Анатацыя на кнігу “Deja vu bis” Івана Штэйнера




старонка9/14
Дата канвертавання14.03.2016
Памер4 Mb.
1   ...   6   7   8   9   10   11   12   13   14

За багнай азярын ніхто шчэ, мабыць, кроку


Ніколі не зрабіў, бо ад людскога зроку

Дазвання ўсё смугойц і марывам туману

Спакон вякоў заслонена, пазасцілана.

Менавіта за гэтай смугой ляжыць абсяг зямлі – заказнік жыццядайны пушчанскага насельніцтва, скарбонка княства, дзе, як у Ноевым каўчэгу, жывуць усе віды жывёл і раслін:


У самым асяродку нетры, па паданні,

І дапатопны тур і зубр свае ўладанні

З мядзведзем у суседстве маюць, як магнаты, --

У кожнага свой двор, пасад, свае палаты.

У гэтай дзяржаве рысь і расамаха служаць міністрамі, ваўкі, дзікі, ласі – васалы-стражнікі, арлы і сокалы – дазорцы. У “лясной сталіцы між звярамі пануе звычай жыць, як сябра між сябрамі”; звяры “і дзікія і свойскія – жывуць у згодзе, інстынктам раўнавагу ценячы ў прыродзе”. Такім чынам, старажытныя народныя ўяленні аб існаванні своеасаблівага царства жывёл і раслін з іх адметнымі сувязямі са светам людзей, праломленыя ў паэме і баладах, становяцца асновай балады празаічнай.

Не будзем шукаць, ці быў знаёмы А.Наварыч з творамі вялікіх папярэднікаў. Не ў гэтым справа. Галоўнае, ён адчувае агульную тэндэнцыю ўвасаблення роднага краю і ўзмацняе яе, з хітрасцю прашчураў пасмейваючыся – а мы яшчэ больш напужаем.

Але вернемся да самога рамана, дзе родная прырода, безумоўна, адна з галоўных гераінь твора, а не проста фон, камертон, тло дзеяння. Бо не аднойчы тут з’явяцца цудоўныя апісанні столінскіх краявідаў, Прыпяці і асабліва Гарыні, дзе і стаяць славутыя Манькевічы, якія ўваходзілі ў склад давыдгарадоцкай ардынацыі, велізарнага багацця, што ад другой паловы ХVІ ст. аж да 1939 года знаходзілася ў валоданні роду Радзівілаў. Ардынацыяй звалася сядзіба, якую атрымліваў у спадчыну старэйшы нашчадак роду і якую нельга было падзяліць або прадаць. Як сведчыць Г.Ранкоўскі ў кнізе “Czas Polesia”, ардынацыя паўстала ў 1586 годзе з дазволу караля Стэфана Баторага адначасова з іншымі трыма ардынацыямі радзівілаўскімі. У Манькевічах тады існаваў адзін з прыгажэйшых фальваркаў, што ўтульна размясціўся на беразе Гарыні. Жонка князя А.Радзівіла, вядомая як гаспадарлівая і прыгожая жанчына Марыя дэ Каштэлян, захопленая надзвычай прыгожым размяшчэннем фальварку, пастанавіла зрабіць у Манькевічах рэзыдэнцыю. Тут у лесе абапал фальварку быў закладзены натуральны парк краявідны плошчай каля 50 га.

Менавіта тут і адбываецца дзеянне рамана, што апавядае, калі ўспыхнуў польскі мяцеж нацыянальнае паўстанне, сацыяльная рэвалюцыя (як хто глядзіць на гэта), а хутчэй за ўсё, “в это время случилась война в России. И русские стали во имя христианской любви убивать своих братьев” (Л.Толстой).

Пра Кастуся Каліноўскага і ягоную эпоху ў нашым прыгожым мастацтве словаў напісана нямала. Згадаем толькі творы Ул.Караткевіча, А.Якімовіча, С.Яновіча, Ул.Арлова. Бадай што самай блізкай да рамана А.Наварыча ўяўляецца аповесць А.Мальдзіса “Восень пасярод вясны”. Аповесць, сатканая з мясцовых легендаў і паданняў, адметная выразнай умоўнасцю сітуацыі і віртуальнасцю падзей, якія хутчэй за ўсё не адбыліся, але верагоднасць іх увасаблення надзвычай вялікая. Ніхто не ведае, ці сапраўды існавалі падобныя героі ў той час, ці вялі яны сябе адпаведна. Але самае галоўнае, яны маглі быць і паводзіць сябе менавіта так, а не інакш. Тым больш на Палессі, тым болей на Століншчыне, дзе ўсё зусім не так, як па ўсёй Літве-Беларусі (А.Кіркор сказаў, што менавіта ўмовы бытавання абумовілі ўклад жыцця і характар палешукоў). У рамане ўсё сплялося ў адзіны клубок – і сцэны жыцця пажылога аканома Ежы Урбановіча, і ягонай маладзенькай жонкі Аксаны, якую ён спачатку хоча застрэліць (ізноў А.Міцкевіч і ягоныя “Czaty”), а потым уздымае на п’едэстал, і блытаніна з пісьмамі, і маскіроўка і пераапрананне герояў, і дурнаватыя і не вельмі жандары і іншыя ахоўнікі парадку, і схаваная зброя, і разгульнае жыццё шляхціца, і мара аб рамантычным каханні і адпаведным антуражы мары. Героямі твора, як згадвалі, становіцца неўтаймавальная Гарынь, якая то палохае дзяўчатак, то хавае ўцекачоў, і дзікі, нахабныя, як усе свінні, якіх прыходзіцца кіем праганяць з дарогі, і лебедзі, якім ставяць карыта. (Усё гэта як бы адцяняе мастакоўскую задачу – чаму, каму прысвяціць жыццё, якое часцей за ўсё “грубае, нізкае, з карытамі, крывёю, здрадай, падлегласцю. Няўжо няма нічога іншага, як змірыцца з такім жыццём, жыць, проста жыць.) Найбольш яскравай удачай аўтара з’яўляецца вобраз літоўскага ваўка, ягоны шлях ад ваўчаняці да вязня, выстаўленага ў клетцы на пацеху раскормленым панам, у якіх ён пазнае сваіх землякоў-крыўдзіцеляў і жорстка помсціць за скалечанае існаванне. Хаця ён мае далёкіх родзічаў у Паўночнай Амерыцы (“Белы клык” і Фенімор Купер), усё ж такі гэта наш ваўчок, наш родны, беларускі, літоўскі, столінскі, бо ў значнай ступені разважае ў пэўнай адпаведнасці з рэгіянальным менталітэтам, падмацаваным сваім звярыным нутром і векавой генетычнай памяццю продкаў. Воўк–Інсургент становіцца своеасаблівым сімвалам паўстання, у генезісе якога вельмі лёгка ўбачыць усё станоўчае і адмоўнае (аблезлыя задушаныя харты – то паны, а воўк – праўда, звыродак зямлі, істота ад зямлі, мужык, хлоп, селянін, які знішчае ўсё панскае, выкшталцонае, няздатнае для суворага жыцця. А.Наварыч майстар, які добра разумее псіхалогію жывёлы, тым болей ваўка, ягонай улюбёнай істоты. (Можна сказаць, як некалі Л.Толстой у мінулым жыцці быў “лошадью” (“Холстомер”), так А.Наварыч быў ваўкалакам.)

А згадаем пра дзве клеткі, што засталіся стаяць на дарозе пасля арышту героя – “Адна пустая, а ў другой шчыгол насіў вядзерца, чэрпаў і чэрпаў з пустога карытца, пераносіў і пераносіў паветра з аднаго кутка клеткі ў другі, хоць дзверцы на волю былі адчыненыя. (Які дасканала прыгожы сімвал бессэнсоўнасці змагання).

У рамане вельмі шмат мясцовых рэалій (Гутарка ідзе пра так званы Цменскі метэарыт. “Упаў ён у жніўні 1858 года каля сяла Цмень (або Жмень) тадышняга Пінскага павета (цяпер в.Цмень Столінскага р-на). Цяпер кавалкі гэтага метэарыта захоўваюцца ў Венскім нацыянальным натуразнаўчым музеі, у калекцыі Расійскай Акадэміі навук, у Амерыканскім музеі натуразнаўчай гісторыі”), і загарынне, і падарожжы па столінскіх дарогах, і новыя давыд-гарадоцкія боты з фарсістымі халявамі, і побыт і норавы шляхты (у іх каты і тыя з гонарам), і прозвішчы іхнія, што да гэтага часу жывуць – Шаламіцкі, Пратасавіцкі, Казлякоўскі, Дубоўскі, Ліпскі, Бут-Гусаім, Бурда, Вабішчэвіч, тут і рэшткі звычаёвага права (“ostani najezd na Zitwie”), і словы родныя (“Я гэтулькі роботы робыв… Гліну копав, морозыв, возыв дохаты, потым мысыв, потым лыпыв, потым в піч ставыв, палыв, кожны горшчочэк выдьмухвав, абгладьвав… А воны?! Воны моі збаночкі повыкыдалы, побылы, потрушчылы…Коб на вас нэмоч, коб вам смолою вочы прочыстыло…”; “Ганно, то йды, чого стала, мязджэра старая, калюкі, тырса, … яскулка, Горынь, глядзіш, як жаба з цэбра…”)

Усё гэта дае яму грунт для спрэчкі пра праблему патрыятызму ў той час, калі нават жыхары іншых рэгіёнаў з’едліва называлі мясцовых жыхароў палешукамі, укладваючы ўсё негатыўнае ў гэтае слова. Калі апошняе роднае, запісанае польскімі ці рускімі літарамі, ўяўлялася нейкай фантазіяй.

Але заўсёды аўтар падкрэслівае любоў да родных мясцін, што дазваляе любіць усю краіну і дбаць пра яе волю. Таму болей цікавымі ўяўляюцца менавіта старонкі, дзе гэтая любоў захоплівае чытача, а не тыя, дзе даволі шчодра цытуецца яго вялікасць дакумент. Нам і цікавы не апісанне бунта ў эпічным размаху (стаўка+акоп), а найтанчэйшыя зрухі ў свядомасці герояў, што пачынаюць усведамляць сябе людзьмі, бо гэта дзень шосты, калі ў глыбі Палесся нараджаецца Чалавек.

І той паганскі агонь, што запальвалі сяляне на Столінскіх хутарах, на Лысай гары на Святога Яна, асвеціць даўнюю і не такую ўжо змрочную цемру быту. А гэтым раман, як і творчасць А.Наварыча, цікавы не толькі палешукам столінцам, але і ўсім беларусам і ўсяму сусвету.

Песня
З чаго складаецца імідж навучальнай установы, яе ўспрыняцце ў навуковым і культурным сусвеце, нарэшце, вядомасць і слава? Са старажытных сценаў, што перажылі стагоддзі і былі сведкамі векавой эвалюцыі чалавецтва? Са змрочных скляпенняў бібліятэк і кніжных сховішчаў, дзе спачываюць фаліянты ў пергаментна-драўляных вокладках? З пустынна-гулкіх аудыторый, што памятаюць рэха крокаў шматлікіх пакаленняў вандроўнікаў у краіну ведаў? Ці, наадварот, з ультрасучасных карпусоў са шкла і бетону, начыненых навейшай электронікай, лазерамі і кампутарамі? А можа славу універсітэта складваюць сівыя (і не вельмі) акадэмікі і прафесары (у мантыях і без іх), пра якіх так любяць апавядаць вясёлыя гісторыі і анекдоты? Хто яго ведае! Відаць і з першага, і з другога, і з трэцяга. Але хутчэй за ўсё сапраўдную славу Alma Mater прыносяць яе выпускнікі. Так, наўрад ці вылучаўся чым-небудзь сярод сярэднявечных універсітэтаў той, што знаходзіўся ў італійскім горадзе Падуя. Але менавіта ён стаў сусветна вядомым, бо тут вучыліся тыя, хто спыніў сонца і закруціў зямлю (Г.Галілей), а потым разам адправіў іх у сусветны кругабег (М. Капернік), хто нёс сонца маладзіковае асветы людзям паспалітым (Ф.Скарына). Вось чаму іх імёны з пашанай згадваюць і ў самой Італіі, і ў Польшчы, і на Беларусі – а гэта значыць і ва ўсім свеце.

Па-сапраўднаму пра вышэйшую навучальную установу пачынаюць гаварыць толькі тады, калі ў ёй складваюцца пэўныя традыцыі і навуковыя школы. Калі ж гаворка заходзіць пра галоўную ВНУ Палесся, Гомельскі дзяржаўны універсітэт імя Ф.Скарыны, то ў першую чаргу згадваецца славутая алгебраічная школа, педагагічная школа, творчыя дасягненні якіх добра вядомыя не толькі на Беларусі, але і ў Еўропе і ЗША. Таму зразумела, чаму нашы матэматыкі і фізікі частыя госці ў найбольш прэстыжных універсітэтах Старога і Новага свету, а іхнія працы сталі адметнай візітоўкай нашых поспехаў і дасягненняў.

Разам з тым традыцыйнае суперніцтва фізікаў і лірыкаў, сутнасць якога больш паэтычна і не менш дакладна ўвасоблена ў класічнай прытчы пра васількі і жыта, у сценах ГДУ вырашаецца не менш дакладна і паэтычна – васількі ў жыце, хлеб і песня, краса і спажытак...

Ці не таму значныя поспехі маюць і нашы лірыкі, што дазваляе павесці гаворку аб сапраўднай гомельскай школе ў нацыянальнай літаратуры. (Маецца на ўвазе творчая дзейнасць толькі непасрэдна звязаных з універсітэтам мастакоў слова, вось чаму мы не будзем гаварыць пра "івангард" беларускай прозы – славутых Івана Мележа, Івана Навуменку, а таксама не менш слынных Андрэя Макаёнка, Анатоля Грачанікава, Віктара Казько, якія, на жаль, не былі нашымі студэнтамі.

Зараджэнне універсітэцкай школы прыгожага пісьменства практычна супадае са станаўленнем нашай Alma Mater.

Ля іх вытокаў стаялі маладыя паэты Леанід Гаўрылаў, Мікола Сурначоў, Васіль Корнеў, чые светлыя ўваходзіны ў краіну паэзіі абарвала вайна. Яны назаўсёды засталіся ў нашай памяці і беларускай паэзіі зусім маладзенькімі, як і іх юнацкія творы.

Усяго дваццаць тры гады пражыў на белым свеце Леанід Гаўрылаў, які загінуў на самым пачатку вайны. Заўчасная смерць не дала маладому хлопцу на ўсю магутнасць разгарнуць паэтычныя крылы. А гэтыя крылы, як лічыць яго аднакурснік К.Кірэенка, былі для высокага і шырокага палёту. Аб гэтым і сведчаць творы – магчыма часам недасканалыя, але такія шчырыя, адкрытыя. Здарылася так, што на паэтычным шляху Л.Гаўрылава не было пачатковага этапу. Уваходзіны так і засталіся спадчынай. Але і па гэтых творах мы бачым, якога паэта ад нас забрала вайна.

Л.Гаўрылаў нарадзіўся 22 лютага 1918 года ў вёсцы Бердыж Чачэрскага раёна. Атрымаўшы сярэднюю адукацыю, паступае на вучобу ў Мінскі інстытут народнай гаспадаркі. Але захапленне паэзіяй было настолькі моцным, што ў 1936 годзе пераходзіць вучыцца на літаратурны факультэт Гомельскага педінстытута. Летам 1940 года прызываецца ў войска. Служыў недалёка ад граніцы механікам-вадзіцелем у экіпажы баявой машыны. Загінуў у першыя дні вайны.

Пісаць пачаў рана. Друкуецца з 17 гадоў – у зборніку "Аднагодкі", газетах "Гомельская праўда", "Літаратура і мастацтва", часопісе "Полымя рэвалюцыі". Большасць твораў загінула ў рукапісах у час вайны. Тоненькія сшытачкі з вершамі сына і ягонымі фотакарткамі выратавала маці паэта. Дзякуючы яе подзвігу мы сёння маем мажлівасць дакрануцца да паэтычнага свету Леаніда Гаўрылава, свету сапраўднага, замілаванага жыццём. Паэта чакала вялікая будучыня. Невыпадкова яго credo былі словы Гётэ: "Верш павінен быць выдатным, або зусім не існаваць". Ужо самыя першыя творы паэта прывабліваюць тонкім лірызмам, шчырай спавядальнасцю, абяцаннем значнай перспектывы. Яны станавіліся выразнікамі светапогляду не толькі канкрэтнай асобы, але і ўсяго пакалення, тым самым набываючы неабходную філасафічнасць, глыбіню, задумёнасць, светла-радаснае ўспрыняцце жыцця. Пранікнёны лірык, ён умее слухаць цішыню і гулкія гудкі параходаў, бачыць, як лес, перакуліўшыся, нахіляе вуха да вады, як пахнуць ноччу духавітыя травы, калі ты з каханай плёскатам вясла разбіваеш палову маладзіка. Ягоная лірыка – гэта песня маладога хлопца, што з радасцю ўваходзіць у жыццё. Але напевам жураўліным яму прарочыла злая доля.

Ваенных вершаў не засталося, а можа іх і не было. Толькі згадваецца баявы марш ягонай танкавай дывізіі. Як і М.Сурначоў, застаўся сімвалам не толькі універсітэцкай, але і ўсёй беларускай паэзіі, бо яны ўпершыню ў паэтычнай генерацыі паядналі на практыцы штык і пяро, заплаціўшы за гэтыя спробы сваёй крывёю і жыццём. Яны адыйшлі моўчкі, "не долюбив, не докурив последней папиросы", але гэтае маўчанне мацней за грымоты заклікаў і зваротаў. Смерць, гвалтоўная і дачасная, надала іх жыццю і творчасці новыя каардынаты адліку. Бо хто ж будзе, чытаючы вершы, напісаныя ў пекле атакі ці ў прадчуванні бою, вызначаць іх структуру, кампазіцыю ці вобразнасць.

Доля Міколы Сурначова была болей спагаднай, калі так можна сказаць: лёс яму адмераў амаль дваццаць восем гадоў. Нарадзіўся ў 1917 годзе ў в. Слабада Рагачоўскага раёна. Атрымаўшы сярэднюю спецыяльную адукацыю, у 1937-39 гадах вучыўся ў Гомельскім педінстытуце, затым працаваў у газетах "Звязда" і "Чырвоная змена". З першых дзён вайны на фронце. Некалькі разоў быў цяжка паранены. Удзельнічаў у баях за Каўказ, вызваляў гарады роднай Беларусі, Украіны, Польшчы. Берлін штурмаваў камандзірам узвода. У ноч з 19-га на 20 красавіка 1945 года загінуў, прыкрываючы адыход таварышаў. Пахаваны ў нямецкім пасёлку Фрайдэнберг, што за 8 кіламетраў ад Берлінскай кальцавой дарогі, а потым парэшткі паэта былі перазахаваны на брацкіх могілках Бад-Фрэенвальдэ.

Першыя вершы пачаў пісаць яшчэ ў сельскагаспадарчым тэхнікуме. Але па-сапраўднаму захапіўся паэзіяй у час вучобы на літаратурным факультэце. Якраз у гэты перыяд ён становіцца вядомым абласному і рэспубліканскаму чытачу. Раннія вершы вылучаліся тонкім лірызмам і ўменнем убачыць незвычайныя адценні роднай прыроды, выключнай шчырасцю і цеплынёй. Гэта асабліва тычыцца вершаў пра каханне. Так, верш "На ростані" быў прысвечаны любімай, якая таксама загіне ў час вайны. У поўнай адпаведнасці з нацыянальнай традыцыяй у любоўнай лірыцы паўстае сарамяжлівым, летуценным, згодным перакінуцца ў сасёнку, каб прашумець над каханай, стаць сняжынкай, каб растаць на яе губах. Аб адзінай гатовы спяваць бору, гаю, усяму свету.

Ваенная лірыка цалкам не захавалася. Многія вершы згублены ў шпіталях, у баях. Нязменная спадарожніца Міколы Сурначова – палявая кірзавая сумка, набітая вершамі, не была знойдзена. Засталіся ў асноўным творы, дасланыя сябрам і родным у лістах.

Аднак і гэтыя вершы, створаныя ў акопах, на рэдкіх прывалах, дзе не было часу не толькі адшліфаваць радок, але падчас і пазначыць час і месца напісання, увайшлі ў скарбніцу роднай паэзіі. Яны знаменавалі сабой новы этап эвалюцыі паэта, звязаны з глыбокім спасціжэннем народнай традыцыі, яе песенна- і казачна-рамантычнага падыходу ў раскрыцці патаемных скарбаў чалавечай душы. Згадаем яшчэ раз, што ён, як і кожны сапраўдны паэт, стаўся прарокам, і сваю долю прадказаў яшчэ ў 1941 годзе, на Западным фронце, у славутым вешчым вершы "У стоптаным жыце". Прадчуванне ўласнай смерці набыло выключную глабалізацыю, сталася велічным откровением, прадказаннем трагедыі ўсяго пакалення, якому ніколі ўжо не ехаць "да блізкага гаю, да роднага дому". Невыпадкова А.Твардоўскі перастварыў гэты мікрашэдэўр па руску, і балада М.Сурначова стала вызначальнай, эпахальнай ва ўсёй славянскай паэзіі.

М.Сурначоў стаў узвышанай легендай нашай літаратуры, толькі з вершаў, прысвечаных яго светлай памяці, можна скласці адметны зборнік.

Вайна стала вызначальнай і ў паэзіі Кастуся Кірэенкі. Тонкі лірык на пачатку свайго творчага шляху, які зайздросціў летняму дажджу, што мае права вольна дакрануцца да рукі каханай, першы свой паэтычны зборнік цалкам прысвячае гераічным будням воіна. Для паэта галоўным становіцца не ўвасабленне прыгажосці краявідаў роднага Палесся, а ўслаўленне подзвігу радавога салдата, які абараняе родны край і сваё светлае заўтра.

Толькі ў апошнія гады жыцця, будучы ўжо прызнаным майстрам, лаўрэатам Дзяржаўных прэмій, Кастусь Кірэенка на новым этапе звяртаецца да асэнсавання класічных праблем быцця, рэзка мяняючы змест сваіх твораў. Паэт спасцігае, што веліч чалавечай душы раскрываецца не толькі ў пагранічных сітуацыях вайны. Рэальныя чалавечыя трагедыі (адчуванне сваёй нявечнасці на зямлі, самотнае каханне) даюць не менш значныя і велічныя вехі існавання ў гэтым свеце.

Нарадзіўся ён 12 снежня 1918 года ў вёсцы Гайшын Слаўгарадскага раёна Магілёўскай вобласці. У 1934 годзе скончыў сямігодку і паступіў у Гомельскі аўтадарожны тэхнікум. Аднак любоў да мастацкага слова ўсё перасіліла – у 1935 годзе паступае на літаратурны факультэт Гомельскага педінстытута, дзе сустракаецца і сябруе з Леанідам Гаўрылавым, Міколам Сурначовым, Васілём Корневым. Усё акружэнне ў інстытуце, як згадвае сам паэт, атмасфера, усе думкі з першага дня вучобы былі скіраваны ў бок творчасці. Пасля заканчэння ВНУ некаторы час працаваў настаўнікам. З 1940 па 1945 год служыў у войску. Усе чатыры гады вайны – на фронце. Танкіст, карэспандэнт армейскай газеты. Абараняў Маскву, вызваляў Беларусь, Польшчу. Быў цяжка паранены. Пасля вайны – супрацоўнік, рэдактар літаратурных часопісаў "Бярозка", "Полымя". Заслужаны дзеяч культуры, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі. Памёр 15.09.1988г.

Друкавацца пачаў у часы вучобы (з 1939), першы верш "Радзіма" з'явіўся ў "Гомельскай праўдзе". Вершы перыяду вайны ўвайшлі ў зборнік "Ранак ідзе" (1945), прысвечаны гераічным будням воіна. Станаўленне паэтычнага дару ў гады вайны ў значнай ступені абумовіла далейшую эвалюцыю паэта. Ён добра ўсведамляе, што павінен жыць і за сваіх таварышаў. Так, выдаючы зборнік свайго загінуўшага сябра Л.Гаўрылава, ён пісаў: "Гэта вершы, якія, калі б паэт быў жывы, трэба было б назваць раннімі, напісанымі на пачатку творчага шляху. Але, на жаль, гэта вершы раннія і апошнія". Менавіта таму хоча сказаць і за тых, хто не вярнуўся. Услаўленне подзвігу абаронцы роднага краю, гераізм радавога салдата становіцца вызначальным пачаткам ягонай лірыкі. Паэзія апошніх гадоў схіляецца да філасафічнасці быцця, тонкага псіхалагізму, узбагачаецца далучанасцю да фальклорна-сказавай вобразнасці, прызнаннем прыярытэту звычайных чалавечых радасцяў. Пісаў для дзяцей (паэма "Алёнчына школа", зборнікі "Зялёнае рэха", "Вясна-красна", "Урачыстая песня"). Многія вершы пакладзены на музыку кампазітарамі М.Аладавым, У.Алоўнікавым, Ю.Семенякам, У.Буднікам. Прайшоў даволі складаную творчую эвалюцыю. Пачаўшы з твораў грамадзянска-патрыятычнага гучання, у якіх публіцыстычны пафас узбагачаўся ціхай лірызацыяй, паступова перайшоў да буйных формаў. Ліра-эпічныя паэмы ("Трыпутнік" і інш.) і асабліва драматычныя сталі надзвычай удзячнай формай для глыбокіх разваг пра лёс народа на гістарычных этапах. Паэтам застаўся ў “рыбацкай паэме” “Вандроўнае шчасце”, дзе квяцістай прозай распавёў пра прыгажосць любімых, “сваіх” рэк і азёр. Бадай што ніхто так у беларускай літаратуры не расказаў пра Сож. Шэраг апавяданняў і “аповесць вясковага настаўніка” “Паводка”, напісаныя ў розныя гады, вытрыманы ў традыцыях класічнай беларускай “вясковай” прозы.

Своеасаблівым сімвалам долі паэтаў-франтавікоў стаў лёс Паўлюка Пранузы. Нарадзіўся 18 сакавіка 1918 года ў вёсцы Вылева Добрушскага раёна. У 1937 годзе закончыў Добрушскую сярэднюю школу і паступіў у Гомельскі педагагічны інстытут на літаратурны факультэт. Выпускныя экзамены здаваў пад гул нямецкіх самалётаў, што праносіліся над горадам. З дыпломам настаўніка пайшоў не дзяцей вучыць, а бараніць іх. Усе чатыры гады вайны быў зенітчыкам-артылерыстам, прайшоў шлях ад Гомеля да Берліна. Узнагароджаны ардэнамі Айчыннай вайны ІІ ступені, Славы ІІІ ступені, медалямі.

Пасля вайны працаваў настаўнікам у Нясвіжскім педагагічным вучылішчы імя Я.Коласа, у СШ № 3 г.Нясвіжа.

Пісаць пачаў яшчэ ў школе. Друкаваўся ў вучнёўскіх газетах, у шматтыражцы добрушскай папяровай фабрыкі "Герой працы", раённай газеце, у "Гомельскай праўдзе", "Піянеры Беларусі".

Па-сапраўднаму ж да паэзіі далучыўся ў час вучобы ў вну, калі сустрэўся са сваімі сябрамі-аднадумцамі М.Сурначовым, Л.Гаўрылавым, К.Кірэенкам... Пачынаў як лірык-традыцыяналіст у добрым разуменні гэтага слова. Ён быў улюбёны ў жывое народнае слова, натуральнае зліццё думкі, вобраза, мелодыі радка. У яго вершах родная прырода жыве і дыхае разам са сваімі краявідамі. Ягоны лірычны герой бачыць поўню месяца на дне вячэрняга возера, дзе пошум вецярка разрывае сівы абрус туманоў. На дне ж ракі – "шматкроп'і серабра", дзе "патануў блакіт нябёс глыбока", ён хоча набраць зор для каханай. Радасць жыцця, шчасце кахання робіць ягоны зрок надзвычай празрыстым – і паэту так вольна ў гэтым свеце з ягонымі туманамі, што спрабуюць узляцець на вільготным крыллі, галасамі жураўлінымі, адбіткамі зары на вадзе і яснай сінню на небасхіле.

У суровых выпрабаваннях і пакутах вайны ліра паэта пасталела. Паэтычныя творы, што нараджаліся ў баях і пасля іх (а пад усімі імі пазначана: Бранскі, Беларускі, Цэнтральны франты, Берлін, Рэйхстаг), выразна мянялі сваё гучанне. Але засталося галоўнае -- спасціжэнне праўды жыцця. У лісце да сябра-аднакурсніка М.Сурначова, які не дойдзе тыдзень да Перамогі, ён адмаўляецца ад сябе былога: "ўчора я спяваў аб травах, красках Аб птушках, зорах, сіняве нябёс…"

Пісаць цяпер нялоўка пра салоўку,

Душы цяпер не хочацца цішы.

Бяры, паэт, бяры, паэт, вінтоўку,

Штыком паэмы гнеўныя пішы.


Лірычныя замалёўкі зменяць "Акопныя вершы", "Пісьмы ў Беларусь", заклікі, успаміны, звароты да салдатаў і партызан. Добры салдат, надзейны таварыш, ён у думках увесь на Радзіме, на Беларусі. Ганарыцца слаўнымі імёнамі Заслонава, Гастэлы, Сільніцкага, але, як закрые вочы, бачыць родныя хвоі, азёры і як гарэў родны Гомель:

Як вадою шырокага Сожа

Праганялі мы смагу, калі

Па-над Гомелем хмары варожых

Пікіроўшчыкаў чорных ішлі.
Любоў да роднага краю, роднай мовы, якая сагравала ў халодным акопе, дазволіла хлопцу выжыць і вярнуцца на Радзіму. Можа, рэзкі кантраст вайны і мірнага жыцця прывёў да таго, што ў першыя пасляваенныя гады ён празмерна, як цяпер можа здасца, усхваляў радасці мірнай стваральнай працы. Але гэта тлумачыцца ў першую чаргу любоўю да роднага краю, яго працавітых людзей, верай у светлую будучыню. Самае галоўнае, што нават у вершаваных замалёўках, рэпартажах ён заставаўся паэтам са сваім адметным бачаннем свету, сваім, пранузаўскім, радком, сваёй адметнай, хай і не вельмі кідкай, вобразнасцю і мелодыкай.

Зразумела, што настаўнік не мог не пісаць для дзетак. Вершы П.Пранузы для малодшага пакаленя – гэта яркая старонка беларускай дзіцячай паэзіі. Паэт выключна па-новаму ўбачыў звыклыя родныя з'явы – першы марозік, баравічок і мухамор, сінічку і снегіроў, сняжынку-балярынку і г.д. Ягоныя дзіцячыя вершы вылучаюцца добрым разуменнем дзіцячай псіхалогіі, выразнасцю мовы.

Ціхае, на першы погляд, жыццё П.Пранузы, стала сапраўдным сімвалам пакалення. Настаўнік па адукацыі, ён праз усё жыццё пранёс любоў да дзяцей, вучыў іх, бараніў, не шкадуючы ўласнага жыцця, імкнуўся прывіць любоў да роднай мовы, прыгожага, разумнага, вечнага. І хочацца схіліць галаву перад гэтым мужным і прыгожым чалавекам.
Якраз згаданыя выпускнікі-франтавікі і прынеслі сапраўдную заслужаную славу Гомельскаму педінстытуту як кузніцы паэтаў. Іх творчы вопыт у спалучэнні юнацкай няўрымслівасці, рамантычнай захопленасці, падчас нават экзальтаванасці і суровай, бязлітаснай праўды вайны стаў вызначальным для ўсёй паэтычнай генерацыі, бо менавіта яны ўпершыню паядналі на практыцы штык і пяро, заплаціўшы за гэтыя спробы сваёй крывёю і нават жыццём. Ці не таму іх творчая спадчына непадзельная – яна стала па сутнасці інтрадукцыяй, уступам да той велічнай калектыўнай балады мужнасці і адвагі, якая праз некаторы час паведае ўсяму свету аб мужнасці і нескаронасці беларусаў. І невыпадкова, што праз пэўны час жыццёвы і творчы вопыт паэзіі, агнём абпаленай, на новым узроўні згадаюць пісьменнікі-эпікі, у тым ліку і тыя, што прыйдуць у сцены галоўнай навучальнай установы роднага Палесся.

Сапраўды, яе студэнтамі адразу пасля таго, як сціхлі грымоты навалы, сталі М.Даніленка, А.Капусцін, ужо згаданы Іван Пятровіч Шамякін.

Па сутнасці, кожнаму вядомае імя Івана Пятровіча Шамякіна. Таму мы не будзем падрабязна ўзнаўляць вехі жыццёвага і творчага шляху народнага пісьменніка – звесткі пра гэта кожны атрымаў яшчэ ў школе, хіба што згадаем, што нарадзіўся ён у 1921 годзе.

Бадай што ніводзін з беларускіх пісьменнікаў не зведаў такой вялікай папулярнасці і славы на сваёй радзіме, у яе блізкім і далёкім замежжы, як наш зямляк. Быў час, не такі ўжо і далёкі, калі раманы Івана Пятровіча выходзілі мільённымі тыражамі (простаму пералічэнню ўсіх твораў пісьменніка, якія выйшлі да пачатку 90-ых гадоў, адведзена аж 17(!) старонак біябібліяграфічнага слоўніка), імі зачытваліся жыхары былога Саюза, ад Калінінграда да Камчаткі, запісваліся на чаргу ў бібліятэках. Бестсэлеры празаіка, а толькі такім словам можна адэкватна перадаць ягоны поспех, разыходзіліся імгненна, імі захапляліся, крытыкавалі, але ніхто не заставаўся раўнадушным. Шамякін заўсёды паўставаў майстрам сюжэту, займальнай інтрыгі, што будзе трымаць чытача ў палоне да канца, пакуль не завершыцца дзеянне. Ды і далейшае бытаванне сваіх герояў вельмі часта дадумваў сам дапытлівы чытач, які па сутнасці завальваў пісьменніка лістамі з наіўнымі просьбамі сказаць, што будзе далей з улюбёнымі персанажамі. А калі яшчэ дадаць, што заўсёды аўтар абіраў у якасці даследавання надзвычай актуальныя тэмы, якія хвалявалі ўсё грамадства, то можна зразумець сакрэты ягонай вялікай папулярнасці і любові.

Зараз вакол імя слыннага празаіка разгортваюцца дыскусіі, многія не падзяляюць яго поглядаў на сацыяльнае развіццё грамадства, тым больш, што аўтар застаўся верным прынцыпам сацыялістычнага рэалізму; лічаць, што ягоная спадчына ўжо не варта такой пашаны, якую мела ў "застойныя" часы. Можна, зразумела, па-рознаму адносіцца да светапогляду пісьменніка, бачыць у ім кансерватыўныя праявы, аспрэчваць ягоныя ідэалы, але нельга не паважаць Івана Пятровіча за яго шчырасць, адназначнасць жыццёвай і мастацкай пазіцыі, за глыбокую веру ў чалавека і ягонае прызначэнне на зямлі.

Можа, гэта звязана з тым, што Іван Шамякін нарадзіўся ў вёсцы Карма Добрушскага раёна. (Ён сам бачыў запіс аб нараджэнні ў метрычнай кнізе мясцовай царквы, якая славутая тым, што тут знаходзяцца нятленныя мошчы святога Іаана Кармянскага), і ўсё яго дзяцінства і юнацтва прайшлі на ўлонні роднай прыроды. Ці не таму назаўсёды засталіся з ім дарагія сэрцу краявіды – "вялікія лугі з густой і высокай травой і дубы на беразе Сожа". Менавіта тут ён успрыняў запавет самых дарагіх людзей – сваіх бацькоў, а гэта значыць – і запавет народа: жыць так, каб не было сорамна перад людзьмі. Ягоная маці, амаль непісьменная жанчына, мела вялікае шчырае сэрца і незвычайную дабрыню, якая ў пэўнай ступені і перадалася сыну. Ці не таму і жыў заўсёды яе Іванька па законах сумлення, спрабуючы зрабіць і гэты сусвет крыху дабрэйшым і цяплейшым. Іван Пятровіч заўсёды шчыра спаўняў свой жыццёвы абавязак – быў добрым сынам, адданым і верным мужам, клапатлівым бацькам, адважным салдатам: прайшоў праз усю вайну ад Мурманска да Одэра.

Але заўсёды ў яго душы панавала "одна, но пламенаня страсть" – пісаць, пісаць і яшчэ раз пісаць. Ён быў апантаны гэтай справай – пісаў у маленькіх прамежках паміж налётамі варожых "юнкерсаў"; калі ўсе, стомленыя і змучаныя, кідаліся падрамаць; пісаў у цяжкія пасляваенныя гады. Дзень працаваў у школе, вечарамі праводзіў паседжанні агітатараў, а ноччу, пры газніцы, пісаў. Жыў у беднасці і нястачы (якая зарплата тады была ў настаўніка і тым болей медсястры!), праз вокны, палавіна шыб у якіх замяняла гнілая фанера, а рэшта была злеплена з кавалачкаў шкла, за ноч намятала ў пакой снегу, і больш за ўсё яго было на стале, дзе ён пісаў. Апавяданні, нарысы, раманы. Ствараў, як дэміург, свой сусвет, дзе ўсё будавалася па законах праўды і справядлівасці, дзе жылі прыгожыя знешне і ўнутрана людзі. Ён быў настаўнікам не толькі па прафесіі, але і па прызванні, тым самым працягваючы нацыянальную традыцыю, пачатую Коласам. Не змяніўся пісьменнік і пасля таго, як да яго прыйшлі заслужаныя слава і прызнанне. Гэта нястомны працаўнік, які не ўяўляе свайго жыцця без пісьмовага стала. Гэта чорнарабочы яе вялікасці Літаратуры, якой ён працягвае служыць верна і безадказна. Праўда, творы пісьменніка апошніх гадоў, якія выходзілі даволі часта, усё больш прасякнуты смуткам, песімізм выразна становіцца лейтматывам новых аповесцей (згадаем толькі загалоўкі – "Сатанінскі тур", "Бумеранг", "Падзенне", "Без пакаяння", "Злая зорка"). Нялёгка было Івану Пятровічу: памерла любая жонка, не цешыла сэрца сучасная доля нацыянальнай культуры. Як пісаў народны пісьменнік, "нестабільнасць, разлад жыцця ў краіне пазбаўляе людзей стымулаў да працы, нараджае дэпрэсію, абыякавасць – абы пражыць сёння. Гэта цяжкая хвароба, самая цяжкая з усіх". І далей: "Цяпер я разумею старых акцёраў. Самае страшнае – сысці са сцэны і быць забытым пры жыцці".

Але верылася, што ўсе гэтыя песімістычныя ноткі былі ў Івана Пятровіча часовыя, бо ён па натуры аптыміст, а любоў да жыцця і працы – вызначальныя рысы яго характару: "Вяртайся, Іван, да літаратуры! Пачаць бы раман! Пра наш дзень... Я ж светлы пісьменнік".

Бадай што самая светлая старонка ў жыцці Івана Пятровіча – Гомель і Гомельскі універсітэт імя Ф.Скарыны. Будучы ўжо славутым пісьменнікам, ён пры любой нагодзе прыязджаў сюды. І вяла яго не толькі любоў да маленькай радзімы ("Што зробіш, дарагі чытач, у кожнага з нас свая слабасць, а гэтая слабасць, відаць, ёсць ва ўсіх – пры выпадку і без выпадку сказаць хоць некалькі слоў аб родных мясцінах, аб тых лясах, дзе прайшло тваё маленства, аб тых лугах, дзе ўпершыню мянташыў касу і адчуў, што пот салёны"), але і светлае, адзінае, велічнае каханне да сваёй незабыўнай Машы (Марыі Філатаўны) – "У Гомелі я неаднойчы адрываўся ад кампаніі сваіх калег, з якімі прыязджаў у родны горад на выступленні, і ішоў па вуліцы Астроўскага. Хадзіў там з дзіўным душэўным трапятаннем. Гэта была вуліца нашага з Машай кахання, на ёй Маша кватаравала, і я штовечар лётаў туды на спатканне".

Адразу пасля школы Іван Шамякін стаў студэнтам тэхнікума будаўнічых матэрыялаў, а не філфака Гомельскага педінстытута, толькі таму, што не хапала гадочкаў. Але ўжо тады цесна сябраваў з паэтамі Леанідам Гаўрылавым і Кастусём Кірэенкам, студэнтамі гэтай навучальнай установы, з якімі разам уваходзіў у літаб'яднанне пры газеце "Гомельская праўда". Памылка была выпраўлена пасля вайны, калі малады настаўнік і пісьменнік завочна вучыцца ў Гомельскім педінстытуце. Як успамінае Іван Пятровіч, "калі першы год – 1946 – здаваў усе прадметы акуратна, то, зрабіўшыся пісьменнікам, стаў хадзіць з "хвастамі". Здаецца, уводзіны ў мовазнаўства ці штосьці падобнае, але блізкае да літаратуры, мудрагелістае, я пераздаваў разы тры, уедлівы русак-выкладчык саромеў мяне: "Какой же вы писатель!" Увогуле з мовамі ў мяне былі нелады, у тым ліку і з беларускай". Але ж паміж нашай навучальнай установай і самім пісьменнікам засталіся вельмі блізкія і сяброўскія ўзаемаадносіны, У архіве кафедры беларускай літаратуры ёсць шматлікія фотаздымкі "літаратурных дэсантаў" на чале з І.П.Шамякіным, што кожны год прыязджалі ў ГДУ. Ганарыўся пісьменнік знаёмствам з першым рэктарам універсітэта, вядомым фізікам Б.В.Бокуцем: "Прызджаючы на Гомельшчыну, я ніколі не мінаў універсітэт… Бокуць удзяляў асаблівую ўвагу філалагічнаму факультэту. Як ніхто з іншых рэктараў Ён рабіў Гомельскі універсітэт беларускім". Да апошняга дня (памёр пісьменнік 14 кастрычніка 2004 года) працаваў над “начнымі ўспамінамі” (у тым ліку і пра Гомельшчыну), збіраў матэрыял для будучага музея у нашай вну.

ГДУ імя Ф.Скарыны ганарыцца сваім былым студэнтам, як і ўся Гомельшчына ганарыцца сваім славутым земляком. А кнігі ягоныя чытаюцца.

Новае пакаленне, у адрозненне ад папярэднікаў, было больш схільным да прозы. Гэта тлумачыцца хутчэй за ўсё тым, што яму патрэбна было выказацца за ўсіх сваіх равеснікаў, якія не дайшлі да светлай Перамогі.



М.Даніленка нарадзіўся ў 1922 годзе ў в.Ястрабка Лоеўскага р-на Гомельскай вобласці ў сялянскай сям'і. У трохгадовым узросце разам з бацькамі пераехаў у в.Бодры. Скончыў Баршчоўскую сямігодку (1938) і ў гэтым жа годзе пачаў вучобу ў Рэчыцкім педвучылішчы. Менавіта тут і далучыўся да мастацкага слова – у мясцовай раённай газеце "Зара камуны" з'яўляюцца першыя публікацыі. Дакумент аб заканчэнні вучылішча не паспеў атрымаць – пачалася вайна. Вучыўся ў запасным палку ў Казахстане, быў знішчальнікам танкаў. У маі 1942 кантужаным трапіў у палон, адкуль уцёк у 1944. Праз год вярнуўся дадому. Працаваў настаўнікам Казярожскай сямігадовай школы Лоеўскага і Ясеньскай сярэдняй школы Асіповіцкага раёна. У 1952 завочна закончыў Гомельскі педагагічны інстытут. З 1953 па 1982 – у рэдакцыі "Гомельскай праўды". Цяпер на пенсіі. Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны 2-й ступені, медалямі, Ганаровай Граматай і дзвюма Граматамі Вярхоўнага Савета БССР. Выдатнік друку.

Друкуецца з 1940. У сваёй творчасці ў асноўным абапіраюцца на ўласны жыццёвы вопыт і шматгадовую журналісцкую практыку. Гэта ўласціва як першай кнізе ("Мая песня"), так і тым, што з'явіліся на працягу больш чым трыццацігадовай дзейнасці ("Майская навальніца", "Журлівіца" і інш.). Найбольш удаюцца пісьменніку творы, прысвечаныя роднай Лоеўшчыне, сваім землякам, іх нялёгкай працы, вернасці свайму дому, зямлі, спрадвечнай чалавечай годнасці і абавязку (зборнікі "Маці Мар'я", "Наш дом", "Родная зямля"). Журналісцкі досвед паўплываў, безумоўна, як на стылёвыя адметнасці твораў, так і на іх жанравую структуру. Найбольш улюбёная форма – невялікае апавяданне, навела. Выкарыстоўваючы вялікі жыццёвы вопыт і прафесійныя назіранні і высновы, ён у гранічна абмежаваных жанравых формах паказвае падзеі, што становяцца актуальнымі і злобадзённымі для многіх. Ягоныя героі – часцей за ўсё сціплыя людзі, якія імкнуцца жыць па агульначалавечых законах, і гэтым яны блізкія і дарагія самому аўтару, бо і ён ўсё жыццё шукаў дабра і справядлівасці і служыў ім верна і аддана. Гэтая вера ў чалавека дапамагае Міхасю Пятровічу выстаяць і ў наш няпросты час.

Для дзяцей выдаў кнігі "Вернасць слову", "Зачараваны гарлачык", "На вуліцы Сонечнай", "Ключы бабулі Зімы". Пісаў таксама вершы. Некаторыя з іх пакладзены М.Блюміным і Э.Логашам на музыку.

Жыве ў Гомелі. Але, як пачынаецца вясна, абуджаецца прырода, вяртаецца на родную Лоеўшчыну, дзе жыве, як і раней, са сваімі землякамі агульнымі радасцямі і праблемамі.

Канешне, у сценах, якія памяталі гулкія галасы сваіх таленавітых выхаванцаў, не магло заціхнуць паэтычнае слова. Магчыма паэты проста не заявілі аб сабе так магутна, як згаданыя вышэй празаікі. Хаця мажлівасці для гэтага былі. Цікавыя замалёўкі роднай прыроды пакінуў Алесь Хведар, дзеткам прысвяцілі свае першыя кнігі Нічыпар Парукаў і Станіслаў Кацуба, згадкі якога пра родны куточак могуць упрыгожыць любую анталогію.

Цікавай старонкай паэтычнага летапісу інстытута стала творчасць студэнтаў 50-ых – канца 60-ых гадоў. Аб сваім родным Сожы, Палессі, аб салаўіных ночах юнацтва, студэнцкім інтэрнаце пяялі Васіль Клімянкоў, Васіль Патапенка. Тонкімі лірыкамі зарэкамендавалі сябе Аляксей Саснок, Уладзімір Беліч, Людміла Грыгаровіч, споведзь якой так і хочацца працытаваць:

А ці бачылі вы беларускае неба,

А ці знаеце вы беларускі наш бор?

Ці адчулі вы водар жытнёвага хлеба,

Ці адчулі хоць раз вы, як пахне чабор?

Найбольш яскрава гэтыя пошукі ўвасоблены ў паэзіі Алега Маісеенкі. Кароткімі байкамі змагаўся з рознымі недахопамі Васіль Дружкоў, з сатырычнымі вершамі выступіў Уладзімір Казелец, балады роднаму Гомсельмашу, мірнай стваральнай працы прысвячаў Міхаіл Буткевіч. Гэта была паэзія пакалення, мары і надзеі якога ўвасобіліся ў звонкіх радках:

Мы ў змаганнях раслі,

Мы ў паходах сталелі,

Каб усцяж на зямлі

Толькі краскі алелі.

Амаль ніхто з іх не стаў прафесійным паэтам, але любоў да слова спрыяла пошукам самога сябе, дапамагла ім стаць сапраўднымі людзьмі.

Магчыма гэта і выпадковасць, але новы ўзлёт творчай актыўнасці студэнцтва прыпадае якраз на той час, калі на базе педінстытута ствараўся універсітэт. Змены закранулі самыя разнастайныя сферы яго жыцця. Выраслі новыя карпусы, у сцены якіх увайшлі і новыя творчыя асобы, пачынаючы ад рэктара Бокуця Б.В., таленавітага фізіка, які, нягледзячы на выразную спецыфіку прафесіі, а можа, што болей верагодна, дзякуючы ёй, надзвычай захапляўся роднай мовай і прыгажосцю паэтычнага слова. Спрыяў гэтай высакароднай справе і тагачасны першы прарэктар, а потым рэктар, цяпер Ганаровы рэктар Шамяткоў Л.А., натура, адораная не толькі талентам вучонага, але і тонкім эстэтычным пачуццём, любоўю да мастацтва ва ўсіх яго праявах. З гэтага часу частымі гасцямі ў ГДУ сталі пісьменнікі, у тым ліку і народныя, поўнаводна бруілася "Крынічка" – літаб'яднанне пры кафедры беларускай літаратуры, якой пачаў кіраваць паэт у душы прафесар Мікола Грынчык.

Мікола Міхайлавіч Грынчык нарадзіўся ў жніўні 1923 года ў мястэчку Быцень былога Слонімскага павета Навагрудскага ваяводства (цяпер Івацэвіцкі раён Брэсцкай вобласці). Родны Быцень (некаторыя называюць яго Бытэнь) паўплываў на станаўленне і долю як маладога Міколкі, так і сталага вучонага Міколы Міхайлавіча. Мястэчка вядомае з XVI стагоддзя, славутае быценскай царквой і капліцай, якія ўваходзілі ў склад базыльянскага манастыра.

Ніколі Мікола Грынчык не парываў з роднымі мясцінамі, усе дні адпачынку жыў у бацькавай хаце, прымаў удзел у жыцці месцічаў і парафіяльнай царквы. Згодна ягонага запавету і пахаваны на мясцовых могілках, поруч з роднымі і блізкімі людзьмі. Быцень быў сапраўдным цэнтрам духоўнасці – сюды прыязджалі многія паэты і пісьменнікі. Засталіся здымкі, як Ул.Караткевіч гародзіць плот на паселішчы М.Грынчыка. Якраз Уладзімір Сямёнавіч прысвяціў многа вершаў Міколу Міхайлавічу і ягонай жонцы Любові Аляксееўне.

Вучыўся маленькі Мікола спачатку ў Быценскай паўшэхнай школе, а потым, як лепшы вучань павета, у Варшаве, куды яго паслалі за казённы кошт.Там добра вывучыў польскую мову і літаратуру. Там і зразумеў, што ён беларус, крэсовяк, бо мясцовыя дзеці абзывалі яго пагардліва “cebula”, г.зн. праваслаўны, мужык, па аналогіі з купаламі праваслаўнай царквы, якія знешне нагадваюць гэтую агародніну. Пасля верасня 1939 года вучыўся ў Слоніме і блізкім Косаве. З пачатку Вялікай Айчыннай вайны ўступіў у змаганне з ворагам. З лета 1942 года быў звязаны з партызанскім падполлем Слоніма, а з сакавіка 1943 стаў сувязным атрада “Савецкая Беларусь” брыгады імя П.К.Панамарэнкі. Пасля вызвалення Беларусі адразу пайшоў на фронт. Пад Варшавай у час дэсантнай аперацыі быў цяжка паранены. Настолькі цяжка, што ўсе лічылі яго мёртвым. Яго ўжо валаклі за ногі ў брацкую магілу, і толькі тады ён на імгненне адкрыў вочы. Потым гэты магутны юнак, грэнадзёр цэлы год лячыўся ў шпіталях Крыма.Магутны арганізм пераадолеў смяротны удар, клапатлівыя рукі дактароў і асабліва санітарак паднялі яго на ногі. Праз год ён ачуняў і вярнуўся дадому, але на галаве так і засталася незагойная рана – прабіты чэрап, зацянуты тонкай скурай галавы. У паганае надвор’е рана заўсёды нагадвала пра сябе. Вайна пакінула незагойны адбітак і ў душы маладога хлопца. Ён яе ненавідзеў, але заўсёды згадваў франтавое брацтва, схіляў галаву перад франтавікамі, лічыў Свята Перамогі самым вялікім, з гонарам насіў баявы ордэн Айчыннай вайны І-й ступені.

Пасля вайны некаторы час працаваў чыноўнікам у адміністрацыі тагачаснага Быценскага раёна. У 1948 годзе стаў студэнтам Гродзенскага педінстытута, які скончыў у 1952 годзе. Праўда, і тут адбыліся дзіўныя метамарфозы. Паступаў Мікола Грынчык на матэматычны факультэт, але калі прыёмная камісія прачытала ягонае сачыненне, угаварылі пайсці на філфак. Аднак выразныя матэматычныя здольнсці потым не аднойчы праяўляліся ў адоранай натуры прафесара. Так, у адрозненне ад большасці прадстаўнікоў тагачаснага літаратуразнаўства, якія грашылі “красивостями”, нанізваючы на радок самыя незвычайныя параўнанні, М.Грынчык імкнуўся да выключнай дакладнасці, выверанасці, аргументаванасці сваіх артыкулаў. Рэдакцыі некаторых часопісаў падчас бянтэжылі акадэмізм (у лепшым разуменні гэтага слова) прац будучага прафесара, аднак у гэтым, на наш погляд, і схавана прычына іх актуальнасці да нашага часу.

Станаўленне М.Грынчыка-даследчыка пачалося ў 50-60-я гады, калі ён паступіў у аспірантуру пры Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук, а затым паўтара дзесяцігоддзі працаваў у гэтым Інстытуце.

Асабліва талент Міколы Грынчыка як вучонага і арганізатара навукі разгарнуўся ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце, дзе ён з 1970 па 1980 год узначальваў кафедру беларускай літаратуры, стаў заслужаным дзеячом навукі нашай рэспублікі. Энцыклапедычна падрыхтаваны, шырока і разнастайна эрудыраваны, ён стварыў школу па даследаванню рэгіянальных асаблівасцей літаратуры і фальклора, падрыхтаваў вялікую колькасць высокакваліфікаваных дацэнтаў і прафесароў. Цяперашнія дактары навук Іван Штэйнер, Мікола Хаўстовіч, дацэнты Віктар Ярац, Уладзімір Каваленка, Уладзімір Сенькавец, Людміла Піскун з Гомеля, Мінска, Брэста, Мазыра з гонарам узгадваюць свайго незабыўнага настаўніка. Апошнія гады прафесар Грынчык Мікола Міхайлавіч працаваў загадчыкам кафедры літаратуры Беларускага універсітэта культуры, дзе таксама пакінуў незабыўны след.

Вызначальных напрамкаў творчай спадчыны М.Грынчыка некалькі. Першы і асноўны – праблема мастацкага фалькларызму, узаемадзеяння мастацкай літаратуры, галоўным чынам паэзіі, з вуснай народнай творчасцю. Менавіта гэтым шматстайным аспектам узаемадзеяння і былі прысвечаны ягоныя дысертацыі (кандыдацкая і доктарская), якія сталіся асновай сур’ёзных, грунтоўных кніг, што не страцілі свайго тэарэтычнага і практычнага значэння да нашага часу.

У першай з іх – “М.Богданович и белорусский фольклор” (1958), якая затым стала асновай манаграфіі “Максім Багдановіч і народная паэзія” (1963), упершыню паказаў ролю фальклора ў станаўленні ідэйна-эстэтычных арыентацый Максіма Кніжніка, вызначыў фальклорныя вытокі многіх сюжэтаў і вобразаў ягонай паэзіі. У грунтоўнай манаграфіі “Фальклорныя традыцыі ў беларускай дакастрычніцкай паэзіі” (дысертацыя “Фольклорные традиции в белорусской дооктябрьской поэзии” (1969) на высокім тэарэтычным узроўні з прыцягненнем велізарнага фактычнага матэрыялу паказаў выключную ролю фальклорна-песенных традыцый у зараджэнні і станаўленні новай беларускай літаратуры. У шэрагу манаграфій і артыкулаў для энцыклапедычнага даведніка “Янка Купала” і Біябібліяграфічнага слоўніка “Беларускія пісьменнікі” вызначыў фальклорныя элементы ў творчасці Я.Купалы, Я.Коласа, А.Куляшова, П.Глебкі.

У час працы загадчыкам кафедры беларускай літаратуры Гомельскага дзяржаўнага універсітэта стварыў студэнцкую навуковую лабараторыю па фальклору, дзе збіраліся значныя фальклорныя матэрыялы, запісаныя студэнтамі і выкладчыкамі пад кіраўніцтвам прафесара М.Грынчыка ў час студэнцкіх практык і фальклорных экспедыцый. Лепшыя матэрыялы перадаваліся ў Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Акадэміі навук або друкаваліся ў зборніку “Беларуская літаратура”, галоўным рэдактарам якога з’яўляўся. Рэгулярна пад яго кіраўніцтвам праводзіліся канферэнцыі па праблемах рэгіянальнага пачатку ў фальклоры, мове і літаратуры. Даследаваў спецыфіку фальклору Гомельшчыны (асаблівасці балады і ваенных песняў, а таксама народнай прозы), спрабаваў правесці паралелі паміж народнай паэзіяй беларусаў і іншых славянаў, а таксама неславянскіх народаў (у прыватнасці фіна-угорскіх). Імкнуўся адрадзіць некаторыя звычаі і абрады ў новых умовах. Знаходзіўся ля вытокаў фалькларыстычнай школы ў ГДУ імя Ф.Скарыны.

Шмат зрабіў для вывучэння адметнасцей беларускай песні ў Інстытуце культуры. З’яўляўся членам савета па абароне дысертацый пры Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору. Пад яго кіраўніцтвам абаронены шэраг дысертацый па фальклору альбо ўзаемадзеянні фальклору і літаратуры.

Мікола Міхайлавіч доўгі час з’яўляўся каардынатарам літаратуразнаўчых і фалькларыстычных даследаванняў у рэгіёне і рэспубліцы, чаму спрыяў той факт, што з 1973 па 1983 год быў галоўным рэдактарам міжвузаўскага зборніка “Беларуская літаратура”. Акрамя даследаванняў народнасці літаратуры, вялікую ўвагу ўдзяляў вельмі складанай тэарэтычнай праблеме – вершаскладанню, якая ў той час была амаль не распрацавана. Ягоная грунтоўная манаграфія “Шляхі беларускага вершаскладання” актуальная і для нашага часу, больш грунтоўных прац у нас, на жаль, за апошнія 30 гадоў не з’яўлялася.

Мікола Грынчык шмат артыкулаў прысвяціў бягучаму літаратурнаму працэсу, напісаў грунтоўныя манаграфіі па творчасці Аркадзя Куляшова, Пятра Глебкі, Максіма Багдановіча. Ён з’яўляўся суаўтарам акадэмічнай “Гісторыі беларускай дакастрычніцкай літаратуры” і падручнікаў для вну, па якіх да гэтага часу вучацца студэнты. Стварыў і клапатліва падтрымліваў літаратурнае аб’яднанне “Крыніца”, блаславіўшы многіх паэтаў у літаратуру.

Традыцыі, закладзеныя прафесарам М.М.Грынчыкам у час працы ў ГДУ імя Ф.Скарыны, захоўваюць і цяпер у дзейнасці студэнцкай навукова-даследчай лабараторыі па фальклору “Вандроўнік” і літаратуразнаўчых кафедр, працах і даследаваннях ягоных удзячных вучняў.

Шмат карыснага для гэтай вялікай справы зрабіла шматтыражка "Гомельскі універсітэт", творчы калектыў якой здолеў паяднаць вакол сябе цікавую таленавітую моладзь. А яе было надзвычай многа – на кожным курсе падавалі сур'ёзныя надзеі па некалькі здольных паэтаў. Іменна ў гэты час вельмі хораша заявілі пра сябе Рыгор Андрэявец, Алесь Дуброўскі, Станіслаў Крупенька, Віктар Ярац, Віктар Стрыжак...

Таіса Мельчанка. Нарадзілася 15 кастрычніка 1947 года ў вёсцы Маркавічы Гомельскага раёна. Вучылася ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце ў 1966-71. Працавала ў рэдакцыі раённай газеты, настаўніцай роднай мовы і літаратуры ў школах Гомеля, рэдактарам Гомельскай студыі тэлебачання. Лаўрэат літаратурнай прэміі Баяна. Друкавалася ў калектыўных зборніках паэзіі: "Мы – беларусы", "Каласы роднай мовы", "Матчына слова", "Гары, агонь Кастрычніка", "Днях паэзіі". Аўтар паэтычных кніг "Вясковая песня" (у зб. "Крыло"), "Бацькоўскі дом" (1989 г.), "Званок у верасень" (1993), "Каласы болю" (1994), "Добры знак" (1997), “Пуціна годнасці” (2002).

Першы верш, прысвечаны маці, убачыў свет на старонках добрушскай раённай газеты, калі маладой аўтарцы было ўсяго 16 гадоў. У паэзіі арганічна спалучаюца лірычныя матывы і публіцыстычны пачатак. У зборніках апошніх гадоў пераважаюць балючыя праблемы сучаснасці: Чарнобыль, духоўная дэградацыя людзей, стан роднай мовы. Многія вершы маюць выразны публіцыстычны пачатак. Гэта ў першую чаргу тычыцца твораў, прысвечаных долі Радзімы, з якой яна добраахвотна паяднала ўласны лёс. Для аўтаркі няма асабістага шчасця, калі на любай старонцы ёсць пакрыўджаныя і зняважаныя, а народ забывае сваю векавую спадчыну. Ёй нясцерпна баліць, а "на сэрца давіць стопудовы камень", бо пасля атамнай катастрофы на гэтай шчодрай зямлі нельга піць з крыніц, ласавацца баравікамі. Трывожыць і лёс славянства, дрэва якога хтосьці хоча ссекчы пад корань. Але якраз знітаванасць з Радзімай, роднай прыродай, бацькамі і далёкімі продкамі дазваляе ёй заставацца славянкай ("нарадзілі славянкай, славянкай памру"), беларускай, жанчынай, маці, якая верыць у адраджэнне Беларусі, роднай мовы, народа.

Я называю Радзіму раем.

Люблю пяшчотна яе да слёз.

То зоркай яснай уяўляю,

То кветкай першай каля бяроз.

Яна ў шчасці са мной спявае.

Чаруе душу жывой красой,

Калі галінку напаўняе

Сок дужай сілай веснавой.

Якое шчасце – сказаць умею:

– Мая Радзіма! Цябе люблю!

Ад шчасця гэтага святлею,

Ад шчасця гэтага жыву.

Пэўны песімізм светаўспрыняцця ўплыве не толькі на тэматыку, але і паэтыку твораў. Спрабуе свае сілы і ў прозе.

На словы Т. Мельчанка напісана шэраг меладычных, напеўных песняў.


1   ...   6   7   8   9   10   11   12   13   14


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка