Астраномія ў Віленскім універсітэце




Дата канвертавання17.03.2016
Памер119.42 Kb.
Астраномія ў Віленскім універсітэце

 Віленскі ўніверсітэт арганізаваны ў  1579 г. па ўказе Стэфана Баторыя. Працяглы час ён быў альма-мацер для шмат якіх пакаленняў беларускіх дзяржаўных дзеячаў, інтэлектуалаў, святароў т.д.  

7 ліпеня 1578 г. у Львове Стэфанам Баторыям быў выданы першы прывілей, які ствараў езуіцкі калегіум, але без вялікай або малой пячаткі ВКЛ прывілей не меў сілы, у той час вялікай пячаткай распараджаўся канцлер Мікалай Радзівіл Руды, кальвініст па веравызнанні.

1 красавіка 1579 г. Стэфанам Баторыем быў выдадзены другі прывілей, згодна з якім езуіцкі калегіум мусіў пераўтварыцца ў акадэмію (Almae Academia et Universitas Vilnensis Societatis Jesu). Канцлер зноў адмовіўся прыкладаць вялікую пячатку.

29 кастрычніка 1579 папа Рыгор XIII сваёй булай зацвердзіў гэты прывілей. Стэфан Баторый ўпэўніў  падканцлера Астафія Валовіча, таксама кальвініста, прыкласці да прывілея малую пячатку і тым самым надаць яму юрыдычную моц . Біскуп Віленскі Валяр’ян Пратасевіч, дзеля ўтрымання універсітэта, фундаваў езуітам шэраг уладанняў, у тым ліку камяніцу пры вуліцы Бернандзінскай для бедных студэнтаў, якая атрымала назоў бурса Валер’янска

Мовай выкладання ў акадэміі была лаціна, як тады было прынята ў Еўропе, а выкладчыкі паходзілі з розных частак Рэчы Паспалітай. 



XVIІ – XVIIІ  стагоддзі

 З моманту заснавання Віленскага ўніверсітэта ў ім было два факультэта: філасофскі і багаслоўскі. Вучоба на філасофскім факультэце працягвалася тры гады і ён лічыўся як бы першай прыступкай перад багаслоўскім факультэтам. У 1641 г. кароль і вялікі князь Уладзіслаў Ваза выдаў прывілей на заснаванне медыцынскага і юрыдычнага факультэтаў.

На філасофскім факультэце было сем кафедраў: метафізікі, логікі, этыкі, матэматыкі, гісторыі, геаграфіі, вольных навук (litterae humaniores, вывучаліся латынь, грэцкі, рыторыку, паэтыку). Праштудзіраваўшы тры гады універсітэцкі  курс філасофскага факультэта, студэнты атрымоўвалі ўсебаковую, на ўзроўні сваёй эпохі адукацыю, і маглі  далей працягнуць вывучаць багаслоўе – другую  прыступку. Пры гэтым вывучаліся маральная  тэалогія маральная, дагматычная тэалогія, Святое пісанне Новага і Старога Запавету, казуістыка, палеміка, кананічнае права, гісторыя царквы, габрэйская мова. 

Курс філасофіі выкладаўся ўсе тры першыя года як і ва ўсіх еўрапейскіх універсітэтах той пары. Ён складаўся з чатырох частак: логікі, натурфіласофіі (фізікі), метафізікі і этыкі. Самым паглыбленым быў курс натурфіласофіі (philosophia naturalis seu physica), у якім выкладалася і астраноміі. Яўна, што натурфіласофія выкладалася па  Арыстоцелю, Томашу Аквінскаму, Вільяму Оккаму. Тым не менш, ужо ў XVII ст. студэнтам распавядалася і аб  геліяцэнтрычнай сістэме свету Каперніка і аб новай фізіцы Галілея.

Растлумачваючы Сусвет, большасць выкладчыкаў знаёміла студэнтаў з  трыма асноўнымі на той час сістэмамі: Пталемея (ПТАЛЕМЕЙ КЛАЎДЗІЙ (Claudius Ptolemaeus) знакаміты астраном і географ антычнасці, высілкамі якога геацэнтрычная сістэма светабудовы набыла канчатковую форму), Каперніка і Ціха Браге (БРАГЕ (Brahe) Ціха (1546–1601), дацкі астраном, рэфарматар практычнай астраноміі. На пабудаванай ім у 1576 году абсерваторыі «Ураніборг» звыш 20 гадоў вёў вымярэнні становішчаў свяцілаў з найвышэйшай для свайго часу дакладнасцю). Пры гэтым паведамлялася, што 5 сакавіка  1616 г. кніга Каперніка ўключаная ў індэкс забароненых кніг (выключаная з індэксу ў 1826 г.). Тут неабходна адзначыць, што кнігу Каперніка "De revolutionibus orbium coelestium ", надрукаваную ў 1543 г.,  выбітны астраном, матэматык, урач Георг Іаахім фон Лаўхен (Rhaeticus) (1514-1576),  перадаў у бібліятэку Вялікага Князя ВКЛ і Караля Польшчы Жыгімонта Аўгуста, асабістым доктарам якога ён быў. Потым кніга патрапіла ў  бібліятэку ўніверсітэта.

Да Кеплера, у разліках па сістэме Каперніка, прымалася, што планеты рухаюцца па ідэальных акружнасцях. І пры гэтым хібнасці паміж разліковым і рэальнымі станавішчам планет былі досыць вялікія. Менавіта гэта вымусіла Ціха Браге сфармуляваць сістэму свету, ў якой былі аб'яднаныя ідэі Пталемея і Каперніка.  

Аб узроўні выкладання астраноміі, сведчыць адзін з найболей ранніх з захаваўшыхся курсаў невядомага выкладчыка ад 1603 г. Курс чытаўся на высокім  навуковым узроўні з  ужываннем матэматычных метадаў, вялікай колькасцю схем і чарцяжоў. Разглядаючы рух нябесных сфер, аўтар курсу спасылаецца на другі раздзел кнігі Каперніка, дзе гаварыцца аб руху Землі. Але ў цэлым аўтар прытрымліваецца сістэмы свету Пталемея з Зямлёй у цэнтры. 

Вядомы таксама рукапіс з лекцыямі па астраноміі 1629 г. "Elementale mathematicarum disciplinarum. Elementale astronomicum" прафесара матэматыкі Андрэя Мілеўскага,  у якой астраномія выкладаецца з пазіцый геацэнтрызму. Але поруч з сістэмай Пталемея, у кнізе апісваюцца і сістэмы свету Ціха Браге і Каперніка. Мілеўскі  (1593-08.1656), у ордэн езуітаў уступіў 19.03.1611 г.  у Вільні. Прафесар тэалогіі маральнай. Акрамя Вільні, у 1630-1631 гг. быў прафесарам граматыкі ў Нясвіжы і ў шматлікіх навучальных установах Польшчы.





Тытульная старонка кнігі Яна Мікалая Рудаміны-Дусяцкага "Illustriora theoremata et problemata mathematica …" (1633 г.)

Найбольш вядомым выкладчыкам астраноміі той эпохі, быў матэматык прафесар Освальд Крыгер (1598-1665).  Крыгер (KRUGER, Kriger, Kryger Oswald)  нарадзіўся ў 1598 г.  у Прусіі, у ордэн езуітаў уступіў 18.08.1618 г. у Вільні. Памёр 6 траўня 1655 г. у Гародні. З 1622 па 1625 штудзіраваў філасофію ў Рыме, з 1626 г. па 1630 г. вывучаў тэалогію ў Вільні. У 1631-32 гг. прафесар матэматыкі ў Нясвіжы, з 1632 г. па 1633 г. матэматыкі і габрэйскай мовы ў Вільні. У 1633-34 гг. у Нясвіжы. З 1634 г. па 1648 г. ізноў прафесар матэматыкі і габрэйскай мовы ў Вільні. У 1648 г. займае пасаду прафесара матэматыкі і маральнай тэалогіі у Нясвіжы  і з 1653 г. –  рэктар у Нясвіжы. У 1655 г. атрымаў пасаду каралеўскага інжынера і займаўся ваеннай тэхнікай. Аўтар падручніка “Arithmetica practica in usum studiosae juventutis” (Wl 1635) і работ па матэматыцы,  астраноміі і оптыцы і архітэктуры, напрыклад: “Іllustriora Theoremata et problemata mathematica ex Opticis”... (Wl 1633).  

Дзве часткі працы Освальда Крыгера "Compendium mathematicarum disciplinarum" (1632 г.) былі прысвечаныя астраноміі. Захаваліся так сама запісы лекцый па астраноміі за 1645 г. прафесара О. Крыгера. У гэтым курсе нароўні з іншымі, ён прыводзіць і сістэму сусвету па Каперніку.  У навуковай дзейнасці Крыгер, як і Галілей, зыходзіў з важнасці вынікаў эксперыменту (дарэчы Галілей падтрымліваў навуковыя кантакты  з Віленскім універсітэтам). 

Крыгер самастойна зрабіў  тэлескоп і  яшчэ пры жыцці Галілея, са сваімі студэнтамі, правёў першыя назіранні неба ў аптычную прыладу. Ёсць дакладная інфармацыя аб назіранні Крыгерам адчыненых Галілеем спадарожнікі Юпітэра ў 1632 г.

Былыя студэнты Крыгера Ян Рудаміна-Дусяцкі  і Альберт Дыблінскі  пад яго кіраўніцтвам напісалі першыя ў нас астранамічныя працы.

Матэматыка-астранамічная  праца  Яна Мікалая Рудаміны-Дусяцкага "Illustriora theoremata et problemata mathematica …"  (1633 г.)  напісана на матэрыяле ўніверсітэцкіх лекцый. Сярод іншага аўтар апісвае нядаўна вынайдзены тэлескоп (tubus astronomicus)  і распавядае аб  правядзенні ў Вільні назіранняў за спадарожнікамі Юпітэра. Рудаміна-Дусяцкі  апісвае ўсё наяўныя на то час сістэмы  сусвету: Птолемея, Ціха Браге, Каперніка.

Яна Мікалай Рудаміна-Дусяцкі  (1615-1652 (51?) вучыўся ў Віленскай і Кракаўскай акадэміі, Лэйдэнскім і Балонскім універсітэтах. Браслаўскі харужы з 1639 г. па 1645 г., з 1645 г. – браслаўскі маршалак, стараста ўсвятскі, пасол у сойм 1648-га года, дэпутат Трыбунала ВКЛ  у 1640 і 1645 гг.

Цікава, што літоўская даследчыца З. Матулайцітэ  падзяліла прозвішча Яна Рудаміны-Дусяцкага  і напісала аб двух розных вучнях Крыгера: Ёнасе Рудаміне і Я. Дусяцкім! (Историко-астрономические исследования. Выпуск XII. Москва 1975 г. // С. 73- 82.)  Рудаміны-Дусяцкіе  - вядомы шляхецкі род на Беларусі. Так, напрыклад прадзед Яна Рудаміны-Дусяцкага, так сама Ян Рудаміна-Дусяцкі (1543-1621) фундатар знакамітага касцёла ў Камаях, дзед – аўтар твора “Праўдзівыя дыярушы экспедыцыі Кароны Польскай і ВКЛ супраць Асмана … “ (1640) пра Хоцінскую бітву 1621 г. з туркамі. Амаль што ўсе пакаленні Рудамінаў-Дусяцкіх вучыліся ў розных універсітэтах Еўропы.  

У 1639 г. аўдытар (нешта блізкае нашаму дацэнту) Віленскай акадэміі  Альберт Дыблінскі выпусціў кнігу "Centuria astronomica" напісаную на аснове лекцый Крыгера, Цікава, што аж ў 1707 г. гэтая кніга была перакладзеная на рускую мову  У. Кіпріяновым для Матэматыка-навігацыйнай школы ў Маскве. Кніга была падрыхтаваная да друку, але пераклад так і не быў надрукаваны.

"Centuria astronomica" складаецца з 100 пунктаў, кожны прыблізна ўключае ў сябе паўгадзінную лекцыю.

 У пунктах з 1-га па 7-ы  даецца апісанне  геацэнтрычнай сістэмы Сусвету па Сакробоска (Сакробоска Ян,— ангельскі навуковец. Памёр у 1256 г. у Парыжы, дзе быў прафесарам астраноміі і матэматыкі ва ўніверсітэце. Вучыўся у Оксфардзе. Ягоная самая распаўсюджаная праца "De sphaera mundi" – скарочаны выклад сістэмы сферычнай астраноміі па Пталемею). У гэтых пунктах сцвярджаецца, што акрамя сферы зорак існуюць сем планетных сфер са сваімі эпіцыкламі. Прыведзеныя чарцяжы якія тлумачаць рух Сонцы і Месяца вакол Землі.

У Пп. 8-11 тлумачыцца, чаму працягласць дня на розных шыротах розная.  Прыводзіцца досыць дакладныя памеры Зямлі па Ціха Браге.







Старонкі кнігі Альберта Дыблінскага "Centuria astronomica" (1639 г.)
 

Пп. 12-18 прысвечаныя апісанню руху Месяца.

Пп. 19-23 тлумачаць бачны рух планет на небе. Пры апісанні руху Венеры, прыводзіцца факт яе дзённай бачнасці.

П. 23 адказ на пытанне: "Нябёсы цвёрдыя ?" са спасылкай на Св. пісанне - цвёрдыя.

У п. 25 справядліва сцвярджаецца, што свеціць толькі Сонца, а ўсе астатнія нябесныя целы свецяць адлюстраваным святлом (за выключэннем зорак).

Далей тлумачацца фазы Месяца, чыннікі рознага колеру яго ў залежнасці ад вышыні над гарызонтам і стану атмасферы.

Пп. 40-42 са спасылкай на Арыстоцеля і іншыя аўтарытэты тлумачыцца чаму зоркі ззяюць а планеты не. 

 У п. 43 апісваецца тэлескапічнае назіранне Венеры ў Вільні ў 1639 г. і даецца разліковая  табліца яе становішчаў на небе і бачных фаз на наступныя гады.

 У п. 44 прыводзіцца інфармацыя Ціха Браге аб бачнай колькасці зорак на небе: бачных увесь час 780, заходзячых 317, усяго 1097. У наступным пункце паведамляецца, што акрамя бачных вокам, вядомых планет, павінны быць і яшчэ не вядомыя планеты.

 У пп. 46-55 апісваецца сутачны і гадавы рух зорнага неба і з'ява прэцэсіі.  Прэцэсія тлумачыцца са спасылкай на вялікага Каперніка (Magni Kopernici) і Ціха Браге.

 У пп 56-62  разглядаецца гадавы рух усіх планет і Месяца. Паведамляюцца лічбавыя характарыстыкі гэтага руху.

 У п. 63-71 на аснове разлікаў Ціха Браге аб памерах і адлегласцях да планет і зорак робіцца пераразлік іх вуглавых скарасцей у лінейныя. Прыводзяцца разлікі Ціха Браге аб адлегласці да нябесных свяцілаў. Адлегласць да Месяца блізка да рэальнай.

 У пп. 72-73 на аснове адлегласцяў і вуглавых  памераў, прыводзіцца разлік фізічных памераў Месяца і Сонцы. Адлегласць да Месяца ў Браге атрымалася адпаведнай рэальнасці, таму прыводзяцца ягоныя дакладныя  фізічныя памеры.  А дыяметр Сонца атрымаўся моцна пераменшаным, бо, разлічваючы адлегласць да Сонца, Ціха моцна памыліўся.

 Пп. 78-90 прысвечаныя зацьменням Сонца і Месяца. Апісваюцца чыннікі гэтых з’яў і даюцца тлумачальныя разлікі.

Апошнія 10 пунктаў прысвечаныя астралогіі.

У XVII ст.  універсітэцкія навукоўцы выдалі шэраг іншых кніг, дзе разглядаліся розныя пытанні  астраноміі:

Stancykiewicz J., Exegesis festivitatis paschalis . 1646;  Акрамя пытанняў звязаных з  каляндаром, даюцца звесткі аб сонечным і месячным годзе, аб сонечным цыкле.

Bialkowski N. C., Theorecentrica sive mathematicae  de punctis et centris considerationes,  1644; Poszapowsky J., Universa meteorologija, 1643;

Karwosiecki W.,  Theorematia caloptrosaustica. Seu de speculis histories, 1636;

Mlodzianowski J.,  Theoremata  de oculo, 1641. Тут акрамя іншага, аўтар распавядае аб даследаваннях Каперніка і Ціха Браге, прысвечаных вызначэнню адлегласцяў да зорак і планет і піша што "вялікі Капернік" паказаў, што адлегласць ад Сонца да Зямлі нашмат менш чым ад Сонца да нерухомых зорак. У кнізе апісваецца тэлескоп.

Аднак аж да канца 18 ст. галоўнай лічылася геацэнтрычная мадэль Пталемея з Зямлёй у цэнтры Сусвету і менавіта гэтая сістэма выкладалася студэнтам як асноўная.

Тут неабходна распавесці факты,  якія паказваюць, што выкладанне астраноміі ў Віленскім універсітэце адпавядала агульнаму Еўрапейскаму ўзроўню таго часу. Упершыню студэнты былі азнаёмленыя з геліяцэнтрычнай сістэмай сусвету Каперніка ў лекцыях Саламанскага ўніверсітэта ў 1561 г. Да пачатку  XVII стагоддзі гэтая сістэма аспрэчвалася нават у Сарбоне. А ў найстарэйшых універсітэтах ЗША – Ельскім і Гарвардскім, сістэмы сусвету Каперніка і Птолемея выкладаліся паралельна, да канца XVIII стагоддзя.

XVIIІ – XIX стагоддзі

У 1752 г. дасведчаны архітэктар, матэматык і астраном  езуіт Томаш Жаброўскі (1714-1758)  вярнуўся ў Вільню з Вены. Ён распрацаваў план астранамічнай абсерваторыі і атрымаў сродкі ад





Першы дырэктар віленская абсерваторыі Томаш Жаброўскі (1714-1758)

дабрачынніцы  Эльжбеты Агінскай - Пузынінай. (1700-1768)  для яе будаўніцтва. У 1753 г.  астранамічная абсерваторыя пры Віленскім універсітэце адчынілася і яе першым дырэктарам стаў  Т. Жаброўскі. Памяшканні абсерваторыі было дабудавана на будынку універсітэту.  Яны ўключалі ў сябе рэпрэзентацыйную  Белую залю, над якой надбудавалі павільён для прыбораў, дзве вежы і назіральную пляцоўку.

У праграме па астраноміі на 1781/82 гг.  выкладчык А Строцкі акрамя іншага прадугледзеў і выкладанне гісторыі астраноміі.

Князь Мікалай Радзівіл  (1702-1762), ахвяраваў тэлескоп у 4 футы даўжынёй, які быў выраблены ў Нямеччыне. Тэлескоп абшыты скурай, з гравіраваным золатам надпісам: "Dono celsissimi principis Michaelis Radziwill palat: Viln. supr: ducis exerc: M.D.L. cessit Acad: Viln: S. J. ad usum astronomicos".  Гэты тэлескоп – рэфлектар   сістэмы Грэгары, які мае галоўнае люстэрка дыяметрам 13,5 см з люстраной бронзы і да нашага часу захоўваецца ў музеі універсітэта. Іншы тэлескоп – рэфлектар   з люстэркам 10 см  быў ахвяраваны Юзафам Сапегай (1708-1754), біскупам Вільні. Журналаў назіранняў Жаброўскага не захавалася, але вядома, што ён назіраў Месяц і спадарожнікі Юпітэра. Аб узроўні патрабаванняў да студэнтаў, сведчыць іспытная праграма 1754 г.  складзеная Жаброўскім. У гэтай праграме ёсць падзел прысвечаны астранамічным назіранням студэнтаў, такім чынам  вядома, што студэнты маглі самастойна азнаёміцца з апошнімі дасягненнямі той эпохі.

Для закупу астранамічных прылад у Англію ездзіў будучы рэктар універсітэта Марцін Пачобут-Адляніцкі.  У 1764 г. ён вярнуўся  ў Вільню і стаў дырэктарам астранамічнай абсерваторыі. Прабыў на гэтай пасадзе на працягу 44 гадоў. У 1780-1799 гг.  ён быў Рэктарам Віленскага Універсітэта. Гады кіравання Пачобута-Адляніцкага –"залаты  век” абсерваторыі і універсітэта.

Пачобут дабудаваў абсерваторыю. Праект пашырэння распрацаваны вядомым архітэктарам Марцінам Кнакфусом  у 1782-1788 гг.

Пачобут быў вельмі старанным і кваліфікаваным назіральнікам і пакінуў вялікую колькасць запісаў і наглядальных дадзеных. Ён выканаў вымярэнні становішчаў астэроідаў, планет і камет. Ён таксама назіраў месячныя і сонечныя зацьменні. Найважнейшымі былі назіранні Меркурыя. Пазней, гэтыя назіранні выкарыстоўваліся французскім матэматыкам і астраномам Лаландом для вылічэння арбіты Меркурыя і складання табліц  становішча гэтай планеты.

Пасля скасавання Ордэна езуітаў (1773) Віленская акадэмія ў 1781 г. ператвараецца ў Галоўную школу Вялікага княства Літоўскага (Schola Princips Magni Ducatus Lithuaniae). Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай у Галоўную віленскую школу.

У 1811 г. кафедру астраноміі атрымаў Цэзар Камінскі (1765-1827). У праграме па астраноміі, якую ён склаў, уваходзілі апісанне  сістэмы Сусвету, тлумачэнне чыннікаў сонечных і месячных зацьменняў, тлумачэнне з’яў, што вынікаюць з сутачнага  кручэння Зямлі вакол сваёй восі і гадавога вакол Сонца.

У 1814 г. Камінскага змяніў Вінцэнт Карчэўскі (1789-1832), які таксама склаў сваю праграму. Акрамя ўсяго іншага, ён уключыў у яе курс гісторыі астраноміі. Карчэўскі з’яўляўся аўтарам шэрагу кніг па астраноміі. Найбольш папулярнай з іх была  "Астраномія …" (Karczewski W., Astronomia zawarte wo dwodziestu dwoch lekcijach … Cz. 1-2. Wilna, 1826).

 




Тэлескоп–рэфлектар сістэмы Грэгары з люстэркам дыяметрам 13,5 см, ахвяраваны Мікалаем Радзівілам

Навуковая праца Пачобута была працягнутая яго пераемнікамі. Найболей вядомымі з іх былі Ян Снядэкі,  які ўзначальваў абсерваторыю ў 1807-1825 гг., і Пётр Славінскі, дырэктар  абсерваторыі ў 1825-1847 гг. Як і Пачобут, яны назіралі планеты і іх спадарожнікі, астэроіды і каметы, зацьменні Сонцы і Месяца. Яны таксама вызначалі геаграфічныя каардынаты розных месцаў краю. Вынікі іх назіранняў публікаваліся ў працах вядомых еўрапейскіх абсерваторый. Яны падтрымлівалі кантакты з абсерваторыямі Берліна, Грынвіча, Кенігсберга, Парыжа, Пулкава і іншых.  Аб Яне Снядэцкім я планую напісаць артыкул. А  аб Пятре Славінскім (1795 – 1881), вучне Снядэцкага, вядома няшмат. У 1815 г. ён закончыў Віленскі універсітэт, у 1817 г. стаў доктарам навук. У 1819 г. выехаў за мяжу  для ўдасканальвання.  Працаваў у абсерваторыях Англіі, Францыі, Германіі.  У Англіі сустракаўся са знакамітымі астраномамі Віліямам Гершелем і ягоным сынам Джонам.   У 1823 г. вярнуўся дахаты і  быў прызначаны прафесарам універсітэта ў Вільні.  Аўтар кнігі  "Poczatki Astronomii" (1826 г.).

З-за непасрэднай падтрымкі шматлікімі студэнтамі і выкладчыкамі паўстання 1831-32 гг. году рэскрыптам Нікалая I 1 мая 1832 г. універсітэт скасоўваецца.

Медыцынскі факультэт ператвараюцца ў Медыка-хірургічную акадэмію, якая потым перадаецца Кіеўскаму універсітэту Св. Уладзіміра, а тэалагічны – у каталіцкую Духоўную акадэмію, з часам пераведзеную ў Санкт-Пецярбург.

Дзякуючы Славінскаму, абсерваторыя была перададзеная Імператарскай Акадэміі Навук у Санкт-Пецярбурзе і працягвала працаваць. У 1836 г. П. Славінскі арганізаваў друкаваны орган для публікавання вынікаў назіранняў (Extrait des Observations faites a l'Observatoire de l'Academie Imperial des sciences a Vilna), які рэгулярна  выдаваўся да 1846 г.  У 1840 г. абсерваторыя набывала 15-ці см. тэлескоп – рэфрактар Мерца, які быў усталяваны заходняй вежы будынка абсерваторыі. 

У другой палове 19 ст. віленскія астраномы пакінулі астраметрычныя  і перайшлі да астрафізічных назіранняў. Георгій Саблер (1810-1865) і Мацвей Гусеў  (1826-1866) былі піянерамі ў гэтай галіне даследаванняў. У 1861 г. Саблер, дырэктар абсерваторыі, набыў новыя прылады, сярод якіх быў сонечны фотагеліограф, фатометр Шверда і спектраскоп Мерца. У 1865 г. пачаў функцыянаваць сусветны фатаграфічны сонечны патруль. У перыяд 1868-1876  гг. была атрымана 900 фатаграфій Сонца, якія апрацоўваліся і захоўваліся ў Вільні  і ў Пулкава. Пазней, пачалі праводзіцца спектраскапічныя назіранні Сонцы і фотаметрычныя назіранні зорак. На жаль, у 1876 г. пажар прычыніў цяжкія пашкоджанні абсерваторыі. Абсерваторыя не атрымала ніякіх сродкаў для аднаўлення, і праз пяць гадоў была зачынена. Каштоўныя архівы,  бібліятэка і прылады былі размеркаваныя сярод розных устаноў Расіі, галоўным чынам  перавезеныя ў Пулкаўскую Абсерваторыю.

 У 1921-1941 гг. у зноў адчыненым універсітэце астранамічныя даследаванні ўзначаліў Уладзіславаў Дзявульскі (1878-1962), вядомы польскі астраном.



 Астранамічная абсерваторыя Вільнюскага ўніверсітэта працягвае сваю працу і зараз.  У  Белай зале былой абсерваторыі зараз размяшчаецца прафесарская чытальня універсітэцкай бібліятэкі. Адзінае, што нагадвае аб тым, што ў гэтых памяшканнях зараджалася астранамічная навука нашага краю, – гэта тры тэлескопы ХVІІІ ст., музейныя экспанаты і адначасова элементы інтэр'еру былой рэпрэзентаційнай  залы.

Крыніцы:

  1. Balinski Michal. Dawna academia Wilenska. 1862. Petersburg

  2. Историко-астрономические исследования. Выпуск XII. Москва 1975 г. // С. Матулайтите. Учение Коперника в Вильнюсском университете  в XVII – начале XIX вв. С. 73- 82.

  3. Историко-астрономические исследования. Выпуск XII. Москва 1975 г. // Н.Д. Беспамятных. «Сотня астрономская». Лекции по астрономии в 30-х годах XVII в. в Вильнюсской академии. С.101-108.

  4. Из истории естествознания и техники в Прибалтике Т. 2. Рига, 1970 г. // В.Л. Чевакал. «Centuriaastronomica» Вильнюсского астронома Альберта  Дыблинского и её русский перевод.  С. 5-13

  5. Juozas Banionis. Matematine mintis Lietuvoje. Vilius, 2001., S. 21.

  6. Baltic Astronomy, Vol. 3, 1994 //Sudzius, J. Astronomy at the Vililius University. p. 7-15.

Лаўрэш Леанід

"Наша Слова" №9 (848) 27 лютага 2008 г.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка