Асеннія вандроўкі




Дата канвертавання01.05.2016
Памер31.68 Kb.
27.11.2013

Асеннія вандроўкі
Не, сапраўды: восенню шмат каму хочацца пісаць! Рука цягнецца да паперы, як казаў А. Пушкін! Ды і кіраўніца гуртка мае той жа “недахоп”: восень для яе – сезон творчых планаў-мрояў-поклічаў, і гэты “творчы сверб” перадаецца і нам, членам гуртка “Юны карэспандэнт”. Дзякуючы ўсім гэтым добрым супадзенням мы сёння ж адпраўляемся на новым школьным аўтобусе ў першую суботнюю вандроўку.

Гляньце, які прыгажун дастаўся нам ад дзяржавы і МАЗа! Старая наша “антылопа гну” не мела ўжо сілаў вазіць вучняў нашага мікрараёна з аддаленых вёсак у “аграхутар” Сыраваткі. Чаму аграхутар? Дык гэта хітры такі жарт: не аграгарадок наша вялікая вёска, хоць некалі была цэнтрам буйнога і моцнага калгаса “Светлы шлях” у Смаргонскім раёне. Дык хай называецца аграхутарам, які, як дадае наш дырэктар С.В.Жук, газіфікаваны, камп’ютарызаваны, з выхадам у сеціва

…Уладкоўваемся да дзядькі Казіміра Ражынскага ў салон, перапытваем адно аднаго, ці ўзялі лусту і лічбавікі, блакноты і самапіскі. Паехалі!
Вандроўка першая. Рака Вялеса
Пад’ехалі да сваёй Вяллі. Яна ў нас хуткаплынная, парожыстая, звілістая, з абрывістымі берагамі. Во некалі глыбіня была – метраў 50! Цікавы фотасюжэт: Разакі. Так называўся мост, пабудаваны немцамі ў I сусветную вайну. Велічныя рэшткі апораў яшчэ моцна стаяць у вадзе. Крыху ніжэй – брод, можна па камянях перайсці Вяллю, раку Вялеса.

Гэтую старую легенду запісалі следапыты нашай школы яшчэ гадоў 10 таму ў вёсцы Навасёлкі ад адной старой сялянкі. І здівіліся такой расшыфроўцы тапоніма: Вялля – рака Вялеса! Корань аднолькавы? Аднолькавы! Продкі верылі у Вялеса! А як жа! Прозвішча Вялюць (дарэчы, рэдкае) сустракаецца ў нашай мясцовасці? Сустракаецца! Вялюць – той, каму вядзецца хатняя жывёла.

Але пра Вялеса: ён падчас працяглай засухі па малітве і ахвяры злітаваўся пад засохлымі палеткамі, жывёлай і людзьмі і абрынуў з неба моцны дождж. І той вады было столькі, што хапіла на цэлую вялікую раку.

На беразе Віліі, ва ўрочышчы Могільнік, “дрэмле памятка дзён” мінулых – Вялікі Тупальшчынскі камень. Ён схаваўся ў маладым сасонніку, і трэба добра ведаць сцяжынкі, каб сустрэцца з ім.


На капішчы быў ён галоўны,

Ахвяраў людскіх чакаў.

. . . . . . . . . . . . .

Разліта магічная сіла

У гэтых таемных кутках:

Ля каменя – продкаў магілы,

Славянаў-язычнікаў прах.

Камень-татэм даследваўся многімі: палякам К. Тышкевічам, нашым сучаснікам Э. Зайкоўскім. У навуковых працах пазначаны памер, колер, парода, вага валуна і розныя раннія і познія паданні пра яго паходжанне і магічную сілу. У легендзе хрысціянскіх часоў гаворыцца, што яго скінуў сам нячысцік, які начамі насіў вялікія камяні, каб разбурыць у Жодзішках ці то касцёл, ці то езуіцкі калегіум.

Віка Гваздовіч чытае далей верш нашага былога юнкара А. Лобача:
Я гладжу валун заснулы,

Удачы і шчасця прашу.

Татэму і продкам – мінуламу –

Я кветкі ў ахвяру нашу.


І веру, што і дагэтуль

Той камень – мой абярэг.

Хоць скажа, напэўна, нехта,

Што гэта – вялікі грэх.


А гэта – паганства гены,

Продкаў маіх карані…

Хай будзе ўсё без зменаў

У жылах маіх і крыві!

Кідаем развітальныя позіркі на недалёкія курганныя могілкі 12-14стст. І ідзём да свайго аўтобуса. З шашы яшчэ раз глядзім у той бок, дзе па беразе Віліі ўзвышаюцца рэшткі сядзібы шляхціца Юльяна Бакшанскага, удзельніка паўстання К. Каліноўскага. Кусты брызгліны і здзічэлага бэзу сустракаюць нашы позіркі…

Паляны, Хацілавічы, Сенцяняты, Селішча – праз гэтыя вёсачкі вандруем далей. Яны амаль не жылыя. У Хацілавічах адна жылая хата, і летам яшчэ дзве сям’і дачнікаў жывуць у бацькоўскіх хатах. А будынкі вялікія, дыхтоўныя, пафарбаваныя, дагледжаныя!.. Няма каму жыць тут, бо ўсе хочуць быць бліжэй да цывілізацыі.



У Палянах дажывае свой век стары драўляны будынак колішняй школы-дзесяцігодкі. Ён быў размешчаны ў былой сядзібе пані Сулістроўскай. Тут і азярцо невялікае ёсць, казачна прыгожае і рыбнае. З гэтай вёскі на працу ў школу прыязджае Іосіф Лішак, наш талковы дворнік. А яшчэ ён “здабытчык” і дастаўшчык школьнага металалому. Вунь яго халасцяцкая хата. Па-добраму здзіўляемся: падворак дагледжаны, абкошаны, хата пафарбаваная.

У Сенцяняцкім і Хацілаўскім лясах знаходзяцца найлепшыя ягадныя і грыбныя мясціны.



Дзякуй табе, шчодрая Зямля-матухна, за гэтыя дары! А сёння нам пара дамоў, у школу.

Гваздовіч В., 11кл., Жук Т., 7кл.

Фота Кажарновіч Н., 10кл.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка