Анатацыя на кнігу “Deja vu bis” Івана Штэйнера




старонка8/14
Дата канвертавання14.03.2016
Памер4 Mb.
1   ...   4   5   6   7   8   9   10   11   ...   14

Прызнанне ў любові ( Проза А.Наварыча)
У вялікую літаратуру ён увайшоў упэўнена і прыгожа, маючы ў якасці пропуску не толькі два зборнікі прозы (сапраўднай прозы), але і благаслаўленне адметнага творцы і слыннай асобы -- Аляксея Карпюка, які, нібы некалі Някрасаў Дастаеўскага, па некалькіх радках (Ex ungue leonem) заўважыў новы талент і шчыра парадаваўся за яго. Калі ж экзальтаваны Мікалай Аляксеевіч сярод ночы імчаўся па сонным Пецярбурзе, каб паведаміць свету пра нараджэнне новага Гогаля, то не менш арыгінальны Аляксей Нічыпаравіч прадставіў свайго пратэжэ можа не так экзатычна, але надзвычай выразна. Сваю прадмову да першага зборніка амаль невядомага аўтара ён назваў "Слова пра талент" (!) і пачаў яе такім радком, гонар пачуць які выпадаў ой як не многім літаратарам, тым болей пачаткоўцам: "Каб старонняму чалавеку зачытаць асобныя старонкі з гэтай кнігі, то ён хутчэй за ўсё сказаў бы, што напісаў іх Прышвін ці ранні Шолахаў". Вось такая ацэнка кнігі вельмі маладога пісьменніка (згадваецца "Вянок" М.Багдановіча), бо пісаліся творы першых зборнікаў у той час, калі аўтару было крыху болей за дваццаць.

Параўнанні Алеся Наварыча, а гаворка ідзе менавіта пра яго, з Прышвіным і маладым Шолахавым зусім не выпадковыя. Гэтым падкрэслівалася выключная знітаванасць аўтараў са сваім родным краем, сваёй маленькай радзімай. "Лазоревой степью" для маладога Алеся Трушко (сапраўднае прозвішча аўтара) становіцца родны Відзібор з адметным ландшафтам, Прыпяць з яе пратокамі і бабровымі тонямі, нават дарагія сэрцу балоты, прарэзаныя наўрад ці так неабходнымі меліярацыйнымі каналамі, адметныя жыхары, са сваёй спецыфічнай гаворкай і светаўспрыняццем, гэтага унікальнага кавалачка паўднёвага Палесся на мяжы Століншчыны і Лунінеччыны. Калі ж яго зямлячка Жэня Янішчыц узнёсла сцвярджала, што "Беларусь з Палесся пачынаецца", то А.Наварыч сціпла прызнаецца, "што жыве ніжэй Слуцка, блытаючыся ў падоле Маці-Беларусі". Згаданы рэгіён, як і наогул усё брэсцкае Палессе, доўга не меў сваіх аўтахонных аўтараў, менавіта таму цяпер яны імкнуцца як мага хутчэй, з выключнай захопленасцю (вядома ж, неафіты), якая падчас выконвае ролю ружовых шкельцаў, распавесці urbi et orbi пра тое багацце, да якога Бог спадобіў ім дакрануцца. Ці не таму галоўным, а на першых парах вызначальным становіцца захапленне незвычайнасцю роднага краю і гонар за ўсё, што ўваходзіць у разуменне сутнасці апошняга. Менавіта гэтаю любоўю і асвечаны ўсе паэтычныя замалёўкі і апісанні прыроды ў А.Наварыча: "…і нечакана хлопец апынуўся яшчэ ў адным казачным свеце…Гэта быў цуд! Мільён пралесак малочнай пенай заліло паўвыспу, абліло наўсцяж пагоркі…А там, сярод мноства вадзяных веснавых траў, што былі ўсе заглушаны буйна квітнеючай лотаццю, там коцікі бералогу -- жоўтай лазы, густа абсыпалі прагрэтую сонцам ваду, там сярод згрызенага ўшчэнт капытніку і сіту, цягалі вярбовае голле бабры. Яны клапатліва плюскаталі ў неглыбокай вадзе, грызлі кару, абхапіўшы сцяблы лапкамі. Іх, мабыць, было штук з шэсць. І ў незвычайным захапленні падглядваў на гэты свет хлапчына. І назаўсёды ўвайшлі ў свядомасць хлапца -- веснавая чаша з лотаццю і чырвоным цюльпанам, брохаючыя ў ёй бабры, чысты звон з старажытнага сяла".



Здавалася б, каго можна на прыканцы ХХ стагоддзя здзівіць апісаннем прыроды, тым болей гэтага загадкавага, таямнічага краю, паэтычна ўзнавіць які спрабавалі вунь якія слынныя майстры пяра -- І.Крашэўскі, А.Кіркор, А.Купрын, Я.Брыль, У.Караткевіч, , у апошні час Г.Марчук. Вось як апісвае вечар над Гарынню (прыток Прыпяці, некалькі кіламетраў ад Відзібора) у апавяданні "Лесная глушь" А.Купрын: "Теплый безветренный день угас. Только далеко на горизонте, в том месте, где зашло солнце, небо еще рдело багровыми полосами, точно оно было вымазано широкими ударами огромной кисти, омоченной в кровь. На этом странном и грозном фоне зубчатая стена хвойного леса отчетливо рисовалась грубым, темным силуэтом, а кое-где торчавшие над ней прозрачные круглые верхушки голых берез, казалось, были нарисованы на небе легкими штрихами нежной зеленоватой туши. Чуть-чуть выше розовый отблеск гаснущего заката незаметно для глаз переходил в слабый оттенок выцветшей бирюзы…" Амаль афрыканская экзотыка.

Нягледзячы на тое, што практычна ў кожным творы А.Наварыча прырода становіцца не проста аб'ектам успрымання, а рэальнай дзейснай асобай, нельга ўсё ж такі яе апісанні лічыць паэтычнымі замалёўкамі ці пейзажнымі карцінамі. Складваецца ўражанне, што аўтар і не імкнецца да іх ажыўлення, бо ён не проста любуецца гэтай дзікай буйнасцю квецені жыцця, як той жа згаданы Купрын (таленавіты, але ўсё ж такі старонні погляд). Пісьменнік-аўтахон бачыць усё апісанае знутры, ён, па сутнасці, часцінка гэтай прыроды, такога вялікага сусвету. Бо толькі так можна спасцігнуць космас быцця ў найбольш адэкватным выглядзе і перадаць убачанае найбольш адпаведнымі вобразна-выяўленчымі сродкамі. А.Наварыч жыве ў гэтым сусвеце і радасцю падобнага існавання гатоў шчыра і захоплена падзяліцца са сваім чытачом, якога ён надзвычай любіць і паважае, а ў некаторых выпадках, складваецца ўражанне, што і пабойваецца (ці не гэтым абумоўлена пэўная выразная "літаратурнасць" у некаторых выпадках, пра што пагаворым ніжэй). Вось чаму ён запрашае на вялікае, сапраўднае, шчырае свята жыцця якраз на гэтай зямлі. Пачынаючы з самага светлага свята для ўсіх -- Вялікдня, пра якое так натхнёна гаварыў славуты зямляк па дрыгве і Прыпяці Кірыла Тураўскі, і для характарыстыкі якога знаходзіць сваё слова малады таленавіты паляшук: "Здаецца, што сонца ссыпае ў ваду свае бліскучыя промні. На самай справе пасярод русла калыхаюцца хвалі, сонечныя промні бліскаюць на іх вяршынях і гранях. Ад гэткіх зіхоткіх пераліваў на хвалях робіцца неяк радасней, утульней, марыцца пра вялікае мора, вялікія марскія шляхі, марыцца будучыня, якой павінен дабіцца ў чым бы то ні было. Над блізкімі палямі кігікаюць кнігаўкі, грэе чырвоныя ногі ў лужыне бусел, і ўсё наваколле такое светлае, чыстае, так блішчыць, і здаецца, што ніякі там не Хрыстос уваскрэс, а ўваскрэсла ад зімняй спячкі зямля…" І не суціхне гэтая радасць спаконвечнага бытавання ("бытия") нават тады, калі ў чарговы раз заціхне Прыпяць пад лядовым кажухом. Вось чаму так светла і ўзнёсла на вялікім, сапраўдным, шчырым свяце жыцця іменна на гэтай зямлі. Сапраўдным прызнаннем у любові да апошняй стаў "Вянок абразкоў" -- своеасаблівы збор вершаў у прозе (цікава, ці пісаў юны Трушко вершы?). Як некалі на пачатку стагоддзя малады Зм.Бядуля ў сваіх імпрэсіях, а потым незабыўны М.Стральцоў у паэтычных навелах, А.Наварыч выкладвае адметную мазаіку захапляльнага і таямнічага Палесся, прычым мазаіку выключна арыгінальную, цалкам адпаведную светапогляду палешука. Як згаданая ўжо вышэй суседка па балоце (прабачце за такія асацыяцыі) Яўгенія Янішчыц праспявала схаваную пад тлумам гадоў шматвяковую песню жанчыны-паляшучкі, так і А.Наварыч паспрабаваў спасцігнуць міфалагічнае ўспрыняцце сусвету, што ў выключнай ступені ўласціва беларусу-палешуку. Пісьменнік стыхійна ўсведамляе, што незвычайнае, фантастычнае, нават дэманалагічнае так арганічна паядноўваецца ў свядомасці апошняга з рэальнасцю, што і з'яўляецца ўвогуле адметнасцю яго светапогляду і светасузірання. Бо менавіта тут жывуць цары травяной нерушы (аднаіменнае апавяданне), якія ў месячным святле шукаюць на могілках заклятую траву. Яны падсвядома, нібы тыя жывыя істоты, адчуваюць непарыўнае адзінства з усім на гэтым свеце: "І ішлі яны па вераснёвых травах, патптаных хіба што шпакамі. Ліўся светлы струмень на іх галовы, і радасна і спакойна ім было, і адзін аднаго разумеў і адчуваў блізка-блізка еднасць з акаляючым светам. Далёкая высокая аблачына звівалася ў спіраль, здавалася, і яна -- жывая істота. Птушкі катухаліся ля ног. Здавалася, што ўсе пачуцці хлопчыка, не ацемраныя ніводнай ценню непаразумеласці з гэтым таўсматым шаптуном, заліты гэткім жа святлом, якім заліта наваколле, і зараз кожная лагчыначка, купачка травянога поля была быццам выгібам яго малой душы. І квяцістае поле гэтае, не варушанае плугам даросласці, бед, нягод, радасна ззяла вераснёўскім апошнім жарам. І лёгкія думкі яго -- рознакаляровыя матылькі, зайчыкі, што бліскаюць па няроўнай вадзе, і сам ён, як і воблака, як і кашлаты Ральф, як і чорныя палявыя мурашачкі, што мітусіліся ў траве. Усё было ім самім да няўсцерпу".

Ці не таму дурнаваты, як здаецца аднавяскоўцам, Дзямід па прозвішчу Недарэка, палохае сякерай старую яблыню, клянецца ссекчы яе, калі не будзе даваць яблыкі? І, як гэта ні дзіўна, вясной кучаравая яблынька, што год з шэсць як не радзіла, увабралася лісцейкам, а потым густа-густа пакрылася ружовымі цельцамі завязі. Але няма радасці чалавеку ад кіпені веснавой замеці -- гіне апошняе спадзяванне Дзяміда, што ягонае семя дало завязь.

Рамантыку-палешуку да гэтага часу хочацца верыць, што гэта не будзённы гром грыміць над Прыпяццю, а паганскі ўсемагутны весялун і волат Пярун выглядае з-за разарванай хмары і ляскоча ў свой вялізны бубен. Як хочацца, каб у кожным Глушцовым воку (азерцы) жыло сваё Лох-Нес. Бо нават Саўка, што некалькі гадоў выседзеў у балоце, не баяўся нічога на свеце, толькі аднаго вадзяніка, які ноччу цягне чалавека за нагу ў ваду. Бо толькі тут, як у нейкім трылеры, можна ўбачыць неверагоднае: "У промільгах маланак, на свой вялікі жах, убачылі пад нагамі бясконцае мноства жаб, гадаў, нейкіх пачварных трытонаў -- хто толькі там не поўзаў! Уся горба пад самым верхам кішэла жабамі самых разнастайных памераў і форм: ад чорных, з кепку, рапух да маленькіх вяртлявых жабак, ад даўгалыгіх, лупавокіх лугавых жаб да тых з аранжавым чараўцом ядавітаскурых жарлянак яшчэ з асколачкамі нерассмоктаных хвастоў". Бо толькі тут жывуць незвычайныя птушкі рабкі, што існуюць сярод грому, б'юць на ляту вясёлкава-зіхоткія кроплі дажджу, пералётваюць ноччу такой, каб іх ніхто не ўбачыў. Гэта сапраўднае свята жыцця, якое ніколі не забудзе чалавек, бо ён далучыўся да зыходных асноў існавання.

Вось чаму становіцца рэальным нават напаўфантастычны пералёт праз раку без маста. Толькі здзіўленне поруч з усведамленнем, што так усё і павінна быць, ахоплівае герояў навелы "Масток у будучыню", калі яны нейкім незразумелым чынам трапляюць ледзь не ў родную вёсачку, пакінуўшы за плячыма паўнаводную Прыпяць. Ёсць нейкая вышэйшая сіла, што спрыяе здзяйсненню нават самых фантастычных падзей і спадзяванняў. Невыпадкова падлетка ратуе ад смерці ўспамін пра забітага сябра ("Злачынства і кара"). Гібель апошняга і ўзрушаныя згадкі пра яе і дапамагаюць хлопцу ў апошні момант адвесці ўласнае вока ад смяротнага начыння.

Наогул, навакольны сусвет не мае кардынальна-антаганістычнага падзелу на сферу выключна чалавечую і сферу фауны. Вось чаму герой твораў А.Наварыча так імкнецца ўвасобіць свае "паганскія спробы" (выраз аўтара) зблізіцца з гэтым непасрэдным дзікім, не чалавечым -- у сэнсе homo sapiens -- светам. Велізарнейшая радасць ахоплівае сэрца хлопца з аповесці "Забівец", бо яно перапоўнена самотна-ціхім пачуццём еднасці згаданых паўсфер, што яшчэ застаецца таямніцай для астатніх. А ў гэтае паняцце ўваходзіць многае -- і веданне кожнай раслінкі не толькі па знешняму выгляду, але і нават па паху. І ўспрыманне таго ж бабра не ў якасці будучай шапкі, а хаця б як блізкай свойскай жывёлы. Невыпадкова ў апошняга ёсць дыхала, як і ў кіта, ноздры падобныя на сабачыя, а галавой ён паводзіць марудна -- як карова. І верыцца ў тое, як прадстаўнікі супрацьлеглых сусветаў робяць першыя крокі насустрач: "І пачаў хлопец хадзіць да гэтага бабра і моцна пасябраваў з ім. Некалькі разоў бабёр пужаўся яго, але Міхал не праяўляў ніякіх ваяўнічых намераў. І мала-памалу звер перастаў хавацца пад ваду і ляжаў на паверхні, разглядаў чалавека, і Міхал разглядаў яго, намагаючыся ўсё бліжэй і бліжэй падысці да вады. Яны абодва маўчалі, маўчалі так зацята, быццам гулялі ў маўчанку, -- хто першы парушыць цішыню, той прайграе нешта неверагодна для сябе каштоўнае. Навокал была чутна бурлівая летне-веснавая калатня жыцця, а яны ўсё маўчалі, што здавалася, зараз ні адзін, ні другі не вытрымаюць і закрычаць кожны на сваёй мове. І заравуць, закрычаць кожны на сваёй мове не што іншае, як песню якую, радасць якую. Але стаялі яны, усё маўчалі, а Міхал быў побач з бабром, і бабёр не баяўся яго, і яны абодва былі, мабыць, задаволены тым, што бачаць адзін аднаго. Бабёр вылазіў на сушу, сушыўся, міргаў вочкамі-пацеркамі, нават чмыхаў, нават кашляў зусім як чалавек…але заставаўся спакойны, прыглядаўся да Міхала, які сядзеў побач, не варушачыся. У сяле брахалі сабакі, спявалі пеўні, радасна галёкалі дзеці на выгане, увесь свет жыў у руху, крыках, гуках. І Міхал аднойчы не вытрымаў, пачаў шаптаць жывёліне словы, і бабёр пачаў слухаць, мабыць, зацікаўлены гэтым шыпеннем, што выцякала з чалавечых вуснаў:

-- Бобрык, ты мой, бабранятка. Ну чаго ты насюру сваю чэшаш, паглядзі на мяне, паглядзі!"



Верыцца, што бабёр цікавіцца рытмічнай гаворкай, што ён з задавальненнем слухае вершы, дэкламуемыя адным з кагорты злосных людзей. Сімвалам нескаронасці і жыццяздольнасці падводнага свету Палесся становіцца і магутны язь, што прымае ў тых жа людзей экзамен на права называцца чалавекам. Можа, ён і не дасягае памераў рыбіны Хэмінгуэя, але затое становіцца бліжэйшым родзічам славутага карпа з палескай аповесці В.Казько (алюзіі з апошнім узнікаюць даволі часта).

У цэлым героі А.Наварыча імкнуцца спалучыць аўтахоннае з класічным. Так, яны з гонарам усведамляюць, што радзіма русалак -- Беларусь. Вось чаму такім родным становіцца Міцкевіч, бо "гучаць у ім матывы ці пасмурных воблакаў над краем, ці родныя з'явы -- лесуны, русалкі з возера". І як той наіўны герой згаданага Някрасава са страхам хоча ўбачыць чарцей, так і Міхал чакае наканаванай сустрэчы з палескай Свіцязянкай. Ён жа шукае ў роднай збажыне дзіўных гепардаў і таму ўжо сам, нібы згаданы драпежнік савану, аглядае залатую ніву. Можа і сапраўды празмерна разумная кніжка крыху шкодзіць палешуку. Тым болей, што А.Наварыч валодае такім рэдкім дарам спасцігнуць унутраную сутнасць таго ж бабра, язя, ваўка, птушкі, нават земнаводнай істоты. Бабрыха, што так асцярожна нясе свой жывот, дзе ўжо нешта збіраецца варухнуцца, уражвае сваім адчуваннем крохкасці ўсяго жывога на свеце і веліччу мацярынскага інстынкту. Спробы спасцігнуць таемныя намеры ваўкоў сведчаць аб тым, што няма на гэтым свеце ідыліі, і што чалавек кіруецца ў сваіх учынках не толькі сэрцам ці розумам, але і больш магутнымі сіламі. The call of the wild -- кліч продкаў, спрадвечнага, лесу -- так абазначыў у свой час гэтую магутную сілу Джэк Лондан. "Быццам у ім загаварылі спадкавыя інстынкты, быццам ён выглядаў з першабытнай пушчы, каб украсці якую дзяўчыну для свайго роду-племені і выбраў менавіта яе, бо мела іншыя гены, іншую кроў, каштоўную кроў, і ён абавязкова павінен быў яе ўкрасці, каб каб узмацніць свой род, каб даць выжыць племені". Інстынкт паляўнічага раптоўна абуджаецца ў аматары паэзіі, першасны, калі ўсё ў чалавеку мяняецца: абвастраецца да неверагоднага кемлівасць, скарыстоўваецца да канца гнуткасць пазваночніка, усё цела прыпадабняецца да вужынага ці яшчаркавага. Ён ужо не чалавек, а кот, што крадзецца да вераб'ёў. І нікуды не дзенешся ад яго, бо гэта функцыя часткі тваёй душы, і калі ты будзеш не задавальняць яе, то будзеш адчуваць не тое што дыскамфорт, а мала-памалу смяртэльную нуду, бы той самы хорт на ланцугу. Дух бадзянняў паляўніцкіх ажыўляе ў сабе такога ж сабаку, чытаецца ў вачах, што блішчаць агнём рысі, якая кідаецца на казулю, прымушае ўскочыць на ногі, бы таго гепарда. А можа і сапраўды ў чалавеку заўсёды жыве "кроў Каіна", памкненне забіваць? Як у дзяцей з рамана Голдзінга "Уладар мух", што жылі, здаецца, зусім без уплыву цывілізацыйных асноў. А можа змены адбываюцца таму, што там, дзе з'яўляюцца маленькія бабраняты, тыдзень "святкуе" п'яная школьная моладзь? А можа ідылія бытавання звера і чалавека была раструшчана не толькі патугамі паляўнічага шалу, што з'явіўся як вынік тысячагадовай камбінацыі генаў, але і дзікім пачуццём, што бурыць чалавечае каханне і ператварае яго ў звычайны фізічны акт, за які сорамна і табе і ёй? І наколькі чалавечней выглядаюць тыя ж бабры, якіх ты з-за сваёй зайздрасці ды чысціні вясковага кахання забіваеш, страляючы ў чарговы раз у сябе. Згадаем У.Караткевіча, які ў "Баладзе пра дзіка і пра чалавека", называючы родную зямлю чужою пасля братазабойства (дзіка), усклікае: "Што ж цяпер ты мне, дзік, падорыш? Мне, забітаму, ты, жывы?.." Невыпадкова апошняе жагнанне героя А.Наварыча суправаджаецца канстатацыяй: "Свяціла, нібы раўло, нямое сонца" (памятаеце чорнае сонца Шолахава як страта сэнсу жыцця).

Людзі, у адрозненне ад звяроў, гатовы знішчаць і сабе падобных, што яскрава ўвасоблена ў палескай былі "Цкаванне вялікага звера". Рабінзанада навыварат дае мажлівасць паразважаць не толькі аб унутранай сутнасці чалавека (як у згаданай антыутопіі Голдзінга), але і аб ролі абставін у долі чалавечай.Тым болей, што названыя спробы ўласцівы не толькі замежнай літаратуры. Так, у вершаванай аповесці-гавэндзе "Хадыка" (1847г.) Уладзіслаў Сыракомля паведаў свету трагедыю маладога асочніка, што ўпусціў мядзведзя, прадвызначанага на забавы гетмана. Скрыўджаны, скрываўлены хлопец забівае пана лоўчага, а сам хаваецца ў пушчы. Трыццаць год правёў пад яе шатамі няшчасны Хадыка. Родная зямелька спачувала хлопцу, што, як прывід, праблукаў па гушчарах столькі летаў і зімаў, давала яму спачынак і схарон. Але і яна не змагла заглушыць тугу па родных. Старац ўрэшце вяртаецца да людзей і ў гэты ж дзень памірае. І толькі паданне засталося пра дзіўнага вандроўніка, у якім пазнавалі колішняга асочніка.

Нічога новага няма ў гэтым сусвеце. Роўна праз стагоддзе трагедыя паўтараецца. Здарылася яна таксама на Палессі, літаральна ў некалькі дзесяткаў кіламетраў ад першай. У 1947 годзе дэмабілізаваны салдат Іван Бушыла заступіўся перад супрацоўнікамі НКУС за маршала Жукава, што трапіў у няміласць да Сталіна. І, каб не паехаць да белых мядзведзяў, выбірае палескі хлопец родныя лясныя абшары. Сорак два гады блукаў ён па балотах, навакольным сасняку, начаваў у капе сена ў глухім непрыветным лесе. Рассыпаўся ад старасці родны дамок у вёсцы, занеслі на клады бацькоў, а ён так і не выйшаў да людзей. "Баяўся, усіх баяўся", -- такі быў адказ няшчаснага. Не ведаю, ці былі знаёмы А.Наварычу згаданыя гісторыі. Можа, проста таленавіты празаік падсвядома, з дапамогай тэлепатыі ці яшчэ нечага, спасцігнуў рэальную трагедыю, што патрабавала абавязковай згадкі, чалавечай цеплыні і спагады. Вось чаму і стварае аўтар загадкавую адысею пра зграю ваўкоў: ёю верхаводзіць нейкая дзіўная істота, у якой потым з цяжкасцю пазнаюць чалавека. Што ж адвяргае чалавека ад сусвету яму падобных? Наколькі страх можа паралізаваць яго асноўныя сувязі і пачуцці? Што можа вярнуць яго назад? Успрыняцце выключна паляшуцкай трагедыі з пункту гледжання маці, каханай, самога Леўкі, ягоных аднагодкаў, ваўкоў, нават шалапуткавага бабра, што заблудзіўся ў норах, паляўнічых, што ладзяць аблаву і як быццам ставяць кропку ў трагедыі, а на самой справе ўздымаюць новыя праблемы:

"На краёчак палонкі выкараскаўся… маленькі голенькі хлопчык. Ён быў зусім голенькі, расчырванелы і мокранькі, быццам яго толькі дасталі з ночваў. Хлопчык выпрастаўся, абапіраючыся ручкамі аб кавалак лёду, і папраставаў басячком да Сямёна. Сямён закрыўся рукамі, зажмурыўся. Ён не чуў, як шоргаліся ў палонцы вада і лёд, як трашчалі голлем паляўнічыя, што выскачылі на пачуты лямант… Чалавек прыслухоўваўся, скурчыўшыся на месцы ад жаху, ці не чуваць шлэпання босенькіх маленькіх ног…"

А як жа па-іншаму зразумець сутнасць тых выключных трагедый, што абываюцца на гэтай зямлі? Чаму на ёй валадарыць злосная чужая сіла, якая не мае літасці ні да баброў, ні да ваўкоў, ні да людзей, што вымушаны разам хавацца ў тарфяных норах. Тым болей, што ў свядомасці мясцовых жыхароў пануе нейкая, гаворачы мудрагеліста, амбівалентнасць. Як лічыць А.Наварыч, даволі часта тут ускалыхваецца даўнішняя памяць пра ранейшае жыццё-быццё, калі дзяды-тубыльцы ў лазовых пасталах выходзілі з чорнага балота. І тады ўсё агалошваецца навокал старажытнымі, грубавата-пяшчотнымі гукамі: "І хай люды полякаюцца, але шолотыты воны дэ б ні булы, будуць по-свойому, бо мы шчо -- ны люды, і говорынне нашэ не людскэ?" Зразумела, што палешукі згаданага рэгіёну выразна адчуваюць сваю непадобнасць. Невыпадкова нават звычайны дзядзька Стахавец стварае тэорыю сваёй адметнасці: фізічнай ("чоловік світлогокі, мочка ёго вуха свободная"); лексічнай ("у рускіх -- клевер, у беларусаў -- канюшына, тут -- смоктушкі"); фанетычнай (ужо згадвалі); марфалагічнай (гразь-князь- колодзязь -- усе гэтыя формы паляшуцкія); а ў рэшце рэшт тут, аказваецца, жывуць відуны -- нашчадкі ўсіх народаў, што тут булы-жылы. Вось чаму хлопец нарэшце прыходзіць да вываду, што ён "у сваёй гарбузнай рэспубліцы, у сваёй Відуніі, на сваім родным Палессі".

Па сутнасці, А.Наварычу прыйшлося двойчы ўваходзіць у адну і тую ж плынь, якую пераадольвае толькі аднойчы "чыста" беларускі літаратар. Для таго, каб стаць адным з апошніх, яму патрэбна было дыстанавацца ад многіх слоў матчынай мовы, прайсці яшчэ раз праз пакуты сумнення і расчараванняў у пошуках сябе ў "крывічанскай" стыхіі, пабываць у ролі герояў-праўдашукальнікаў з навелы "У цягніку" ("сарамлівы і злы, як сапраўдны ліцвін"), убачыць руіны слаўнай гісторыі, адчуць віртуальнасць цяперашняй Радзімы з не меншай віртуальнасцю яе сучаснага мастацтва і, у рэшце рэшт, убачыць у нейкіх неадэкватных дзецях у незразумелай сітуацыі сімволіку будучай надзеі. Ці не гэтым тлумачацца і пошукі яцвяжскіх каранёў і спроба стварэння новай літаратуры. Тым болей, што пошукі і спробы праходзяць пад выразным налётам "летуценнага песімізму".

Што тычыцца апошняга, то, як сведчыць сам пісьменнік у згаданым інтэрв'ю, "летуценняў сапраўды стала меней". Выразнаму аўтарскаму песімізму спрыялі пэўныя негатыўныя змены ў суадносінах пісьменнік -- чытач, выдавецкіх справах, грамадска-палітычных абставінах. Ды і само жыццё, як і спракаветная здабыча кавалка хлеба, даволі хутка развейваюць ружовы туман.

Выразна іншым паўстае А.Наварыч у апошніх навелах ("Чырвоны мур пад зялёнай ялінаю" і "Грушы"). У аўтара ўжо і следу няма ад юнацкага максімалізму, ён ужо не дзеліць сусвет на белае і чорнае (у сэнсе ацэнак), зразумеўшы, што так цяжка спасцігнуць ісціну -- калі гэта наогул магчыма. Так, першы са згаданых твораў апавядае аб нечаканай сустрэчы непрымірымых ворагаў. "Адзін жыў і тросся, як асінавы ліст, за тое, што здзейсніў забойства, смерць учыніў бязвіннаму чалавеку, а другі жыў і начамі скрыгатаў зубамі ад таго, што помсты хацеў, а адпомсціць не мог..." Але ніхто ўжо не збіраецца помсціць. Адзінае, што просіць муж і бацька забітай жонкі і дачкі ў забойцы -- паказаць магілу няшчасных. Бо даўно зваліўся сасновы крыж, магілы абраслі травой, здзічэлымі ружамі і язмінам і следу ад іх не засталося -- "не пазнаць, не адшукаць, як ні шукай, як ні поўзай на каленцах, як ні абмацвай траву і ўзгорачкі, аброшваючы іх горкімі слязамі".

Не менш трагічны і фінал другой навелы: "цяпер няма таго хутара. Ні хутара, ні грушаў. Хату разабралі, сад выкарчавалі. На пустой сядзібе засталіся толькі шулы ад дзвярэй ды ў бур'яне ляжаць кавалкі каляровага шкла".

Omnes una manet nox -- усіх чакае адна і тая ж ноч. Можа таму так трэба быць ашчадным і любасным у дачыненнях з людзьмі. І наўрад ці патрэбна руйнаваць гэты сусвет дзеля таго, каб, як гаворыца ў іншым лацінскім выслоўі, здзейсніўся б справядлівы суд.

У адпаведнасці са змяненнм светапогляду аўтара, мяняецца і яго выяўленчая палітра. Шматколерная пастэльная акварэль саступае суроваму алею жыцця, які і сам падчас замяняецца рэзкай графікай. Толькі дзе-нідзе, асабліва ў апісанні любімай прыроды, блісне жаўтаватая ўсмешка юнага аптыміста. Усё гэта сведчыць аб сур'ёзных творчых пошуках А.Наварыча, выпрацоўцы новага ўласнага светаўспрыняцца і спосабаў яго ўвасаблення. На карысць апошняму і яго ўдалыя спробы ў сферах сатырычнай і парадыйнай. Так, згаданае апавяданне "Камуністы" ўяўляе сабой не проста пашыраны анекдот у духу Ф.Багушэвіча, Ядвігіна Ш. ці М.Светлова -- народная этымалогія незразумелага і нелюбімага, "небяспечнага" для героя слова : у дадзеным выпадку алітэрацыя слоў "іконы" са спалучэннем "і коны" (у адпаведнасці з вымаўленнем палешукоў), а характэрны зрэз спецыфікі народнага светаўспрымання. Перыпетыі ўступлення неразваротлівага Мікіты ў "кумпарцію" вельмі нагадваюць адвечныя фальклорныя спробы ўзняцца па драбінах, як цыган, на неба, ці вядомыя памкненні ўжо напаўзабытага Шчукара здабыць з дапамогай падобнай аферы хоць які-небудзь партфель. Камізм сітуацыі значна ўзмацняецца апісаннем паслязастольнага "спаборніцтва" на права належаць да вышэйшай касты і наіўным разуменнем, што корань галоўнага слова -- кум…

Наогул, А.Наварыч -- мастак ствараць самыя неверагодныя сітуацыі. Сведчаннем таму як фабула згаданых ужо твораў, так і выключна фантастычнае апавяданне "Вяртанне сыноў", змешчанае ў альманаху "Тутэйшыя". (Магчыма, гэта аўтарскі адказ на запатрабаванне часу забавіць чытача фантастыкай, прыгодамі, дэтэктывамі).

У яшчэ большай ступені здзівіў усіх палескі хлопец аповядамі пра дзівосныя прыгоды Рабунькі ("Крыніца", № 16, № 20). Хаця, здавалася б, чаму тут здзіўляцца. Таму, што ў каровы ад чарнобыльскіх перасяленцаў нарадзілася цялятка, здольнае гаварыць па-чалавечы і малпаваць усе недахопы homo sapiens? Дык зараз Галівуд запоўніў увесь сусвет разнастайнымі вычварэннямі, што з'явіліся ў выніку тэхнічных мутацый. А беларус з маленства ўзгадаваны на казачках і байках, дзе зусім натуральна герой гаворыць з катком, конікам, казой, ваўком і г.д. Але ў дадзеным выпадку аўтар арыентуецца не на нацыянальную фантастыку, а на традыцыі народнай смехавай культуры, яе карнавальнага пачатку. Вось чаму ён праводзіць сваю гераіню, як некалі Лесаж свайго крывога нячысціка, па ўсіх ступенях сацыяльнай лесвіцы, а потым вяртае да родных крыніц, падрослай мяты. Наўрад ці тут варта знаходзіць пэўныя паралелі, сам аўтар цытуе Стэндаля, што "палітыка -- камень на шыі мастацтва". Як некалі кот Гофману, уся рэальная фаўна Я.Баршчэўскаму, Красуля і Падласенькі Ядвігіну Ш., Рабунька дазваляе А.Наварычу стварыць фантасмагарычную сітуацыю, дзе сплятаецца рэальнае і фантастычнае, камічнае і трагічнае, дзе толькі фінал выразна антыказачны -- усё застаецца як і раней (відаць, гэта тлумачыцца адвечна беларускім -- не хачу быць каралём).

Дык што, яшчэ адну казачку паведаў нам А.Наварыч? Бо вядома, што гаварыць могуць і трудзяга канік, і наіўна-пацешны мядзведзік, і дурнаваты воўк, не гаворачы ўжо пра коціка. Пра гэта шмат напісана, і яшчэ болей сказана. Згадаем коціка ў ботах, які служыў у Глінскага-Папялінскага. Або велізарнага чорнага ката Варгіна, пра якога так хораша паведаў Ян Баршчэўскі. Праўда, цёзка бога ўсіх катоў не гаварыў, а толькі сыпаў іскрамі і шкодзіў. Далёка яму было да славутага ката Мура з рамана Гофмана, які мог не толькі ўчыняць дробныя пракуды (што ў цэлым уласціва гэтым істотам), але прафесійна складаў вершы, цудоўна спяваў і пакінуў пасля сябе ўласна створаную эпапею свайго адметнага жыцця. Ну ладна, коцік, з гэтым усё зразумела. Ён увесь час з чалавекам, заўсёды спіць у хаце, бывае, што ў гаспадаровым ложку, ды і жыццё чалавечае ў яго пастаянна на вачах. Яму і карты ў рукі, г.зн. у лапы.

А то раптам ні з пушчы, ні з поля загаварыла будучая карова, гэтая, здавалася б, неабцяжараная інтэлектам машына для выпрацоўкі малака. (Чамусьці ў беларускай народнай традыцыі кароўка вельмі рэдка згадваецца ў параўнанні з конікам, козлікам, нават свіннёй.)

Да таго ж перад намі паўстала незвычайная, эстэтычна адораная натура, здольная ўбачыць і адчуць не толькі сакавітасць веснавой травы, але і радасць фізічнага існавання на гэтым свеце. Бадай што ніводная казачная істота так высока не эстэтызавала рэальнае бытаванне. Самыя экзальтаваныя радкі дзённікаў Л.Талстога нагадваюць парывы душы пярэстай Рабунькі: "Перажываючы разам з прыродай яе поступ, буду злівацца з ёй, судакранацца з любімым у прыродзе". Бо яна здольна ўбачыць, як "пад хмурым небам поўзалі снежныя ўюны ў платах", як "люстраная бліскучая раўніна слепіць сонцам", як можна згубіцца ў сонечнай белі, як густа дыхаць у тумане-снегаедзе, як прылятае шпак-разведчык, кнігаўкі плачуць дзецьмі над палямі, мерзне бусел у сваім кубле. Рабунька з поўным правам можа сцвярджаць, што душа яе паранена прыгажосцю свету.

Па сутнасці перад намі паўстаюць дзве інтэрпрэтацыі адной гісторыі: аб'ектыўная, напісаная непасрэдна самім казачнікам, і суб'ектыўная, дзе падзеі пададзены ад першай асобы, што не вельмі звыкла для згаданага жанру. Але як бы ні было, дзве спробы паведаць пра адно здарэнне – гэта своеасаблівае бінакулярнае бачанне, фатаграфічны аппарат пісьменніка Л.Андрэева, які той сканструяваў на пачатку стагоддзя. Спалучэнне ўспрыняцця рэчаіснасці староннім поглядам і зацікаўленым самой гераіні значна ўскладняе адлюстраванае, надаючы яму неабходную рэльефнасць і глыбіню. ("С уверенностью и спокойствием, свойственным подлинному гению, передаю я миру свое жизнеописание, чтобы все увидели, какими путями коты достигают величия, чтобы узнали, каковы мои совершенства, полюбили, оценили меня, восхищались мною и даже благоговели предо мной", – такім высокім стылем паведаў пра свае велічныя задумы кот Мур, Homme de lettres tres renome.

Не менш велічныя задачы ставіць перад сабой і Рабунька (перафразіруючы вышэйзгаданую цытату, удакладнім: паказаць, як "скоты достигают величия"). І, відаць, мае на гэта права, бо ў старажытных акадэмічных статутах зафіксавана толькі забарона дапускаць аслоў да прафесарскай кафедры. Чаму ж карове не выступіць у той сферы дзеяння, дзе тоўпіцца столькі людзей, якія не маюць ні сіл, ні схільнасцей са здольнасцямі да іх. Чытач можа толькі пазайздросціць выразнай напорыстасці незвычайнай гераіні, што вырашае вывучыць дасканала мову, прамоўніцкае мастацтва, матэматыку і батаніку, пры гэтым не забываючы пра спорт, заняткі аўтатрэнінгам і сінтонікай (зноў згадваецца юны Талстой).

Праўда, на гэтым шляху яна і шмат што беззваротна траціць. Раней у казачных краінах ніводны звер не станавіўся галоўным героем, калі там дзейнічаў чалавек. Першы толькі дапамагаў станоўчаму персанажу дасягнуць пастаўленай мэты, падчас спецыфічнай, як, напрыклад, даўгавухі сябра Жанны Д'арк прапаноўваў дапамогу ў пазбаўленні дзявоцтва. Бо калі пачынаецца слугаванне людзей ніжэйшым істотам, то ўсё перакульваецца ў свядомасці чалавека і скаціны, нішчачы нешта асноваўтваральнае і там, і тут. Невыпадкова тая ж самая Рабунька мудра адзначае, што "жывёлы – гэта абсалютна разбэшчаныя людзі, а людзі – гэта вытрэніраваныя цывілізаваныя жывёлы. Іншай розніцы няма".

Згадаем, сама рагатая гераіня ўваходзіць у жыццё даволі па-чалавечы. Яна не толькі радуецца буйнакветнасці жыцця, але на фоне зямной прыгажосці марыць-цудзіць пра светлае каханне, што мроіцца ёй у выглядзе чырвонага быка. Разам з тым наяўнасць аналітычнага мыслення дазваляе ёй убачыць не толькі "квітненне шыпшыны, але і блуд сабак". Як і кожны пачынаючы рамантык, Рабунька падсвядома адчувае, што каханне, а разам з тым і жыццё, куды больш бруднае, чым гэта можа здацца пасля чытання раманаў. Вось чаму, развітваючыся з "цялушаствам", г.зн. юнацтвам, яна пачынае ўсведамляць – а з былых рамантыкаў заўсёды нараджаюцца самыя адметныя цынікі – што не мае ні волі, ні ўлады (і нашто ўсё гэта карове?), і нешта надломваецца ў свядомасці гарэзлівага і няўрымслівага чатырохногага вундэркінда. Душа яе становіцца адкрытай для вірусу чалавечых заган, сярод якіх дамінуе хваравітае жаданне быць заўсёды першай: "Сёння выконвала функцыі пастуха. Якая насалода кіраваць іншымі".

У класічнай казачцы метамарфозы ў большасці выпадкаў ўяўляліся параўнальна мірнымі – вуж, мядзведзь, нават пачвары ціхенька пераўтвараліся ў каралевічаў. Тым болей, што мяжа паміж чалавекам і жывёлінай заўсёды заставалася непераадольнай. Звяры маглі змяняцца ў чалавека і наадварот, але іх унутраная сутнасць заставалася нязменнай. Ваўкалак нават у часы самых пакутных выпрабаванняў памятае пра сваё людства (абараняе дзяцей, аднаўляе справядлівасць і г.д.). Невыпадкова ў "Шляхціцы Завальні" Яна Баршчэўскага ваўчыцу, што выкарміла Ромула і Рэма, лічаць жанчынай у звярыным абліччы; як і чалавека, перакінутага ў мядзведзя ці нават асла (згадаем Апулея). Нешта крута мяняецца ў свядомасці ласкава-паэтычнай Рабунькі, яе далейшая духоўная эвалюцыя ідзе ўжо не па вектару развіцця класічнай казачнай каровы, што гатова ахвяраваць дзеля няшчаснай сіраты нават сваім целам, а ў напрамку эксперымента, праведзенага крыху раней прафесарам Прэабражэнскім над пакрыўджаным доляй і людзьмі бясшкодным дварнягам. Толькі калі Шарыкаву заміналі ворагі народа і каты, то рагатай істоце перашкаджаюць і беларуская мова, і паэзія на гэтай мове, як і працэс яды, і бруха, і малако з яго вытворнымі, г.зн. усё, што ў той ці іншай ступені звязана з "турыным нашчадствам" (гэтак яна разумее сваю генетычную спадчыну, бо цепліць надзею, што з'яўляецца у нейкім пакаленні галандкай і тым самым звязана з Пятром І. Наколькі вышэйшы ў гэтым плане каток Мур, які ніяк не хоча "отректись от своего честного кошачьего естества").

Доўгі час мы лічылі, што толькі Гофман можа перакідаць людзей ў дзікіх звяроў, а апошніх – нават у саветнікаў прускага каралеўскага двара. З таго часу шмат што змянілася з аднаго і з другога боку люстэрка. Вось чаму ў з'едліва-кранальнай гісторыі Рабунькі бачыцца хутчэй шлях да ўлады энергічных свіней з оруэлаўскай "Фермы", чым класічныя патугі дурня на трон. Дарэчы, у Беларусі амаль ніхто ніколі не хацеў на царства. "Не хачу быць каралём", – ад імя ўсіх беларускіх герояў заяўляе Несцерка. Тым болей, ніводная жывёліна да гэтага часу не заяўляла аб сваім жаданні кіраваць людзьмі. Менавіта таму звычайная показка становіцца, на жаль, жорсткаю фантасмагарычнасцю з непрадказальным фіналам. Хаця ў нашым выпадку ўсё завяршылася добра – выпіўшы вядро шампанскага, Рабунька страціла ўсе свае чалавечыя якасці і стала звычайнай рахманай кароўкай, што так шчыра радуецца сакавітай траве і сваёй ласкавай гаспадыні. Sic transit gloria mundi. "Так ещё раз подтвердилась та истина, что с преждевременно созревшими гениями дело на лад не идет. Они или увядают, коснея в безличной и бездумной холодности, и теряются в толпе посредственности, или же слишком рано уходят из жизни", – гэтымі словамі Гофман развітаўся са сваім героем. Не дапамог Муру ордэн Паджаранага сала, як Цынонберу ордэн зялёна-плямістага тыгра з дваццацю гузікамі, як Рабуні "Мерсэдэс" са стойлам і гамашы на капыты. Усё вярнулася на кругі свая: вучоны кот памірае, пратэжэ феі вяртаецца ў сваю халупу, карова – у стойла.

Аўтар паказаў гэты сусвет крыху іншымі вачыма, і мы ўбачылі і родную прыроду зусім іначай, і многія чалавечыя схільнасці і заганы, і, наогул, спрадвечныя чалавечыя радасці. Яшчэ больш дасканала ўвасобіў ён згаданыя праблемы ў адным з апошніх апавяданняў "Антонік" (Полымя, №8, 2001), дзе шчыра і пранікнёна паказаў не толькі адыход з гэтай зямлі звычайнага палешука Антона Шахрая, па-вулічнаму названаму з-за сваёй фізічнай мізэрнасці Антонікам, але і добра ўвасобіў адметныя рысы нацыянальнага характару. Герой А.Наварыча – сціплы царкоўны стараста палескай вёскі, дзе няма нават царквы, а толькі каплічка, што і адмыкаецца толькі ў дзень пахавання аднаго з яе былых жыхароў. І само апавяданне пачынаецца са смерці старога Базыля, пахаваць якога – клопат Антоніка. Аўтар даволі грунтоўна перадае нетаропкі абрад вясковага пахавання канца ХХ стагоддзя і на гэтым фоне глыбока псіхалагічна паказвае – але і свечка трашчала не ўвесь час. І тады ад цішыні аж звінела ў вушах і рабілася страшна. Антоніку здавалася, што вось-вось пачуе ў гэтай глухмені голас самога Усявышняга".– як душу сціплага чалавека запаўняе прадчуванне хуткай уласнай смерці. Зразумела, перад намі не смерць Івана Ільіча з яго рэфлексіямі і інтэлектуальнымі экзерсамі". Але А.Наварыч паказвае сапраўды народную філасофію палешукоў, чалавека, які, адыходзячы ў вечнасць, не адчувае дзікай рэўнасці да тых, хто застаецца на зямлі, а наадварот, да апошняй хвіліны думае пра жонку, унучак, непуцёвую дачку. Сціплы Антонік – сапраўднае ўвасабленне нацыянальнага духу беларуса. Гэта жаданне жыць у адпаведнасці з чалавечымі і боскімі законамі, гэта і нейкае падсвядомае адчуванне сваёй неіснуючай віны перад светам і людзьмі, і тая клятва сціпласць і неўпэўненасць у сабе і сваіх учынках. Яны сыходзяць, гэтыя наіўныя і велічныя ў сваёй наіўнасці людзі. А іх месца займаюць Шэршні і набрыдзь, якія ніколі не будуць ашчажджаць агульны здабытак. Надзвычай цікавымі ўяўляюцца і назіранні аўтара над адметнасцямі нацыянальнага менталітэту, калі беларусы не могуць пагадзіцца між сабою.

Згаданыя пошукі сведчаць пра тое, што прыйшоў час А.Наварычу стварыць аб'ёмны твор, у якім, як і ў жыцці, знойдзецца месца і для трагічнага, і смешнага, і фантастасмагарычнага, і развагам пра каханне і філасофію бытавання, як чалавечага, так і братоў нашых меншых, дзе прагучаць як словы літаратурныя, так і паляшуцкія. А што ж? Беларусь з Палесся пачынаецца…

Падобным пажаданнем некалі я завяршаў эсэ пра творчасць А.Наварыча. Добра быць прарокам там, дзе вельмі лёгка ўсё прадказаць. Пагэтаму ніхто не здзівіўся, калі ўбачыў свет гістарычны раман пісьменніка “Літоўскі воўк” (Маладосць. 2003. №№ 4,5,6), які засведчыў аб выразных зменах эвалюцыі ягонай мастакоўскай канцэпцыі і адначасова традыцыйнасці (у лепшым разуменні слова), адданасці сваім прынцыпам і жыццёва-пісьменніцкаму credo. Так, раздзел першы эпічнага твора так і называўся “У краі русалак і пярэваратняў”. Сама сутнасць загалоўка падкрэслівае, што аўтар у чарговы раз аддае даніну модзе і як бы адракаецца ад аўтахоннага ўспрыняцця краю (ну хто з тубыльцаў назаве радзіму заказнікам нейкай нечысці). Толькі той, хто ўжо глядзеў на яго крыху ці добра чужымі вачыма, і ўжо ў пэўнай ступені звыкся з гэтым успрыняццем, калі адбылася інтэрферэнцыя – наплыў новага ўспрыняцця на ўжо існуючае, што вядзе да выразнай змены пункту адліку. У гэтым і схаваны адпаведны ключ да прачытання рамана, які будзе не столькі гістарычным (у класічна-тэарэтычным разуменні слова), колькі раманам (хай прабачыць аўтар) на гістарычную тэму ў стылі А.Дзюма, для якога, як вядома, гісторыя – гэта цвік, на які вешаецца карціна. І першы падраздзел “Пагрызеная лапа, або Усё наадварот” – выразнае таму сведчанне. Нікога не цікавіць, згодна з выслоўем, факт, калі сабака ўкусіў чалавека. А калі наадварот, то гэта сапраўдная сенсацыя для прэсы. А.Наварыч зачынае раман у стылі народных казак ці хутчэй дыдактычных апавяданняў, спасылаючыся на паданні, згадкі, на даўні час, калі гэтая падзея сталася сенсацыяй для фешэнебельнага курорта Друскенікі – “пан, пасаджаны ў клетку, пагрыз аднаму ваўку лапу. Так цапнуў, што кіпцюры ў шэрага адскочылі”. Незвычайны зачын, нібы келішак рому, пачынае сваё дзеянне, уцягвае чытача ў далейшае развіццё падзей. Пан у клетцы пакусаў ваўкоў – істот ціхіх і рахманых, ад воўчай лапы мала што засталося, расшкуматаў той драпежны пан воўчую лапу наўнет. Усё наадварот, у свеце пад’ярак, убачыўшы кроў, самлеў адразу. А пажылы воўк, якога выдралі ад зубастага пана, сам дайшоў да лякарні (згадаем падарожжы Гулівера ў свет дзікіх жывёл). Адметныя і аўтарскія тлумачэнні падзей, што звязаны з выццём і скавытаннем ваўкоў, у якіх чуліся адным тамбоўскія акцэнты, іншым – свойскае, тутэйшае скавытанне.

Такім арыгінальным зачынам А.Наварыч хоча прыцягнуць увагу чытача, зацікавіць яго, але доўга інтрыгу трымаць не адважваецца, бо не ўпэўнены, што ў наш спакуслівы час хоць адзін з іх адужае напісанае да палавіны.

Вось чаму ўводзіцца яшчэ адзін зачын, дзе гаворка ідзе пра амаль не еўрапейскае, а хутчэй менавіта свіфтаўскае падарожжа з мястэчка Старобін у Манкевіцкі павет. Летам, сцвярджае аўтар, гэта можна ўчыніць толькі праз Мазыр або Берасце, і ехаць трэба тыдзень ці нават два. А напрасткі, праз балоты, ніхто не ездзіць. Малады хатні настаўнік (так і згадваецца юны Дуброўскі) нагадвае хутчэй месіянера ў Афрыцы, які стаіць перад дылемай – ці варта рызыкаваць дзеля святла ісціны ўласным жыццём і паспрабаваць штурмаваць балоты, якія такія ж страхотныя, як і афрыканскія. Бо тут і там цьма егіпецкая, і тут і там невядома што цябе чакае. Ды і нават конь – нярослы, пузаты і з такой вялкіай галавой, што адразу ўспомніліся нільскія гіпапатамы – нагадвае нешта незвычайнае. Тым болей, што ён амаль хаваецца, як і яго афрыканскія родзічы, у балоце, дзе пад вадой пакладзены бярвенцы, па якіх ён ступае, як па клавішах раяля. Ды і далейшы пейзаж не менш афрыканскі, а не тыпова беларускі. Тоўстыя алешыны растуць кожная на сваёй пірамідзе з адмерлых карэнняў і купішчаў, затым пайшоў забалочаны лес, калёсы гразлі ў чорную бліскучую гразь па калодкі. І над усім пануе спякота: было душна, гнілыя выпарэнні ад балота сціналі дых. І нейкая жудасць пануе ў свеце, нават качыныя дзікія вочкі свецяцца сваёй нахабнасцю. І дзеля таго, каб канчаткова дабіць чытача і даць яму адначасова мажлівасць зразумець першы раздзел і з’яўляецца постаць ваўка, што іскрыцца ў промнях цыганскага сонца-месяца, бо быў белым, быццам сівым. А фіналам усёй падзеі, якая магла б стацца трагедыяй для настаўніка, з’яўляецца ператварэнне класічных шылераўскіх разбойнікаў у ваўкалакаў, што пабеглі ад героя неяк улукаткі, рыхтык стомленыя ці (!) нецвярозыя (зусім новае слова ў ваўкалацтве).

Класічная карціна ўспрыняцця Палесся як дзіўнага, таямнічага, фантастычнага краю завяршаецца падраздзелам “Прошча”, дзе як на паказ выходзіць уся палеская звярына – мядзведзі, алені, лісіцы, што аб’ядаліся нібы перад пагрозай смерці, пад кіраўніцтвам зубра. “На гэтых палянах звяроў аж кішэла. Тут бароліся мядзведзі, а там гоцалі з дрэва на зямлю рысі, а там ласі часалі свае рогі аб камлі карыстых бяроз”.

Згадваецца адразу навела П.Мерымэ “Локіс”, якая ўзнікла пад уплывам твораў А.Міцкевіча. “Я вяду вас, пане прафесар, у пушчу, дзе яшчэ і дагэтуль квітнее звярынае валадарства, матачнік, вялікая маці, вялікая вытворня жывых істотаў. Так, паводле народных паданняў, ніхто яшчэ не заходзіў у гушчары, ніхто не дабіраўся да сярэдзіны гэтых лясоў і балотаў, акрамя паэтаў і ведзьмакоў, якім адкрытыя ўсе сцежкі. Там праўдзівая звярыная рэспубліка… ці, лепш сказаць, канстытуцыйнае кіраванне. Львы, мядзведзі, алені, зубры – нашы літоўскія бізоны – усе яны добра ладзяць між сабою. Найбольшай павагай карыстаецца мамант, які там яшчэ захаваўся. Ён, напэўна, маршалак сойма. У іх вельмі суровая паліцыя, і калі сярод звяроў знаходзіцца нейкі злачынца, яны судзяць яго і выганяюць. Тады ён трапляе з агню ў полымя, бо вымушаны бадзяцца ў краіне людзей”. Сярод шматлікіх лірычных адступленняў у паэме “Пан Тадэуш” можна сустрэць шматлікія апісанні чароўнай прыроды, дзе чэрці хаваюць свае скарбы, сівыя ведзьмы вараць вантробы грэшніка.

У мядзвежай глыбіні ніводзін паляўнічы

Не здабываў звяроў і ні адзін ляснічы,

Блукаючы па ўсіх кварталах баравіны,

Не пранікаў у глыб таемнай сарцавіны

Спрадвечнай некранутасці…


1   ...   4   5   6   7   8   9   10   11   ...   14


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка