Багдан-Ігар Антоныч/ Богдан-Ігор Антонич




Дата канвертавання07.05.2016
Памер39.05 Kb.




Багдан-Ігар Антоныч/ Богдан-Ігор Антонич (1909 – 1937) – украінскі паэт, празаік, перакладчык, літаратуразнаўца, “закаханы ў жыццё паганец”. Праз афіцыйную забарону шырокую вядомасць яго творы атрымалі толькі ў сярэдзіне 1960-х гадоў. Але пры гэтым Антоныч зрабіў моцны ўплыў на сучасную ўкраінскую паэзію.

Аўтабіяграфія

Вершы
Вясна

(Весна)
Расце Антоныч і расце трава,

курчавяцца і зелянеюць вольхі,

ты нахіліся, нахіліся толькі –

пачуеш таямнічасць хараства.
Дажджом мяне вясновым не трывож!

Разбіты сіні жбан шклянога неба,

аскепкі лісця шклом пакрылі глебу,

у рэшата збіраеш цёплы дождж?


Лясною мовай крыкнула сава,

у стрэльбу ночы ўклалі зоркі-кулі,

на вольхах месяц расклююць зязюлі,

расце Антоныч і расце трава.


пераклад з украінскайАлена Пятровіч


Вішні

(Вишні)
Антоныч быў хрушчом і жыў тады на вішнях,

На вішнях тых, якія апяваў Шаўчэнка.

Мая краіна зорная, дзе кожны – бліжні,

Краіна, дзе садок вішнёвы й салавейка.
Дзе вечары з Евангелля і дзе світанкі,

дзе неба сонцам прыціскае хутар белы,

Цвітуць натхнення вішні кучарава-п’янка,

Як за Шаўчэнкам, зноўку пояць песню хмелем.


пераклад з украінскай – Алена Пятровіч


Аўтабіяграфія

(Автобіоґрафія)


З гары, што вобач сонца, першы раз усміхнуўся небу,


тады мяне наведаў таямнічы, дзіўны геній,
зялёных словаў спеў заспеў мяне ў адно імгненне.
Цяпер – дзе б я ні быў і калі-небудзь,
я ўсё ж – дзіця п’яное з сонцам у кішэні.

А як сышоў я з гор на гарадскі памост,


у нэндзе і бядзе я долі даў зарок яе не ганіць,
глядзеў спакойна на ўсхваляваных хвіляў танец,
Мае радкі – над рэчкай часу калінавы мост,
я – закаханы ў жыццё паганец.
пераклад з украінскай – Алена Пятровіч


Да маёй песні

(До моєї пісні)

 

Круціцца свет веснавы і зялёны.



Ясень і сэрца спявае ўва мне.

Песня кружыць вераценцам натхнёным,

слоўнае срэбра на верацяне.

 

Ясень, асвечаны сонцам, напіўся,



Персцень натхнення на сэрцы знайшоў.

Гэй жа, п’яны, і ляці, і круціся

песняй маіх дваццаці трох гадоў!
пераклад з украінскай – Алена Пятровіч


На шляху

(На шляху)


Аплецены вятрамі золак

ляціць, бы цыганё, з вады

і на пяску крычыць вясёла,

апалены і малады.


Рака змяістай песняй песціць,

і хлешчуць хвалямі вятры,

і дзень хавае ў строму месяц,

нібы ў кішэню грош стары.


Клююць ляшчыну спевам косы,

звініць, бы медзь, шырокі шлях.

Ідзе рассмеяны і босы

хлапчына з сонцам на плячах.


пераклад з украінскай – Алена Пятровіч


Рамантызм

(Романтизм)


Над морам крумкачоў навіслі хмары,

лірычны месяц скрала неба сінь,

І стромы дзікія, і далячынь,

з якое Байрана плывуць карсары.


У садзе цёмнай ноччу сумны Вэртэр

душу і свет кладзе на вагі зораў

і тужыць, што жыццё – бясконцы морак.

Адна ты, смерць, – прытулак хворых сэрцаў.


Два светы бачым мы. Адзін – наўкола,

другі – мы самі, і яны здавён

жыццё цяжараць, сэрца робяць кволым.
Няўжо слабейшыя ў грудзях пажары,

чым рэчаіснасці пустой праклён?

...Не ведалі, што лепшы свет за мары.
пераклад з украінскай – Кацярына Маціеўская

Балада пра блакітную смерць


(Балада про блакитну смерть)
Дамоў хімеры і падворкаў студні,

бы чэраў цемрадзі, і вузкасць мокрых сходаў,

бясконцасць іх, і прорва ночы студзіць,

і цёмных брамаў сум, і цвілі млосны подых.

Паперы змяты і запэцканы ашмётак,

сем простых словаў: “Просім не вініць нікога,

злачынцы не шукаць!” Крадзецца ў ціхіх ботах

бы мудры кот, па дахах ветаху падкова.


З аголеных дратоў букеты сіняй пары,

блакіт крыві бруіць з распухлых медных жылаў.

З-за шафы, што ў паўсне пералякана марыць,

хтось сола на кларнэце смутку ў морак выліў.


Гарыць струмень блакіту, бы душа, натхнёны,

і палкі шэпт вар’яцтва сэрцы двох калыша

на дне свядомасці.

І ноч у вір шалёны!

І сінім квеццем газ затчэ кілімы цішы!
Пасцель – ладдзю раскошы і тугі кахання –

мыш ветаху мяце хвастом, цынічна й куца,

і з целам цела ў цесным сошчапе расстання

у прагных курчах болю й асалоды б’юцца.


Над імі хіліцца анёл блакітны газу

і сінім полымем вянчае іх, бы міртам,

і душы, бы лілеі, аддае экстазу,

пакуль не дагараць апошняй кропляй спірту.


пераклад з украінскай – Марыйка Мартысевіч

© Марыйка Мартысевіч, пераклад, 2009

© Кацярына Маціеўская, пераклад, 2009

© Алена Пятровіч, пераклад, 2009




prajdzisvet.org




База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка