Асаблівасці развіцця навукі гісторыі палітычнай І прававой думкі беларусі л. Л. Голубева




Дата канвертавання15.03.2016
Памер191.26 Kb.
АСАБЛІВАСЦІ РАЗВІЦЦЯ НАВУКІ ГІСТОРЫІ ПАЛІТЫЧНАЙ І ПРАВАВОЙ ДУМКІ БЕЛАРУСІ
Л.Л. Голубева
Палітычная і прававая думка Беларусі цесна звязана з жыццём грамадства, дзяржавы, яе палітыка-прававых інстытутаў, з палітычнай і прававой рэчаіснасцю. Без вывучэння гісторыі палітычнай і прававой думкі Беларусі немагчыма дакладнае веданне гісторыі дзяржавы і права Беларусі, і наадварот. Як правільна адзначае прафесар Шалькевіч В.Ф., “ідэйны змест як поглядаў таго ці іншага мысліцеля, так і цэлага перыяду гісторыі палітыка-прававой думкі нельга зразумець без сувязі з гістарычнай эпохай, з сацыяльна-эканамічнымі адносінамі таго ці іншага этапа гісторыі Беларусі” [10, с. 13].

Кожнаму перыяду развіцця беларускай дзяржаўнасці, пачынаючы са старажытных часоў і заканчваючы сучаснасцю, адпавядае пэўны этап у станаўленні і развіцці палітычнай і прававой думкі Беларусі, жыццё і дзейнасць знакамітых асветнікаў, якія, у сваю чаргу, выказвалі ідэі наконт дзяржавы, права, палітыкі, заканадаўства. Так, знакамітыя асветнікі XІІ ст. Еўфрасіння Полацкая (1110 (?) – 1173 (?)), Кірыла Тураўскі (1130 (?) – 1190 (?)), Клімент Смаляціч (? – 1164 (?)) адмаўлялі ўсё матэрыяльнае, акцэнтавалі ўвагу на духоўным, вечным. К. Тураўскі выступаў супраць феадальнай раздробленасці, міжусобных войнаў. На яго думку, міжусобіцы нясуць з сабой смерць і разбурэнні, аслабляюць народ. Ён прапагандаваў сярод народа неабходнасць захавання моцы і адзінства дзяржавы. Сутнасць вядомай прытчы асветніка “Прытча пра чалавечую душу і цела” або “Прытча пра сляпога і кульгавага” заключаецца ў тым, што толькі не парушаючы законаў (пісаных і няпісаных), а таксама маральных запаветаў можна дасягнуць дасканалай супольнасці людзей. У сваю чаргу, К. Смаляціч усё жыццё прысвяціў барацьбе за царкоўную незалежнасць ад Візантыі. Менавіта ў гэты час палітыка-прававая думка развівалася пад уплывам візантыйскай палітыка-прававой культуры, з’явілася царкоўна-палітычная ідэалогія цэзарапапізм (лац. cascara – “імператар” і лац. papa – “папа”, “айцец”), згодна з якой галава заканадаўчай, выканаўчай і судовай улады – імператар (цэзар) з’яўляецца адначасова і галавой хрысціянскай царквы. Як вядома, канчатковай мэтай гэтай ідэалогіі было забеспячэнне адзінства і магутнасці дзяржавы.

Для развіцця палітыка-прававой думкі Беларусі XVІ ст., перыяду Вялікага Княства Літоўскага, палітыка-эканамічным цэнтрам якога, як правільна адзначае прафесар Доўнар Т.І., з’яўляліся беларускія землі характэрны станаўленне нацыянальнай мовы, нацыянальнай самасвядомасці, гуманістычнага светапогляду [5, с. 66; 9]. Прадстаўнікі гэтага часу актыўна выкарыстоўвалі ідэі антычных аўтараў – Платона (428 да н.э.(?) – 348 да н.э.(?)), Арыстоцеля (384 да н.э. – 322 да н.э.), Марка Тулія Цыцэрона (106 да н.э. – 43 да н.э.). У цэнтры ўвагі мысліцеляў знаходзіцца чалавек і яго інтарэсы. Палітычным ідэалам Ф. Скарыны (1490? – 1551?) з’яўляецца асветная, гуманная, моцная манархія. На яго думку манарх павінен быць набожным, мудрым, адукаваным, чулым, справядлівым да сваіх падданых. Ён абавязаны кіраваць дзяржавай у строгай адпаведнасці з законамі, сачыць за справядлівым выкананнем правасуддзя. Адначасова ён павінен быць моцным і грозным, умець у неабходным выпадку абараніць свой народ. Перавагу Ф. Скарына аддаваў адукаванаму і міралюбіваму кіраўніку жзяржавы [1, с. 389 – 398]. Такія ж палітычныя погляды і ў знакамітага прадстаўніка палітыка-прававой думкі Беларусі XVІ ст. С. Буднага (каля 1530 – 1593). У прадмове да кнігі “Другі закон Маісееў” Ф. Скарына прапанаваў класіфікацыю права, якое, на яго погляд, дзеліцца на натуральнае і пісанае. Натуральнае права закладзена ў самой істоце чалавека, яно аднолькавае для ўсіх людзей, уласціва кожнаму чалавеку і не залежыць ад звычаяў, часу і месца. Пісанае права ён падзяляў на боскае, царкоўнае (кананічнае) і земскае. Нормы Боскага права змешчаны ў кнігах Старога і Новага Запавету (Бібліі). У гэтай кнізе змешчаны ўсе законы і правы, якімі людзі павінны кіравацца на зямлі. Гэтыя нормы з’яўляюцца сінонімамі волі бога. Таму заслугоўвае асуджэння не толькі той, хто не падпарадкоўваецца волі бога, але і той, хто не ведае яе прадпісанняў. Царкоўнае (кананічнае) права – гэта пастановы (каноны), прынятыя царкоўнай уладай. У земскім праве ў залежнасці ад грамадскіх адносін, што рэгуляваліся пэўнымі нормамі, Ф. Скарына вылучаў: паспалітае права (уключала ў сябе нормы грамадзянскага і сямейнага права), міжнароднае, дзяржаўнае, крымінальнае, ваеннае, гарадское, марское, гандлёвае права. Ф. Скарына лічыў, што пісаны закон павінен быць годным для выканання, карысным для насельніцтва і павінен адпавядаць звычаям, часу і месцу [10, с. 55 – 60].

Супастаўленне прававых ідэй Ф. Скарыны са зместам Статута ВКЛ 1529 г. дазволіла асобным даследчыкам (прафесару Юхо Я.А.) прыйсці да высновы, што Ф. Скарына ўдзельнічаў у распрацоўцы першага сістэматызаванага зводу законаў дзяржавы і прапанаваная ім класіфікацыя права была выкарыстана пры падрыхтоўцы першага сістэматызаванага зводу законаў ВКЛ – Статута ВКЛ 1529 г. [11, с. 204]. На нашу думку, менавіта вылучэнне ў земскім праве вышэй названых галін права, і было пакладзена ў аснову сістэматызацыя нормаў права першага зводу законаў дзяржавы.

Выказваўся Ф. Скарына і па адным з найбольш важных пытанняў крымінальнага права – аб мэце пакарання. Мэта крымінальнага пакарання – гэта застрашванне злачынцы і адначасова папярэджанне іншым асобам, здольным да злачынства. На думку асветніка закон павінен быць прыгодным для выканання, карысным для насельніцтва і павінен адпавядаць звычаям, часу, месцу.

Цікавы той факт, што Ф. Скарына быў не толькі вучоным-прававедам, але і юрыстам-практыкам. Ён неаднаразова выступаў у судах у якасці абаронцы асабістых інтарэсаў, а таксама інтарэсаў сваіх блізкіх (брата Івана і жонкі Маргарыты).

Знакамітым гуманістам XVІ ст. з’яўляецца М. Літвін. У сацыяльна-палітычным трактаце “Аб норавах татар, літоўцаў і масквіцян” (выдадзены ў 1615 г. на лацінскай мове). асветнік параўноўваў норавы, звычаі, традыцыі, законы, арганізацыю кіравання і суда ў татарскай, літоўскай і маскоўскай дзяржавах. Моцную дзяржаўнасць ён звязваў з разумнасцю законаў, з мараллю штодзённага жыцця грамадства, са стабільнасцю сям’і. Адлюстраваў погляды тых, хто кіраваўся ў сваей дзейнасці нацыянальнымі інтарэсамі ВКЛ. У трактаце М. Літвін узняў пытанні сацыяльна-палітычнага ўдасканалення грамадства, рэфармавання існуючых грамадскіх інстытутаў. Аснову гарманічнага грамадства бачыў у маёмаснай роўнасці, прытрымліваўся канцэпцыі ідэальнага правіцеля, справядлівага кіравання і правасуддзя. Грамадскія праблемы разглядаў з пазіцый проціпастаўлення дрэнных і добрых звычаяў. Так, імкненням да багацця і раскошы проціпастаўляў самаабмежаванне, памяркоўнасць. Выступаў супраць заняволення адных людзей другімі. М. Літвін закрануў праблему сацыяльнай роўнасці перад законам. На яго думку павінен быў быць аднолькавы прынцып абкладання падаткамі простага чалавека і шляхціча: чым большая маемасць, тым большым павінен быць падатак. Шмат месца ў трактаце адведзена пытанням удасканалення правасуддзя. Аноўнае з іх – ахова жыцця простага чалавека. Прынцып “кроў за кроў” павінен быць аднолькавы да ўсіх злачынцаў незалежна ад іх сацыяльнага становішча. Таму М. Літвін лічыў неабходным вызваліць працоўнае насельніцтва з-пад юрысдыкцыі феадалаў, а права на вынясенне смяротнай кары дазволіць толькі вышэйшым судам. Прапаноўваў увесці агульнасаслоўныя суды. У трактаце М. Літвін вылучыў недахопы судовай сістэмы: адсутнасць апеляцыйных судоў; адсутнасць галоснасці; хібы ў сістэме паказанняў сведак; адсутнасць нормаў судовай пісьменнасці. Ён падкрэсліваў, што сістэма непадзельнасці судовай і адміністрацыйнай улад, сумяшчэнне адной асобай некалькіх адміністрацыйных пасад вядуць да страты самой ідэі справядлівасці і незалежнасці суда [2, с. 46 – 48; 10]. М. Літвін крытыкаваў карыслівасць і распусту духавенства, падтрымліваў ідэю верацярпімасці, выступаў супраць умяшання каталіцкай царквы ў свецкія справы.

Праблемы, узнятыя М. Літвінам у трактаце, часткова былі вырашаны ў час судовай рэформы 1564 г.: удасканалена дзяржаўнае кіраванне і правасуддзе, удасканалена працэдура судовага разбору, створана апеляцыйная судовая інстанцыя, падрыхтаваны кваліфікаваныя ўраднікі дзяржаўнага кіравання і суда [3, с. 179 – 187].

Вядомы гуманіст М. Гусоўскі (каля 1480 – 1533) у творы “Песня пра постаць, дзікасць зубра і паляванне на яго” (1522) заклікаў да яднання і дружбы розных на веры і культуры еўрапейскіх народаў перад пагрозай турэцкага і татарскага нашэсця, услаўляў свабодную, гарманічна развітую і мужную асобу. Зубр у паэме – гэта вобраз роднага краю, сімвал яго былой магутнасці. Заслуга М. Гусоўскага ў тым, што ён уздымае праблему аховы прыроды, беражлівых да яе адносін, рацыянальнага выкарыстання і памнажэння прыродных багаццяў. М. Гусоўскі першым убачыў і адлюстраваў пачатак крызісу сацыяльна-палітычнага ладу ВКЛ. Ён крытыкаваў сацыяльна-класавую палітыку Польшчы і ВКЛ, быў выразнікам настрояў баяр, шляхты і гараджан. У войнах М. Гусоўскі бачыў адну з найважнейшых прычын няшчасцяў чалавецтва, пакут радзімы і народа. Ён заклікаў спыніць міжусобіцы. Паказаў жыццё мужных, працавітых людзей, іх побыт і звычаі, ідэалізаваў вобраз вялікага князя Вітаўта [8; 10].

Ідэолагі рэфармацыйнага руху лічылі, што для выратавання душы веруючага не патрабуецца ўдзелу каталіцкай царквы, таму што выратаванне адбываецца не добрымі справамі, а ўнутранай верай. Прадстаўнікі рэфармацыйнага руху ў ВКЛ адмаўлялі неабходнасць існавання Рымскай Каталіцкай царквы, каталіцкага духавенства як асобнага сацыяльнага слоя, які згодна з вучэннем царквы надае чалавеку Божую ласку. Ідэолагі Рэфармацыі патрабавалі адчужэння царкоўнай маёмасці (зямельнай уласнасці Каталіцкай царквы) на карысць дзяржавы і прыватных асоб, ліквідацыі каталіцкіх кляштараў і манахаў, адмены царкоўнай дзесяціны, пышнага каталіцкага культу, стварэння дэмакратычнай і самакіравальнай таннай царквы. Адзінай крыніцай веры ідэолагі Рэфармацыі лічылі Свяшчэннае Пісанне і адмаўлялі значэнне Свяшчэннага Падання. У другой чвэрці XVІ ст. рэфармацыйныя ідэі пачынаюць распаўсюджвацца на тэрыторыі ВКЛ. Рэфармацыйны рух праявіўся ў ВКЛ пераважна ў формах лютэранства, кальвінізму і арыянства [4].

А. Волан (1530 – 1610), як вядомы прадстаўнік кальвінісцкага руху ў ВКЛ, выступаў за рэформы ў сацыяльных і палітычных адносінах, праве і дзяржаўным кіраванні, распрацаваў канцэпцыю свабоды чалавека. У працы “Пра гасудара і ўласцівыя яму дабрачыннасці” аналізаваў тыя рысы, якімі павінен валодаць сапраўдны кіраўнік дзяржавы. Права, на думку А. Волана, павінна быць справядлівым, выступаць гарантам свабоды і роўнасці, быць разумным. Яно павінна стаяць на варце ўсеагульнай справядлівасці. Адзначаў аб неабходнасці пастаяннага ўдасканалення заканадаўства, аб развіцці прававой навукі, аб высокіх маральных якасцях пры выбарах і прызначэнні суддзяў і службовых асоб. Прытрымліваўся тэорыі натуральнага права і выкарыстоўваў для яе характарыстыкі раннехрысціянскі маральны прынцып “І гэтак ва ўсім, як хочаце, каб з вамі абыходзіліся людзі, так і вы абыходзьцеся з імі” [6; 10].

Прадстаўнік правай (памяркоўнай) плыні арыянства С. Будны (каля 1530 – 1593) пераклаў на беларускую мову прадмову да “Катэхізісу” і распрацаваў у ёй вучэнне пра войны справядлівыя і несправядлівыя. На яго думку справядлівыя войны вядуцца дзеля абароны Айчыны і сапраўдны хрысціянін павінен прымаць удзел у такой вайне. Несправядлівыя войны асветнік называе “разбоем”. Абавязак кожнага сумленнага чалавека не ўдзельнічаць у такой вайне. На старонках галоўнай працы свайго жыцця С. Будны выказаў свае адносіны да сучасных яму дзяржавы і дзяржаўных інстытутаў, да прыватнай уласнасці. Лічыў, што дзяржаўная ўлада мае боскае паходжанне і ей неабходна падпарадкоўвацца. Сілай дамагацца ўлады нельга. Таму сапраўдны арыянін можа займаць дзяржаўныя пасады, звяртацца ў суд, весці судовыя працэсы, і нават выконваць абавязкі суддзі. С. Будны лічыў, што суддзя павінен быць справядлівым, чэсным, праўдзівым, веруючым; павінен судзіць справядліва, не перакручваць законы і не браць хабару [1, с. 69 – 76].

На думку вядомага дзяржаўнага дзеяча Л. Сапегі (1557 – 1633) цэнтральнай катэгорыяй філасофіі права з’яўляецца катэгорыя свабоды. “Мудрацы ўсіх вякоў лічылі, што ў кожнай дзяржаве прыстойнаму чалавеку не можа быць нічога даражэй за свабоду” – такімі словамі пачынае асветнік “Зварот” да ўсіх саслоўяў ВКЛ. Права ўласнасці і права асабістай недатыкальнасці складаюць сутнасць свабоды. Права Л. Сапега разглядаў як сапраўднае праяўленне розуму чалавека. Права павінна забяспечыць дзяржаве ўнутраны парадак, стабільнае і ўстойлівае развіццё, сацыяльны мір. Жыццё ў адпаведнасці з законамі – абавязковая ўмова існавання дзяржавы. Толькі павага да права дае магчымасць быць сапраўды свабоднымі. Кожны чалавек павінен ведаць межы сваей свабоды, а для гэтага неабходна вывучаць законы. Закон павінен быць аднолькавым і абавязковым для ўсіх саслоўяў. Разам з тым, ён павінен быць накіраваны супраць асобных правапарушальнікаў. Калі ў грамадстве адсутнічае павага да права, пануе беззаконнасць, яно не можа лічыцца чалавечым і справядлівым. Такое грамадства асветнік называе “воўчай зграяй”. Права, на яго думку, павінна не дапусціць выкарыстання дзяржаўнай улады ў карыслівых мэтах правіцеля. Усе думкі Л. Сапегі даюць магчымасць разглядаць яго як прыхільніка ідэі прававой дзяржавы [4].

У сярэдзіне XVІ ст. у Еўропе ўзніклі контррэфармацыйныя ідэі, накіраваныя супраць ідэй і вынікаў Рэфармацыі. Праграму барацьбы з Рэфармацыяй выпрацаваў Трыдэнцкі сабор. Прадстаўнікі контррэфармацыйных ідэй прымалі актыўны ўдзел у свецкім жыцці і такім чынам аказвалі ўплыў на свядомасць людзей у патрэбным кірунку. Для прапаведвання ідэй Контррэфармацыі выкарыстоўваліся царкоўныя суды, манастырскія каталіцкія ордэны, рэакцыйныя рэлігійна-палітычныя групоўкі феадалаў і шляхты, а таксама вярхоўная, дзяржаўная ўлада такіх каталіцкіх краін, як Іспанія, Рэч Паспалітая. У выніку Контррэфармацыі былі ўнесены ўдакладненні ў кананічнае права: нанава адрэдагаваны шэраг багаслоўскіх кніг, уведзена строгая царкоўная цэнзура, зацверджаны “Індэкс забароненых кніг” [10].

Як вядома, у 1596 г. была заключана Берасцейская царкоўная ўнія, вакол ідэй якой разгарнулася вострая палеміка: з аднаго боку выступілі прыхільнікі ўніі, з другога боку яе праціўнікі. Прыхільнікам заключэння Берасцейскай царкоўнай уніі, асноўным ідэолагам Контррэфармацыі быў П. Скарга (1536 – 1612). Па сваіх палітычных поглядах ён быў прыхільнікам неабмежаванай манархіі. Шляхту лічыў ніжэйшым саслоўем, здольным толькі на “ваеннае рамяство”, крытыкаваў за злоўжыванне саслоўнымі прывілеямі, абвінавачваў у распаўсюджванні рэфармацыйных ідэй. Лічыў, што свецкая ўлада павінна падпарадкоўвацца царкоўнай, а кароль – Папу Рымскаму. У творы “Пра еднасць касцёла Божага” налічыў 19 “памылак” Праваслаўнай царквы, якія вялі да скажэння сапраўднага хрысціянскага веравызнання. Ён заклікаў князя К. Астрожскага, усе ўсходнеславянскія народы да царкоўнай уніі з Рымам. Паказаў тыя выгоды, якія атрымаюць праваслаўныя ў выніку заключэння ўніі. На яго думку сапраўднае хрысціянскае веравызнанне ідзе ад Рымска-каталіцкай царквы. У выніку заключэння ўніі будуць створаны ўмовы для развіцця і росквіту сапраўднай навукі і належнай асветы для народа. У выніку заключэння ўніі знікне варожасць паміж праваслаўнымі і католікамі. Праваслаўная шляхта атрымае магчымасць займаць значныя дзяржаўныя пасады [4; 10]. Вядомы дзяржаўны і палітычны дзеяч дадзенага перыяду І. Пацей (1541 – 1613) у сваей працы “Унія…” імкнуўся даказаць, што паміж праваслаўнымі і католікамі існуе толькі ўяўная розніца. Ён аб’ектыўна паказаў цяжкае становішча праваслаўнай царквы, неадпаведнасць яе духавенства свайму прызначэнню.

Праціўнікі Берасцейскай царкоўнай уніі Х. Філалет (? – 1624), А. Філіповіч (1597 – 1648), М. Сматрыцкі (каля 1578 – 1633) даказвалі, што саюз уніяцкіх епіскапаў з Рымска-каталіцкай царквой быў абумоўлены жаданнем дамагчыся матэрыяльных выгод, высокіх дзяржаўных пасад, рэлігійных прывілеяў і палітычных правоў. Выратаванне свайго народа яны бачылі ў адраджэнні і ўмацаванні Праваслаўнай царквы. Менавіта з-за царкоўнай уніі ў краіне беспакарана парушаюцца законы. Польскія феадалы і каталіцкая царква імкнуліся заключыць унію не з рэлігійных, а з палітычных меркаванняў.

Для Беларусі гэты перыяд адметны тым, што ў 1641 г. у складзе Віленскай езуіцкай акадэміі па ініцыятыве сына Л. Сапегі Казіміра Льва Сапегі (1609 – 1656) быў створаны юрыдычны факультэт, які пачаў працаваць з 1644 г. К.Л. Сапега запрасіў для выкладання на юрыдычным факультэце чатырох прафесароў. Сярод іх быў выхадзец з Беларусі Аарон (Адам, Аляксандр) Алізароўскі (1618 – 1659). Асветнік прапанаваў наступную класіфікацыю права: боскае, натуральнае і права народаў. Пры гэтым боскае і натуральнае права выступаюць як самастойныя віды і дапаўняюць адзін аднаго. Лічыў, што “Боскае права забараняе несправядлівасць, прыгнечанне бедных і ўсялякія крыўды”. Натуральнае права прырода заклала ў чалавеку як сацыяльнай і біялагічнай істоце. Абгрунтаванне натуральна-прававых ідэй дазволіла яму развіваць новае буржуазнае разуменне свабоды і роўнасці. На думку А. Алізароўскага, існуюць тры віды свабоды: прававая, філасофская, палітычная. Прававая свабода – гэта здольнасць людзей у адпаведнасці з прыроднай і агульнай годнасцю распараджацца сваім жыццём паводле ўласнага разумення і патрабаванняў закону. Філасофская свабода – гэта ўлада розуму над эмоцыямі і імкненнямі. Палітычная свабода – гэта панаванне ў грамадстве права і закону, а не самавольства манарха [1, с. 17 – 18].

З сярэдзіны XVІІІ ст. у развіцці палітычнай і прававой думкі Беларусі пачынаецца новы этап, які характарызуецца пранікненнем у Рэч Паспалітую з Заходняй Еўропы (з Францыі) асветніцкай ідэалогіі. У Беларусі распаўсюджваюцца працы Вальтэра (1771 – 1831), Мантэск’ё (1689 – 1755), Русо (1712 – 1778) і іншых французскіх мысліцеляў XVІІІ ст. Носьбітамі прагрэсіўных ідэй з’яўляліся прадстаўнікі перадавой часткі шляхты, а таксама буржуазіі, якая нараджалася. Грамадства імкнецца да адраджэння і абнаўлення ў эканамічным, палітычным і духоўным жыцці. У 1780 г. Віленская езуіцкая акадэмія была рэарганізавана ў Галоўную школу ВКЛ, у складзе якой была створана Адукацыйная камісія (першае ў Еўропе міністэрства адукацыі). Сярод асветнікаў гэтага перыяду асаблівай папулярнасцю карыстаўся фізіякратызм. Прадстаўнікі фізіякратызму ў Беларусі І. Страйноўскі (1752 – 1815), І. Храптовіч (1729 – 1812), А. Тызенгаўз (1733 – 1785) сапраўднай крыніцай багацця лічылі зямлю, сапраўднай прадукцыйнай працай – земляробскую працу. Яны крытыкавалі прыгоннае права, якое стрымлівала развіццё сельскай гаспадаркі, прапаноўвалі розныя праекты адмены прыгонніцтва, даказвалі неабходнасць фермерскага спосабу вядзення сельскай гаспадаркі. прытрымліваліся тэорыі натуральнага права і дагаворнага паходжання дзяржавы [1; 2; 3; 10].

У XІX ст. палітычная і прававая думка Беларусі развіваецца па трох асноўных накірунках: ліберальна-буржуазнаму, кансерватыўна-манархічнаму, рэвалюцыйна-дэмакратычнаму. У Беларусі ідэі лібералізму пачалі распаўсюджвацца ў канцы XVІІІ – пачатку XІX ст. сярод выкладчыкаў і студэнтаў Віленскага ўніверсітэта, а таксама гарадскога насельніцтва. Актыўны ўдзел у распаўсюджванні ліберальных ідэй прымаюць прадстаўнікі тайных студэнцкіх таварыстваў Віленскага ўніверсітэта філаматы, філарэты, прамяністыя. Ідэі рэфармавання сістэмы сярэдняй і вышэйшай адукацыі ў духу яе дэмакратызацыі і лібералізацыі, вырашэнне сялянскага пытання, аднаўленне страчанай дзяржаўнасці ў той ці іншай форме адстойвалі Я. Снядэцкі (1756 – 1830), В. Страйноўскі (1759 – 1834), М.К. Агінскі (1765 – 1833) і іншыя. Кансерватызм сфарміраваўся на мяжы XVІІІ – XІX стст. як рэакцыя на ідэі эпохі Асветніцтва. Кансерватызм абараняў веру супраць розуму, традыцыю супраць свабоднага пазнання, іерархію супраць роўнасці, калектыўныя каштоўнасці супраць індывідуалізму, боскія ці натуральныя законы супраць грамадскіх. Прыхільнікі кансерватыўных ідэй І. Лабажэўскі (каля 1750 – 1826), Г. Ржавускі (1791 – 1866), І. Галавінскі (1807 – 1885), К. Буйніцкі (1788 – 1878) і іншыя крытыкавалі змест канстытуцый, заснаваных на прынцыпах “натуральнага права”, ставілі пад сумненне ідэі “грамадскага дагавору”, прынцыпы суверэнітэту народаў і правоў чалавека. Асноватворнымі паняццямі для іх былі “гісторыя”, “жыццё”, “нацыя”. Аднак кансерватыўная думка згаджаецца з прынцыпамі канстытуцыйнай дэмакратыі і індывідуальных правоў, з неабходнасцю асцярожных і паступовых сацыяльна-эканамічных змен. Прадстаўнікі гэтага напрамку выступалі за захаванне рэшткаў прыгону, ліквідацыю інстытута міравых пасрэднікаў і інш, хоць выказваліся за земскую і судовую рэформы. У цэлым кансерватыўная думка не здолела дастаткова ярка праявіцца ў грамадска-палітычнай думцы і руху ў пачатку XX ст. Рэвалюцыйна-дэмакратычны напрамак у грамадскай думцы Беларусі найбольш выразна акрэсліўся ў канцы 50-х гг. XІX ст. Прадстаўнікі рэвалюцыйна-дэмакратычнага напрамку М. Валовіч (1806 – 1833), Ф.А. Савіч (1815 – 1861), Ю. Бакшанскі (1824 – 1863). К. Каліноўскі (1838 – 1864) абгрунтоўвалі неабходнасць звяржэння царскага самадзяржаўя, ліквідацыі памешчыцкага землеўладання, перадачы зямлі і ўсіх сродкаў вытворчасці народу, усталявання народаўладдзя са свабодным нацыянальна-палітычным самавызначэннем народаў і інш. [2; 10].

У XX ст. у Беларусі атрымалі развіццё марксісцка-ленінскія ідэі.



У цэлым палітычная і прававая думка Беларусі мае багатую гісторыю. Яе вывучэнне садзейнічае фарміраванню палітычнай культуры, нацыянальнай самасвядомасці, удасканальвае і абагачае навуковы светапогляд, выхоўвае гуманізм і патрыятызм, а таксама садзейнічае ўсебаковаму духоўнаму развіццю асобы. У 30-я гады XX ст. былі выдадзены працы А. Луцкевіча, А. Цвікевіча, Г. Парэчына, А. Станкевіча. Працы аб палітычных і прававых поглядах К. Каліноўскага, Ф. Багушэвіча, А. Гурыновіча, Ф Скарыны, С. Буднага, С. Полацкага, К. Лышчынскага і іншых мысліцеляў Беларусі з’явіліся пасля Вялікай Айчыннай вайны. Менавіта ў гэты час, у 1947 г., пасля аднаўлення дзейнасці Інстытута філасофіі і права, у план яго навукова-даследчай работы была ўключана тэма “Асноўныя моманты развіцця грамадскай і філасофскай думкі Беларусі ў другой палове XІX стагоддзя”, даследаванне якой было даручана І.М. Лушчыцкаму, які ў 1952 г. паспяхова абараніў у Інстытуце філасофіі АН СССР у Маскве доктарскую дысертацыю на тэму “Перадавая грамадска-палітычная і філасофская думка ў Беларусі ў другой палове XІX ст.”. У будучым І.М. Лушчыцкім было надрукавана больш дзесяці навуковых работ па розных праблемах грамадскай думкі Беларусі. У 1958 г. І.М. Лушчыцкі выдаў манаграфію “Нарысы па гісторыі грамадска-палітычнай і філасофскай думкі ў Беларусі ў другой палове XІX стагоддзя”. У 50-я гады абараняюцца дысертацыі па поглядах М. Багдановіча, А. Пашкевіч (Цёткі), Я. Купалы, Я. Коласа і інш. Значная ўвага надаецца развіццю палітыка-прававой думкі Беларусі XVІ ст. Даследуюцца погляды Ф. Скарыны, С. Буднага, В. Цяпінскага-Амельяновіча. Упершыню погляды Ф. Скарыны былі даследаваны ў працах першага рэктара Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта У.І. Пічэты. У працах М.А. Алексютовіча даследуюцца погляды С. Буднага, В. Цяпінскага, К. Лышчынскага і іншых беларускіх мысліцеляў. У працах В.М. Пузікава былі грунтоўна прааналізаваны погляды С. Полацкага. Абараняюцца дысертацыі па поглядах К. Лышчынскага, С. Полацкага, Ф. Скарыны.

У 70 – 90-я гады XX ст. друкуюцца працы А.А. Біралы, Э.К. Дарашэвіча, Т.І. Доўнар, У.М. Конана, А.Ф. Коршунава, А.С. Майхровіча, Н.Н. Махнач, С.А. Падокшына, Е.С. Пракошынай, С.Ф. Сокала, В.Ф. Шалькевіча, Я.А. Юхо і інш. Побач з даследаваннямі па гісторыі дзяржавы і права Беларусі, навукоўцы друкуюць артыкулы, якія тычацца палітычных і прававых поглядаў беларускіх мысліцеляў на працягу ўсяго перыяду станаўлення і развіцця беларускай дзяржаўнасці. У 1972 г. С.Ф. Сокалам была абаронена дысертацыя на суісканне навуковай ступені кандыдата філасофскіх навук на тэму “Социологическая и политическая мысль в Белоруссии во ІІ половине XVІ века”, у 1985 г. У.М. Сікорскім – на суісканне навуковай ступені кандыдата юрыдычных навук “Прогрессивная общественно-политическая и правовая мысль в Белоруссии в первой половине XІX века». У 1986 г. С.Ф. Сокал абараніў дысертацыю на суісканне навуковай ступені доктара юрыдычных навук на тэму "Политическая и правовая мысль в Белоруссии XVІ – первой половины XVІІ века”. У 1988 г. выдавецтва Беларускай Савецкай Энцыклапедыі на беларускай мове выдала энцыклапедычнае выданне “Францыск Скарына і яго час: энцыклапедычны даведнік”, якое ў 1990 г. перавыдаецца ў перакладзе на рускую мову. У 90-я гады, калі Беларусь стала на шлях пабудовы дэмакратычнай сацыяльнай прававой дзяржавы цікавасць да гісторыі палітычнай і прававой думкі Беларусі значна павялічылася. Даследаваннем асаблівасцей развіцця палітычнай і прававой думкі Беларусі займаюцца такія навукоўцы, як С.А. Падокшын, С.Ф. Сокал, А.Ф. Вішнеўскі, І.У. Вішнеўская, Т.І. Доўнар, Я.А. Юхо, Л.Л. Голубева, А.Я. Ляскоў і інш. У 1999 г. А.Я. Ляскоў абараніў дысертацыю на суісканне навуковай ступені кандыдата юрыдычных навук на тэму “Прававыя і палітычныя ідэі ў Беларусі ў канцы XVІІІ ст.”. Прафесар В.Ф. Шалькевіч у 1999 г. выдае навучальны дапаможнік “Гісторыя палітычнай і прававой думкі Беларусі”, у якім упершыню ў гісторыі беларускай культуры сістэматычна выкладзены асноўныя этапы развіцця палітычнай і прававой думкі Беларусі ад старажытнасці да канца XVІІІ ст. Прааналізаваны палітыка-прававыя погляды найвыдатнейшых прадстаўнікоў беларускай палітычнай і прававой думкі. У 2002 г. навукоўца перавыдае гэты навучальны дапаможнік, у якім ужо аналізуюцца асаблівасці развіцця палітыка-прававой думкі Беларусі XІX – пачатку XX стст. (у адрозненні ад папярэдняга выдання). У 2000 г. С.А. Падокшын і С.Ф. Сокал выдаюць кнігу “Палітычная і прававая думка Беларусі XVІ – XVІІ ст.ст., у якой разглядаюцца перадумовы фарміравання палітычнай і прававой думкі Беларусі, прааналізаваны погляды найбольш знакамітых беларускіх мысліцеляў – Ф. Скарыны, М. Гусоўскага, М. Літвіна, С. Буднага. У 2001 г. перавыдаецца энцыклапедычнае выданне “Асветнікі зямлі беларускай”, у якім змешчаны артыкулы вядомых даследчыкаў гісторыка-прававой спадчыны беларускага народа Т.І. Доўнар, Г.У. Дзербінай, С.А. Падокшына, С.Ф. Сокала, В.Ф. Шалькевіча, Я.А. Юхо і інш. У 2002 г. калектывам аўтараў Г.С. Авакянам, М.В. Кузняцовым, М.П. Сінькевічам была выдадзена кніга “Палітычныя мысліцелі і гуманісты Беларусі”, у якой даследуюцца палітычныя, асветніцкія, рэлігійныя погляды выдатных мысліцеляў Беларусі XІІ – XVІІ стст., раскрываецца іх сувязь з палітычнай культурай, асветніцтвам, духоўнасцю іншых народаў. С.А. Падокшын у 2003 г. выдае працу “Беларуская думка ў кантэксце гісторыі і культуры”, у якой аналізуюцца творчая спадчына і светапогляд некаторых найбольш значных асоб беларускай культуры і думкі XVІ – XVІІ стст., апісваецца іх жыццё. Па ініцыятыве і пад кіраўніцтвам прафесара Доўнар Т.І. калектывам аўтараў Доўнар Т.І., Доўнар Ю.П., Голубевай Л.Л. у 2004 г. была надрукавана хрэстаматыя па гісторыі палітычнай і прававой думкі Беларусі, у якой змешчаны матэрыялы па гісторыка-прававой спадчыне беларускага народа, вытрымкі з твораў беларускіх мысліцеляў, якія сведчаць аб тым, якую ролю ў развіцці палітыка-прававой думкі і наогул прававой навукі Беларусі XVІ – XVІІІ стст. адыгралі шматлікія грамадска-палітычныя дзеячы, юрысты-практыкі, навукоўцы. У 2004 г. І.У. Вішнеўская выдае дапаможнік для студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў “Гісторыя палітычнай і прававой думкі Беларусі”, у якім ахоплены ўвесь перыяд развіцця палітыка-прававой думкі Беларусі; працэс узнікнення і развіцця тэарэтычных ведаў аб дзяржаве, палітыцы, праве і заканадаўстве краіны ад старажытных часоў да нашых дзён. У 2004 г. выходзяць навучальныя дапаможнікі А.А. Козела “Философская мысль Беларуси”, С.А. Падокшына “Этычная думка ў культуры Беларусі XVІ – XVІІ стст.”. У гэтых працах сістэматычна выкладзена гісторыя філасофскай, сацыяльна-палітычнай і прававой думкі Беларусі з XІІ па XX стст. Раскрываецца ўзаемасувязь айчыннай філасофіі з культурнай гісторыяй Беларусі і еўрапейскай філасофіяй. У 2005 г. Голубевай Л.Л. быў выдадзены вучэбна-метадычны комплекс па “Гісторыі палітычнай і прававой думкі Беларусі”, у якім змешчаны метадычныя матэрыялы па дысцыпліне, кароткі курс лекцый. Навуковыя артыкулы, якія тычацца поглядаў прадстаўнікоў палітычнай і прававой думкі Беларусі, уключаюцца ў энцыклапедычныя выданні (“Беларуская Савецкая Энцыклапедыя”, “Энцыклапедыя гісторыі Беларусі”, “Белорусская юридическая энциклопедия” і інш.). У навучальныя планы Вышэйшых Навучальных Устаноў уводзіцца вывучэнне дысцыпліны “Гісторыя палітычнай і прававой думкі Беларусі”. У Беларускім дзяржаўным універсітэце гэта дысцыпліна выкладаецца да 2004 г. У 2013 – 2014 навучальным годзе “Гісторыя палітычнай і прававой думкі Беларусі” выкладалася ў якасці дысцыпліны па выбару. Аднак, на жаль, на сягонняшні дзень на юрыдычным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта гэта дысцыпліна не вывучаецца. На наш погляд, мэтазгодна павялічыць колькасць гадзін на вывучэнне палітычнай і прававой думкі беларускага народа ў вучэбных курсах “Гісторыя дзяржавы і права Беларусі”, “История политических и правовых учений». Менавіта вывучэнне асноўных этапаў станаўлення і развіцця палітычнай і прававой думкі Беларусі, палітычных і прававых ідэй, якія выказваліся беларускімі мысліцелямі ў той ці іншай форме садзейнічае фарміраванню юрыдычнага мышлення, цвёрдага светапогляду, дапамагае бачыць перспектывы будучыні. Вывучэнне ўзнікнення і развіцця тэарэтычных палажэнняў аб дзяржаве, праве, палітыцы і заканадаўстве, якія выказваліся беларускімі мысліцелямі на працягу ўсяго перыяду развіцця беларускай дзяржаўнасці садзейнічае больш грунтоўным ведам галіновых дысцыплін.

На сягонняшні дзень існуе шмат прац, у якіх аналізуюцца палітычныя і прававыя погляды беларускіх асветнікаў са старажытных часоў да нашых дзён. Разглядаюцца ў цэлым асаблівасці развіцця кожнага перыяду палітычнай і прававой думкі Беларусі, а таксама погляды асобных яго прадстаўнікоў. Прычым думкі беларускіх мысліцеляў на палітыку, права, заканадаўства сугучны з сучаснымі ідэямі…


СПІС ВЫКАРЫСТАНЫХ КРЫНІЦ:

1. Асветнікі зямлі Беларускай: Энцыкл. Даведнік / Рэдкал.: Г.П. Пашкоў і інш. – Мінск: БелЭн, 2001. – 496 с.

2. Вішнеўская, І.У. Гісторыя палітычнай і прававой думкі Беларусі / І.У. Вішнеўская. – Мінск: Тэсей, 2004. — 271 с.

3. Гісторыя і сучаснасць: беларуская дзяржаўнасць ва ўсходнееўрапейскім кантэксце: зборнік навуковых прац, прысвечаных 90-годдзю з дня нараджэння прафесара І.А. Юхо / рэдкал.: С.А. Балашэнка (гал. рэд.) і [інш.]. – Мінск: Бизнесофсет, 2012. – 552 с.

4 Голубева, Л.Л. Гісторыя палітычнай і прававой думкі Беларусі: вучэб. метад. комплекс / Л.Л. Голубева. – Мінск: ГИУСТ БГУ, 2005. – 84 с.

5. Доўнар, Т.І. Гісторыя дзяржавы і права Беларусі / Т.І. Доўнар. – Мінск: ДІКСТ БДУ, 2011. – 552 с.

6. Доўнар, Т.І. Андрэй Волан (Валян) – беларускі філосаф і правазнаўца ХVI стагоддзя // Юстыцыя Беларусі. 2012, № 8. – С. 75 – 77.

7. Доўнар, Т.І. Гiсторыя палiтычнай i прававой думкi Беларусi XVI – XVIII ст.: хрэстаматыя / Т.І. Доўнар, Ю.П. Доўнар, Л.Л. Голубева. – Мінск: БДУ, 2004. — 206 с.

8. Падокшын, С.А. Філасофская думка эпохі Адраджэння ў Беларусі: Ад Францыска Скарыны да Сімяона Полацкага / С.А. Падокшын. – Мінск: Навука і тэхніка, 1990. — 283 с.

9. Сокол, С.Ф. Политическая и правовая мысль в Белоруссии XVI – первой половины XVII в. / С.Ф. Сокол. – Минск: Наука и техника, 1984. — 186 c.



10. Шалькевіч, В.Ф. Гісторыя палітычнай і прававой думкі Беларусі / В.Ф. Шалькевіч. – Мінск: Маладзежнае навуковае суполніцтва, 2002. – 248 с.

11. Юхо, Я.А. Гісторыя дзяржавы і права Беларусі: у 2 ч. / Я.А. Юхо. – Мінск: РІВШ БДУ, 2000. – Ч. 1. – 352 с.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка