Апошні метафізік” і літаратура




Дата канвертавання18.05.2016
Памер50.41 Kb.




Апошні метафізік” і літаратура
“Гнюсны чалавек, – напісаў Кліма ў сталым веку пра Шапэнгаўэра, куміра сваёй маладосці, які перад самай смерцю выказаў шкадаванне, што не паспеў дапісаць некалькі раздзелаў у “Парэргах і Параліпаменах”. – Усё ў яго варочаецца вакол твораў”. Нядзіўна, бо сам Кліма лічыў, што сапраўдная й галоўная праца духу – мысленне – адбываецца выключна ў думках, для самога сябе, і не мае ніякай практычнай мэты. Менавіта “чыстае мысленне” было ягонай галоўнай дзейнасцю на працягу ўсяго жыцця, хаця, натуральна, ведаем мы пра гэта (прынамсі, прыблізна) дзякуючы не столькі ўспамінам ягоных нешматлікіх суразмоўцаў, а перадусім таму, што засталося на паперы, – галоўным чынам ягоным дзённікам і карэспандэнцыі. Што да твораў (ён не рабіў адрознення між літаратурай і філасофіяй у пісьменстве), то яны насамрэч мелі ў Клімавым жыцці другаснае значэнне – бадай, за выключэннем самай першай філасофскай працы – “Свет як Свядомасць і Нішто”, якую 26-гадовы “прыватнік”, як ён сябе называў, выдаў у 1904 годзе. Гэта, на маю думку, адзіны твор Клімы, які можна амаль без перабольшвання назваць “сур’ёзным” і навуковым – нягледзячы на яго колкі, няўрымсны публіцыстычны стыль. У гэтай усебакова геніяльнай (і шмат у чым скандальнай) кнізе ён сфармуляваў збольшага ўсе зыходныя пастулаты свайго мыслення – за выключэннем, бадай, Дэаэсенцыі, – таму цягам астатняга жыцця, гэтаксама як Шапэнгаўэр, ствараў хіба дадаткі да сваёй сістэмы й распрацоўваў яе асобныя аспекты. Пачаўшы як Шапэнгаўэр, ён працягваў пісаць хутчэй як Ніцшэ, яшчэ адзін ягоны настаўнік – афарыстычна, неўпарадкавана, прынагодна, часта папросту нехлямяжа. Сам Кліма лічыў сябе адзіным сапраўдным філосафам (у адрозненне ад філосафаў акадэмічных, якіх ён называў “эсенцыяй сабачага лайна”), бо прысвяціў жыццё не тэарэтычнай, а менавіта практычнай філасофіі – паводле прыкладу грэцкіх кінікаў.

Клімаву дактрыну ільга было б назваць радыкальным саліпсізмам: усё ёсць Я, і Я – гэта Усё, па-за мной нічога не існуе, свет – толькі мая галюцынацыя. У “Свеце” ён адказаў, бадай, на ўсе галоўныя (для сябе) пытанні метафізікі, таму перад ім у веку 26 гадоў паўстала пытанне: што рабіць у жыцці і з жыццём? “Nesrát se s ním”, – быў ягоны адказ, што можна перакласці як “не цырымоніцца” – за адсутнасцю больш грубага адпаведніку: навошта надаваць нейкае значэнне чыстай ілюзіі? Тым не менш, сам ён сваё жыццё старанна планаваў (у адпаведнасці са сваім дэвізам: “Я – Абсалютная Воля”), падзяліўшы яго загадзя на некалькі васьмігадовых перыядаў, цягам якіх спадзяваўся дасягнуць некалькіх Мэтаў, непадуладных, як ён пісаў, “ніводнаму чалавеку, апроч мяне”. Спачатку ён спадзяваўся, што зробіцца пісьменнікам, і на працягу некалькіх гадоў (1906–1908) напісаў “Вялікі раман” (вялікі ў тым ліку і аб’ёмам – 600 старонак у чэшскім выданні), а таксама шэраг меншых твораў – навэлаў, апавяданняў, раманэтаў, публіцыстычных артыкулаў, – якія прынеслі яму самому агромністае задавальненне й значна апярэдзілі свой час (пісаць гэтак па-чэшску пачалі ажно ў другой палове ХХ ст., у андэграўндзе, адным з духоўных бацькаў якога быў абвешчаны Кліма), аднак вядомасці не прынеслі. Вялікую частку з іх ён знішчыў, рыхтуючыся да самагубства, якога так і не ўчыніў. Пасля таго як ён адрынуў гэты так званы “Высокі Учынак”, ён паставіў перад сабой задачу “прысвойтаць Дэаэсенцыю яшчэ пры жыцці”, то бок зрабіцца... Богам. Галоўнай перашкодай на гэтым шляху стаўся ягоны “хаўруснік і найбольш зацяты вораг” – алкаголь. Таму мэтай апошняга перыяду ягонага жыцця сталася прыстасаванне да “практычнага існавання” – ён пачаў змагацца са сваім алкагалізмам, вярнуўся да белетрыстыкі й публіцыстыкі, перавыдаў свой філасофскі дэбют, напісаў п’есу для Нацыянальнага тэатра... Аднак усё гэта па-ранейшаму лічыў другасным – таму факт ягонай смерці ў 50 гадоў ад сухотаў (так бы мовіць, “у росквіце творчых сіл”) можа ўспрымацца як драматычны толькі тымі, хто глядзіць на Кліму перадусім як на літаратара, з гледзішча ягоных “ненапісаных твораў”, а не мыслення – то бок з гледзішча твораў незапісаных... Зрэшты, ён сам трымаўся пераканання, што любое выказванне бясконца бяднейшае за самую простую думку. Што ж, у дачыненні да яго самога гэта, несумненна, было праўдай – і тым не менш, ягонаму ўменню выказваць думкі ў трапных і нечаканых, гэтаксама як часам грубых і просталінейных выразах і вобразах, можна толькі пазайздросціць.

Да практычнага жыцця ён так і не прыстасаваўся. Цяжка было чакаць гэтага ад чалавека, які менш за ўсё дбаў пра меркаванне крытыкаў і чытачоў, “з дзяцінства лічыў чалавецтва сваім ворагам” і рабіў усё “не так, як людзі” (слова “чалавек” ён лічыў абразай, адмаўляючы існаванне чалавецтва як біялагічнага кшталту: “між геніем і звычайным чалавекам большая розніца, чым паміж чалавекам і вярблюдам”). Так, ён амаль ніколі не працаваў, не дбаў пра пакінутую ягоным бацькам спадчыну, еў сырое мяса і піў чысты спірт – усё гэта ў рамках загартоўкі ўласнае Волі, з дапамогай якой ён імкнуўся авалодаць целам (таксама адной з галюцынацый) і пазбавіцца як фізічных, так і псіхічных пакутаў. Трэба сказаць, што Клімавы паводзіны дыктаваліся не нейкім эпатажным дзівацтвам ці псіхічнай хваробай, а менавіта ягонымі філасофскімі перакананнямі. Усё ў жыцці – гульня, падман, хлусня, прымха, тое, што мы лічым праўдай, – насамрэч нечувана далёкае ад праўды, таму тое, што мы лічым хлуснёй, абсурдам, лагічнай памылкай, якраз набліжаецца да праўды найбольш. (Ці не азначае гэта ў тым ліку, што менавіта жыццё як адкладанне самагубства і ёсць сапраўдным самагубствам?) У чымсьці “практычны філосаф” Кліма нагадвае містыкаў Сярэднявечча, індыйскіх мудрацоў, дзэн-будыстаў... Ягоны стыль паводзінаў, як і ягоныя творы, кідаў выклік “рацыянальнасці, практычнасці й паспяховасці” – ідэалам буржуазнага нацыянальнага грамадства (“будзь праклятая, Чэхаславацкая рэспубліка, у якой столькі крадуць”), якое не прыслухалася да ягонай крытыкі й праз 10 гадоў пасля Клімавай смерці стала адносна лёгкай ахвярай найвялікшай іррацыянальнасці – фашызму.

Зрэшты, я б не пераацэньваў “нацыянальную заклапочанасць” Клімы, хаця праўда, што ў школьныя гады ён быў вялікім патрыётам (яго нават выключылі з гімназіі за абразу Габсбурскага роду), але гэтаксама можна сказаць, што ён пісаў у той час і неблагую паэзію, якою пазней нечувана пагарджаў. Распад Аўстра-Венгрыі і ўтварэнне незалежнай чэхаславацкай дзяржавы ніякім чынам не змянілі ягонага жыцця й стаўлення да суайчыннікаў, назваць якое “крытычным” папросту недастаткова. Вобраз бацькі, адукаванага чэшскага палітыка-адраджэнца, бадай, таксама паўплываў на тое, што Кліма імкнуўся стаць у жыцці чымсьці цалкам яму супрацьлеглым – і стаў. У пазнейшыя гады ягоны чэшскі патрыятызм выяўляўся пераважна ў абвінавачаннях чэшскай (перадусім інтэлектуальнай) публікі ў правінцыялізме – у прыклад ёй ён ставіў рымскую й нямецкую культуры. Сам ён пісаў аднолькава вольна як па-чэшску, так і па-нямецку, хаця, каб атрымаць уяўленне пра ягоны пісьмовы ідыялект, варта дадаць да германізмаў значную колькасць французскіх і лацінскіх словаў. Гэтая “нямодная” ў той час любоў да ўсяго нямецкага, разам з ніцшэанствам і антыгуманнымі поглядамі Клімы, магла прывесці да якога заўгодна развіцця – можа быць, мы сёння іначай глядзелі б на ягоную спадчыну, калі б ён дажыў да прыходу фашызму...

Сюжэт апавядання “Што пасля сьмерці” ўзнік яшчэ ў час напісання “Вялікага раману”, часткай якога тэкст мусіў стацца, але пазней быў перапрацаваны ў асобнае апавяданне. Менавіта ў ім Кліма адкрыта здзекуецца, з аднаго боку, з “рацыяналістычных” буржуа, якія не дапускаюць нават думкі пра існаванне “жыцця пасля смерці”, а з другога – з сучасных яму “эзатэрыкаў”, якія кампенсуюць адсутнасць фантазіі плыткай і таннай містыкай. Што да тыповага Клімавага стылю, то гэты тэкст здаецца мне адным з яго найбольш удалых адлюстраванняў. У “Выбраным” Ладыслава Клімы, якое рыхтуецца да выдання, мы спрабавалі прадставіць чытачам перадусім ягоную белетрыстыку, але спадзяюся, што ў будучыні надыдзе час і бліжэйшага знаёмства з ім як з арыгінальным філосафам.

© Макс Шчур, 2009


Макс Шчур


prajdzisvet.org




База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка