Аммон Марына Уладзіміраўна




Дата канвертавання01.06.2016
Памер69.54 Kb.
Аммон Марына Уладзіміраўна; Гомель
КАСАНДРАЎСКІ ПАЧАТАК У ТВОРЧАСЦІ

К. ЧАПЭКА І В. ГІГЕВІЧА


У сучасным літаратуразнаўстве актуальным выступае пытанне існавання непарыўнай карэлятыўнай сувязі паміж касандраўскім пачаткам у прыгожым пісьменстве, яго здольнасцю да прадбачвання, і навуковым метадам экстрапаляцыі. Дадзены факт, у сваю чаргу, дае магчымасць разглядаць навуку аб будучым ў яе непарыўнай сувязі з фантастыкай, што праяўляецца, перш за ўсё, у шырокім выкарыстанні паняцця “мастацкая футуралогія”. Праспектыўнасць тых ці іншых твораў даволі часта вызначаецца праз імкненне пісьменніка рэпрэзентаваць тую ці іншую мадэль тэхналагічнай эвалюцыі грамадства (Ж. Верн, Г. Уэлс і інш.). Акрамя таго, у многіх выпадках не менш антыпацыйным выступае намер аўтара прадставіць магчымыя вынікі развіцця пэўнай сацыяльнай структуры ці нават прадказаць далейшы лёс асобнага чалавека.

Згаданая тэндэнцыя знайшла сваё адлюстраванне ў творчасці аднаго з самых вядомых наратараў 20 ст. К. Чапэка, які неаднаразова дэманстраваў, карыстаючыся словамі Ю. Борава, “апрыёрныя веды, што наўпрост заўважаюць ісціну, аб’ектыўную сувязь рэчаў, не абапіраючыся на доказы” [1, с. 265]. Проза адзначанага чэшскага пісьменніка характэрызуецца спалучэннем элементаў рэалістычнага, гумарыстычнага і фантастычнага аповедаў у межах самых розных у ідэйна-тэматычных і жанрава-стылёвых адносінах тэкстаў. Яркім прыкладам дадзенай акалічнасці выступаюць раманы “Фабрыка абсалюту”, “Кракатыт”, “Вайна з саламандрамі”. У спадчыне аўтара апошні тэкст займае выключнае месца, што ў многім звязана са шматузроўневасцю і маштабнасцю яго праблематыкі, а таксама складанай вобразна-сюжэтнай структуры твора.

Першым і самым відавочным атрыбутам згаданага рамана з’яўляецца яго выразная антыфашысцкая скіраванасць. Будучы напісаным у 1936 годзе, адзначаны тэкст у многім кандэнсаваў погляды К. Чапэка наконт вядучых тэндэнцый ў сучасным яму нямецкім грамадстве з іх нацыяналістычна-папулісцкай ідэалогіяй і надзвычай радыкальнымі метадамі ўнутранай і знешняй палітыкі. Праз вобраз надзеленай розумам марской рэптыліі пісьменнік здолеў не толькі перадаць сваю рэакцыю на вышэй адзначаныя падзеі, але і стварыць іх праспектыўную мадэль, якая ў многім стала прароцкай.

Так, паказваючы неверагодны ўздым соцыўму саламандр, наратар адзначае, “…с какой лихорадочной поспешностью наверстывает он сотни тысяч и миллионы лет, упущенные в его эволюции! Мыслимо ли, чтобы он удовольствовался той стадией развития, на которой находится сейчас? И кто может ныне сказать, каких высот достигнет он при том мощном размахе своей эволюции, свидетелями которой мы являемся…” [2, с. 103]. Пародыя на антыгуманістычную ідэалогію тагачаснай Германіі прасочваецца падчас развагі аднаго з герояў аб прыродзе так званай “балтыйскай саламандры”, што “отличается некоторыми особыми физическими признаками: она якобы несколько светлее, ходит прямее, и ее френологический индекс свидетельствует о том, что у нее более узкий и продолговатый череп, чем у других саламандр” [2, с. 210].

Не менш сімвалічную функцыю ў творы выконвае вобраз Вярхоўнага Саламандра, які пры больш дэталёвым разглядзе аказаўся звычайным чалавекам – фельдфебелем Андрэасам Шульцам. Менавіта пад яго кіраўніцтвам марскія рэптыліі не толькі паставілі сябе ў адзін ранг з “хома сапіенсам”, але і пачалі ваенную кампанію па перабудове свету ў адпаведнасці са сваімі ўласнымі патрэбамі.

Такім чынам, аўтар у сваім рамане не толькі прадстаўляе досыць празрыстую алюзію на акаляючую яго рэчаіснасць, але і прагназуе далейшыя перспектывы развіцця падзей. Прадказанні пісьменніка далёкія ад аптымістычных. Праз маніфест саламандраў К. Чапэк малюе недалёкую будучыню для ўсіх людзей: “Можете укрыться в горах. Горы мы будем разрушать в последнюю очередь. <…> Будете работать для нас. Без вас мы не сумеем ломать старые континенты. Алло, люди! От имени всех саламандр мира Верховный Саламандр предлагает вам сотрудничество. Вы будете вместе с нами разрушать ваш мир. Благодарим вас” [2, с. 242].

Паралельна з распрацоўкай актуальнай для свайго часу праблематыкі, звязанай з хуткім надыходам Другой сусветнай вайны, чэшскі наратар закранае ў сваім творы шэраг філасофскіх пытанняў так званага “адвечнага” кшталту. Згаданая тэндэнцыя выяўляецца праз крытыку пісьменнікам захопніцкай прыроды “хома сапінса”, яго імкнення да дамінавання над прыродай і сабе падобнымі; спробу рэпрэзентаваць сапраўдны твар сучаснай спажывецкай культуры; паказ дэструктыўнай існасці чалавечага натоўпу, што знішчае любыя межы паміж індывідуальным і калектыўным, рацыянальным і алагічным.

Акрэсленая праблематыка, а таксама спецыфіка вобразна-сюжэтнай будовы тэксту набліжае “Вайну з саламандрамі” К. Чапэка да аповесці “Пабакі” беларускага пісьменніка В. Гігевіча.

Цэнтральнае месца ў апошнім творы займае пытанне выкарыстання дасягненняў геннай інжынерыі, што знаходзяцца на памежжы паняццяў “навука” і “прырода”. Айчынны аўтар звяртаецца да прагназавання магчымых вынікаў разгортвання працэсаў па стварэнні звышлюдзей. Аднак практычная рэалізацыя дадзенага эксперыменту набывае ў тэксце рысы прымусовай каўзальнасці.

Як і створаныя чэшскім наратарам саламандры, пабакі В. Гігевіча з’яўляюцца выпадкова вынайдзенымі істотамі, што доўгі час выкарыстоўваюцца грамадствам выключна ў меркантыльных інтарэсах. Але пасля таго, як па прычыне няўважлівасці аднаго з супрацоўнікаў Інстытута генетыкі ў каналізацыю трапіў гібрыд пацука і сабакі (адсюль і назва пачвар), сітуацыя кадрынальным чынам змянілася. Страшныя монстры, па некаторых звестках, надзеленыя розумам, за кароткі тэрмін не толькі распаўсюдзіліся па ўсяму Гораду, але і, імкліва памнажаючыся, пачалі выцясняць “хома сапіенса” з роднага для яго арэалу існавання.

Рэакцыя грамадскасці на захопніцкія інтарэсы з боку новага віда жывёлаў у абодвух творах аказалася ідэнтычнай: кароткая хваля супрацьстаяння змянілася эрай абсалютнага захаплення заваёўнікамі. Замест таго, каб аб’яднаць свае намаганні ў барацьбе з агрэсарамі, чалавек адаптаваўся да новых умоў, прыстасаваўшы сваё жыццё да звычак і нораваў новых гаспадароў і пачаўшы працаваць на задавальненне іх патрэб.

Апафеозам паталагічнай любові да інтэрвентаў у К. Чапэка становіцца фармаванне своеасаблівага “саламандрацэнтрычнага” светапогляду, дамінаванне ў грамадстве ідэй абсалютнага мімікрычнага пераймання “хома сапіенсам” думак і поглядаў разумных земнаводных: “ «Мы люди Саламандрового Века», – говорилось тогда с обоснованной гордостью; куда до него обветшалому Человеческому Веку с его медлительной, мелочной, бесполезной возней, которую называли культурой, искусством, чистой наукой или как там еще” [2, с.183]. У аповесці В. Гігевіча паказальным у дадзеным плане становіцца эпізод адкрыцця мітынгу жаночай арганізацыі “За поўную эмансіпацыю”, мэтай якога было атрыманне дазволу на рэгістрацыю шлюбу з пабакамі.

Варта адзначыць, што сімвалічная прырода створаных пісьменнікамі істот відавочная. У першую чаргу, іх вобраз можна трактаваць, як слушна заўважае Г. Тычко ў дачыненні да аповесці беларускага аўтара, у якасці “фантомаў самога чалавецтва” [3, с. 14] з яго разбуральным жаданнем падпарадкаваць сабе ўсё жывое на Зямлі.

Па-другое, даволі лагічным з’яўляецца атаясамліванне згаданых пачвар з матэрыялізаваным прадуктам сённяшняга соцыўму з яго ярка выражанай спажывецкай стратэгіяй паводзін. Своеасаблівым пацверджанне таму можа стаць лозунг новага свету, намаляванага чэшскім празаікам: “Беспрестанное увеличение производства и потребления – вот все будущее мира, а посему – пусть будет еще больше саламандр, чтобы еще больше произвести продукции и еще больше сожрать!” [2, с. 183].

У В. Гігевіча сімвалам дэструктыўнага пачатку ў сучасным грамадстве выступае Горад. Гартаючы старонкі яго гісторыі, пісьменнік неаднаразова звяртаецца да пытання: няўжо пакуты, смерць і самазнішчэнне – гэта і ёсць “апошнія межы, якія могуць супакоіць устрывожанага нечым чалавека”? [4, с. 169]. Адзін з герояў твора, пацыент псіхіятрычнай бальніцы, з жахам глядзіць на тыя вынікі, якія напаткалі чалавецтва падчас імкнення да максімальнага задавальнення сваіх матэрыяльных патрэб. Гэта халодная рэчаіснасць, у ходзе эвалюцыі якой быў страчаны сам чалавек з яго болем і непаўторным унутраным светам.

Трэцім, безумоўна, аптымістычным, але найбольш адарваным ад сапраўднасці варыянтам трактоўкі вобразаў саламандр і пабакаў выступае разуменне іх у якасці прадвеснікаў новага, лепшага пакалення людзей, што неаднаразова падкрэсліваецца героямі абодвух тэкстаў.

Блізкае падабенства беларускага і чэшскага твораў прасочваецца і на фармальным узроўні. Так, абодва аўтары ідуць нетрадыцыйным шляхам асваення літаратуры перасцярогі, што, у першую чаргу, праяўляецца ў выкарыстанні пісьменнікамі дакументальна-дакладнага, амаль стэнаграфічнага, стылю фіксавання падзей. Дамінантная роля адводзіцца строгай, лаканічнай мове службовых запісак і распараджэнняў. Адмаўляючыся ад доўгіх маналогаў і разважанняў, метафарычнасці выказвання, наратары здолелі дасягнуць высокай ступені аб’ектыўнасці пры адлюстраванні рэчаіснасці і стварылі ўмовы для рознабаковага разгляду таго ці іншага пытання. У дадзеным выпадку ўзнікае сітуацыя своеасаблівай “смерці аўтара”, калі чытацкая думка атрымлівае незалежнасць ад пазіцый стваральніка твора ў працэсе інтэпрэтацыі тэксту.

Выкарыстанне аўтарамі дакументальна-дакладнага стылю, у сваю чаргу, прывяло да адсутнасці ў творах галоўных герояў. Кожны з другарадных персанажаў становіцца своеасаблівым носьбітам пэўнай сістэмы каштоўнасцей і поглядаў на жыццё. У К. Чапэка такімі тыпажамі становяцца капітан І. ван Тох, які з’яўляецца ўвасабленнем чалавека эпохі геаграфічных адкрыццяў і экспансій, Г. Х. Бондзі – багаты прамыслоўца, сімвал капіталістычнага ладу жыцця і г.д. У аповесці В. Гігевіча такую функцыю выконваюць невядомы вар’ят з яго пошукамі прычынна-выніковых сувязей паміж з’явамі рэальнасці, Марачкова Тамара Іванаўна з яе спажывецкімі інтарэсамі, Шульга Іван Кузьміч з яго “састарэлымі” поглядамі на сям’ю.

Збліжае абодва тэксты і іх спецыфічная кампазіцыйная структура, што характэрызуецца вышэй адзначанай імітацыяй афіцыйна-справавога стылю, фрагментарнасцю і, як адзначае даследчык Г. Тычко, “спалучэннем неаднародных у жанрава-стылёвых адносінах тэкстаў” [3, с. 12]. Службовыя запіскі, вытрымкі з газет, сакрэтныя дакументы, часткі навуковых артыкулаў, дзённікавыя запісы – усё гэта арганічна пераплятаецца з лёсамі асобных людзей для дасягнення галоўнай мэты: паказаць, што абраны сучаснай цывілізацыяй шлях развіцця можа стаць тупіковым.

Літаратура


1 Борев, Ю. Эстетика : В 2-х т. Т. 1 / Ю. Б. Борев. – Смоленск: Русич, 1997. – 576 с.

2 Чапек, К. Война с саломандрами : раман / К. Чапек; пер. А. С. Гуровича. – М. : АСТ, 2003. – 304 с.



3 Тычко, Г. Ліха павінна быць пераможана ў нас саміх… : Аповесць “Пабакі” Васіля Гігевіча / Г. Тычко // Роднае слова. – 2007. – № 1. – С. 12 – 14.

4 Гігевіч В. Марсіянскае падарожжа : раман, аповесці / В. Гігевіч. – Мн. : Маст. літ., 1990. – 381 с.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка