Алена талапіла студэнтка II курсу публічныя сферы ў беларусі: грамадзянскі нацыяналізм як магчымая падстава дыялогу




старонка1/12
Дата канвертавання01.04.2016
Памер0.83 Mb.
  1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   12


ЕЎРАПЕЙСКІ ГУМАНІТАРНЫ УНІВЕРСІТЭТ
Акадэмічны дэпартамент філасофіі
Праграма магістра філасофіі

Сацыяльная тэорыя і палітычная філасофія



АЛЕНА ТАЛАПІЛА

Студэнтка II курсу




ПУБЛІЧНЫЯ СФЕРЫ Ў БЕЛАРУСІ: ГРАМАДЗЯНСКІ НАЦЫЯНАЛІЗМ ЯК МАГЧЫМАЯ ПАДСТАВА ДЫЯЛОГУ

МАГІСТЭРСКАЯ ПРАЦА

Кіраўнік працы: к.філ.н., Шпарага В.М.

Вільня, 2009



Талапіла, Алена

Т 52 Публічныя сферы ў Беларусі: грамадзянскі нацыяналізм як магчымая падстава дыялогу / Талапіла Алена; навуковы кіраўнік кандыдат філасофскіх навук, дацэнт Шпарага Вольга Мікалаеўна Еўрапейскі Гуманітарны Універсітэт. – Вільня, 2008. – 63 c. – Бібліягр.: C. 59-61 (37 наз.).

УДК 323.1:316.3(476)

Ключавыя словы: Публічнасць, нацыяналізм, грамадзянскі нацыяналізм, аўтаномія, рэпалітызацыя.

Аб'ект магістэрскай працы – праект грамадзянскага нацыяналізму ў Беларусі. Мэта працы – абгрунтаваць здольнасць грамадзянскага нацыяналізму ў Беларусі служыць стратэгіяй рэпалітызацыі беларусаў, якая мае ажыццяўляцца згодна з прынцыпам публічнасці. Асноўныя задачы працы: аналіз зместу і генезісу канцэпцыі публічнасці; аналіз этнакультурнай і грамадзянскай формаў нацыяналізму; спроба абгрунтаваць актуальнасць праекту грамадзянскага нацыяналізму для Беларусі; спроба абгрунтаваць сувязь паміж канцэптамі публічнасці, грамадзянскага нацыяналізму і палітыкі; аналіз падыходаў сучасных беларускіх тэарэтыкаў да праблемы нацыяналізму; даследаванне асобных беларускіх праектаў, якія грунтуюцца на прынцыпах грамадзянскага нацыяналізму.
Выкарыстоўваючы такія метады, як параўнальны аналіз падыходаў «вынаходнікаў» панятку публічнасці Г. Арэнт і Ю. Хабермаса, падмацаваны аналізам крытыкі гэтага канцэпту з боку сучасных сацыяльных тэарэтыкаў (С. Бенхабіб, Н. Фрэйзэр, Ул. Фурс), а таксама параўнанне этнічнай і грамадзянскай формаў нацыяналізму і аналіз дыскусіяў сучасных беларускіх інтэлектуалаў пра нацыянальны праект, была зробленая выснова пра сувязь паміж канцэптамі публічнасці, грамадзянскага нацыяналізму і палітыкі (праект грамадзянскага нацыяналізму ў Беларусі немагчыма рэалізаваць без публічнасці, або інакш кажучы, публічнасць – неабходнае звязваючае звяно ў грамадзянскім нацыяналізме). Станаўленне публічнасці – неабходны элемент палітыкі ў нарматыўным сэнсе слова, а для вызначэння контураў дэмакратычнай палітыкі цэнтральную ролю грае панятак аўтаноміі. Важнай умовай фармавання дыялогу беларускіх публік (і саміх публік увогуле) можна лічыць культываванне нацыянальнай ідэнтычнасці.

Нягледзячы на вельмі праблематычны характар канцэптаў нацыі ды нацыяналiзму, найбольш прадуктыўным будзе разглядаць нацыі не як нейкія сацыяльныя сутнасці, якія заўсёды ўжо існуюць і якія натуральным чынам яднаюць вялікія групы людзей, а як калектыўныя творы, дакладней – палітычныя праекты. Пры гэтым палітыку трэба разглядаць не як барацьбу за ўладу ці сістэму кіравання, а як агульную справу вольных людзей. Хоць некаторыя тэарэтыкі глабалізацыі і спяшаюцца адмовіць нацыянальнай ідэнтычнасці ў праве на будучыню, аднак нацыяналізм можа быць рэальнай гістарычнай сілай і эфектыўнай палітычнай праграмай. У сучасных умовах нацыяналізм у Беларусі – гэта магчымая падстава для фармавання аўтаномнага грамадства.

Актуальнасць грамадзянскага нацыяналізму ў Беларусі грунтуецца на больш адкрытым, інклюзіўным характары гэтага праекту ў параўнанні з этнакультурнай формай нацыяналiзму, а гэта значыць, што грамадзянскі нацыяналізм мае большы патэнцыял для фармавання салідарнасці беларусаў. Пасля аналізу дыскусіяў вядомых беларускіх тэарэтыкаў можна зрабіць выснову, што моўна-этнаграфічнае разуменне нацыяналiзму, якое пераважала ў 1990-я гг., саступае месца інклюзіўнаму грамадзянскаму нацыяналізму. Варта падкрэсліць, што нацыянальная ідэя разумеецца ў працы як рэгулятыўная ідэя, утопія. Але утапічнасць гэтая мае практычны сэнс, які палягае ў аб'яднанні беларусаў. Пры гэтым неабходна плюралізаваць беларускі нацыянальны дыскурс праз стварэнне агульнай камунікатыўнай прасторы, у межах якой розныя версіі нацыянальнай ідэі маглі б плённа канкураваць паміж сабой. Можна вылучыць дзве базавыя каштоўнасці, прыняцце якіх можа стаць падставаю для дыялогу: прызнанне каштоўнасці незалежнасці Беларусі ды заангажаванасць у палітыку ў нарматыўным сэнсе гэтага слова. Заангажаванасць гэтая будуецца на фундаменце калектыўнай аўтаноміі ды немагчымая без прынцыпу публічнасці.

Невялікае сацыялагічнае даследаванне праектаў «Belintellectuals» і Беларускі Калегіюм дазваляе зрабіць выснову, што грамадзянскі нацыяналізм мае ў Беларусі свае канкрэтныя паспяховыя праявы.

Магістэрская праца можа быць карыснай даследчыкам нацыяналізму ў Беларусі, студэнтам, палітыкам і грамадскім актывістам.

ЗМЕСТ


УВОДЗІНЫ 5

1. Публічнасць 7

1.1. Канцэпцыя публічнасці Ганны Арэнт 7

1.2. Канцэпцыя публічнасці Юргена Хабермаса 9

1.3. Сучасныя тэарэтыкі публічнасці 17

1.4. Высновы 21

2. Грамадзянскі нацыяналізм і сучаснае разуменне грамадзянства 24

2.1. Нацыі і нацыяналізм. Праблемы дэфініцыі 24

2.2. Класіфікацыя нацыяналізму. Этнічны і грамадзянскі нацыяналім 26

2.3. Канцэпцыя грамадзянства ў сучасных умовах 31

2.4. Высновы 34

3. Беларусь: тэндэнцыя пераходу да грамадзянскага нацыяналізму 37

3.1. Рэпалітызацыя і грамадзянскі нацыяналізм у Беларусі 39

3.2. Праекты грамадзянскага нацыяналізму 43

3.3. Высновы 47



Заключэнне 49

СПІС ЛІТАРАТУРЫ 56

Public spheres in Belarus: civil nationalism as a possible foundation for dialogue 60



УВОДЗІНЫ


Так ці інакш нягледзячы на аб'ёмную крытыку дэмакратыі мы працягваем лічыць яе каштоўнасцю. Сведчаннем будзе тое, што, нягледзячы на ўсе хібы, ідэі тэарэтыкаў пра тое, як зрабіць жыццё лепшым, грунтуюцца ў асноўным на пераасэнсаванні ды рэфармаванні дэмакратыі – выпрацоўванні дэлібератыўнай, радыкальнай, плюралістычнай ды інш. мадэляў.

Лагічным будзе задаць пытанне: а што рабіць тым, у якіх, па агульным прызнанні, дэмакратыі няма? Як магчыма яе ўсталяваць, дасягнуць?

Сейла Бенхабіб піша, што «дэмакратыя – гэта мадэль арганізацыі калектыўнага і публічнага ўжывання ўлады ў галоўных інстытутах грамадства на падставе наступнага прынцыпу: рашэнні, ад якіх залежыць агульны дабрабыт, ёсць вынікам працэдуры свабоднага і разумнага абмеркавання ў коле асобаў, якія прызнаюцца роўнымі ў маральным і палітычным сэнсе»1. Мне падаецца, можна сцвярджаць, што публічнасць ляжыць у ядры сучасных дэмакратыяў. Недахоп дэмакратыі, недастатковасць ці нерэалізацыя публічнасці – гэта часткі аднаго ланцуга, у якім яны пераходзяць адно ў адно.

Вернемся да пытання «што рабіць?» і перафармулюем яго на іншы кшталт: як вярнуць Беларусі (беларусам) палітыку? Уладзімір Фурс у адным са сваіх тэкстаў абазначыў у якасці гетэраноміі ў беларускім грамадстве праблему дэпалітызацыі. А гэта значыць, што напаўненне панятка аўтаноміі ў сучасных умовах нашай краіны ён звязвае адпаведна з рэпалітызацыяй2. Як падаецца, рэпалітызацыю нельга аддзяліць ад сцвярджэння прынцыпу публічнасці. З іншага боку лакальным напаўненнем канцэпцыі грамадскай аўтаноміі ён называе грамадзянскі нацыяналізм.

Калі звярнуцца да нашага часу і нашага сацыяльнага ландшафту, то ў цэлым усё больш беларускіх тэарэтыкаў пачынаюць пісаць пра грамадзянскі нацыяналізм. Тут мы маем і распрацоўванне ідэі грамадзянскай ідэнтычнасці (Рыгор Мінянкоў), і канцэпцыю грамадзянскага нацыяналізму (Уладзімір Фурс, Валянцін Акудовіч, Валер Булгакаў, Нэлі Бекус). Мне падаецца, што ў Беларусі паступова адбываецца пераход ад этнакультурнага нацыяналізму да грамадзянскага. У гэтай працы я паспрабую праілюстраваць і абгрунтаваць гэты тэзіс.

Увогуле, сучасныя беларускія тэарэтыкі разглядаюць грамадзянскі нацыяналізм у кантэксце больш шырокіх канцэпцыяў дэмакратыі і публічнасці. Як зазначае Уладзімір Фурс, «дэмакратыя – гэта адначасова нарматыўны і эмпірычны панятак: нарматыўная ідэя дэмакратыі ажыццяўляецца ў большай ці меншай ступені, але ніколі – цалкам»1. Гэтаксама і публічнасць можна сярод іншага разумець як нарматыўны ідэал. А грамадзянскі нацыяналізм таксама рэалізуецца як утопія – але ўтопія практычная (гэтай думкі прытрымліваюцца Уладзімір Фурс, Пётра Рудкоўскі). «Той факт, што нарматыўная мадэль не адпавядае рэальнасці, не дае падставаў адкінуць [гэтую] мадэль, бо патрэба ў нарматыўнасці як раз і выкліканая тым, што людзі ацэньваюць рэчаіснасць, у якой жывуць, у святле прынцыпаў і абяцанняў, якія пераўзыходзяць гэтую рэальнасць»2.

Я пачынаю сваю працу з рэканструкцыі падыходаў тэарэтыкаў рознага кшталту да публічнасці. У гэтай рэканструкцыі канцэпцыяў публічнасці я шмат у чым абапіраюся на тэксты беларускага філосафа і сацыяльнага крытыка Уладзіміра Фурса. Апроч гэтага я паспрабую ажыццявіць разгляд грамадзянскага нацыяналізму ў кантрасце з этнакультурнай канцэпцыяй, у тым ліку абапіраючыся на сучасную беларускую сітуацыю.

Маёй задачай у гэтай працы будзе эксплікаваць сувязь публічнасці і грамадзянскага нацыяналізму, а таксама разгледзець праекты, якія, на мой погляд, могуць быць апісаныя ў тэрмінах грамадзянскага нацыяналізму.


  1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   12


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка