Анатацыя на кнігу “Deja vu bis” Івана Штэйнера




старонка4/14
Дата канвертавання14.03.2016
Памер4 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   14

Якраз у такіх варунках новага гістарычнага існавання беларусаў, якія яшчэ канчаткова не вызначыліся, каму служыць: Богу ці мамоне, выразна схіляючыся да ўтылітарна-каўбаснага варыянта апошняй і тым самым амаль адмаўляючы агульнанацыянальны зварот да Госпада, народны паэт Рыгор Барадулін узнаўляе класічныя еўрапейскія і нацыянальныя традыцыі ўвасаблення спрадвечнай ісціны. Падобных асноўных падыходаў у яго будзе тры, прычым кожная спроба складаецца з асноўных трох частак. Невыпадкова першая так і называецца – «Трыкірый» (першая публікацыя – «Полымя», 1993, № 7):

Трыкірый –

Тры свечкі святла

Айца й Сына й Духу святога.

Тры полымі вера звяла

У полымя сэрца Бога.

Полымя свечкі ў хрысціянскай традыцыі ў сваім першасным, галоўным значэнні абазначае любоў Хрыста да чалавецтва і радасць духоўную. Блаж.Сімеон Салунскі так тлумачыў: Горение свечи символизирует обожение человека, его превращение и очищение огнем Божественной любви. Лампады и свечи суть образ вечного света, а также означают свет, которым сияют праведники.

Трысвечча.

Трохкутнік.

Трысцё.


Трысцен.

Трыадзінства.

Трыпутнік.

Спрадвечча.

Прадонне.

Жыццё.


І раскрыжаваны пакутнік.

Даволі своеасаблівымі ўяўляецца кожная са свечак, запаленых талентам і натхненнем паэта. Агонь свечак павінен разагнаць цьму, што паяднана са слепатой (сляпы – гэта той, хто не хоча бачыць Ісціну ў Бозе і пакланяцца ідалам: народ сей ослепил глаза свои и окаменил сердце свое, да не видят глазами и не уразумеют сердцем, и не обратятся, чтоб Я исцелил их (ИС. 6, 9-10).

Трыкірый Р.Барадуліна – гэта своеасаблівы агеньчык у цемры, што павінен паказаць на выхад з яе. Вось чаму з усяго Новага Запавету ён звяртаецца не да яскрава-жахлівых старонак Апакаліпсісу ці шчымлівай шчырасці Евангелляў, а спрабуе прайсці следам апостала Паўла, зразумець урок гэтай супярэчлівай натуры. У вобразе Саўла, які праследаваў хрысціян, быў ля эшафота, а можа нават прымаў удзел у пабіцці камянямі святога, а пасля знамення стаў менавіта шчырым неафітам, адэптам новага вучэння і, урэшце, Паўлам, які пакінуў пасля сябе найбольш яскравыя пасланні слова Божага, беларусу бачыцца вельмі многае: «Бо, калі я малюся на незразумелай мове, то, хаця дух мой і моліцца, але розум мой застаецца няплодным» (1-е пасланне карынфянам, 14, 14), Р.Барадулін па-свойму пераўтварае гэтыя радкі:

Хоць прысак у прыцемку не атух,

Халаднавата вуголлям

галодным,

У незнаёмай мове моліцца дух,

Але застаецца розум халодным,

Халаднавата сэрцу ў мове чужой,

Нібыта ў неасвенчаным храме,

Што поўніцца неабжытай імжой

І неўсвядомленымі дарамі.

Малітва на матчынай мове адна

І Госпаду, й зорам, і ніцым

лозам –

Усім зразумела будзе да дна,



І ўсцешыць, і разварушыць

розум.


«Але ў царкве хачу лепш пяць слоў сказаць розумам сваім... чым тысяча слоў на незразумелай мове» (1-е пасланне карынфянам, 14, 19). Згаданыя словы Р.Барадулін не цытуе, але ў кожнай з трох (!) строф кожнага твора адчуваецца прыхаваная, унутраная палеміка з тымі, хто не верыць у мажлівасць "сялянскай" беларускай мовы загаварыць такім высокім стылем. Народны паэт свядома падкрэслівае зямныя вытокі беларускіх слоў, ён нават адмаўляецца ад высока распрацаванай стараславянскай лексікі ці яе скарынаўскіх варыянтаў. І ў гэтым ён надзвычай блізкі галоўным запаветам хрысціянства. Так, у свой час Збавіцель ведаў, што сваё асноўнае прызначэнне ён будзе выконваць не сярод фарысеяў і кніжнікаў, а сярод рамеснікаў, якім і ён быў пэўны час, ратаяў, рыбакоў, людзей, якія будуць гаварыць аб сваіх штодзённых турботах, клапаціцца аб тым, ці ўзыдзе пасеянае жыта, ці хопіць яму дажджу, сачыць за надвор'ем, каб убачыць загадзя буру, ці саранчу, што нясе патэнцыяльную шкоду ўраджаю. Ён усведамляў, што стане даступным людзям толькі тады, калі звернецца да іх са Словам, зразумелым ім. Для людзей, усё жыццё якіх звязана з адмысловым сялянскім укладам, усе асноўныя пастулаты новай дамовы Збавіцель увасабляе ў звыклых этапах адвечнага кругабегу земляроба: «Я ёсць хлеб жыцця...»

Р.Барадулін адчувае ўнутраную адпаведнасць падобнага разумення вечнай існасці і ў светаўспрыманні беларусаў. Вачыма касца ён успрымае змену пакаленняў ("Луг памяне атаваю пакошу"), вачыма сяўца – веру ў лепшае («I на заснежаную араллю Вадзіў басанож надзею»), душою земляроба – закон вечнасці («Надзеяй жыве хлебароб, хлебараб у Рабстве надзённага хлеба»). Аднак самае галоўнае – ён падкрэслівае незвычайную адпаведнасць хрысціянскіх ідэалаў нацыянальнаму духоўнаму вобліку беларусаў з іх талерантнасцю, цярпімасцю, надзеяй, любоўю. Падчас амаль тэкстуальна пераўтварае адпаведныя радкі Пасланняў Паўла Р.Барадулін («I мёртвымі будзьце для грэху, Жывымі – для Бога, ў Хрысце» – «Да рымлянаў», 7, 4), («Радуйцеся з тымі, хто радуецца, Плачце і з тымі, хто плача» – «Да рымлянаў», 12,15), («Надзею майце, як якар душы» – «Да рымлянаў», 12). Нягледзячы на тое, што «Завершыць труна прастакута Крывыя дарогі жыцця», беларускі паэт бачыць радасць у гэтым існаванні. Таму ён, у адпаведнасці з традыцыяй, звяртаецца непасрэдна да ўсіх, каму выпала шчасце жыць на гэтым свеце:

Прыйшлі, каб пайсці са

сваёй таемнасцю.

Рухавы туман растане.

Дык хоць саміх сябе ўзаемнасцю

Сагрэйце на развітанне.

Бо толькі тады, калі «кожнаму ягоны грэх залічыцца За ваду вадой, крывёй за кроў», калі «душа аднаверніца Споўніць свой абавязак», бо, нарэшце, зразумее, што «ўсё відочнае – часовае. А невідочнае ўсё – вечнае», што «мы не прынеслі на свет нічога і вынесці, значынь, нічога не можам», знішчыцца апошні вораг чалавечы – Смерць.

Многія з гэтых думак набываюць сваё сапраўды афарыстычнае ўвасабленне. З трох раздзелаў “Трыкірыя” два інспірыраваны Ветхім запаветам, адзін – Новым. Мажліва, што пасля выразнай мінорнасці, усяленскай тугі і самоты Эклезіяста і Прыпавесцей, міжволі сэрца і душа паэта схіляецца да Асобы, праведніцкая сутнасць якога накіраваны на сцвярджэнне Надзеі і Святла.

Апостал Павел прыцягнуў увагу сваімі якасцямі, якія вельмі рэдка спалучаюцца ў адным чалавеку: сіла розуму, цвёрдасць волі, жывасць пачуцця. Менавіта таму ўдалося вырашыць спрадвечную дылему паміж справай Адама і справай Хрыста, супрацьпастаўленне якіх сталася вызначальным у пасланнях Апостала.




Адам ў Паўла – родапачынальнік старажытнага чалавецтва, Хрыстос – новага. Як Адам нарадзіў грэшнае патомства, якое жыло пад гневам Божым і памерла без прымірэння з Богам, так і ад веры ў Хрыста нараджаецца новае пакаленне, што жыве з Богам і пасля смерці атрымлівае вечнае жыццё. Ад Адама (пра Еву Апостал не згадвае, як і беларускі паэт) для чалавецтва ішла пагібель, ад Хрыста – збавенне. З’яўленне смерці – заслуга Адама, бо чалавек сваёй прыродай удзельнічае ў злачынстве праатца. Разам з тым Адам – правобраз будучага Адама, г.зн. Хрыста.

Спрадвечнасць не вымяраюць гадамі.

На небе трава забыцця не расце.

Бо, як паміраюць усе ў Адаме,

Ажываюць гэтак усе ў Хрысце.


За грэх, што пайшоў ад Адама і Евы,

Нясе пакуту зямная плоць.

І як мяняюць убор свой дрэвы,

Мяняе паству Сваю гасподзь.


І адпаведна кожнаму ў чару –

Рабу й анёлу – нальецца ўшчэрць

На тым Судзе, што вызначыць кару.

Апошні вораг знішчыцца – смерць.


Асновай усяго цыкла з’яўляецца ўрачыстасць разумення гэтай ісціны вялікай. Вось чаму Р.Барадулін перастае адзначаць візуальна спасылкі на тэкст пісання, а ў некаторых выпадках здымае іх, захоўваючы адзіны настрой твораў.

Вобразнасць, метафарызацыя дапамагаюць Р. Барадуліну перайсці да ўвасаблення больш складаных аспектаў Старога Запавету, сярод якіх, зразумела, выключнае месца займае Эклезіаст, XII глава якога ва ўзнёслай паэтычнай форме ўвасабляе паступовы прыход старасці, а затым і самой смерці чалавека. Згадаем, як жа ўспрымае мудры Саламон гэтыя з’явы:

«У той дзень, калі задрыжаць тыя, хто вартуе дом» (рукі і ногі), «перастануць малоць тыя, што мелюць» (зубы), «зацемняцца тыя, што глядзяць у вакно» (вочы), «калі чалавек будзе уставаць з крыкам пеўня» (старэчая бяссонніца), «зацвіце міндаль» (сівыя валасы)...

Выключна паэтычным успрымаецца сусвет Барадуліна: («прыцемкі – паслугачы начы – Гоняць стому з пасвішчаў дадому», «круціць час туману самакрутку. Завітаўшы, на луг на бягу», «і старасці зірк варожы, і сталасці ціхі пагляд»). Якраз магутнае валоданне родным словам, адчуванне ўсіх яго адценняў і дапамагае беларускаму паэту ў поўнай адпаведнасці з нацыянальнымі адметнасцямі ўспрыняць і ўзнавіць адвечныя ісціны. Перад жахлівасцю ямы, што «пазяхае спрасоння» і не адрознівае – бедны розумам ці багаты, калі «не насыціцца бачаннем вока, не напоўніцца слуханнем вуха», калі бачыцца толькі дарога, «па якой знікаем зрэшты ўсе», усім валодае нястрыманы страх: «I прахам зробіцца прах, бо прахам ён быў спачатку». Р.Барадулін яшчэ раз згадвае па-мастцку дасканалыя вечныя ісціны:

«Не прасі заставацца ўдачу. Не малі затрымацца хвалю, Сэрца мудрых – у доме плачу, неразумных – у доме балю». Бо на кругі свае вяртаецца вецер з пакораю, бо няма пра былое памяці, як не будзе яе і пра наступнае, а толькі, як заўсёды, не стоміцца душа прасіцца у вырай:

Усё – пачатак тла і лоўля

дзьмушак.

І млоснасць духу – усё лухта

лухты.


Спадаюць дні, як ягады ў

гарнушак,

І мы – як з дрэва існасці лісты.

А вось як гучаць па-беларуску славутыя словы Саламона — «Болей мудрасці – болей смутку. Памнажаюць веды тугу»:

І пераважыць сілу знямога,

3 пакутай шаля — з уцехам

шалю.

У мнагамудрасці смутку



многа:

Чым болей ведаў, тым болей

жалю.

Аднак не адным пачуццём песімізму, марнасці існавання прасякнуты згаданыя радкі. Убачыць у гэтым Свеце не толькі падрыхтоўчы этап для будучага ўвасаблення, але і цудоўнае месца, дзе можна знайсці сапраўдныя радасці і асалоду ў гэтым бытаванні. А таму патрэбна пражыць гэты наканаваны век на зямлі ў поўнай адпаведнасці з Божымі (чалавечымі?) законамі – такі ўрок выносім мы з вуснаў сапраўды народнага паэта Рыгора Барадуліна, які паказаў велізарныя мажлівасці беларускага духу і слова ўспрымаць мудрасць адвечных ісцін. (Асабліва гэта заўважна ў цыкле «Слядамі прытчаў Саламонавых».)



“Трыкірый” пачынаецца з увасаблення адной з самых песімістычна-паэтычных кніг Бібліі – Эклезіаста, якую амаль цалкам разабралі на цытаты, а таму добра вядомую чытачу. “Следам Эклезіаста” Р.Барадуліна складаецца з 28 твораў, у кожным з якіх змешчана па 3 катрэны (падобная форма застанецца і ў “Следам прыпавесцей Саламонавых” і “Следам Апостала Паўла” (траічная аснова вызначае будову цыкла).
Знамянальна, што Р.Барадулін у сваім біблейскім цыкле паказаў сябе не адэптам пэўнай канфесіі, а сапраўдным прыхільнікам адзінства ідэй Хрысціянства, Любові і Чалавецтва, што аб'яднаюць усіх людзей.

«Трыкірый» Р.Барадуліна – выключная (не пабаімся гэтага слова) з'ява ў духоўным жыцці беларусаў канца ХХ стагоддзя, другога тысячагоддзя. Для нацыянальнай паэзіі яна роўнавялікая «Вянку» М.Багдановіча пачатку XX стагоддзя. Вызначальнай яна стала і ў творчай эвалюцыі народнага пазта, якога, па традыцыі, крытыка цаніла ў першую чаргу як пранікнёнага лірыка. Сапраўдным філосафам, не кніжнікам ці фарысеем, а ўвасабленнем зямной мудрасці, шматвяковага вопыту свайго народа паўстаў Р.Барадулін, у сваёй першай, але надзвычай паспяховай спробе дакрануцца да мудрасці вечнай.

Разважаючы вышэй пра эвалюцыю балады, якая пачыналася як літаратурны жанр з матыву пратэсту супраць Бога ("Ленора" Л.Бюргера, дзе галоўная гераіня адмаўляецца наведваць царкву, бо лічыць, што рай – гэта там, дзе яе Вільгельм і, адпаведна, пекла там, дзе яго няма). Мы згадвалі, што цяперашняя яе эвалюцыя вядзе да пошукаў Храма (як у В.Шніпа) ці наогул Бога, чым як бы замыкаецца кола пошукаў старадаўняй і аўтарытэтнай формы. Гэта значыць, што нават звыклы рамантычны твор пра з'яўленне мёртвага жаніха можна прачытаць як казку пра здані і адначасова як філасофскую прытчу аб тым, што нельга, зыходзячы з наіўных чалавечых уяўленняў аб вышэйшай справядлівасці, весці барацьбу з Крэатарам. Бо цяжка спалучыць нябесную і зямную справядлівасць, а таму наўрад ці варта ўсхваляць памкненні рамантыкаў стаць кавалём сваёй долі, і ў гэтым зраўняцца з вышэйшым прадвызначэннем.

Адметнымі ў гэтым плане з'яўляецца цыкл "Біблейскіх балад" Р.Барадуліна, куды напачатку ўвайшло восем твораў. Рыгор Іванавіч у свой час заявіў пра сябе як майстра суровых драматычных балад, што памкнуліся спасцігнуць паэтыку суровай прастаты народных першаўзораў. Але ў азначаным цыкле ён паўстае ў выразна новым абліччы, як і творы ягонага ўлюблёнага жанру. Здаецца, што паэт стварае проста новыя ілюстрацыі да агульнавядомых сюжэтаў і падзей са Старога і Новага запаветаў ("Ной", "Сорак год", "Кайнасць", "Спакуса", "Паломніца", "Тайная вячэра", "Просьба", "Перамога"), адкуль ён выбірае найбольш значныя і велічныя вобразы. Але і сам выбар у значнай ступені абумоўлены баладным трагізмам – забойства брата, адмова ад Бога, здрада настаўніка, смерць на крыжы…Затым аўтар далучыў яшчэ чатыры творы (“Наканаванне, “Зрачэнец”, “Выратаванне”, “Язэп”).

Беларуская балада, як ніякі іншы жанр, мае выключныя традыцыі вобразнасці. Р.Барадулін іх значна ўзбагачае. Так, жыццё ў каўчэгу перадаецца так: “Усё, што крыляла, паўзло, капыцела Бы ў хісткай калысцы”; Масей у пустэльні, якая нагадвае чэрань печы, загадвае змроку лысець, спавівае вінаграднай лазой тугу, каб знявер’е ступіла кіпці; непераадольнасць спакусы сцвярджае тэзіс – І кожны чалавек да скону дзён Хітруе, спакушаецца, раўнуе; веліч нараджэння Збавіцеля падкрэслівае жывая і нежывая прырода – “Хвала суцішала дыханне вала, Спакора каня падкавала”; Хацелі пакінуць сябе валуны; метафарызацыя – “І ціха стаялі зямныя грахі. І чуткі слязу выціралі”; трагедыю ягонага велічнага ўчынку ажыўленне метала – “На ўсіх хапала сляпых цвікоў. І не хапіла відушчага жалю”.

Балады ўяўляюцца галаграмамі самых трагічных і ўзнёслых старонак Бібліі. Менавіта таму выразна бачацца – “Абыякава шлі гады. Гналі перад сабой людскую зграю”, лямант “Укрыжуй, які укажанеў; пугі, як маланкі, што абвілі цела Хрыстова; душа, што не можа адмыцца ад крыві; мужненне маладой веры, і ўрэшце вобраз Ягоны, што выйшаў з хаты Свой несці крыж…”

Балада можа ўзнаўляць выключныя падзеі ў жыцці людства, але ў поўнай адпавуеднасці са сваімі жанравымі законамі, сярод якіх галоўны – закон абмежавання, захавання формы, што ў сваю чаргу вядзе да лапідарнасці, сцісласці, канцэнтрацыі. Як згадваў Гегель, “Балады хоць і ў меншых маштабах, чым уласна эпічная паэзія, ахопліваюць, як правіла, цэласнасць замкнутай у сабе падзеі, аднак накідваюць яго карціну толькі ў найбольш выключных момантах”. Балада заўсёды карысталася правам выбару: “Падзея, што падыходзіць для адлюстраванняя ў гэтым ыжанры, павінна сама ў сабе ўтрымліваць баладную сціснутасць, яна павінна быць у сапраўднасці баладай”, -- сцвярджаў І.Бехер. У класічнай баладзе перадаюцца не разважанні наконт падзей, а самі падзеі і страсці, прычым у непасрэднай, маляўнічай, высокамастацкай форме. Прычым у падзеях “праяўляецца індывідуальнае дзеянне асоб, першабытнае, нястрыманае ў любові і нянавісці, творча імпульсіўнае і непасрэднае” (В.Жырмунскі). Сюжэт, заснаваны на вузлавых момантах, на дзеянні самага высокага напружання, якое сканцэнтравана вакол галоўнай падзеі. Нельга сказаць дакладна, калі адбываецца дзеянне, як і пагадзіцца, што яно акрэслена ў прасторавых межах. Гэтае дзеянне адбываецца на авансцэне гісторыі.

Балада – адзін з самых эмацыянальных жанраў. Аўтар як бы робіць дослед, у якім скурпулёзна, з дапамогай уласнага вопыту і арыентуючыся на маральныя ідэалы чытача, даасэнсоўвае, дастварае накінутую пункцірам карціну, што выклікае самыя разнастайныя асацыяцыі, пачуцці, уяўленні. Баладнай паэтыцы не ўласціва апісальнасць, у яе выпрацавана адметнае ўяўленне адной дэталлю, эпітэтам, метафарай апеляваць да пачуццяў, асацыяцый чытача, выклікаць яго да сааўтарства. Таму ў адным выразе можа скандэнсавацца памяць эпохі, чалавецтва.

Менавіта таму варта было чакаць і новых падыходаў народнага паэта.

Выключная вобразнасць слова, аб чым мы гаварылі вышэй, і ў дадзеным выпадку ўзмацняе гучанне маленькіх (у сэнсе аб'ёму) трагедый. Паэт, нібы драматург, раскрывае канфлікты ў кульмінацыйных момантах, вызваляе іх ад сувязі з іншымі канфліктамі, а таксама ад усяго прамежкавага і пабочнага – тым самым з асаблівай сілай выяўляючы іх унутраную сутнасць, ідэйна-псіхалагічны пафас. Творы ягоныя – выключна кампактныя, што абумоўлена спецыфікай вобразна-выяўленчых сродкаў: адмаўленне дэталізацыі характараў і з'яў, павольнасці, замаруджанасці сюжэтнага дзеяння. На змену імклівасці і драматызму дзеяння, эмацыянальнай усхваляванасці, экспрэсіўнасці паэтычнай інтанацыі, вастрыні дыялога, што характэрна для класічнай балады, прыходзіць напружанне думкі, эвалюцыя філасофскага вобраза, ідэі, што тычыцца ўжо не асноўных рысаў чалавечага характару, а чалавечай экзістэнцыі.

Кніга Эклезіяста, аўтарства якой прыпісваецца часцей за ўсё Саламону, вылучаецца сярод кніг Бібліі тым, што яна ўяўляе сабой нібы разгорнуты, развіты адказ на асноўнае пытанне кожнага чалавека паасобку і ўсяго людства ў цэлым – у чым заключаецца шчасце чалавечае на зямлі і ці мажліва для чалавека дасканалае, поўнавартаснае шчасце (не часовыя і хуткаплынныя радасці, а менавіта спрадвечнае шчасце). І адказ гэты зусім не суцяшальны – нішто ў свеце не можа зрабіць чалавека такім, бо ўсё марна, бескарысна, непатрэбна. Бо ўсё ў гэтым свеце падпарадкавана нязменным, однообразным законам, а таму знаходзіцца ў вечным кругазвароце, што не дае ніякай надзеі на поспех, бо рух, развіццё накіравана не ўперад, а па замкнутаму колу. Нязменны кругазварот стаўся асновай не толькі прыроды, але і жыцця чалавечага, дзе псіхічныя з’явы чаргуюцца з такой жа паслядоўнасцю, як і ў з’явах прыроды. І гэтыя вечныя змены-паўторы абсалютна не залежаць ад волі чалавека, а таму, сцвярджае Р.Барадулін:

Узыходзіць сонца, каб зайсці,

І заходзіць узысці нанова.

Што было, паўторыцца ў жыцці,

Бо жыццё – няспыннасці аснова.
І нікуды сонцу не ўцячы,

Не даверыць клопат свой нікому.

Прыцемкі – паслугачы начы –

Гоняць стому з пасвішчаў дадому.


Крэсівам святла па крамяні

Веры б’е ад цемры абаронца.

Мільгацяць у колах прамяні.

Узыходзіць і заходзіць сонца.



Суета суетъ – у яўрэйскім гучанні hebel ад халдэйскага habal – дыміцца, выпарацца – азначае ніштожнасць, бескарыснасць, тлен, марнасць, непатрэбнасць. Паўтор слова з варыяцый формы – не проста паэтычны прыём (як песнь песнЪй), а падкрэсліванне градацыі (параўнаем беларускі эквівалент “Найвышэйшая песня”, “Песня над песнямі”). Менавіта гэтаму і падпарадкоўваецца спалучэнне лухта лухты, марнась марнасцяў і г.д. Як некалі ў старабеларускай скарынаўскай традыцыі “Суета над суетами и ва суетно и утешение духово”.

Усё, што створана пад сонцам, г.зн. на зямлі, велічнае і высокае, марным яно ўяўляецца толькі ў суадносінах з чалавекам і асабліва ягонай надзеяй на шчасце і пазнанне ягонае.

Р.Барадулін следам за Эклезіястам паэтычна паказвае раўнадушна-абыякавы крыгазварот з’яў прыроды:



Восходитъ солнце, и заходитъ солнце, и спешитъ къ мЪсту своему, гдЪ оно восходитъ (І:5)

Идетъ ветеръ къ югу, и переходитъ къ сЪверу, кружится, кружится на ходу своемъ, и возвращается вЪтеръ на круги своя (І:6)


ВсЪ рЪки текутъ в морЪ, но море не переполняется

Узыходзіць сонца, каб зайсці,

І заходзіць узысці нанова.

Што было, паўторыцца ў жыцці,

Бо жыццё – няспыннасці аснова.


Б’ецца над поплавам сноў

Белаю весткаю чаіца,

І на кругі свае зноў

Вецер з пакорай вяртаецца.


Усе цякуць у мора рэкі,

А мора не перапаўняецца.

Ствараюцца грахі й агрэхі,

А ўпартасць не перапыняецца.



Немажлівасць абсалютную зямнога чалавечага шчасця падкрэслівае выключны кантраст, непераадольная мяжа паміж слабасцю ўнутранай сутнасці чалавека і чалавецтва (якое штоімгненна мяняецца) і магутнай, несакрушальнай асновай прыроды:




Родъ проходитъ, и родъ приходитъ, а земля пребываетъ во – вЪки.

Род прыходзіць, і праходзіць род,

А зямля трываліцца на векі…




Гэтае сутнаснае пытанне найбольш паэтычна ўвасоблена ў выказаванні “Что суетЪе той суеты, что земля, созданная для людей, пребываетъ, а самъ человЪк, господин земли, мгновению распадается въ прахъ” (Бл.Іероним).

Усё на свеце, сцвярджае беларускі паэт, адбываецца пры промнях Сонца, што прабіваецца праз спіцы кола (уявіце велізарнейшае кола часу, што коціцца па зямлі на святло адвечнае), і асвятляе на імгненне спрадвечную цемру. І як тут чалавеку не ўзбунтавацца супроць панылай аднастайнасці і нязменнага млёну ў паняверцы, калі нават рэкі не стрымліваюць высокага гневу ад пастаяннага паўтору і з шаленства ўпадаюць у паслушэнства, каб урэшце абрынуцца навальніцай. А чалавек так не ўзгневаецца, бо памяць чалавечая – нішто:




Нетъ памяти о прежнемъ, да и о томъ, что будетъ, не останется памяти у тЪхъ, которые будутъ послЪ

Пра былое памяці няма,

Як і пра наступнае не будзе.

Снегам замяце свой след зіма,

Голас свой вясна схавае ў гудзе.


Розум чалавечы не дасць адхлону, дарэмны спадзяванні:



Потому что во многой мудрости много печали, и кто умножаетъ познаніия – умножаетъ скорбъ.

Болей мудрасці – болей смутку,

Памнажаюць веды тугу.

Круціць час туману самакрутку,

Завітаўшы на луг на бягу.

Смак адчуць прыправы гаркавай

Кожны хоча, дзе толькі льга.

На зацятым лузе атавай

Узыходзіць мудра туга.


Няма шчасця ў весялосці, у працы, у багацці, бо нічога новага няма пад сонцам.



Бываетъ нЪчто, о чем говорятъ: «Смотри, вотъ это новое», но это было уже въ векахъ, бывшихъ прежде насъ.

“Вось гэта новае!” – пачуеш крык

Дапытніка ў даверлівым настроі.

А новаму згубіўся нават лік,

Яно – даўно забытае старое.


Сурочанае вокам забыццё

Трымае свет сваёй уладай цьмянай,

І ўсё забытае, як адкрыццё,

Вяртаецца авечкаю рахманай.


Бягуць вятры з вятрамі наразмін,

І цешыць цішу гамана зямная.

І чалавек – забыты напамін,

Які жыццю пра смерць напамінае.


Над усімі пакутамі чалавечымі валадарыць самае вялікае зло – смерць: “усё адбылося з праху, І вернецца ў прах усё”; “І прахам зробіцца прах, Бо прахам ён быў спачатку”; “Смерць бярэ мудраца й недарэку, І нікога не вылучае"” Р.Барадулін падкрэслівае ўсемагутнасць страху, якому падуладна ўсё – і меч, і серп, і кап’ё: “Страх чуе ў цемрадзі кожны закутак”. Страх смерці павінен многае змяніць у жыцці чалавека. Беларускі паэт неаднойчы падкрэслівае следам за вялікім папярэднікам, што невядома, дзеля чаго чалавек быў створаны, як і ўвесь гэны свет: “Бог не скажа пра свой намер, І паўторыцца ўсё. І мінулае Бог пакліча”.

Апошнія радкі сведчаць пра тое, што не трэба так ужо падкрэсліваць марнасць існавання ўсіх папярэдніх пакаленняў людзей. Зразумела, пастаянны, аднастайны рух рэчаў па адным і тым жа шляху, па адным коле не можа нарадзіць нічога новага. Разам з тым, марны кругабег нябесных свяцілаў не можа стацца вызначальнейшым законам для жыцця чалавечага, бо ягоная натура мае ўсё ж такі выразна іншую сутнасную аснову, і таму аналіз прыродных з’яў можа нешта падказаць, але цалкам замяніць даследаванне псіхалагічнага і разумовага стану чалавека не здолее. Рыгор Барадулін адчувае гэтую ўстаноўку Эклезіаста. Таму ён не асуджае маладых, што шукаюць уцехі і весялосці:

Пиры устраиваются для удовольствия, и вино веселитъ жизнь, а за всё отвечает серебро.

Вокам спакойным пасі прыгажосць,

Доўга мірыся з абразаю.

Шчыра прымай весялосць, ягамосць,

Срэбра за ўсё адказвае.

Срэбра пазычыла свету зямля,

Каб белацелае звычліва,

Браўшы пачатак свой ад мазаля,

Гула, змушала, ўзвялічвала.

Срэбра пільнуе і сон твой, і скон,

І недакончанай фразаю

Глушыць, і скрушыць, і радуе звон –

Срэбра за ўсё адказвае.


Разам з тым у чарговы раз чуецца зварот вопытнага настаўніка: не забывайце, што гэтыя кнігі учительские. Памятай, юнача, што прыцягненне да зямных уцех шкодзіць душы, асабліва захапленне жанчынай, “сэрца якой – пляніца, а рукі – кайданы. Бо мужчыну з тысячы можна знайсці. Але не знайсці жанчыну”. Таму трэба ўсё зведаць, а таму часцей задумвацца. «СЪтованіе лучше смЪха; потому что при печали лица сердце дЪлается лучше».

Не прасі заставацца ўдачу,

Не малі затрымацца хвалю.

Сэрца мудрых – у доме плачу,

Неразумных – у доме балю.

Ф.Скарына гэты верш падаваў так: Лепей ест пойти в дом плачю, нежели в дом пированіа. Бо толькі той, хто думае, явил ест разум мысли своя… той ест воистину совершененъ человЪк. Нарицается же сия книга Соборник, понеже не ко единому человЪку в ней пишетъ, но ко всему собору людей, а не единаго человЪка мысль и кохание являетъ, но всего собора. И того ради завЪтся сия книга Соборник.

Р.Барадулін добра засвоіў і па-мастацку ўвасабляе вялікую ідэю, і калі існуе пара раскідаць камяні, і пара збіраць камяні, то нават адыходзячы, патрэбна чалавеку старацца сабраць раскіданае за сабой. (Нешта ад спрадвечна беларускага – паміраць збірайся, а жыта сей.)

Як згадвае Ф.Скарына, трое книги написал ест премудрый Соломон, царь Израилев. Первые, рекомые еврейским языком Маслотт, по-грЪчески – Параболе, по-латыне – Провербиа, а по-русскыи – Притчи Соломоновы. Калі беларускі першадрукар адзначае ўсіхнасць, соборнасць Эклезіяста, то у первых книгах своих, еже словутъ Притчи, пишетъ о науце людей младых, якобы отец сына научаючи единаго каждого особно, яко о сем написал есми ширей в предословии, еже ест в книгу Притчей царя Соломона.

Прытча заўсёды понеже иными словы всегда иную мудрость и науку знаменуютъ а иначей ся разумеютъ, нежели молвены бываютъ, и болши в собЪ сокрытых таин замыкаютъ, нежели ся словами пишутъ”. Прытчы ў кнізе Саламона (менавіта ягоным імем аб’яднаны выказванні самых розных мудрацоў) мала ці зусім не падобныя на сучасныя, гэта хутчэй выслоўі (у Скарыны присловия), афарызмы, зборнік мудрасці Божай і жыццёвай, якая павінна паказаць юнаку, як зберагчы сябе ад спакусы і дасягнуць жыцця дасканалага.

Як ніводзін з пераспеваў Р.Барадуліна, цыкл “Следам Прыпавесцяў Саламонавых” выразна найменш залежыць ад непасрэдных тэкстаў першакрыніцы. Па сутнасці перад намі сапраўдны ўзор пераспеву, калі максімальна перадаецца не знешні сэнс, а ўнутраны падтэкст, дух тэксту. Бадай толькі першы твор пачынаецца са славутага “Страх Гасподні – мудрасці пачатак”, які ў самых розных выглядах вар’іруецца ва ўсёй кнізе славутага мудраца. Р.Барадулін вобразна і пераканаўча паказвае, як вечны страх жыве ва ўсім і менавіта толькі ён, нібы пастух, абмяжоўвае абсяг нашых памкненняў, каб думкі ў шкоду не забрылі. Страх уздымае раллю, на якой і сее нябесную лагоду. Страх заўсёды з чалавекам, ён праводзіць яго ў апошні шлях, дазволіўшы перад гэтым заглянуць у прадонне. Падобнай метафарызацыі няма ў кнізе Саламона, але яна вельмі дакладна перадае раскінутае па ўсіх главах значэнне страху Гасподняга для сапраўднай мудрасці жыцця.

“Шчыра Госпада бойся” – амаль як з амвона заяўляе Р.Барадулін, што ў цэлым не ўласціва паэту, якога нельга назваць прапаведнікам у паэзіі. Але вобраз страха, неадчэпны, што абвалоквае душу, як туман; ступае па людзях, нібы мядзведзь па ламу, уражвае, бо следам ідзе Кара: жорсткі анёл будзе пасланы да ліхадзея. Р.Барадулін звяртаецца да вобразаў, што сустракаюцца ў іншых кнігах Бібліі, і іх трапнае выкарыстанне значна ўзбагачае ўвасаблене думкі. Гэта тычыцца і разваг пра сцежкі, якімі павінны хадзіць людзі, чырвонае віно і яго наступствы, адносіны да ворагаў і шчасця. Р.Барадулін у асноўным звяртаецца да тых старонак кнігі мудрасці, якія не вельмі актыўна выкарыстоўваліся ў еўрапейскай традыцыі. Так, ягоную ўвагу прыцягваюць разважанні аб сутнасці сэрца і ўсяго, што з ім звязана. Нават у аналізе слынных загадак, што не можа спазнаць прамудры Саламон, яго не цікавяць след мужчыны да дзявіцы, або вобраз блудніцы і яе негатыўная роля ў станаўленні маладога хлопца. Ён захоплены плынню ракі жыцця, якая не паказвае броды, няспынная ў паваротах сваіх, і бачыць глыбокія воды ў помыслах сэрцаў людскіх. Спазнаўшы агульны закон быцця, чалавек павінен паразумнець сэрцам, таму не трэба хваліцца заўтрашнім днём, бо невядома, ці наступіць ён, пажадаць спору працы ворага, пазбавіцца неўтаймаванага гневу, не імкнуцца за марнасцямі багацця і не гнаць ад сябе галечу, бо ўсе роўныя ў бядзе. Тут якраз адыгрывае выключную ролю спецыфіка таленту Рыгора Іванавіча, бо сэрцам можна зразумець тое, што непадуладна розуму.

Р.Барадулін у асноўным звяртаецца да седъмерицЪ свяшчэнных кніг, у якіх згадаем Псалтыр, Прытчы Саламонавы, Эклезіяст, “Песня над песнямі Саламонавы. Гэтыя кнігі называюцца учительными или премудростными, понеже въ нихъ разуму и истиннЪй премудрости научаемся, а по форме своего изложения стихотворными, т.е. в широком смыслЪ поэтическими, частнЪе въ изложеніи своемъ всюда представляющими такъ называемый параллелизмъ членамъ. Няма сумнення, што менавіта такое арганічнае спалучэнне учительного і паэтычнага пачаткаў і прыцягвае выключную ўвагу нашага сучасніка. Ён цудоўна ведае, які зрабіла ўнёсак Біблія ўвогуле і згаданая седъмерица ў прыватнасці ў фарміраванне культуры свету, бо даносіць да чалавецтва надзвычай важныя універсальныя ісціны, нават калі мы іх і не ўсведамляем. Менавіта таму ўвасабленне паэтычнае паасобных біблейскіх матываў – гэта псалмаспеў народа, будова спецыфічная ягонага Духу, Мовы, Культуры, гэта імкненне спасцігнуць менталітэт народа не на ўзроўні тэм, вобразаў, а на падсвядомым узроўні.

Найбольш дасканалай са згаданых кніг, як ужо згадвалася, з’яўляецца Псалтыр, або Кніга псалмаў – зборнік рэлігійнай лірыкі. Яна вядома ва ўсходніх славян з 863 году, калі яе пераклалі вялікія асветнікі Кірыл і Мефодзій. Кніга была не толькі настольнай кожнаму адукаванаму чалавеку, але і нярэдка яго неразлучным спадарожнікам у часы вандраванняў. Як сведчанне незвычайнай папулярнасці зборніка выступае зварот да яго Францыска Скарыны, які пачынаў сваю выдавецкую дзейнасць з Псалтыра (1517, Прага), а затым яшчэ раз выдаў яго у складзе Малой падарожнай кніжыцы (1522, Вільня).

Псалтыр – лекарство душевное, гэта універсальны сродак лячэння ад фізічнай і духоўнай немачы, ягоныя вершы чыталі над нябожчыкам на 9, 40 дзён, спрабавалі прадбачыць будучыню, наўгад адкрываючы старонкі кнігі і спрабуючы спасцігнуць іх змест.

Псалмос – “пахвальная песня, урачыстае рэлігійнае песнапенне, малітва”. Паколькі ў першую чаргу падкрэсліваецца тэрмін песня, то менавіта адметнасцямі апошняй і вызначаюцца жанрава-сталёвыя адметнасці псалма. Калі яго спяваюць пад час урачыстасці, то песня павінна напаўняць людзей добрым, узнёслым, святочным настроем. Таксама быць лаканічнай, каб усе маглі запомніць тэкст. І разам з тым у гранічна абмежаваных формах акумуляваць і ўзнавіць у выключна метафарызаваным увасабленні векавую мудрасць і вопыт чалавецтва, пераліваючы яе ў адзін – два выразы-вобразы. Паколькі псальмы спяваліся папераменна двума хорамі ва унісон, то гэта наклала адбітак і на іх унутраную структуру. Асноўным аб’яднальным сродкам апошняй з’яўляецца сінтаксічны паралелізм, які праяўляецца ў кожным выпадку своеасабліва, у залежнасці ад тэматычнай накіраванасці, жанравай ідэнтычнасці канкрэтнага твора. Таму сустракаюцца самыя разнастайныя варыяцыі адной і той жа думкі ці вобраза, эманацыя адной галоўнай, дамінуючай думкі ці дзве супрацьлеглыя думкі, або два выказванні, узноўленыя па ўзрастаючай градацыі (згадаем яшчэ раз упамянуты вышэй параллелизм членам).

Многія спрабавалі пераспяваць псалмы, у тым ліку і ў айчыннай традыцыі. Дастаткова згадаць “Псалтыр рыфмаваны” С.Полацкага, творы паэтаў-святароў, узоры ў братніх славянскіх літаратурах. Аднак гэта ўсё было выканана ў іншыя часы, іншыя эпохі, таму іх урок не заўсёды адпаведны запатрабаванням надзённасці.

Зварот Р.Барадуліна да псалма – заканамерная з’ява, бо дазваляе ў сваіх пераспевах арганічна паяднаць біблейны і выключна нацыянальны пачатак, і так шырока з незвычайнаю мастацкаю сілаю выкарыстаць у кантэксце праблем Беларусі – нацыянальных, духоўных, сацыяльных – шырокую палітру рэлігійна-філасофскага і мастацкага свету Псалтыра.

Разам з тым неабходна пазбягаць вельмі простых і такіх, здавалася б, яркіх аналогій паміж жыццём богаабранага народа некалькі тысячагоддзяў назад і актуаліямі дня сённяшняга.

Р.Барадулін выбірае для пераспеву зусім не выпадковыя псалмы. Хаця і гаварыць пра пераспеў не вельмі выпадае ў дачыненні да спробаў нашага сучасніка. Бо, у адрозненне ад папярэднікаў у розных сусветных традыцыях, ён не перастварае цалкам псалм, а, як мы згадвалі, найчасцей выбірае з яго толькі адзін верш, і развіваючы ягоны вобраз ці думку ў выніку стварае новы твор (нешта падобнае з зярняткам з коласа). Вось чаму ён падчас бярэ нават па тры вершы з аднаго класічнага псалма і стварае тры сваіх уласных, якія не толькі не развіваюць адзіны вобраз ці думку, але ў нечым нават супярэчаць адна адной, бо выкананы яны і развіты з рознай ступенню градацыі. Як узор ранейшай традыцыі можна прывесці 149 Псалм на пераспеў Т.Шаўчэнкі, які амаль тэкстуальна супадае з першаўзорам, або згадаем твор “на біблейскія матывы” (з псалму 78) Янкі Купалы. Калі згадваць нацыянальную традыцыю, то яму бліжэй творчая практыка Казіміра Сваяка.

Р.Барадулін амаль заўсёды апускае старажытныя рэаліі, імкнучыся наблізіць тэкст да беларускай рэальнасці і сучаснасці (аднак не даходзіць да пэўнай прафанацыі, каб у старазапаветных тэкстах з’яўляліся згадкі пра Беларусь). На першы погляд можа здацца, што Р.Барадулін ідзе шляхам літаральных гістарычных паралеляў, што вельмі многія гістарычныя факты з палону яўрэяў, іх хвіліннай роспачы, скаргаў на долю і Бога, што забыў іх, ляжаць на паверхні і можна іх паядноўваць з нашымі актуаліямі. Аднак задача ў беларускага паэта больш мастакоўскі складаная – перанесці на беларускі грунт вялікую біблейскую філасофію, якая павінна спрыяць свайму народу выстаяць у хвіліны роспачы, якія бываюць ва ўсе стагоддзі і эпохі. Сведчанне таму – і згаданае ўжо выключнае жаданне знізіць узровень жорстскасці, што гучыць у фінале 149 псалма. Ужо Т.Шаўчэнка лічыў, што ХІХ стагоддзе больш гуманістычнае, чымся тыя часы, калі была створана Біблія. Дык што ж гаварыць пра стагоддзе ХХІ.

Гэтым таксама тлумачыцца выбар адпаведных тэкстаў-першаўзораў. Падобнай высокай устаноўкай абумоўлена і нейкая няўпэўненасць, што характэрна для ўсіх паэтаў усіх эпох і нацыянальнасцей, якія як быццам выпрабоўваюць свой талент, загадваючы, ці па сіле ім напісаць вершы, якія маглі б стаць поруч са славутымі шэдэўрамі. Паэт якраз і ставіць задачу падвергнуць сябе самаму суроваму выпрабаванню, выбіраючы самыя складаныя, але і самыя дасканалыя творы-першаўзоры. Таму трэба весці гаворку перш за ўсё пра літаратурныя традыцыі, як Р.Барадулін выкарыстоўвае мастацка-паэтычную традыцыю. У гэтым плане можна згадаць ацэнку адпаведнай спадчыны Т.Шаўчэнкі: І внаслідок ціеї співзвучності стилю і візії Шевченки та старозаповітних пророків постійна праця конденсування і адаптаціїмоделі відбувається так природно, так невимушено, що розкриття творчого процесу, завдяки якому появляється новий твір, вимагає з боку дослідника особливоїуваги. Це стосується в першій мірі анализу символів. Шевченко повнісю засвоїв мову символів, якими оперує Біблія, він не модорнізує і не парафразує біблійну символіку, а проникає в її первісну, архетипову основу” (М.Ласло-Куцюк).

Р.Барадулін хоча сцвердзіць, што ва ўсе часы і па ўсіх землях людзі жылі ў свеце, дзе часцей за ўсё правіла несправядлівасць, жорсткасць. Таму яны, такія рэальныя ў сваіх праблемах, звярталіся да Бога з вялікай просьбай аднавіць справядлівасць. Аднак сацыяльныя праблемы даволі мала хвалююць беларускага паэта. Найперш яго хвалюе праблема дыялогу з Богам, як мажліва захаваць у жорсткіх жыццёвых варунках душу, дух, бо інакш чалавека чакае фізічнае і духоўнае небыццё. Вось чаму, згадваючы толькі тры словы з 143 Псалма (верш 4) – Чалавек падобны дыханню…, паэт стварае выключную сітуацыю:

Бог уздыхнуў

Над стварэннем слабым.

Бог уздыхнуў –

І ўдыхнуў дыханне.


Дым, як туман,

І туман, як дым,

Папераблыталіся ў тое ранне.

Першая недзе звінела аброць.


Конь неаб’езджаны

Цешыўся з волі.

І, чалавека пакінуўшы доле,

Сумна


Падаўся ў неба Гасподзь…

З усёй тканіны асацыяцый у асноўным уяўляецца непрагаворанае, ненапісанае але прадчувальнае – цяпер чалавек, агледзеўшыся, пажыўшы на зямлі, спрабуе ўзняцца ў неба, да Бога.

З усіх спробаў Р.Барадуліна пераспяваць матывы “Бібліі” самы аб’ёмны раздзел – “Псальмы Давідавы”. Самім загалоўкам Рыгор Іванавіч сцвярджае, следам за св.Грыгорыем Ніскім, св.Амвросіем Медзіяланскім, бл.Іеранімам, св.Іаанам Златаустам і інш., што аўтарам твораў, якія ўвайшлі ў “Псалтыр”, з’яўляецца адзіная асоба. Згаданая кніга складаецца са 151 песні, з якіх першыя 150 – класічныя, а апошняя, 151, -- не (у яўрэяў і каталікоў адсутнічае). У яўрэйскай бібліі яна мае назву “тэгілім” або “сефер тэгілім”, што значыць хвала або кніга хвалы. Усе псалмы маюць лічбавае значэнне, кожны падзелены на вершы (стихи), акрамя таго, многія з іх утрымліваюць імёны паэтаў, якія, разам з яўрэйскай часціцай “ле” ўказваюць на прыналежнасць канкрэтнага псалма адпаведнай асобе.

У кнізе Р.Барадуліна згадваецца 40 псалмаў. Лічба гэная таксама ўмоўная, бо народны паэт тройчы звяртаецца да 84, 101 і 103 першаўзора і двойчы ўзнаўляе радкі 6, 30, 102, 108. Як сцвярджаюць даследчыкі Бібліі, са згаданых Рыгорам Іванавічам твораў адзін належыць Саламону, два (72, 74) – Асафу, адзін (84) – сынам Карэевым, шэсць ( 97,101, 102, 125, 136, 150) – невядомым аўтарам. Аднак традыцыйна ўся кніга лічыцца Давідавай, бо сучаснікі і нашчадкі і не маглі сябе ўявіць, што такія выкшталцоныя творы мог напісаць нехта іншы, а не такая выключная асоба. Давід, надзвычай прыгожы юнак з бялявымі валасамі і блакітнымі вачыма, магутны хлопец (забіраў з пашчы мядзведзяў і ільвоў ягнятак), мужны воін (забіў Галіафа), валодаў не толькі талентам ваеначальніка і правадыра (быў 40 гадоў царом), але і вылучаўся тонкімі, далікатнымі, узвышанымі пачуццямі і выключным паэтычным талентам. Яму былі ўласцівы і звычайныя чалавечыя слабасці (мог дараваць ворагам, зайздроснікам, крыўдзіцелям, захапіцца празмерна жаночымі вабнасцямі). Менавіта магутным талентам тлумачыцца велізарная колькасць песняў, якімі ён адгукаўся на ўсе выключныя падзеі асабістага і грамадскага жыцця. А гэтыя песні стаялі ля вытокаў элегіі, оды, самой песні ў сучасным разуменні. З дзяцінства спазнаўшы веліч Бога, ён праз усё жыццё пранясе гэтае захапленне. У сваёй творчасці ён падпарадкоўваецца дадзенаму раз і назаўсёды тэлеалагічнаму погляду на ўсё, што існуе ў гэтым свеце, як у жыцці людзей і прыроды, так і ў сферы адносін Бога да чалавека і чалавека да Бога. Вось чаму увесь сусвет, пачынаючы са звычайнага усходу і заходу сонца, змены дня і ночы, пораў года, структуры неарганічнага, арганічнага і жывёльнага свету і асабліва чалавека, напоўнены чароўнай гармоніі, розуму і прыгажосці. Усё апошняе і прадвызначае ўзаемаадносіны чалавека і Бога. Давід, дзякуючы свайму незвычайнаму таленту, здолеў знайсці, ацаніць і ўвасобіць у слове прыгажосць там, дзе звычайны чалавек бачыць толькі шэраг звычных з’яў, прадметаў і думак. Менавіта гэная адметнасць светапогляду “сладкого пЪвца Израилева” і прыцягвае народнага паэта Беларусі.

Св.Афанасій Вялікі гаварыў: “Книга Псалмовъ, кажется мнЪ, ясно и подробно изображаетъ всю жизнь человЪческую, всЪ состоянiя духа, всЪ движенія ума, и нЪтъ ничего у человЪка, чего бы она не содержала въ себЪ. Хочешь ли каяться, исповЪдываться, угнетаетъ ли тебя скорбь и искушеніе, гонятъ ли тебя, или строятъ противъ тебя ковы: уныніе ли овладЪло тобою, или безпокойство, или что-либо подобное терпишь, стремишься ли ты къ преуспЪянію въ добродЪтели и видишь, что врагъ препятствуетъ тебЪ, желаешь ли хвалить, благодарить и славословить Господа, въ божественныхъ псалмахъ найдешь наставленіе касательно этого”.

Лічыцца, што кніга псалмаў змяшчае ў сабе ўсё карыснае, што ёсць у Святым Пісанні. Згадаем яшчэ раз Ф.Скарыну: «И что ест, чего в псалмох не найдешь? Нест ли там вЪличества божии и хвала его? Там ест справедливость. Там ест чистота, душевная и телесная. Там ест науки всякое правды. Там ест мудрость и разум досконалый. Там ест милость и друголюбство без льсти: и вси иншии и добрые нравы якобы со источника оттолЪ проходять. Там ест великая тайна о бозЪ в троици едином и о воплощении господа нашего Исуса Христа и о вмучении его невинном, и о воскрешении из мертвых. Там ест надежда восстания из мертвых и вечьного живота, боязнь страшного суда и вечьного огня. Там ест многых скрытых таин зъявление. Вси тые речи якобы у великом сокровищи в сей малой Псалтыри найдешь…».

Даследчыкі апошняй спрабавалі і падзяліць псалмы на пэўныя групы ці падраздзелы, улічваючы перш за ўсё прадметны змест ці знешнія рысы будовы твораў, аднак прыйшлі да высновы, што гэта немажліва. Бо самі тэксты, як і ўсе лірычныя творы, у якіх выразна дамінуе выражэнне пачуццяў, звычайна не маюць дакладна выверанай лагічнай структуры, строгай паслядоўнасці адлюстроўваемых думак, асацыятыўнасць перашкаджае плаўнаму пераходу ад аднаго прадмета да іншага, затое спрыяе кантрасту ў выяўленні пачуццяў, калі звыклым становіцца ўзнаўленне радасці адразу пасля апісання смутку ці наадварот. Аднак звыкла вылучаюць тры асноўныя групы псалмаў у адпаведнасці з параўнальна дамінуючым зместам:

1) хвалебна-удзячныя; 2) малітоўна-пакаянныя; 3) навучальныя (учительские).

Так званыя месіянкія, улічваючы выключную значнасць зместу, вылучаюць у асобную групу.

Да першай адносяцца тыя творы, у якіх найбольш яскрава ўвасоблена благоговЪніе предъ Богомъ, какъ творцомъ и Промыслителем вселенной, благодарение за различные его Дары. Сюды ж уваходзяць са словамі пЪснь, аллилуія, хвала во исповедание. З усіх 55 псалмаў Р.Барадулін згадвае 150:6 (на самой справе ў “Псалтыры” ён падаецца за №151 (некананічны, у яўрэйскай бібліі адсутнічае), 74:17; 103:5-6,17,19; 125:6; 102:16; 143: 4; 17:44 (нагадаем, што да розных вершаў аднаго і таго ж псалма звяртаецца неаднойчы. Для стварэння ўласнага твора Р.Барадулін выкарыстоўвае адзін верш (вельмі рэдка два), таму і назіраецца паўторны зварот. Вышэй мы згадвалі пра адпаведную змястоўную і сэнсаўтваральную ўнутраную вольнасць паэтычнай структуры твораў. Згадаем, што ў класічным псалме ад 3 да 176 вершаў.

Як і вялікі Давід, што з самага дзяцінства, праведзенага сярод велічнай прыроды Палесціны, дзе створаны выключныя ўмовы, каб ва ўсім убачыць сляды прамудрасці Божай, беларускі паэт захоплены веліччу Бога, што паставіў зямлю на цвёрдай аснове і безданню, нібы вопраткай, накрыў яе. У псалме Давідавым паказана маляўніча яшчэ раз гісторыя стварэння зямлі, якая болей ніколі не будзе падпарадкавана Хаосу, згаданы многія цуды Бога, паказана ягоная магутнасць. Р.Барадулін згадвае толькі адзін вобраз, які не менш яскрава і метафарычна падкрэслівае сілу Крэатара – уяві сабе магутнага ткача, краўца, што шые адзенне Зямлі, якая ўяўляецца пылінкай на Ягонай далоні. Ва ўсіх творах Барадулін усхваляе Бога, аднак выключна своеасабліва, не паўтараючы дакладна сваіх папярэднікаў, не ідучы за імі след у след, што зусім бесперспектыўна. Ці не таму ў якасці апорных ён выбірае далёка не самыя яркія творы з асаннай. У цэлым у псалмах Барадуліна, якія ўзніклі ад вершаў з першага раздзела, паказана веліч Бога вачыма маленькага чалавека, бясконцасць вялікага пачатку і мізэрнасць чалавечага жыцця. “Сонца ведае свой захад”, -- а чалавек не ведае ні захаду, ні ўсходу. Усе дні чалавечыя, лічыць Р.Барадулін, роўнавялікія дню аднаму, ніхто не ведае, калі ён скончыцца, ты знікнеш – і ніхто нават не заўважыць прапажы – рацэ няўцям Як шмат растала льдзін. Марнасць чалавечага быцця яшчэ і яшчэ падкрэслівае веліч Крэатара:
Век чалавечы –

Як снег на галінцы,

Дзень чалавечы –

Як помах крыла.

Толькі за зёлкай

Паспеў нахіліцца –

Выпрастаць спіну

Труна памагла.

Жыццё чалавечае, як подых ветру, і мейсца ягонае ўжо не пазнае яго. Але і ў хвіліну страшэннага прадчування трэба славіць Бога за цудоўную зямлю, гэты чароўны свет:

Яліны –


Зялёныя скініі,

Прыстанак прысталых крокаў.

Нябёсы на стрэхі ім скінулі

Буслоў,


Як акрайкі аблокаў.

І ўсё, што зрабіў чалавек, атрымалася толькі з ласкі Божай. Так, у вершы 6 з псалма № 151 (у кнізе “Ксты” ён пададзены памылкова пад №150) хаця і гаворыцца пра подзвіг Давіда, які перамог Галіафа, падкрэсліваецца смірэннасць першага, які лічыць свой подзвіг выключнай заслугай Бога, а сябе звычайнай зброяй у Ягоных руках, нібы посах у руках пастуха, якім той абараняе сваю атару. Р.Барадулін развівае іншы зусім аспект думкі – аб роднасці сваіх ідалаў, сваіх Багоў, якія нашмат бліжэй за іншых. І ад іх залежыць шчасце чалавечае. Таму і не ўзнікае сумнення, каму прысвяціць сваё жыццё.

У малітоўных псалмах аўтары звярталіся да Бога з адпаведнымі просьбамі і мальбамі аб дапамозе і заступніцтве, а таксама скаргамі на распутства свету. Сярод знакавых слоў дамінуюць звароты выратуй, памілуй, пачуй. Два з іх лічацца пакаяннымі (6, 101). У апошнім (101:7) яшчэ раз, адштурхоўваючыся ад выслоўя – Я зрабіўся як сыч у руінах, асацыятыўна ўсё ўспрымаецца ў Р.Барадуліна як рэшткі мінулага страчанага раю – сплываюць, як аблокі, вякі, час руйнуе усё, нават самыя руіны. Людзі, птушкі, звяры – паўстаюць жывымі руінамі руінаў.

Сыч вірлавокі становіцца ўвасабленнем страху бытавання. Невыпадкова Р.Барадуліна не прыцягвае першы вобраз, што згадваецца поруч з прадстаўніком атрада савіных – пелікан у пустыні, бо, відаць, не мае такой магутнай, разгорнутай асацыятыўнасці, хаця абедзьве птушкі не толькі шукаюць адзіноты, але і з’яўляюцца яскравым увасабленнем апошняй. Псалом з’яўляецца найбольш дасканалым увасабленнем молитвы страждущего, когда онъ унываетъ и изливаетъ предъ Господомъ печаль свою. Вобраз адзіноты, пакінутасці, забытасці сімвалізуе і безыменная птушка на даху (101:8), што забываецца пад ударам лёсу пра песні свае, і аддае сябе ў пляніцу, прадаючы пры гэтым свой цень вечару за халодную апранаху.

Да гэтага псалма Р.Барадулін звяртаецца тройчы. Гэта не выпадкова, бо якраз у ім надзвычай яскрава поруч з сумненнямі і расчараваннямі праявілася вера ў здзяйсненне Боскіх запаветаў. (Не парвецца ў ратужнай вяроўкі Цярпенне. Будуць небам пачуты Душы праведных Знойдуць сцяжынку збавення). Беларускі паэт акцэнтуе ўвагу не на шчаслівым жыцці ў будучым Богам абранага народа, а на пакаранні непазбежным тых, хто нявінных гняце, вось чаму «стогну вязняў І здрада, і ўлада баіцца».

84 Псалом уяўляецца ўзорам малітвы-просьбы: «Возстанови насъ, Боже спасенія нашего, и прекрати негодованіе Твое на насъ». Р.Барадулін, хаця і зусім не літаральна, але сэнсава дакладна перадае спадзяванні вярнуць Божую ласку і надзею на вяртанне звыклага ўкладу жыцця.

Хай спрахне наш страх,

Хай затоне ў вірах

Палон і праклён чужы.

Зняверлівых

Ад нас адмяжуй.

Памяркоўнасць нашую

На крыжы

Укрыжуй!


Два наступныя псалмы вырастаюць з вершаў 12 і 14 першаўзору, і прысвечаны ўвасабленню праўды і ісціны, якія знаходзяцца толькі ў Бога. Вось чаму ён адмаўляецца, нібы Давід, ад служэння чужым ідэалам (ненавижу почитателей суетныхъ идоловъ). Р.Барадулін па-свойму развівае асноўную думку: ілжывыя ідэалы будуць з’яўляцца заўсёды, і як толькі хваласпевы ў іх гонар заменяцца плачам, адразу будзе цягнуцца чарга (нібы хвост сабачы) да новых. Бо заўсёды збіраецца разам статак – лыч да лыча, поўсць да поўсці – у сваім бязвер’і і бесчалавечнасці, нечестивости, збыдлячэнні людскім. Вышэй мы згадвалі, што класічная структура Псалма заснавана на сінтаксічным паралелізме, які аб’ядноўвае сінанімічныя варыянты адной і той жа думкі. Гэтым і тлумачыцца зварот паэтаў да розных вершаў аднаго Псалма. Р.Барадулін паказвае, як у выніку бедстваў вычэрпваецца ў скрусе жыццё прыгоршчамі маладзіка й веташка І далоняю поўні, цені дзён пакідаюць паэта, не даючы ніякай надзеі на вяртанне, і застаюцца з ім толькі скруха ды стагноты.

Пачуццё роспачы асабліва ўзмацняецца, калі бачыць, як над тымі, што назваліся людзьмі І рохкаюць галодна ля карыта ставяць бязбожнага (нечестивого), і адразу праваруч ад таго вырастае д’ябал. Р.Барадулін ізноў увагу акцэнтуе не на нечестивом, а нібы людзях, што дзеля мешанкі, дзеля таго, каб не хутка ўбачыць дно ў карыце, перамагаюць у звадах за харчы. У вобразе вандроўкі па сваіх руінах ён таксама збочвае з аблічча дзетак і разважае аб сутнасці жабрацтва на руінах, якія роўнавялікія сяброўству з вірамі, вятрамі, што нясуць прах дзяржаваў з рабамі і царамі, гавець у разбураным храме, кленчыць неіснуючай браме.

У Псалме 12:4 Давід усклікае: “Призри, услышь меня Господи Боже мой! ПросвЪти очи мои, да не усну я сномъ смертнымъ». ПросвЪти очи – значыць, дай святло вачам, г.зн. упэўненасць у тым, што не загіну. Р.Барадулін супрацьпастаўляе супастаўляе сон жыцця (кароткі, як само жыццё, трывожны, клапатлівы, у якім, аднак, і бывае шчаслівым чалавек). Сон смерці – даўжэйшы за яе, беспрабудны, цёмны, страхавіты, нікога ён не аддае назад. Чалавек, гэты кватарант жыцця, уцякае пры жыцці ў сон жывы, каб спадабацца смерці-удаве і дачакацца сну вечнага. Не многія, як Давід, глядзяць смела ў твар жыццю і просяць не загінуць (не усну сномъ смертнымъ). І гэта нягледзячы на тое, што высахла ад маркоты вока маё, пастарэла яно праз маіх ворагаў (6:8). Гэны псалом Давід піша ў такім фізічным стане і маральнай немачы, што з гэтага бачыцца адзіны вынік – смерць. Аднак тут ён ідзе на пэўны сілагізм, бо мёртвым не зможа хваліць Бога і тым самым не здолее выканаць сваё жыццёвае прызначэнне.

І дамавіны глухая турма

Страхам душу не стрымае.

Будзе душа мая

Славіць сама

Госпада,


Намат нямая.

Да трэцяй групы належаць творы з дамінуючай развагай над уласным жыццём або жыццём народа. У іх змесце вельмі часта сустракаецца слова вучэнне – ученіе. Некаторыя з іх выразна напоўнены ноткамі песімізму, асабліва Псалом 11, які Давід пісаў у хвіліны праследу, калі здавалася, што аблуда чалавечая перамагае – усюды ходзяць бязбожныя, калі нікчэмнасць з сыноў чалавечых узвысілася. Р.Барадулін разважае над тым, што адбываецца ў свеце, калі бязбожныя (нечестивые) пачынаюць валадарыць (повсюду ходятъ), стараюцца сябе зрабіць багамі. І ў Божым храме Хам крычыць у хаме:

На ўсё стае бязбожных,

Бо праз іх

Нікчэмнасць узвышаецца пыхліва.

Упустазеліцца людская ніва,

А не ўцячы ёй

Ад сярпоў тупых.

Не менш песімістычны настрой ствараецца ў 22 псалме, асабліва ў 4 вершы, дзе гаворыцца пра даліну смяротнай цені – месца, дзе ворагі чакаюць Давіда. Аднак ён упэўнены, што Бог з жазлом і посахам (зброя, якой пастухі абараняюць статак ад драпежнікаў) выратуе яго. Р.Барадулін асноўную ўвагу ўдзяляе вобразу ценю героя, а не самой даліны, што прыводзіць да незвычайных асацыяцый – цень памірае разам з гаспадаром, ён можа калець, дрыжаць за чалавека, бо быў ягоным напарнікам і віжом. Увасабленню яскравай даліны смяротнага ценю, дзе аўтар хоча развітацца з ценем уласным, садзейнічае і з’яўленне паэтычных неалагізмаў – адлетуценя, ценіцца цень і г.д.

18 Псалом вылучаецца сваёй паэтычнасцю: этотъ псаломъ – торжественный гимнъ Богу какъ Творцу величественнаго внЪшняго міра и нравственного закона. Некаторыя гісторыкі Царквы выказваюць думку, што менавіта яго згадваў І.Кант, калі сцвярджаў: есть две вещи, которыя возбуждаютъ во мнЪ постоянное изумленіе, звЪздное небо надъ моею головою и нравственный закон въ моемъ сердцЪ”. Р.Барадулін адштурхоўваецца ад трэцяга верша – Дзень дню перадае слова, і ноч ночы адкрывае веды, пры гэтым не акцэнтуючы ўвагу, што свяцілы і змена святла і цемры пастаянна і несціхана сведчаць аб велічы Бога, а праводзіць уласнае супастаўленне дня і ночы, якія кардынальна адрозныя паміж сабой, бо жывуць з галавы і вачэй, адно думае, іншае паспешна імкнецца ўсё выгаварыць, супастаўленне сузірання і аналізу, пачуцця і розуму, пошук сэнсу жыцця, здабывання ведаў і дазваляе спазнаваць сусвет:

Як не сляпы,

Той зірк убачыш ты.

Калі й сляпы,

Адчуеш зірк душою.

Відушчым зробішся ад віднаты,

І станецца сваім табе чужое.

Не меней узнёслым лічыцца 138 Псалм.Адштурхоўваючыся ад 8 верша – Ці на неба ўзыду – Ты там; ці сыду ў апраметную – і там Ты, упершыню цалкам увесь свой твор беларускі паэт прысвячае Ягонай дабрыні і ўсяведанню, ствараючы ўласна беларускі панегірык. Ён знаходзіць уласныя словы, каб выказаць вечную падзяку і прызнанне за шчасце быць з Ім, пазбягаючы цудоўных біблейскіх знаходак (як у наступным, 9, вершы -- возьму ли крылья зари и переселюсь на край моря).

Надзвычай актуальнай з’яўляецца праблема помсты за пакуты, што нясуць людзям ворагі. Так, у Псальме 13:4 згадваецца: Няўжо не ўрымсцяцца бяздзельнікі, якія народ мой ядуць, быццам хлеб? У 136:3 ворагі патрабуюць песняў ад палонных. Аднак паколькі ў яўрэяў музыка была рэлігійнай, то просьбу вавіланян яны ўспрымаюць як звычайную цікавасць, разрыўку, таму адвяргаюць з гневам. Р.Барадулін добра ўсведамляе, што вольная песня мае вольную душу, яна ніколі не пяецца ў няволі. А прастагнаць заваёўнікам можна толькі імшу, загнаўшы на магіле ім колле:

Заваёўнікам трэба песняў

Ад нас,


Прыгнятальнікам – весялосці.

Толькі песня, яна –

Не вясельны кутас,

Каб дрыжэць у застольнае млосці.

У гэтым плане ён вельмі блізкі Тарасу Шаўчэнку, які амаль даслоўна ўзнаўляе адпаведныя вершы амаль усяго Псалма.

На ріках круг Вавілона,

Під вербами в полі,

Сидили ми і плакали

В далекій неволі

І на вербах повішали

Органи глухіï,

І нам стали сміятися

Едомляне зліï:

“Розкажіть нам пісню вашу,

Може, й ми заплачем.

Або нашу заспівайте,

Невольники наші”.

Якоï ж ми заспіваєм?..

На чужому полі

Не співають веселої

В далекій неволі.

І коли тебе забуду,

Ієрусаліме,

Забвен буду, покинутий,

Рабом на чужині.

І язик мій оніміє.

Висохне, лукавий,

Як забуде пом’янути,

Тебе, наша славо…

Вызначальна і назіранне над фіналам твора, дзе сцвярджаецца – Блаженъ, кто возьметъ и разобьетъ младенцевъ твоихъ о камень! У прарока Ісаі была прадказана страшэнная доля Вавілона менавіта ў такіх формах, як у Псалме. Цяжар гэнага прыгавора – неадменная воля Бога, якая неадменна ажыццявіцца і знойдзе свайго выканаўцу, які будзе звацца блаженным, бо ажыццяўляе запавет Божы, справядлівы і добратворны, якім бы жахлівым, цяжкім і жорсткім ён бы не ўспрыняўся у вачах чалавека.

І Господь наш вас пом’яне,

Едомськії діти,

Як кричали ви: “Руйнуйте,

Руйнуйте, паліте

Сіон святий!” Вавілоня

Дщере окаянна!

Блаженний той, хто заплатить

За твої кайдани!

Блажен! блажен! Тебе, злая,

В радости застане

І розіб’є дітей твоїх

О холодний камень.

Р.Барадулін спрабуе зняць гэтую жорсткасць з праклёну, зрабіць камень мяккай падушкай з летуценнага пер’я залётных аблачын, бо хай ён сабе і ворагаў, чэрап дзіцячы, але змяшчае ў сабе маленькае неба.

Тут, відаць, мэтазгодна яшчэ раз вярнуцца да атрыбутыкі, бо звычай называць Псалтыр Давідавым (як Скарына, Шаўчэнка, Барадулін) тлумачыцца не толькі тым, што большасць псалмаў належыць яму, а выключна разнастайным і магутным талентам, з якім зроблены гэтыя творы. Усе наступныя паэты імкнуліся пераймаць яго як у змесце сваіх псалмаў, так і ў знешняй форме выяўлення. Менавіта таму кожны з псалмаў уяўляецца цэльным, завершаным лірычным творам, песняй, якія напісаныя хутчэй за ўсё ў сувязі з вядомай гістарычнай падзеяй і змяшчаюць у сабе выяўленне пачуццяў і думак, што перажываюць іх аўтары ў адпаведных абставінах. Галоўнай умовай стварэння Псалма была выключная шчырасць і прастата выкладання, мастацкасць формы ўвасаблення думкі, агульнасць ягонага зместу і ўзвышанасць састаўных частак апошняга. Аўтары пісалі толькі пра тое, што самі адчувалі і перажывалі, выкладалі ўсё гэта ў даступным выглядзе. Чытачу самай рознай ступені адукаванасці і сацыяльнага стану станавіліся даступны змест песняў; шчырасць ва ўзнаўленні сардэчных памкненняў прымушала чытача суперажываць аўтару і разам яшчэ і яшчэ раз перажыць здзейсненае; вялікае майстэрства выкладання рабіла мастацкія вобразы яркімі, каляровымі, запамінальнымі.

Нягледзячы на тое, што можна з вялікай доляй верагоднасці ўстанавіць час і месца напісання адпаведнага псалма, нават умовы стварэння, Псалтыр стаўся агульначалавечым здабыткам не ў апошнюю чаргу таму, што ў яе змесце амаль няма спасылак на тыя падзеі і пачуцці, што зразумелыя толькі аўтарам ці іх сучаснікам. Нягледзячы на, здавалася б, яркую гістарычную і геаграфічную прывязку, змест псалмаў мае універсальны, агульначалавечы характар. Чытач ці слухач любой нацыянальнасці, любой эпохі адчвае нешта сваё, блізкае, роднае, тое, што ўздымае над дробязнымі праблемамі штодзённасці і набліжае да неба.

У псалмах Р.Барадуліна, як і ў яго вялікіх папярэднікаў у розных моўных традыцыях, надзвычай арганічна спалучаецца нацыянальные і агульначалавечае. Так, твораў, дзе ён адкрыта хваліць Бога, практычна няма, бо, відавочна, у паэта ІІІ тысячагоддзя няма той вялікай наіўнасці, што апладняла творчасць геніяльных папярэднікаў. Хвала крэатару гучыць апасродкавана, як удзянасць за шчасце жыць у гэтым супярэчлівым, жорсткім, ваяўнічым, але вельмі прыгожым свеце, дзе ўся Прырода, арганічная і не, славіць Яго. Беларусіх рэалій у Псалмах Р.Барадуліна можна знайсці немала. Гэта удзячнасць за дзірван і за араллю, за пустку й за пушчу, некаторыя іншыя згадкі ландшафту краіны. Значна болей адпаведных асацыяцый можна ўбачыць у апісанні пэўных умоў грамадскага жыцця і адметнасці нацыянальнага менталітэту: славутая памяркоўнасць; прыхадні, што ядуць мой народ; заклікі пільнавацца роднага Бога; народ, якога я не ведаў, служыць мне; пракляцце чужымі ідаламі. Агульначалавечае праламляецца праз нацыянальнае, як у Шаўчэнкі.

Паэзіі Р.Барадуліна ўласціва выключная метафарызацыя і адметнае ўвасабленне надзвычай складанай праблемы.Толькі беларускі паэт мог напісаць так: “Зімой завірухі ідуць у попрадкі, Матаюць ніткі дажджоў Навальніцы”; “Ісціна – Парабчанка разутая – Галаруч нясе вугалі”; “Зацякаюць ногі ў вады”; “След вятроў даганяціме плач”; “І людзі, І птушкі, й звяры – Жывыя руіны руінаў”; “Горы ўгарбелі, мір несучы, Праўдзе пагоркі падставілі спіну. Небава стома стаіць”; “Адскочыць атава Спаткацца з касцом”. Псалмы Р.Барадуліна – выключны ўзор беларускай філасофскай лірыкі, якой у нас пасля Я.Купалы не было, як і афарыстычнасці: “Чалавека Бог кінуў у гэтым свеце”; “Спадабацца смерці-удаве”.

Па сутнасці, толькі спарадычныя звароты да ўвасаблення выключнага патэнцыялу псалмоў характэрны для ўсёй новай беларускай літаратуры. Таму варта згадаць рифмотворный пераклад “Псалтыри царя и пророка Давида”, зробленага за выключна кароткі тэрмін (з 4 лютага па 28 сакавіка 1678 года) у Маскве Сімяонам Полацкім (выдадзена асобнай кнігай у 1680). Аднак некаторыя ўрокі гэтай адметнай з’явы актуальныя і для нас праз болей чым тры стагоддзі. Так, зборнік Сімяона Полацкага быў разлічаны не для царкоўнага ўжывання, а для домашней потребы высокаадукаванага чытача, які ўмее цаніць інтэлектуальныя знаходкі рифмотворной речи. Сам паэт, тлумачачы ў трох прадмовах да розных выданняў прычыны (вины), што падштурхнулі яго да гэтай справы, нагадвае, што старажытнаяўрэйскі арыгінал Псалтыры быў в началЪ си на еврейскЪм языцЪЪ составишася художественном стихотворения (г зн. не празаічны, а вершаваны). Разам з тым у сваёй дзейнасці вялікі палачанін кіраваўся адзіным памкненнем – як мага дакладней перадаць класічны славянскі тэкст Псалтыра, які быў добра вядомы кожнаму пісьменнаму чалавеку. Некаторыя дапаўненні і недакладнасці ці пропускі абумоўлены структуральным адрозненнем вершаванай і празаічнай мовы. Толькі гэтым тлумачыцца наяўнасць некаторых выразаў і нават вершаў, якіх няма ў арыгінале, і, наадварот, пропуск некаторых выслоўяў. Па сутнасці ўсе нязначнейшыя адступленні ад першаўзора тлумачацца неабходнай рыфмоўкай, рытмікай, або неабходнасцю тлумачэння некаторых цьмяных месцаў, замена нязначных выразаў – светланаго ради истолкования, але толькі калі ягоная праўка не перашкаджала класічнаму разуменню тэкста – ниже бо намерение мое зде бысть до чиста псалмы тольковати, но точно стихотворную превести я, с толиким изъяснением, елико вместитися может.

Прывядзем у якасці прыкладу Першыя тры вершы з Першага псалома:

1. Блаженъ мужъ, который не ходитъ на советъ нечестивыхъ и не стоитъ на пути грЪшныхъ и не сидитъ въ собранiи развратителей,

2. но въ законЪ Господа воля его и о законЪ Его размышляетъ онъ день и ночь!

3. И будет онъ, какъ дерево, посаженное при потокахъ водъ, которое приноситъ плодъ свой во время свое, и листъ котораго не вянетъ; и во всемъ, что онъ ни дЪлаетъ, успЪетъ.

і ягонае ўвасабленне Сімяонам Полацкім:

Блажен муж, иже во злых совЪт не вхождаше,

Ниже на пути грЪшных человЪк стояше,

Ниже на сЪделищЪх восхотЪ сЪдЪти

ТЪх, иже не желают блага разумЪти, --

Но в законЪ господни волю полагает,

Тому днем и нощию себе поучает.

Будет яко древо, при водах сажденно,

Еже дает во время си плод свой неизмЪнно;

Лист его не отпадает; -- и все, еже дЪет,

По желанию сердца онаго успЪет.

(вышэй мы паказвалі прыклад Шаўчэнкі).

Нават простае супастаўленне паказвае, наколькі складанейшая задача паўставала перад паэтам ХХ стагоддзя, які, адчуўшы выключныя вартасці формы, спрабуе перадаць не літаратуру, а дух славутай кнігі і перадаць яго сучасніку, узбагачанаму духоўным развіццём чалавецтва і нацыі.

Неабходна згадаць яшчэ адзін урок палачаніна, вялікага земляка Рыгора Барадуліна. Сімяон Полацкі па прыкладу Яна Каханоўскага (у царствующем граде Москве спявалі польскія псалмы) лічыў, што ягоныя псалмы будуць не толькі чытаць, але і спяваць, як гэта рабілі старажытныя яўрэі. (Ці не дзеля гэтага ён выкарыстаў усе памеры сілабічнага вершаскладання). Ужо ў 1680 годзе пеўчы дзяк В.Цітоў стварыў 165 музычных узораў на тэксты псалмоў Сімялона Полацкага, тым самым паклаўшы пачатак рускай камернай вакальнай музыцы.

Праз тры з чвэрцю стагоддзі быў паўтораны выключны духоўны ўчынак – псалмы Р.Барадуліна былі пакладзены на музыку А.Камоцкім і зажылі адметным жыццём.

Арыентацыя паэзіі на рэміфалагізацыю прыводзіць да стварэння новых прастораў нацыянальнай культуры, новых светаў, заснаваных на архетыпічных структурах. Нават эпасу, калі ў чарговы раз сцвярджаюцца ідэі аб гібелі свету і ўзнікаюць чарговыя спробы аднавіць гармонію, імпануе зварот да архаічных, на першы погляд, формаў, якія напаўняюца новым зместам, а традыцыйныя вобразы і сюжэты пераасэнсоўваюцца. Фармаванне рэлігійна-філасофскага тэксту – вельмі складаны і супярэчлівы працэс, бо выказаць тэалагічныя тайны практычна немажліва. Нельга напрамую выказаць таямнічыя зрухі душы, што імкнецца да Бога, звычайнай паточнай мовай. Узор недасягальнасці – выразная мова Бібліі, якая за стагоддзі набыла незвычайную сімвалічнасць, метафарычнасць, асацыятыўнасць, антынамічнасць.

Р.Барадулін стварае ўласную вобразную сістэму, без якой немажліва нават наблізіцца да перастварэння, бо сцвярджаецца, што калі неперакладны дух сапраўднай паэзіі, то сакральнай – нават змест. У барадулінскі біблейны сусвет заходзіш не так, нібы сам аўтар: “У біблію, як у сцюдзёную ваду, заходжу”, а як у апавіты туманам сусвет, дзе ўсё надзвычай размыта, і знаёмыя рэаліі набываюць фантасмагарычны выгляд. І толькі праз пэўны час, калі трохі прывыкне вока, і ты паразумеешся з новым пунктам адліку розуму і пачуццяў, пачынаеш спасцігаць гэны сусвет, які з кожным імгненнем заглыблення святлее і прамянее. Тады пачынаеш спасцігаць сутнасць аўтарскіх слоў (хлуддзі, Дапытнік, пасунецца саўма, белааблока, грудзі абсягавы, вада дапытнасці, нязводны хлеб), або захапляцца іх гучаннем і настраёвасцю: нябачны Дарадца; карэннямі чуць абрыў; думкай засявае магчымую прастору; жаўранак жадання; лоб не кволіць цэп; сноп засватаў ніву; бяды галодны подых; цемра зайздросная; вочы з зарападам; асыплюцца сіняй маной; прамудрасць муруе; разбярыць, жне; рэчка раіцца з берагамі; віно ад віны, і віна ад віна; яд сцішаюць ядзейным ядам.

У славутай кнізе Саламона пераважалі невялічкія, падчас можа здасца, фрагментарныя, афарыстычныя выслоўі, у якіх арганічна спалучаюцца абстрактныя ісціны анталагічнага пачатку і рэальныя правілы маральнага грамадскага, сямейнага, працоўнага, гаспадарчага жыцця. У аснове класічнай прытчы заўсёды ляжыць параўнанне, г.зн. з’явы маральнага ўладкавання і ўпарадкавання свету раскрываюцца праз супастаўленне са з’явамі матэрыяльнымі, рэальна-фізічна існуючымі. Параўнанне можа прымаць самыя разнастайныя формы, што абумоўлівае з’яўленне самых разнастайных відаў прытчаў. Так, у сінанімічных прытчах другая палова верша паўтарае думку першай (зразумела, мадэрнізуючы яе ў розных ступенях увасаблення). У антытэтычных другі паўверш увасабляе адваротны бок ісціны, якая была заяўлена ў першым радку, або зусім супрацьлеглую думку. Парабалічныя спалучаюць элементы першых і другіх, аб’ядноўваючы з’явы этычныя і фізічныя. Першая частка звычайна ўяўляе замалёўку (штрых) з карціны прыроды; другая – этычную ісціну. Першая палова – гэта звычайна алегарычная карціна прыроды, пейзажная замалёўка, другая – тлумачальны подпіс да яе, расшыфроўка, удакладненне.

Падобная эвалюцыя формы надзвычай імпануе Р.Барадуліну, склад паэтычнага таленту якога падразумявае надзвычай арганічнае і плённае спалучэнне кніжнай і зямной мудрасці. Менавіта таму надзвычай пераканаўчымі атрымліваюцца ўяўленні пра Страх Гасподні, з якога пачынаецца мудрасці пачатак, бо Вешчы страх ва ўсім жывым жыве, Ад смалы хмялеючы на шатах, Ад спякоты млеючы ў траве. Ён (Страх) параўноўваецца з пастухом, што пасе думкі; вестка благая хаваецца перапёлкай у жыце; Прамудрасцю Божай заснаваная зямля стварае ўмовы для прыемнага гудзення чмяля ў канюшыне, касцу -- у пракосах. Адсюль і з’яўленне высноў, якія па паэтычнай структуры нагадваюць будову народнай песні:

Ластаўка ласкаю гнёзды ўе.

Рэчка раіцца з берагамі.

Хто шануе вусны свае,

Той душу зберагае.

Урокі мудрасці старажытнасці надзвычай адпавядаюць нацыянальнаму менталітэту, бо шмат так падобнага ў спосабе жыцця і ўспрыняцця рэчаіснасці старажытных яўрэяў, што вялі звычайнае нетаропкае жыццё на ўлонні прыроды, і беларусаў апошніх стагоддзяў.

У беларускай мастацкай традыцыі вельмі мала твораў, прысвечаных услаўленню прыгажосці быцця і ўсяго свету, створанага Богам. Калі адмовіцца ад кананічных услаўленняў у старабеларускай традыцыі, то, па сутнасці, толькі старонкі са славутага «Шляхціца Завальні» Яна Баршчэўскага слыннага земляка Рыгора Барадуліна можна ўспрыняць як гімн Розуму і Сіле Крэатара:

БОГ


Ранак высвеціў поле і бор напаўсонны,

А на ўсходзе аблокі гараць, як рубіны;

Шмат чуваць журавоў над вазёрным затонам

І ў зялёнай гушчэчы хароў салаўіных.


Божа! Колькі падзякі Табе ў прыродзе!

Загадаеш, і краскай вясна нас вітае,

Загадаеш, як слотная восень прыходзіць

І у вырай вандроўнае птаства злятае.


А даброты Твае ўсе стварэнні зазналі,

Там, дзе моры пяскоў пад адвечнай спякотай,

Там, дзе моры ільдоў назаўсёды паўсталі,

Ёсць апека Твая над найменшай істотай.


Услаўленне велічы Бога – галоўны матыў «Песні над песнямі Саламонава» ў пераспеве Рыгора Барадуліна (2001). Гэта ўжо трэцяе перастварэнне ў беларускай традыцыі, пасля «Песні Песняй» Ф.Скарыны і «Найвышэйшай Песні Саламонава» В.Сёмухі (1991). У дадзеным выпадку варта гаварыць толькі, відаць, аб велізарным паэтычным майстэрстве Барадуліна-перакладчыка, бо ён у спробах перастварэння вялікай Песні ідзе ў рэчышчы сусветнай традыцыі пераўвасаблення класічнага першаўзора на нацыянальнай мове, што добра відаць на адпаведным прыкладзе:


Найвышэйшая песьня Саламонава.

2. Няхай вусны яго мяне пацалуюць! Бо лепшыя за віно твае ласкі.

3. Ад водару мазяў тваіх імя тваё – як разьлітае міра; таму і дзяўчаты цябе кахаюць.

4. Надзь мяне! Мы пабяжым за табою; – цар мяне ўвёў у харомы свае! Радавацца і весяліцца будзем з табою; -- больш за віно будзем славіць пяшчоты; цябе годнасна любяць!

5. Ерусалімскія дочкі!


Хай мяне абцалуе ён

Цалаваннем вуснаў сваіх!

Бо пешчы твае хмялейшыя за віно.

Ад пахучасці масцяў тваіх

Твайго ймя дасконны палон.

Як міра разлітае

Нябёсам на дно яно.

За нявытхнутае, аблачыністае

І кахаюць цябе дзяўчыністыя.

Памкні мяне, пабежымо за табой.

Кароль павёў мяне да сваіх харомаў.

Будзьма радавацца і цешыцца

Сэрцаў нашых салодкаму грому,

Небаўзносячыся хвалой.

Бо за віно, якое забыць сябе не дае,

Мацнейшыя пешчы твае.

Годныя цябе кахаюць,

Аж у журбе засыхаюць.

Дочкі Ерусалімскія.

У гэты не трэба бачыць нейкай другаснасці, бо падобным шляхам ідуць і ягоныя папярэднікі, нават паўтараючы і пэўныя, на погляд некаторых вучоных, недакладнасці. Так, у Песні першай Р.Барадулін услед за «Толковой Библией» (глава 1:11), І.М.Дзіяканавым (Поэзия и проза Дальнего Востока, с. 626) ужывае слова нард (нард мой свой пах выдаваў – нардъ мой издавалъ благовоніе свое), то ў беларускай «Бібліі» і ў перакладзе В.Сёмухі гучыць аднолькава зразумела (не ведаю ці дакладна) – мой народ разліваў пахошчы). Таму варта адзначыць цудоўныя вобразна-выяўленчыя знаходкі паэта – «За нявытхнутае, аблачыністае І кахаюць цябе дзяўчыністыя.» (працяг развіцця асацыятыўнасці загалоўка); «Раскашуюцца ў кунежлівай харашбе»; «Шыя твая ў каралях, зашаптаных хвалебнамі»; «павіснелая ад святла»; «грудзьмі сасіла» (карміла).

У беларускай мастацкай традыцыі існавалі апокрыфы, г.зн. мастацкія творы, у той ці іншай ступені сюжэтна звязаныя з Бібліяй («Хаджэнне Багародзіцы па пакутах», «Страцім-птушка», казкі, духоўныя вершы), але якія не лічыліся кананічнымі. У дахрысціянскія часы гэтым тэрмінам абазначаліся творы, глыбокі і загадкавы змест якіх быў зразумелы не кожнаму. Якраз у такім аспекце ўспрымаецца і цыкл Р.Барадуліна «Босая зорка», дзе можна сустрэцца з увасабленнем вушацкіх, крывіцкіх паданняў аб стварэнні света, народных успрыняццяў асноўных Біблейскіх і Евангельскіх падзей, пераклады рэлігійнай паэзіі. Тым самым паэтычнае беларускае ўвасабленне народным паэтам набывае лагічнае завяршэнне.


Маналог РАССТРЫГІ

1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   14


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка