Анатацыя на кнігу “Deja vu bis” Івана Штэйнера




старонка10/14
Дата канвертавання14.03.2016
Памер4 Mb.
1   ...   6   7   8   9   10   11   12   13   14

Ніна Шклярава нарадзілася 10 снежня 1947 года ў вёсцы Пракопаўка Гомельскага раёна. Пасля заканчэння Церахоўскай сярэдняй школы вучылася на гісторыка-філалагічным факультэце Гомельскага дзяржаўнага універсітэта (1966-1971). Працавала карэспандэнтам раённай газеты, рэдактарам абласной студыі тэлебачання, настаўніцай у школах Гомеля. Друкавалася ў перыёдыцы, універсітэцкай шматтыражцы, калектыўных зборніках і альманахах. Аўтар зборнікаў паэзіі "Мая вёска" (1971), "Міг і вечнасць" (1979), "Дзічка" (2001). Вершы яе "лірычна-напеўныя", "мілагучна-шчырыя", "задумёна-зычлівыя" (Р.Яўсееў), спрабуе яна і творча засвоіць паэтыку народнай лірыкі.


А я вам насцеж расчыню

Душу сваю і сваё сэрца,

Бліжэй сядайце да агню,

Калі вам трэба адагрэцца.

Такой бачыць сябе паэтэса ў прадмове да апошняга зборніка. І гэтаму верыш, калі чытаеш вершы "Пакуль Чарнобыль у душу глядзіць…", "Хатынь", паэму "Пялёсткі", дзе Ніна Шклярава асэнсоўвае гістарычную долю беларуса. Але не менш уражваюць тыя творы, у якіх паэтэса смела, падчас нават адчайна, кідаючы выклік сарамліва-цнатлівай традыцыі айчыннай паэзі, сцвярджае сваё заканамернае права горда звацца ЖАНЧЫНАЙ. Яе лірычная гераіня імкнецца вуснамі злавіць дыханне каханага, выпіць яго да донца, абняць увесь свет рукамі, узляцець, як птах, у неба, каб выдыхнуць на ўвесь свет дрыготкае – ЛЮБЛЮ. Магчыма, сталыя аматары беларускай паэзіі здзівяцца, калі прачытаюць “Эратычны нацюрморт”, дзе сцвярджаецца, што “мужчынам прапахне ўся лагчына, і ўся Айчына, і ўся радня”, ці сустрэнецца з такім вось прызнаннем – “ахіну цябе, любы, каханнем, як святы абразок – рушніком. І спавіты маім дыханнем ты заснеш, як дзіця над саском”. Паэтэса не баіцца сказаць пра свае пачуцці свету, і гэтым яны цікавы людзям.

На словы многіх вершаў Ніны Шкляравай гомельскія кампазітары напісалі меладычныя прыгожыя песні, якія пранікнёна спяваюць і самадзейныя, і прафесійныя выканаўцы.



Міхась Башлакоў нарадзіўся 27 красавіка 1951 года ў пас.Станцыя Церуха (цяпер в.Баштан) Гомельскага раёна. Скончыў Грабаўскую дзесяцігодку (1968) і паступіў на гісторыка-філалагічны факультэт Гомельскага дзяржаўнага універсітэта. Пасля заканчэння вучобы (1973) доўгі час настаўнічаў, працаваў карэспандэнтам-арганізатарам Бюро прапаганды мастацкай літаратуры Саюза пісьменнікаў па Гомелі і Гомельскай вобласці. Адначасова кіраваў гарадскім літаратурным аб'яднаннем "Маладзік". З 1991 года – вядучы рэдактар, а з 1996 – галоўны метадыст цэнтра па выданні гісторыка-дакументальных хронік "Памяці" Міністэрства культуры і друку Рэспублікі Беларусь.

Аўтар кніг паэзіі "Касавіца" (зборнік "Нашчадкі", 1979), "Начны паром" (1987), "Дні мае залатыя" (1993), "Лілея на цёмнай вадзе" (1994), "Слёзы кнігаўкі" (1994), "Як слёзы горкія Айчыны" (1999), "Матчыны грыбы перабіраю" (2000), "Пяро зязюлі падніму" (2001), “Світальныя коні”.

Вершы пісаў яшчэ ў школе, упершыню надрукаваўся ў 1968 годзе ў раённай газеце "Маяк". Пачынаў надзвычай маляўніча і экспрэсіўна, як сапраўдны пясняр роднага Палесся. Захапляўся павольна-зажуранай Прыпяццю, веліччу Дняпро-Славуціча, сівымі туманамі непрыкметнай на першы погляд Убараці. Даў цудоўныя акварэльныя замалёўкі палескіх лугоў, бароў, славутага Цара-дуба. Заўсёды сцвярджаў, што на такой прыгожай зямлі могуць жыць толькі годныя людзі, прыклады чаму знаходзіў як у дні сённяшнім, так і ў напаўлегендарнай гісторыі.

Лірыка апошніх гадоў стала выразна стрыманей, у ёй з'явіліся ноткі трывогі, падчас нават роспачы. Сведчанне таму – паэма "Як слёзы горкія Айчыны..." ("Палессе". 1997. № 2). Згаданая эвалюцыя прасочваецца і ў прапанаваных творах. Шмат працуе над радком. Паэт-лірык валодае добра распрацаванй асацыятыўнасцю, ён любіць слухаць і ўмее дакладна перадаць для чытача-слухача музыку асенняга лесу, шораху лісця, шэпту дажджу, шуму соснаў. Хаця ўжо даўно жыве ў сталіцы, маленькая радзіма з яе незабыўнымі краявідамі і водарам, які адчуваеццца амаль фізічна за словамі, застаецца крыніцай натхнення і інспірацыяй творчай думкі. У апошні час перажывае творчы ўзлёт.

Амбіцыі і творчы патэнцыял большасці аўтараў не абмяжоўваўся толькі маштабамі універсітэта. Іх агульныя "Уваходзіны" (а менавіта так сімвалічна назваў свой першы зборнік В.Ярац) сталі па сутнасці прадвесцем уваходзін у вялікую літаратуру новай паэтычнай генерацыі. Так яно і павінна было быць – сонца заўсёды прачынаецца на ўсходзе, а Беларусь з Палесся пачынаецца. Усе паэты вылецелі з бацькоўскіх хат і назаўсёды захавалі ў сваіх сэрцах удзячнасць сваёй маленькай радзіме. Яны нават і свае першыя зборнікі называлі зусім проста: "Мая вёска" (Н. Шклярава), "Вясковая песня", "Бацькоўскі дом" (Т.Мельчанка), "Касавіца" (М.Башлакоў). "Вечныя даннікі" (аднайменны зборнік В.Стрыжака) сваёй Айчыны, яны з замілаванасцю згадвалі свой "Начны паром" (М.Башлакоў), "Дняпроўскі бакен" (В.Ярац) і, урэшце, дні свае залатыя. Па сутнасці была складзена адметная паэтычная анталогія краявідаў Палесся, яе некідкай, на першы погляд, але такой захапляльнай прыроды. Найбольш яскрава ўсё гэта ўвасоблена ў паэзіі Міхася Башлакова, які маляўніча і экспрэсіўна заявіў сябе песняром роднага краю. Подыхам сапраўднай замілаванасці прыгажосцю сусвету з яго такімі рэальнымі і ў той жа час выключна таямнічымі аспектамі існавання прасякнута пастэльная, акварэльная лірыка Віктара Ярца.

Віктар Ярац нарадзіўся 23 кастрычніка 1948 года ў пасёлку Красны Мост. Скончыў Гомельскі універсітэт, працаваў у рэдакцыях раённых газет і на Гомельскай студыі тэлебачання. З 1972 – у Гомельскім дзяржаўным універсітэце, кандыдат філалагічных навук, дацэнт. Друкуецца з 18 гадоў, выдаў зборнікі паэзіі: "Уваходзіны" (1976), "Добрыца" (1989), "Дняпрўскі бакен" (1992), "Беражанкі" (1998). Друкаваў свае творы ў калектыўных зборніках "Натхненне", "Універсітэт паэтычны", "Узоры дружбы", альманаху "Дзень паэзіі". Перакладчык з украінскай, рускай і балгарскай паэзіі.

Улюбёны ў свой родны Дняпро, кнігаўку, "што кліча дзяцей за сабой", "маленькія і вялікія травінкі роднага берага", "чароды надрэчных бяроз", "высокія аблокі і крыніцы з гаючай вадой". Словы Ярца-паэта "пахнуць жытам, жывіцай баравой, усім, што жыта-перажыта – з вадой крынічнай і з лебядой-бядой". Ён закаханы ў свою маленькую радзіму, якой і прысвяціў самыя лепшыя свае вершы, у якіх, як пісаў вядомы крытык Алесь Бельскі, "вы адчуваеце дыханне сапраўднай паэзіі, яе тонкае выяўленне перажытага і асэнсаванага ў чалавечай душы, адчуваеце ўсю разнастайнасць і складанасць дачыненняў з навакольным светам, далучыцеся да таямніцаў кахання, прыроды, быцця, вечнасці".

Калі перавесці словы разумнага чалавека на звычайныя зямныя рэаліі, то трэба сказаць, што ў паэзіі Віктара Ярца ўсё становіцца паэтычным: і бакен на Дняпры, і вечаровыя сосны над рэчкай у імгле; і пралёт кажана, што выправіў свае крылы з цемры вякоў; і музыка клёнаў ля вокан; і песня дыму з каміноў. Ён лічыць сябе нашчадкам далёкіх продкаў, што верылі ў вечнасць сцяжын, дзе хадзілі іх босыя ногі, у духмянасць дажджоў і ажын, кланяліся полю, як богу, а таму, усведамляючы абмежаванасць свайго бытавання над гэтай дняпроўскай кручай, імкнецца перадаць нашчадкам разам з блёсткамі расы на траве самацветныя словы продкаў. Бо тут нарадзіўся яго сын, тут жывуць ягоныя бацькі, родныя і блізкія людзі:

Без любві губляюць колер свой

Кветка ў лузе, майская чарэшня,

Яблыні пялёсткавы настой

Не хвалюе цветам беласнежным.
Па-жаночы шчырай, безабароннай, напеўнай і мілагучнай уяўлялася паэзія Т.Мельчанкі і Н.Шкляравай. Па-новаму спасцігнуць скарбы народнай паэтыкі спрабавалі А.Лозка і А.Дуброўскі.

Але не толькі эмацыянальнасцю, непасрэднасцю, захопленасцю і замілаванасцю вылучаліся нашыя лірыкі. Праз кроплю ўбачыць сусвет, узважыць "Міг і Вечнасць" (зборнік Н.Шкляравай), заглянуць у твары далёкіх прашчураў, адчуць непарыўнасць яднання ўсіх пакаленняў, што прайшлі па гэтай зямлі – вось лейтматыў іх творчых пошукаў.

Новы этап паэтычнай гісторыі універсітэта звязаны з імем Анатоля Сыса, асобы таленавітай, шчодра адоранай, няўрымслівай, падчас непрадказальнай. Яго кіпучая энергія не заўсёды знаходзіла адэкватны выхад, што, як вядома, уласціва амаль усім творчым натурам. Пачаўшы са з'едлівых пародый на М.Башлакова, У.Верамейчыка, іншых гомельскіх паэтаў, ён праходзіць складаную эвалюцы, паклаўшы пачатак яшчэ адной цікавай тэндэнцыі.

Анатоль Ціханавіч Сыс нарадзіўся 26 кастрычніка 1959 года ў вёсцы Гарошкаў. Меў вялікую любасць да маленькай радзімы, заўсёды з гонарам згадваў, што родная хата стаіць на гарадзішчы Зарубінецкай і Мілаградскай культур (III-IV ст. да нашай эры), і ў дзяцінстве саматугам капаў чарапкі, маністы, крамнёвыя наканечнікі стрэлаў, якія насіў у краязнаўчы музей. Надзвычай рана ўсвядоміў сябе як творчая натура. Свой першы верш напісаў на роднай мове ў дзевяць гадоў. Ужо тады быў упэўнены – надыдзе час і яго творы будуць вывучаць у школе, што і здзейснілася ўрэшце рэшт.

Скончыў Броненскую СШ (1977) і аддзяленне беларускай і рускай мовы і літаратуры ГДУ імя Ф.Скарыны (1982). Служыў у войску, працаваў у рэдакцыях раённых і шматтыражных газет, на Беларускім тэлебачанні. Жыў уМінску, але заўсёды перад вачыма меў родны Дняпро, на крутых берагах якога і стаіць Гарошкаў – прыстань ад жыццёвых няўдач і трагедый, дзе заўсёды яго чакаў самы блізкі на свеце чалавек – Маці. Ці не адсюль такія гаркаватыя радкі, што так нагадваюць ясенінскія:

Ну і няхай колкая пожня,

Горкі вусны мае, дык няхай.

Мама, такога нарадзіць не кожная,

Мама,

Не перажывай!



Маці, Радзіма, Мова – асноўныя зоркі паэзіі Анатоля Сыса, натуры надзвычай адоранай, кіпучай, неўтаймаванай. Менавіта таму яго творчае станаўленне адбывалася ў вельмі складаных варунках: не заўсёды магутная энергія – творчая і жыццёвая – знаходзіла адэкватны і адпаведны выхад. Узрушанае адмаўленне застою, звыклых, а таму састарэлых формаў спрыяла прафесійнаму росту, але падчас шкодзіла ў рэальных сітуацыях быцця. Ці не таму ягоная эвалюцыя болей нагадвала няўстойлівую кардыяграму, а не звыклы раўнамерны графік поспехаў і няўдач. Але ў гэтым і ёсць сутнасць Анатоля Сыса.

І ў літаратуру ўвайшоў бурна і імкліва, як і належыць сапраўднаму таленту. У адрозненне ад шматлікіх прадстаўнікоў сваёй генерацыі, амаль не зведаў перыяду вучнёўства. Ужо самыя першыя публікацыі (у рэчыцкай раённай газеце "Дняпровец", газетах "Гомельскай праўда" і "Чырвоная змена") засведчылі выключную сталасць, разважлівасць, філасафічнасць юнага рыцара слова, яго сапраўднае майстэрства, выключную сэнсавую глыбіню радка і адметную асацыятыўнасць, што асабліва праявіцца ў першым зборніку "Агмень" (1988). Сцвярджаў сваю бескампраміснасць і пісаннем літаратурных пародый, якія з'едліва чытаў на творчых вечарынах і друкаваў пад псеўданімам Толік Ганарар.

Шчодры паэтычны дар, няўрымслівая энергія, вера ў сваё прызначэнне дазволілі яму стаць лідэрам не толькі творчага аб'яднання "Тутэйшыя", што кінула выклік традыцыям застою, халтуры ў літаратуры, але і ўсяго, па сутнасці, паэтычнага пакалення. Асабліва гэта праявілася ў зборніку "Пан Лес" (1989), які падкрэсліў, што ў літаратуру прыйшоў арыгінальны мастак са сваім уласным непаўторным светаадчуваннем, які значна пашырыў вобразна-выяўленчыя мажлівасці беларускага прыгожага пісьменства. Ён уславіць сосны, што спяваюць каля Рэчыцы, будзе, як бацька ў галодны год каласкі, збіраць словы мовы роднай, прызнаецца ў любові да Радзімы, напіша ці не адзіную на Беларусі філасофскую эпітафію на магілу сябра па-беларуску, раскажа пра сваё сэрца, на якім іголкай дыяментавай аж у тры караты вышыты золатам краты. Талент А.Сыс меў магутны і своеасаблівы, а таму здаецца, што ён пісаў зусім без высілкаў, без напружання, а сам паэт нагадваў музычны інструмент, які нараджае падсвядома сапраўдную паэзію. Натуральны ва ўсім, падчас сам творца ўспрымаўся часцінкай прыроды, сусвету, які з ягонай дапамогай імкнецца спазнаць самога сябе. Несумненна, што з гэтымі пошукамі і звязаны далейшыя поспехі аўтара. Нягледзячы на даволі злосныя папрокі некаторых нядобразычліўцаў і змрочныя прадказанні паасобных крытыкаў, Анатоль Сыс валодаў вялікім творчым патэнцыялам, а таму, нягледзячы на фізічную смерць, рана яго хаваць як паэта, як сцвярджаў аўтар у вершы "Вечны жыд". Сведчаннем таму зборнік паэта “Сыс” (2002), які стаўся, не сумняваемся ў гэтым, не толькі сапраўднай вехай у эвалюцыі аўтара, але і ўсёй беларускай паэзіі, і цяпер чакае свайго прачытання.

Пасляваеннае пакаленне нашых таленавітых выпускнікоў, вылецеўшы з роднага універсітэта, нібы тыя птушачкі, у неабсяжную сінечу жыцця, асядалі ўсё ж такі на роднай Гомельшчыне. Яны станавіліся здольнымі педагогамі, выдатнікамі народнай асветы, журналістамі раёнак, супрацоўнікамі абласнога радыё і тэлебачання, кіраўнікамі самых разнастайных устаноў. А якраз з часоў А.Сыса найбольш таленавітыя і ўпартыя, як некалі Дзюма і Бальзак – Парыж, Гогаль – Пецярбург, Крашэўскі – Варшаву, вырашылі штурмаваць Мінск, здабываючы менавіта ўжо там славу і прызнанне. Можа яны і мелі рацыю – на тыя часы ў сталіцы былі рэдакцыі практычна ўсіх літаратурна-мастацкіх газет і часопісаў, усе выдавецтвы і культурныя цэнтры. Тым болей, што ехалі яны зусім не правінцыяламі – амбіцыі і спадзяванні былі немаленькімі. І ў значнай ступені апошнія рэалізаваліся. Іменна нашы выпускнікі былі сярод заснавальнікаў таварыства маладх літаратараў "Тутэйшыя", якое кінула выклік традыцыям застою, заспакаення, халтуры ў літаратуры. Па-рознаму можна ацэньваць дзейнасць згаданага аб'яднання, але, самае галоўнае, яно ўскалыхнула спакойную плынь літаратурнага і культурнага жыцця рэспублікі. І гэта была не проста чарговая змена пакаленняў, не чарговае рушэнне аўтарытэтаў, бяздумная барацьба па тыпу – "у рожкі са старымі". Маладыя неслі сапраўды новае – і светабачанне, і светаўспрыняцце, і яго ўвасабленне. Яскравы прыклад: удумёны, засяроджаны Эдуард Акулін, які наважыўся паўтарыць подзвіг Максіма Багдановіча напачатку стагоддзя ў канцы нашага веку. Адштурхоўваючыся ад славутага "Санета" вялікага кніжніка, ён прыўнёс у нашу паэзію акрапаэму, а потым, як прыступкі лесвіцы, па якой уздымалася еўрапейскае краснае слова, згадаў віланэль, рытурнэль, канцону, ронда, трыялет, тэрцыны і іншыя класічныя формы, якіх так нам яшчэ не дастае.

Нарадзіўся 7 студзеня 1963 года ў в.Вялікія Нямкі Веткаўскага раёна Гомельскай вобласці. У 1979 закончыў Вяліканямкоўскую сярэднюю школу, а ў 1983 – гісторыка-філалагічны факультэт Гомельскага дзяржаўнага універсітэта. Працаваў настаўнікам беларускай мовы і літаратуры ў Дуброўскай няпоўнай сярэдняй школе Рэчыцкага раёна, завочна закончыў аспірантуру пры Інстытуце літаратуры НАН Беларусі.

З 1990 года жыве ў Мінску, дзе працаваў загадчыкам філіі Літаратурнага музея Максіма Багдановіча "Беларуская хатка" ў Мінску, намеснікам галоўнага рэдактара часопіса "Першацвет", загадчыкам аддзела паэзіі часопіса "Полымя". Зараз – намеснік Старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі, намеснік галоўнага рэдактара часопіса "Дзеяслоў".

Друкаваўся ў калектыўных зборніках паэзіі: "Маладыя галасы" (1985), "Лагодны промень раніцы" (1988), "І надзея, і лёс, і ўспамін…" (1988), "Прайсці праз зону" (1996). Выдаў самастойныя кнігі паэзіі: "Пяшчота ліўня" (1990), "Крыло анёла" (1995), "Радно" (2000), “Непрычалены човен” (2003), драматычную містэрыю "На каляды" (1996). Вершы ўвайшлі ў анталогію беларускай паэзіі серыі "Школьная бібліятэка" – "Спяваюць вёсны" (1997)

Эдуард Акулін – адзін з першых беларускіх бардаў, неаднойчы быў лаўрэатам фестываляў бардаўскай песні, з поспехам выступаў на радыё і тэлебачанні. Запісаў 2 магнітаальбомы аўтарскай песні: "Мая Крывія" і "Як яна і я", у бліжэйшы час выйдзе трэці.

Музыка паклала вялікі адбітак на творчасць паэта, якая вылучаецца меладычнасцю, напеўнасцю і адначасова магутным гучаннем радка. Ідэалам для Э.Акуліна з'яўляецца М.Багдановіч – па сутнасці, малады паэт паўтарае пошукі свайго вялікага папярэдніка ў новых умовах канца ХХ – пачатку ХХІ стагоддзяў. Ці не таму ў яго паэзіі спалучаюцца меладычная замалёўка, светлая акварэлька і класічныя ўзоры еўрапейскай паэзіі, да гэтага не ўласцівыя роднай літаратуры, бо ён імкнецца "перасадзіць на беларускую глебу экзатычныя дрэўцы з заходнееўрапейскага паэтычнага саду" (М.Скобла). Ствараючы трыялеты, тэрцыны, актавы, санеты, верлібр, таўтаграмы, Э.Акулін не проста імкнецца да арыгінальнасці, а спрабуе ўзняцца над звыклымі традыцыямі, максімальна адэкватна выказаць сябе. У гэтым спалучэнні і бачацца будучыя поспехі таленавітага аўтара.

Эдуард Акулін – выдатны майстар пейзажу, ён не столькі піша, колькі малюе словам. Ягоныя замалёўкі прыроды заўсёды ўражваюць памкненнямі аўтара як мага дакладней перадаць адпаведную настраёвасць, бо агульная карціна ствараецца не толькі прамым і падтэкставым значэннямі слоў, але і іх гучаннем. Надзвычай адораная ў музычным плане натура, Э.Акулін маляўнічую пластыку вобраза ўзбагачае пластыкай гукавой, унутранай музыкай верша. Як ніхто з яго сучаснікаў, ён валодае майстэрствам гукапісу, як, напрыклад, у вершы "Слёзы сліваў" ці ў апісанні квітнеючай ліпы. У жаданні як мага дакладней перадаць адценні з'явы паэт блізкі французкім імпрэсіяністам. Аўтар даволі смелы, як для млявай звыклай беларускай паэзіі, у выяўленні эратычнага пачатку, апісанні вабнотаў аголенага жаночага цела. У той жа час вельмі стрыманы ва ўсвасабленні пачуццяў кахання. Рост Э.Акуліна як паэта вельмі прыкметны, пра што сведчаць публікацыі ў папярэднім і цяперашнім выданнях анталогій.

Пачаўшы з універсітэцкай самадзейнасці, дзе ці не ўпершыню ў краіне загучалі рытмы беларускага року, той самы Э.Акулін стаў не толькі пранікнёным лірыкам, але і слынным бардам, лаўрэатам многіх фестываляў аўтарскай песні. І ён не застаўся адзінокі. Хутка ўсе пачулі і належна ацанілі захапляльны голас Вальжыны Цярэшчанкі, якая, увабраўшы традыцыі спеўнай Гомельшчыны, пералажыла на матыў сваёй душы класічныя радкі айчыннай паэзіі. Не згубіліся на гэтым фоне і яе ўласныя песні. Прызнаным бардам лічыцца цяпер і Андрэй Мельнікаў, пераможца многіх хітпарадаў. Цікавыя аўтарскія музычныя праграмы Уладзіміра Каленчыкава і Святаслава Крупенькі здольны зацікавіць любую аудыторыю. Зямля ў нас такая – болей нічога і не скажаш.

А згадаем нашых паэтэс. Надзеяй новай паэзіі называюць Ларысу Раманаву.

Нарадзілася ў 1968 годзе ў вёсцы Покаць Чачэрскага раёна. У 1991 скончыла філалагічны факультэт ГДУ імя Ф.Скарыны. Працуе ў Веткаўскім музеі народнай творчасці. Вершы друкаваліся ў альманаху “Тутэйшыя”, “Верш на свабоду”, часопісах “Маладосць”, “Крыніца”, “Першацвет”, “Дзеяслоў”. Выдала зборнікі паэзіі “Аддай асалоду Богу” (1997), “Птушкі і рыбы” (2004).

Даследуе традыцыйную беларускую народную культуру. Крэда паэта найбольш поўна раскрыта ў анатацыі да першага зборніка: “Прайсці, спазнаць, зведаць свет жывога і мёртвага, каб толькі назад вярнуцца, дзе ўсё зразумела і проста…”.

Творчая манера Ларысы Раманавай вызначаецца свядомай арыентацыяй на складанасць успрыняцця, выразнай заглыбленасцю ў класічныя праблемы быцця, пошукамі нетрадыцыйных формаў, ва ўсякім разе адметных для нацыянальнай паэзіі. Нягледзячы на сцвярджэнне некаторых крытыкаў, што вершы Ларыса не піша, а быццам выдыхае, за гэтай уяўнай лёгкасцю адчуваецца напружаная праца душы і сэрца. Жаданне знайсці найбольш адэкватную формулу іх спалучэння – вось асноўная крыніца адметных пошукаў і знаходак. Спецыфіка выяўленчай палітры паэта ў пэўнай ступені абумоўлена і аурай матэрыялізаваных помнікаў старажытнасцей, узораў класічнага народнага мастацтва, сярод якіх працуе аўтарка.

Новы этап станаўлення арыгінальнага паэта звязаны з яшчэ большай ускладненасцю зместу і формы твораў. Вельмі многія з яе апошніх вершаў становяцца падобнымі на спецыфічныя загадкі, разгадаць якія зможа толькі надзвычай падрыхтаваны ў гуманітарных і філасофскіх праблемах чытач, што сведчыць аб інтэлектуальным росце сучаснай беларускай паэзіі. Падчас яе верш нагадвае старажытную ікону, навучыцца чытаць якую вельмі і вельмі складана. Разам з тым яна імкнецца спалучыць выяўленчую палітру лірыкі з аурай матэрыялізаваных помнікаў сярэдневечча, сярод якіх працуе ў сценах музея.

Шчырую споведзь складанай, таямнічай душы жанчыны, што далучаецца да шматфарбнага, супярэчлівага, грознага сусвету ўяўляе сабой лірыка Вольгі Куртаніч. Нарадзілася ў 1963 годзе ў Качканары Свярдлоўскай вобласці. У пяцігадовым узросце разам з бацькамі пераехалі ў г.Жлобін Гомельскай вобласці. Тут закончыла сярэднюю школу і ў 1980 годзе паступіла ў Гомельскі дзяржаўны універсітэт. Пасля заканчэння вну некаторы час працавала ў шматтыражнай газеце Жлобінскай фабрыкі штучнага футра, затым – у гарадскім Доме культуры.

З 1990 года жыве ў Мінску, дзе да 1993 года працавала ў выдавецтве "Мастацкая літаратура". Наступныя 5 гадоў была супрацоўнікам Нацыянальнай Белтэлерадыёкампаніі, прайшла шлях ад рэдактара радыёстанцыі "Сталіца" да мадэратара пяцігадзінных прамых эфіраў на другім канале беларускага радыё. З 1997 года працавала журналістам рэспубліканскага штотыднёвіка "7 дней", цяпер намеснік рэдактара газеты “Літаратура і мастацтва”.

Член Саюза беларускіх пісьменнікаў з 1990 года. Выдадзеныя кнігі: "Птушыным шляхам" (Мінск: Мастацкая літаратура", 1990); "Начное сонца" (Мінск: "Мастацкая літаратура", 1994); "В блистании строк…" (Мінск: "Беларускі кнігазбор", 2001); "Валавуд" (Мінск: "Беларускі кнігазбор", 2002), “Залюстрэчча для Алісы” (Мінск: "Беларускі кнігазбор", 2003). Пра апошні твор яна сама сказала ў інтэрв’ю “Советской Белоруссии”: “А любовь она всегда причудница… Очень важно, берясь за эту тему, идти от описательности к психологии. Это очень сложно, но именно так и создавался мой роман “Залюстрэчча для Алісы”. Думаю, после выхода в свет этот роман станет самым скандальным произведением современной отечественной литературы. Здесь сплетены воедино христианство, иудаизм, мистика, эротика, чувтства и чувственность”.

Вершы друкаваліся ў зборніку "Тутэйшыя" (Мінск: "Мастацкая літаратура", 1989), падборкі вершаў у часопісах "Маладосць" (№9 за 1994; № 3 за 1998), "Неман" ( №3 за 1997), "Полацак" (№3 за 1992 – Кліўленд, ЗША) і іншых. Празаічныя творы друкаваліся ў часопісе "Маладосць" – апавяданні "Пакіньце яго плакаць" (№1, 1994), "У прымрак самоты, у звабны адчай…" (№ 10, 1996); у часопісе "Першацвет" – "Казка пра сяржанта Міхасёва" (№ 6, 1997); у часопісе "Крыніца" – "Па вузкай дарозе ў цесную браму" (№9, 1997) і інш. Пераклады – А.Стригалев "В саду вселенной".

В.Куртаніч – аўтар шматлікіх эсэ, публіцыстычных матэрыялаў. Адметная кніга прозы "Залюстрэчча для Алісы", куды ўвайшлі раман-перафраз, аповесці, п'еса. У выдавецтве "Мастацкая літаратура" з 1995 года чакае выхаду кніга прозы "Пакіньце яго плакаць". Бліжэйшыя публікацыі: "цыкл вершаў "Ваўчыха" ("Маладосць", 2003, №1); п'еса "Ружы для чужога каханка" ("Полымя", 2003, №3), ідзе праца над новай кнігай прозы.

Вачыма філософа, які вызначае вартасць існавання, сутнасць часу і нашага яго ўспрыняцця, глянула на свет Ірына Багдановіч. Класічныя біблейскія матывы арганічна ўвайшлі ў яе мастацкую галактыку, дзякуючы чаму ўспрымаюцца не як даніна модзе, а як вынік натуральнай эвалюцыі ў напрамку стварэння сапраўднай філасофскай паэзіі.

Нарадзілася 30 красавіка 1956 года ў горадзе Ліда Гродзенскай вобласці. З двухгадовага ўзросту жыла ў Гомелі, выхоўвалася ў дзеда і бабулі. У 1973 годзе скончыла школу і паступіла ў ГДУ. Затым вучылася ў аспірантуры пры Інстытуце літаратуры АН Беларусі, дзе працавала доўгі час старшым навуковым супрацоўнікам. Кандыдат філалагічных навук. Цяпер дацэнт кафедры гісторыі беларускай літаратуры БДУ. Друкавацца пачала ў студэнцкія гады. Свет убачылі тры зборнікі І.Багдановіч: “Чаравікі маленства” (1985), “Фрэскі” (1989), “Вялікдзень” (1993). Пачаўшы з даволі традыцыйных для “жаночай” паэзіі матываў непадзеленага кахання, шчасця поруч з блізкім чалавекам, паэтэса прыходзіць да ўсведамлення велічы лёсу народа на розных этапах існавання. Зямля бацькоў з яе слаўнай гісторыяй, культура беларускага народа ад глыбокай старажытнасці да нашых трывожных дзён, праблема захавання чысціні родных вытокаў – усё гэта вызначае адметнасць творчай манеры І.Багдановіч. Лірыка апошніх гадоў прасякнута хрысціянскімі матывамі, што ўспрымаецца не як даніна модзе, а вынік натуральнай эвалюцыі аўтаркі ў напрамку стварэння сапраўднай філасофскай паэзіі. Адметным стаўся яе “Сармацкі альбом” (Крыніца, 1998, № 5 (42), асобны зборнік – 2004), дзе паэтэса спрабуе вызначыць прысутнасць Беларусі ў Еўрапейскай культурнай прасторы. Як раней фрэскі на сцяне сабора былі для яе ўвасабленнем мудрасці, вопыту, жыццядайнасці мінулых пакаленняў, так і цяпер сармацкія пячаткі, магілёўскія пліты, арган Сафійскага сабора, кафля ХVІІ стагоддзя, славуты Нясвіж нагадваюць велічную айчынную спадчыну. Нават бэз уяўляецца вяршэнствам Айчыны, а Шапэн і Міцкевіч становяцца нашымі сучаснікамі. Адметны яе любоўны цыкл “Верасовая нота кахання”. Сімвалам для яе кахання становіцца ўжо не вясна, як у былым юнацтве, а восень, і не вяргіня – а чыстая хрызантэма, што не баіцца сцюжы.

Ірына Эрнастаўна – таленавіты даследчык гісторыі літаратуры і крытык. Яна аўтар сур’ёзных манаграфій “Авангард і традыцыя: беларуская паэзія на хвалі нацыянальнага адраджэння” (2001), шматлікіх артыкулаў па праблемах літаратурнага жыцця.

Завяршаючы гаворку пра слаўны гомельскі "дэсант", трэба згадаць і арыгінальнага Анатоля Казлова, які здолеў у сваіх творах паяднаць у адзінае цэлае фантастычнае і рэальнае, штодзённы побыт і містыку.

Нарадзіўся 01.08.1962 года ў вёсцы Асінаўка Краснапольскага раёна Магілёўскай вобласці. Скончыў Наваельненскую СШ, парцаваў піянерважатым у родным раёне.

З 1980 па 1985 гады вучыўся ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце, Затым служыў у войску, працаваў карэспандэнтам Буда-Кашалёўскай раённай газеты “Авангард”, загадчыкам аддзела радыёінфармацыі ў Буда-Кашалёве, у краснапольскай раёнцы “Чырвоны Сцяг”. Вучыўся ў аспірантуры пры Інтытуце літаратуры імя Янкі Купалы НАН Беларусі. З 1990 года – рэдактар аддзела публіцыстыкі часопіса “Полымя”, з 1992 года – рэдактар аддзела прозы часопіса “Маладосць”. Цяпер – галоўны рэдактар газеты беларускай творчай інтэлігенцыі “Літаратура і мастацтва”.

Друкуецца з 1985 года ў перыёдыцы і калектыўным зборніку “Першыя сцяжынкі”. Выдаў кнігі прозы “Міражы ценяў”, “І тады я памёр”, аповесць “Адкуль з’яўляюцца яны”, надрукаваў раман “Мінск і воран, Парыж і здань” (“Маладосць”, 2003, №2). Даследчыкі творчасці А.Казлова, у першую чаргу С.І.Ханеня, адзначаюць дамінантны аспект мастацкага свету празаіка – своеасаблівую філасофскую паэтычнасць яго прозы, што ствараецца за кошт узвышэння над жыццём прадмета. Праз рэчыўны свет перадаецца трагічнасць быцця і выяўляецца трагічнае светаадчуванне аўтара. “Ці не ў кожным творы А.Казлова выяўляецца філасофская формула-крытэрый: жыццё – гэта найвялікшая каштоўнасць, але не ў меншай ступені – такі ж боль. Думаецца, менавіта абвостранае пачуццё болю за лёс чалавека, Бацькаўшчыны праявіла яшчэ адзін бок таленту пісьменніка – публіцыстычны. Ды і ці магло быць інакш, калі столькі чалавечых трагедый навокал, калі правяць баль прымітывізацыя, інстынктывізацыя, жывёлізацыя.

А.Казлоў у сваёй творчасці арганічна спалучае дзве, здавалася б, дыяметральна супрацьлеглыя тэндэнцыі ў сучаснай літаратуры. З аднаго боку, гэта схільнасць да выкарыстання ўмоўных сітуацый і матываў, а з іншага – узмацненне непасрэдна пачуццёвага, эмацыянальнага моманту. Калі першая з асаблівасцяў характэрна для прозы пісьменніка, то другая ўласціва ягонай публіцыстыцы.

Такім чынам, творчасць А.Казлова канцэнтруе як асаблівасці нацыянальнай свядомасці, маральныя традыцыі, так і ўласныя мастацкія пошукі, вопыт. У творах пісьменніка заўважны зварот да вечных каштоўнасцяў, што праецыруецца на сучаснасць, выпрабоўваюцца ў сённяшнім вобразе жыцця. Але шмат у чым трагічныя вобразы твораў. А.Казлова не толькі адлюстроўваюць нашу рэчаіснасць. Яны сцвярджаюць праз умоўна-фантастычную плынь ідэю ўдасканальвання свету. Толькі ў адрозненне ад мастакоў, якія “заходзяць” да чалавека з яго светлага боку, А.Казлоў у сваёй трывозе за стан свету, заходзіць да яго з боку трагічных па сваіх выніках памылак”. (С.І.Ханеня)

А.Казлоў вылучаецца на фоне сучаснай прозы сваёй пастаяннай схільнасцю да ўмоўна-алегарычнай формы адлюстравання рэчаіснасці. Пачаўшы з узнаўлення традыцыйных вобразаў народнай міфалогіі (русалкі, ваўкалакі, ведзьмы, знахары), паступова пераходзіць да філасафізацыі патаемнага, фантастычнага, што было ўласціва Яну Баршчэўскаму ў ХІХ і М.Гарэцкаму на пачатку мінулага стагоддзя. Творы апошніх гадоў вылучаюцца складанасцю будовы, метафарызацыяй, ускладнёнасцю вобразна-выяўленчай сістэмы, спалучэннем у адзінай наррацыі розных часавых эпох і герояў, што дазваляе арыгінальна спалучыць рэалістычнае і віртуальнае, зямное і містычнае. Шмат увагі надае праблеме кахання і плоцевай любові.
Але пакінем будучым гісторыкам літаратуры разгадваць феномен "гомельскай школы". Тым болей, што работы гэтай ім хопіць на доўгія гады, і пачатак таму пакладзены. Успомнім хіба той новы струмень, што прыўнеслі нашы выпускнікі і ў плынь айчыннага літаратуразнаўства. Адным з галоўных даследчыкаў скарбаў вуснай паэтычнай творчасці лічыцца доктар навук, прафесар К. П. Кабашнікаў (выпускнік 1951 г.); з часоў заснавання універсітэта сапраўдным лідэрам літаратуразнаўчай навукі быў светлай памяці прафесар Мікола Грынчык, імя якога з павагай успамінаюць яго вучні, што складаюць цяпер аснову літаратуразнаўчых кафедраў. Згаданая паэтэса Ірына Багдановіч працуе ў Беларускім дзяржаўным універсітэце, яна – адзін з найбольш перспектыўных гісторыкаў літаратуры, аўтар цікавых манаграфій, зараз завяршае работу над доктарскай. Плённа працуюць з маладымі літаратарамі Анатоль Казлоў – рэдактар газеты творчай інтэлігенцыі “Літаратура і мастацтва”, Вольга Куртаніч – член рэдкалегіі “Немана”, намеснік рэдактара часопіса "Дзеяслоў", намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Эдуард Акулін. Цікава заявілі пра сябе І.Афанасьеў, В.Шынкарэнка, Зм.Мамачкін, Н.Капшай, С.Ханеня, Ю.Сальнікава, кнігі і артыкулы якіх добра вядомы спецыялістам і шырокаму чытачу.

Але навука аб літаратуры – гэта не толькі сур'ёзнае раскладванне па палічках вартасцей і недахопаў твораў канкрэтнага аўтара. Падчас лёгкая іронія замяняе знішчальны артыкул. Таму складванне традыцый лічыцца завершаным толькі тады, калі ў межах школы складваецца і сапраўдная парадыйная традыцыя. Гэта сведчыць аб тым, што ёсць пэўны матэрыял для несур'ёзнай гаворкі, і ёсць людзі, здольныя яе павесці.

Варта згадаць пародыі Анатоля Зэкава і Станіслава Крупенькі, напісаныя на пэўныя радкі твораў нашых выпускнікоў.

1   ...   6   7   8   9   10   11   12   13   14


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка