Аляксандр бойка: “Вырашаць праблемы, пазбягаючы канфліктаў — адна з задач сістэмы сацыяльнага партнёрства”




Дата канвертавання28.03.2016
Памер123.34 Kb.


Аляксандр БОЙКА:

Вырашаць праблемы, пазбягаючы канфліктаў — адна з задач сістэмы сацыяльнага партнёрства”



29 лютага на сумесным пасяджэнні калегіі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і Прэзідыума ЦК Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі плануецца падпісанне праекта змяненняў і дапаўненняў у галіновае пагадненне, што заключана паміж Міністэрствам адукацыі і галіновым прафсаюзам на 2010—2012 гады. Пра тое, якіх пытанняў тычацца гэтыя змяненні і ўвогуле пра ролю галіновага пагаднення ў працоўнай дзейнасці беларускіх педагогаў мы пагутарылі са старшынёй Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Аляксандрам БОЙКАМ.

Аляксандр Аляксандравіч, раскажыце, калі ласка, аб тым, што сабой уяўляе галіновае пагадненне. Якое яго прызначэнне?

— Галіновае пагадненне сёння з’яўляецца базавым дакументам для фарміравання палітыкі сацыяльнага партнёрства і ўвогуле сацыяльнай палітыкі ў галіне. І Міністэрства адукацыі, і ЦК прафсаюза нацэлены найперш на тое, каб адукацыйная сфера была прывабнай для кваліфікаваных педагагічных кадраў і навучэнцаў. Ад таго, наколькі камфортна будзе выхавальніку, настаўніку, выкладчыку, студэнту ў нашай сістэме, будзе залежаць і аўтарытэт прафесіі.

Галіновае пагадненне, паколькі падпісваецца двума бакамі (трэці бок, наймальнік, адсутнічае), не ўстанаўлівае тарыфы. Але яно рэгулюе пытанні арганізацыі, нарміравання і аплаты працы, занятасці, сацыяльнага партнёрства і гарантый сацыяльным партнёрам пры вырашэнні працоўных спрэчак, заключэння пагадненняў на ўсіх узроўнях — мясцовых, абласных, гарадскіх, раённых і калектыўных дагавораў непасрэдна ва ўстановах адукацыі. Акрамя таго, праз галіновае пагадненне мы паспрабавалі адрэгуляваць тыя пытанні, якія да канца не ўрэгуляваны заканадаўствам. Напрыклад, фарміраванне раскладу вучэбных заняткаў і размеркаванне сярод навучэнцаў месцаў для пражывання ў інтэрнатах навучальных устаноў. Гэта спецыфічныя для галіны пазіцыі, якія на ўзроўні працоўнага і жыллёвага заканадаўства не трактуюцца адназначна, таму і патрабуюць канкрэтызацыі на ўзроўні галіны.

У 2011 годзе прафсаюз і Міністэрства адукацыі паслядоўна працавалі над далейшым умацаваннем сістэмы калектыўна-дагаворных адносін у арганізацыях галіны. Трэба сказаць, што на розных узроўнях сферы адукацыі ўжо склалася канструктыўнае ўзаемадзеянне: людзі разумеюць, што мікраклімат у калектывах залежыць ад таго, наколькі бакі гатовы дамаўляцца, прыходзіць да кампрамісаў. Непаразуменне ў верхніх эшалонах, натуральна, пераходзіць у арганізацыі іншых узроўняў. Такім чынам, пагадненне дазваляе абазначыць рычагі адыходу ад канфліктаў на месцах. Гэта і ёсць адна з задач сістэмы сацыяльнага партнёрства.

Галіновае пагадненне, безумоўна, змяшчае далёка не адну пазіцыю, якую можна аднесці да заваяванняў, што сталі магчымы дзякуючы сацыяльнаму партнёрству. Можаце прывесці пару такіх прыкладаў?

— Канечне. Гэта гарантыі занятасці, найперш у частцы рэгулявання пытанняў кантрактнай формы найму. Напрыклад абавязак наймальніка, які не працягнуў ці не заключыў новы кантракт з добрасумленным работнікам, пісьмова паведаміць апошняму па яго просьбе аб прычынах спынення працоўных адносін. У пытаннях аплаты працы гэта, найперш, поўная аплата ў перыяд прастою не па віне работніка. Як правіла, такія пытанні ўзнікаюць пры каранціне ў перыяд эпідэмій. Адным з такіх момантаў з’яўляецца раздзелы пагаднення, дзе прапісаны сацыяльныя гарантыі работнікам галіны і моладзі (для апошняй катэгорыі яны ў сваю чаргу дзеляцца на гарантыі маладым спецыялістам і навучэнцам). Ганарымся мы і тым, што ўвогуле маем на сёння найбольш паўнаважкае галіновае пагадненне сярод арганізацый бюджэтнай сферы, таму што мы паспрабавалі адлюстраваць у гэтым дакуменце ўсе напрамкі дзейнасці адукацыйнай галіны і магчымасці наймальнікаў па стварэнні камфортных умоў для работнікаў і навучэнцаў.

А як даўно ў галіне адукацыі пачала фарміравацца сістэма калектыўна-дагаворных адносін? Наколькі нам вядома, у часы Савецкага Саюза не існавала калектыўных дагавораў у арганізацыях. Чаму ўзнікла такая неабходнасць?

— Сапраўды, у савецкія часы калектыўна-дагаворныя адносіны падмяняліся зладжанай сістэмай нарміравання, арганізацыі і аплаты працы, да фармавання якой прафсаюзы мелі самае непасрэднае дачыненне. Дарэчы, адзін з першых калектыўных дагавораў у нашай галіне быў заключаны ў прыватнай мінскай гімназіі ў 1918 годзе. Сёння наймальнікі атрымалі большыя правы, таму і глебы для калектыўна-дагаворных адносін больш.

Фактычна сістэма калектыўна-дагаворных адносін стартавала ў краіне ў пачатку 90-х гадоў. У многіх тады ўзнікала пытанне аб мэтазгоднасці заключэння калектыўных дагавораў, ды і сёння некаторыя кіраўнікі прытрымліваюцца пазіцыі, што дастаткова раённага пагаднення, якое будзе распаўсюджвацца на ўсе арганізацыі. Але мы перакананы, што нідзе так добра не бачна праблема, як унутры канкрэтнай установы адукацыі. Як арганізаваць рабочы працэс? Як скласці графік работы? Якія катэгорыі работнікаў будуць больш абаронены, чым іншыя, і па якіх пазіцыях? Напрыклад, ёсць арганізацыі, дзе сярод супрацоўнікаў мнагадзетныя маці складаюць нязначную колькасць, і пытанні, звязаныя з іх графікам работы, можна вырашыць без нанясення ўрону ўсім астатнім работнікам. А ёсць і такія ўстановы, дзе названая катэгорыя даволі шматлікая, і гэтае пытанне там давядзецца вырашаць інакш. Такім чынам, наяўнасць калектыўнага дагавора сёння з’яўляецца бясспрэчнай пазіцыяй устаноў адукацыі.

Адна з галоўных умоў правільнага наладжвання адукацыйнага працэсу — фарміраванне ў калектыве спрыяльнага мікраклімату. А для гэтага неабходна ведаць інтарэсы работнікаў. Наймальнік, які зацікаўлены ў стварэнні добрага мікраклімату, разумее, што без арганізацыі, якая будзе прадстаўляць інтарэсы работнікаў, яму не абысціся. Прафсаюз у дадзеным выпадку прадстаўляе ўвесь спектр гэтых інтарэсаў.

Як выглядае сістэма калектыўна-дагаворных адносін у галіне сёння?

— На цяперашні момант у нас дзейнічае 151 мясцовае пагадненне (6 абласных, мінскае гарадское і 144 раённых і гарадскіх). На аснове галіновага пагаднення заключана 7096 калектыўных дагавораў. Але гэта зусім не азначае, што колькасць калектыўных дагавораў супадае з колькасцю арганізацый — юрыдычных асоб у галіне. Справа ў тым, што ёсць выпадкі, калі адзін калектыўны дагавор распаўсюджваецца на некалькі ўстаноў адукацыі, або некаторыя ўстановы выкарыстоўваюць у якасці калектыўнага дагавора раённае пагадненне. Трэба мець на ўвазе, што раённыя пагадненні часта распаўсюджваюцца на членаў прафсаюза ў якасці калектыўнага дагавора не толькі таму, што ва ўстанове так вырашылі, але і таму, што і ўстановы няма як такой. Прыкладам могуць служыць пярвічныя прафсаюзныя арганізацыі прыёмных бацькоў, якія ўжо створаны ў некаторых раёнах.

Акрамя таго, маюць месца і сітуацыі, калі ў адной установе адукацыі дзейнічае некалькі калектыўных дагавораў. Напрыклад, БДУ. Там заключаны асобныя калектыўныя дагаворы ў шэрагу НДІ і вучэбных інстытутаў, якія дзейнічаюць на правах факультэтаў, але маюць статус юрыдычнай асобы. У вучэбна-педагагічных комплексах тыпу “дзіцячы сад — сярэдняя школа” і іншых таксама можа быць як адзін калектыўны дагавор, так і некалькі.

Усё гэта сведчыць пра тое, што наша сістэма не з’яўляецца нейкай замкнута-завершанай і рэагуе на змены, што адбываюцца ў галіне. Так, мы не супраць, каб пытанні асобных катэгорый работнікаў (работнікі гандлёвых комплексаў, выдавецкіх цэнтраў устаноў вышэйшай адукацыі і г.д.) пры неабходнасці рэгуляваліся асобнымі калектыўнымі дагаворамі.

Увогуле, тэма калектыўна-дагаворных адносін у нашы дні набывае новае гучанне: установы адукацыі становяцца паўнацэннымі наймальнікамі (у сувязі з атрыманнем статусу юрыдычных асоб), і раённае пагадненне страчвае сваю ролю адзінага заканадаўца ў раёне па ўсіх пытаннях. Большы ўпор цяпер робіцца менавіта на асаблівасці, што характэрны для канкрэтных арганізацый, гэта значыць на калектыўны дагавор.

Ці зведала змены колькасць калектыўных дагавораў летась?

— Калі параўноўваць з паказчыкамі 2010 года, то колькасць калектыўных дагавораў крыху знізілася за кошт аптымізацыі сеткі ўстаноў адукацыі. У той жа час стала больш членаў прафсаюза, на якіх распаўсюджваецца і галіновае пагадненне, і калектыўныя дагаворы. Так, на сёння гэта 402 462 чалавекі з ліку работнікаў і 179 083 навучэнцы. Дарэчы, у нас таксама наладжана сістэма калектыўна-дагаворных адносін на ўзроўні навучэнцаў. Зараз яна ўрэгулявана і пагадненні заключаюцца паміж установай адукацыі і пярвічнай прафсаюзнай арганізацыяй, і ўсе службы ўстановы разглядаюць адпаведныя пытанні і далучаюцца да ўзаемадзеяння. Сёлета мы плануем завяршыць работу па ахопе такімі пагадненнямі ўсіх устаноў вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, бо яшчэ ёсць установы, якія не маюць такіх пагадненняў.

А ці шмат работнікаў адукацыйнай галіны сёння не з’яўляюцца членамі прафсаюза, але карыстаюцца гарантыямі калектыўных дагавораў?

— Такіх на сёння налічваецца 11 586 чалавек, але яшчэ год таму іх было значна больш. Для гэтай катэгорыі мы заўсёды транслюем такі пасыл: прафсаюз — гэта інструмент, які можна выкарыстоўваць сабе на карысць. Апошнім часам усё часцей можна чуць пра карпаратыўны дагавор, калі наймальнік знаёміць новага работніка з ужо гатовым дагаворам, з якім той або пагаджаецца, або не. У некаторых прыватных арганізацыях у Беларусі таксама ёсць аналагічныя дакументы, але нам вядомы выпадкі, калі і там ствараліся прафсаюзныя арганізацыі і работнікі паступова прыходзілі да калектыўнага дагавора. Больш за тое, прафсаюз яны стваралі з мэтай заключэння калектыўнага дагавора. Такім чынам, людзі ўсведамляюць, што калектыўны дагавор можа стаць рычагом уздзеяння на наймальніка.

Напэўна, адной з асаблівасцей прафсаюзнага жыцця адукацыйнай галіны можна назваць той факт, што ў краіне ствараюцца пярвічныя арганізацыі пенсіянераў, якія не працуюць…

— Сапраўды, на ўліку ў галіновым прафсаюзе знаходзяцца 30 441 пенсіянера, якія ўжо не працуюць. Ікнемся не забывацца і на іх, пры магчымасці падтрымліваем іх мерапрыемствы. Дарэчы, у нашым галіновым пагадненні прапісана наступная гарантыя: з работнікам не могуць быць скасаваны працоўныя адносіны раней чым за 5 гадоў да надыходу пенсіённага ўзросту (у іншых галінах гэты тэрмін складае 3 гады). Ёсць і нормы, якія не дазваляюць скасаваць працоўныя адносіны з работнікам пры наяўнасці пэўных умоў (сямейныя абставіны і г.д.).

Ці будуць нейкія змены ў аздараўленні членаў прафсаюза?

— Яны ўжо ёсць. Члены прафсаюза могуць пры пакупцы пуцёвак у прафсаюзных здраўніцах за поўны кошт атрымліваць скідку ў памеры 20 % у адпаднасці з рашэннем Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. Таму пры наяўнасці дапамогі наймальнікаў і пярвічных, тэрытарыяльных арганізацый прафсаюза кошт такой пуцёўкі можы быць параўнальны з памерам даплаты за ”сацстрахаўскую“ пуцёўку.

Аляксандр Аляксандравіч, наколькі нам вядома, работа па ўдасканаленні зместу галіновага пагаднення вядзецца пастаянна. Якія пытанні адпрацоўваліся прафсаюзам на працягу 2011 года? Якія задачы былі рэалізаваны?

— Безумоўна, штогод мы падводзім вынікі выканання пагаднення і прымаем альбо новы дакумент, альбо змяненні і дапаўненні ў дзеючы. Такім чынам, мы чуйна рэагуем на змены ў галіне, у нарматыўных прававых актах і заканадаўстве ўвогуле. Сваю ўвагу прафсаюз засяроджвае на тым, што яшчэ можна палепшыць у галіновым пагадненні і куды рухацца далей у сферы калектыўна-дагаворных адносін. Прыемна, што гэта вітаецца Міністэрствам адукацыі і годна ўспрымаецца кіраўнікамі ўстаноў адукацыі, якія часта з’яўляюцца ўдзельнікамі сумеснага пасяджэння калегіі Міністэрства адукацыі і Прэзідыума ЦК галіновага прафсаюза.

Летась адбылося некалькі значных падзей у галіне, якія прадвызначылі пэўныя моманты ў тым ліку і ў пытаннях рэалізацыі пагаднення. Нават свята — 90-годдзе Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі — мы ўспрынялі як нагоду для падвядзення вынікаў дзеля павышэння ўзроўню і якасці прафсаюзнай работы і дзейнасці ў сферы сацыяльнага партнёрства.

Па-першае, на 2011 год прафсаюз ставіў перад сабой задачу прывесці ў апаведнасць з Галіновым пагадненнем усе рэгіянальныя пагадненні, і яна, заўважу, была практычна выканана. Справа ў тым, што на ўзроўні любога пагаднення бакі дамаўляюцца аб нейкіх дадатковых гарантыях. Цэнтральны камітэт не толькі правёў экспертызу праектаў адпаведных тэрытарыяльных пагадненняў на прадмет іх адпаведнасці Галіноваму пагадненню і заканадаўству, але і адсачыў тое, каб гэтыя гарантыі былі сапраўднымі гарантыямі, а не нормай, якая рэгулюе прававыя адносіны такім чынам, што яны стаяць на мяжы з ушчымленнем правоў. Бо, як вядома, у працоўным заканадаўстве шмат пазіцый, якія можна трансляваць як гарантыю і наадварот.

Мы двойчы аналізавалі змест абласных пагадненняў і сёння можам упэўнена сказаць пра тое, што спрэчныя моманты ўрэгуляваны. Канечне, без садзейнічання начальнікаў абласных упраўленняў адукацыі, камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама і кіраўнікоў нашых арганізацыйных структур дамагчыся станоўчых вынікаў было б немагчыма.

Па-другое, у мінулым годзе нарэшце было вырашана пытанне кампенсацыі выдаткаў педагогам на набыццё вучэбна-метадычнай літаратуры — павысіўся памер гэтых выплат. Але для нас галоўнае, што яны ўвогуле захаваны. Аднак згаданую кампенсацыю сёння атрымліваюць не ўсе педагогі, і задача для прафсаюза не здымаецца. Таму ўдакладненна адпаведная норма пагаднення

Па-трэцяе, прыводзяцца ў адпаведнасць з заканадаўствам пытанні вядзення ўліку навучэнцаў дзяржаўных устаноў адукацыі, якія маюць патрэбу ў месцах у інтэрнатах. Мы прадугледзелі ўдзел у прыняцці адпаведных рашэнняў прафсаюзных камітэтаў, але перш за ўсё ўрэгулявалі правы навучэнцаў на тое, каб гэтыя пытанні былі вырашаны з найбольшым улікам іх інтарэсаў.

Наступны момант, якому ўдзялялася значная ўвага, — выплаты, акрамя ўстаноўленых заканадаўствам, сем’ям работнікаў, якія загінулі на вытворчасці. У мінулым годзе мы прывялі Галіновае пагадненне ў адпаведнасць з Генеральным, і цяпер сем’ям тых, хто загінуў на вытворчасці, будзе выплачвацца 10 гадавых заробкаў работніка, выплаты будуць рабіцца і работнікам, якія часткова страцілі працаздольнасць. У адпаведнай фармулёўцы таксама агаворваецца, што дадзеныя пазіцыі павінны абапірацца ў тым ліку і на мясцовыя пагадненні, паколькі мелі месца факты розначытанняў зместу калектыўнага дагавора, галіновага і мясцовых пагадненняў. Між тым для таго, каб ажыццяўляць выплаты сем’ям работнікаў, якія загінулі на вытворчасці, у маштабе ўсёй галіны, неабходна адпрацаваць механізм рэалізацыі Генеральнага, галіновага, мясцовых пагадненняў і калектыўных дагавораў устаноў адукацыі ў частцы вызначэння для гэтых мэт фінансавай крыніцы для арганізацый бюджэтнай сферы.

Дык якія ж дапаўненні плануецца ўнесці ў галіновае пагадненне падчас маючага адбыцца сумеснага пасяджэння калегіі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і Прэзідыума ЦК Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі?

— Перш чым адказаць на гэтае пытанне, патлумачу, якім чынам мы ўсвядомілі неабходнасць змен. У мінулым годзе сумесна з Міністэрствам адукацыі быў праведзены рэспубліканскі агляд-конкурс калектыўных дагавораў устаноў адукацыі, які стаў, так бы мовіць, лакмусавай паперкай для нас, бо паказаў агульны стан калектыўна-дагаворнай работы ў галіне. Для нас было важна выбудаваць сістэму прыярытэтаў у гэтай рабоце, паколькі адлегласць паміж галіновым пагадненнем і калектыўным дагаворам часам бывае досыць вялікай. Любое мясцовае пагадненне задае нейкія агульныя пасылы, якія ў калектыўным дагаворы павінны выйсці на ўзровень канкрэтыкі. І падчас конкурсу мы шукалі гэтую канкрэтыку, яшчэ і па той прычыне, што надышоў час абнаўлення макетаў калектыўных дагавораў (апошнюю рэдакцыю макет зведаў у 2008/2009 навучальным годзе, якае дзейнічае і сёння). Дзякуючы праведзенаму конкурсу, мы выходзім на новы ўзровень: ствараем макет для школ, для ўстаноў вышэйшай адукацыі і інш.

Акрамя таго, праз конкурс мы выявілі праблемныя моманты, якія існуюць сёння ў калектыўных дагаворах. Сваёй задачай мы цяпер бачым абнаўленне (актуалізацыю) зместу калектыўных дагавораў, якія не могуць і не павінны рэгуляваць толькі пытанні размеркавання нечага — прэмій, надбавак, нагрузкі. Калектыўны дагавор павінен задаваць тон усёй рабоце калектыву. Калі гэты тон станоўчы, то будзе і творчы мікраклімат, пра які я ўжо казаў раней. Такім чынам, у калектыўным дагаворы павінны быць прапісаны асноўныя моманты ўзаемаадносін у калектыве.

*Што да запланаваных змяненняў і дапаўненняў, то найперш мы прапаноўваем абазначыць парадак удзелу і ўліку меркаванняў прафсаюзных арганізацый падчас вырашэння пытанняў работнікаў і навучэнцаў устаноў адукацыі — каб яны ўдзельнічалі ў распрацоўцы і прыняцці праектаў усіх рашэнняў (на ўзроўні калектыўнага дагавора).

*Трымаем на кантролі і пытанне рэжыму працоўнага часу педагагічных работнікаў, якім вызначаецца аб’ём педнагрузкі за стаўку. У адносінах тых педагогаў, якія працуюць ва ўстановах дашкольнай, агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай адукацыі, мы настойваем на тым, каб пры наяўнасці магчымасці расклад вучэбных заняткаў фарміраваўся з улікам іх сямейнага становішча і стану здароўя. Гэтыя моманты могуць быць прапісаны ў калектыўным дагаворы. Акрамя таго, графік работы павінен узгадняцца з прафсаюзнай арганізацыяй, згодна з Працоўным кодэксам.

*Яшчэ мы паспрабавалі адлюстраваць такую пазіцыю, як стварэнне ўмоў для харчавання работнікаў (у адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў 07.02.2012 № 127 ”Аб стварэнні ўмоў для харчавання“: наймальнікі павінны ствараць умовы для харчавання работнікаў і навучэнцаў згодна з калектыўным дагаворам, пагадненнем, а таксама, пры наяўнасці магчымасці, праводзіць мерапрыемствы па патанненні кошту харчавання.

*Наступная праблема, на якую мы звярнулі ўвагу, — гэта вольная трактоўка ў шэрагу арганізацый тэрміну “цяжкае матэрыяльнае становішча” пры прадастаўленні нейкіх сацыяльных гарантый работнікам. Згаданы тэрмін прадугледжаны як у нарматыўных прававых актах, так і ў калектыўных дагаворах. Некаторыя наймальнікі, а часцей за ўсё іх прадстаўнікі, спрабуюць пераносіць на гэты тэрмін тыя ўмовы, што закладваюцца ў паняцце “малазаможныя сем’і”. Такім чынам, улічваюцца выключна даходы — фармальная прыкмета. Насамрэч тэрмін “цяжкае матэрыяльнае становішча” выразна не трактуецца ў заканадаўстве, таму на ўзроўні галіновага пагаднення мы вырашылі: рашэнне аб аказанні матэрыяльнай дапамогі ў сувязі з цяжкім матэрыяльным становішчам ажыццяўляцца сумесным рашэннем наймальніка і прафсаюзнага камітэта, калі іншы парадак не вызначаны калектыўным дагаворам, на падставе заявы работніка, навучэнца. Тут павінна ўлічвацца сукупнасць фактараў.

*У праекце змяненняў і дапаўненняў знайшло адлюстраванне і размеркаванне сродкаў рэспубліканскага ці мясцовых бюджэтаў, што накіроўваюцца ва ўстаноўленых заканадаўствам памерах і парадку на выплату надбавак да стыпендый і матэрыяльную дапамогу. Права вызначаць, колькі накіраваць на матэрыяльную дапамогу, а колькі — на надбаўкі, аддадзена ўстановам адукацыі. Мы прапаноўваем кіравацца сумесным рашэннем кіраўніка ўстановы і прафсаюзнага камітэта навучэнцаў, калі іншы парадак не вызначаны калектыўным дагаворам і пагадненнем. Парадак у гэтай сітуацыі адназначна павінен быць.

*Безумоўна, пагадненне дапаўняецца пазіцыяй аб выканні даручэнняў прэзідэнта краіны, дадзеных 29 жніўня 2011 года падчас нарады з педагагічным актывам краіны, у частцы павышэння статусу работнікаў галіны.

Як і раней, рэалізацыя Пагаднення будзе накіравана найперш на выкананне гэтай задачы.

Дзякуй за гутарку, Аляксандр Аляксандравіч.



Глафіра ЛЯТКОЎСКАЯ.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка