Апытальнік Традыцыйны танцавальны фальклор Міншчыны




Дата канвертавання17.05.2016
Памер75.29 Kb.
Апытальнік

Традыцыйны танцавальны фальклор Міншчыны
Паважаныя калегі! З мэтай вывучэння фальклорных традыцый Міншчыны ДУ "Мінскі абласны цэнтр народнай творчасці" праводзіць даследаванне па тэме “Танцавальны фальклор”. Пажадана даследаваць усе вёскі вашага раёна.

Матэрыялы падаюцца на асобных аркушах А-4 з абавязковай пашпартызацыяй, пажадана дадаваць фотаздымкі інфарматараў і асобных момантаў даследуемай тэмы. Адказы на пытанні кожнай групы носьбітаў з адной вёскі, ці (па магчымасці) кожнага асобнага носьбіта пажадана размяшчаць на асобных аркушах.


  1. Складзіце, калі ласка, поўны пералік танцаў якія ведаюць (памятаюць хаця б толькі назву) носьбіты па наступных групах: людзі старэй за 90 гадоў, старэй за 80 гадоў, старэй за 70, старэй за 60 гадоў, старэй за 50 гадоў (асобна па кожнай групе).


Астатнія пытанні апытальніка пажадана распісваць (асобна задаваць усе пытанні) па гэтых жа ўзроставых групах, звесткі абавязкова пашпартызаваць: ад каго запісана (прозвішча, імя, імя па бацьку, год і месца нараджэння, месца жыхарства), кім запісана (прозвішча, імя, імя па бацьку, год нараджэння), абавязкова запісваць расказ носьбітаў поўнасцю, фіксуючы нават незразумелыя, на ваш погляд, словы. Найлепшы варыянт запісваць размовы на аўдыя, відэаносьбіты.


  1. Запішыце варыянты прыпевак да розных танцаў, нават з нецэнзурнымі словамі па схеме:

да полькі – Танцавала польку да матлёта – Танцавала матлёт

Скочыла на койку Натрудзіла ручкі.

Інцярэсны сон сасніла Будзе мяне мама біць

Цалавала Кольку. Не вырвала бручкі



  1. Хто спяваў прыпеўкі ў час танцаў: музыкі, танцоры, той хто не танцаваў, мужчыны, жанчыны? Ці спявалі прыпеўкі на вечарынках без танцаў, проста пад музычнае суправаджэнне?

  2. Папрасіце растлумачыць назвы танцаў. (Напрыклад, "Верабей" – бо скакаць трэба як вераб’ю.)

  3. Папрасіце асобна растлумачыць наступныя тэрміны: танец, абрадавы танец, полька, калена танца, шматкаленны танец, фігура танца, шматфігурны танец, сольны танец, танцаваць, танчыць, скакаць, пайсці ў танец, круг танца, кадрыля, гарацкі танец, чужы танец, вясковы танец, крывы танок, танок, штроф, карагод, абрадавы карагод, карагодная песня, гульня, забава, прыпеўка, частушка, дрындушка, даўнія танцы, старыя танцы, цяперашнія танцы, простыя і цяжкія танцы, і іншыя танцавальныя тэрміны, якія вы сустрэнеце ў размовах з носьбітамі.

  4. Якімі воклічамі суправаджаліся танцы? (Напрыклад: О ха-ха, о-па,…)

  5. Папрасіце ахарактарызаваць, чым адрозніваюцца старадаўнія і сучасныя танцы.

  6. Як называлі выканаўцаў танцаў? Добрых і дрэнных.

  7. Як называлі завадатара танцаў, таго хто кіраваў танцавальнай вечарынай?

  8. Як ставіліся аднавяскоўцы да добрых і дрэнных танцораў?

  9. У якіх выпадках існавала забарона на танцы ўсёй грамадзе (пост?) і асобным танцорам (жалоба)?

  10. У якіх выпадках пераставалі танцаваць на год або на ўсё жыццё? (смерць сына…) Як гэта абгрунтоўваюць? (Напрыклад:"... не, ня буду каб сыночкаву магілку не таптаць")

  11. Ці танчылі разам на адной вечарынцы старэйшыя і маладзейшыя, халастыя і жанатыя? Ці маглі яны танцаваць у парах?

  12. Ці можна было адмовіць на запрашэнне танцаваць, хлопцу, мужчыне, дзеду?

  13. Ці магла запрашаць на танец асоба жаночага полу?

  14. Дзе вучыліся танцаваць дзеці? Ці ўсе танцы яны маглі танцаваць?

  15. З якога ўзросту дапускаліся на вечарынкі дзеці як паўнапраўныя ўдзельнікі?

  16. Як называецца вечарына спецыяльна сабраная для танцаў?

  17. Папрасіце поўнасцю апісаць адну з вечарынак. Як збіраліся? Хто запрашаў? Пра што размаўлялі? Што танчылі,спявалі, у што гулялі, чым частаваліся? Як разыходзіліся па дамах?…

  18. Хто танцаваў на вяселлі: толькі госці ці ўсе прысутныя? Спытайце, якія канкрэтна танцы і карагоды?

  19. Склад музыкантаў (пералічыць інструменты) на вяселлі і на вечарынках. Па варыянтах (Напрыклад: 1). Скрыпка, бубен. 2) Цымбалы, скрыпка, бубен і інш.). Ці былі музыкі-жанчыны? На якіх інструментах яны ігралі?

  20. Ці можна танцаваць дзяўчыне з дзяўчынай і хлопцу з хлопцам? Чаму можна і чаму не? Якія танцы?

  21. Спытайце, ці танчылі ў вашай мясцовасці танцы з прадметамі і якія? (Напрыклад: “Мяцеліцу” з хустачкамі. Бралі іх у рукі…)

  22. Ці памятаюць танцы на палках, на вілачніках, з таўкачамі? Як яны называюцца?

  23. У якім абутку танчылі: зімою - летам, на вуліцы – у хаце, на вячорках – на вяселлі. Ці можна танчыць босым,… у лапцях?

  24. Пералічыце і апішыце танцы: тройкамі, чацвёркамі, упяцёх…. Апішыце склад такой танцавальнай групы.

  25. На якія святы (Каляды, Масленіца, Стрэчанне, Гуканне вясны, Вялікдзені, Радаўніца, Тройца, Ушэсце, Провады русалак, Купалле, Пятроўка, Зажынкі-дажынкі, Багач, Жаніцьба коміна, Дзяды, Вяселле, Радзіны…..) вадзілі карагоды і якія канкрэтна, па магчымасці апішыце харэаграфію і прыкладзіце схемы, малюнкі, папрасіўшы намаляваць іх носьбітаў. (прыклад апісання: “Браліся ото за рукі ды ішлі пад песню “Пахілястае дуб’е да к гарам прылягае” па сонцу, а далей варотца зробім, усе перойдам, да зноў па кругу ….”) тэксты карагодных песень таксама прыкладзіце.

  26. Прыкладзіце таксама тэксты песень з прыпевам тыпу: Ой, люлюшанькі люлі люлі….. і іншыя.

  27. Спытайце, ці існаваў звычай на пахаванні абыходзіць вакол магілы? Як гэта рабілася? Хто рабіў? У які бок ішлі? Колькі разоў? У якія моманты яшчэ абыходзілі вакол нябожчыка?

  28. Апішыце карагоды, якія памятаюць носьбіты ў вашай мясцовасці. Песенны тэкст ці апісанне рухаў (нават, калі словы не памятаюць).

  29. Апішыце гульні ў якіх браліся за рукі і хадзілі па колу, або шэрагамі наступаючы адзін на другі…. Што пры гэтым спявалі ці прыгаворвалі? Гульнёвыя карагоды. (Грушка, Проса, Яшчур…)

  30. На якія святы існавалі абыходныя абрады (калі хадзілі гуртом па хатах ці абыходзілі вёску, ішлі па вуліцы) апішыце асобна кожны момант, як гэта рабілася? (..У нас на першы дзень Тройцы пабяруцца бабы пад рукі перагародзяць вуліцу і абойдуць па сонцу сваю чэрэду кароў. Спявалі тройчаныя песні…)

  31. У час якіх абрадаў хадзілі вакол дрэў, дзяцей, маладых?…..

  32. Спытайце, якія полькі памятаюць у вашай мясцовасці? Ці былі полькі з камандамі? Якія каманды падавалі ў польках? Што ў гэты час рабілі танцоры? Апішыце асобна па кожнай польцы.

  33. Спытайце, якія вальсы памятаюць? Якія каманды падавалі ў вальсах? Што ў гэты час рабілі танцоры? Апішыце асобна па кожным вальсе.

  34. Кадрылі. На якую мелодыю танцавалі, на колькі пар? Пералічыце калены кадрылі і апішыце, як іх танцавалі.

  35. Якія яшчэ танцы танцаваліся з камандамі? Якія на некалькі кален? Апішыце.

  36. Апішыце паслядоўнасць вечарынкі, які танец за якім звычайна танцавалі і чаму? Якім танцам пачыналі вечарынку і якім завяршалі? Чаму?

  37. Ці танцавалі без музыкантаў (пад язык, пад прыпеўкі, пад воплескі) Чаму? У якіх выпадках? Хто канкрэтна (Напрыклад: "Жанчыны на Масленку называлася “попрадкі гуляць”)

  38. Ці танцавалі на попрадках – вечарынках, што збіраліся для выканання працы (збіраліся разам прасці кудзелю...)?

  39. Апішыце абрад вырабу абыдзённіка, тканіны (ручніка), які ткалі разам усе жанчыны вёскі як ахвяру. Хто ўдзельнічаў у абрадзе? Дзе і калі (у якіх выпадках) яго здзяйснялі? Як і ў які бок абыходзілі вёску? Якім чынам неслі палатніну? Як называліся ўзоры на ёй? Папрасіце інфарматараў намаляваць схемы абыходаў вёскі і ўзораў на ручніку.

  40. Пералічыце, калі ласка, фальклорныя гурты і асобных выканаўцаў-носьбітаў традыцый (танцораў, музыкаў), якія могуць зараз прадэманстраваць традыцыйныя танцы, карагоды для відэаздымак.


Загадзя шчыры дзякуй за адказы!

Дадатак (выкарыстоўваецца па жаданні)


  1. Папрасіце растлумачыць назвы танцаў, чаму менавіта так яны завуцца, асобна аб кожным танцы.

  2. Папрасіце растлумачыць наступныя тэрміны:

  • Што такое танец, абрадавы танец, полька, калена танца, шматкаленны танец, фігура танца, шматфігурны танец, сольны танец, танцаваць, танчыць, скакаць, пайсці ў танец, круг танца, кадрыля, гарацкі танец, чужы танец, вясковы танец, крывы танец, танок, штроф, карагод, абрадавы карагод, гульня, забава, прыпеўка, частушка, дрындушка, даўнія танцы, старыя танцы,цяперашнія танцы, простыя, цяжкія, прытанцоўваць, а таксама паняцці, якія не пералічаны тут, але вам сустрэнуцца. Адказы трэба запісваць цалкам па кожным паняцці.

  1. Якімі воклічамі суправаджаліся танцы.

  2. Папрасіце ахарактарызаваць, чым адрозніваюцца старадаўнія танцы ад сучасных?

  3. Як называлі добрых і дрэнных танцораў.

  4. Як называлі завадатара танцаў. Таго хто кіраваў танцавальнай вечарынкай, ці адзін і той жа чалавек быў кіраўніком на ўсіх вечарынках?

  5. Як ставіліся аднавяскоўцы да добрых і дрэнных танцораў?

  6. У якіх выпадках існавала забарона танцаваць усёй грамадзе і асобным танцорам? Ці прысутнічалі ў жалобе на вечарынках?

  7. У якіх выпадках пераставалі танцаваць на год, на ўсё жыццё? Як гэта абгрунтоўваюць.

  8. Ці танцавалі разам усе на адной вечарынцы? Старэйшыя і малодшыя, халастыя і жанатыя, Ці маглі яны танцаваць у парах?

  9. Ці можна было адмовіць на запрашэнне танцаваць хлопцу, мужчыне, дзеду?

  10. Ці магла запрасіць на танец асоба жаночага полу?

  11. Дзе вучыліся танцаваць дзеці? І ці ўсе танцы яны маглі танцаваць?

  12. З якога ўзросту дапускаюцца на вечарынкі дзеці як паўнапраўныя ўдзельнікі?

  13. Як называецца вечарынка спецыяльна сабраная для танцаў?

  14. Папрасіце поўнасцю апісаць адну з вечарынак. Як збіраліся? Дзе танцавалі летам і зімою? Пра што размаўлялі? Што танчылі і спявалі? У што гулялі? Чым чыставаліся? Як сябе паводзілі? Як разыходзіліся па дамах? Колькі па часе доўжылася імпрэза?

  15. Хто танцаваў на вяселлі, толькі госці ці ўсе прысутныя? Якія танцы танцавалі і якія карагоды? Ці быў танец што танчылі толькі на вяселлі?

  16. Склад музыкаў на вяселлях і на вечарынках. Па варыянтах. Ці былі музыкі-жанчыны? На якіх інструментах яны ігралі?

  17. Ці можна танцаваць дзяўчыне з дзяўчынай і хлопцу з хлопцам? Чаму нельга і чаму можна? Якія танцы?

  18. Ці танцавалі танцы з прадметамі? Якія і з якімі? (рэшата, ручнік….)

  19. Ці памятаюць танцы на палках, на кіях, на вілачніках (як іх клалі на падлогу па колькі штук), з таўкачамі, палкамі ў руках? Як называюцца такія танцы?

  20. У якім абутку танцавалі зімой, летам, на вуліцы, ў хаце, на вяселлі, на вячорках. Ці можна танцаваць босаму, ў лапцях …?

  21. Пералічыце і апішыце танцы тройкамі, чацвёркамі, пяцеркамі. Склад такой групы, хто дзе размяшчаецца.

  22. На якія святы вадзілі карагоды і якія канкрэтна?

  23. Песні з тэкстамі”Ай люлі... і гэтак далей”

  24. Ці існаваў звычай на пахаванні абыходзіць вакол нябожчыка, магілы...? Як гэта рабілася? Хто рабіў? У які бок ішлі і колькі разоў?

  25. Апішыце карагоды, якія памятаюць носьбіты?

  26. Апішыце гульні, у якіх браліся за рукі і хадзілі па колу, шарэнгамі адна на другую? Што пры гэтым спявалі ці гаварылі?.

  27. На якія святы існавалі абыходныя абрады.Апішыце як гэта рабілася?

  28. У якіх абрадах хадзілі вакол дрэў, дзяцей, маладых і г. д ............?

  29. Спытайце, якія полькі памятаюць. Ці былі полькі з камандамі. Якія каманды падавалі ў польках і як іх выконвалі танцоры?

  30. Спытайце, якія вальсы памятаюць. Ці былі вальсы з камандамі. Якія каманды падавалі ў вальсах і як іх выконвалі танцоры?

  31. Кадрылі. На якую мелодыю, мелодыі, на колькі пар. Пералічыца калены кадрылі і апішыце як іх танцавалі.

  32. Якія яшчэ танцы танцавалі з камандамі? На колькі кален?

  33. Апішыце паслядоўнасць вечарынкі. Які танец за якім танцавалі? Якім танцам пачыналі і якім заканчвалі? Чаму?

  34. Ці танцавалі без музыкі? Чаму, у якіх выпадках? Што і хто канкрэтна?

  35. Ці танцавалі на попрадках?


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка