Апазіцыя тоўсты – худы і яе адлюстраванне ў сістэме мянушак Гродзеншчыны




Дата канвертавання28.04.2016
Памер113.48 Kb.
Сіплівеня, Ж.С. Апазіцыя тоўсты – худы і яе адлюстраванне ў сістэме мянушак Гродзеншчыны / І.І.Бубновіч, Ж.С.Сіплівеня // Філалагічнае краязнаўства Гродзеншчыны (матэрыялы і даследаванні) Вып. 2: зб. навук. арт. / ГрДУ імя Я. Купалы; рэдкал.: М.А. Даніловіч (ад.рэд.) [і інш.]. – Гродна: ЮрСаПрынт, 2013 – С. 92 – 98.
Апазіцыя тоўсты – худы і яе адлюстраванне ў сістэме мянушак Гродзеншчыны

Мянушкі – гэта тая катэгорыя ўласных асабовых імёнаў, што выразна адлюстроўвае вынікі пазнання чалавекам навакольнай рэчаіснасці, самаго сябе, свайго ўнутранага свету, знешняга выгляду, бо чалавек адначасова выступае ў якасці і суб’екта, і аб’екта пазнання. Сістэма мянушак з’яўляецца паказчыкам назіральнасці народа, у пэўнай ступені раскрывае здольнасць і ўменне носьбіта мовы даць трапную ацэнку ці характарыстыку іншай асобе. Таму мянушкі, апрача ідэнтыфікуючай, валодаюць яшчэ эмацыянальна-ацэначнай функцыяй.

Паходжанне мянушак матываванае. Пры дапамозе мянушак людзі вылучалі чалавека, які выдзяляўся сярод іншых, таму асабліва часта ўжываюцца мянушкі, дадзеныя чалавеку ў залежнасці ад яго знешняга выгляду. Пры гэтым асабліва важнымі для ацэнкі асобы з’яўляюцца такія катэгорыі, як рост, адметнасці целаскладу, выгляд вачэй ці твару, колер валасоў, від прычоскі, манера таго ці іншага чалавека апранацца.

Сярод вулічных імёнаў, што ўзніклі на падставе ўспрыняцця асаблівасцей знешняга выгляду чалавека, частотнымі з’яўляюцца мянушкі, супрацьпастаўленыя па прыкмеце ‘тоўсты – худы’, якія прапануем у дадзенай публікацыі. Мянушкі зафіксаваны на Гродзеншчыне ў апошнія дзесяць гадоў. Антрапанімічны матэрыял падаецца ў выглядзе слоўніка ў алфавітным парадку з выкарыстаннем спрошчанай транскрыпцыі ў ілюстрацыйным матэрыяле.

АБЭРЖА, ж. Мянушка мажнай жанчыны. Абэржа ледво валачэцца са стана. Верцялішкі Гродз.

АМБАЛ, м. Мянушка худога мужчыны. Бачыш, вун і Амбал пайшоў па трахтар. Трэбо на поля ляцець . Азёры Гродз.

БАБА ГРОМ, ж. Мянушка дужай, поўнай і рослай жанчыны. Мушчыны з нашай вёскі баяцца падысці да Бабы Гром. Ігнатава Навагр.

БАГАТЫР, м. Мянушка здаровага па целаскладу мужчыны. Гэты Багатыр натто ж дужы. Індура Гродз.

БАЛЯРЫНКА, ж. Мянушка худой жанчыны невысокага росту. Па праўдзі, калі сказаць, то й ня ведаю, чаму яе Балярынкай назвалі. Можа таму, што худая і малая. Стрыпуны Астр.

БАМБАВОЗІХА, ж. Мянушка тоўстай жанчыны. Бамбавозіха зноў сьвіню коля. Стральцы Маст.

БАРАВІЧОК, м. Мянушка моцнага, поўнага мужчыны. Баравічок гэтак падобны да баравіка, такі моцны і здаровы. Салацце Гродз.

БАРАВІК, м. Мянушка мужчыны невысокага росту, тоўстага, але рухавага. На свае гады Баравік яшчэ добра выглядаў. Андрэевічы, Хацькоўцы Ваўк.

БАРЫЛА, м. Мянушка поўнага, высокага мужчыны. У Барылы і дзеці да бацькі падобны, здаровыя, як той Пакацігарошак. Путрышкі Гродз.

БАРЭЙКА, м. Мянушка хлопчыка, няўвішнага, паўнаватага. Гэты Барэйка па роўнай дарозі ідзе і падая. Галаўнічы Гродз.

БАТОН, ж. Мянушка жанчыны тоўстай па целаскладу. Батон, пэўна, па парасяты паехала з дочкай. Ляшчанка Шчуч.

БІЗОН, м. Мянушка поўнага мужчыны высокага росту. Бізон, як уваліцца ў хату, дык і стаць німа дзе. Заполле Маст.; Вечна Бізон свае параткі наводзіць. Верцялішкі, Капцёўка Гродз.

БОРУХ, м. Мянушка тоўстага мужчыны. Сядзеў бы ўжэ эты Борух у хаці. Індура Гродз.

БОЧАЧКА, м. Мянушка тоўстага хлопца. Гэты Бочачка да маёй Лёні чапляўсо, калі ў школу хадзіў. Вугальнікі Шчуч.

БУЛЬБЯНІК, м. Мянушка поўнага мужчыны, які любіць бульбу. Ля, Бульбянік зноў з лесу дровы валачэ. Заполле Маст.

БУРДЗЮК, м. Мянушка мажнага, надта непаваротлівага хлопца. Нехта у прымні шоргая, пэўна Бурдзюк зашоў. Рэпля Ваўк.

БУЙЛА, м. Мянушка высокай, тоўстай кабеты. Буйла за траіх у адзін прыход зьесць і сняданя, і падабедак. Пілюкі Гродз.

БУЛЬБІНКА, м. Мянушка поўнага мужчыны малога росту. Бульбінка ў горад паехаў рабіць, і жонку там сабе нашоў. Азёры Гродз.

БЫК, м. Мянушка здаровага мужчыны. А Бык такую хату выстраіў, аткуль толькі тыя грошы мая? Луцкаўляны Гродз.

ВАРЭНІК, м. Мянушка паўнаватага мужчыны, які любіць варэнікі. Варэнік ізноў прымусіў жонку пячы пірагі. Гута Дзятл.

ВІНІ ПУХ, м. Мянушка поўнага хлопца. Віні Пух сядзіць на лаўцы і толькі пыхціць. І тоя яму падай, і гэта паднясі. Навагрудак.

ВУЗІК, м. Мянушка худога, спрытнага хлопца. Гэты Вузік зноў ровар паламоў. Азёры Гродз.

ВЫВАРКА, ж. Мянушка поўнай жанчыны. Выварка ледво ногі валачэ. Хібо, яшчэ здаравейша зрабіласа. Верцялішкі Гродз.

ВЯРБА, ж. Мянушка худой жанчыны. Вярба нікепска жанчына, толькі залішне п’е. Эймінаўцы Бераст.

ГАРОХ, м. Мянушка маленькага старога дзеда, паўнаватага, круглатварага. Гарох ні любіць уставаць рана, спіць да палуння. Эймінаўцы Бераст.

ГЛІСТ, м. Мянушка худога хлопца. Гліст заўсягда мала еў, стаіць во, як жэртка якая. Эймінаўцы Бераст.

ГНОМ, м. Мянушка маладога хлопца, вельмі малога і худога. Гному цяжко угадзіць, як толькі тая матка зь ім упраўляяцца. Капачы Маст.

ГУСЬ, м. Мянушка худога, высокага мужчыны. З Гусям лепяй ні зьвязвацца, ён табе пра ўсё успомніць. Зінякі Шчуч.

ГУРБА, ж. Мянушка поўнай жанчыны. Гурба выйдзя на гуліцу і пачыная рагатаць, на другім канцы чуваць. Стрыеўка Гродз.

ГУСЬ, ж. Мянушка мажнага мужчыны. Глядзіця, Гусь пайшоў. Такі ш ён сьмешны, калі перастаўляя ногі. Капцёўка Гродз.

ДЗЯБЁ̀ЛЫ, м. Мянушка дужага па целаскладу мужчыны, поўнага і высокага. Дзябёлы зусім стаў нядужы. Грабава Зэльв.

ДОШКА-САРАКОЎКА, ж. Мянушка худой дзяўчыны. Дошка- Саракоўка так і ні вышла замуш. Геранёны Іўеўск.

ДРАНКА, м. Мянушка высокага мужчыны, худога паводле целаскладу. Бачыў дзісь Дранку, ён яшчэ больш высах пасьля бальніцы. Грынёўка Гродз.

ДРОЗЬДЗІК, м. Мянушка худога мужчыны малога росту. Дрозьдзік жыве разам з маткай на хутары. Уселюб Навагр.

ДРОЦІК, м. Мянушка худога чалавека. Дроцік ціпер у вотпуску. Поразава Свісл.

ДЫХЛЯК,м. Мянушка худога, хваравітага чалавека. Дыхляк андае многа грошаў на лекі. Індура Гродз.

ЖАРАБЕЦ, м. Мянушка высокага, поўнага мужчыны. Жарабец заглядая на чужых жонак, мала яму мужыке пячонкі адбівалі. Індура Гродз.

ЖАРОМСКІ, м. Мянушка тоўстага чалавека, які шмат есць. Жаромскаму мала гадзіны на яду. Геранёны Іўеўск.

ЖУЙ, м. Мянушка поўнага маладога хлопца, які ўвесь час нешта есць. Жуй самы галонны, першы ляціць да стала. Тужаўляны Гродз.

ЖЭРТКА, ж. Мянушка высокай, надта худой жанчыны. І ў маладосьці была яна высокая і худая, таму хлопцы і празвалі Жэрткай. Кракоўка Ашм.

ЗДЫХЛІК, м. Мянушка маладога хлопца, худога целаскладу і невысокага росту. Здыхлік як выдзе на двор, дык і захварэя. Лозкі Дзятл.

КАБАН, м. Мянушка тоўстага мужчыны. Кабан цалютка лета ў цёшчы прасядзеў, і на работу яму ні трэба. Гродна.

КАДОЎБА, м. Мянушка поўнага, высокага мужчыны. Кадоўба адзін узёўса сёньня парася калоць, ні глядзіць, што й пагоды німа. Верцялішкі Гродз.

КАЛАБОК, ж. Мянушка малой і вельмі поўнай жанчыны. Калабок калісьці вельмі спрытна была, гэта ціпер яна зрабіласа як калотка. Струбніца Маст.

КАМАР, м. Мянушка надта худога мужчыны. Камар усё жыцця гэдакі худы, анныя толькі вочы блішчаць. Сухінічы Маст.

КАМАР, м. Мянушка худога, малога ростам хлопца. У Камара дома сёньня нешта сьвяткуюць, песьні на ўсю вёску чуваць. Ваверка Лід.

КАНЯБАЛ, м. Мянушка здаровага паводле целаскладу мужчыны. Самы моцны ў вёсцы мужчына – гэта Канябал. Ганчары Свісл.

КАЦЁЛ, ж. Мянушка тоўстай жанчыны. Кацёл ужо зусім растаўсцела. Капцёўка Гродз.

КАЦУБА, м. Мянушка высокага, худога хлопца. Кацубу ў школі ўсе дзеці драчылі, некі ён няўклюды быў. Верцялішкі, Капцёўка Гродз.

КАЧАН, м. Мянушка поўнага, невялікага росту мужчыны, які апранае шмат адзення ў любую пару. Качану заўсягда зімна, ён і летам у фуфайцы. Верцялішкі Гродз.

КАШЧЭЙ, м. Мянушка маладога хлопца, худога і высокага. Кашчэю кладзі больш, кап пад´еў лепш. Лозкі Дзятл.

КАШЧЭЙ, м. Мянушка старога дзеда, вельмі худога і неахайнага. На Кашчэя паглядзіш, дык самому жыць ні хочацца. Сапоцкін Гродз.

КІЛБАСА, ж. Мянушка вельмі поўнай жанчыны. Кілбаса гэта натта з гонарам. Гута Дзятл.

КІЛЬКА, ж. Мянушка жанчыны высокага росту і xудога целаскладу. Кілька і ціпер цягаецца з гэтым абадранцам. Новы Двор Шчуч.

КІН-КОНГ, м. Мянушка здаровага маладога мужчыны. То ш трэба, гэты Кін-Конг прывязоў яшчэ з раня каня да плоту, а сам недзе зьнік, мабуць, чаркуя. Верцялішкі Гродз.

КІРКА, ж. Мянушка высокай, худой жанчыны. А Кірка ўжо с самай раніцы на полі. Верцялішкі, Капцёўка Гродз.

КЛЁЦКА, ж. Мянушка здаровай, спрытнай на язык кабеты, якая любіць есці клёцкі. Хочаш смачно паесьці, ідзі да Клёцкі. Станявічы Бераст.

КЛУСТЫ, м. Мянушка тоўстага, немаладога мужчыны. Вунь Клусты па вёсцы пляцецца. Грабава Зэльв.

КНОПКА, ж. Мянушка паўнаватай дзяўчыны малога росту. Кнопка яшчэ школы ні скончыла, як па кавалерах бегаць пачала. Мікелеўшчына Маст.

КОНАЎКА, м. Мянушка поўнагга мужчыны малога росту, з надта вялікай галавой. Відзяла Конаўку ў горадзі на базары. Шынкаўцы Шчуч.

КОНЬ, м. Мянушка хлопца, поўнага і дужага. Кап скарэй Каня да войска забралі, матка, мо, спакайней уздыхне. Геранёны Іўеўск.

КОШЫК, м. Мянушка мужчыны, які мае вялікі жывот. Пайду да Кошыка, можа чуў пра пенсю што. Вераб’евічы Навагр.

КРУГЛЫ, м. Мянушка мужчыны з вялікім жыватом. Круглы, як на пенсю пашоў, ні дня на работу ні хадзіў. Гродна

КУЛЬША, м. Мянушка няўдалага і вельмі поўнага чалавека. Кульша сёньня ўсе каровы пагубіў, заснуў на балоці. Геранёны Іўеўск.

ЛОБ, м. Мянушка поўнага, дужага мужчыны. Лоб за сваё жыццё хіба ні разу ні хварэў. Індура Гродз.

ЛОМ, м. Мянушка высокага, худога хлопца. Лом у дзьверы мае ні ўлазіць. Азёры Гродз.

ЛОСЬ, м. Мянушка высокага і здаровага мужчыны. Лася зразу пазнаяш па высокім росце. Капцёўка Гродз.

МАКАРО́НА, ж. Мянушка высокай і худой дзяўчыны. Ні кажы ты, што высокая, ні вышэй ты за нашу Макарону. Струбніца Маст.

МАМО́Н, м. Мянушка поўнага нязграбнага мужчыны. Мамон каля машыны цэлы дзень прапэртаўса, а нічога ні зрабіў. Капцёўка Гродз.

МУ́ХА, ж. Мянушка хлопца малога росту і худога целаскладу. Хопіць табе, Муха, хадзіць скручаным, бо зусім ні вырасцеш. Капцёўка Гродз.

МЯ́СА, м. Мянушка поўнага мужчыны. Мяса жыве ў Шчанцэ, алі бывая ў Астрыне. Астрына Шчуч.

НАДЗІМА́НКА, ж. Мянушка тоўстай жанчыны. Надзіманка такая тоўстая, нібы надутая. Ляткі Маст.

НЕХАРЧО́ВАНЫ, м. Мянушка худога мужчыны. Нехарчованы наша радня. Нагорнікі Дзятл.

ПАРСЮ́К, м. Мянушка тоўстага мужчыны. Такі жывот Парсюк адгадаваў, што страх. Андрэевічы, Хацькоўцы Ваўк.

ПЕРАХЛЯ́БІСТЫ, м. Мянушка худога мужчыны. Перахлябісты з начальствам сварыўся, што прэмію ні далі. Юравічы Дзятл.

ПІ́ГАЛІЦА, ж. Мянушка худой жанчыны малога росту. Пігаліца хоць малая, але ўсюды дастане. Раднікі Ваўк.

ПІЛЬМЕ́НЬ, м. Мянушка поўнага чалавека. Пільмень скора ў дзьверы не пралезя. Струбніца Маст.

ПО́НЧЫК, м. Мянушка поўнага хлопчыка. Галін Пончык на фізкультуры стаіць першы, хоць і тоўсты. Капцёўка Гродз.

ПУ́ДЗІК, м. Мянушка худога мужчыны невысокага росту. Пудзік чысто зазёхаўся, пакуль да аўтобуса дабех. Верцялішкі Гродз.

ПУ́ЗА, м. Мянушка мужчыны, у якога вялікі жывот. Пуза собе новую работу мусіць знайшоў, бо до нас ужо не прыходзіць. Сапоцкін Гродз.

ПУЗА́ТЫ, м. Мянушка поўнага мужчыны. Пузаты яшчэ жыве, а зімою казалі, што здрыбдзіўса. Індура Гродз.

ПУЗЫ́НЯ, ж. Мянушка поўнай жанчыны. Пузыня ўжо даўно на пэнсіі. Індура Гродз.

ПУ́ЛЬМАН, м. Мянушка тоўстага мужчыны, шырокага ў плячах. Пульман сквапны да яды. Пацэвічы Маст.

ПУ́ХЛЫ, м. Мянушка тоўстага мужчыны. Пухлы заўсёды с сабой нешта зь яды мая. Вялікая Рагозніца Маст.

ПУШЫ́НКА, ж. Мянушка вельмі тоўстай жанчыны. Зноў Пушынка паехала правяраць работу на склат. Раднікі Ваўк.

ПЫШАЧКА, ж. Мянушка вельмі поўнай жанчыны. Пышачка на жаўтачку, кажуць, захварэла, у больніцы ляжыць. Эймінаўцы Бераст.

ПЫ́ШКА, ж. Мянушка даволі поўнай жанчыны. Пышка ўвэсь дзень штосьці есць. Дакурнішкі Ашм., Даўбянкі Бераст.

ПЯТАЧО́К, м. Мянушка худога мужчыны малога росту. Пятачок за півам пабех. Ляшчанка Шчуч.

РА́МА, м. Мянушка фізічна здаровага, высокага, тоўстага мужчыны. У Рамы дзеці такія ж высокія, як ён. Задвор’е Зэльв.

РАПУ́ХА, ж. Мянушка тоўстай жанчыны. Вось Рапуха паўзе. Вялікая Рагозніца Маст.

СА́ЛО, м. Мянушка тоўстага чалавека. Сало мае натто вялікі жывот. Лозы Ваўк.

САЛЦІСО́Н, м. Мянушка тоўстага мужчыны. Майго мужа празывалі Салцісон. Нагорнікі Дзятл.

САСІ́СКА, ж. Мянушка худой, маленькай жанчыны. Сёньня Сасіска па малако ні ехала. Срыпуны Астр.

СЛО́Н, м. Мянушка мажнага мужчыны. Слану ў ляхкавушцы цяшка ехаць, бо такі вялікі. Станявічы Бераст.

СПІ́ЧКА, ж. Мянушка худой дяўчыны. Сьпічка такая худая, што пераламацца можа. Нагорнікі Дзятл.

СТРЭ́ЛЬБА, ж. Мянушка худой і высокай дзяўчыны. Стрэльбі цяшка будзе знайсьці сабе хлопца. Мацеявічы Бераст.

СУНДУ́К, м. Мянушка поўнага мужчыны. Сёньня Сундука на рабоці ні было, захварэў можа. Тапалёва Гродз.

СУХАБО́К, м. Мянушка худога чалавека. Колькі Сухабока жонка корміць, а па ім ні вінно. Індура Гродз.

СУХАНО́ЖКА, м. Мянушка худога чалавека. І чаму гэты Суханошка ні папраўляецца ніяк? Індура Гродз.

СУХА́Р, м. Мянушка вельмі худой дзяўчыны. Ці будзя на Сухара паправунак? Геранёны Іўеўск.

СУХА́Р, м. Мянушка худога мужчыны. Зламаецца некалі Сухар. Варняны Астр.

СУХА́РЫК, м. Мянушка вельмі худога чалавека. Гэты Сухарык ужо зусім сьвеціцца. Індура Гродз.

СУХА́Я, ж. Мянушка маладой і вельмі худой настаўніцы. Усе ў школе дзівіліся с Сухой. Капачы Маст.

СУ́ШЧЫХА, ж. Мянушка вельмі худой жанчыны. Сушчыха ні згорша баба, і рупліва, і с твару файна, анно што худая. Эймінаўцы Бераст.

СЫ́ТЫ, м. Мянушка маладога тоўстага хлопца, які любіў многа есці. Сыты покуль ні з´есьць пуды два сала, то нікуды не пойдзе. Лозкі Дзятл.

ТА́НК, ж. Мянушка поўнай дзяўчыны. Сусед натта сьмяецца с Танка. Стрыеўка Гродз.

ТАЎСТУ́ХА, ж. Мянушка малой і поўнай жанчыны. Таўстуха хоць малая, але спрытная. Беняконі Воран.

ТАЎШЧА́К, м. Мянушка тоўстага чалавека. Таўшчак пайшоў вячэраць. Галавачы Гродз.

ТЛУ́СТЫ, м. Мянушка поўнага хлопца. Сьмяюцца ў класе с хлопца, Тлустым абзываюць. Васілішкі Шчуч.

ТО́РБА, ж. Мянушка поўнай жанчыны. У Торбы ўся сям’я загрыпавала. Алішкаўцы Шчуч., Эймінаўцы Бераст., Геранёны Іўеўск., Сапоцкін Гродз.

ТО́СІК, м. Мянушка худога мужчыны. Тосік малы ды худы, быццам ні есьць. Стрыеўка Гродз.

ТО́ЎСТЫ, м. Мянушка вельмі тоўстага мужчыны. Тоўстым яго клічуць, бо шмат есьць. Савічы Гродз., Луцкаўляны Гродз.

ТРА́КТАР, м. Мянушка тоўстага хлопца. Няма ў Трактара дзеўкі. Стрыеўка Гродз.

ТРЫБУ́Х, ж. Мянушка жанчыны, у якой вялікі жывот. Дзеўкай была – адны скабы тырчалі, а на старасць жывот вырас; таму і Трыбухом празвалі. Геранёны Іўеўск.

ТРЫБУ́Х, м. Мянушка мужчыны, які мае вялікі жывот. Трыбух гэты нічога рабіць не можа. Пераходы Шчуч.

ТРЫБУХА́Ч, ж. Мянушка невысокай поўнай жанчыны. Трыбухач цэлымі днямі сядзіць дома. Верцялішкі, Капцёўка Гродз.

ТРЭ́САЧКА, ж. Мянушка старой худой жанчыны. Пайду да Трэсачкі па яблыкі. Фабрычны Гродз., Нагорнікі Дзятл.

ТЫ́ЧКА, ж. Мянушка вельмі худой дзяўчыны. Відзя́ла Ты́чку фчо́рай на та́нцах, о́на хіба е́шчэ пахудзе́ла. Сапоцкін Гродз.

ФОТАМАДЭ́ЛЬ, ж Мянушка худой дзяўчыны. Фотамадэль і так худая, а яшчэ нічога ні есьць. Нагорнікі Дзятл.

ФУ́РА, ж. Мянушка поўнай жанчыны. Чуць пралазіла праз дзьверы Фура. Варняны Астр.

ХРЫБЕ́Т, м. Мянушка старога худога чалавека. Хрыбет прыходзіў, скардзіўся на хворую нагу. Баброўнікі Гродз.

ХУДЗІ́НА, ж. Мянушка вельмі худой жанчыны. Зусім схудала Худзіна, бо нічога ж ні есьць. Індура Гродз.

ХУДЗЯ́ГА, м. Мянушка вельмі худога мужчыны. Худзяга гэты толькі сланяецца с кута ў кут. Пераходы Шчуч.

ХУДО́БА, м. Мянушка вельмі худой жанчыны. Учора мы с Худобай пакуль аўтобуса дачакаліся, то згіргянелі. Індура Гродз.

ЦЫЛІ́НДАР, м. Мянушка мужчыны тоўстага целаскладу. Харош есьці, бо станяш як Цыліндар. Капцёўка Гродз.

ЦЫ́РКУЛЬ, м. Мянушка высокага, худога чалавека. Паглядзі, які плот змайстраваў Цыркуль. Капцёўка Гродз.

ЦЭ́НТНЕР, м. Мянушка тоўстага мужчыны. Цэнтнера і ў поцемках ўбачыш. Індура Гродз.

ЦЮК, ж. Мянушка вельмі тоўстай жанчыны. У Цюка гаспадарка слабая. Гута Дзятл.

ШВА́БРА, м. Мянушка высокага, худога мужчыны з доўгімі рукамі. Швабру здалёк пазнаць, бо, як ідзе, сваімі доўгімі рукамі махая, а сёньня нешта Швабра спазьняецца. Путрышкі Гродз.

ШКІЛЁ́НЬДЗЯ, ж. Мянушка худой нязграбнай жанчыны. Шкілёньдзя за ўсё сваё жыцьцё нават хадзіць не навучылася. Нарбутавічы Дзятл.

ШКІЛЕ́Т, м. Мянушка вельмі худога мужчыны. Шкілет зусім нічога ня есьць, анны рэбры тырчаць. Ласосна, Ланявічы Гродз., Дятлава.

ШНУР, м. Мянушка высокага худога хлопца. Шнур да касьцёла зьбіраўса. Верцялішкі, Капцёўка Гродз.



ШТЫХЕ́ТА, ж. Мянушка вельмі худой і высокай дзяўчыны. А е́шчэ некалі Штыхета мадэлькаю хацела стаць. Сапоцкін Гродз.

ШЧАВЕ́Й, м. Мянушка худога мужчыны. Яго аднойчы назвалі шчыпер, але дзеці забыліся і пачалі называць Шчавей. Вялікая Рагозніца Маст.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка