Аркадзь Смоліч, як адзін з лідэраў культурна-эканамічнага адраджэньня 1920-х гадоў




Дата канвертавання30.04.2016
Памер42.62 Kb.
Урывак з артыкула: Калупаеў У. Забыты рэнесанс. Беларуская эканамічная школа 1920-х г. // Arche, №2, 2005. – С. 129-148
Аркадзь Смоліч, як адзін з лідэраў культурна-эканамічнага адраджэньня 1920-х гадоў
У маладых беларускіх эканамістаў 1920-х гадоў прызнаным лідэрам культурна-эканамічнага адраджэньня быў Аркадзь Смоліч. Ён стварыў камісію па распрацоўцы эканамічнай тэрміналёгіі, сам актыўна ўдзельнічаў у яе працы, а таксама прыцягнуў туды акрамя маладых эканамістаў вядомых яму з маладых гадоў Янку Купалу і Якуба Коласа.

Смоліч увогуле быў адным з распачынальнікаў працэсу беларусізацыі эканамічнай навукі. Будучы намесьнікам с.-г. сэкцыі Інбелкульту, якая тады выконвала ролю акадэмічнага цэнтру, ён запрашаў на працу навукоўцаў-эканамістаў з улікам іх стаўленьня да адраджэньня; у выніку за часы працы ў гэтай сэкцыі склалася і акрэпла нацыянальна сьвядомая групоўка эканамістаў. Пад уплывам Смоліча прыхільнікам беларусізацыі стаў старшыня с.-г. сэкцыі, наркам земляробства Зьміцер Прышчэпаў (1896--1940), які з 1926 году пачаў выдаваць свае працы выключна на беларускай мове. Менавіта Смоліч угаварыў М. Доўнара-Запольскага вярнуцца ў Менск, прыцягнуў яго да рэдактарскай справы. На той час у сэкцыі ўжо працавалі “сьвядомыя беларусы”1 – эканамісты Я. Кісьлякоў, С. Скандракоў, Г. Гарэцкі, Я. Грабоўскі, А. Трахімаў, М. Лайкоў, К. Кіпрыянец.

Але праца с.-г. сэкцыі была арганізавана на добраахвотнай аснове; разгортаваньню патрэбных эканамічных досьледаў перашкаджала благое забесьпячэньне матэрыяльнымі рэсурсамі. Таму яшчэ ў канцы 1925 году Смоліч распрацаваў праект стварэньня на аснове с.-г. сэкцыі першай нацыянальнай установы ў галіне дасьледчай справы па сельскай гаспадарцы, дзе працавалі б навукоўцы, якія прыхільна ставяцца да беларусізацыі. Задуму ўдалося рэалізаваць, і на пачатку 1927 году Беларускі НДІ сельскай і лясной гаспадаркі быў адчынены, але ягоным дырэктарам стаў Г. Гарэцкі.

Адначасова была зроблена спроба стварыць першую беларускую нацыянальную вышэйшую навучальную ўстанову (бо БДУ зь яго запрошанымі выкладчыкамі-небеларусамі ня быў у поўным сэнсе нацыянальным). Было вырашана зрабіць яе на падмурку Горацкага с.-г. інстытуту, каб акрамя ўсяго іншага спрыяць і беларусізацыі Ўсходняй Беларусі; Менскі с.-г. інстытут далучылі да Горацкага, і такім чынам у 1925 годзе была ўтворана Бел. с.-г. акадэмія (БСГА). Беларусізацыю ў новай установе было вырашана правесьці наступным чынам – у Горках абаперціся на беларускую групу ў выглядзе Горацкага навуковага таварыства па вывучэньні Беларусі, якое існавала на правох сэкцыі ІБК, і на частку беларускамоўных выкладчыкаў былога с.-г. інстытуту, а таксама ўзмацніць далучыць “сьвядомых беларусаў” зь ліку навуковых кадраў Менскага с.-г. інстытуту. Каго абраць у склад навуковага пэрсаналу будучай с.-г. акадэміі, вырашаў галоўным чынам А. Смоліч; ён жа фактычна даручыў Г. Гарэцкаму каардынаваць дзейнасьць беларускай групоўкі, увёўшы яго ў склад управы БСГА. Цалкам зрабіць з БСГА беларускую нацыянальную ВНУ доўга не ўдавалася; ніяк не маглі абраць на пасаду рэктара чалавека, які б прыхільна ставіўся да справы беларусізацыі. Але беларуская групоўка паступова пашырала свой уплыў: колькасьць яе чальцоў неўзабаве дасягнула свайго максімума – 115 чалавек, працы гэтага таварыства, а таксама запіскі БСГА выходзілі выключна на беларускай мове і сёньня зьяўляюцца гістарычным помнікам беларусізацыі аграрнай эканамічнай навукі. Як сьведчыў у 1929 годзе М. Ганчарык, – “Па сутнасьці БСГА зьяўляецца сапраўднай беларускай вышэйшай навучальнай установай. Малодшыя катэгорыі нав. супрацоўнікаў усю вучэбную працу вядуць выключна на беларускай мове, шэраг дацэнтаў і прафэсараў гэтак-жа ўжо перайшлі ў выкладаньні на бел. мову, а частка пераходзіць у бліжэйшы час. Зараз пры сэкцыі навуковых працаўнікоў працуюць спэцыяльныя курсы для вывучэньня бел. мовы”2. Пры Навуковым таварыстве працягвала працу тэрміналягічная камісія, якая займалася між іншым і ўдасканаленьнем беларускай эканамічнай тэрміналёгіі (адказным быў Т. Плятнэр); для гэтай справы ІБК былі выдаткаваныя немалыя грошы, каб набыць чэскую, польскую і ўкраінскую тэрміналягічную літаратуру3 (заўважце: не расейскую).

З 1927 году акадэмічным цэнтрам эканамічнай навукі стаў БНДІ сельскай і лясной гаспадаркі. Сельскагаспадарчая сэкцыя ІБК, як і плянавалася, была распушчаная, а ўся яе дасьледчая справа перайшла ў новы інстытут. Дырэктарам інстытуту быў прызначаны Г. Гарэцкі, а Смоліч стаў загадчыкам аднаго з ключавых аддзелаў – с.-г. эканоміі і арганізацыі сельскай гаспадаркі. Чаму дырэктарам інстытуту стаў не ўплывовы А. Смоліч, а малады, як потым будуць казаць нядобразычліўцы, недавучаны асьпірант Г. Гарэцкі? Тым болей, што калі ў 1927 годзе статут ІБК фактычна стаў акадэмічным, і туды маглі выбірацца толькі тыя, хто ўзбагаціў навуку ў сваёй галіне асабліва значнымі працамі, правадзейным членам быў абраны з эканамістаў толькі Смоліч, у той час, як у 1924--26 гадах такіх было болей за 10 чалавек, у тым ліку і Г. Гарэцкі4. Напэўна, ужо тады з боку партыйнага кіраўніцтва да Смоліча стаўленьне рабілася ўсё больш крытычнымі, і ягонае прызначэньне было немагчымае. У наступным годзе яго ня вылучаць на акадэміка, прыгадаўшы “грахі” маладосьці – арыентацыю на капіталістычны захад (з агульнапалітычных і нацыянальных матываў выступаў супраць Расеі падчас першай сусьветнай вайны), дзейнасьць супраць савецкай улады ў часы адстойваньня БНР на міжнароднай арэне. Аднак забараніць працаваць яму пакуль ніхто ня мог, і часопіс “Сельская і лясная гаспадарка”, які прапанаваў стварыць Смоліч, а таксама “Працы аддзела с.-г. эканоміі…”, надрукавалі грунтоўныя эканамічныя досьледы, праведзеныя ў сярэдзіне 1920-х.

Аўтар: У.А. Акуліч (да 22.11.2005 – Калупаеў)



Крыніца: ЭКОНОМИКА.BY

1 З паказаньняў Г. Гарэцкага органам АДПУ відаць, што найменьні “шчыры” і “сьвядомы” беларус існавалі ужо ў 1920-я г. // Гл. Гарэцкі Р. Ахвярую сваім “я”… (Максім і Гаўрыла Гарэцкія). – Менск: Беларуская навука, 1998. (Серыя “Людзі беларускай навукі”). С. 201.

2 Ганчарык М. Беларуская Дзяржаўная Акадэмія Сельскае Гаспадаркі: к 10-годзьдзю Беларускай Сацыялістычнай Рэспублікі // Сельская і лясная гаспадарка. Кн. 8, 1929. С. 18.

3 Гл. Важнейшыя моманты справаздачы Навуковага таварытсва па вывучэньні Беларусі пры БСГА ў Горках ІБК // Праца Навуковага таварыства па вывучэньні Беларусі пры БСГА ў Горках, Т. 1, 1926. С. 184.

4 Правадзейныя сябры ІБК у 1924--26 гадах, якія так ці іначай маюць дачыненьне да эканамічнай навукі, – А. Смоліч, Г. Гарэцкі, М. Доўнар-Запольскі, З. Прышчэпаў, С. Скандракоў, Я. Пятровіч, А. Цьвікевіч, І. Краскоўскі, М. Бурштэйн, Ч. Родзевіч, А. Кірсанаў, М. Козыраў, Э. Русецкі // Інстытут беларускай культуры. Мн.: Навука і тэхніка, 1993. С. 252-253.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка