Аркадзь Смоліч як сінтэзуючая постаць у беларускай эканамічнай навуцы 1920-х гг




Дата канвертавання01.05.2016
Памер47.42 Kb.
Аркадзь Смоліч як сінтэзуючая постаць у беларускай эканамічнай навуцы 1920-х гг.
У.А. Акуліч

Інстытут эканомікі НАН Беларусі, г. Мінск, Беларусь

U.Akulic@tut.by
Да апошняга часу А. Смоліч (1891-1938) быў больш вядомы як географ. Гэта нягледзячы на тое, што больш за палову ягоных навуковых прац прысвечана эканамічным праблемам (па нашых падліках 21 з іх можна аднесці да эканамічнай навукі, 17 – да геаграфіі, і яшчэ 21 – да іншых галін ведаў, у тым ліку краязнаўства, літаратуразнаўства, мовазнаўства, паліталогіі). Па сцверджанні аднаго з заснавальнікаў “смолічазнаўства” Арсеня Ліса, навукова-даследніцкая дзейнасць А. Смоліча засяроджвалася галоўным чынам на эканамічнай навуцы: “у перыяд 1924-1929 гг. Смоліч выдаў чатыры даследванні манаграфічнага характару, прысвечаныя эканоміцы Беларусі, у асноўным прыярытэтнай яе галіне – сельскай гаспадарцы” [1, c. 227].

Аркадзь Смоліч з’яўляўся адным з лідэраў так званай беларускай арганізацыйна-вытворчай школы, адной з самых уплывовых школ, якую спрадукавала беларуская эканамічная навука за ўвесь час свайго існавання. Па меркаванні аднаго з адмыслоўцаў у галіне гісторыі эканамічнай думкі Беларусі Віталя Бусько (1954-2006), “А. Смоліч зрабіў значны ўнёсак у станаўленне і развіццё многіх накірункаў фундаментальнай эканамічнай навукі Беларусі, асабліва ў галіне эканамічнай геаграфіі, размеркавання вытворчых сіл, арганізацыі сялянскіх гаспадарак, эканамічнага райанавання, гісторыі народнай гаспадаркі” [2, с. 68].

У 1920-я гады А. Смоліч быў адным з арганізатараў аднаўлення беларускай эканамічнай навукі пасля больш чым пяцідзесяцігадовага перапынку ў яе развіцці (калі лічыць ад моманту закрыцця царскімі расійскімі ўладамі на тэрыторыі Беларусі апошняй вышэйшай навучальнай установы – Горыгорацкага земляробчага інстытута – у 1864 годзе). Ён быў фактычным старшынёй сельскагаспадарчай секцыі Інстытута Беларускай Культуры (фармальна старшынёй быў наркамзем Зміцер Прышчэпаў), вакол якой быў сфарміраваны першы цэнтар фундаментальных эканамічных даследаванняў (1922-1927). У 1924 г. пад яго кіраўніцтвам быў заснаваны часопіс “Плуг”. Ён распрацаваў праект стварэння на аснове сельскагаспадарчай секцыі Інстытута Беларускай Культуры першай нацыянальнай даследніцкай установы (ім пазней стаў Беларускі навукова-даследчы інстытут сельскай і лясной гаспадаркі, які праіснаваў у перыяд 1927-1930 гг. і дабіўся значных поспехаў на даследніцкай ніве). Першапачаткова планавалася, што гэты інстытут і ўзначаліць А. Смоліч. Тым больш, што ў 1927 годзе па новаму, фактычна акадэмічнаму па сваім патрабаванням, статуту Інстытута Беларускай Культуры, А. Смоліч быў адзіным вучоным-эканамістам, якога абралі правадзейным членам (гэта значыць фактычна – акадэмікам). Але 1927 год як раз стаў пачаткам “палявання на ведзьмакоў”; А. Смолічу прыгадалі мінілуае і залічылі ў спіс неблаганадзейных. Таму Беларускі навукова-даследчы інстытут сельскай і лясной гаспадаркі ўзначаліў яго вучань Гаўрыла Гарэцкі, а А. Смоліч стаў загадчыкам аднаго з ключавых аддзелаў – сельскагаспадарчай эканоміі і арганізацыі сельскай гаспадаркі. Ён прапанаваў стварыць часопісы “Сельская і лясная гаспадарка”, а таксама “Працы аддзелу сельскагаспадарчай эканоміі”, якія потым сталі візітнай карткай беларускай эканамічнай школы 1920-х гадоў і прынеслі ёй пэўную вядомасць нават за мяжой. А. Смоліч быў адным са стваральнікаў Беларускай акадэміі навук: распрацоўваў яе статут і нават выбіраў месца пад яе будаўніцтва (па словах жонкі Алесі Смоліч, ездзіў разам са Сцяпанам Некрашэвічам за Камароўку пад Ваньковічаўскі лес) [1, c. 233].

А. Смоліч быў адным з распачынальнікаў працэсу беларусізацыі эканамічнай навукі. Пераважна пад яго ўплывам прыхільнікам беларусізацыі стаў наркам земляробства З. Прышчэпаў (1896-1940). Сярод маладых эканамістаў, якія працавалі ў 1920-я гады ў Беларусі, ён быў прызнаным лідэрам культурна-эканамічнага адраджэння. Стварыў камісію па распрацоўцы беларускай эканамічнай тэрміналёгіі, пераклаў шэраг замежных кніг на беларускую мову (у тым ліку ў 1924 годзе пераклаў з рускай мовы кнігу свайго былога навуковага кіраўніка Аляксандра Чалінцава (1874-1962) “Аб рахункавым аналізе сялянскай гаспадаркі”) [3, c. 135].

Нарэшце, па нашай версіі менавіта А. Смоліч мог быць адным з верагодных аўтараў ідэі канцэпцыі развіцця “Беларусь-Данія”. Гэта канцэпцыя магла ўзнікнуць яшчэ ў міністэрстве сельскай гаспадаркі Беларускай Народнай Рэспублікі (А. Смоліч быў міністрам сельскай гаспадаркі з 1919 г. ва ўрадзе А. Луцкевіча), а затым разам з амністыяй і вяртаннем беларускіх навукоўцаў у Савецкую Беларусь, зноў набыла папулярнасць. Ускосна ў падтрымку такой версіі сведчыць такі факт, што нават калі Беларусь была падзелена на часткі, эканамісты, і Заходняй Беларусі (ананімныя аўтары газеты “Сялянская ніва”), і Савецкай Беларусі (З. Прышчэпаў, Г. Гарэцкі, Сцяпан Журык), у сваіх працах працягвалі ўзгадваць пра дацкі шлях развіцця. Па першае, толькі А. Смоліч мог у той час так дакладна сярод еўрапейскіх краін вылучыць менавіта Данію, як бліжэйшую да Беларусі па сваім геаграфічна-эканамічным характарыстыкам, бо як раз у той ён час пісаў падручнік па геаграфіі. Па другое, А. Смоліч, як эканаміст, знаходзіўся пад уплывам расійскай арганізацыйна-вытворчай школы, заснавальнікам якой быў А. Чалінцаў. Беларус А. Смоліч навучаўся ў А. Чалінцава, удзельнічаў разам з ім у экспедыцыях. Нарэшце, нагадаем, што як раз прадстаўнікі расійскай арганізацыйна-вытворчай школы, разам з А. Чалінцавым – А. Чаянаў, А. Рыбнікаў, М. Макараў, – даводзілі, што Расіі трэба пераводзіць сельскую гаспадарку на капіталістычны лад, па ўзору лепшых еўрапейскіх краін. Хутчэй за ўсё, менавіта ён, будучы намеснікам старшыні сельскагаспадарчай секцыі Інстытута Беларускай Культуры, данёс сэнс гэтай канцэпцыі да яе старшыні З. Прышчэпава, і той заклаў яе ў падмурак аграрнай палітыкі Беларусі ў 1920-я гады. Гісторыі ўзнікнення гэтай канцэпцыі прысвечана асобная кніга [4]. Эканамічныя погляды А. Смоліча як вучонага-эканаміста падрабязна даследваны В. Бусько ў шэрагу яго публікацый [5].
Літаратура

1. Ліс А. Цяжкая дарога свабоды (артыкулы, эцюды, партрэты). – Мн.: Мастацкая літаратура, 1994.

2. Бусько В.Н. Они были первыми академиками-экономистами Беларуси. – Мн.: Изд-во «Право и экономика». – 2001. – 72 с.

3. Калупаеў У. Забыты Рэнэсанс. Беларуская эканамічная школа 1920-х гг. // Arche. №2. 2005. – С. 129-148

4. Сацыяльна-эканамічныя праекты ў працах беларускіх эканамістаў (2-я палова ХІХ – 1-я трэць ХХ ст.). / Аўтар-укладальнік У.А. Акуліч. Пад навук. рэд. П.Г. Нікіценкі. – Мн.: Беларуская навука, 2008. – 413 с.

5. Никитенко П.Г., Бусько В.Н. Они были первыми академиками-экономистами Беларуси. Мн.: Право и экономика, 2001. – 72 с.; Бусько В. 70 лет спустя. Экономические взгляды А.Смолича и современность // Человек и экономика. 1996. № 8. – С.41-42

ЗАЯВКА

Фамилия, имя, отчество Акулич Владимир Алексеевич


Место работы Институт экономики НАН Беларуси
Должность Ведущий научный сотрудник
Ученая степень Кандидат экономических наук
Ученое звание Доцент
Контактный телефон моб. 7-58-24-00
Название доклада Аркадзь Смоліч як сінтэзуючая постаць у беларускай эканамічнай навуцы 1920-х гг.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка