Антыкрызісная платформа Аб’яднаных дэмакратычных сіл




Дата канвертавання01.05.2016
Памер95.71 Kb.


Антыкрызісная платформа

Аб’яднаных дэмакратычных сіл

Аб шляхах пераадолення фінансава-эканамічнага крызісу і важнейшых накірунках новай эканамічнай палітыкі Рэспублікі Беларусь”



I. Ацэнка сітуацыі

Эканамічны крызіс ударыў па беларускай эканоміцы задоўга да наступлення сусветнага фінансавага крызісу. Слабасць эканомікі праяўлялася ў выглядзе стратнасці і нізкарэнтабельнасці большасці прадпрыемстваў, страты зваротнага капіталу, закрэдытаванасці рэальнага сектару, росту складскіх запасаў, павелічэння дэбіторска-крэдыторскай запазычанасці, высокай інфляцыі.

Эканоміка ўсё больш губляла сваю канкурэнтаздольнасць. Ужо ў 2006 годзе запазычанасць прадпрыемстваў банкам павялічылася на 157 працэнтаў. У адкрытую форму крызіс увайшоў у 2007 годзе, яшчэ пры асабліва льготных цэнах на газ.

У 2007 годзе дэфіцыт рахунку бягучых аперацый вырас у параўнанні з 2006 годам у 2 разы, адмоўнае знешнегандлёвае сальда па таварах перавысіла 10 працэнтаў аб’ёму ВУП. Адмоўнае сальта ў гандлі з Расіяй удвоілася і дасягнула 8,3 млрд. дол. Памер сукупнага знешняга доўгу ўзрос за год на 5,7 млрд. дол. або ў 1,8 разу, унутранага — ў 1,5 разу.

У 2008 годзе сітуацыя яшчэ больш пагоршылася. Высокімі тэмпамі працягваўся рост знешняй і ўнутранай запазычанасці. Рэшткі на складах непраданай прадукцыі павялічыліся да 5 трлн. руб., пратэрмінаванай запазычанасці — звыш 5 трлн. руб. У выніку адбылася дэвальвацыя рубля, якая прывяла да зніжэння ўзроўню жыцця насельніцтва.

З-за выбранай памылковай мадэлі развіцця краіна стаіць на парозе эканамічнага абвалу. Праблема паглыбляецца сусветнай рэцэсіяй, падзеннем цэн і зніжэннем попыту на экспартуемыя тавары, узмацненнем канкурэнцыі.

Ва ўмовах сусветнага крызісу галоўны рэсурс, які павінен быць задзейнічаны для аздараўлення эканомікі, — чалавечы капітал. Перш за ўсё, кіраўнікоў прадпрыемстваў, якіх неабходна вызваліць ад адміністратыўных путаў заданняў, забаронаў, інструкцый.

Неабходна карэнная дэбюракратызацыя эканомікі. Патрабуецца не ўдасканаленне адміністрацыйных працэдур умяшальніцтва ў эканоміку (што робіць урад), а іх безумоўная адмена.



II. Першачарговыя неадкладныя крокі (тэрмін 3 месяцы)

  1. Вызваліць суб’екты гаспадарання ад заданняў па аб’ёмах вытворчасці, продажу і інвестыцый; ад дырэктыўнага ўмяшальніцтва ў цэнаўтварэнне і ўзровень рэнтабельнасці (за выключэннем манаполій і структур, якія спансуюцца з бюджэту); ад ліцэнзавання відаў дзейнасці, якія не нясуць непасрэднай пагрозы здароўю чалавека і бяспецы краіны; ад навязвання парадку разлікаў, ад планавання штрафаў і г.д. Спрасціць бюракратычныя працэдуры пры продажы і здачы ў арэнду ўласнасці. Скасаваць абмежаванні, якія тармозяць развіццё фінансавага рынку. Выключыць з усіх нарматыўных актаў палажэнні, якія прадугледжваюць пазасудовую канфіскацыю маёмасці.

  2. Скараціць памер сродкаў, якія выдаткоўваюцца з эканомікі ў дзяржаўны бюджэт, не менш чым на 20 працэнтаў. Сукупная сума падаткаў, збораў і плацяжоў, што знімаюцца з рэальнага сектара, не павінна перавышаць 30 працэнтаў да ВУП. У выніку рэальны сектар атрымае дадаткова парадку 6 млрд. дол. на мэты інавацыі, тэхналагічнага і тэхнічнага пераўзбраення.

  3. З улікам таго, што скарачэнне паступленняў на 6 млрд. дол. перакрываецца ўрадавымі пазыкамі і прыцягненнем прамых знешніх інвестыцый у працэсе вызначанай прыватызацыі, не зніжаць на перыяд крызісу сукупны аб’ём бюджэтных расходаў, але прынцыпова змяніць іх структуру. У нязменным выглядзе пакінуць толькі сацыяльную частку расходаў.

  4. Стварыць у складзе бюджэту Фонд антыкрызіснага рэагавання. Вызначыць аб’ём дадатковай капіталізацыі дзяржбанкаў. Пры росце беспрацоўя прадугледзіць сродкі на фінансаванне рэгіянальных праграм занятасці. Увесці рэжым жорсткай эканоміі. Скараціць памер сродкаў, што вылучаюцца на ўтрыманне органаў улады ўсіх узроўняў, не менш чым на 30% (у тым ліку за кошт: аптымізацыі структуры кіравання і кантролю, скарачэння колькасці персаналу). Заканадаўча ўстанавіць межы колькаснасці дзяржапарату і сілавых структур.

  5. Устанавіць максімальныя абмежаванні па акладах і матэрыяльных узнагародах для кіраўнікоў і іншых кіруючых работнікаў прадпрыемстваў і арганізацый, якія фінансуюцца з бюджэту або атрымліваюць бюджэтныя датацыі.

  6. Перагледзіць планы будаўніцтва аб’ектаў за кошт бюджэтных сродкаў. Адмовіцца ад такіх стратных праектаў, як будаўніцтва АЭС, аграгарадкоў, спартыўна-культурных і іншых забудоў. Увесці мараторый на закупку за дзяржаўны кошт аўтатранспарту і офіснай тэхнікі. Кардынальна скараціць памеры датацый і субсідый на падтрымку неэфектыўных вытворчасцяў.

  7. Дазволіць дзяржпрадпрыемствам рэалізаваць па свабодных дамоўных цэнах неліквідныя рэшткі гатовай прадукцыі, спісаць сумнеўную дэбіторскую запазычанасць. Павысіць адказнасць органаў кіравання, прадпрыемстваў і арганізацый дзяржаўнай формы ўласнасці за марнатраўства і безгаспадарлівасць.

  8. Ва ўмовах росту беспрацоўя адмовіцца ад адміністратыўнага рэгулявання колькасці працаўнікоў у індывідуальных прадпрымальнікаў. Перайсці ад дырэктыўных да эканамічна абаснаваных ставак арэнднай платы. Спыніць прывязку ставак арэнднай платы, адзінага падатку, патэнту, а таксама паслуг прадпрыемстваў-манапалістаў да еўра. Увесці мараторый на правядзенне праверак суб’ектаў малога і сярэдняга бізнесу і індывідуальных прадпрымальнікаў тэрмінам на тры гады з моманту ўтварэння.

9. Усталяваць дапамогу па беспрацоўі на ўзроўні не ніжэй памеру пражытачнага мінімуму. На перыяд крызісу пры звальненні працаўнікоў у сувязі з заканчэннем тэрміна кантракту выплачваць выходнае пасобіе за кошт наймальніка, як і пры скарачэнні.

Падвысіць эфектыўнасць сістэмы перападрыхтоўкі кадраў і спецыялістаў для новых працоўных месцаў і вытворчасцяў, а таксама для перакваліфікацыі беспрацоўных.



10. Забяспечыць сацыяльную справядлівасць у пенсійным забеспячэнні, знішчыць абуральныя дыспрапорцыі паміж рознымі катэгорыямі працаўнікоў.

11. Дэманапалізаваць рынак лекаў і медыцынскага абсталявання, адмяніць мытныя пошліны на імпартныя лекі з мэтай захавання іх даступнасці ў перыяд цвёрдых бюджэтных абмежаванняў.

12. Урад у сваёй паўсядзённай дзейнасці павінны зыходзіць з задач паслядоўнага ажыццяўлення рынкавай мадэлі развіцця і забеспячэння сацыяльнай справядлівасці. Для гэтага неабходна заканадаўча ўсталяваць нарматывы адзнакі дзейнасці Савета Міністраў і мясцовых органаў улады (тэмпы росту эканомікі, інфляцыя, прыбыткі насельніцтва, дэфіцыт бюджэту, сальда гандлёвага балансу, узровень беспрацоўя, стварэнне працоўных месцаў) і механізмы адстаўкі ў выпадку іх невыканання.

III. Важнейшыя накірункі новага эканамічнага курса

(на перыяд 3-5 гадоў)

1. Забяспечыць прававую, адміністрацыйную, падатковую, бюджэтную, крэдытную падтрымку збалансаванага развіцця эканомікі і паскоранага ўкаранення ў сферу кіравання інфармацыйных тэхналогій.

2. На практыцы паставіць усе суб'екты гаспадарання, незалежна ад форм уласнасці, у роўныя ўмовы. Усталяваць цвёрдую сістэму матэрыяльнай адказнасці пры невыкананні дамоўных і іншых абавязальніцтваў. Занесці змены ў парадак правядзення працэдуры банкруцтва і санацыі з мэтай паскарэння яе правядзення, абароны правоў крэдытораў, а таксама актывізацыі прадказальных, празрыстых механізмаў спагнання па закладных і звычайных патрабаваннях.

3. Правесці рэарганізацыю і санацыю нізкарэнтабельных, а таксама здачу ў арэнду, прыватызацыю, продаж стратных дзяржпрадпрыемстваў.

4. Рэалізаваць "Нацыянальную платформу бізнэсу - 2009", распрацаваную саюзамі прадпрымальнікаў, якая дазволіць давесці долю малога і сярэдняга бізнэсу ў ВУП, а таксама долю спажывання ВУП унутры рэспублікі да 50 працэнтаў.

5. Рэалізаваць урадавы план акцыянавання і прыватызацыі толькі пасля прыняцця адмысловага закону, які прадугледжвае, у тым ліку, належную сацыяльную абарону калектываў прадпрыемстваў. Прыватызацыю буйных дзяржпрадпрыемстваў праводзіць, як правіла, толькі ў мэтах прыцягнення рэсурсаў для мадэрнізацыі і падвышэнні эфектыўнасці.

Падчас прыватызацый прадугледзець першачарговы продаж акцый стратэгічных прадпрыемстваў краіны беларускім грамадзянам. Продаж прадпрыемстваў з лікам занятых да 200 чалавек праводзіць пераважна беларускім юрыдычным і фізічным асобам.



6. Распрацаваць і прыняць законы аб парадку ўцягвання зямлі ў камерцыйнае абарачэнне і стварэнні неабходнай інфраструктуры.

7. Спрасціць сістэму падаткаабкладання. Зняць усе абмежаванні на выкарыстанне гадавых патэнтаў для малога і сярэдняга бізнэсу. На працягу першых трох гадоў працы вызваліць малыя і сярэднія фірмы і індывідуальных прадпрымальнікаў ад падаткаабкладання.

8. За кошт спрашчэння бухгалтарскага ўліку і падатковых працэдур, іх аўтаматызацыі, выкарыстання інтэрнэту, выбарачных метадаў статыстыкі вырашыць задачу вызвалення з эканомікі некалькіх сотняў тысяч уліковых працаўнікоў, кантралюючых і падатковых чыноўнікаў.

9. Зняць усякія абмежаванні на аказанне страхавых паслуг недзяржаўнымі арганізацыямі.

10. Пасродкам усялякага развіцця прадпрымальніцтва і канкурэнцыі, з аднаго боку, і абмежаваннямі росту рублёвай грашовай масы тэмпамі росту ВУП - з другой, забяспечыць паніжэнне ўзроўню інфляцыі да 3-5 працэнтаў, працэнтнай стаўкі па крэдытах да 8-10 працэнтаў.

11. Забяспечыць станоўчае сальда знешняга гандлю за кошт збалансавання попыту і прапановы на ўнутраным рынку, стабілізацыі рынкавымі метадамі ўнутраных цэн, у тым ліку за кошт рэгулявання абменнага курсу рубля.

12. Выкарыстаць знешнія пазыкі, як правіла, на высокаэфектыўныя праекты, якія ствараюць новыя працоўныя месцы, а не на спажыванне (падтрыманне завышанага абменнага курсу, аплату спажытага расійскага газу і інш.). Знешнія пазыкі і крэдыты павінны выкарыстоўвацца ўрадам толькі ў рамках бюджэтнага раскладу і ў межах бюджэтнага дэфіцыту. Усталяваць ліміт на прадастаўленне дзяржгарантый па крэдытах прадпрыемстваў, вызначыць арыентыры для банкаўскай сістэмы па прыцягненні знешніх рэсурсаў.

13. Цэнтралізаваць працэс кіравання дзяржаўнай маёмасцю, рэсурсамі і актывамі, уключаючы акцыі ў камерцыйных арганізацыях, шляхам бязвыплатнай перадачы іх на баланс і ў кіраванне Камітэту па дзяржаўных рэсурсах.

14. Гарантаваць для насельніцтва сацыяльныя стандарты па зарплаце, пенсіям, пасобіям па беспрацоўі, выдаткам на аплату жыллёва-камунальных і іншых паслуг, якія забяспечваюць годны ўзровень жыцця.

15. Адмяніць кантрактную сістэму для працаўнікоў масавых прафесій. Зняць усе абмежаванні па найманні, звязаныя з месцам жыхарства, а таксама абмежаванні па ўзроўні аплаты працы для гаспадарчых суб'ектаў.

16. Падвоіць узровень сярэдняй заработнай платы за кошт падвышэння прадукцыйнасці працы з дапамогай укаранення сучасных тэхналогій.

17. Усталяваць стандарт сярэдняй пенсіі па краіне ў памеры 50 працэнтаў ад узроўня сярэдняй зарплаты. Зняць абмежаванні на занятасць пенсіянераў. Паралельна з наяўнай пенсійнай сістэмай увесці сістэму добраахвотнага страхавання, а таксама пенсійных фондаў для прадпрымальнікаў і іншых груп "самастойных" занятых.



18. Усталяваць штомесячныя даплаты інвалідам, дзецям-сіротам, шматдзетным сем'ям, навучэнцам і студэнтам, з мэтай давядзення іх прыбыткаў да ўзроўню мінімальнага спажывецкага бюджэту.

19. Захаваць датацыі па жыллёва-камунальных плацяжах, уключаючы электрычнасць, ваду і газ, тым хатнім гаспадаркам, чые сукупныя выдаткі на гэтыя мэты перавышаюць 25 працэнтаў грашовых прыбыткаў сям'і.

20. Прыняць і рэалізаваць бюджэтныя праграмы будаўніцтва танных інтэрнатаў у абласных гарадах і г.Мінску для палягчэння працоўнай міграцыі ўнутры краіны.

V. Стратэгічныя задачы

1. Забяспечыць прыярытэтнае вылучэнне рэсурсаў на адукацыю і навуку. Ажыццявіць пераход да бясплатнага інтэрнэту для ўсяго насельніцтва краіны. Фармаваць нацыянальную сістэму пошуку і падрыхтоўкі элітных кадраў. Стымуляваць стварэнне навукаёмістай вытворчасці пасродкам стварэння Нацыянальнага венчурнага фонду.

2. Распрацаваць і рэалізаваць праграму "Электронная Беларусь". Паскоранымі тэмпамі вырашаць пытанне функцыянавання "Электроннага ўраду" на базе вядомых у свеце інфармацыйных тэхналогій.

3. Праводзіць энергетычную палітыку на аснове стратэгіі эфектыўнай вытворчасці энергіі з розных рэсурсаў.

4. Кардынальна спрасціць падатковую сістэму. Адмяніць ПДВ і падатак на прыбытак. Перайсці да аўтаматычнага спагнання "плоскіх падаткаў" з кошту тавараў, рэалізуемых юрыдычнымі асобамі канчатковаму спажыўцу.

5. Прывесці нацыянальнае заканадаўства ў адпаведнасць з асноўнымі міжнароднымі нормамі і стандартамі функцыянавання фінансаў, таварных рынкаў, інвестыцый і бухгалтарскага ўліку.

6. Стварыць сістэму пенсійных фондаў новага тыпу, якія працуюць як ашчадна-назапашвальныя фінансавыя інстытуты.

7. Забяспечыць тым, хто мае вялікую патрэбу, жыллё за кошт сродкаў бюджэту аплату працэнтаў па іпатэчных крэдытах звыш 5 працэнтаў гадавых. З дапамогай бюджэту забяспечыць магчымасць набыцця грамадзянамі, якія жывуць у нястачы, сацыяльнага жылля па кошце аднаго квадратнага метра, роўнага сярэдняй зарплаце па краіне.

Платформа Аб'яднаных дэмакратычных сіл утрымлівае высокапрафесійныя, рэалістычныя, заснаваныя на досведзе трансфармацый іншых краін меры пераадолення крызісу. Аднак іх рэалізацыя магчымая толькі пад кантролем дзеяздольных і падсправаздачных грамадству дэмакратычных інстытутаў улады, пры ўмове спынення палітычных рэпрэсій, у атмасферы празрыстасці і даверу.


Аб'яднаныя дэмакратычныя сілы не маюць намер падзяляць з цяперашнім рэжымам адказнасць за наступствы крызісу. Цяперашняя ўлада вінаватая ў кансервацыі неэфектыўнай мадэлі эканомікі, сістэматычным падмане грамадства, самаізаляцыі ад дэмакратычных краін і павінна як мага хутчэй сыйсці ў адстаўку.

13.03.2009 Мінск



База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка