Багач Андрэй, Філіпчык Андрэй, Дзяніс Мускі 2007-2011 гг. — Раздзел I —




старонка6/11
Дата канвертавання29.03.2016
Памер2.64 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8   9   10   11
РАЗДЗЕЛ VIII —
Прафесар зеллеварэння

- Вунь, глядзі!

- Дзе?

- Побач з тым высокім хлопцам, рудым.



- У акулярах?

- Бачылі яго твар?

- Бачылі шнар?

Перашэптванне пераследвала Гары з таго моманту, як ён выйшаў са спальні наступнай раніцай. Дзеці, якія тоўпіліся перад уваходам у свае класы, амаль што не падскоквалі, каб лепей разгледзець яго, або імчаліся іншымі шляхамі зноў да месца, дзе стаяў Гары, каб яшчэ раз прайсці паблізу яго. Ад такой увагі Гары пачуваўся вельмі ніякавата. Ён імкнуўся засяродзіцца на тым, каб знайсці дарогу ў свой клас.

У "Хогвартсе" было сто сорак дзве лесвіцы: адны шырокія і спадзістыя; іншыя вузкія і скрыпучыя; трэція змянялі свой напрамак па пятніцах; чацвёртыя былі са знікаючай прыступкай дзесьці пасярэдзіне, якую трэба было не забыць пераскочыць. Яшчэ былі дзверы, якія не адчыняліся, пакуль іх ветліва не папытаеш або не паказычаш у патрэбным месцы, або дзверы, якія насамрэч былі зусім не дзвярыма, а самымі звычайнымі сценамі, якія проста вельмі добра маскіраваліся пад дзверы. Акрамя таго, было вельмі складана запомніць, што дзе знаходзіцца, таму што ўсё бесперапынна перамяшчалася з месца на месца. Людзі на партрэтах увесь час хадзілі адзін да аднога ў госці, а рыцарскія даспехі, Гары быў абсалютна ў гэтым упэўнены, валодалі здольнасцю самастойна рухацца.

Прывіды таксама заміналі жыць. Немагчыма не спалохацца, калі хтосьці выплывае прама на цябе скрозь дзверы, якія ты спрабуеш адчыніць. Амаль Безгаловы Нік быў вельмі ласкавы з Грыфіндорцамі-пачаткоўцамі і заўсёды дапамагаў знайсці дарогу, а вось палтэргейст Піўз пры сустрэчы, асабліва, калі навучэнцы спазняліся на ўрок, ускладняў жыццё сур’ёзней, чым двое замоўленых дзвярэй плюс лесвіца з сакрэтам, разам узятыя. Ён мог насунуць студэнту на галаву кошык для смецця, выцягнуць дыван з-пад ног, закідаць крэйдай або неўпрыкмет праслізнуць пад табой і схапіць за нос з крыкам: "ну і шнабель!".

Горш за Піўза - вядома, калі такое наогул магчыма - быў наглядчык Аргус Філч. Гары з Ронам патрапілі яму ў лапы ў першую ж раніцу. Філч схапіў іх пры спробе адчыніць дзверы, якія, як высветлілася, вялі ў забаронены калідор на трэцім паверсе. Філч не паверыў, што хлопцы заблукалі, вырашыў, што яны знарок жадалі прабрацца туды, куды нельга, і пагражаў кінуць іх у падзямелле, але тут, на шчасце, паблізу праходзіў прафесар Квірэл, які іх і выратаваў.

У Філча была кошка місіс Норыс, кашчавае стварэнне колеру пылу з вытарашчанымі вачыма-ліхтарамі, такімі ж, як у самога Філча. Кошка самастойна патрулявала калідоры. Калі нехта хоць крышачку парушаў правілы, літаральна на міліметр пераступаў забароненую рысу, і яна тут жа, таямнічым чынам знікаючы, кідалася клікаць Філча, які, раз’юшаны, з'яўляўся літаральна праз секунду. Філч лепей чым хто-небудзь іншы (за выключэннем хіба што двайнятак Уізлі) разбіраўся ў школьных сакрэтных пераходах і мог не горш за прывіда выскачыць з-пад зямлі. Вучні дружна ненавідзелі яго, і агульнай ружовай марай было тузануць за хвост місіс Норыс.

Але калі б самай вялікай цяжкасцю было знайсці дарогу да кабінета! Як бы не так! А самі заняткі? Гары вельмі хутка зразумеў, што вядзьмарства - гэта не проста размахванне чароўнай палачкай і мармытанне незразумелых слоў.

Кожную сераду, апоўначы, дзеці павінны былі, гледзячы ў тэлескоп, вывучаць начное неба, зубрыць назовы зорак і траекторыі руху планет. Тры разы на тыдзень яны накіроўваліся ў цяпліцу на заднім двары вывучаць гербалогію пад кіраўніцтвам прафесара Спроўт, прысадзістай карчакаватай вядзьмаркі, якая вучыла, як збіраць і апрацоўваць травы і грыбы і як іх выкарыстоўваць.

Самым нецікавым урокам была гісторыя магіі, адзіны прадмет, які выкладаў прывід. Прафесар Бінз быў вельмі-вельмі стары і аднойчы заснуў перад комінам у настаўніцкай - а на наступную раніцу прыйшоў на ўрок ужо без цела. Бінз бубніў і бубніў, а дзеці машынальна запісвалі імёны і даты, блытаючы Эмерыка Злога з Умерыкам Дзіўным. Прафесар Флітвік, выкладчык замоваў, быў такі малюсенькі, што яму даводзілася стаяць на стосе кніг, для таго, каб вучні маглі яго добра бачыць з-за кафедры. На першым занятку падчас пераклічкі ён, прачытаўшы прозвішча Гары, у захапленні крыкнуў і зваліўся пад стол.

Прафесар МакГонагал, як і ўсе астатнія настаўнікі ў школе, валодала сваёй, ярка выяўленай індывідуальнасцю. Гары меў рацыю, калі падумаў, што яна не той чалавек, з якім варта спрачацца. Строгая і разумная, яна задала тон адносін на першым жа занятку, ледзь толькі дзецям селі на свае месцы.

- Ператварэнні - самае складанае і небяспечнае чараўніцтва, якое вы будзеце вывучаць у "Хогвартсе", - сказала яна. - Тыя, хто будзе валяць дурня ў мяне на занятках, пакінуць клас назаўжды. Гэтае першае і апошняе папярэджанне.

Потым яна ператварыла стол у свінню і назад. Дзеці былі ў захапленні і не маглі дачакацца, калі і ім будзе дазволена прарабіць штосьці падобнае, але неўзабаве ўсвядомілі, што да ператварэння мэблі ў жывёлін ім яшчэ вельмі і вельмі далёка. Пасля таго, як яны доўга пісалі ў сшытак складаныя формулы, кожнаму была выдадзеная запалка, якую трэба было ператварыць у іголку. Да канца ўроку адна толькі Герміёна Грэйнджэр змагла хоць крыху змяніць выгляд запалкі; прафесар МакГонагал паказала ўсяму класу, што запалка стала ўся срэбная і вострая на канцы, і нават усміхнулася Герміёне, хоць наогул усміхалася надзвычай рэдка.

Усё з нецярпеннем чакалі першага ўроку па абароне ад сіл зла, але аказалася, што заняткі ў прафесара Квірэла - проста нейкая пародыя. У класе моцна пахла часныкам; казалі, часнык выкарыстоўваўся прафесарам Квірэлам для адпужвання вампіра, які калісьці напаў на яго ў Румыніі і які, прафесар быў абсалютна ўпэўнены, аднойчы абавязкова павінен быў вярнуцца. Цюрбан, растлумачыў ён вучням, быў падораны яму адным афрыканскім прынцам у знак падзякі за збавенне ад зомбі, але дзеці не вельмі верылі гэтай гісторыі. Па-першае, калі цікаўны Шэймас Фініган папрасіў распавесці падрабязней пра барацьбу з зомбі, прафесар Квірэл счырванеў і загаварыў аб надвор'і; па-другое, ад цюрбана зыходзіў моцны і дзіўны пах - двайняткі Уізлі сцвярджалі, што цюрбан таксама набіты часныкам, каб абараняць прафесара Квірэла паўсюль, куды б той ні пайшоў.

Гары ўздыхнуў з палёгкай, калі зразумеў, што не так ужо адстае ад усіх астатніх. Шмат дзяцей былі з сем'яў маглаў і, гэтак жа, як ён сам, да атрымання ліста не падазравалі, што з'яўляюцца чараўнікамі і ведзьмамі. Новых ведаў на вучняў сыпалася так шмат, што нават дзеці накшталт Рона мелі не занадта шмат форы.

У пятніцу ў Гары з Ронам быў адмысловы дзень: яны нарэшце змаглі дабрацца на сняданак у Вялікую Залу, ні разу не заблукаўшы па дарозе.

- Што ў нас сёння? - спытаў Гары ў Рона, пасыпаючы аўсянку цукрам.

- Першыя дзве пары - зелле, разам са Слізэрынцамі. - адказаў Рон. - Снэйп дэкан у "Слізэрыне". Кажуць, ён ва ўсім ім дапамагае і заўжды заступаецца за іх - убачым, ці праўда гэта.

- Добра б МакГонагал так адносілася да нас. - сказаў Гары. Прафесар МакГонагал была дэканам каледжа "Грыфіндор", але гэта зусім не замінула ёй на ўчорашнім занятку загрузіць "сваіх" гіганцкай дамашняй работай.

У гэты час прыбыла пошта. Зараз Гары ўжо звыкся, але ў першую раніцу было не па сабе, калі ў Вялікую Залу падчас сняданку ўляцела не меней сотні соў і закруціла над сталамі ў пошуках гаспадароў, а потым стала скідаць лісты і пасылкі ім на калені.

Дагэтуль Хэдвіг нічога не прыносіла Гары. Яна часам падлятала паскубці яго за вушы або падзюбаць дробак, перш чым адправіцца адпачываць у савятню разам з астатнімі птушкамі. Гэтай раніцай, аднак, яна прызямлілася паміж вазачкай з джэмам і цукарніцай і кінула занатоўку Гары на талерку. Гары неадкладна адкрыў пасланне. Вельмі неакуратным почыркам там было напісана:


Дарагі Гары,
У пятніцу ў другой палове дня ты вольны, ці жадаеш папіць са мной гарбаты, гадзіны ў тры?


Жадаю пачуць ад цябе пра першы тыдзень у школе. Дашлі адказ з Хэдвіг.

Хагрыд
Гары пазычыў у Рона пяро, надрапаў "Вядома, жадаю, убачымся" на зваротным баку лістка і прычапіў яго да лапкі Хэдвіг.

Гарбата з Хагрыдам прыйшлася вельмі дарэчы, інакш урок зеллеварэння апынуўся б для яго яшчэ больш цяжкім выпрабаваннем. Дагэтуль за ўвесь час вучобы з Гары не здаралася нічога больш прыкрага.

На банкеце з нагоды пачатку навучальнага года Гары здалося, што прафесару Снэйпу ён не спадабаўся. Напрыканцы першага ўроку зеллеварэння ён зразумеў, што ён не проста не спадабаўся прафесару - той люта ўзненавідзеў яго.

Заняткі па зеллеварэнню праводзіліся ў адным з падзямелляў замка. Там было значна халадней, чым наверсе, і мурашкі бегалі б па целе ў любым выпадку, нават калі б па паліцах не былі расстаўленыя шматлікія слоікі з заспіртаванымі жывёлінамі.

Снэйп, як і Флітвік, пачаў урок з пераклічкі і, падобна Флітвіку, зрабіў паўзу на прозвішчы Гары.

- О, - сказаў ён ціха, - Гары Потэр. Наша новая… знакамітасць.

Драко Малфой і яго сябрукі Крэб і Гойл хіхікнулі. Снэйп скончыў пераклічку і агледзеў клас. У вачах, такіх жа чорных, як і ў Хагрыда, не было і следа дабрыні, уласцівай ключніку. Гэта былі пустыя і халодныя вочы, якія наводзілі на думку аб цёмных тунэлях.

- Вы прыйшлі сюды, каб вывучаць дакладную навуку і тонкае мастацтва падрыхтоўкі чароўных зелляў, - пачаў ён. Ён гаварыў амаль шэптам, але вучні лавілі кожнае яго слова - як і прафесар МакГонагал, Снэйп валодаў мастацтвам без найменшых высілкаў утрымліваць увагу класа. - Паколькі тут няма нічога ад дурнога размахвання палачкамі, хтосьці з вас можа засумнявацца, ці можна гэта назваць магіяй. Я і не чакаю, што вы здолееце годна ацаніць чароўную прыгажосць ціха закіпаючага катла і мігатлівых над ім выпарэнняў, далікатную моц вадкасцяў, якія праходзяць па чалавечых венах, якія зачароўваюць розум. Я магу навучыць вас разліваць па бутэльках славу, настойваць адвагу, рыхтаваць жывую ваду… калі толькі вы не такія ж непраходныя тупені, як тыя, каго мне звычайна даводзіцца вучыць.

Пасля гэтай непрацяглай прамовы наступіла доўгае маўчанне. Гары з Ронам абмяняліся здзіўленымі поглядамі. Герміёна Грэйнджэр круцілася на стуле, гатовая ў любую секунду пачаць даказваць, што яна не тупень.

 - Потэр! - раптам выклікаў Снэйп. - Што атрымаецца, калі насыпаць тоўчаны корань златакветкі ў настойку палыну?

Тоўчаны корань чаго ў настойку чаго? Гары азірнуўся на Рона. У таго на твары застыў не менш ашаломлены выраз, чым у самога Гары, затое рука Герміёны так і стрэліла ў паветра.

- Я не ведаю, сэр, - адказаў Гары.

Вусны Снэйпа скрывіліся ва ўсмешцы.

- Тц-тц… так, адной славы відавочна недастаткова.

На паднятую руку Герміёны ён не звярнуў ніякай увагі.

- Паспрабуем яшчэ. Потэр, дзе б вы сталі шукаць, калі б я папрасіў вас прынесці мне безааравы камень?

Герміёна выцягнула руку наколькі было магчыма без таго, каб устаць са стула. А Гары не меў ні найменшага ўяўлення аб безааравым камені. Ён імкнуўся не глядзець у бок Малфоя, Крэба і Гойла, якія рагаталі.

- Не ведаю, сэр.

- Мяркую, да школы вы не зазіралі ў кнігі, так, Потэр?

Гары прымусіў сябе не адводзіць погляд ад гэтых халодных вачэй. Ён зазіраў у кнігі да школы, але няўжо Снэйп лічыць, што ён абавязаны памятаць усё, што напісана ў "Тысячы чароўных траваў і грыбоў"?

Снэйп па-ранейшаму не звяртаў увагі на руку Герміёны.

- У чым розніца, Потэр, паміж воўчай атрутай і клабуком манаха?

Герміёна ўстала, выцягваючы руку так, быццам спрабавала дастаць да столі.

- Я не ведаю, - імкнучыся захоўваць спакой, адказаў Гары, - Але, па-мойму, Герміёна ведае, чаму б вам не спытаць яе?

Раздаліся смешкі; Гары сустрэўся вачыма з Шэймасам, і той падміргнуў. Снэйп, аднак, быў незадаволены.

- Сядзьце, - крынуў ён на Герміёну. - Да вашай звесткі, Потэр, златакветка з палыном утвораць снатворнае зелле такой сілы, што яно атрымала назоў "глыток жывой смерці". Безааравы камень здабываецца са страўніка казла і можа выратаваць ад большасці атручэнняў. Што ж датычыцца воўчай атруты і клабука манаха, то гэта адная і тая ж расліна, вядомая таксама пад назовам аканіт. Ну, у чым справа? Чаму ніхто не запісвае?

Раздаўся ліхаманкавы шолах пергамента і рыпанне пёраў. У гэтым шуме Снэйп вымавіў ціхім голасам:

- А за ваш нахабны адказ з Грыфіндора здымаецца адзін бал, Потэр.

Па меры таго, як урок працягваўся, становішча Грыфіндора не палепшылася. Снэйп разбіў клас на пары і загадаў усім змешваць нескладанае зелле для лячэння апёкаў. Ён імкліва расхаджваў па класе ў сваёй доўгай чорнай мантыі, назіраючы, як дзеці ўзважваюць сушаную крапіву і парашок змяіных зубоў, і крытыкаваў усіх і кожнага за выключэннем Малфоя, які, па ўсім, спадабаўся яму з першага погляду. Снэйп як раз заклікаў усіх паглядзець, як ідэальна Малфой выварыў рагатага слімака, калі раптам аднекуль павалілі клубы зялёнага з'едлівага дыму, і па ўсім падзямеллі разнеслася гучнае шыпенне. Нэвіл незразумелым чынам здолеў расплавіць кацёл Шэймаса, і зараз зелле, якое яны ўдвух гатавалі, лілося на каменную падлогу, прапальваючы дзіркі ў чаравіках вучняў, што стаялі побач. У лічаныя секунды ўсе паўскоквалі на стуллі. Нэвіл, якога абліло зеллем, стагнаў ад болю, а па ягоных руках і нагах хутка распаўсюджваліся страшныя чырвоныя апёкі.

- Чортаў ідыёт! - загарлапаніў Снэйп, прыбіраючы разлітую вадкасць узмахам чароўнай палачкі. - Мабыць, вы паклалі іголкі дзікабраза да таго, як зняць кацёл з вагню?

Нэвіл усхліпваў - апёкі ўжо дабраліся да яго носу.

- Адвядзіце яго ў медпункт, - рэзка загадаў Снэйп Шэймасу. І тут жа абрынуў гнеў на Гары і Рона, якія працавалі побач з Нэвілам.

- Вы, Потэр - чаму вы не спынілі яго? Думалі, як добра будзеце выглядаць самі на яго фоне? Грыфіндор наўрад ці скажа вам дзякуй - вы страцілі яшчэ адзін бал.

Гэта было так несправядліва! Гары адкрыў рот, вырашыўшы адстойваць свае правы, але Рон штурхнуў яго нагой.

- Не спрачайся з ім, - прашаптаў ён, - Кажуць, Снэйп бывае проста жудасны, Грыфіндор можа страціць яшчэ пару дзесяткаў балаў.

Калі праз гадзіну яны караскаліся з падзямелля ўверх па прыступках, Гары быў страшэнна злосны і ўвесь час ліхаманкава абдумваў тое, што здарылася на занятку. З-за яго ў першы ж тыдзень Грыфіндор страціў два балы – за што Снэйп так моцна яго ненавідзіць?

- Не хвалюйся, - суцяшаў яго Рон. - Фрэда і Джорджа Снэйп таксама заўсёды карае і здымае балы. А можна, я пайду з табой да Хагрыда?

Без пяці тры яны вышлі з замка і накіраваліся праз двор на ўзлесак Забароненага лесу, дзе стаяла хатка Хагрыда. Над дзвярыма віселі арбалет і гіганцкія боты.

Гары пастукаў. Знутры данеслася адчайнае драпанне і гулкае выццё. Потым раздаўся голас Хагрыда: "назад, Фанг, назад".

У прыадчыненым дзвярным праёме з'явіўся вялікі валасаты твар Хагрыда.

- Пачакайце, - сказаў ён. - Назад, Фанг.

Ён упусціў хлопцаў, з вялізнымі высілкамі ўтрымліваючы за ашыйнік здаравеннага чорнага сабаку.

У хатцы быў усяго адзін пакой. Са столі звісалі шынкі і фазаны, на адчыненым агні кіпеў медны імбрык, а ў куце стаяў масіўны ложак, пакрыты коўдрай.

- Будзьце як дома, - запрасіў Хагрыд, адпускаючы Фанга. Сабака тут жа накінуўся на Рона і стаў аблізваць яму вушы. Як і сам Хагрыд, Фанг быў зусім не такім лютым, якім падаваўся.

- Гэта Рон, - сказаў Гары Хагрыду, які наліваў кіпень у вялікі заварачны імбрычак і выкладваў на талерку каменна-чэрствыя булачкі.

- Чарговы Уізлі, так? - спытаў Хагрыд, зірнуўшы на вяснушкі Рона. – Паўжыцця правёў, вартуючы лес ад тваіх братоў.

Каменныя булачкі пры найблізкім аглядзе аказаліся бясформеннымі плюшкамі з разынкамі, аб якія можна было зламаць зубы, але Гары з Роном зрабілі выгляд, быццам яны ў захапленні ад пачастунка і распавялі Хагрыду аб сваіх першых уражаннях ад школы. Фанг паклаў галаву Гары на калені і абслініў яму мантыю.

Рон з Гары былі ў захапленні ад таго, што Хагрыд абазваў Філча "старым дурнем".

- А гэтая яго кошка, місіс Норыс, вось бы Фанга з ёй пазнаёміць. Ведаеце, калі я заходжу ў школу, яна паўсюль за мной цягаецца. Гэта ўсё Філч яе на мяне натаскаў.

Гары распавёў Хагрыду аб тым, што здарылася на ўроку ў Снэйпа. Хагрыд, гэтак жа як і Рон, сказаў, што Гары не павінны турбавацца, бо Снэйпу практычна ніхто з вучняў не падабаецца.

- Але мяне ён люта ненавідзіць!

- Глупства, - не паверыў Хагрыд. - Чаму?

І усё ж Гары здалося, што Хагрыд пры гэтых словах адвёў вочы.

- А дзе зараз Чарлі? - спытаў Хагрыд у Рона. - Добры хлопец - жывёлін любіць.

Цікава, ці знарок ён змяніў тэму, падумаў Гары. Пакуль Рон распавядаў Хагрыду, як Чарлі працуе з драконамі, Гары ўзяў са стала газету. Гэта быў "Прарок":
СПРОБА РАБАВАННЯ БАНКА "ГРЫНГАТС"
 Працягваецца расследаванне спробы рабавання банка "Грынгатс", здзейсненай 31 ліпеня, як мяркуюць, невядомымі чорнымі ведзьмакамі.
 Гобліны - працаўнікі банка - сцвярджаюць, што нічога не было выкрадзена. Мэтай рабаўнікоў быў сейф, змесціва якога, аднак, было забранае ўладальнікам за некалькі гадзін да таго.
 "Мы не маем намеру даводзіць да звесткі шырокай грамадскасці, што менавіта ўтрымоўвалася ў дадзеным сейфе, таму раім усім трымацца далей ад гэтай справы, калі вы не жадаеце праблем", - заявіў сёння днём гоблін па
сувязях з грамадскасцю.

    Гары ўспомніў: у цягніку Рон ужо казаў, што хтосьці спрабаваў абрабаваць "Грынгатс", але не ўдакладняў, калі менавіта гэта здарылася.

- Хагрыд! - выклікнуў Гары. - Гэты ўзлом у "Грынгатсе" здарыўся ў мой дзень нараджэння! Можа быць, гэта адбывалася як раз тады, калі мы там былі!

Гэтым разам не заставалася сумненняў - Хагрыд схаваў вочы. Ён чартыхнуўся і прапанаваў Гары яшчэ булачку. Гары перачытаў артыкул. Змесціва сейфа ўладальнік забраў некалькімі гадзінамі раней. Хагрыд забраў з сейфа нумар семсот трынаццаць маленькі пакуначак. Ці было гэта тое, на што палявалі злодзеі?

Калі Гары з Ронам ішлі назад у замак на вячэру, з кішэнямі, поўнымі каменных плюшак, ад якіх яны не вырашыліся адмовіцца, Гары падумаў, што пакуль яшчэ аніводзін урок не выклікаў у яго столькі розных думак, як гэты візіт да Хагрыда. Значыць, Хагрыд забраў пакуначак якраз своечасова? Дзе ж зараз гэты пакуначак? І ці ведае Хагрыд нешта такое пра Снэйпа, аб чым не жадае казаць?


РАЗДЗЕЛ IX —
Паўночная дуэль
Раней Гары нізашто б не паверыў, калі б яму сказалі, што ён сустрэне каго-небудзь, каго ён будзе ненавідзець больш, чым ненавідзеў Дадлі - але гэта было да сустрэчы з Драко Малфоям. На шчасце, са Слізэрынцамі першакурснікі Грыфіндора сустракаліся толькі на зеллеварэнні, так што ім не так ужо часта даводзілася бачыць Малфоя. Так было датуль, пакуль у агульнай гасцінай "Грыфіндора" не павесілі аб'яву, прачытаўшы якую, усё дружна застагналі. Лётныя заняткі пачыналіся ў чацвер - і "Грыфіндор" павінен быў вучыцца разам са "Слізэрынам".

- Нармалёва, - са змрочнай іроніяй вымавіў Гары, - менавіта гэтага мне і бракавала. Выставіцца перад Малфоям прыдуркам на мятле.

А ён так чакаў, так жадаў пачаць вучыцца лётаць!

- Чаму абавязкова прыдуркам, - спакойна сказаў Рон. - Вядома, Малфой вечна выхваляецца, як ён выдатна гуляе ў квідытч, але я гатовы паспрачацца, што гэта ўсё плявузганне.

Малфой і праўда ўвесь час гаварыў пра палёты. Ён гучна наракаў з нагоды таго, што першакурснікаў не прымаюць у каманды па квідытчу і распавядаў доўгія захапляльныя гісторыі, якія заўжды заканчваліся прыкладна аднолькава, тым, як ён ледзь не збіваў шрубалёт з магламі. Зрэшты, Малфой быў у гэтым не самотны: мяркуючы па аповедах Шэймаса Фінігана, той усё дзяцінства правёў у паветры, лётаючы на мятле над вёскай. Нават Рон быў заўсёды гатовы распавесці любому, хто згаджаўся слухаць, выпадак, як ён на старой мятле Чарлі цудам пазбег сутыкнення з дэльтапланам. Усе дзеці з чароўных сем'яў стала размаўлялі пра квідытч. Рон нават ледзь не пабіўся з Дынам Томасам, які жыў з імі ў адным пакоі, з-за футбола. Рон быў не ў стане зразумець, што гэта за гульня, з адным мячом, дзе нават нельга лётаць. Гары заспеў Рона за тым, што той тыкаў пальцам у плакат, што вісеў над ложкам Дына з выявай футбольнага клуба “Вэстхэм” і спрабаваў прымусіць гульцоў рухацца.

Нэвіл яшчэ ні разу не лётаў, бабуля яго і блізка не падпускала да метлаў. Пра сябе Гары лічыў, што ў яе былі для гэтага ўсе падставы, Нэвіл трапляў у гісторыі, нават стоячы абедзвюма нагамі на зямлі.

Герміёна Грэйнджэр хвалявалася з-за палётаў не менш Нэвіла, таму што лётаць нельга навучыцца па кнігах, хоць яна і спрабавала. У чацвер за сняданкам яна ледзь было ўсіх не замарыла рознымі лётнымі парадамі, запазычанымі ёю з бібліятэчнай кнігі "Квідытч скрозь стагоддзі". Нэвіл усмоктваў кожнае слова, у роспачы спадзеючыся, што гэта дапаможа яму ўтрымацца на мятле, але ўсе астатнія ўздыхнулі з палёгкай, калі лекцыя Герміёны перарвалася прыбыццём пошты.

Пасля занатоўкі ад Хагрыда лісты Гары больш не прыходзілі, і Малфой, зразумела, хутка гэта зазначыў. Арол, які належыў Малфою, штодня прыносіў скрынкі з цукеркамі, якімі Драко частаваў увесь слізэрынскі стол.

Сава прынесла Нэвілу пасылку ад бабулі. Ён узрадавана адчыніў яе і дастаў даволі вялікі шкляны шар, напоўнены, па ўсім, белым дымам.

- Гэта ўспамінацель! - абвясціў Нэвіл. - Бабуля ведае, што я вечна ўсё забываю - а гэтая штука нагадвае, калі ты нешта забыўся зрабіць. Глядзіце - калі ўзяць яго ў рукі, і ён пачырванее… Ой! - Яго твар азмрочыўся, таму што успамінацель адразу ж зрабіўся чырвоным, - Калі ты нешта забыў…

Пакуль Нэвіл імкнуўся ўспомніць, што ж ён забыў, Драко Малфой, які праходзіў паблізу стала "Грыфіндора", выхапіў успамінацель у яго з рук.

Гары з Ронам ускочылі. У глыбіні душы яны даўно шукалі нагоду пабіць Малфоя. Нажаль, прафесар МакГонагал, якая валодала звышнатуральнай здольнасцю прадчуваць бойкі, вокамгненна апынулася побач.

- У чым справа?

- Малфой узяў мой успамінацель, прафесар.

Вылаяўшыся ў бок, Малфой тут жа шпурнуў успамінацель назад на стол.

- Жадаў паглядзець, - кінуў ён нядбайна і, шорхаючы, выдаліўся ў суправаджэнні эскорту - Крэба і Гойла.

А трэцяй гадзіне дня Гары, Рон і астатнія Грыфіндорцы паспешліва збеглі ўніз па прыступках галоўнага ўваходу ў двор на першы ў жыцці лётны занятак. Быў ясны дзень, лёгкі ветрык злёгку калыхаў траву, калі па спадзістым схіле яны спускаліся на гладкі, роўны газон у далёкай частцы двара, за якім высіліся цёмныя дрэвы забароненага лесу.

Слізэрынцы ўжо былі на месцы. На зямлі былі акуратна раскладзеныя дваццаць мётлаў. Гары аднойчы чуў, як Фрэд і Джордж Уізлі скардзіліся, што школьныя мётлы - проста жах, то вібруюць, калі заляціш занадта высока, а то, напрыклад, забіраюць улева.

Прыбыла настаўніца, мадам Хуч, невысокая жанчына з сівымі валасамі і каршаковымі вачыма.

- Ну, і чаго чакаем? - раўнула яна. - Усталі побач са сваімі метламі. Хутчэй!

Гары паглядзеў уніз, яму дасталася мятла, уся падрапаная, нібы аб яе штодня тачыла кіпцюры місіс Норыс.

- Выцягніце правую руку над мятлой, - загадала мадам Хуч, - і скажыце: "Уверх!".

- УВЕРХ! - закрычаў нястройны хор.

У Гары мятла тут жа ўскочыла ў руку, але так было не ва ўсіх. Мятла Герміёны Грэйнджэр пакацілася па зямлі ўбок, а ў Нэвіла наогул не зварухнулася. Можа быць, мётлы, як коні, адчуваюць, калі ты іх баішся, падумаў Гары; бо голас у Нэвіла вагаўся так, што было ясна - ён і думаць не жадае аб тым, каб адрываць ногі ад зямлі.

Мадам Хуч паказала, як трэба садзіцца на метлы, каб не саслізгваць, і стала расхаджваць уздоўж шэрагаў, папраўляючы становішча рук. Гары з Ронам адчулі зларадную асалоду, калі настаўніца растлумачыла Малфою, што калі ён усё жыццё так лётаў, значыць ён усё жыццё лётаў няправільна.

- Цяпер, па свістку, з сілай адштурхніцеся ад зямлі, - працягнула тлумачэнні мадам Хуч, - трымайце мятлу роўна. Падныміцеся на некалькі футаў, а потым адразу спускайцеся, для гэтага злёгку нахіліцеся наперад. Па свістку - раз - два..

Нэвіл, баяўся застацца на зямлі, калі астатнія паляцяць, а таму адштурхнуўся ад зямлі раней, чым мадам Хуч паднесла свісток да вуснаў.

- Вярніся, хлопчык! - закрычала яна, але Нэвіл ляцеў вертыкальна ўверх, як корак з бутэлькі - дванаццаць футаў - дваццаць футаў – трыццаць футаў... Гары бачыў, як Нэвіл, са смяротна-бледным перапужаным тварам, зірнуў уніз, ахнуў ад жаху, саслізнуў убок і …

ШМЯК! - раздаўся жудасны гук удара цела аб зямлю - Нэвіл бясформеннай грудай ляжаў у траве. Мятла яго працягвала падымацца ўсё вышэй і вышэй, потым устала на курс, гультаявата паплыла да Забароненага лесу і, нарэшце, знікла за дрэвамі.

Мадам Хуч, з тварам не менш збялелым, чым у Нэвіла, схілілася над хлопчыкам.

- Зламаў запясце, - пачуў Гары. - Ну давай, малы, уставай - нічога страшнага.

Яна звярнулася да астатніх.

- Распараджаюся не варушыцца, пакуль я адвяду гэтага хлопчыка ў амбулаторыю! Мётлы павінны заставацца там, дзе зараз - інакш выляціце з "Хогвартса" раней, чым паспееце сказаць "квідытч". Ну, пойдзем, любы.

Ледзь яны зніклі, Малфой пагардліва зарагатаў.

- Бачылі яго твар, гэтага мяшка з бульбай?

Астатнія Слізэрынцы таксама зарагаталі.

- Змоўкні, Малфой! - раўкнула Парваці Паціл.

- Оооо, ты абараняеш Лонгбатама? - пагардліва здзівілася Пансі Паркінсан, Слізэрынка з каменным тварам. - Вось ужо не думала, Парваці, што табе падабаюцца тоўстыя плаксы.

- Глядзіце! - крыкнуў Малфой, кідаючыся наперад і падымаючы нешта з зямлі. – Гэтае ж тая самая дурацкая штука, якую даслала бабка Лонгбатама.

Успамінацель зазіхацеў на сонцы, калі Малфой падняў яго ўверх.

- Дай сюды, Малфой, - спакойна прагаварыў Гары. Усё павярнуліся і з цікаўнасцю чакалі, што будзе.

Малфой гідка ухмыльнулся.

- Я думаю, трэба пакласці гэта куды-небудзь, каб Лонгбатам адразу ўбачыў - ну, напрыклад… на дрэва?

- Дай сюды! - крыкнуў Гары, але Малфой ускочыў на мятлу і ўзляцеў. Па ўсім, ён не хлусіў, ён сапраўды ўмеў лётаць, і лётаў добра. Завіснуўшы ля адной з самых верхніх галін дуба, ён крыкнуў: "На, трымай, Потэр!"

Гары схапіў мятлу.

- Не! - адчайна закрычала Герміёна Грэйнджэр. - Мадам Хуч забараніла лётаць - з-за цябе нам усім дастанецца!

Але Гары не звярнуў увагі на яе крыкі. Кроў стукала ў яго ў вушах. Ён сеў на мятлу, з сілай адштурхнуўся ад зямлі і адразу ж стаў падымацца ўверх, уверх; вецер адкінуў назад яго валасы - хваля асалоды абліла яго, і ён зразумеў, што нарэшце знайшлося тое, што можна рабіць без усякага навучання - лётаць было проста і выдатна. Ён злёгку пацягнуў мятлу уверх, каб падняцца трохі вышэй. Да яго данесліся віскі і ляманты пакінутых далёка ўнізе дзяўчынак, і захопленае гіканне Рона.

Гары рэзка развярнуў мятлу і апынуўся тварам да твару з Малфоям. Малфой здранцвеў.

- Дай сюды, - паўтарыў Гары, - а то я скіну цябе з мятлы!

- Ды няўжо ж, - сказаў Малфой, які, аднак, згубіў ужо сваю ўпэўненасць.

Нейкім чынам Гары ведаў, як яму варта рухацца. Ён нахіліўся наперад, ухапіў мятлу аберуч, і яна як дзіда панеслася ў Малфоя. Малфой цудам увярнуўся, а Гары, якога моцна занесла, выраўняў мятлу. Пакінутыя на зямлі запляскалі ў далоні.

- Што, Малфой, тут табе ніякіх Крэбаў і Гойлаў, як жа ты без іх? - здзекліва прамовіў Гары.

Мабыць, Малфой думаў аб тым жа. І прыдумаў.

- Тады злаві, калі зможаш! - крыкнуў ён і падкінуў шкляны шар высока ў паветра, а сам накіраваўся ўніз на зямлю.

Гары глядзеў на шар, які, як у запаволенай здымцы, спачатку падняўся ўвысь, а затым пачаў падаць. Хлопчык нахіліўся і накіраваў мятлу ўніз - у наступную секунду ён ужо імкліва набіраў хуткасць у амаль вертыкальным падзенні, спрабуючы нагнаць шар - вецер свістаў у вушах, зліваючыся з воклічамі назіральнікаў - Гары працягнуў руку - і ў метры ад зямлі падхапіў шар, якраз своечасова, каб паспець выраўняць мятлу, пасля чаго гладка прызямліўся на траву з надзейна заціснутым у кулаку ўспамінацелем.

- ГАРЫ ПОТЭР!

Сэрца хлопчыка звалілася значна хутчэй, чым ён сам толькі што зваліўся з неба. Да яго падбегла прафесар МакГонагал. Гары, дрыжачы, падняўся на ногі.

- Ніколі - за ўсю маю працу ў "Хогвартсе"…

Узрушэнне амаль пазбавіла прафесара МакГонагал мовы, і яе акуляры грозна зіхацелі: "Як ты мог – ты мог зламаць сабе шыю…"

- Ён не вінаваты, прафесар…

- Памаўчыце, міс Паціл…

- Але Малфой…

- Досыць, містэр Уізлі. Потэр, ідзіце за мной, зараз жа.

Пакідаючы поле, Гары паспеў зазначыць пераможны выраз на тварах Малфоя, Крэба і Гойла. Ён тупа паплёўся за прафесарам МакГонагал, якая рашучай хадой накіравалася да замка. Зараз яго выключаць, гэта ясна. Ён жадаў нешта сказаць, неяк абараніцца, але голас не слухаўся. Прафесар МакГонагал ні разу не абярнулася; яму даводзілася ледзь не бегчы, каб паспець за ёй. Вось усё і скончылася. Ён не пратрымаўся ў школе нават двух тыдняў. Праз дзесяць хвілін ён будзе пакаваць рэчы. Што скажуць Дурслі, калі ўбачаць яго на парозе свайго дома?

Уверх па прыступках галоўнага ўваходу, уверх па ўнутранай мармуровай лесвіцы, а прафесар МакГонагал усё яшчэ не вымавіла ніводнага слова. Яна рашуча маршыявала па калідорах, з сілай расчыняючы перад сабою дзверы. Гары асуджана ішоў следам. Пэўна, яго вядуць да Дамблдора? Ён успомніў пра Хагрыда, якога выключылі, але пакінулі ключнікам. Можа быць, яму дазволяць дапамагаць Хагрыду? У яго скруціла жывот ад думкі, што Рон і астатнія стануць сапраўднымі ведзьмакамі, у той час як ён, тужліва назіраючы за імі збоку, будзе цягаць за Хагрыдам яго мяшкі.

Прафесар МакГонагал спынілася перад уваходам у нейкі клас. Яна прыадчыніла дзверы і прасунула ўнутр галаву.

- Прашу прабачэння, прафесар Флітвік, можна мне Вуда? На хвілінку?

Вуда? у паніцы падумаў Гары; гэта што яшчэ за стварэнне?

Але Вуд аказаўся чалавекам, пяцікурснікам шчыльнага целаскладу, які выйшаў з класа прафесара Флітвіка ў поўным замяшанні.

- Ідзіце за мной, абодва, - загадала прафесар МакГонагал, і яны адправіліся па калідоры, Вуд на хаду з цікаўнасцю разглядаў Гары.

- Уваходзьце.

Прафесар МакГонагал расхінула перад імі дзверы ў іншы клас, дзе нікога не было, за выключэннем Піўза. Палтэргейст быў заняты: распісваў дошку непрыстойнымі словамі.

- Прэч, Піўз! - раўкнула яна. Півз з грукатам выпусціў крэйду ў бляшаную ўрну і выляцеў з пакоя, мармычучы праклёны. Прафесар МакГонагал зачыніла за ім дзверы і звярнулася тварам да хлопцаў.

- Потэр, гэта Олівер Вуд. Вуд - я знайшла вам лаўца.

Збянтэжаны выраз на твары Вуда змяніўся поўным захапленнем.

- Вы гэта сур'ёзна, прафесар?

- Абсалютна, - рашуча пацвердзіла прафесар МакГонагал. - Гэта прыроджаны талент. Ніколі не бачыла нічога падобнага. Вы ўпершыню селі на мятлу, праўда, Потэр?

Гары моўчкі кіўнуў. Ён цалкам не разумеў, што адбываецца, але, падаецца, яго не збіраліся выключаць, і да яго ног паступова пачала вяртацца адчувальнасць.

- Ён падхапіў гэтую штуку рукой, літаральна абрынуўшыся з пяцідзесяціфутавай вышыні, - распавядала прафесар МакГонагал Вуду. - І нават не падрапаўся. Сам Чарлі Уізлі не змог бы так.

Пры гэтых словах Вуд заззяў, як чалавек, усе мары якога раптоўна здзейсніліся.

- Калі-небудзь бачыў, як гуляюць у квідытч? - узбуджана спытаў ён.

- Вуд у нас капітан Грыфіндорскай каманды, - растлумачыла прафесар МакГонагал.

- У яго і фігура як раз тое, што трэба для лаўца, - гаварыў Вуд, абыходзячы Гары вакол і ацэньвальна аглядаючы яго з ўсіх бакоў. - Лёгкі - хуткі - трэба падабраць яму прыстойную мятлу, прафесар - я думаю, "Німбус 2000" або "Чыстую Перамогу-7".

- Мне трэба будзе пагаманіць з прафесарам Дамблдорам наконт таго, ці можна абыйсці правіла адносна першакурснікаў. Але, клянуся небам, нам патрэбна каманда не такая, як летась. У апошнім матчы Слізэрынцы проста растапталі нас, я потым ледзь не месяц не магла глядзець Снэйпу ў вочы…

Прафесар МакГонагал утаропіла ў Гары суворы погляд з-пад акуляраў.

- Спадзяюся даведацца, што вы трэніруецеся з усіх сіл, Потэр, інакш я магу змяніць сваё меркаванне аб скасаванні вашага пакарання.

І тут яе твар асвятліла нечаканая ўсмешка.

- Ваш бацька ганарыўся б вамі, - сказала яна. - Ён сам цудоўна гуляў у квідытч.

***

- Ты жартуеш!



Гэта было ў абед. Гары толькі што скончыў распавядаць Рону аб усім, што здарылася пасля таго, як прафесар МакГонагал адвяла яго са двара. У Рона ў роце знаходзіўся кавалак стэйка і луста лівернага пірага, але ён цалкам забыўся, што трэба жаваць.

- Лаўцом? - невыразна перапытаў ён. - Але першакурснікі ніколі... - ты будзеш самы малады гулец за апошнія…

- Сто гадоў, - скончыў за яго Гары, сам набіваючы рот пірагом. Ён вельмі прагаладаўся пасля турбот сённяшняга дня. - Вуд мне ўжо сказаў.

Рон быў так узрушаны, так захоплены, што не знаходзіў слоў, а проста сядзеў і глядзеў на Гары адкрыўшы рот.

- На наступным тыдні ў мяне пачнуцца трэніроўкі, - сказаў Гары, - толькі не кажы нікому, Вуд загадаў захоўваць гэта ў таямніцы.

У залу ўвайшлі Фрэд і Джордж Уізлі, агледзеліся, убачылі Гары і паспяшаліся да яго.

- Малайчына, - зашаптаў Джордж, - Вуд распавёў нам. Мы таксама ў камандзе - мы Адбівалы.

- Вось убачыце, сёлета мы абавязкова выйграем кубак, - сказаў Фрэд. - Мы ні разу не выйгравалі з тых часоў, як Чарлі скончыў школу, але ўжо сёлета каманда падбіраецца выдатная. А ты, пэўна, выдатна выступіў, Гары, Вуд ледзь не заікаўся, калі гаварыў пра цябе.

- Добра, нам трэба ісці, Лі Джордан кажа, што знайшоў новы таемны выхад са школы.

- А я ўпэўнены, што гэта той самы, за статуяй Георга Ліслівага, які мы выявілі яшчэ на першым курсе. Усё, пакуль!

Не паспелі адысці Фрэд з Джорджам, як з'явіліся іншыя, куды меней прыемныя, асобы: Малфой у суправаджэнні эскорту, Крэба і Гойла.

- Развітальная вячэра, так, Потэр? У колькі цягнік у Магляндыю?

- Побач са сваімі сябрукамі ты значна адважней, - вымавіў Гары ледзяным тонам. Вядома, у Крэба і Гойла не было абсалютна нічога чароўнага, але тут, побач з Высокім Сталом, за якім сядзела шмат настаўнікаў, ім з Ронам заставалася толькі сціскаць кулакі і лаяцца пра сябе.

- Я гатовы пазмагацца з табой адзін на адзін у любы час, - кінуў Малфой. - Калі не баішся, сёння ўначы. Чароўная дуэль. Без кантакту - адны чароўныя палачкі. Што гэта з табой? Мяркую, ніколі не чуў пра чароўныя дуэлі?

- Зразумела, чуў, - умяшаўся Рон, - я буду секундантам, а ў цябе хто?

Малфой змераў поглядам сваіх прыяцеляў.

- Крэб, - вырашыў ён. – Апоўначы падыходзіць? Сустрэнемся ў трафейнай; там заўсёды не зачынена.

Калі Малфой знік, Рон і Гары пераглянуліся.

- Што гэта такое, чароўная дуэль? - спытаў Гары. - І што значыць, што ты будзеш секундантам?

- Секундант павінен заняць тваё месца, калі ты загінеш, - нядбайна сказаў Рон, прыступаючы нарэшце да халоднага пірага. Аднак, убачыўшы выраз твару Гары, хутка дадаў: - Але гінуць толькі на сапраўдных дуэлях, разумееш, з сапраўднымі ведзьмакамі. А вы з Малфоем зможаце самае большае ацерушыць адзін аднаго іскрамі. Ніхто з вас не валодае магіяй настолькі, каб прычыніць іншаму сапраўдную шкоду. Упэўнены, ён чакаў, што ты адмовішся.

- А калі я ўзмахну палачкай, і нічога не здарыцца?

- Кінеш яе і дасі яму ў нос, - не задумваючыся адказаў Рон.

- Выбачайце.

Хлопчыкі паднялі вочы. Перад імі стаяла Герміёна Грэйнджэр.

- Нам наогул паесці дадуць? - абурыўся Рон.

Герміёна не звярнула на яго ніякай увагі і заказала з Гары.

- Я выпадкова чула вашу гутарку з Малфоем…

- Ага, выпадкова, - прамармытаў Рон.

- … і я лічу, што ты не павінен хадзіць па школе ўначы, падумай, колькі балаў страціць Грыфіндор, калі цябе зловяць, а цябе абавязкова зловяць. З твайго боку гэта будзе вельмі эгаістычны ўчынак.

- Але цябе гэта цалкам не датычыцца, - сказаў Гары.

- Да пабачэння, - дадаў Рон.

Як бы там ні было, а гэта не занадта годнае завяршэнне такога выдатнага дня, думаў Гары, лежачы ў ложку без сну, прыслухоўваючыся, як засынаюць Дын і Шэймас (Нэвіл застаўся пад наглядам мадам Помфры ў палаце школьнага шпіталя). Рон увесь вечар даваў яму рады кшталту "калі ён паспрабуе наслаць на цябе праклён, лепш увярніся, таму што я не памятаю, як іх блакаваць". Вялікая была верагоднасць патрапіць у лапы Філчу або місіс Норыс, і Гары разумеў, што спакушае лёс, за дзень ужо ў другі раз парушаючы школьныя правілы. З іншага боку, нахабны твар Малфоя стаяў ў яго перад вачыма - і ён спадзяваўся правучыць нягодніка, апынуўшыся з ім адзін на адзін. Гары не мог ўпусціць такога выпадку.

- Палова на дванаццатую, - нарэшце прашаптаў Рон. - Пайшлі.

Яны апранулі халаты, узялі палачкі, выйшлі з размешчанай у вежы спальні, уніз па лесвіцы, і апынуліся ў агульнай гасцінай Грыфіндора. Полымя ўсё яшчэ свяціла ў коміне, і ў яго слабым водбліску расстаўленыя ў бязладдзі крэслы падаваліся чорнымі пачварамі. Хлопцы ўжо падыходзілі да партрэта, за якім размяшчаўся выхад, як з найблізкага крэсла данёсся строгі голас: "Не магу паверыць, што ты вырашыўся на такое, Гары".

Запалілася лямпа. У крэсле сядзела Герміёна Грэйнджэр у ружовым халаце і начной кашулі.

- Ты! - абурана прашаптаў Рон. - Ідзі спаць!

- Я ледзь было не распавяла аб усім твайму брату, - рэзка адказала Герміёна, - Персі, ён жа стараста, ён не дапусціў бы такога.

Гары ўразіўся, да чаго жа дакучлівыя людзі бываюць на свеце.

- Пайшлі, - сказаў ён Рону. Гары адвёў партрэт Тоўстай Цёткі і выйшаў праз дзіру.

Але Герміёна не збіралася так проста здавацца. Яна палезла ўслед за Ронам, шыпячы як разлютаваная гуска.

- Ты зусім не думаеш аб родным каледжы, ты думаеш толькі аб сабе, я не жадаю, каб Слізэрынцы выйгралі кубак, а з-за цябе мы страцім усе балы, якія я атрымала ад прафесара МакГонагал за ператваральныя замовы.

- Знікні.

- Добра, але я вас папярэдзіла, вы яшчэ ўспомніце мае словы - у цягніку, калі вас адправяць дахаты. Якія ж вы ўсё-ткі…

Яны так і не даведаліся, якія ж яны. Герміёна паспрабавала адсунуць партрэт Тоўстай Цёткі і вярнуцца ў гасціную, але аказалася, што на партрэце ўжо нікога няма. Тоўстая Цётка вырашыла скарыстацца вольным часам і адправілася ў госці, тым самым пакінуўшы Герміёну па-за сценамі Грыфіндорскай вежы.

- Што ж мне цяпер рабіць? - выклікнула дзяўчынка ў паніцы.

- Што хочаш, - адказаў Рон. - А нам трэба ісці, і так спазняемся.

Яны нават не дайшлі да канца калідора, а Герміёна ўжо дагнала іх.

- Я іду з вамі, - заявіла яна.

- Нічога падобнага.

- Не думаеце ж вы, што я буду стаяць і чакаць, пакуль мяне зловіць Філч? А калі ён зловіць нас траіх, я скажу праўду, што спрабавала спыніць вас, а вы пацвердзіце.

- Хапляе ж нахабства… - гучна пачаў Рон.

- Ціха, вы абодва! - прыкрыкнул Гары. - Я нешта чую.

Да іх даносіўся дзіўны гук накшталт сапення.

- Місіс Норыс? - ледзьве вытхнуўся Рон, прыжмурыўшыся ў цемру.

Але гэта была не місіс Норыс. Гэта быў Нэвіл. Ён ляжаў, згарнуўшыся клубком на падлозе, і спаў, але здрыгануўся і прачнуўся, як толькі хлопцы падышлі бліжэй.

- Дзякуй Богу, вы мяне знайшлі! Я ужо не ведаю колькі тут сяджу, я забыўся на новы пароль і не змог патрапіць у спальню.

- Гавары цішэй, Нэвіл. Пароль "парасячы пятачок", але ён табе ўжо не дапаможа - Тоўстая Цётка кудысьці сыйшла.

- Як твая рука? - спытаў Гары.

- Нармалёва, - адказаў Нэвіл, дэманструючы руку. - Мадам Помфры вылечыла яе ў адну секунду.

- Выдатна - слухай, Нэвіл, нам тут трэба сюды-туды схадзіць, убачымся пазней…

- Не пакідайце мяне! - узмаліўся Нэвіл. - Я баюся заставацца тут адзін, Крывавы Барон ужо два разы праходзіў паблізу.

Рон паглядзеў спачатку на гадзіннік, а затым - з абурэннем - на Герміёну з Нэвілам.

- Калі з-за вас нас зловяць, я не супакоюся, пакуль не вывучу Праклён Дамавіка, аб якім казаў Квірэл, і не выпрабую яго на вас.

Герміёна адкрыла было рот, магчыма, каб паведаміць Рону ўсё, што ёй вядома аб Праклёне Дамавіка, але Гары шэптам загадаў ёй паводзіць сябе ціха і паманіў усіх за сабою.

Яны паціху рухаліся па калідорах, асветленыя месяцовым святлом, якое падала на іх праз высокія вокны. На кожным павароце Гары маральна рыхтаваўся да раптоўнага сутыкнення з Філчам або з місіс Норыс, але покуль дзецям шанцавала. Вельмі хутка ўзабраўшыся па лесвіцы на трэці паверх, яны прабраліся ў трафейную.

Малфой і Крэб яшчэ не прыйшлі. Крыштальныя трафейныя шафы зіхацелі ў месяцовым святле. Кубкі, шчыты, даспехі і статуі пераліваліся ў цемры залатымі і срэбнымі агнямі. Хлопцы ціснуліся бліжэй да сценаў, не адрываючы вачэй ад дзвярэй з ўсіх бакоў пакоя. Гары выцягнуў чароўную палачку на той выпадак, калі Малфой выскачыць з цемры і пачне дуэль нечакана. Хвіліны паўзлі вельмі павольна.

- Спазняецца, можа, спалохаўся, - шэптам выказаў здагадку Рон.

Іх успудзіў раптоўны шум у суседнім пакоі. Толькі Гары падняў чароўную палачку, як раздаўся нечы голас - і гэта не быў голас Малфоя.

- Прынюхайцеся, мая дарагая, яны напэўна забіліся ў кут.

Гэта Філч гаварыў з місіс Норыс. Ахоплены жахам, Гары шалёна замахаў рукамі, жэстамі паказваючы, каб усе ішлі за ім да дзвярэй, прочкі ад Філча. Нэвіл толькі-толькі знік за кутом калідора, як стала чуваць, што Філч уваходзіць у трафейную.

- Яны дзесьці тут, - пачулі дзеці заклапочанае мармытанне, - Пэўна, хаваюцца.

- Сюды! - аднымі вуснамі вымавіў Гары і, перапуджаныя, студэнты сталі прабірацца па доўгай галерэі, абстаўленай зброяй і даспехамі. Мяркуючы па гуку крокаў, Філч набліжаўся. Нечакана Нэвіл выдаў адчайны лямант і кінуўся бегчы - паслізнуўся, ухапіўся за Рона, і ўдзвюх яны ўляцелі наўпрост у зіготкія даспехі нейкага рыцара.

Клацанне і грукат абудзілі, пэўна, увесь замак.

- БЯЖЫМ! - крыкнуў Гары, і ўсе чацвёра рынуліся прэч з галерэі, нават не аглядаючыся, ці гоніцца за імі Філч - яны дабеглі да дзвярэй і панесліся па калідоры, Гары наперадзе, не маючы ні найменшага ўяўлення аб тым, дзе яны знаходзяцца і куды бягуць - прадзёршыся скрозь габеленавую заслону, яны апынуліся ў таемным пераходзе, прабеглі па ім і вышлі да кабінета заклёнаў, які, як ім было вядома, знаходзіўся ўбаку ад трафейнай, на адлегласці некалькіх міль.

- Здаецца, адарваліся, - цяжка дыхаючы вымавіў Гары, прыхіляючыся да халоднай сцяны і выціраючы пот з ілба. Нэвіл сядзеў на падлозе, і нешта ўсярэдзіне яго свістала і булькала пры дыханні.

- Я - вам - казала, - перарывістым голасам паўтарала Герміёна, прыклаўшы рабро далоні да сярэдзіны грудзей, - казала - я - вам.

- Трэба вяртацца назад у Грыфіндорскую вежу, - сказаў Рон, - як мага хутчэй.

- Малфой правёў цябе, - звярнулася да Гары Герміёна. - Ты гэта разумееш, я спадзяюся? Ён і не збіраўся прыходзіць - затое Філч ведаў, што хтосьці будзе ў трафейнай, мабыць, сам Малфой яму і данёс.

Пра сябе Гары пагадзіўся, што яна, верагодна, мае рацыю, але не збіраўся прызнаваць гэтага ўслых.

- Пайшлі.

Аднак гэта аказалася не так проста. Кампаніі не атрымалася зрабіць і дзесятка крокаў, як дзвярная ручка задрыжэла, і з найблізкага класнага пакоя штосьці выляцела прама ім пад ногі.

Гэта быў Піўз. Ён убачыў дзяцей і выдаў лямант захаплення.

- Цішэй, Піўз - калі ласка - а то нас выганяць.

Піўз захіхікаў.

- Начныя шпацыры ладзім? Ай-яй-яй. Каму на месцы не сядзіцца, той быць спайманым не баіцца.

- Нас не спаймаюць, калі ты нас не выдасі. Калі ласка, Піўз.

- Але я павінен сказаць Філчу, проста абавязаны, - вымавіў Півз голасам непараўнальнай святасці, але вочы яго пры гэтым зларадна зіхацелі. - Для вашай жа выгоды, разумееце.

- Сыйдзі з дарогі, - раззлаваўся Рон, замахваючыся на Піўза - і гэта была вялікая памылка.

- НАВУЧЭНЦЫ ШВЭНДАЮЦЦА ПА ШКОЛЕ! - разгаласіўся Півз. - НАВУЧЭНЦЫ ШВЭНДАЮЦЦА ПА ШКОЛЕ, ЯНЫ Ў ЗАВАРОЖАНЫМ КАЛІДОРЫ!

Паднырнуўшы пад Піўза, дзеці з усіх ног панесліся ў іншы канец калідора, дзе ўрэзаліся ў дзверы - і тыя аказаліся зачыненымі.

- Усё! - праенчыў Рон. - Усё, нам канец.

Яны пачулі тупат, гэта Філч спяшаўся на крыкі Піўза.

- Ой, ды варушыся ж ты, - прыспешвала Герміёна. Яна выхапіла ў Гары чароўную палачку, пастукала па замку і прашаптала: "Алахамора!"

Замок пстрыкнуў, дзверы адчыніліся - яны праціснуліся ў праём і, хутка зачыніўшы дзверы за сабою, прыціснуліся да яе вушамі.

- Куды яны пабеглі, Піўз? - дапытваў Філч. - Гавары, хутчэй!

- Скажы "калі ласка".

- Не дуры, Піўз, кажы, куды яны пайшлі?

- Не скажу нічога, пакуль не скажаш "калі ласка", - нудзіў Піўз сваім непрыемным цягучым голасам.

- Добра - калі ласка.

- НІЧОГА! Ха-хааа! Я ж сказаў, не скажу "нічога", пакуль не скажаце "калі ласка"! Ха-ха-ха! Хааааа! - І яны пачулі, як Піўз са свістам нясецца прочкі, а Філч шле наўздагон яму праклёны.

- Ён думае, гэтыя дзверы зачыненыя, - шэптам сказаў Гары. - Значыць, у нас ёсць шанец ўратавацца, прынамсі, я так думаю - адстань, Нэвіл! - Увесь гэты час Нэвіл церабіў Гары за рукаў халата. - Ну што?

Гары павярнуўся - і адразу ж зразумеў, што. На секунду яму здалося, што ўсё што адбываецца - благі сон; тое, што ён убачыў, было ўжо залішне, калі ўлічыць усё, што адбылося за сённяшні вечар.

Яны знаходзіліся зусім не ў класным пакоі, як ён меркаваў. Яны знаходзіліся ў калідоры. Забароненым калідоры на трэцім паверсе. І зараз стала зразумела, чаму ён забаронены.

Прама ў вочы ім глядзеў сабака-монстар. Сабака такіх памераў, што ён запаўняў сабою ўсю прастору ад падлогі да столі. У яго было тры галавы. Тры пары шалёных вачэй; тры насы, з ноздрамі, якія раздуліся пры выглядзе няпрошаных гасцей; тры разяўленыя пашчы, з якіх тоўстымі вяроўкамі звісала сліна.

Сабака стаяў даволі спакойна, нерухома ўтаропіўшы шэсць вачэй на дзяцей. Тым не менш, Гары было абсалютна ясна, што ўсе яны дагэтуль жывыя толькі таму, што сваім нечаканым з'яўленнем заспелі пачвару знянацку. Аднак ён хутка прыходзіў у сябе - не было ніякіх сумненняў адносна таго, што азначала вуркатанне, якое даносілася з самых нетраў гіганцкага тулава.

Гары схапіўся за дзвярную ручку - паміж Філчам і смерцю ён абраў першае.

Дзеці высыпалі ў дзвярны праём, Гары з сілай зачыніў дзверы, і яны пабеглі, амаль паляцелі, па калідоры ў зваротны бок. Філч, мусіць, вырашыў шукаць іх у іншым месцы, яго нідзе не было відаць, ды хлопцы аб ім і не думалі; яны жадалі толькі аднаго - апынуцца ад страшнага сабакі як мага далей. Яны беглі не спыняючыся, пакуль не апынуліся ля партрэта Тоўстай Цёткі на сёмым паверсе.

- Дзе гэта вас насіла? - спытала тая, падазрона аглядаючы ўзбуджаныя, потныя фізіяноміі.

- Усё роўна, няважна, парасячы пятачок, парасячы пятачок, - цяжка дыхаючы, прагаварыў Гары, і партрэт ад’ехаў ў бок. Хлопцы ўскараскаліся ў агульную гасціную і зваліліся, дрыжачы, у крэслы.

Прайшло даволі шмат часу, перш чым яны змаглі размаўляць. Нэвіл дык наогул выглядаў так, нібы назаўжды страціў магчымасць казаць.

- Што яны сабе думаюць, трымаюць такую пачвару ў школе? – урэшце рэшт сказаў Рон. - На месцы гэтага сабакі я б сеў на дыету.

Магчымасць нармалёва дыхаць вярнулася да Герміёны разам са скандальным характарам.

- Няўжо ніхто з вас нічога не заўважыў? - раздражнёна крыкнула яна. - Вы што, не бачылі, на чым стаіць гэты сабака?

- На падлозе? - выказаў здагадку Гары. - Я не глядзеў ёй пад ногі, мне і галоваў хапіла.

- Не, не на падлозе. Ён стаяў на люку. Цалкам зразумела, што ён нешта ахоўвае.
   Герміёна ўстала.

- Трэба думаць, вы жудасна сабою задаволеныя. А нас маглі забіць - або, што яшчэ горш, выключыць. Зараз жа, калі вы не супраць, я пайду спаць.

Рон глядзеў ёй услед, раскрыўшы рот.

- Не, мы не супраць, - прамармытаў ён. - Можна падумаць, мы яе сілай за сабою цягнулі.

Аднак словы Герміёны прымусілі Гары прызадумацца. Кладучыся ў ложак, ён напружана думаў, што ж такое ахоўвае гэты сабака? Як там казаў Хагрыд? "Грынгатс" - самае надзейнае месца на свеце, калі трэба нешта схаваць - за выключэннем, хіба што, "Хогвартса"….
Падаецца, мяты скрутак з сейфа нумар семсот трынаццаць знайшоўся.

1   2   3   4   5   6   7   8   9   10   11


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка