Анатацыя на кнігу “Deja vu bis” Івана Штэйнера




старонка14/14
Дата канвертавання14.03.2016
Памер4 Mb.
1   ...   6   7   8   9   10   11   12   13   14

Адважны каралевіч таксама шматгаловы. У яго іпастасі выступаюць два маладыя, высокага росту, па-вясковаму апранутыя дзецюкі ў шапцы чыгуначніка і шэрай скураной кепцы і жанчына ў чырвонай квяцістай хустцы з кошыкам у руцэ. Нягледзячы на свой несамавіты выгляд, адважныя змагары за справядлівасць уступаюць у няроўную барацьбу, бо валодаюць амаль казачнай здольансцю бачыць усё і ўся (ну, не раўнуючы люстэрка Бабы Ягі здабылі). Але, як гэта характэрна для цяперашніх казак, не перамагаюць. Можа, яны ўжо добра ведаюць, што той, хто забіў Цмока, сам павінен стаць ім, а таму сыходзяць туды, адкуль прыйшлі – у Чарнобыльскую Зону. А дзе ж яшчэ можна жыць па законах дабра і справядлівасці, калі гіне казка, тым болей беларусам?

У пэўнай ступені салідарны з ім і беларус Віктар Казько. Асабліва ў тым, як рушыцца родная звыклая казка, бо ўсыхае жыватворнае балота, што глытнула вады з ракі Леты. Вось чаму, падобна тым нямецкім далікатным феям, як жабы на купіну з балотнай дрыгвы паскакалі апошнія лесуны, чысцікі і нячысцікі, вадзянікі і шышыгі. Лёгкія на нагу д'яблы адхрышчваліся ад сябе і давалі дзёру са свайго балота, забыўшыся, што без балота няма і чорта. Кім яны сталі, дзе ўладкаваліся – усё гэта пакрыта флёрам таямнічасці, адно толькі што нечысці значна пабольшала ў людзях.

Вось чаму не вельмі і здзіўляецца чытач, калі ў "ці сучаснай спадарожнай казачцы "Нахаў" В.Казько ў дабіты амаль фантастычны дызелёк, што сам падчас пераўтвараецца ў звар'яцелага мурзатага чорта, раптам на поўным хаду (відаць, і ход такі) убіваецца дзіўная пасажырка – вядзьмарка. Можа гэтая падзея падалася зусім натуральнай таму, што звыкліся з казачнай традыцыяй – ідзе сабе чалавек па зямлі і раптам бачыць нешта неверагоднае. А можа таму, што адбылося ўсё ля могілак (а там заўжды водзіцца нячыстая сіла), ля якіх паравозік, спатыкнуўшыся аб вечнасць, сагнаў з крыжа варону. А можа згаданая істота, бы тая спуджаная жахлівая птушка, узнятая з сімвалу памяці, такім жа чынам лёгка аказалася ў тамбуры, а потым, як іголка, прашыла ўвесь вагон. Перад намі, як сказалі б разумныя людзі, амбівалентная істота, у якой спалучыліся пачаткі міфалагічнага персанажа і рысы рэальнай жанчыны, што апавядае зусім не казачную трагедыю свайго жыцця. (Як тая несмяротная панначка з гогалеўскага "Вія"; невыпадкова ў гераіні Казько так натуральна дамінуе неразмежаванасць відавочнай і кідкай прыгажосці і такой жа відавочнай і задзірлівай, недзе нават трыумфальнай, выродлівасці, што, як і ў першым выпадку, бянтэжыць і палохае.) Вось чаму не так ужо істотна, каго і што прадстаўляе яна тут – свет дэманалагічны ці рэальны, які не менш жудасны і пачварны, чым першы.

"Сёння не час казак", – сцвярджае В.Казько. – Век не той. Не выклікае ён прыхільнасці да казак. Хаця ў кожнага з нас нараджаецца парой такая хвіліна, калі менавіта па казцы, добрай, старой, крыху жудаснай, так сумуе душа. Але, на вялікі жаль, павыміралі, адышлі на той свет казачнікі, падобна дыназаўрам ці мамантам".

Але, відаць, прычына не толькі ў недахопе таленавітых апавядальнікаў, страце звыклых традыцый. Вытокі трагедыі схаваны значна глыбей, і абумоўлены яны мутацыямі ў людзях і сусвеце. Характарызуючы Германію тых часоў, калі там жыў славуты кот і яго аўтар, класікі марксізму сцвярджалі, што краіна знаходзілася "в состоянии допотопного безразличия ко всем общим и духовным интересам, в состоянии социального детства, когда ещё нет ни общества, ещё нет жизни, нет сознания, нет деятельности". В.Казько ў сучаснай падарожнай казачцы "Нахаў" не менш катэгарычны, бо амаль кожны з яго герояў нават не мае твару, а толькі "рыла ўсяленскае, вар'яцкае, звярынае". Штосьці перарвалася ў свядомасці людской, вось чаму нешта жывёльнае душыць чалавечае. І страшна ў наш час таму, хто яшчэ зусім не азвярэў і не здзічэў. Бо і ён пачынае міжволі пачуваць, як у яго расце на целе поўсць, з'яўляюцца рогі і хвост, і трывожна робіцца за ўвесь род чалавечы.

Казкі ад нас адплылі, як ранішні туман над неіснуючымі балотамі, бо яны могуць існаваць толькі ў сусвеце адвечным, традыцыйным, рэальным, чалавечым. А не ў нашым, перакуленым, фантасмагарычным, звар'яцелым, калі ўсе людзі, нават ціхмяныя бабулі, памяркоўныя пакорлівыя дзядкі па нейкаму злому выраку перакідваюцца ў нелюдзяў, у тых, хто жыў тут некалі толькі ў пачварных снах і спараджэннях хваравітых фантазій: чараўнікоў, чарцей, вампіраў, ваўкалакаў. І застаецца толькі адно: ціха і незваротна сысці ў магілу, "як канкрэтнаму чалавеку, так і людзям наогул, або жыць у гэтым свінстве сваім". Невыпадкова адзін з герояў сучаснай падарожнай казкі гнеўна ўсклікае: ""Радзіма – магіла! Хата – магіла! Патрыа о муэртэ". Бо магіламі, як у казцы пра Кашчэя ці Бабу-Ягу, уладальніцу царства мёртвых, засеяна гэтая зямля. І цяпер ужо не жыць, а паміраць, класціся ў магілу едуць на радзіму.

Бо няма месца ў гэтым сусвеце чорнаму буслу, якому дарэмна моляцца героі В.Казько, бо наша зямля ўжо даўно не пад белымі крыламі. Што гэта – праяўленне сусветнай іроніі ці акт безвыходнасці? Як бы там ні было, свет стаў чужым, усё ўрэшце рэшт становіцца бяссэнсавым, сумніўным, прымірэнне яго з чалавекам немажлівым. Невыпадкова той жа В.Казько нават у нейтральнай назве станцыі "Нахаў" чуе "на хер".

Уся сучасная калялітаратурная эліта не толькі з захапленнем чытала пра дзівосныя прыгоды Сабакаў і Гражданоў арыгінальнага Віктара Шніпа, але і пранікнулася паэтычнасцю ці антыпаэтычнасцю, логікай ці антылогікай іх сусвету (вялікага ці маленькага, гэта ўжо не так істотна), прыняла законы гульні і цяпер сама стварае працяг бытавання новых Големаў. (Створаны прэцэдэнт, як у таго Стывена Кінга, што пачаў новы электронны эксперымент. "Кароль жахаў" аб'явіў, што сваю апошнюю серыю раманаў "Расліна", дзе нейкая расліна-вампір тэрарызуе выдавецтва, ён будзе друкаваць на інтэрнэтаўскай старонцы, г.зн. бясплатна. Праўда, аўтар спадзяецца, што чытачы будуць дабраахвотна плаціць па даляру за кожную копію і садзейнічаць працягу гісторый.) В.Шніп таксама пакуль не прэтэндуе на кішэні сваіх "суаўтараў", але сам факт з'яўлення падобных вобразаў і іх інтэнсіўнае прыняцце сведчыць пра тое, што на першы план выходзіць гратэскны тып вобразнасці, звязаны менавіта з падобным успрыняццем рэчаіснасці. І хоць звычайна гратэск лічыцца формай для выражэння суб'ектыўнага пачатку, індывідуальнага светапогляду – набліжаючы далёкае, спалучаючы ўзаемавыключнае, парушаючы звыклыя ўяўленні, ён становіцца блізкім парадоксу ў логіцы і даволі часта яму ўдаецца прыватнае замяніць заканамерным. Вось чаму гратэскнае ўспрыняцце становіцца ўжо не проста індывідуальным бачаннем, а агульным, нават агульнанацыянальным. Бо мы жывем у перакуленым свеце, дзе ёсць нейкая свая логіка, але логіка страшная.



Аб гэтым і апавядае народны пісьменнік Васіль Быкаў у шэрагу сваіх казачак для самых неспрактыкаваных чытачоў, бо для больш адукаваных ён прапануе больш сур'ёзныя жанры, галоўным сярод якіх застаецца прыпавесць – беларускі варыянт класічнай прытчы. Чаму ён так свядома і смела, упершыню бадай пасля Ядвігіна Ш. і В.Ластоўскага на практыцы і М.Гарэцкага ў тэорыі, культывуе гэтую форму? Чаму ён адмаўляецца ад традыцыі, у святле якой нават ў звычайнай гісторыі "сокрыта мудрость, яко бы моць в драгом камени, и яко злато в земли, и ядро у во греху"(Ф.Скарына). Або па сутнасці праігнараваны вопыт вялікага Кірылы Тураўскага ("Повесть о слепце и хромце"), які велічальным словам разважае аб суаднесенасці духоўнага і цялеснага, узвышанага і агіднага ў іх дыялектычным адмаўленні. З веку ў век у прытчы – жанры даўнім і аўтарытэтным – адлівалася і боская, і жыццёвая мудрасць, бо яе генезіс і эвалюцыя і абумоўлены векавым памкненнем людзей да маральнага самаўдасканалення, спасціжэння спрадвечных таямніц зямнога і нябеснага бытавання, а сама форма з'яўляецца адметным акамулятарам найбольш вартасных здабыткаў духоўных. Класічная прытча дае мажлівасць чалавечаму розуму шукаць падобнае паміж рэальным і абстрактным, што можна спасцігнуць пры дапамозе пачуцця і разам з тым са спрыяннем ўяўленняў, бо яна мадэльная рэчаіснасць і чалавечыя адносіны ў абагулена-трансфармаванай форме. Хаця наш першы тэарэтык, аўтар першага слоўніка літаратуразнаўчых тэрмінаў практычна не бачыў адметнасці паміж прытчай і прыпавесцю, лічачы іх амаль што тоеснымі, усё ж такі В.Быкаў свядома культывуе якраз апошнюю. Яе з'яўленне ён лічыць заканамерным, як уласцівасць вобразна-выяўленчага мыслення, якое заўсёды імкнецца абстрагаваную думку прыземліць канкрэтным вобразам ці параўнаннем (відаць, адсюль і яе грэцкае найменаванне раrabоla – так называюць і гэтую форму нашы браты-палякі, што і адзначае "параўнанне"). Падобная форма не мае маралі непасрэднай, як тая ж байка ці казка, а таму спасціжэнне яе сэнсу ажыццяўляецца ў выніку самастойнай інтэлектуальна-маральнай дзейнасці таго, хто слухае ці чытае. Прытча фіксуе толькі тыя з'явы, якія маюць агульначалавечы сэнс і могуць стаць карыснымі для маральнага ўдасканалення ўсіх людзей.

У свой час Хрыстос, убачыўшы бесперспектыўнасць звычайнай пропаведзі звычайным людзям, якім "не дано знать тайны Царства Небесного", на Галілейскім Возеры вырашыў скарыстаць новую: "Потому говорю им притчами, что они видя, не видят, и слыша, не слышат, и не разумеют" (Матф.13; 10-13). В.Быкаў добра ўсведамляе, што класічная, адшліфаваная вякамі, а таму надзвычай абстрагаваная форма прытчы на дадзеным этапе для беларуса не вельмі актуальная. Нацыя знаходзіцца ў каматозным стане, таму, відаць, ей больш адпавядае тая форма, якая паводле Ф.Бэкана, найбольш адэкватна для старажытных плямёнаў, а менавіта – іншасказальная фігуральная мова", "ибо в то время ум человеческий был ещё груб и бессилен и почти неспособен воспринимать тонкости мысли, а видел лишь то, что непосредственно воспринимали чувства". Невыпадкова вялікі філосаф сцвярджаў: "Как иероглифы старше букв, так и параболы старше логических доказательств. Да и теперь тот, кто хочет в какой-нибудь области осветить людям что-то новое, и притом сделать это не грубо и труднодоступно, обязательно должен пойти по тому же самому пути и прибегнуть к помощи сравнений". Якраз такі імператыў і пакладзены ў аснове "прымітыўных", як кажуць некаторыя крытыкі, гісторыях, расказаных наіўным, як гэта ім уяўляецца, дзядулем Васілём. Аднак чамусьці ў агульным кантэксце яны пачынаюць губляць свой уяўны "прымітывізм", сваю "забаўляльнасць" і становяцца сапраўднымі вехамі, ля якіх эвалюцыянуе светапогляд народнага пісьменніка. Звычайныя показкі, як і апавяданні Хрыста пра мытара, злое і добрае семя, лоўлю рыбы, вырастаюць з рэальнасці, набываюць выключна агульначалавечы сэнс. Там самым сцвярджаецца арriоri шматвекавая ісціна пра тое, што прытчай пры пэўных абсавінах можа стаць і казка, і прымаўка, і дакладнае выказванне, і параўнанне, не выпадкова і славутыя "Прытчы Саламона" ўяўляюць сабой не што-небудзь іншае, як універсальны афарызм, які лёгка развіць з дапамогай дэталяў, нават у раман, тым болей у рамантычную навелу, што мы ўжо бачылі ў сацыяльнай традыцыі, перш за ўсё ў "Шляхціцы Завальні" Яна Баршчэўскага. Сапраўды, шэраг твораў беларускага Гофмана варта лічыць не толькі баладамі ў прозе, але і прытчамі ў адпаведным разуменні слова (у якім яе ўспрымаў згаданы Кірыла Тураўскі). Так, у адрозненне ад класічных першаўзораў, творы вялікага златавуста былі падзелены на шэраг невялічкіх, свабодных у кампазіцыйным плане структурных частак, з якіх кожная мела шматаспектную алегарычна-сімвалічную інтэрпрэтацыю. Вось чаму, выкарыстоўваючы буддыйскую версію шырокавядомай парабалы ў якасці вобразнай асновы, ёй вырашае агульналюдскую праблему аб суадносінах матэрыяльнага і духоўнага, нябеснага і зямнога ў самім чалавеку і яго зямным бытаванні. Сутнасную экзістэнцыю дадзенай форме надае не сам чалавек, які становіцца яе героем, а маральны выбар, зроблены ім. Пэўную абмежаванасць апошняму надае і той факт, што Ян Баршчэўскі, як і яго папярэднік-затворнік, глыбока веруючая асоба, менавіта таму так блізка яму евангельскія прытчы з іх магутным маральна-этычным пафасам, у поўнай адпаведнасці з якімі і асуджае рэзка і непрымальна памкнення да багацця, пачуццёвых радасцей, славы, атаясамліваючы іх з грахом, парушэннем звыклых маральных асноў. Дзеля сцвярджэння адвечных ідэалаў вельмі часта ён праводзіць своеасаблівы маральны эксперымент, паказваючы даволі наглядна і вобразна, як адмова ад хрысціянскіх запаветаў, асноваў патрыятызму і любові да людзей прыводзіць чалавека альбо да фізічнай гібелі, або, што не менш страшна ў яго ўяўленні, страты душы.

Праўда, падобная тэндэнцыя не будзе вызначальнай у беларускай традыцыі. Яе своеасаблівым нацыянальным варыянтам стануць "Казкі жыцця" Якуба Коласа. А для мужыцкай беларускай літаратуры больш адпавядае простая алегарычная (амаль што баечная) форма, як у таго ж самага Вацлава Ластоўскага, які ўжо без усялякай умоўнасці паказвае тую ступень дэградацыі, да якой дайшоў беларус. Якія яшчэ вычварнасці стылю неабходны небараку, які не можа зразумець сутнасць рэальных маналогаў багіні? Тым болей, ён ніколі не зразумее асацыятыўнасць свету Яна Баршчэўскага, які так маляўніча перадаў Ул.Арлоў:

Мы сустрэнемся

на пецярбургскім гасцінцы,

недзе каля Клясціцкай царквы,

а найверагодней – карчмы,

пад Янаў дзень,

бо ты ўжо павінен прайсці

большую частку шляху

з Санкт-Пецярбурга ў Полацк

(гэты шлях, між іншым,

карацейшы, чым наадварот,

што няраз даказвала Кліо),

адпачываючы ад прыватных урокаў

лаціны і грэцкай,

згадваючы ўхвальныя словы

самога Міцкевіча

(зрэшты, без вялікага піетэту),

які два-тры разы пагартаў

твае вершы.

Ёселевы прусакі

не здолеюць атруціць

смаку журавінавай палёнкі

(хоць у полацкіх айцоў-езуітаў

яна, безумоўна, мацнейшая).

Кабета Інсекта з Белай Сарокай

пакінуць нас у спакоі,

праўда,


мільгануцца перад агменем

велізарныя цені

Стаўраў і Гаўраў.

Урэшце


ў доме павятовага маршалка

сцвярджаюць, што і ты

частку дарогі са сталіцы

адольваеш наўпрост

у абліччы розных нязвыклых істотаў.

(Чаго не наплятуць жаночыя языкі,

тонка ўсміхаешся ты,

унікаючы адказу.)

Кашэчы кароль Варгін

і мышыны Пандор

угамуюць сваіх шматлікіх падданых,

дамовіўшыся пра нешта з Будзімірам,

каралём усіх пеўняў.

Полацкія чарнакніжнікі

нарэшце спахопяцца,

паветра ў карчме загусцее

да кансістэнцыі палёнкі,

час упакорыцца чарам, і

не будзе ніякай гарантыі,

што мы не выйдзем з карчмы,

цвёрда трымаючыся на нагах,

у пухкую завею

з далёкай свечкаю

на падваконні Шляхціца Завальні.


У прыпавесцях В.Быкава канца стагоддзя яшчэ застаюцца вызначальнымі элементы ўмоўнасці (праўда, даволі празрыстыя). Асабліва гэта тычыцца твораў, дзе гаворка ідзе пра незвычайныя краіны, у якіх пануе па чарзе смех, страх, жах; дзе бібліятэкар каралеўскі становіцца маршалам; дзе раскінуўся нейкі загадкавы валун; дзе хвастаты шчур знішчае сабе падобных; дзе брыдзе нейкае зачараванае племя" без дарогі, без начлегу". Гэта ўжо далёка не той "прытчападобны" рэалізм, тэрмін, якім таленавітыя крытыкі хацелі ў не вельмі спрыяльны для мадэрновых пошукаў час замаскіраваць шматзначнасць сітуацый прозы В.Быкава, завостранасцю маральных высноў, да якіх і прыводзіць развіццё дзеяння і эвалюцыя героя. Якраз у гэты перыяд у творчасці народнага пісьменніка ішлі поруч рэалістычны паказ жыцця і выхад у экзістэнцыйныя матывы, выкарыстанне вобразных іншасказанняў і сімвалаў. Героі В.Быкава адзінокія ў гэтым сусвеце, а таму нейкія змрочныя сілы міжволі ініцыіруюць яго ў гэты выбар і толькі таму ён не зможа застацца ў самоце ад ўсяго. Героі ж Баршчэўскага больш свабодныя ў сваім выбары: на злачынства іх часцей за ўсё скіроўвае ўласнае бязволле, схільнасць да лёгкага і імгненнага ўзбагачэння, некаторыя адмоўныя рысы характару. Але ў абодвух выпадках на першы план выходзіць нялюдская сіла расчалавечвання. І не так ужо істотна, у якім выглядзе яна выступае – д'ябла, шатана, чарнакніжніка, вельмі злых духаў, цмока, вылупленага з яйка, знесенага чорным пеўнем, ці фашысцкага следчага, энкавэдзіста, сакратара сельсавета, сына ссыльнага. Як і тое, каму яна служыць – Белай Сароцы, лесуну, вужынаму каралю ці самай перадавой у свеце ідэалогіі. Самае галоўнае, чалавек бяссільны ў гэтым змаганні, бо нават сама прырода, як ў згаданай вышэй аповесці-прытчы "Сцюжа", адвяргае яго. У той жа час, прытчы Яна Баршчэўскага паказваюць, як не трэба жыць на гэтай зямлі, калі беларус хоча застацца яе гаспадаром, то прыпавесці Васіля Быкава сцвярджаюць бескарыснасць любых намаганняў, калі ўжо нават гаворка ідзе пра простае фізічнае выжыванне, не гаворачы ўжо пра духоўны росквіт.

Так, казачка дзядулі Васіля "Вуціны статак" нагадвае славутую "Серую шейку", але з дакладнасцю наадварот. Калі маленькая качка з параненым крылом дзякуючы шчасліваму супадзенню абставін і магутнаму жаданню жыць змагла выстаяць у змаганні з лісой і лютым марозам, то вуціны статак з-за сваёй сквапнасці і выключнай абыякавасці да будучыні і пустой надзеі замярзае ў вузенькай палонцы і "толькі рэшта мокрых стракатых пёрак дзе-нідзе гайдалася ў трыснягу і ля берагу". Гэта ўжо не слепата і глупства андэрсанаўскіх герояў, калі не заўважаецца на птушыным двары ягонымі ганарлівымі насельнікамі, занятымі толькі сабою і ўласнымі вантробамі, брыдкае качанё. А яшчэ большае глупства-спадзяванне на манну нябесную ці іншых, больш дужых і разумных качак, здольных і цябе, як тую жабку-вандроўніцу, данесці больш-менш камфортна ў вырай.

У шматлікіх народных і асабліва літаратурных казачках пра лес і ягоных насельнікаў заўсёды перамагаў слабейшы, асабліва шэранькі зайчык, які мог падмануць і дурнаватага ваўка, і хітрую лісу. Казка В.Быкава "Пагібель зайца" ўжо нават сваім загалоўкам не пакідае ніякай надзеі слабому. І дарэмна ён пускае скупую слязу, якую так ніхто і не заўважыў. Можа, адзіная ўцеха касавокаму – сам будзе кіраваць сваім павешаннем.

Страшна ў казачным сусвеце В.Быкава. І чым далей – тым страшней. Бо тут ужо не толькі ваўкі душаць зайцоў, каты – мышэй, але і сабе падобных ("Хвастаты"). Як беларусы адзін аднаго на радасць прыблудам і нячыстай сіле.

Аб пракудах д'ябла баіць ён у "хрэстаматыйнай казачцы для маленькіх" "Хутаранцы". Калі вораг роду чалавечага ідзе ў гэты свет, ён ніколі не бярэ з сабою слуг. Іх ён знаходзіць сярод людзей, тым болей, калі ідзе да беларусаў. Доўга думалі героі казачкі, хто да іх нязваны прыходзіць у дом і гэтак жа таямніча знікае, спрабуючы скрасці іх душы – сам гаспадар ці ягоныя памагатыя. Бо д'ябла ж немагчыма ні ўгаварыць, ні напалохаць, ды і карыстаецца ён не звычайнымі спосабамі ўваходу. Тым болей, што звычайны чалавек бяссільны перад яго агрэсіўнасцю. Як і ў класічнай казцы, нячыстую сілу ўрэшце рэшт прагналі, але пры гэтым выкарысталі зусім новы від абярогу, сімвалісцкая празрыстасць якога становіцца зразумелай і дзіцяняці.

Бо інакш з табою можа стацца тое, што здарылася з наіўнай і аптымістычнай гераіняй чарговай дзіцячай гісторыі В.Быкава "Кошка і мышка", якая, так баючыся страшэннага ката, становіцца ахвярай далікатнай кошкі. Што шкодзіць творам падобнага плану, дык гэта ўпартае жаданне, паколькі жанры дыдактычныя, сунуць у кожны ьвор маралізатарскія сентэнцыі. І жаданне вельмі асучасніць падзеі, якія ў класічнай прыпавесці павінны быць пазачасовымі, а не выклікаць асацыяцыі з добра вядомымі падзеямі рэальнага жыцця. Першае асабліва заўважна ў кнізе прытчаў Янкі Сіпакова “Тыя што ідуць, другое – у спадчыне В.Быкава апошніх гадоў, неабходны позірк з боку падчас замяняецца нястрыманым жаданнем узнавіць рэальныя падзеі ў абагуленым выглядзе. А можа сапраўды, як "умчался век эпических поэм", так і адыйшоў час казак. І дарэмна В.Казько спадзяецца, што казка ёсць у кожнага з нас, толькі яна падобна пупышцы на скаваным марозам зімовым дрэве, скаваным на ўвесь наш чалавечы век. Каму зараз цікава разгадваць сімволіку кожнага складанага ў структурна-вобразным плане героя твораў, тым болей, што сам улюбёны кот Мур так характарызаваў глыбіню сваіх думак: "Меня до сих пор поражает глубина этих афоризмов, смысла коих я до сего дня так и не понял". Можа гэта проста хвароба ці стан душы. Бо нельга схавацца ад змрочнай паўсядзённасці ў віртуальным свеце, ды і сам іррэальны план страчвае сваё "самодовлеющее" значэнне. І як бы іранічна не ўспрымалі гэты сусвет, вырвацца з яго мы не можам. І не дапаможа нам смех і іронія. Бо і сам смех быў пасланы на зямлю д'яблам. Але ён з'явіўся пад маскай радасці і таму быў прыняты людзьмі.

Тым болей, што сам вялікі Кірыла залічваў да грэшнікаў тых, хто срамные песні спяваў ці д'ябальскія баечкі пераказваў. А яшчэ згадаем, што ў свой час "Муху-Цакатуху" К.Чукоўскага ганілі за спагаду да паразітаў. Ягоны ж "Мойдадыр" асуджалі за абразу трубочистов, а "Кракадзіла" лічылі мастацкім увасабленнем мяцежу Карнілава.

Таму дарэмна мы падсмейваемся над недалёкімі, як нам здаецца на першы погляд, героямі, ці калі, згодна з класічнай традыцыяй, перамагаем д'ябальшчыну ў самых розных і размаітых яе іпастасях. Поўная перамога немажліва, бо мы не можам вярнуцца ў былую казку, таму што і яе мутавала рэальнае жыццё. Невыпадкова сярод прычын, якія зламалі жыццё Рабунькі, была і такая – цялушка вельмі любіла слухаць казкі, якія дысгарманавалі з рэчаіснасцю. А таму не хачу мець нічога агульнага з апошняй, лепш я яшчэ раз пачытаю запаветныя казкі Афанасьева, якія так адрозны ад нашых сённяшніх, "падобных на сон у вечнай ночы".





1 Тут і далей цытата са згаданай кнігі Эразма Ратэрдамскага даюцца па-руску, каб вылучыць іх візуальна

2 Тут і далей цытата са згаданай кнігі Эразма Ратэрдамскага даюцца па-руску, каб вылучыць іх візуальна

3 Артыкул быў напісаны да смерці паэта. Потым сур’ёзна перапрацаваны, бо зусім па-іншаму ўспрымаюцца многія ягоныя творы і спадчына ў цэлым.

1   ...   6   7   8   9   10   11   12   13   14


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка