Асноўныя тэндэнцыі развіцця беларускай інтымнай паэзіі 19 стагоддзя




Дата канвертавання27.03.2016
Памер139.04 Kb.
УДК 821.161.3-1”18”

Брадзіхіна А.В.,

кандыдат філалагічных навук,

Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Ф.Скарыны
АСНОЎНЫЯ ТЭНДЭНЦЫІ РАЗВІЦЦЯ БЕЛАРУСКАЙ ІНТЫМНАЙ ПАЭЗІІ 19 СТАГОДДЗЯ
Аннотация

В данной статье рассматриваются основные тенденции развития белорусской интимной поэзии 19 столетия, в том числе на материале польскоязычного корпуса художественных текстов. При этом белорусскоязычная и польскоязычная интимная лирика представляются двумя отличными, но кардинально не противопоставленными друг другу эстетико-философскими системами. Особое внимание уделяется объекту любовной интенции, образно-символической системе и мотивному комплексу, которые наиболее выразительно формируют облик интимной поэзии этого периода.



Ключевые слова: интимная лирика, лирический субъект и объект, образ, символ, мотив, фольклор, художественная система.
Summary

This article considers the main tendencies in intimate poetry of the 19th century. The research is based on art texts written in Belarusian and Polish languages. For all that Belorussian- and Polish-language intimate lyrics is represented in two diverse aesthetic-philosophical systems, which are not opposed in a cardinal way. Particular attention is paid to the object of love intention, imagery and symbolic system and motivic complex forming the face of the love poetry of that period.



Keywords: intimate lyrics, lyrical subject and object, image, symbol, motive, folklore, art system
Увасабленне феномена кахання ў вербальным мастацтве, нягледзячы на “вечнасць” гэтай праблематыкі, не характарызавалася падабенствам, аднапланавасцю на розных этапах культурна-гістарычнага развіцця. Прычына не толькі ў шматаблічнасці і ўнікальнасці ўспры­мання любоўных перажыванняў кожным індывідам. Р. Уэлек і О. Уорэн слушна сцвярджаюць: “Гісторыя па­чуц­ця ўяў­­ляе для даследавання значныя цяжкасці, паколькі пачуццё няўлоўнае і ад­на­ча­со­ва аднастайнае. <...> Несумненна, аднак, што пачуццё змяняецца, прынамсі споса­бы і срод­­кі яго выражэння” [6, 131]. У гэтым сэнсе выяўленне мастацкіх падыходаў у адлюстраванні ін­тым­ных перажыванняў у літаратуры 19 стагоддзя бачыцца надзвычай важным у ацэнцы вытокаў фарміравання многіх традыцый беларускай любоўнай лірыкі наступных перыядаў. Мэта дадзенага даследавання – вызначыць спецыфіку развіцця беларускай інтымнай паэзіі пазамінулага стагоддзя з улікам агульнай ідэ­алагічнай дамінанты, рэгулятываў палавой мара­лі і куль­турна-эстэтычнай сітуацыі эпохі, што, па сутнасці, ажыццяўляецца ўпершыню ў беларускай гуманітарнай навуцы.

Нягледзячы на тое, што першыя паэтычныя ўзоры, якія пэўным чынам суадносяцца з інтымнай лірыкай, з’явіліся яшчэ ў старажытнабеларускай літаратуры, што служыла моцным сродкам рас­паў­сюджання і папулярызацыі хрысціянскіх пастулатаў, менавіта 19 стагоддзе, як важнейшы этап нацыянальнай самаідэнтыфікацыі і антрапацэнтрычнай скіраванасці, легітымізавала прысутнасць пачуццёвых матываў у культурнай сфе­ры. З іншага боку, арыентуючыся на тагачасныя асветніцкія запатрабаванні, звязаныя з фарміраваннем грамадскай думкі, выхаваннем патрыятызму і вызначэннем беларусамі сваёй ролі ў гістарычным працэсе, літаратура гэтага перыяду ўсё яшчэ адводзіла інтымнай лірыцы перыферыйнае месца, а таму абумовіла і невялікую колькасць лірычных тэкстаў такога кшталту. У большай ступені апошняе было характэрна беларускамоўнай паэтычнай творчасці, дзе амаль да канца стагоддзя любоўная тэма не набыла паўнавартаснага гучання, выяўляючыся на ўзроўні асобных, часам другарадных (у межах пэўнага верша), матываў, падпарадкаваных кардынальна іншай мастацкай задачы пісьменніка.

Так, уласцівы лірычнаму твору К. Каліноўскага “Марыська чарнаброва, галубка мая…” бунтарскі сацыяльна-рэлігійны пафас цесна знітаваны з вобразам каханай героя, развітанне з якой перарастае тут у зварот да цэлага народа. Зацяняе любоўныя інтэнцыі і адкрытая дыдактычнасць, сентэнцыйнасць вершаў Я. Баршчэўскага (“Дзеванька”) і Я. Чачота (“Каб цябе спаліла маланка…”, “Доўга спала дзеванька…”, “А мая ж ты кветачка…”), што дазваляе разглядаць іх хутчэй як узоры эталагічнай лірыкі. Часам вобраз жанчыны або калізіі кахання ўвогуле падаюцца ў камічна-сатырычным святле (“Ён і яна” Ф. Тапчэўскага, “Маладыя маладзіцы…”, “Шчабячэце, як сарокі…”, “Ой, гаспадыня чорна, як камін…” Я. Чачота, “Сватаная”, “Адказ Юрцы на “Панскае ігрышча”” Ф. Багушэвіча), што само па сабе адмаўляе такім вершам у інтымнасці. Нарэшце нярэдка на першы план у вершы выходзяць гендэрныя праблемы: узаемаадносіны ў сям’і, як правіла, сялянскай, сацыяльны статус жанчыны (“Сірата” В. Каратынскага, “Мейсца нячыстае” А. Гурыновіча, “Удава”, “З кірмашу” Ф. Багушэвіча). Нават тым нешматлікім беларускамоўным творам, дзе каханне становіцца дамінантнай тэмай, да прыкладу, “Заходзіць сонца за горы…” Я. Лучыны (урывак страчанай паэмы “Гануся”, што быў надрукаваны ў газеце “Минский листок” як асобны верш), “Песні Мікіты” з драматычнага верша “Яжовыя” Я. Чачота, відавочна не стае эмпірыкі, адчувальнага асабістага вопыту паэтаў у якасці лірычнай асновы. Гэтыя творы хутчэй схематычныя, таму гаварыць пра сапраўдную пачуццёвасць, аднаўленне эмоцый у іх жывым выглядзе ў дадзеным выпадку не даводзіцца. Менавіта “другараднасцю” вечных тэм у вербальным мастацтве эпохі нацыянальнага станаўлення і вострай сацыяльнай барацьбы абумоўлена агульная паслабленасць увагі літаратуразнаўцаў да гэтай праблемы. Сярод нешматлікіх даследчыкаў, якія далі хаця б кароткія характарыстыкі асобным беларускамоўным любоўным вершам гэтага перыяду, варта найперш назваць А. Лойку і М. Хаўстовіча.

Яшчэ адной праблемай вывучэння вербальнага мастацтва гэтага перыяду з’яўляецца полілінгвізм. Наяўнасць дзвюх-, а то і трохмоўных аўтараў – адметная рыса літаратурнага працэсу 19 стагоддзя, што дазваляе разглядаць у межах айчыннага вербальнага мастацтва і польскамоўны корпус тэкстаў, па некаторых эстэтыка-філасофскіх прыкметах адрозны ад беларускамоўнага. Па словах М. Хаўстовіча, “беларускае прыгожае пісьменства першае паловы XIX ст. выяўляла сябе як дзве разрозненыя мастацкія сістэмы. Першая – польскамоўная – выступала як прафесійная літаратура, арыентаваная на пэўную мастацкую і моўную культуру. Другая – беларускамоўная – працягвала традыцыі народнага вершаскладання” [8, 29]. Аднак трэба зазначыць, што ў адносінах да інтымнай паэзіі апазіцыя “шляхецкі (рыцарска-сармацкі) этычны кодэкс – традыцыйнае народнае светаразуменне” не супадае ў абрысах адпаведна з польскамоўнай і беларускамоўнай творчасцю.

Да прыкладу, даволі вялікае кола рамантычна-сентыментальных вершаў, напісаных на мове тагачаснай шляхты, апявае сялянскае, вясковае каханне. Як правіла, гэта ўзоры апавядальнай лірыкі з ролевым суб’ектам, стылізаваныя пад фальклорныя творы або з выкарыстаннем элементаў народна-песеннай паэтыкі (“Туга” Р. Зянькевіча, “Песня свата на сялянскім вяселлі” І. Кулакоўскага, “Сонца”, “Праснічка” Я. Чачота, “Купала” А. Петрашкевіча, “Два каханні” В. Каратынскага, “Абразок” Я. Лучыны, “Ціха над рэчкай дрэва вякуе…” А. Гурыновіча і інш.). Сярод найбольш папулярных матываў тут – матывы чакання дзяўчынай мілага з дарогі / вайны, прагі шлюбу, а таксама неабходнасці заслужыць каханне сваімі станоўчымі якасцямі: працалюбствам, цнотай, чуйнасцю, дабрынёй (такі від пачуцця старажытныя грэкі называлі прагмай).

У сваю чаргу, рыцарская тэматыка ў інтымнай лірыцы 19 стагоддзя рэалізуецца пераважна праз зварот да вобраза Прыўкраснай Дамы, што надзяляецца боскай сутнасцю, нябеснымі характарыстыкамі, выступае незямной і рэальнай жанчынай адначасова. Найбольш яскрава гэты комплекс мастацка-вобразных структур праглядаецца ў цыкле “Адэскія санеты” А. Міцкевіча, вершах “Зачараваны край” Я. Баршчэўскага, “Раманс” Ф. К. Агінскага, “Да К.” К. Э. Вайніловіча, “Баркарола” Ю. Корсака, “Яна ці помніць? Дзякую з глыбіняў духа…” Э. Жалігоўскага, “Усюды ты” Г. Шапялевіча, “Ад’езд” А. Янушкевіча, “З гісторыі жыцця і песні” Я. Лучыны, “Скуль вы, былога салодкія гукі…” А. Гурыновіча, “У лодцы” А. М-скага (цікава, што за мужчынскім псеўданімам любоўнага верша хаваецца Зоф’я Манькоўская) і інш. Але лірычныя героі тут не здзяйсняюць подзвігаў у імя каханай, яны часцей схільны рэфлексаваць і наракаць на свой горкі лёс, што разлучыў іх з любай: “Скуль вы былога салодкія гукі. // Што ж я вас чую ноччу, уранні? // Зноўку пакуты, слёзы і мукі // Зноў гарачэе, чую, каханне” [4, 117]. Дамінантны эмацыйна-псіхалагічны стан у такіх лірычных творах можна вызначыць як ubi sunt (туга па страчанаму). Нярэдка ўзмацняецца ён і матывамі выгнанніцтва, беспрытульнасці, адчаю, чакання смерці. Слёзы закаханага мужчыны ўспрымаюцца ў такім выпадку праявай своеасаблівага катарсісу, спробай ачышчэння душы ад скрухі і самоты, а адвечная праблема “каханне і смерць” набывае выгляд формулы “каханне або смерць”:


Як хутка прамільгнула мара залатая!

Я плачу! Ці расінка ўпала мне з нябёсаў?

Ты ўчула, неба, што ў мяне журба цяжкая,

Над маім ты плачаш лёсам.


<…>
Салоўка, як жыццё закончыцца імкліва

І дух мой адляціць да вечнасці дадому,

Ты заспявай, бо над магілай так чулліва

Болей не спяваць нікому [4, 255].

(Т. Лада-Заблоцкі, “Вілія”)
Сутыкненне шляхецкага і сялянскага назіраецца ў паэтычных творах, у аснове якіх ляжыць праблема сацыяльнага мезальянсу, што, на думку творцаў, не мае перспектыў. Так, прыгонная дзяўчына адмаўляецца ад багацця і свабоды на карысць кахання ў вершы “Не хачу” А. Гурыновіча. У. Сыракомля стварае з’едліва-сатырычны абразок “Да ***”, дзе сцвярджае немагчымасць пачуццёвых адносінаў паміж паннай, што прывыкла да раскошы, і селянінам. Нават калі такая сувязь мае месца, як у баладзе “Рыбка” А. Міцкевіча, то фінал яе трагічны. Падманутая каханым, які бярэ шлюб з князёўнай, Крыся, застаўшыся з немаўляці і не могучы вытрымаць здрады і ганьбы, кідаецца са стромы ў вір ракі.

Праблема кахання і багацця распрацавана і ў ліра-эпіцы 19 стагоддзя. Варта прыгадаць балады “Свіцязь” Я. Чачота і “Свіцязь-возера” Т. Зана, “Роспач” Я. Баршчэўскага і інш. У аснову першых дзвюх пакладзена вядомае паданне пра затапленне возера Свіцязь. Прычым калі ў Я. Чачота дзяўчына выступае ахвярай сквапнасці бацькі (“Аддам у замужжа дачку я // Таму, хто шмат золата мае” [9, 141]), у выніку чаго здзяйсняецца забойства, то Т. Зан выкарыстоўвае больш тонкую матывацыю. У баладзе апошняга менавіта ганарлівасць Праксы (а гэта, паводле хрысціянскай этыкі, найцяжэйшы з усіх смяротных грахоў) становіцца прычынай суровага пакарання ўсіх жыхароў горада, што дыдактычна тлумачыцца пісьменнікам у фінале балады: “Хвала вам, цнатлівыя пані, // Вы варты высокага слова, // Бо цнота – красы ёсць аснова” [7, 212].

“Роспач” Я. Баршчэўскага ўяўляе сабой так званую “жахлівую баладу”, змрочна-містычная атмасфера якой адчувальная з самых першых радкоў. Баярын, прайграўшы маёнтак і грошы ў карты, звяртаецца да чарнакніжніка з просьбай дапамагчы ажаніцца з дачкой багатага ваяводы Альдай. Жахлівы каларыт ствараецца праз дэталёвае апісанне магільных пейзажаў, прыём нечаканасці, вобразную сістэму прывідаў-зданяў, а таксама прыём градацыі, паступовае ператварэнне Альды ў пачвару: спачатку баярын заўважае змяю замест пояса, затым жамчугі ператвараюцца ў чарвей, валасы жанчыны – у клубок змей, аднак, падбадзёраны яе словамі, герой яшчэ верыць у поспех сваёй дамовы з д’яблам. Урэшце на цвінтары з’яўляюцца пачварныя здані-нябожчыкі, і баярін памірае. Дарэчы, градацыя выкарыстоўваецца ў творы двойчы: “відушчасці” героя папярэднічае разуменне існасці Альды чытачом, боязь ёю крыжа, святла, халоднасць і бледнасць. Увогуле, хтанічныя істоты ў творах з баладным субстратам даволі часта ажыццяўляюць сувязь паміж закаханымі. Так, да прыкладу, у творы “Груган” У. Сыракомлі менавіта гэтая містычная птушка з чалавечай рукой у дзюбе становіцца сімвалам страты надзеі: “Ой, руку я ўжо пазнала! // Той, чыя – не ўстане: // Гэты персцень даравала // Міламу ў расстанні…” [5, 47].

У гэтым кантэксце варта адзначыць яшчэ адзін цікавы любоўны матыў паэзіі 19 стагоддзя – каханне паміж чалавекам і інфернальнай істотай. Вытокі балады “Зорка Лятавец” Ю. Корсака, на думку І. Штэйнера, “схаваны ў славутых біблейскіх радках аб прыўкрасных дщерях человеческих, на якіх звярнулі ўвагу прапаўшыя анёлы” [10, 64]. Гераіня шчыра закахалася ў “Гнанага з Нябёс Анёла” [4, 235], хаця пачуццё гэтае мяжуе са страхам, бо яна прадчувае цёмную сутнасць любага: “Ды ў цябе ёсць пэўна штосьці // Ад пякельнае загубы” [4, 235]. Нягледзячы на тое, што любоў у рамантычным светаадчуванні набывае асаблівую каштоўнасць, за сваю містычную вандроўку з каханым да зор, згодна з народным і хрысціянскім этычным кодэксам, дзяўчына жорстка пакарана пакутлівай хваробай і смерцю.

Самай папулярнай сярод міфалагічных істот у паэтычных творах з любоўнымі калізіямі з’яўляецца русалка ці, як варыянт, Лясная дзева, Марская каралева (“Свіцязянка” А. Міцкевіча, “Русалка-спакусніца”, “Фантазія”, “Рыбак”, “Зачараваны край” Я. Баршчэўскага, “Русалкі” А. Грот-Спасоўскага, “Да Нёмана” Ю. Корсака, “Абразок” Я. Лучыны і інш.). Адметна, што ў гэтых творах русалкі прывабліваюць мужчын не смехам, як у рускай літаратурнай традыцыі, і не спевамі, што характэрна еўрапейскаму вербальнаму мастацтву. Спакушаюць яны пераважна сваімі грацыёзнымі рухамі:
Косы іх з золата, снежныя ўлонні

Сэрца чыё не зламаюць?

Рух іх пажадлівы, воч іх бяздонні

Вабяць кагосьці, шукаюць.

Сотню разоў мо яны за гадзіну

Злучацца, то разбягуцца,

Сотню разоў мо на траў зеляніну

Мякка, ляніва кладуцца [4, 103].

(А. Грот-Спасоўскі, “Русалкі”)

Каханне да гэтых істот звычайна пагражае мужчынам небяспекай, як у фальклорных павер’ях, але часам функцыі літаратурных русалак палярна адрозніваюцца ад народных уяўленняў. Больш за тое, у паэзіі 19 стагоддзя інфернальнае можа трансфармавацца ў сакральнае. Так, створаны А. Міцкевічам арыгінальны вобраз свіцязянкі з аднайменнай балады выступае ўвасабленнем справядлівасці і маральнасці, сапраўднай рамантычнай гераіні, здольнай караць толькі ў выпадку парушэння клятвы “пеклам і раем у верным каханні” [3, 77]. А ў баладзе “Свіцязь” далучанасць гэтай істоты да хрысціянскага свету фармулюецца прама: “Праз вусны мае ён вам, Бог літасцівы, // Раскрыць хоча возера былі” [3, 73]. Трэба сказаць, што містычнымі характарыстыкамі, рысамі чараўніцы ў інтымнай лірыцы пазамінулага стагоддзя часта надзяляецца і звычайная жанчына (вершы “Партрэт Стэфы” В. Дуніна-Марцінкевіча, “Узнагарода за здраду” Л. Зянковіча, “Зося, дзяўчына-свавольніца” І. Ходзькі, “Бірута – жонка Кейстута” Я. Чачота і інш.).

Аблічча літаратуры, у тым ліку інтымнай лірыкі, кожнай эпохі не ў апошнюю чаргу вызначаецца праз спецыфіку вобразна-сімвалічнага поля, а таксама ўстойлівага слоўніка любоўных паэтычных формул. Лексічныя адзінкі, наяўнасць якіх у вершы карэлюе ў свядомасці чытача з той ці іншай разнавіднасцю лірыкі, яшчэ В. Гофман прапанаваў на­зваць словамі-сігналамі. Іншымі словамі, паэзія кахання мае сваю атрыбутыку на кожным этапе культурна-эстэтычнага развіцця і ў кожнай нацыянальнай прасторы, што дазваляе ўспрымаць інтымную лірыку пэўнага стагоддзя як цэласную мастацкую сістэму. Так, аналізуючы паэтычную фразеалогію рускай любоўнай элегіі пачатку 19 стагоддзя, Л. Гінзбург піша: “Слёзы, мары, кіпарысы, урны, маладосць, радасць – усё гэ­та таксама сваго роду стылістычныя “сігналы”. Яны адносна адназначныя (наколькі мо­жа быць адназначным паэтычнае слова), і яны вядуць за сабой шэраг прад­вы­зна­ча­ных асацыяцый, што вызначаюцца ў першую чаргу не дадзеным кантэкстам, але за­да­дзе­ным паэту і чытачу кантэкстам стылю” [1, 27].

Калі складаць падобны ланцуг “сігналаў” для беларускай інтымнай лірыкі пазамінулага стагоддзя, то можна вызначыць наступныя дамінанты: зоркі, месяц, човен (лодка), возера або рака, слёзы, маладосць, лёс, наканаванасць, Бог, зямны рай і страчаны рай, бура, ружа або шыпшына, салавей, сон, магіла, хворае сэрца, шлюб. Так, зоркі ў любоўных вершах успрымаюцца не толькі ў якасці дэкаратыўнага элемента або аднаго з самых папулярных метафарычных найменняў каханай. Нярэдка паэты надаюць ім функцыю яднання закаханых у разлуцы, што пазней будзе па-майстэрску ўвасоблена М. Багдановічам у яго славутым “Рамансе” (“Зорка Венера ўзышла над зямлёю…”). У якасці ілюстрацыі падобнага вырашэння вобраза назавем вершы “Смутак на чужыне” В. Дуніна-Марцінкевіча, “Да ***” (“Ніколі, нідзе не магу я расстацца з табою!..”) А. Міцкевіча, “Баркарола” Ю. Корсака.

Распаўсюджанасць вобраза чоўна (лодкі) у любоўнай лірыцы 19 стагоддзя невыпадковая, бо можна з поўным правам гаварыць, што паэзія гэтага перыяду – гэта паэзія воднай стыхіі. Прысутнасць ракі або возера заўважаецца ў вялікай колькасці вершаў з матывамі кахання: “Да Нёмана” А. Міцкевіча, “Смутак на чужыне”, “Партрэт Стэфы” В. Дуніна-Марцінкевіча, “Зачараваны край” Я. Баршчэўскага, “Да Нёмана” Ю. Корсака, “Санет” (“Навей, каханка-муза, аб Дзвіне ўспаміны…”) А. Крумана, “Вілія” Т. Лады-Заблоцкага, “Усюды ты” Г. Шапялевіча, “Баркарола” Ю. Корсака, “У лодцы” А. М-скага, “Дзве заранкі”, “Абразок”, “З гісторыі жыцця і песні” Я. Лучыны і шмат іншых. Менавіта на берагах вадаёмаў лірычных герояў наведваюць Музы, вобразы якіх, дарэчы, у большасці выпадкаў не зліваюцца з вобразамі каханых жанчын. Паказальна, што адзін з папулярных тагачасных літаратурных часопісаў меў назву “Рубон” (гістарычнае найменне Заходняй Дзвіны).

Падкрэсленая ўвага да родных краявідаў не толькі даніна сентыменталізму. Беларускае прыгожае пісьменства 19 стагоддзя з яго мастацка-эстэтычным сінкрэтызмам пакінула ўзоры любоўнай лірыкі самай рознай стылістыкі – ад класіцыстычнага петраркізму і пачуццёвай буколікі да містычна-фантастычнага рамантызму, які ўнікаў толькі экзатычных і арыентальных матываў у паэзіі кахання (ці не адзіны прыклад – верш “Пышны малюнак” Я. Лучыны, дзе апяваецца прыгажосць грузінскай дзяўчыны). Тут правамерна гаварыць пра фарміраванне даволі ўстойлівай традыцыі спалучэння патрыятычнага і любоўнага пачаткаў, яскрава выяўленай нават у сучаснай вершатворчасці. Прычым карэляцыя паміж імі можа зводзіцца да набліжэння, нават атаясамлівання (“Адэскія санеты” А. Міцкевіча, вершы “Уцеха” Я. Чачота, “Да Юлі”, “Зачараваны край” Я. Баршчэўскага, “Смутак на чужыне” В. Дуніна-Марцінкевіча, “Вязень” Т. Зана, “Да панны А. Д.” Ю. Ляскоўскага, “Мазурка” Р. Сухадольскага і інш.), або праблемы выбару, у якім перавага аддаецца любові да Айчыны (балада “Наваградскі замак” Я. Чачота):


Ах, ганьба таму, хто пачуццям адданы,

Свой край на дзяўчыну мяняе.

Каханкаю першаю нашай – айчына,

Ёй служым, яе мы шануем,

Другая ж каханка – вядома ж, дзяўчына,

Якую кахаем, мілуем [9, 95].


Эскалацыя ў любоўнай паэзіі комплексу вобразна-выяўленчых структур, звязаных з Абсалютам (Бог, анёл, лёс, рай, наканаванасць, доля і да т. п.) абумоўлена распаўсюджанасцю правідэнцыялізму як тэалагічна-філасофскай асновы светапогляду, уяўленнем пра каханне ці яго адсутнасць у якасці выніку вышэйшай наканаванасці, а таму жыццёвыя выпрабаванні бачацца лірычным героям хаця і пакутлівымі, але не настолькі важнымі, бо “мне шлюб даў Бог з тваёй душою” [11, 83] (А. Міцкевіч). Паводле сваёй аксіялагічнай значнасці каханне тут становіцца роўнавялікім самому жыццю (“Трэба кахаць!” В. Дуніна-Марцінкевіча, “Бярозка” В. Каратынскага): “Што каханнем называем, // Тое шчэ й жыццём завецца” [4, 193]; крыніцай ўсіх даброт, здольнай спараджаць толькі ўсеагульную любоў (“Няновая думка” Я. П. Вуля, “Свіцязь-возера” Т. Зана, “З гісторыі жыцця і песні” Я. Лучыны), і адкрывае дарогу на нябёсы (“Трэба кахаць!” В. Дуніна-Марцінкевіча, “Люблю я” А. Міцкевіча):
Што нашае жыццё ў апатычным стане?

Адвечная нуда, смяротнае кананне;

Адно каханне чалавека ажыўляе,

І ўцякае сум, і неба нас вітае.

Значыць, нам каханне трэба,

Каб знайсці дарогу ў неба [2, 418].

(В. Дунін-Марцінкевіч, “Трэба кахаць!”)
Такім чынам, нягледзячы на тое, што інтымная паэзія 19 стагоддзя даволі неаднародная і стракатая на вобразна-выяўленчым узроўні, прадстаўленая разнастайнымі стылёвымі ўзорамі – ад класіцыстычнага петраркізму і пачуццёвай буколікі да містычна-фантастычнага рамантызму, відавочна, што яна ўяўляе сабой цэласную мастацкую сістэму, якая, у сваю чаргу складаецца з дзвюх адрозных, але не супрацьпастаўленых эстэтыка-філасофскіх падсістэм – беларускамоўнай і польскамоўнай любоўнай лірыкі. Комплекс адметных мастацкіх атрыбутаў паэзіі кахання гэтага перыяду рэпрэзентаваны найперш устойлівым падыходам яднання патрыятычнага і любоўнага пачатку, выразным дамінаваннем вобразна-сімвалічных структур, звязаных з воднай стыхіяй, а таксама з Абсалютам ці інфернальным, якое мае здольнасць трансфармавацца ў сакральнае.
Літаратура

1. Гинзбург Л. О лирике / Л. Гинзбург. – Л. : ЛО “Советский писатель”, 1974. – 408 с.

2. Дунін-Марцінкевіч В. Творы / В. Дунін-Марцінкевіч ; уклад., прадм. і камент. Я. Янушкевіча. – Мн. : Маст. літ., 1984. – 527 с.

3. Міцкевіч А. Выбраныя творы / А. Міцкевіч ; уклад., прадм. і камент. К. Цвіркі. – Мн. : “Беларускі кнігазбор”, 2003. – 640 с.

4. Раса нябёсаў на зямлі тутэйшай; Беларуская польскамоўная паэзія ХІХ стагоддзя : вершы / уклад., прадм. і камент. У. Мархеля. – Мн. : ППП імя Я. Коласа, 1998. – 622 с.

5. Сыракомля У. Добрыя весці : паэзія, проза, крытыка / У. Сыракомля ; уклад. і камент. У.Мархеля, К. Цвіркі; прадм. К. Цвіркі. – Мн. : Маст. літ., 1993. – 526 с.

6. Уэллек Р. Теория литературы / Р. Уэллек, О.Уоррен. – М. : Прогресс, 1978. – 325 с.

7. Філаматы і філарэты : зборнік / уклад., пер., прадм. К. Цвіркі. – Мн. : “Беларускі кнігазбор”, 1998. – 400 с.

8. Хаўстовіч, М. В. Гісторыя беларускай літаратуры 30 – 40-х гг. ХІХ ст. : [дапаможнік для студэнтаў філал. спец. вышэйш навуч. устаноў] / М. В. Хаўстовіч. – Мн. : БДУ, 2001. – 171 с.

9. Чачот, Ян. Наваградскі замак : творы / уклад., пер., прадм. і камент. К. Цвіркі. – Мн. : Маст. літ., 1989. – 327 с.



10 Штэйнер, І. Ф. Шматмоўная літаратура Беларусі ХІХ стагоддзя / І. Ф. Штэйнер. – Мн. : Бел. навука, 2002. – 171 с.

11. Яна і Я : вершы і песні пра каханне / уклад. Ул. Сіўчыкаў, Р. Шастак. – Мн. : ПУП “Радыёла-плюс”, 2005. – 512 с.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка