Анатацыя да фотавыставы “паралелі”




Дата канвертавання09.05.2016
Памер32.47 Kb.
АНАТАЦЫЯ ДА ФОТАВЫСТАВЫ “ПАРАЛЕЛІ”
У межах беларуска-французскага фотапраекта “Паралелі” тры фатографа – Цьеры Клеш, Вольга Лойка і Віктар Байкоўскі – раcкрываюць свой адметны вобраз Горада і гарадскога імгнення. Падтрымліваючы і развіваючы тэорыю “вырашальнага моманту”, яны намагаюцца выказаць крохкі, ледзь улоўны свет святла і ценяў, адлюстраванняў, няпэўных сілуэтаў, каб знайсці і вызначыць месца чалавека ў гарадской прасторы.

Серыя французскага фатографа Цьеры Клеша «Sans Défense» (“Безабаронныя перад горадам”) прысвечана дзелавому кварталу Парыжа – Дэфансу. У французскай мове гэтая назва таксама азначае “абарона”. Апынуўшыся ва ўладзе строгіх шкляных гмахаў, шэрага колеру офісаў і аскетызму мовы дзелавых касцюмаў і ўмоўнасцяў, людзі падсвядома імкнуцца парушыць зададзеныя абрысы і канструкцыі, ствараючы на іх аснове сваё – ірацыянальнае: адлюстраванні, сілуэты, лініі, копіі выяваў. Так яны робяцца персанажамі фотаздымкаў Цьеры Клеша, незаўважнага і хуткага назіральніка, які прыкмячае вытанчанасць і прыгажосць архітэктуры Дэфанса.

Невыпадкова фотаздымкі з серыі «Sans Défense» выстаўляюцца ўпершыню ў Беларусі менавіта ў Нацыянальнай бібліятэцы – яе архітэктура цалкам суадносіцца з мовай Дэфанса і аўтаматычна становіцца яшчэ адным удзельнікам паралельнай прасторы.

Віртуальнае знаёмства французскага фатографа і беларускіх удзельнікаў – Вольгі Лойка і Віктара Байкоўскага – адбылося дзякуючы мове фотаздымкаў, у спалучэнні якіх ёсць нешта ад “еўклідавай геаметрыі” – перасячэнне паралеляў. Таму асабліва цікавым падаецца меркаванне Цьеры Клеша пра здымкі беларускіх фатографаў:


“У фотаздымках Вольгі цудоўна тое, што чалавек на іх непазбыўна вяртаецца да сваёй адзіноты (яе персанажы часта самотныя і, нават знаходзячыся ў межах аднаго кадра, падаюцца разгубленымі, сышоўшымі ў сябе, свае думкі і праблемы). Адсюль пастаянная меланхолія. Адсюль таксама адчуванне крохкасці і бездапаможнасці людзей, прадстаўленых у розных жыццёвых абставінах, тонкія сілуэты якіх рэзка дысануюць з наваколлем. Такое спалучэнне меланхалічнага ўспрыняцця свету і графічнай дасканаласці ў пабудове кампазіцыі надае фотаздымкам Вольгі непаўторнасць.

У Віктара ёсць жаданне спасцігнуць усю візуальную нязвыкласць свету і адначасна эксперыментаваць з тэхнічнымі магчымасцямі мовы, якой ён карыстаецца (кадрыраванне, наслойванне выяваў, вытрымка, эфект размытасці і пад.), якую ён інтэрпрэтуе па-свойму, скажаючы і прыстасоўваючы яе да свайго ўспрыняцця рэчаіснасці. У выніку з’яўляюцца выявы здзіўляльныя і загадкавыя, што часам уражваюць сваёй нерэальнасцю, але ж гэта і ёсць аўтарскае бачанне, якое балансуе на мяжы рэалізму, абстракцыі і выдумкі. Гледзячы на фотаздымкі Віктара, ніколі нельга быць упэўненым у тым, што бачыш тое, што думаеш бачыць. Гэта дазваляе на некаторы час адысці ад звыклых схем і банальнасці візуальнага ўспрыняцця”.



Дадатковыя (суправаджальныя) тэксты
Кінакрытык, журналіст, рэжысёр, педагог, Цьеры Клеш знайшоў сябе ў кінематографе і фатаграфіі, якой займаецца ўжо каля пятнаццаці гадоў. Яго аўтарскія праекты ў чорна-белай фатаграфіі выдаюцца і выстаўляюцца ў Францыі і за яе межамі. Фотаздымкі Цьеры Клеша ўтрымліваюць у сабе ўсю нязвыкласць, сюррэалізм, меланхолію і цікавасць сітуацый, што адбываліся на яго вачах цягам вандровак у Стамбул, Нью-Йорк, Пекін ці Севілью. Але адметную атмасферу душэўнасці, настальгіі і сучаснага рэалізму стварае серыя фотаздымкаў, прысвечаная кварталу Дэфанс, Парыж.

Фотаздымкі Вольгі Лойка неаддзельныя ад яе самой, здатнай на тое, каб чуйна рэагаваць на асаблівасці навакольнага свету і адначасна на ўнутраную напружанасць чалавека. Дакладнасць думкі, філасофская засяроджанасць погляду, уменне атрымліваць радасць ад працэсу пошуку – яна заўжды адкрытая для ўспрыняцця чагосьці новага і глядзіць на падзеі вачыма дзіцёнка-першаадкрывальніка. Выказваючы свае ўражанні ў апавяданнях, падарожных нататках і “злоўленых” кадрах, Вольга падкрэслівае, што галоўнае ў фатаграфіі – шчырасць перад самім сабой і гледачом. Крэда Вольгі здаецца простым, але не так лёгка яго прымаюць многія: “Фатаграфіі нельга навучыцца, яе можна толькі палюбіць”.



Віктар Байкоўскі не абмяжоўваецца адным фатаграфічным жанрам, ён з радасцю далучаецца да працэсу пошуку і вывучэння ўсяго, што адбываецца наўкол. Збіраючы інфармацыю і абменьваючыся досведам з іншымі захопленымі фатаграфіяй даследчыкамі, ён усё далей зрушвае межы патрабаванняў да сябе. Віктар цікавіцца не столькі працэсам здымкі, колькі самой фатаграфіяй, яе зместам і формай, спосабам падачы моманту. Яго здымкі, як і само жыццё, метафарычныя і неадназначныя, шматслойныя і раскрываюцца паступова, а часам уражваюць рэалізмам і прамалінейнасцю. Рэпартажныя і пастановачныя фота, гарадскія і вясковыя краявіды – Віктар сумняецца ў кожным фотаздымку, каб затым канкрэтызаваць яго і паказаць гледачу сваё бачанне.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка