Анатоль бензярук касцюшкі сяхновіцкія гісторыя старадаўняга роду




старонка3/8
Дата канвертавання15.03.2016
Памер1.9 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8

ЛІНІЯ “ІВАНАВІЧАЎ”
ПЁТР ДЫ ПАВЕЛ
ХVІІ і ХVІІІ стагоддзі сталіся пераломным часам ў гісторыі Вялікага княства Літоўскага і ўсёй Рэчы Паспалітай – федэратыўнай дзяржавы, што з 1569 года месцілася ў самым цэнтры Еўропы.

Бясконцыя войны, у якія была ўцягнутая краіна, аслабленне цэнтральнай ўлады, а разам з тым узмацненне свавольства магнатэрыі ды адкрытае ўмяшальніцтва іншаземцаў ва ўнутраныя справы дзяржавы – усё гэта разам неаднойчы стварала пагрозу незалежнаму існаванню краіны [162].

У такіх небяспечных варунках жыло грамадства, у якім некалькі пакаленняў нараджаліся і існавалі ва ўмовах бесперапынных знешніх і ўнутраных узрушэнняў, што ахоплівалі федэратыўную дзяржаву. У такіх няпростых умовах развівалася ўся тагачасная Беларусь, у тым ліку яе заходняя частка – Берасцейшчына, у склад якой уваходзілі землі Сяхновіцкага маёнтка.

Мікалай Іванавіч Касцюшка, заснавальнік старэйшай галіны сяхновіцкіх гаспадароў, пакінуў пасля сябе двух сыноў – старэйшага Паўла (№ 30) і малодшага Пятра (№ 31). Абодва мелі шматлікіх нашчадкаў.

Павел, які браў шлюб з Зоф’яю Здзітавецкаю, памёр каля 1665 года, пакінуўшы ажно шэсць сыноў: Станіслава (№ 51), Гераніма (№ 52), Мікалая (№ 53), Яна (№ 55), Пятра (№ 56) і Енджэя (№ 54). Апошні меў сына Яна Касцюшку-Сяхновіцкага, войскага чырвонаградскага (№ 85), і ўнука Антонія Юзафа (№ 144), які ў 1715 годзе прадаваў надзелы ў Папротнай і Лойках, што каля родавых Сяхновічаў.

Аднак сярод Касцюшкаў-Іванавічаў найбольш спрычыніўся да працягу рода старэйшы ўнук Мікалая Касцюшкі-Сяхновіцкага – Станіслаў. Той пакінуў пасля сябе трох сыноў: Дамініка (№ 82), які згадваецца ўпершыню на старонках “Альбома студэнтаў Замойскай акадэміі” пад датай 26 мая 1717 года [163], а таксама Уладзіслава (№ 83) і Антонія (№ 84).

Лінія Касцюшкаў, якая даіснавала да ХХ стагоддзя, цягнулася ад сярэдняга брата – Уладзіслава. Пра яе будзе асобна расказана ніжэй у главе “Апошнія «Іванавічы»”.
ХРЫЗАСТОМ
З ХVІІ стагоддзя шмат Касцюшкаў пачало сяліцца на Гродзеншчыне, Мсціслаўшчыне, Піншчыне, у іншых ваяводствах і паветах Вялікага княства [164]. Гэта было выклікана разрастаннем роду. На той час жылі каля 60 нашчадкаў Касцюшкі Фёдаравіча, і малы спадчынны маёнтак ужо не мог задаволіць кожнага адпаведным надзелам.

Так, у 1669 годзе ўладальнік Грыцэвічаў (цяпер вёска ў Жабінкаўскім раёне) сын Пятра Мікалаевіча Хрызастом Касцюшка (№ 59) пераехаў у Кобрын, як толькі купіў гарадскі пляц у спадкаемцаў прыдворнага злотніка (ювеліра) каралевы Боны Сфорцы д’Арагон – Пьетра дзі Напалі (Пятра Неапалітанчыка) [165]. Пан Хрызастом стаў адным з гаспадароў горада, разбуранага пад час вайны Масковіі з Рэччу Паспалітай 1654 – 1667 гадоў (у Кобрыне на той час ацалела толькі 148 дамоў з 478, што існавалі да пачатку ліхалецця).

У тым самым 1669 годзе Хрызастом перадаў на правах заставу (арэнды) свае надзелы ў Сяхновічах. Арандарам стаў ягоны родзіч Аляксандр Ян Касцюшка Сяхновіцкі (прадзед Т. Касцюшкі). І надалей Хрызастом і Аляксандр Ян падтрымлівалі між сабою прыхільныя адносіны, тым больш, што жонкі абодвух паходзілі з адной сям’і Дзенісовічаў.

Увесну 1674 года Хрызастом і Аляксандр Ян выправіліся ў Варшаву на элекцыйны (выбарчы) сойм, які павінен быў вылучыць новага караля Рэчы Паспалітай. 21 мая шляхта Кароны (Польскага каралеўства) і Княства (Вялікага княства Літоўскага) аднагалосна аддала свае галасы за вядомага палкаводца Яня Сабескага, каранаванага пад імем Яна ІІІ [166].

Хрызастом Касцюшка адрозніваўся няўрымслівым характарам. У 1676 годзе ён быў нават асуджаны на баніцыю (выгнанне з дзяржавы). Аднак, відаць, неўзабаве вырок быў адменены, паколькі ўжо 13 снежня таго самага 1676 года Хрызастом ад свайго імя і ад імя сваёй жонкі Канстанцыі Дзенісовіч скардзіўся на паноў Самуэля і Бенядзікта Бухавецкіх, якія наехалі на ягоны застаўны маёнтак Прылукі і нарабілі шмат шкоды, не спыніўшыся нават перад забойствам слугі. А ў 1680 – 1686 гадах Хрызастом судзіўся з уласным братам Веспазіянам (№ 57) і зямянамі Залушчынскімі: яго абвінавачвалі ў нападзе на двор Здзітавец-Залушчынчызну (на Жабінкаўшчыне), у рабаваннях і гвалтах, учынёных над мясцовымі землеўладальнікамі [167].

Менавіта Хрызастом Касцюшка настояў на выгнанні з Кобрына цэлага яўрэйскага кагала. Па ягонай прапанове Ян ІІІ 24 сакавіка 1688 года абвясціў у Гародні жорсткі дэкрэт, у якім загадаў “вечне выволать” кобрынскіх жыдоў “зо всих земель и панств”. Яны абвяшчаліся па-за законам і, пазбаўленыя права прытулку, павінныя былі вечна бадзяцца па свеце [168].

Пляц у Кобрыне пасля смерці Хрызастома адышоў да магдэбургіі. У 1704 годзе ягоны сын Міхал Францішак (№ 91), войт кобрынскі і гарадзецкі, за 200 злотых адкупіў бацькаву спадчыну. Так званы “Касцюшкаўскі пляц” заставаўся ў нашчадкаў Хрызастома яшчэ каля сарака гадоў, пакуль ягоны ўнук Антоні (№ 147) 18 красавіка 1742 года не перадаў надзел Кобрынскаму кляштару [169].

Прыкметнаю асобаю ў тагачасным Берасцейскім ваяводстве таксама быў малодшы сын Хрызастома – крамяніцкі староста Павел Дамінік Касцюшка-Сяхновіцкі (№ 92).


ФУНДАТАР СЯХНОВІЦКАЙ ЦАРКВЫ
Павел Дамінік пражыў доўгае жыццё: нарадзіўся каля 1670 года, а памёр, як гэта вынікае з сямейных папераў, ужо пасля 1746 года.

У пэўным сэнсе Павел быў тыповым дзіцём свайго часу, выхаваным у тым асяродку, які ўзнікае ў няпростыя часы “смут” і анархій, што ахопліваюць дзяржаву, пазбаўленую выразна акрэсленых арыенціраў далейшага развіцця.

Новы элекцыйны Варшаўскі сойм, сабраны дзеля абрання чарговага караля польскага і вялікага князя літоўскага па нябожчыку Яну Сабескаму, яскрава прадэманстраваў глыбокі раскол, што існаваў у грамадстве. Стаўленіку Расіі саксонскаму электару Аўгусту ІІ Ветыну супрацьстаяў французскі прэтэдэнт герцаг Франсуа Луі дэ Канці. Вострая канкурэнтная барацьба за карону федэратыўнай дзяржавы выклікала не толькі адтэрміноўку элекцыі, але і далейшае прыніжэнне ролі Рэчы Паспалітай у вачах еўрапейскай супольнасці [170]. Акрамя таго, на сойме ў Варшаве былі прынятыя яшчэ два лёсавызначальныя для далейшай гісторыі Беларусі рашэнні: было абвешчанае ўраўнанне шляхты ВКЛ у правах з польскаю і забароненае ўжыванне ў судах беларускай мовы.

У рабоце сойма брала ўдзел вялікая дэпутацыя берасцейскай шляхты, у тым ліку ажно 14 прадстаўнікоў роду Касцюшкаў-Сяхновіцкіх.

Апроч Паўла Дамініка, які выконваў абавязкі пісара гродскага (гарадскога) берасцейскага суда, там прысутнічалі Аляксандр Ян з сынамі Аўгусцінам Дамінікам (№ 96) і Амброжыем Казімірам (№ 98), Міхал Францішак (брат Паўла), Казімір (№ 38), Ян (№ 67), Казімір (хутчэй за ўсё, маецца на ўвазе брат Яна – Казімір Францішак (№ 69)), Адам (№ 72), Юзаф (№ 75), Казімір (№ 78), Геранім (№ 70), Станіслаў (№ 94) і Фаўсцін Бенядзікт (№ 99) Касцюшкі-Сяхновіцкія [171].

У 1710 годзе Павел Касцюшка займаў пасаду лоўчага, а з 1716 года да самой смерці ўжо выступаў у якасці пісара Берасцейскага ваяводства, уваходзіў ва ўрад Брэста. 15 лютага 1718 года ва ўмовах вядзення Рэччу Паспалітай Паўночнай вайны (1700 – 1725 гадоў) пастановаю берасцейскага сойміка ён быў прызначаны зборшчыкам падаткаў (“падымнага”) на ўтрыманне войска, прычым ў пастанове спецыяльна агаворвалася, што П. Касцюшка не павінен “забіраць для сябе з сабранага больш за адзін грош з кожнага злотага, паводле найноўшых распараджэнняў” [172]. Такая заўвага была не залішняю ва ўмовах шматлікіх злоўжыванняў, якія дазваляла сабе шляхта. Дый сам Павел Дамінік таксама быў некалі заўважаны ў рабаваннях суседніх каралеўскіх вёсак. Пра гэта сведчыць “Рэестр стратаў, учынёных панцырнай харугвай (палком) у Вяжэцкім Ключы” за 1698 год. Рабаўнікі (а сярод іх былі прадстаўнікі многіх вядомых у краі родаў) выдатна скарысталі тады фактычнае бязуладдзе ў Рэчы Паспалітай: былі моцна абрабаваныя дзесяць каралеўскіх вёсак, з якіх вывезена рэчаў агульнай колькасцю на 38,5 тысяч злотых [173].

Павел Дамінік удзельнічаў у гэтым злачынстве разам з братам Міхалам Францішкам і нанёс стратаў “сталовым” землям на 4 тысячы злотых. Ён вывез з вёскі Якаўчыцы 58 бочак жыта, ячменю і аўса, гвалтам у Сяхновічы забраў двух работнікаў. П. Касцюшка прымусіў якаўчуроў (так і дагэтуль завуцца жыхары Якаўчыцаў) штодзённа даваць яму падводу і раз на тыдзень несці варту (ахоўваць касцюшкаўскую сядзібу, скарб і землі). А брат Міхал, у сваю чаргу, вывез на свой двор з Прускі 28 вазоў сена ды 15 вазоў саломы. Разам з імі “вызначыўся” і прадстаўнік малодшай лініі Касцюшкаў-Сяхновіцкіх Казімір, які абрабаваў сумесна з панам Юрагам вёску Глінянка (усе пералічаныя населеныя пункты былі на памежжы сучасных Жабінкаўшчыны і Кобрыншчыны). Між іншым, былі ўзятыя так званыя “дэпутацкія” грошы, сабраныя для дэпутатаў, абраных на сойм. Сем падводаў сяхновіцкі гаспадар выправіў за кошт каралеўскіх падданых у Львоў [174].

Аднак у памяці мясцовых жыхароў Павел Касцюшка-Сяхновіцкі застаўся зусім не ў сувязі з гэтымі гучнымі справамі. Дзякуючы яму ў першай чвэрці ХVІІІ стагоддзя была адноўлена старадаўняя уніяцкая Вялікасяхновіцкая царква Міколы Цудатворцы.

18 снежня 1727 года Павел разам са сваёю жонкаю Цэцыліяй Урэт выдаў на гэтую патрэбу спецыяльны пісьмовы фундуш (ахвяраванне), унесены ва ўрадавыя кнігі Берасцейскага замка. Храм, заснаваны продкамі П. Касцюшкі, з цягам часу прыйшоў у поўнае занядбанне, таму навакольныя сяляне вымушаныя былі наведваць “чужыя” цэрквы. У адноўлены Свята-Мікалаеўскі храм загадам паноў-уласнікаў прызначаўся айцец Васіль Бялевіч, у карыстанне якому быў пакінуты царкоўны дом з усімі пабудовамі і навакольнымі землямі, лясамі, сенажацямі. Ад айца Васіля і ягоных наступнікаў Касцюшкі патрабавалі толькі “рупліва клапаціцца аб духоўнай карысці прыхаджан” і кожную суботу служыць абедню ў гонар заснавальнікаў храма [175].

Пазней імя Паўла Касцюшкі неаднаразова сустракаецца на старонках справаводчых актаў 20 – 40-х гадоў ХVІІІ стагоддзя. У чарговы раз ён узяў актыўны ўдзел у палітычнай дзейнасці напрыканцы 1733 года – у час чарговай нестабільнасці ў дзяржаве, выкліканай смерцю караля Аўгуста ІІ. Зноў пачалася барацьба за карону, на гэты раз паміж сынам памерлага манарха Аўгустам ІІІ і ягоным супернікам Станіславам Ляшчынскім, які непрацяглы час лічыўся каралём яшчэ ў перыяд Паўночнай вайны [176]. Берасцейская шляхта, сярод якой быў і Павел Дамінік Касцюшка, аднагалосна выказалася ў падтрымку Аўгуста ў Чарнаўчыцах, паколькі сабрацца ў Брэсце, занятым расійскімі войскамі, было немагчыма [177].

Пасля сябе Павел пакінуў пяць сыноў: цыстэрцыянца Габрыэля (№ 146), капітана каралеўскай службы Антонія (№ 147), пяцігорскага намесніка Бенядзікта (№ 148), лоўчага Юзафа (№ 150) і малодшага сына Францішка (№ 149).

У часы жыцця гэтага пакалення Касцюшкаў на Берасцейшчыне ўтварылася магнацкая латыфундыя князёў Чартарыйскіх – так званы Рэчыцкі Ключ, якая неўзабаве паглынула былыя каралеўскія ўладанні, землі Каранёўскага маёнтка і падышла непасрэдна да Сяхновічаў. У 1756 годзе Габрыэль, Юзаф і Францішак адмовіліся ад сваёй часткі спадчыны на карысць вяльможных Чартарыйскіх [178].

Да канца ХVІІІ стагоддзя Ян (№ 139) і парнаўскі чашнік Станіслаў Касцюшкі-Сяхновіцкія (з Іванавічаў) (№ 177) з’яўляліся ўжо толькі арандарамі ў былым родавым гняздзе. А ўнук Паўла – Бруна (№ 181) у 1774 годзе атрымаў у валоданне невялічкі маёнтак Чурылаўшчызна побач з Сяхновічамі. Нашчадкі Бруна гаспадарылі тут яшчэ больш за сто гадоў [179]. Паступова Касцюшкі страчвалі кантроль над родавымі землямі, пакуль не згубілі іх канчаткова.

У першай чвэрці ХІХ стагоддзя Рэчыцкі Ключ пачаў дзяліцца. І амаль першымі з яго складу вылучыліся Вялікія Сяхновічы, якія перайшлі ва ўласнасць памешчыка Францішка Ілаковіча [180]. Апошнімі гаспадарамі маёнтка (паміж 1850 і 1939 гадамі) была сям’я паноў Прыбораў (Пржыбораў, Пшыбораў) з Міншчыны.


АПОШНІЯ “ІВАНАВІЧЫ”
Скласці падрабязны радавод Касцюшкаў ХІХ стагоддзя ўяўляецца надзвычай складанаю працай. Не дастае значнай колькасці дакументаў, якія дазвалялі б прасачыць сямейныя сувязі, што існавалі на той час паміж прадстаўнікамі радзіны. Нават тыя звесткі, якія існуюць, вызначаюцца няпэўнасцю.

Пасля падаўлення паўстання 1830 – 1831 гадоў беларуская шляхта апынулася пад надзвычайным уціскам, адным з пряўленняў якога стаў так званы “разбор шляхты”. Гэтая палітычная акцыя мела на мэце значнае змяншэння на беларускіх (“прыдбаных, ад Польшчы адарваных”) землях шляхты як найбольш актыўнага чынніка ўсіх антырасійскіх выступленняў на Беларусі ў 30 – 60-ыя гады ХІХ стагоддзя. Расійскія ўлады былі не толькі занепакоеныя вялікаю колькасцю асобаў, што на колішніх землях ВКЛ далучалі сябе да шляхецкага саслоўя, але, як было сказана ў спецыяльным законе ад 19 кастрычніка 1831 года, многія шляхціцы “па ладзе жыцця... найбольш схільныя былі да паўстання і злачынных дзеянняў супраць законнай улады”. Таму ўлады патрабавалі ад кожнага, хто лічыў сябе шляхціцам, прадставіць сур’ёзныя дакументальныя доказы шляхецкага паходжання.

У такіх варунках непасрэдную родавую блізкасць да старэйшай галіны Касцюшкаў-Сяхновіцкіх здолелі давесці толькі нашчадкі парнаўскага чашніка Станіслава Касцюшкі. Той нарадзіўся каля 1750 года. На старонках справаводчых кніг упершыню згадваецца пад 1769 годам, калі атрымаў даравальны ліст ад свайго дзядзькі Яна (такім чынам, Станіслаў мог быць сынам Вінцэнта (№ 140) ці Роха (№ 141), родных братоў згаданага Яна). У 1777 – 1778 гадах Станіслаў выступаў у якасці дзяржаўцы Сяхновіцкага [181].

У 1852 годзе сыны Станіслава Севярын (№ 191) і Аляксандр (№ 193), а таксама іх дзеці Уладзіслаў (№ 195) і Станіслаў (№ 199) Касцюшкі-Сяхновіцкія нарэшце дамагліся права быць запісанымі ў радаслоўную кнігу дваранства Гродзенскай губерні. Разам з імі там былі таксама згаданыя Караль Касцюшка, яго сын Ігнацій, ротмістр расійскіх войскаў у 1812 годзе, і ўнук Адам (у радавым роспісе калена Караля не пазначанае, паколькі дакладна невядома, ад каго яно паходзіла) [182].

Прыкладна з сярэдзіны ХІХ стагоддзя нашчадкі Станіслава Касцюшкі мелі таксама надзелы ў Кобрыне, на тэрыторыі былога Кобрынскага Ключа.

Гэтае вялікае зямельнае валоданне, утворанае ў другой палове ХVІІІ стагоддзя, 18 жніўня 1795 года за асабістыя заслугі і падаўленне Касцюшкаўскага паўстання Кацярыны ІІ падаравала фельдмаршалу Аляксандру Сувораву [183].

7 мая 1808 года сын расійскага военачальніка Аркадзь Сувораў прадаў Кобрынскі Ключ маёру Густаву Гельвігу. Аднак той стаўся няздатным гаспадаром, таму ў 1819 годзе ягоныя землі, за выключэннем невялікай часткі (маёнтак Губерня), былі падзеленыя паміж крэдыторамі.

У 1858 годзе спадчыннікі Г. Гельвіга паны Шабельскія прадалі ўжо Губерню прафесару Харкаўскага універсітэта Аляксандру Міцкевічу (1801 – 1871), малодшаму брату вялікага паэта.

У кобрынскім маёнтку сям’я Міцкевічаў заставалася да 1873 года [184]. Пасля іх Губерня была падзеленая на тры часткі паміж Марыяй Скаўронскай, Марыяй Свянціцкай і спадчыннікамі Станіслава Касцюшкі. Надзел апошніх складаўся з 114 дзесяцін і меў назву Клапоцын [185].

Найбольш нашчадкаў пакінуў Аляксандр Станіслававіч Касцюшка, які меў шасцёра дзяцей, у тым ліку Антаніну (№ 196) і Станіслава, што пасля смерці знайшлі свой апошні прытулак на старых Кобрынскіх гарадскіх могілках [186].

Пахаванні Касцюшкаў, якія месцяцца ў цэнтральнай частцы могілак, захоўваюцца ў добрым стане. Першае з іх, заснаванае ў 1890 годзе, належыць Станіславу. Надпіс на пліце сведчыць, што С.А. Касцюшка нарадзіўся 7 сакавіка 1848 года і памёр ва ўзросце 41 год (22 снежня 1889 года). Быў жанаты з Марыяй Буш, ад якой меў сына Міраслава (1887 – 1914) (№ 202). Хутка пасля смерці мужа Марыя зноў пабралася шлюбам, на гэты раз з Калікстам Людвікам Нарбутам, ад якога мела яшчэ трох дзяцей: Марыю Бянігію (1892 – ?), Нестара Марціна (1893 – 1962) і Генрыха (1894 – ?) [187].

Побач з магілай бацькі ў Кобрыне дасюль месціцца пахаванне Міраслава Касцюшкі-Сяхновіцкага (№ 202). На пліце ўсталяваная шыльдачка з наступным тэкстам: “С(ветлай) п(амяці) Міраслаў Касцюшка, апошні з рода Тадэвуша Касцюшкі. Пам(ёр) 26 лютага 1914 г. у Ментоне, пражыўшы 26 гадоў. Найлюбімейшаму і незабыўнаму брату. Дзеці Калікста Нарбута”. Заўчасны скон Міраслава, названага апошнім у родзе, быў выкліканы нейкай сур’ёзнай хваробай, ад якой малады чалавек спрабаваў беспаспяхова пазбавіцца на знакамітым французскім кліматычным курорце.

Трэцяя магіла Касцюшкаў у Кобрыне належыць Антаніне Аляксандраўне (каля 1835 – 1906), якая на шыльдзе, прымацаванай да помніка, названая “Антанінай Траўгутавай Міцкевічавай”. Першы яе муж Рамуальд Людвікавіч Траўгут (1826 – 1864) быў адным з кіраўнікоў паўстання 1863 – 1864 гадоў на Беларусі і ў Польшчы [188].

Непасрэдна перад пачаткам паўстання палкоўнік Р.Л. Траўгут атрымаў адстаўку з расійскай арміі. Прыкладна ў гэты самы час у ягонай сям’і разыгралася сапраўдная драма, калі за нейкі год памерлі жонка Ганна Пікель, двое дзяцей і бабуля. Разам з тым, як адзначаў гісторык Б.С. Клейн, менавіта тады “ён, унук паўстанца 1794 года, які заслужыў за храбрасць пахвалу Тадэвуша Касцюшкі, знаёміцца з жанчынай, чыё імя штодзённа напамінае пра гераічнае мінулае. Антаніна Касцюшка, нашчадак вялікага бунтара, стала жонкай Рамуальда Траўгута якраз тады, калі ён набліжаўся да самых крутых паваротаў свайго жыцця” [189].

Пры падаўленні збройнага чыну генерал паўстанцаў быў захоплены ў палон і 24 ліпеня (5 жніўня) 1864 года пакараны смерцю. Яго сімвалічнае пахаванне знаходзіцца ў Варшаве, на магіле дачкі Алаізы (1860 – 1907).

Пасля гібелі Р.Л. Траўгута Антаніна ў другі раз пайшла за Францішка Аляксандравіча Міцкевіча, пляменніка Адама Міцкевіча [190]. Жанчына памерла 5 кастрычніка 1906 года. А са смерцю ў 1914 годзе маладога Міраслава Станіслававіча гэтая галіна Касцюшкаўскага радаводнага дрэва перарвалася.




Частка 4
ЛІНІЯ “ФЁДАРАВІЧАЎ”
ПАЧАТКІ МАЛОДШАЙ ГАЛІНЫ
Як і Іванавічы, Касцюшкі-Фёдаравічы (малодшая галіна Касцюшкаў-Сяхновіцкіх) мелі свае валоданні ў Сяхновічах, якія з ХVІІ стагоддзя называліся Фёдараўшчына (Фёдараўшчызна), інакш Малыя Сяхновічы.

Гісторыя гэтага ўладання і сям’і, што ў ім гаспадарыла, распачалася пасля 1622 года. У той час памёр, пакінуўшы сыноў Адама (№ 26), Мікалая (№ 28) і Яраша (№ 27), Фёдар Касцюшкавіч Сяхновіцкі.

Амаль адразу, 17 ліпеня 1622 года [191], браты падпісалі дамову пра падзел Фёдараўшчыны. Гэты надзвычай важны акт амаль на стагоддзе фактычна замацаваў пазямельныя адносіны паміж рознымі прадстаўнікамі малодшай галіны Касцюшкаў.

Бацька Адама, Мікалая і Яраша пражыў доўгі век і памёр у вельмі паважаным узросце (меў больш за 80 гадоў). Да гэтага часу не стала ягонага старэйшага сына Рыгора (№ 25) (вядома, што ў 1618 годзе таго ўжо не было сярод жывых), таму ў дамове пра раздзел зямельнай спадчыны браў удзел таксама ўнук Фёдара Касцюшкавіча – Ян Рыгоравіч Касцюшка-Сяхновіцкі (№ 33), прамы продак генерала Тадэвуша Касцюшкі.

Такім чынам, у падзеле 1622 года ўдзельнічалі ўсе чатыры лініі Фёдаравічаў. Кожная з іх мела свае разгалінаванні, за выключэннем лініі Мікалая, які пакінуў толькі дачок. Затое Рыгор, Адам і Яраш паклалі пачатак тром лініям роду.

Адам Фёдаравіч неаднойчы згадваўся на старонках справаводчых актаў Вялікага княства Літоўскага ў 20 – 30-ыя гады ХVІІ стагоддзя. Так, 28 красавіка 1631 года ён атрымаў ад паноў Здзітавецкіх надзелы абапал рэчкі Нячаўніцы (правы прыток Мухаўца). Яму таксама перадаваліся ў карыстанне двор з млынам і “шмат грунтоў” ва ўрочышчы Татарынава Балота за вёскай Грыцэвічы (недалёка ад Сяхновічаў). Апроч таго, пан Адам набыў ад уласнікаў Здзітаўца надзел “прозвиском Чертеж с сельцом на том Чертежу, называемом Сенковцы” – гэтае паведамленне было першаю пісьмоваю згадкаю пра сённяшнюю вёску Сенькавічы на Жабінкаўшчыне [192].

Як і астатнія сяхновіцкія гаспадары, Адам Фёдаравіч быў адукаваным чалавекам (сярод шматлікіх дзяржаўных і судовых актаў, прагледжаных намі, не выяўлена ніводнага, дзе Касцюшкі, па прыкладзе сваіх малапісьменных суседзяў, пакідалі б замест уласнага подпісу крыжык). Ён стаў нават перапісчыкам адной з кніг Літоўскай метрыкі, пра што сведчыць паметка, пакінутая ім напрыканцы: “тыем книги переписывал я, Адам Костюшъко, властною рукою” [193].

Адам меў двух дачок, якіх выдаў за Гарноўскага і Непакойчыцкага (апошняя – Зузанна (№ 35) – згадваецца ў судовай справе пад 1661 годам [194]), а таксама трох сыноў: Аляксандра Фаўсціна (№ 36), які ў 1647 годзе ажаніўся з Зоф’яй Дзенісовіч, Крыштафа (№ 37), пашлюбленага з Шаставіцкай, і ўладара маёнтка Дашкавічы (каля цяперашняй вёскі Алізараў Стаў Жабінкаўскага раёна) Ежы (Юрыя) (№ 38) [195].

Апошні вызначыўся пад час працяглай і крывавай вайны Расіі супраць Рэчы Паспалітай, якая цягнулася з 1654 па 1667 год. Ежы Касцюшка быў сярод берасцейскай шляхты, якая ў 1661 годзе “без зброі, пораху і свінцу, без пэўнага ведання справы і ў абмежаванай колькасці” выправілася на вызваленне Берасцейскай крэпасці, занятай маскоўскімі ваяводамі. На чале гэтага руху стаяў кашталян Міхал Савіцкі, ураджэнец маёнтка Савіцкае на Жабінкаўшчыне (цяпер – частка вёскі Залуззе). “Паспалітае рушэнне”, у склад якога ўваходзіў Е. Касцюшка, было адкінутае і пабітае ўжо ў першай сутычцы з ворагам, але падрыхтавала ўмовы для канчатковага выгнання маскоўскіх войскаў з Берасця [196].

Аднак не толькі добрую славу ў наваколлі пакідалі нашчадкі Фёдара Касцюшкавіча. Ягоны малодшы сын Яраш праз сем гадоў пасля падзелу 1622 года зняславіў сваё імя незаконным уварваннем на капу.


НА КОПНЫМ СУДЗЕ
Расповед пра Касцюшкаў ХVІ – ХVІІІ стагоддзяў будзе няпоўным, калі не звярнуць увагу на стаўленне прадстаўнікоў гэтай сям’і да сваіх падданых.

Разам з прыкладамі дбайных адносінаў да сялянаў, можна знайсці таксама акты, якія сведчылі пра “збегі” прыгонных з Сяхновічаў [197]. Такія справы звычайна выносіліся на копныя суды.



Капою называлі сход сялянскай грамады, на якім разглядаліся дробныя крадзяжы, скаргі, межавыя непаразуменні, што ўзнікалі паміж суседзямі. Капаванні звачайна збіраліся пад аткрытым небам – у мясцінах, званых капавішчамі. Крыніцы згадваюць больш за дваццаць такіх месцаў у межах тагачаснага Берасцейскага ваяводства. Улада кожнага копнага раёна распаўсюджвалася “на ўсе чатыры бакі” на адну мілю, альбо 14 вёрстаў [198].

У непасрэднай блізкасці ад касцюшкаўскіх валоданняў выяўлена месцазнаходжанне капавішчаў “на границы кгрунтов именья Здитовецкого, Коренева и Сехнович”(інакш – «на копи врочищом У Град») (1589 і 1621 гады) [199], “на урочищу подле моста Вежецкого” (1631 год) [200], “на урочищу против Комарова” ля Непакойчыцкага маёнтка (1589 год) [201], “на врочищу у в Олизарова Става” (1589 і 1680 гады) [202] і пад маёнткам Савіцкае-Ківаверты (цяпер частка вёскі Залуззе) (1589 год) [203].

Як правіла, у дзейнасці копных судоў бралі ўдзел прадстаўнікі двух-трох навакольных вёсак. Пры рашэнні найбольш складаных спраў рэпрэзентатыўнасць судоў узрастала. Так, увесну 1631 года, калі ля Вежак разбіралася справа пра рабаванні, на капу з’ехаліся пасяленцы з 12 навакольных вёсак, у тым ліку з Ханькоў, якія належалі Адаму Касцюшку. Больш “сведкаў вакольных” збіралася толькі ў красавіку 1589 года, калі Мікалай Іванавіч Касцюшка-Сяхновіцкі разлядваў справу пра рабаванне сваіх Сяхновічаў [204].

Пачэснае месца на копах займалі “старцы”, якіх выбіралі з ліку заможных сялян, і дзяржаўныя чыноўнікі (апошнія дасылаліся з Берасця). Яны разам назіралі за справамі і зацвярджалі судовыя прысуды.

Копы не заўсёды заканчваліся мірна, бо часам шляхціцы, незадаволеныя пастановаю, спрабавалі сілаю навязаць сходу карыснае для сябе рашэнне. Напрыклад, 24 мая 1629 года пан Іван Верашчака скардзіўся на Яраша Касцюшку, які ў катэгарычнай форме адмовіўся з’явіцца на суд. Сяхновіцкаму пану дасылаліся некалькі “позваў” (афіцыйных запрашэнняў), якія той дэманстратыўна ігнараваў. Нарэшце Я. Касцюшка прыехаў на капу, але не дзеля таго, каб прызнаць свае памылкі. Ён з’явіўся разам са сваім прыяцелем Фёдарам Здзітавецкім у акружэнні слуг. Сяхновіцкія і здзітавецкія падданыя ўчынілі прысутным на капавішчы “вялікае збіццё і зраненне” ды разагналі сход [205].

Аднак нельга лічыць, што гэта была тыповая для таго часу сітуацыя. Разгон капы ўсё ж здараўся рэдка, і вінаватаму часцей за ўсё даводзілася адказваць. Напрыклад, 18 сакавіка 1680 года, калі павятовы генерал Андрэй Лясота са шляхціцамі, узятымі ў сведкі, прымусіў склікаць грамаду пад Алізаравым Ставам, “дзе заўсёды, як на звычайным месцы, з даўніх часоў копы бывалі”. На ёй унукі Адама Фёдаравіча Адам (№ 72), Тэадор (№ 73) і Юзаф (№ 75) дамагліся пакарання сялян паноў Яна Непакойчыцкага Станіслава Узоўскага з Курпічаў на Жабінкаўшчыне. Гэтыя падданыя ў цемры наўмысна падпалілі гумно ў Сяхновічах, чым нанеслі вялікія страты [206].

З канца ХVІІ стагоддзя копныя суды на Берасцейшчыне збіраліся ўсё радзей, а ў наступным стагоддзі зусім выйшлі з ужытку. Таму вызначыць дакладныя месцы, дзе некалі збіраліся шматлюдныя сходы сялянскай грамады, цяпер, напачатку ХХІ стагоддзя, ужо не ўяўляецца магчымым.
ЯН-ЕВАНГЕЛІК
Вядома, найбольшую цікавасць для даследчыкаў заўсёды выклікала іншая лінія Фёдаравічаў, тая, з якой паходзіў генерал Тадэвуш Касцюшка. Фактычным заснавальнікам яе стаў унук Фёдара Касцюшкавіча Ян Рыгоравіч Касцюшка-Сяхновіцкі (каля 1600 – 1647/1648).

Няпростыя канфесійныя адносіны на тэрыторыі тагачаснай Беларусі закранулі таксама і Касцюшкаву сям’ю. Паколькі бліжэйшыя родзічы Яна былі праваслаўныя, ад нараджэння ён павінен быў быць ахрышчаны ў праваслаўе ці уніяцтва. Першая жонка сяхновіцкага ўладара Канстанцыя Ажэшка трымалася каталіцтва. Ужо ў сталым узросце сам Ян перайшоў у пратэстанства [207]. Магчыма, на такі выбар паўплывала ягоная другая жонка арыянка Зузанна Ракоўская [208].

Недалёка ад Сяхновічаў месціўся Непакойчыцкі евангелічны збор, пабудаваны напрыканцы ХVІ стагоддзя [209]. Ян Касцюшка мог быць ягоным прыхаджанінам.

Ф. Канечны выступаў з непераканаўчай здагадкай, што незадоўга да сваёй смерці Ян Рыгоравіч перахрысціўся зноў, цяпер ужо ў каталіцтва [210]. Але ягоны сын Аляксандр Ян чамусьці нічога не ведаў пра гэты хрост нябожчыка-бацькі і ў сямейных паперах упарта называў яго евангелікам [211]. Галоўная мэта польскага даследчыка падкрэсліць хуткае акаталічванне Касцюшкаў, і, у прыватнасці Яна, цалкам зразумелая, паколькі Ф. Канечны выразна праводзіў паралель і ставіў знак роўнасці між веравызваннем ды так званаю “пальшчызнаю”. Ён катэгарычна сцвярджаў: “Прыкладна ад 1600 года мы можам лічыць іх (Касцюшкаў-Сяхновіцкіх – А.Б.) польскім шляхецкім родам... Ці шмат польскіх сем’яў, нават з найбольш “радавітых”, ганарацца такою даўніною свайго паходжання? Мы павінныя зазначыць і падкрэсліць: Касцюшкі ніколі не былі іншай нацыянальнасці, як толькі палякамі. Хоць і паходзілі з кораня рускага, але ж у пачатковы перыяд сваёй сямейнай гісторыі не адчувалі рускага нацыянальнага пачуцця і не мелі нацыянальнасці, пакуль не знайшлі яе ў польскасці” [212].

З аднаго боку, услед за Тадэвушам Корзанам, гэты даследчык прызнаваў, што Касцюшкі адвечна належалі да “русінаў племені беларусінаў” (адна з назваў беларусаў) [213]. Аднак з другога боку, ён безапеляцыйна сцвярджаў, што праз “польскае выхаванне і польскую веру” продкі Т. Касцюшкі ператварыліся ў этнічных палякаў.

Згадзімся, што час, у які жыў Ян Касцюшка, быў няпростым у палітычным і рэлігійным сэнсе. Гэта сапраўды той перыяд нашай гісторыі, калі большасць беларускай шляхты масава пераходзіла ў пратэстанцкую ці каталіцкую веру. Аднак перахрышчаны ліцьвін-беларус не пазбаўляўся аўтаматычна сваёй нацыянальнай прыналежнасці і па-ранейшаму, нават праз колькі стагоддзяў захоўваў свядомасць і асобную ментальнасць ліцьвіна (пра што, дарэчы, шмат разоў на мяжы ХVІІІ і ХІХ стагоддзяў сведчыў і сам генерал Тадэвуш Касцюшка) [214].

Толькі з сярэдзіны ХVІІ стагоддзя (а гэта значыць, ужо пасля смерці Яна-евангеліка) можна лічыць, што Касцюшкі сталі лічыцца каталікамі. Некаторыя з іх нават абіралі духоўную кар’еру. Aдзін з унукаў Адама Фёдаравіча – Ян (№ 67), плябан кобрынскі – у 1691 годзе займаў пасады канонніка луцкага і дэкана шарашоўскага [215]. Былі ў сям’і таксама манахі розных каталіцкіх ордэнаў (езуіты, цыстэрцыянцы, дамініканы). Езуіт Каспар Нясецкі каля 1740 года зазначаў: “Цяпер у законе нашым Міхал і Марцін (з Касцюшкаў – А.Б.) на хвалі Боскай працуюць” [216].

Паколькі ў спадчынным маёнтку Касцюшкаў не існавала каталіцкага касцёла, сяхновіцкія гаспадары на вялікія святы ездзілі да манахаў-цыстэрцыянцаў у Алізараў Стаў [217] ці ў Крупчыцы – да кармелітаў [218]. Часамі выпраўляліся яшчэ далей – у Брэст і Кобрын (пра гэта сведчаць неаднаразовыя ахвяраванні берасцейскім ды кобрынскім храмам).

Для сямейных пахаванняў каля 1620 года ў Малых Сяхновічах была заснаваная невялікая капліца, дзе амаль 150 гадоў хавалі нашчадкаў і сваякоў Яна Рыгоравіча Касцюшкі, спадчыннікаў Фёдараўшчыны.

Адно з першых пахаванняў у капліцы адбылося на самым пачатку 1630 года, калі ў склеп было пакладзенае цела памёрлай Канстанцыі з Ажэшкаў – першай Янавай жонкі, якая пакінула пасля сябе сіротамі дачку Ганну Зузанну (№ 60) ды сыноў Стэфана (№ 61) і Аляксандра Яна (№ 62).

У верасні 1632 года Ян Касцюшка зрабіў значны набытак: купіў вёску Канатопы. А ў наступным годзе ажаніўся ў другі раз. Неўзабаве, калі рабіў вяселле адзінай сваёй дачкі (Ганна Зузанна пайшла за суседняга памешчыка Войцеха Ежыковіча), меў магчымасць справіць ёй шыкоўны, на зайздрасць суседзям, пасаг з залатымі і сярэбранымі рэчамі, падараваць перлы і футры.

На Тройцу 1647 года Ян прэзентаваў “мілай малжонцы” Зузанне Ракоўскай 1000 злотых [219]. Праз некалькі месяцаў яго не стала. Сяхновіцкая гаспадарка, якая значна ўмацавалася пад пільным наглядам Яна Рыгоравіча, зноў зрабілася аб’ектам куплі-продажу.


СЯМ’Я АЛЯКСАНДРА ЯНА КАСЦЮШКІ
Прадзед Тадэвуша Касцюшкі – Аляксандр Ян з сярэдзіны ХVІІ стагоддзя моцна трымаў у сваіх руках Малыя Сяхновічы. Пра ягонае жыццё цяпер вядома, бадай, найбольш, чым пра каго іншага з продкаў кіраўніка паўстання 1794 года. У другой палове ХVІІ стагоддзя Аляксандр Ян Касцюшка-Сяхновіцкі ўласнаручна склаў кароткую “Аўтабіяграфію”, у якой выклаў гісторыю сваёй сям’і [220].

Ён нарадзіўся 29 снежня 1629 года. Гэта быў адначасова дзень радасці і смутку ў доме Яна Рыгоравіча Касцюшкі. Ягоная жонка Канстанцыя не акрыяла ад родавай гарачкі і трэцяга дня (1 студзеня 1630 года) сышла ў магілу.

Шмат гадоў пазней з адчуваннем нейкай віны і болю Аляксандр Ян Касцюшка пісаў у сваёй “Аўтабіяграфіі”: “Матуля, дабрадзейка мая, цэлы свет мне падаравала, а сама Богу душу аддала... Дай ёй, Божа, вечнае збаўленне!” [221].

Канстанцыю з Ажэшкаў Касцюшкаву пахавалі ў сяхновіцкай каталіцкай капліцы – родавым склепе сям’і Касцюшкаў.

Сыны Яна і Канстанцыі – Стэфан і Аляксандр Ян – падзялілі зямельную спадчыну паводле бацькавага запісу, складзенага 8 чэрвеня 1633 года.

Гэты дакумент з’явіўся неўзабаве пасля паўторнага “малжонства” Яна Касцюшкі (“евангеліка”) з Ракоўскаю. У гэтай паперы агаворвалася, што калі дзеці, якія народзяцца ад новага шлюбу, запатрабуюць у будучым на роўных дзяліць Сяхновічы са Стэфанам і Аляксандрам, то перад тым павінныя заплаціць 2100 злотых.

Такім чынам, з аднаго боку, Ян паклапаціўся пра захаванне непадзельнай спадчыны. Але з другога боку, зрабіў сваю ўдаву і малодшага сына Енджэя (№ 63) простымі ўтрыманцамі. Таму неўзабаве пасля смерці Яна Рыгоравіча з’явіўся на свет ліст, у якім Зузанна Ракоўская аддавала “пасербам” (пасынкам) увесь свой невялікі скарб: “алавяныя блюды, талеркі, турэцкі кілімок і аўчарку” [222]. Тадэвуш Корзан суправаджаў цытаты з гэтага дакумента каментарам: “І варта было складаць акт пра гэткую ўбогасць!” Зразумела, не ад лепшага жыцця пайшла пані Зузанна на гэты крок. Непрадбачлівае рашэнне мужа прымусіла жанчыну шукаць паратунку і хапацца за саломінку. Далейшы яе лёс невядомы, як невядомы і лёс яе сына, пазбаўленага спадчыны.

Старэйшы з сыноў Яна Стэфан Касцюшка 1 красавіка 1651 года перад выправаю ў войска прадаў панам Целяціцкім сваю частку Сяхновічаў і Канатопы (сродкі былі патрэбныя на экіпіроўку). Пасля гэтага Стэфан назаўсёды пакінуў родныя мясціны. Магчыма, склаў галаву ў адной з бітваў вайны, вядомай у гісторыі Рэчы Паспалітай пад назовам “Патопу” (1648 – 1667 гады).

Прыкладна ў гэты самы час загінуў і ягоны пляменнік (сын Ганны Зузанны Касцюшкаўны) Мікалай Манвід Ежыковіч, але ўжо не на вайне з маскоўцамі, а ў паходзе супраць “непрыяцеля веры Хрыстовай”, як тады называлі туркаў [223].

У ліпені 1656 года Аляксандр Ян з дапамогаю цёткі Зоф’і з Касцюшкаў Муралеўскай (№ 32) адкупіў братавы землі ў пана Мікалая Целяціцкага і стаў самастойным гаспадаром, шмат высілкаў прыкладаючы для аднаўлення і ўмацавання фальварачных грунтоў.

20 лютага 1661 года Аляксандр ажаніўся з Тэрэзай Дзенісовіч. Вяселле зладзілі ў Прышыхвостах – у хаце нявесты, якая была на восем гадоў маладзейшая за мужа. За жонкаю сяхновіцкі пан павінен быў атрымаць 1320 злотых, аднак гэты пасаг яшчэ трэба было сабраць з даўжнікоў. Спатрэбілася амаль тры гады, пакуль А.Я. Касцюшка адсудзіў тыя грошы. Да гэтага часу ў ягонай сям’і нарадзілася ўжо трэцяе дзіцё.

Першанцамі былі блізняты: у нядзелю 7 мая 1662 года пані Тэрэза нарадзіла сына Міхала (№ 93), а на наступны дзень – на свята епіскапа Станіслава Кракаўскага – з’явіўся на свет другі сын, якому надалі імя Станіслаў (№ 94). Яны былі ахрышчаныя 21 мая ў Свята-Міхайлаўскай уніяцкай царкве ў Вялікіх Сяхновічах (кумам старэйшага хлопчыка стаў мясцовы святар айцец Варфаламей). З нагоды такой значнай падзеі прыехалі таксама Зоф’я Дзенісовіч, жонка Аляксандра Фаўсціна Касцюшкі, і Канстанцыя Дзенісовіч, неўзабаве – жонка Хрызастома Касцюшкі. Такое шчыльнае сваяцтва Касцюшкаў-Сяхновіцкіх з Дзенісовічамі можа быць растлумачана сувязямі апошніх з вяльможнымі Сапегамі.

У 1663 годзе ў Аляксандра і Тэрэзы Касцюшкаў-Сяхновіцкіх нарадзілася дачка Канстанцыя (№ 95), а затым – сыны Аўгусцін Дамінік, Бенядзікт (№ 97) (з’явіўся на свет у 1666 годзе, верагодна, хутка памёр), Амброжый Казімір, Фаўсцін Бенядзікт (№ 99), Францішак Казімір (№ 100) і дочкі Клара (№ 101) (народжаная ў 1677 годзе) ды Уршуля (№ 102) (дакладны час яе з’яўлення на свет невядомы) [224].

Утрымаць такую вялікую сям’ю было няпроста. Усе сыны Аляксандра Яна пражылі доўгі век, выдзеліць кожнаму частку зямельнай спадчыны не ўяўлялася магчымым. Бацька з цяжкасцю збіраў грош да гроша, капіў на пасаг дочкам і навучанне сыноў. Пакрысе збіраў касцюшкаўскую спадчыну. Ад прадстаўнікоў старэйшай лініі выкупіў надзел Астраўкі каля Вялікіх Сяхновічаў, прыдбаў частку маёнтка, што належала Веспазіяну Касцюшку, а 2 жніўня 1669 года ўзяў на ўтрыманне дзяржаву Сяхновічы-Грыцэвічы. Апроч таго, стаў уладаром сядзібы і пляца ў Берасці. Усяго да 1697 года вядома каля дзесяці актаў аб куплі Аляксандрам Янам Касцюшкам земляў і прыгонных сялян [225].

Доўгі час ён знаходзіўся крыху ў баку ад актыўнай грамадскай дзейнасці. Толькі ў верасні 1670 года на сойміку берасцейскай шляхты Аляксандр быў упершыню абраны зборшчыкам падаткаў (“падымнага”).

Падчас працяглага бескаралеўя 1696 – 1697 гадоў у Берасці быў створаны канвакацыйны суд, які вырашаў самыя значныя справы ў ваяводстве. У яго склад між іншымі ўвайшоў і А.Я. Касцюшка. Вясной 1697 года ён разам з сынамі Аўгусцінам і Амброжыем у ліку вялікай колькасці берасцейскай шляхты, выпраўляўся на сойм, каб падтрымаць кандыдатуру саксонскага курфюрста (электара) Фрыдрыха Аўгуста І. (Пасля працяглых спрэчак той каранаваўся на караля Рэчы Паспалітай пад імем Аўгуста ІІ).

З 1698 года Аляксандр Ян Касцюшка-Сяхновіцкі пад дзяржаўнымі актамі ўласнаручна падпісваўся як “суддзя фіскальны” (ці скарбовы). Ён быў у ліку 10 суддзяў, што засядалі ў Берасцейскім замку і вырашалі справы пра спагнанне грошай з ваяводства на ўтрыманне саксонскага войска, якое з’явілася ў краіне следам за каралём-саксонцам [226].

Напачатку ХVІІІ стагоддзя Аляксандр Ян паступова адыходзіць ад спраў і дажывае век у самоце. Вядомыя тры падрабязныя тэстаменты (запаветы), складзеныя ім у прадчуванні блізкай смерці.

Першы напісаны ў Малых Сяхновічах 16 студзеня 1700 года. Аляксандр Ян вырашае падзяліць Сяхновічы, Канатопы, Сцяпанкі, Астраўкі і 12400 злотых пароўну паміж чатырма сынамі. Самай малодшай дачцэ Уршулі, якая яшчэ заставалася на той час у бацькоўскім доме, прызначаў пасаг у 2600 злотых. (Такую самую суму атрымала ўлетку 1691 года яе старэйшая сястра Клара, калі выходзіла замуж за Каспара Анцуту).

У той самы час сыны Аляксандра Яна пачалі пакідаць сямейнае гняздо ў пошуках кар’еры: Аўгусцін перасяліўся ў Троцкае ваяводства, дзе атрымаў пасаду гродскага суддзі, Францішак стаў тытулавацца стольнікам ваўкавыскім, а Фаўсцін, падстолі і стражнік берасцейскі, часцей бываў у Берасці, чым дома.

Найбольш каларытнаю асобаю сярод іх быў сярэдні брат, які ўзяў шлюб з Тэрэзаю Грабоўскаю (з графскай сям’і, што ў ХІХ стагоддзі валодала колішняй Чарнаўчыцкай фартунай Радзівілаў, землі якой суседнічалі з Сяхновічамі).

Мемуарыст Марцін Матушэвіч прыгадваў сутычку, якая аднойчы адбылася паміж Францішкам Касцюшкам і берасцейскім старостам Якубам Флемінгам. Падчас сойміка ўзнікла славесная перапалка. Староста кінуў шляхціцу звысоку, перарываючы ягоны выступ: “Ты хто такі?” На што Ф. Касцюшка адказаў з выклікам: “А ты хто такі?” І каб яшчэ больш зняславіць Я. Флемінга, які дасягнуў сваіх пасадаў толькі дзякуючы вернай службе саксонцам, груба дадаў: “Табе не ў нашым ваяводстве кіраваць, а ў Саксоніі, сукін сын Сас!” Дарэчы, менавіта Францішка М. Матушэвіч запрасіў у 1721 годзе быць хросным бацькам для сваёй дачкі [227].

Фаўсцін, пашлюблены з Вікторыяй Грабоўскай, нейкі непрацяглы час гаспадарыў у Сяхновічах, але і ён неўзабаве перасяліўся на Кіеўшчыну, дзе атрымаў патэнт на харужага.

Такім чынам, каля 1705 года з усіх сыноў Аляксандра Яна на спадчыннай зямлі застаўся толькі Амброжый Казімір, дзед Тадэвуша Касцюшкі. Гэткі расклад прымусіў Аляксандра перагледзець ранейшы запавет і скласці 8 кастрычніка 1707 года новы [228], у якім настойліва патрабаваў зберагчы спадчынны маёнтак непадзельным. Адзіным гаспадаром Сяхновічаў бацька прызначыў Амброжыя. Той павінен быў папярэдне выплаціць братам іх долю ад спадчыны. Аляксандр Ян зноў паклапаціўся пра пасаг Уршулі: адпісаў ёй 2500 тынфаў, хатнюю жывёлу і дворык, некалі набыты па вуліцы Кавальскай у Брэст-Літоўску. Пасля сябе стары А.Я. Касцюшка не пакінуў даўгоў, на свае ўласныя патрэбы нічога не патрабаваў, “ані золата, ані срэбра, акрамя сярэбранай лыжачкі і пояса” – падарунка ўнучкі Ганны (№ 156).

У апошнія гады жыцця Аляксандр Ян паклапаціўся пра адбудову каталіцкай капліцы ў Малых Сяхновічах [229]. На яе карысць 82-гадовы гаспадар 14 красавіка 1711 года склаў апошні свой тэстамент: выдаткаваў 1000 тынфаў на малебны за душы “пана Рыгора Касцюшкі, дзеда майго, і Гальшкі Мальчэўскай, жонкі ягонай, і нашчадкаў іх: пана Яна Касцюшкі, бацькі майго, пані Канстанцыі Ажэшкаўны, маці, целы якіх – у капліцы сяхновіцкай; і сястры бацькі Зоф’і Муралеўскай, маёй дабрадзейкі; а таксама пані Ганны Касцюшкаўны Ежыковіч, сястры маёй, і сына яе Мікалая Ежыковіча, а асабліва – за душу жонкі маёй пані Тэрэзы Дзенісавічоўны і тых нашых дзетак, што ўжо памерлі” [230].

Гэта ўжо была сапраўды апошняя воля Аляксандра Яна Касцюшкі-Сяхновіцкага. У хуткім часе яго не стала.

Старога пахавалі ў сямейным магільным склепе, побач з маці і бацькам, каля тых, каго ён любіў і шанаваў пры жыцці. Партрэт пана Аляксандра як фундатара капліцы быў прыбіты ля самага ўваходу, на хорах [231].
АМБРОЖЫЙ, ДЗЕД ТАДЭВУША
Амброжый Казімір Касцюшка-Сяхновіцкі, шостае дзіця ў сям’і Аляксандра ды Тэрэзы Касцюшкаў, нарадзіўся ў 1667 годзе. Ён не меў бацькавых здольнасцяў да гаспадарання. Т. Корзан папракаў яго за тое, што грошы не трымаліся ў ягоных руках [232]. Адзіны набытак Амброжыя – прыдбаныя ўвесну 1715 года ў Антонія Юзафа Касцюшкі (№ 144) патрэбныя для фундуша Сяхновіцкай капліцы 13,5 валокаў зямлі ў вёсцы Лойкі.

Затое ў адрозненне ад бацькі Амброжый меў схільнасці да грамадскіх спраў. Ягоная актыўная дзейнасць прыпадала на складаныя для гісторыі Рэчы Паспалітай часы каралявання Аўгуста ІІ, якія вызначаліся эканамічнай ды палітычнай нестабільнасцю краіны. Становішча яшчэ больш ускладнілася з пачаткам расійска-шведскай Паўночнай вайны 1700 – 1721 гадоў.

У сакавіку 1702 года для забеспячэння патрэбаў войска Рэчы Паспалітай быў скліканы чарговы фіскальны сеймік. У склад фіскальных суддзяў увайшоў і Амброжый Касцюшка. 28 кастрычніка 1706 года ён быў прызначаны камісарам па зборы 30 тысяч талераў для саксонскай арміі. У 1707 годзе, калі становішча Аўгуста ІІ пагоршылася і пазіцыі Станіслава Ляшчынскага, шведскага стаўленніка на троне Рэчы Паспалітай, узмацніліся, чарговы соймік берасцейскага дваранства загадаў Амброжыю прыпыніць збор сродкаў [233]. Аднак перамога расійскага цара Пятра І над шведамі пад Палтавай (1709 год) схіліла шалі на бок караля Аўгуста. У 1710 годзе Амброжый Касцюшка-Сяхновіцкі прысутнічаў на вальным Варшаўскім сойме, дзе Аўгуст ІІ паўторна быў абвешчаны ўладаром Польшчы і Вялікага княства Літоўскага [234].

У гэты час, як сведчаць дзяржаўныя акты, Амброжый быў падчашым оўруцкім, войтам кобрынскім і гарадзецкім [235]. Ф. Канечны лічыў, што гэты факт станоўча характарызаваў А.К. Касцюшку, які не грэбаваў сядзець на адной лаве з мяшчанамі ў Кобрынскай магдэбургіі [236].

У 1711 і 1715 гадах берасцейская шляхта абірала яго гадавым старшынёй (маршалкам) ваяводскіх соймікаў. Адначасова (з 1714 года) Амброжый стаў берасцейскім гродскім суддзёй [237]. Вяршыняй яго кар’еры, на думку Б. Шындлера, стала пасада земскага пісара (надавалася вялікім князем пажыццёва) [238]. Калі Амброжый стаў тытулавацца пісарам, не вядома. Яшчэ 15 лютага 1718 года ён падпісаў пастанову сойміка ў якасці суддзі гродскага, а праз чатыры гады яго ўжо не было сярод жывых [239].

Амброжый Казімір Касцюшка ўсё жыццё вызначаўся няўрымслівым характарам. У асяродку навакольнай шляхты быў вядомы як адданы прыхільнік Сапегаў, энергічна адстойваў іх інтарэсы на сойміках, у змаганні з палітычнымі апанентамі часам хапаўся за шаблю. На адным з пасяджэнняў Амброжый нават параніў у галаву Людвіка Канстанты Пацея (у будучым вялікага гетмана ВКЛ), калі палічыў абразлівымі словы магната [240].

Сяхновіцкі гаспадар меў ад Барбары Глеўскай пяцёра дзяцей: Фларыяна (№ 157), Вацлава (№ 158), Людвіка Тадэвуша (№ 159), Яну (№ 160) і Дароту (№ 161). Аднак бацьку перажылі толькі Людвік (бацька Тадэвуша Касцюшкі) і Яна, якая ў 1721 годзе пайшла замуж за берасцейскага скарбніка Міхала Янушкевіча [241].

Амброжый памёр у канцы 1721 ці ў пачатку 1722 года, паколькі запіс ягонага брата Фаўсціна на родавую капліцу ад 30 лістапада 1722 года гаворыць пра яго як пра нябожчыка.

А 23 чэрвеня 1723 года ягоная ўдава Барбара з Глеўскіх Касцюшкава ўжо была замужам за берасцейскім крайчым Марцінам Касцюшкам (№ 116), які па ўзросце быў амаль аднагодкам старэйшаму сыну пані Барбары [242].

Амброжый Казімір Касцюшка быў пахаваны ў сяхновіцкай капліцы, побач з продкамі.



БАЦЬКІ
Калі восенню 1707 года стары Аляксандр Ян Касцюшка складаў свой запавет, ён быў упэўнены, што Амброжый Казімір будзе даглядаць яго да смерці, “як і належыць добраму сыну, які, да таго ж, ужо сам мае дзяцей”.

Пра старэйшых унукаў Аляксандра – Фларыяна і Вацлава – звестак не захавалася. Хутчэй за ўсё яны памёрлі задоўга да 1722 года. Апошні сын Людвік Тадэвуш нарадзіўся прыкладна ў 1700 годзе. Бартламей Шындлер лічыць, што “каля 1717 года ён увайшоў у дарослае жыццё” [243].

Амаль адразу пасля смерці бацькі Людвік сутыкнуўся са шматлікімі праблемамі: сяхновіцкая гаспадарка заняпала і амаль не прыносіла прыбыткаў, дваровыя пабудовы патрабавалі неадкладнага рамонту, акрамя таго пасля Амброжыя, які не вызначаўся талентам дбайнага гаспадара, засталіся шматлікія даўгі. У гэтых абставінах новы сяхновіцкі ўладар вырашае перадаць Малыя Сяхновічы, Сцяпанкі, Навасёлкі і Канатопы ў карыстанне свайму дзядзьку Фаўсціну Бенядзікту Касцюшку. У прадажным лісце, складзеным 18 сакавіка 1729 года, Людвік запісаў, што за 23 тысячы злотых адмаўляецца ад названых вёсак з усімі гумнамі, агародамі і падданымі. Аднак трэба зазначыць, што звычайная юрыдычная фармулёўка, ужытая ў дакуменце (“прадаю на вечныя часы”), зусім не перашкаджала вяртанню Людвіку спадчыны, як толькі здолее сабраць адпаведную суму [244].

У актавым запісе за 1729 год Людвік Тадэвуш Касцюшка-Сяхновіцкі названы “пісарэвічам земскім берасцейскім” (“пісарэвіч” тут – не назва пасады, а сведчанне таго, што ягоны бацька памёр у званні пісара). Пазней Людвік стаў мечнікам Берасцейскага ваяводства (лацінскі выраз Ensiferi Brestensis літаральна значыць “носьбіт мяча берасцейскага”: ганаровая пасада патрабавала ад Людвіка ўносіць аголены меч у памяшканне, дзе адбывалася пасяджэнне павятовага сойміка).

Упершыню Л.Т. Касцюшка выканаў абавязкі, звязаныя з гэтай пасадай, 26 сакавіка 1733 года на сойміку, скліканым у Брэст-Літоўску з нагоды смерці караля Аўгуста ІІ.

На гэтым сойміку была выпрацаваная інструкцыя дэпутатам на Варшаўскі сойм, на якім яны павінныя былі абараняць “салодкія шляхецкія вольнасці”, супрацьстаяць уціску замежных пасланцоў, сачыць, каб быў абраны каралём “сапраўдны тубылец” [245]. Аднак гэтыя спадзяванні не спраўдзіліся: ужо ў снежні берасцейская шляхта вымушаная была прызнаць гаспадаром Рэчы Паспалітай сына памерлага караля, каранаванага пад імем Аўгуста ІІІ.

Трыццацігадовае панаванне (1733 – 1763 гады) гэтага манарха адзначалася далейшым сур’ёзным паглыбленнем крызісных з’яў у грамадстве, абвастрэннем барацьбы паміж найзаможнейшымі магнацкімі сем’ямі і іх паплечнікамі, стратаю працаздольнасці дзяржаўнага сойма. У выніку становішча розных сацыяльных групаў насельніцтва рэзка пагоршылася, унутры краіны і за яе межамі паступова рыхтавалася глеба да інтэрвенцыі Аўстрыі, Прусіі і Расіі. Крызіс працяў усе сферы сацыяльна-эканамічнага і палітычнага жыцця. З дазволу караля шчодра раздаваліся прывілеі, “поўныя супярэчнасцяў і нязгоды”, паколькі ва ўмовах карупцыі адзін надзел нярэдка надаваўся двум і болей прэтэндэнтам. Фактычна немагчыма было ўлічваць сапраўдныя прыбыткі шляхты, бо валоданні аднаго і таго ж уласніка звычайна былі раскіданыя ў розных мясцовасцях і здаваліся ў застаў (арэнду).

Таму набыццё Людвікам Касцюшкам на падставе застаўнога права ад вяльможных Сапегаў фальварка Мерачоўшчына каля Косава (цяпер у


Івацэвіцкім раёне Брэсцкай вобласці) было з’яваю тыповаю ў тыя часы. Застаўны дагавор абодва зацікаўленыя бакі склалі ў 1733 годзе. Людвік энергічна заняўся фальварачнымі справамі і ў рашучым жаданні ўзняць гаспадарку чымсьці быў падобны на дзеда Аляксандра Яна, руплівага гаспадара.

Каля 1740 года Людвік Тадэвуш ажаніўся з Тэкляй Ратомскай, якая паходзіла з Аршанскага павета. Дзяўчына сірата, выхаваная ў доме цёткі, аршанскай чашнікавай, была нашмат маладзейшая за свайго мужа (нарадзілася ў 1718 годзе), аднак розніца ва ўзросце не перашкаджала ўзаемнай павазе, прыхільнасці і згодзе, якія Людвік і Тэкля пранеслі праз усё жыццё. Пра гэта сведчаць лісты Т. Ратомскай да мужа, прасякнутыя палкім каханнем. У канцы аднаго з іх пані мечнікавая пазначыла: “Цалую твае ножкі. Твая добразычлівая жонка і ў ног тваіх – слуга” [246]. Плёнам гэтага шчырага пачуцця сталі чацвёра дзяцей, што нарадзіліся ў доме Людвіка і Тэклі Касцюшкаў-Сяхновіцкіх: Ганна (№ 185), Юзаф (№ 186), Кацярына (№ 187) і Тадэвуш (№ 188).

Рост сям’і штурхаў Людвіка Касцюшку да ўсё больш настойлівых спробаў вярнуць страчаныя Сяхновічы. (Заўважым, што сярод усіх прадстаўнікоў роду менавіта Людвік вызначаўся асаблівай прыхільнасцю да сямейнага гнязда, лічыў прынцыповым пытанне пра вяртанне пад сваю руку спадчыннага маёнтка). Ад Сапегаў Л.Т. Касцюшка дамогся поўнага кантролю над Мерачоўшчынай. Смаленскі ваявода Пётр Павел Сапега, а пазней і ягоны сын Ян не перашкаджалі гэтаму, бо іх асабістыя даўгі пану Людвіку перавышалі 43 тысячы злотых [247]. Ф. Канечны лічыў Людвіка Касцюшку здольным “аграрным банкірам”, чалавекам разважлівым, надзвычай эканомным і гаспадарлівым [248].

Пасля смерці дзядзькі Фаўсціна (1755 год) Сяхновічы, моцна абцяжараныя даўгамі, перайшлі да ягонага сына Яна Непамуцэна (№ 167), крамяніцкага старосты. Апошні прагнуў пазбавіцца стратнага маёнтка. На той час Людвік быў яшчэ недастаткова падрыхтаваны, каб выкупіць Малыя Сяхновічы. Таму ён рашыўся пазычыць 20 тысяч злотых ва ўдавы капітана Беранта. Гэтыя грошы 10 чэрвеня 1755 года Людвік Касцюшка выклаў за спадчынны маёнтак. Крэдыторка на тры гады атрымала застаўное права на Малыя Сяхновічы і навакольныя вёскі (Л.Т. Касцюшка абяцаў вярнуць доўг да Купалля (24 чэрвеня) 1758 года).

Як падае Б. Шындлер, пачынаючы з 1756 года пан мечнік у некаторых дакументах пачаў тытулавацца палкоўнікам Яго каралеўскай міласці (ці палкоўнікам польнай (палявой) булавы). Вядома, ён не браў удзелу ні ў якіх баявых дзеяннях, аднак нельга падазраваць яго, як гэта рабіў Т. Корзан, у надзвычайным жаданні да атрымання тытулаў: прага атрымаць нейкую, хоць нават і намінальную, пасаду была тыповаю з’яваю ў асяродку тагачаснага дваранства Рэчы Паспалітай [249].

Па-ранейшаму асаблівым клопатам заставалася справа вяртання Сяхновічаў, часова выпушчаных з рук. Берасцейскі мечнік нават пераехаў у фальварак Здзітава, каб быць як мага бліжэй да спадчынных земляў. Аднак у сярэдзіне красавіка 1758 года, за некалькі месяцаў тэрміну вяртання пазыкі Людвік Касцюшка раптоўна памёр.

Праз стагоддзе пасля гэтай падзеі Леанард Ходзька прывёў цалкам неверагоднае паданне, у якім сяхновіцкі гаспадар выступаў у ролі сапраўднага тырана, што жорстка здзекваўся са сваіх прыгонных сялянаў. І тыя, нібыта даведзеныя да адчаю, забілі ў 1768 годзе свайго памешчыка.

Недобрасумленны біёграф нават дабавіў Людвіку яшчэ дзесяць гадоў жыцця, толькі каб надаць сваёй легендзе нейкае падабенства да праўды і прывязаць героя свайго даследавання да сялянскага паўстання, якое сапраўды часткова ахапіла ўкраінскае і беларускае Палессе ў 60-ыя гады ХVІІІ стагоддзя [250]. Нягледзячы на тое, што гэты міф развянчаў у сваіх працах яшчэ Т. Корзан [251], прыдумку Л. Ходзькі неўзабаве паўтарыў К.У. Вуйціцкі (яшчэ адзін стваральнік шматлікіх гістарычных “завалаў” у біяграфіі Т. Касцюшкі, якія прыйшлося разграбаць пазнейшым даследчыкам!) ды ахвотна падхапілі расійскія дарэвалюцыйныя гісторыкі [252], у першую чаргу аўтар “Апошніх гадоў Рэчы Паспалітай” Мікалай Кастамараў. Дзякуючы падобным творам, што выходзілі раней (дый цяпер яшчэ перавыдаюцца) вялікімі накладамі, легенда пра сяхновіцкага дэспата часам узнікае на старонках перыядычнага друку і сёння, прычым абрастае падрабязнасцямі, невядомымі і Л. Ходзьку, кшталту: “у красавіку 1758 года сяхновіцкі сялянін закалоў яго віламі” [253]. (Шкада, што не называецца імя селяніна і даўжыня віл!..).

На самой справе Людвік Тадэвуш Касцюшка-Сяхновіцкі памёр уласнаю смерцю і 18 красавіка 1758 года быў пахаваны ў Сяхновіцкай капліцы. За ўратаванне яго душы ішлі літургіі і ў каталіцкіх касцёлах, і ў праваслаўных цэрквах, і ва уніяцкіх храмах, пра што распавёў спецыяльны грашовы рэестар, складзены ўдавой Тэкляй з Ратомскіх Касцюшкавай [254].
ВЯРТАННЕ ДА ГНЯЗДА
Усе клопаты пра сям’ю і гаспадарку пасля скону мужа леглі на плечы Тэклі. Ёй у дапамогу былі прызначаны апекуны – аршанскі войскі Марцін Ратомскі, мінскі краўчы Юзаф Прушынскі ды крамяніцкі староста Ян Непамуцэн Касцюшка.

Трэба адзначыць, што разумная жанчына і самая не горш за мужчынаў разбіралася ў гаспадарчых справах, таму знайшла сілы не скарыцца цяжкім абставінам, выплаціць увесь мужаў доўг, каб праз год, на Купалле 1759 года, канчаткова вярнуцца ў родавае гняздо.

Аднак і пазней становішча сяхновіцкай гаспадыні заставалася складаным. З-за вострага недахопу грошаў жанчына ў 1760 годзе вымушаная была прыпыніць навучанне сыноў, якія па волі бацькі вучыліся ў Любяшове – у калегіуме каталіцкага ордэна піяраў. (Юзаф паспеў прайсці ўвесь курс навучання, Тадэвуш быў забраны са школы датэрмінова, не скончыўшы апошняга класа, званага “Рыторыкай”) [255].

Адначасова з умацаваннем свайго становішча ў Сяхновічах, Тэкля Касцюшка ўсё больш губляла цікавасць да Мерачоўшчыны, якую ўжо больш не хацела дый не магла ўтрымліваць у сваіх руках. Таму скарыстала першую магчымасць, каб з выгодай для сябе пазбавіцца далёкага валодання. Тым часам Косаўская “фартуна”, якую Сапегі не хацелі ратаваць ад даўгоў, апынулася ў вельмі цяжкім стане, і ў 1761 годзе яе адкупіў літоўскі падскарбі Ежы Флемінг. Новы гаспадар пацвердзіў удаве Людвіка Касцюшкі-Сяхновіцкага права на арэнду Мерачоўшчыны. Аднак трыма гадамі пазней выплаціў ёй 54 тысячы злотых, якія сталі платаю за фальварак пад Косавам, пасля гэтага ніхто з Касцюшкаў больш ніколі не вяртаўся ў Мерачоўшчыну. Тэкля і яе сыны канчаткова звярнулі ўсю сваю ўвагу на спадчынныя Сяхновічы, што было не толькі данінаю павагі мінуламу, але і мела практычную карысць ад дзейнасці на зямлі.

Клопатам маці, зразумела, не былі абыдзены і дочкі. Спачатку ў кастрычніку 1762, а затым у студзені 1763 года ў Сяхновічах адбыліся два вяселлі. Старэйшая дачка Ганна, атрымаўшы добры пасаг, пайшла за смаленскага стольніка Пятра Антонія Эстку. Дзеля забеспячэння належным пасагам і малодшай – Кацярыны, якую ўзяў за сябе ваўкавыскі земскі суддзя Караль Жулкоўскі, – былі прададзеныя правы на Мерачоўшчыну.

Аднак найбольшую заклапочанасць у маці ўсё ж выклікаў лёс сыноў, асабліва любага Юзафа. Уладкаваўшы дачок, Тэкля Касцюшка (у прадчуванні блізкай смерці) спяшалася паклапаціцца пра юнакоў. Па дапамогу яна звярнулася да сваяка мужа падчашага пінскага Давыда (Давіда) Караля Касцюшкі-Сяхновіцкага (№ 103), які дасягнуў высокага становішча на Палессі, а на старасці перабраўся дажываць свой век у ваколіцы Сяхновічаў.

Фальварак, якім валодаў пінскі падчашы, стаў звацца Дaвыдаўшчынай (Сяхновічамі-Давыдаўшчызнай) – паводле імя ўладаль-ніка. Пані мечнікавая дамовілася пра далучэнне гэтых земляў (пасля бяздзетнага Давыда) да сваёй часткі Сяхновіцкага маёнтка. Яна планавала, што ў далейшым уладаром у Малых Сяхновічах стане “найкаханейшы сын” Юзаф, а малодшаму Тадэвушу з часам дастанецца Давыдаўшчына. 20 чэрвеня 1768 года паводле дамовы Давыд Караль перадаў сынам берасцейскага мечніка свой фальварак, у гэты час іх маці ўжо не было сярод жывых, яна памерла ўлетку 1768 года [256]. Тадэвуш, які заканчваў тады навучанне ў Варшаўскім кадэцкім корпусе, на пахаванні маці не прысутнічаў. Натуральна, што амаль усе правы на Сяхновічы перайшлі да Юзафа, удзельніка Барскай канфедэрацыі.


Частка 5

1   2   3   4   5   6   7   8


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка