АЎтарскі курс лекцый “славянская міфалогія” Электронная версія




старонка1/14
Дата канвертавання14.03.2016
Памер2.57 Mb.
  1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   14

Таццяна Шамякіна




АЎТАРСКІ КУРС ЛЕКЦЫЙ

СЛАВЯНСКАЯ МІФАЛОГІЯ”



Электронная версія
для студэнтаў-філолагаў

спецыяльнасцяў “Беларуская філалогія”, “Руская філалогія”,

“Славянская філалогія”

Мінск 2007

Рэцэнзенты:

Доктар філалагічных навук, першы прарэктар УА “Нацыянальная акадэмія мастацтваў” В.А.Максімовіч

Кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры тэорыі літаратуры філалагічнага факультэта УА БДУ Р.М.Кавалёва

Кандыдат філалагічных навук, заг.кафедры журналістыкі УА “Інстытут парламентарызму і прадпрыймальніцтва” І.Л.Шаўлякова


На аснове Тыпавой праграмы: “Славянская міфалогія”, дата зацвярджэння 11.03.2005 г., рэгістрацыйны № ТД-ДГ 006/тып.

Метадычныя рэкамендацыі да курса лекцый
“Славянская міфалогія” – аўтарскі курс лекцый, які ўяўляе сабою поўнае выкладанне дысцыпліны згодна праграмы “Славянская міфалогія” (Мінск: РІВШ, 2005 – 37 с.). Курс арыентаваны на вучэбны дапаможнік (пад грыфам) Т.І.Шамякінай “Міфалогія Беларусі. Нарысы” (Мінск: Мастацкая літаратура, 2000 – 400 с.), аднак у параўнанні з дапаможнікам значна мадэрнізаваны з улікам навейшых дасягненняў у філалогіі.

Мэта курса лекцый – пазнаёміць студэнтаў з асноўнымі міфалагічнымі паняццямі і імёнамі, развіццём міфалогіі як навукі, яе значэннем у сучаснай гуманітарнай сістэме ведаў, увесці нацыянальную (рэгіянальную) міфалогію ў кантэкст сусветнай, прадставіць цэласную карціну духоўнага жыцця нашых продкаў.

Курс дастаткова поўны, хоць засталося яшчэ шмат невытлумачаных пытанняў, ці праблем, якія пакуль залішне цяжкія для студэнтаў першых курсаў. Падыход аўтара – культуралагічны: пэўнае паняцце паўстае ў розных сувязях і стасунках, у розных абліччах у залежнасці ад культурнага кантэксту. Асноўная ўвага надаецца міфалагічным вытокам фальклору, літаратуры, выяўленчага мастацтва, некаторым формам грамадскай свядомасці, перш за ўсё рэлігіі ды філасофіі. У кожнай лекцыі акцэнтуецца ўвага на навейшых дасягненнях навук – не толькі гуманітарных, але і прыродазнаўчых (фізікі, астраноміі, біялогіі, фізіялогіі, генетыкі, біяхіміі і інш.).

Практыка выкладання курса паказала, што ён значна актывізуе пазнавальныя запатрабаванні студэнтаў, спрыяе развіццю творчага мыслення, садзейнічае ўзбагачэнню фантазіі, стымулюе цікавасць да навукі, да светапоглядных праблем. У курс уведзены ідэалагічныя пытанні, бо звяртаецца ўвага на стварэнне ў некаторых замежных і расійскіх СМІ сучасных міфаў, ідэалагічных клішэ, што навязваюцца масавай грамадскай свядомасці (па сутнасці з іх дапамогай наркатызуецца насельніцтва). У прыватнасці, уведзены новы раздзел “Вербальная магія”, які прысвечаны нейра-лінгвістычнаму праграмаванню (сугестыўнаму ўздзеянню) у СМІ.

Курс разбіты на лекцыі. У некаторых лекцыях матэрыял групуецца па тэмах, звычайна па дзвюх, тэматычна звязаных паміж сабою.

Перад выкладаннем матэрыялу даецца план лекцыі, у канцы – пытанні і заданні да лекцыі, якія ў значнай ступені структурыруюць матэрыял і садзейнічаюць яго лепшаму засваенню. У канцы курса даецца асноўная літаратура, а дадатковая літаратура па кожнай лекцыі прадстаўлена ў выдадзенай праграме “Славянская міфалогія”.

Для лепшага засваення матэрыялу ў тэксце выкарыстаны пэўныя графічныя сродкі, у прыватнасці: 1) імёны міфалагічных персанажаў пішуцца вялікімі літарамі; 2) імёны даследчыкаў і пісьменнікаў вылучаюцца ў тэксце; 3) словы “Бог”, “Хрыстос” вылучаюцца і тлустым шрыфтам, і курсівам, што падкрэслівае іх важнасць; 4) навуковыя паняцці і палажэнні, якія неабходна запомніць, выдзяляюцца курсівам; 5) палажэнні, на якія акцэнтуецца ўвага аўтара, падкрэслены.
Лекцыя 1

Тэма 1. Міфалогія як навука

План лекцыі:




  1. Значэнне міфалогіі.

  2. Міфалогія і філалогія. Тыпы мастацкага міфалагізму.

  3. Міфалогія і іншыя формы грамадскай свядомасці: палітыка, навука, мастацтва.

  4. Сакральная сутнасць міфалогіі.

  5. Характарыстыка міфа.

Вышэйшае дасягненне навуковай думкі ХХ ст. – зварот да навуковага вопыту архаікі, да праблем увогуле духу. Вынікам новых гуманітарных арыентацый стала пераацэнка звыклых паняццяў. Многія з іх пачалі тлумачыцца інакш – намнога шырэй. З другога боку, пераацэнка традыцыйных каштоўнасцей выявілася ў тым, што на перакрыжаванні пацяццяў шырокага гуманітарнага профілю апынуліся з’явы культуры, якія раней знаходзіліся на перыферыі навуковых інтарэсаў. Такой з’явай выступае міф. У апошняе стагоддзе ён набыў у поўным сэнсе слова універсальны статус, а гэта, у сваю чаргу, садзейнічала пераасэнсаванню некаторых фундаментальных перадумоў гуманітарных ведаў.

З сярэдзіны 80-х гадоў ХХ ст. у цяпер ужо былым СССР узнікла цікавасць, з аднаго боку, да хрысціянства (набліжалася 1000-годдзе Хрышчэння Русі), з другога боку, да язычніцкага мінулага розных этнасаў. Такі грамадскі інтарэс звязаны не толькі з гарбачоўскай свабодай слова, друку, агульнай дэмакратызацыяй жыцця, але з больш глабальнымі працэсамі, абумоўленымі эпохай fin de siecle (канца стагоддзя) і тысячагоддзя, а таксама адчуваннем несумненнай блізкай змены навуковай парадыгмы, што мы і назіраем сёння, ужо ў пачатку ХХІ ст.: узрастае цікавасць да духоўных праблем, да таямніц чалавечай псіхікі, а таксама адчуваецца тэндэнцыя набліжэння адно да другога навукі і рэлігіі. Апошняя тэндэнцыя, магчыма, стане вызначальнай менавіта ў ХХІ ст.

Узрастанне ролі і значэння міфалогіі як навукі звязана якраз з названымі працэсамі і тэндэнцыямі. Сусветна вядомы культуролаг (румынскага паходжання) М. Эліадэ адзначаў, што разуменне міфа аднойчы будзе аднесена да найбольш важных адкрыццяў ХХ ст. Выдатны рускі філолаг Д.С. Ліхачоў гаварыў, што расшыфроўка міфаў будзе, магчыма, найбольш прыкметным дасягненнем у гуманітарных навуках ХХІ ст. Сучасны нямецкі філосаф Г. Гадамер лічыць, што “міфы – першадумкі чалавецтва”.

Чаму ж міфалогіі даецца такая высокая ацэнка, чаму разуменне міфаў настолькі важна ў наш час?

Міфалогія – форма свядомасці, асаблівы працэс мыслення, які захаваўся з самых архаічных часоў; дзейнічае ён і сёння, знаходзячы праяўленне далёка не толькі ў мастацтве, у паэзіі, але і ў палітыцы, ідэалогіі, рэкламе.

Слова “міфалогія” неабходна разумець у двух сэнсах – аб’ектыўным і метамоўным: як сістэму міфаў таго ці іншага народа, рэгіёна, усяго свету (збор паданняў, легендаў, эпас архаічных этнасаў) і як навуку пра міфы.

Міфалогію вывучаюць самыя розныя навукі: фалькларыстыка, этнаграфія, літаратуразнаўства, мастацтвазнаўства, лінгвістыка, культуралогія, гісторыя, філасофія, псіхалогія, сацыялогія.

Міф – у аснове ўсіх нацыянальных культур. У тым выпадку, калі працэс развіцця таго ці іншага народа пачаўся гістарычна не так даўно і ў яго няма сваёй старажытнай міфалогіі, ён стварае сучасную. Але без міфалогіі, якую можна назваць “нацыянальнай ідэяй”, не абыходзіцца ні адзін этнас. Міфы садзейнічаюць яднанню грамадства, удзельнічаюць у фарміраванні менталітэту народа праз захаванне пэўных стэрэатыпаў мыслення і паводзін. Міфалогія – не казкі і не фантастычныя ўяўленні – гэта абагулены вопыт жыццядзейнасці продкаў, адлюстраваны і захаваны праз сістэму вобразаў.

Сучасныя вучоныя-міфолагі звычайна звяртаюць увагу на тое, што міфалогія – народны аналаг навукі, бо яна занатавала найбагацейшыя веды нашых продкаў пра Прыроду. Я ж пісала даўней, што міф – народная філасофія, філасофія ў вобразах. Гэта важна для філолагаў-літаратуразнаўцаў, бо літаратура заўсёды ставіла і вырашала тыя ці іншыя філасофскія праблемы. Аднак найбольш аб’ядноўвае прыгожае пісьменства і міфалогію сам тып мыслення, заснаваны на фантазіі.

Міфы – сюжэты, што выяўляюць розныя аспекты чалавечай самасвядомасці, а сюжэтнасць мае непасрэднае дачыненне да мастацкай слоўнай творчасці. Міф наскрозь сімвалічны – самы сімвалічны з усіх з’яў, заснаваных на слове. Некаторыя сімвалы прадстаўлены ў наратыўнай (апавядальнай) форме, што прама дазваляе адносіць іх да літаратуры. У міфе можна знайсці мноства сэнсавых пластоў – гэтаксама, як у кожным таленавітым мастацкім творы, але сімвалізм міфа глыбейшы. Міф – універсальная мадэль для пабудовы сімвалаў. Паводле насычанасці, згушчэння сэнсаў можна вывесці наступную формулу: вобраз – метафара – сімвал – міф. Разгортваючы формулу наадварот, атрымаем фарміраванне згаданых паняццяў у часе.

У прынцыпе ўсё тыповае мае адносіны да міфалогіі, а стварэнне тыпаў лічыцца адным з вышэйшых дасягненняў мастацкай літаратуры. Але міф стварае тыповыя мадэлі і для ўсяго грамадства. Такога кшталту мадэлі называюцца архетыпамі. Гэта адно з важнейшых паняццяў не толькі міфалогіі як навукі, але і псіхалогіі, этналінгвістыкі, сацыялогіі і некаторых іншых дысцыплін. Міфалогія складаецца з архетыпаў, на якія, як на стрыжань, насаджваюцца вобразы і ўяўленні магіі, рэлігіі, палітыкі, мастацтва.

Міф – бязмежны выток і вобразаў-тропаў прыгожага пісьменства. У літаратуры аўтарскае мысленне напластоўваецца на мысленне міфалагічнае, нараджаючы па сутнасці новы міф. Менавіта ў “розніцы” паміж першасным і другасным (аўтарскім) міфамі хаваецца закладзены пісьменнікам сэнс, падтэкст. Глыбінныя сэнсы і значэнні выяўляюцца таксама і праз аўтарскую падсвядомасць. Паколькі міф – асаблівы тып мыслення, ён непасрэдна праяўляецца ў мове. Моўныя міфемы можна знайсці практычна ў кожным тэксце. Так што і з гэтага боку міфалогія звязана з філалогіяй.

Многія пісьменнікі мадэлявалі і мадэлююць рэчаіснасць паводле законаў міфалагічнага мыслення. Тыпы мастацкай міфалагізацыі наступныя:



  1. Стварэнне сваёй арыгінальнай сістэмы міфалагем (характэрна ў асноўным для пісьменнікаў-рамантыкаў – А. Міцкевіча, М. Гогаля, Э.Т.А. Гофмана).

  2. Аднаўленне глыбінных міфа-сінкрэтычных структур мыслення (напрыклад, ваўкалацтва, двойніцтва персанажаў – у Ф. Дастаеўскага, Г.Сянкевіча, Я. Баршчэўскага).

  3. Рэканструкцыя старажытных міфалагічных сюжэтаў, іх сучасная інтэрпрэтацыя (біблейскія сімвалы ў В. Быкава, В. Адамчыка).

  4. Увядзенне асобных міфалагічных матываў і персанажаў, узбагачэнне канкрэтна-гістарычных вобразаў універсальным сэнсам (Я. Купала, М.Багдановіч, В. Быкаў, У. Караткевіч).

  5. Паказ-аднаўленне фальклорных і этнічных пластоў нацыянальнага быцця, дзе яшчэ жывыя элементы міфалагічнага светасузірання (А.Міцкевіч, Я. Чачот, Я. Баршчэўскі).

  6. Прытчавасць, лірыка-філасофская медытацыя, арыентаваная на архетыповыя канстанты чалавечага і прыроднага быцця: дом, хлеб, дарога, вада, гара, любоў і г.д. (Я. Купала, Я. Колас, М. Гарэцкі, сучасныя пісьменнікі постмадэрнізму).

Міф больш характэрны для архаікі, але наш час таксама напоўнены міфамі, толькі мы не разумеем, што гэта міфы. Міфалогія вельмі жывучая, можна сказаць, несмяротная форма фантазіі. Міфалагічны светапогляд існаваў заўсёды і не знікне ніколі. Нават у наш прагматычны час людзі працягваюць верыць у цуд, а такая вера і ёсць праяўленне міфалагічнай свядомасці. Міфы – найперш псіхічныя, псіхасацыяльныя феномены, таму міфатворчасць – частка і дзяржаўнай палітыкі. Наша жыццё і па сёння застаецца пад уладай магаў-міфатворцаў. Ідэалогія і палітыка вельмі шырока выкарыстоўваюць міфалогію і яе сімвалы. Часам гэта праяўляецца ўскосна, напрыклад, у рэкламе. Стваральнікі рэкламы прама гавораць: каб прадаць нейкі тавар, неабходна стварыць яму міф, легенду (а таварам, на жаль, сёння робіцца ўсё, нават чалавек-творца). Але ў цэлым, у глабальным плане, міфалогія дапамагае знайсці нацыянальную ідэю, правільна зразумець уласную харызму (тое, што надае народу адметнасць) і асноўныя этнічныя архетыпы, рацыянальна ўсвядоміць і інтуітыўна адчуць свае гістарычнае і геапалітычнае прызначэнне.

Звычайна лічыцца, што навуковы і міфалагічны светапогляды – антаганісты. Але і сама навука напоўнена міфамі. Уласна, развіццё навукі – гэта пастаяннае адмаўленне адных міфаў і замена іх іншымі. Толькі тое, што можна праверыць практыкай, – не міф. Інакш кажучы, калі на аснове таго ці іншага закона, адкрытага навукай, можна пабудаваць працуючы прыбор, механізм, машыну, і яны будуць працаваць, – толькі тады можна гаварыць пра сапраўдную навуку, пра пазнанне законаў прыроды.

Сучасны даследчык міфалогіі адзначае: “Міфалогія – гэта асаблівы, таямнічы, вечны свет, створаны чалавекам для таго, каб растлумачыць прыроду, космас і самога сябе, каб зразумець тую сілу, якая усім кіруе <...> Міфалогія такая ж разнастайная і шматаблічная, як уласна чалавек і яго культура <...> Міфалогія валодае патаемнай, неадназначнай, сімвалічнай і вельмі прыгожай мовай, што адлюстроўвае мудрасць, шуканні, спакусы, страх і надзеі незлічоных пакаленняў” [Ю.М.Антонян]. Мы ж лічым, што міфы – гэта выяўленне імкнення калектыўнага чалавечага розуму наблізіцца да спасціжэння сапраўднай задумы Творцы Сусвету. Міф заснаваны на веры ў Бога і бессмяротнасць. Галоўная цікавасць міфа – Бог і душа чалавека. Асаблівасць міфа і ў тым, што ён імкнецца разгадаць тое, што немагчыма разгадаць да канца: чалавека, прыроду, космас, нараджэнне і смерць, сэнс быцця, існаванне ў іншасвеце. Усё таямнічае, да канца неразгаданае, містычнае называецца сакральным – паняцце, таксама адно з галоўных у міфалогіі.

Асаблівасці міфалогіі як светаадчування:

1. Міф адлюстроўвае рэальнасць, але адлюстроўвае яе надзвычай своеасабліва. Ён ніколі не адэкватны рэальнасці – гэта не фатаграфія; міф гаворыць мовай знакаў, сімвалаў, архетыпаў. Ад іншых формаў пазнання (напрыклад, навуковага) міф адрозніваецца тым, што заўсёды і ва ўсім абапіраецца на звышнатуральнае, містычнае і аперыруе імі. Міфалогія – знакавая сістэма, сімвалічная “мова”, у тэрмінах якой чалавек мадэляваў, абагульняў з’явы свету. Усё ў існым міф імкнуўся растлумачыць, перадаць менш вядомае праз больш вядомае. Паводле гэткага ж прынцыпу пабудаваны метафары ў мове. Міф заўсёды абагульняе, але – праз канкрэтнасць.

2. Міф – з’ява пастаянная і нязменная для ўсіх людзей і ва ўсе часы. Мадэлі, сюжэты і нават дэталі з міфаў сустракаюцца паўсюль. Найбольш агульныя мадэлі называюцца архетыпамі. Міф – тое, што дайшло ад продкаў, закладзена генетычна, закадзіравана ў нашых генах, значыць, уваходзіць у структуру падсвядомасці.

3. Міф – расповяд пра падзеі, што былі да пісьмовай гісторыі, і пра падзеі, што толькі адбудуцца некалі. Міф – залаты ланцуг, які злучае мінулае, сучаснае і будучае.

4. Міф – своеасаблівая мова, што апісвае рэаліі, якія знаходзяцца па-за нашымі пачуццямі. Ён запаўняе мяжу паміж вобразамі падсвядомасці і мовай логікі.

5. Міф садзейнічае самавызначэнню этнасаў (родаў, плямёнаў, нацый), фармуе нацыянальны светапогляд.

6. Міф – неабходны элемент ва ўсіх маральных кодэксах. Мараль выводзілася з міфалогіі, з рэлігійных вераванняў.

7. Міфалогія – комплекс уяўленняў, які надае жыццю сэнс. Яна дапамагае асобным людзям, усяму грамадству адэкватна прыстасоўвацца да асяроддзя.

8. Міфалогія занатавала стасункі чалавека і прыроды. Гэта зведзеныя ў адну сістэму назіранні чалавека над прыродай, максімальна абагулены вопыт, праяўлены праз сістэму вобразаў. Міф заснаваны на тым, што ў Космасе літаральна ўсё знаходзіцца ў сувязі. Чалавек уключаны ў агульны кругазварот, не стаіць над прыродай, а жыве суладна з ёю. Мы намнога больш залежым ад прыроды, ад Космасу, чым уяўляем. І мы знішчаем, падаўляем прыроду, а нашы продкі мудра да яе прыстасоўваліся і ўнутры яе гарманічна існавалі.

9. Усе міфы, рэлігіі (якія ўзніклі з міфалогіі), легенды і паданні літаральна ўсіх народаў свету зыходзяць з існавання – у нейкі час і ў нейкім месцы – асаблівых ведаў, намнога багацейшыя за нашы сённяшнія веды. Цяперашнім часам і навука схіляецца да думкі, што міфалогія – гэта зашыфраваныя ў сімвалічнай форме старажытныя веды. Увасабленнем такога кшталту ведаў у міфах было Залатое Руно, Жар-птушка, філасофскі камень, які шукалі алхімікі яшчэ нават у эпоху Адраджэння. У старажытнасці веды захоўвалі жрацы-вешчуны (па-руску “волхвы”).

10. Міфалогія з’яўляецца асновай, важнейшым падмуркам культуры чалавецтва.

Звычайна думаюць, што міф – тая ж казка, інакш кажучы, вымысел, фантазія. На самай справе, усё наадварот: міф – гэта найбольш поўнае асэнсаванне рэчаіснасці, найбольш багатая мадэль свету. Безумоўна, мы, людзі ХХІ ст., пасміхаемся з багоў антычнасці ці славянскіх. Увогуле сучасная цывілізацыя – матэрыялістычная. Але культура чалавецтва заўсёды зыходзіла з існавання яшчэ аднаго свету, акрамя матэрыяльнага, – іншасвету. Сёння яго называюць “Тонкі Свет”. Праўда, у наш час існуе іншая міфалогія – не менш багатая за старажытную, але заснаваная на зусім іншай, сацыялагічнай, парадыгме: яна часта звязана з ідэалогіяй, з палітыкай. Аднак людзі працягваюць верыць у бессмяротнасць і не могуць прымірыцца з думкай, што пасля смерці – небыццё.

У цэлым жа для міфа характэрна:

а) сакралізацыя часу першастварэння;

б) нераздзеленасць вобраза і значэння;

в) усеагульнае адухаўленне і персаніфікацыя;

г) цесная сувязь з рытуалам;

д) цыклічная мадэль часу;

е) метафарызм;

ё) сімвалізм;

ж) сінтэтызм, дзякуючы якому з міфалогіі генетычна паходзяць: філасофія, рэлігія, мастацтва, нават навука;

з) гармонія, цэласны і ў многім эстэтычны падыход да свету.



Асноўныя аб’екты цікавасці міфалогіінябачны свет, цуд, а таксама смерць-уваскрасенне. На працягу ўсёй гісторыі людзі раздзялялі свет на бачны і нябачны. У язычніцтве нябачны свет – багі, што персаніфікуюць сілы прыроды, духі локусаў (пэўнай прасторы); у хрысціянстве – Бог, анёлы, дэманы, душы жывых і памерлых; у філасофіі – свет з’яў і свет прычын, свет рэчаў і свет ідэй; у навуцы – мікравелічыні, мікробы. Ёсць рэчы і з’явы, існаванне якіх не выклікае сумнення, але іх немагчыма увасобіць у тэрмінах нейкіх вымярэнняў: усе ідэі, вобразы, успаміны, снабачанні – таксама па сутнасці нябачны свет. Сапраўды, псіхіка чалавека – як бы чацвёртае вымярэнне. Думка рухаецца ў чацвёртым вымярэнні – для яе няма перашкод. Мы самі – чатырохмерныя істоты і звернуты да трохмернай прасторы толькі адным сваім бокам. Большая ж наша частка – у чацвёртым вымярэнні, але мы, на жаль, пра гэта не памятаем: жывём у чатырохмерным свеце, а ўсведамляем сябе ў трохмерным. Чацвёртае вымярэнне – унутры нас.

Чалавек ніколі не мог пераканаць сябе ў ідэі смерці – залішне многае ёй супярэчыла. Вось чаму ідэяй вечнага адраджэння прасякнуты ўсе міфалагічныя сістэмы свету, шматлікія рытуалы: рэлігійныя (Ражство, Вялікдзень), фальклорныя (Масленіца), а таксама мастацтва – тэатр, прыгожае пісьменства, жывапіс.

Міф мадэлюе новую, вышэйшую рэальнасць, як і мастацтва. А з рэлігіяй міф звязвае тое, што ён дае накірунак у жыцці, арыенціры ў Космасе. Міф застаецца міфам, пакуль у яго вераць. Як толькі вера страчана, міф ператвараецца ў мастацкі твор: эпас, казку, драму і пад. Калі ж вера, наадварот, узмацняецца і дапаўняецца вытанчанай філасофіяй, міф арганічна перарастае ў рэлігію.

Такім чынам, міфалогія – не збор казачак ды легендаў. Гэта тып мыслення, які дамінуе ў гісторыі чалавецтва.



Асноўныя крыніцы для вывучэння міфалогіі наступныя:

А) Помнікі так званай ведыйскай (ад Веды) традыцыі і індыйскія нацыянальныя літаратурныя эпасы: “Рыгведа”, “Упанішады”, “Махабхарата”, “Рамаяна”.

Б) Помнікі іранскай, зараастрыйскай традыцыі – “Авеста”, “Шахнамэ” Фірдуосі.

В) Помнікі грэчаскай і рымскай міфалогіі: паэмы Гамера “Іліяда” і “Адысея”, “Тэагонія” Гесіёда, “Міфалагічная бібліятэка” Апаладора, “Пра прыроду багоў” Цыцэрона, “Пра Ісіду і Асірыса” Плутарха.

Г) Пра германскую і кельцкую міфалогію захаваліся працы Карнелія Тацыта, Юлія Цэзара, Годфрыда Манмуцкага, цыкл пра караля Артура ў розных расповедах, “Старэйшая Эда”, “Малодшая Эда” і “Круг зямны” Сноры Стурлусона і інш.

Д) Славянскую міфалогію можна вывучаць на аснове Поўнага збору рускіх летапісаў, “Слова аб палку Ігаравым”, заходніх хронікаў пра германцаў і іх суседзяў, напрыклад, твораў Адама Брэменскага, Саксона Граматыка; сведчанняў арабскіх падарожнікаў (Ібн Фалдана, Аль Масудзі); працы Яна Длугоша “Гісторыя Польшчы” і больш позніх польскіх і літоўскіх гісторыкаў – Я. Стрыкоўскага, Ч. Мяхоўскага; чэшскага сярэднявечнага слоўніку “Mater Verborum”; павучэнняў супраць язычніцтва і жыццяў святых; фальклорных крыніц; моўных фактаў; археалагічных сведчанняў.

Увесь лекцыйны курс “Славянская міфалогія” мы падзяляем на тры вялікія цыклы: 1) касмаганічныя міфы, што гавораць пра Космас, Сусвет, планеты і зоркі; 2) гістарычныя міфы, якія распавядаюць пра паходжанне чалавека, рас і славянскіх этнасаў; 3) цыклічныя міфы, звязаныя з прыродным каляндарным колам і кругам чалавечага жыцця.
Пытанні для засваення і самаправеркі:


  1. Пералічыце асноўныя асаблівасці міфалогіі як тыпу свядомасці, як “паэтычнай філасофіі”.

  2. Што аб’ядноўвае міфалогію з іншымі формамі грамадскай свядомасці – навукай, рэлігіяй, мастацтвам?

  3. Назавіце асноўныя праблемы міфалогіі і аб’екты яе цікавасці.

  4. Чаму міфалогію можна лічыць філалагічнай дысцыплінай?

  5. Як праяўляецца міфалагізм у мастацкай літаратуры?

  6. Якія асноўныя паняцці, неабходныя для разумення курса “Міфалогія”, вы запомнілі?

  7. На аснове якіх крыніц вывучаецца міфалогія?


Тэма 2. Гісторыя міфалогіі як навукі

План лекцыі:




  1. Узнікненне міфалогіі як навукі.

  2. Асноўныя тэорыі Платона, важныя для фарміравання міфалогіі як навукі.

  3. Значэнне Арыстоцеля для міфалогіі як навукі і ў цэлым для філалогіі.

  4. Этапы развіцця міфалагічнай навукі.

  5. Сучасныя міфалагічныя школы.


Леў Талстой некалі гаварыў: “Не тое важна, што Зямля круглая, а важна ведаць, як дайшлі да разумення гэтага”. Інакш кажучы, каб усвядоміць сутнасць з’явы, неабходна ведаць яе генезіс, яе гісторыю. Каб зразумець сэнс і значэнне нейкай навукі, неабходна ведаць гісторыю гэтай навукі. Дарэчы, гэта і важнейшы пастулат міфалогіі: каб зразумець сутнасць рэчы, неабходна ведаць яе паходжанне.

Уласна філалогія ўзнікла ў VII ст. да н.э. у Старажытнай Індыі як каментарый да Ведаў – свяшчэнных тэкстаў арыйцаў, што прыйшлі ў Індыю і ў Іран у ІІ тыс. да н.э. Так што філалогія народжана міфалогіяй, лепш сказаць, яны ўзніклі і развіваліся разам.

Сучасная заходняя навука мае вытокі ў навуцы Антычнай Грэцыі. Гэта тычыцца і міфалогіі як навукі. Грэчаская міфалогія таму найбольш распрацаваная і прыведзеная ў сістэму (у адрозненне ад славянскай), што ёю займаліся вялікія грэчаскія вучоныя і пісьменнікі, пачынаючы з VІІІ ст.да н.э. (з Гамера і Гесіёда). Яны не толькі збіралі, запісвалі і класіфікавалі міфы, але і стварылі міфалогію як навуку. У многіх антычных працах міфы паўстаюць або як персаніфікацыя прыродных сіл і стыхій (школа сафістаў), або як алегарычныя інтэрпрэтацыі меўшых месца гістарычных падзей (александрыйская школа). Напрыклад, рэальная гістарычная асоба Аляксандр Македонскі быў абагоўлены нават яшчэ пры сваім жыцці. Кітайскія філосафы, і першы з іх – вялікі Канфуцый (VI ст.да н.э.), гэтак жа трактавалі міфы, падыходзячы да іх залішне рацыяналістычна. Затое выключна містычнай паўстае індыйская (арыйская) міфалогія. Яна ж, таксама, як і грэчаская, – выключна багатая і найбольш глыбокая, філасафічная.

Вяртаючыся да антычнасці, адзначу самых выдатных філосафаў той эпохі, якія і стварылі, уласна, міфалогію як навуку, – Платона і Арыстоцеля (V-ІV стст.да н.э.).



Найбольш важныя тэорыі, вылучаныя Платонам, наступныя:

  1. Ідэя аднаго Бога, якога філосаф называў Абсалютнай Ідэяй. Яго паслядоўнікі ўжывалі і іншыя паняцці: Універсальны Розум, Сусветная Душа, Логас. У прынцыпе ідэю адзінага Бога-Універсума, Стваральніка Свету, грэкі пазычылі ў егіпцян. Яшчэ ў ХІV ст. да н.э. егіпецкі фараон-рэфарматар Эхнатон правёў першую ў гісторыю рэлігійную рэформу, замяніўшы шматбожжа, культ 2000 багоў, на ідэю аднаго бога – АТОНА-СОНЦА. Вобраз і ідэя Бога сустракаецца ва ўсіх народаў свету. З Ім, паколькі Ён Творца, звязаны самыя яркія перажыванні людзей, магчымасці разумення сябе і навакольнай рэчаіснасці. А выспяванне такога кшталту ідэі, відаць, звязана з тым, што чалавек інтуітыўна адчуваў кіруючую ролю ў сваім арганізме мозга. Міфалагічны свет – гэта сукупнасць уяўленняў пра нейкую Надрэальнасць, якая кіруе ўсім існым. Яна і ўвасоблена ў ідэі Бога.

  2. Ідэя бессмяротнасці чалавечай душы. Але што адбываецца з душою ў іншасвеце – гэта вялікая таямніца антычнай рэлігіі. Яе адкрывалі толькі тым, хто прайшоў праз пэўныя, часам вельмі складаныя, выпрабаванні – ініцыяцыю (таксама адно з важнейшых паняццяў міфалогіі як навукі). Таямнічыя рытуалы, што з’яўляліся ініцыяцыяй, атрымалі назву Элеўсінскіх містэрый. Той, хто прайшоў праз іспыты, пачынаў называцца “містэс” – “містык” (літаральнае значэнне слова – “відушчы”; “той, хто знаходзіць дарогу ў тумане”). Інакш такіх людзей называлі Пасвячонымі. Характэрная іх асаблівасць – яны не баяліся смерці, ведаючы, што іх чакае пасля яе. Праз удзел у Элеўсінскіх містэрыях за паўтары тысячы гадоў прайшлі сотні тысяч людзей, але ніхто не расказаў пра сакрэтныя абрады і веды, атрыманыя ў выніку складаных іспытаў. І толькі Платон, таксама Пасвячоны, у сваіх філасофскіх працах алегарычна, зашыфравана выклаў сэнс пасвячэння ў Элеўсінскія містэрыі. Міфы непарыўна звязаны з містэрыямі, з рытуаламі, з якіх паходзяць усе відовішчныя віды мастацтва (тэатр). Міф як бы тлумачыў абрад, каменціраваў яго. Тлумачэнне міфа геніем, якім з’яўляўся Платон, стала надзвычай глыбокай філасофіяй, якая на працягу вось ужо двух з паловай тысяч гадоў жывіць, насычае філасофскую думку Еўропы і ўсяго свету.

  3. Платон адным з першых выклаў міф пра Атлантыду – магчыма, самы вядомы на сённяшні дзень міф чалавецтва, які цесна звязаны з цэнтральным біблейскім міфам, – пра Сусветны Патоп. Сучасныя вучоныя даказалі праўдзівасць як Бібліі, так і Платона: Патоп быў, і нават не адзін! Глабальныя катастрофы ў гісторыі чалавецтва здараліся, як мінімум, чатыры разы. Так, ва ўсялякім разе, сведчаць старажытныя міфы розных народаў. Усепланетныя катаклізмы маглі адбыцца ад розных прычын: узрыва планеты Фаэтон; падыходу блізка да Зямлі планеты Немезіды (у шумераў яна называлася Нібуру), які здараецца раз у 3600 гадоў; сутыкнення з асцяроідам (пра асцяроідную небяспеку для зямлян апошнім часам пачалі пісаць асабліва актыўна); уваходжання Зямлі ў хвост каметы; змены геаграфічных палюсоў, калі наша планета як бы “куляецца”; зруху зямной кары з мяккага подсцілу пад яе – астэнасферы і г.д. Атлантыда загінула ў Х тыс.да н.э. Сёння гэта даказалі некалькі дзясяткаў навук, і толькі акадэмічная філалогія не заўважае выдатных дасягненняў у навуцы ХХ і ХХІ стст. Катастрофа мела фенаменальныя наступствы (загінула ўся матэрыяльная культура, людзей засталося вельмі мала – у гарах). Пачаўся зусім новы перыяд зямной гісторыі. Але гаворачы пра міфы, мы пастаянна будзем звяртацца да дапатопнай эпохі, бо міфы, магчыма, захавалі памяць пра іншы стан зямнога існавання людзей. З Патопам звязаны міфы пра Рай, а таксама дэміургічныя і эсхаталагічныя міфы (інакш кажучы, міфы пра стварэнне свету і пра яго канец). Міф пра Атлантыду Платона стымуляваў развіццё шматлікіх навук. Магчыма, і іншыя міфы маюць пад сабою рэальную аснову.

  4. Яшчэ адзін міф Платона стаў хутчэй глабальнай метафарай. Справа ў тым, што Платон адным з першых распрацаваў тэорыю кахання. Выклаў ён яе з дапамогаю міфа пра андрагінаў. Андрагіны – далюдзі, роўныя багам, яны сумяшчалі ў сабе – кожны – мужчынскі і жаночы пачаткі, былі надзвычай разумныя і вельмі хутка развіваліся. Багі, як быццам, спалохаліся канкурэнцыі, і ЗЕЎС рассёк цела кожнага на дзве часткі, перамяшаўшы іх. З таго часу палавінкі шукаюць адна адну і, знайшоўшы, прагнуць зноў да злучэння ў адно цэлае. Сапраўды, каханне, як і мастацтва, міфалагічнае па сваёй сутнасці, па сваёй прыродзе. А ідэю палавінак зафіксавала нават руская мова – у слове “пол”: мужчынскі і жаночы. Сапраўды, мужчына ці жанчына – гэта яшчэ не чалавек: толькі ўдваіх, у пары, у шлюбе, яны ўяўляюць сабою цэласнага чалавека. Іншая справа, што чалавецтва ў працэсе сваёй гісторыі сказіла такую глыбокую, такую важную ідэю. Але чалавек, які па-сапраўднаму кахае, ясна адчувае ў сваім пачуцці, у сваім стане незямны кампанент. Платон якраз па-філасофску сцвердзіў існаванне цудоўнага ў свеце, незямнога, сакральнага – “запредельного”.

Сёння ў філасофіі Платона знаходзяць усё большыя глыбіні. Сапраўды, ён распрацаваў фундаментальныя ідэі: Бога, душы, гісторыі Зямлі і паходжання чалавека.

Яшчэ адзін геній Антычнасці – Арыстоцель – быў вучнем Платона. Дарэчы, яны заснавалі два тыпы навуковых і вучэбных устаноў, што існуюць і сёння: Платон – Акадэмію, а Арыстоцель – Ліцэй. Арыстоцель быў большым рацыяналістам, чым Платон-містык, шукаў у асноўным зямныя прычыны розных з’яў, хоць і прызнаваў існаванне Вышэйшага Розуму. Праўда, ён не верыў у Атлантыду, сказаўшы вядомую фразу: “З Платонам мы сябры, але ісціна для мяне – даражэй за ўсё”. Важнейшы твор Арыстоцеля ў вобласці філалогіі – “Паэтыка”. Ён і сёння – падмурак літаратуразнаўства. Менавіта Арыстоцель распрацаваў тэорыю родаў, відаў, жанраў, іншых літаратуразнаўчых катэгорый. Тое, што мы лічым сюжэтам, Арыстоцель прама называў міфам: у аснове кожнага твора – міф. Сучасныя даследчыкі згодны з Арыстоцелем: міф – абсалютна натуральны змест мастацкага твора. Не ў сэнсе звычайнай, выкладзенай ў пэўнай сістэме, гісторыі, а ў сэнсе ўнутранай формы тэксту, якая ствараецца шляхам суаднесенасці метафары з трансцэндэнтальным гарантам культуры – Богам. Культура прасякнута ідэяй Божаскага, сакральнага, звышнатуральнага, само слова “культура” – ад культу. Гэта ўвесь час неабходна мець на ўвазе, гаворачы пра міф.

Новая эра – новая эпоха: хрысціянства. Хрыстос падараваў таемныя веды не асобным Пасвячоным-містыкам, а ўсім (хто здадны да ўспрыняцця іх). Гэта рэлігія універсальная. Праўда, яна настолькі глыбокая, што чалавечыя мазгі да яе дараслі, можа быць, толькі ў наш час. Антычны чалавек жыў у гармоніі з прыродай, і гэта давала яму шчасце. Хрыстос хацеў, каб чалавек быў шчаслівы і ў соцыуме. Таму і абвясціў асновай усяго любоў. Жыццё Хрыста і яго смерць на Галгофе – таксама містэрыя, але адбываецца яна не ў таемных падземных храмах Элеўсіны (паблізу Афінаў), а ў рэальнай прасторы вялікага, шумнага горада Ерусаліма, на вачах у тысяч простых людзей. Яшчэ нядаўна лічылася, што хрысціянства – таксама глабальны міф і перанасычана міфамі. Але ў ХХІ ст. міфы ўсё часцей прызнаюцца за рэальнасць, адкрыцці археалогіі, пісьменнасці даказваюць іх сапраўднасць. Напрыклад, сёння ўжо ніхто не аспрэчвае таго факту, што апостал Андрэй, брат апостала Пятра, сапраўды наведваў у І ст.н.э. славянскія землі; зусім верагодна, што і цяперашнюю Беларусь.

Наступны важны этап у развіцці міфалогіі як навукі – эпоха Рэнесансу (ХІV-ХVІ стст.), калі адрадзілася цікавасць да антычнай культуры. Тут найбольш вядомы даследчык – Д. Віко. Міфы ён тлумачыць як маральныя паэтычныя катэгорыі, як выяўленне псіхалогіі асобы. Надзвычай глыбокая заўвага Віко пра тое, што кожная метафара ёсць па сутнасці маленькі міф, стала асновай развіцця міфапаэтыкі.

Яшчэ адзін важны этап у развіцці навукі – эпоха рамантызму пачатку ХІХст. Менавіта ў гэты час узнікла першая школа ў заходнім літаратуразнаўстве: яна так і называлася – “міфалагічная”. Яе заснавальнікі – выдатныя сыны нямецкага народа Якоб і Вільгельм Грымы. Мы ведаем іх па цудоўнаму зборніку казак, якія браты збіралі па ўсёй Еўропе і затым апрацоўвалі. Іх паслядоўнікам у Расіі быў даследчык А.М. Афанасьеў. Яго праца “Паэтычныя погляды славян на прыроду” ў 3-х тамах застаецца асновай не толькі расійскай, але і айчыннай навукі.

Рамантыкі звярталі асаблівую ўвагу на сімвалізм міфалогіі. На іх думку, міфы сімвалізуюць вечныя каштоўнасці і з’яўляюцца матэрыялам для ўсяго мастацтва. Менавіта беларуска-польскія рамантыкі (А. Міцкевіч, Я. Чачот, Я.Баршчэўскі) першыя пачалі збіраць багацці фальклору і ўвасабляць яго сюжэты ў сваёй творчасці. (Міфалогія пасля хрысціянізацыі Старажытнай Русі амаль цалкам “перацякла” ў фальклор.)

У ХІХ-ХХ стст. аформіліся іншыя аўтарытэтныя школы ў літаратуразнаўстве, у лінгвістыцы, у фалькларыстыцы, часам на сумежжы з нефілалагічнымі навукамі: з філасофіяй, з этнаграфіяй, з археалогіяй, у ХХ ст. – асабліва з псіхалогіяй. У Расіі ў ХІХ ст. працавалі выдатныя, надзвычай рознабаковыя філолагі – менавіта філолагі, а не проста лінгвісты ці літаратуразнаўцы: А. Буслаеў, А. Патабня, М. Весялоўскі. Яны вывучалі тэкст комплексна, улічваючы і міфалагічную кампаненту. Фалькларыстычна-лінгвалітаратуразнаўчыя заходнія школы глыбока вывучалі сутнасць міфалагічнага мыслення. Галоўныя з гэтых школ школ наступныя: антрапалагічная (Д. Тэйлар), рытуальна-міфалагічная (Д.Д. Фрэзер, М.Фрай), функцыянальная (М. Эліадэ), псіхааналітычная (З. Фрэйд, К.Г.Юнг), структуралісцкая (К. Леві-Строс, Р. Барт).

Міфалагічная мысленне абумоўлена самой структурай нашага мозгу, яго раздзяленнем на дзве палавіны: левае паўшар’е, якое адказвае за логіку, рацыянальнае пазнанне, мову, і правае, адказнае за прасторава-часавае, музычнае, вобразнае ўспрыняцце, фантазію. І больш за тое: ёсць свядомасць і ёсць падсвядомасць. Свядомасць звязана з асабістым вопытам чалавека, падсвядомасць – з калектыўным, які нейкім дзіўным чынам перадаецца нам ад нашчадкаў і назапашваецца. У падсвядомасці захоўваюцца і асабістыя ўражанні чалавека, якія звычайна выкідваюцца з аператыўнай памяці. Ні адзін псіхічны акт не праходзіць без удзелу падсвядомасці. Яно і нараджае з сябе сімвалы (у снах, у фантазіях), якія маюць, як высветлілі карыфеі псіхааналітычнай школы, нейкае дзіўнае падабенства да міфаў. Сімвалы-матрыцы К.Г. Юнг назваў архетыпамі. Важная заўвага: з пункту гледжання псіхааналітычнай школы, усе літаратурныя творы ў аснове сваёй міфалагічныя, бо ў любым з іх знаходзяць сваё выяўленне архетыпы (напрыклад, архетып маці ці архетып крыві), прадстаўленыя ў розных вобразах, сімвалах.

Так жа шырока тлумачыць міфалогію і апошняя па часе ўзнікнення структуралісцкая школа. Міф, на думку структуралістаў, – гэта лагічны інструмент вырашэння любых супярэчнасцей. Сапраўды, аснову міфалагем складаюць так званыя бінарныя апазіцыі: час-прастора, дабро-зло, зямля-неба, дзень-ноч, прырода-культура, чалавек-жывёла, мужчына-жанчына і пад. Пры дапамозе апазіцый, а таксама сімвалаў і сістэмы лейтматываў міфалагізм з’яўляецца інструментам структуравання тэксту.

Структуралісты сцвярджаюць, што міфам можа быць літаральна ўсё. Кожны прадмет нашага свету можа перайсці ў знак і, значыць, зрабіцца міфам. Праўда, у эпоху архаікі міфалагізаваліся ў асноўным з’явы і аб’екты прыроды, у наш час – сацыяльнае жыццё. Напрыклад, ідэалогія і палітыка кожнай дзяржавы амаль цалкам грунтуецца на міфах. Ёсць сярод іх шкодныя, з дапамогай якіх намі кіруюць, але ёсць і надзвычай каштоўныя. Жыццё насычана міфалагічнымі сімваламі і сэнсамі, і ўсе яны – найбольш важкая частка чалавечай культуры. Некаторыя міфы знікаюць і замяняюцца новымі, але сам прынцып міфалагічнага мыслення застаецца нязменна дзейсным. Часам яго выкарыстоўваюць у карыслівых мэтах несумленныя палітыкі і гандляры, але нярэдка яно працуе і на дабро людзям і прыродзе. Адзін з апошніх прыкладаў: у ЗША ёсць унікальны прыродны запаведнік акамянелых дрэў – сучаснікаў дыназаўраў. Запаведнік наведваюць тысячы турыстаў, і кожны да нядаўняга часу імкнуўся адсекчы кавалачак такога дрэва. Супрацоўнікі запаведніка што толькі ні рабілі: і арыштоўвалі, і бралі вялікі штраф – нічога не дапамагала. Тады ў бліжэйшых вёсках яны распаўсюдзілі чутку, што акамянеласці прыносяць няшчасце, і тут жа знішчэнне унікальных прыродных рэдкасцяў спынілася; больш за тое, поштай папрысылалі тое, што да таго ўкралі. Значыць, забабоннасць аказалася мацней за пісаныя законы – і гэта ў заходняй краіне, дзе грамадзяне такія законапаслухмяныя! Але тое, што мы называем забабоннасцю, і ёсць праяўленне міфалагічнага мыслення.

Міф – вечнае люстэрка, у якім мы бачым саміх сябе. Ён заўсёды можа сказаць што-небудзь кожнаму чалавеку і пра кожнага. Міф – паўсюль вакол нас, толькі неабходна ўгадаць яго.
Пытанні для засваення і самакантролю:
1.Калі ўзнікла міфалагічная навука? У чым асаблівасці розных школ міфалогіі?

2.У чым значэнне Платона для развіцця міфалогіі і філасофіі?

3.У чым значэнне Арыстоцеля для развіцця навукі?

4.Назавіце асноўныя этапы развіцця міфалогіі як навукі. У чым значэнне эпохі рамантызму для развіцця міфалогіі і філалогіі?

5.Назавіце асноўныя сучасныя міфалагічныя школы.

  1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   14


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка