Багач Андрэй, Філіпчык Андрэй, Дзяніс Мускі 2007-2011 гг. — Раздзел I —




старонка2/11
Дата канвертавання29.03.2016
Памер2.64 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8   9   10   11
РАЗДЗЕЛ II —
Зніклае шкло

Амаль дзесяць гадоў мінула з таго часу, як Дурслі прачнуліся рана раніцай і знайшлі на ганку ўласнага дома ўласнага пляменніка, а Прайвет Драйв зусім не змянілася. Сонца, устаўшы раніцай, асвятляла ўсё той жа акуратны садок, запальвала бронзавым святлом шыльду з нумарам чатыры на ўваходных дзвярах іх дома, забіралася ў гасціную, якая абсалютна не змянілася з тых часоў, як містэр Дурслі глядзеў па тэлевізары лёсавызначальную праграму навін пра соў. Адны толькі фатаграфіі на каміннай паліцы дазвалялі зразумець, як шмат вады ўцякло. Дзесяць гадоў таму тут стаялі дзесяткі здымкаў нечага, падобнага да вялікага ружовага мячыка ў разнакаляровых чэпчыках - але Дадлі Дурслі ужо не быў немаўляткам, і зараз з фатаграфій глядзеў укормлены светлагаловы хлопчык, які упершыню садзіцца на веласіпед, катаецца на каруселі, гуляе на камп’ютары з татам, якога абдымае і цалуе маці. У пакоі не было ніякіх прыкмет прысутнасці ў сям'і яшчэ аднаго дзіцяці.

І усё жа Гары Потэр па-ранейшаму жыў тут. У гэты момант ён спаў, але спаць яму заставалася нядоўга. Цётка Пятуння ўжо ўстала, і ейны голас стаў для Гары першым гукам надыходзячага дня:

- Уставай! Уставай! Хутка!

Гары так і падскокнуў у ложку. Цётка забарабаніла ў дзверы.

- Уставай! - галасіла яна. Гары пачуў, як яна прайшла ў кухню і бразнула патэльняй па пліце. Ён перакаціўся на спіну і паспрабаваў успомніць сон, які толькі што бачыў. Добры сон. У сне ён лётаў на матацыкле. Падаецца, аднойчы яму ўжо снілася штосьці падобнае.

Цётка зноў апынулася за дзвярамі.

- Ну што, ужо ўстаў? - грозна прагукала яна.

- Амаль што, - адказаў Гары.

- Варушыся, мне трэба, каб ты прыгледзеў за беконам. І глядзі, каб ён не прыгарэў - у дзень нараджэння Дадлі ўсё павінна быць ідэальна.

Гары прамармытаў штосьці невыразнае.

- Што ты сказаў? - рэзкім голасам перапытала цётка Пятуння з-за дзвярэй.

- Нічога, нічога.

У Дадлі дзень нараджэння - як гэта ён мог забыць? Гары сонна вываліўся з ложку і прыняўся шукаць шкарпэткі. Яны былі пад ложкам і, прагнаўшы павука, Гары надзеў іх. Ён не баяўся павукоў, ён даўно звыкся з імі - у каморы пад лесвіцай было шмат павукоў, а менавіта там Гары спаў.


Апрануўшыся, ён пайшоў праз хол на кухню. Стол амаль цалкам хаваўся пад скрынкамі і скруткамі. Мяркуючы па ўсім, Дадлі, як і жадаў, атрымаў у падарунак новы камп’ютар, не кажучы ўжо пра другі тэлевізар і гоначны веласіпед. Навошта Дадлі гоначны веласіпед, заставалася загадкай для Гары, бо Дадлі быў страшэнна тоўсты і ненавідзеў спорт - акрамя, хіба што, барацьбы, калі гаворка ішла аб тым, каб уляпіць каму-небудзь. Любімай баксёрскай грушай Дадлі быў Гары, праўда, каб гэта выкарыстаць, апошняга трэба было спачатку злавіць. Хоць гэтага і не скажаш па знешнім выглядзе, але Гары вельмі хутка бегаў.

Незразумела чаму - магчыма, гэта было неяк звязана з жыццём у цёмнай каморы - Гары заўсёды быў занадта маленькім і худым для свайго ўзросту. А выглядаў яшчэ менш і худзей, з-за таго, што яму прыходзілася даношваць за Дадлі старую вопратку, а Дадлі раза ў чатыры пераўзыходзіў Гары па ўсіх параметрах. У Гары быў худы твар, вострыя каленкі, чорныя валасы і яркія зялёныя вочы. Ён насіў круглыя акуляры, перамотаныя пасярэдзіне тоўстым пластом клейкай ленты - аправа часта ламалася, таму што Дадлі ўвесь час імкнуўся урэзаць Гары па носе. Адзінае, што падабалася Гары ва ўласнай знешнасці, дык гэта вельмі тонкі шнар на ілбе ў форме зігзагу маланкі. Гэты шнар быў у яго з тых часоў, як ён сябе памятаў, і першае пытанне, які ён задаў цётцы Пятунні, датычыўся гэтага шнара, адкуль той узяўся.

- Гэта з-за той аварыі, у якой загінулі твае бацькі, - адказала цётка Пятуння, - і не задавай лішніх пытанняў.

"Не задавай лішніх пытанняў" - галоўнае правіла дома Дурслей.


Дзядзька Вернан увайшоў у кухню ў той момант, калі Гары пераварочваў бекон.

- Прычашыся! - раўнуў ён у якасці ранішняга прывітання.

Прыблізна раз у тыдзень дзядзька Вернан глядзеў на Гары і крычаў, што хлапца трэба падстрыгчы. Гары стрыглі часцей, чым усіх астатніх хлопчыкаў у класе разам узятых, але без аніякага плёну, бо ягоныя валасы ігненна адрасталі зноўку, і зноўку - ва ўсе бакі.

Калі Дадлі са сваёй маці прыбыў на кухню, Гары ўжо кінуў на патэльню яйка. Дадлі быў вельмі падобны да дзядзькі Вернана: у яго быў вялікі чырванаваты твар, амаль ніякай шыі, маленькія вадзяністыя блакітныя вочкі і густыя светлыя валасы, якія роўна ляжалі на вялікай тоўстай галаве. Цётка Пятуння часта звала Дадлі анёлкам - Гары лічыў, што той быў падобны да свінні, на якую надзелі парык.

Гары з цяжкасцю расставіў талеркі з яечняй - бо на стале амаль не было месца. Дадлі, тым часам, пералічваў падарункі. Твар яго спахмурнеў.

- Трыццаць шэсць, - абвінавачвальна сказаў ён, падымаючы вочы на бацькоў. - На два менш, чым летась.

- Міленькі, ты не палічыў падаруначка ад цёткі Мардж, бачыш, ён тут, пад вось гэтай вялікай скрыначкай ад мамулі з папуляй.

- Ну добра, значыць, трыццаць сем, - Дадлі пачаткаў барвавець тварам. Гары, які адразу распазнаў прыкметы істэрыкі, пачаткаў, як воўк, заглынаць яечню, каб з'есці пабольш, пакуль Дадлі не паспеў перавярнуць стол.

Цётка Петунья, безумоўна, таксама пачула небяспеку і адразу ж забалбатала:

- І мы купім табе яшчэ два падарункі, калі пойдзем у заапарк, так, пончык? Як табе гэта? Яшчэ два падарункі. Добра?

Дадлі задумаўся. Цяжка задумаўся. І нарэшце павольна вымавіў:

- Так што ў мяне будзе трыццаць… трыццаць…

- Трыццаць дзевяць, мой сладзенькі, - падказала цётка Петунья.

- Ага. - Дадлі апусціўся на крэсла. - Тады добра.

Дзядзька Вернан захіхікаў.

- Гэты малы ведае сабе кошт - увесь у тату. Малайчына, Дадлі!

У гэты час зазваніў тэлефон. Цётка Пятуння кінулася да апарату, а Гары і дзядзька Вернан назіралі, як Дадлі здымае пакаванне з гоначнага веласіпеда, відэамагнітафона, відэакамеры, планёра з дыстанцыйным кіраваннем, дастае са скрынкі шаснаццаць новых камп’ютарных гульняў. Ён ужо пачаў распакоўваць залаты наручны гадзіннік, як ўвайшла цётка Пятуння, злосная і заклапочаная.

- Дрэнныя навіны, Вернан, - сказала яна. - Місіс Фігг зламала нагу. Яна не зможа пасядзець з ім. - І цётка Пятуння матнула галавой у бок Гары.

Дадлі ў жаху разявіў рот, затое сэрца Гары падскокнула ад радасці. Кожны год бацькі ўладкоўвалі Дадлі свята ў дзень нараджэння, бралі яго самога і каго-небудзь з яго сяброў у парк пакатацца на атракцыёнах, вадзілі іх есці гамбургеры, хадзілі ў кіно. І кожны год Гары на гэты час заставаўся з місіс Фігг, старой бабкай, якая жыла праз дзве вуліцы ад Дурслі. Гары ненавідзеў заставацца з місіс Фігг. У яе ў доме моцна пахнула капустай, і яшчэ, яна прымушала Гары разглядаць альбомы з фатаграфіямі шматлікіх кошак, якія ў розны час былі ў яе на працягу яе доўгага жыцця.

- І што цяпер? - цётка Пятуння абурана глядзела на Гары, нібы ўсё гэта былі яго інтрыгі. Гары разумеў, што павінны быў паспачуваць місіс Фігг, але яму цяжка было сябе прымусіць, улічваючы, што зараз наперадзе быў цэлы год, перш чым ізноў давядзецца ўбачыць Сняжынку, Пуфіка, дзядзьку Лапку і Туфці.

- Давай патэлефануем Мардж, - прапанаваў дзядзька Вернан.

- Не гавары дурасцяў, Вернан, ты ж ведаеш, яна ненавідзіць хлапчука.

Дзядзька з цёткай часцяком казалі пра Гары ў яго прысутнасці так, быццам яго не было побач - дакладней, так, быццам ён быў зусім дурным і няздольным іх зразумець.

- А як наконт гэтай, як там яе, тваёй сяброўкі - Івонн?

- Адпачывае на Майорцы, - адрэзала цётка Пятуння.

- Вы можаце пакінуць мяне дома, - з надзеяй умяшаўся Гары (ён зможа паглядзець па тэлевізары, што яму захочацца, а можа быць, нават пагуляць на камп’ютары).

Цётка Пятуння скрывілася, быццам толькі што разжавала лімон.

- А потым вярнуцца і ўбачыць, што дом падарваны? - прагыркала яна.

- Я не падарву дом, - паабяцаў Гары, але яны не слухалі.

- Думаю, мы возьмем яго ў заапарк, - павольна заказала цётка Пятуння, - …і пакінем у машыне…

- Машына, новая, я яго ў ёй аднаго не пакіну…

Дадлі громка зарумзаў. Не, насамрэч ён зусім не плакаў, апошні раз слёзы ліліся з ягоных вачэй шмат гадоў таму - але ён ведаў, што, калі скрывіць рот і завыць, маці зробіць усё, што заўгодна.

- Дадлі, не плач, матуля не дасць сапсаваць табе свята! - усклікнула цётка Пятуння, абвіваючы рукамі шыю сына.

- Я… не… жадаю… каб… ён… ішоў… з… намі! - выкрыкваў Дадлі ў прамежках паміж спазмамі няшчырых рыданняў. - Ён у-заўсёды ў-усё псуе! - і зларадна усміхнуўся Гары з-пад мамчыных рук.

У тую ж секунду раздаўся званок у дзверы - "Божа мой, яны ўжо прыйшлі!", - ускрыкнула цётка Пятуння - і на парозе з'явіўся лепшы сябар Дадлі, Пірс Полкіс, у суправаджэнні маці. Пірс быў няскладны хлопчык з тварам павука. Гэта менавіта ён скручваў рукі за спіну тым, каму Дадлі збіраўся "ўляпіць".

Дадлі адразу перастаў плакаць.

Праз паўгадзіны Гары, які дагэтуль не верыў свайму шчасцю, сядзеў на заднім сядзенні разам з Дадлі і Пірсам і ехаў у заапарк, упершыню ў жыцці. Дзядзька з цёткай так і не прыдумалі, куды б яго сплавіць. Перад выхадам дзядзька Вернон адвёў Гары ў бок.

- Папярэджваю, - прашыпеў ён, наблізіўшы вялікі барвяны твар да твару Гары, - папярэджваю цябе, хлопец - які-небудзь фокус, якая-небудзь з тваіх штучак - і ты не выйдзеш з каморы да Калядаў.

- Ды я і не збіраўся, - запэўніў яго Гары, - сапраўды…

Але дзядзька Вернон не паверыў яму. Ніхто ніколі не верыў.

Бяда ў тым, што з Гары вечна адбывалася нешта дзіўнае, і было бяссэнсоўна, што ён тут ні пры чым.

Аднойчы, напрыклад, цётка Пятуння, убачыла, што Гары заўсёды прыходзіць з цырульні такім, быццам і не стрыгся зусім, абкарнала яго кухоннымі нажніцамі настолькі, што ён стаў амаль зусім лысым, калі не лічыць пасмы, пакінутай, "каб прыхаваць гэты агідны шнар". Дадлі ледзь не апісаўся ад смеху пры выглядзе Гары, а той правёў бяссонную ноч, уяўляючы, як на наступны дзень пойдзе ў школу, дзе з яго і так усе смяяліся з яго вопраткі не па памеры і залепленых акуляраў. Аднак, на наступную раніцу выявілася, што валасы сталі дакладна такімі ж, як і раней, да эксперыментаў цёткі Пятунні. За гэта яго на тыдзень схавалі ў камору, хоць ён і спрабаваў запэўніць, што не можа растлумачыць, як валасы змаглі адрасці так хутка.

Іншым разам цётка Пятуння жадала апрануць яго ў агідны стары швэдар, які належыў Дадлі (карычневы з рудымі грыбамі-порхаўкамі). Чым больш высілкаў яна прыкладала, каб нацягнуць швэдар Гары на галаву, тым менш, падавалася, станавіўся швэдар, пакуль не зрабілася зразумела, што ён не налезе нават на ляльку, не тое што на Гары. Цётка Пятуння вырашыла, што швэдар, мабыць, сёў пры мыцці і Гары, з палёгкай зразумеў, што пазбегне пакарання.

А вось апынуўшыся на страсе школьнай сталовай і не здолеўшы патлумачыць як такое адбылося, Гары патрапіў у вельмі цяжкае становішча. Дадлі са сваёй бандай, як звычайна, ганяўся за ім, і раптам - для Гары гэта апынулася не меншай неспадзеўкай, чым для ўсіх астатніх - Гары ўжо сядзеў на трубе. Сямейства Дурслі атрымала вельмі незадаволены ліст ад класнай кіраўніцы, які сведчыў, што хлопчык выяўляе ў вышэйшай ступені падазронае імкненне да даследавання стрэх школьнага будынка. А хлопчык усяго толькі (як ён спрабаваў патлумачыць дзядзьку Вернану праз зачыненыя дзверы каморы) жадаў заскочыць за смеццевыя бакі, што стаялі за сталовай. Гары меркаваў, што вецер, пэўна, быў занадта моцны і падхапіў яго ў паветры.

Але сёння не павінна было здарыцца нічога дрэннага. Можна было нават змірыцца з прысутнасцю Дадлі і Пірса, дзеля задавальнення правесці дзень не ў школе, і не ў каморы, і не ў капуснай гасцінай місіс Фігг.

Кіруючы машынай, дзядзька Вернон адначасова скардзіўся цётцы Пятунні. Ён наогул любіў паскардзіцца. Падпарадкаваныя, Гары, мясцовая рада, Гары, банк, Гары - вось толькі некаторыя з яго ўпадабаных тэм. Аднак сёння галоўнай прэтэнзіяй апынуліся матацыклы.

 - … носяцца як маньякі, хуліганы чортавы, - прагыркаў ён, калі паблізу прамчаўся байкер.

- А я ў сне бачыў матацыкл, - раптам успомніў Гары, - ён лётаў.

Дзядзька Вернон ледзь не ўрэзаўся ў машыну наперадзе. Ён рэзка абярнуўся і закрычаў, тварам нагадваючы гіганцкі бурак з вусамі:

- МАТАЦЫКЛЫ НЕ ЛЁТАЮЦЬ!

Дадлі з Пірсам хрукнулі.

- Я ведаю, што не лётаюць, - пагадзіўся Гары. - Гэта ж быў сон.

Ён ужо пашкадаваў, што загаварыў аб гэтым. Калі і было на свеце нешта, больш ненавіснае яго сваякам, чым пытанні, якія ён задаваў, дык гэта яго гутаркі аб чымсьці, што паводзіла сябе не так, як след, і ўсё адно, было гэта ў сне або ў мультфільме - ім падавалася, што ў яго з'яўляюцца небяспечныя думкі.

Субота выдалася на рэдкасць сонечнай, і ў заапарку было шмат народу. Дадлі і Пірсу купілі па вялікім шакаладным марозеве, а потым – з тае прычыны, што ўсмешлівая прадаўшчыца паспела спытаць Гары, чаго ён жадае, раней, чым яго адцягнулі ад латка - Дурслі прыйшлося і яму купіць садавінны лёд. Таксама нядрэнна, вырашыў Гары, аблізваючы лёд і назіраючы за гарылай, якая часала галаву і якая нагадвала Дадлі, хіба што апошні быў бландын.

Гэта была лепшая раніца ў жыцці Гары. Ён увесь час памятаў, што трэба трымацца крыху ўбаку ад астатніх, каб Дадлі і Пірс, якім заапарк ужо пачаў надакучваць, не замануліся б звярнуцца да свайго ўлюблёнага занятку і не пачалі б яго піхаць. Яны паабедалі ў рэстаране ў заапарку і, калі Дадлі ўчыніў скандал, сцвярджаючы, што ў дэсерце, які зваўся "Паласатая панчоха", зверху пакладзена занадта мала марожанага, дзядзька Вернон купіў яму іншую порцыю, а Гары дазволілі даесці першую.

Гары думаў, пасля, што ўсё было занадта добра і проста не магло працягвацца доўга.


Пасля абеду яны адправіліся ў тэрарыўм. Там было цёмна, прахалодна, і ўздоўж сценаў цягнуліся шэрагі асветленых вітрын. За шклом, між камення і бярвення, поўзалі і выгіналіся разнастайныя змеі і яшчаркі. Дадлі з Пірсам імкнуліся ўбачыць вялізных атрутных кобр і тоўстых пітонаў, здольных задушыць чалавека. Дадлі хутка адшукаў самую вялікую змяю. Яна магла б двойчы абвіцца вакол машыны дзядзькі Вернана і раздушыць яе - але ў гэты момант яна была не ў настроі.

Дадлі пастаяў, прыціснуўшы нос да шкла, гледзячы на бліскучыя карычневыя кольцы.

- Хай яна папоўзае, - заканючыў ён. Дзядзька Вернан пастукаў па шкле, але змяя не зварухнулася.

- Пастукай яшчэ, - загадаў Дадлі. Дзядзька Вернон моцна пастукаў па шкле кулаком. Змяя працягвала спаць.

- Неціка-а-ава, - праенчыў Дадлі. І, вяслуючы нагамі, пайшоў прочкі.

Гары падышоў да вітрыны і пільна паглядзеў на змяю. Ён не здзівіўся, калі б дазнаўся, што тая памерла - аніякай кампаніі, акрамя дурных людзей, якія цэлы дзень барабаняць па шкле, каб абудзіць яе. Гэта нашмат горш, чым спаць у каморы – яго будзіць адна толькі цётка Пятуння, і ён можа перасоўвацца па доме.

Раптам змяя расплюшчыла круглыя вочы. Павольна, вельмі павольна паднімала яна галаву, пакуль яе вочы не падняліся да ўзроўню вачэй Гары.

Яна падміргнула.

Спачатку Гары не мог адвесці вачэй. Потым хуценька агледзеўся наўкол, каб упэўніцца, што ніхто за ім не назірае. Тады ён павярнуўся да змяі і таксама падміргнуў ёй.

Змяя кіўнула галавой у бок дзядзькі Вернана і Дадлі, а пасля ўзвяла вочы да столі. Яна паглядзела на Гары поглядам, які казаў: "І так увесь час."

- Разумею, - прамармытаў Гары ў шкло, хоць і не быў упэўнены, што змяя пачуе яго, - жудасна надакучвае.

 Змяя павольна кіўнула.

- А ты наогул адкуль? - пацікавіўся Гары.

Змяя пастукала хвастом па шыльдачцы, прымацаванай побач з клеткай. Гары прачытаў: "Баа-констрыктар, Бразілія".

- Там добра, у Бразіліі?

Баа-канстрыктар зноў пастукала па шыльдачцы, і Гары прачытаў далей: "Гэты экзэмпляр нарадзіўся ў заапарку".

- Вось як? Значыць, ты ніколі не была ў Бразіліі?

Змяя адмоўна затрэсла галавой, і адначасова за спіной у Гары раздаўся такі аглушальны крык, што абодва, і ён, і змяя, падскокнулі. "ДАДЛІ! МІСТЭР ДУРСЛІ! ІДЗІЦЕ СЮДЫ! ПАГЛЯДЗІЦЕ НА ГЭТУЮ ЗМЯЮ! ВЫ НЕ ПАВЕРЫЦЕ, ШТО ЯНА РОБІЦЬ!"

Дадлі падбег, перавальваючыся.

- Прэч з дарогі, ты, - крыкнуў ён, ткнуўшы Гары пад рэбры. Ад нечаканасці Гары зваліўся на бетонную падлогу. Далей усё адбылося настолькі хутка, што ніхто нават не зразумеў, што здарылася - толькі што Пірс з Дадлі стаялі, уткнуўшыся насамі ў шкло, а ў наступную секунду яны ўжо адскочылі ў бок лямантуючы ад жаху.

Гары сядзеў на падлозе, хапаючы ротам паветра; шкляная вітрына знікла. Вялізная змяя, імкліва разгортваючы кольцы, выпаўзала на падлогу. Па ўсім тэрарыўме людзі екаталі і несліся да выхаду.

У той момант, калі змяя хутка і бясшумна праслізнула паблізу Гары, ён пачуў - ён мог бы паклясціся, што пачуў - ціхі, свісцячы голас, які прамовіў-прашыпеў: "У Бразілію… дзякуй, аміга".

Загадчык тэрарыўма быў у шоку.

- Шкло, - паўтараў ён як заведзены. - Куды падзелася шкло?

Дырэктар заапарка ўласнаручна заварыў для цёткі Пятунні моцнай салодкай гарбаты, у соты раз впросячы прабачэння. Дадлі і Пірс ледзь маглі казаць, у іх трэсліся вусны. Наколькі бачыў Гары, баа-канстрыктар усяго толькі гулліва стукнула іх хвастом па пятках, прапаўзаючы паблізу, але калі ўсе селі ў машыну, Дадлі ўжо захлёбваючыся распавядаў, як пітон ледзь не адкусіў яму нагу, а Пірс бажыўся, што яго ледзь не задушылі. Але самае горшае, прынамсі для Гары, пачалося тады, калі злёгку заспакайнелы Пірс запытаўся: "А Гары размаўляў з ім, праўда, Гары?".

Дзядзька Вернан дачакаўся, пакуль Пірса забралі, і адразу ж пачаткаў крычаць на Гары. Дзядзька быў так злы, што ледзь мог казаць. Ён здолеў толькі выдавіць з сябе: "Прэч - у камору - будзеш сядзець - без ежы", і ён паваліўся ў крэсла - цётцы Пятунні давялося прынесці вялікую шклянку брэндзі.

Шмат пазней Гары ляжаў у каморы, марачы аб гадзінніку. Ён не ведаў, колькі цяпер было часу і не мог быць упэўнены, што ўсе паснулі. Да гэтага ён не мог выйсці з каморы і прабрацца на кухню, каб хоць што-небудзь з'есці.

Ён жыў у Дурслі ужо амаль дзесяць гадоў, дзесяць нешчаслівых гадоў, з таго часу, як сябе памятаў, з таго часу, як яго бацькі загінулі ў аўтакатастрофе. Ён не памятаў, што таксама быў у той машыне. Часам, калі ён моцна напружваў памяць падчас доўгатэрміновых зняволенняў у каморы, да яго прыходзіў дзіўны ўспамін: асляпляльны пробліск зялёнага святла і пякельны боль у ілбе. Гэта, па ўсім, і быў успамін аб аварыі, хоць ён і не мог сабе ўявіць, што гэта быў за пробліск. Ён зусім не памятаў бацькоў. Дзядзька і цётка ніколі не казалі аб іх і, ужо вядома, яму было забаронена задаваць пытанні. Фатаграфій іх у доме таксама не было.

Калі Гары быў маленькі, ён усё марыў аб якіх-небудзь невядомых сваяках, якія прыедуць і забяруць яго, але такога не магло здарыцца; акрамя дзядзькі і цёткі, у яго нікога не было. І усё ж часам яму падавалася (або, можа быць, ён жадаў, каб так было), што незнаёмыя людзі на вуліцы пазнаюць яго. Вельмі, дарэчы, дзіўныя незнаёмыя людзі. Аднойчы, калі яны хадзілі па крамах з цёткай Пятунняй і Дадлі, яму пакланіўся малюсенькі чалавечак у фіялетавым цыліндры. Пасля лютых роспытаў, адкуль Гары ведае гэтага чалавека, цётка поцягам выцягнула дзяцей на вуліцу, так нічога і не набыўшы. Іншым разам, у аўтобусе, яму весела памахала рукой дзікага выгляду старая, уся ў зялёным. Не далей чым заўчора лысы мужчына ў вельмі доўгім пурпурным плашчы прывітаўся з ім за руку і, не сказаўшы ні слова, сышоў. Самае дзіўнае, што ўсе гэтыя людзі знікалі, як толькі Гары спрабаваў разгледзець іх лепей.

У школе ў Гары сяброў не было. Усё ведалі, што Дадлі з прыяцелямі трываць не могуць дурня Потэра з яго мехаватай вопраткай і пабітымі акулярамі, а ніхто не жадаў ісці супраць Дадлі і яго банды.




— РАЗДЗЕЛ III —
Лісты немаведама ад каго

   Пабег бразільскага ўдава дорага каштаваў Гары. Калі яго выпусцілі з каморы, ужо пачаліся летнія вакацыі, і Дадлі паспеў зламаць новую відэакамеру, разбіць планёр і, ў першы ж дзень катання на гоначным веласіпедзе, збіць з ног старую місіс Фігг, якая цягнулася па Прайвет Драйв на мыліцах.

 Гары радаваўся, што школа ўжо скончылася, але цяпер ад Дадлі і яго прыяцеляў, якія прыходзілі кожны дзень, падзецца было няма куды. І Пірс, і Дэніс, і Малькольм, і Гордан былі здаровыя і тупыя як на падбор, але Дадлі быў самым здаровым і самым тупым, а таму ён з'яўляўся важаком. Сябры з задавальненнем складалі Дадлі кампанію ў занятках яго любімым спортам: гонкамі за Гары.

Гары імкнуўся праводзіць па магчымасці больш часу па-за межамі дома, ён блукаў па наваколлі і думаў аб пачатку новага навучальнага года, які нёс з сабою слабы праменьчык надзеі. Калі наступіць верасень, Гары пайдзе ўжо не ў пачатковую, а ў сярэднюю школу і да таго ж, у першы раз у сваім жыцці, без Дадлі. Дадлі залічылі ў прыватную школу пад назовам "Вонінгс", куды калісьці хадзіў дзядзька Вернан. Туды ж накіроўваўся і Пірс Полукіс. А Гары запісалі ў "Хай Камеронс", раённую агульнаадукацыйную школу. Дадлі лічыў, што гэта вельмі смешна.

- У "Хай Камеронс" у першы дзень усіх засоўваюць галавой ва ўнітаз, - сказаў ён неяк Гары, - жадаеш пойдзем наверх патрэніруемся?

- Не, дзякуй, - адказаў Гары, - у наш бедны ўнітаз яшчэ не трапляла нічога горш за тваю галаву – яму будзе млосна, - і ўцёк раней, чым да Дадлі дайшоў сэнс сказанага.

Аднойчы ў ліпені цётка Пятуння разам з Дадлі адправілася ў Лондан купляць форму, якую насілі вучні "Вонінгса", а Гары застаўся ў місіс Фігг. У яе было не так жудасна, як раней. Як высветлілася, місіс Фігг зламала нагу, зачапіўшыся за адну са сваіх кошак, і гэта некалькі паменшыла яе захапленне жывёлінамі. Яна дазволіла Гары паглядзець тэлевізар і нават дала кавалачак шакалада – праўда, па смаку лёгка можна было зразумець, што плітка ляжала у місіс Фігг ужо некалькі гадоў.

У той жа вечар у гасцінай Дадлі дэманстраваў новую, з іголачкі, форму. У "Вонінгсе" хлопчыкі насілі барвовыя пінжакі, памаранчавыя брыджы і плоскія саламяныя шапкі пад назвай "канацье". Акрамя таго, ім належалі гузаватыя палкі, каб стукаць адзін аднаго, калі настаўнік за імі не назірае. Лічылася, што гэта дае карысныя для дарослага жыцця здольнасці.

Гледзячы на новыя брыджы сына, дзядзька Вернан надламаным голасам вымавіў, што гэта самы ўрачысты момант у яго жыцці. Цётка Пятуння расплакалася і скрозь слёзы сказала, што проста не можа паверыць, што бачыць перад сабою яе любага Мышку-Дадлі, ён такі прыгожы і сталы. Гары не адважыўся нічога сказаць. Ён і так баяўся, што зламаў пару рэбраў, стрымліваючы рогат.
* * *
Наступнай раніцай, калі Гары выйшаў да сняданку, у кухні стаяў агідны пах. Крыніцай смуроду аказалася вялікае цынкавае карыта, якое стаяла на ракавіне. Ён падышоў паглядзець. У шэрай вадзе плавала штосьці, падобнае на брудныя палавікі.

- Што гэта? - спытаў ён у цёткі Пятунні. Вусны яе сціснуліся, як, зрэшты, і заўсёды, калі ён адважваўся задаваць пытанні.

- Твая новая школьная форма, - адказала яна.

Гары яшчэ раз паглядзеў у карыта.

- Ой, - сказаў ён, - я і не ведаў, што яна павінна быць такая мокрая.

- Не прыкідвайся ідыётам, - раззлавалася цётка Пятуння. - Я перафарбоўваю для цябе старыя рэчы Дадлі ў шэры колер. Каб было як ва ўсіх.

Гары моцна сумняваўся, што ва ўсіх будзе менавіта так, але вырашыў не спрачацца. Ён сеў за стол і пастараўся не думаць аб тым, як будзе выглядаць першага верасня, калі пойдзе ў "Хай Камеронс" - пэўна, так, як быццам напяліў старую сланоўю скуру.

Увайшлі Дадлі з дзядзькай Вернанам і грэбліва зморшчылі насы з-за паху, які ішоў ад новай школьнай формы Гары. Дзядзька Вернан, як заўсёды, разгарнуў газету, а Дадлі стаў барабаніць па стале Вонінгсавай палкай, якую зараз паўсюль цягаў за сабою.

Ад уваходных дзвярэй даняслася пстрычка, што азначала, што паштальён адкрыў паштовую шчыліну, і, праз секунду, гук ад некалькіх лістоў, што ўпалі на падлогу.

- Прынясі пошту, Дадлі, - загадаў дзядзька Вернон з-за газеты.

- Хай Гары прынясе.

- Прынясі пошту, Гары.

- Хай Дадлі прынясе.

- Ткні яго палкай, Дадлі.

Гары ўвярнуўся ад палкі і пайшоў за поштай. На падлозе ляжалі тры прадметы: паштоўка ад Мардж, сястры дзядзькі Вернана, якая адпачывала на выспе Уайт, карычневы канверт, хутчэй за ўсё, з рахункамі, і - ліст для Гары.

Гары ўзяў ліст у рукі і не мог адарваць ад яго вачэй; сэрца хлопчыка, як мячык на гумцы, скакала ў грудзі. Ніхто, ніколі, за ўсё ягонае жыццё не пісаў яму лістоў. Ды і хто б стаў яму пісаць? У яго не было ні сяброў, ні сваякоў - і ён не быў запісаны ў бібліятэку, так што не атрымоўваў нават няветлівых апавяшчэнняў з патрабаваннямі вярнуць пратэрмінаваныя кнігі. І усё ж, вось ён - ліст, з адрасам, які даказваў, што ніякай памылкі няма:


Графства Суррэй

Горад Літтл Уінгінг,
Прайвет Драйв, дом №4,
Каморка пад лесвіцай,
М-ру Г. Потэру

   Канверт быў тоўсты і цяжкі, з жаўтлявага пергамента, а адрас быў напісаны ізумрудна-зялёнымі чарніламі. Марка адсутнічала.

Павярнуўшы канверт зваротным бокам, Гары ўбачыў пурпурны сургучны друк з гербам: леў, арол, барсук і змяя, што атачалі вялікую літару "Х".

- Ну дзе ты там? - раздаўся голас дзядзькі Вернана. - Што, правяраеш, ці няма бомб? - ён засмяяўся ўласнаму жарту.

Гары вярнуўся на кухню, не перастаючы разглядаць ліст. Ён працягнуў дзядзьку Вернону паштоўку і рахункі, а сам сёў і пачаў павольна ўскрываць жоўты канверт.

Дзядзька Вернон хутка прагледзеў рахункі, раздражнёна чмыхнуў і стаў чытаць паштоўку.

- Мардж захварэла, - паведаміў ён цётцы Пятунні, - з'ела нейкую…

- Тата! - раптам закрычаў Дадлі. - Тат, глядзі, што гэта ў Гары?

Гары амаль ужо разгарнуў ліст, напісаны на такім жа цвёрдым пергаменце, з якога быў зроблены канверт, але тут дзядзька Вернан груба выдраў ліст у яго з рук.

- Гэта маё! - закрычаў Гары, спрабуючы вярнуць ліст.

- Хто гэта стане табе пісаць? - здзекліва кінуў дзядзька Вернан, трымаючы ліст адной рукой і падтрасаючы яго, каб яно разгарнулася. Ён зірнуў на тэкст, і колер яго твару змяніўся з чырвонага на зялёны хутчэй, чым змяняецца святло ў светлафора. Але на зялёным справа не скончылася. Літаральна праз секунду твар дзядзькі Вернана набыў шараватае адценне засохлай аўсянай кашы.

- П-п-Пятуння! - задыхаючыся, прашаптаў ён.

Дадлі паспрабаваў выхапіць і прачытаць ліст, але дзядзька Вернон трымаў яго высока, так, што Дадлі не мог дацягнуцца. Цётка Пятуння з цікаўнасцю ўзяла пергамент у дзядзькі з рук і прачытала першы радок. З хвіліну яна стаяла калыхаючыся, быццам вось-вось страціць прытомнасць. Потым схапілася за горла і выдала прыдушаны хрып.

- Вернан! Божа міласэрны! Вернан!

Яны глядзелі адно на аднаго, нібы забыліся на тое, што Дадлі і Гары ўсё яшчэ знаходзяцца ў кухні. Дадлі не быў звыклы да таго, каб яго ігнаравалі. Ён з усіх сіл трэснуў бацьку палкай па галаве.

- Дай мне прачытаць ліст! - заявіў ён гучна.

- Гэта мне дайце прачытаць ліст, - гнеўна перапыніў яго Гары, - ён мой!

- Прэч адсюль, абодва! - прахрыпеў дзядзька Вернан, запіхваючы ліст назад у канверт.


   Гары не адступаў.

- АДДАЙЦЕ МНЕ ЛІСТ! - закрычаў ён.

- Аддайце мне ліст! - запатрабаваў Дадлі.

- ПРЭЧ! - праараў дзядзька Вернон і за шкірку вышпурнуў абодвух хлапчукоў у залу, зачыніўшы кухонныя дзверы ў іх перад носам. Гары і Дадлі тут жа дзелавіта і бязгучна пабіліся за месца ў замочнай адтуліны. Дадлі перамог, таму Гары, у акулярах, якія боўталіся на адным носе, лёг на жывот і стаў падслухоўваць пад дзвярыма.

- Вернан, - казала цётка Пятуння дрыготкім голасам, - паглядзі на адрас - адкуль яны маглі даведацца, дзе ён спіць? Ты ж не думаеш, што за намі сочаць?

- Сочаць - шпіёняць - можа быць, нават падглядваюць, - дзіка мармытаў дзядзька Вернан.

- Што жа нам рабіць, Вернан? Напісаць ім? Сказаць, што мы не жадаем…

Гары бачыў, як зіхатлівыя чорныя туфлі дзядзькі Вернана крочаць узад-наперад па кухні.

- Не, - нарэшце вырашыў дзядзька Вернан, - мы не будзем звяртаць на гэта ўвагі. Калі яны не атрымаюць адказу… Так, так будзе лепш за ўсё… мы нічога не будзем рабіць…

- Але…


- Мне не трэба нічога такога ў маім доме, Пятуння! Хіба мы не пакляліся, калі пакінулі яго ў сябе, што будзем змагацца з усё гэтай небяспечнай ерассю?

Увечар, вярнуўшыся з працы, дзядзька Вернан здзейсніў штосьці, чаго ніколі раней не рабіў; ён наведаў Гары ў яго каморы.

- Дзе мой ліст? - выпаліў Гары, ледзь толькі дзядзька Вернон праціснуўся ў дзверцы. - Хто гэта мне піша?

- Ніхто. Гэты ліст патрапіў да цябе па памылцы, - сцісла растлумачыў дзядзька Вернон. - Я яго спаліў.

- Нічога не па памылцы, - злосна буркнуў Гары, - там было нават напісана, што я жыву ў каморы.

- ЦІХА! - раўнуў дзядзька Вернон, і са столі звалілася пара павукоў. Дзядзька некалькі раз глыбока ўдыхнуў, а затым прымусіў сябе ўсміхнуцца, што выйшла ў яго даволі няўдала.

- Дарэчы, Гары…з нагоды каморы. Мы з тваёй цёткай лічым… ты ўжо такі вялікі… табе тут нязручна… мы думаем, будзе добра, калі ты пераедзеш у другую спальню Дадлі.

- Навошта? - спытаў Гары.

- Не задавай лішніх пытанняў! - гыркнуў дзядзька. - Збірай свае рэчы і хутчэй!

У доме было чатыры спальні: адна належала дзядзька Вернану і цётцы Пятунні, другая была пакоем для гасцей (часцей за ўсё ў ёй спынялася Мардж, сястра дзядзькі Вернана), у трэцяй спаў Дадлі, а ў чацвёртай захоўваліся рэчы і цацкі Дадлі, якія не ўмяшчаліся ў яго першы пакой. Гары спатрэбілася адно-адзінае падарожжа на другі паверх, каб перанесці туды ўсю сваю маёмасць. Ён прысеў на ложак і агледзеўся. Практычна ўсе рэчы ў пакоі былі паламаныя або пабітыя. Усяго месяц назад набытая відэакамера валялася па-над цацачным танкам, якім Дадлі неяк пераехаў суседскага сабаку; у куце пыліўся першы ўласны тэлевізар Дадлі, пабіты нагой у той дзень, калі адмянілі яго ўлюблёную перадачу; тутака ж стаяла вялікая птушыная клетка, дзе калісьці жыў папугай, якога Дадлі абмяняў на помпавую стрэльбу, якая ляжала на верхняй паліцы з погнутай руляй - Дадлі няўдала сеў на яе. Астатнія паліцы былі забітыя кнігамі. Кнігі выглядалі новымі і некранутымі.

Знізу даносіліся румзанні Дадлі: "не жадаю, каб ён там жыў… мне патрэбны гэты пакой… выганіце яго…".

Гары ўздыхнуў і расцягнуўся на ложку. Яшчэ ўчора ён аддаў бы усё, каб атрымаць гэты пакой. Сёння ён хутчэй пагадзіўся б зноў апынуцца ў каморы, але з лістом, чым быць тут наверсе без ліста.

На наступную раніцу за сняданкам усё паводзілі сябе ненатуральна ціха. Адзін Дадлі крычаў, екатаў, латашыў бацьку палкай, штурхаў маці нагамі, прыкідваўся, што яго нудзіць, і нават разбіў чарапахай шкло ў шафе, але так і не атрымаў назад свайго пакою. Гары ў гэты час успамінаў учорашні дзень і праклінаў сябе за тое, што не прачытаў ліст у холе. Дзядзька Вернан і цётка Пятуння кідалі адно на аднога змрочныя погляды.

Калі прыйшла пошта, дзядзька Вернан, відавочна намагаючыся дагадзіць Гары, паслаў за ёй Дадлі. Яны чулі, як Дадлі па дарозе калашмаціць усё сваёй Вонінгсавай палкай. Потым раздаўся крык: "Яшчэ адно! Прайвет Драйв, дом №4, Малая Спальня, М-ру Г. Потэру …"

З прыдушаным хрыпам дзядзька Вернан выскачыў з-за стала і панёсся ў хол, па пятах пераследуемы Гары. Дзядзьку Вернону прыйшлося паваліць Дадлі на падлогу і сілай вырваць ліст, прычым Гары ў гэты час з усіх сіл цягнуў дзядзьку за шыю, імкнучыся адцягнуць яго ад Дадлі. Пасля некалькіх хвілін бязладнай бойні, у якой кожнаму перапала мноства ўдараў палкай, дзядзька Вернон выпрастаўся, хапляючы ротам паветра і пераможна сціскаючы ў руцэ ліст.

- Ідзі да сябе ў камору - ой.., у пакой, - свісцячым, прыдушаным голасам загадаў ён Гары. – Дадлі, ідзі - кажу табе, ідзі адсюль.

 Гары кругамі хадзіў па новым пакоі. Хтосьці ведае не толькі аб тым, што ён пераехаў, але і аб тым, што ён не атрымаў першага ліста. Пэўна, яны паспрабуюць напісаць яшчэ раз? І ужо гэтым разам ён пастараецца, каб ліст дайшоў па прызначэнні. У яго выспяваў план.

Наступнай раніцай стары будзільнік зазвінеў у шэсць гадзін раніцы. Гары хутчэй выключыў яго і бясшумна апрануўся. Галоўнае нікога не абудзіць. Не запальваючы святла, Гары пракраўся ўніз.

Ён вырашыў пачакаць паштльёна на куце Прайвет Драйв і ўзяць у яго пошту для дома №4. Ён прабіраўся па цёмным холе, і сэрца яго латашылася як звар'яцелае…

- ААААААААА!

Ад жаху Гары высока падскокнуў і прызямліўся на нешта вялікае і слізкае, што ляжала на падлозе ля дзвярэй - нешта жывое!

Наверсе запалілася святло, і Гары, да свайго жаху, зразумеў, што вялікім і слізкім быў дзядзькаў твар. Дзядзька Вернон начаваў пад дзвярыма ў спальным мяшку, відавочна, вырашыўшы перашкодзіць Гары дабрацца да пошты першым. На працягу прыкладна паўгадзіны дзядзька крычаў на Гары, пасля чаго загадаў яму пайсці і прынесці кубак гарбаты. Гары сумна паплёўся на кухню, а вярнуўшыся, выявіў, што пошта ўжо прыйшла і ляжыць у дзядзькі на каленях. Гары разглядзеў тры канверты, надпісаныя ізумруднымі чарніламі.

- Гэта мае… - пачаў быў Гары, але дзядзька Вернан дэманстратыўна парваў лісты на дробныя шматкі.

 У гэты дзень дзядзька Вернан не пайшоў на працу. Ён застаўся дома і забіў шчыліну для лістоў.



- Убачыш, - тлумачыў ён цётцы Пятунні скрозь цвікі ў роце, - калі яны не змогуць даставіць іх, яны спыняцца.

- Я у гэтым не ўпэўненая, Вернан.

- Пятуння, разумееш, мазгі ў іх уладкаваныя інакш, чым у нас з табой, - сказаў дзядзька Вернон і стукнуў па цвіку кавалкам торта, які падала яму цётка Пятуння.

У пятніцу прыйшло ўжо дванаццаць лістоў. Паколькі іх не змаглі апусціць у шчыліну, то прасунулі пад дзверы, а таксама ў бакавыя шчыліны, і яшчэ некалькі закінулі ў вакенца ваннай на ніжнім паверсе.

Дзядзька Вернан зноў застаўся дома. Пасля спалення лістоў ён узброіўся малатком і цвікамі і забіў дошчачкамі ўсе шчыліны ва ўваходных дзвярах і на заднім ганку, так што ніхто ўжо не мог выйсці з хаты. Падчас працы ён спяваў "і вораг збяжыць, збяжыць, збяжыць" і ўздрыгваў ад найменшага шоргату.



У суботу сітуацыя стала выходзіць з-пад кантролю. Дваццаць чатыры лісты для Гары прабраліся ў дом, укладзеныя ўнутр кожнага з двух тузінаў яйкаў, якія цётка Пятуння прыняла з рук вельмі збянтэжанага малочніка праз вакно гасцінай. Пакуль дзядзька Вернан абурана тэлефанаваў на пошту і ў малочную краму, спрабуючы адшукаць вінаватых, цётка Пятуння прапускала лісты праз мясарубку.

Раніцай у нядзелю дзядзька Вернан спусціўся да сняданку з выглядам стомленым і нават хворым, але ўсё-ткі шчаслівы.

- Па нядзелях не прыносяць пошту, - весяла праспяваў ён, накладваючы мармелад на газету, - так што гэтых чортавых лістоў…

Пры гэтых яго словах нешта са свістам выляцела з трубы і стукнула дзядзьку па патыліцы. Следам з каміна як кулі паляцелі лісты, трыццаць, ці нават сорак штук. Усё прыхіліліся, адзін Гары кінуўся, імкнучыся злавіць хоць бы адзін…

- ПРЭЧ! ПРЭЧ!

Дзядзька Вернан ухапіў Гары і выкінуў яго ў хол. Цётка Пятуння і Дадлі выляцелі з кухні, зачыняючы твары рукамі, і дзядзька Вернан зачыніў дзверы. Чуваць было, што лісты працягваюць сыпацца з трубы, адскокваючы ад падлогі і сцен.

- Значыць, так, - сказаў дзядзька Вернон, імкнучыся захоўваць спакой, але ў той жа час выдзіраючы жмуты з вусоў, - каб праз пяць хвілін усе былі сабраныя. Мы з'яжджаем. Вазьміце толькі самае неабходнае. І Без пярэчанняў!

З абадранымі вусамі ён выглядаў так страшна, што ніхто так і не вырашыўся пярэчыць. Праз дзесяць хвілін яны ўжо прабілі сабе шлях скрозь забітыя дзверы і імчаліся ў машыне па шашы. На заднім сядзенні ўсхліпваў Дадлі, які атрымаў ад бацькі за тое, што затрымаў ад'езд, спрабуючы ўпіхнуць у заплечнік тэлевізар, відэамагнітафон і камп’ютар.

Яны імчаліся і імчаліся. Нават цётка Петунья не адважвалася спытаць, куды ж яны едуць. Час ад часу дзядзька Вернон рэзка разварочваўся і некаторы час ехаў у зваротным напрамку.

- Пазбавімся ад пагоні… ад хваста… - мармытаў ён у гэтых выпадках.

Цэлы дзень яны не спыняліся нават для таго, каб перакусіць. Увечары Дадлі ўжо выў уголас. Гэта быў самы кашмарны дзень у яго жыцці. Ён прагаладаўся, прапусціў цэлых пяць перадач па тэлевізары і наогул яшчэ ні разу не праводзіў так шмат часу, не падарваўшы ніводнага камп’ютарнага прышэльца.

Нарэшце, на ўскраіне вялікага горада дзядзька Вернан затармазіў каля нейкай панурай гасцініцы. Дадлі і Гары пасяліліся ў адным пакоі. Дадлі тут жа захрапеў, а Гары сядзеў на падваконні, глядзеў, як свецяць фарамі машыны і напружана думаў…

Снедаць прыйшлося бутэрбродамі з марынаванымі памідорамі. Не паспелі яны даесці, як падышла гаспадыня гасцініцы.

- Прабачце, хто з вас тут будзе м-р Г. Потэр? Тут прыйшло каля сотні вось такіх вось…



І яна паказала ліст, трымаючы яго так, каб яны маглі прачытаць ізумрудны адрас:


Коксворт
Гасцініца "Мёртвая цішыня"
Нумар 17
М-ру Г. Потэру

Гары пацягнуўся было за лістом, але дзядзька Вернан стукнуў яго па руцэ. Жанчына безуважна назірала.

- Я вазьму іх, - сказаў дзядзька Вернан, хутка паднімаючыся і выходзячы з сталовай следам за гаспадыняй.

* * *

  - Можа быць, лепш паехаць дахаты? - асцярожна спытала цётка Пятуння праз некалькі гадзін пасля ад’езду з гасцініцы, але дзядзька Вернан, па ўсім, не чуў яе. Чаго ён наогул імкнуўся дамагчыся, ніхто зразумець не мог. Ён заехаў у лес, выйшаў, агледзеўся, затрэс галавой, зноў улез у машыну, і яны паехалі далей. Тое ж самае адбылося і пасярод узаранага поля, і на падвесным мосце, і на страсе шматпавярховай стаянкі.

 - Тата здурэў, так, мам? - сумна спытаў Дадлі ў маці ўвечары таго ж дня. Дзядзька Вернан прывёз іх на бераг мора, замкнуў у машыне і знік.

Пачаўся дождж. Буйныя кроплі барабанілі па страсе. Дадлі хлюпаў носам.

- Сёння панядзелак, - паведаміў ён цётцы Пятунні, - сёння будзе "Вялікі Ўмберта". Я жадаю, каб у нумары быў тэлевізар.

Панядзелак. Гэта Гары аб нечым нагадала. Калі сёння панядзелак - ужо што-што, а дні тыдня Дадлі ведаў добра, інакш як бы ён глядзеў тэлевізар - значыць, заўтра, у аўторак, Гары будзе адзінаццаць. Вядома, для Гары дзень нараджэння ніколі не быў нічым такім асаблівым. У мінулы раз, напрыклад, яму падарылі вешалку для паліто і старыя шкарпэткі дзядзькі Вернана. Але ўсё ж не кожны дзень табе спаўняецца адзінаццаць.

Дзядзька Вернан вярнуўся, усміхаючыся. У руках ён нёс доўгі плоскі пакет, але не адказаў, калі цётка Петунья спытала, што гэта ён купіў.



- Я знайшоў выдатнае месца! - абвясціў ён. - Вылазьце! Пайшлі!

На вуліцы было вельмі халодна. Дзядзька Вернан паказваў кудысьці даволі далёка ў моры, дзе высілася штосьці, падобнае да скалы. На вяршыні скалы тулілася няшчасная маленечкая хатка. Можна было з упэўненасцю сказаць, што там няма тэлевізара.

- Сёння ўначы абяцаюць шторм! - выклікнуў дзядзька з застылай усмешкай памяшанага і запляскаў у ладкі. - А гэты джэнтльмен ласкава пагадзіўся пазычыць нам сваю лодку!
   Да іх бокам наблізіўся бяззубы старэча і з задаволенай усмешкай паказаў на старую лодку, што хісталася на хвалях сера-сталёвай вады.


- Я узяў сёе-тое пад’есці, - сказаў дзядзька Вернон, - так што - усе на борт!

У лодцы было смяротна халодна. Ледзяныя пырскі марской вады і кроплі дажджу запаўзалі за каўнер, вецер біў па твары. Падавалася, прайшло шмат гадзін, перш чым яны дабраліся да скалы, дзе дзядзька Вернан, спатыкаючыся і саслізгваючы, праклаў шлях да напаўзруйнаванага прыстанку.

Усё ў доме выклікала агіду. Пах гнілых водарасцей, вецер, які са свістам урываўся ў вялізныя шчыліны паміж сценамі з грубых дошак, а ў коміне было безнадзейна пуста . У хаціне меліся ўсяго два пакойчыкі.

Сухі паёк дзядзькі Вернана аказаўся чатырма бананамі і пакуначкам чыпсаў кожнаму. Пры дапамозе пустых пакетаў дзядзька паспрабаваў развесці агонь у каміне, але пакеты толькі дымілі і зморшчваліся.

- Вось дзе лісты б спатрэбіліся! - весела пажартаваў дзядзька.

Ён знаходзіўся ў выдатным настроі - відавочна, быў упэўнены, што ніякія лісты не злолеюць дабрацца сюды, да таго ж у шторм. Гары пра сябе згаджаўся з ім, хоць яго самога такая думка не радавала.

Наступіла ноч, і пачаўся абяцаны шторм. Пырскі ад высачэзных хваль білі ў сцены хаціны, ад лютага ветра бразгаталі ваконныя рамы. Цётка Пятуння знайшла ў суседнім пакоі некалькі парослых цвіллю коўдр і паклала Дадлі на пабітай моллю канапе. Сама яна разам з дзядзькам Вернанам адправілася спаць на праваленым ложку ў суседні пакой, а Гары не заставалася нічога іншага, акрамя як адшукаць найменш цвёрдае месца на падлозе і згарнуцца там пад самай танюткай, самай старой коўдрай.

Шторм станавіўся ўсё мацней, і Гары не мог заснуць. Ён дрыжаў і варочаўся з боку на бок, імкнучыся ўлегчыся ямчэй. Жывот зводзіла ад голаду. Храп Дадлі заглушалі нізкія грымоты, што пачаліся дзесьці каля апоўначы. Падсветлены цыферблат гадзінніка на тоўстай руцэ Дадлі, якая звісала з канапы, паказваў, што праз дзесяць хвілін Гары споўніцца адзінаццаць. Хлопчык ляжаў і глядзеў, як з ціканнем гадзінніка дзень нараджэння падыходзіў усё бліжэй, думаў аб тым, ці ўспомняць аб гэтым дзядзька і цётка, і ўяўляў, дзе зараз можа знаходзіцца невядомы аўтар лістоў.



Яшчэ пяць хвілін. Раздаўся трэск. Гары вельмі спадзяваўся, што страха не праваліцца, хоць, магчыма, ад гэтага хаця б стане цяплей. Чатыры хвіліны. Раптам, калі яны вернуцца, дом на Прайвет Драйв будзе настолькі запоўнены лістамі, што яму як-небудзь атрымаецца прачытаць хоць бы адзін?

Тры хвіліны. Цікава, гэта мора так ударае аб камяні? І (засталося дзве хвіліны) што гэта за дзіўны гук, нібы нешта абсыпаецца? Можа быць, скала руйнуецца і сыходзіць пад ваду?

Яшчэ хвіліна, і яму будзе адзінаццаць. Трыццаць секунд… дваццаць… дзесяць… дзевяць… - абудзіць, мо, Дадлі, хай пазлуецца - тры… дзве… адна…

БУМ!

Хаціна задрыжала, Гары сеў і паглядзеў на дзверы. Хтосьці стукаў знадворку, жадаючы ўвайсці.

РАЗДЗЕЛ IV —


Ключнік

   БУМ! Пастукалі яшчэ раз. Дадлі прыскокнуў.

- Хто страляў? - сонна спытаў ён.

Ззаду раздаўся шум - гэта дзядзька Вернан недарэчнымі скокамі прабіраўся па пакоі. У руках у яго была стрэльба - зараз стала зразумела, што хавалася ў доўгім плоскім пакеце.

- Хто там? - прагукаў ён. - Я узброены!

 Наступіла паўза. А потым –

ШАРАХ!

У дзверы стукнулі з такой зруйнавальнай сілай, што яна заляцела ў хаціну і з грукатам звалілася на падлогу.



На парозе стаяў самы сапраўдны гігант. Вялізная фізіяномія амаль цалкам хавалася пад густой грывай зблытаных валасоў і доўгай неахайнай барадой, але вочы ўсё-ткі можна было разгледзець, яны блішчэлі з-пад усяго гэтым валосся нібы два вялікія чорныя жукі.

Гігант праціснуўся ў халупу, нізка схіліўшы галаву, але ўсё роўна здымаючы павуціну са столі. Ён нахіліўся, падняў дзверы і без высілкаў паставіў яе на месца. Скуголенні буры сталі меней гучныя. Гігант агледзеў прысутных.

- Гарбаты не знойдзецца, а? - спытаў ён. - Выматаўся як сабака.

Ён прайшоў да канапы, дзе, паміраючы ад страху, сядзеў Дадлі.

- Пасунься, тоўсты, - сказаў незнаёмец.

Дадлі завішчаў і ўцёк. Ён схаваўся за спіну маці, якая, у сваю чаргу, ціснулася за спіной у дзядзькі Вернана.

- Ага, вось і Гары! - выклікнуў волат.

Гары зазірнуў у суровы, дзікі, цёмны твар і ўбачыў маршчынкі вакол усміхаўшыхся вока-жукоў.

- А я цябе в-о-о-о-сь такім памятаю, - паказаў рукамі волат. – Глядзі ж ты, выліты тата, а вочы - маміны.

Дзядзька Вернан са скрыгатам уцягнуў паветра.

- Я патрабую, каб вы неадкладна пакінулі гэты дом, сэр! - запатрабаваў ён. - Вы ўрываецеся… урываецеся…

- Адстань, - адмахнуўся гігант; перахіліўся праз спінку канапы, адабраў стрэльбу ў дзядзькі Вернана, з лёгкасцю завязаў яе ў вузел і зашпурнуў у далёкі кут пакойчыка.

Дзядзька Вернан, падобна раздушанай мышы, ціха піскнуў.

- Карацей, Гары, - загаварыў волат, паварочваючыся спіной да Дурсляў, - віншую з днём нараджэння! Вось, прыцягнуў тут табе нештачка - толькі, пэўна, сеў на яго недзе па дарозе - ну, ды нічога, усё адно смачна.

З унутранай кішэні чорнага плашча ён выцягнуў злёгку памятую скрынку. Гары дрыготкімі пальцамі адкрыў яе і знайшоў там вялікі ліпкі шакаладны торт, на якім былі выведзеныя зялёныя літары: "З днём нараджэння, Гары!"

Задраўшы галаву, Гары паглядзеў у твар вялізнаму чалавеку. Ён хацеў сказаць дзякуй, але словы захраснулі ў горле, і замест "дзякуй" ён прашаптаў:

 - Вы хто?

Волат хахатнуў.

- Сапраўды, не пазнаёміліся. Рубеюс Хагрыд, ляснік і ключнік у "Хогвартсе".

Працягнуўшы неверагодных памераў далонь, ён цалкам увабраў у яе руку Гары і моцна сціснуў.

- Ну, як з гарбатай там? - нагадаў ён, паціраючы рукі. - Дарэчы, калі ёсць што пакрапчэй, таксама не адмоўлюся.

Яго погляд упаў на пусты комін, дзе валяліся скурчаныя пакецікі з-пад чыпсаў. Ён пагардліва і схіліўся над комінам; ніхто так і не ўбачыў, што ж ён зрабіў, але, калі праз секунду гігант разагнуўся, там ужо шугаў вясёлы агонь. Па халодным пакоям адразу ж разлілося цяпло, і ў Гары з'явілася адчуванне, што ён ляжыць у гарачай духмянай ванне.

Гігант разваліўся на канапе, якая прасела пад яго цяжарам, і пачаў выкладваць з кішэняў плашча розныя рэчы: медны імбрычак, слізкі пакунак сасісак, качаргу, заварачны імбрычак, некалькі абколатых кружак і бутэльку бурштынавай вадкасці, да якой ён сур’ёзна прыклаўся, перш чым прыступіць да падрыхтоўкі вячэры. Неўзабаве хатка напоўнілася пахам смажыўшыхся на вагні сасісак. Пакуль Хагрыд працаваў, усё маўчалі, але, як толькі ён зняў з качаргі першыя шэсць штук апетытных, пахкіх, злёгку падгарэўшых сасісак, Дадлі ледзьве прыкметна паварушыўся. Дзядзька Вернан паспешна перасцярог:

- Не бяры ў яго нічога, Дадлі!

Гігант пагардліва хмыкнуў.

- Твайму пончыку, Дурслі, ужо і так няма куды далей тлусцець, так што не тузайся.

Ён працягнуў сасіскі Гары. Хлопчык невыносна прагаладаўся, і яму здалося, што ён у жыцці не еў нічога смачней. Падчас ежы Гары не зводзіў вока з волата. Паколькі ніхто нічога не тлумачыў, Гары вырашыўся спытаць сам:

- Выбачыце, я так і не зразумеў, вы хто?

Гігант дасканала адсярбнуў з кубка і выцер рот тыльным бокам рукі.

- Кліч мяне Хагрыд, - сказаў ён, - як усе. Я ужо гаварыў, я - ключнік у "Хогвартсе" - ты, яс'справа, ведаеш пра "Хогвартс".

- Ммм… не, - прызнаўся Гары.

Хагрыд быў узрушаны.

- Выбачайце, - хутка дадаў Гары.

- Выбачайце? - прароў Хагрыд, грозна гледзячы на Дурслі, якія, відавочна марылі хутчэй праваліцца скрозь зямлю.

- Гэтая яны павінны прасіць прабачэння! Ну, лісты да цябе не даходзілі, добра, але каб дзіця не ведала пра "Хогвартс"! Ну а сам ты што, ніколі не пытаў, дзе твае продкі ўсяму навучыліся?

- Чаму ўсяму? - спытаў Гары.

- ЧАМУ УСЯМУ? – раз’юшана паўтарыў Хагрыд. - Ну, пачакайце, Дурслі!

Ён ускочыў на ногі. У гневе ён, падавалася, запоўніў пакой цалкам. Дурслі уціснуліся ў сцяну.

- Гэта ж як разумець?! - заараў Хагрыд. – Гэта што значыць, гэты хлапец - вось гэты вось самы - нічога не ведае - НІ ПРА ШТО?!

Гары вырашыў, што гэта ўжо залішне. У рэшце рэшт, ён жа хадзіў у школу, і адзнакі ў яго заўсёды былі нядрэнныя.

- Сёе-тое я ведаю, - умяшаўся ён, - я ўмею лічыць і ўсё такое.

Хагрыд толькі адмахнуўся:

- Пра наш свет, я гавару. Твой свет. Мой свет. Свет тваіх бацькоў.

- Які свет?

Відаць было, што Хагрыд гатовы падарвацца.

- Ну, Дурслі! - правуркатаў ён.

Дзядзька Вернан, змярцвела-бледны, прашаптаў нешта накшталт: "тыры-пыры". Хагрыд узрушана глядзеў на Гары.

- Як жа гэта ты не ведаеш пра мамку з татай! - ускрыкнуў ён. - Яны ж знакамітасці! І ты - знакамітасць!

- Што? Хіба мае… мае маці з татам знакамітасці?

- Не ведае… не ведае… - Хагрыд, запусціўшы руку ў валасы, утаропіўся на Гары з непадробным спачуваннем.

- І табе не сказалі, хто ты такі? - спытаў ён пасля доўгай паўзы.
   Дзядзька Вернан раптам набраўся адвагі.

- Маўчыце! - запатрабаваў ён. - Маўчыце, сэр! Я забараняю вам распавядаць хлопчыку што б там ні было!

І больш адважны чалавек, чым Вернан Дурслі, завагаўся б пад лютым позіркам, якім узнагародзіў яго Хагрыд у адказ, а калі волат загаварыў, літаральна кожная літара ў кожным яго слове дрыжала ад гневу.

- Ты яму не сказаў? Не чытаў ліст Дамблдора? Я там быў! Я бачыў, як Дамблдор яго пісаў! Ясна табе, Дурслі? І ты пра гэта столькі маўчаў?

- Пра што маўчаў? - узбуджана перабіў Гары.

- МАЎЧАЦЬ! ЗАБАРАНЯЮ! - у паніцы пракрычаў дзядзька Вернон.

Цётка Пятуння задрыжала ад жаху.

- Схадзі, падыхай паветрам, можа астынеш, - параіў дзядзьцы Вернану Хагрыд. - Гары! Карацей, ты - чараўнік.

У халупе запанавала маўчанне. Чуваць было, як грукоча мора і свішча вецер.

- Я - хто? - ахнуў Гары.

- Чараўнік, вядома ж, - паўтарыў Хагрыд, зноў усаджваючыся на канапу, якая са стогнам правалілася яшчэ ніжэй, - і яшчэ які! З такімі продкамі, кім табе і быць? Ну, чаго ж… мабыць, самы час прачытаць вось гэта.

Гары працягнуў руку да жаданага жаўтлявага канверта, адрасаванаму "Мора, Хаціна-на-скале, м-ру Г. Потэру". Ён разгарнуў ліст і прачытаў:



1   2   3   4   5   6   7   8   9   10   11


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка