АЎтарскі курс лекцый “славянская міфалогія” Электронная версія




старонка8/14
Дата канвертавання14.03.2016
Памер2.57 Mb.
1   ...   4   5   6   7   8   9   10   11   ...   14

Лекцыя 9

Тэма 10. Астральныя міфы
План лекцыі:

  1. Асноўныя зоркі і сузор’і, міфы славян пра іх.

  2. Міфы пра планеты.

  3. Зоркі ў фальклоры.

  4. Зоркі ў літаратуры.

Астральныя міфы – гэта ўяўленні людзей пра зоркі, сузор’і, планеты, каметы і іншыя аб’екты і з’явы пераважна начнога неба. Зрэшты, уся міфалогія па прыродзе сваёй касмаганічная, таму астральныя міфы разам з салярнымі і лунарнымі займаюць у ёй цэнтральнае месца.

Свет адзіны. Мы – толькі невялікая частка велізарнага Космасу. У анатоміі нашага цела, нашай душы, нашай свядомасці адлюстраваны законы Сусвету.

Космас – вечная загадка быцця. Чалавек заўсёды імкнуўся да неба. Спачатку думкай, фантазіяй і на крылах мары. Затым – з дапамогай пэўнай тэхнікі. Неба выступае сінонімам Космасу і ў бытавым, і ў філасофскім, і ў навуковым планах. Сусвет можна ўспрымаць па-рознаму: асабіста-зацікаўлена, паэтычна, абстрактна, містычна-рэлігійна. Нас цікавіць апошняе ўспрыняцце, якое пачалося яшчэ з міфалогіі.

Старажытных людзей Космас цікавіў намнога больш, чым нас, людзей, якія жывуць нібыта ў касмічную эпоху. Ад старажытных касмаганічных уяўленняў засталіся матэрыяльныя сведчанні. Так, самы вядомы турыстычны аб’ект на Брытанскіх астравах – Стоўнхендж, – як мяркуюць, архаічная абсерваторыя. Другі выдатны помнік мегалітычнай культуры – тры тысячы вертыкальна пастаўленых камянёў у мястэчку Карнак у Францыі. Камяні цягнуцца радамі на працягу 4 км, уяўляючы сабою своеасаблівую вылічальную канструкцыю на паверхні зямлі, відаць, для разліку руху Сонца ды Месяца. На поўначы Еўропы – 200 так званых лабірынтаў. Курганы на тэрыторыі сучаснай Украіны і Кубані, аказваецца, уяўлялі сабою комплексы, якія імітавалі розныя сузор’і неба. Ды і піраміды Гізэ ў Егіпце – праекцыя на паверхню зямлі сузор’я Арыён. Зусім невыпадкова зоркі маляваліся на столях егіпецкіх храмаў і на шатрах-лукаўках храмаў праваслаўных. Каляндар – што гэта, як не практычнае ўвасабленне ведаў пра Космас? А тым больш міфалогія ды фальклор як закадзіраваная ва ўстойлівых вобразах і сюжэтах калектыўная памяць народа даюць літаральна тысячы прыкладаў касмічных адносін чалавека да свету.

Кожны чалавек у старажытнасці марыў нарадзіцца пад шчаслівай зоркай. І сапраўды, лічылася, што колькі зорак на небе – столькі людзей на Зямлі.

У бачным Космасе 70 сексцільёнаў зорак (пасля 7 – дваццаць два нулі). Каб чытачы ўявілі названую лічбу, скажу, што гэта больш, чым пясчынак ва ўсіх разам узятых пустынях і на пляжах Зямлі. У ясную ноч мы можам налічыць на небе без тэлескопа каля 3000 зорак. Па міжнароднай дамоўленасці неба раздзелена на 88 сузор’яў, назвы якіх у большасці дайшлі да нас з глыбокай старажытнасці. Ярчэйшыя з зорак маюць уласныя імёны: Альдэбаран, Альтаір, Вега, Палярная зорка, Рэгул, Сірыус.

У антычным свеце найбольшую ўвагу прыцягваў менавіта Сірыус з сузор’я Вялікага Пса. Рымскі філосаф І ст.н.э. Сенека пісаў пра Сабачую зорку (так тады называлася яна) як пра чырвоную, хоць мы сёння вельмі добра бачым, што яе колер – бела-блакітны. Ёсць меркаванне, што Сірыус В, спадарожнік гэтай самай яркай зоркі нашага неба, узарваўся больш за тысячу год таму назад як звышновая. Да ўзрыву ён быў чырвоным гігантам (Сенека меў рацыю), пасля ж калапсу ператварыўся ў белы карлік. Гэта гіпотэза сучаснага англійскага астранома У.Х. Мак-Кры, у распрацоўцы якой ён асноўваўся на міфалогіі невялікага (каля 300000 чалавек), дастаткова прымітыўнага па ўзроўні матэрыяльнай (але не духоўнай), культуры народа ў Заходняй Афрыцы – дагонаў. Якраз у іх міфах захаваліся звесткі пра выбух звышновай, не заўважаны наглядальнікамі неба ў іншых краінах. У дагонаў увогуле вельмі складаная, распрацаваная і на дзіва “навукова-сучасная” міфалогія, хоць на самай справе – глыбока архаічная. Так, яны сцвярджаюць, што Сірыўс з’яўляецца “пупом неба” і адыгрывае важнейшую ролю ў групе сузор’яў, сярод якіх галоўныя – Арыён і Плеяды. Названая група непасрэдна і надзвычай актыўна ўплывае на зямное жыццё, яна ж уключана ў “спіральны зорны свет”, пад якім можна разумець Млечны шлях. На многіх зорках, па думцы дагонаў, ёсць жывыя істоты.

Існуюць розныя версіі наконт паходжання міфалогіі дагонаў – ажно да тэорыі палеакантакту. На маю ж думку, дагоны веды пра Сірыус і ўвогуле пра Космас пазычылі ад старажытнага егіпецкага народа. Узыход Сірыуса ў Егіпце быў звязаны з разлівам ракі Ніл, што абяцала дабрабыт для ўсёй краіны. Прычым з’яўленне Сірыуса на ўсходзе лічылася першым днём Новага года, адсюль важнасць гэтай зоркі. Гэткай жа яна з’яўлялася і ў рымлян. Па-латыні Сабачая – “каніс”, таму зорку называлі Канікула. Для рымлян з’яўленне Канікулы на небе азначала надыход самай спякотнай пары: цяжка было нешта рабіць, усе хаваліся па дамах, адпачывалі. Вось этымалогія слова “канікулы”.

Ад Старажытнага Егіпта суседнія народы ўвогуле перанялі вельмі многія звесткі па астраноміі. Праўда, застаецца адкрытым пытанне – адкуль жа такія здзіўляючыя для таго часу веды (многае пацвердзілася толькі ў апошнія гады) у саміх егіпцян? Егіпет хавае такую колькасць загадак, што ад гэтага нельга так проста адмахнуцца. Прыкладам, у іх існавалі рытуальныя танцы, якія сімвалічна перадавалі ход розных свяцілаў на небе. Вядома, што Вялікія Піраміды на дзіва правільна арыентаваны па баках свету. Ёсць думка, што такой дакладнасці будаўнікі дасягнулі, кіруючыся зоркамі, якія ведалі выключна. Адзін з тунэляў унутры піраміды Хеопса накіраваны на Палярную зорку, але гэта справядліва для таго – надзвычай старажытнага – часу, калі Палярная знаходзілася ў сузор’і Дракона. Некалі названае сузор’е было ў цэнтры неба. Адсюль, магчыма, і прысутнасць вобразаў ДРАКОНА, ЗМЕЯ, ЦМОКА ў старажытных міфах, казках і паданнях літаральна ўсіх народаў свету. Ды і пра само сузор’е існуе шмат міфаў. Прыкладам, жыхары старажытнага Вавілона лічылі, што ўсе зоркі на небе сцеражэ страшэнны ДРАКОН, якому сам бог МАРДУК даручыў гэтую справу. Паводле грэчаскага міфа, раз’юшаная багіня АФІНА кінула на неба аднаго з магутных змеяў, які наважыўся ўступіць у спаборніцтва з багамі Алімпа.

Палярная зорка лічылася галоўнай у нашых далёкіх продкаў – арыйцаў, у якіх яна была цэнтральнай воссю неба, тым цвіком, на якім трымаецца свет. Міфалогію арыйцаў добра захавалі сучасныя індусы. Так, паводле іх касмагоніі, у цэнтры Зямлі – гара МЕРУ, над якою размешчаны цэнтр неба – Палярная зорка. Яна, сапраўды, бліжэй за ўсіх да Паўночнага полюса і якраз яна дапамагае вызначаць геаграфічную шырыню месца. Усе народы Еўразіі верылі, што Галактыка круціцца вакол Палярнай зоркі. На самай справе, паўночны полюс нашай Галактыкі праецыруецца на сузор’е Валасы Веранікі, пра якое я ўжо згадвала. Аднак, сапраўды, вось, што праходзіць праз Палярную зорку і Паўднёвы Крыж (найбольш яркае сузор’е ў паўднёвай частцы неба, любімае ў пісьменнікаў-марыністаў) амаль супадае з воссю Галактыкі. Беларусы называлі Палярную зорку Нябесны Кол. І быў у нас бог КАЛЯДА, што адказваў за гадавое кола, за час – нязменна цыклічны. А можа быць, ён адказваў нават і за рух Галактыкі? На жаль, далёка не ўсе ўяўленні пра зорнае неба захаваліся ў нас – нашчадкаў вялікага народа – арыйцаў. Засталіся рэшткі паданняў пра найбольш яркія зоркі і сузор’і неба.

Зноў вернемся да сузор’я Валасы Веранікі. У беларусаў і ўкраінцаў яно называлася Валасажар. Ёсць меркаванне, што тут неяк зафіксавана ўшанаванне бога ВЯЛЕСА ў вобразе лятучага змея, які часта атаясамліваўся з чароўнай птушкай. Але я думаю, што назва мае на ўвазе “жар валасоў”, інакш кажучы, чароўную істоту з залатымі валасамі – дачку СОНЦА (і толькі намнога пазней да міфа далучылася паданне пра валасы жонкі Пталемея Веранікі). Сузор’е, дарэчы, блізка да экліптыкі Сонца, а ЗОЛАТАВАЛОСКА – распаўсюджаны вобраз у казках многіх народаў.

Усе старажытныя народы чамусьці цікавіліся скопішчам зорак Плеяды. У грэкаў гэта сем дачок тытана АТЛАНТА, што трымаў нябесны купал на сваіх плячах. Ва Украіне сузор’е называлася Квочка, але не простая, а тая, што знесла Сусветнае Яечка. У беларусаў жа, паводле А.Сержпутоўскага, была другая назва – Сітко: “Тут анёлы адсяваюць праведныя душы ад грэшных”. Народ або інтуітыўна (што малаверагодна), або на падставе рэшткаў ранейшых навуковых звестак, якія засталіся ад старажытных (дапатопных) зямных цывілізацый, ведаў пра значнасць пэўных аб’ектаў. Магчыма, у Космасе названае сузор’е – сапраўды, “сіта”, але для чаго – для якіх выпраменьванняў, палёў – мы, натуральна, не ведаем. У рускіх Плеяды – сем дзяўчат-прыгажунь, якіх хацелі выкрасці сем братоў-рабаўнікоў і за гэта былі адпраўлены багамі на неба сцерагчы Палярную зорку, дзе яны і ўтварылі сузор’е Вялікай Мядзведзіцы.

Вялікая і Малая Мядзведзіцы заўсёды выклікалі найбольшую цікавасць (якраз у сузор’е Малая Мядзведзіца ўваходзіць Палярная зорка). Вялікая Мядзведзіца ў нашым небе здаецца раскінутай асабліва нізка і таму найбольш прыгожай. Антычны міф распавядаў пра німфу КАЛІСТА ў свіце багіні АРТЭМІДЫ, якая патрабавала ад сваіх спадарожніц захавання цнатлівасці. Але німфу пакахаў ЗЕЎС, і дзяўчына чысціню страціла. Раззлаваная АРТЭМІДА ператварыла яе ў мядзведзіцу, але ЗЕЎС перанёс каханку на неба і гэтым ушанаваў. Малая Мядзведзіца – іх дзіця.

Вялікая Мядзведзіца – самае вядомае сузор’е нашага неба. На Беларусі яе можна назіраць круглы год. Усяго тут 125 зорак, але мы адрозніваем у асноўным сем. У народзе сузор’е называлі па-рознаму: Воз, Вялікая Павозка, Лось, Коўш, Валасыня, Вось, Масеяў Палец. Беларусы гаварылі – Воз, украінцы – Віз. Як воз (калясніца) паўстае яно не толькі ў еўрапейскіх народаў, але і ў старажытных шумераў, у кітайскай і нават амерыкана-індзейскай міфалогіі. Гэта прымушае задумацца, бо справа тут, відаць, не толькі ў рэальным падабенстве да канкрэтнай рэчы, няхай і вельмі важнай у вандроўках старажытных плямёнаў, а ў нечым больш істотным. Я думаю, назва сузор’я сімвалічна перадае ідэю руху, пастаянную дынаміку Сусвету. Усе жыхары рэгіёну ў межах ад 49 да 52 градуса паўночнай шыраты называлі сябе “дзецьмі Вялікай Мядзведзіцы”.

У летнія і асеннія вечары ў небе Паўночнага паўшар’я Зямлі вылучаюцца тры найбольш яркія зоркі, якія ўтвараюць агромністы трохкутнік: Вега ў сузор’і Ліры, Дэнеб у сузор’і Лебедзя і Альтаір у сузор’і Арла. З Ліраю звязаны міф пра АРФЕЯ, таму ўсё сузор’е і зорка ў ім Вега шануецца мастакамі, выклікаючы шмат паэтычных асацыяцый. Паэты Вегаю часта называлі найпрыгажэйшую дзяўчыну, разлучаную са сваім каханым – Сірыусам, што знаходзіўся па другі бок Млечнага Шляху. Дэнеб – па-арабску “хвост курыцы”: гэтак непаэтычна жыхары Пярэдняй Азіі разумелі сузор’е Лебедзя. Між тым старажытныя грэкі бачылі Лебедзем самога ЗЕЎСА, які ў птушыным вобліку спусціўся да прыгажуні ЛЕДЫ, нарадзіўшай дзяцей ад яго, як вядома, з яечка. Утварэнне свету з Касмічнага Яечка – галоўны матыў многіх міфалагічных сістэм, і гэтым падкрэсліваецца важнасць сузор’я. Але славяне называлі яго інакш: Хрэст на Украіне, Крыж на Беларусі. Крыж – цэнтр усяго ў свеце, перасячэнне ўсіх бінарных апазіцый, сімвал самога Жыцця і Вялікай Ахвяры, прынесенай ў імя Жыцця. Утвораны ж названымі сузор’ямі велізарны трохкутнік з Дэнебам-вокам пасярэдзіне як бы ўказвае на важнасць лічбы 3 у нашай прасторы. Успомнім, што трохкутнік з вокам пасярэдзіне – адзін з самых старажытных і таямнічых усясветных сімвалаў.

Сузор’е Арыён – таксама адно з самых прыкметных на зорным небе. Паводле антычнага міфа, АРЫЁН – мужны і прыгожы юнак, сын бога вады ПАСЕЙДОНА, таму сузор’е лічыцца навігацыйным: па ім можна знайсці шмат іншых сузор’яў ды зорак. А вось беларусы яго называлі Граблі (што яно грабло – якія касмічныя часцінкі?); рускія ў ім бачылі сялян, якія абмалочваюць снапы жыта. Усяго існуе 21 назва сузор’я, сярод іх – Дзявочыя Зоры, Пятроў Крыж, Тры Цары.

Расшыфроўка старажытных народных назваў сузор’яў ва ўсходніх славян дазваляе гаварыць пра астральную прыроду нашага язычніцтва.

Сузор’е Цяльца было прысвечана вялікаму богу ВЯЛЕСУ.

Першапачатковая назва сузор’я – Вол, а канчатак “ес”, як мяркуюць, гоцкага паходжання і азначае “бог”. Праўда, на Украіне ўжывалася і іншая назва – Тур. Велізарныя быкі туры вадзіліся і на Беларусі. Горад Тураў быў адным з самых вялікіх і слаўных гарадоў Старажытнай Русі, з’яўляўся радзімай лепшага пісьменніка таго часу ва Усходняй Еўропе Кірылы Тураўскага. Назва яднае нас з архаічнай цывілізацыяй Італіі, што існавала яшчэ да Рыма, – цывілізацыяй этрускаў (корань “рус”), аднаго з самых загадкавых народаў свету. У іх богам неба быў ТУР. У германскіх плямёнаў – ТОР.

Першаснае значэнне надавалася сузор’ю Цяльца-Вала-Тура ў эпоху, калі ў ім знаходзілася кропка веснавога раўнадзенства (з ІV па ІІ тыс.да н.э.). З гэтага дня пачынаўся Новы год у многіх народаў. Ёсць думка, што нават літара “А” фінікійскага, а на самай справе яшчэ шумерскага, алфавіту паходзіць ад стылізаванага адлюстравання (у праекцыі) галавы быка.

А вось ПЕРУНУ адпавядала, я думаю, сузор’е Стральца. Кропка веснавога раўнадзенства ў гэтым сузор’і знаходзілася яшчэ ў ХХ тыс.да н.э. Здавалася б, неверагодная архаіка. Але і пра велізарную старажытнасць вобраза ПЕРУНА сведчыць той факт, што гэты бог пад рознымі імёнамі (хецкі ПІРВА, іранскі ПЕЙРАМУН, індыйскі ПАРДЖАНЯ, літоўскі ПЕРКУНАС) сустракаецца ў вельмі многіх народаў. У першаславян ён называўся, я мяркую, ПЯРВУН. У значна больш познюю эпоху ў сузор’і Стральца нараджалася СОНЦА падчас зімовага сонцавароту. Сам ПЯРУН – не СОНЦА, але брат яго. На Каляды германцы і славяне заўсёды забівалі свінню, бо дзік (вяпрук) быў жывёлай, прысвечанай ПЕРУНУ. Яшчэ зусім нядаўна ў славян, як і ў этрускаў, па ўнутраных органах вепрука варажылі. У эпоху язычніцтва ў свяшчэнны дуб, таксама прысвечаны ПЕРВУНУ, устаўлялі сківіцы з ікаламі маладога вепрука – сімвала нованароджанага СОНЦА. Свяшчэнныя дубы, ужо акамянелыя, з ікаламі ў іх, знойдзены археолагамі ў рацэ Днепр.

Этнографы Беларусі глыбока зацікаўлены архаічным і вельмі адметным абрадам “Пахаванне стралы”, зафіксаваным у Веткаўскім раёне Гомельскай вобласці. Я мяркую, што абрад якраз вельмі добра стасуецца з ПЕРВУНОМ-Стральцом і адлюстроўвае касмаганічны рытуал, звязаны і з сузор’ем, і з богам.

Планеты на небе таксама ўяўляліся зоркамі. Старажытны свет ведаў сем рухомых свяцілаў, уключаючы Сонца і Месяц. Прычым кожнай планеце адпавядаў пэўны дзень тыдня, час сутак, нота ў гаме, колер вясёлкі, ступень цяпла і вільгаці, пах, метал, мінерал, расліна, жывёла, тыпы і тэмпераменты людзей, часткі цела, хваробы і, безумоўна, чалавечы лёс. Кожная планета ёсць, уласна, увасабленне важнейшых чалавечых якасцяў, жаданняў і імкненняў: Меркурый – хітрасць і гнуткі розум, Венера – каханне, Марс – разбуральныя інстынкты, Юпітэр – прага ўлады, Сатурн – імкненне да смерці (некрафілія), Сонца – гармонія, Месяц – летуценнасць. Усе яны, як бачым, поўнасцю суадносяцца з міфалагічнымі персанажамі, імёнамі якіх і названыя. Адпаведна людзі, што нарадзіліся пад уплывам той ці іншай планеты, надзяляюцца пэўнымі характарыстыкамі: Сатурн дорыць чалавеку сур’ёзнасць, змрочны, меланхалічны характар; Юпітэр – добразычлівасць, імкненне да ўлады, пачуццёвасць; Марс – ваяўнічасць, грубасць, энергію; Сонца – узвышанасць думак і пачуццяў, мастацкі талент; Венера – фізічную прыгажосць, пажаднасць; Меркурый – знаходлівасць, практычнасць; Месяц – схільнасць да фантазіі, паэтычнасць.

Планетам быў падпарадкаваны ўвесь жывёльны і раслінны свет, напрыклад, Сонцу адпавядаў леў, арол, дуб. Гэткі ланцуг зноў-такі грунтуецца на яўнай міфалагічнай аснове: Сонца – цар на небе, з ім звязаны “цар звяроў”, “цар птушак” і “цар раслін”.

Усе астралагічныя схемы абапіраюцца на антычную міфалогію, дзе містычны сімвалізм змешаны з канкрэтнымі рэаліямі свету. Можна смяяцца з астралагічных ўяўленняў, тым больш не варта верыць прагнозам, што рэгулярна друкуюць бульварныя выданні, але нельга не адзначыць, што міфалагічнае мысленне, на якім заснавана астралогія, імкнецца да вычарпальнай паўнаты свету, няхай сабе і фантастачнай, да таго універсалізму, якога так не хапае сучаснай навуцы, разарванай на асобныя галіны, амаль не звязаныя паміж сабою. Універсалізм, гармонія, паўната сувязяў паміж рознымі з’явамі ў Космасе – гэта тое, што засталося ад міфалогіі і якраз, можа быць, тое, што патрабуецца сучасным людзям, расчараваным у пазітыўных навуках.

Убачыць ісціну сёння можна, толькі ведаючы законы міфалагічнага мыслення, якое, дарэчы, неабходна і для таго, каб зразумець дзіцячую псіхалогію. Міфалагічная свядомасць у сучаснага чалавека складана камбінуецца, узаемадзейнічае, пераплятаецца з лагічным, навуковым мысленнем – адсюль цікавасць да такіх паранавук, як астралогія. Разумець міфалагічнае мысленне выключна важна – і ў мэтах выхавання дзяцей, і для развіцця творчых здольнасцяў, і для разумення паводзін чалавека, ажно да яго жэстаў, мімікі, нават псіхапаталагічных станаў.

Астралогія – своеасаблівы мост паміж міфалогіяй і астраноміяй. Але і ўласна астраномія як навука ў апошні час усё больш цікавіцца міфалогіяй, шукаючы ў ёй адказы на некаторыя важныя пытанні. Напрыклад, чаму Венера круціцца вакол восі не так, як іншыя планеты, а наадварот? Ці не знаходзіцца яна на сваёй арбіце параўнальна нядаўна? Ці не падарожнічала яна па Сонечнай сістэме, як мяркуюць некаторыя вучоныя, неаднойчы праходзячы блізка каля Марса? Гэтаму ёсць пацвярджэнні ў антычнай міфалогіі: Марс і Венера – даўнія закаханыя. Венера – ранішняя і вячэрняя, надзвычай яркая зорка на небе. Славяне яе называлі ДЗЯННІЦАЙ. У розных рэгіёнах яна – сястра, або дачка, або жонка СОНЦА. СОНЦА раўнуе яе да МЕСЯЦА і не дазваляе ім сустракацца, бо МЕСЯЦ сапраўды заляцаецца да ДЗЯННІЦЫ. Зорка абвяшчае ўзыход Сонца, вядзе яго на неба і знікае ў яго яркім ззянні. Ноччу яна свеціць ярчэй за ўсіх, дапамагае МЕСЯЦУ. У рускіх казках Дзянніца выступае пад імем КРАСЫ НЕНАГЛЯДНАЙ.

У антычнай міфалогіі МАРС – бог вайны, і ніхто не любіў яго, акрамя сястры ЭРЫДЫ, багіні варожасці, ды ВЕНЕРЫ. У геніяльнай філасофска-сатырычнай кнізе Джанатана Свіфта “Падарожжа Гулівера” апісаны два спадарожнікі Марса – Фобас і Дэймас, якія былі адкрыты астраномамі толькі праз 150 год пасля надрукавання рамана Свіфта, і гэта адна з самых інтрыгуючых літаратурных і навуковых загадак. Пра нашэсце марсіянаў пісаў таксама выдатны англійскі пісьменнік Герберт Уэлс у “Вайне светаў”, а пра падарожжа на Марс – рускі класік ХХ ст. Аляксей Талстой у “Аэліце”. Увогуле Месяц і Марс – самыя прыцягальныя для літаратуры аб’екты, паколькі жыла вера ў іх населенасць.

Пералічаныя зоркі, сузор’і і планеты ў асноўным і засталіся ў памяці народа. Як бачым, з імі звязваліся нейкія вызначальныя параметры Сусвету і самыя вялікія багі, што ўвасаблялі важнейшыя прыродныя стыхіі або чалавечыя імкненні. Безумоўна, адукаваныя людзі ведалі намнога больш сузор’яў і звязаных з імі антычных міфаў. Але гэта не выходзіла за межы прафесійнай культуры. У народзе ж самай вядомай з часоў Хрышчэння была, бясспрэчна, Віфлеемская зорка – яўна міфічная, хоць у апошні час вучоныя гавораць пра магчымасць узрыву звышновай, бачнай якраз у год нараджэння Хрыста. У Евангеллі паводле Мацвея чытаем: “Калі ж Іісус нарадзіўся ў Віфлееме Юдэйскім у дні цара Ірада, прыйшлі ў Ерусалім магі з усходу і кажуць: Дзе народжаны Цар Юдэйскі? Бо мы бачылі зорку Яго на ўсодзе і прайшлі пакланіцца Яму” [Мц. 2:1, 2]. З вялікай бліскучай самаробнай зоркай, што сімвалізуе Віфлеемскую, ходзяць і сёння калядоўшчыкі па вёсках. І частавацца на Каляды нельга да позняга вечара, да з’яўлення першай зоркі на небе.

Увогуле ж у славян зоркі – дзеці СОНЦА і ПОЎНІ. Ва ўсіх народаў пашырана вера, што як толькі нараджаецца чалавек, успыхвае зорка. Калі зорка падае – памірае чалавек. У гэты момант убачыўшым яе пажадана перахрысціцца. Крыж ад жывога чалавека дапаможа душы нябожчыка пазбавіцца грахоў і трапіць у Рай. Беларусы нават яшчэ ў ХХ ст. былі ўпэўнены, што калі чалавек добры, мала грашыць, то яго зорка ясная, а калі ён несумленны, злы, яго зорка ледзь блішчыць. Пра тое ж – геніяльная “Новая зямля” Якуба Коласа:

Калі стваралісь Богам светы,

Па зорцы светлай чалавеку

Назначыў Бог Святы спрадвеку;

Яна жыццём яго кіруе

І лёс яго і смерць пільнуе.

Чым больш з людзей хто выдатнейшы,

Таго і зоркі блеск яснейшы,

І гасне зорачка святая,

Калі даручаны сканае:

Вось так на небе адначасна

Яна мігнецца і пагасне...

Душа-зорка ў беларусаў завецца ЗНІЧКА, яна мае блізкую сувязь з агнём. На Украіне верылі, што зоркі – гэта анёлы-ахоўнікі, якія сядзяць на небе з запаленымі свечачкамі ў руках.

Разам з уяўленнем, што зорка ззяе на небе, пакуль працягваецца жыццё чалавека, і падае з яго смерцю, бытавала і іншае, паводле якога душа ў выглядзе палымянай зоркі падае з неба і пасяляецца ў дзіцяці ў момант яго зачацця ці нараджэння, а пасля смерці чалавека вяртаецца на неба. У любым выпадку душа – зорка, значыць, з ёю звязана ўсё самае прыгожае, высокае, духоўнае, светлае ў чалавеку.

Зоркі часта згадваюцца ў народнай паэзіі. Многія песні пачыналіся зачынам тыпу: “Усе зорачкі паўсходзілі”, або “Разгарыся вячэрняя зорка”, або “Цёмна ночка да нявідная”. Гэткі ўступ твора ўжо адным радком ствараў пэўны настрой, як правіла, салодка-тужлівы, або надаваў песні атмасферу таямнічасці, загадкавасці. Зорка часта выступае як састаўная частка тропаў: з зоркамі параўноўваюцца вочы дзяўчыны або сама дзяўчына. У беларускіх казках зоркі ўпрыгожвалі галовы чароўных хлопчыкаў. Адзін з самых распаўсюджаных сюжэтаў у казках беларусаў, рускіх і ўкраінцаў – нараджэнне трох братоў-блізнят за адну ноч і адпаведна названых ВЯЧОРКА, ПАЎНОЧКА і ЗОРКА, прычым той, хто нарадзіўся перад світаннем, – ЗОРКА – быў самы магутны і разумны.

Зоркі – аб’ект паказу і ў літаратуры. У ХІІ ст. Кірыла Тураўскі напісаў трактат “Пра нябесныя сілы” – па сутнасці, першы ва ўсходніх славян твор па касмагоніі, дзе Сусвет разглядаецца як непаўторнае адзінства Макра- і Мікракосмасу ў іх станаўленні ад небыцця да быцця.

У традыцыях народнай паэзіі пісалі пісьменнікі пачатку ХІХ ст. Як ужо адзначалася, рамантыкі любілі ноч і начное неба, якое давала ім натхненне, выклікала чароўныя мары. Але ў беларускіх паэтаў, што пісалі па-польску, нават і традыцыйны для ўсіх еўрапейскіх рамантыкаў матыў паўставаў у своеасаблівым абліччы, больш міфалагізаваным, больш казачным. Напрыклад, у Яна Баршчэўскага (“Шляхціц Завальня”) чытаем, як героі “ўбачылі на небе такую зыркую яснасць, што ледзь вока трывае; разлілася яна кшталтам велізарнае ракі. Палі, лясы і горы, пакрытыя снегам і асветленыя агністым небам, мелі дзіўны і захапляючы выгляд. Хмары, распаленыя чырвоным полымем, ляжалі на даляглядзе; здавалася, што там тонуць у пажарах велічныя гмахі і стромкія вежы” (Пераклад Міколы Хаўстовіча). Ясна, што ў творы паэтычна апісана вельмі рэдкая для нашых шыротаў з’ява – Палярнае ззянне. Сам шляхціц гаворыць, што за сваё жыццё трэці раз бачыць “падобнае дзіва і заўсёды ў той год, калі бачылі такія пажары на небе, бывалі нейкія неспадзяванкі”.

Народ, сапраўды, вельмі баяўся незвычайных відовішчаў на небе. Але асабліва вялікія няшчасці заўсёды звязваліся з каметай, якую людзі ўяўлялі нейкай страшнай, агромністай ведзьмай на памяле. Падзенне ж балідаў успрымалася як палёт ЗМЕЯ. Цэлая міфалогія (але навукападобная) склалася ўжо ў наш час вакол падзення так званага Тунгускага метэарыта ў 1908 г.

Але вернемся да рамантыкаў. Дзеянне баладаў Адама Міцкевіча “Свіцязь”, “Свіцязянка”, “Люблю я” адбываецца ў зорныя ночы, што, натуральна, утварае асаблівую атмасферу таямнічасці, знітаванай са смуткам. У Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча таксама часта ўпамінаюцца зоркі, але ў больш аптымістычным арэоле: “Над горадам зорка ясна засвяціла” (“Халімон на каранацыі”) або “Засвяцілі тры звёздачкі ў пару нам шчасліву! // Заляцелі тры сокалы дый на нашу ніву!” (“Верш Навума Прыгаворкі на прыезд да месца Мінска Апалінара Концкага, Уладзіслава Сыракомлі і Станіслава Манюшкі”). І ўсё ж паэты ХІХ ст. яшчэ не выходзяць за мяжы парадыгмы фальклорнай вобразнасці.

Дзіўны ўзлёт беларускай літаратуры пачатку ХХ ст. – гэта заканамерны вынік паступовага назапашвання філасафічнасці ў традыцыйных матывах, выкліканай своеасаблівай трансфармацыяй міфалогіі, якая ёсць не што іншае, як натурфіласофія, у прыгожае пісьменства.

У Якуба Коласа, які лічыцца самым “зямным” з класікаў, зямля і неба ў пастаяннай сувязі, таму зоркі – “кветкі неба”, а кветкі – “зоркі зямлі”. Такія параўнанні сустракаюцца ў паэта вельмі часта, дарэчы, яны – таксама ў рэчышчы вельмі старажытных паданняў, але набываюць новае філасофскае напаўненне: зоркі – святло, якое пасылае начное неба, кветкі – святло, што пасылае чорная зямля. Сустрэча святла – нябеснага і зямнога – увасабляе паэтычную мару пра Вечнасць, пра Вялікую Гармонію свету. У старажытных шумераў вярхоўны бог АНКІ – нерасчлененае паняцце НЕБА-ЗЯМЛЯ, ад шлюбнага саюзу якіх нараджаецца Космас.

У Янкі Купалы напачатку творчасці яшчэ пануе фальклорная вобразнасць: “Як дзве зоркі, яе вочы, // Гляне – свет яснее” або “Адна зорка мігацела – і тая прапала” (пра Бандароўну). У паэме “Яна і я”:

Крылатыя стварэнні з выраю

Па Млечнаму пуці плывуць, як шнур.

Беларусы верылі, што Млечны шлях – гэта шлях птушак з выраю (усяго існуе не менш за 20 назваў Млечнага шляху).

У драме “Раскіданае гняздо” традыцыйныя міфалагічныя матывы набываюць глыбокі філасофскі сэнс. Размова ідзе пра сон Зоські, у якім яна з бацькам, маці, братамі, пераадолеўшы шматлікія перашкоды на зямлі, узыходзіць усё вышэй і вышэй: “Аж да самых зорак забраліся, а там, па млечнай пуціне, з зоркі на зорку пераскокваючы, цягнемся далей; а зоркі хоць свецяцца, але не пякуцца: як па кветачках гэтых, ступаем па іх... І прыйшлі мы ў нейкую харошую краіну, якой я ў жыцці не бачыла, не чула і не сніла... Ідзём гэтым садам-раем ды ідзём...” Вядома, паводле З. Фрэйда і К.Г. Юнга (пра іх мы гаварылі ў першых лекцыях), што сны з’яўляюцца праяўленнем міфалагічнага мыслення, родавай памяці, а таксама індывідуальнага падсвядомага чалавека. Сапраўды, тут сон Зоські многае дае для разумення яе душы. Я думаю, што шлях Зоські як рамантычнай натуры – зусім не на Вялікі Сход, ён не ў актыўным дзеянні, а ў пагружэнні ў свой унутраны свет, люстрам якога і была зорная краіна сну, сад-рай на небе. Ёсць асобы, якія ніколі не здолеюць жыць знешнім, – такая Зоська.

Са сном купалаўскай гераіні перагукваецца верш Алеся Гаруна:

Дзіўлюся я на ззянне ясных зораў, –

І сумна-сумна так, што я не зараз з імі,

Што жыць не лёс мне ў вышыне нагорнай

І сцежкамі хадзіць па небе залатымі.

Сярод нязнаных мне, не бачаных прастораў

Раўнінай той, што звецца Бесканечнасць,

Я лётаў думкаю б і воляй непакорнай

І, можа б, там пазнаў цябе, Адвечнасць...

Тут паэтычнае ўяўленне, пераадольваючы канкрэтыку, рухаецца ўжо далей, па той бок бачнага, – да Вечнага.

У Максіма Багдановіча часта і зямная Прырода паўстае як Вечнасць, раскрываючыся ў сваёй урачыстай, жыццесцвярджальнай паўнаце і росквіце творчых сіл. Але светлы, жыццёвы пачатак не выключае трагічнага, самотнага, тужлівага, задуменнага, усіх тых патаемных рухаў душы, з якімі якраз і звязана зорнае неба. У паэзіі М.Багдановіча жыццё і смерць, радасць і гора заўсёды побач, і гэта надае асаблівую адметнасць і значнасць філасофіі паэта. З падаючай зоркай ён параўноўвае жыццё рана памерлага літаратара Сяргея Палуяна. Шэдэўрам багдановічаўскай лірыкі з’яўляецца, безумоўна, раманс “Зорка Венера...”, у якім злучаны рэальнасць і мара, ява і трызненне... М.Багдановіч – самы “зорны” з паэтаў-класікаў.

Наступныя пакаленні беларускіх паэтаў значна ўзбагачаюць эстэтыку верша і часам ідуць у, так бы мовіць, нетры фальклору. Так, у выключна таленавітага Уладзіміра Дубоўкі ёсць адзін, зусім не заўважаны даследчыкамі твор, дзе паэтычна адбіўся міф пра адсутнасць начнога неба. Гаворка ідзе пра невялікую паэму “Ноч на Прыпяці і казка пра зоркі”, у якой распавядаецца пра Сонца і Месяц як пра аднолькава дзённыя свяцілы:

Тады не зналі людзі змроку.

Быў дзень на свеце ўсім шырокім,

Бо двое разам ім свяціла,

А ў двух мацнейшая і сіла.

Зоркі ў той час былі кветкамі ў нябесным выраі. Неяк Сонца задумала падараваць зоркі людзям. Яно шчодра кідала іх уніз, на зямлю, дзе яны таксама рабіліся кветкамі. А Месяц свае зоркі пашкадаваў і пакідаў замест іх каменні. Сонца абурылася і адмовілася хадзіць па небе разам з Месяцам. З таго часу яны “працуюць” у розны час, прычым Месяц не столькі свеціць, колькі займаецца сваім нябесным садам, таму і стала цёмна, узнікла ноч. Я думаю, што беларускі міф захаваў, як ні дзіўна, успамін пра нейкую касмічную катастрофу: відаць, калапс другога Сонца, трансфармацыю яго ў Чорную дзірку.

Своеасаблівую касмічную катастрофу перажываем мы і сёння. У сучаснай літаратуры гармонія зямлі і неба парушана, бо парушана гармонія ў душы чалавека – пасяліўся ў ёй Чарнобыль. Незабыўны Пімен Панчанка піша незадоўга да смерці “Чорныя дзіркі” – верш пра пустыя душы: няма ў іх агню, няма зорнага святла – адбыўся калапс...

Увогуле ж тэма “Зоркі Палын” (паводле Бібліі) робіцца, бадай, дамінуючай у беларускай літаратуры з канца 80-х гг. ХХ ст. У Івана Шамякіна раман называецца “Злая зорка”, а ў беларускай жа культуры зорка ніколі не была злой і нават непрыгожай! Усё перавярнулася!

І ўсё ж нездарма вялікі філосаф І. Кант гаварыў пра самыя важныя каштоўнасці ў свеце: зорнае неба над намі і маральны закон унутры нас. Зорнае неба – сапраўды тое адзіна ўстойлівае, вечнае, спагадлівае сваім святлом, што толькі і ўнушае надзею. Таму і Беларусь для паэта Алега Лойкі – Зорка, якую ў песні “Вядзі, беларуская зорка!” ён заклікае не згаснуць ніколі:

Хай крыўдна, хай цяжка, хай горка,

Што ў доме чарнобыльскі край, –

Вядзі, беларуская зорка,

Ніколі ўжо не згасай!..

Такім чынам, нашы славянскія продкі найперш шанавалі Сонца, Месяц і зоркі. А ўвогуле яны іначай, чым мы, уяўлялі сабе ўключанасць Зямлі ў сусветны кругазварот, бачылі большую залежнасць нашай планеты ад законаў Светабудовы. І таму сучасныя поспехі касманаўтыкі і астраноміі – нішто ў параўнанні з высокай касмалогіяй продкаў, занатаванай найперш у міфалогіі. Усё найбольш дзіўнае, што засталося ад старажытных цывілізацый, звязана з космасам, з календаром.
Пытанні для замацавання і самакантролю:


  1. Як разумелі зоркі старажытныя народы?

  2. Успомніце паданні пра найбольш яркія зоркі неба.

  3. Ці ведаеце вы іншыя зоркі, не названыя ў лекцыі?

  4. Чым уяўляўся ў розных міфалогіях Млечны шлях? Ці ведаеце вы творы, дзе згадваецца Млечны шлях?

  5. У якіх кантэкстах згадваюцца зоркі ў розных нацыянальных літаратурах?


1   ...   4   5   6   7   8   9   10   11   ...   14


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка