Багiі аліiмпа




старонка10/11
Дата канвертавання14.03.2016
Памер1.76 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8   9   10   11
Нараджэнне Дыяніса

Магутны і ўсеўладны Зеўс закахаўся ў прыгожую дачку фіванскага цара Кадма Семелу. Аднойчы, падчас сустрэчы з Семелай, ён пакляўся водамі Стыкса, што выканае ўсё, чаго ні пажадае каханая.

Тым часам раўнівая жонка Зеўса Гера дазналася пра новае заляцанне мужа і прыдумала, як адпомсціць. Яна з'явілася перад царэўнай у абліччы яе старой карміцелькі і пачала распытваць пра жаніхоў.

— Непатрэбныя мне ні жаніхі, ні муж, — перабіла старую Семела і з гордасцю расказала, як штодзень у вобразе прыгожага юнака спускаецца з Алімпа сам Зеўс і кахае яе больш за сваю бессмяротную жонку.

— А ты ўпэўнена, мілая, што гэта сапраўды Зеўс? — нядобра ўсміхнулася бабуля. — А што калі звычайны хлопец ашуквае цябе, прадстаўляючыся богам?

— Гэта немажліва!

— Я і не кажу, што гэта так. Між іншым, ты магла б яго праверыць... Скажы каханаму, каб з'явіўся да цябе ва ўсёй сваёй боскай велічы. Вось тады і пабачыш, ці сапраўды ён уладар Алімпа.

Ведала Гера, што зямная жанчына не вытрымае такой сустрэчы — загіне, але не падумала аб гэтым наіўная Семела... Калі Зеўс пачуў яе просьбу, ён адразу зразумеў, што адбудзецца непапраўнае, але быў вымушаны стрымаць сваю клятву. Страшэнныя ўдары грому скаланулі царскі палац, і на момант Семела ўбачыла таго, каго кахала, у асляпляльным агні бліскавіц. Усё вакол ахапіла полымя, загарэўся палац... У жаху кінулася дачка Кадма на падлогу, у ногі вярхоўнаму богу і, перш чым згарэла дашчэнту, нарадзіла слабае, неданошанае дзіця. Зеўс выхапіў яго з полымя, укрыў лісцем плюшчу і, ахаладзіўшы цельца маленькага Дыяніса, зашыў яго ў сваё бядро. Калі дзіцятка падужала, яно нарадзілася другі раз, вынашанае ў бацькавым целе (Зеўс распусціў швы).

Каб выратаваць маленькага Дыяніса ад падкопаў Геры, Гермес ператварыў яго ў казляня і занёс у далёкі казачны край, на гару Нісу. Нісейскія німфы пасялілі сына Зеўса ў пячоры, песцілі і мілавалі яго, кармілі мёдам. Гэткае выхаванне надало Дыянісу адценне жаноцкасці. Ён быў добрым, ласкавым і не цікавіўся ні фізічнымі практыкаваннямі, ні вайной. Больш за ўсё юнак любіў гуляць па лесе і ўзгорках... І знайшоў вінаградную лазу, выціснуў сок спелых гронак, ператварыў яго ў віно.

Вырашыў Дыяніс навучыць людзей, як вырабляць гэты напой. Пра тое, чым скончылася першая сустрэча элінаў з віном, распавядае міф.



ІIкарый і Эрыгона

Афінскі цар Ікарый і яго дачка Эрыгона былі ветлівыя, гасцінныя людзі і сардэчна прынялі Дыяніса. Бог аддзячыў ім: падарыў мех, напоўнены віном, і навучыў, як вырабляць гэты цудоўны напой, які ўзбуджае пачуцці і прыносіць забыццё. А на развітанне выказаў сваё пажаданне:

— Няхай людзі даведаюцца пра смак віна!

Ікарый пагрузіў мех у павозку, развітаўся з любімай дачкой, паклікаў свайго сабаку Майру і адправіўся ў дарогу.

Першымі, хто сустрэўся цару, былі пастухі Атыкі. Яны адпачывалі, праганяючы смагу халаднаватай вадой. Ікарый прапанаваў ім віна. Напой спадабаўся пастухам: яны гучна хвалілі віно, шмат пілі, пачалі распавядаць пра ўсялякія неверагодныя здарэнні, зноў пілі, а потым счапіліся адзін з адным, пачалі біцца і паваліліся на зямлю. Адзін з іх, які яшчэ трымаўся на нагах, схапіў дубіну і з крыкам: "Ты атруціў нас!" кінуўся на Ікарыя і забіў яго. Цела нябожчыка засталося непахаваным.

Доўга шукала бацьку Эрыгона, пакуль сабака Майра не прывёў яе да гаспадара, які мёртвы ляжаў пад дрэвам. Ад несуцешнага гора павесілася дачка Ікарыя на тым самым дрэве, над бацькавым трупам, а верны пёс яшчэ доўга сядзеў ля іх без корму і вады... На Алімпе пачулі працяглы, жаласны вой... Калі ўсталявалася цішыня, Зеўс зірнуў на зямлю і ўбачыў труп сабакі на самым дне калодзежа. Расчулены бог падняў на неба Майру, а таксама яго гаспадара і Эрыгону, ператварыў іх у сузор'і Пса і Панны.

З цягам часу эліны навучыліся разумна карыстацца падарункам Дыяніса. Яны заўсёды разбаўлялі віно вадой напалову, а то і на тры чвэрці. Неразведзенае віно пілі скіфы і галы. Гэта асуджалася грэкамі. Праўда, моцнаму віну аддаваў перавагу і добры сябар Дыяніса стары Сілен.

Помслівая Гера заўважыла, што на зямлі частуюцца напоем, які вынайшаў ненавісны ёй сын Семелы, і наслала на яго вар'яцтва. Вандруючы, быццам у пошуках страчанага розуму, па Егіпту і Сірыі, прыйшоў Дыяніс у Фрыгію, дзе багіня Кібела вярнула яму розум і далучыла да сваіх аргіястычных містэрый, дзеянняў, якія давалі зямлі невычарпальную ўрадлівасць.



Мідас

Паўсюль, дзе б ні вандраваў Дыяніс, яго заўсёды супра-ваджаў на асле хмельны Сілен. Малады бог вельмі шанаваў Сілена за яго мудрасць, дабрыню і за музычны талент. Аднойчы ў Фрыгіі падчас адпачынку Сілен знік. Дыяніс адправіў на пошукі сатыраў, але тыя вярнуліся ні з чым. Не здагадаліся сатыры, што шукаць трэба было ў садзе цара Мідаса. Гэты цар (той самы, якога Апалон узнагародзіў аслінымі вушамі) меў такі вялізны сад, у якім было лёгка заблудзіць кожнаму, а не то што хмельнаму Сілену. Садоўнікі знайшлі яго пад кустом прыгожых, духмяных ружаў, дзе стары мірна праспаў некалькі дзён і начэй, і адвялі яго ў палац да свайго цара.

Мідас пачаставаў Сілена добрым віном і смачным абедам і папрасіў расказаць пра тое, чаго ніхто не ведаў, пра землі, аб якіх ён, фрыгійскі цар, нічога не чуў. За прыемнай бяседай і застаў іх Дыяніс. Убачыўшы, як хораша абышоўся з яго спадарожнікам Мідас, Дыяніс захацеў аддзячыць яму за гэтую паслугу.

— Прасі, Мідас, чаго хочаш! Выканаю тваё жаданне.

Нядоўга думаючы, Мідас папрасіў, каб усё, да чаго ён дакранецца, ператваралася ў золата.

Адценне суму з'явілася ў зіхоткіх вачах Дыяніса.

— Няхай так і будзе! — сказаў ён і разам з Сіленам пакінуў палац.

Можна ўявіць, што сталася з царом-хітруном. Пачатковая радасць ад таго, што ўсё вакол яго — зброя, адзенне, мэбля, посуд — заблішчэла чыстым золатам, неўзабаве змянілася сапраўдным жахам, калі цар сеў за абедзены стол. Скібка хлеба, гронка вінаграду, кроплі віна — усё, што падносіў ён да рота, імгненна ператваралася ў зліткі золата...

Гэты сюжэт выкарыстаны ў вершы Алега Мінкіна "Мідас". Аўтар пераўвасабляецца ў міфічнага героя і быццам знутры, яго вачыма, назірае за незвычайнымі метамарфозамі. У адрозненне ад міфа ў золата ператвараюцца не мёртвыя рэчы. Наадварот, мёртвымі рэчамі становіцца тое, што раней жыло.

Захоплена назіраў я за штукарствамі,

якім навучыў мяне жартаўнік Дыяніс. Усё,

што рухалася, расло, квітнела, ледзь

я дакранаўся, пераўтваралася ў золата.

Я правёў далонню па шурпатым камлі—

і дрэва пазалацела да астатняга ліста

і знерухомела.

Вобраз крыніцы ў вершы — гэта сімвал духоўнасці, а значыць, жыцця. Змярцвела яна, стаўшы залатым люстэркам, — і ўжо няма адкуль піць, і ўжо можна звар'яцець ад смагі.

Доўга ўзіраўся я ў адбітак свайго

шчаслівага твару на залатым люстры

крыніцы — аж пакуль не захацеў піць.

Тады я ўспомніў пра лёгкі водцень

суму ў зіхоткіх вачах Дыяніса...

Міфалагічны вобраз Мідаса з'яўляецца тут паэтычным увасабленнем ненасытнай прагнасці, якая губіць усё жывое ў прыродзе.

У міфе быў працяг, шчаслівы для Мідаса. Фрыгійскі цар вымаліў у Дыяніса дараванне, і той накіраваў скнару да вытокаў хуткай горнай рэчкі, воды якой змылі залаты дар з яго цела. Верш сучаснага паэта заканчваецца невядомасцю, а мажліва, трагедыяй. І гэта надае яму не толькі песімізм, але і філасофскую заглыбленасць.

Пасля Фрыгіі Дыяніс не скончыў сваіх вандраванняў. Ён накіраваўся ў Фракію і навучыў яе жыхароў усяму, аб чым даведаўся ад Кібелы. Удзячныя фракійцы назвалі яго сваім богам. З Фракіі Дыяніс адправіўся ў сваё самае далёкае падарожжа — у Індыю. Яго суправаджалі казланогія дэманы лесу сатыры, а таксама львы, пантэры, леапарды. Гэтае шэсце было трыумфам Дыяніса. У яго гонар спявалі дыфірамбы. Вяртаючыся з Індыі ў Грэцыю, малады бог сутыкнуўся з тырэнскімі піратамі.

Дыяніс і піраты

Юны Дыяніс стаяў на скале, выступаючай над морам, і глядзеў удалечыню. Лёгкі ветрык гуляў кучарамі яго попельна-сініх валасоў, варушыў складкі пунсовага плашча, накінутага на магутныя плечы. Далёка ў моры з'явіўся карабель. Тырэнскія разбойнікі хутка набліжаліся на ім да скалы. Убачыўшы прыгожага юнака, яны адразу ж скемілі, што могуць прадаць яго за вялікія грошы альбо ўзяць выкуп у яго ўладарнага бацькі.

Прыстаўшы да берага, піраты схапілі Дыяніса і ўпіхнулі яго на карабель. Яны вырашылі звязаць юнака, закаваць яго ў цяжкія кайданы. Аднак кайданы не трымаліся на ім, ланцугі сасклізвалі з рук і ног. І сам юнак спакойна сядзеў, толькі смяяліся яго сінія вочы. Кормнік карабля здагадаўся па прыстойнаму абліччу юнака, што перад імі бессмяротны і пачаў умаляць сваіх прыяцеляў:

— Вы, няшчасныя, ужо ці не самога бога вы ўзялі ў палон? Мо, гэта Зеўс альбо срэбралукі Апалон. А можа, Пасейдон, які скаланае зямлю? Ён не падобны да смяротнага! Паслухайцеся мяне, адвязіце яго на бераг. Інакш раззлуецца, падыме на моры шторм і загубіць нас усіх.

Аднак капітан карабля забурчэў на таго кормніка і са злосцю сказаў яму:

— Ты дурань. Хіба не бачыш спадарожнага нам ветру? Палонны паплыве з намі ў Егіпет, або на востраў Кіпр, або да гіпербарэяў. І ў рэшце рэшт ён скажа, хто ёсць яго сябры і яго сваякі. Багі даслалі яго ў мае рукі. І не збіраюся я вызваляць яго.

Кормнік вымушаны быў падпарадкавацца. Паднялі ветразі, і карабель выйшаў у адкрытае мора. І тут пачаліся цуды..„. Раптам на палубе забруіла віно, і ад яго ішоў незямны пах амброзіі. Разбойнікі знямелі ад таго, што бачылі. А знекуль з'явіліся вінаградныя лозы, абвілі ветразі, густа павіслі на іх гронкі вінаграду, па мачтах пабег плюшч. Усё наўкола пакрылася кветкамі і пладамі, а на кожным вясле з'явілася па вянку.

Напалоханыя разбойнікі пачалі крычаць кормніку, каб ён паварочваў да берага. Але было позна. Той, хто быў іх палонным і сядзеў на носе карабля, ператварыўся ў пачварнага льва, а на палубе з'явілася касматая мядзведзіца, ашчэрыўшая страшэнную пашчу. У жудасным страху кінуліся разбойнікі на другі канец карабля і збіліся вакол кормніка. А леў кінуўся на капітана і разарваў яго на дробныя кавалкі. Астатнія рынуліся адзін за адным у мора, і Дыяніс абярнуў іх у дэльфінаў. А сам, прыняўшы сваё першаснае аблічча, сказаў кормніку:

— Не бойся, годны чалавек, я палюбіў цябе. Ведай цяпер, я — Дыяніс, сын Зеўса і дачкі Кадма Семелы. І зрабіў Дыяніс гэтага чалавека багатым і шчаслівым.

Міф сведчыў аб архаічным раслінна-жывёльным пахо-джанні Дыяніса. Адна з архаічных іпастасей гэтага бога — Загрэй. Дыяніс-Загрэй быў сынам Зеўса і багіні падземнага царства Персефоны. Бацька хацеў перадаць яму ўсю ўладу ў свеце, і тады Гера з рэўнасці загадала тытанам забіць дзіця. Уцякаючы ад іх, маленькі бог ператвараўся ў розных жывёл: дракона, тыгра, быка. Але тытаны разарвалі яго на кавалкі і з'елі. Сэрца Дыяніса-Загрэя выратавала Афіна. Зеўс праглынуў яго і пазней нарадзіў другога Дыяніса — сына Семелы. Гэта гісторыя Дыяніса напоўнілася сакральным зместам і з'явілася важкай часткай рытуальных элінскіх свят.

Дыяніс меў шмат імёнаў: Эвій (плюшч), Бромій (шумны), Ніктыл (начны), Ліэй (вызваліцель). У яго гонар праводзіліся народныя святы — Дыянісіі — з шумнымі начнымі працэсіямі, падчас якіх людзі адчувалі сябе вельмі вольна, што азначала вызваленне зямной, існай прыроды чалавека ад усялякіх забаронаў. У праграму святкаванняў уваходзіла шэсце Дыяніса (Вакха), якое суправаджалася захапленнем, свяшчэнным шаленствам яго ўдзельнікаў — вакхантаў і вакханак (альбо ме-над — з грэч. "шалёных"). Яны раздзіралі свайго бога, які ўвасаб-ляўся ў жывёліне (бык, конь, казёл), пажыралі ў сырым выглядзе і тым самым далучаліся да прыроды, да боства.

З цягам часу пакуты Дыяніса атрымалі маральнае асэнсаванне. Вакол яго — паміраючага і ўваскрасаючага бога — разгаралася барацьба ліхіх і добрых сіл, нявіннай пакуты і канчатковай перамогі справядлівасці. Гэтыя абрадавыя гульні рыхтавалі нараджэнне драматычных прадстаўленняў.



Шэсце Дыяніса

Наперадзе ў парах ішлі аслы, згінаючыся пад цяжарам скураных мяхоў, што былі напоўнены булькаючым віном. Іх абкружаў натоўп вясёлых дэманаў урадлівасці — сатыраў з хвастамі і казлінымі нагамі. Захмялелыя ад віна яны спрачаліся, крычалі, штурхалі адзін аднаго... За сатырамі на асле ехаў Сілен — таўстапузы хмельны стары, лысую галаву якога ўпрыгожваў збіты набок вянок з плюшчу. Сілен дабразычліва ўсміхаўся, размаўляў сам з сабою, абапершыся на мех з віном, і трымаўся на асле толькі таму, што быў прывязаны да яго гірляндамі кветак.

Пад гукі свірасцёлак, флейт, тымпанаў у хуткім танцы кружыліся менады (вакханкі) — дзяўчаты і маладыя жанчыны, апранутыя ў аленевыя шкуры паўзверх сваіх сукенак, упрыгожаныя галінамі дубу і елкі, што былі перавітыя плюшчом. У руках у іх тырсы — зялёныя пруты з уторкнутай зверху кедравай або хваёвай шышкай, а таксама трашчоткі, што наводзілі жах. З распушчанымі валасамі, апаясаныя змеямі менады крычалі: "Вакх, Эвоэ!" і, ахопленыя свяшчэнным вар'яцтвам, разам з сатырамі крушылі ўсё на сваім шляху, выварочваючы дрэвы з каранямі, раздзіраючы дзікіх звяроў.

Дзіўная запрэжка з леапардаў, львоў і пантэраў, упрыгожаная гірляндамі ружаў і іншых кветак, цягнула пазалачоную павозку. У ёй на пурпуровых падушках ляжаў Дыяніс. Часам Дыяніс вёў шэсце, седзячы на запрэжанай тыграмі павозцы, лейцамі ў якой былі вінаградныя плеці. Весела ішоў малады бог па зямлі, усё падпарадкоўваючы сваёй уладзе.

Народная міфалогія адлюстравала і супраціўленне, якое напачатку сустракала ўвядзенне культу Дыяніса ў Грэцыі. Адзін з гэтых міфаў — аб трагічным лёсе фіванскага цара Пентэя, а дру-гі — пра помсту Дыяніса тром дачкам архаменскага цара Мінія.

Пентэй

Адусюль чуліся гукі флейт і тымпанаў, абвяшчаючыя аб прыбыцці Дыяніса і яго світы. Гулі святочнай весялосцю вёскі. Беглі натоўпы мужчын і жанчын. Усе спяшаліся на сустрэчу з богам, жадаючы паглядзець на невядомае ім відовішча.

— Вар'яты! — закрычаў на людзей цар Пентэй. — Лёгка вас ашукаць груканнем медзі аб медзь і дудкай з рогу. Гэта ж не баявыя мячы і труба, а жаночы лямант і вар'яцтва непрыстойных п'яных гуляк. Трымайце ў сваіх руках зброю, а не тырс, прыкрывайцеся шчытом, а не лісцем! Няўжо дазволіце, каб вас перамаглі кабеты і спешчаныя мужчыны?! Прагонім іх усіх прэч! Хай нас знішчаць жалеза і агонь, але не будзем падуладныя бяззбройнаму юнаку, які не любіць ні вайны, ні бітваў, не ўмее кіраваць конямі, затое прыбірае сябе плюшчам і аздабляе адзенне золатам. Ды ўся моц гэтага хлапчаняці, — не пераставаў ганьбіць маладога бога раз'юшаны Пентэй, — у яго валасах, што прамочаны мірай. Ён выдумаў сабе бацьку Зеўса. Хутчэй схапіце самазванца і прывядзіце да мяне ў кайданах!

Дарэмна сваякі ўгаворвалі Пентэя сцішыць гнеў, пераконвалі, раілі... Цар быў няўмольны ў сваім жаданні пакараць Дыяніса. І каб адбылося гэта хутчэй, сам адправіўся на Кіферон, дзе святкавалася вакханалія. Але Дыяніс наслаў на Пентэя вар'яцтва, і той закаваў у кайданы замест бога быка. А калі Пентэй хацеў спыніць вакханак, першая з іх, яго маці Агава, у шаленстве не пазнаўшая сына, гучна закрычала: "Вось ён, пачварны вепр", — і ўсе вакханкі кінуліся на цара і раздзерлі яго на часткі.



Мініяды

Царскі палац Мінія наведаў жрэц Дыяніса (Вакха) і паклікаў усіх дзяўчат і маладзіц, гаспадынь і служанак на свята ў гонар бога. Але тры дачкі цара адмовіліся браць удзел у містэрыях і ў той час, як усе жанчыны адклалі свае кошыкі з пражай і іншую работу, каб падрыхтавацца і далучыцца да ўрачыстасці, засталіся дома. Яны слухаць не хацелі пра Дыяніса. "Навошта нам марны занятак, — разважалі царэўны, — тым больш, што таінствы, да якіх усе імкнуцца, — хлуслівыя. Будзе больш карысці, калі займёмся пражай, тканнем і расповядам розных гісторый". Да іх слыху даносіліся гукі флейт і тымпанаў, а Мініяды толькі падсмейваліся з Дыяніса і яго культу.

Раптам дочкі Мінія адчулі пах міры і шафрана, які разыходзіўся па ўсяму палацу. І, о цуд, палатно, якое яны выткалі, пакрылася лісцем вінаграду і плюшчу, а кудзеля ператварылася ў вінаградную лазу. Гронкі, якія пакрывалі яе, зіхацелі розным адценнем пурпуру. Царэўны не верылі сваім вачам. А тут яшчэ ўсё жыллё асвяцілася тысячамі паходняў і пачулася выццё дзікіх звяроў. Са страху сёстры хаваліся ў дальніх пакоях, у самых цёмных месцах палаца. Але не было паратунку ад агню і звярынага рыкання. І адчулі яны, як сціснуліся іх целы, пакрыліся мышынай шэрсцю, а замест рук выраслі крылы з перапонкамі. Хацелі закрычаць, але выдаваўся толькі іх жаласны піск. Так адпомсціў Мініядам бог за іх непавагу, ператварыўшы сясцёр у кажаноў.

Замацаванне Дыяніса ў алімпійскай міфалогіі з'явілася перамогай зямнога бога, яго зямных спадарожнікаў, людзей, якія звалі Дыяніса Ліэем (вызваліцелем). Ён вызваляў ад турбот, дарыў радасць. Дыянісійства супрацьстаяла парадку, які ўсталявалі багі ў Космасе, і прыняцце Дыяніса на Алімп™ было праявай кампрамісу, на які былі вымушаны пайсці арыстакраты. Іх бог Апалон — бог меры і суладдзя, ахоўнік усталяванага Зеўсам парадку. Уварванне ў спакойную і гарманічную Эладу шалёнага варварскага свету прынесла не толькі страты, але і пэўныя набыткі. І адзін з іх — тэатр. Вытокі грэчаскага і еўра-пейскага тэатра ў культавых святах — Дыянісіях.

Спачатку былі сельскія Дыянісіі (Анфестэрыі), якія адзначаліся вяскоўцамі ўсёй Атыкі ў лістападзе — снежні, пасля збору вінаграду. Гэтыя святы, як і Элеўсінскія, што праводзіліся ў гонар Дэметры, былі насычаны магічнымі абрадавымі гульнямі. Суадносна з перыядамі выспявання вінаграду, збору яго і выціскання соку для прыгатавання віна разыгрываліся сцэны памірання і ўваскрэсення Дыяніса. Адбывалася сутыкненне жыцця і смерці, леташняга віна і новага цвіцення. Важным элементам святкавання былі фалічныя працэсіі, калі насілі павялічаныя выявы фала як сімвала ўрадлівасці. Гэта азначала сувязь дыянісійскага свята з сельскім богам ураджайнасці Фаленам і з ураджайнасцю наогул. Сексуальнасць рытуалаў мела сакральны, свяшчэнны характар. (Гэта ўласціва старажытным аграрным святам розных народаў, у тым ліку славян, — масленіцы, Купаллю і інш. Фалічныя сімвалы, якія азначаюць невычарпальнасць нараджэнняў і кругаварот вечнага жыцця і смерці, прысутнічаюць у нашай культуры ў выглядзе надмагільных стэлаў, купалоў праваслаўных храмаў, навагодняй елкі, зорак і г. д.)

Магічныя дзеянні, выступленні пераапранутых, рытуальныя песні спрыялі ўрадлівасці. Згодна з мясцовымі паданнямі, віно біла крыніцай з зямлі, а часам з'яўляліся крыніцы малака. Моладзь танцавала, хлопцы скакалі на адной назе, смяшылі старэйшых, бо спатыкаліся і падалі, скачучы на змазаных алеем мяхах з віном. Той, каму шанцавала, атрымліваў у якасці ўзнагароды такі мех. Паводле падання, гэтую гульню прыдумаў Ікарый, які атрымаў падарунак ад самога Дыяніса. Рабіліся таксама арэлі ў памяць аб дачцэ Ікарыя Эрыгоны.

Пры тыране Пісістраце (VI ст. да н. Х.) былі ўведзены гарадскія, альбо вялікія, Дыянісіі, якія набылі дзяржаўны статус. Гэтае свята праводзілася ў сакавіку — красавіку і доўжылася каля тыдня, бо тры дні аддаваліся драматычным прадстаўленням. Разам з Панафінеямі Вялікія Дыянісіі былі самым значным і людным у Атыцы святам і прываблівалі шматлікіх чужаземцаў. Галоўным дзеяннем у іх лічылася шэсце з драўлянай выявай Дыяніса. Абавязковым для тэатральных прадстаўленняў быў ахвярнік Дыянісу, які знаходзіўся ў цэнтры сцэны.
Такім чынам, трагедыя і камедыя выраслі з магічных абрадавых гульняў у гонар Дыяніса і Дэметры: на фармаванне трагедыі паўплываў сур'ёзны, пакутны аспект культу, а камедыі — вясёлы, сатырычны. Удзельнікі гэтых рэлігійных святкаванняў выкарыстоўвалі элементы тэатра: грым, касцюмы, бутафорыю. Напрыклад, тыя, хто выконваў ролю сатыраў, казланогіх дэманаў лесу, якія суправаджалі Дыяніса, прымацоўвалі да галавы рожкі, мазалі віном твар, малявалі на нагах капыты, апраналіся ў вывернутую казліную шкуру.

Слова трагедыя ў перакладзе з грэчаскай — "казліная песня", альбо "песня казлоў" (tragos — казёл, ode — песня). Адно з самых распаўсюджаных меркаванняў гэтага азначэння тычыцца менавіта сатыраў. Яны былі тымі казламі, якія спявалі дыфірамб — песню, праслаўляўшую подзвігі і пакуты Дыяніса; спявалі, выконвалі рытуальны танец і ўсё больш пранікаліся адчуваннем прысутнасці ў сабе бога. Раннія харавыя выступленні адлюстроўвалі міфічныя падзеі. Менавіта такой была прадрама. Паступова хор скідваў казліныя шкуры і змест харавых партый станавіўся свецкім. З хору вылучаўся ўдзельнік дзеяння, якому хор альбо яго кіраўнік (карыфей) задавалі пытанні, а ён адказваў. Гэты адказчык (па-грэчаску — гіпакрыт) у далейшым стаў акцёрам.

Першы акцёр з'явіўся ў трагічнага паэта Феспіда. Ён не толькі спяваў, але і гаварыў і, галоўнае, па ходу дзеяння пакідаў сцэнічную пляцоўку, каб надзяваць розныя маскі. Першая пастаноўка трагедыі Феспіда (назва яе невядома) адбылася вясной 534 г. да н. Х. на свяце Вялікіх Дыянісіяў. Гэты год і лічыцца годам нараджэння сусветнага тэатра.

Шмат чаго мянялася, удасканальвалася ў тэатры класічнай Грэцыі, а хор (выразнік аўтарскай думкі) заставаўся. Харавыя партыі дапамагалі зразумець філасофскі сэнс твора, яго канфлікт. Так, у трагедыі Эсхіла "Прыкуты Праметэй" хор складалі акіяніды — дочкі тытана Акіяна, якія спачувалі пакутам Праметэя і гатовы былі падзяліць яго лёс. Хор у трагедыі Сафокла "Цар Эдып" — фіванскія старэйшыны, носьбіты маралі дэмакратычнага поліса.

Тэатральныя маскі, якімі карысталіся акцёры, былі вялізнымі і надзяваліся на ўсю галаву разам з парыкамі. Напачатку маскі дапамагалі выканаўцам адгарадзіцца ад усяго бытавога, прыземленага, адчуць сувязь з Дыянісам, а потым пачалі выконваць больш прыкладныя функцыі. Паколькі акцёрамі ў антычным тэатры былі толькі мужчыны і апраналіся яны ў трагедыях ў доўгае адзенне (хітоны), абуваліся ў катурны (боты на тоўстых падэшвах), менавіта дзякуючы маскам глядач адразу разумеў, хто перад ім — цар, жабрак, стары ці юная дзяўчына. Маска магла перадаць і душэўны стан героя: гора, радасць, спакой, роспач. Акцёр за сцэнай мяняў маскі, што дазваляла яму выконваць ролі розных дзеючых асоб. Маскі і катурны былі неабходнымі ў вялізным антычным тэатры, дзе пад адкрытым небам амфітэатрам размяшчалася часам да 50 тысяч гледачоў.

Тэатральнае мастацтва з'явілася ў Эладзе дзякуючы высокім дасягненням яе паэтычнай і музычнай культуры. Само жыццё патрабавала ўзнікнення драматургіі і тэатра, бо перад грамадзянамі грэчаскіх полісаў — рабаўладальніцка-дэмакратыч-ных дзяржаў паўставалі складаныя праблемы грамадскага жыцця, праблемы палітычныя, маральныя, філасофскія. Як і дзе іх можна было вырашыць?! Тады ж не было радыё, прэсы, тэлебачання... І вось драматургія і тэатр узялі на сябе пачэсную місію — эстэтычную, выхаваўчую, асветніцкую.

Свайго найвышэйшага росквіту старажытнагрэчаскае тэатральнае мастацтва дасягнула ў творчасці вялікіх трагікаў Эсхіла, Сафокла, Эўрыпіда і камедыёграфа Арыстафана. Гэта быў самы славуты час у гісторыі Элады — V ст. да н. Х., час вялікай перамогі элінаў над грозным усходнім ворагам — Персіяй, час пад'ёму нацыянальнай свядомасці, росквіту ў эканоміцы, палітыцы, культуры. Самыя значныя і важныя пытанні свайго часу драматургі разглядалі на падставе міфалагічнага матэрыялу і выкарыстоўвалі міфы не ў сімвалічным сэнсе, як у новы час. Эпоха Эсхіла і Сафокла была прасякнута рэлігійнасцю. У праўдзівасць міфаў верылі і аўтары трагедый, і гледачы. Гэта надавала праўдзівасць творам, і гледачы суадносілі ўчынкі герояў са сваім жыццём, "ачышчалі" сваю душу і дух праз страх і спачуванне ім. Па-грэчаску ачышчэнне — катарсіс. Галоўнае ў грэчаскай трагедыі — не пакуты герояў, а трыумф боскіх (прыродных) законаў, якія спрыялі суладдзю ў свеце. І гэта пакідала ў душах гледачоў пачуццё вялікага шчасця.

Тэатральныя прадстаўленні ў Эладзе былі агульна-дзяржаўнай справай і вельмі значным святам для ўсіх. Вялікія натоўпы мужчын, жанчын, дзяцей спяшаліся адной з дыянісійскіх раніц у тэатр. У руках некаторых з іх — падушкі, бо не ўсім было зручна правесці цэлы дзень на каменных сядзеннях, падклаўшы плашч. Бралі з сабой і ежу, праўда, гандляры хадзілі па радах і прапаноўвалі пітво і яду: прадстаўленне доўжылася ад самай раніцы да змяркання. І так некалькі дзён, і толькі некалькі разоў у год. Тады замірала жыццё ў гарадах, дзе былі тэатры: закрываліся суды і нават зняволеных адпускалі ў тэатр. Спачатку прадстаўленні былі бясплатнымі, а потым небагатым грамадзянам пачалі выдаваць пэўную суму на набыццё тэатральнага білета.


Антычныя мастакі стварылі два тыпы вобраза Дыяніса. Адзін з іх — сур'ёзны, сталы мужчына з густымі валасамі і барадой, другі — юнак, а статуя Праксіцеля "Гермес з Дыянісам" (IV ст. да н. Х.) паказвае Дыяніса маленькім хлоп-чыкам. Скульптурныя помнікі з выявай папулярнага антычнага бога належаць Мікеланджэла, Б. Торвальдсену; жывапісныя палотны — В. Тыцыяну, М. Караваджа, П. П. Рубенсу. Да тэмы Дыяніса (Вакха) далучаліся кампазітары А. Даргамыжскі, К. Дэбюсі, Ж. Маснэ.

Асэнсаванне вобраза Дыяніса адыграла вялікую ролю ў эстэтыцы Ф. Ніцшэ, які выводзіў феномен грэчаскага мастацтва з проціборства апалонаўскага і дыянісійскага пачаткаў. У дыянісійскіх містэрыях філосаф бачыў асноўны пафас элінскага інстынкту — яго волі да жыцця.

ПАДЗЕМНАЕ ЦАРСТВА АІДА

Калі паміраў—убачыў раку

I лодку, якая чакала.

Л. Дранько-Майсюк ("Сусед")

Міфалогія элінаў прасякнута радасным успрыманнем усяго жывога, што акружала іх. Эліны любілі жыццё і не лічылі, што смерць — гэта пераход у лепшы свет. У іх разуменні любая смерць была вялікім няшчасцем. Падземнае ўладанне Аіда, брата Зеўса і Пасейдона, уяўлялася змрочным і маркотным, населеным рознымі пачварамі.

Аід (Гадэс) — у старажытнагрэчаскай міфалогіі ўладар падземнага свету і царства мёртвых. Ён жа Плутон, а гэта значыць "багаты", бо валодаў чалавечымі душамі і схаванымі ў зямлі скарбамі. Аідам называлі таксама апраметную, царства мёртвых (у гэтым значэнні ўжывалі назвы Эрэб, Орк, а часам і Тартар).

Бог падзем'я рэдка з'яўляўся на зямлі, галоўным чынам па справах, і то надзяваў на галаву чарадзейны шлем, які рабіў яго нябачным. У класічнай міфалогіі Гадэс не ўваходзіў у сонм алімпійскіх багоў і быў другасным бажаством; яго не любілі смяротныя, не ставілі яму храмаў (акрамя аднаго ў Элідзе, які адчыняўся адзін раз у год). Уладар ценяў мёртвых не меў нашчадкаў, і жонку Персефону яму прыйшлося выкрасці, бо хто ж з гожых дзяўчат верхняга свету па сваёй волі адмовіцца ад святла і сонца, захоча цешыць сябе ў кампаніі мёртвых!

Аіда называлі яшчэ Зеўсам Катахтонасам. Гэта значыць "падземным Зеўсам". Дарэчы, і ўяўлялі яго, што адлюстра- валася ў мастацтве, падобным да Зеўса — магутным, сталым мужам, які сядзіць на залатым троне, трымаючы ў руцэ двузубец ці жазло. Побач з ім — Персефона. У адрозненне ад суровага мужа яна бывала добрай і міласэрнай у адносінах да смяротных, прасіўшых аб чымсьці ўладароў падземнага царства, як той жа Арфей ці Сісіф.

Часам замест слова "памерці" эліны ўжывалі выраз "пайсці ў дом Аіда". Але гэта не было простай справай. Да паміраючага прылятаў на магутных чорных крылах бог смерці Танатас (ці Танат), мячом зрэзваў з яго галавы пасму валасоў і аддзяляў душу ад цела. Гэтая душа мела аблічча нябожчыка і накіроўвалася ў суправаджэнні Гермеса да мяжы Аідава ўладання. На зямлі ёсць такія месцы — яны хаваюцца ў глыбокіх пячорах — адкуль ідуць шляхі ў краіну мёртвых.


Далёка-далёка на захадзе, дзе канчалася зямля, знаходзіўся ўваход у журботнае царства Аіда. Сюды, на край свету, не залятала ніводная птушка і не пранікаў ніводны сонечны прамень. У змрочным падзямеллі распасціраліся бясконцыя балоты і дрыгва. Праз іх працякала свяшчэнная рака Стыкс, якой кляліся самі багі. Дзевяць разоў акружала Стыкс усё падземнае царства і злівалася з Кацытам — ракой плачу, а тая ў сваю чаргу ўлівалася ў Лету — раку забыцця. Ледзьве бруіла вада Леты, без колеру і паху, і хто піў яе, той назаўсёды забываў аб тым, як жыў на зямлі, што бачыў і перажыў да смерці.
У маркотным уладанні Аіда не раслі яркія лугавыя кветкі, а толькі асфадэлы — дзікія цюльпаны. Сінявата-бледныя, яны нагадвалі колер твару нябожчыка. А з дрэваў тут можна было сустрэць толькі ніцую вярбу і рэдка серабрыстую таполю. Ледзяны калючы вецер гнаў па гэтых бязрадасных лугах бесцялесныя цені мёртвых, якіх перавёз праз рэкі Аіда сумны Харон. Рабіў гэта стары падземны перавозчык без ахвоты і не спяшаючыся. Яго трэба было ўгаворваць, а яшчэ лепш прапанаваць медную манету — абол, якую прадбачлівыя сваякі памерлага ўстаўлялі яму ў вусны, каб нябожчык змог заплаціць Харону за пераправу. Калі чалавек заставаўся непахаваным, Харон не пускаў яго цень у свой човен, і ён быў асуджаны вечна бадзяцца па зямлі, галадаць і пакутаваць ад смагі, бо не было ў такога памерлага магілы, ля якой кроўныя рабілі б узліванні і пакідалі ежу. (У магілу праз трубку злівалі кроў зарэзаных жывёл, каб накарміць памерлага).

Перабраўшыся на другі бераг, душы нябожчыкаў яшчэ больш нямелі ад жаху, калі бачылі перад сабой „раз'юшанага трохгаловага сабаку Кербера (Цэрбера). Замест поўсці ў яго на шыі выгіналіся чорныя змеі, а на месцы хваста быў жывы дракон, з разяўленых пашчаў якога выляталі языкі полымя. Жудасны брэх гэтай пачвары, якая вартавала падземнае „царства, спыняўся толькі тады, калі яму кідалі мядовыя аладкі. Кербер усіх упускаў у змрочны свет, але пільна сачыў за тым, каб ніхто з іх не вярнуўся ў свет жывых.

Сумна прагульваліся цені па халоднай і мёртвай раўніне, чакалі сваёй чаргі да падземных суддзяў, якія вызначалі ім месца знаходжання. Раней, у час панавання Крона і на пачатку ўладарання Зеўса, суд адбываўся ў той дзень, калі чалавек мусіў памерці. Суддзямі тады былі таксама жывыя людзі. І здаралася, што яны выносілі няправільны прысуд. З гэтае прычыны Аід звярнуўся да Зеўса і пачуў ад бога людзей і багоў наступнае:

— Я спыню гэтае назаўсёды. Прысуды робяцца дрэнна, бо яшчэ жывыя людзі з'яўляюцца на суд апранутымі. Многія з іх маюць нізкую душу, але яна апранутая ў прыгожае цела, у высакароднае паходжанне, у багацце, і калі адбываецца суд, з'яўляецца нямала сведак, якія сведчаць, што гэты чалавек жыў па праўдзе і справядлівасці. Гэта ўводзіць у зман суддзяў, дый, апрача ўсяго, самі суддзі апранутыя: іх душы заслоненыя вачыма, вушамі і наогул усім целам. Гэта перашкаджае ім — і ўласная іх вопратка, і вопратка тых, хто чакае прысуду. Перш за ўсё трэба пакончыць з тым, што людзі наперад ведаюць пра дзень сваёй смерці. Праметэй ужо атрымаў наказ адняць у людзей дар прадбачання. А затым неабходна, каб людзі з'яўляліся на суд памерлымі і бесцялеснымі, і суддзі павінны быць без цела, а значыць, мёртвыя. І тады суддзя здолее толькі адною душою ўглядацца ў душу толькі што памерлага, які ўсё пакінуў у верхнім свеце — і сваякоў, і ўсю зіхацістую вопратку. Суддзямі, — працягваў Зеўс, — я зраблю сваіх смяротных сыноў: Радамант будзе судзіць тых, што прыйдуць з Азіі, Эак — тых, што з Еўро-пы, а Мінаса я надзялю ганаровым правам кантролю. Ён будзе выносіць прысуд у тым выпадку, калі двое іншых суддзяў не змогуць вырашыць справы. Цені пасля прысуду будуць накіроўвацца па аднаму з трох шляхоў. Тыя, жыццё якіх нельга назваць ні праведным, ні няправедным, адправяцца па дарозе, што вядзе назад, на Асфадэлавыя лугі. Душы тых, хто ўсё жыццё жыў справядліва і ў святасці, пяройдуць на востраў добрапрыстойных Элісіум. Тыя ж людзі, што жылі несправядліва і бязбожна, будуць асуджаны на вечныя пакуты ў доме помсты і пакарання — у Тартары.


Тартар знаходзіўся глыбока пад палацам Аіда і Персефоны і быў ніжняй часткай апраметнай. У сучаснай мове існуе выраз "праваліцца ў тартарары", што значыць знікнуць, загінуць. Тартар быў яшчэ і самым страшным месцам падземнага свету. Яго ахоўвалі Эрыніі — жудасныя стварэнні з сабачымі галовамі і змеямі замест валасоў. Яны лічыліся багінямі помсты і каралі за забойствы, клятвазлачынствы, за знявагу малодшымі старэйшых, дзецьмі бацькоў. Ідэя замагільнай расплаты з'явілася ў класічнай міфалогіі. З цягам часу ўяўленні аб царстве Аіда, яго вобразах і тапаграфіі пашырыліся, аб чым можна меркаваць па творах Гамера, Піндара, Платона. Цудоўнае высокамастацкае і падрабязнае апісанне яго знаходзіцца ў паэме "Энеіда" Вергілія. Невыпадкова вялікі паэт і філосаф італьянскага Адраджзння Дантэ Аліг'еры выбраў аўтара "Энеіды" сваім суправаджальнікам па падземнаму свету. Вергілій жа абапіраўся на грэчаскую традыцыю.

Страшэнныя пакуты цярпелі ў Тартары святататнікі, забойцы, злодзеі, нягледзячы на сваю бесцялеснасць.


1   2   3   4   5   6   7   8   9   10   11


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка