Б. Сачанка “Загадка аднаго падполля”




старонка2/3
Дата канвертавання01.07.2016
Памер496.25 Kb.
1   2   3

Смерць нямецкім акупантам!”


У АДЗІНЫМ СТРАІ

Хораша ў асеннім лесе: наўкола цішыня, спакой. Нават не верыцца, што недзе грымяць баі. Сюды не далятае грукат з шашы і чыгункі. Толькі ўгары на старадрэвіне час ад часу выстуквае “марзянку” дзяцел, ды зводдаль даносіцца тонкае папіскванне сінічак. Лісце, кранутае жаўцізной, сям-там апала, прысыпаўшы парыжэлую траву. Паўсюдна цвітуць верасы – нездарма першы месяц восені завецца ў нас вераснем.

І грыбоў усюды процьма – хоць касу закладвай. Самая пара цяпер для грыбнікоў. Зрэшты, вунь ужо трое паказаліся. Толькі што гэта: прыгажун-баравік так і просіцца ў кошык – выскачыў на самай сцежцы, побач вытыркнуўся з-пад пажаўцелага ліста яшчэ такі ж, а людзі чамусьці не заўважаюць іх. Раптам адзін падаўся ўбок, нагнуўся.

- Вось гэта знаходка! – усклікнуў ён.- Хлопцы, глядзіце!

У руках чалавека аказаўся… кулямёт. Да яго падбеглі двое. У большага за плячыма вісеў аўтамат, меншы трымаў аж дзве вінтоўкі.

- Бачыце, нават іржы няма, - пахваліўся першы і кляцнуў затворам. – Ну, цяпер трымайцеся, фашысты!

Дык вось, аказваецца, якія “грыбы” цікавілі хлопцаў!..

У апошні час падпольшчыкі не абмяжоўваліся выпускам і распаўсюджваннем лістовак. На месцы нядаўніх баёў рабяты знаходзілі шмат рознай зброі – нашай і нямецкай. Параіўшыся, рашылі збор яе размеркаваць паміж сабой. Дзяўчатам даручылі шукаць і хаваць у надзейных месцах гранаты і патроны, хлопцам – кулямёты, аўтаматы, вінтоўкі, карабіны…

Усё гэта хавалі ў кустах ля вёскі, а дамоў вярталіся з кошыкамі грыбоў. Па вечарах тайком прабіраліся ў двор да Яся Віткоўскага. Тут зброю чысцілі, змазвалі і перадавалі братам Сыркіным. Андрэй з Рыгорам змайстравалі патаемны склад, пра які ведалі толькі нямногія, а складвалі туды ўсё, што прыносілі рабяты.

- Трэба пастарацца да снегу сабраць паболей “трафеяў”, - гаварыў Андрэй Сыркін. – Думаю, яны нам хутка спатрэбяцца.

І хлопцы стараліся. З кожным днём зброі станавілася ўсё больш і больш. Юныя патрыёты разлічвалі, што як толькі ў лясах аб’явіцца які-небудзь атрад, яны змогуць біць ворага адкрыта разам з партызанамі. Для такіх меркаванняў меліся падставы. Неўзабаве гэта пацвердзіла само жыццё.

Неяк познім восеньскім вечарам да Соні Шапуровай (пасля пажару яна жыла з маці ў школьным будынку) завітаў незнаёмы ў скуранцы. Прад’явіўшы дакументы, завёў размову. Ён – афіцэр Чырвонай Арміі, завуць Віктарам Сізовым. З такіх, як і сам, акружэнцаў стварае баявую групу. Пакуль іх нямнога, жывуць у зямлянках у Хацямлянскім лесе. Сюды зайшоў невыпадкова: неабходна ўстанавіць цесную сувязь з падпольшчыкамі, дамовіцца аб некаторых сумесных дзеяннях. Звярнуцца да яе – Софіі Дзмітрыеўны Шапуровай – параіў надзейны чалавек.

- Ёсць яшчэ адна просьба, - працягваў далей Сізоў. – Па вёсках асела нямала нашых байцоў, што трапілі ў акружэнне. Іх трэба вярнуць у строй.. Ваша задача: пахадзіць, прыгледзецца, хто чым дыша. Рабятам гэта зрабіць прасцей – ніхто не зверніць увагу. Аб усім паведамляйце нам. Сувязь трымаць непасрэдна са мной. Згодны?

- Згодна, таварыш старшы лейтэнант, - па-вайсковаму адказала Соня.

- Вось і добра. – Сізоў глянуў на гадзіннік, заспяшаўся. - Мне пара.

Ужо развітваючыся, сказаў:

- А за лістоўкі і зброю перадайце сваім арлянятам вялікае дзякуй. І папярэдзьце, каб дзейнічалі больш асцярожна: тут мае хлопцы бачылі неяк вашых “грыбнікоў” у лесе.

… Гэту размову з Сізовым, яго даручэнне Шапурова перадала рабятам. Юныя патрыёты лікавалі: цяпер яны ў адзіным страі з воінамі Чырвонай Арміі будуць змагацца за свабоду і незалежнасць любімай Айчыны.


“ЗАВІЦЕ МЯНЕ САША…”

- Танкі… Справа абыходзяць гады!... Сержант, агонь!.. У- ух, горача!...

Чалавек з трыма кубікамі на пятліцах рэзка прыўзняўся, ірвануў за ворат гімнасцёркі і, правёўшы языком па засмяглых губах, абяссілены ўпаў.

“Трызніць”, - здагадалася Соня. Яна хуценька паднесла параненаму шклянку з вадой, паціху пакратала лоб. Цяжка ўздыхнула: “Які гарачы!”. Трэба ратаваць, але як і чым? Лякарстваў аніякіх. Тыя, што мела сама і даставала ў суседзяў, скончыліся. Чацвярых байцоў падняла на ногі, а з гэтым проста бяда. Прынеслі яго ў ліпені, як адступалі, у пуню да дзядзькі Сяргея. Тады многія вяскоўцы ратавалі нашых байцоў і камандзіраў.

Больш двух тыдняў змагалася дзяўчына за жыццё незнаёмага ёй чалавека. І смерць адступіла. Паступова прыходзіў у сябе, нават размаўляць пачаў трошкі. Паспела даведацца, што родам ён з горада Мурама Уладзіміраўскай вобласці, да вайны працаваў у райвыканкаме, завуць Іванам Канстанцінавым… І вось зноў страціў прытомнасць.

“Дзе ж узяць лякарствы? – не выходзіла з галавы. – А што калі…” Соня аж спалохалася ўласнай думкі, гнала яе прэч, аднак іншага выйсця не бачыла. А справа была вось у чым.

Аднаго разу несла яна ў кошыку гранаты. Наверх, як звычайна, для прыліку ўскінула з дзесятак грыбоў. Толькі выйшла з лесу – насустрач веласіпедыст. Збочыла са сцежкі, каб прайсці міма, але пачула:

- Айн мамент!

Пахаладзела ад жаху сэрца: немец уважліва глядзеў на кошык. Соня пазнала яго – бачыла раней ля штаба ў форме унтэр-афіцэра.

- Туды, - не злазячы з веласіпеда, паказаў той на вёску і адмоўна паківаў галавой, - ніхт ком. Дойч зальдацен.

Яшчэ раз кінуў погляд на кошык, чамусьці загадкава ўсміхнуўся і… пакаціў сабе далей.

Тады няма калі было разважаць над ўчынкам дзіўнага немца. Шмыгнула ў кусты, каб на які час прыхаваць небяспечны груз. Цяпер вось усплыло ў памяці.

Прыгадала таксама расказ Ефрасінні Васільеўны, жонкі дырэктара школы Івана Васільевіча Калініна. У час вобыску ў іхняй кватэры гэты самы унтэр-афіцэр заўважыў у шафе схаваны радыёпрыёмнік. Зірнуў на збялелую гаспадыню і моўчкі паспяшаўся да выхаду. За ім падаліся астатнія…

“Не, ён не такі, як усе гітлераўцы. І на людзей савецкіх глядзіць без пагарды, - падумала Шапурова. – Трэба рызыкаваць”.

… Соня не памылілася. Немец аказаўся сапраўды добрым і чулым. Ён не дапытваўся, для чаго дзяўчыне спатрэбілася столькі лекаў. Выняў з шуфлядкі цэлы пачак і працягнуў Соні. Тая з удзячнасцю і, магчыма, упершыню з прыязню глянула на немца.

Паміж імі ўсталявалася нешта падобнае на ўзаемаразуменне. Аднойчы унтэр-афіцэр запрасіў Шапурову ў свой пакойчык. Дзяўчына спачатку вагалася, аднак і адказацца было няёмка – чалавек можа пакрыўдзіцца. Калі зайшла, гаспадар уключыў прыёмнік, настроены на Маскву.

- Я часта слухай Маскау, - сказаў ён.

- Хто вы? – адчаілася, нарэшце, Шапурова задаць пытанне, якое ўсё больш хвалявала яе.

- Я ёсць Отта. Вы называй мяне Саша. Карашо? – засмяяўся немец. Потым твар яго стаў сур’ёзны: - Я плёха гаварыць па-руску, але вы, Сонья, зразумейць…

І унтэр-афіцэр, з цяжкасцю падбіраючы рускія словы, расказаў пра сябе. Нарадзіўся і вырас ён у звычайнай рабочай сям’і. Бацька і старэйшы брат працавалі на заводзе. Разам з многімі антыфашыстамі яны змагаліся супраць прыходу да ўлады нацыстаў. Цяпер брат у турме. Сам жа Отта трапіў на фронт не па сваёй волі. Ён не хоча ваяваць, не хоча забіваць рускіх.

Пасля такой шчырай размовы Соня палічыла за лепшае не скрываць ад Отта-Сашы (так яна цяпер называла унтэр-афіцэра), навошта патрэбны лякарствы. Намякнула і пра тое, чым займаецца сама.

- Я і мае сябры, - адкрыта сказала Шапурова, - гатовы лепш памерці, чым жыць у фашысцкай няволі.

У сваю чаргу Отта-Саша прызнаўся, што сам здагадваўся аб гэтым і вельмі ўдзячны за давер. Ён папрасіў, каб Соня дапамагла яму перайсці да партызан і заявіў, што згодны разам з рускімі “камрадамі” змагацца за агульную перамогу, за свабодную Германію, пакуль не настане “капут” Гітлеру і ўсім нацыстам…

Так з дапамогай нямецкага патрыёта-антыфашыста мужнай падпольшчыцы ўдалося выратаваць ад смерці савецкага афіцэра. Ён хутка пачаў папраўляцца. І калі зусім ачуняў, рашыў падацца да сваіх у лес. На развітанне Канстанцінаў тройчы пацалаваў дзяўчыну і расчулена прамовіў:

- Буду век помніць цябе, выратавальніца мая!
ЗА ЛІНІЮ ФРОНТУ
Слова сваё Отта-Саша стрымаў. Цераз Шапурову ён перадаваў цяпер апрача медыкаментаў звесткі аб руху цягнікоў на станцыі Выдрэя, аб перавозках па чыгунцы жывой сілы і тэхнікі, аб планах камандавання іхняй часці і многія іншыя каштоўныя даныя.

Соню гэта радавала. Значыць, правільна яна паступіла, не памылілася ў чалавеку. Задаволены быў і Віктар Сізоў: мець сярод ворагаў такога памочніка – вялікая справа.

- Няхай пакуль выконвае нашы даручэнні, а ў недалёкім будучым, так і перадай, абавязкова задаволім просьбу таварыша Отта-Сашы – прымем да сябе, - паабяцаў старшы лейтэнант пры сустрэчы з Шапуровай.

Але ішла вайна, і прадугледзець усё наперад было немагчыма. Часць, у якой служыў унтэр-афіцэр, раптоўна перавялі ў іншае месца – бліжэй да фронту. Ён нават не змог аб гэтым папярэдзіць. Пасля разгрому пад Масквой гітлераўскае камандаванне спешна перакідвала свежыя сілы на падмогу адступаючаму войску.

Масква!.. Перамога!.. Якой жа чароўнай музыкай гучалі тады гэтыя два словы – словы радасці і надзеі! Доўгачаканая перамога пад Масквой і далейшае імклівае наступленне нашых войск натхнялі тут, у тыле ворага, савецкіх людзей, заклікалі ўсіх патрыётаў да актыўных, рашучых дзеянняў.

К вясне 1942 года войскі Чырвонай Арміі былі ўжо ў некалькіх кіламетрах ад граніцы Беларусі. Ламаючы ўпорнае супраціўленне ворага, яны месцамі ўшчыльную падышлі да суседняга з Лёзненшчынай Суражскага раёна. Праціўнік падкінуў сюды буйныя падмацаванні і перайшоў да абароны на ўчастку фронту Веліж - Усвяты. На стыку флангаў нямецкіх груп армій “Цэнтр” і “Поўнач” утварылася тэрыторыя, якую занялі партызаны. Так узніклі вядомыя “Суражскія вароты”. Праз іх народныя мсціўцы ўстанаўлівалі цесную ўзаемасувязь з франтавымі часцямі, садзейнічалі пераходу мірнага насельніцтва на Вялікую зямлю, а адтуль – дыверсійным групам у тыл ворага.

- Ёсць даныя, што нашы ў Дзямідаве, - сказаў аднойчы Віктар Сізоў. – Нам трэба наладзіць сувязь, а заадно пераправіць за лінію фронту з каштоўнымі разведданымі двух параненых байцоў. Заданне адказнае і небяспечнае. Каго рэкамендуеце са сваіх?

Соня падумала крыху, а потым сказала:

- Сувязной прапаную Валю Македонаву. Вы яе самі ведаеце – дзяўчына смелая, знаходлівая. А лепшага правадніка, чым Сцепаніда Паўлючкова не знайсці: яна родам з тых мясцін і добра ведае дарогу.

- Што ж, лагічна, - згадзіўся Сізоў.

Неўзабаве з Пагосцішча выехала падвода. Наперадзе сядзелі звычайныя вясковыя дзяўчаты, адна з іх кіравала канём, а ззаду пад накідкай ляжалі… дзве бабулькі. Такую хітрасць прыдумалі самі падпольшчыкі, бо як жа іначай сярод белага дня на вачах у ворага правязеш чырвонаармейцаў? Вось і рашылі пераапрануць іх у жанчын.

Ехалі доўга, стараючыся абмінуць тыя населеныя пункты, дзе маглі быць немцы ці паліцаі. Спачатку гэта ўдавалася. Але, калі пад’язджалі ўжо да Калышак, зусім неспадзявана з-за павароту ў некалькіх кроках вырасла здаравенная фігура гітлераўца з аўтаматам напагатове.

- Хальт! Партызанен?

З-за спіны яго цюцікам выкаціўся чалавечак з шэрым, невыразным тварам і белай павязкай на рукаве.

- Хто такія? Куды? – прагугнявіў ён.

- Хрысціцца трэба, раз партызаны сняцца, - спакойна, як толькі магла, кінула немцу Македонава. І да гугнявага: - Сам хіба не бачыш – цётак вязём да доктара. Тыфам хварэюць…

Бамбіза-немец памкнуўся было да падводы, але, учуўшы страшнае слова “тыф”, спыніўся. Потым прагергатаў нешта свайму памагатаму.

- Ану, каціцеся адсюль, каб і духу вашага не было! – ашчэрыўся той на дзяўчат. – Носіць тут нячыстая сіла ўсякіх…

Ён брыдка вылаяўся. Македонава тузанула каня лейцамі:

- Но-о, гняды, варушыся, а то, бач, пан начальнік злуе…

Калі ад’ехалі далей і адчулі, што небяспека мінавала, адзін з чырвонаармейцаў пахваліў Валю:

- Аднак жа і смелая ты, адразу знайшлася як адказаць.

- А я ўжо было пад спадніцу сабе палез за гранатай, - засмяяўся другі баец.

Надвячоркам пад Дзямідавам іх спынілі нашы разведчыкі. Радасці не было мяжы – баявое заданне выканана!

Сцепаніда Паўлючкова адпрасілася наведаць родзічаў. А з Македонавай доўга яшчэ гутарыў начальнік асабовага аддзела часці. Валя прыняла армейскую прысягу, і яе залічылі сувязной.

Не раз потым адважная патрыётка прабіралася за лінію фронту, выконваючы важныя даручэнні.


МУЖНАСЦЬ ПАДПОЛЬШЧЫКА
Першым немцаў заўважыў Андрэй. Ён корпаўся на агародзе і бачыў, як да іхняй хаты падруліла машына. З яе выскачыла некалькі фрыцаў з аўтаматамі. За імі з кабіны вылез грузны афіцэр.

- Шнэль, шнэль! – падганяў ён аўтаматчыкаў.

“Гэта за намі”, - мільганула здагадка. Сыркін што моцы закрычаў:

- Грышка, уцякай!

Але Рыгор, ці то не ўчуў брата, ці то не зразумеў, што адбываецца наўкола, стаяў не зварухнуўшыся, бы ногі да зямлі прыраслі. Раптам ён кінуўся да хлява, выхапіў з-пад страхі вінтоўку, але стрэліць не паспеў. Фашысты, нібы зграя галодных ваўкоў, накінуліся на хлопца, выбілі з рук зброю, павалілі…

Больш Андрэй нічога не бачыў, бо ў ту ж хвіліну рвануў да бліжэйшых кустоў. Услед яму паслалі некалькі чэргаў. Раз’юшанымі чмялямі пранесліся кулі над галавой, аднак уцякач паспеў нырнуць за малады алешнік.

… Пра малодшага Сыркіна ў вёсцы гаварылі: “Агонь, а не хлопец!” І сапраўды, за што б юнак ні браўся, любая работа проста гарэла ў яго руках. Рыгору ішоў шаснаццаты, аднак быў ён не па гадах рослы, плячысты. Як і старэйшы брат, вызначаўся сілай і лоўкасцю сярод сваіх аднагодкаў. Словам, не ў яго характары было пасаваць перад кім-небудзь. Магчыма па гэтай прычыне адбыўся з ім такі выпадак.

Непадалёку ад станцыі Выдрэя, ля рэчкі Альшанкі, гітлераўцы зрабілі дзот для аховы чыгуначнага моста. Аднак доўгі час ніхто не трывожыў, і яны, звыкшыся з гэтым, выстаўлялі вартавых толькі ноччу. Днём жа пакідалі аднаго дзяжурнага, які што-небудзь рабіў тут, а заадно назіраў за парадкам. Не звярталі ўвагі і на часта гуляўшых паблізу рабят.

Дык вось аднойчы два сябрукі Рыгор Сыркін і Яўген Наследнікаў захацелі пакупацца ля моста. Але не паспелі распрануцца, як іх аклікнуў дзяжурны. Не разумеючы спачатку нічога, падышлі бліжэй.

- Ком, ком, - падзываў той. Потым, паказаўшы на рыдлёўку, загадаў:

- Арбайтэн!

Толькі цяпер дайшло: немец хоча, каб працавалі за яго. Рыгор з нянавісцю глянуў на плюгавенькага фрыца і адрэзаў:

- Ха, знайшоў дурняў – сам укалывай!

Немец раззлаваўся. Падскочыўшы да Рыгора, пхнуў яму ў рукі рыдлёўку, закрычаў:

- Арбайтэн, русіш швайн!

- А ты… ты шчанюк гітлераўскі!

- Вас? Гітлер вас?

- Ды не нас, а вас з Гітлерам знішчым!

Ворагі стаялі адзін супраць аднаго, гатовыя счапіцца ў любы момант. Першым не вытрымаў немец. Коршунам наляцеў на хлопца, учапіўся ў твар кіпцюрамі.

- Ах, так! Ты яшчэ біцца! – ускіпеў Рыгор. Ён рыўком адштурхнуў ад сябе праціўніка і, доўга не раздумываючы, з усяе сілы трахнуў таго па галаве рыдлёўкай: - Атрымлівай, г-гад!

Без адзінага гуку немец мяшком асунуўся на зямлю…

- А ты што стаіш? – азірнуўся Сыркін на збянтэжанага Яўгена. – Ану, давай сюды!

Удвух яны скінулі мёртвага гітлераўца ў рэчку, а самі далі ходу адсюль. Ужо ля хаты Рыгор наказаў сябру:

- Глядзі ж нікому ні гу-гу!..

Некалькі дзён хлопцы чакалі, што фашысты вось-вось узнімуць перапалох. Але праходзілі тыдні, а ў вёсцы па-ранейшаму было ціха. Напэўна, фрыцы палічылі забойства “слаўнага салдата фюрэра” справай рук “лясных бандытаў”, таму не сталі шукаць вінаватых. Так і пранесла тады небяспеку…

Цяпер жа Рыгора ўсё-такі схапілі. Разам з ім забралі таксама Яся Віткоўскага і Сцепаніду Паўлючкову, якія жылі па суседству. Спачатку іх даставілі ў Вялікую Выдрэю. Тут яны даведаліся аб прычыне арышту. Аказваецца, нехта з паліцаяў высачыў, як браты Сыркіны хавалі зброю і данёс аб гэтым фашыстам.

Першыя допыты ніякіх вынікаў не далі. Арыштаваных адправілі ў Віцебск. Але і там нічога не выйшла, бо доказаў супраць Віткоўскага і Паўлючковай не аказалася. Іх вымушаны былі адпусціць.

А Сыркіна доўга яшчэ трымалі ў гестапа. Яго катавалі, дапытвалі, зноў катавалі. Аднак Рыгор маўчаў. Толькі аднойчы, перад самым пакараннем смерцю, на пытанне – навошта яму зброя? – юнак цвёрда адказаў:

- Каб біць вас, гадаў!

Гэта былі апошнія словы мужнага падпольшчыка.


НАЧНАЯ ТРАГЕДЫЯ
Смерць камсамольца Рыгора Сыркіна глыбокім болем адазвалася ў сэрцы кожнага патрыёта. Аднак цяжкая страта не выклікала сярод юных змагароў ні разгубленасці, ні адчаю. Наадварот, яны сталі дзейнічаць яшчэ больш рашуча і смела, імкнучыся хутчэй адпомсціць фашысцскім забойцам за свайго таварыша. А пасля таго, як па вёсках разнеслася чутка, нібыта ў навакольных лясах аб’явіліся партызаны, многія юнакі і дзяўчаты выказалі думку, што для іх настаў час узяцца за зброю.

- Рабяты рвуцца ў бой, - заявіла Шапурова пры сустрэчы з Віктарам Сізовым. – Трэба прымаць нейкае рашэнне, таварыш старшы лейтэнант.

Камандзір групы ведаў, што ва ўмовах падполля ў сельскай мясцовасці цяжка разлічваць на поспех узброенай барацьбы. Тут усюды падпільноўвае небяспека, адзін неасцярожны крок – і правал. Разам з тым ён разумеў настрой моладзі, яе жаданне біцца з ворагам адкрыта. Падумаўшы крыху, Сізоў сказаў:

- Падрыхтуйце спіс вашых людзей. Пры неабходнасці будзем

перапраўляць у лес да партызан.

Праз тыдзень старшы лейтэнант зноў наведаў Шапурову. Разам з ім прыйшлі яшчэ двое. Аднаго Соня пазнала, нават імя і прозвішча ведала – Мікалай Хіжняк. Пасля акружэння ён прыжыўся ў Мерзлякове, а цяпер вось апынуўся ў групе Сізова. Тады Шапурова не магла растлумачыць чаму, але ёй штосьці не падабалася ў гэтым чалавеку, і сустрэча з ім выклікала непрыемнае пачуццё.

Соня перадала спіс падпольшчыкаў Сізову. Ад яго даведалася, што групе чырвонаармейцаў, нарэшце, удалося ўстанавіць сувязь з партызанамі брыгады Аляксея Данукалава.

- Адзін атрад камбрыг накіроўвае сюды, у Хацямлянскі лес. На заўтрашні дзень назначана сустрэча з прадстаўнікамі атрада. Так што хутка і мы будзем біць фрыцаў, - у голасе старшага лейтэнанта чулася радаснае хваляванне.

Аднак наперадзе яшчэ была цэлая ноч. Трывожная ваенная ноч. І ніхто не мог прадбачыць, што прынясе яна на сваіх чорных крылах…

Страшную вестку аб начной трагедыі Шапуровай перадаў Аляксей Шорахаў. Дзяўчына нават вачам не верыла, калі ўбачыла перад сабой бургамістра ўправы.

- Часу ў нас, Софія Дзмітрыеўна, вельмі мала, таму ўсё пытанні пакінем на потым, - заўважыўшы здзіўленне на твары Шапуровай, адразу ж пачаў Шорахаў. – Навіна ў мяне непрыемная: сённяшняй ноччу ля Хоцемлі забіты Віктар Сізоў і тры яго таварышы. Запомні: забойца – Хіжняк. Ён толькі што хваліўся аб гэтым у валасной управе. І яшчэ. На мае вочы здраднік перадаў нямецкаму афіцэру спіс вашай падпольнай арганізацыі, які забраў у Сізова. Вам трэба неакладна ўхадзіць у лес. Не пакідайце нікога з родзічаў, бо немцы могуць узяць заложнікаў. Пра мяне, прашу, пакуль ні слова.

Бургамістр гэтак жа непрыкметна выйшаў, як і з’явіўся.

Нейкае імгненне Соня не магла нават скрануцца з месца.Перад вачыма ўсё плыло. А ў галаве засталіся абрыўкі фраз: “Забіты Віктар Сізоў… Забойца Хіжняк… Перадаў спіс… неадкладна ўхадзіць…” Дзяўчына раптам схамянулася: “Ён жа сказаў – неадкладна!” Значыць, трэба як хутчэй папярэдзіць сваіх сяброў. Зараз жа!..

К вечару многія сялібы ў Пагосцішчы апусцелі. У лес рушылі цэлымі сем’ямі. Ведалі: фашысты не пашкадуюць родзічаў падпольшчыкаў, знішчаць усіх, хто пападзецца ў рукі. Прабіраліся ціха, скрытна, каб не узняць заўчасна трывогу.

Сама Шапурова кінулася да Хоцемлі: хацела пераканацца ў праўдзівасці страшных слоў бургамістра і, па магчымасці, папярэдзіць партызан. Разам з ёю туды таксама бегла Валя Македонава. Толькі выскачылі за вёску (Хоцемля размяшчалася на ўскрайку лесу), як іх аклікнулі. З крайняй хаты, накульгваючы, выйшаў стары. Соня ведала гэтага барадача.

- Вы што, смерці захацелі?! – накінуўся ён на дзяўчат. - Там жа немцы. Пераб’юць, як курапатак!

Нібы ў пацвярджэнне яго слоў, з узлеску амаль адначасова грымнулі два стрэлы. Над галовамі прасвісцелі кулі. Сяброўкі адступілі назад за хату, не ведаючы, куды ім падацца.

- Дзядуля, а партызан вы тут, часам, не бачылі? – Соня запытальна глянула на барадача.

- Мне іх, галубка мая, сам камандзір, калі яшчэ быў жывы, наказваў дзяжурыць. Цяпер во пільную, каб незнарок на засаду не нарваліся… - Стары раптоўна змоўк, азірнуўся. – Ды вунь жа яны, лёгкія на ўспамін.

З другога боку вёскі сюды спяшаліся ўзброеныя людзі. Гэта былі прадстаўнікі партызанскага атрада, якія ішлі на сустрэчу з групай Сізова.

- Хто страляў? – падыходзячы бліжэй, запытаў старшы.

Дзяўчаты і стары расказалі ўсё, што ведалі пра нядаўняе здарэнне.

…Гітлераўцы і паліцаі да позняй ночы чакалі партызан ля зямлянкі, дзе загінулі чырвонаармейцы. Зразумеўшы, што госці не прыйдуць, вымушаны былі ні з чым вяртацца назад у Выдрэю. Але па дарозе нечакана самі трапілі на засаду. Ураганны агонь касіў усіх без разбору. Гэта байцы з групы Сізова помсцілі за смерць свайго камандзіра. На дапамогу ім падаспелі партызаны, якія ішлі на сустрэчу.
ЧЫРВОНЫ БУРГАМІСТР
Аб трагедыі ў Хацямлянскім лесе размоў вялося многа, хаця ніхто тады толкам не знаў, як яно было на самой справе. Толькі пазней сталі вядомы некаторыя падрабязнасці. Аказваецца, у тую ноч, вярнуўшыся з Пагосцішча, Сізоў, Хіжняк, а з імі яшчэ тры чырвонаармейцы заначавалі ў зямлянцы паблізу Хоцемлі (асноўнае жыллё групы знаходзілася далей у глыбіні лесу). Напэўна, Сізоў хацеў тут дачакацца пасланцоў партызанскага атрада. Гэту акалічнасць і скарыстаў Хіжняк для здзяйснення сваёй каварнай задумы.

Сярод начы, калі ўсе паснулі, ён цішком выбраўся з зямлянкі, бясшумна зняў вартавога і вярнуўся назад. Забіць няўзброеных сонных байцоў цяжкасці не складала. Потым забойца дастаў з нагруднай кішэні мёртвага камандзіра спіс падпольнай групы (не ісці ж да немцаў з голымі рукамі), адзеў скуранку старшага лейтэнанта і, не затрымліваючыся болей, падаўся ў Вялікую Выдрэю.

У валасной управе гасцінна сустрэлі ляснога прышэльца. Яшчэ б! Ён жа асабіста забіў чатырох “бандытаў”, а ў дадатак уручыў нямецкім уладам спіс няўлоўных падпольшчыкаў. Фрыцы не скупіліся на пачастунак. Афіцэр у форме обер-лейтэнанта паднёс дабравольнаму памочніку нават бутэльку шнапса з уласнага запасу.

Ды нядоўга давялося нягодніку частавацца германскімі ласункамі. Мужныя савецкія патрыёты рабілі ўсё магчымае, каб дыскрэдытаваць яго ў вачах немцаў, наблізіць час расплаты над здраднікам Радзімы.

Спачатку бургамістр валасной управы ў размове з гітлераўцамі, як бы між іншым, выказаў сумненне наконт шчырасці жадання Хіжняка служыць фюрэру і Вялікай Германіі. Потым ён жа намякнуў, што, маўляў, здагадваецца, па чыёй указцы партызаны зрабілі засаду, у выніку чаго загінула шмат нямецкіх салдат і паліцэйскіх. На яго думку, варта таксама разабрацца, хто папярэдзіў падпольшчыкаў і тыя бясследна зніклі раней, чым пачалася аблава.

- Не шкодзіла б, гер обер-лейтэнант, як след праверыць гэту пералётную лясную птушку, - раіў Шорахаў.

Нарэшце, у руках нямецкага афіцэра “выпадкова” аказаўся “дакумент”, з якога вынікала: Хіжняк - спрактыкаваны рускі разведчык, засланы партызанамі са спецыяльным заданнем. “Здагадка” бургамістра поўнасцю пацвердзілася.

У здрадніка, калі даведаўся, што над ім згусціліся хмары, затрэсліся лыткі. Стоячы на каленях, ён кленчыў літасці, гатовы быў лізаць боты фашыстам, абы толькі даравалі жыццё. Нават обер-лейтэнант, які частаваў шнапсам, не мог раўнадушна глядзець на гэту сцэну. Пагардліва адвярнуўшыся, кінуў салдатам:

- Убраць прэч!

Канец забойцы і здрадніка аказаўся ганебным. Хіжняка спасцігла сабачая смерць: тыя, перад кім слаўся лістам, каму кляўся ў вернасці, растралялі яго як “агента лясных бандытаў”. Праўда, неўзабаве гітлераўцы спахапіліся, зразумеўшы сваю памылку. Але ўжо было позна.

Адчуваючы, што заставацца больш на пасадзе бургамістра небяспечна - пагражае выкрыццё, - Аляксей Шорахаў прымае адзіна правільнае рашэнне: пакуль не позна, перайсці да партызан. За час работы ў валасной управе ён уважліва прыглядаўся да кожнага паліцая. Пераканаўшыся, што некаторыя з іх трапілі на службу да немцаў выпадкова, прапанаваў дзейнічаць заадно.

1   2   3


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка