Анатацыя на кнігу “Deja vu bis” Івана Штэйнера




старонка11/14
Дата канвертавання14.03.2016
Памер4 Mb.
1   ...   6   7   8   9   10   11   12   13   14

Анатоль Зэкаў нарадзіўся ў 1955 годзе ў вёсцы Патапаўка Буда-Кашалёўскага раёна. У 1972-77 гадах вучыўся на гісторыка-філалагічным факультэце ГДУ. Пасля працаваў карэспандэнтам, адказным сакратаром, рэдактарам шэрагу раённых і рэспубліканскіх газет. Пэўны час быў на камсамольскай рабоце. Цяпер галоўны рэдактар часопіса «Вожык». Вершы друкаваліся ў перыядычным друку, у калектыўным зборніку "Кры­ло" (1984), бібліятэчцы "Маладосці" ("Боль сумлення" – 1989), літаратурныя пародыі і байкі ўвайшлі ў кнігі "Дуэль" (1994), "Дуэль-2" (1995). Змест вершаў складае ў асноўным роздум аб глабальных і не вельмі праблемах, што ставіць жыццё перад чалавекам і сусветам. Найболыл яркі ўзор – паэма "Аварыя сумлення", дзе апавядаецца аб паездцы ў зону аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

У "Дуэлях" аўтар адзначае характэрныя адметнасці творчай манеры сваіх сучаснікаў і ўмела, з дапамогай іроніі, сар­казму, парадыруе іх. Схільнасць да гумару і з'едлівай іроніі праявіліся і ў прозе А.Зэкава (зборнік гумару "Падарожжа ў Стамбул"). Сапраўдная літаратурная пародыя заўсёды ўяўляе сабой камічную імітацыю найбольш вызначальных асаблівасцей парадыруемага аб'екта. Менавіта таму ў ёй спалучаюцца прыкметы і ўласцівасці мастацкага твора з якасцямі літаратурнай крытыкі. Камічнае ў пародыях А.Зэкава заўсёды вызначае іх змест і структуру. Аўтар можа лёгка ўзнавіць адметнасць "почырку" абраных паэтаў. Разам з тым гэта не проста забаўка, бо наш зямляк здольны пераняць і самую сутнасць мастацкага мыслення апошніх, давёўшы да мастакоўскага абсурду адметнасць іх паэтычнага стылю і своеасаблівасць паэтычнай інтанацыі. А.Зэкаў парадыруе як найбольш вядомых паэтаў, так і сваіх паплечнікаў па літаратурнаму цэху. Сярод апошніх шмат нашых выпускнікоў.

Каб паказаць уклад пісьменнікаў з ГДУ імя Ф.Скарыны ў айчынную культуру, мы выдалі дзве анталогіі – “Крыніцы” і “Універсітэт літаратурны”, і то ахапіць усіх літаратараў мы не змаглі. Аб іншых мяркуем пагаварыць у наступных выданнях. А ў тым, што яны будуць – мы не сумняваемся. Бо зямля Гомельшчыны – унікальная, спеўная, меладыйная, паэтычная. Тут гучэлі радкі несмяротных "Словаў" Кірылы Тураўскага яшчэ ў ХІІ ст. І гэтая зямля нараджала і яшчэ народзіць не адно пакаленне талентаў, якія здабываць асвету ў сценах галоўнай навучальнай установы Палесся – Гомельскага дзяржаўнага універсітэта імя Ф.Скарыны. Невыпадкова два гады назад выйшаў калектыўны зборнік групы БЖ-12 філалагічнага факультэта пад адметнай назвай “Усё, што рухае крывю”. 8 студэнтаў тагачаснага першага курса сабралі не проста свае вершы, замалёўкі, імпрэсіі, а сваё юнацкае ўспрыняцце свету на пераломе тысячагоддзяў і не пабаяліся з ім выйсці да людзей. І паспяхова. Гэты прыклад не адзіны. У бліжэйшы час убачыць свет чарговы зборнік студэнцкай паэзіі.

Высока-высока ў небе над бясконцымі шляхамі Гомельшчыны кружацца белыя буслы. І гэта добрая прыкмета.



Крык на хутары ля Гарыні
Славуты Герадот пісаў, што легендарны народ Будзіны, ці Вудзіны, жыве над велізарным возерам (морам), у якое ўліваюцца чатыры вялікія ракі (Сарь, Сюгісі, Лікь, Танаісь). Першая з іх, старажытнейшая Сарі – так і хочацца градуцыраваць магутнае санскрытскае найменаванне – цяперашняя няўрымслівая і велічная, непрадказальная і таямнічая рака Гарынь.

Гарынь, яе прытокі, шматлікія азёры і старыкі (тут іх называюць “старухамі”) з маляўнічымі берагамі, восеньскімі туманамі і вясеннімі вясёлкамі, вёскі і мястэчкі з іх адметнымі назвамі і людам і сталі адвечнай крыніцай натхнення для Георгія Марчука, які нарадзіўся і вырас у Давыд-Гарадку і вырас на Століншчыне.

Зразумела, што за час, які прайшоў з тых легендарных часоў, хто толькі не пісаў пра гэтую таямнічую і загадкавую старонку, знаходзячы для яе адэкватнага ўвасаблення ўсё новыя фарбы. Адразу згадваецца брылёўскае: “Давыд-Гарадок. Можна злятаць на Марс, вярнуцца адтуль і застаць над Гарынню ўсё тую ж бабку з вудай. Стаіць старая, як і стаяла сотні гадоў, спакойна і абыякава”. Або крыху далей: “Бліснула светлай шырынёй, здзівіла густой непралазнай зелянінай на берагах царыца Палесся Прыпяць”. А хто не памятае паэтычныя апісанні галоўнай ракі, тае старонкі ў эпасе Якуба Коласа, што пачынаюцца словамі “Спакойна і павольна, як у зачараваным сне…”? Не толькі лагоднай, спакойнай, велічнай, але і гнеўнай, жорсткай, нават бязлітаснай паўстае нацыянальная Амазонка.

А пачатак слаўнай традыцыі ўслаўлення Палесся быў пакладзены значна раней. Раскручваючы спіралі памяці назад, згадаем П.Шпілеўкага з яго “Путешествием по Полесью и Белорусскому краю”, славутага А.Кіркора з серыяй нарысаў “Литовское и Белорусское Полесье” ў “Живописной России” і, канешне, згаданага ўжо з самага пачатку Герадота, з якога, па сутнасці, і пачынаецца навукова-мастацкая гісторыя чалавецтва, слаўнай старонкай якой і прачытваецца гісторыя роднага краю. Менавіта Герадот на поўным сур’ёзе сцвярджаў пра неўраў, што жылі ля рэчкі Піны, а потым пасяліліся сярод Будзінаў, г.зн. першабытных жыхароў даліны Прыпяці. Усе яны былі чараўнікамі, знахарамі, кожны з іх хоць раз на год ператвараўся на пэўны час у ваўка.

Экзотыкай, адметнай скарбонкай, напоўненай старажытнымі міфалагічнымі ўяўленнямі здаваўся гэты край для шматлікіх падарожнікаў: “Воды, балоты, зямля і лясы складаюць канву, на якой тысячагоддзі збаразнілі самыя мудрагелістыя ўзоры, то адкрываючы іх галізну, то захутваючы гушчаю непраходных лясоў і балот, і робячы іх амаль недасягальнымі для людскіх вачэй” (П.Шпілеўскі). Зразумела, што на такім незвычайным фоне і павінны здарацца самыя неверагодныя падзеі. Вось чаму многія лічылі, што якраз тут трэба шукаць легендарную магілу старажытнарымскага паэта Авідзія (Давід-Гардок), фантастычную краіну Цыганію і, урэшце, прарадзіму ўсіх славян. Не абышлося, зразумела, і без пісьменнікаў, якія значна паглыбілі экзатычнае ўспрыняцце краю. Згадаем А.Купрына, яго славутую “Алесю”, прататып якой якраз і паходзіць з Пагарыння. Калі хто-небудзь і не прачытаў іншыя творы рускага пісьменніка, прысвечаныя Палесю, то нават іх загалоўкі скажуць аб адметнасці ўспрыняцця аўтарам гэтай старонкі: “Лесная глушь”, “Болото”, “Оборотень”. Не адставалі ад пісьменнікаў у стварэнні адпаведнага іміджу краю і мастакі. Яскравы ўзор – палескія пейзажы Шышкіна.

Для Георгія Марчука Гарадок (а так часцей за ўсё называюць мясцовыя жыхары Давыд-Гарадок) не проста родны, ён адзіны на свеце. Будучы пісьменнік нарадзіўся і сталеў у атмасферы напаўфальклорных, напаўлегендарных уяўленняў аб сваім родным куточку. З дзяцінства засвойвалася і заставалася назаўсёды пачуццё гонару за мястэчка з такой рэдкай паэтычнай назвай, бо заснаваў яго “князь Давыд, які пасля наўмыснага асляплення Васілька Цярэбавольскага мусіў шукаць і асвойваць новыя землі”. З маленства паходзіць і любоў да сваіх дбайных, руплівых, працавітых, кемлівых і хітрых гарадчукоў, якая падчас нават нагадвае хвальбу – “усе польскія каралі заказвалі хромавыя боты толькі ў гарадоцкіх шаўцоў”, а “лёды”(марожанае) прадавалі нават у Варшаве (ужо бліжэй да ісціны – скажа дапытлівы чытач не паляшук). І верыцца ў шчырасць гэтай любові і захаплення, тым болей што, аказваецца, ёсць і дакументальнае пацвярджэнне для гэтага гонару. А. Кіркор у “Живописной России” пісаў: “Жыхары Давыд-Гарадка прысылаюць сваёй работы непрамакальныя боты, узятыя дзёгцем, што прадаваліся калісь па рублю сер! (скарачэнне і клічнік належаць Кіркору).

За некалькі кіламетраў ад мястэчка ўверх па цячэнні ракі стаіць прыгожая вёска Альпень, жыхары якой, іх быт і норавы сталі прататыпамі для славутай “Пінскай шляхты” В.І.Дуніна-Марцінкевіча. А колькі цікавых легендаў і анекдотаў, звязаных з жыццём шляхецкага саслоўя, бытуюць на Століншчыне да гэтага часу! Таму для кожнага літаратара, які спыніўся б толькі на ўзнаўленні гісторыі краю, перастварэнні старадаўніх і новых легендаў, паданняў, фантастычных уяўленняў палешукоў, добрасумленным апісанні дзіцячых і юнацкіх уражанняў, адцяняючы іх, расквечваючы прыкметамі сучаснасці, – ужо толькі таму яго чакаў бы адпаведны розгалас і поспех.

Георгій Марчук цудоўна ведае паэтычны аспект слаўнай паляшуцкай гісторыі. Аднак да мастацкага асэнсавання легендарнага пачатку ён будзе звяртацца даволі рэдка і часцей за ўсё апасродкавана. Так, ён згодны з Герадотам, што палешукі – аўтахтоны на гэтай зямлі. Аднак самае галоўнае для пісьменніка вынікае з іншых урокаў. Ён добра ведае, што “жыццё гэтых людзей, якія асуджаны на вечную барацьбу з прыродай і якія ўмеюць перамагаць жыццёвыя перашкоды і цяжкасці, павінна было скласціся іначай, чым у іх суседзяў. (Падкрэслена мною. – І.Ш.) Яно выпрацавала асаблівыя рысы, погляды, паняцці. Паляшук – кансерватар па прынцыпу. Ён дзіця сваёй прыроды, ён верны запаветам сваіх продкаў, як па норавах і звычаях, так і па вядзенні сваёй гаспадаркі” (А.Кіркор).

Георгій Марчук – прадстаўнік нашай эпохі, ён інтуітыўна адчувае імклівы бег часу на пераломе стагоддзяў, імкнучыся спалучыць, на першы погляд, неспалучальнае – паказаць гісторыю Палесся, адметнасць яе жыхароў, ландшафту, краявідаў праз прызму мастацкага ўспрыняцця класічнай гісторыі чалавецтва, убачыць тую сакраментальную аснову, што яднае народы планеты Зямля, даць менавіта свой, марчукоўскі адказ на пракаветныя “праклятыя” пытнні быцця.

Паспяшаемся згарнуць іранічную ўсмешку, што ўжо кволіцца на вуснах увішнага чытача: “Палессе – і Сусвет?!? Гм…!” Скептыкам жа ў якасці інфармацыі да роздуму дамо некалькі цытат. Як пісала на пачатку стагоддзя “Европейская Россия” (1913), “пра памеры Палесся можна меркаваць з таго, што яно ў тры разы большае за Швецарыю, у паўтары разы большае за Балгарыю і ў шэсць разоў – за Саксонію”. Або яшчэ: “У шырокім сэнсе Палессем называецца велізарная тэрыторыя ў 1,5 тысячы квадратных міль, якая мае форму трохкутніка, вяршыні якога ляжаць у Брэсце Літоўскім, Кіеве і Магілёве”. Не менш магутныя абшары вылучае і А.Кіркор: “Да Палесся адносіцца ўся прастора, якая пачынаецца за Слонімам, Слуцкам і Бабруйскам і цягнецца на Поўдзень да Ковеля, Клеваня і Радамысля, уключаючы ўсю мясцовасць ад Буга да Дняпра, паміж Кобрынам і Лоевам”.

Для ўвасаблення мастацкай канцэпцыі Георгія Марчука дастаткова было б аднаго Давыд-Гарадка з ваколіцамі (ці не таму праз некаторы час слядамі празаіка пройдзе яго зямляк Л.Дранько-Майсюк, што паяднае Гарынь з Сенай, а ўзгоркі мястэчка з лгендарным Акропалем, бо ўбачыць у гэтым не проста цікавы мастацкі ход, а велізарныя выяўленчыя мажлівасці філасофскага спасціжэння рэчаіснасці.

Асабліва ўсё гэта заўважна, калі разглядаеш раманную творчасць празаіка ў адзіным кантэксце. Сюжэтна ў яго звязаны толькі два першыя раманы – “Крык на хутары” і “Прызнанне ў забойстве”. Але так здаецца толькі на першы погляд. Па сутнасці, кожны з арыгінальных эпічных твораў Г.Марчука – карціна лёсу беларусаў на адным з вызначальных этапаў гісторыі: пры Польшчы, пры немцах, пры саветах, у эпоху перабудовы, у наш час… Зразумела, што такі падзел выключна ўмоўны, бо кожны наступны перыяд жыцця народа ці канкрэтнай асобы шмат у чым абумоўлены папярэднім, вырастае з яго, але спасціжэнне агульнага праз прыватнае дапамагае лепш асэнсаваць і зразумець адзіную задачу. А калі патрэбна для строгай крытыкі адзіны, скразны герой эпапеі, то ім з выключным поспехам становіцца Гарынь. “Царыца-рака” ва ўсёй сваёй прыгажосці і гневе ўпершыню з’яўляецца ў рамане “Крык на хутары”. Менавіта яна, музыка яе хваляў становіцца своеасаблівым камертонам твораў пісьменніка. У водах Гарыні знаходзяь героі сваю смерць, суцяшэнне, надзею на шчасце.

Першы раман Г.Марчука “Крык на хутары” (1983) пачынаецца з апісання трагедыі, што адбылася на стромкіх берагах Гарыні, і першай ахвярнай смерці ў яе вірах. Рака набывае злавесны сімвал пачварнай істоты, што патрабуе страшэннай даніны – душы чалавечай, бо ссінелыя трупы яна часцей за ўсё аддае назад. Ці не адсюль амаль паганскае пакланенне – “ваду ўсе любілі і шанавалі, як старажытныя людзі агонь, хоць і пабойваліся”. І далей: “Такой магутнай сілы старыя людзі – і бажыліся, і хрысціліся – не памяталі”.

У рамане мы амаль не сустрэнем маляўнічых пейзажаў, наадварот, рака часцей за ўсё будзе паказана ў час паводкі ( не звычайнай, вясенняй, калі ўсё здзяйсняецца няспешна і цярпліва, а лютаўскай – жорсткай, раз’юшанай, што знішчае ўсё на сваім шляху), перад навальніцай, пад змрочнымі цёмнымі хмарамі. І гэта не выпадкова. У рамане “Крык на хутары” Г.Марчук паказвае пошукі беларусамі сваёй зямелькі – у прамым і пераносным сэнсе слова, як пакаленне назад у іншых грамадскіх умовах шукала яе сям’я Міхала (Я.Колас, “Новая зямля”).

Сімвалам падобных пошукаў становіцца селянін Змітро Лятун, які ўпэўнена, падчас нават жорстка, вядзе сваю сям’ю да зямлі запаветнай. На гэтай дарозе ён губляе самае дарагое – сваіх дзяцей, якія або гінуць, або становяцца яму чужымі. Ці не таму Лятун у канцы твора збіраецца скончыць жыццё самагубствам, і толькіў апошнюю хвіліну Бог перасцярог: “Лёг на дно лодкі, якая павольна, сама па сабе, плыла па цячэнні. Пра што думаў гэты шасцідзесяціпяцігадовы, пасівелы да пуху чалавек, які помсціў усім за свае векавыя пакуты і няўдачы? А можа, ён кляў гэты самы час, у якім нейкая нябачная сіла прымусіла самога ператварыцца ў згустак сілы і нянавісці да іншых? Хто ведае, можа, найшло на яго вялікае прасвятленне? Не так жыў, не туды біў?

Глянем у высокае гарынскае неба і пройдземся сцежкамі Летуна, адметнай, каларытнай фігуры, у якой яскрава ўвасобіліся надзеі і памкненні беларуса за польскім часам. Мы знаёмімся з героем майскай ноччу 1935 года. Ён – немалады ўжо паляшук, удавец, вопытны чалавек, як кажуць, стрэляны верабей. Да гэтага часу, пасля ліквідаці сервітуту, г.зн. сумеснага выкарыстання панамі і сялянамі лесу, возера, ракі, пасля камасацыі – хутарызацыі, блукання з сям’ёй па галоднай Расіі, падзёншчыны ў многіх гаспадароў, ён як ніколі быў блізка да сваёй векавечнай мары. Не ўдалася яму першая спроба, не даў рады, не разжыўся з тае жыткі. Але не так Змітро Лятун, каб апусціць рукі пасля чарговай няўдач. Унутранае прадчуванне, што мара жыцця здзесніцца, прымшае яго ісці на апошняе, з-за чаго і пачалося сацыяльнае ўзыходжанне і духоўнае крушэнне сям’і ўчэпістага палешука. Стары гаспадар з двума сынамі паехаў “на лёды” (гандляваць марожаным), строга загадаўшы дочкам купляць малако толькі маленькаму Юзіку, а самім зберагчы кожную капейку, перабіваючыся затоўкай ды шчаўем. Якраз чарговы паход за гэтым веснавым хлебам і скончыўся трагічна – старэйшая дачка Маня, абараняючы маленькую сястру ад насільніка, разам са шкіперам падае ў цёмныя хвалі. Маладыя, моцныя дзяўчаты маглі б уцячы ад гвалтаўнікоў, але з самага дня ад’езду бацькі яны зусім не бачылі мяса – скуль жа сілам узяцца. Кавалак мяса становіцца пачаткам вялікай трагедыі, як у славутай навеле Д.Лондана. Ашчаджаныя грошы будуць эквівалентам не пэўнага абшару новага хутара, а магільнай зямлі старэйшай дачкі.

Аднак і гэта не спыніць Летуна. Дзеля ажыццяўлення мары ён ідзе на ўсё, робіць нават тое, ад чаго самому моташна: едзе з асаднікамі біць балагушскіх актывістаў; падсылае сына Ігната да багатай і ахвочай на мужчынскую ласку Кучаіхі; аддае нявінную дачку ў служанкі да разбэшчанага пана; ідзе на паклон да нялюбага яўрэя-карчмара. Ён шкадуе дробязь, якую кінуў Ігнат хлопчыкам, што ўсцягнулі на горку яго возік з лёдамі. Папракае Юзіка, што прывалок паліцаяў на хутар: пад гарэлку ўсё з’ядуць. Шкадуе падаць калядоўшчыкам, якіх называе “шайкай”, чапляецца да іх песняў. Дзеля ажыццяўлення сваёй ідэі гатовы на ўсё, нават на знявагу ўласнай годнасці. Хаця для гарадчука гэта ого-ого якое вялікае выпрабаванне.

Як згадвае Ю.Лабынцаў, па характары, паводзінах, знешнім абліччы і вопратцы давыдгарадчукоў лёгка пазнавалі па ўсім Палессі. Жыхары гарадка былі ў асноўным высокага росту, упэўненыя ў сваёй сіле, спакойныя, з надзвычай развітым пачуццём незалежнасці, якую яны ўсяляк імкнуліся засцерагчы ад магнатаў і замахаў дзяржавы, паказваючы законнасць сваіх старадаўніх прывілеяў.

Доўгі час мы ўсяляк імкнуліся асудзіць уяўную фанабэрыстасць, клопат аб асабістай годнасці ў эпоху імклівых і незваротных сацыяльных катаклізмаў. Шмат ёсць гісторый аб тым, як шляхціц з-за сваёй ганарлівасці трапляе ў недарэчную сітуацыю. Але нават згадваючы караткевічаўскае “ў гэты дзень я высакародна араў поле” праз тонкую іронію адчуваем вялікую павагу да чалавека, які, хоць і босы, захоўвае свой гонар. І толькі цяпер разумеем, як многа значыць страта самапавагі канкрэтнай асобы для руйнавання традыцыйных маральных асноў нацыі, народа.

Пачуццё ўласнай годнасці ў Летуна развіта ў адпаведнасці з адвечнымі традыцыямі. Асабліва яскрава ўсё гэта чытач убачыць пасля таго, як Змітро разбагацее і, як здецца яму, ажыццявіць сваю мару. І тым яскравей нам становіцца зразумелым, на якія пакуты вымушаны быў ісці ён, калі прыніжана кланяўся пану Шыдлоўскаму, карчмару, асадніку з солтысам, ды і іншай чыноўніцкай набрыдзі. Але ён гатовы часова, падкрэслім гэнае слова, пайсці і не на такія прыніжэнні, абы толькі дабіцца свайго. Аўтар надзвычай дакладна ў псіхалагічным плане паказвае падобнае раздваенне асобы, якое тлумачыцца незалежнымі ад яе прычынамі. Яшчэ не маючы нават грошай, каб заплаціць першы ўзнос за будучую зямельку, Летуну ўжо шэпча “нікому не вядомае, і так усім знаёмае, сёмае пачуццё: “Зямля твая, Змітро”. Сустрэўшыся з местачковым начальствам, ён ветліва вітаецца. У поціску рукі з’яўляецца сіла і ўпэўненасць: “Акрэпну, – ужо міжволі марыў Лятун. – Крыж Мані пастаўлю. Дубовы. І жонцы крыж пастаўлю”.

Гэтыя словы шмат у чым вызначальныя як для разумення ўнутранага свету беларуса, так і спасціжэння адметнасці творчай манеры самога аўтара, аб чым гаворка пойдзе больш падрабязна ніжэй. Але не спыніцца, хоць і коратка, на гэтай адметнасці нельга. Новы будучы крыж на магіле дачкі – гэта той камень на душы героя, які наканавана насіць яму заўсёды. Бо як бы там ні здарылася, як бы ні склаўся яго лёс, ён будзе заўсёды адчуваць сваю вялікую віну за яе дачасную смерць. Але гэты камень, відаць, не адзіны. У рамане практычна нічога не гаворыцца пра жонку Летуна. Як гэта ні дзіўна для сямейнага рамана, але мы нават не ведаем яе імя. І ні сам Змітро Лятун, ні дзеці, ніхто з блікіх ні разу яе згадвае. Хаця, гледзячы па колькасці дзяцей, яна пражыла са Змітром нямала. Аўтар толькі з дапамогай аднаго напамінку-сімвала дапамагае зразумець, што магчыма, наш герой вінаваты і ў гэтай трагедыі. Хай сабе і несвядома. І яшчэ Марчук нагадае, што і ў жыцці Летуна некалі былі шчаслівыя імгненні, акрыленыя не толькі пагоняй за адвечнай марай. Не выпадкова той шкадуе зрэзаць ясакар, бо менавіта пад ім упершыню сваю будучую жонку пацалаваў. Падобныя майстэрскія згадкі-ўкрапленні дапамагаюць зразумець складаную чалавечую душу нашмат глыбей, чым самы грунтоўныя апісанні. Па сутнасці, мы амаль не ведаем ранейшага жыцця Летуна, а таму літаральна самастойна, з невялічкімі неўзаважнымі падказкамі аўтара, ствараем у сваім уяўленні вобраз складанай, супярэчлівай постаці.

Пачуццё асабістай незалежнасці ў ім расце як на дражджах амаль аж да фанабэрыі, абыякавасці да іншых, нават нахабнай смеласці. Гэтая ўпэўненасць ужо адчувалася і ў хадзе Змітра: пачаў хадзіць паважна, з нейкай асаблівай асалодай пераносячы вагу цела з адной нагі на другую. Ён ужо не пойдзе пазычыць бутэльку гарэлкі, калі забыў грошы, бо ведае, што цяпер яму абавязкова дадуць напавер. І будзе помсціць за свае былыя знявагі: напоіць да паўсмерці зборшчыка падаткаў Балаболку не толькі для таго, каб пазбегнуць чарговых штрафаў. Спіхнуўшы п'янага секвестратара пад ногі бурмістр, ён, па-шляхецку падкруціўшы жаўтаваты вус, згадвае зларадна, як брмістр адварочваўся ад яго, каб не павітацца, бо не лічыў за чалавека. Можа скласціся ўражанне, што Лятун – жорсткі чалавек. Калі Мікіта паведаміў бацьку, што Балаболку прагналі са службы, той буркнуў: “Не шадуй, сынок, нас ніхто ніколі не шкадаваў – і ты не шкадуй”. Але ж праз некаторы час той жа самы Змітро будзе шкадаваць няшчасных зайчыкаў, што спрабавалі выратавацца ў страшэнную зімовую паводку і, спалохаўшыся чалавека, кінуліся ў халодную ваду.

Міхалу з паэмы Якуба Коласа ў час пошукаў сваёй долі дарогу перабягае воўк, які праз імгненне гіне ў сіберных хвалях. Воўк-прывід з’явіцца і ў апошніх трызненнях коласаўскага героя. Няшчасныя зайчыкі будуць напамінкам сумлення для Летуна. Але свой трагічны фінал ён адчуе намнога раней. І не з дапамогай газет, якіх ніколі не чытаў, не з чутак пра дзеянні таго ці іншага ўрада, не. Ад іншага.

Г.Марчук паказвае выключную знітаванасць героя з сусветам: “Свет хварэў. І хваробу гэтую Змітро разумеў па-свойму: жыццё не магло змірыцца з чалавекам, які паразумнеў, акрэп, разбагацеў і рагатаў са свайго вечнага гаспадара жыцця – крывасмока. Таму яно і рыхтавала яму сваю апошнюю бомбу – вайну, каб зноў кінуць у голад, хваробы, вар’яцтва”.

Хворы сусвет туманіць розум і засцілае вочы няшчасным людзям – ці не таму Лятун міжволі забівае любімага сына, сваю надзею і ўцеху, і сам спрабуе скончыць жыццё ў хвалях Гарыні…

На гэты раз Лятун застаецца жыць. Памрэ ён праз шэсць гадоў, у канцы рамана “Прызнанне ў забойстве” (1985), калі па зямлі бдзе ісці акрываўлены 1944 год. Ён выжыве ў гады страшэннай вайны, калі брат пойдзе на брата, бо цвёрда вырашыць, што трэба адсядзецца на родным хутары, дзе ён цар і багатыр. Бо ніхто табе не паспагадае ў гэтым страшэнным сусвеце: мяняюцца, як у калейдаскопе, улады, кожная новая гаворыць, што “асвабадзіла” цябе ад папярэдняй, а ты павінен быць ёй удзячны і прынесці ў ахвяру не толькі майно, але і кроў, і нават жыцці: сваю ці самых блізкіх людзей. Улада для старога – гэта нешта пачварнае, агіднае, з гэтай істотай нельга змагацца, лепш за ўсё адысці ўбок і перачакаць гэтую навалу. Вось чаму Лятун гнеўна асуджае сына Ігната за яго безнадзейныя, з пункту гледжання бацькі, спробы змяніць існуючыя парадкі. І не выпадкова, што той гіне так прыкра і недарэчна.

Разбурэнне слаўнага летуновага гнязда – гэта чарговае сцверджанне бяздольнасці беларуса на роднай зямлі. Калі ў ранейшых трагедыях прычынай гэтаму бачылася нейкая няўмольная фатальная сіла, то цяпер Г.Марчук называе зусім рэальныя вытокі. Няма для беларуса Радзімы. Невыпадкова герой у палеміцы заяўляе: “А, трасца тваёй матары, што ўспомніў? Ды за мой век пяць радзім змянілася. Не ведаеш, якому Богу маліцца. Калі ж я не буду жыць так, як яны вучаць, як яна, улада, патрабуе, значыцца, буду ёй непатрэбны… Так? Так. Паабяцай сваім людзям залатыя горы на месяцы – паляцяць туды і плюнуць на Радзіму”. А як жа інакш. Калі ў каманду буксіра ці нават на лесапільню набіраюць толькі католікаў, а асаднік Руцкі прагаворваецца аб тайным цыркуляры, што забараняе даваць зямлю беларусам. Якраз як быццам на беларускай зямлі. Ці не адсюль выключная абыякавасць і да, здавалася б, сакральных паняццяў тыпу “Бацькаўшчына” і новай, чарговай набрыдзі з яе амбіцыйнымі памкненнямі. Бо хто толькі з іх не нёс сваю культуру на гэтыя спрадвечныя землі, марачы ашчаслівіць народ.

Вось як адзін з чарговых вызваліцеляў характарызуе край Г.Марчука: “З усіх чатырох ваяводстваў усходніх крэсаў Палессе я лічу лепшым. У нервовым Віленскім мне хочацца гандляваць, нешта будаваць, адным словам, дзейнічаць, у ненадзейным Навагрудскім баішся, каб цябе не забілі. У Беластоцкім цябе апаноўвае жах ад галечы і поўнага хаосу. Затое ў Палескім хочацца жыць, адпачываць і піць сокі маці-прыроды. Вось дзе хараство, як на карцінах тытанаў Адраджэння! Тут вольна дыхаецца і крулеўская велічнасць прыроды схіляе да філасофскага роздуму. Здаецца, нідзе я не бачыў такога пакорлівага, інфантыльнага і маўклівага люду, як тут. Казачная, панове, раўнавага прыроды і ўсяго існага. Мне гэта нагадвае залаты век Сігізмунда Старога”.

Нясуць сваю цывілізацыю нашым землякам і браты Ганс з Удо, іншыя, крыху мацнейшыя, заваёўнікі, якія знайшлі тут сваю магілу. А палешукі жылі сваім адвечным парадкам. Змітро Лятун нават крыху акрыяў пасля трагічнага сыходу дзяцей. Ён валодае выключным магнітным аб’яднальным полем, тым болей што “самой прыродай наканавана ў час вайны збірацца разам, аб’ядноўвацца, каб выжыць, не загінуць. Бог раскідаў перад вайной дзетак і зноў сабраў, каб і яму, старому, была падтрымка”. Не будзе ён слухаць чужых прарокаў, бо жыве па законах роднай зямелькі. І толькі калі ўбачыць, што падрастаюць яго ўнукі, што і дзеці застануцца жывымі, паціху адыходзіць назаўсёды: “Стары Лятун паміраў, добра ўсвядоміўшы найгалоўнейшы цуд чалавечага існавання, цуд велічы, неўміручасці сумлення, духоўнага прасвятлення і міласэрнасці да чалавека, які, як сонца і неба, быў да яго і будзе пасля…”

Традыцыйная тэма жыцця і смерці стане вызначальнай у “ваенных” творах Г.Марчука, асабліва ў рамане “Прызнанне ў забойстве”. Смерць нябачна, але тым яшчэ жахлівей, прысутнічае ва ўсім – у жыцці, у каханні, нават у паветры і вадзе. Вызначальнымі становяцца супастаўленні: чалавек і вайна, асоба і народ, жыццё і смерць. Знамянальна, што аўтар не імкнецца да паказу “векапомных дзён”, стварэння чарговай напаўлегендарнай эпапеі, а працягвае вырашаць сваю адметную мастакоўскую задачу – паказаць сусвет з усімі яго радасцямі і нягодамі праз прызму ўспрыняцця палешука.

Відаць, тут і трэба адзначыць і самае каштоўнае ў мастацкім сусвеце Г.Марчука. Яно не ў аб’екце апавядання, што вызначала адметнасць твораў яго папярэднікаў, не ў абранай тэме, а ў тым, што больш-менш знаёмае прадстаўлена ў глыбокім спасціжэнні традыцыйнага, здавалася б, матэрыялу, успрынята і асэнсавана пісьменнікам глыбока па-свойму, выключна самабытна. У яго свая, своеасаблівая ўласная распрацоўка класічнай праблематыкі, якая падразумявае паглыблены гістарызм ва ўспрыняцці і эстэтычным даследаванні складаных перыпетый існавання народа на зломах часу.

Ці не таму поруч з выключна драматычнымі калізіямі, якія складаюць сюжэтны каркас палескіх раманаў і ў першую чаргу прыцягваюць увагу чытача, у дылогіі прываблівае быццё герояў, адметнае і непаўторнае. У сваіх па аб’ёму малападобных на звыклую эпапею творах Г.Марчук здолеў паказаць жыццё ў графскім палацы, мары, надзеі і спадзяванні трох пакаленняў радавітай сям’і Шыдлоўскіх, прадстаўнікоў улады звычайнага палескага мястэчка за польскім часам, звычаі і традыцыі, штодзённыя клопаты, а потым і трагедыю яўрэйскай сям’і, мары і спадзяванні нямецкіх братоў-фашыстаў. Разам з галоўнымі героямі няўрымслівы чытач зможа праехаць праз усё ваяводства, праз гарады Столін, Пінск, Гародню ў Варшаву і вярнуцца назад, прачытаць ліст з далёкай Аргенціны і Канады, пабываць на пілараме, паплаваць на параходзе, трапіць у турму і ў вагон, што даставіць сваіх ахвяр у канцэнтрацыйны лагер. Але набольш яскрава паказана жыццё палешукоў, якія так моцна прывязаны да роднай зямелькі. Дні кожнага з іх да краю напоўнены цяжкай, знясільваючай працай, спрадвечнымі клопатамі. У гэтым кругазвароце неадкладных спраў, турботаў, гаспадарчых разлікаў і спадзяванняў бяжыць, як вада ў Гарыні, год за годам, праходзіць этап чарговага пакалення. Знамянальна, што ствараючы цэльную карціну бытавання сваіх герояў, аўтар карыстаецца літаральна некалькімі штрыхамі. Практычна ўсе бытавыя, гаспадарчыя, штодзённыя замалёўкі ў яго творах надзвычай кароткія і ў той жа час дакладныя. Яны па-майстэрску шчыльна ўплецены ў асноўны сюжэт і часцей за ўсё ўяўляюцца фонам, на якім адбываецца практычна ўсё дзеянне.

У дылогіі даволі мала (як для класічных твораў падобнага плана) апісанняў асноўных прац земляробчага календара – згадаем касьбу ў Коласа ці Мележа, шматлікія першыя разоры ў традыцыйнай прозе. Але і тыя рэдкія карціны вясковай штодзённай працы прасякнуты здаровай, простай і ў той жа час высокай паэзіяй. Хаця трэба адзначыць, што для Г.Марчука ўсё ж такі ў гэтым працэсе на першы план выходзіць пот, праца, пакуты, а не песня. Іншая справа – адвечныя палескія святы, апісанне якіх вытрымана ў зусім іншым стылі. У вязьмо раманаў арганічна ўплецены святкаванне Калядаў, гукання вясны, Вялікадня. Прычым многія з іх адзначаюцца ў акупаванай ворагамі Нырчы і сведчаць пра тое, што паляшук не адмовіўся ад сваіх традыцый і ў гады страшэнных выпрабаванняў. А які ж гарадчук пазбегне апісання унікальных ва ўсёй Еўропе “конікаў”. Вось пачуўся гармонік ды званочкі. Выпэцканыя пухкім снегам, выбеглі на сярэдзіну вуліцы, смешна тупаючы і шчыпаючы нырчан, “мядзведзь”, “смерць” з касою, “авечка”, “конік”, “дзед” ды яшчэ тры-чатыры маскі, якіх і сам Гасподзь не адрозніў бы: на каго яны падобны. Пашкрабала ўздоўж вуліцы кучка нырчан услед за “конікамі” з подсвістам… Яшчэ адны “конікі” ішлі ад Лужка з гоманам і полькай з пералівам на тры “Калены”. Невыпадкова, што на такое экзатычнае свята прыехаў сам камендант Століна, які нават дазволіў перанесці каменданцкі час на пяць гадзін пазней.

Як перліны народнай мудрасці ў творах рассыпаны легенды, паданні, павер’і і векавыя ўяўленні палешукоў. І, як ні дзіўна, многія прыкметы спраўджваюцца.

Не будзе папраўкі для смяротна пабітага і абмарожанага Грыцка, зяця Летуна, бо невядома, адкуль узяўся перад акном крумкач і каркаў з поўдня. І хаця Прося, якая больш астатніх перапалохалася нядобрай прыкмеце, прагнала крумкача, пасыпала пянёк, на якім той сядзеў, соллю і накрыла чыгунчыкам, былы міліцянт ціха памірае сярод ночы. Усе лісіцы з панскай зверафермы шчэняцца разам – пачынаецца другая сусветная вайна. Кот Мурык пужліва і настойліва шукае спагады на каленях гаспадароў – ноччу прыходзіць страшэнная лютаўская паводка. Бусел, гэтая святая птушка Палесся, кідае галінку з дымком на канцы на выключна прыгожую драўляную, збудаваную яшчэ без адзінага жалезнага цвіка ў пачатку ХVІІІ стагоддзя, царкву. І адразу ад хаты да хаты ідзе страшэнная чутка ад чытальніка Фамы: “І калі птушкі і гнёзды свае паляць, і храмы божыя, быць бядзе вялізнай і гору людскому рэкамі цякці”. І сапраўды, жудасныя выпрабаванні чакаюць нырчан пасля гэтай трагедыі, самая ахвярная з якіх – бязлітасная вайна.

Некаторыя павер’і, згаданыя ў раманах, успрымаюцца як яшчэ адзін каларытны куток у раскошным дыване палескай стыхіі: “Не плюй у агонь, ваўкі на языку будуць”, або ўспамін пра перарэзаную на кнізе пупавіну – відавочная алюзія са славутым фактам з жыцця А.Міцкевіча. Зусім па-іншаму ўспрымаюцца сцэны здзекаў з няшчаснай жабкі (Ганс-“лекар”), чатырохсотгадовая “байка ці чутка пра татарскага хана, які знішчаў сваіх сяброў-ворагаў непрыкметна, жорстка і ціха. Падсыпаў дробна сечаны хвост кабылы ў ежу і пітво”. Якраз апошняя і становіцца ўзорам для чарговай трагедыі, калі Уля, пахаваўшы забітага немцамі Грыцка, ахвярна помсціць за смерць каханага. На вачах чытача нібы адраджаюцца часавыя повязі стагоддзяў. Больш таго, яны як бы становяцца сведкамі нараджэння новых паданняў. Так, гісторыю пра вялізнага ненажэрнага немца Прося апавядае дзецям як класічную казку: “І прывезлі таго ненажэрнага немца на нашу зямельку ворагі нашы. Яму што ні дай, усё мала. Каровак паеў, авечак паеў, свіней паеў. Пужае ўсіх, пагражае, кажа, калі харчоў не знойдзецца, людзей есці пачну…”

У цэлым абрадна-бытавы бок сялянскага жыцця выступае ў Г.Марчука без натуралістычнай прыземленасці, успрымаецца як штодзённае праяўленне сацыяльнага быцця нырчан.

Быт герояў Г.Марчука пададзены ў яскравым абрамленні беларускага пейзажу, у якім заўсёды адчуваецца мясцовы палескі каларыт. Персанажы раманаў – людзі вёскі – выступаюць у цеснай, непарыўнай сувязі з жывой прыродай; іх уклад жыцця, настрой падпарадкаваны стану прыроды: “Злосна дзьмуў вецер, ірваў з завесаў аканіцы. Упершыню Летуну зрабілася жахліва. Хоць ведаў: дзверы сенцаў замкнёныя, на тоўстую зашчапку зачынены і хатнія дзверы. Хто ў такое надвор’е рызыкне рабаваць?”

Пейзажы ў раманах падаюцца невелічкімі ўкрапваннямі, але трапнае вока назіральніка выхоплівае тыя дробязі, якія дапамагаюць стварыць цэласную пластычную карціну. Пейзажы Марчука неназойлівыя і ў той жа час даступныя візуальнаму назіранню. Часам здзіўляешся пільнаму воку аўтара: адрозніць нюансы галасоў птушак і перадаць іх моўнымі сродкамі не пад сілу гарадскому жыхару: “Грыгорый, Грыгорый”, – крычыць івалга. “Спірыдон – чай піць, чай піць”, – адказвае ёй пявучы дрозд”.

Большасць пейзажных замалёвак прысвечана Гарыні. Яна нясе радасць і гора, роспач і супакаенне. Аб ёй аўтар піша, як ужо згадвалася, з асаблівай павагай: “Царыца-рака”. Без яе немагчыма ўявіць сабе жыццё гэтых, здавалася б, далёкіх ад цывілізацыі людзей: Гарынь – гэта адзіны сродак сувязі з “вялікім светам”, гэта крыніца жыцця. Гарынь становіцца магілай Мані; Гарынь дапамагае ўцячы Соні; Гарынь жа ратуе вёску ад пажару. Раззлаваная, яна затапляе пятнаццаць навакольных вёсак, лагодная – у голад забяспечвае вяскоўцаў рыбай.

Нават Змітро, для якога Гарынь – сродак нажывы (ён не заўважае ні прыгажосці, ні яе велічы), у часы роспачы шукае супакаення на яе беразе. Ад’язджаючы ў Амерыку, з ёй, як з жывой істотай, развітваецца Мікіта. Ігнат параўноўвае з ёю сваю каханую: “Без цябе, без Гарыні маёй – ніколі ў жыцці, мабыць, не змагу”. І абсалютна нейтральнай, абыякавай становіцца яна для Артура, які не знайшоў на яе берагах ні шчасця, ні радасці: “Бегла ад вачэй Гарынь, ні свая , ні чужая, ніякая”.

Пражыўшы шмат вякоў на берагах гэтай палескай ракі, сяляне ўвабралі ў сябе ўсе яе якасці: “Нырчанін так падобны на сваю Гарынь. Цярплівы, ціхі, паслухмяны, але калі ўжо прыйдзе час паводкі – ён непазнавальна мяняецца. І куды, здаецца, гінуць санлівасць і пакорлівасць”.

Дзеючыя асобы паказаны ў плыні жыцця і адначасова ў палярнасці сваіх унутраных якасцей. Мастак яскрава паказвае перапляценне дабра і зла ў душы селяніна. Кожны з герояў ідзе да “праўды жыцця” сваім шляхам: для Мікіты – гэта вера, для Ігната – рэвалюцыйная барацьба, для Змітра – грошы, якія даюць упэўненасць і ўладу. Гэтае перапляценне дабра і зла, чыстых чалавечых парываў і чэрствага эгаістычнага разліку і рухае фабулу раманаў Г.Марчука. Архітэктоніцы апошніх аўтар удзяляе выключную ўвагу. Гэта ўжо заўважана ў пошуках загалоўкаў твораў.

Так, самы паэтычны, спавядальны шчыры раман Георгія Марчука называецца “Кветкі правінцыі”. Твор гэты, дзе ўсё адбываецца ў Давыд-Гарадку, падсвечаны паляшуцкай іроніяй. “Гарадок не толькі не быў ужо “трэцяй сталіцай” магутнага княства, а і раёнам перастаў быць. Прайшлі тыя часы, калі кожны сабе пан, чым хацеў, тым і гандляваў.

Горад дробных рамеснікаў не мог вытрымаць канкурэнцыі буйной прамысловасці, што пазбавіла мясцовых мануфактурыстаў надзеі мець добрую капейку са сваіх рук і штодзённай працы. Людзей ахапіла пачуццё трывогі, боязі і жаху за дзень заўтрашні, а павярнуць на старое, як яны адчувалі, было немагчыма” (У.Караткевіч). Гэта разумелі і гарадзецкія майстры, як бы спаважна, бы той бусел на сенажаці, ні хадзілі па вуліцах Гарадка. Рэдка хто з іх паказваў слязу, калі на працягу двух тыдняў, месяца не было аніякіх заробкаў. Плакалі больш жанкі. Уначы… Для гарадчукоў гэта была катастрофа – далёка не першая і не апошняя. У чарговы раз ніхто не ўлічваў спецыфіку псіхалогіі і сацыяльную асаблівасць мястэчка, не было жадання ўнікнуць у канкрэтную справу. Зямля ўсіх пракарміць не можа. Практычна з сакавіка па чэрвень усё наваколле заліта водамі Гарыні і Прыпяці. А прамысловасці мясцовай практычна няма. Ці не таму Г.Марчук, як і ў папярэдніх творах, з болем гаворыць пра трывогі і спадзяванні, хвіліны адчаю і спрадвечную веру ва ўсё лепшае. Вось чаму ён вітае прадпрымальніцкую ініцыятыву землякоў, якія ў былыя часы прадавалі лёды ў Варшаве, а цяпер гандлююць насеннем кветак па ўсёй неабсяжнай краіне. І дарэмна ўлады спрабуюць з гэтым змагацца. Праўда, эмоцыі аўтара, як звычайна, прыхаваны. На старонках рамана ён будзе імкнуцца да максімальна магчымай аб’ектыўнасці, боль аўтарскі прасочваецца толькі паміж радкамі, у скупых рухх (так са шчакі амаль нябачна сціраецца сляза). Непасрэдна публіцыстычнае гучанне набывае яго голас у “Эпілогу”, калі згадваецца бетонны мост пасярэдзіне Давыд-Гарадка, які, дзякуючы меліяратарам, застаўся без ракі. “Меліяратары з дазволу высокага кіраўніцтва адводзяць нашу Гарынь, зменьваюць яе русла. І застанецца гарадок мой сіратою, як чалавек. Неяк дзіка і страшна ўявіць добры, новы дарагі бетонны мост пасярэдзіне Давыд-Гарадка без ракі. І людзі маўчаць. Чым, кім яны так напалоханы за апошнія дзесяць-пятнаццаць гадоў, што так пакорна з усім згаджваюцца? Дай мне, Божа, сілы разабрацца ва ўсім тым, каб сэрца маё не поўнілася злом і каб я не жадаў зла свайму люду”.

Як і ва ўсе эпохі долю беларуса вырашаюць без яго ўдзелу. (У папярэднім рамане паведамляецца тайны цыркуляр польскіх уладаў, згодна з якім беларусам забараняецца набываць зямлю).

Міжволі згадваюцца славутыя дубровы ў поймах Гарыні. Іх пачалі рэзаць яшчэ ў царскія часы. Потым паспяхова вывозілі пры кайзеры, пры паляках, пры саветах, пры немцах, зноў пры саветах і толькі літаральна нядаўна знішчылі дарэшты, пакінуўшы хмызняк і вербалоз, дзе ўжо нават казе не ўкосіш.

Выключная адказнасць за ўсё, што адбываецца ў родным краі – сведчанне пастаяннай прывязанасці аўтара да сваёй радзімы, імкнення жыць яе радасцямі і болем.

Разам з тым Марчук-празаік заўсёды максімаліст. Таму звычаная белетрыстычная задача паэтызацыі свайго кутка, сацыялагізацыя асноўных зрэзаў яго матэрыяльнага існавання ніяк не магла захапіць пісьменніка дарэшты, стаць асноўнай, вызначальнай, пра што сведчыць увесь яго вопыт раманіста. Аўтар імкнецца спалучыць больш-менш традыцыйны жыццяпіс дзеючых асоб з аналізам іх ўчынкаў, удзяляючы большую ўвагу апошняму, са зваротам да вечных агульначалавечых праблем. Ці не таму кожнаму з герояў наканавана прайсці праз пераломны момант у сваім быцці-існаванні, пасля якога жыць так, як жылі да гэтага, яны ўжо не змогуць, бо будуць глядзець на свет і на людзей зусім іншымі вачыма. (Раней людзі называлі гэта па-свойму – Бога знайшоў.) На розных этапах свайго бытавання прыходзяць да таго ўсведамлення героі Г.Марчука, часцей за ўсё на схіле гадоў, “калі чалавек адчувае сваю кволасць на зямлі”, у час, калі прыходзіць магутнае каханне (першае ці апошняе, не так гэта ўжо істотна). Для герояў “Кветак правінцыі” Адася Долі такім рубяжом становіцца спроба зразумець трагедыю маці. Ды і сам высокі арэол Маці для Адася яна атрымлівае толькі са смерцю. Раней гэта была проста жанчына, якая будзіла сына, клікала вячэраць якраз тады, калі так не хацелася ісці дахаты. Думкі пра маці прыводзяць хлопца да ўсведамлення сваёй віны ў гэтай трагедыі. Усведамлння яшчэ дзіцячага – маці памерла, бо я яе не слухаў. “Я пачаў шкадаваць яе, мёртвую, як жывую, бо жывую не шкадаваў, бо жывой яна была для мяне як усё роўна мёртвая”.

Здаўна фалькларысты падкрэслівалі, што беларусы вераць у замагільную апеку маці над дзіцём. Спадзяецца на апеку сваёй роднай і Адасік: “Я некуды доўга бег, уцякаў ад цемры, пакуль не сустрэў сваю маці, абняў яе, заплакаў горкімі слязьмі і ўсё скардзіўся: “Мама…Мама… мне цяжка. Чаму цябе няма? Чаму? Мне цяжка…няма з кім параіцца…я адзін… адзін. Свет паступова адчыняе мне дзверы сваіх таямніц, радасцей, пакут, трывог і спадзяванняў… Мне боязна, я баюся памыліцца. Я адзін, мама”. Маці нічога не адказла, толькі пяшчотна гладзіла мяне па галаве”.

“Акрамя ўлады небы, ёсць улада часу”, – скажа адзін з герояў рамана. Прыйшоў час, які запісаны на скрыжалях лёсу кожнага з людзей. Час, калі мы пачынаем усведамляць сваё існаванне, асэнсоўваць яго, станавіцца не проста прадстаўніком роду, а канкрэтным чалавекам, асобай. І для Адася дзень смерці маці стаў сёмым днём. Бо менавіта ў той момант у палескім гарадку, на дне былога мора нараджаўся чалавек. Аўтар лічыць, што даволі часта гэты працэс завяршаўся “без ангелаў” (назва яшчэ аднаго рамана).

Аналагічныя ці падобныя працэсы становяцца ў Г.Марчука асноўным камертонам поліфанічнага гучання раманаў. Ці не таму даволі часта яго ўлюбёнымі героямі, у вусны якіх укладваюцца запаветныя аўтарскія думкі, становяцца людзі хворыя, падчас калекі: (“Крык на хутары”), манах Прокл (“Без ангелаў”), Адась Доля (“Кветкі правінцыі”). Г. Марчук падкрэслівае, што гэтыя асобы вылучаны са свайго асяроддзя сіроцтвам, хваробай, адчуваннем пагрозы блізкай смерці, што значна абвастрае светаўспрыманне адвечным памкненнем зразумець сутнасць і вартасць жыцця.

Героі Марчука да ўсяго прыходзяць самі – праз пакуты, праз страты, праз глыбокі роздум, нават праз той здаровы містыцызм, што быў ва ўсе вякі ўласцівы беларусу, а тым больш палешуку. Бо ён заўсёды шукаў той адзіны і спрадвечны закон чалавечнасці. “Паміж небам і часам – чалавек, трэцяя тайна… Шмат чалавеку дадзена на зямлі. Мільярд пачуццяў перажыць дадзена. Пах хлеба, сустрэча з першм буслам, провады журавоў, укус пчалы… У кожным дні смерць і ўваскрасенне, толькі трэба ўмець назіраць”, – да такіх вывадаў прыйшоў стары Воўк, самая каларытная фігура “Кветак правінцыі”. Як і вобраз Змітрака Летуна, характар Ваўка – сапраўдная ўдача аўтара. “Чалавек павінен на зямлі дзве рэчы шукаць: ісціну і веру… Яны дадуць яму і сілу, і апору, і любоў”.

Ніхто з герояў раманаў не ведае гэтай ісціны ў апошняй інстанцыі. І аўтар не дае ім палёгкі, як гэта бывае, загадзя падрыхтаванымі адказамі на ўсе пытанні. Можа, гэта і добра, што героі раманаў Г.Марчука, па словах аўтара, “не былі за мяжой ніколі і нідзе, не былі ў Эрмітажы, Крамлі, Кіева-Пячэрскай лаўры, не ведалі, хто такі Канфуцый, К’еркегор, Бярдзяеў, Шапенгаўэр… Ім цяжка было растлумачыць тайну тэлефона, тэлевізара, транзістарнага прыёмніка”. Яны былі, жылі, кахалі, зведалі трагічныя гадзіны, не шукалі лёгкай долі і да адвечнай ісціны прыходзілі самастойным шляхам. Усе яны розныя, і ў той жа час іх яднае нешта агульнае, тое, што дазваляе называць іх палешукамі: яны замкнёныя, асцярожныя, скупыя на слова, нічым, акрамя хлеба, газы, солі не цікавіліся. Кожны жыў сам па сабе і жыў для сябе”. Як галоўныя, так і “перыферыйныя” героі не вылучаюцца асаблівай начытанасцю. Гэта малапісьменныя, бясколерныя па сваім культурным узроўні людзі. Ахайных немцаў здзіўляе звычка мясцовых жыхароў ссыпаць попел на вуліцах у ямы, выліваць памыі за вароты, іх забаўляе рабаванне сялянамі крамы. Для фашыстаў палешукі “непрывабныя, “мурзатыя” і “нікчэмныя”.

Аднак гэта толькі першае ўражанне. “Люд тут добры, сціплы, працавіты”. А колькі прыроднага розуму, кемлівасці і тонкага назірання ў разважаннях палешукоў аб фашысцкім крыжы: “Як ні круці іх знак, куды ні павярні, а ўсё, значыцца, да сябе грабе, да сярэдзіны”. Калі гаварыць аб дабрыні, велікадушнасці і высакароднасці палешукоў, варта ўспомніць, як нырчанскія жанчыны імкнуліся разабраць па хатах чужых дзяцей, трапіўшых пад абстрэл, ці варта прыгадаць, як Тэкля прапанавала свае грошы, якія складалі ўвесь яе скарб, у абмен на жыццё чужога ёй салдаты Федзі.

“Дбайныя, руплівыя, працавітыя, кемлівыя і хітрыя (гандаль навучыў быць і гаварлівым, і хітрым) гарадчукі невядома з якіх часоў навучыліся дубіць скуры, шыць кажухі, касцюмы, плацці, спадніцы, рабілі граблі, бочкі, плялі кашы, сеткі, жакі, кавалі падковы, цвікі, капаніцы, завесы, нажы, доўгія ключы, шылі зімовыя шапкі, паліто і чобаты, асабліва чобаты. Гарадчукі будавалі хаты, крылі іх чаротам, саломай, дранкай, масцілі гаткамі берагі бурлівай і часам неспакойнай Гарыні, рэзалі з золата завушніцы, выпільвалі пярсцёнкі, рабілі лодкі, дзяўблі чоўны, падкоўвалі коней, набівалі падушкі і коўдры, малявалі іконы, варылі на святы цукровую вату і лёды, пяклі абаранкі і смачныя пернікі, булачкі з ваніллю”.

Тут нараджаліся, раслі, жаніліся, тройчы фатаграфаваліся: у дзіцячым узросце, у дзень вяселля і ў дзень смерці ў труне. Нішто, здавалася, не магло парушыць і змяніць лад жыцця. Але, магчыма, у гэтым зачараваным колазвароце і схавана сутнасць быцця: “Ёсць тры найвялікшыя святы, якія чакаюць цябе наперадзе: каханне – свята душы, работа – свята розуму, смерць – свята цела”, – сцвярджае Г.Марчук вуснамі аднаго са сваіх герояў. І, відаць, над кожным з іх маглі прачытаць пасля смерці тыя словы, якімі суправаджалі ў апошні шлях старажытнага егіпцяніна жахлівыя жрацы. Радкі з “Кнігі мёртвых” згадвае засяроджана Воўк: “Владыки истины, приношу вам самую истину: ни одному человеку не сотворил я зла, нарушив клятву – не сделал несчастным никого из моих близких, не позволил себе сквернословия и лжи, не дружил со злом, никто по моей вине не стал калекой, больным, несчастным. Не отнимал младенца от груди его кормилицы, не ловил жертвенных птиц, не вредил разливу рек, не расхищал имущества храмов”.

Але героі твораў паляшуцкай эпапеі могуць так заявіць толькі пасля таго, як пройдуць усе свае жыццёвыя кругі існавання і выпрабаванняў. У трох першых раманах гэтых кругоў роўна па сем у кожным. Што ж набываюць, што страчваюць героі ў гэтых спрадвечных і такіх новых для іх вандраваннях па пакутах і радасцях? Што застаецца і што мяняецца ў іх з кожным зваротам на чарговы этап жыцця? Менавіта гэта пастаянна ў цэнтры ўвагі пісьменніка, а сам прыём вяртання, блукання па сямі кругах дазваляе дакладна прасачыць эвалюцыю герояў. Так, загалоўкам кожнага з раздзелаў рамана пра сям'ю Летуна становіцца імя чарговага героя, які якраз у дадзеным выпадку выходзіць на першы план. У “Кветках правінцыі” загалоўкі становяца сімваламі, уяўленнямі паняццяў, якія так цяжка азначыць: Самагубства; Хвароба; Каханне; Насенне; Грошы; Шчасце; Хата. Толькі адно з іх выключна матэрыяльнае – апошняе. І, відаць, таму нельга гэты раман назваць споведдзю. Перад намі шлях роднай зямлі, пачынаеш верыць у жыццялюбства і міласэрнасць свайго народа, неўміручасць духу і бессмяротнасць дабраты чалавечай. А ў гэтай веры падтрымлівае ўпэўненасць у тым, што ў кожнага ёсць, былі Маці, Бацька, Дзед, Баба, Прадзеды. Многія з іх адыходзяць, але вяртаюцца дрэвам, травінкай, дажджом, святлом зоркі.

Падчас нават такія складаныя канструкцыі пошукаў і вандраванняў герояў ужо не задавальняюць аўтара, ён свядома ідзе на мастакоўскі эксперымент. Так, у рамане “Без ангелаў” трагічная гісторыя кахання былога капітана Сяргея Бяды і доктаркі Ліды Міхеевай паказана з двух пунктаў гледжання – жанчыны і мужчыны. Праз амаль адны і тыя ж выпрабаванні праходзяць ён і яна – але ж які яны розныя і непадобныя гэтыя выпрабаванні для герояў. Нават адны і тыя ж з'явы, падзеі – рэальныя, грамадскія, сямейныя – успрымаюцца як выключна непадобныя, а падчас нават антаганістычныя. У чым жа прычыны гэтага непадабенства? У генах, выхаванні, псіхічным стане? Бо героі належаць ад аднаго пакалення, якое зведала і культ асобы, і голад хрушчоўскіх эксперыментаў, і адмаўленне ад нацыянальных каранёў. Па сутнасці, перад чытачом паўстаюць два, прычым абсалютна непадобныя, раманы: калі б яны не былі аб'яднаны аўтарскай задумай ды яшчэ пад адзінай вокладкай, то ў нас лёгка склалася б уражанне, што мы знаёмімся з доляй зусім розных сем'яў, у знешняй канве жыццяпісу якіх сустракаюцца большыя ці меншыя падабенствы.

Надзвычай цікавымі з'яўляюцца спробы Г.Марчука заглянуць у таямнічую жаночую душу. Аўтар па-майстэрску паказаў найдалікатнейшыя зрухі яе ўнутранага свету, страсці і памкненні, зразумелыя і не вельмі, самога цела. Вось чаму перад намі, па сутнасці, паўстае некалькі адметных аповядаў, некалькі, практычна, адметных фіналаў. Аўтар як бы прапануе нам выбраць той, які лепш пасуе нашым уяўленням аб каханні, сумесным жыцці, здрадзе ўяўнай і рэальнай, увогуле аб тым, што складае сутнасць душы чалавечай. Падобны эксперымент ужо праводзіла Айрыс Мэрдак, англійская пісьменніца, якая ў фінале прапануе некалькі эпілогаў на выбар чытачу.

Для Г.Марчука падобныя пошукі – зусім не эпігонства, не наіўнае жаданне быць ва ўсім арыгінальным, а вынік плённай, сур'ёзнай эстэтычнай эвалюцыі. Нават калі абмінуць згаданую мастакоўскую спробу (даволі ўдалую, скажам адразу, няма сумнення, што яна будзе паўторана на новым этапе ў айчыннай прозе), то ўсё роўна прыйдзецца прызнаць, што ў Марчука-раманіста склалася адметная, выключна марчукоўская традыцыя, уласная эпічная паэтыка. Нельга катэгарычна сцвярджаць, што кожны са складаемых апошняй – выключная знаходка празаіка і прыярытэт належыць толькі яму, але ў сваёй сукупнасці яны становяцца каменьчыкамі і шкельцамі адметнай марчукоўскай мазаікі. да іх неабходна далучыць своеасаблівае ўспрыняцце паэтыкі народнай дыдактычнай прозы, філасафізацыю быцця праз маляўнічае ўвасабленне этнаграфічных дэталяў, адлюстраванне адзінай рэальнай падзеі вачыма розных яе ўдзельнікаў, паказ шматлікіх аспектаў існавання вачыма жанчыны.

Вызначальнай асаблівасцю творчай манеры Г.Марчука з'яўляецца схільнасць да будовы займальнага сюжэта, у якім зусім не чужымі пачуваюць сябе дэтэктыўныя і прыгодніцкія элементы, навелістычныя прыёмы традыцыйнасці дзеяння і нечаканай развязкі. Так, ужо першы раман “Крык на хутары”, па сутнасці, – інтрадукцыя да трагічнага спеву Палесся, пачынаецца з апісання жахлівай пагоні двух гвалтаўнікоў за маладзенькімі сястрыцамі і першай ахвярнай смерці ў злавесных водах Гарыні. І як фатальная непазбежнасць лёсу ўспрымаецца сустрэча героя з адным з паганцаў у турме.

У аналагічным стылі вытрыманы іншыя трагічныя супадзенні, непаразуменні, сярод якіх вылучаецца сцэна гібелі Ігната ад рукі бацькі. Героі Марчука сваёй роспачнасцю нагадваюць персанажаў старажытнагрэцкіх трагедый: змагацца з фатумам, як і адвесці страшэннае наканаванне, яны не могуць. Ім застаецца толькі скрушна ўспрымаць здзейсненае, аплакваць адыход самых блізкіх і дарагіх.

Наогул, трагізм быцця, яскравае ўвасабленне яго непазбежнасці, падчас незалежнай ад волі чалавека, драматычнасці – ці не асноўны фон усіх ранніх раманаў Г.Марчука. Аднак у кожным з іх трагічнасць набывае адметную рэалізацыю. Так, раман “Прызнанне ў забойстве”, які прысвечаны адлюстраванню жахаў вайны, яе антычалавечай сутнасці, пачынаецца не з традыцыйнага ўвасаблення кантрастаў мірнай стваральнай радасці і змрочнай навалы, а з апісанняў пакутаў ужо амаль сатлелага мёртвага цела. Падобны матыў празаіку неабходны для разваг аб сутнасці любой вайны. Разарваны ланцуг успамінаў, блытаніна згадак, спарадычныя асацыяцыі парэшткаў некалі жывой істоты, якія абуджаны для вялікай пакуты, – усё гэта разам гаворыць нашмат болей, чым трывіяльныя палымяныя маналогі і філасофскія дыспуты жывых.

Кожны з раманаў Г.Марчука мае дынамічны, займальны сюжэт. Аўтар унікае звыклага пастулата, што аб высокіх матэрыях можна гаварыць толькі пафасна, узнёсла, з адпаведнымі фарсажамі голасу. Дынамічная форма, нечаканыя сустрэчы і павароты дзеяння, арыгінальныя фіналы, трагічныя супадзенні неабходны празаіку для гаворкі пра падзеі складаныя, сітуацыі заблытаныя, з якіх цяжка знайсці адзіна правільны выхад, бо вельмі праблематычна вызначыць, хто з герояў святы, а хто нягоднік, бо яны, як тое і паводзіцца ў жыцці, не выключна белыя і не чыста чорныя, хутчэй за ўсё – у палосачку. Але выключнасць сітуацыі, у якую трапляюць героі, адразу палоніць увагу чытача, які гатовы ўжо сачыць да канца за імклівым калейдаскопам падзей. Асабліва гэта тычыцца рамана «Вочы і сон», герой якога, падазраючы жонку ў здрадзе, уцякае з турмы і трапляе ў цікавае гістарычнае падарожжа, разгадваючы разам з усімі злачынствы, зробленыя за шмат гадоў да апісваемых падзей.

Вось які энергічны зачын вылучае ўжо самы першы раздзел згаданага рамана: “З ранку і да вечара пульсавалі ў скронях адны і тыя ж думкі: “Рабі што-небудзь, дзейнічай, дзейнічай!” Выйсця не знаходзілася. Душу зняволенага магілёўскай турмы “Вейна” Івана Чачыркі, асуджанага па 175-й (супраціўленне ўладам), раз'ядала, гняла помста. Для яго быў нямілы белы свет і здавалася, калі ён не паслухае гэтай надакучлівай позвы сэрца, жыццё спыніцца. І ён рызыкнуў адкрыць сваю акрываўленую падазрэннямі душу такому ж зняволенаму, як і сам. Інтуіцыя падказала Івану, што, акрамя Кастуся, ніхто не зможа дапамагчы яму збегчы». Пасля такога ўступу, зразумела, чытачу так і карціць даведацца, што ж здарыцца далей. А гэтую цікавасць падагравае яшчэ шэраг лёсавызначальных супадзенняў, якія, аднак, не ўяўляюцца нацягнутымі ці штучнымі: паспяховыя ўцёкі Івана, яго нечаканая сустрэча з яшчэ адным ворагам Ліхадзея – сляпым Казікам, рптоўная смерць апошняга якраз у патрэбны для злых людзей час, нечаканая асечка пісталета ў ракавыя хвіліны і г.д.

Выразна неверагоднай уяўляецца сітуацыя ў аповесці «Паляшук». Да старога ветэрана вайны Карпея, які ндаўна страціў сына, штолета прыязджае з горада нейкі хлопец Фёдар, зусім не сваяк і не родзіч, а ненаўмысны забойца яго хлопца. Аднак аўтар так акцэнтуе ўвагу чытача, што апошняга пачынаюць хваляваць у першую чаргу не ступень верагоднасці, а той маральны ўрок, які вынікае з гэтых неадназначных сітуацый.

Нешта падобнае ўласціва і аднаму з самых “крутых” раманаў Г.Марчука “Сава Дым і яго палюбоўніцы” (апошніх, праўда, на Століншчне называюць больш нейтральна і паэтычна – каханкі). У спадчыне кожнага сур'ёзнага пісьменніка, які імкнуўся даць у цыкле сваіх эпічных раманаў зрэз грамадскага жыцця канкрэтнай эпохі, сустракаецца адзін ці некалькі твораў выразна забаўляльнага, жартаўліва-эратычнага зместу, прызначэнне якіх – як і хімераў на славутым саборы Нотрдам дэ Пары ці стылізаваных вежаў – надаць капітальна ўзведзенаму будынку неабходную лёгкасць і пэўную вычварнасць формаў, зняць празмерную строгасць абрысаў (успомнім адметныя арабескі А.Бальзака на велічным мануменце “Чалавечай камедыі”).

Згадаем, які ажыятаж узняўся пасля з’яўлення часопісных варыянтаў рамана пра прыгоды беларускага Казановы, як імгненна зніклі з кіёскаў адпаведныя нумары “Полымя” і “Нёмана”, як запісваліся ў бібліятэках у чаргу жадаючыя пазнаёміцца з сапраўдным бестселерам канца 80-х гадоў. Сказаць, што прычынай таму была толькі “клубнічка”, ніяк не выпадае. У гэты перабудовачны час ужо з'яўляліся і больш раскаваныя, адкрытыя творы ці ў спешцы друкаваліся раней не даступныя. Нешта іншае, а не толькі патаемнае жаданне заглянуць у чужы ложак, прыкоўвала ўвагу чытача. Тое “нешта”, што звязана болей з сэрцам, чым з целам, што знаходзіца крыху вышэй жывата, а не наадварот. Не выпадкова, што Г.Марчук, нягледзячы на добрае ўменне ствараць і апісваць пікантныя сітуацыі, у цэлым застаецца верным славянскай цноце, спрадвечнай беларускай далікатнасці ў паказе адпаведных сцэнаў. Сведчаннем таму і апошнія творы, напрыклад, раман «Год дэманаў», у якім каханне ўжо немаладых людзей паказана ў выключна рамантычным, скажам нават цнатлівым духу, нягледзячы на фізічную блізкасць герояў. Ды і сам Сава Дым успрымаеца ніякім не Казановай, а звычайным беларускім хлопцам, які ў пагоне за насалодамі траціць нешта больш значнае і велічнае. Але і тут аўтар не асуджае свайго героя, а спрабуе яго зразумець. Маральны запавет продкаў застаецца вызначальным.

Старажытныя грэкі ў свой час сцвярджалі, што багіня Венера мае два лікі, дзве іпастасі. Суадносна існавала і два віды кахання – велічнае, узвышанае і, наадварот, распуснае, фізіялагічнае. У эпіцы Г.Марчука сустракаюцца практычна ўсе яго разнавіднасці. Даволі часта, у адпаведнасці з нацыянальнай літаратурнай традыцыяй, само каханне і адносіны да яго персанажаў раманаў з'яўляецца своеасаблівым асялком, на якім выпрабоўваюцца, вызначаюцца важнейшыя рысы характару герояў. Так, часцей за ўсё непрыгожа кахаюць адмоўныя героі. Пад зоркай Венеры паганай адбываецца збліжэнне Ігната з Кучаіхай, якраз у такіх жа варунках здзяйсняецца фізіялагічны акт паміж Кучаіхай і Гансам у рамане “Прызнанне ў забойстве”, як непатрэбную цацку аддае Артур няшчасную жанчыну чужынцу: “Артур сам адарваў гузік на спадніцы. Яна распранулася, прыкрыла ніз жывата сарочкай. Стаяла бы ўкопаная.

Артур выпхнуў яе з пакоя.

–О! Ком, ком! – павесялеў Ганс…

Немец павалок жанчыну на ложак. Там некалькі разоў ударыў па твары, пакуль яна, закусіўшы губу, не аціхла”.

Памаўзлівымі катамі паўстаюць бацька і сын Шыдлоўскія, якія так настойліва імкнуцца, перашкаджаючы адзін аднаму, сарваць кветачку цноты маладзенькай служанкі. Трагедыяй паўстаюць падобныя заляцанні для малодшай дачкі Летуна Улі, якая прадае свой гонар за новае паліто і затым становіцца на шлях распусты.

Вядома, як адмоўна ўразілі маладзенькага Алёшу Пешкава сцэны “кахання” захожых жанчын з пекарамі, якія ў знак удзячнасці сыпалі ім у прыпол свежыя булачкі. Некалькі такіх сітуацый падае і Г.Марчук у раманах “Кветкі правінцыі” і “Сава Дым і яго палюбоўніцы”, тым самым як бы заклікаючы людзей быць людзьмі і ў падобныя моманты, памятаць не толькі пра свае жаданні, але і пра дапытлівыя вочы тых, хто толькі ўступае ў гэтае загадкавае дарослае жыццё. Згадаем сцэну вымушанага распранання загадчыцы клуба Тані з “Кветак правінцыі”, якая вымушана пайсці на гэта, каб даказаць сваё каханне п'янаму доўбню Доўнару. Вось чаму Адасік пры сустрэчы з Таняй заўсёды адводзіць вочы. Невыпадкова і сам Сава Дым, убачыўшы на золкай вуліцы маленькую дачушку сваёй чарговай каханкі, што выгнала дзіця падыхаць кіслародам, пакуль сама будзе збіраць імгненні насалоды, раптоўна адмаўляецца ісці ў такую прывабную раней кватэру.

Разам з тым, нягледзячы на бруд у міжчалавечых адносінах (падчас гэты бруд рэальны, як падэшвы ног і асабліва пяты ў санурача Ракінай, што спрабуе спакусіць галоўнага героя рамана “Без ангелаў”), што як іржа з'ядае лепшыя чалавечыя пачуцці, героі эпічных твораў Г.Марчука вераць у светлае каханне. Менавіта шчырая любоў да міліцыянера-ўкраінца ратуе душу і цела Улі, невыпадкова яна так жорстка помсціць за смерць мужа. “Два цуды ёсць на зямлі, – сцвярджае аўтар, – узыход сонца і любоў пад мірным небам”.

Надзвычай адзінокімі ўспрымаюць сябе ў гэтым свеце Марта і Ігнат, пакуль у іх душах раптоўна не абудзілася пачуццё, якое натхніла іх на любоў да ўсяго існага ў гэтым свеце. Якраз жанчыны, іх светлы пачатак будуць ратаваць і Ігната, і Юзіка, і маладога Адася Долю, і распуснага на першы погляд Саву Дыма. Класічнае пытанне славутага Максіма аб тым, ці можа даь наталенне жанчына, героі Г.Марчука вырашаюць станоўча, бо бачаць менавіта ў каханні і любові вызначальны пачатак і сэнсастваральны чыннік быцця. Гэта для іх адметны зорны час, да якога трэба ісці ці ўсё жыццё, ці проста не разгубіцца і пазнаць у мітусні дзён, як той Юзік, што апантана кінуўся ратаваць каханую Вольку. І, можа, якраз гэтым і схавана тое сапраўднае чалавечаеа шчасце:”Бы ў дзівосным сне, ён абхапіў Вольгу і горача цалаваў яе валасы, вочы, губы, маленькі, крыху кірпаценькі носік. І яна ўсім целам падалася да яго, заплюшчыла вочы і моцна трымалася за яго плечы, баялася самлець ад радасці, доўгачаканага шчасця сустрэчы, кахання. А сама, не паспеўшы аслабаніцца з яго дужых рук , зноў абвівала яму шыю сваімі мяккімі рукамі. Здавалася, не будзе канца гэтым абдымкам і пацалункам шчаслівых маладых людзей, якія не заўважалі нічога і нікога на свеце, ды і не хацелі ў гэтую рэдкую мінуту пяшчоты і ласкі кага-небудзь і што-небудзь заўважаць”. А яшчэ ў тым, каб збудаваць для каханай хату, у якой аканіцы ўсе і налічнікі разбяныя, а ў тых узорах звяры і птушкі розныя. Не хата, а казка. Бо дзе ж ты будзеш згадваць непараўнальн пах яе кос, якімі яна раніцай сарамліва хавала свае мініяцюрныя востранькія грудзі (гэта ўжо з рамна “Кветкі правінцыі”).

Кожны з герояў эпічных твораў Г.Марчука шукае сваё шчасце, а па сутнасці сваё прызначэнне ў гэтым сусвеце. Жыццё бясконца, няхай шчасціць жывым. Трэба знайсці сілы і смеласць насіць у сабе мінулае, і яно дапаможа не баяцца смерці.

На такіх мажорных танах завяршаецца самы філасофскі раман “Кветкі правінцыі”. Але нельга толькі на аснове гэтых выслоўяў назваць аўтара выключным аптымістам. Як і яго героі, або, што будзе больш дакладна, разам са сваімі персанажамі ён прыходзіць да згаданых вывадаў пасля шматлікіх разважанняў і жыццёвых пакут. І далёка не ўсё ў гэтым сусвеце можна зразумець толькі з дапамогай розуму. Так, аўтар не аднойчы сцвярджае, што блізкія людзі адчуваюць будучую смерць сваіх родных. Ігнат з рамана “Крык на хутары” за некалькі дзён да трагічнай развязкі заўважыў рэзкую змену ў настроі Мані. Прыгожая, рослая дзяўчына ела разам з усімі, ішла побач, здаецца, смяялася, а вочы яе былі сумныя. Яе ахапіла нейкая задуменнасць. Не спаў у гэтую ноч і стары Лятун, бацька Мані і Ігната, хоць і знаходзіўся ў далёкай Варшаве. У рамне не адзначаецца, ці адчуваў баька трагедыю дачкі, але ўважлівы чытач абавязкова аб гэтым задумаецца. Калі маленькаму Адасіку паведамляюць пра смерць маці, ён чамсьці вельмі спакойна адказвае: “Я ведаю”.

Спасціжэнне жыцця адбываецца разам, адначасова са спасціжэннем антыпода: “Смерць усё часцей нагадвала пра сябе такімі вось знакамі, ахутвала мяне сваёй наяўнасцю, усё больш даказвала, што яна такая ж натуральная, простая і звычайная з’ява, як і ўсё навокал”, “У кожным дні смерць і ўваскрасенне, толькі трэба ўмець назіраць”, – гаворыць мудра Воўк.

Падобныя трагедыі, вызначальныя сустрэчы будуць у вялікай ступені ўплываць на далейшы лёс герояў. Так, цалкам рушыцца сусвет Мікіты пасл трагічнай смерці няшчаснай Ядзі. На фоне амаль раўнадушнага ўсеагульнага ўспрыняцця самагубства маладзенькай пакутніцы ён адчувае, што ранейшы жах перад Картуз-Бярозай (турмой), перад вусатымі і Саўчыкам (супрацоўнікамі дэфензівы), перад бацькам (згубіў грошы) выглядаў такім смешным і нязначным у параўнанні са страхам Божым. Хлопец не вінаваты непасрэдна ў суіцыдзе, але вінаваты разам з усімі людзьмі ў тым, што душа дзяўчыны не знайшла месца сярод жывых, што ніхто не зразумеў яе. Мікіта не можа дараваць сабе, што не ўзяў яе за руку, не вярнўся, не прывёў да бацькі. Няхай бы жыла, цешылася сонейкам і дажджом. Г.Марчук пераканаўча паказвае, як ўсё свецкае, рэальнае адыходзіць для неафіта на другі план: “Хутар, Саўчык, слівы, чобаты Ігната, грошы Юзіка, храпенне бацькі, Уліны косы, што звісалі аж да падлогі, калі спала , кваканне жаб – усё гэта стала такім нецікавым, непатрэбным, дробязным, што ён нават усміхнуўся”.

Для Мікіты пачынаецца зусім новае, невядомае дагэтуль жыццё. І ён чакаў свайго хрышчэння так, як некалі бацька чакаў сваёй зямелькі. Будзе шмат выпрабаванняў на гэтым шляху, цяжкім і пакручастым, выпадзе ён на долю скалечанага сына Летуна, але ўрэшце прывядзе хлопца да Бога. Прайшоўшы школу ў адвентыстаў, вярнуўшыся потым святаром мясцовай праваслаўнай царквы, Мікіта заўсёды будзе мучыцца, пакутаваць душой і знаходзіць сябе і веру праз бездань сумненняў выбару, калі патрэбна было рашаць: што рабіць, ці стаяць побач і ціха назіраць, як некага пазбаўляюць жыцця, ці ўмяшацца ў гвалтаванне, добра ўсведамляючы, што нічым не парадзіш, не дапаможаш. Але калі патрэбна было старому Летуну сказаць свае апошнія словы-пакаянні, скінуць з грудзей цяжар страшэннага злачынства, ён іх паспеў сказаць менавіта сыну-святару.

Наогул, вобразы служкаў боскіх будуць адыгрываць не апошнюю ролю ў рэалізацыі ідэйнай задумы аўтара. І ў цэлым, у параўнанні з традыцыяй беларускай савецкай прозы – згадаем і Коласа, і Крапіву – яны не будуць паўставаць на адзін капыл: сквапнымі неадукаванымі п’яніцамі. У такім стылі, праўда, будзе ўвасоблены толькі прэсвітэр адвентыстаў Варфаламей, які бярэ злотыя за эміграцыю братоў па веры ў далёкую Аргенціну. Але тут відавочныя негатыўныя адносіны аўтара да разнародных сектаў. Невыпадкова ў ліку апошніх можна ўбачыць і графіню Люцыяну Шыдлоўскую, графаманку аматарку падпольнай чаркі, і аканома Куліка, яму ўсё роўна якому богу маліцца. Г.Марчук з павагай згадвае ксяндза Дамініка, які не ўцякае разам з прадстаўнікамі польскай улады, а застаецца са сваёй паставай. З сімпатыяй адносіцца да ўчынку айца Андрэя, які, лічачы пажар царквы карай за яго грахі, кідаецца ў агонь і гіне. У рамане пра прыгоды Савы Дыма згадваецца свяшчэннік, што збіраў на Вялікдзень у прыхажан харчы і зносіў іх у лес партызанам. За гэта і расстралялі яго фашысты. Прычым матушка, якую немцы хацелі адпусціць, вярнулася да выкапанай ямы і прыняла смерць разам з мужам. І невыпадкова, што ў тую ноч званы самі звінелі.

Надзвычай адметным уяўляеца вобраз манаха Прокла (“Без ангелаў”), што прыехаў паміраць да сястры. Гэты персанаж – амаль эпізадычны. Але ён застаецца ў памяці вяскоўцаў не толькі сваім пастаянным кашлем, забавамі з дзецьмі, катаннем на каньках ці сваім набожным ладам жыцця. Было нешта ў душы гэтага чалавека , хай і схаванае, запаветнае, што ўзрушыла нават, здавалася б, непрабіваемага капітана Бяду. І гэты бескампрамісны атэіст, гатовы разадраць усіх католікаў, раптам пачынае ўсведамляць, як гэта хораша, калі ачышчаныя душы пераклікаюцца, перагукваюцца, калі Гасподне ўваскрасенне прымірае, ачышчае і ўзвышае чалавека над злом і жорсткасцю. Ці не ўпершыню ў жыцці аглушаны афіцыйна прапагандай адстаўны капітан здагадаўся, што адраджэнне жыцця, напаўненне яго радасцю, аптымізмам прыходзіць толькі з вераю, з нашым намаганнем і нашым дбаннем. У святыя дні не можа быць такога, каб адна палавіна сэрца любіла, а другая ненавідзела. Усё тады імнецца да гармоніі.

Даволі часта вобразы святароў у Г.Марчука з’яўляюцца своеасаблівымі рупарамі аўтарскіх поглядаў. Гэта пацвярджае і каларытная фігура бацюшкі Міфодзія – нягледзячы на яе эпізадычнасць. Па сутнасці, воблік – знешні і ўнутраны – гарадоцкага свяшчэнніка раскрываецца ўсебакова толькі ў сцэне развітання айца Міфодзія з Адасем, але практычна па ўсім рамане “Кветкі правінцыі” раскінуты згадкі пра гэтую важную асобу ў гісторыі мястэчка, таму ў чытача ўзнікае ўяўленне аб добрым знаёмстве з гэтым героем. Адасю Долі ён неабходны , каб зняць уяўны цяжар з яшчэ юнацкай, а таму такой уражлівай, душы. Георгію Марчуку – для спасціжэння яшчэ некалькіх філасофскіх сентэнцый, надзвычай істотных для ўсведамлення светапогляду пісьменніка. згадаем некаторыя з іх: “Незаменных людзей няма, зямля, як гаворыцца, усіх прыме, бацькаўшчына – не ўсіх. Можна спяваць хвалу сонцу, вадзе, зямлі, а гэта ўсё чужое без чалавека, без любві да яго”. І гэта гаворыць даволі чужы, як ён сам прызнаецца, для мясцовых людзей чалавек, што не здолеў іх зразумець да канца. Таму яго боль развітання са Столінам згіне, але ён бачыць, што гэты люд, нягледзячы на пэўнае ігнараванне царкоўных абрадаў, яшчэ кантралюе зло ў сабе. Можа, сапраўды, толькі трэць чалавечай духоўнасці ад кніг, яшчэ адна трэць – ад прыроды і яшчэ адна – ад пошукаў Бога і ісціны.

Падобныя пошукі для беларусаў асабліва палешукоў, лічыць аўтар, ускладняюца тым, што нашы хрысціяне аніяк не могуць адмовіцца ў сваёй свядомасці ад культавых язычаскіх нораваў. І гэта заўважна не толькі ў наіўных пробах-марах святара Мікіты аб святым вяртанні да сваёй веры, на сваёй мове, бо ён толькі пасля хрышчэння спасціг, што ў свеце адзін Бог і прырода не падманваюць. Вось якім паўстае свет неафітам пасля праслуханых першых пропаведзяў, калі на душы так велічна і спакойна: “Вялікая і светлая ціша ахутала Нырчу. Дым з комінаў ішоў угару і там, зліваючыся ў вялізную дзяругу, намагаўся засланіць маладзік, а той, ясны і таямнічы, быццам і не зважыў на дымы, яскрава высвечваў усе куткі і цёмныя завулкі. За Нырчай распласталася роўнае-роўнае поле, срэбнае ад снегу і святла месяца. І так далёка бачна было, і так было цудоўна, што Мікіта дзіву даваўся, скуль такая велічная краса прыроды ва ўсе поры года і ў кожную хвіліну быцця”.

У свядомасці палешука перапляліся рудыменты старажытнага светаўспрымання і элементы класічнай, традыцыйнай рэлігіі. Бо як жа магло па-іншаму стацца, калі ў вечаровым тумане на аселіцкім лужку быцам не пэўная з’ява прыроды, а здань маці, якая шчыра моліцца, стоячы на каленях у белай сарочцы; калі старыя гавораць, што прырода не даруе, калі нават вырвеш на лузе люцік; калі сарока можа падляцець да людзей і сказаць чалавечым голасам: “Пажар”; калі маці ператвараецца ў рыбку, што, паміраючы без вады на беразе, слаба б’е хвастом. Калі свет пастаянна пашыраецца і ты ўжо ў ім заўважаеш не толькі блізкіх і знаёмых, але і вербы, і неба, і сонца, і хаты, і майскіх жукоў. І ты пачынаеш абагаўляць не толькі самога Бога, але і ўсё, створанае ім, – абыходзіш жука, каб не зачапіць, не паліш галлё на вярбе, не кідаеш у сабак і катоў каменем.

А тым болей у сталым узросце, калі не можаш, нават з дапамогай боскіх служак, зразумець тайну жыцця, калі ў адказ на парады – “смири гордыню, истребляй злое, отвращай недоброе, очищайся от грязного” – наадварот, просіш не пазбаўляць цяжкасцей і нават не забіраць пакут сумненняў.

Падобнае спалучэнне паганска-хрысціянскіх пошукаў сутнасці жыцця найбольш яскрава ўвасоблена ў вобразе Воўка, арыгінальнейшай фігуры марчукоўскага эпасу. Адметнасць гэтай асобы, як і належыць героям гэтага тыпу, яскрава праяўляецца ўжо ў апісанні знешняга вобліку, невыпадкова ім палохаюць маленькіх дзяцей. Але арыгінальная знешнасць саступае вялікай унутранай сіле чалавека, які, як некалі Буда, пражыўшы палову адмернага ў спакоі і волі, раптам прысвячае другую палову спробам разгадаць спрадвечную тайну. Менавіта ён, папракнуўшы на пачатку пошукаў самога Бога, паступова вырашае праблему (“Хто ж такі чалавек на зямлі – Гаспадар? Госць?”) цікавым спалучэннем – гаспадарлівы госць. Воўк доўга ішоў да сваіх высноў, мяняўся шмат разоў унутрана, але ўрэшце зразумеў, што трэба не гневацца на Бога за тое, што чалавек часовы, а радавацца жыццю ва ўсіх яго праявах і ў рэшце рэшт перадаць “Кнігу мёртвых”, напісаную старажытнымі егіпцянамі, чарговай сіраціне, якая павінна шукаць свайго адказу на ўсе гэтыя пытанні, “дойти своим умом до сотворения мира”! Невыпадкова, што выхаванец Воўка, маладзенькі Адась Доля, калі адчуе пад сэрцам сілу таленту, скажам свайму настаўніку: “Я, здаецца, разгадаў тайну чалавека! Гэта неўміручасць духу і бессмяротнасць дабраты, дзядзька Воўк”.

Давыд-Гарадок, як і Століншчына ўвогуле, унікальны мацярык і на дыялекталагічнай мапе Беларусі. Гаварок яе выразна адметны, выключна своеасаблівы. У першую чаргу ад літаратурнага вымаўлення адрозніваецца поўнагалосным “о”, якое так дарэчы гучыць са стромкіх берагоў ці ў лесе, калі жанкі ці дзяўчаты, баючыся заблудзіцца, зычна перагукваюцца: “Оле!”, “Гале!”, “Мамо!”, “Тато!”. Вучоныя моваведы называюць гэтую з’яву даволі празаічна – рэшткі старажытнага клічнага склону.

Поруч пралегла і ўкраінская мяжа, зусім блізка, за Столінам, пачынаюцца славутыя пінскія гаворкі. Зразумела, што ўсё гэта не мог абысці ў сваіх творах Г.Марчук, бо без гэтых залацінак-украпінак мова яго герояў стала б нежыццёвай, мёртвай. Таму даволі часта сустракаем на старонках раманаў звароты: “Ой, хадземо”, “бабо”, “сястра Олена”, “от трэбо”, “Шчо, рыбак, мо возьмеш весло?”, “поеду на вэсну”, “золотцэ”, “чыста” столінскія выразы і словы: “лёды чэколядовэ”, “урлёп”, “смачнэго”, “камасацыя”. Падобныя выразы значна ўзбагачаюць выяўленчую палітру мастака.

У цэлым трэба адзначыць адметную сістэму вобразна-выяўленчых сродкаў і мастацка-стылёвых прыёмаў Г.Марчука-раманіста. У яго склаўся адметны эпічны стыль, уласная традыцыя. Гэта не значыць, што яго раманы падобны адзін да другога. Наадварот, выразна тэлеграфны зачын рамана “Вочы і сон”, дзе патрэбна перадаць максімум інфармацыі на абмежаванай плошчы, рэзка кантрастуе з імкліва-павольным разгортваннем дзеяння ў рамане “Кветкі правінцыі”. Аднак прозу Г.Марчука ўдумлівы чытач ужо пазнае: “Адыходзіла палескае лета, якое саступала ў вечнай хадзе месца ранняй восені, яшчэ такой падобнай на лета, але з ужо прыкметнай тугой, ледзь улоўнай на душы, і сумаваннем па цяплу. Жоўта-белы пясок на беразе Гарыні бурэў. Там яшчэ тужлівей. Не пакідае пачуццё, што катэр, які цягне ў дождж баркі з чырвонай рудой, звозіць і ўсе твае летнія мары… Нешта пустэльнае і здзічэлае пачынае тачыць маю душу”.

Пісьменнік умее добра паказаць і гумарыстычную сітуацыю (найбольш удалая – сустрэча Летуна з Балаболкам). Шмат у яго творах нечаканых параўнанняў, эпітэаў і метафар: “Замёр і пачырванеў, як жалеза на гарне Герасімавай кузні”, “дзіця не злодзей”, “гэта так рэдка, як цень самалёта над нашай хатай у Давыд-Гарадку”, “спіць ціха, бы кура”. Усё гэта разам сведчыць аб арыгінальнай канцэпцыі светаўспрымання аўтара і яе эпічным увасабленні. Бадай што ўпершыню ствараецца мастацкая палітра сусвету, убачаная вачыма палешука. І гэтая палітра паўстае шматграннай і шматстайнай, як і жыццё Давыд-Гарадка, Століна, Беларусі, свету, як і воды Гарыні, што ўліваюцца ў Сусветны акіян.

1   ...   6   7   8   9   10   11   12   13   14


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка