Багiі аліiмпа




старонка2/11
Дата канвертавання14.03.2016
Памер1.76 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8   9   10   11
Пелопс

Багатаму і мудраму цару Пізы Энамаю было прадказанне аракула: ён, Энамай, загіне ад рукі свайго зяця. І тады цар вырашыў ніколі не аддаваць замуж сваю прыгожую, як багіня, дачку Гіпадамію. Але як адпрэчыць прэтэндэнтаў на яе руку? Чуткі аб незвычайнай прыгажосці Гіпадаміі разляцеліся па ўсім свеце, і шмат хто з юнакоў марыў стаць яе абраннікам. Падумаўшы, Энамай аб'явіў, што аддасць дачку ў жонкі таму, хто пераможа яго ў спаборніцтве на калясніцах. Але няхай ніводзін з прайграўшых не спадзяецца на выратаванне: кожны будзе пакараны смерцю.

Разлік бязлітаснага цара быў дакладны. Ніхто ва ўсёй Грэцыі не ўмеў кіраваць калясніцай так, як ён. І ні ў кога, акра-мя яго, не было коней, якія б несліся хутчэй за паўночны вецер Барэй. Гэтыя коні ў Энамая — ад яго бацькі, бога вайны Арэса.

Трынаццаць слаўных юнакоў аддалі жыццё толькі за тое, што дамагаліся рукі Гіпадаміі. Кожнага з іх працяла дзіда жорсткага цара Энамая, які перамог усіх падчас спаборніцтваў. Але гэта не спыніла чатырнаццатага, што прыплыў з-за мора, — Пелопса. Пелопс прыйшоў да цара ў палац і сказаў:

— Я веру: багі Алімпа дапамогуць мне, і таму хачу спаборнічаць, каб узяць у жонкі Гіпадамію.

— Добра, — згадзіўся, злосна ўсміхнуўшыся, Энамай. — Як і ўсім жаніхам, даю табе паблажку. Шлях наш ляжыць праз усю Апію, ад майго палаца да алтара Пасейдона, непадалёку ад Карынфа. Ты адправішся раней за мяне. Пастарайся ж праехаць як мага болей, пакуль я буду прыносіць ахвяру вялікаму Зеўсу. Калі твая калясніца прыйдзе першай, атрымаеш руку Гіпадаміі і маё царства, калі ж першы буду я — з ганьбой адыдзеш у Аід.

Зразумеў Пелопс, што толькі хітрасцю можна адолець вераломнага цара, і таму не стаў спадзявацца толькі на багоў. Ён адшукаў царскага возніка і за багатыя дарункі ўгаварыў яго не замацоўваць вось у калясніцы Энамая.

Раніцай, ледзьве з'явілася на небе ружоваперстая Эас і першыя промні сонца ўпалі на зямлю, ускочыў Пелопс на сваю калясніцу і стрымгалоў пагнаў коней... Грымелі колы яго калясніцы, пакідаючы за сабой воблакі пылу. Коні несліся надзвычай хутка, толькі вецер свістаў у вушах. Нейкім цудам юнак усё ж трымаўся на нагах... Праз некаторы час ззаду пачуўся грукат колаў: калясніца цара ўсё бліжэй і бліжэй...

"Не, ужо не выратавацца", — падумаў Пелопс, азірнуўся і ўбачыў усмешку на твары Энамая, а ў яго руках занесеную дзіду. Здавалася, праз якое імгненне не жыць юнаку, але раптам колы Энамаевай калясніцы зляцелі з восей, яна перакулілася, вылецеў і паваліўся на зямлю жорсткі цар.

Адышла ў Аід душа не Пелопса, а Энамая. І народ Пізы, убачыўшы чатырнаццатага жаніха жывым, вітаў яго радаснымі воклічамі. Пелопс ажаніўся з Гіпадаміяй і завалодаў Энамаевым царствам.

Першыя Алімпійскія гульні, як было выяўлена ў IV ст. да н. Х. на падставе рэканструкцыі спісаў пераможцаў, адбыліся ў 776 г. да н. Х. (дата недакладная) і з тае пары заўсёды дэманстравалі адзінства ўсіх грэкаў, нягледзячы ні на палітычныя, ні на якія іншыя супярэчнасці паміж іх гарадамі-дзяржавамі. Як толькі спецыяльныя вяшчальнікі пачыналі аб'язджаць усе гарады, называючы пэўную дату Алімпіяды (гэта былі пяць дзён летняга месяца вісакоснага года), надыходзіў перыяд усеагульнага свяшчэннага перамір'я. Увесь грэчаскі свет адмаўляўся ад войнаў, бразгату зброі, злачынстваў, крова-праліцця, а гарады пачыналі рыхтаваць свае ўрачыстыя пасольствы. Найвялікшая цяжкасць — выбраць атлетаў. У Эладзе столькі гімнасіяў і палестраў, дзе займаюцца фізічным выхаваннем! Тысяча, а мо болей! Каму даверыць? Хто праславіць горад? Знаходзіліся і такія смельчакі, якія адпраўляліся ў Алімпію самі па сабе... Няспынны людскі паток кіраваўся да гэтага свяшчэннага месца. Не лічыліся ні з адлегласцю, ні з цяжкасцямі: летняй спёкай, смагай, стомленасцю... Хтосьці з гультаяватых і спешчаных афінянаў — землякоў Сакрата — звярнуўся аднойчы да выдатнага філосафа.

— Ты такі мудры чалавек, — сказаў ён. — Як не баішся пускацца ў гэтае далёкае падарожжа? І толькі для таго, каб цешыцца відовішчам Алімпійскіх гульняў?

—Мілы сябар, — рассмяяўся Сакрат, — ты дарэмна напало-ханы гэтым падарожжам. Падумай сам: хіба не ходзіш ты на працягу цэлага дня па горадзе і па сваім доме? Уяві сабе, што падчас падарожжа будзеш таксама гуляць, потым з'ясі абед, а затым ізноў пагуляеш, павячэраеш, паспіш. І не заўважыш, як праз пяць-шэсць дзён дойдзеш да Алімпіі.

Перад пачаткам свята, калі збіраліся дзесяткі тысяч гледачоў, на стадыёне выступалі прамоўцы, паэты, музыканты. Грэкі мелі асалоду, слухаючы знакамітых Дэмасфена, Сакрата, Платона, а таксама фрагменты з "Гісторыі" славутага Герадота. Усе, хто прыбываў на Алімпіяду, лічыліся гасцямі Зеўса.

Багіня перамогі Ніка рэдка з'яўлялася на Алімп, бо хапала ў яе клопатаў на зямлі і ў ваенны час, і ў мірны. Яна ж суправаджала бітвы, выконваючы волю Зеўса і няўмольнага лёсу, прымала ахвяры пераможцаў, лятала на сваіх вялікіх крылах, разносячы весткі аб заканчэнні вайны, аб трыумфе герояў. Але нікуды не спяшалася Ніка з такой хуткасцю і радасцю, як у Алімпію. Яна была тут вельмі папулярнай, бо кожны атлет марыў аб перамозе. Скульптурная фігура гэтай багіні, вырабленая Пеоніем у V ст. да н. Х., упрыгожвала Алімпію. Лёгкая, строй-ная, яна быццам толькі што апусцілася на зямлю з пераможным вянком у руках — узнагародай герою.

Гэта тут, у Алімпіі, Зеўс атрымаў перамогу над сваім крыва-жэрным бацькам Кронасам. Ён, Зеўс, і лічыўся галоўным засна-вальнікам Алімпійскіх гульняў. Знаходзілася Алімпія на заходнім узбярэжжы Пелапанескага паўвострава, у даліне ракі Алтэя, што на поўдні Элады — краіны ўрадлівасці і цішыні. Тут не было ні дамоў, ні палацаў, а толькі алтары і храмы, якія ўзвышаліся ў цяністых гаях. На дрэвах былі развешаны статуэткі з абпаленай гліны, розныя пасудзіны для віна і алея, якія прыносілі людзі ў дар багам. А ўрачыстыя працэсіі з розных гарадоў — гэта знатныя грамадзяне прывозілі багатыя дары для храма Зеўса.

Будынак гэтага праслаўленага ва ўсім свеце храма — цалкам з белага мармуру — акружалі велічныя, беласнежныя калоны. Па краях франтона (верхняй часткі сцяны) стаялі бронзавыя пазалочаныя трыножнікі з чашамі, а самі франтоны былі ўпрыгожаны скульптурамі і барэльефамі, якія адлюстроўвалі міфалагічныя сюжэты: спаборніцтва на калясніцах Энамая і Пелопса, подзвігі Геракла, бітву лапіфаў з кентаўрамі. Калі ўдзельнікі свята паднімаліся па шырокіх прыступках храма, ногі іх ступалі на цудоўную мазаіку падлогі. Але ніхто не заўважаў гэтага, бо ўсе погляды і думкі канцэнтраваліся на адным пачуцці: зараз, гэта адбудзецца праз якую хвіліну, і сам Зеўс, бацька багоў і людзей, гасцінны гаспадар Алімпіі, з'явіцца перад іх шчаслівымі вачамі. У глыбіні храма высілася гэтая славутая статуя Зеўса, якая стане сёмым цудам свету, дарэчы, адзіным на еўрапейскім кантыненце.

Да нас дайшла эпіграма аднаго старажытнага паэта, у якой адлюстравалася захапленне чалавека, што бачыў славуты помнік (дарэчы, пайшло дзве тоны золата на яго выраб). Аўтар задаваўся пытаннем, ці Зеўс сыходзіў на зямлю, каб паказаць сваё аблічча Фідыю, ці гэта Фідый, каб убачыць Зеўса, падымаўся на неба.

На залатым троне сядзеў цар багоў і людзей. Ён быў такі вялізны, што галавой амаль кранаўся столі храма, і калі б раптоўна падняўся, то разбурыў бы ўвесь будынак. У адной руцэ Зеўс трымаў залатую фігурку багіні перамогі — Нікі, а другой абапіраўся на высокае жазло, увенчанае свяшчэннай птушкай — залатым арлом. Галаву Зеўса ўпрыгожваў залаты аліўкавы вянок. Перакінуты цераз плячо плашч з чыстага золата прыкрываў бёдры і ногі Зеўса аж да самых ступняў і пакідаў аголенай верхнюю частку магутнага торса, які быў выраблены са слановай косці. Ногі ў залатых сандалях абапіраліся на падножжа, якое падтрымлівалася ільвамі.

Гэтая статуя ўражвала не толькі сваёй велічнасцю: яна быццам прамянілася боскім святлом. Фідый надаў твару Зеўса выраз незвычайнага пачуцця спакою, мудрасці, дабрыні.

Распавядалі, што, калі Фідый заканчваў сваю працу, ён захацеў даведацца, якой думкі аб ёй людзі. Калі адчыніліся дзверы храма, скульптар схаваўся за калонай і падслухаў іх гаворку. Адным здалося, што ў статуі тоўсты нос, другім чамусьці не падабаліся ўзоры на плашчы, трэція жадалі, каб была папраўлена складка...

Майстар ізноў узяўся за работу. А калі завяршыў яе, то на гэты раз надумаў звярнуцца да аўтарытэта самога вярхоўнага бога і папрасіў статую даць яму які-небудзь знак. У адказ раздаўся аглушальны гром, і чорная мармуровая падлога трэснула ля пастамента.

— Зеўс адобрыў маю працу, — узрадаваўся Фідый.

Слава аб гэтым дзіве разнеслася па ўсім старажытным свеце. "Няшчасны той, каму не давялося паглядзець на яго", —гаварылі ў Эладзе на працягу стагоддзяў.

Агледзеўшы храмы і скульптуры свяшчэннага гая Альтыса ў Алімпіі, прыняўшы ўдзел у ахвяраваннях у гонар Зеўса і іншых багоў, людзі накіроўваліся на стадыён, дзе пачыналі рассаджвацца на зямлі, па схілах узгорка. Арэна стадыёна ляжала перад імі доўгім і вузкім чатырохкутнікам, і бегавая дарожка была прамой, як страла. Слова "стадыён" атрымала назву ад меры даўжыні. Адзін стадый грэкі лічылі роўным шасцістам ступням Геракла. Гэта 192 м 28 см. На алімпійскім стадыёне дарожку вымяраў не жрэц, як на іншых, а сам Геракл, таму і была яна самая вялікая ў Грэцыі. Міфалагічная мінуўшчына злучылася з сучаснасцю. Бегуны, якія знаходзіліся далёка ад стадыёна, па факельнаму сігналу жраца зрываліся з месца... Іх пераможца падносіў агонь да свяшчэнных частак ахвяраваных жывёл. Ачышчальны агонь сведчыў пра адыход ад крывавых спраў старажытнасці; адбываўся пераход ад хтанічных багоў да алімпійскіх, ад Пелопса да Зеўса. Спачатку атлеты бегалі ў лёгкіх плашчах, а калі аднойчы адзін з іх згубіў плашч падчас бегу на дыстанцыі і аказаўся пераможцам, то ўсе звязалі яго поспех з гэтай недарэчнасцю, і з тае пары спаборнічалі аголенымі.

У праграму Алімпійскіх гульняў уваходзілі таксама барацьба (грэчаскія асілкі націралі цела алеем, каб было лягчэй выслізгнуць з рук праціўніка), кулачны бой, які быў цяжкім для байцоў і жорсткім відовішчам для гледачоў. Славутыя людзі Элады Піфагор, Платон, Эсхіл, Эўрыпід бралі ўдзел у гэтых спаборніцтвах, якія патрабавалі магутнай сілы і спрытнасці.

Наступны дзень пачынаўся пяцібор'ем: скакалі ў даўжыню з гірамі, кідалі дыск (адна з цудоўных скульптур старажытнагрэ-часкага майстра Мірона "Дыскабол", створаная ў V ст. да н. Х.), яшчэ кідалі дзіду, бегалі і дужаліся. Пераможцам станавіўся той, хто паказваў лепшыя вынікі па ўсіх відах пяцібор'я. А апошні дзень спаборніцтваў прысвячаўся бегу калясніц, у якім вознік павінен быў праявіць зайздроснае майстэрства, каб дванаццаць разоў абагнуць канцавы слуп іпадрома і ўтрымаць пры гэтым на крутых паваротах запененых коней.

Пасля апошняй, дзвесце дзевяноста трэцяй алімпіяды, якая адбылася ў 393 г., рымскі імператар Феадосій I забараніў Алім-пійскія гульні як язычніцкае свята. Яны ўжо на новай падставе былі адноўлены французам П'ерам дэ Кубертэнам праз паўтара тысячагоддзя ў 1896 г. І тады ўпершыню, а гэта адбылося ў Афінах, быў дадзены старт небывалага прабегу — 40 км, а пазней ён быў вызначаны больш дакладна — 42 км 195 м. Гэта дыстанцыя славутага марафонскага бега. Калі ў 490 г. да н. Х. персы напалі на Грэцыю, то першымі адстаялі сваю свабоду жыхары невялікага гарадка Марафона. Іх было 10 тысяч, а ворагаў у 10 разоў больш (апісанне бітвы дадзена ў Гісторыі Герадота). Паводле падання, з радаснай весткай паслалі ў Афіны самага хуткага воіна. Увесь запылены і ў крыві, ён, задыхаючыся, дабег да галоўнай плошчы Афінаў, паспеў вымавіць толькі адно слова "нікэ" (перамога) і паваліўся мёртвым.

Пераможцы алімпіяд, якія праводзіліся ў Старажытнай Грэцыі, называліся алімпіёнікамі. Яны вярталіся, упрыгожаныя свяшчэннымі алімпійскімі вянкамі, у свае гарады як трыумфатары. У іх гонар складалі гімны, аўтарам самых знакамітых з якіх быў Піндар (паэт VI — V ст. да н. Х.), стваралі статуі. Не толькі героі знаходзіліся пад аховай багоў, але нават і іх адлюстраванні. Распавядалі, што пасля смерці славутага атлета Феагена з вострава Фасас яго ворагі захацелі разбіць бронзавую статую. Падаючы, яна задавіла аднаго са злачынцаў. Сваякі загінуўшага звярнуліся ў суд, абвінаваціўшы статую Феагена ў забойстве. Суддзі прызналі яе вінаватай і вынеслі прыгавор: кінуць у мора. І тады на Фасас навалілася страшнае бедства — сухмень, а з ім неўраджай, голад. Прыйшлося выцягваць статую з марскога дна і зноў устанаўліваць на п'едэстал.

Вядома, што ў Алімпійскіх гульнях грэкаў забаранялася браць удзел і нават уваходзіць на стадыён замужнім жанчынам. Усе бачылі са сваіх месцаў, як за ракой Алтэем узвышалася Тыпайская скала. Той, якая адважылася б пайсці супраць закона, пагражала кара — быць скінутай з гэтай скалы. Праўда, расказ-валі пра адну жанчыну, якая пранікла на алімпійскі стадыён.

Гэта была Вераніка — дачка, сястра і жонка славутых у Грэцыі атлетаў, пераможцаў спартыўных гульняў у Дэльфах, Алімпіі і Немеі. У дзяцінстве яна назірала за тым, як рыхтаваўся да спаборніцтваў яе бацька. А калі падрасла, то разам з ім і братам адправілася ў Алімпію (дзяўчаты ў адрозненне ад замужніх жанчын мелі такую магчымасць). На ўсё жыццё запомнілася ёй незвычайная атмасфера Алімпійскіх гульняў, іх шматгалоссе і ўрачыстасць. І ніколі не забыць таго пачуцця радасці, якое ахапіла яе, калі ўвесь стадыён выгукваў імя брата. Стаўшы алімпіёнікам, брат праславіў іх род, праславіў горад.

Вераніка марыла аб тым, каб яе сын прадоўжыў сямейную традыцыю і быў таксама ўзнагароджаны аліўкавым вянком пераможцы. Жанчына сама падрыхтавала яго да спаборніцтваў у кулачным баі. А каб пабачыць выступленне сына, апранула мужчынскае адзенне і з'явілася на стадыён як трэнер юнака. Дзесяць гадзін запар дужаліся кулачныя барцы. Яны выходзілі на арэну парамі, станавіліся адзін перад адным, быццам па розныя бакі ткацкага станка, і "пралі" паветра лёгкімі падманнымі рухамі. Хітрылі поглядам, які скіроўвалі не ў тое месца, куды хацела ўдарыць рука... Іх хуткія ногі рухаліся, быццам у танцы... А сціснутыя кулакі рыхтавалі тым часам удары, якія знянацку ўзрываліся ў пустаце.

Гледачы не пакідалі сваіх месцаў. Яны забылі пра ежу, пра спякоту, хоць і была яна небяспечнай: усе ведалі пра легендарную смерць філосафа Фалеса, які памёр у Алімпіі ад санцапёку. Усе, і трэнеры таксама, скідвалі хламіды і хітоны, каб не пякло цела, і сядзелі напаўголыя. І толькі Вераніка, наадварот, захіналася як мага шчытней. Ніхто не здагадваўся, што за ўсім, што адбывалася падчас спаборніцтваў, пільна сачылі вочы маці магутнага маладога атлета, які спачатку нават з лёгкасцю, а потым не без намаганняў, але адолеў усіх прэтэндэнтаў на перамогу.

Яго вітаў такі крык, што шчаслівая маці, забыўшыся на ўсялякую асцярожнасць, пераскочыла цераз агароджу, якая аддзяляла месцы трэнераў ад арэны, і кінулася абдымаць сына. І тут усе ўбачылі, што гэта... жанчына! Страшнае пакаранне пагражала ёй. Але суровыя суддзі памякчэлі, калі даведаліся, з якой слаўнай сям'і паходзіць Вераніка і што бліскучая перамога яе сына — гэта вынік і яе клопату і намаганняў. Жанчыне даравалі, і каб надалей не адбылося нічога падобнага, увялі правіла: трэнерам, як і атлетам, належала знаходзіцца на стадыёне аголенымі.

Хоць антычнасць і не ведае прыклада пакарання жанчыны за яе пранікненне ў Алімпію падчас мужчынскіх гульняў, закон паважалі. Тым больш, што і прадстаўніцы прыгожага полу таксама мелі магчымасць збірацца ў Алімпіі, і ўжо на сваё свята не пускалі мужчын. Яны наладжвалі жаночыя спаборніцтвы ў гонар жонкі Зеўса, багіні Геры, і называлі іх гераідамі. Праводзіліся гераіды раз у пяць гадоў. Праўда, збіралі яны невялікую колькасць жадаючых, што тлумачылася цяжкасцямі падарожжа ў Алімпію, ды і спаборнічалі жанчыны толькі ў бегу на кароткую дыстанцыю.

Адным з галоўных свяцілішчаў Алімпіі быў храм Геры — Гераён, дзе здзяйснялі абрады і падчас Алімпійскіх гульняў.

ГЕРА

Я — Гера, багіня трывалае сям'і,



цяпла і згоды...

— Ах, Гера! З праменным тварам

і руплівым сэрцам!

Хачу сям'і, хачу цяпла, пяшчоты...

Няхай заўжды пад дахам маёй хаты

пануюць шчырасць, і спакой, і згода.

Р. Баравікова ("Рамантычная дзяўчынка шукае шчасце")

Гера (у рымскай міфалогіі Юнона) — сястра і жонка Зеўса, якая была апякункай шлюбаў і мацярынства, узорам жаночай вернасці. Гера суцяшала ўдоў. Як вярхоўная алімпійская багіня яна мела свой храм альбо алтар у кожным горадзе. Самай вядомай скульптурай багіні была тая, што знаходзілася ў Гераёне Аргоса. Славуты скульптар Паліклет стварыў яе велічнай, сядзячай на троне: у адной руцэ Геры — плод граната, які сімвалізаваў урадлівасць, у другой — жазло з зязюляй. Зязюля стала адным з атрыбутаў Геры ў сувязі з тым, што Зеўс, дабіваючыся яе кахання, ператварыўся ў гэтую птушку.

Міфы надзялялі багіню сварлівым, упартым, вель- мі раўнівым характарам. Шлюбнае жыццё з Зеўсам праходзіла ў спрэчках.

Вяселле ў Платэі

Аднойчы Гера не ўступіла ў спрэчку з Зеўсам, а падалася на гару Кіферон. Яна любіла адпачываць там, калі ў чарговы раз крыўдзіў яе шчодры на каханне муж, ды і часам хацелася пазбегнуць насмешлівых позіркаў багінь, асабліва Афрадыты, саўдзельніцы яго любоўных прыгод. Але Зеўс адшукаў Геру і вырашыў пажартаваць з яе. Яму дапамог цар гэтага края, які вырабіў з цудоўнага дубовага дрэва ляльку, што нагадвала чалавечую фігуру. Яе ўбралі ў прыгожае адзенне нявесты, паклікалі німфаў, запрасілі гасцей і ўсе разам з музыкай адправіліся ў Беотыю.

Чутка аб вяселлі, якое мела адбыцца ў Зеўса, хутка даляцела да Геры. Ахапіла багіню рэўнасць. Яна спусцілася з Кіферона і ў суправаджэнні платэйскіх жанчын накіравалася насустрач мужу. Зусім збянтэжылася велічная багіня, калі ўбачыла вясельную працэсію. І толькі пачуўшы нястрымны рогат Зеўса, здагадалася, што яе ашукалі. А пасля і сама пераканалася ў тым, што не было ніякай нявесты, а толькі апранутая і ўпрыгожаная драўляная лялька. Гера даравала крыўду, але так раззлавалася на гэтую ляльку, што загадала знішчыць яе, і супакоілася толькі тады, як ляльку спалілі.

З тае пары ў Платэі, дзе царыца багоў Гера сустрэла вясель-ную працэсію, заўсёды адзначалася "свята лялькі", якое заканчва-лася ўрачыстым абрадам спальвання вялікай колькасці лялек.

Мы ведаем з міфаў, што не заўсёды разлад паміж Зеўсам і Герай завяршаўся гэтак жа бязвінна. Аднойчы вярхоўны бог, моцна разгневаны на жонку, падвесіў яе за рукі на залатым ланцугу каля вяршыні Алімпа ды яшчэ падвязаў да ног кавадлы. Толькі праз некалькі дзён скончыліся пакуты Геры. Але і яна ўмела помсціць: так наслала яна вар'яцтва на дачок цара Прэта, якія адкрыта выхваляліся, быццам не ўступаюць багіні ў прыгажосці. Асабліва праследавала Гера жанчын, што прыцяг-валі ўвагу яе мужа.

Міфолагі бачаць у самастойнасці і незалежнасці Геры, у яе рэўнасці і гневе рысы вялікага жаночага мясцовага боства даалімпійскага перыяду. Архаічнасць алімпійскай Геры выяўляецца і ў тым, што яе сын Арэс — адзін з самых стыхійных, крывавых багоў.



Аднаго разу Гера заўважыла ля ракі Інах незвычайнае воблака. Агледзелася яна вакол: на Алімпе мужа не было. Падазраючы яго ў свавольстве, багіня спусцілася на зямлю і ўпэўнілася, што ў яе былі падставы сумнявацца. Сапраўды, Зеўс закахаўся ў дачку Інаха Іо і праследаваў прыгожую німфу, а каб схавацца ад вачэй раўнівай Геры, акружыў сябе цёмным воблакам. Жадаючы выратаваць Іо ад гневу жонкі, Зеўс ператварыў яе ў беласнежную карову. На пытанне Геры адказаў, што любуецца гэтай каровай, якую толькі што нарадзіла Зямля. Багіня запатрабавала яе сабе ў падарунак, і, не ведаючы, як ёй адмовіць, Зеўс згадзіўся аддаць Іо.

Гера даручыла вартаваць карову волату Аргусу, які меў вельмі шмат, мо сто, вачэй, і калі адны вочы спалі, астатнія нават не драмалі. Ён дазваляў Іо ўдзень пасвіцца, а ўвечары заганяў у хлеў.

Ішла Іо неяк па беразе ракі, дзе раней гуляла з сёстрамі німфамі, глянула ў ваду, а там — морда з рагамі. Жахнулася Іо ад агіды, закрычала і пачула каровіна мыканне. Данеслася яно да Алімпа, і Зеўс, і без таго абураны пастаянным наглядам Геры, больш не вытрымаў: паслаў да Аргуса свайго сына Гермеса, каб той забіў яго і вызваліў Іо.

Паляцеў Гермес спачатку на край зямлі, туды, дзе хавалася ўдзень багіня месяца Селена, выпрасіў у яе ззяючы серп, панёсся да волата. Хітры быў Гермес, але не ўступаў яму і шматвокі Аргус. Паглядзеў на бога, схаваўшага серп.

— Што гэта ззяе ў цябе пад каўпаком?

— Мае пастухоўскія песні, і толькі. Іх спявае Селена сваім валам. Хочаш, навучу?

Выцягнуў Гермес серп Месяца і заспяваў песню падман-лівых сноў. З усіх багоў ён адзін ведаў гэтую песню, бо спускаўся ў царства Ночы, дзе жылі Сны. І пачаў волат засынаць. Тады Гермес адсек яму галаву, і вочы пачалі гаснуць на целе Аргуса. Праўда, не дала ім зусім пагаснуць Гера: раптам з'явілася з чара-дой белых паўлінаў, сабрала ўсе тыя вочы і рассыпала іх па кры-лах і па доўгіх паўлінавых хвастах, дзе яны заблішчэлі нібы зоркі.

Не спыніла сваіх праследаванняў няўмольная багіня. Яна паслала ўслед Іо страшнага авадня, які джаліў небараку, пакуль не прыбегла тая ў Егіпет. Там вярнулася Іо чалавечае аблічча, і яна стала маці зачатага Зеўсам сына, славутага ў старажытным свеце Эпафа.

Міф аб пераўвасабленні німфы Іо ў карову і забойстве Аргуса Гермесам абралі тэмай для сваіх палотнаў знакамітыя жывапісцы, сярод якіх В. Тыцыян, П. П. Рубенс, Д. Веласкес. У выставачнай зале Дзяржаўнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь дэманструецца карціна "Меркурый і Аргус" фламанд-скага мастака ХVII ст. Яна ван Кеселя Старэйшага.

Шмат палотнаў еўрапейскіх мастакоў прысвечана выяве сонма грэчаскіх багоў, цэнтральнае месца на якім займае, вядома, Зеўс ("Сход алімпійскіх багоў" Рубенса і інш.). На жаль, мы не можам захапляцца прыгажосцю антычных храмаў, якія ўзводзіліся ў гонар Зеўса, бо ад іх засталіся руіны. Бясследна знікла статуя Фідыя "Зеўс Алімпійскі", што ўвайшла ў лік сямі цудаў свету: на пачатку V ст. імператар Феадосій II загадаў адвезці яе як язычніцкага ідала ў Канстанцінопаль, дзе яна стала ахвярай пажару 475 г.

Сусветна вядомая выява неразлучнай спадарожніцы Зеўса багіні перамогі Нікі (у рымскай міфалогіі яна Вікторыя) — "Ніка Самафракійская", што захоўваецца ў Луўры. Помнік быў створаны ў эпоху элінізму, каля 190 г. да н. Х. (па некаторых крыніцах — у IV ст. да н. Х.) майстрамі радоскай школы ў гонар перамогі грэчаскага флоту і ўстаноўлены на носе баявога карабля. Гэта пра яго пісаў М. Танк:

Самафракійская Ніка

лёт на хвіліну спыніла,

Пра перамогу прынёсшы

звестку ў Эладу сваю.

Радасцю дыхаюць грудзі,

высака ўзвіхраны крылы.



"Багіня перамогі"

Гэтую антычную статую складалі па кавалках, якія знайшлі ў 1863 г. на востраве Самафракія. Абезгалоўленая, з паламанымі крыламі, Ніка Самафракійская і зараз уражвае сваёй прыгажосцю. Яна з’яўляецца ўвасабленнем вольнасці, руху, хараства, духоўнасці, а таксама трагізму, і ў гэтым сэнсе ўспрымаецца сёння як сімвал усёй грэчаскай цывілізацыі.

ПАСЕЙДОН

Узрушаны марскія нетры—

глыбінны лес,

камення глыбы,

мігціць вада густым паветрам,

успырхвае

пудліва рыба.

Трывогаю з прадоння ўзняты,

над лесам кружыць,

гневу поўны,

ліхі Нептун —

крумкач калматы,

падводных таямніц ахоўнік.

А. Русецкі

Пасейдон — адзін з трох самых магутных багоў Элады (у Рыме ён атаясамліваўся з Нептунам). Пасейдону было падуладна ўсё вялікае марское царства, як яго малодшаму брату Зеўсу — неба і зямля, а старэйшаму Гадэсу — змрочнае царства пад зямлёй.

Сваім абліччам Пасейдон нагадваў вярхоўнага бога, толькі валасы меў колеру марскіх хваляў ("сінявалосы" — адзін з яго эпітэтаў), кучаравая барада была заўсёды вільготнай, ды й позірк цёмных вачэй больш суровы. Галоўны атрыбут Пасейдона — трызубец — не дазваляў зблытаць яго ні з кім іншым. З дапамогай трызубца, надзеленага магічнай сілай, бог мораў мог узбаламуціць хвалі і мог толькі адным дотыкам супакоіць іх. Сваім трызубцам ён падымаў караблі, якія захрасалі сярод скал ці садзіліся на мель, а тым, хто трапляў у караблекрушэнне, пасылаў быстрыя плыні. Пасейдон ўладарыў над вятрамі.

Гамер называў Пасейдона "вялікім", "магутным", "цёмнава-лосым'', а таксама "трымальнікам зямлі" і "скаланальнікам зямлі". Землятрусы — справа рук Пасейдона, праява яго гневу. Ва ўладзе гэтага бога было раздзерці трызубцам зямлю альбо рассунуць горы і стварыць багатыя вадой даліны. Тое, што ён спачатку быў звязаны з зямлёй, даказваюць міфы аб зааморфнай іпастасі ста-ражытнага Пасейдона — яго ўяўлялі ў абліччы быка і каня. Праў-да, расказвалі, што марскі бог ператварыўся ў каня, калі закахаў-ся ў Дэметру. Багіня земляробства і ўрадлівасці блукала ў той час па свеце, каб адшукаць выкрадзеную дачку Персефону і зусім не імкнулася да падобных сустрэч. Таму яна ператварылася ў кабылу і пачала пасвіцца ў агульным табуне. Але і Пасейдон ператварыўся ў жарабца. Ад іх злучнасці з'явіўся дзікі конь Арэён, які спачатку належаў Пасейдону, а потым Гераклу і Адрасту, правадыру паходу Семярых супраць Фіваў.

Пасейдон — старажытнае хтанічнае боства: доўгі час ён не хацеў прызнаваць сябе слабейшым за Зеўса. Наперакор волі грамавержца, а таксама ўсіх багоў-алімпійцаў ён перашкаджаў герою Траянскай вайны Адысею вярнуцца на радзіму, ганяў па моры, помсцячы за асляпленне свайго сына Паліфема. Гэта Пасейдон падбухторыў Геру і Афіну (ці Геру і Апалона) да бунту супраць вяршэнства Зеўса. Выратавала галоўнага алімпійца ад кайданоў марская німфа Фетыда... У свой час яе хацелі мець сваёй жонкай Зеўс і Пасейдон. Прыгожая Фетыда выбрала Зеўса, але абодва багі адмовіліся ад яе, калі прачулі аб прадказанні: той, хто ажэніцца з Фетыдай, будзе мець сына больш магутнага за яго самога, і гэты сын зможа пазбавіць улады свайго бацьку... Фетыда прывяла на Алімп аднаго са Старукіх Брыарэя, і калі яго ўбачылі загаворшчыкі, то адразу адмовіліся ад свайго намеру і ўцяклі.

Нягледзячы на вялікі аўтарытэт Пасейдона, яму не вельмі шанцавала ў спрэчках з багамі. Афіна атрымала перамогу ў сутыкненні з марскім уладаром за апякунства над Атыкай. Безвынікова закончыліся спробы Пасейдона адабраць востраў Наксас у Дыяніса, Эгіну — у Зеўса, Дэльфы — у Апалона. Разам з Геліясам ён прэтэндаваў на Карынф, але атрымаў толькі перашыек Істм. Вельмі абразіла Пасейдона рашэнне рачных багоў на карысць Геры, яго канкурэнткі, у спрэчцы за Аргос. Пасля помсты Пасейдона Атыцы, калі ён затапіў Элеўсін, багі-алімпійцы забаранілі помсціць паводкай, і тады Пасейдон высушыў патокі рэчак сваіх суддзяў так, што ўлетку яны зусім перасыхалі. Не ўдавалася богу мораў стаць заснавальнікам ці апекуном паселішчаў і гарадоў, бо яго моц была разбуральнай, а не стваральнай. Толькі некаторыя ўчынкі Пасейдона былі карыснымі для людзей: ён дараваў зямлі вільгаць, ён жа выратаваў фесалійцаў ад патопу, праклаўшы з дапамогай свайго трызубца шлях да мора рацэ Пентэй.

Адзінае ўладанне Пасейдона, дзе царавалі яго дзеці і нашчадкі і дзе галоўныя храмы і свяцілішчы былі прысвечаны яму, — гэта востраў Атлантыда (назва ад наймення гор Атланта). Мы ведаем пра яго дзякуючы багатай фантазіі грэчаскага філосафа V — IV ст. да н. Х. Платона, які апісаў гэты вялізны востраў — казачную краіну, дзе ўсяго было ў дастатку. Але неймавернае багацце і раскоша жыцця сапсавалі людзей. Яны страцілі добрапрыстойнасць і ператварыліся ў сквапных, разбэшчаных істот. І тады Зеўс, які сачыў за выкананнем законаў, што былі ўстаноўлены багамі для людзей, вырашыў пакараць жыхароў Атлантыды і знішчыў востраў.

Спрэчкі пра тое, ці існаваў у сапраўднасці востраў Атлантыда, які апусціўся на дно Атлантычнага акіяна, і дзе яго шукаць, распачаліся яшчэ ў антычныя часы. Людзі XX ст. — сведкі жахлівых вынікаў НТР — схільныя тлумачыць гэтае паданне сапраўдным існаваннем высокай цывілізацыі, якая была загублена нейкай касмічнай катастрофай.

У Эладзе вельмі шанавалі Пасейдона, асабліва маракі і коннікі. На Істме кожныя два гады, пачынаючы з 582 г. да н. Х., праводзіліся Істмійскія гульні ў гонар марскога ўладара. Як Алімпійскія і Піфійскія гульні, яны ўключалі ў сваю праграму спартыўныя спаборніцтвы, а пазней — спаборніцтвы музыкан-таў. Пераможца на Істмійскіх гульнях ушаноўваўся вянком з галінак хвоі, бо хвоя — дрэва, прысвечанае Пасейдону, як з жывёлаў яму прысвячаліся дэльфін, конь і бык.

Да нашага часу дайшло шмат старажытных помнікаў, якія адлюстроўваюць вобраз міфічнага бога мораў і маюць вялікую мастацкую каштоўнасць. Гэта перш за усё скульптуры: "Пасейдон з трызубцам" — рымская копія грэчаскага арыгінала IV ст. да н. Х., "Пасейдон Мілоскі" — арыгінальны помнік II ст. да н. Х., рымскія копіі "Пасейдона" работы Лісіпа і іншыя. Натхняў Пасейдон-Нептун і мастакоў новага часу: жывапісцаў (П. Веранезе, П. П. Рубенс), а таксама аўтараў славутых фанта-наў, нязменнай фігурай якіх быў антычны бог ("Нептун" Арноль-дзі, што ў Петрадварцы пад Санкт-Пецярбургам).



1   2   3   4   5   6   7   8   9   10   11


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка