разам з ёй на раскошных калясніцах у Афіны, і далей у Акропаль.

Карані вялікай ролі, якую адыгрывала Афіна ў алімпійскай міфалогіі, хаваліся ў міфалогіі матрыярхату. Так яе матрыяр-хальная незалежнасць праявілася ў абароне цнатлівасці. Афіна не пашкадавала юнага Тырэсія: пакарала смяротнага за тое, што ён аднойчы падгледзеў, як яна купалася. Багіня закрыла юнаку вочы сваімі далонямі, і той аслеп, праўда, яна надарыла Тырэсія ўнутраным зрокам. Ён пачаў прарочыць, стаў мудрым і славутым у Эладзе правідцам. Зоамарфічнае мінулае Афіны падкрэслі-ваецца яе атрыбутамі — змяёй і савой. Архаічныя хтанічныя рысы адчуваюцца ў яе вобразе, створаным у "Іліядзе": разам з Ахілам Афіна так крычыць на траянцаў, што тыя адступаюць толькі ад аднаго гэтага крыку; багоў і людзей палохае эгіда — абавязковы атрыбут Афіны: шчыт з казінай скуры з галавой змеевалосай Медузы, у якім заключана вялікая сіла. Але для позняй антычнасці Афіна з'яўлялася сімвалам сусветнай мудрасці, якая ўпарадкоўвае касмічнае і грамадскае жыццё.

АПАЛОН


Стаю перад богам, сваім Апалонам,

I хочацца вырвацца песні з палону.

Заступнік паэтаў, сыноў абаронца,

Свяціла і свеціць паэзіі сонца.

Я. Пушча ("Перад Апалонам")

Апалона як бога сонечнага святла, што даваў людзям жыццё і цеплыню, загойваў раны і прарочыў, як апекуна мастацтваў і навукі, як бога гармоніі — чалавечай і касмічнай — ўшаноўваў увесь антычны свет. Звычайна грэчаскія гарады выбіралі сабе багоў-апекуноў і ўсталёўвалі ў іх гонар свяцілішчы. А культ гэтага бога карыстаўся ўсеагульным прызнаннем і адыгрываў у жыцці элінаў самую значную ролю, нягледзячы на тое, што вярхоўным богам, "бацькам багоў і людзей" з'яўляўся Зеўс. Аднаго з самых старажытных бостваў, Апалона, грэкі ўяўлялі як вельмі прыгожага, золатавалосага і стройнага юнака з сярэбраным лукам за плячыма і кіфарай (ці лірай) у руках.

Паходжанне культу Апалона хутчэй за ўсё ўсходняе (як і яго сястры Артэміды, а таксама багоў-алімпійцаў Афрадыты і Арэса). Аб гэтым сведчаць і нягрэчаскія карані імя Апалона, і тое, што ў Траянскай вайне ён быў на баку малаазіяцкага горада Троі супраць грэкаў, ды і многія свяцілішчы гэтага бога знаходзіліся ў Малой Азіі. У Еўрапейскай Грэцыі культ Апалона зліўся з мясцо-вымі культамі і набыў такі аўтарытэт, што стаў увасабленнем адзінства ўсіх грэкаў, якія складалі розныя плямёны і ў рабаўладальніцкі час жылі ў шматлікіх гарадах-дзяржавах (полісах). У Рыме культ Апалона (найменне бога засталося грэчаскае) распаўсюдзіўся ў V ст. да н. Х., а свайго вышэйшага росквіту дасягнуў праз 4 стагоддзі падчас праўлення Аўгуста.

Галоўным цэнтрам культу Апалона быў востраў Дэлас, бо на ім нарадзіўся вялікі бог.

1   2   3   4   5   6   7   8   9   10   11


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка