Б. Сачанка “Загадка аднаго падполля”




старонка3/3
Дата канвертавання01.07.2016
Памер496.25 Kb.
1   2   3

- У вас ёсць магчымасць скупіць віну перад савецкімі людзьмі , перад Бацькаўшчынай, - гаварыў Шорахаў паліцаям.

Перш, чым падацца ў лес, бургамістр выпрасіў у акупацыйных улад паболей рознай зброі, нібыта для ўзмацнення аховы валасной управы ад партызан. Немцам, якія яшчэ нічога не падазравалі, гэта спадабалася.

- Гут, гут, - хваліў усё той жа обер-лейтэнант.

У вызначаны дзень Вялікую Выдрэю пакінула паўтара дзесятка добра ўзброеных паліцэйскіх на чале з бургамістрам. Яны трымалі курс на Хацямлянскі лес. На паўдарозе сутыкнуліся з немцамі.

- Куды? – запытаў іхні афіцэр у Шорахава.

- Аблаву робім.

- Чаму без павязак?

- Для маскіроўкі.

Фрыцы, здаецца, паверылі, бо затрымліваць болей не сталі. А праз якой паўгадзіны перабежчыкі апынуліся на абумоўленым месцы, дзе іх чакалі партызаны.

Вось тады і загаварылі пра Шорахава. Ад вёскі да вёскі перадавалася незвычайная навіна.

- Чулі, - пачынаў гаворку хто-небудзь з сялян, - бургамістр выдрэйскі аказаўся чырвоным.

- Кажуць, нашы спецыяльна пакінулі яго тут, каб шкодзіць немцам, - выказвалі свае меркаванні больш дасведчаныя.

Безумоўна, гэта былі проста здагадкі, бо пра тое ніхто дакладна не ведаў. Людзі ж расказвалі самае неверагоднае. І па сённяшні дзень яшчэ ходзяць легенды пра чырвонага бургамістра Аляксея Шорахава.


ВАРОЖАЯ ПРАВАКАЦЫЯ
Пасля таго, як з дапамогай здрадніка гітлераўцам удалося выкрыць камсамольска-маладзёжную арганізацыю ў Пагосцішчы, яны разлічвалі, што з падпольшчыкамі скончана раз і назаўсёды. Аднак ворагі пралічыліся. Арганізатары і ўдзельнікі групы, вымушаныя спачатку хавацца ў лясах ад расправы, уліліся затым у рады народных мсціўцаў. Замест тых юнакоў і дзяўчат, якія сталі партызанамі, прыйшлі іх таварышы. Падполле па-ранейшаму дзейнічала.

Цяпер мужныя патрыёты трымалі цесную сувязь з ляснымі салдатамі, іх дзейнасцю кіравала непасрэдна партызанскае камандаванне. Для выканання адказных даручэнняў у вёсцы былі пакінуты два цёзкі – Пётр Шаўчэнка і Пётр Шэрыкаў. Першы і раней удзельнічаў у падпольнай рабоце. Толькі па нейкай выпадковасці прозвішча яго не значылася ў спісе, які Хіжняк перадаў немцам. Гэта і дазволіла камсамольцу Шаўчэнку пазбегнуць арышту.

Шэрыкаў таксама застаўся тут невыпадкова: Пётр даводзіўся стрыечным братам старасту Андрэю Шэрыкаву, і яму было лягчэй, чым каму-небудзь іншаму ўвайсці ў давер’е акупайцыйных улад. Менавіта гэтую акалічнасць мелі на ўвазе кіраўнікі партызанскага атрада, калі рашылі зрабіць яго сваім сувязным. І не памыліліся.

У хуткім часе ў Пагосцішчы зноў аднавілася падпольная работа. Сувязным партызан актыўна дапамагалі Яўген Наследнікаў, Уладзімір Рэйнбах, сёстры Вольга і Ніна Янушкоўская, Уладзімір Вараб’ёў, Барыс Анціпенка, іншыя юнакі і дзяўчаты. Амаль усе яны былі камсамольцамі, жадалі змагацца з лютымі фашыстамі. Удзельнікі групы адпраўлялі ў лес зброю і медыкаменты, прадукты харчавання і адзенне, збіралі і перадавалі даныя аб праціўніку.

Аднак няправільна было б думаць, што гэта давалася лёгка. Барацьба яна і ёсць барацьба. Устрывожаныя не на жарты дзейнасцю партызан і падпольшчыкаў, акупанты прымалі ўсе захады, ішлі на любыя хітрыкі, каб выявіць і абясшкодзіць няўлоўных змагароў. Пры самай нязначнай правіннасці хапалі кожнага падазронага і цягнулі на допыт у валасную ўправу або ў камендатуру.

Не заставаліся ўбаку і паліцаі. Асабліва выслужваўся перад гітлераўцамі Максім Уражэнка. Гэта па яго даносу загінула выкладчыца Высачанскага педагагічнага тэхнікума Бася Давыдаўна Плашчынская, якую доўгі час хавалі вяскоўцы. А неяк выпадкова на вочы нягодніка папалася Марыя Шапурова.

- Вось маці партызан, - указаў ён немцам.

Жанчыну тут жа арыштавалі. Затым адправілі ў Лёзна, дзе пасля допытаў жорстка закатавалі.

Фашысцкі прыхвасцень так расперазаўся, што не пашкадаваў нават братаву жонку – Настассю Уражэнка – выдаў яе і Марыю Шляпо, бежанку з Мінска, нібыта за сувязь з партызанамі. Абедзвюх даставілі ў Віцебск у гестапа. Далейшы іх лёс невядомы.

Для здзяйснення сваіх каварных планаў захопнікі не грэбавалі ніякімі метадамі. Аднойчы ў Пагосцішчы аб’явіліся двое незнаёмцаў. Адзін назваўся Мішкам, другі – Францам. У мясцовых жыхароў яны дапытваліся, як знайсці партызан. Калі зайшлі да Таццяны Іванаўны Наследнікавай і пачалі настойліва ўпрошваць завесці іх у лес, тая прыкінулася прасцячкай, хоць ведала – малодшы сын Жэня звязаны з ляснымі салдатамі.

- Колам пранясі тых партызан! – наўмысна лаялася жанчына. – Адкуль жа мне, бабе, знаць, дзе яны ёсць? Вядзіце лепш дзела з мужчынамі.

Нязваныя госці вымушаны былі рэціравацца ні з чым. І ўсё ж такі свайго дамагліся. Пашкадавала іх Марыя Бондарава. Яе расчуліла легенда аб прыгодах “нясчасных гаротнікаў”, таму рашыла дапамагчы небаракам адшукаць партызан. Так зусім несвядома жанчына стала ахвярай варожай правакацыі.

Толькі адну ноч правялі ў атрадзе лазутчыкі. А назаўтра ў вёску наляцелі карнікі. Усіх жыхароў сагналі ў школу, дзе раней размяшчаўся штаб. Афіцэр цераз перакладчыка прылюдна дапытваўся у Бондаравай:

- Хто яшчэ водзіцца з бандытамі?

Заўпірацца не мела сэнсу, бо правакатары бачылі ў атрадзе Пятра Шэрыкава і Вольгу Янушкоўскую. Якраз у той дзень яны насілі у лес спечаны вяскоўцамі хлеб, іншыя прадукты.

Арыштаваных адвезлі ў Віцебск. На першым жа допыце гестапаўцы зверскі збілі іх, аднак прымусіць выдаць іншых не здолелі.Падпольшчыкі мужна прынялі смерць.

А партызан удалося папярэдзіць Яўгену Наследнікаву. Выкарыстаўшы зручны момант, юнак агародамі прабраўся да бліжэйшых кустоў і праз лічаныя мінуты апынуўся ў атрадзе. Народныя мсціўцы своечасова паспелі змяніць сваё месцазнаходжанне.
НАСЛЕДНІКАЎ - ЗНАЧЫЦЬ НАШЧАДАК
Кожны з нас у дзяцінстве меў любімых герояў, з каго б мы хацелі браць прыклад. Для Наследнікава такім героем з’яўляўся родны дзядзька Пётр Міхайлавіч. Праўда, Яўген ніколі не бачыў яго, бо нарадзіўся на восем гадоў пазней, як таго не стала.

Было гэта 30 мая 1918 года. Камісару зямельнага аддзела Высачанскай воласці Пятру Наследнікаву даручылі раздаць панскі лес сялянам. Падыходзячы да сядзібы мясцовага пана Бонке, ён заўважыў там вялікі натоўп. Камісар загадаў чырвонаармейцам, якіх выдзелілі яму ў дапамогу, застацца ў садзе, а сам рашуча пакрочыў наперад. Не паспеў дастаць з кішэні распараджэнне на выдачу лесу, як кулакі, пільнаваўшыя камісара, схапілі яго. У той жа міг абяззброенымі аказаліся чырвонаармейцы. Ворагі пачалі здзеквацца над Пятром. Так яны вылівалі сваю нянавісць да Савецкай улады.

- Вы заб’еце мяне, але вам ніколі не забіць праўду. На маё месца стануць іншыя і адпомсцяць, - чуўся звонкі голас Наследнікава.

Трынаццаць штыкавых ран нанеслі звар’яцелыя ад лютасці бандыты. Цела камісара сяляне перанеслі ў дом, дзе ён жыў. Няспынным патокам колькі дзён ішлі сюды людзі, каб развітацца з чалавекам, які аддаў жыццё за іх светлую долю, за народнае шчасце. Імя Пятра Міхайлавіча Наследнікава стала сімвалам беззапаветнай адданасці справе служэння народу.

Яўген ганарыўся сваім родзічам, імкнуўся быць ва ўсім падобным на дзядзьку. Нездарма ж ён носіць такое гучнае прозвішча Наследнікаў – значыць нашчадак.

Калі фашысты апынуліся пад Віцебскам, дзе юнак вучыўся ў чыгуначным вучылішчы, маці яго Таццяна Іванаўна рашыла перабрацца з сынам у Пагосцішча. Дзед Рыгор з радасцю прыняў любімага ўнука.

Гараджанін хутка асвойтаўся ў новым асяроддзі, завёў дружбу з многімі вяскоўцамі. А пасля выпадку ля чыгуначнага моста найлепшым прыяцелем яму стаў Рыгор Сыркін. Іменна Рыгор параіў сябру збіраць і хаваць зброю для партызан.

Юнаку падабаўся вясковы побыт, нялёгкая хлебаробская праца. Не горш за іншых навучыўся касіць, хадзіць за плугам, любіў даглядаць жывёлу. Асабліва захапляўся конямі. І трэба ж такому здарыцца: аднойчы Яўгену давялося свядома калечыць гэтых жывёлін.

Загадаў неяк стараста Шэрыкаў ехаць хлопцу ў абоз пад Сураж. Там сабралася падвод, мусіць, з трыццаць. Калі Наследнікаў даведаўся, што яны павінны звазіць з поля бою скрыні з патронамі, ціха сказаў такому ж, як і сам, падлетку:

- Нельга дапамагаць фрыцам, каб потым гэтай зброяй забівалі нашых людзей. Трэба нешта прыдумаць.

- Можна зрабіць у коней надрэз ля капытаў і змазаць спецыяльнай маззю, - прашаптаў той у адказ.

- А дзе яе ўзяць?

- Ёсць у аднаго надзейнага чалавека.

Так і зрабілі. Немцы доўга не маглі ўцяміць, чаму ўсе коні раптам закульгалі. Прыйшлося спыніць работу. Перавозка смертэльнага грузу была сарвана.

У другі раз стараста распарадзіўся даставіць прадукты харчавання для акупантаў у Вялікую Выдрэю. А каб ніхто не затрымаў у дарозе, выдаў хлопцу нямецкі аўсвайс (пропуск). Яўген цяпер прымаў актыўны ўдзел у дзейнасці падпольнай групы і ведаў, дзе знаходзяцца партызаны. Доўга не раздумваючы, ён прымае рашэнне - завезці падарунак лясным салдатам, а заадно прыхапіць схаваную зброю.

На паўдарозе стрэў гітлераўцаў. Спыніўся. Паказаўшы аўсвайс, сяк-так растлумачыў , куды і што вязе.

- О я, я, гут, - зразумеў, нарэшце, старшы і прапусціў падводу, нават не стаў правяраць груз.

Хлопец з палёгкай уздыхнуў. Як толькі ворагі скрыліся з віду, крута павярнуў направа, трымаючы кірунак у бок Хацямлянскага лесу…

У верасні 1942 года Яўгена Наследнікава прынялі ў рады партызан. Смелага, рашучага юнака залічылі ў групу падрыўнікоў. Першая баявая аперацыя, у якой прымаў удзел малады партызан, прайшла ўдала – ля Клімчонак спусцілі пад адхон варожы эшалон з жывой сілай і тэхнікай.

Не раз потым выходзіў на чыгунку з сябрамі адважны падрыўнік, выконваючы адказныя заданні. А 20 студзеня 1943 года пры разгроме аднаго нямецкага гарнізона пад Суражам атрымаў цяжкае раненне. Пакуль даставілі ў шпіталь, страціў многа крыві, пачалося заражэнне. Толькі ампутацыя нагі выратавала ад смерці…

Так Яўген Канстанцінавіч Наследнікаў у грозны для Радзімы час усім сваім жыццём даказаў, што ён дастойны нашчадак легендарнага камісара Пятра Міхайлавіча Наследнікава.
НЕРАЗЛУЧНЫЯ СЯБРЫ
У суседняй вёсцы Мерзлякова не было такой дзейнай падпольнай групы, як у Пагосцішчы. Аднак і тут з першых дзён акупацыі расло супраціўленне гітлераўскім захопнікам. Людзі помнілі аб нядаўнім свабодным, шчаслівым і мірным жыцці, таму не маглі і не хацелі мірыцца з “новым парадкам” нязваных прышэльцаў, які выклікаў усеагульную нянавісць. Многія вяскоўцы, пераважна моладзь, хто невялічкімі групамі, а хто і паасобку, як маглі шкодзілі ворагу, аказвалі дапамогу партызанам.

Найбольшай актыўнасцю сярод мерзлякоўскіх юнакоў і дзяўчат вызначаліся камсамольцы Аляксандр Пруднікаў і Уладзімір Пятрыцкі. Расказваюць, што гэта былі два верныя, неразлучныя сябры. Сядзібы іх бацькоў знаходзіліся побач, і хлопчыкі яшчэ ў дзяцінстве моцна здружыліся. Да вайны разам вучыліся ў Пагосцішчанскай сямігодцы, адначасова ўступілі ў камсамол, заўсёды і ва ўсім дзяліліся між сабой, здавалася, дня не маглі пражыць адзін без аднаго.

- Вадой іх не разальеш, - жартавалі знаёмыя і родзічы.

Калі ў родную вёску прыйшлі гітлераўскія захопнікі і пачалі наводзіць свае законы і парадкі, сябры пакляліся змагацца з чужаземнымі прышэльцамі да апошняй кроплі крыві. У доме Пятрыцкіх на гарышчы ўстанавілі радыёпрыёмнік і па навушніках часта слухалі перадачы з Масквы. Потым расказвалі сялянам аб сапраўдным становішчы на фронце.

- Адкуль пра тое ведаеце? – з недаверам пыталіся некаторыя.

- Верныя людзі казалі…

Як і многія іх равеснікі, Аляксандр і Уладзімір збіралі розную зброю на месцы былых баёў, а затым хавалі яе ў тайніку. Хутка яны даведаліся, што ў навакольных лясах аб’явіліся партызаны. Пры першай жа магчымасці перадалі народным мсціўцам шмат зброі, сталі прасіцца ў атрад. Камандзір, падумаўшы крыху, сказаў:

- За “трафеі” дзякуем, а ў лес ранавата яшчэ – вам жа абодвум па пятнаццаці няма. Лепш будзьце пакуль нашымі сувязнымі. Вось, скажам, наляцяць у вёску немцы ці паліцаі, дык вы ўмоўны знак падайце, каб здалёк быў відзён.

- Мы можам дастаць нямецкія дакументы, калі гэта патрэбна, - прапанавалі сябры.

- Было б вельмі дарэчы. Але дзе возьмеце?

- У старасты бачылі.

- Добра. Толькі дзейнічаеце асцярожна.

Задаволеныя, што з імі размаўляюць як з дарослымі, хлопцы стараліся выканаць любое даручэнне. Стараста Герасім Калачоў нават не здагадваўся аб тым, што многія аўсвайсы, якія выдаваў яму нямецкі афіцэр, выкарыстоўваюцца цяпер зусім па іншаму прызначэнню. Няўцям яму быў і такі факт: толькі ў вёску наскочаць акупанты, на доме Пруднікавых на самым вільчаку ў міг паяўляецца невялічкая елачка. Як ні стараліся ворагі, партызаны ні разу не нарваліся на засаду ў Мерзлякове.

Але аднойчы здарылася непапраўнае – юных патрыётаў неспадзявана арыштавалі. Хаця ніхто не ведаў прычыну, вяскоўцы аднадушна заяўлялі – гэта справа Хіжняка. Нейкі час ён жыў у Пруднікавых і, вядома, здагадваўся аб настроі малодшага сына гаспадароў, ведаў таксама пра некаторыя яго дзеянні. Здраднік і данёс немцам.

Пры вобыску ў Аляксандра Пруднікава знайшлі камсамольскі білет, разабраны аўтамат, некалькі бланкаў нямецкіх пропускаў, якія хлопцы не паспелі перадаць у атрад. У Пятрыцкага апрача прыёмніка выявілі наган і патроны.

Абодвух паліцаі завялі ў дом да старасты і там пачалі жорстка катаваць. Доўга дапытваліся пра партызан, аднак юныя змагары маўчалі, цярпліва пераносячы неймаверныя здзекі. Акрываўленых, збітых да паўсмерці камсамольцаў фашысцкія прыхвасні забралі з сабой у Вялікую Выдрэю. Новыя допыты і катаванні не зламілі волю мужных патрыётаў. Тады арыштаваных перадалі гестапаўцам у Віцебск. І зноў допыты, зноў катаванні…

Неразлучныя сябры Аляксандр Пруднікаў і Уладзімір Пятрыцкі па-геройску загінулі, але не скарыліся, не сталі на калені перад захопнікамі.
АПОШНІ БОЙ ЮНАГА ГЕРОЯ
Алена Васільеўна Каткова доўга ламала галаву, але так і не магла ўцяміць, чаму паліцаі даставілі яе ў валасную ўправу. Толькі на допыце даведалася, якая страшная небяспека навісла над ёю і сынам.

- Вы ёсць маці Валянцін Бірукоф? – задаў першае пытанне таўшчэзны, нібы піўная бочка, немец з кручанымі пагонамі на плячах. Ён важна раскінуўся ў крэсле за сталом і старанна праціраў шкельцы акуляраў.

- Так, - кіўнула галавою.

- Чым займайся сын?

Поціск плячыма.

- Не ведаеш? Я ведай: ён збірайт зброю партызанам. Гавары! – афіцэр, нарэшце, скончыў свой занятак, адзеў акуляры і ўставіўся на жанчыну.

Алена Васільеўна з жахам глянула на немца.

- Што вы, яму ж і чатырнаццаці няма…

- Мальчаць!

- Можа й падхапіў дзе нягодную стрэльбу. Вядома ж – малец…

- Мальчаць!!! – гітлеравец, як уджалены, ускочыў і з усяе моцы стукнуў кулаком па сталу.

У гэты момант адчыніліся дзверы. На парозе з’явілася Кацярына Бурцік, яе былая кватэрантка.

- Не адна, пан афіцэр, а дзве… Дзве стрэльбы ў яго!

Пасля допыту Каткову зачынілі ў спецыяльнай камеры. Дык вось у чым справа! Аказваецца, гэтая Бурцік, якой дала прытулак, і яе пляменніца Лінка (яна тут перакладчыцай лічыцца, а больш з афіцэрамі фліртуе) рашылі падзарабіць на іхнім горы. Акупанты ж не раз абяцалі шчодрую ўзнагароду за дапамогу доблесным воінам фюрэра. Вось і знайшліся “памочніцы” …

Назаўтра Алену Васільеўну павезлі ў Віцебск. “На смерць еду”, - падумалася жанчыне. Аднак нечакана ёй пашчасціла. Ці то следчы аказаўся разумнейшым, ці яшчэ што, толькі неўзабаве Каткову адпусцілі. Праўда, не забыліся наказаць, каб адлупцавала як след “шлехт кіндэр”.

Стомленая, абяссіленая ад перажытых хваляванняў вярнулася дамоў. Кінулася да сына, абняла, заплакала. Выслухаўшы маці, той, насупіўшы бровы, доўга маўчаў, потым разважна, па-даросламу, сказаў:

- Не плач, мама, я ўжо не маленькі. Ды і не час цяпер для дзіцячых забаў. А змагацца з гэтымі людаедамі павінны мы ўсе – і дарослыя, і малыя, - хто як можа.

Алена Васільеўна ва ўсе вочы глядзела на сына, нібы бачыла яго ўпершыню. Нічога не адказала, толькі ўздыхнуўшы, падумала сабе: “ Божа мой, як хутка сталеюць у вайну дзеці! Ці даўно ён бегаў у школу, а сёння такое кажа?!..” Не ведала тады яна, што бачыць сваю родную крывінушку апошні раз у жыцці…

У той дзень у Валянціна Бірукова быў прыўзняты настрой. Нядаўна ён занёс партызанам два ручныя кулямёты, і сам камандзір пахваліў за гэта, паабяцаўшы, нарэшце, прыняць у атрад. Цяпер хлопец крочыў на чарговую сустрэчу, а каб не ісці з пустымі рукамі, рашыў прыхапіць з сабой яшчэ адзін кулямёт, схаваны на Катовічавай гары ў пуні, што засталася ад былога калісьці тут хутара.

Не паспеў падыйсці да тайніка, як з-за прыдарожных кустоў вынырнула вялікая група немцаў. Адступаць было позна, бо яго таксама заўважылі.

- Хальт! Хенде хох! – раздаўся вокрык.

Валянцін кінуўся бегчы. Карнікі ўслед адкрылі агонь. Ля самай пуні ўпаў – апякло нагу. Паўзком дабраўся да будыніны, лёг за кулямёт. А ворагі ўсё бліжэй і бліжэй. Наперадзе афіцэр з пісталетам у руцэ нешта крычыць салдатам. Мусіць, загадвае ўзяць уцекача жыўцом.

Злавіўшы фрыца на мушку, хлопец націснуў на кручок. Афіцэр неяк ненатуральна ўзмахнуў рукамі і асеў. Звалілася яшчэ некалькі гітлераўцаў. Сярод наступаючых адбылося замяшанне – такога яўна не чакалі.

- Што, гады, хацелі знянацку партызан захапіць? Не выйдзе! - Бірукоў, сцяўшы ад болю і злосці зубы, паліваў і паліваў фашыстаў свінцом.

Больш дзесятка варожых салдат было скошана меткім агнём. Столькі ж курчылася і енчыла на полі бою ад ран. А кулямёт не змаўкаў.

Нарэшце, карнікам удалося запаліць пуню. Страляць стала немагчыма: дым выядаў вочы, загарэлася вопратка. Тады адважны кулямётчык выскачыў з будыніны і скаціўся з горкі, пачаў качацца ў лужыне, каб загасіць на сабе агонь. Тут і наляцелі, нібы груганнё, ворагі.

Юны герой апошні раз акінуў позіркам лес, поле, блакітнае неба – усё, чым даражыў і захапляўся, за што цяпер паміраў…
БАРАЦЬБА ПРАЦЯГВАЕЦЦА
У 1942 годзе ўсенародная барацьба з нямецка-фашысцкімі захопнікамі на Лёзненшчыне, як і па ўсёй Беларусі, набыла шырокі размах. Не па днях, а па гадзінах раслі партызанскія атрады. У лес ішлі цэлымі групамі. У Выдрэйскім сельсавеце толькі з Пагосцішча і Мерзлякова ў рады народных мсціўцаў улілося каля сарака юнакоў і дзяўчат.

Адным з першых лясным салдатам стаў Андрэй Сыркін. Пасля арышту малодшага брата Рыгора, іхні дом спалілі гітлераўцы. Нейкі час Андрэй вымушаны быў хавацца. Потым сустрэўся і пасябраваў з Іосіфам Мікалаевічам Навуменкам, засланым сюды для разгортвання партызанскага руху. Неўзабаве Навуменка становіцца камісарам створанага атрада, а Сыркін – падрыўніком. Аб ім цёпла адзываўся сам камбрыг Аляксей Фёдаравіч Данукалаў у сваіх данясеннях Віцебскаму падпольнаму абкому партыі.

Адважнымі партызанскімі разведчыцамі зарэкамендавалі сябе былыя падпольшчыцы Софія Шапурова і Валянціна Македонава. Аднойчы пры выкананні адказнага і небяспечнага задання Валянціна Македонава трапіла ў рукі фашыстаў. Толькі шчаслівы выпадак дапамог дзяўчыне пазбегнуць смерці.

Сярод народных мсціўцаў аказаліся таксама Ясь Віткоўскі, Пётр Македонаў, Яўген, Леанід і Ніна Шапуровы, Андрэй Клімаў, Віктар і Барыс Анціпенкі, Яўген Наследнікаў, Уладзімір Вараб’ёў, Уладзімір Рэйнбах, Яўген Халюкоў, іншыя пагосцішчанскія падпольшчыкі.

З мерзлякоўскіх камсамольцаў першымі партызанамі сталі Іван Міхайлаў, Сяргей Шабашоў, Пётр Каралёў, Уладзімір Гільдзянкоў, Мікалай Маісееў. Пазней да іх далучыліся многія аднавяскоўцы.

Летам партызаны актывізавалі сваю дзейнасць і ажыццявілі шэраг баявых аперацый. Вось толькі некалькі фактаў. 6 ліпеня яны ўзарвалі чыгуначнае палатно, забіўшы пры гэтым чатырох гітлераўцаў. Амаль на суткі спыніўся рух цягнікоў. Праз дзень у паветра ўзляцела вадакачка на станцыі Выдрэя. 16 жніўня падрыўнікі знішчылі паравоз і 21 вагон з прадуктамі для франтавых нямецкіх часцей. 26 жніўня разграмілі паліцэйскі дазор, устаноўлены ў Пагосцішчы, дванаццаць фашыстскіх прыслужнікаў забралі ў палон. У той жа дзень спалілі мост паміж Пагосцішчам і Мерзляковам.

Амаль ва ўсіх аперацыях народным мсціўцам дапамагалі падпольшчыкі. Так, вадакачку на станцыі Выдрэя ўзарвалі пры садзейнічанні Аляксея Іванавіча Скаўрона. Ён уладкаваўся сюды на работу спецыяльна па заданню партызанскага камандавання. Выкарыстаўшы зручны момант, Скаўрон даў знаць, калі лепш напасці. Ноччу лясныя салдаты скрытна прабраліся ў дзяжурнае памяшканне, звязалі Аляксея Іванавіча і яго напарніка Ніла Васільева, каб адвесці падазрэнне ад падпольшчыка. Пасля ўзрыву немцы знайшлі звязаных дзяжурных. На допыце Ніл Васільеў (акупанты давяралі яму) пацвердзіў паказанні Скаўрона. Абодвух адпусцілі.

Аднак ворагі разумелі, што хтосьці дапамагае партызанам рабіць дзёрзкія, неспадзяваныя налёты. Яны схапілі некаторых падазроных людзей. Сярод арыштаваных аказаўся камсамолец Уладзімір Трэбіла, які жыў на станцыі і меў сувязь з народнымі мсціўцамі. Юнага падпольшчыка закатавалі ў Віцебску ля ветінстытута.

А пазней загінуў і Аляксей Іванавіч Скаўрон. Яго выдалі правакатары. Мужнага патрыёта даставілі ў горад Рудню Смаленскай вобласці. На допыце гестапаўцы жорстка здзекваліся, але не выцягнулі ні слова.

Ні кулі, ні шыбеніцы, ні іншыя зверскія расправы акупантаў не маглі стрымаць народны гнеў. На месца паўшых змагароў станавіліся дзесяткі, сотні новых. Барацьба з лютым ворагам працягвалася да поўнага вызвалення роднай зямлі ад карычневай чумы.


У ПАМЯЦІ НАРОДНАЙ
Шмат зім і вёснаў праляцела з таго часу. Сёння не пазнаць тых мясцін, дзе некалі шугала полымя вайны, дзе вялася цяжкая, кровапралітная бітва за светлую будучыню. Адрадзіўся, расквітнеў наш край. Зруйнаваная фашыстамі вёска Пагосцішча стала яшчэ прыгажэйшай, чым была. Дарэчы, Пагосцішча ў ліку многіх спапалёных дашчэнту вёсак Беларусі прадстаўлена на сусветна вядомым мемарыяльным комплексе “Хатынь”.

Змянілася таксама Мерзлякова. Ад магістралі Віцебск-Смаленск сюды пракладзена асфальтаваная дарога. А непадалёку, на былой пустэчы, вырас новы пасёлак. Ён так і называецца – Новае Сяло. Тут узведзены сучасныя цагляныя чатырох-васьмі- і шаснаццацікватэрныя жылыя дамы, адміністра-цыйны будынак, сярэдняя школа, дзіцячы сад-яслі, сталовая, сельмаг, майстэрня, іншыя збудаванні.

Змяніліся і самі людзі. Усё менш і менш застаецца тых, хто перажыў чорныя дні акупацыі, хто помніць падзеі мінулага. Вырасла цэлае пакаленне, для якога Вялікая Айчынная вайна – старонкі гісторыі.

Сённяшнія юнакі і дзяўчаты хочуць ведаць больш аб жыцці і барацьбе сваіх землякоў. Юныя следапыты па крупінцы збіраюць матэрыялы аб мужнасці і гераізме іх равеснікаў у гады фашысцкай навалы, запісваюць успаміны родзічаў былых змагароў. Імёны падпольшчыкаў і партызан занесены ў Кнігу народнай славы. Пра дзейнасць некаторых удзельнікаў патрыятычнай групы з вёсак Пагосцішча і Мерзлякова ў час акупацыі расказваецца таксама на старонках кнігі “Памяць” (гісторыка-дакументальная хроніка Лёзненскага раёна).

У Вядрэйскай сярэдняй школе многае робіцца па ваенна-патрыятычнаму выхаванню падрастаючага пакалення. Тут ёсць пакой славы, дзе змешчаны каштоўныя матэрыялы, аформлены стэнды, альбом. Праводзяцца розныя цікавыя мерапрыемствы. І амаль кожны раз у школу запрашаюцца госці. Аднойчы адбылася сустрэча з былой падпольшчыцай і партызанскай разведчыцай Валянцінай Яфрэмаўнай Македонавай. Яна расказала школьнікам шмат новага пра дзейнасць пагосцішчанскай моладзі ў час вайны.

Чырвоныя следапыты даведаліся, што многія ўдзельнікі падпольнай камсамольска-маладзёжнай групы сталі пазней партызанамі і склалі свае галовы ў няроўнай барацьбе з ворагам. Так, Софія Дзмітрыеўна Шапурова загінула ў час прарыву варожай блакады ва Ушацкім раёне вясной 1944 года. Яна была паранена кулямётнай чаргой у абедзве нагі. Фашысты сталі акружаць партызанку, каб узяць яе жывой. Софія адстрэльвалася з пісталета да апошняга патрона, апошнім стрэліла сабе ў вісок. Імя Софіі Дзмітрыеўны Шапуровай увекавечана на надмагільнай пліце мемарыяльнага комплексу “Прарыў”. Пра адважную разведчыцу пранікнёна, з душэўнай цеплынёй расказала Л.Шумская ў часопісе “Крестьянка”. “Хачу быць падобнай на яе” – так называўся гэты нарыс.

У баях з гітлераўцамі аддалі жыццё за свабоду і незалежнасць любімай Айчыны Андрэй Сыркін, Пётр Македонаў, Ясь Віткоўскі, Яўген, Анатоль і Ніна Шапуровы, Андрэй Клімаў, Віктар і Барыс Анціпенкі, Уладзімір Вараб’ёў, Уладзімір Рэйнбах і іншыя пагосцішчанскія падпольшчыкі, а таксама Андрэй Шорахаў, якога і цяпер называюць у народзе “чырвоным бургамістрам”.

Некаторыя з іх пахаваны ў родных мясцінах. У вёсцы Пагосцішча ёсць брацкія могілкі, дзе спачываюць каля дзвюх тысяч савецкіх воінаў і пратызан, загінуўшых пры вызваленні Лёзненшчыны. Беражліва даглядаюць мясцовыя жыхары магілы мужных патрыётаў.

Верныя сыны і дочкі, якія ў цяжкі для Радзімы час па закліку ўласнага сэрца выступілі на яе абарону, служаць цяпер натхняючым прыкладам для кожнага юнака і дзяўчыны. Імёны патрыётаў не забыты. Яны будуць вечна жыць у сэрцах землякоў.

Хай жа і гэты невялікі ўспамін стане вянком памяці на магілы заўчасна загінуўшых герояў.

Аддзел бібліятэчнага маркетынгу

ГУК “Лёзненская ЦБС”

211220 г.п. Лёзна, д.98

E-mail: libliozno@rambler.ru



Web-сайт lioznolib.ucoz.ru

1   2   3


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка