Багач Андрэй, Філіпчык Андрэй, Дзяніс Мускі 2007-2011 гг. — Раздзел I —




старонка7/11
Дата канвертавання29.03.2016
Памер2.64 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8   9   10   11
РАЗДЗЕЛ X —
Хэлоўін
Малфой не даў веры ўласным вачам, калі на наступную раніцу ўбачыў, што Рон з Гары ўсё яшчэ ў школе, да таго ж маюць цалкам вясёлы, хоць і стомлены, выгляд. Сапраўды, раніцай сустрэча з трохгаловай пачварай здалася зусім не страшнай, а наадварот, займальнай, і сябрам нават захацелася, каб з імі здарылася яшчэ што-небудзь такога ж кшталту. А пакуль Гары распавёў Рону ўсе падрабязнасці, датычныя загадкавага скрутка, па ўсім, перапраўленага з "Грынгатса" ў "Хогвартс", і хлопчыкі праводзілі шмат часу ў роздумах, што ж гэта такое магло быць, калі яно патрабавала такой строгай сакрэтнасці.

- Нешта вельмі каштоўнае або вельмі небяспечнае, - упэўніваў Рон.

- Або і тое, і другое адначасова, - дадаваў Гары.

Але, паколькі адзінай пэўнай звесткай аб загадкавым прадмеце было тое, што ягоны памер не перавышае пяці сантыметраў, шанцы здагадацца, што гэта можа быць такое, былі роўныя нулю.

Ані Герміёна, ані Нэвіл не выявілі адмысловай цікавасці да таго, што знаходзіцца пад люкам з сабакам. Адзінае, чаго жадаў Нэвіл - ніколі больш не набліжацца да жудаснай жывёліны.
Герміёна адмаўлялася нават размаўляць з Ронам і Гары, але яна была такая ўсёзнайка і задавака, што яны не надта сумавалі з-за гэтага. Але ім вельмі хацелася знайсці спосаб адпомсціць Малфою, і, на іх шчасце, такі спосаб знайшоўся - прыбыў разам з поштай прыкладна праз тыдзень.

Калі раніцай совы, зазвычай, запоўнілі Вялікую Залу, увагу ўсіх прысутных прыцягнула доўгая, тонкая скрынка, якую неслі з гучным уханнем адразу шэсць здаравенных соў. Гары, як і ўсе астатнія, з цікаўнасцю ўзіраўся на скрынку, разважаючы, што ў ёй, і вытарапіў вочы, калі совы апусціліся прама перад ім і апусцілі пасылку да яго ног. Не паспелі птушкі адляцець убок, як яшчэ адна сава кінула па-над скрынкамі ліст.

Гары нецярпліва разарваў канверт, вырашыўшы спачатку прачытаць ліст - і гэта аказаўся правільны ход, бо там было напісана:
"НЕ ЎСКРЫВАЙ ПАСЫЛКУ ЗА СТАЛОМ.

У ёй знаходзіцца "Німбус 2000", але я не жадаю, каб астатнія ведалі, што ў цябе цяпер ёсць мятла, інакш усё таксама захочуць. Олівер Вуд будзе чакаць цябе сёння ў сем гадзін на квідытчным полі на першую трэніроўку.

Прафесар МакГонагал"
Гары з вялікай цяжкасцю стрымліваў сваё захапленне, калі працягваў гэты ліст Рону, каб той таксама яго прачытаў.

- "Німбус 2000"! - з зайздрасцю праенчыў Рон. – Я аніразу нават не трымаў такую мятлу ў руках!

Яны хутчэй вышлі з Зала, каб паспець у адзіноце распакаваць пасылку да першага ўроку, але па дарозе, сярод вестыбюля, выявілі, што шлях наверх перакрыты Крэбам і Гойлам. Малфой выхапіў у Гары скрынку і абмацаў яе.

- Гэта мятла, - сказаў ён са змяшаным выразам зайздрасці і злосці на твары, аддаўшы скрынку назад Гары. - Гэта табе дарма не пройдзе, Потэр, першакурснікам строга забараняецца мець мятлу.

Рон не ўтрымаўся.

- Зазнач, гэта не якая-небудзь рухлядзь, - з'яхіднічаў ён, - гэта "Німбус 2000". Што там, ты казаў, у цябе дома? "Камета 260"? - Рон пераглянуўся з Гары. - Выглядаюць яны, вядома, нічога, але… зусім не той клас.

- Ды што ты аб гэтым можаш ведаць, Уізлі, твае продкі сабе і нават дрэўка ад "Каметы" дазволіць не могуць, - Пэўна, вы свае мётлы па лазінцы ў ляску збіраеце.

Яшчэ да таго, як Рон паспеў адказаць, у Малфоя за спіной з'явіўся прафесар Флітвік.

- Спадзяюся, вы не сварыцеся, дзеткі? - тонкім галаском пацікавіўся ён.

- Потэру даслалі мятлу, прафесар, - адразу жа напаклёпнічаў Малфой.

- Ведаю, ведаю, - з зіхатлівым выглядам адклікнуўся прафесар Флітвік, - прафесар МакГонагал усё мне распавяла аб адмысловых акалічнасцях, Потэр. І якая ж марка?

- "Німбус 2000", сэр, - адказаў Гары, з цяжкасцю стрымліваючы смех пры выглядзе расчаравання на твары Малфоя. - І падумаць толькі, калі б не Малфой, я б ніколі не атрымаў яе, - дадаў ён нявінна.

Гары з Ронам спакойна адправіліся наверх, душачы рогат - Малфой, нічога не разумеў, але ўсё роўна быў страшэнна абураны.

- Але ж гэта праўда, - чмыхнуў Гары, калі яны дайшлі да вяршыні мармуровай лесвіцы. - Калі бы ён не сцягнуў у Нэвіла ўспамінацель, мяне не прынялі б ў каманду…

- І зараз ты лічыш, што за парушэнне правіл заўсёды належыць узнагарода? - данёсся ззаду злосны голас. Герміёна, падымалася па лесвіцы, незадаволена гледзячы на скрынку ў Гары ў руках.

- Здаецца, ты з намі не размаўляла? - нагадаў Гары.

- І не пачынай, - параіў Рон, - нам без гэтага так добра.

Герміёна праплыла паблізу, высока задраўшы нос.

У гэты дзень Гары не мог засяродзіцца на занятках. У думках ён быў у спальні, дзе пад ложкам яго чакала новая мятла, або на квідытчным полі, на сваёй першай трэніроўцы. Увечары ён праглынуў вячэру, нават не заўважыўшы, што з'еў, і панёсся разам з Ронам наверх, каб нарэшце распакаваць свой "Німбус 2000".

- Ух ты, - усклікнуў Рон.

Нават Гары, які нічога не кеміў у розных марках метлаў, адразу зразумеў, што яго мятла абсалютна непараўнальная. Танюткая і бліскучая, з рукаяткай з чырвонага дрэва, яна мела раскошны хвост, падабраны лазінка да лазінкі. Зверху на ручцы было напісана "Німбус 2000".

А сёмай гадзіне Гары выйшаў з замка і адправіўся на квідытчнае поле. Да гэтага ён яшчэ ні разу не заходзіў на стадыён. Трыбуны былі ўсталяваныя высока, так, каб гледачы маглі сачыць за ходам гульні ў паветры. Паабапал поля стаяла па тры залатыя штыры з кольцамі на канцах. Яны нагадалі Гары маленькія пластмасавыя палачкі, скрозь якія маглаўскія дзеткі выдзьмуваюць мыльныя бурбалкі, хіба што яны былі пяцідзесяцімятровай вышыні.

Гары вельмі жадалася палётаць - ён не стаў чакаць Вуда, сеў на мятлу і адштурхнуўся ад зямлі. Божа, што за пачуццё - ён некалькі разоў праляцеў праз кольцы, а потым пачаў гойсаць над полем. "Німбус 2000" рэагаваў на найлёгкія дакрананні і неадкладна паварочваў туды, куды жадаў Гары.

- Гэй, Потэр, спускайся!

Прыйшоў Олівер Вуд. Пад пахай ён нёс вялікі кошык. Гары прызямліўся побач з ім.

- Выдатна, - пахваліў Вуд з зіхатлівымі вачамі, - зараз я разумею, што мела на ўвазе прафесар МакГонагал… ты і праўда ад прыроды надзелены ўменнем лётаць. Мне застаецца толькі навучыць цябе правілах, гэта я зраблю сёння, а потым ты будзеш трэніравацца разам з камандай тры разы на тыдзень.

Ён адкрыў кошык. Там ляжалі чатыры мячы розных памераў.

- Значыць, так, - пачаў Вуд, - правілы ў квідытчы вельмі простыя, хоць гуляць у яго, можа быць, не так і лёгка. Гуляюць дзве каманды. У кожнай па сем гульцоў. Трое з іх завуцца Паляўнічыя.

- Тры Паляўнічыя, - паўтарыў Гары, а Вуд выцягнуў з кошыка ярка-чырвоны мячык памерам з шайбу.

- Гэты мяч завецца Квафл, - растлумачыў Вуд. - Паляўнічыя кідаюць яго адзін адному і імкнуцца забіць гол у адно з кольцаў, гэта прыносіць дзесяць ачкоў. Пакуль усё ясна?

- Паляўнічыя кідаюць Квафл у кольцы, каб зарабіць дзесяць ачкоў, - паўтарыў Гары, - Значыць, гэта нешта накшталт баскетбола на мётлах і з шасцю кольцамі?

- А што такое баскетбол? - з цікаўнасцю спытаў Вуд.

- Ды так. няважна, - паспешліва сказаў Гары.

- Далей. У кожнай камандзе ёсць гулец, які завецца Ахоўнік - я вось Ахоўнік Грыфіндора. Я павінен лётаць вакол сваіх кольцаў і не даваць іншай камандзе забіць туды мяч.

- Тры Паляўнічыя, адзін Ахоўнік, - паўтараў Гары, які цвёрда вырашыў адразу ж усё запомніць. - І яны гуляюць Квафлам. Гэта я запомніў. А гэтыя для чаго? - і ён паказаў на астатнія тры мячы.

- Зараз пакажу. - сказаў Вуд. - Вазьмі вось гэта.

Ён даў Гары маленькую кароткую, падобную на бейсбольную, клюшку.

- Я пакажу, што робяць Нападалы. Вось гэтыя два мячы завуцца Нападалы.

Ён паказаў на два аднолькавыя вугальна-чорныя мячы, крыху меншыя за чырвоны Квафл. Гары здалося, што гэтыя мячы імкнуцца вырвацца са свайго месца ў кошыку, дзе іх утрымлівалі адмысловыя эластычныя матузы.

- Адыдзі ў бок, - папярэдзіў Вуд. Сам ён нахіліўся і вызваліў аднаго з Нападалаў.

У тую ж секунду чорны мяч узвіўся ўвысь, а затым кінуўся прама на Гары. Гары стукнуў яго клюшкай, каб пазбегнуць удару ў нос, і мяч зігзагамі ўзняўся зваротна ў неба - пранёсся ў хлопцаў над галовамі і куляй панёсся на Вуда, які кінуўся на яго жыватом і прыціснуў да зямлі сваім целам.

- Разумееш? - з цяжкасцю вымавіў Вуд і з неймавернымі высілкамі запхнуў Нападалу ў кошык і надзейна прышпіў яго там. - Нападалы лётаюць вакол і спрабуюць збіць гульцоў з мётлаў. Таму ў кожнай камандзе ёсць два Адбівалы - у нас гэта двайняты Уізлі - іх задача абараніць сваю каманду ад Нападалаў і адагнаць іх да іншай каманды. Ну што - усё зразумела?

- Тры Паляўнічыя імкнуцца забіць гол з дапамогай Квафла; Ахоўнікі ахоўваюць кольцы; Адбівалы імкнуцца трымаць Нападалаў далей ад сваёй каманды, - хутка прагаварыў Гары.

- Выдатна, - пахваліў Вуд.

- А… Нападалы калі-небудзь каго-небудзь забівалі? - спытаў Гары.

- У "Хогвартсе" - ніколі. Сківіцы пару разоў ламалі, але не болей. Значыцца, так. Сёмы гулец у камандзе - Лавец. Гэта ты. І табе не трэба турбавацца ні пра Квафл, ні пра Нападалаў…

- Покуль яны не праломяць мне галаву.

- Не бойся, двайняткі Уізлі з Нападаламі адныя адных вартыя, я хачу сказаць, яны самі як два жывыя Нападалы.

Вуд засунуў руку ў кошык і дастаў апошні, чацвёрты, мячык. У параўнанні з Квафлам і Нападаламі, ён падаваўся маленечкім, не болей за грэцкі арэх. Ён быў зіготка-залаты, а па баках трапяталі два срэбныя крылцы.

- Гэта, - сказаў Вуд, - Залаты Сніч. Самы галоўны мяч. Яго вельмі цяжка злавіць, таму што ён лётае звышхутка, і яго нялёгка нават разгледзець падчас палёту. Задача Лаўца - знайсці і схапіць яго. Табе давядзецца шнарыць паміж Паляўнічымі, Адбіваламі, Нападаламі і Квафлам і імкнуцца вылавіць Сніч раней за Лаўца іншай каманды. Таму што як толькі хто-небудзь з Лаўцоў зловіць Сніч, гэта прыносіць яго камандзе дадатковыя сто пяцьдзесят ачкоў, і яна амаль дакладна выйграе. Таму Лаўцоў вечна вінавацяць у несумленнай гульне. Гульня ў квідытч заканчваецца толькі тады, калі злоўлены Сніч, і таму гуляць можна стагоддзямі - здаецца, рэкорд быў тры месяцы, гульцоў даводзілася змяняць, каб яны маглі пайсці паспаць. Вось і ўсё. Пытанні ёсць?

Гары паматляў галавой. Ён ужо зразумеў, што яму трэба рабіць, заставалася толькі зразумець, як гэта рабіць.

- Мы зараз не будзем трэніравацца са Снічам, - Вуд акуратна паклаў мяч у кошык, - занадта цёмна, можна яго згубіць. Давай паспрабуем вось з гэтымі.

Ён выцягнуў з кішэні мяшок са звычайнымі мячамі для гольфа, і праз некалькі хвілін яны з Гары ўжо былі ў паветры, Вуд з усёй сілы шпурляў мячыкі як мага далей, а Гары імкнуўся іх злавіць.

Ён не прапусціў аніводнага, і Вуд быў у найпоўным захапленні. Праз паўгадзіны стала зусім цёмна і працягваць трэніроўку стала немагчыма.

- Сёлета на кубку будзе выгравіравана наша імя, - радасна гаварыў Вуд па дарозе ў замак, - не здзіўлюся, калі ты будзеш гуляць лепш, чым сам Чарлі Уізлі, а ён мог бы гуляць за зборную Англіі, калі б не адправіўся да чорта на рогі лавіць драконаў.

Магчыма, з-за сваёй занятасці - як-ніяк тры разы на тыдзень трэніроўкі, і гэта апроч выканання звычайных хатніх заданняў - Гары не заўважыў, як прайшло два месяцы з таго часу, як ён паступіў у "Хогвартс". Замак стаў яму домам значна больш родным, чым дом на Прайвет Драйв. І заняткі станавіліся ўсё больш цікавейшымі, зараз, калі ён авалодаў асновамі майстэрства.

Неўпрыкмет наступіў Хэлоўін. Прачнуўшыся раніцай, дзеці адчулі пах гарбузоў. І, што было яшчэ прыемней, у гэты ж дзень на занятках па замовах прафесар Флітвік абвясціў, што, паводле ягонага меркавання, клас гатовы да таго, каб пачаць навучацца ўменню прымушаць прадметы лётаць па паветры, а гэтага ўсе з вялізным нецярпеннем чакалі - з таго самога дня, калі па ўзмаху рукі прафесара Нэвілава жаба як ракета апісала круг пад столлю. Для заняткаў прафесар Флітвік падзяліў клас на пары. Гары дастаўся Шэймас Фініган (што для Гары з'явілася вялікай палёгкай, ён стараўся не заўважаць Нэвіла, які старанна лавіў яго погляд). Рону, між тым, давялося працаваць з Герміёнай Грэйнджэр. Цяжка было сказаць, хто быў больш гэтым абураны, Рон або Герміёна. Яна так і не размаўляла з імі з таго дня, як Гары даслалі мятлу.

- Не забудзьце выканаць той зграбны паварот запясця, які мы з вамі рэпетавалі! - прарыпеў прафесар Флітвік са свайго стосу кніг. - Рэзка размахніцеся і лёгка секаніце, запомнілі? Размахнутцца і секануць. Акрамя таго, вельмі важна прамаўляць чароўныя словы правільна - не забывайце пра ведзьмака Баруфіа, які сказаў "у" замест "н" і апынуўся ў быка на рогах.

Як высвятлілася, задача была вельмі складанай. Гары з Шэймасам рэзка размахваліся і злёгеньку хвасталі, але пёрка, якое ім належыла запусціць у неба, нерухома ляжала на стале. Шэймас ад нецярпення тыкнуў у пёрка чароўнай палачкай, яно загарэлася, і Гары давялося тушыць пажар уласнай шапкай.

Рон за суседнім сталом таксама не дамогся адмысловых поспехаў.

- Вінгардзіўм Левіоза! - адчайна выкрыкваў ён, як млын размахваючы доўгімі рукамі.

- Ты няправільна прамаўляеш, - лаялася Герміёна. - Трэба казаць "Він-гар-ды-юм Ле-ві-о-за", "гар" павінна быць доўгім, а “ю” – болей мяккім.

- Сама і скажы, калі такая разумная, - злаваўся Рон.

Герміёна падкасала доўгія рукавы сукенкі, ліха ўхмахнула палачкай і сказала:

- Вінгардыюм Левіоза!

Пёрка ўзнялося над сталом і затрымцела ў паветры футах у чатырох над галовамі ў дзяцей.

- Выдатна! - узрадаваўся прафесар Флітвік і запляскаў у ладкі. - Усё паглядзелі на міс Грэйнджэр, у яе атрымалася!

Да канца ўроку Рон быў у кепскім настроі.

- Не дзіўна, што яе ўсё трываць не могуць, - сказаў ён Гары, калі яны ўдвух прабіраліся па перапоўненым калідоры, - гэта не дзяўчынка, а жах нейкі, папраўдзе.

Хтосьці на хаду ўрэзаўся ў Гары, і гэта была Герміёна. Выпадкова зірнуўшы ёй у твар, Гары са здзіўленнем убачыў, што яна ўся ў слёзах.

- Пэўна, яна пачула твае словы.

- Ну і што? - з выклікам кінуў Рон, але выгляд у яго тым не менш зрабіўся збянтэжаны, - не магла ж яна не зазначыць, што ў яе няма сяброў.

Герміёна не прыйшла на наступны ўрок і не з'яўлялася ўсю другую палову дня. На шляху ў Вялікую Залу на святкаванне Хэлоўіна Рон з Гары пачулі, як Парваці Паціл узбуджана распавядае сваёй сяброўцы Лавандзе, што Герміёна плача ў туалеце і просіць, каб яе пакінулі ў спакоі. Рон збянтэжыўся яшчэ больш, але праз хвіліну яны ўжо ўвайшлі ў Вялікую Залу, святочнае ўбранне якой прымусіла тут жа забыцца на Герміёну.

Тысячы жывых кажаноў пляскалі крылцамі пад столлю і па сценах, утвараючы гірлянды, у той час, як яшчэ тысячы нізкімі аблокамі віселі над сталамі, ад чаго полымя свечак у гарбузах трапятала і напаўняла залу таямнічым святлом. Казачныя стравы з'явіліся на залатых талерках нечакана, гэтак жа, як гэта было на вячэры ў гонар пачатку навучальнага года.

Гары як раз набіваў рот печанай бульбай, калі ў залу ўварваўся прафесар Квірэл з перакошаным ад жаху тварам, і цюрбанам ссунутым набок. Ён падбег да крэсла прафесара Дамблдора, знясілена прываліўся да стала і з цяжкасцю прахрыпеў:

- Троль - у падзямеллі!!!

І споўз на пол у глыбокай непрытомнасці.

Пачалася паніка. Каб дамагчыся цішыні, запатрабавалася некалькі вялікіх пунсовых феерверкаў, выпушчаных чароўнай палачкай прафесара Дамблдора.

- Старасты! - прабразгаў ён. - Развядзіце навучэнцаў вашых каледжаў па спальнях! Неадкладна!

Персі апынуўся ў сваёй стыхіі.

- За мной! Першаклашкі, трымаецеся разам! Слухайцеся мяне, і ніякі троль нам не страшны! Так. Усе за мной і не адставайце! Гэй, прапусціце першакласнікаў! Прапусціце, я стараста!

- Як троль прабраўся ў школу? - спытаў Гары, калі яны ўзбіраліся па лесвіцы.

- Адкуль я ведаю! Наогул тролі жудасна тупыя, прынамсі, так лічыцца. Можа, яго Піўз упусціў, з нагоды свята?

Паблізу іх у самых розных напрамках, спяшаючыся, прабягалі зграйкі школьнікаў. Калі яны праходзілі скрозь групу разгубленых хафлпафцаў, Гары раптам схапіў Рона за руку:

- Слухай, я раптам успомніў - Герміёна.

- Што Герміёна?

- Яна не ведае пра троля.

Рон прыкусіў губу.

- А, была не была! - вырашыўся ён. - Але лепш, калі Персі нас не прыкмеціць.

Па-качынаму нырнуўшы, яны схаваліся ў натоўпе хафлпафцаў, што ішлі ў процілеглым напрамку, праслізнулі па вольным боку калідора і панесліся да дзявоцкага пакою. Ледзь завярнуўшы за кут, яны пачулі за сабою паспешлівыя крокі.

- Персі! - страшным шэптам вымавіў Рон, зацягваючы Гары за спіну масіўнага каменнага грыфона.

Аднак, асцярожна вызірнуўшы адтуль, яны ўбачылі зусім не Персі, а Снэйпа. Прафесар прайшоў па калідоры і знік з поля зроку.

- Што гэта ён тут робіць? - бязгучна ўразіўся Гары. - Чаму не ідзе ў падзямелле, як усе астатнія настаўнікі?

- Спытай што-небудзь лягчэй.

Ціха, наколькі можна, яны пракраліся па калідоры ўслед за сціхаючымі крокамі Снэйпа.

- Ён ідзе на трэці паверх, - сказаў Гары, але Рон у гэты час дакрануўся да яго рукі:

- Адчуваеш пах?

Гары ўдыхнуў і адчуў гідкі смурод, такі маглі б выдаваць брудныя шкарпэткі ў даўно не дагледжваемай грамадскай прыбіральні.

І тут яны пачулі нізкі рык і цяжкую хаду гіганцкіх ног. Страціўшы голас, Рон паказаў пальцам - злева, з далёкага канца калідора, на іх насоўвалася штосьці неверагоднае. Хлопчыкі ўціснуліся ў сценку і пашыранымі ад жаху вачамі сачылі, як гэта штосьці вымалёўваецца ў пляме месяцовага святла.

Гэта было жахлівае відовішча. Троль, дванаццаці футаў ростам, апрануту ў нейкую скуру агіднага гранітна-шэрага колеру. У яго былі кароткія, тоўстыя лапы і плоскія ступні. Пах ад яго зыходзіў неймаверны. У руцэ ён нёс вялізную драўляную дубіну, якая валачылася ззаду па зямлі, з-за таго, што рукі ў троля былі жудасна доўгія.

Троль спыніўся ў дзвярах нейкага пакоя і зазірнуў туды. Ён павёў доўгімі вушамі, відавочна напружваючы ў роздумах свой малюсенькі мозг, а потым павольна пераваліўся праз парог.

- Ключ у замку, - прамармытаў Гары, - мы можам яго замкнуць.

- Добрая думка, - нярвова пахваліў Рон.

Яны пракраліся да адчыненых дзвярэй, з перасохлымі ад страху ротамі, молячыся, каб троль не замануўся ў гэты час выйсці. Потым, адным доўгім скачком, Гары здолеў схапіць ключ, зачыніць дзверы і замкнуць іх.

- Ёсць!

Яны кінуліся назад па калідоры, але не паспелі дабегчы да кута, як пачулі гук, ад якога ў іх ледзь не спынілася сэрца - пранізлівы лямант жаху - і гэты лямант зыходзіў з толькі што зачыненага пакоя.



- Каб яго! - вылаяўся Рон, бледны як Крывавы Барон.

- Гэта жа туалет! - раптам зразумеў Гары.

- Герміёна! - выгукнулі яны хорам.

Менш за ўсё ім хацелася гэта рабіць, але што яшчэ заставалася? Развярнуўшыся на абцасах, яны кінуліся назад да дзвярэй і павярнулі ключ у замку, імкнучыся перамагчы ў сабе жах і паніку. Гары адчыніў дзверы, і хлопчыкі ўбеглі ў пакой.

Герміёна Грэйнджэр, блізкая да непрытомнасці, беспаспяхова спрабавала ўціснуцца ў сценку. Троль насоўваўся на яе, адначасова збіваючы са сцяны ракавіны.

- Трэба адцягнуць яго ўвагу! - адчайна крыкнуў Гары і, схапіўшы заткала для сцёку вады, з усіх сіл ударыў ёю па сцяне.

Троль спыніўся ў некалькіх метрах ад Герміёны. Ён нязграбна звярнуўся і стаў аглядвацца наўкол з самым недарэчным выглядам, спрабуючы зразумець, адкуль раздаўся шум. Нарэшце, маленькія зласлівыя вочкі спыніліся на Гары. Троль задумаўся, а потым пайшоў на хлопчыка, уздымаючы сваю дубінку.

- Гэй, ідыёт - у башцы гарод! - прароў Рон з іншага канца пакоя і кінуў у троля металічнай трубой. Труба патрапіла тролю ў плячо, але ён, падавалася, нават не адчуў удару, затое адрэагаваў на крык і зноў задумаўся, потым павярнуў агідную пысу да Рона, даўшы тым самым Гары магчымасць зайсці з тылу.

- Ну, бяжы ж, бяжы! - крыкнуў Гары Герміёне, спрабуючы адцягнуць яе да дзвярэй, але Герміёна была не ў стане зрушыцца з месца, і працягвала ляпіцца да сцяны з адкрытым ад жаху ротам.

Ад крыкаў і ад узніклага рэха троль ашалеў. Ён зноў зароў і кінуўся на Рона, які апынуўся бліжэй за астатніх і якому было няма куды збегчы.

Тады Гары здзейсніў адначасова вельмі адважны і вельмі дурны ўчынак: ён разбегся, падскокнуў і абхапіў троля ззаду за шыю. Троль не адчуваў, што Гары вісіць у яго на шыі, але затое ён адчуў, як яму ў нос соваюць нешта доўгае і драўлянае - Гары скокнуў, не выпускаючы з рук чароўнай палачкі і не доўга думаючы пхнуў яе ў ноздру пачвары.

Выючы ад болю, троль круціўся і размахваў дубінай, а Гары ў яго на шыі літаральна чапляўся за жыццё; у любую секунду троль мог скінуць яго або забіць дубінай.

Герміёна ад страху спаўзла на падлогу; Рон выцягнуў сваю чароўную палачку - і, сам не разумеючы, што, уласна, збіраецца рабіць, выгукнуў першую ж замову, якая прыйшла да галавы: "Вінгардыюм Левіоза!"

Дубіна раптам вырвалася ў троля з рук, паднялася высока ў паветра, павольна перавярнулася - і абрынулася з жудасным трэскам на галаву свайго ўладальніка. Троль пахіснуўся як у запаволенай здымцы, а потым зваліўся як падкошаны пысай уніз. Ад удару здрыгануліся сцены.

Гары падняўся на ногі. Ён увесь дрыжаў, у яго бракавала дыхання. Рон стаяў як быў, з высока паднятай чароўнай палачкай, і шырока расплюшчанымі вачыма глядзеў на тое, што ж ён стварыў.

Герміёна заказала першай.

- Ён - здох?

- Не думаю, - адказаў Гары, - хутчэй за ўсё, яго проста аглушыла.

Ён нахіліўся і выцягнуў палачку з ноздры троля. Палачка была пакрытая чымсьці, што нагадвала камякаваты шэры клей.

- Фу - тролевы соплі.

Ён выцер палачку аб штаны троля.

Раптам грукнулі дзверы і пачуліся гучныя крокі, якія прымусілі хлопцаў падняць галовы. Яны і не разумелі, колькі шуму нарабілі, але, зразумела, унізе былі чутныя і ўдары, і выццё троля. Праз імгненне ў пакой уварвалася прафесар МакГонагал, за ёй ішоў Снэйп, а скончваў працэсію Квірэл. Квірэл зірнуў на троля, выдаў прыдушаны лямант і сеў на ўнітаз, схапіўшыся за сэрца.

Снэйп схіліўся над тролем. Прафесар МакГонагал глядзела на Гары з Ронам. Гары яшчэ ніколі не бачыў яе такой злоснай. У яе нават вусны збялелі. Надзея выйграць пяцьдзесят балаў для "Грыфіндора" знікла з уяўлення Гары гэтак жа хутка, як і з’явілася.

- Аб чым вы толькі думалі? - сказала прафесар МакГонагал з халоднай лютасцю ў голасе. Гары паглядзеў на Рона, які ўсё яшчэ трымаў у паветры чароўную палачку. - Шчасце, што ён вас не забіў. Чаму вы не пайшлі ў сваю спальню?

Снэйп кінуў на Гары хуткі, пранізлівы погляд. Гары ўтаропіўся ў пол. Яму страшна хацелася, каб Рон хаця б апусціў палачку.

Тут з прыцемку раздаўся слабы голас:

- Прафесар МакГонагал - яны шукалі мяне.

- Міс Грэйнджэр!

Герміёна нарэшце здолела падняцца на ногі.

- Я пайшла шукаць троля… Я… я думала, я сама з ім зладжу…разумееце, я чытала пра іх…

Рон выпусціў палачку. Каб Герміёна Грэйнджэр так адкрыта хлусіла настаўніку?

- Калі б яны мяне не знайшлі, я б загінула. Гары засунуў палачку тролю ў нос, а Рон яго аглушыў яго ж ўласнай дубінай. У іх не было часу збегаць за дапамогай. Калі яны ўвайшлі, троль ужо рыхтаваўся мяне прыкончыць.

Гары з Ронам імкнуліся рабіць выгляд, што гэтая гісторыя для іх не навіна.

- Што ж… у такім разе… - прафесар МакГонагал уважліва агледзела ўсіх траіх, - міс Грэйнджэр, як вам прыйшло ў галаву самнасам ваяваць з горным тролем, дурненькая вы дзяўчынка?

Герміёна павесіла галаву. Гары проста знямеў ад здзіўлення. Герміёна, якая ніколі не парушала правілы, прыкінулася, што яна іх парушыла, і ўсе дзеля іх выратавання? Гэта як калі б Снэйп пачаў раптам раздаваць цукеркі.

- Міс Грэйнджэр, за гэта з "Грыфіндора" будуць знятыя пяць балаў, - сказала прафесар МакГонагал, - я вамі вельмі расчараваная. Калі вы зусім не пацярпелі, адпраўляйцеся ў Грыфіндорскую вежу. Вучні даядаюць святочную вячэру ў сваіх карпусах.

Герміёна выйшла.

Прафесар МакГонагал звярнулася да Гары і Рона.

- Што ж, я па-ранейшаму лічу, што вам усяго толькі неверагодна пашчасціла, аднак, нешматлікія першакласнікі вырашыліся б супрацьстаяць даросламу горнаму тролю. Кожны з вас зарабіў для свайго каледжа па пяць балаў. Я паведамлю аб гэтым прафесару Дамблдору. Можаце ісці.

Хлопчыкі паспяшаліся пакінуць туалетны пакой і не прамовілі аніслова, пакуль не апынуліся двума паверхамі вышэй. Было так добра нарэшце пазбавіцца ад тролевага смуроду, не кажучы ўжо аб усім астатнім.

- Мы заслужылі больш, чым дзесяць балаў, - прамармытаў Рон.

- Ты маеш на ўвазе пяць, Герміёну ж пакаралі.

- А яна малайчына, выратавала нас, - прызнаў Рон, - зрэшты, бо мы выратавалі яе.

- Можа, яе б і не спатрэбілася ратаваць, калі б мы не замкнулі троля разам з ёй, - нагадаў Гары.

Яны падышлі да партрэта Тоўстай Цёткі.

- Парасячы пятачок, - сказалі яны і ўвайшлі ўнутр.

Гасціная была поўная народу і шуму. Усё аб'ядаліся прысмакамі, дасланымі наверх. Герміёна адна стаяла ў дзвярэй, чакаючы іх вяртання. Павісла няспраўная паўза. Потым, не гледзячы адно на аднога, яны невыразна буркнулі: "Дзякуй" і паспяшаліся за талеркамі.

І усё ж, з гэтага самога моманту Герміёна Грэйнджэр стала ім сябрам. Ёсць некаторыя рэчы, якія нельга перажыць разам, не стаўшы пры гэтым сапраўднымі сябрамі, і перамога над дванаццаціфутавым тролем - адна з такіх рэчаў.




1   2   3   4   5   6   7   8   9   10   11


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка