Анатацыя на кнігу “Deja vu bis” Івана Штэйнера




старонка3/14
Дата канвертавання14.03.2016
Памер4 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   14
І.ШТЭЙНЕР

Гомель (УО «ГГУ ім.Ф.Скарыны»)
«ПАХВАЛА ДУРАСЦІ» Э. РАТЭРДАМА І «ЗАПІСКІ САМСОНА САМАСУЯ» А. МРЫЯ

Кніга, пра якую пойдзе гаворка, вылучаецца на агульным, ці не “аднакаляровым фоне” (М. Багдановіч) беларускай мастацкай традыцыі, бо з’явілася яна не ў выніку сакральных дзеянняў, абумоўленых высокім, як было прынята лічыць апошнія 2000 гадоў, амаль што боскім прызначэннем мастацкага слова, не пад сенью класічнай музы, кабеты эфірнай, узнёслай, мройнай з адвечнай лірай у руках, а з ласкі зусім нязвыклай, кардынальна адрознай апякункі, якой так баіцца і пазбягае адукаванае чалавецтва, хаця ў гэтых уцёках, як і ўвасабленні самой музы, нябачна прысутнічае адна і тая ж рука і прычына. Калі большасць кніг, што з’явілася ў чалавецтва за ўсю ягоную цывілізаваную гісторыю, меліся зрабіць гэты свет лепшым, то невялікая купка ставіла перад сабой больш, як здавалася, прыватную, але не менш складаную задачу – несці людзям радасць. Таму ўзніклі яны, не ў апошнюю чаргу, як сказаў вялікі Эразм з Ратэрдама, пад пратэктаратам яе вялікасці Дурасці, Глупости, Стульцыі (лац), Морыі (грэц), аб чым цудоўна паведамлена urbi et orbi у кнізе “Stultitiae laus” (“Пахвала дурасці”).

Аўтар гэтага артыкула таксама зведаў магутны ўплыў згаданай усясільнай багіні, што выразна праявіцца на розных узроўнях даследавання, і перш за ўсё ў нястрыманым жаданні быць падобным да тых старажытных рытараў, якія лічылі сябе амаль роўнымі багам, калі ўдавалася ім стацца двуязычными и полагать верхом изящества пересыпать латинские речи греческими словечками, словно бубенцами, хотя это было совсем некстати. Если же не хватает им заморской тарабарщины, они извлекают из полуистлевших грамот несколько устарелых речений, чтобы пустить пыль в глаза читателю. Кто понимает, тот тешится самодовольством, а кто не понимает, тот тем более дивится, чем менее понимает.2 Вось чаму, узяўшы у рукі паходню ці галінку алівы, станем у шэраг апалагетаў вялікай багіні, што так даўно кіруе светам, і з яе дапамогай прачытаем і раман А. Мрыя “Запіскі Самсона Самасуя”.

Як сонца разганяе лёгкі туман над родным балотам, так і з’яўленне нашай галоўнай гераіні разбурае смог празмернай сур’ёзнасці роднага прыгожага пісьменніцтва: Едва я взошла на кафедру, как все лица просияли небывалым, необычайным весельем, все подались вперёд и повсемстно раздался радостный, ликующий смех… у всех при взгляде на меня совсем иными сделались лица… я стряхнула с души тяжёлые заботы единым моим появлением.

На працягу ўсяго маленькага рамана (некаторыя крытыкі лічаць яго аповесцю) Самсон Самасуй прызнаецца ў вернасці і беззапаветнай адданасці сваёй багіні. Так, ці не на першай старонцы ён заяўляе, што шапялёўскія яўрэі завуць яго “мішугэнэ”. У гэтым не стамляюцца падтрымліваць героя і іншыя персанажы. “Яго сумазброддзе даўно з глуздоў з’ехала!” – сцвярджае адна з галоўных гераінь. Але, канешне, іх дробныя заўвагі ніколі не ўздымуцца да ўзроўню афарыстычнай узнёсласці самога ўлюбёнца вялікай пані: “Папярэдняя інтрыганцкая фаза развіцця... вельмі моцна грукнула мяне ў галаву і наскрозь пракалола ўсю маю істоту; “Яго шалёная фантазія скінула і мяне з розуму”; “Бо ў людзей дурні здыхаюць, а ў нас як з вады вылязаюць!”; “Мы павінны быць спачатку здаровымі; а пасля будзем мець правы быць разумнымі”; “Народ пакутуе ад слабага развіцця мазгавых паўкуляў”. Наогул, усё спасцігнутае (адэкватна ці не вельмі) дазваляе сцвярджаць, што перад намі – верны служка багіні – “Дурыла ва ўсесаюзным маштабе”, які, як лічаць ягоныя паплечнікі, мае розум, але нейкі дзівацкі. Сам Самсон заяўляе, што розум ягоны выразна мужыцкі, і гэта абумоўлена ягоным тварам і асабліва носам у форме бульбы. Палемізуючы з уяўнымі апанентамі, што сцвярджаюць немажлівасць існавання такой катэгорыі, як мужыцкі розум, ён даказвае, што ў яго толькі такі і ёсць. І ў гэтай упэўненасці – перакананасці ён мае выдатны узор для пераймання. – Разве само чело мое и лик не достаточно свидетельствуют о том, кто я такая? Если бы кто даже и решил выдать меня за Миневру или за Софию, мое лицо – правдивое зеркало души – опровергло бы его без долгих речей. Нет во мне никакого притворства, и я не стараюсь изобразить на лбу своем то, чего нет у меня в сердце. Всегда и всюду я неизменна, так что не могут скрыть меня даже те, кто изо всех сил старается присвоить себе личину и титул мудрости, -- эти обезьяны, радящиеся в пурпур, и ослы, щеголящие в львиной шкуре.

Сакратаўскае аблічча, незвычайная шчырасць, выключны тэмперамент, панскае пуза і гэны кангламерат вядзе героя да пастаянных канфліктаў з прыродай і грамадствам, што і выклікае такую пярэстую разнастайнасць настрояў, эмоцыяў, хаценняў, жаданняў, перажыванняў. Некалі стоікі сцвярджалі, што быть мудрым – это не что иное, как следовать велению разума, а глупым – внушению чувств, и, дабы существование людей не было вконец унылым и печальным, Юпитер в гораздо большей мере одарил их чувством, нежели разумом. Самсон Самасуй ніколі не думае, што добра відаць як па ягоных самараскрывальных маналогах, так і па амаль усіх учынках. Таму зразумець прычыны многіх ягоных выбрыкаў даволі складана, тым болей што ён, падпарадкоўваючыся запаветам гаспадыні, ніколі не браў за ўзор дзейнасць прафесійных аратараў старажытнасці (ды і не чуў пра іх ніколі), што рыхтавалі прамовы па трыццаць гадоў, але агучвалі іх з такім выглядам, нібы толькі што склалі, літаральна ў перапынку паміж вялікімі справамі. Для яго больш да душы і сэрца запавет пані Дурасці – Мне же всегда особенно приятно было говорить то, что в голову взбредёт, якому ён падпарадкоўваецца як у працы, так і штодзённым жыцці. Згадаем толькі фрагменты з даклада, які ён экспромтам прачытаў сялянам адной з вёсак:

“Капіталістычныя рапухі шквяруцца, яны хочуць праглынуць нас. Імперыялістычная вантроба, ці, па-нашаму, кажучы, імперыялістычны каўбух жарэ ды жарэ чалавечае мяса пад прыкрыццём папяровага бюракратызму Лігі нацый, якую правільней трэба назваць Лізкай нацый і сцервай сусветнай – такая паскуда яна!

Прызнаюся, кажучы аб Сун Ят-сене і становішчы ў Кітаі, я заблытаўся і не ведаў, якая розніца між Чан Кай Пшы, Ка Ка Фэнам і іншымі сусветнымі гадамі, але гаварыў я ўпэўнена, мне нельга было праявіць сваю несвядомасць, бо гэта невыгодна ў першую чаргу і мне і РВК”.

Ніхто з сялян і не звярнуў увагу на лухту, што звычна неслася з вуснаў чарговага ўпаўнаважнага, звыкліся. У спрэчках ніхто і славечка не кінуў аб кітайскіх справах, а толькі пыталіся: “Чаму карова 40 руб., а боты 30 руб?”

Нават у мілосныя хвіліны Самсон вярзе абы што: “У які тэрмін ты, Крэйна, выканаеш маю запальную просьбу аб адзнаках тваёй прыхільнасці і захаплення?”. Ці, каб пазбыцца дрэннага настрою, голіць вусы, бараду і нават галаву, параніўшыся пры гэтым да крыві, што цурком бегла з ягонае паўнакроўнай асобы, бо, як касой, зрэзаў барадаўку, што мела рэзыдэнцыю на яго патыліцы.

Як і кожная сапраўдная Багіня, Дурасць мае шэраг уласных весталак, сярод якіх у першую чаргу згадваюцца: Філаўтыя (Самалюбства), Калавія (Лёстка, Падхалімства), Місапопія (Ляноцтва), Гедонэ (Асалода), Трыфэ (Абжорства), Анойя (Вар’яцтва). З дапамогай гэтых адданых служак яна падпарадкоўвае сваёй уладзе ўвесь свет, аддае загады сваім імператарам. Тым болей, што ёй не патрэбны статуі, бо самі людзі з’яўляюцца ейным жывым увасабленнем. Калі ж канкрэтнага бога антычнасці ўшаноўваюць у канкрэтным месце, то Дурасці ахвяры прыносіць цэлы свет. Якой жа жрыцы найбольш аддана і плённа служыць Самсон Самасуй? Усім адразу, і кожнай паасобку. Так, ён выступае даволі часта лоўкім, прыроджаным Падхалімам, асабліва ў адносінах да начальства. І амаль заўсёды ягоная непрыкрытая лёстка дае пэўны плён, як гэта заўважна ў сцэне вяртання героя разам з т.Сомам на выканкомаўскіх конях з горада ў мястэчка. Як толькі ён пажаліўся, што ў адсутнасці старшыні было цяжка працаваць, бо ніхто не мог даць аўтарытэтнае заданне, то Сом адразу зазначыў, як за гэты час паразумнеў Самсон. Тым больш, што апошні рабіў выгляд, нібы запісвае разумныя думкі кіраўніка. Праўда, адзін раз у сваім падхалімажы Самасуй перастараўся і, прапануючы мястэчка перайменааваць у Сомск, выклікаў сапраўдны гнеў старшыні, які азвярэў і гразіў звальненнем. Ды і сам Самсуй не можа не купіцца на лёсткі, бо з усіх правераных школкаў станоўча ацэньвае толькі тыя, дзе вучні ўпэўнена называюць, што адукацыяй у раёне кіруе т. Самсон Самасуй.

Як сцвярджалі ў старажытнасці, розум чалавечы падпарадкаваны двум самым жорсткім тыранам – гневу і жарсці, якія могуць перамагчы кожнага з людзей. Самсон Самасуй падвержаны абодвум гаспадарам. Менавіта ў гневе ён робіць самыя недарэчныя ўчынкі, сярод якіх забойства сучачкі Мілэдзі – зусім не самы страшэнны і пачварны. Хаця трэба адзначыць, што гнеў хутчэй за ўсё выкліканы іншым тыранам – а іменна жарсцю, похотью. Эразм сцвярджаў, што паколькі мужчына народжаны для кіроўных спраў, то яму дастаецца на некалькіх кропляў розуму болей. Пані Дурасць лічыць жанчыну скотинкой непонятливой и глупой, но зато забавной и милой, дабы она своей бестолковостью приправила и подсластила тоскливую важность мужского ума. Недаром Платон колебался, к какому разряду живых существ подобает отнести женщину – разумных или неразумных, сомнением своим желая указать, что глупость есть неотъемлемое свойство её пола... В глупости женщины – высшее блаженство мужчины... Какую чушь привыкли нести мужчины в любовных беседах и каких только дурачеств они не совершают, лишь бы заставить женщину уступить их вожделению. Теперь вы видите, из какого источника проистекает любовь – первое и величайшее наслаждение в жизни...

Увесь свет мяняецца для Самсона Самасуя, калі ён закахаўся. Ідучы ад аб’екта жарсці, ён адным махам пераскоквае шырокія яміны з бруднай вадою, сніць кветкі блакітныя, белыя, ружовыя, якія мне і топча разам з каханай. Аднак не доўга цвіце чаромха. Бо жанчына для яго перш за ўсё баядэрка, да якой цягне “дзікае мужчынскае пачуццё, спрадвечны стымул працягу племя людскога. Не толькі звярыны інстынкт быў падставай майго закахання ў дзяўчыну, але і нейкі зусім ценкі матэр’яльны магнэз. Хацелася схапіць яе, як пісклёнка, абшчапіць яе галаву і гладзіць, гладзіць, надрыўна стогнучы ад ласкі”. Гэтай усясільнай жарсці падвержаны ці не ўсе жыхары слаўнага мястэчка, пачынаючы ад Сома і завяршаючы Свердзялюком, які кінуў Шапялёўку, замардаваны адначасным каханнем пяці дзяўчын. (Па гэтай жа прычыне збеглі і Лін, і сам Сом, якому адной жонкі мала, і многія іншыя героі, у якіх да вар’яцтва даходзіла жаданне напіцца крывавага піва кахання. Не меншымі па велічнай жарсці памкненнямі вылучаюцца і прадстаўніцы найпякнейшай паловы чалавецтва, (згадаем і Крэйну Шуфер, што падарыла ласкі многім, і настаўніцу Цыцоху (смазлівую божую цёлачку), Сашу-Дошу (з яе блакітнымі вачамі, тонкім носам Клеапатры, лебядзінай шыйкай і добра абсталяваным грудным сектарам), чарговых каханак тэлефаніста, якія вымушаны хавацца ў шафах. Іх надзвычай лёгка спакусіць, бо нягледзячы на знешнюю наіўнасць, яны значна разумнейшыя за сваіх калег-ахвяраў. А пані Дурасць яшчэ і яшчэ раз усклікае: Чем была бы земная наша жизнь, и вообще стоило бы назвать её жизнью, если б лишена была наслаждений? Что останется кроме печали, скуки и томления, несносных докук тягот, если не сдобрить её глупостью? Надзвычай спрыяе гэтаму працэсу і яшчэ адна прыдумка багоў Гамеравых, што хмялеюць ад нектару, настоенага на непенце, расліне, апісанай ў “Адысеі”, бо значна ўзмацняе п’янкія ўласцівасці віна. Роўнавялікія ўсясільным багам і звычайныя героі “Запісак”:

Мужчыны шмат пілі гарэлкі і моцнай густой, як суроп, цягучай настойкі, замацаванай гарэлкай. Дзве-тры шклянкі апошняй дзіўны настрой выклікалі ў мяне. У сваіх мускалах я заўважыў нейкую тэхнічную адсталасць: з’явілася нястрыманае жаданне прыхіліцца да пляча Крэйны, захацелася, як жывёліна, глядзець у яе бяздонныя вочы, узяць яе мікраскопныя рукі ў свае і гладзіць дзяўчыну, як курачку–натапурачку; хацелася спяваць ёй гімны, упрыгожыць яе чало ружамі, ускінуць ёй на плечы шаўковыя тканіны і замацаваць уладу над ёю моцнымі пякучымі пацалункамі. Бачачы мае электрыфікаваныя вочы, Крэйна адхілілася ўбок і частавала мяне:

– Ежце, ежце, а то нічога не будзе!”

Эразм з Ратэрдама, што бачыцца за спіною Дурасці, сапраўдны філосаф, які надзвычай скептычна глядзіць на гэты свет, на чалавека, ягоныя мажлівасці. За спіною Самсона Самасуя стаіць А.Мрый – філосаф, які, нібы ляльку-марыянетку, спрабуе павадзіць свайго нязграбнага героя, што ўвесь час імкнецца парваць ніткі і выскачыць на волю. Гэта яму даволі часта ўдаецца, бо самахоць учыняе такія выбрыкі, што нават дзівіць свайго добра замаскаванага крэатара, які, праўда, зрэдзь-зрэдзь з’яўляецца на вочы шаноўнай публікі. А. Мрый сапраўды па-філасофску дазваляе больш-менш абазнанаму чытачу прыйсці да высновы, што нічога не мяняецца ў гэтым свеце. І што б ні мянялася ў грамадстве, чалавек застаецца такім, як і поўтысячы гадоў таму, а ў свеце як кіравала, так і кіруе яе вялікасць Дурасць. Прычым з апошняй звязаны не толькі войны, эпідэміі, але і прагрэс чалавецтва, мастацтва, навукі. Не выпадкова ў Эклезіасце напісана: Бесконечно число глупцов. Бо, як у той класічнай прытчы пра адзінарога, чалавек, забыўшыся пра жахі, што яго чакаюць кожную хвіліну, вісіць над провай, але і ў такіх умовах ловіць кроплі мёду, што сімвалізуюць насалоду. А як па-іншаму, бо менавіта дзякуючы Філаўтыі, з-за яе ўплыву амаль кожны чалавек задаволены сваёй знешнасцю, розумам, паходжаннем, пасадай, ладам жыцця і г.д. А знаходзіць ён радасць у віне, каханні або іх сурагатах – ці не таму амаль у раблезіанскім стылі паказана падрыхтоўка, гераічны выхад інтэлігенцыі Шапялёўкі на ўлонне прыроды і сам працэс паядання і выпівання жыхарамі слаўнага мястэчка велізарных запасаў, пасля чаго парачкі, рассыпаўшыся па лесе, спрабуюць дабраць яшчэ па кроплі той забароненай насалоды.

Менавіта таму ў пэўнай ступені А. Мрый любіць свайго Самсона, які можа, вылучаецца сваёй нястрыманасцю, а таму часта гаворыць праўду. Дурняў заўсёды любяць. І цары, і звычайныя людзі. Толькі дурні бываюць шчырымі і праўдзівымі. Платон наогул лічыў праўду спадарожніцай віна і дзяцінства. Вось чаму Самсон Самасуй не пакутуе ад згрызотаў сумлення, апошняга у яго, як і ў згаданых вышэй асоб, проста не існуе. І не атрафіравалася ў выніку працяглага не ўжывання, сапраўды не было ніколі. Рудыментны орган прапаў, як хвост у чалавека.

Апошняму ж у значнай ступені спрыяе і мастацтва: Поэты по свойству своего ремесла принадлежат к моей партии... Это вольный народ всё дело которого в том и состоит, чтобы ласкать уши глупцов разной чушью и нелепыми баснями... З гэтай задачай у рамане цудоўна спраўляецца загадчык нардома Ягор Гарачы, якога лічылі мясцовым паэтам і вельмі часта называлі Пушкінзонам. І не толькі з-за ягонай паставы, бо меў калматую, альховага колеру, галаву, падслёпаватыя мышыныя вочы, жарабячы голас і нізкі, ліліпуцкі крываногі рост, але і таму, што ўсюды чытаў паэму “За тваім гарбатым носам нічога не бачу”, чым цалкам стаўся тварам да вёскі, бо хадзіў па ёй і гарланіў прыпеўкі, адну з якіх нельга не працытаваць:

Каля нашага ваконца

Пракандыбала цяля,

Я за хвосцік ухапіла –

Думала, маё міля!

Паэзія ва ўсе вякі, як і кароста, справа заразная і невылечная, яна прыносіць шмат клопату як акаляючым, так і самой ахвяры. Невыпадковы і магутны і непахісны, здавалася б, Самсон, падхапіў ейныя рэцыдывы, бо ні з поля, ні з пушчы пачаў складваць частушкі. Але, слава Богу, хутка ён выздаравеў: Да, рука судьбы меня вела иным путём. Магутны сялянскі арганізм здолеў вытрымаць інфекцыю ці прышчэпку інтэлігентнай непатрэбнасці. Бо як ніхто з герояў літаратуры, ён адчувае блізкасць да прыроды, якая вядзе пастаянны гандаль з ягоным целам – узамен за сыр, масла, розныя іншыя карысныя і некарысныя ферменты адбірае зусім нявартыя для многіх рэчы, за якія ніхто і шэлега не дасць. Герой, гандлюючы з прыродай, можа іграць на разнастайнасці эмоцый, ствараючы неверагодныя калізіі.

Наогул, героі падобных раманаў – звычайна выхадцы з ніжэйшага сацыяльнага асяроддзя, вельмі часта сіроты, а калі хто і мае бацькоў – то надзвычай бедных. У яго практычна ніколі няма сродкаў, таму вымушаны ісці служыць да багатых. У ягонай натуры заўсёдная схільнасць да бадзяжніцтва, вандраванняў, ён не прымацаваны да адпаведнага асяроддзя, гэта індывідуаліст, адзіночка, які зрабіў сам сябе. Так, падчас можа падацца, што Самсон Самасуй чытаў Карнегу, бо добра ведае, як зрабіць з сябе асобу. У яго ёсць чатыры кнігі, якія ён лічыць настольнымі: 1) падручнік, як гаварыць мала і важна, 2) культура трох камераў цела, 3) як размяркоўваць свае функцыі і 4) падручнік па агульнаму кіраванню. Тым болей, што яму ёсць з чаго рабіць сябе. Па правую руку ад дурасці заўсёды стаіць Філаўтыя, якую Пані лічыць нават не служкай, а сястрой: Человек должен любоваться самим собой: лишь понравившись самому себе, сумеет он понравиться и другим. Толькі дзякуючы Філаўтыі кожны бывае задаволены сваім знешнім выглядам, розумам, паходжаннем, пасадай, ладам жыцця. Самсон Самасуй не толькі задаволены сабою, але і ганарыцца – “як добра жыць, быць здаровым, поўным энергіі і мужнай сілы!”; “Я смяяўся шчаслівым жарабячым смехам”; “Я – асноўны рычаг культуры ў раёне, мае абявязкі вельмі складаныя; Я – сябра РВК, старшыня дзіцячай камісіі, старшыня таварыства “Прэч несвядомасць”, т-ва “Няхай гадуюцца дзеткі”. Я – сябра праўлення т-ва прыхільнікаў “здыхаты на буржуазею”. Я – раённы інспектар працы. Я – сябар жаночай камісіі РВК. Я – райліт і райаховы здароўя райМОПР, райхім. Я – сябра раённай абортнай камісіі”.

Або згадаем, як угаворвалі Самсона ўзяць самую галоўную ролю ў п’есе “Мараль т.Закандырына” (7 дзеяў, 48 малюнкаў і збор на карысць т-ва “Прэч несвядомасць”):

“Мне даюць ролю нейкага Вірлы, які павінен не толькі гаварыць і блішчэць вачыма, але яшчэ добра спяваць,скакаць, займацца стралянінай і фізкультурай.

-- Для гэтага героя неабходна буйнае аблічча, паважная фігура, гучны, як ерыхонская труба, голас і пластыка ў руках! – сказаў Зізь.

Ну што ты скажаш? Прыйшлося мне згадзіцца: дзе ж яны знойдуць героя? Я ва ўсякім выпадку на 100 проц. задавальняю гэтым патрабаванням”

Герой ранейшых класічных плутовских раманаў быў не суб’ектам, а аб’ектам сваіх прыгодаў, бо ён іх не арганізоўваў, а станавіўся ахвярай. Наш Самсон Самасуй сам становяцца кавалём уласнага шчасця, бо найчасцей стварае ўсе супярэчліва-смешныя калізіі ўласнымі рукамі. Мала таго, ён іх неблагі рэжысёр. Схільнасць да тэатральнасці – адна з асноўных рыс Самсона Самасуя. Вось як ён абстаўляе свой маналог у роднай хаце перад расстаннем: “Я выйшаў на сярэдзіну хаты, растапырыў ногі як крынджалы, задраў нос уверх і, прыплюснуўшы правае вока, тэатральна запытаў у бацькі”.

У духу пастановак скамарохаў ці народных лубкоў паказана сцэна з кабылай, якая здзіўлена пазірала на слаба каардынаваныя рухі свайго гаспадара і яго палітычна нявытраманую тактыку. У псеўдарамантычным стылі лёгкай меланхоліі паказана сцэна з’яўлення Самасуя на вочы аб’екта захаплення: “Я галаву накіраваў троху ў бок, сціснуў губы, прымружыў вочы, надаўшы ім выраз нейкага лёгкага суму. Адной рукой я абапірся на калена, а другую, як быццам знясілены, апусціў дадолу”.

Самсон Самасуй – прыроджаны акцёр, які ўмее стрымаць сябе ў адпаведны час. Так, ён захопленны каханнем, якое пераварочвае яго жыццё, аднак адначасова можа сцвярджаць, што жанчына, -- цікавая, але не патрэбная ў нашым будаўніцтве рэч: ён добра ведае сутнасць спрэчак пра стакан вады; папракае сябе, што цікавіцца болей спадніцай, чым дзяржаўнай справай; намячае трохгадовы план заляцанняў (у адпаведнасці з цяперашнімі тэорыямі тры гады – найбольш аптымальны тэрмін для флірту, што абумоўлена фізіялогіяй, неабходнай для зачацця і нараджэння дзіцяці). На залішак сексуальнай энергіі, якой герой ніяк не можа пазбыцца, указваюць яму многія дзеючыя персанажы аповесці. Так, Лін нахабна загаварыў штучна – добрым голасам: -- Я раю вам, т. Самасуй, жаніцца! Гэта для вашай асобы неабходна, вы сталі б больш супакойнымі, не рабілі б такіх дураскокаў, як сёння, а галоўнае – дурні не звяліся б на свеце!

Незвычайны для беларускага героя юр падкрэслівае і Сом, які жадае Самсону хутчэй жаніцца, каб было “куды энергію пхаць” (трохі двухсэнсоўна, але якраз у стылі падобных твораў). У гэтым палкім памкненні да чароўных жанчын беларускі персанаж нагадвае французска-іспанскіх герояў згаданых плутовских раманаў, невыпадкова і няшчасная сучачка, забітая ў час грандыёзных падзей, насіла слынную мянушку Мілэдзі, што адразу выклікае пэўныя асацыяцыі са славутым творам А.Дзюма.

Сам аўтар падчас не можа вырашыць, ці Самсон Самасуй нарадзіўся такім, ці стаўся ў выніку адпаведных абставін. Мы, відаць, убачым, што аснова – прыроджаная, а ўсё астатняе развіта няўрымслівай энергіяй героя, які дзейнічае ў эпоху, дзе надзвычай спрыяльныя ўмовы для таго, каб гэная ўсялякая каламуць узнялася з дна душы чалавечай. Сярод апошніх сам герой згадвае і магутную моц словаў, якія значныя для героя, як рэлігійны опіум для народа, як валер’янавыя кроплі для нервова-стомленых, замардаваных людзей: “Шалёная ж фантазія песняра Гарачага і скіўнула героя з розуму. Яго паэмы, вытрыманыя ў стыле рэвалюцыйнага трубадурства, з’яўляюцца яскравым доказам, як вырасла за гэты час наша паэзія, як выраслі масы, якія культурныя турботы апаланілі іх думкі ў наш час. Я паддаўся ўплыву яго паэзіі, як чулы барометр”. Ці не такія агіткі сталіся прычынай арганізацыі салярыю каля Сіняй рэчкі, стварэнне арганізацыі ШАЧ (шапялёўская асацыяцыя чырвонаскурых), арганізацыі музея ў адпаведнасці з новымі ўстаноўкамі, нашэнне шкілетаў малпы і чалавека, наогул, прафанацыя навукі, што асабліва выявіліся ў лінгвістычных экскурсах, спасылках на тыя часы, калі “ў народзе была пашырана латынская тэрміналогія” (згадваецца не толькі Эразм, але і семінарыст Гогаля, які, паказваючы сваю эрудыцыю, па латыні гаварыў “лапатус”, “бабус” еt cetera), з’яўленне загадаў, якія забараняюць каровам хадзіць па тратуарам, бо з-за сваёй інтэлігентнасці лічаць ніжэй свайго гонару ісці па вуліцы”, ствараць магчымасць статорганам ведаць лік сабачага і кацінага насялення рэспублікі ў мэтах экспартных магчымасцяў(?), забарона збіраць фальклор, як перажытак мінулага ладу, стварэнне самых незвычайных таварыстваў. Невыпадкова сярод тэзісаў Торбы надзвычай актуальна гучыць шосты – “Не давай ёлупу агонь у рукі!”
Малітва Ў матчынай мове
«На пачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і Слова было Бог...» і пры канцы ўсяго – і чалавека і сусвету – будзе слова (чалавечае) і Слова (Божае). Знак першага – у чалавека перад скананнем займае мову, бо слова яму спатрэбіцца крыху ці значна пазней, калі пачнецца ўзважвацца і вызначацца вартасць яго зямнога існавання. Знакам другога могуць стаць існыя знаменні, значныя і велічныя, сілу якіх мы падсвядома адчуваем, але не заўсёды можам адзначыць і спасцігнуць.

І як кожнаму чалавеку, так кожнай нацыі даецца пры нараджэнні і адымаецца пры скананні Мова. І толькі адзін Бог захавае памяць пра яе, бо толькі на гэтай Мове будзе трымаць справаздачу свайго існавання зніклая нацыя, што з кожным чалавекам паасобку адышла ў нябыт.

Вось чаму слова назаўсёды застаецца ў сваёй пастаяннай нязменлівасці, нягледзячы на ўсе намаганні – часу і чалавека – надаць яму новую, неўласцівую яму сутнасць. Як дыямент, які, хоць набыў праз аграненне бляск, зіхаценне, унутрана застаецца першародным алмазам, так і словам не схаваеш ісціну, бо яно ісцінна само па сабе. У слове – музыка, сэнс, у слове – вера і адвечная таямніца, бо яму наканавана быць Словам-пасрэднікам паміж чалавекам і Богам.

Ці не таму ў падсвядомасці кожнай зямной мовы і яе носьбітаў існуе не заўсёды асэнсаванае і аргументаванае сумненне ва ўласных сілах і вартасцях, падуладнасці гэтай наканаванасці, а разам з тым здольнасці выканаць адвечнае прадвызначэнне і, як вынік, – добраахвотна-прымусовы зварот да сілавога поля больш магутных моваў. Падобныя сумненні шматразова павялічваюцца, калі гаворка заходзіць пра мовы, якім адмаўляецца нават права на існаванне ў справаводстве, навуцы і штодзённым побыце, што добра відаць на прыкладзе нашай долі. Беларус даўно ўжо пазбавіў сваю мову арэолу таямнічасці і сакральнасці, і, здаецца, ужо нішто, нават шматлікія спасылкі на подзвіг Ф.Скарыны, С.Буднага, В.Цяпінскага, не кажучы пра святых Ефрасінню і Кірылу, не ўстрывожыць адпаведныя струны яго душы.

1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   14


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка