Астравецкай праўды




старонка4/4
Дата канвертавання14.03.2016
Памер0.61 Mb.
1   2   3   4

РЫНАК ПРЫЙШОЎ У БІБЛІЯТЭКУ

Ва ўмовах рыначных адносін бібліятэкам даводзіцца браць пэўную долю фінансавых расходаў на ўласныя плечы. Так з'явіліся платныя паслугі для наведвальнікаў бібліятэк, якія дазваляюць хоць крыху аднавіць і папоўніць кніжны фонд, аформіць падпіску, упрыгожыць інтэр'ер. "Першая ластаўка" аказання платных паслуг чытачам "заляцела" год назад у раённую бібліятэку. Напачатку са спонсарскіх грошай быў арганізаваны камерцыйны фонд колькасцю 15 экземпляраў. Зараз, дзякуючы тым жа платным паслугам, фонд налічвае ўжо каля 200 асобнікаў.

На сённяшні дзень спіс паслуг такога кшталту пашырыўся; у раённай бібліятэцы можна зрабіць ксеракопію з бібліятэчных дакументаў або дакументаў наведвальнікаў, атрымаць на дом свежыя часопісы і літаратуру з чытальнай залы, заказаць набор тэкстаў на камп'ютэры альбо атрымаць складаную бібліяграфічную даведку.

Усяго за восем месяцаў бягучага года раённая бібліятэка зарабіла 527 тысяч рублёў. Грошы, магчыма і невялікія, але і не лішнія.

Сёлета платныя паслугі пачалі аказваць і сельскія бібліятэкі – Альхоўская, Варнянская, Варонская, Гервяцкая, пас. Гудагайская, Лошская. Мальская. Міхалішская і Рыганьская. Яны зарабілі 85 тысяч рублёў.

----------------------------------------------------------------------------------------------------


Наталля Уладзіміраўна Баран (мал. 21) нарадзілася і ўсё жыццё правяла ў Палушах. У 1989 годзе прыйшла яна ў мясцовую бібліятэку. Нядаўна завочна скончыла Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум імя А. С.Пушкіна.

У сваёй бібліятэцы Наташа стварыла цудоўпыя экалагічны і этнаграфічны куткі. Экалагічнае навучаннее насельніцтва — адзін з асноўных накірункаў Палушскай бібліятэкі. І ў рамках яго Наталля арганізавала для вучняў малодшых класаў мясцовай школы аматарскае аб'яднанне “Пралеска". Акрамя таго, Палушская бібліятэка прымае ўдзел у рэспубліканскім аглядзе-конкурсе "Бібліятэка - дзецям. Бібліятэка для дзяцей " на лепшую пастаноўку работы па спецыялізацыі дзяцей і падлеткаў у межах дабрачыннай рэспубліканскай праграмы "Жыццё патрабуе міласэрнасці".

-------------------------------------------------------------------------------------------

Летам дэлегацыя з Астраўца гасцявала ў літоўскім горадзе Укмерге, дзе іх, у прыватнасці, цёпла прымалі і знаёмілі з горадам, яго жыхарамі і сваёй работай супрацоўнікі мясцовай бібліятэкі.

А ў мінулую суботу літоўскія госці прыехалі на Астравеччыну з візітам у адказ. Да нас завіталі заснавальнік грамадскага аб’яднання “Згода” Юлюс Казенас, а таксама дэлегацыя бібліятэчных работнікаў з Укмерге на чале з дырэктарам гарадской бібліятэкі Расай Грышнявечэне.

Традыцыйным беларускім караваем гасцей прывіталі Таццяна Мікалаеўна Букель, спецыяліст аддзела інфармацыі райвыканкама, Сяргей Лявонцьевіч Сяўко, загадчык аддзела культуры, Яніна Браніславаўна Мяшкова, дырэктар цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы і намеснік дырэктара Астравецкай бібліятэкі Данута Францаўна Чэрнушэвіч. Літоўскія калегі ў сваю чаргу паднеслі гаспадарам свае традыцыйныя падарункі: хлеб і сыр.

Госці азнаёміліся з умовамі работы нашых бібліятэкараў па Астравецкай бібліятэцы, уважліва прыслухоўваючыся да слоў “гіда” — Я.Б.Мяшковай. Найбольшую зацікаўленасць выклікаў платны фонд, а таксама вырабы з саломкі нашых культработнікаў.

Затым госці наведалі Варняны, дзе азнаёміліся з помнікамі архітэктуры і завіталі ў Гервяты. Гервяцкі касцёл і батанічны куток вакол яго надоўна прыцягную ўвагу гасцей з Літвы.


----------------------------------------------------------------------------------------------------

----------------------------------------------------------------------------------------------------


А лёс узяў за ручку — і павёў.

Спачатку Люся марыла стаць міцыянерам. 3 яе смяяліся аднакласнікі і сябры: ага, Аніскін з коскамі, Шэрлак Холмс з Яцынаў. Люсі было крыўдна да слёз: як гэта яны не разумеюць — яна ж хоча быць карыснай, дамагаць людзям! Але чым больш пасміхаліся, тым мацнейшым было жаданне дамагчыся пастаўленай мэты!

Потым, у старэйшых класах, дзіцячую "міліцэйскую" мару змяніла іншая: ёй захацелася стаць урачом. Хоць канчатковая мэта была ўсё тая ж: дапамагаць людзям.

Але адразу пасля школы "штурмаваць" медінстытут яна не рашылася — думала, папрацуе год, падзаробіць грошай, каб бацькам было лягчэй...

Нейкі час Людміла працавала на так званым Вільнюскім заводзе. А потым Яся Станіславаўна Дудко, якая загадвала Чэхскай бібліятэкай, пераязджала на сталае месца працы і жыхарства ў Астравец. I прапанавала адной з самых сваіх актыўных чытачак:

—Люда, пераходзь працаваць у бібліятэку. Тут часу вольнага шмат, усе кнігі патрэбныя пад рукой — зможаш падрыхтавацца да паступлення.

Як потым аказалася, вольнага часу ў сельскага бібліятэкара зусім не так многа, як гэта ўяўляецца недасведчанаму. Але Людміла, папрацаваўшы ў бібліятэцы, зразумела адну простую ісціну: карысць людзям можна прыносіць на любым месцы — пры ўмове, калі выконваеш свае абавязкі добрасумленна, калі адносішся да справы з душой. I калі прыёмная камісія медінстытута не разглядзела ў сарамлівым позірку вясковай дзяўчыны імкнення дапамагчы ўсім, хто мае ў гэтым патрэбу, гэта не стала трагедыяй. Люся вырашыла: застаюся ў бібліятэцы.

Тым больш, што справа гэтая ёй заўсёды падабалася. Некалі бацька, просты вясковец, які тым не менш вельмі любіў чытаць, прывёў за ручку маленькую Люсю ў бібліятэку-перасоўку ў Палястыне, каб узяць дачушцы казкі братоў Грым. Патрэбнай кніжкі якраз не аказалася, была на руках, але бацька ўзяў нейкую іншую, не менш цікавую. І з таго часу кнігі і бібліятэкі назаўсёды пакарылі сэрца дзяўчынкі, яна бегала сюды ледзь не штодня. А калі лёс узяў яе за ручку, як некалі тата і, абмінуўшы прыгожыя ружовыя мары, прывёў за стол бібліятэкара, яна не пакрыўдзілася і не стала наракаць: успрыняла ўсё, як належна, і нават з удзячнасцю.

Было гэта 27 гадоў назад. Спйчатку Людміла Юльянаўна Пазлевіч працавала загадчыцай сельскай бібліятэкі ў Чэхах, затым, змяніўшы сямейнае становішча і месца жыхарства, у Гервятах. Стаяла ля вытокаў цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы, сваімі рукамі стварала каталогі, пішучы на кожную кнігу адпаведную картку спецыяльным бібліятэчным почыркам — о, што гэта такое, як затым гэтыя карткі стаяць у вачах і сняцца начамі, можа расказаць толькі той, хто пісаў іх — дзесяткі, сотні, тысячы. Закончыла завочна Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум. Перажывала і лепшыя, і нялёгкія часы бібліятэчнай справы. I ні разу не пашкадавала пра аднойчы зроблены выбар.

—Бібліятэкар працуе з людзьмі, і гэта для мяне — самае галоўнае, — дзеліцца патаемным Людміла Юльянаўна. — Нехта прыходзіць проста кнігу патрэбную ўзяць, а іншы пагаварыць, пра набалелае расказаць. I яшчэ пытанне, што важней.

Так, сённяшнія чытачы бібліятэк крыху іншыя, чым былі нават дзесяцігоддзе назад: ім патрэбна не проста "што-небудзь пачытаць", а канкрэтная інфармацыя, пэўная кніга, твор. I ад бібліятэкара патрабуюцца новыя веды, новыя грані прафесіяналізму, якія яны набываюць на розных курсах, семінарах.

—Кажуць, што бібліятэкі цяпер не патрэбны, што людзі туды не ходзяць, — гаворыць Людміла Юльянаўна. I горача дадае. — Гэта няпраўда. У бібліятэку ходзяць і вучні, і пенсіянеры, і настаўнікі, і маладыя спецыялісты — кожны са сваім клопатам, са сваёй патрэбай. Кніга патрэбна ўсім.

Але не толькі чыста бібліятэчнай справай займаецца Людміла Юльянаўна Пазлевіч. Яна даўно і надзейна супрацоўнічае і сябруе з загадчыцай Гервяцкага Дома культуры Тарэсай Генрыхаўнай Бутвіла: разам ладзяць цікавыя масавыя мерапрыемствы, святы вёсак, дапамагаюць адна адной ва ўсім — і такое ўзаемадзеянне ідзе толькі на карысць агульнай справе. Гэтак жа, як і кантакты з калегамі з іншых бібліятэк раёна —Варнянскай, Міхалішскай, Ізабелінскай.

...Усё жыццё Людміла Юльянаўна мела асноўную мэту жыцця: прыносіць сваёй працай карысць людзям. Цяпер, калі бібліятэчнай справе аддадзена больш як чвэрць стагоддзя, можна смела сказаць: гэтая мэта ажыццяўляецца ёй паўсядзённа.



Ніна АЛЯКСЕЕВА.

----------------------------------------------------------------------------------------------------



2004
—Нарэшце заглядвае сонца і ў наша аконца, - радасна жартуюць супрацоўнікі дзіцячай бібліятэкі.

I гэта праўда, якая стала явай, калі дзіцячая бібліятэка ў чарговы раз пераехала на новае "месца жыхарства" - на гэты раз у былы будынак суда па вуліцы Энгельса.

Будынак пуставаў некалькі гадоў і паспеў за гэты час прыйсці ў даволі занядбаны стан. Затое ў гэтым годзе па ініцыятыве райвыканкама і наперш яго старшыні А.Д.Кавалькі аддзел культуры падараваў яму другое жыццё, адрамантаваўшы і размясціўшы тут дзіцячуб бібліятэку. Прыкласці намаганняў давялося шмат: замянілі стль, падлогу, усё пафарбавалі, абклеілі шпалерамі, пасцялілі лінолеум — адным словам, прывялі будынак у той выгляд, у якім ён знаходзіцца цяпер. Бясспрэчна, умовы змяніліся. Зараз у бібліятэцы замест былых двух — чатыры пакоі: у самым вялікім знаходзіцца абанемент, другі займае чытальная зала, трэці — так неабходнае кнігасховішча і чацвёрты, самы меншы — кабінет загадчыцы. Пакоі прасторныя, светлыя, супрацоўніцы паклапаціліся, каб наведвальнікам бібліятэкі было ўтульна, добра, камфортна. Спецыялісты па дэкору пазайздросцілі б іх мастацкаму густу: прыгожыя шпалеры, падабраны ў колер ім цюль, карціны на сценах і інш.

—Дзеці з задавальненнем ідуць у новую бібліятэку. Хаця, — прызнаюцца супрацоўніцы, — само месцазнаходжанне цяперашняга будынка — не ў цэнтры пасёлка, як раней — крыху насцярожвала спачатку; думалі, што гэта паўплывае на колькасць наведвальнікаў. Але, як аказалася, апасенні былі дарэмныя.

Юных чытачоў кнігі не палохае адлегласць. Чытальная зала запоўнена нават падчас канікулаў. Ды і не дзіва, работнікі бібліятэкі стараюцца усяляк зацікавіць дзяцей: часопісы і газеты, як беларускія, так і расійскія, могуць задаволіць любы густ. Папаўняецца — хаця і не так актыўна, як хацелася б — кніжны фонд, у гэтым плане і па меры магчымасці бібліятэка набывае апошнія дзіцячыя навінкі. Напрыклад, цяпер ажыятажным попытам карыстаецца знакаміты “Гары Потэр”. Дзяўчынкі задаволены разнастайнасцю кніг у стылі “дзіцячы жаночы рамман”, а хлопчыкі — дзіцячымі дэтэктывамі і прыгодніцкай літаратурай.

Аднак, нягледзячы на ўсе плюсы, адмоўны момант у новага будынка дзіцячай бібліятэкі усё ж такі ёсць — гэта ацяпляльная сістэма, якая і тут прадстаўлена незаменнай печкай. Але і гэты недахоп з ліхвой кампенсуецца іншымі выгодамі. Акрамя ўсяго, райвыканкам абяцаў у бліжэйшай будучыні замяніць вокны на сучасныя шклопакеты, уцяпліць гарышча, выдзеліць грошы на новае абсталяванне. А "Белаграпрамбанк" у якасці спонсарскай дапамогі паабяцаў падарыць дзіцячай бібліятэцы камп'ютэр.

Дарэчы, дзіцячая бібліятэка змяніла ўжо чатыры "месцы жыхарства". Да 1988 года яна размяшчалася ў РДК, затым у будынку цяперашняга цэнтра пазашкольнай работы, трэці раз пераехалі ў былое памяшканне цэнтральнай раённай бібліятэкі і вось цяпер — у новы будынак. Добра, што ўмовы з кожным пераездам паляпшаюцца.

Сёння супрацоўнікі мараць аб тым, калі, нарэшце, яны пераедуць на пастаяннае месца жыхарства ў будынак, які ўсё ж такі будзе адпавядаць сучасным умовам. А яшчэ — аб тым, што ў іх з'явіцца ксеракс — галоўная, на погляд супрацоўнікаў, і самая неабходная рэч у бібліятэцы.

Мары ўсё ж некалі збываюцца — у гэта трэба верыць.

А пакуль - з наваселлем, бібліятэка! I поспехаў на новым месцы!



НА ЗДЫМКУ: у чытальнай зале дзіцячай бібліятэкі; на абане-менце юных чытачоў абслугоўвае Надзея Уладзіміраўна Мілешка.


Фота Івана ПЕТРЫКА.


----------------------------------------------------------------------------------

Клубы і бібліятэкі: два ў адным

Райвыканкам прыняў рашэнне, з улікам склаўшайся сацыяльна-эканамічнай і дэмаграфічнай сітуацыі ў раёне, аб рэарганізацыі шэрагу ўстаноў культур.

Згодна з ім зачынены Масцянскі і Чэхскі клубы, а існуючыя ў гэтых вёсках бібліятэкі пераўтвораны ў бібліятэкі-клубы. Гірскі клуб фальклору пераўтвораны ў Дом сацыяльных паслуг. -------------------------------------------------------------------------------------------

Калі збываюцца мары

Падарунак ад раённага аддзялення рэспубліканскага Фонду міру, а таксама ад супрацоўнікаў раённага філіяла “Беларусбанка” прывезла ў Варонскую сельскую бібліятэку кіраўнік абедзвюх гэтых арганізацый Альдона Станіславаўна Сухадольская.

Са сродкаў раённага аддзялення Фонду міру было выдзелена 200 000 рублёў і куплены на гэтыя грошы кнігі — энцыклапедыі, даведнікі, вучэбныя дапаможнікі.

У Вароне гасцей чакалі — загадчыца бібліятэкі і яе маленькія чытачы. І трэба было бачыць, з якой радасцю і ўдзячнасцю прынялі яны падарунак. Прычым цяжка сказаць, хто радаваўся больш: дзеці з цікавасцю разглядалі прывезеную літаратуру — дзіцячыя дэтэктывы, казкі, прыгодніцкія раманы, вучэбныя дапаможнікі, прымерваючыся, што ўзяць пачытаць у першую чаргу.

--------------------------------------------------------------------------------------------
Культработнікі года

Па традыцыі, у пачатку года раённы выканаўчы камітэт па прадстаўленні аддзела культуры вызначае лепшых культработнікаў — загадчыка клуба, бібліятэкара і выкладчыка музычнай школы.

Лепшым бібліятэкарам стала Марыя Станіславаўна Вішнеўская, загадчыца Варонскай бібліятэкі, якая чвэрць веку працуе на ніве служэння кнізе і людзям.

На выніковым пасяджэнні работнікаў культуры, якое прайшло ў сярэдзіне лютага, лепшыя па прафесіі культработнікі атрымалі віншаванні і грашовыя прэміі райвыканкама у памеры 10 базавых велічынь кожная.

----------------------------------------------------------------------------------------------------

Па старонках кнігі кахання

Некалькі гадоў таму сябар краязнаўчага аб'яднання "Бацькаўшчына" пры Спондаўскай бібліятэцы Эдуард Балюцкіс прынёс невялікіх памераў рукапісную кніжку, запоўненую дробным уборыстым почыркам на польскай мове. Ад часу выцвіла чарніла, пажаўцелі лісты, ад частага перагортвання абтрапаліся іх краі...

Памалу, старонка за старонкай, пачынаю разбіраць тэкст. Адразу бачна, што ўкладальнік — чалавек дасведчаны і вялікі аматар кніг. Пераплёт, тытульны ліст, выхадныя даныя, нумар, прадмова выкананы па ўсіх правілах друкарскай справы. Чытаю загаловак на тытульным лісце: "Даведнік для напісання лістоў любоўных" - Юзафа Лася з вёскі Петрашышкі. Выдадзены ў 1943 годзе, аб'ёмам 80 старонак тэксту. Зборнік складаецца з 8 частак, тэкст суправаджаецца аўтарскімі малюнкамі.

Першая — "Збор віншаванняўдля дзяцей, моладзі і старэйшых людзей вершамі і прозай". Другая — "Лісты закаханых" (сюды увайшлі ўзоры пісьма да каханай з прызнаннем у каханні, ліст да бацькоў нарачонай з просьбай рукі дачкі, адказы бацькоў — адмоўныя і прыхільныя, развітальны ліст, ліст удаўца, запрашэнне на вяселле і інш.). Трэцяя — “Гульні і забавы для суполкі моладзі". Далей — "Размова з каханай пры дапамозе кветак або Як можна выказаць пачуцці мовай кветак", "Алфавіт кахання", "Зносіны з каханай праз паштоўкі" — з многімі ўзорамі перапіскі, "Значэнне барваў у жыцці людзей, найперш-каханкаў (тут жа пададзена тлумачэнне значэння каштоўных камянёў). "Прымаўкі пра каханне і сямейнае жыццё”, "Паэзія і песні пра каханне".

Натуральна, што пазнаёміўшыся з"Даведнікам"..., я зацікавілася асобай яго ўкладальніка. Якім ён быў? "Начытаным, мудрым і таленавітым, вучыўся добра", — так ахарактарызавала яго Кацярына Трыбоцкая з Кісялёу, такая ж аматарка кніг, як і Юзаф Лось. Яны сябравалі паміж сабой і гэтае сяброўства грунтавалася якраз на агульнасці інтарэсаў. Кацярына таксама сабрала даволі ўнушальных памераў бібліятэку, пачала збіраць яшчэ за польскім часам.

—Юзаф быў проста апантаным кнігалюбам! Зносіў кніжкі ў сваю бібліятэку, адкуль толькі мог. Працаваў у калгасе і нават грошай не забіраў, а аддаваў на падпіску. Не дай Божа, прападзе які-кольвек нумар часопіса — паедзе ў раён і купіць у кіёску. Жонка не надта цешылася з яго захаплення: "Ксёнжкі ксёнжкамі, а сям'ю карміць трэба".

Аднойчы нехта са знаёмых аднёс яму прачытаны раман Генрыха Сенкевіча "Агнём і мячом", у якім не хапіла 10 лістоў (такія чытачы" і зараз сустракаюцца). Дык Юзаф пазычыў у той жа Трыбоцкай такую кнігу і, прыходзячы стомлены пасля цяжкай змены (працаваў ужо апальшчыкам у цагельні), перапісваў ад рукі старонку за старонкай, прычым рукапісныя радкі супадалі з друкаванымі і лісты — таксама.

У бібліятэцы Юзафа панаваў абсалютны парадак: кнігі былі пранумараваны, занесены ў спецыяльны сшытак, некаторыя пераплецены гаспадаром нанова. Пераплятаў ён і падшыўкі часопісаў.

I дом у Лася адрозніваўся ад іншых у наваколлі. Пасля смерці гаспадара ён быў прададзены чужым людзям, бібліятэка — разрабавана, а рэшта — спалена. Так і засталося невядома, ці прачытала той рукапісны твор тая, для каго так старанна занатоўваў гэты незвычайны чалавек вершы, песні, з кім збіраўся гаварыць мовай кветак...

Іаланта ВАЛУЕВІЧ,

бібліятэкар Спондаўскай бібліятэкі.
----------------------------------------------------------------------------------------

Лоцман у кніжным моры

Тут, у вусцішным кніжным царстве, Алена Ягораўна аднойчы выразна адчула хуткаплыннасць часу. Здаецца, зусім нядаўна прыехала яна, семнаццацігадовая, з роднай Браншчыны пагасцяваць да старэйшай сястры ў Астравец, ды так і засталася тут. Глянуўся ёй невялікі, зялёны, утульны гарадок. I праца знайшлася — у дзіцячай бібліятэцы была вакансія, і Алену прынялі з умовай, што пойдзе завочна вучыцца на бібліятэкара. Яна нічога не мела супраць — чытаць любіла з дзяцінства, літаратура была любімым прадметам у школе, а апынуцца ў роднай кніжнай стыхіі — што можа быць лепш?

I вось ужо дваццаць тры гады праляцелі — як адзін... Алена Ягораўна даўно лічыць сябе астраўчанкай: тут выйшла замуж за харошага хлопца Генадзя Мінкевіча, нарадзіла дваіх дзетак. Сын Жэня ўжо студэнт, вучыцца ў Маладзечненскім гандлёва-эканамічным каледжы, і мама перажывае другую студэнцкую пару разам з ім — гады сваёй вучобы на бібліятэчным факультэце універсітэта культуры засталіся ва ўспамінах. А з дачкой-сямікласніцай Святланай так прыемна вяртацца ў свет дзяцінства, — любімых кніг. З часоў уласнага маленства і юнацтва засталіся ў Алены Ягораўны любоў і цікавасць да класічнай літаратуры, з вялікім задавальненнем перачытвае творы А. Пушкіна, М. Лермантава, А. Чэхава. I радуецца, калі сярод чытачоў знаходзяцца прыхільнікі яе любімых аўтараў.

Вядома, з гадамі прыстрасці і густы мяняюцца. Алена Ягораўна стараецца не прапускаць сучасныя творы беларускіх, рускіх і замежных аўтараў. Як да загадчыцы аддзела абслугоўвання цэнтральнай раённай бібліятэкі, да яе часта звяртаюцца чытачы з просьбай параіць што-небудзь новенькае. Яна з гатоўнасцю дапамагае, прычым не толькі мастацкую літаратуру выбраць, але і

галіновую. А гэта значыць, новыя выданні з розных галін ведаў не засталіся без яе ўвагі.

Нездарма, характарызуючы сваю супрацоўніцу, дырэктар цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Яніна Браніславаўна Мяшкова, падкрэсліла: "Алена Ягораўна — вялікая эрудытка."

У абанементнай зале раённай бібліятэкі звяртае ўвагу наведвальнікаў цікавая кніжная выстава, прысвечаная Году маці, — "Вобраз маці ў творах літаратуры і мастацтва". Кнігі для яе, рэпрадукцыі карцін вядомых рускіх і беларускіх мастакоў падбірала Алена Ягораўна разам з супрацоўніцамі аддзела абслугоўвання. (мал. 22 – Алена Ягораўна злева стаіць са сваімі супрацоўнікамі)

У актыве і планах аддзела многа розных цікавых мерапрыемстваў на галоўную тэму года. I ў кожным з іх не толькі праца, але і часцінка душы бібліятэкара першай катэгорыі Алены Ягораўны Мінкевіч.



Таіса СЁМІНА.

----------------------------------------------------------------------------------------------------

Калыска талентаў

Выйшла ў свет кніжка “Калыска Талентаў — Глушыца” Іаланты Валуевіч.

Бібліятэкар Спондаўскай бібліятэкі, актыўны краязнаўца і гарачы патрыёт сваёй маленькай радзімкі Іаланта Валуевіч — родам з хутара Глушыца. Менавіта яму, маляўнічаму роднаму куточку, людзям, якія праславілі Глушыцу далёка за межамі Астравеччыны, і прысвяціла аўтарка свой твор.

У кнізе расповяды пра лёсы і творчасць разьбяроў, народных умельцаў Міхаілу Валуевічу і Вінцэнту Ягелу, фізікаў-ядзершчыкаў бацьку і сына Памецькаў, музыканта і ывнаходніка Фелікса Станевіча, паэткі з народа Генуэфы Станевіч.

Выданне багата фотаздымкамі — як сучаснымі, так і архіўнымі.
--------------------------------------------------------------------------------------------------

Так трымаць

У Спондаўскую сельскую бібліятэку-філіял прыйшла прыемная навіна: па выніках 14 Рэспублікансакга конкурсу “Бібліятэка — асяродак нацыянальнай культуры” за 2005 год яна адзначана грашовай прэміяй.

Адзнака цалкам заслужаная: гэтая бібліятэка шырока вядома на Астравеччыне сваёй краязнаўчай работай, якую ўжо многія гады нястомна вядзе загадчыца Іаланта Францаўна Валуевіч. Тут сабраны багаты матэрыял аб мінулым Спондаўскага краю, аб паходжанні назваў тутэйшых вёсак, азёр, рачулак, урочышчаў, хутароў, аб знакамітых землякаў мінулых часоў і сучаснікаў.

У бібліятэцы арганізуюцца і праводзяцца цікавыя масавыя мерапрыемствы. На якія з’язджаюцца госці са свайго раёна і з суседніх, і якія доўга потым успамінаюць у ваколіцах.



Так трымаць Іаланта Францаўна! Новых поспехаў і знаходак!(мал 24)

---------------------------------------------------------------------------------------------------
1   2   3   4


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка