Багач Андрэй, Філіпчык Андрэй, Дзяніс Мускі 2007-2011 гг. — Раздзел I —




старонка9/11
Дата канвертавання29.03.2016
Памер2.64 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8   9   10   11
РАЗДЗЕЛ XIII —
Нікалас Фламель
Дамблдор упэўніў Гары не шукаць больш Запаветнае Люстэрка; рэшту калядных вакацый плашч-нябачнік правёў у згорнутым выглядзе на дне куфара. І усё-ткі Гары ніяк не атрымоўвалася забыцца на ўбачанае у люстэрку. Па начах яму сталі сніцца кашмары. Зноў і зноў ён бачыў, як бацькі знікаюць у страшным выбліску зялёнага святла, і чуў, як пранізлівы голас заходзіцца ў прыступе сатанінскага рогату.

- Бачыш, Дамблдор меў рацыю, гэтае люстэрка сапраўды зводзіць людзей з глузду, - сказаў Рон, калі Гары распавёў яму аб начных кашмарах.

Герміёна, якая вярнулася ў школу за дзень да пачатку семестра, глядзела на рэчы інакш. Яна то ўпадала ў жах пры думцы, што Гары правёў цэлых тры ночы па-за спальняй, блукаючы па калідорах замка ("што, калі б Філч злавіў цябе!"), то шкадавала, што ён так і не высвятліў, хто такі Нікалас Фламель.

Дзеці амаль страцілі надзею знайсці згадку пра Фламеля ў бібліятэчных кніжках, хоць Гары па-ранейшаму знаходзіўся ва ўпэўненасці, што дзесьці ўжо сустракаў гэтае імя. Тым не менш, разам з пачаткам семестра яны вярнуліся да сваіх дзесяціхвілінных набегаў на бібліятэку падчас перапынкаў паміж заняткамі. Пры гэтым Гары мог выдзяляць на пошукі яшчэ менш часу, чым астатнія двое, таму што ў яго зноў пачаліся трэніроўкі па квідытчы.

Вуд прымушаў сваю каманду выкладвацца больш, чым калі-небудзь. Пахіснуць яго баявы дух не магло нішто, нават бясконцы дождж, які змяніў снегапады. Двайняты Уізлі стагналі і скардзіліся, абражаючы Вуда псіхам ненармалёвым, але Гары ў дадзеным выпадку прыняў бок капітана. Бо калі ім атрымаецца перамагчы "Хафлпаф", яны абыйдуць "Слізэрын" у барацьбе за кубак - першы раз за апошнія сем гадоў! Апроч цалкам зразумелага жадання выйграць матч, у Гары была яшчэ адна прычына старанна трэніравацца: ён выявіў, што радзей бачыць кашмары, калі ад стомленасці засынае як падкошаны.

Аднойчы пасля трэніроўкі, падчас якой каманда асабліва моцна вымакла і па вушы перапэцкалася, Вуд паведаміў дрэнную навіну. Ён як раз жудасна раззлаваўся на двайнятак Уізлі, якія задумалі бомбамі падаць зверху адзін на іншага, прычым той, які падвяргаўся бамбаванню прыкідваўся, што падае з мятлы.

- Хопіць ужо хуліганіць! - заекатаў у рэшце рэшт Вуд. - Менавіта з-за гэтага мы і прайграем матч! Бо судзіць будзе Снэйп, ужо ён стане прыдзірацца па поўнай праграме, абы знайсці падставу зняць балы з "Грыфіндора"!

Пры гэтай вестцы Джордж Уізлі і на самай справе зваліўся з мятлы.

- Снэйп будзе судзіць матч?! - невыразна булькнуў ён скрозь бруд, што набіўся ў рот. - Хіба ён калі-небудзь судзіў квідытчныя матчы? Ён не стане судзіць справядліва, калі ўбачыць, што ў выніку мы зможам абыйсці "Слізэрын".

Усе астатнія чальцы каманды прызямліліся побач з Джорджам і таксама пачалі абурацца.

- Ну а я што магу зрабіць?! - адбіваўся Вуд. - Нам трэба гуляць бездакорна, каб Снэйпу не было да чаго прычапіцца, вось і ўсё.

Усё гэта, вядома, выдатна, думаў Гары, але ў мяне свае прычыны жадаць, каб Снэйпа наогул не было на матчы, асабліва калі я буду ў паветры…

Напрыканцы трэніроўкі ўсе затрымаліся як заўжды ў распранальні, каб пагутарыць, але Гары накіраваўся наўпрост у Грыфіндорскую гасціную, дзе заспеў Рона і Герміёну за мірнай партыяй у шахматы - адзінае, у чым Герміёна адставала ад хлопчыкаў. Яна часта прайгравала, і Гары з Ронам знаходзілі гэта надзвычай карысным для яе.

- Не гавары мне зараз анічога, - прамармытаў Рон, калі Гары сеў побач, - мне трэба засяро... - ён убачыў выраз твару сябра, - Што здарылася? У цябе кашмарны выгляд.

Імкнучыся казаць вельмі ціха, каб ніхто іншы не пачуў, Гары распавёў сябрам аб раптоўным намеры Снэйпа быць суддзёй на матчы па квідытчы

- Не ўдзельнічай, - адразу сказала Герміёна.

- Скажы, што ты захварэў, - сказаў Рон.

- Скажы, што зламаў нагу, - прапанавала Герміёна.

- Зламай нагу па-сапраўднаму, - прапанаваў Рон.

- Не магу, - адмёў усе гэтыя прапановы Гары. - У нас няма запаснога Лаўца. Калі я не буду гуляць, то "Грыфіндор" наогул не выйдзе на поле.

Тут у гасціную ўніз галавой зваліўся Нэвіл. Як ён наогул здолеў прабрацца ў дзірку за партрэтам, засталося загадкай - з першага погляду было ясна, што яго нагі скаваныя Кайданным Праклёнам. Яму, пэўна, прыйшлося як зайцу прыгаць па шматлікіх прыступках Грыфіндорскай вежы.

Зразумела, усё пачалі дзіка рагатаць, і толькі Герміёна кінулася да яго і вымавіла контр-заклён. Ногі Нэвіла адскочылі адна ад адной, як быццам паміж імі лопнула спружына, і небарака, калоцячыся з галавы да ног, змог нарэшце ўстаць.

- Што здарылася? - спытала Герміёна, дапамагаючы Нэвілу дайсці да крэсла і ўсаджваючы яго побач з Гары і Ронам.

- Гэта Малфой, - дрыготкім голасам пачаў распавядаць Нэвіл. - Я натыкнуўся на яго каля бібліятэкі. Ён сказаў, што яму патрэбны паддоследны трус, каб папрактыкавацца.

 - Ідзі і распавядзі ўсё прафесару МакГонагал! - з сілай выклікнула Герміёна.

Нэвіл закруціў галавой.

- Не жадаю лішніх непрыемнасцяў, - прамямліў ён.

- Ты павінен даць яму адпор, Нэвіл! - умяшаўся Рон. - Малфой звыкся хадзіць па галовах, але гэта ж не падстава схіляцца перад ім, каб яму было лягчэй ісці.

- Няма патрэбы нагадваць мне, што я недастаткова адважны для Грыфіндорца, Малфой ужо зрабіў гэта за вас, - ціха вымавіў Нэвіл.

У яго быў такі выгляд, быццам ён вось-вось заплача. Гары парыўся ў кішэні мантыі, дастаў шакалабку, апошнюю са скрынкі, падоранай на Каляды Герміёнай, і працягнуў яе Нэвілу.

- Ты каштуеш тузіна такіх, як Малфой, - сказаў Гары. - Бо шапка-размеркавальніца вызначыла цябе ў "Грыфіндор", праўда? А Малфой дзе? У смярдзючым "Слізэрыне".

Нэвіл скрывіў вусны ў жаласным падабенстве ўсмешкі і разгарнуў шакалабку.

- Дзякуй, Гары… Я, пэўна, пайду спаць… Возьмеш картку? Ты ж іх збіраеш?

Нэвіл пайшоў спаць, а Гары вырашыў зірнуць, які знакаміты вядзьмак дастаўся яму гэтым разам.

- Зноў Дамблдор, - прамармытаў ён. - Гэтая картка мне патрапілася самай першай, калі…
   Тут ён ахнуў ад здзіўлення. Перавярнуў картку, прачытаў тэкст. Потым павольна ўзняў вочы на Рона і Герміёну.

- Я знайшоў! - прашаптаў Гары. - Знайшоў Фламеля! Я ж казаў, што сустракаў гэтае імя раней! У цягніку, калі мы ехалі сюды! Слухайце: "Дамблдор асабліва ўславіўся сваёй перамогай над злым ведзьмаком Грындельвальдам у 1945 годзе, вынаходствам дванаццаці спосабаў выкарыстання драконавай крыві, а таксама сумеснай з Нікаласам Фламелям працай у вобласці алхіміі"!

Герміёна так і падскокнула. Даўно яна не была так узбуджаная, мабыць, з тых часоў, як ім выдалі сшыткі з адзнакамі за самую першую хатнюю працу.

- Чакайце тут! - выгукнула яна і панеслася ў спальню. Гары з Ронам хапіла часу толькі на тое, каб абмяняцца заінтрыгаванымі поглядамі, а Герміёна ўжо прыляцела назад з вялізнай старажытнай кнігай у руках.

- Ніколі б не падумала, што тут таксама трэба шукаць! - узбуджана шаптала яна. - Я узяла гэта ў бібліятэцы даўным-даўно, так, лёгкае чытанне перад сном.

- Лёгкае? - усумніўся Рон. Герміёна цыкнула на яго, каб ён паводзіў сябе ціха, пакуль яна не знойдзе тое, што трэба, і, мармычучы пра сябе, пачала са страшнай хуткасцю гартаць старонкі.

У рэшце рэшт яна адшукала патрэбнае месца.

- Я так і ведала! Я так і ведала!

- Казаць можна або яшчэ не? - спытаў Рон атрутна. Герміёна не звярнула на яго ніякай увагі.

- Нікалас Фламель, - прачытала яна ўрачыста, - з'яўляецца адзіным вядомым на сённяшні дзень стваральнікам філасофскага камня!

Але гэта не стварыла эфекта, на які разлічвала дзяўчынка.

- Чаго? - хорам спыталі Гары і Рон.

- Ды няўжо вы не ведаеце? Слухайце - не, лепш самі прачытайце, вось тут.

Герміёна падштурхнула кніжку бліжэй, і Гары з Роном прачыталі наступнае:



Сярэднявечныя даследаванні ў вобласці алхіміі ўяўлялі сабою спробы стварыць так званы філасофскі камень, легендарнае рэчыва дзіўнай чароўнай сілы. Лічылася, што камень здольны ператварыць любы метал у чыстае золата. Таксама з яго дапамогай можна было вырабляць Эліксір Жыцця, напой, які дарыў неўміручасць таму, хто яго вып'е.

На працягу шматлікіх стагоддзяў неаднаразова з'яўляліся паведамленні аб стварэнні філасофскага камня, аднак, адзіны рэальна наяўны камень належыць містэру Нікаласу Фламелю, знакамітаму алхіміку і прыхільніку оперы. Містэр Фламель, які летась адзначыў свой шэсцьсот шэсцьдзесят пяты дзень нараджэння, вядзе самотнае жыццё ў Дэвоне разам са сваёй шэсцьсотпяцідзесяцівасьмігадовай жонкай Перанэлай.
- Разумееце? - усклікнула Герміёна, з цяжкасцю дачакаўшыся, калі Гары і Рон нарэшце скончаць чытаць. - Сабака ахоўвае філасофскі камень Фламеля! Няма сумненняў - Фламель папрасіў Дамблдора схаваць камень, бо яны сябры! Фламель ведаў, што за каменем хтосьці палюе, вось і вырашыў забраць яго з "Грынгатса"!

- Камень, які робіць золата і не дае памерці, - сказаў Гары. - нядзіўна, што Снэйп жадае яго займець. Хто заўгодна б захацеў.

- Тым больш нядзіўна, што мы не знайшлі Фламеля ў "Найважных вынаходніцтвах сучаснай магіі", - уставіў Рон. – Які ж ён сучасны, калі яму шэсцьсот шэсцьдзесят пяць, праўда?

Наступнай раніцай на абароне ад сіл зла, перапісваючы з дошкі спосабы лячэння ад укусаў пярэваратняў, Гары з Ронам усё яшчэ абмяркоўвалі, што б яны сталі рабіць з філасофскім каменем, калі б ён у іх быў. І, пакуль Рон не сказаў, што ён бы набыў уласную квідытчную каманду, Гары не ўспамінаў ні пра Снэйпа, ні пра матч.

- Ведаеце, я буду гуляць, - рашуча паведаміў ён Рону і Герміёне, - калі я не выйду на поле, Слізэрынцы падумаюць, што я збаяўся, спалохаўся Снэйпа. Я ім пакажу!… Калі мы выйграем, дык хаця б з іх твараў знікнуць гэтыя гнюсныя усмешачкі!

- Так, вядома, але калі толькі не давядзецца пасля матчу сашкрабаць з поля, - сказала Герміёна.


***


Матч набліжаўся, і Гары нерваваўся ўсё больш, што б ён там ні казаў сваім сябрам. Астатнія чальцы каманды таксама вельмі турбаваліся. Вядома, думка аб перамозе над "Слізэрынам" у чэмпіянаце школы ўсіх прыводзіла ў захапленне, бо ўжо сем гадоў гэта нікому не атрымоўвалася, але вось ці атрымаецца, з такім прадузятым суддзёй?

Акрамя таго, у Гары стварылася ўражанне - хоць упэўненасці, вядома, не было - што Снэйп паўсюль ходзіць за ім. Спадзяецца заспець знянацку? Урокі зеллеварэння ператварыліся ў штотыднёвыя пакуты, да таго жорсткі быў з Гары Снэйп. Можа быць, здагадаўся, што яны даведаліся пра філасофскі камень? Незразумела, праўда, якім чынам... Часам Гары з жахам думаў, што Снэйп умее чытаць думкі.

Калі на наступны дзень сябры жадалі Гары поспеху перад дзвярамі распранальні, ён адчуваў, што яны разважаюць пра сябе, ці давядзецца яшчэ ўбачыць яго жывым - і гэта зусім не супакойвала. Наўрадці Гары пачуў хоць слова з той балбатні, якой частаваў яго Вуд, пакуль ён апранаўся ў форму і агледжваў у руках свой знакаміты "Німбус 2000".

Тым часам, Рон з Герміёнай знайшлі сабе на трыбуне месца побач з Нэвілам, які ніяк не мог зразумець, чаго гэта яны такія хмурныя і ўстрывожаныя і навошта гэта яны прынеслі з сабою на матч чароўныя палачкі. Гары аб гэтым не ведаў, але Рон і Герміёна даўно ўжо таемна практыкаваліся ў накладанні Кайданнага Праклёну. Ідэю, па сутнасці, падаў Малфой, калі наклаў гэты праклён на Нэвіла, але зараз хлопцы рыхтаваліся ўжыць яго ў дачыненні да Снэйпа, калі той выявіць хоць найменшы намер прычыніць шкоду Гары.

- Не забудзь - Лакамотар Морціс, - мармытала Герміёна ў вуха Рону, пакуль той хаваў чароўную палачку ў рукаў.

- Я памятаю, - раздражнёна адгыркнуўся Рон. - Не нудзі.

 У гэты час у распранальні Вуд адвёў Гары ўбок.

- Не жадаю аказваць на цябе ціск, Потэр, але ніколі яшчэ не было так важна схапіць Сніч як мага хутчэй. Трэба скончыць гульню раней, чым Снэйп паспее занадта моцна подсудзіць "Хафлпафу".

- Уся школа сабралася! - загарлапаніў Фрэд Уізлі, саўгануўшы галаву ў дзверы. - Нават, перапрошваю, Дамблдор падваліў!

Сэрца ў грудзях ў Гары выканала сальта-мартале.

- Дамблдор? - перапытаў ён, кінуўшыся да дзвярэй, каб пераканацца. Фрэд не ашукваў. Срэбную бараду немагчыма было не заўважыць.

Гары ледзь было не засмяяўся, такую палёгку адчуў. Зараз ён у бяспецы. Не можа быць і гаворкі аб тым, каб Снэйп паспрабаваў напасці на яго ў прысутнасці Дамблдора.

Магчыма, менавіта таму ў Снэйпа быў такі злы выраз твару, калі каманды выходзілі на поле - гэта не схавалася і ад вачэй Рона.

- Ніколі не бачыў Снэйпа такім страшным, - шапнуў ён Герміёне. - Глядзі - узлятаюць. Ой!

Хтосьці стукнуў Рона па патыліцы. Гэта быў Малфой.

- Ах, выбачай, Уізлі, я цябе не заўважыў.

Малфой зарагатаў, а потым звярнуўся да сваіх сябрукоў Крэба і Гойла:

- Цікава, як доўга гэтым разам Потэр збіраецца пратрымацца на мятле? Паспрачаемся? А ты, Уізлі, жадаеш пары?

Рон не адказаў; Снэйп толькі што даў хафлпафцам права на пенальці з-за таго, што Джордж Уізлі патрапіў у яго Нападалай. Герміёна, прыжмурыўшыся, неймаверным чынам скрыжыўшы пальцы і трымаючы рукі на каленях, пільна сачыла за Гары, які каршаком кружыў над гульцамі і выглядаў Сніч.

- Ведаеце, па якім, на мой погляд, прынцыпе адбіраюць гульцоў у каманду "Грыфіндора"? - гучна спытаў Малфой праз некалькі хвілін, як раз тады, калі Снэйп без усякіх бачных прычын прысудзіў "Хафлпафу" яшчэ адзін пенальці. - Туды бяруць людзей, якіх шкада. Вось, напрыклад, Потэр, у яго няма бацькоў. Потым Уізлі, у іх няма грошай. Табе, Лонгбатам, таксама прамая дарога ў каманду - у цябе няма мазгоў.

Нэвіл зрабіўся ярка-чырвоным, але тым не менш адважна звярнуўся да Малфою тварам.

- Я каштую тузіна такіх як ты, Малфой, - запінаючыся, сказаў ён.

Малфой разам з Крэбам і Гойлам пакаціліся са смеху, а Рон, не вырашаючыся адарваць погляд ад гульні, падбадзёрыў:

- Скажы, скажы яму, Нэвіл.

- Лонгбатам, калі б мазгі былі золатам, ты быў бы бядней за Уізлі... А гэта паказчык.

У Рона нервы і так ужо былі на мяжы ад сталай турботы за Гары.

- Слухай, Малфой - яшчэ адно слова…

- Рон! - раптам ускрыкнула Герміёна. - Гары!…

- Што? Дзе?

Гары раптам здзейсніў рэзкі нырэц, які выклікаў узбуджэнне публікі, а потым пачуліся крыкі захаплення. Герміёна ўзнялася, запхнуўшы перакрыжаваныя пальцы ў рот, і зачаравана глядзела, як Гары нібы куля нясецца да зямлі.

- Уізлі, радуйся, Потэр знайшоў манетку, - здзекліва сказаў Малфой.

Рон здрыгануўся. Малфой яшчэ не паспеў нічога зразумець, а Рон ужо сядзеў на ім і закручваў яму рукі за спіну. Нэвіл пахіснуўся, затым пералез праз спінку свайго сядзення і прыйшоў на дапамогу.

- Давай жа, Гары! - ускрыкнула Герміёна, ускокваючы на сядзенне, каб лепей разглядзець Гары, які ляціць прама на Снэйпа - яна не прыкмячала ў сябе пад нагамі ані Рона з Малфоем, клубка рук-ног, які перыядычна выдаваў незразумелыя гукі - гэта спляліся ў адно Нэвіл, Крэб і Гойл.

У гэтае імгненне ў небе Снэйп развярнуў сваю мятлу якраз своечасова, каб зазначыць штосьці малінавае, што прамільгнула зусім побач - і ў наступную секунду вынырнуў Гары, трыўмфальна ўзняўшы над галавой руку са злоўленым Снічам.

На трыбунах усё ўсталі ў адзіным парыве - гэта быў рэкорд; ніхто не памятаў, каб Сніч злавілі так хутка.

- Рон! Рон! Ты дзе? Гульня скончаная! Гары перамог! Мы перамаглі! "Грыфіндор" перамог! - віскатала Герміёна, танцуючы, ўскокваючы на сядзенне, саскокваючы з яго і кідаючыся ў абдымкі Парваці Паціл у пярэднім шэрагу.

Апынуўшыся ў фуце над зямлёй, Гары саскочыў з мятлы. Ён не мог паверыць у тое, што здарылася. Ён перамог - гульня скончаная; яна доўжылася каля пяці хвілін. Грыфіндорцы адзін за адным саскоквалі з мётлаў на поле. Гары ўбачыў, як недалёка прызямляецца Снэйп, з белым тварам і падкурчанымі вуснамі - і адчуў нечую руку ў сябе на плячу, падняў галаву і сустрэўся поглядам з усмешлівым Дамблдорам.

- Выдатна, - пахваліў Дамблдор ціха, так, што толькі Гары мог учуць, - Прыемна бачыць, што ты не нудзіўся па люстэрку… займаўся справай… малайчына…

Снэйп злосна сплюнуў на зямлю.

 * * *


Праз некаторы час Гары адзін выйшаў з распранальні, каб аднесці "Німбус 2000" у ангар для мётлаў. Даўно ўжо ён не быў такі шчаслівы. Ён здзейсніў штосьці, чым можна па-сапраўднаму ганарыцца - больш ніхто не скажа, што ён вядомы толькі дзякуючы свайму імю. Ніколі яшчэ вячэрняе паветра не было такое свежае, не быў так чароўна салодкае. Гары цягнуўся па мокрай траве, яшчэ і яшчэ раз успамінаючы хвалюючыся падзеі апошняй гадзіны, якія зліліся ў яго ў галаве ў адно расплывістае салодкае адчуванне: Грыфіндорцы збягаюць з трыбун, каб на плячах панесці яго з поля; на некаторай адлегласці Рон з Герміёнай скачуць уверх-уніз; кроў з носу ў Рона, які тым не менш выкрыквае пераможныя "Ура!".

Гары падышоў да ангара. Ён прыхінуўся да драўляных дзвярэй і стаў глядзець на "Хогвартс", на вокны, што запальваліся чырвоным святлом у промнях вечаровага сонца. "Грыфіндор" выйграў. Ён перамог, ён паказаў гэтаму Снэйпу…

Дарэчы, аб Снэйпу…

Утоены пад плашчом з каптуром, па прыступках замка хуткай хадой сыйшоў чалавек. Відавочна не жадаючы быць заўважаным, ён крочыў у кірунку Забароненага лесу і імкнуўся як мага хутчэй перасекчы двор. Радасць перамогі пакінула Гары - ён пазнаў гэтую хаду. Снэйп ідзе ў Забаронены лес, у той час як усе астатнія сядзяць за вячэрай - з чаго б гэта?

Не разважаючы, Гары ўскочыў на мятлу і ўзняўся ў паветра. Бясшумна ўзляцеўшы над замкам, ён прасачыў, як Снэйп паспешліва ўвайшоў у лес. Гары рушыў услед за ім.

Скрозь густыя кроны дрэў Гары не мог бачыць, куды накіроўваецца Снэйп. Тады ён стаў лётаць кругамі, ніжэй і ніжэй, дакранаючыся вяршынь дрэў, пакуль, нарэшце, не пачуў галасы. Ён паляцеў на гук, бясшумна апусціўся на высокую бярозу і асцярожна палез па галінцы, трымаючы ў руках мятлу і імкнучыся разглядзець, што адбываецца ўнізе.

Там, на цёмнай паляне, стаяў Снэйп, і ён быў не адзін. З ім быў Квірэл. Гары не бачыў выразу яго твару, але заікаўся Квірэл значна мацней звычайнага. Гары з усіх сіл напружыў слых, каб не прапусціць ні слова з гутаркі прафесараў.

- … н-н-не ведаю, н-н-навошта вам с-с-спатрэбілася сустракацца с-са мной менавіта т-т-тут, Северус…

- Я спадзяваўся, што мы здолеем захаваць наш сакрэт, - сказаў у адказ Снэйп ледзяным тонам. - Урэшце рэшт, навучэнцы не павінны ведаць аб філасофскім камені.

Гары мацней нахіліўся наперад. Квірэл нешта прамямліў. Снэйп перабіў яго.

- Вы ўжо высвятлілі, як можна прайсці паблізу гэтай жывёліны, якую трымае Хагрыд?

- Ал-л-л-ле, Северус, мне…

- Вам не спадабаецца, калі я стану вашым ворагам, Квірэл, - заявіў Снэйп, робячы крок наперад да субяседніка.

- Я н-н-не в-в-ведаю, што в-вы…

- Вы цудоўна ведаеце, што я маю на ўвазе.

Гучна ухнула сава, і Гары ледзь не зваліўся з дрэва. Ён аднавіў раўнавагу на наступных словах Снэйпа: "… наконт вашых фокусаў. Я чакаю."

- А-а-але я н-н-е …

- Выдатна, - перабіў Снэйп. - Неўзабаве ў нас будзе магчымасць пагутарыць яшчэ, а да таго часу вы ўсё абдумаеце і вырашыце, на чыім вы баку.

Ён накінуў каптур на галаву і імкліва знік. Стала амаль зусім цёмна, але Гары ўсё-ткі мог бачыць Квірэла. Той стаяў нерухома, нібы скамянеўшы.
* * *

- Гары, дзе ты быў? - пранізліва закрычала Герміёна.

- Нашы перамаглі! Нашы перамаглі! Ты перамог! - екатаў Рон, барабанячы Гары па спіне. - А я паставіў Малфою фінгал, а Нэвіл адзін напаў на Крэба і Гойла! Ён усё яшчэ ў лякарні, але мадам Помфры кажа, што з ім усё будзе ў парадку - а ён гаворыць, што яшчэ пакажа Слізэрынцам! Усе цябе чакаюць у гасцінай, мы наладзілі пір, Фрэд з Джорджам сцягнулі з кухні пірожныя і яшчэ шмат чаго!

- Гэта ўжо ўсё роўна, - сказаў Гары амаль бязгучна, - давайце знойдзем пусты пакой, я вам такое распавяду…

Ён пераканаўся, што ў пакоі няма Піўза і шчыльна зачыніў дзверы, а затым распавёў сябрам усё, што бачыў і чуў.

- Так што мы апынуліся правы, гэта і на самай справе філасофскі камень, і Снэйп спрабуе прымусіць Квірэла быць саўдзельнікам. Снэйп спытаў, ці ведае ён, як прайсці паблізу Флуфі - і яшчэ ён гаварыў пра нейкія "фокусы" - значыць, камень ахоўвае не толькі сабака, але і якая-небудзь замова, а можа, і не адна, да таго ж, Квірэл напэўна наклаў на яго якое-небудзь заклён ад сіл зла, скрозь які Снэйпу самому не прадзерціся...

- Дык ты хочаш сказаць, што камень у бяспецы толькі датуль, пакуль Квірэл не расколецца? - устрывожылася Герміёна.

- Тады камня не будзе да наступнага аўторку, - безапеляцыйна заявіў Рон.


РАЗДЗЕЛ XIV —
Норберт, нарвежскі дракон
Квірэл, аднак, аказаўся болей стойкім, чым яны думалі. Тыдзень праходзіў за тыднем, прафесар бляднеў і худнеў, але было непадобна, што ён хутка здасца.

Кожны раз, праходзячы па калідоры трэцяга паверху, Рон, Гары і Герміёна прыкладвалі вуха да дзвярэй, каб пераканацца, што адтуль па-ранейшаму даносіцца бурчанне Флуфі. Снэйп расхаджваў па школе ў звычайным сваім благім настроі, і гэта быў дакладны знак, што камень пакуль знаходзіцца ў бяспецы. Пры сустрэчах з Квірэлам Гары імкнуўся ўсміхацца як мага больш падбадзёрвальна, а Рон зараз сароміў усякага, хто кпіў над заіканнем прафесара.

У Герміёны, між тым, былі і іншыя клопаты апроч філасофскага камня. Яна пачала складаць навучальныя планы, малявала ўсялякія таблічкі, рабіла ў сшытках пазнакі каляровымі чарніламі. Гары з Ронам нічога не мелі б супраць гэтага, ды толькі Герміёна з вялікім занудствам спрабавала прымусіць іх рабіць тое ж самае.

- Герміёна, іспыты яшчэ праз сто гадоў.

- Праз дзесяць тыдняў, - адрэзала Герміёна. - Гэта зусім не сто гадоў, хутчэй адна секунда, Нікалас Фламель мяне б зразумеў.

- Але нам няма шасці соцень гадоў, - нагадаў ёй Рон. - У любым выпадку, нашто табе ўсё гэта вучыць, ты і так усё ведаеш.

- Нашто вучыць? Ты з глузду з’ехаў? Ты што, не разумееш? Калі не здаць гэтыя іспыты, нас не перавядуць на другі курс! Гэта вельмі адказныя іспыты, даўно ўжо трэба было пачаць рыхтавацца, аб чым я толькі думала, дзе была мая галава…

Нажаль, пункт гледжання Герміёны цалкам падзялялі настаўнікі. Яны так завалілі студэнтаў заданнямі, што велікодныя вакацыі, у адрозненне ад калядных, прайшлі амаль непрыкметна. Ды і нялёгка было адключыцца ад вучобы, калі над душой увесь час вісела Герміёна, то паўтараючы дванаццаць спосабаў выкарыстання драконавай крыві, то адпрацоўваючы ўзмахі чароўнай палачкай. Гары і Рон, пазяхаючы і енчачы, праводзілі большую частку вольнага часу ў бібліятэцы з Герміёнай і імкнуліся хоць неяк разабрацца з дадатковымі заданнямі.

- Ніколі мне ўсяго гэтага не запомніць, - сумна ўздыхнуў аднойчы Рон, кінуў пяро і з нудой утаропіўся ў бібліятэчнае акно. За акном ззяў першы па-сапраўднаму вясновы дзень. Неба было поўна чыстага блакіту, і ў паветры адчувалася набліжэнне лета.

Гары, які ў гэты час адшукваў "бадзян дзікі" у "Тысячы чароўных траў і грыбоў", не ўздымаў галавы ад кніжкі, пакуль Рон не крыкнуў:

- Хагрыд! А ты што робіш у бібліятэцы?

Хагрыд шаркаючай хадой вылез з-за паліц, хаваючы нешта за спінай. Прызнацца, у сваім кратовым кажуху ён выглядаў вельмі недарэчна.

- Ды глядзеў тут адну дробязь, - сказаў ён штучна-абыякава, імкнучыся адцягнуць увагу дзяцей, што неадкладна выклікала ў іх пякучая цікавасць. - А вам чаго тут спатрэбілася? - І ён раптам спытаў падазрона: - Вы не па Фламелеву душу, не?

- Ды мы сто гадоў назад высвятлілі, хто ён такі, - адмахнуўся Рон. - А яшчэ мы ведаем, што ахоўвае твой сабачка, ён ахоўвае філасофскі ка…

- Шшшш! - Хагрыд хутка агледзеўся вакол, каб упэўніцца, што ніхто не падслухоўвае. - Чаго гарлапаніш на ўсю бібліятэку, здурнеў?

- Дарэчы, мы жадалі задаць табе некалькі пытанняў, - умяшаўся Гары, - Хто або што яшчэ, акрамя Флуфі, ахоўвае камень?

- ШШШШШ! - зноў шыкнуў Хагрыд. - Слухайце сюды. Прыходзьце да мяне папазней. Не абяцаю, што ўсё распавяду, толькі няма чаго аб гэтым на кожным кроку крычаць, навучэнцы не павінныя пра гэтае ведаць. Падумаюць яшчэ, што гэта я вам сказаў…

- Тады ўбачымся, - сказаў Гары.

 Хагрыд выдаліўся, нядбайна валакучы ногі.

- Што гэта ён хаваў за спіной? - задуменна працягнула Герміёна.

- Думаеш, што-небудзь пра камень?

- Схаджу я зірну, у якім аддзеле ён капаўся, - Рон быў толькі рады адпачыць ад вучобы. Ён вярнуўся праз хвіліну са стосам кніг у руках і зваліў іх усе на стол.

- Пра драконаў! - зашаптаў ён. - Хагрыд чытаў пра драконаў! Вы толькі паглядзіце: "Драконы Вялікабрытаніі і Ірландыі", "Ад яйка да д'ябла", "Даведнік драканавода".

- Хагрыд заўсёды жадаў мець дракона, ён мне сам сказаў, у першую ж сустрэчу, - успомніў Гары.

- Але гэта незаконна, - сказаў Рон. - Утрыманне драконаў забароненае Чароўнай Канвенцыяй 1709 года, гэта ўсім вядома. Як ведзьмакам хавацца ад маглаў, калі яны будуць трымаць драконаў у двары? Ды і, акрамя таго, драконаў немагчыма прыручыць, яны небяспечныя. Бачылі бы вы апёкі, якія засталіся ў Чарлі ад румынскіх дзікіх драконаў!

- Але ж у Англіі няма дзікіх драконаў? - з надзеяй спытаў Гары.

- Вядома ж, ёсць, - адказаў Рон. - Звычайныя валійскія і гібрыдныя чорныя. І задаюць жа яны працы міністэрству магіі, скажу я вам! Чараўнікам рэгулярна даводзіцца змяняць памяць маглаў, якія бачылі драконаў, каб яны нічога не памяталі.

- Што ж такое задумаў Хагрыд?

Наблізіўшыся да халупы ключніка праз гадзіну, хлопцы з здзіўленнем выявілі, што вокны шчыльна завешаны. Хагрыд крыкнуў: "Хто там?", перш чым упусціць іх унутр, а потым адразу жа дбайна зачыніў дзверы.

Усярэдзіне было горача як у лазні. Нягледзячы на цёплае надвор'е, у коміне шугаў агонь. Хагрыд заварыў гарбату і прапанаваў зрабіць бутэрброды з казляцінай, але дзеці адмовіліся.

- Ну, чаго жадалі даведацца?

Не было сэнсу хадзіць вакол. І Гары адказаў:

- Ты можаш нам сказаць, хто або што акрамя Флуфі ахоўвае філасофскі камень?
   Хагрыд нахмурыўся.

- Яс'справа, не магу, - адрэзаў ён. - Па-першае, сам не ведаю. Па-другое, вы і так ужо надта разумныя, так што, і ведаў бы, не сказаў. Калі камень тут, значыць, так трэба. Яго ледзь не скралі з "Грынгатса" - ну, гэта вы ўжо зразумелі? Ды і пра Флуфі даведаліся, хопіць вам інфармацыі.

- Ой, Хагрыд, кінь! Нам ты, можа, і не жадаеш казаць, але ўжо сам жа ўсё ведаеш. Тут нічога не можа адбыцца без цябе, праўда? - ласкавым голасам вымавіла Герміёна. Барада Хагрыда тузанулася, і стала зразумела, што ён заўсміхаўся. - Нам толькі цікава, хто забяспечваў ахову, - працягвала Герміёна. - Нам цікава, каму Дамблдор давярае настолькі, каб папрасіць аб дапамозе, ну, акрамя цябе, вядома.

Пры гэтых апошніх словах Хагрыд зламаўся . Гары і Рон з захапленнем і падзякай паглядзелі на Герміёну.


  - Ну… Гэта, пэўна, не страшна, калі я вам скажу… Дайце-ка ўспомніць… Ён узяў у мяне Флуфі… Потым сёй-той з настаўнікаў наклаў закляцці… Прафесар Спроўт - прафесар Флітвік - прафесар МакГонагал, - Хагрыд як быццам прыбіваў прафесараў да далоні, загінаючы пальцы, - прафесар Квірэл - ну, і сам Дамблдор таксама, яс'справа. Пачакайце, кагосьці запамятаваў… А ну так, і прафесар Снэйп яшчэ.

- Снэйп?


- Ага. Слухайце, што вы ніяк не супакоіцеся? Зразумейце, Снэйп дапамагаў абараніць камень, чаго яму камень красці!

Гары ведаў, што і Рон, і Герміёна падзяляюць яго меркаванне: раз Снэйп сам прымаў удзел у забеспячэнні абароны каменя, то яму нічога не каштуе высвятліць, якімі заклёнамі абаранілі камень астатнія настаўнікі. Магчыма, ён ужо ўсё ведае - акрамя, падаецца, заклёна Квірэла і спосабу абыйсці Флуфі.

- А ты адзіны, хто ведае, як прайсці паблізу Флуфі, Хагрыд? - трывожна спытаў Гары. - І ты нікому не скажаш, так? Нават каму-небудзь з настаўнікаў?

- Ні-ні, ні адной жывой душы! Ведаем толькі я і Дамблдор.

- Што ж, гэта ўжо нешта, - ціха сказаў Гары сваім сябрам. - Хагрыд, а можна адчыніць акно? А тое я ўжо закіпаю.

- Нельга, Гары, прабач, - адмовіў Хагрыд. Ён кінуў погляд у комін. Гары таксама паглядзеў туды.

- Хагрыд! Што гэта?

Але ён ужо і так здагадаўся, што гэта такое. У полымі, пад імбрычкам, ляжала вялікае чорнае яйка.

- Ах, гэта! - працягнуў Хагрыд, цяробячы бараду, - Гэта… э-э-э…

- Адкуль ты гэта ўзяў, Хагрыд? - Рон прысеў на кукішкі ў агню, каб лепей разгледзець яйка. - Гэта ж каштуе вельмі вялікіх грошай!

- Выйграў, - сказаў Хагрыд. - Надоечы ў вёсцы. Пайшоў прапусціць пару кілішачкаў, ну, і перакінуліся ў карцішкі з адным мужычком. Ды ён, падавалася, быў толькі рады збыць гэта з рук.

- Але што ж ты з ім будзеш рабіць, калі ён вылупіцца? - з жахам спытала Герміёна.

- Ну, я тут гэта… у кніжках парыўся, - Хагрыд выцягнуў з-пад падушкі здаравенны том, - у бібліятэцы ўзяў. "Аб выгодах утрымання драконаў у хатняй гаспадарцы" - састарэлая, факт, але ўсё тут ёсць, і што яйка трэба трымаць у агні - таму мамкі дыхаюць на іх, ясна? - і што, калі вылупіцца, раз у паўгадзіны даваць коўшык сумесі каньяку з цыплячай крывёй. І вось яшчэ - як вызначаць пароду па яйку - у мяне нарвежскі гарбаты. Рэдкі экзэмпляр.

Ён быў страшэнна задаволены сабою, але Герміёна не падзяляла яго радасці.

- Хагрыд, ты жывеш у драўляным доме, - нагадала яна.

Але Хагрыд не слухаў. Ён шчасліва напяваў нешта пад нос, варушачы вуглі.


Такім чынам, хлопцам дадалося турботы: як бы хто не пазнаў, што Хагрыд трымае ў сябе ў халупе забароненага дракона.

***


- Цікава, якое яно, спакойнае жыццё? - уздыхнуў Рон, пасля таго, як ужо шмат дзён, вечар за вечарам, яны гераічнымі высілкамі дараблялі хатнія заданні. Герміёна зараз складала навучальныя планы і для Гары з Ронам - чым даводзіла хлопцаў да шаленства.

Аднойчы за сняданкам, Хэдвіг прынесла Гары занатоўку ад Хагрыда. Занатоўка складалася ўсяго толькі з двух слоў: "Ён вылупляецца".

Рон прапанаваў прагуляць гербалогію і пахутчэй адправіцца ў халупу. Але Герміёна і чуць аб гэтым не захацела.

- Герміёна, як ты думаеш, калі ў нас у наступны раз будзе магчымасць праназіраць, як вылупляецца дракон?

- Нам трэба ісці на ўрокі, інакш у нас будуць непрыемнасці, прычым гэта дробязі ў параўнанні з тым, што чакае Хагрыда, калі высвятліцца, чым ён займаецца…

- Ціха! - шэптам прыкрыкнуў Гары.

Непадалёк, усяго ў некалькіх метрах, стаяў Малфой - і ён замёр, прыслухваючыся. Што ён паспеў пачуць? Выраз яго твару цалкам не спадабаўся Гары.

Рон з Герміёнай спрачаліся ўсю дарогу да кабінета гербалогіі, і, урэшце рэшт, Герміёна згадзілася збегаць да Хагрыда падчас вялікай перамены. Калі раздаўся ўдар звана, які азначаў канец уроку, яны хутка пакідалі мерныя савочкі і пабеглі на ўзлесак. Хагрыд быў з чырвоным ад радаснай узрушанасці тварам:

- Амаль вылупіўся.

Ён правёў іх унутр.

Яйка ляжала на стале. Па шкарлупіне ішлі глыбокія расколіны. Усярэдзіне нешта варушылася, і адтуль даносіліся пацешныя гукі, якія нагадвалі пстрычкі.

Усе ўчатырох яны прысунулі крэслы бліжэй да стала і, імкнучыся не дыхаць, сталі назіраць.

Нягледзячы на пільнае чаканне, яны тым не менш здрыгануліся, калі раптам раздалося гучнае храбусценне, пасля чаго шкарлупіна развалілася на часткі. На стол выпаў немаўля-дракон. Толькі з вялізнай нацяжкай можна было назваць яго прыгожым. Гары падумалася, што больш за ўсё ён падобны на чорны, складзены, мяты парасонік. Драцяныя крылы падаваліся вялізнымі ў параўнанні з кашчавым кампактным цельцам, у яго было доўгі лычык з шырокімі ноздрамі, зачаткавыя ражкі і вытарашчаныя памяранчавыя вочкі.

Дракончык чхнуў. З ноздраў выляцелі іскрынкі.

- Ну ці не прыгажун? - варкатнуў Хагрыд. Ён працягнуў руку і хацеў пакалашмаціць немаўля па галаве. Той адгыркнуўся і ледзь не адхапіў Хагрыду палец, паказаўшы пры гэтым востранькія зубкі.

- Вось які ты, малы! Зірніце - прызнаў мамку!

- Хагрыд, - спытала Герміёна, - а з якой хуткасцю растуць нарвежскія гарбатыя?

Хагрыд збіраўся было адказаць, але раптам твар яго спалатнеў - ён ускочыў і кінуўся да акна.

- Што здарылася?

- Хтосьці падглядваў, там, за фіранкамі - нейкі хлопец – усё, пабег назад да школы...

Гары стрымгалоў кінуўся да дзвярэй і вызірнуў на вуліцу. Нават на адлегласці ён пазнаў гэтую фігуру.

Малфой бачыў дракона.

Нешта такое з'явілася ва ўсмешцы Малфоя, з-за чаго на працягу ўсяго наступнага тыдня Гары, Рон і Герміёна не знаходзілі сабе месца ад турботы. Большую частку вольнага часу яны праводзілі ў прыцемненай халупе Хагрыда і спрабавалі заклікаць да яго розуму.

- Яго трэба выпусціць, - пераконваў Гары, - выпусціць на волю.

- Не магу, - упіраўся Хагрыд, - ён яшчэ маленькі, ён не выжыве.

Хлопцы паглядзелі на дракона. Усяго за тыдзень той вырас у тры разы. З ноздр у яго ішоў дым. Хагрыд быў так з ім заняты, што закінуў усе іншыя абавязкі. Па падлозе ў бязладдзі валяліся пустыя бутэлькі з-пад брэндзі ўперамешку з курынымі пёрамі.

- Я назваў яго Норберт, - замілавана распавёў Хагрыд, не адрываючы ад дракона вільготных вачэй. - Ён мяне ўжо пазнае, глядзіце: Норберт! Дзе матуля?

- З глузду з’ехаў, - канстатаваў Рон на вуха Гары.

- Хагрыд, - гучна паклікаў Гары. - Праз два тыдні твой Норберт перарасце па памеры твой дом. А Малфой у любы момант напаклёпнічае Дамблдору.

Хагрыд прыкусіў губу.

- Я… я ведаю, мне нельга пакінуць яго тут, але пакуль… не магу я без яго.

Гары раптам звярнуўся да Рона.

- Чарлі, - сказаў ён.

- Ты ўжо таксама таго, - абвясціў Рон. - Я Рон.

- Ды не - Чарлі - твой брат, Чарлі. Які ў Румыніі. Які вывучае драконаў. Можна паслаць Норберта да яго. Чарлі яго выкарміць, а потым выпусціць на волю.

- Добрая ідэя! - узрадаваўся Рон. - Як табе, Хагрыд?

Урэшце рэшт, Хагрыд пагадзіўся, што, прынамсі, можна паслаць Чарлі саву, параіцца.

Наступны тыдзень цягнулася немагчыма доўга. У сераду ўвечары Герміёна і Гары ў адзіноце сядзелі ў гасцінай, астатнія даўно ўжо разыйшліся спаць. Гадзіннік на сцяне толькі што прабіў апоўначы, калі з шумам расхінулася адтуліна за партрэтам. Адтуль як чорт з табакеркі з'явіўся Рон, сцягваючы плашч-нябачнік. Ён вярнуўся ад Хагрыда, якому дапамагаў карміць Норберта. Норберт зараз сілкаваўся дохлымі пацукамі, прычым еў іх цэлымі кошыкамі.

- Ён мяне ўкусіў! - паскардзіўся Рон, паказваючы руку, перабінтаваную прапітанай крывёй насоўкай. - Я зараз немаведама колькі пяро не змагу трымаць! Нічога жудасней гэтага дракона я ў жыцці не бачыў, а паслухаць, як кудахтае над ім Хагрыд - гэта і зайка, і кіска, і рыбка! Калі я сыходзіў, ён спяваў гэтаму пудзілу калыханку!

 З акна данеслася асцярожнае паляпванне.

- Гэта Хэдвіг! - выклікнуў Гары, спяшаючыся ўпусціць саву. - Яна прынесла адказ ад Чарлі!
   Тры галавы схіліліся над пасланнем:

Дарагі Рон!



Як жыццё? Дзякуй за ліст - я буду вельмі рады ўзяць нарвежскага дракона, аднак, даставіць яго сюды будзе нялёгка. Мне падаецца, самым разумным будзе перадаць дракона з маімі сябрамі, якія збіраліся прыехаць наведаць мяне. Праблема толькі ў тым, што іх могуць затрымаць пры ўвозе забароненай жывёліны.

Не маглі б вы занесці дракона на самую высокую вежу ў суботу апоўначы? Яны будуць чакаць вас там і забяруць дракона ўначы, каб ніхто не ўбачыў.

Дашліце адказ як мага хутчэй.

З любоўю,

Чарлі”

Дзеці пераглянуліся.

- У нас ёсць плашч-нябачнік, - сказаў Гары. - Гэта не павінна быць вельмі складана - мне падаецца, плашч досыць вялікі, каб пад ім маглі схавацца двое з нас разам з Норбертам.

Сябры з ім пагадзіліся - што паслужыла лішнім доказам таго, наколькі няўдалым быў для іх апошні тыдзень. Яны былі гатовыя на ўсё, каб пазбавіцца Норберта - і Малфоя.

На шляху выканання плану паўстала нечаканая перашкода. Да раніцы ўкушаная рука Рона распухла так, што зрабілася разы ў два больш свайго нармалёвага памеру. Рон сумняваўся, ці варта ісці да мадам Помфры - раптам яна адразу пазнае ўкус дракона? Аднак, па ўсім, выбару ўжо не было. Месца ўкусу набыла злавесны зеленаваты колер. Мабыць, зубы Норберта былі атрутныя.

У канцы дня Гары і Герміёна пабеглі ў бальнічнае крыло наведаць Рона і знайшлі яго ў ложку ў жудасным стане.

- Гэта не толькі з-за рукі, - прашаптаў ён, - хоць яна так баліць, што, падаецца, хутка адваліцца. Малфой сказаў мадам Помфры, што хоча ўзяць у мяне кнігу, яна яго ўпусціла, і ён жудасна нада мной здзекаваўся. Усё пагражаў, што распавядзе, хто мяне насамрэч укусіў - я сказаў, сабака, але мадам Помфры падобна, не паверыла - не трэба было мне яго біць на квідытчым матчы, зараз ён мне помсціць.

Гары з Герміёнай па меры сіл пастараліся супакоіць Рона.

- Затое ў суботу апоўначы ўсё будзе ззаду, - сказала Герміёна, але гэта цалкам не суцешыла Рона. Наадварот, ён рыўком сеў у пасцелі і ўвесь пакрыўся халодным потым.

- У суботу апоўначы! - застагнаў ён хрыпла. - Не - толькі не гэта! Я толькі што ўспомніў - ліст ад Чарлі ляжаў у той самай кнізе, якую ўзяў Малфой! Зараз ён будзе ведаць, што мы збіраемся вывезці Норберта.

Ні Гары, ні Герміёна не паспелі адказаць. Увайшла мадам Помфры і загадала пакінуць хворага - Рону, паводле ейных словаў, патрабаваўся адпачынак.

- Занадта позна што-небудзь змяняць, - сказаў Герміёне Гары. - У нас няма часу, каб даслаць Чарлі яшчэ адну саву, і наогул, гэта, можа быць, наш адзіны шанец пазбавіцца ад Норберта. Давядзецца рызыкнуць. І давядзецца ўзяць плашч, Малфой пра яго не ведае.

Калі яны прыйшлі да Хагрыда са справаздачай аб апошніх навінах, Фанг сядзеў поруч халупы з перавязаным хвастом. Хагрыд размаўляў з імі праз акно.

- Не магу вас упусціць, - прасоп ён. - У Норберта пераходны ўзрост - але я з ім зладжу.

Пачуўшы пра ліст ад Чарлі, Хагрыд ледзь не заплакаў, хоць, магчыма, і не толькі ад суму - Норберт у гэты час цяпнуў яго за нагу.

- Уууух! Нічога, нічога, проста чаравік пракусіў - гуляецца! - дурны яшчэ, разумееце.

Дурны біў хвастом па сцяне халупы, і ад гэтага ў вокнах дрыжала шкло. Гары і Герміёна вярталіся ў замак з адзінай думкай - дачакацца суботы.

Мабыць, калі б яны не так моцна хваляваліся з-за таго, што ім трэба зрабіць, яны б пашкадавалі Хагрыда ў момант раставання з Норбертам. Ноч была цёмнай і хмурнай, і дзеці злёгку спазніліся, таму што ім прыйшлося чакаць, пакуль Півз прыбярэцца з вестыбюля, дзе ён сам з сабою гуляў у тэніс.

Хагрыд падрыхтаваў Норберта да адпраўкі, і той быў клапатліва спакаваны ў вялікую скрыню.

- Я там паклаў і пацукоў, і брэндзі, яму хопіць на дарогу, - у голасе Хагрыда выразна гучалі з цяжкасцю падаўляемыя рыданні. - І мішка яго ўлюблёны таксама там.

У скрынцы нешта затрышчала - падаецца, мішцы адарвалі галаву.

- Да пабачэння, Норберт! - ўсхліпваў Хагрыд, пакуль Гары з дапамогай Герміёны хаваў кошык пад плашчом-нябачнікам, - матуля цябе ніколі не забудзе!

Як ім атрымалася данесці кошык да замка, яны і самі не маглі зразумець. Хвіліны, цікаючы, няўхільна набліжалі іх да паўночы, і яны ўпарта цягнулі Норберта ўверх па мармуровай лесвіцы ў вестыбюль і далей, па цёмных калідорах. Уверх па яшчэ адной лесвіцы, яшчэ - нават кароткі шлях, нядаўна адчынены Гары, не занадта палегчыў задачу.

- Амаль дашлі! - перарывіста ўзвясціў Гары, калі яны падышлі да пераходу ў самую высокую вежу замка.

Нешта мільганула наперадзе, ледзь не прымусіўшы іх выпусціць кошык. Забыўшы аб тым, што яны нябачныя, дзеці кінуліся глыбей у цень, імкнучыся разгледзець цёмныя сілуэты двух людзей, зусім недалёка ад іх.

Прафесар МакГонагал, у халаце з шатландкі і з сетачкай на валасах, за вуха трымала Малфоя.

- Парушэнне! - крычала яна. - Мінус дваццаць балаў у "Слізэрына"! Блукаць тут сярод ночы, ды як ты асмеліўся…

- Вы не разумееце, прафесар. Сюды павінен прыйсці Гары Потэр - з драконам!

- Якая несусветная лухта! Як ты смееш так хлусіць! Пайшлі - я павінна паведаміць пра цябе прафесару Снэйпу, Малфой!

Пасля гэтага здарэння стромкая шрубавая лесвіца на вяршыню вежы падалася найлягчэйшай дарогай на свеце. Але, датуль, пакуль яны не вышлі вонкі, на халоднае начное паветра, дзеці не вырашаліся зняць плашч-нябачнік, а калі нарэшце знялі, то былі шчаслівыя, што могуць зноў дыхаць вольна. Герміёна сплясала джыгу.

- Малфоя пакаралі! Я зараз заспяваю!

- Толькі не гэта, - паспешна сказаў Гары.

У выдатным настроі з нагоды Малфоя, яны чакалі сяброў Чарлі, а Норберт тым часам шалеў у кошыку. Прыкладна праз дзесяць хвілін з цемры ліха і бясшумна вырулілі чатыры мятлы.

Сябры Чарлі аказаліся развясёлай кампаніяй. Яны паказалі Гары і Герміёне крапленне, якое змайстравалі, каб разам несці Норберта. Дружнымі высілкамі яны запакавалі дракона, а потым Гары і Герміёна за руку развіталіся з імі і сказалі вялікае-вялікае дзякуй.

Нарэшце, Норберт ляцеў… ляцеў…

Гары з Герміёнай паціху спусціліся па лесвіцы, адчуваючы лёгкасць і ў руках, і ў галаве, зараз, калі на іх не вісеў Норберт. Ніякіх больш драконаў - Малфой пакараны - чым можна азмрочыць такое шчасце?

Адказ на апошняе пытанне чакаў іх унізе лесвіцы. Як толькі яны выйшлі ў калідор, з цемры раптам вымалявалася фізіяномія Філча.

- Так-так-так, - нягучна вымавіў ён, - вось мы і патрапілі.

Яны забыліся на вежы плашч-нябачнік.

1   2   3   4   5   6   7   8   9   10   11


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка