Аляксандр Казелла Дыялог №2 Пераклад з рускай мовы Віталя Краўчанкі Пакой у доме для састарэлых «Ціхая прыстань»




Дата канвертавання21.05.2016
Памер150.29 Kb.

А.Казелла ДЫЯЛОГ №2 Пераклад з рускай В.Краўчанкі


Аляксандр Казелла

Дыялог №2
Пераклад з рускай мовы

Віталя Краўчанкі
Пакой у доме для састарэлых «Ціхая прыстань». У пакоі стол і два крэслы. За сталом сядзіць Калет – яна пудрыць твар, фарбуе вусны – твар ейны напружаны. У пакой уваходзіць Сэсіль.

Калет (незадаволена). Пячоначны пудынг!

Сэсіль. Здаецца, ён быў нядрэнным!

Калет. Нядрэнным? Ды ты звар’яцела! Яны вырашылі нас усіх атруціць, не іначай! Учора гэты жудасны амлет колеру… незразумелага колеру… А сёння вось – пудынг!

Сэсіль. Я з’ела з задавальненнем.

Калет. Нічога дзіўнага. Ты ўсё ясі з задавальненнем. Аніякай перасцярогі. Ты бачыла пазногці нашай кухаркі? Яна іх грызе над каструляю падчас прыгатавання – я ў гэтым упэўнена.

Сэсіль. Мне здаецца, ты перабольшваеш.

Калет. Я? Ні ў якім разе. Гэта фантастыка: як толькі чалавек пачынае гаварыць праўду, усім чамусьці здаецца, што ён перабольшвае. А табе прасцей паверыць у тое, што ты ў гранд-гатэлі, чым у тое, што нашая кухарка грызе пазногці.

Сэсіль. Дык што цяпер, увогуле не есці?

Калет. Жанчына не павінна есці шмат. Хаця для цябе, як я пагляджу, гэта не мае аніякага значэння…

Сэсіль. У нашым узросце, ежа – адзіная сапраўдная з усіх радасцяў.

Калет. У якім такім гэта ўзросце? Слухай, ты ўвесь час, як наб’еш коўбак, пачынаеш малоць усялякую лухту (пазірае на сцяну). Здаецца, твой Жано ізноў упаў!

Сэсіль (схамянуўшыся). Ай, ай, ай! Не хоча трымацца! Другі раз за сённяшні дзень.

Падымае з падлогі партрэт.

Калет. Ты б яго павесіла як след. Колькі ўжо можна! Учора ўначы так грамыхнуў, я ажно прачнулася!

Сэсіль цалуе партрэт. Вешае на сцяну.

Сэсіль. Хлопчык мой! Сёння абяцаў прыехаць.

Калет. Спадзяюся, ён прывязе што-небудзь з алкаголю.

Сэсіль. Доктар забараніў табе піць.

Калет. Ды што ён разумее? Крыху чырвонага пасля вячэры нікому не зашкодзіць.

Сэсіль. Жано прывязе цёплыя круасаны. Я прасіла.

Калет. І, вядома, ты з’ясі ўсе гэтыя круасаны нанач. Каб ужо пэўна добра спалася.

Сэсіль. Ты лічыш, што я дрэнна выглядаю?

Калет. Не, я так не лічу, але каб твой Жано прыяжджаў часцей, ды яшчэ і з цёплымі круасанамі кожны раз – думаю, змяніла б сваю думку, гледзячы, як да твайго ложку падстаўляюць ячшчэ адзін, каб ты размясцілася.

Сэсіль. Твой любімец Шарль зыйшоў.

Калет (абыякава). Так, я ведаю.

Сэсіль. Для каго ты фарбуешся?

Калет. Зыйшоў адзін – прыйдзе іншы.

Сэсіль. Сёння?

Калет. Ягонае імя – Эцьен. І ён прыедзе а пятай.

Сэсіль. Мабыць, на тым жа цягніку, што і Жано. Сынок, не бачыла яго ўжо з паўгода.

Калет. Эцьен… мела я прыхільніка з такім імем. Усё кветкі мне дарыў, вадзіў у рэстараны…

Сэсіль. Наўрад ці гэты Эцьен прапануе табе што-небудзь падобнае.

Калет. Яму 27, ён брунэт – і гэтага цалкам дастаткова.

Сэсіль. Скуль ты ўсё гэта ведаеш?

Калет. Маю сувязі.

Сэсіль. Мне здаецца, ўсе твае сувязі зводзяцца да пляткарства нашых дзяўчат-медсёстраў.

Калет. Хто б гаварыў. Ты ж мяне ўжо зведала за тыдзень. Што там у нас у пятніцу на дэсерт?

Сэсіль (радасна). Яблычны штрудзель з карыцаю.

Калет. Глядзі, не сканай ад шчасця, бо давядзецца есці гэты яблычны штрудзель на тваім пахаванні.

Сэсіль. Калі ты прачнулася ў дрэнным настроі – я ў гэтым не вінаватая.

Калет. Калі ты такая ўся невінаватая, сядай і займайся справаю. Я ўчора пяць разоў запар склала, а ты толькі тры…

Сэсіль. Гэта таму, што я не мухлюю.

Калет. Я аб гульні думаю, а не аб ежы…

Сэсіль. І аб хлопчыках санітарах…

Калет. Так, і аб хлопчыках санітарах. Я ў захапленні, калі яны глядзяць на мяне, калі дакранаюцца…

Сэсіль. Дастаткова.

Калет. Памятаеш, як Шарль масажыраваў мае плечы?

Сэсіль. Ты ўвесь час прыкідвалася, што яны баляць.

Калет. Вядома, прыкідвалася. І што? Яго доўгія моцныя пальцы сціскалі-расціскалі, сціскалі і расціскалі…

Сэсіль. Не ўпэўнена, што маю жаданне гэта слухаць…

Калет. У такім выпадку, маўчы! (Сама сабе.) Не ўпэўнена яна… Так, што ў нас тут? (Раскладвае карты.) Дзве шасцёркі, чатыры тузы…

Сэсіль. Жано не падабалася, калі я раскладвала пасьянсы. Ён лічыў гэта бязглуздым заняткам.

Калет. Вялікі разумнік, твой Жано.

Сэсіль. Так, ён разумны. Адвакат. Шмат зарабляе, і дом мае вялікі…

Калет. Дом вялікі, ды ўсё астатняе маленькае…

Сэсіль (праз паўзу). Дурніца…

Калет. Дурніца не дурніца, а адрозніць добрага мужыка ад свалаты магу.

Сэсіль. Ты на што гэта намякаеш?

Калет (збянтэжана). Нешта валет трэф зусім не выпадае… праблема, праблема…

Сэсіль. Ты не маеш права казаць што б-то ні было пра майго сына. Ты нават не ведаеш яго.

Калет. Ды што тут ведаць? Слюнявы вырадак – смактаў, смактаў твае грудзі, пакуль не высмактаў усё…

Сэсіль. Я забараняю табе!

Калет. Ператварыў твае грудзі ў лахманы і выплюнуў, званітаваў… а цяпер ты тут. Разам з грудзямі цябе сюды выплюнуў. У «Ціхую прыстань»! Такі ж ідыёт, як і твой сынок, даў гатэй яме такое імя! «Ціхая прыстань» - гніласная, паскудная яма. І гэты гніласны, паскудны валет не хоча выпадаць. Ні за што не хоча выпадаць.

Сэсіль. Мне здаецца, ты вельмі ўзбуджаная!

Калет. Я цалкам нармалёвая.

Сэсіль. Мне заўсёды здавалася, што кабарэтысткі – людзі вельмі бязглуздыя, легкадумныя.

Калет. Я не кабарэтыстка! Я – танцоўшчыца!

Сэсіль (з адчаем). Ды хоць дрэсіроўшчыца! Пра майго сына ты не маеш права гаварыць гадасці.

Уваходзіць Медсятра з падносам у руках. На падносе два кубкі і імрычак. Ставіць паднос на стол.

Сэсіль. Даражэнькая, скажыце, якая зараз гадзіна?

Медсястра выходзіць у цэнтр пакою. Манерна, па-кіношнаму, заломвае рукі. Твар ейны востры і журботны.

Медсястра.

Спалі вальтом – валетам!

Трэфовым вальтом – трэфовым валетам!
Да Цела твайго дакранаюся,

Пакуль ты спіш.

На нагах Тваіх

усе радзімкі падлічаныя,

названыя, сабраныя,

на руках – не!

Плячо Тваё,

мною цалаванае

не прачнулася,

прамаўчала,

і ўжо світаннае неба

асвяціла,

уварвалася,

і ўсяму гэтаму

хуткі канец.

А я не сагрэтая.



І плячо Тваё спіць.

Медсястра выходзіць.

Калет. Што яна сказала?

Сэсіль. Сказала, што ўжо без пяці на пятую.

Калет. Цудоўна.

Сэсіль. Я папрасіла, каб яна прынесла гарбату сюды. Бо ў гасцёўні так дзьме. Чароўная дзяўчына.

Калет. Па ўсяму відаць, што мужыка нармалёвага ёй не дастае.

Сэсіль (нібыта не чуе). Яе завуць Пенелопа. Цудоўнае імя. Бацька грэк, а маці францужанка. Яна не так даўно тут. Раней працавала ў вар’яцкім доме. Кажа, што вельмі стамілася там.

Калет. А сюды адпачываць прыйшла? Разумна.

Сэсіль. Старая Катрын з дзявятага пакою зусім злегла. Ужо тыдзень, як не ўстае. Увесь час скардзілася на боль у грудзях, а цяпер маўчыць. Паблёкла зусім, размаўляе бязладна. Суродзічы да яе прыязджалі заўчора – пляменніца з мужам, але яна нават не зірнула на іх. А раней так чакала. Трызніць пачала – кажа, прыедзе да мяне прадавец марожанага, і я куплю зялёнае і карычневае.

Калет. Фісташкавае і шакаладнае. Зусім розумам паехала.

Сэсіль. А пасля раптам пра нейкі цырк расказвае. Як яна раніцаю ўцячэ з акрабатам. У фургончыку…

Калет. Катрын заўсёды была крыху не ў сабе, колькі ведаю яе. А цяпер дык увогуле заблукала. Ёй ужо, мусіць, пад сто год?

Сэсіль. Дзявяноста тры.

Калет. Дзевяноста тры… Нядрэнны вынік.

Сэсіль. А ўчора я зайшла да яе пасля вячэры, яна раптам закашлялася і кажа: “Спакуй маю валізку. Сінія людзі прыляцяць за мною. Казалі, што спазняцца не будуць”.

Калет. Спачатку прадавец марожанага, пасля акрабат, а цяпер вось сінія людзі. Сумны канец.

Сэсіль. Не кажы так. Яна ж яшчэ жывая, і цалкам верагодна, што гэта часовае зацьменне. Дастатковая колькасць людзей дажываюць да сотні і больш…

Калет. Ты маладзей за яе на дваццаць год, а твае мазгі ўжо адмовіліся працаваць. Ты з такім жа маразмам. Нічога дзіўнага, што пасябравалі. Баюся толькі, што ў хуткім часе яна і цябе не будзе пазнаваць – сінія людзі забароняць.

Сэсіль. Сёння ты асабліва невыносная.

Калет. У такім выпадку, калі ў хуткім часе ў дзявятым пакоі будзе вольны ложак, зможаш перабрацца туды. Далей ад мяне.

Сэсіль. Змоўкні, я не жадаю больш выслухоўваць гэта!

Калет. Тады не лязгай языком. А займіся справамі. Я, напрыклад, ужо склала. (Запальвае цыгарэту.)

Сэсіль. Табе ўжо зрабілі заўвагу. У пакоі паліць нельга. Доктар будзе вельмі незадаволены.

Калет. У яго і так тавар – прайдохі, магчыма незадаволенасць надасць яму чалавечнасці. Так, пасачы за дзвярыма!

Сэсіль. Не разумею. І чаму я толькі міруся з тваім характарам. Раней у мяне была шыкоўная суседка. І мы з ёю выдатна ладзілі.

Калет. Відаць, яна была глуханямою.

Сэсіль. Яна была прыстойнай жанчынай!

Калет. А я непрыстойная. Ці не, правільней сказаць, не вартая твайго звышінтэлектуальнага таварыства. Ну, і дзе яна, твая благапрыстойная дама? Не йначай, як згнаіла ты яе сваім анёльскім вуркатаннем.

Сэсіль. Няпраўда. Яе забраў сын.

Калет. А раней ён дзе быў? У турме сядзеў? (Смяецца) Што ж цябе твой Жано не забярэ? Сказала б яму, што табе тут дрэнна.

Сэсіль маўчыць.

Калет. Ужо час ім прыехаць. Невыноснае чаканне.

Сэсіль. Папрасі, каб за табою прыглядаў Жан-Поль! Калі табе так ужо не можацца чакаць.

Калет. Гэтага прышчаватага бландына? Цярпець не магу бялявых.

Сэсіль. Ты ў такім становішчы, што выбіраць асабліва няма з чаго.

Калет. Я, здаецца, прасіла цябе змоўкнуць.

Сэсіль. Як твае аналізы?

Калет. Абяцаюць вечнае жыццё. Цябе менавіта якія цікавяць?

Сэсіль. Я проста запыталася.

Калет. Ужо чакаеш, калі мяне панясуць? А! Ідзі да д’ябла, валет трэф!!!

Сэсіль. Ты сёння такая ўзбуджаная. Я падумала…

Калет. Што?

Сэсіль. Што…

Калет. Ну?

Сэсіль. Я падумала…

Калет. Што я паміраю і праз гэта разнервавалася?

Сэсіль. Апошнім часам доктар часта выклікае цябе.

Калет. А ў нас з ім раман. Сапраўдныя жарсці. І на стале. І пад сталом.

Сэсіль. Я так і падумала.

Калет. Ну не ўсе ж цнотна недакранальныя, як ты.

Сэсіль. Дзіўна, можа, цягнік затрымалі!

Калет. Ужо час ім прыехаць.

Сэсіль. Час. Ад вакзалу ж зусім недалёка. Страшна нават уявіць, што з табою здарыцца, калі новы санітар сёння не прыедзе.

Калет. Я пасяку цябе на кавалкі і буду танчыць на тваіх рызманах усю сваю сольную праграму, калі ты хоць раз яшчэ пасмееш сказаць нешта падобнае.

Сэсіль. Божа Літасцівы!

Калет. Ён прыедзе. Ён патрэбны мне сёння! Ён неабходны мне зараз! Гадасны, гадасны валет трэф! (Стукае далоняю аб стол).

Уваходзіць Медсястра з падносам у руках. На падносе – дзве маленькія шкляначкі з лекамі і дзве вялікія шклянкі з вадою. Яна ставіць паднос на стол.

Сэсіль. Даражэнькая, вы не ведаеце – хто-небудзь прыехаў?

Медсястра выходзіць у цэнтр пакою. Карцінна заломвае рукі.

Медсястра.

Чаканне -

Жахлівей толькі смерць.

Дзе набралася сілоў ты, Пенелопа,

Каб дваццаць год

Бяззменнай ночы

Ягоны стан не цалаваць

І да рук яго цяжкіх

Не дакранацца?..

Прасціны з-пад яго

Не мыла ты,

Ляжала ў іх,

І пот ягоны

Й пах


Бальзамавалі

Бездапаможнае выццё тваё.


Прасцінаў сябра мой мне не пакінуў.

Няма з чаго і савану мне сшыць…

Так і чакаю….

Калет. Што яна сказала?

Сэсіль. Ніхто не прыязджаў.

Калет. Пачакаем яшчэ.

Сэсіль. Цягнік затрымалі, я ўпэўнена.

Сэсіль выпівае лекі. Працягвае раскладваць, ужо пачаты пасьянс.

Сэсіль. Жано не можа не прыехаць. Ён жа абяцаў.

Калет (робіць міну). Жано не можа не прыехаць. Ён жа абяцаў.

Са сцяны з грохатам падае партрэт Жано.

Калі гэты вырадак яшчэ раз упадзе!



Сэсіль. Я папрасіла б цябе!

Калет. Подлы, слізкі, мярзотны вырадак!

Сэсіль. Спыні!

Калет. Подлы, мярзотны, шуявы вырадак!

Сэсіль. У цябе аніякага няма!

Калет. Я б лепей зграю пацукоў нарадзіла, чым такога!

Сэсіль. Дык чаму ж тады не нарадзіла? Ніхто не вінаваты ў тым, што твае шматлікія палюбоўнікі не хацелі гэтага!

Калет. Гадаснае стада мілых хатніх гаспадыняк! Ведаю я вас. Знойдуць сабе пачварных тікіх мужычкоў і амба – усё жыццё яму. А ён зазірне адзін раз на год пад коўдру… Ды, відаць, так дзіўна зазірне, што вырадкі накшталт Жоно і з’яўляюцца…

Сэсіль. Ты… Ты… Ня ўсім жа ногі задзіраць вышэй галавы!

Калет. Маці ўсіх вырадкаў!

Сэсіль. Старая звар’яцелая прастытутка!

Калет. Што ты зараз сказала?!

Сэсіль. Прастытутка! Старая звар’яцелая прастытутка!

Калет кідае ў Сэсіль калоду картаў. Сэсіль у адказ робіць тое ж самае. Праз імгненне дзве старыя жанчыны б’юцца. Іхнія ўдары жорскія і недарэчныя.

Медсястра.

Пра Цябе складаю песні

Пра сябе дурасці

Пра Цябе зумкія оды

Пра сябе дурасці…
Ты майго кахання не цурайся –

Я так ціха ўмею кахаць,

Што ніхто не зразумее,

Не даведаецца нават,

А калі хто будзе падглядаць,

Дык вачэй сваіх пазбавіцца,

І мне іх прынясе

З пакаяннем!..



Медсястра выходзіць. Бойка сціхае.

Сэсіль. Я нарадзіла Жано ад садоўніка. Ён вырошчваў у нашым садзе мацыёлы і наперстаўку… ягоныя рукі былі цёмнымі ад загару… вузкія, жылістыя рукі… я назірала за ім праз вакно, і хваляванне паглынала мяне… ад немагчымасці дакрануцца да ягоных рук… дакрануцца да яго… Тры разы на тыдзень ён прыходзіў - рыхліў зямлю, падстрыгаў траву, а я назірала за ім праз вакно, і хваляванне паглынала мяне… я выносіла яму ліманад у халоднай шклянцы… і ён піў… дзячыў мне.. і хваляванне паглынала мяне… і дыхалася соладка й цяжка… Гэта ад немагчымасці дакрануцца да яго… Адно лета. Цалкам адно лета ён быў у гэтым садзе. І я назірала за ім, прыносіла яму ліманад, і кожны раз хваляванне паглынала мяне… Ён дазволіў мне. Дазволіў дакрануцца да ягоных рук, цалаваць яго… тры разы на тыдзень сярод палівачак і грабляў пад маленькай садовай павеццю.

Калет. А муж?

Сэсіль. А мужа ніякага не было… ніколі…

Калет пазірае на Сэсіль са здзіўленнем і пяшчотаю.

Сэсіль. Пасля таго лета мы больш ніколі не сустракаліся. Усе мужчыны, якіх я ведала пасля, не былі падобныя да яго, і, магчыма, таму з імі нічога й не выходзіла. (Падыходзіць да сцяны. Падымае партрэт Жано.) І ты маеш рацыю – мой Жано кепскі чалавек. Як ты там сказала? Паскудны вырадак? Менавіта так… Ён прадаў дом і сад, у якім раслі мацыёлы і наперстаўка… сад, дзякуючы якому, ён з’явіўся на свет… Жано… як ён падобны да бацькі… (цалуе партрэт) я нават партрэт ягоны трымаю на сцяне, каб толькі ягоны твар не сціраўся з памяці… вузкія, жылістыя рукі… лепей за іх я так і не знайшла.

Медсястра.

Ты ў ва мне

І паза мною

Адначасна.

Цішыня Твая,

Тваё маўчанне

Пастаяннае

Пухлінаю схавалася

У маіх лабірынтах

У маіх патаенных

Садах,

Дзе квітненне,



Безупынна,

Нараджае

Вобраз Твой.

Сярод клумбаў,

Газонаў і агароджаў…
І на рэнтгенах (маіх)

Адно толькі

Профіль Твой…

Які пазірае

У бок…

Медсястра падыходзіць да стала. Забірае імбрычак, кубкі, шклянкі. Выходзіць з пакою.

Калет. Што яна сказала?

Сэсіль. Доктар просіць цябе зайсці да яго.

Калет. Мацыёлы і наперстаўка… Гэта ж трэба… Вузкія, жылістыя рукі… Я ніколі не была пахатліваю, ты ня думай. Мне проста шанцавала з мужчынамі. Дакладней з іх колькасцю… І я не адступала… ад свайго шанцавання… ніколі… Я сыходзіла з легіянерамі і маракамі ў ноч (іх я любіла больш за ўсіх), пасля знаёмства за шклянкаю таннага віна, у ноч… у ноч… вось-вось ён расшпіліць маю сукенку, вось-вось пацалуе ў плячо, пасьля ў пахі – я нямела ад пацалункаў у пахі. І я ўсіх іх любіла… Кожны раз… любіла… і кожны раз думала – вось ён, вось. З ім і застануся. Але ўсе сыходзілі – па сваёй волі, альбо па маёй. Сыходзілі. І новая ноч дарыла новае імя. І старым імёнам даводзілася ўчыняць пахаванні. І я хавала іх так глыбока, на колькі магла. Але памяць не падманіш, што з гэтым зробіш… цяпер яны ўстаюць з магілаў, і прыходзяць… стаяць начамі вакол ложку, пазіраюць на мяне… легіянеры, маракі, антрэпрынёры, букмекеры… і толькі адзінага сярод іх няма… Калі б прыбрала з дамы васьмёрку –валет трэф адназначна лёг бы… І я б перамагла… Вось-вось ён расшпіліць мне сукенку… так. Танцоўшчыцы з другасортнага кабарэ заўсёды ёсць, што ўспомніць. Асабліва калі ёй даецца столькі вольнага часу. У мяне аднойчы стралялі. Пад час выступу – прыхільнік, якому я адмовіла,… зняважаны, шалёны… спачатку не пацэліў у маё сэрца, а пасля і ў цела маё не пацэліў (смяецца)… Адзін спрабаваў павесіцца. Другі патануў… Я разбівала сем’і, сама таго не жадаючы… Але ўсё гэта ніколі не падавалася мне важным, як не падаецца і зараз. Я ж кахала іншых… Ты думаеш, я не ведаю, што ні Шарль, ні Эцьен не пацалуюць мяне ў пахі? Ты думаеш, я звар’яцелая старая, якая думае толькі аб пажадлівых уцехах? Проста тая фальшывая ўвага, за якую ім плоцяць, дапамагае мне забыцца на тое, што я наскрозь прагнілая старая, што мае рукі ледзь трымаюць відэлец, а цела смуродзіць здыхляцінаю… Што старасць невыносная… І гэты дурацкі гафт ў холе “Старасць – годнасць часу” нават цябе не можа запэўніць у гэтым. Таму што ніякай годнасці ў старасці няма. Ды й якой яна можа быць, калі ўсё тое, чаго ты не паспеў, ужо ніколі не адбудзецца… калі адзінота ўжо назаўсёды… Калі ўсё, што засталося, гэта чаканне… але нічога не прыйдзе…

Сэсіль. І Жано не прыйдзе?

Калет. Ні Жано, ні Эцьен… Ніхто не прыйдзе.

У пакой уваходзіць Медсястра.

Медсястра.

У гэтых гадзіннікаў

Стрэлкі зламаныя,

Каб сустрэцца

Не мелі магчымасці,

Каб не стукалі

Ноччу…

Не паўзлі,



Адна аб другую

Не церліся,

І каб час,

Табою кінуты

Не паказвалі…

Не называлі яго…



Калет. Не пакой, а прахадны двор нейкі. Што на гэты раз?

Сэсіль. Катрын памерла.

Калет. Дачакалася-такі сініх чалавечкаў.

Сэсіль. Дачакалася.

Калет. Шчаслівая.

Сэсіль. Небарака.

Калет. Давай. Прычашыся – выглядаеш, як сцяг пасля ўрагану. Хутка вячэра. Спадзяюся, ты не збіраешся есці ў такім выглядзе! А я пасля спаткання з доктарам далучуся да цябе і, магчыма, выпрашу для цябе порцыю Катрын. Ёй яна цяпер больш не спатрэбіцца!

Сэсіль. Ты страшны чалавек.

Калет. Менавіта так, і не йначай! Трэба ісці. Нельга прымушаць доктара чакаць – ён яшчэ занадта малады для гэтага.

Калет падыходзіць да дзвярэй. Са сцяны падае партрэт Жано. Сэсіль не паварочваецца. Калет моўчкі глядзіць на Сэсіль, пасля на сцяну, пасля зноў на Сэсіль.

Ён для гэтага яшчэ занадта малады…


ЗАСЛОНА






База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка