Анатацыя на кнігу “Deja vu bis” Івана Штэйнера




старонка12/14
Дата канвертавання14.03.2016
Памер4 Mb.
1   ...   6   7   8   9   10   11   12   13   14

КАЗКА І КАЗАЧКІ
У 2008 годзе вёска Беражное (Беражнэ, як кажуць на Століншчыне) будзе святкаваць сваё 500 годдзе. Як сведчаць паперы, завераныя пінскім князем, менавіта ў 1508 годзе пацвердзіў свае прывілеі на гэтыя землі пан П.П.Олеша. Зразумела, што самая вёска існавала і раней, як і славуты род Алешаў (Олешаў, гук О градуецца як у польскім, так і мясцовым вымаўленні), герб якіх – Брохавіч (звернуты налева чырвоны алень з каронай на шыі на агульным белым полі) – існаваў чатыры з паловай стагоддзі. Цяпер ад 15 пакаленняў слыннай фаміліі засталіся сядзіба ў Нова-Беражным (мясцовы называюць яе вінзавод) і дзве магілы – адна, напаўразбураная, у сасновым бары на трасе Столін – Давыд – Гарадок, другая – на самым высокім месцы паміж Беражным і Рублём, куды не даходзіць імклівая вада Гарыні ні ў якія паводкі. Там некалі стаяла надзвычай прыгожая ўніяцкая царква з унікальнымі абразамі і кнігамі, цяпер – малочная ферма, насельнікі якой стомлена і абыякава праходзяць двойчы – на пашу і назад – міма маўклівага адзінага помніка мінуўшчыны.

З гэтага слыннага роду паходзіць вядомы рускі пісьменнік, тонкі стыліст, які так цудоўна адчуваў велізарныя вобразна-выяўленчыя патэнцыі великого русского языка (хаця і не лічыў яго родным), Юрый Карлавіч Олеша.

Памяць пра сваё шляхецкая (дворянское) паходжанне падсвядома заўсёды будзе спадарожнічаць літаратару ў жыцці. Вяртаючыся да вытокаў, ён згадае:

О моём отце я знаю, что он был когда-то, до моего рождения, помещиком. Имение было порядочное, лесное, называлось «Юнище». Оно было продано моим отцом и его братом за крупную сумму денег, которая в течении нескольких лет была проиграна обоими в карты. Отголоски этой трагедии заполняют моё детство. (Юнішча недалёка ад Беражнога, але бліжэй да Віцібора, дзе нарадзіўся А.Наварыч).

Усё згаданае тычылася ў першую чаргу сацыяльнага статусу, які пастаянна змяняўся, хаця маленькі Юры (Ежы?) адчуваў сябе барчком, бо ягоны бацька мае рысака, вялікую кватэру, а гарадавы отдаёт честь. Арыстакратычныя вытокі, пачаткі будуць выразна ўплываць на многія ўчынкі, дзеянні, выказванні пісьменніка, хаця тыя часы былі не вельмі спрыяльнымі для прадстаўнікоў блакітнай крыві. Таму дарэмна Л.Галубовіч, цытуючы выказванне Ю.Олешы, робіць рэферанс: “Рэдка хто з яўрэяў так добра пісаў пра Сяргея Ясеніна. Так тонка, дакладна, з прадчувальнымі светлымі падтэкстамі”. У зман беларускага паэта ўвяло хутчэй за ўсё імя па бацьку рускага празаіка – Карлавіч, хаця, несумненна, быў ён Кάроль. (такое ж імя, Каrol Olesza, kapitan vojsкa polskego, 6.VII. 1870, змешчана і на апошнім крыжы на зямлі Палескай, што памятае пра слынны шляхецкі род).

Sic transit gloria mundi. Несумненна, што падобная гісторыя роду, асабліва ягоны заняпад, уплывала на мінорнасць светапогляду Ю.Алешы, а можа праз гены перадаліся яму палеска-беларуская млявасць і не змаглі яе вылекаваць ні адэскае сонца, ні архітэктура сталіцы. Ці не таму ён адным з першых пасля Л.Талстога ў рускай літаратуры загаварыў аб унутраным крызісе літаратуры ў класічным яе выглядзе як раздзела цудоўнага мастацтва. І гэта нягледзячы на тое, што ў яго былі значныя поспехі, а некаторыя з сучаснікаў лічылі яго нават геніяльным. (Зразумела, час растаўляе ўсё на сваё месца… але… але…). Некаторыя гісторыкі літаратуры сведчаць, што ягоны талент не рэалізаваўся цалкам. Можа, мала пражыў… Але хутчэй справа ў іншым.

Па сутнасці, ён застанецца аўтарам аднаго рамана – “Зависть”, рамана, структуральна, змястоўна, і нават знешне не вельмі падобнага да класічных узораў жанру. Як быццам аўтар пры напісанні твора згадваў развагі Л.Н.Талстога, які пісаў яшчэ ў 1893 годзе: Форма романа не только не вечна, она проходит. Совестно писать неправду, что было то, чего не было. Если хочешь что сказать, скажи прямо. Праз два гады падобнае ўспрыняцце творчага працэсу ў класіка сусветнай літаратуры значна эвалюцыянуе ў бок энергічнага адмаўлення справы ўсяго жыцця: Я много писал свою повесть, но в последнее время она опротивела мне. Fiction – неприятно. Всё выдумка, неправда. А сколько, сколько наболело в душе невысказанной правды.

Свае славутыя недатированные записи мемуарно-дневникового характера "Ни дня без строчки” Ю.Олеша пачаў друкаваць у 50-ыя гады. Аднак першыя задумы кнігі аб сваім жыцці адносяцца да 1930 года: Вместо того, чтобы начать писать роман, я начал писать дневник. Читатель увлекается мемуарной литературой… Скажу о себе, что и мне гораздо приятнее читать мемуары, нежели беллетристику… Зачем выдумывать, «сочинять». Нужно честно день за днём записывать истинное содержание прожитого без мудрствований, а – кому удается – с мудрствованиями”.

Адкуль такія змрочныя, як на даволі малады ўзрост, думкі ў таленавітага пісьменніка. Ці не ў прадчуванні ўнутранай крызіснасці пануючай формы, бо якраз у час росквіту жанру сцвярджае: эпапея не представляется мне не только нужной, но вообще возможной. Таму і адліваў свой вопыт у такой форме, якая не была падобнае на нешта звыклае і традыцыйнае ў тыя часы, вось чаму ягоную кнігу ўспрымалі як осколки разбитого зеркала жизни, золотые россыпи душы мастака, як новы жанр, які знаходзіцца паміж отрывком і книгой, паміж метафарай і аўтабіяграфічным раманам. Вельмі цвяроза, хаця сам аўтар шчыра і бескампрамісна падкрэсліваў сваю пэўную залежнасць ад алкаголю, ён адлюстроўвае ступень запатрабаванасці класічных формаў імклівай сучаснасцю: Современные прозаические вещи могут иметь соответствующую современной психике ценность только тогда, когда они написаны в один присест. Размышление или воспоминание в двадцать или тридцать строк – максимально в сто, скажем, строк, – это и есть современный роман.



Большие книги читаются сейчас в перерывах – в метро, даже на его эскалаторах, – для чего ж тогда книге быть большой? Я не могу себе представить долгого читателя – на весь вечер. Во-первых – миллионы телевизоров, во-вторых – в колхозах – надо прочесть газеты. И так далее.

Можа тут праяўляецца адвечнае панскае нежаданне ці няўменне працаваць пастаянна і настойліва? Але ж перад ім выразны прыклад вялікага графа, які, праўда, прапаноўваў новае тлумачэнне нежадання пісаць белетрыстыку: форма ли это художественная изжила, повести отживают или я отживаю.

Усё сваё творчае жыццё нават такі, здавалася б, аблашчаны доляй пісьменнік (п’есы ідуць у “Мхаце”, здымаюцца фільмы па сцэнарыях, гучаць творы па радыё, выходзяць кнігі) нястомна сумняваецца ў сваім таленце і праве на заняткі творчасцю. Не аднойчы ён сцвердзіць – нет, я не умею и не хочу писать. Услед за Львом Мікалаевічам спрабуе апраўдаць падобны стан пражытымі гадамі (хаця пра якое тут супастаўленне можна гаварыць – ?) – я постарел, мне не очень хочется писать. Есть ли ещё во мне сила, способная рождать метафоры?

Некалі Рымскі-Корсакаў даволі часта сумняваўся ў тым, што можна нараджаць музыку. Так і Юры Карлавіч даволі часта не верыў, што можа напісаць нешта істотнае і вартаснае, што тлумачылася не нейкай няўпэўненасцю ў сіле здольнасцей і таленту, а ў здольнасці літаратуры як мастацтва спазнаць і адэкватна адлюстраваць жыццё. Таму і лічыць, што асколкі разбітага люстэрка могуць болей дасканала адлюстраваць рэчаіснасць, чым у непадзельным варыянце. І, як некалі Пруст, заглыбляецца ў спробы аднаўлення-вяртання пражытага. – год очень короткая единица, очень короткая – взмах ресниц.

Ягоная мастакоўская мара – адкрыць лаўку метафар, бо лічыць, што ад усяго мастацтва застанецца толькі адно – менавіта метафара як сутнасць імкліва сплываючага часу, які нельга затрымаць, схапіць, а тым болей увасобіць па-мастацку. Аднак і метафара не роўнавялікая золату, бо дарэмна спрабаваў разбагацець на ёй. Ніхто ў ягонай лаўцы не хоча купляць изящные, единичные произведения тыпу “лужа лежала под деревом как цыганка”, папулярнасцю карыстаюцца больш звыклыя – “косые лучи заходящего солнца”. Людзі не вельмі хочуць глядзець на свет вачыма паэта, ды і не хочуць і разгадваць ягоныя шарады. Ён пакутуе, што не можа перадаць адметнасць светаўспрымання, бо “мысль изреченная есть ложь”, а толькі ён сам мог убачыць падабенства лістка на вадзе з гатычным саборам (Праўда, ён высока цэніць метафарычнасць мыслення, напрыклад, І.Буніна).

Падобная ўстаноўка значна стрымлівае магутны патэнцыял пісьменніка, не дае яму мажлівасці разгарацца. Для гэтага мастерового прозы, якога некаторыя лічылі “маленьким гением”(В.Катаеў), як гэта ні дзіўна, працэс пісання быў надзвычай складаным. Бо ён быў выразна неаднародным, у ім спалучалася неспалучальнае. Ён згадвае пра кампілятарскі зуд (прочтя или узнав о чём-то, тут же хочется пересказать), графаманію, якая меціць усіх, нават царыцу Екацерыну, немажлівасць выказаць сябе да канца – “Когда я отмечаю своё неумение писать, то я имею в виду составление фразы. Мне очень трудно написать фразу одним махом – в особенности если фраза создаётся для определения каких-либо отвлеченных понятий”.

І дарэмна пісьменнік спрабуе ў пэўнай ступені растлумачыць гэта тым, што ён паляк (?) і руская мова для яго не родная (згадкі, што гаварыў Íван, а не Ивáн, лавка а не магазин, для яго надзвычай паэтычна гучыць прозвішча Тугина (Тугина лучше, чем печалина), гномы для яго красналюдкі. Прычына тут значна глыбей: “Хочется писать легкое, а не трудное. Трудное – это когда пишешь, думая о том, что кто-то прочтет. Ветка синтаксиса, вернее – розги синтаксиса, все время грозят тебе. А писать легко – это писать так, когда пишешь, что приходит в голову как по существу, так и грамматически”. Зразумела, гэта не язда з кінутымі лейцамі, куды крывая выведзе, як напіша крыху пазней А.Адамовіч наконт некаторай ваеннай мемуарыстыкі. А значна складаней, бо тычыцца сутнасці літаратуры як віда творчай дзейнасці чалавека ў выключна новых абставінах, калі яно толькі-толькі пачынае саступаць свае вядучыя пазіцыі і не хоча ніяк паверыць у гэта, прывыкла за поўтысячы гадоў. Літаратура заваявала пануючае становішча ў эпоху Гутэнберга. Якраз у гэты час загінула Візантыя, і з'яўленне друкаванай кнігі як бы сімвалізавала страту цэлай культурнай планеты і ў нечым сталася кампенсацыяй для чалавецтва ў сусветным маштабе.

Літаратура з гэтага часу набыла універсальны характар, сталася здольнай (згадаем развагі Буало наконт Лаакона) змясціць або нават замяніць усе віды мастацтва, якія, нягледзячы на свае выразныя карпаратыўныя поспехі, прайграюць універсальнаму віду адазначна. (“Прырода рэчаў” нават была напісана ў вершаванай форме). Спалучаючы ў сабе элементы навукі, філасофіі, астрологіі і астраноміі, хіміі і алхіміі, літаратура ўрэшце рэшт стамілася быць вядучай, адзінай, кафалічнай. Прывыкнуўшы да выключна аранжарэйных умоваў, яна не магла павесці барацьбу з новымі маладымі драпежнікамі – саблезубыя тыгры сучаснасці – кіно, тэлевідэа, масмедыя, – смела адагналі яе ад сакавітай травы і крынічнай вады папулярнасці і аўтарытэту, выціснуўшы ў рэзервацыю, дзе пясок, калючкі і агульная абыякавасць. Вялікую ролю ў гэтым даволі негатыўным працэсе адыгралі і самі літаратары, пачынаючы з талстоўскай заявы аб ущербности беллетристики (художественное не могу, как не могу в игрушки играть) да закліку А.Адамовіча рабіць звышлітаратуру.

Сапраўды, Л.Талстой сцвярджаў, што сучасная яму літаратура ўяўляе разумовы яд, асабліва шкодны для маладых з народа, якія забіваюць галаву няўсвядомнай, самаўпэўненай, пустой балбатнёй і пісанінай сучаснікаў, якая складаеца з намёкаў, цытатаў самых разнастайных са старажытных і новых крыніцаў. Ці не адтуль і сучаснае прачытанне класікаў, калі дуэль Анегіна і Ленскага ўспрымаецца як канфлікт геяў, а літаратура жаночая вызначаецца адметнасцямі фізіялогіі яе стваральнікаў (П.Васючэнка знайшоў падобныя прыклады і ў нашай цнатліва традыцыі). Цяпер практычна ў жыцці і творчасці кожнага больш-менш вядомага пісьменніка можна знайсці падобныя глыбіні, якія могуць пры належнай інтрэпрэтацыі адвергнуць самую сутнасць прыгожага пісьменства. Феміністычная літаратура, гендэрны падыход, О.Вайльд і яго арыентацыя апошніх гадоў жыцця, Гогаль і жанчыны, пісьменнік і алкаголь, тытунь, секс і іх роля ў свядомасці літаратура, наркотыкі і іх роля ў стварэнні вобразаў дзіцячай літаратуры ў стылі fantazу.

Цяпер новы этап у эвалюцыі літаратуры як віду мастацтва, больш значны, чым прыдумка Гутэнберга. Менавіта кампутар, сусветнае сеціва павінна, відаць па ўсім, паставіць кропку там, дзе гэта не змаглі зрабіць іншыя дасягненні сусветнай цывілізацыі. У эпоху сусветнай кампутарызацыі прыходзіць час усеагульнай рэвізіі класічных прынцыпаў, на якіх была заснавана маналітная неспагрэшнасць літаратуры. Надзвычай паскораны тэмп жыцця ўплывае на ўсё, у тым ліку і спосаб вербалізацыі. Цяперашняя мова хутчэй за ўсё нагадвае скорапісь. Слова становіцца зусім не такім, якім было і 500, і 100 гадоў таму, яно ўсё часцей выражае не думкі ці пачуцці, а толькі нясе інфармацыю. А таму мажліва, калі няма пачуццяў або яны амаль, практычна не адчувальны, то будзе знойдзены новы спосаб перадачы інфармацыі і без слоў, без афармлення думкі. Калі, як пісаў Патэбня, “слово – это единство мысли и звука”, то лёгка ўявіць, як думка перадаецца да рэцыпіента і без фізічнага, звыклага для нас афармлення.

Таму, безумоўна, мае рацыю класік, які сцвярджаў, што из всех искусств для нас важнейшим является кино (словы цырк звычайна апускаецца з цытаты, прапусцім яго і мы, хаця і тут можна паспрачацца). Мастацтва сучасных цывілізацый становіцца віртуальным. Тэлебачанне і кіно звужваюць жыццёвую прастору для літаратуры, яе арэал ва ўсіх сэнсах – няма калі чытаць, і не трэба – у цябе наўпрост уводзяць прадукт культуры. Працэс чытання – гэта складанейшая работа, калі з ланцужка слоў ты вымушаны стварыць вобраз, свет увогуле, няхай не такі велізарны, як дэміург, але… але… Цяпер усё максімальна апрошчана: СЛОВА – ЛОГАС заменена сурагатам, значна болей магутным і эфектыўным, які замяняе яго амаль ва ўсіх сітуацыях, як наркотыкі замяняюць зямныя, рэальныя радасці і насалоды. Ды і само СЛОВА знаходзіцца пад пагрозай, як і мовы ў класічным разуменні і ўспрыняцці, прычым не толькі малыя.

Пісьменнікі мінулага стагоддзя заўважылі і сцвердзілі, што, нягледзячы на самыя разнастайныя маніфесты і заявы, літаратура не выконвае свайго вялікага прызначэння. Жыццё рэальнае настолькі супярэчыць ідэалу, які людзі і культура стварылі за стагоддзі, што ім проста неабходны сродкі для забыцця рэчаіснасці. Тады, праўда, яшчэ лічылася, што яшчэ ёсць час гаварыць і быць пачутымі, бо ў руках у чалавецтва магутнейшы інструмент – літаратура, трэба пісаць пра галоўнае – чалавека і яго велічнае прызначэнне.



Умчался век эпических поэм, пісалі ў другой палове ХХст., адпраўляючы ў далёкае мінулае ўвесь эстэтычны вопыт чалавецтва ад Гамера да Твардоўскага і Куляшова. Сышлі ў Лету і згаданыя раманы-эпапеі, вартыя цяпер толькі стацца асновай бандыцкіх ці батальных серыялаў. І не таму, што іх няма каму пісаць. Імя ім легіён. Няма каму чытаць. Не выпадкова В.Казько заяўляе, што будзе шчаслівы, калі ягоны раман прачытае хаця бы адзін чалавек. Таму зусім не выклікаюць здзіўлення даўнія згадкі Ю.Олешы.

Пусть я пишу отрывки, не заканчиваю – но я всё же пишу! Всё же это какая-то литература – возложено единственная в своём смысле: может быть, такой психологический тип, как я, и в такое историческое время, как сейчас, иначе и не может писать – и если пишет, и до известной степени умеет писать, то пусть пишет хоть бы и так”.

Цяперашняга чытача не возьмеш голымі рукамі, ды і нагамі таксама. Таму літаратура вымушана эвалюцыяваць, мяняцца, прычым кардынальна, адражджаючы ці ствараючы новыя формы для адліўкі сучаснага вопыту. Згадаем, як сышлі ў нябыт рыцарскія раманы, хаджэнні, жыціі, хронікі, летапісы, якія маглі адрадзіцца ў новых умовах толькі ў выглядзе пародыі. (“Дон Кіхот”)

Таму заканамерна, што на месца прыйшоўшым з трыўмфам 500-300, 100 гадоў назад жанрам прыходзяць новыя. Замест рамана. Класічнай навелы, паэмы ва ўсіх іх іпастасях і разнавіднасцях вяртаюцца прыпавесці (амаль такія як у Саламона ці разгорнутыя, як у Хрыста), казачкі, выслоў'і, раман у выглядзе слоўніка, красворда, раман з SMS-ак, п’есы з некалькімі варыянтамі фіналаў, каб глядач мог падабраць той, які пасуе яму: мроі, піліпкі. Бо і чытач у нас (той, які яшчэ застаўся) прабеглы. Ён і сам часцей за ўсё папісвае (чыстага чытача, аматара ў нас мабыць не засталося). Вось чаму мажліва сумесная праца як па вытворчасці, так і спажыванню друкаванага слова (В.Шніпаę, са сваімі незвычайнымі прыгодамі незвычайных герояў. С.Кінг аб’явіў, што апошнюю серыю жахаў будзе друкаваць у сеціве, г.зн. бясплатна. Аднак выказвае надзею, што чытачы будуць добраахвотна плаціць за кожную копію і ўдзельнічаць у працягу дзеяння (г.зн. прысылаць свае версіі будучага мажлівага развіцця падзей. Бо і сам С.Кінг ёсць не што іншае, як добра раскручаны брэнд літнеграў, вядомы яшчэ з часоў А.Дзюма.

Цяпер гэтая справа добра раскручана і на постсавецкай прасторы, яна мае назву выдавецкі праект, у якім самому творцу адведзена даволі сціплая роля ў параўнанні з той, якую ён выконваў нават некалькі дзесяцігоддзяў таму, не кажучы пра стагоддзі. Цяперашняя кніга можа з’явіцца за некалькі тыдняў, калі адчуваецца на яе лопыт, і знойдзецца не адзін тузін адораных пісьменнікаў, якія гатовы выканаць заказ. Праўда, гэта ўжо не літаратура, а нешта іншае. Не абавязкова дрэнное. Можа гэта правобраз нечага будучага, да чаго ідуць навобмацак, чаму знаходзяць пэўнае філасофскае абгрунтаванне ў філасофіі пастмадэрнізму, дзе адмаўляецца роля асобы і аўтара ў літаратуры, а апошняму нават прадракаюць смерць.

І наўрад ці тут дапамогуць новыя формы прапаганды літаратуры, што пэрфеменсы даволі паспяхова рабілі “БумБамЛітаўцы”. Бо, ідучы падобным шляхам, можна трыумфальна вярнуцца да вытокаў, да наскальнага жывапісу. А можа, калі чалавек – не апошняе слова прыроды (Г.Уэлс), то і наогул з’явіцца новае мастацтва? Хаця каму без чалавека патрэбна СЛОВА?

Няхай і не вельмі квяцістае, разложыстае, кароценькае. Квітэсэнцыя класічнай літаратуры – кароткасць, лаканізм. Калі на звычайнага чалавека, патэнцыйнага чытача штодзень абрушваецца лавіна інфармацыі, ён будзе чытаць (калі патрапіцца) толькі ўрыўкамі, фрагментамі, і толькі тое, што надзвычай уразіць ягоную фантазію ці розум (рэдка пачуцці, калі ты, зразумела, не аматар дамских романов.)

Вось чаму папулярными стануць творы, якія можна будзе чытаць з любой старонкі, з пачатку, з канца, з сярэдзіны, прабягаць па тэксту, скакаць па ім, зрабіць так, каб пры чытанні адпаведных сцэнаў вылучаўся адпаведны пах (як ў японскіх кіназалах, дзе пры праглядзе любоўных сцэн пачынае пахнуць размарынам), можна выпіць віна пры ўспрыняцці старонак, звязаных з алкаголем, ці абняць жанчыну ў адпаведны момант.

У свой час усіх уразіў верш В.Брусава, які складаўся з аднаго (!) радка: О закрой свои бледные ноги! Цяпер выходзяць зборнікі падобных узораў, яны шчодра цытуюцца на экранах Т.В. У Барадуліна з’явіўся новы цыкл “Ахвярынкі”, дзе верш складаецца з двух-трох радкоў, у нечым нагадваючы класічныя японскія формы. Папулярнымі сталіся афарызмы, прыказкі (выслоўі), прытчы (у саламонаўскім разуменні), некалькірадковыя замалёўкі, азвярызмы, версеты, пераказы яскравых узораў старажытнай літаратуры, перфоменсы і г.д.

Завяршаецца працэс сцірання межаў не толькі паміж жанрамі, але і літаратурнымі родамі, і гавараць аб жанравай чысціні становіцца моветонам (за выключэннем, зразумела, цвёрдых класічных формаў).

Згадаем хоць эвалюцыю класічнай балады, якая, як здаецца, найбольш з усіх жанраў зведала мадэрнізацыю, што тлумачыцца як яе унутранымі законамі, так і выкарыстаннем на працягу амаль васьмі стагоддзяў паэтамі самых разнастайных стыляў і арыентацый. Невыпадкова лічылася, што “Санет заўсёды заставаўся санетам, элегія – элегіяй. Балада не заўсёды была баладай”. Польскі вучоны І.Апацкі лічыў, што “балада розных перыядаў нагадвае здымак аднаго і таго ж чалавека ў розным узросце – на першы погляд здаецца, што гэта розныя людзі”.Эманацыя балады, якую Гётэ назваў жывым зародкам, прасеменем (Lebendies Ur – Ei) усёй паэзіі, правобразам мастацтва (Urphanomen) змяніла ўнутраную сутнасць не толькі паэзіі, прозы, але і кінематографа, выяўленчага мастацтва, музыкі, надаючы апошнім узвышанасць і ўрачыстасць. Пачаўшы з вясёлай танцавальнай песенькі з гуллівым рэфрэнам, прайшоўшы праз кананізаваную форму з 28 радкоў са складанейшай рыфмоўкай, спалучаючыся з жанрамі-антыподамі (нават ода і эпітафія), яна сталася аб’ёмным эпічным апавяданнем аб трагічнай долі чалавека і яго памкненняў у гэтай зямной юдолі (некаторыя балады, напрыклад у Чачота, былі больш буйнымі, чым паэмы). А ў наш час, калі паэма складаецца з 200 радкоў – у Чачота большыя ў некалькі разоў інтрадукцыі да твораў, балада становіцца непазнавальнай на свае класічныя ўзоры, бо ўжо ўяўляе сабой новую разнавіднасць, як вершы-версеты А.Разанава, “якія нагадваюць балады і прытчы і спалучаюць у сабе сказавую інтанацыю і філасофскую афарыстычнасць, сюжэтнае развіццё і роздум, рэальнасць і магію фантазіі. Паглядзім на версет А.Разанава “Бязмежжа” і баладу літоўца М.Марцінайціса “Кукуціс апавядае аб сваім лёсе”


1   ...   6   7   8   9   10   11   12   13   14


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка