Алесь Бельскі родная зямля ў духоўным свеце




Дата канвертавання12.05.2016
Памер108.04 Kb.
Алесь Бельскі
РОДНАЯ ЗЯМЛЯ Ў ДУХОЎНЫМ СВЕЦЕ
КАНСТАНЦЫІ БУЙЛО І ГАННЫ АХМАТАВАЙ
Архетып зямлі з’яўляецца вызначальным, ідэяўтваральным у класічнай натурфіласофіі і трывала ўвайшоў у народны светапогляд. Зямля разам з вадой, паветрам і агнём у міфалагічных уяўленнях лічыцца адным з субстанцыяльных першаэлементаў у мадэлі сусвету. Вобраз гэты здаўна ўспрымаўся як сакральны, як касмаганічная стыхія, якая валодае выключнымі ўласцівасцямі. Выдатна сказаў яшчэ ў антычнасці Лукрэцый: «…Заслуженно носит // Матери имя Земля, ибо всё из земли породилось» [12, с. 181]. Зямля — аснова гармоніі і ўладкавання свету, паколькі яна ўзнікла з хаосу і стварыў яе, паводле біблейскай версіі, Бог, надзяліў пры гэтым выключнай жыццядайнай, творчай сілай (Быццё, 1:1). Як зазначае Дж. Фрэзер, «сама прырода сведчыць пра літаральную дакладнасць Святога Пісання» [13, с. 28]: з зямлі прарасла зеляніна — трава і дрэва, зямля нарадзіла ўсё жывое. Пра гэта гаворыцца на першых старонках Бібліі (Быццё, 1:11, 12, 24; 2:7). Такім чынам, зямля з даўніх часоў — увасабленне мацярынскай сутнасці, ідэі жыцця.

У народнай свядомасці і мастацкім свеце беларусаў вобраз роднай зямлі набыў выключную духоўную значнасць, уяўленні пра яе «цесна звязаны з паняццем роду, радзімы, краіны» [8, с. 200]. Больш за тое, гэта па сутнасці цэнтральны этнасімвал, галоўны паэтычны вобраз у нацыянальнай карціне свету. Т. І. Шамякіна піша: «Зямля аб’ядноўвала людзей у грамаду, круг, зямляцтва. Асабліва шанаваў беларус тое месца на зямлі, дзе ён нарадзіўся і вырас. Адсюль бяруць пачатак у нас вытокі святога пачуцця любові да радзімы як у малым, так і ў вялікім сэнсе слова. Культ зямлі ў беларусаў з рэлігійнага паступова перайшоў у паэтычны план» [15, с. 239]. У беларускай паэзіі вобраз зямлі прысутнічае даўно, ён быў заўсёды цесна спалучаны з чалавекам, яго ўяўленнямі і жыццём. Глыбока духоўная сувязь з роднай зямлёй выявілася ў творчасці паэтаў ХІХ і, асабліва, пачатку ХХ стагоддзя. Што значыць родная зямелька для селяніна і наогул чалавека, выдатна ўсведамляў Ф. Багушэвіч. Адзін з яго вершаў мае красамоўную назву — «Свая зямля». Гэты загаловак утрымлівае ў сабе ідэйную канцэптуальнасць думкі: у кожнага чалавека павінна быць свая родная зямля — надзейнае апірышча ў жыцці. Паэт выгуквае: «О, памагае зямля шмат // У кожнай хваробе свая! <…> // А гэта добра ведаю я» [3, с. 95]. Герой Ф. Багушэвіча прайшоў праз выпрабаванні, каб пераканацца, што родная зямля — тая чароўная сіла, якая дае здароўе, мацуе чалавечы дух. Нават жменька яе («узяў у кішэнь так грудку з кулак») ратуе рэкрута ў далечыні ад радзімы, «на чужой старане»: «Умёр бы то, мусіць, я тут, // Каб не жменька той роднай зямлі» [3, с. 97]. Свая зямля творыць цуд, выконвае ролю абярэга ў жыцці героя. Ён упэўніўся, што “яна давяла і да дому”. У вершы Ф. Багушэвіча ўвасобілася глыбокая народная вера ў духоўную моц роднай зямлі. Як самую дарагую святыню, храм прыгажосці, найвялікшы агульнанародны скарб успрымаў зямлю Я. Колас, даводзіў, што яна — «наймацнейшая аснова і жыцця першая ўмова», «аснова ўсёй айчыне» [7, с. 210]. Вуснамі Міхала, героя знакамітай паэмы, які нават перад смерцю трызніў сваёй зямлёй, паэт клікаў: «Зямля… зямля… туды, туды, брат…» [7, с. 264]. Беларуская паэтычная думка была пастаянна скіравана да вобраза роднай зямлі. Нашых паэтаў захаплялі відарысы ландшафту, свежая ралля і баразна, зямля як жыватворная прыродная стыхія, цікавілі дачыненні да яе чалавека. Наогул, асэнсаванне зямлі ў сацыяльным і духоўным жыцці народа з’яўляецца ідэйна-мастацкім цэнтрам усёй літаратуры Беларусі, і гэтую вядучую тэматычную, праблемную лінію ў ХХ стагоддзі можна прасачыць праз ланцужок наступных літаратурных імёнаў: Якуб Колас («Новая зямля») — Кузьма Чорны («Зямля») — Іван Мележ («Палеская хроніка»).

Як можна меркаваць з вышэйсказанага, зямля — галоўная стыхія паэтычнай творчасці. І не толькі ў нас, беларусаў. Ёсць нямала тыпалагічна блізкага, агульнага ва ўспрыманні і адлюстраванні роднай зямлі, асабліва ў паэтаў славянскага свету. Каб упэўніцца ў тым, якую ролю і значэнне мае гэтая каштоўнасць у духоўным свеце беларускай і рускай паэзіі, як раскрываецца феномен зямлі, звернемся да твораў Канстанцыі Буйло і Ганны Ахматавай. Іх паэзія, бясспрэчна, розная па сваёй змястоўнай напоўненасці, адметная вобразна-мастацкім бачаннем свету, але існуе той пункт перасячэння, які збліжае гэтыя два паэтычныя таленты і робіць іх творчасць роднаснай у ідэйна-эстэтычным плане. Паэзію К. Буйло і Г. Ахматавай можна «звязаць адзінай ідэяй любові да сваёй зямлі» [9, с. 6].

З увагі да прыроды радзімы, вобразнага выяўлення яе хараства пачыналіся як лірыкі слова абедзве гэтыя паэткі. К. Буйло з пачуццём вялікага замілавання і любасцю да ўсяго роднага, дарагога з дзяцінства прамовіла: «Люблю наш край — старонку гэту, // Дзе я радзілася, расла…»; «Люблю вясну, што ў кветкі, зелень // аздобіць радасна зямлю…» («Люблю») [4, с. 12]. У аўтабіяграфіі «Па пройдзеным шляху» паэтка прыгадвае, як моцна ўсхвалявала яе прыгажосць роднай зямлі: «Я аслупянела, зачараваная цудоўным відовішчам: на вяршынях усімі колерамі вясёлкі загарэлася густая раса. Шырокія палотны павуціння, развешаныя на дрэвах, зіхацелі і пераліваліся казачнымі ўзорамі. Гэты незабыўны вобраз роднай прыроды глыбока запаў мне ў памяць» [10, с. 73]. Краса роднага краю натхняе паэтку і адгукаецца ў душы песняй — акрыленай, радаснай, прачулай. Разглядаючы творчасць аўтаркі «Курганнай кветкі» (1914), Л. Тарасюк адзначае, што яна «дасканала валодае народна-песеннай інтанацыяй, збіраючы любыя сэрцу праявы роднай прыроды…» [11, с. 63]. «І зноў ў чароўны край прадвесні // Мчыць душу дзіўны спеў!..» [4, с. 17] — гучыць прызнанне ў вершы «На крыллі песні». К. Буйло раскрывае рамантычны стан душэўнай узнёсласці, разняволенага парывання ў паднебныя высі. Паэтка захапляецца, як родная зямля зіхаціць колерамі, эфір над ёй напоўнены гукамі, сузірае родны абшар, быццам з вышыні птушынага палёту. Яна выяўляе непасрэднае і вельмі паэтычнае стаўленне да навакольнага свету: «Ляту, нясуся ўвысь, плыву на мяккіх хвалях… // Як добра, лёгка мне! // Дзе я? Чырвонасць зор, блакіт паднебнай далі, // І сонца ясны бляск, і празрыстасць крышталяў // Дрыжаць вакол мяне»; «…Ляжыць яна — зямля… Так нізка, так далёка! // А тоны ўвысь плывуць» [4, с. 17]. Часта настраёвасць і вобразны склад вершаваных радкоў К. Буйло абумоўлены зусім іншым самаадчуваннем — усплёскамі эмоцый, тугой, сумам і шчымлівымі згадкамі лірычнай гераіні, якая праз расстанне з каханым засталася «адна з сваёй думою». У вершы «Шарая гадзіна» суаднесены прыроднае, зямное і ўнутранае, інтымнае, і ў выніку праведзенай эмацыянальна-сэнсавай паралелі раскрываецца «пейзаж душы»:

…Зямлю прамень апошні цалуе яшчэ раз,

Ноч заручаючы цалункам тым з зямлёю.


Імглою шэраю спавіўся ўвесь абшар,

Бярозка шэпчацца з чырвонаю калінай,

На небе выплылі грамады сонных хмар,

Туманы сцелюцца над волкаю далінай.


А месяц залаты праз тоўшчу хмар пралез

І з вышыні сваёй ўсю землю аглядае,

Таемна шапаціць аб чымсь пажоўклы лес

І жудась нейкую на душу наганяе [4, с. 32].

Зямля і неба “ў паўцёмнае цішы” адчувальна міфалагізаваныя, і на гэтым фоне незвычайнага прыроднага дзейства раскрываецца драма нешчаслівага кахання.

У творчасці Г. Ахматавай ад самага пачатку таксама выяўляецца пачуццё глыбокай замілаванасці да навакольнай красы. Але любаванне гэтае — ціхае, пяшчотнае, засяроджанае. Сузіранне прыроды выклікае непадробную лірычную ўсхваляванасць і песенны настрой. В. Вінаградаў заўважыў, што ў паэзіі Г. Ахматавай «свет адкрываецца спяваючым», «з’явы акампануюць унутранаму маўленню гераіні» [6, с. 283, 286]. У яе паэтычным свеце гэтак жа спалучаны каханне і прырода, каханне і песня. «Я на солнечном восходе // Про любовь пою…» [2, с. 33] — так пачынаецца верш «Песенка». Увесь свет праяў прыроды ў паэзіі Г. Ахматавай — гэта адбітак імгненняў душы, якая кахае, спявае, смуткуе, але, самае галоўнае, тонка, нават абвострана ўспрымае красу: «Тополя тревожно прошуршали, // Нежные их посетили сны, // Небо цвета вороненой стали, // Звезды матово-бледны» («Обман») [2, с. 31]. Аднак рэаліі і дэталі прыроднага ландшафту ўваходзяць у паэзію Г. Ахматавай не толькі як прыгожы фон, але і як вобразы рускай зямлі, сімвалы радзімы, канстанты духоўнага быцця. Вось як выяўляецца пачуццё радзімы ў адным з яе вершаў, дзе ёй згадваецца «тверская скудная земля»:

Журавль у ветхого колодца,

Над ним, как кипень, облака,

В полях скрипучие воротца,

И запах хлеба, и тоска [2, с. 51].

(«Ты знаешь, я томлюсь в неволе…»)

У творах Г. Ахматавай няма гучнай патрыятычнай патэтыкі, але ёсць успрыманне роднай зямлі як чагосьці надзвычай блізкага, інтымнага, незаменнага ў жыцці, і гэтае адчуванне надае вялікі, глыбінны сэнс яе існаванню. Паэтка ўбачыла боскую непаўторнасць створанага цуду, зведала асалоду ад гэтай незвычайнай зямной прыгажосці. Яна з думкай да Усявышняга прамаўляе: «Да, Отец! — твоя земля прекрасна» («Я любимого нигде не встретила…») [1, с. 176].

Лірычная гераіня Г. Ахматавай цяжка перажывае душэўныя зломы, кахае пакутна, з вострым адчуваннем драматызму жыцця. З пранікнёнай шчымліва-элегічнай інтанацыяй яна выгаворвае набалелае. Але паэтка ведае, што значыць жыць дзеля «великой земной любви» («Эта встреча никем не воспета…») [1, с. 260]. Яна ўяўляе зямлю як зямлю кахання, бо спазнала хвіліны ўзаемнасці і асалоды: «О, как была с тобой мне сладостна земля!» («А! Это снова ты… Не отроком влюбленным…») [1, с. 268]. Калі паэтка са скрухай ці гаркотай піша пра нешчаслівае каханне і гэтае пачуццё праступае праз вершаваныя радкі сумным, тужлівым водгаласам, то, здаецца, яна гаворыць пра страчаны рай кахання на зямлі.

Як мы пераконваемся, у паэзіі Г. Ахматавай і К. Буйло каханне робіць вобраз зямлі асабліва прывабным, адухоўленым, незвычайным, з ім звязаны ўяўленні пра красу жыцця, рай і шчасце. Абедзве паэткі скіроўвалі позірк да «паднебнай далі», успрымалі каханне як найвышэйшы дар, які так цяжка захаваць у рэальным свеце. Зямля ў паэтыцы іх любоўных, інтымных вершаў — неад’емная, арганічная частка светаўспрымання і светаадчування. Гэтая прыродная, духоўная субстанцыя пераўтварае ўнутранае жыццё асобы.

Адчуванне роднасці з зямлёй, радзімай асабліва яскрава выявілася ў лірыцы К. Буйло і Г. Ахматавай часу Вялікай Айчыннай вайны. Гітлераўскі фашызм замахнуўся на самае святое, дарагое, запаветнае, таму іх творы напісаны з эмацыянальнай узрушанасцю, глыбокім патрыятычным пафасам. У традыцыях вуснай народнай паэзіі зямля адухаўляецца: плача, жаліцца і скардзіцца на свой лёс гэтак, як і людзі: «…зямля плача // Пад фашысцкім ботам…» («За Дунаем звоняць косы…») [4, с. 102]. У вершы «Там, дзе Свіслачы светлыя хвалі…» са шчымлівай тугой і кранальнай пяшчотай згадвае беларуская паэтка родныя краявіды, шчаслівае мінулае. Гэты свет глыбока ўвайшоў у яе сэрца і памяць. Яна бачыць сваю зямлю ў вобразе роднай маці: «…І глядзелася ў люстра празрыстай вады // Беларусь — мая родная маці…» [4, с. 106]. К. Буйло, звяртаючыся да прыёму фальклорнага паралелізму, надае вобразам роднай зямлі адухоўленую сутнасць, прамаўляе з душэўнай пранікнёнасцю, шчырым маленнем: «…Вас, байцы, край мой просіць, Радзіма мая, // Моліць Свіслач слязістаю хваляй: // Забівайце бандытаў! Знішчайце ў баях, // Каб радзімай зямлі не тапталі!..» [4, с. 107]. З вялікай трывогай пра лёс радзімы выказалася ў гады вайны Г. Ахматава. Чалавечы боль і пакуты роднай зямлі адгукаліся хваляваннем у яе сэрцы: «…томится пречистое тело // Оскверненной врагами земли» («Победа») [2, с. 177]. Яна глыбока адчула трагедыю вайны, выявіла яе антычалавечую сутнасць у творах пра блакадны Ленінград: «Ленинградскую беду // Руками не разведу, // Слезами не смою, // В землю не зарою» («Причитание») [2, с. 173]. Смутак яе глыбокі («всего прочнее на земле — печаль»), але паэтка знаходзіць у сабе мужнасць, упэўненасць, каб наперакор стратам і спазнанай бядзе ў скрутны час сказаць пра духоўна істотнае, невынішчальнае, непераможнае на гэтым свеце — вясну, цяпло, пяшчоту, прыгажосць: «…Вдовою у могилы безымянной // Хлопочет запоздалая весна. // Она с колен подняться не спешит, // Дохнет на почку и траву погладит, // И бабочку с плеча на землю ссадит, // И первый одуванчик распушит» («Памяти друга») [2, с. 178]. У гэтых радках, здаецца, гучыць ціхая і прачулая мелодыя жыцця.

Пачуццё духоўнай лучнасці і адзінства з радзімай увасабляецца ў вершах К. Буйло «Роднаму краю» (1952) і Г. Ахматавай «Родная земля» (1961). Калі верш беларускай пясняркі па сваім змесце аўтабіяграфічны і ў ім аўтарка ідзе ад канкрэтнага да агульнага, то руская паэтка асэнсоўвае дачыненні чалавека і зямлі, яе разважанні таксама маюць вобразную аснову і завяршаюцца абагульненнем. К. Буйло з мерай асабістага вопыту ў лірыка-апавядальнай манеры гаворыць пра тое, чым стала для яе радзіма, беларуская зямля:

І ўсё ж час ад часу ўзнікае патрэба

Убачыць блакіт беларускага неба,

Пачуць нашы песні, хадзіць па узгорках,

Дзе пах ад чабору, духмяны і горкі.

…………………………

Хаджу я тады, як дзяўчынка малая,

Што слухала песні зялёнага гаю,

Што думы складала у вершы над рэчкай,

Дзе грэчка паліла ружовыя свечкі,

Дзе межы сівелі ад пахаў палынных,

Дзе дзіва-кастрамі цвіла канюшына… [5, с. 12].

З гэтага верша беларуская прырода паўстае маляўнічай, пахкай, яркай. Пейзажны свет К. Буйло раскрывае шырока, падрабязна, узнаўляе эстэтычнае аблічча радзімы з экспрэсіяй вобразнага слова. Яе апісанні і метафарычныя ўяўленні сагрэты пачуццём любові. Малюнак роднай зямлі ў творы Г. Ахматавай — някідкі, рэалістычна прыземлены, аднак гэтыя звычайныя вобразы набываюць паэтычную значнасць:

Да, для нас это грязь на калошах,

Да, для нас это хруст на зубах.

И мы мелем, и месим, и крошим

Тот ни в чем не замешанный прах [2, с. 208].

К. Буйло, згадваючы мінулае, не ідэалізуе свой лёс, яна аглядае перажытае і прызнаецца: «Жылося ўсяк…». Г. Ахматава таксама ведала цану людскім нягодам і выпрабаванням, родная зямля ёй «не кажется обетованным раем». Жыццёвыя абставіны, час уплывалі на яе ўнутранае адчуванне прыроды, свету, у выніку чаго ў вершы «Родная земля» з’яўляецца нечаканая метафарычная вобразнасць. Кожная з паэтак па-свойму ўвасобіла матыў духоўнай еднасці з бацькоўскім краем, усеагульны сэнс быцця, які заключаецца ў непадзельнасці чалавечага лёсу з роднай зямлёй: «…Мне без маёй зямлі нідзе жыцця няма» («На радзіму») [5, с. 106]; «Но ложимся в нее и становимся ею, // Оттого и зовем так свободно — своею» («Родная земля») [2, с. 208]. К. Буйло, нягледзячы на тое, што жыла за межамі Беларусі, у Маскве, і Г. Ахматава, якая ўвасабляла часам вобраз «бездомной странницы», у сваёй паэзіі стварылі высокі культ зямлі як радзімы. Гэтую асаблівасць, адметнасць у творчасці Ахматавай заўважыў К. Чукоўскі, які пісаў, што ў яе «жыцці і паэзіі… быў Дом, які служыў ёй ва ўсе часы верным і выратавальным прыстанкам. Гэты Дом — радзіма, родная зямля. Гэтаму Дому яна з юных гадоў аддавала ўсе свае самыя светлыя пачуцці…» [14, с. 733]. Абсалютна тое ж самае з поўным правам можна сказаць пра К. Буйло, якая прысвяціла свае песні «Беларусі — любімаму краю».

Такім чынам, К. Буйло і Г. Ахматава ўвасобілі і раскрылі патрыятычныя пачуцці праз вобразы зямной прыроды. Імі рухала імкненне да спасціжэння роднага, спрадвечнага, анталагічнага, сутнаснага. Кожная з іх стварыла паэтычны міф пра радзіму, у аснове якога ляжыць адчуванне сваёй зямлі як месца непаўторнага і сакральнага. Зямля ў творчасці К. Буйло і Г. Ахматавай — галоўная духоўная першааснова, ідэйны цэнтр філасофскага светаразумення, з якім звязана вытлумачэнне сэнсу жыцця.


Літаратура

1. Ахматова, А. Собрание сочинений : в 6 т. / А. Ахматова; сост., подгот. текста, коммент. и статья Н. В. Королевой. — М. : Эллис Лак, 1998. — Т. 1 : Стихотворения. 1904—1941. — 968 с.

2. Ахматова, А. Стихотворения и поэмы / А. Ахматова; сост., авт. вступ. ст. и примеч. Н. Банников. — М. : Мол. гвардия, 1989. — 222 с.

3. Багушэвіч, Ф. Творы / Ф. Багушэвіч; уклад., прадм. Я. Янушкевіча. — Мінск : Маст. літ., 1998. — 206 с.

4. Буйло, К. Выбраныя творы : у 2 т. / К. Буйло. — Мінск : Маст. літ, 1981. — Т. 1 : Вершы, паэма. — 302 с.

5. Буйло, К. Выбраныя творы : у 2 т. / К. Буйло. — Мінск : Маст. літ, 1981. — Т. 2 : Вершы, успаміны. — 334 с.

6. Виноградов, В. В. Избранные труды. Язык и стиль русских писателей. От Гоголя до Ахматовой / В. В. Виноградов; отв. ред. А. П. Чудаков. — М. : Наука, 2003. — 390 с.

7. Колас, Я. Новая зямля. Сымон-музыка : паэмы / Я. Колас. — Мінск : Маст. літ., 1986. — 448 с.

8. Крук, І. Зямля / І. Крук, У. Лобач, Я. Сахута // Беларуская міфалогія : энцыкл. слоўнік / С. Санько [і інш.]. — Мінск : Беларусь, 2004. — С. 200—202.

9. Лихачев, Д. Земля родная / Д. Лихачев. — М. : Просвещение, 1983. — 256 с.

10. Пяцьдзесят чатыры дарогі : аўтабіяграфіі беларус. пісьменнікаў / склад. і падрыхт. тэкстаў Я. Казекі. — Мінск : Дзяржвыд. БССР, 1963. — 552 с.

11. Тарасюк, Л. К. Мастацкія кірункі і плыні ў беларускай паэзіі ХІХ — пачатку ХХ ст. : вучэб. дапам. для студэнтаў філал. фак. / Л. К. Тарасюк. — Мінск : БДУ, 1999. — 72 с.

12. Тит Лукреций Кар. О природе вещей / Тит Лукреций Кар; пер. с лат. Ф. Петровского. — М. : Худож. лит., 1983. — 383 с.

13. Фрэзер, Дж. Фольклор в Ветхом завете / Дж. Фрэзер; пер. с англ. Д. Вольпина. — М. : Политиздат, 1985. — 511 с.

14. Чуковский, К. И. Анна Ахматова / К. И. Чуковский // Собрание сочинений : в 6 т. — М. : Худож. лит., 1967. — Т. 5 : Люди и книги. — С. 725—755.

15. Шамякіна, Т. І. Міфалогія Беларусі: (нарысы) / Т. І. Шамякіна. — Мінск : Маст. літ., 2000. — 400 с.



Бельскі Алесь Іванавіч — доктар філалагічных навук, прафесар кафедры беларускай літаратуры і культуры Беларускага дзяржаўнага універсітэта


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка