Багiі аліiмпа




старонка11/11
Дата канвертавання14.03.2016
Памер1.76 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8   9   10   11
Сісіф (Сізіф)

Вы чуеце, як з громам

Зноў коціцца з гары

Цяжкі яго валун?!

М. Танк ("Сізіф")

Спадабалася Зеўсу адна з дваццаці дачок рачнога бога Асопа, прыгажуня Эгіна, і алімпійскі ўладар выкраў дзяўчыну. Ніхто не ведаў, куды знікла Эгіна. Толькі карынфскі цар Сісіф падгледзеў, як Зеўс, прыняўшы аблічча арла, панёс дачку Асопа на бязлюдны востраў і там схаваў яе. Але хітры цар пакуль прадбачліва маўчаў.

Тым часам рачны бог адправіўся на пошукі Эгіны і прыйшоў у Карынф да Сісіфа. Сісіф паабяцаў назваць імя выкрадальніка, калі Асоп падаруе яго гораду крыніцу і ў карынфскага народа з'явіцца багата вады. Згадзіўся рачны бог, а Сісіф стрымаў сваё слова.

Разгневаўся Зеўс: Сісіф не хоча захоўваць боскія таямніцы ў верхнім свеце, дык няхай адпраўляецца ў ніжні! — і паслаў па Сісіфа бога смерці Таната. Такое прывяло б у роспач любога смяротнага, але толькі не Сісіфа. Ён прадугледзеў дзеянне вярхоўнага бога і падрыхтаваўся да сустрэчы з Танатам: прыладзіў для яго пастку, і бог смерці трапіў у яе.

На зямлі пачалося неверагоднае! Паколькі Танат знаходзіўся ў Сісіфавым палоне, людзі перасталі паміраць. Не праводзіліся пышныя пахавальныя рытуалы, не прыносіліся багатыя ахвяры падземным багам. Парушыўся парадак, усталяваны Зеўсам. Тады па яго загаду бог вайны магутны Арэс вызваліў Таната, і той пацягнуў душу Сісіфа ў апраметную. Але і ў гэтай, здавалася б, безнадзейнай сітуацыі, не разгубіўся кемлівы Сісіф. Ён паспеў папярэдзіць сваю жонку, каб тая не хавала яго цела і не прыносіла ніякіх ахвяраванняў, а сам, апынуўшыся ў Аідзе, паспяшаўся да Персефоны:

— Вялікая багіня, — умольваў Сісіф, — дазволь мне вяр-нуцца ў верхні свет, дазволь паклапаціцца аб сваім пахаванні і адпомсціць маёй жонцы за выказаную мне пагарду. Не пройдзе і трох дзён, як я зноў паўстану перад тваімі вачыма.

Даверылася Персефона Сісіфу, і вераломнаму цару ў чарговы раз удалося ашукаць багоў. Але бясконца так працягвацца не магло. Зноў пасланы па Сісіфа Танат назаўсёды забраў яго душу ў змрочны Аід. Суддзі ў царстве мёртвых нагадалі Сісіфу злачынствы, шматлікія грахі і пакаралі цяжкай і марнай працай: з тае пары ён асуджаны вечна цягаць на вяршыню падземнай гары вялізны камень. Як толькі Сісіф, увесь запылены і спацелы, напружваючы апошнія сілы і падпіраючы камлыгу ўсім сваім целам, набліжаўся да вяршыні гары, яна вырывалася з аслабленых рук і з грукатам неслася ўніз. Ізноў Сісіф спускаўся з гары... Ізноў пачыналася ўсё спачатку...


Міфалагічны светапогляд абвінавачваў Сісіфа, нягледзячы на тое, што ён дзейнічаў на карысць людзям. Але ён дзейнічаў шляхам падману і хітрасці! Дзейнічаў супраць волі багоў! Пакаранне героя сімвалізавала дарэмнасць любых спробаў смяротных узяць верх над багамі. Напэўна, Меропа, жонка Сісіфа, якая трапіла разам з астатнімі сваімі сёстрамі Плеядамі на неба, саромелася не толькі таму, што яе муж быў смяротным: яна адзіная з Плеядаў, муж якой апынуўся ў Тартары. Вось і пакінула Меропа сваіх зоркавых сясцёр, і засталося іх на начным небе толькі шэсць.

Шкада, што мы не ведаем канцэпцыі Сісіфа ў трагедыях Эсхіла і Эўрыпіда, бо не можам прачытаць іх: творы не захаваліся. Наогул, міф гэты быў папулярны ў антычнасці, і яго згадваў яшчэ Гамер у "Адысеі".

Міф пра Сісіфа, у якім тоіцца вялікі філасофскі сэнс, аказаўся прыдатным для літаратуры XX ст. Так, французскі пісьменнік і філосаф А. Камю на прыкладзе Сісіфа, які стаічна ўскатвае ўгору камень, вырашаў экзістэнцыялісцкую праблему ўнутранай свабоды асобы (эсэ "Міф пра Сізіфа", 1942). А ў творы нашага суайчынніка С. Дубаўца (эсэ "Сізіф", 1984) паўстае праблема ўнутранага нявольніцтва і атупелай пакорлівасці. Сізіф беларускага аўтара — гэта, бадай, увасабленне цэлага грамадства з абсурднай цягай да ўсяго звыклага і звычайнага, да ўсяго традыцыйнага, з абсурднай бояззю любога абнаўлення.

Іншае асэнсаванне міфалагічнага вобраза прапануюць М. Танк (верш "Сізіф") і С. Арлоў (верш-версэт "Сізіф"). Для гэтых паэтаў Сісіф цікавы перш за ўсё сваім супрацьстаяннем усталяванаму небам парадку, сваёй гераічнай спробай пераадо-лець смерць, адняць у багоў права кіраваць жыццём людзей. Вось і пытаецца герой Арлова ў тых, хто "шкадуе" яго:


ці адкрывалі вы простым смертным та-

ямніцы падступных багоў?

ці, можа, і вам удалося закуць у ланцу-

гі бога смерці Таната?

"Сісіфава праца" — цяжкая, марная, пазбаўленая сэнсу. Не больш выніку ад сваёй працы ў апраметнай мелі і Данаіды.

Данаіды

Праўнукамі бяглячкі Іо, якая знайшла прытулак у Егіпце, былі магутныя героі-блізняты Эгіпт і Данай. Нарадзіўшыся на Усходзе, яны жылі не па традыцыях сваіх продкаў элінаў. Эгіпт ад розных жанчын — лівіяк, фінікіяк, арабак меў пяцьдзесят сыноў, а Данай стаў бацькам пяцідзесяці прыгажунь-дачок.

Не было згоды паміж братамі з-за спадчыны, і Эгіпт прапанаваў брату ажаніць сваіх сыноў з Данаідамі. Але Данай і яго дочкі-прыгажуні адмовіліся. Лепш уцёкі, разважалі яны, вяртанне на зямлю продкаў, чым шлюб з кроўнымі, дый без кахання. З дапамогай багіні Афіны яны пабудавалі пяцідзесяцівясловы карабель, слугі селі за вёслы, і вялікая сям'я паплыла ў Грэцыю. Прыпынак Данай і Данаіды зрабілі на востраве Родас, дзе заснавалі свяцілішча сваёй апякунцы Афіне і прынеслі ёй багатыя ахвяры.

У Аргалідзе, куды пасля доўгага марскога падарожжа прыбыла вялікая сям'я, жылі пелазгі, у якіх царом быў Геланор. Данай як нашчадак правіцеляў гэтай краіны пачаў прэтэндаваць на трон, і тады народ сабраўся на сход, каб вырашыць гэтае пытанне. Яно было не з лёгкіх і таму канчатковае рашэнне перанеслі на наступны дзень. А ўначы з лесу прыйшоў воўк, смела напаў на статак царскіх кароў і зарэзаў быка, важака гэтага статку. Людзі асэнсавалі гэтае здарэнне як знак багоў: маўляў, да іх прыходзіў у абліччы ваўка Апалон, і таму ўлада павінна належаць прышэльцу. Стаўшы царом Аргаліды, Данай пабудаваў храм у гонар Апалона-ваўка і стаў такім магутным уладаром, што пелазгі пачалі называць сябе данайцамі.

У свой час Аргаліду пакрыўдзіў марскі бог Пасейдон. Ён хацеў апекаваць гэтую зямлю, але рачны бог Інах аддаў перавагу багіні Геры. Помсцячы, Пасейдон высушыў у гэтай краіне ўсе рэчкі і ручаі. І цяпер, каб пазбавіць аргівянаў пакут ад недахопу прэснай вады, Данай разаслаў сваіх дачок на яе пошукі.
Адна з Данаід Амімона падчас свайго вандравання ўбачыла ў лесе аленя. Яна кінула дроцік, а ён трапіў у спячага сатыра. Пажадлівы сатыр пагнаўся за дзяўчынай. Амімона пачала клікаць на дапамогу. Яе пачуў Пасейдон, шпурнуў у сатыра трызубец, але той адскочыў убок, і трызубец уваткнуўся ў скалу. Знік крыўдзіцель Амімоны, і яна, разгубленая, з удзячнасцю кінулася да таго, хто яе вызваліў. Пасейдон абняў дзяўчыну, убачыў, якая яна прыгожая... І Амімона стала каханай аднаго з самых магутных багоў. Калі яна звярнулася да Пасейдона з просьбай аб вадзе, ён паказаў на ўсаджаны ў скалу трызубец:

— Падыдзі, Амімона, да гэтай скалы і паспрабуй яго выцягнуць.

Са здзіўленнем і недаверам да таго, што выконвае, Данаіда ўзялася за трызубец і ледзьве яго пацягнула, як у той жа момант з трох адтулін забруіла крыштальна чыстая вада... З тае пары гэтую крыніцу называюць Амімонай, і яна не высыхае нават у спякотнае лета.

Тым часам сыны Эгіпта Эгіптыяды даведаліся аб знаходжанні стрыечных сясцёр. Яны з'явіліся ў Аргос і пачалі ўпрошваць, а потым патрабаваць Данаід сабе ў жонкі. Данай і дзяўчыны зноў адмовілі ім. Тады Эгіптыяды абкружылі Аргос. Данай і Данаіды апынуліся ў той частцы горада, дзе не было вады, хоць да гэтага часу яны ўжо ведалі, як капаць студні і навучылі гэтаму майстэрству аргівянаў. Прыйшлося ўступіць Эгіптыядам, і тыя знялі аблогу.

Пачалі рыхтавацца да вяселля. Пары вызначаліся выпадкова, галоўным чынам па жэрабю. Вяселле атрымалася пышнае і шумнае, але бацька нявест ні на хвіліну не забываў аб дадзеным яму напярэдадні прароцтве: зяці-пляменнікі прынясуць у яго дом няшчасце.

Патухлі шлюбныя факелы. Цішыня агарнула ўсе пакоі палаца. І раптам пачуўся цяжкі стогн, які нагадваў перадсмяротны, потым яшчэ адзін, і яшчэ... Данаіды паслухаліся бацьку, які кожнай з іх даў па кінжалу і загадаў забіць заснуўшых мужоў. Загінулі ўсе сыны Эгіпта, акрамя аднаго — Лінкея. Юная дачка Даная Гіпермнестра злітавалася над ім і дапамагла ўцячы. Калі бацька даведаўся аб гэтым, ён страшна раззлаваўся і хацеў асудзіць дачку на смерць. Але аргоскія суддзі апраўдалі Гіпермнестру. Казалі, быццам сама Афрадыта спускалася з Алімпа, каб выратаваць дзяўчыну. Добрая Гіпермнестра засталася жонкай Лінкея, і ў іх родзе з'явілася шмат вялікіх герояў, у тым ліку самы дужы і адважны — Геракл.

Багі не пашкадавалі Данаід- мужазабойцаў і прыдумалі для іх жорсткае і незвычайнае пакаранне. Пасля смерці яны пакутуюць у Тартары, дзе навечна асуджаны займацца зусім марнай працай: насіць у рэшатах ваду, каб напоўніць ёю бочку, а бочка тая бяздонная. Данаіды чэрпаюць ваду ў падземнай рацэ. Яна выцякае з рэшатаў, а тая, што застаецца ў іх, упітваецца зямлёю. Данаіды зноў, ужо ў які раз, вяртаюцца да рэчкі, зноў чэрпаюць ваду, зноў бягуць да бочкі, але ўсё дарэмна, і яны вымушаны пачынаць усё нанова. І так бясконца.
На думку вучоных-міфолагаў (В. Рошара, К. Хюбнера і інш.), міф пра Данаід і Эгіптыядаў (егіпцянаў) персаніфікуецца ў ландшафты Аргоса. Данаіды ўвасабляюць багатую вадой і крыніцамі частку Аргоса, егіпцяне — засушлівую частку, дзе сустракаюцца плыні, якія хутка высыхаюць, і дзе шмат забалочаных ручаёў. Заручаны пяцідзесяці сыноў Эгіпта і пяцідзесяці дачок Даная—гэта злучэнне змярцвелых ручаёў з жыватворнымі крыніцамі. Але шлюб не адбыўся...

Алімпійцы добра ведалі, што ніякія фізічныя пакуты не могуць параўнацца з сапраўды нясцерпнай для людзей карай, якой з'яўляюцца марная праца, бясплённыя намаганні.

Міфы распавядаюць яшчэ пра аднаго героя, што быў скінуты багамі ў Аід. Гэта цар лапіфаў Іксіён, які злоўжываў даверам самога Зеўса.

ІІІІІІІІІІІІІIксіён

Закахаўся Іксіён у красуню Дыю, папрасіў у яе бацькі Дэёна рукі дзяўчыны і абяцаў яму багатыя падарункі. Але быў Іксіён сквапным і вырашыў пасля вяселля загубіць свайго будучага цесця. Ён загадаў слугам выкапаць перад палацам вялікую яму і распаліць у ёй вогнішча. "Калі застануцца палаючыя вуглі, — наказваў ён, — прыкрыйце яму зверху тонкімі дошкамі і зямлёй".

Нічога не падазраваў Дэён, калі на наступны дзень пасля вяселля накіраваўся да зяця за абяцаным золатам. Іксіён выйшаў насустрач, ветліва загаварыў, а потым спіхнуў цесця ў яму, дзе той згарэў зажыва.
Усе багі палічылі ўчынак Іксіёна агідным і адмовілі яму ў рытуальным ачышчэнні. Толькі грамавержац Зеўс пашкадаваў грэшніка: дазволіў яму ачысціцца і нават запрасіў на Алімп. Іксіён частаваўся там з боскага стала, піў нектар і паглядаў на Геру, твар якой зіхацеў незямной прыгажосцю. Няўдзячны, ён асмеліўся закахацца ў бессмяротную жонку сусветнага ўладара, і ў сваіх нечасцівых думках ужо прызнаваўся ёй у каханні.

Распазнаў намер свайго госця Зеўс і, каб праверыць яго, надаў аблічча Геры воблаку, а сам знік. Падвыпіўшы Іксіён пачаў абдымаць прывід, сатканы з воблака.

Не дараваў Зеўс Іксіёну яшчэ аднаго злачынства. І загадаў распасцерці вераломнага на вогненным коле, каб ён вечна круціўся на ім у Аідзе.
Існуе і іншая версія міфа. Вялізнае вогненнае кола, якое круцілася разам з Іксіёнам так, што яго рукі і ногі ўтваралі спіцы, было кінута Зеўсам у Эфір і мусіла вечна вярцецца ў нябеснай прасторы, а значыць, мусіў вечна пакутаваць Іксіён. Такое пакаранне цара лапіфаў робіць яго падобным да сонечнага бога. Шмат у якіх народаў кола з'яўляецца сімвалам сонца. Такім чынам, можа, невыпадкова Іксіён быў запрошаны на Алімп і абдымаў менавіта воблака.

У міфах распавядаецца таксама, што аплодненае Іксіёнам воблака нарадзіла дэманічных істот кентаўраў. Напаўлюдзі-напаўконі, яны вызначаліся дзікім норавам і цягай да віна.

Яшчэ большую вынаходлівасць, чым у папярэдніх выпадках, праявілі бессмяротныя, калі выбіралі кару фрыгійскаму цару Танталу. "Танталавыя мукі" — мукі нясцерп-ныя таму, што жаданая мэта вельмі блізкая, але дасягнуць яе ніяк немагчыма. Гэтаму паняццю даў жыццё адзін з самых папулярных у Эладзе міфаў.

Тантал

Але, як прывід адступіць, бывала,

Роспаччу сэрца тады разварушу,

Моцна пакутую, кшталтам Тантала,

I ненавідзець свет мушу.

Ф. Багушэвіч ("Прывід надзеі")

Багата і шчасліва жыў фрыгійскі цар Тантал. Належалі яму, сыну Зеўса, залатыя руднікі, урадлівыя палі і вінаграднікі, а на лугах пасвіліся шматлікія статкі жывёл. Багі шанавалі Тантала і нават запрашалі яго на Алімп. Тантал спачатку трымаўся з багамі сціпла, але з цягам часу асмялеў і ўжо на роўных, як ніхто іншы са смяротных, браў удзел у пірах алімпійцаў. Аднаго разу ён украў з іх стала нектар і амброзію, пасля чаго заўсёды, калі вяртаўся з Алімпа ў свой палац, частаваў боскай стравай прыдворных. Да таго ж, гуляючы з імі, сваімі смяротнымі сябрамі, бязбожнік выдаваў ім важныя рашэнні, якія прымаліся багамі на Алімпе, і сакрэты, што давяраў яму сам Зеўс. Вярхоўны бог ведаў пра ўсё гэта, але дараваў свайму любімцу. З цягам часу Тантал станавіўся ўсё больш нахабным і фанабэрыстым. Калі аднойчы Зеўс захацеў выканаць любое жаданне сына і прапанаваў яму гэта, то пачуў у адказ:

— Я не маю патрэбы ні ў чым, бо няма на свеце смяротнага, які быў бы багацейшы за мяне і каму б шанцавала ў жыцці болей, чым мне. Мой лёс не горшы за боскі!

Нічога не сказаў Зеўс, толькі насупіў бровы. Тантал працягваў свае бязбожныя справы. Яго чарговымі злачынствамі з'явіліся крадзеж і лжэсведчанне.

Калісьці маленькага Зеўса, які выхоўваўся на Крыце, вартаваў залаты сабака. Потым, калі Зеўс вырас і атрымаў перамогу над Кронам, ён прызначыў гэтага сабаку ахоўваць свой храм. Усе, хто бачыў цудоўную жывёлу, былі ў захапленні ад яе прыгажосці і моцы. А цар Эфеса Пандарэй даўно марыў завалодаць гэтай незвычайнай істотай. У рэшце рэшт яму ўдалося вывезці сабаку з Крыта. Але дзе яго схаваць?.. Ну, вядома, у Тантала, на гары Сіпіл! — узрадаваўся сваёй прыдумцы Пандарэй.

Праз які час Пандарэй захацеў вярнуць сабе залатога сабаку. Прыйшоў у палац Тантала, а той зрабіў выгляд, быццам эфескі цар усё выдумляе, ні аб якім сабаку ён, Тантал, не ведае і можа паклясціся самім Зеўсам. Пачуў гэта алімпійскі ўладар і адправіў Гермеса разведаць усё як было.

— Тантал, — звярнуўся вястун да цара. — Я ведаю, што залатога сабаку выкраў Пандарэй і аддаў табе на захаванне. Не наклікай на сябе божы гнеў! Вярні сабаку Зеўсу.

— Багі памыляюцца! — закрычаў Тантал. — Я не бачыў залатога сабаку, — і ён пачаў зноў клясціся Зеўсам.

Страшэнна раззлаваўся вярхоўны бог, але і на гэты раз не пакараў сына. Неўзабаве Тантал прыдумаў жудасны спосаб, як праверыць усёведанне багоў. Ён запрасіў галоўных алімпійцаў у свой палац і частаваў іх мноствам страў. Пад канец бяседы слугі вынеслі ў залатым блюдзе смажаніну, якую асабліва расхвальваў гаспадар. Гэтая страва была згатавана з мяса забітага Танталам сына Пелопса. Ніхто з багоў не дакрануўся да яе, бо адразу зразумелі злы намер Тантала. І толькі багіня Дэметра, якая вельмі смуткавала па выкрадзенай у яе дачцэ Персефоне і не паглыблялася ў тое, што рабілася вакол, з'ела плячо юнага Пелопса.

Багі вярнулі жыццё сыну Тантала, Гефест змайстраваў яму плячо са слановай косці, але цар не мог заставацца непакараным. За свой пачварны ўчынак ён атрымаў жорсткую расплату. Зеўс скінуў Тантала ў змрочнае царства Аіда. І там, у Тартары, ён вечна стаіць у празрыстай вадзе, знемагаючы ад смагі і голада. Вада даходзіць Танталу да плячэй, часам да падбародка, але як толькі ён нагінаецца, каб намачыць перасохлыя вусны, вада знікае і замест яе з'яўляецца чорны бруд. Над галавой грэшніка схіляюцца галіны, якія гнуцца ад сакавітых пладоў — яблыкаў, фінікаў, гранатаў, шчаку казыча гронка вінаграду... Але як толькі ён працягвае руку, каб сарваць плод, галіны ўзнімаюцца высока-высока, і плод становіцца недасягальным. Апроч гэтага, над злачынным Танталам звісае скала, якая ўвесь час пагражае яму раструшчыць галаву. Так пакутуе фрыгійскі цар за сваё вераломства і непамерную ганарлівасць.

У прыгожым пісьменстве вельмі распаўсюджаны вобразы антычнага Падзем'я і рэмінісцэнцыі сюжэтных матываў, звязаных з царствам Аіда. Яны сталі пастаянным кампанентам паэтыкі і стылістыкі беларускіх аўтараў. Часцей за ўсё ўжываюцца вобразы Леты, Стыкс, Харона. Вобраз падземнай ракі Леты, ракі забвення, апошнім часам выкарыстоўваецца ў аспекце актуальнай для беларусаў праблемы захавання сваёй культуры, сваёй мовы, а значыць, — саміх сябе.

Я не думаў пра смерць,

я вучыў дыялект лебядзіны гарынскай вады.

Мову Прыпяці браў на язык—

не баяўя там нейкую Лету.

Л. Дранько-Майсюк

Вельмі трывожна, хоць і аптымістычна, выказваецца другі беларускі паэт:


Не можа мой народ

Аднойчы ў Лету кануць.



В. Прусевіч

Свяшчэнная рака Стыкс асэнсоўваецца паэтамі як мяжа паміж жыццём і смерцю, перайшоўшы якую, назад не вяртаюцца.

Ніхто з таго берага

Не адклікаецца,

Нават тыя,

Якія яе перайшлі,

Каб даведацца,

Што за прычына.



М. Танк

Цікавая форма запазычання вобразаў у вершы, дзе сумяшчаюцца розныя міфалогіі — антычная і беларуская.

...але начамі прыходзіць Харон

і перавозіць на другі бераг цені

а пад раніцу зноў прывязвае човен

у цень якога ў спякоту

хаваюцца русалкі

і спяваюць сумныя песні

і злуецца Вадзянік...

В. Шніп

ХХ ст. уласціва спалучэнне культурна-гістарычных, нацыянальна-гістарычных традыцый у адным творы.



У грэчаскім міфе закладзены такі глыбокі сэнс, такая шматзначнасць, якія не дазваляюць вычарпаць яго на працягу тысячагоддзяў. Асаблівая цікавасць да міфалагічнай спадчыны элінаў назіраецца ў крызісныя моманты грамадскай свядомасці, калі адбываюцца цяжкія пошукі новых маральных каштоўнасцей. Увасобіўшая памяць і вопыт чалавецтва, яна захоўвае сусветную стабільнасць і дапамагае спазнаваць сапраўдную існасць чалавечай прыроды.




1   2   3   4   5   6   7   8   9   10   11


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка