Аналіз крыніц па гісторыі гандлю ў беларусі другой паловы XVIII – першай паловы XIX ст




Дата канвертавання15.03.2016
Памер112.63 Kb.

powerpluswatermarkobject742369




АНАЛІЗ КРЫНІЦ ПА ГІСТОРЫІ ГАНДЛЮ Ў БЕЛАРУСІ

ДРУГОЙ ПАЛОВЫ XVIII – ПЕРШАЙ ПАЛОВЫ XIX ст.
Лютая, А. Э. Аналіз крыніц па гісторыі гандлю ў Беларусі другой паловы XVIII – першай паловы XIX ст. / А. Э. Лютая // Весці БДПУ. Сер. 2. Гісторыя. Філасофія. Паліталогія. Сацыялогія. Эканоміка. Культуралогія. – 2014.

Ключевые слова: феадалізм, гандаль, палітычнае развіццё, мацыяльна-эканамічнае развіццё.
Дэталёвы археаграфічны і крыніцазнаўчы аналіз дакументаў па гісторыі гандлю ў Беларусі перыяду позняга феадалізму можна знайсці ў працах А.П. Ігнаценкі, З.Ю. Капыскага і М.М. Улашчыка [12, 14, 34].

Гэтыя гісторыкі аб’ектыўна адзначаюць, што з актавых дакументаў вялікае значэнне мае Літоўская метрыка – дзяржаўны архіў Вялікага княства Літоўскага з 1386 па 1794 г. Выклікаюць асаблівы інтарэс фонды, у якіх захаваліся дакументы канцылярыі ВКЛ па сацыяльна-эканамічным развіцці Беларусі ў другой палове XVIII ст.: заканадаўчыя акты ў галіне гандлю, завяшчанні, арэндныя дагаворы з купцамі і інш. [12, c. 12].

Выданні дакументаў і матэрыялаў па гісторыі прамысловасці ў перыяд позняга феадалізму дазваляюць прасачыць ролю купецтва Беларусі ў працэсе фарміравання індустрыяльнага грамадства [18, 19]. Матэрыялы вельмі рознабаковыя і вельмі супярэчлівыя. Але з іх дапамогай можна дэталізаваць звесткі пра колькасць насельніцтва, пра развіццё гандлю і шляхоў зносін, рост гарадоў і мястэчак, характар прамысловай вытворчасці.

У зборніку “Гісторыя Беларусі ў дакументах і матэрыялах” [7] выклікае інтарэс апошні раздзел “Беларусь у складзе Рэчы Паспалітай”, у якім ёсць звесткі пра гандаль. Але большую частку дакументаў аўтары запазычылі з раней выдадзеных зборнікаў. Н.М. Нікольскі і І.Ф. Лочмель, складальнікі другога тома [8], уключылі ў сваё выданне мноства дакументаў з фондаў розных архіваў краіны. Праўда, архівы Гродна і Вільнюса ў гэты перыяд былі недаступныя для даследчыкаў, таму назіраўся значны прабел у дакументальным асвятленні гісторыі Заходняй Беларусі. Вядомыя гісторыкі ўвялі ў навуковы ўжытак вялікую колькасць архіўных крыніц, але не змаглі абыйсціся без запазычанасці з раней выдадзеных зборнікаў “Матэрыялы да гісторыі мануфактуры ў часы распаду феадалізму”, “Полное собрание законов Российской империи” і інш.

Новыя архіўныя звесткі, у тым ліку і з фондаў Гродна і Вільнюса, былі ўключаны ў мнагатомнае выданне дакументаў і матэрыялаў па гісторыі Беларусі эпохі феадалізму, якое выйшла ў свет у канцы 50 – пачатку 60-х гадоў ХХ ст. [2].

Пасля далучэння тэрыторыі Беларусі да Расійскай імперыі ў апошняй чвэрці XVIII ст. царскі ўрад паставіў перад мясцовай адміністрацыяй, гаспадарчымі, ваеннымі і навуковымі ўстановамі і арганізацыямі практычную (вельмі часта з фіскальных ці ваенных патрэб) задачу вывучэння становішча краю. Перш за ўсё неабходна адзначыць выданне матэрыялаў камеральных і эканамічных заўваг да геаграфічных карт, складзеных афіцэрамі генеральнага штаба ў канцы XVIII ст. Да іх належаць “Экономическое камеральное замечание Минской губернии”, “Камерально-экономические и экономические замечания Полоцкого наместничества”, “Топографическое описание Минской губернии” [12, c. 14; 28].

Значна пашырылі базу крыніц па вывучаемай праблеме матэрыялы па геаграфіі і статыстыцы, якія былі сабраны афіцэрамі генеральнага штаба ў сярэдзіне 50-х гг. XIX ст. [3; 11; 15]. Яны даюць дастаткова поўную характарыстыку сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі ў дарэформенны перыяд.

Звесткі пра колькасць і склад насельніцтва, у тым ліку і купецтва, развіццё эканомікі, шляхах зносін маюцца ў тамах “Военно-статистическое обозрение Российской империи” [4; 5; 6] і ў памятных кніжках беларускіх губерняў [24, 25], якія выдаваліся губернскімі статыстычнымі камітэтамі з канца 50-х гг. XIX ст.

Для складання статыстычных табліц можна выкарыстаць статыстычныя матэрыялы даследаванняў канца XIX – пачатку ХХ ст. [1; 23; 31; 32; 33].

Крыніцамі па знешнім гандлі Беларусі з’яўляюцца табліцы і даныя даследаванняў Г.Ф. Нябальсіна і М.П. Заблоцкага [10, 22], а таксама матэрыялы “Сборника сведений по истории и статистике внешней торговли России” [30].

Для параўнання даных статыстычных табліц і архіўных звестак можна выкарыстаць картаграфічныя матэрыялы. У выданні “Хозяйственно-статистический атлас Европейской России” [36] ёсць звесткі пра гандаль сельскагаспадарчымі прадуктамі (ільном, цукровымі буракамі, тытунём, буйной рагатай жывёлай і інш.). Можна выкарыстаць таксама даныя “Карт промышленности Европейской России”, дзе ёсць звесткі пра фабрыкі, заводы, адміністрацыйных месц па мануфактурнай частцы, кірмашах, шляхах зносін, мытнях, прыстанях, каранцінах і інш. Такія ж звесткі даюць нам “Карты путей сообщения Европейской России” і ненадрукаваны Атлас міністэрства ўнутраных спраў за 1860 г., складзены М.А. Малюціным [29].

Багаты фактычны матэрыял маецца і ў даследаваннях польскіх гісторыкаў, прысвечаных сацыяльна-эканамічнаму і палітычнаму развіццю Рэчы Паспалітай у другой палове XVIII ст. У гэтых працах змешчаны звесткі і тэарэтычныя высновы пра характар, тэмпы і храналагічныя рамкі працэсу фарміравання індустрыяльнага грамадства ў Польшчы і асаблівасцях яго генезісу ў Беларусі [37; 38; 39; 40; 41].

Асноўнымі крыніцамі, якія дазваляюць вызначыць колькасць і склад купецтва Беларусі ў вывучаемы перыяд, з’яўляюцца матэрыялы перапісаў насельніцтва Расіі (IVX) [13]. На аснове гэтых даных складаліся “окладные книги”, якія захаваліся ў Расійскім дзяржаўным гістарычным архіве ў Санкт-Пецярбурзе (РДГА) (Фонд 571). Падрабязны аналіз рэвізкіх сказаў, як гістарычнай крыніцы, дадзены ў манаграфіі С. Вахтрэ з вялікім рэзюмэ на рускай мове [42]. Звесткі рэвізій неабходна дапаўняць архіўнымі матэрыяламі, на аснове чаго і можна падлічыць колькасць гандлюючых, у тым ліку гільдзейскага купецтва.

Архіўныя матэрыялы па гісторыі гандлю ў Беларусі захоўваюцца ў РДГА, Дзяржаўным гістарычным архіве Літвы (ДГАЛ), Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі ў Мінску і Гродне (НГАБ, НГАБ у Гродне) і Archiwum Glowne Akt Dawnych w Warszawie (AGAD).

Многія матэрыялы РДГА дубліруюць матэрыялы архіваў НГАБ і НГАБ у Гродне, але асобныя фонды і справы значна дапаўняюць базу крыніц па вывучаемай тэме. Так, у “Экономических замечаниях к атласам” беларускіх губерняў (Фонд 1350.  Воп. 312) ёсць звесткі пра эканамічнае развіццё Беларусі канца XVIII ст., у тым ліку пра састаў і колькасць купецтва, знешні і ўнутраны гандаль: Фонд 40 – пра купецкія таварыствы, пра заснаванне новых прамысловых прадпрыемстваў і іх уладальнікаў, пра дазвол вольным сялянам запісвацца ў мяшчанскае і купецкае саслоўі.

Указам сената ад 7 ліпеня 1811 г. у складзе міністэрства ўнутраных спраў быў утвораны дэпартамент мануфактур і ўнутранага гандлю (Фонд 18) [26]. У 1819 г. гэты дэпартамент быў перададзены ў падпарадкаванне міністэрства фінансаў, у склад якога ўваходзіў і аддзел унутранага гандлю. У гэтым фондзе ёсць звесткі пра развіццё прамысловасці: ведамасці з данымі пра аб’ём выпускаемай прадукцыі, яе продажу, пра развіццё ўнутранага і характар знешняга гандлю, пра колькасць лавак у гарадах і мястэчках, суднабудаванне і суднаходства.

Звесткі пра сацыяльна-эканамічнае развіццё Беларусі прыведзены ў справаздачах губернатараў і паліцыі, якія сабраны ў 13, 1263, 1274, 1284, 1287, 1297 і інш. фондах РДГА. Першыя справаздачы губернатараў былі складзены ў Беларусі ў 1814 г., а апошнія – у 1916 г. і толькі па асобных губернях. Яны складаліся нерэгулярна, галоўным чынам пры змене губернатараў. Да 1837 г. справаздачы паступалі ў міністэрства замежных спраў, а з 1827 па 1837 г. паралельна са справаздачамі па губернях складаліся і “всеподданнейшие” данясенні губернатараў з аглядам губерняў [17, c. 43]. Справаздачы губернатараў захаваліся ў асноўным у фондах дэпартамента агульных спраў міністэрства ўнутраных спраў (Фонд 1284), савета міністра ўнутраных спраў (Фонд 1281) і канцылярыі міністэрства ўнутраных спраў (Фонд 1282). Па былых акраінах Расійскай імперыі справаздачы захоўваюцца ў фондах западнага камітэта (Фонд 1267) і камітэта па справах Царства Польскага (Фонд 1270).

Акрамя агульных звестак пра развіццё прамысловасці, ў раздзеле “Грамадская ўпарадкаванасць” ёсць даныя пра ўдзел у гандлі і занятках промысламі і рамяством бестэрмінова адпушчаных і адстаўных чыноў [16, c. 21].

Даныя справаздач губернатараў былі не заўсёды дакладнымі. Ва ўмовах бюракратычнай Расіі, адзначаюць даследчыкі, губернатары былі фактычна некантралюемымі ўладарамі вялікіх адміністрацыйных рэгіёнаў і, спрабуючы ўпрыгожыць існуючае становішча спраў, замоўчвалі ці скажалі факты [9, c. 240].

Для статыстычных зборнікаў і справаздач губернатараў былі характэрны тыя ж недахопы, што і для адміністрацыйнай статыстыкі Расійскай імперыі ў цэлым. Зборам звестак займаліся ў асноўным паліцыя (спраўнік і станавы прыстаў), валасныя праўленні, а таксама казённыя палаты і прадвадзіцелі дваранства. З 1835 г. пачынаюць утварацца статыстычныя губернскія камітэты, але да 26 снежня 1860 г. (да выхаду новага палажэння) яны фактычна бяздзейнічалі [9, c. 241].

У фондах спецыяльнага статыстычнага камітэта міністэрства ўнутраных спраў (Фонд 1290) і асабістай яго імператарскай вялікасці канцылярыі (Фонд 1409) змешчаны справы, якія даюць звесткі пра колькасць насельніцтва па губернях у цэлым, а з 1842 г. – па гарадах і паветах, па саслоўях і веравызнанні.

Варта адзначыць, што пераважная частка архіўных матэрыялаў захоўваюцца ў фондах НГАБ і НГАБ у Гродне.

Асобае месца ў базе крыніц займаюць матэрыялы фондаў канцылярыі мінскага (Фонд 295), віцебскага (Фонд 1430), магілёўскага (Фонд 2001) і гродзенскага (Фонд 1) грамадзянскіх губернатараў. Тут захоўваюцца не толькі копіі справаздач і аглядаў губернатараў, але і першапачатковыя матэрыялы для іх падрыхтоўкі, што дазваляе ўдакладніць многія факты і статыстычныя матэрыялы.

Блізкія па характары звесткі захоўваюцца ў фондах намесніцкіх праўленняў (Фонд 2002 – магілёўскае намесніцтва; Фонд 2567 – полацкае намесніцтва), а таксама канцылярыі віцебскага, магілёўскага і смаленскага генерал-губернатара (Фонд 1297).

У фондах гарадскіх дум, якія былі створаны ў Беларусі Екацярынай II 21 красавіка 1785 г. [27], і магістратаў утрымліваюцца звесткі пра арэнду млыноў, зямель, гарадскіх гандлёвых лавак і прамысловых прадпрыемстваў. Праўда, неабходна адзначыць, што звесткі з фондаў магістратаў маюцца не па ўсіх гарадах Беларусі, а толькі па Мінску (Фонд 149), Бабруйску (Фонд 151), Мазыры (Фонд 164), Рэчыцы (Фонд 168), Слуцку (Фонд 172), Докшыцах (Фонд 529), Нясвіжы (Фонд 530), Гродне (Фонд 1792), Лідзе (Фонд 1794), Кобрыне (Фонд 1929), Магілёве (Фонд 2109) і Суражы (Фонд 2941). У фондах іншых магістратаў звесткі па даследуемай праблеме адсутнічаюць. Частка дакументаў, якія датуюцца канцом XVIII ст., складзены на польскай мове і захаваліся ў рукапісах [20, 21].

Ёсць звесткі пра гандлёвыя і прамысловыя прадпрыемствы, падаткі з нерухомасці ў фондзе 333 (Мінская казённая палата), а таксама ў фондах павятовых казначэйстваў (Фонды 335, 336, 2181, 2794).

Звесткі пра сацыяльна-эканамічнае развіццё Гродзенскай губерні маюцца ў фондах гродзенскага губернскага праўлення (Фонд 22), магістрата Ліды (Фонд 676) і часовай гродзенскай выканаўчай камісіі Часовага Літоўскага ўрада ў Гродне (Фонд 1168).

Значны фактычны матэрыял па даследуемай праблеме знаходзіцца ў фондах Цэнтральнага архіва старажытных актаў у Варшаве (AGAD w Warszawie). Эканамічнаму развіццю прысвечаны матэрыялы па гісторыі магнацкіх родаў Браніцкіх, Панятоўскіх, Патоцкіх, Радзівілаў, Замойскіх і інш.

Усе матэрыялы і статыстычныя даныя неабходна падвяргаць параўнальнаму аналізу і матэматычнай апрацоўцы. Можна выкарыстаць фармалізаваны метад, ці так званы кантэнт-аналіз, сутнасць якога зводзіцца да вызначэння параўнальных даных розных па сваім характары крыніц. Для ўстанаўлення верагоднасці масавых крыніц выкарыстоўваецца карэляцыйны аналіз. Але недахопам фармалізаваных метадаў з’яўляецца тое, што далёка не ўсё багацце зместу дакумента можна выкарыстаць з дапамогай лічбавага матэрыялу. Шэраг даследчыкаў адзначаюць вялікі ўплыў суб’ектыўнага фактару пры распрацоўцы праграм для матэматычнай апрацоўкі архіўных даных [35].

Неабходна сумяшчаць матэматычныя метады апрацоўкі і аналізу даных з традыцыйным лагічным аналізам невялікага кола крыніц, які заснаваны на метадзе статыстычнай выбаркі, і ўсе магчымасці спецыяльных метадаў тэорыі гістарычнага пазнання: аналіз і сінтэз, індукцыя і дэдукцыя, пераход ад абстрактнага да канкрэтнага і наадварот, а таксама і іншыя спецыяльныя гістарычныя метады: гісторыка-параўнальны, гісторыка-тыпалагічны і гісторыка-сістэмны. Гэта дазволіць даць аб’ектыўную характарыстыку развіццю гандлю ў Беларусі і яго ўзроўню, паказаць ролю і месца купецкага саслоўя ў працэсе фарміравання індустрыяльнага грамадства ў рэгіёне ў другой палове XVIII – першай палове XIX ст.



Літаратура і крыніцы

  1. Антонович, В.Б. Монография по истории Западной и Юго-Западной России / В.Б. Антонович. – Киев, 1885. – Т. 1.

  2. Белоруссия в эпоху феодализма : сб. документов и материалов : в 3 т. – Минск : Изд-во Акад. наук БССР, 19591961.

  3. Бобровский, П. Материалы для географии и статистики России : Гродненская губерния / П. Бобровский. – СПб. : В типографии генерального штаба, 1863. – Ч. 12.

  4. Военно-статистическое обозрение Российской империи / Издаваемое по высочайшему повелению при 1-м отд-нии Департамента Ген. штаба. – Спб. : Тип. Департамента Ген. штаб, 1848. – Т. 8, ч. 3 : Могилевская губерния / по рекогностировкам и материалам, собр. на месте, сост. Ген. штаба капитан Черницкий. – 140 с.

  5. Военно-статистическое обозрение Российской империи / Издаваемое по высочайшему повелению при 1-м отд-нии Департамента Ген. штаба. – Спб. : Тип. Департамента Ген. штаб, 1849. – Т. 9, ч. 3 : Гродненская губерния / по рекогностировкам и материалам, собр. на месте, сост. Ген. штаба подполк. Калмберг. – 143 с.

  6. Военно-статистическое обозрение Российской империи / Издаваемое по высочайшему повелению при 1-м отд-нии Департамента Ген. штаба. – Спб. : Тип. Департамента Ген. штаб, 1849. – Т. 9, ч. 4 : Минская губерния / по рекогностировкам и материалам, собр. на месте, сост. Ген. штаба поручик Стрег. – 65 с.

  7. Гісторыя Беларусі ў дакументах і матэрыялах. – Менск, 1936. – Т. 1.

  8. Дакументы і матэрыялы па гісторыі Беларусі : у 3 т. / Акад. навук БССР, Ін-т гісторыі ; пад рэд. Н.М. Нікольскага [і інш.]. – Мінск : Выд-ва Акад. навук БССР, 1940. – Т. 2 : 17721903 гг. – 938 с.

  9. Дятлова, Н.П. Отчеты губернаторов как исторический источник / Н.П. Дятлова // Проблемы архивоведения и источниковедения : материалы науч. конф. архивистов Ленинграда, Ленинград, 46 февр. 1964 г. / редкол. : В.В. Бедин [и др.]. – Л., 1964.

  10. Заблоцкий, М.П. Сравнительное обозрение внешней торговли России за последние 25 лет (18241848) / М.П. Заблоцкий. – СПб., 1849.

  11. Зеленский, И. Материалы для географии и статистики России : Минская губерния / И. Зеленский – СПб. : Военная типография, 1864. – Ч. 12.

  12. Игнатенко, А.П. Введение в историю БССР: периодизация, источники, историография / А.П. Игнатенко. – Минск : Высшая школа, 1965. – 48 с.

  13. Итоговые материалы подворных переписей и ревизий населения России (16461858). – М., 1972.

  14. Копысский, З.Ю. Сборники документов по истории Белоруссии, изданные в БССР (19211971 гг.) / З.Ю. Копысский // Археографический ежегодник за 1974 год ; редкол. : С.О. Шмидт (отв. ред.) [и др.]. – М. : Наука, 1975.  С. 1323.

  15. Корева, А. Материалы для географии и статистики России : Виленская губерния / А. Корева. – СПб. : Типография Иосафата Огризко, 1861. – 817 с.

  16. Лютая, А.Э. Ремесло в Беларуси во второй половине XVIII – первой половине XIX вв. : автореф. дис. … канд. ист. наук : 07.00.02 / А.Э. Лютая ; БГПУ им. М. Танка. – Минск, 2003. – 27 с.

  17. Люты, А.М. Сацыяльна-эканамічнае развіццё Беларусі ў другой палове XVIII – першай палове XIX стагоддзя / А.М. Люты. – Мінск : БДПУ, 2004. – 320 с.

  18. Матэрыялы да гісторыі мануфактуры на Беларусі ў часы распаду феадалізму / Бел. акад. наук, Ін-т гісторыі імя М.П. Пакроўскага ; адказ. рэд. В.К. Шчарбакоў. – Мінск : Выд-ва Бел. акад. навук, 1934. – Т. 1 : 17961840.– 300 с.

  19. Матэрыялы па гісторыі мануфактуры на Беларусі ў часы распаду феадалізму. Статыстыка 18411864. Урадавыя мерапрыемствы. – Мінск, 1935. – Т. 2.

  20. Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі (НГАБ). – Фонд 1825. – Воп. 1. – Спр. 6.

  21. НГАБ. – Фонд 1929. – Воп. 1. – Спр. 1, 5.

  22. Небольсин, Г.Ф. Статистическое обозрение внешней торговли России / Г.Ф. Небольсин. – СПб., 1850. – Ч. 12.

  23. О промышленности юго-западного края в XVIII столетии. – М., 1843.

  24. Памятная книжка Гродненской губернии на 1860 г. – Гродно, 1860.

  25. Памятная книжка Минской губернии на 1861 г. – Минск, 1862.

  26. Полный сборник законов Российской империи (ПСЗ). – Т. XXXI. – Ст. 24999.

  27. ПСЗ. – Т. XХVIII. – Ст. 16186.

  28. Расійскі дзяржаўны гістарычны архіў у Санкт-Пецярбурзе (РДГА). – Фонд 1350. – Воп. 312. – Спр. 1043.

  29. РДГА. – Фонд 869. – Воп. 1. – Спр. 789790.

  30. Сборник сведений по истории и статистике внешней торговли России. – СПб., 1902. – Ч. 1.

  31. Семенов, В.П. Живописная Россия / В.П. Семенов. – СПб., 1882.

  32. Семенов, П.П. Россия. Полное географическое описание нашего отечества : настольная и дорожная книга для русских людей / П.П. Семенов. – СПб. : А.Ф. Девриен, 1905. – Т. 9.

  33. Стукалич, В.К. Белоруссия и Литва. Очерки по истории городов Белоруссии / В.К. Стукалич. – Витебск : Губерн. Тип., 1893. – 92 с.

  34. Улащик, Н.Н. Очерки по археографии и источниковедению истории Белоруссии феодального периода / Н.Н. Улащик. – М. : Наука, 1973. – 303 с.

  35. Хайтун, С.Д. Наукометрия: состояние и перспективы / С.Д. Хайтун. – М., 1983.

  36. Хозяйственно-статистический атлас Европейской России. – СПб., 1851.

  37. Bardach, J. Historia panstwa I prawa polskiego / J. Bardach, B. Ltsnodorski, M. Pietrzak. – Warszawa, 1985.

  38. Historia Polski. – Warszawa, 1958. – T. 2.  Cz. 1.

  39. Jowmiacski, H. Rys historyczny wojewydztwa nowogrodzkiego w jego dzisiejszych granicach do r. 1795 / H. Jowmiacski. – Wilno, 1935. – 127 s.

  40. Opisanie powiatu Borysowskiego pod wzgledem statystycznym, geognostycznym, history cznym, gospodarczym, przemysiowym i lekarskim. – Wilno, 1847. – 446 s.

  41. Skrzetuski, W. Prawo polityczne narodu polskiego / W. Skrzetuski. – Warszawa, 1782. – T. 1. – 413 s.

Volumina Iegum. – Petersburg, 1860. – T. VII.  429 s.



База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка