Алена Марчанка колеравае багацце беларускага пейзажу І сезонна-каляндарны рух часу на матэрыяле трылогіі




Дата канвертавання30.03.2016
Памер149.58 Kb.
Алена Марчанка

КОЛЕРАВАЕ БАГАЦЦЕ БЕЛАРУСКАГА ПЕЙЗАЖУ І СЕЗОННА-КАЛЯНДАРНЫ РУХ ЧАСУ (НА МАТЭРЫЯЛЕ ТРЫЛОГІІ

ЯКУБА КОЛАСА “НА РОСТАНЯХ”)
Бачанне навакольнага свету ў колерах вымагае ад пісьменніка не толькі добрага валодання моўнымі сродкамі для перадачы разнастайных адценняў, іх пераліваў, насычанасці, але і асабістага прыроднага таленту да колерапісу. Як мастак малюе фарбамі, так і пісьменнік жывапісуе словам, якое павінна зіхацець, пералівацца бляскам, перадаваць ступень інтэнсіўнасці афарбоўкі, яе характар.

Колерапіс – адзін з абавязковых элементаў стылю як асобнага мастацкага твора (разам з жанрам, сюжэтам, мовай і іншымі кампанентамі яго структуры), так і індывідуальнага аўтарскага стылю. С. Андраюк адзначае, што “стыль праяўляецца ва ўсім, у нейкай меры ўключае ў сябе па сутнасці ўсе кампаненты зместу і формы мастацкага твора ці твораў: жанр, сюжэт, кампазіцыю, сістэму вобразаў, эмацыянальную атмасферу, характар апавядальнай манеры, мову з яе сіснтаксісам, інтанацыйна-рытмічным ладам, лексікай. Разам з тым, гэта не мова, не кампазіцыя і г.д. самі па сабе, уіх канкрэтным праяўленні ў дадзеным творы ці творчасці. Гэта і не сума пэўных мастацкіх прыёмаў, не іх тая або іншая камбінацыя. Стыль – сістэма, якая арганічна ў сябе ўключае, сінтэзуе ўсе кампаненты мастацкай структуры” [1, с. 10].

Стыль як эстэтычная катэгорыя найперш звязаны з індывідуальнасцю творцы, яркай і самабытнай. Канкрэтнасць і асаблівасць паняцця стылю найбольш праяўляецца якраз у стылі індывідуальным [1]. У стылі пісьменніка найлепш праяўляецца непаўторнасць яго як мастака, творцы, яго арыгінальнасць і адметнасць. Стыль абапіраецца на найглыбейшыя ўстоі пазнання, існавання, сутнасць рэчаў, паколькі нам дадзена магчымасць распазнаваць яе ў бачных і адчувальных вобразах. У мастацкім стылі закладзены сталыя, прыхаваныя законы, прынцыпы існавання народа, яго разуменне прыгажосці, якое раскрываецца інтуітыўна праз вобразна-гарманічныя пачуцці. У сувязі з гэтым варта казаць і пра стыль нацыянальны – сапраўдны, самабытны, функцыянальна змястоўны і гэтым самым абаронены ад выкшталцоных падробак. Безумоўна, стыль асобнага пісьменніка заўсёды ляжыць у рэчышчы нацыянальнага стылю. Індывідуальны аўтарскі стыль – праекцыя псіхічнай біяграфіі пісьменніка, нацыянальны стыль – адбітак гістарычнага і культурнага вопыту народа, сувязь з асяроддзем яго жыцця і ўмовамі развіцця. У стылі выяўляецца асоба пісьменніка, асаблівасці яго светабачання. Адным з заснавальнікам нацыянальнага стылю ў новай беларускай літаратуры з’яўляецца Якуб Колас. Яго стыль, што пачаў фарміравацца ў часы нацыянальнага адраджэння, жыццесцвярджальны і празрысты. Як прыклад узялі для сябе пісьменнікі наступных пакаленняў ураўнаважанасць, гарманічнасць і цэласнасць у паказе ўнутранага і знешняга свету. Адной з бясспрэчных асаблівасцей коласаўскага стылю з’яўляецца колераапісанне. Перадусім, багатымі на сакавітыя апісанні і разнастайныя колеравыя адценні ў творчасці Коласа паўстаюць менавіта створаныя ім літаратурныя пейзажы.

Высветлім спачатку, чаму творцы ў розныя эпохі скіроўвалі свой позірк найперш да свету прыроды. Найчасцей мастакі слова ў пошуку натхнення звярталіся да прыроды, таму што менавіта ў ёй заключаны магутныя жыццёвыя сілы, толькі яна валодае такой колькасцю незвычайных фарбаў і адценняў, што трэба мець асаблівы талент, каб перадаць усю гэтую разнастайнасць, ствараючы незабыўныя мастацкія вобразы. Такім чынам, пейзаж паўстае як ледзь не самы багаты на фарбы мастацкі вобраз у творах.

Пейзаж як апісанне прыроды ў мастацкім творы, як сродак мастацкай выразнасці бярэ свой пачатак яшчэ ад міфалогіі, ад вуснай народнай творчасці. У літаратурным творы пейзаж адлюстроўвае разнастайныя адносіны чалавека і прыроды: пантэістычныя, сузіральныя, канкрэтна-рэалістычныя, філасофскія [9]. У паказе пейзажу творы нацыянальнай класічнай літаратуры заўсёды вызначала “асаблівасць светабачання, ...яркая і сакавітая каларыстычнасць, тонкая суаднесенасць вобразаў прыроды з душэўна-псіхалагічным станам” [2, с. 52]. Гэтае азначэнне з поўным правам можна аднесці і да твораў Якуба Коласа – пісьменніка, мастака-жывапісца, псіхолага і філосафа, які паказаў разнастайнасць колеравай палітры навакольнай рэчаіснасці.

Пейзажы Якуба Коласа вызначае тонкая аўтарская назіральнасць, веданне прыроды, вобразна-эмацыянальная насычанасць, аб’яднанне зрокавых, гукавых і іншых уражанняў, дэталізацыя малюнкаў прыроды, адлюстраванне непарыўнай сувязі прыроды з чалавекам, яго думкамі, пачуццямі, перажываннямі.

Колерапіс – адзін з абавязковых элементаў стылю Якуба Коласа, а колераабазначэнні адмыслова падабраны і размеркаваны ў тэкстах так, каб стварыць зрокава адчувальныя карціны прыроды.

У пейзажных замалёўках трылогіі “На ростанях” Якуб Колас раскрыў чытачам прыгажосць роднай прыроды ў розную пару года, розны час сутак, рознае надвор’е. Прырода ў творы паўстае ва ўсёй паўнаце, раскрываючы сваю прыгажосць, “салодкую паэзію” (Л. Талстой) у самых разнастайных паўсядзённых праявах. Усе поры года – вясна, лета, восень, зіма, усе гадзіны сутак, асноўныя прыродныя аб’екты – лес, поле, рака ў розных станах, самыя разнастайныя ландшафты – усё знаходзіць сваё месца на старонках трылогіі. Гэта звязана, на нашу думку, з геаграфічнымі асаблівасцямі. Разнастайны краявід – розны з розныя сезоны года. Вока не стамляецца ад аднастайнага пейзажу. Рознае надвор’е, змена пор года дорыць новыя непаўторныя колеры і нечаканыя адценні. У стварэнні пейзажаў роднай прыроды ва ўсёй паўнаце яе праяў і рознаколернасці ў розныя поры года Колас з’яўляецца паслядоўнікам сталай класічнай еўрапейскай літаратурнай традыцыі, распачатай яшчэ старажытнагрэчаскім паэтам Гесіёдам, пазней працягнутай антычнымі рымскімі аўтарамі – Авідзіем, Гарацыем, Вяргіліем.

Мы разгледзім варыянты стварэння Коласам нацыянальных пейзажаў у розныя поры года менавіта ўлічваючы колеравае багацце і асаблівасці беларускага ланшафту, праяўленне ў сувязі з гэтым адметнасцей светаўспрымання беларусаў. Паколькі аналіз усёй прозы Коласа ў адпаведнасці з акрэсленай праблемай падаецца нам на гэтым этапе немагчымым, то мы звернемся толькі да трылогіі “На ростанях” як да найвялікшага і найбольш багатага на прыродаапісанні твора.

На нашу думку, жывасць, маляўнічасць мастацкаму пейзажу (як і любому іншаму мастацкаму вобразу) надае, перадусім, колер. Дзякуючы сакавітым фарбам, шматстайнасці іх адценняў перадаецца цнатлівая прыгажосць ранняй вясны, буянне летніх красак, таямнічасць і загадкавасць казачнай зімы, шчымліва-лірычная прыгажосць восені.

Важна адзначыць, што прырода ў трылогіі – не фон дзеяння, як любяць казаць літаратуразнаўцы, адзначаючы функцыі пейзажу ў творы. Тут яна – “навакольнае і ўсямерна ўзаемадзейнае з чалавекам асяроддзе, свайго роду метафара “дома”, так шырока прадстаўленая ў творчасці сучасніка Якуба Коласа – М. Прышвіна” [11, с. 252]. Прычым, слова “дом” сімвалізавала “ўсю вялікую прыроду і толькі ўключала ў сябе як нязначную дэталь – чалавечае жыллё” [10, с. 66]. У Коласа, на думку А.І. Шамякінай, “бадай у яшчэ большай ступені прырода – дом – Радзіма з акцэнтам на апошнім паняцці” [11, с. 252].

Вялікі мастак слова, Якуб Колас успрымаў прыроду як жывую істоту. Для яго прырода – не толькі жывая, рэальная, прыгожая, вядомая, але адначасова і таямнічая, якая хавае шмат новага, непазнанага, мудрага.

Мастацтва магчыма таму, што прырода не вычэрпвае ўсіх магчымасцей выяўленчай дзейнасці, пакідаючы лакуны для форматворчасці чалавечага духу. Кожны мастак у гэтым сэнсе ідзе сваім, адметным шляхам. У Коласа прырода і чалавек паўстаюць у адзінстве, арганічна зліваюцца, таму што прырода – улоннем жыцця і дзейнасці чалавека, з ёю звязана і паэзія яго існавання. Сезонна-каляндарны рух часу суадносіцца з уласным жыццём чалавека, яго лёсам. Няўлоўныя струны душы пісьменніка размаўляюць з сонцам, лесам, ракой. Ён адчувае свет краявідаў жывым і блізкім, чаму найперш, несумненна, спрыяе колеравае багацце краявідаў.

У трылогіі “На ростанях” знайшлі адлюстраванне ўсе поры года. Найбольш Колас паэтызуе вясну і лета. Крыху менш увагі, што натуральна, ён надае восені і зіме.

Найперш пісьменнік спявае ўрачысты гімн вясне. Ён канцэнтруе сваю ўвагу на свяце Вялікадня – свяце ў гонар абуджэння прыроды, перамогі святла над цемрай, жыцця над смерцю. Колас разважае ў рэчышчы гэтай старадаўняй народнай традыцыі, старанна падкрэсліваючы ледзь улоўны, патаемны і вечны рух усяго жывога, калі зямля набрыняла сонечным бруістым сокам, разаслалася зялёная дарога да прыроды, што спрадвеку была ўлоннем існавання людзей, калі ў душы нараджаліся малітвы адвечнаму хараству, а ў прыродзе рознымі фарбамі красавала жыццё. Вельмі важна для пісьменніка адзначыць эмацыйны стан чалавека ў гэты час: “...было весела ў дарозе не столькі ад жартлівай песні, колькі ад цеплыні і яснасці веснавога дня, калі ўсё, што трапляла на вочы, выглядала так ласкава, молада, утульна і хіліла да сябе” [8, с. 573]. У гэты момант увагу Я.Коласа і яго герояў прыцягвае велічны і магутны Нёман – крыніца жыцця. Ён вызваліўся з-пад ільду, каб забяспечыць усяму наваколлю новы росквіт: “Асабліва было прыемна зірнуць з дзервянога моста на шырокую наднямонскую даліну ўгору па Нёмане. Рака ўжо амаль увайшла ў берагі. На лугавых нізінах сям-там яшчэ стаяла вада, пад ёю лапушнымі кусцікамі жаўцела лотаць, рассцілаючы буйныя лісты. З лугу патыхала веснавой вільгаццю. Берагі Нёмана, багата напоўненыя разводдзем, яшчэ не прасохлі. Там прабівалася густая жаўтавата-зялёная, яшчэ кволенькая мурожная траўка, як сведка ажывання і аднаўлення зямлі” [8, с. 574].

Апісваючы нараджэнне новага жыцця ў прыродзе, пісьменнік выкарыстоўвае азначэнне не проста зялёная, а жаўтавата-зялёная траўка. Яна яшчэ настолькі кволая, што колер зеляніны толькі-толькі прабіваецца праз жоўты, але прага жыцця настолькі вялікая і моцная, што, зрэшты, пераможа зялёны колер, і забуяе рознымі фарбамі па зямлі суквецце траў і красак.

Гэтае адраджэнне веснавой прыроды, нараджэнне новага жыцця не маглі не хваляваць уяўлення чалавека, ніколі не маглі надакучыць: “Колькі хвілін стаялі на мосце.., любаваліся Нёманам, яшчэ мнагаводным і быстрым, лугамі, полем і лесам. Шмат разоў бачыў іх Лабановіч, але ніколі не дакучалі яны, бо выразна гаварылі, хоць без слоў, аб волі, аб вялікіх прасторах зямлі, аб маладым жыцці” [8, с. 574]. У такога кшталту замалёўках Коласу зусім не абавязкова даваць колеравую адзнаку з’явы. Безумоўна, палатно будзе выканана ў светла-зялёнай колеравай гаме. Здаецца, што зялёны колер можна не проста пабачыць, а адчуць, таму што гэта – колер вясны, новых спадзяванняў і мар. Калі людзі глядзелі на гэтае хараство, іх акрыляла надзея на тое, каб “жыць на свеце, калі б чалавека не гналі, не крыўдзілі, не пазбаўлялі волі, не завязвалі крылляў” [8, с. 574].

Коласам створаны “яркія вясновыя пейзажы, у якіх вясна намалявана ў сваёй адухоўленай велічы, дзівосна-непаўторнай вабнасці” [5, с. 27]. “Вясновасць” струменіць у кожным слове [5, с. 26]. Радасны вясновы ўздым поўніць радкі трылогіі. Аптымізм пісьменніка суадносіцца са станам абуджанай, уваскрэслай прыроды, якая паступова ўбіраецца зелянінай: “Вясна ўступала ў сілу. Снегу ўжо даўно не было на палях. Ажылі балоты. Жаласна застагналі кнігаўкі, цяжка лётаючы над вадою. Высока ў небе звінелі жаваранкі. Абсохшая зямля пачынала іскрыцца зялёным аксамітам кволай пахучай траўкі” [8, с. 135].

Коласавы колеры апісання ранняй вясны хвалююць уражанне чалавека, які не можа застацца абыякавым да такіх разнастайных праяў жыцця: “Вясна была ранняя, як і звычайна на Палессі. У лясах на ўгрэвах снег злазіў борзда, і вызваленая з-пад снегу зямля радасна выглядала на свет жаўтаватымі плямкамі, ужо выбіваўся і леташні бруснічнік, свежы і сакавіты, сухія галінкі вераску і ягадніку. Побач чыгункі, дзе так прыемна купаліся залатыя косы сонейка, у зацішку зялёных хвой і чырванаватага маладога бярэзніку, ужо цягнулася доўгая жоўтая паласа адтаўшай зямлі” [8, с. 128].

З дапамогай колераабазначэнняў Якуб Колас дае магчымасць чытачу ўспрыняць пейзаж больш аб’ёмна: “Там і сям на ўскраінах лясоў распускаліся маладыя лісточкі бярэзінак. Жоўтыя пухаўныя каткі звісалі на вербалозінах, купаючыся на сонцы і склікаючы пчолак і чмелікаў. Зялёныя кветачкі павыбіваліся ўжо на свет скрозь сухія выцвіўшыя лісці, і прынадныя пахі разлівала ў паветры маладая чаромха” [8, с. 141].

Як бачым, вясна – своеасаблівы час, калі абуджаецца прырода пасля доўгага зімовага сну, усё вакол афарбоўваецца ў колер маладосці і новага жыцця, пачынаецца новы перыяд у годзе і ў жыцці чалавека, ажывае душа і поўніцца новымі надзеямі сэрца.

Лета для Якуба Коласа – вялікага весналюба – гэта “працяг зямнога квітнення, пара найвышэйшага ўздыму жыцця” [4, с. 24]. Пісьменніка найбольш захапляе ўсход сонца, летні дзень, напоўнены святлом, пахамі і жывымі гукамі прыроды.

У каляндарным цыкле лету належыць асаблівае месца. Гэта – “пара буйства прыроды і жыцця” [3, с. 26]. У гэты час “свет наўкола агортваецца зелянінай, красуе кветкамі і збажыной, напаўняецца новымі фарбамі і жывымі галасамі” [3, с. 26].

Летні час выклікае найвялікшую радасць і асалоду бытавання на зямлі. Пісьменнік любуецца светам, у якім у адно непадзельнае цэлае прыгожа зліваюцца душа чалавека і душа прыроды, колеры, гукі, спевы наваколля і голас чалавека: “Яму ўсміхалася светла-сіняе неба і яркім блісканнем асвятляла далёкія прыгожыя вобразы: пахучы луг, роўныя пакаты ўзгоркаў у мутна-сіняй далі, старую хвою з буславым гняздом... Бліскучы дзень, таемнае грукатанне надземных абшараў – гоман-воклік грознапавабных хмар, што шырокаю сцяною засланялі неба і выбухвалі купчастымі клубкамі бела-ружовых воблакаў... Не! Іх не зловіш, не замацуеш словамі, але імі жыве-гарыць душа!” [8, с. 109].

У летні час сонца праяўляе сваю найбольшую актыўнасць. Сонечнае цяпло спрыяе таму, што ўсё расце, усё буяе. Яно – незгасальнае святло, вечнасць быцця. Гэта мудрая і стваральная сіла прыроды. Сонца адраджае жыццё, дае росквіт і захоўвае у вечнай плыні часу.

Летнія пейзажы – “ідылічна-маляўнічыя, гарманічныя, поўныя святла і чысціні, адухоўленай музыкі, радасных душэўных перажыванняў” [3, с. 40]. Мы можам вылучыць наступныя ўстойлівыя матывы-элементы летніх малюнкаў прыроды: сонца (цёплае, ласкавае і спякотнае), неба, буянне травы і кветак, цёплая ноч... Самыя распаўсюджаныя колеры і найбольш характэрнае іх спалучэнне, як мы маглі пераканацца, наступныя: зялёны (буянне, квітненне прыроды), залаты, (колер сонца, сонечнага святла), сіні (колер неба, далечыні, неабсяжных лясоў) і некаторыя іншыя. Колеры лета – яркія і сакавітыя, яны сімвалізуюць, як правіла, святло і жыццё ў яго найвышэйшым росквіце.

У восені пісьменнік выдзяляе два перыяды: ледзь улоўны пераход лета ў восень (канец жніўня – пачатак верасня) і ўжо непасрэдна восень з халоднымі дажджамі, сівымі хмарамі і цёмнымі начамі.

Якуб Колас стварае цэлы шэраг шчымліва-лірычных пейзажаў надыходу восені. У іх – светлы сум развітання з летам і жаданне ўявіць кожную кроплю рэшткаў летняга святла, пранікнуцца энергіяй яшчэ цёплых і ласкавых сонечных промняў. Гэта час, калі фарбы ў апошні раз дэманструюць сваю разнастайнасць, каб потым паступова памяняць гэтае багацце на шэрань і цемру даждлівых восеньскіх начэй: “Канчалася лета. На лугах ужо рассцілалася зялёнымі аксамітамі пяшчотна-кволая атава. Парыжэлі стагі. Збіраліся ў вырай буслы. Агорнутыя сіняватай смугою, журботна пазіралі далечы і ніклі ў святле жнівеньскага сонца” [8, с. 238].

Усё паціху жаўцее, аддае лету свой сакавіты зялёны колер. Вакол усталёўваецца восеньская цішыня, якую асвятляюць апошнія цёплыя промні вераснёўскага сонца. Пажоўклы колер – стан душы. Ён высвечвае мяккі сум па адыходзячым леце і паступовае заміранне прыроды: “У лесе было зусім ціха. Скрозь галінкі выносных хвоек прабіваліся цёплыя косы вераснёўскага сонца. Пажоўклыя калюшкі без шуму ападалі на дол, ледзь зачэпіш галінку. Дзесь у небе закрычалі жураўлі, шыбуючы ў вырай. Лабановіч адчуваў нейкую мяккую журботу, навеяную і цішынёй лесу і гэтым заміраннем жыцця. І розныя думкі, лёгкія, як цені хваёвых галінак, журботныя, як курлыканне журавоў у небе, снаваліся ў яго сэрцы” [8, с. 243].

Адна з прыкмет такой часіны – цішыня. Прырода атрымлівае перадых пасля магутнага летняга буяння і рыхтуецца да сну. Цішыня і цеплыня дня ствараюць своеасаблівае абрамленне палескаму пейзажу ранняй восені: “Эх, і пагодка ж стаіць на Палессі. Толькі старыя людзі памятаюць такія прыгожыя дні. Цеплыня, цішыня, яснасць. У сіняй смузе песцяцца далі. Залатая чырвань лістоў нерухліва звісае на купчастых галінках высокіх вязаў. Цёмныя ночы тояць нейкі ўрачысты спакой, і ніжэй нахіляюцца да зямлі, каб паслухаць яе адвечную скаргу. Эх, пагодка, пагодка! Пачынаюць другі раз зацвітаць сады...” [8, с. 264].

У такіх лірычных замалёўках пісьменнік ужывае азначэнні з суфіксамі -ават- / -яват- , што стварае адчуванне таго, як прырода паступова страчвае фарбы, і ўсё менш і менш праяўляюцца насычаныя колеры лета: “А надвор’е на здзіўленне ціхае, яснае і цёплае. Сіняватая смуга звісае над зарэччам. Журботна-ласкавая ўсмешка восені разліта па знямелых, як бы заснуўшых далях. Вынікае, далёка-далёка, белаваты дымок рачных параходаў. Здаецца, ён стаіць на адным месцы – так павольна здалёк вызначаецца лінія яго руху. І доўга трэба сачыць, углядацца, каб заўважыць рух белаватага дыму над пабурэлымі ад часу чаротамі” [8, с. 254].

Адна з істотных прыкмет паступова надыходзячый восені, на якой канцэнтруе ўвагу Колас, – гэта спелы чырвоны яблык, што паўстае як апошняя праява адыходзячага лета: “З большасці садовых дрэў плады былі ўжо пазніманы, і толькі на позніх гатунках спакусліва красаваліся буйныя, чырвоныя яблыкі – здавалася, для таго, каб завабіць сюды падарожніка” [8, с. 507]. Канстатуецца, што яблык не проста чырвоны, а “смачны, малінавы [8, с. 509], які ўвабраў у сябе ўсё сонечнае святло і салодкі смак лета. Тое, што ён набрыняў жыццёвай сонечнай энергіяй, падкрэсліваюць і яго памеры – яно абавязкова буйное: “Бравы салдат павёў Лабановіча да яблыні, на якой віселі буйныя чырвоныя яблыкі, сарваў самы спелы і самы буйны” [8, с. 508].

Яшчэ адна адзнака ранняй восені – баравікі. Пісьменнік адчувае сапраўдную эстэтычную асалоду ад сузірання шляхетных, у чорных шапачках, баравікоў: “А якая радасць для сапраўднага грыбніка, калі насунешся на мнагалікую сям’ю рознага ўзросту чорных, з адценнем срэбранага налёту на маладых пругкіх шапках, ладных, ні з чым не параўнаных баравікоў!” [8, с. 633]. Строгія чорныя шапкі і белыя ножкі – прыкмета высакароднасці, значнасці такога грыба, таму што “гэта не бярозавікі, жоўценькія, як яечня, а чорнагаловыя, самыя лепшыя баравікі, якія растуць толькі ў сасонніках” [8, с. 425].

Апісанне змрочнай позняй восені займае нашмат менш месца ў тэксце трылогіі. Стварэнню мінорнага настрою садзейнічае агульны цёмна-шэры тон аповеду. У гэты час асабліва востра адчуваецца набліжэнне зімы. Усё менш выглядае сонца, дзень робіцца кароткім, халодным і змрочным: Цемра і ціш напоўнілі маленькі пакойчык. З двара ў акно пазірала чорная ноч і завешанае густымі хмарамі-валокнамі цёмнае неба. Было ціха і глуха” [8, с. 14].

У такую пару наваколле змяняе свой выгляд на аднастайны шэры краявід, а душу ахоплівае сум, таму што ад былой шматфарбнасці не застаецца слядоў. І чалавек, і прырода замыкаюцца ў сабе: “У лесе і ў палях пачынала цямнець, шэры асенні вечар борзда апускаўся на зямлю; разам з ім і нейкі смутак лажыўся на гэтыя пацямнелыя далі. Уся мясцовасць змяніла выгляд, як бы замкнулася ў сабе самой, аддаўшыся выключна сваім думкам і свайму настрою, а ўсё іншае для яе стала чужым і нецікавым” [8, с. 40]. Як вялікага жыццялюба, пісьменніка апаноўвае абсалютна вытлумачальны сум і змрочны настрой пры сузіранні такой аднастайнай шэрай карціны.



Зіме Колас таксама надае няшмат увагі. Найперш станоўчыя эмоцыі пры сузіранні зімовага пейзажа звязаны ў Лабановіча з дзіцячымі ўспамінамі. Сярод шэрагу панурых і кароткіх дзён, што наводзяць смутак, прыгнятаюць добры настрой, аўтар згадвае маляўнічыя, вясёлыя марозныя дні, якія кардынальна змянялі настрой. У такія дні зіма ўспрымалася, як казачная, незвычайна прыгожая пара. Пейзаж “прасякнуты замілаваннем да хараства прыроды, у ім адчуваецца лёгкая душэўная ўзрушанасць” [6, с. 17]. З’яўляецца зусім іншае адчуванне, калі чорную зямлю ўкрывае белая пушыстая коўдра, а прырода “нібыта да чагосьці прыслухоўваецца” [13, с. 140]. Колас з захапленнем заўважае, наколькі белай стала зямля ў такім убранні. Колер снегу да такой ступені яркі і чысты, што літаральна рэжа вочы. Пісьменнік стварае “парадны партрэт наваколля” [12, с. 177]. Дамінантная рыса такога зімовага жывапісу – “паэтызацыя навакольнай прыроды ў яе нязвыклым, непаўторным пераўвасабленні” [6, с. 20]. Усё вакол змяняецца: з учорашняга змрочнага асенняга робіцца прыгожым, казачным, атрымлівае ад прыроды новы чысты ўбор: “Зусім іншы малюнак вынікаў перад вачамі павесялеўшага Лабановіча. Кругом было так часта, такая бель, што сляпіла і адбірала вочы. Лес павесялеў, пабялеў і пазбыўся свае хмурай панурасці пад белаю чысцюткай посцілкаю. Кашлатыя лапы ялін гнуліся пад халодным пластом снегу, а маленькія белыя скругленыя шапкі-башлыкі і хаваліся пад імі. І нельга было ўтрымацца, каб не вымераць сваімі нагамі глыбіню снегавога покрыва, як не адзін раз рабіў Лабановіч яшчэ ў дзяцінстве. Снег даходзіў амаль да калена” [8, с. 547].

Напрыканцы нашай працы падкрэслім, што натуральная канкрэтнасць адлюстравання Коласам прыроды выяўляецца, найперш, у колеравым каларыце. Фарбы пейзажаў трылогіі чыстыя, яркія, сакавітыя. Яны надзвычай удала спалучаюцца паміж сабой і вельмі рэалістычна характарызуюць менавіта беларускую прыроду.

Як бачым, пейзажныя апісанні пор года ў Коласа надзвычай квяцістыя і шматфарбныя, што тлумачыцца, верагодна, поглядамі самога пісьменніка на прыёмы слоўна-мастацкага майстэрства. У сезонных пейзажах аўтар шырока выкарыстоўвае выяўленчыя магчымасці колераў, ствараючы вобразныя выразы, яркія параўнанні, мастацкія азначэнні. Ён малюе шматколерныя карціны ранняй вясны, шчымліва-лірычныя замалёўкі надыходу восені, казачны партрэт зімовага лесу. Таленавіты майстар, Колас заўважае ледзь прыметныя адценні колераў – не выдуманыя, а створаныя самой прыродай. Пейзажы класіка прасякнуты сонечным святлом, у іх буяе зеляніна вясны і лета, асляпляе белізной зіма і мякка раскідвае жоўтыя паўтоны восень.

Колас паўстае як майстар-жывапісец, што падае нам свае палотны ў іх шматколернасці. Яго пейзажы вызначае тонкая аўтарская назіральнасць, веданне прыроды, вобразна-эмацыянальная насычанасць, аб’яднанне зрокавых, гукавых і іншых уражанняў, дэталізацыя малюнкаў прыроды, адлюстраванне непарыўнай сувязі прыроды з чалавекам, яго думкамі, пачуццямі, перажываннямі.



Пейзаж для Коласа – “духоўная патрэба самавыяўлення, своеасаблівая кардыяграма сэрца” [7, с. 21]. Усе вобразы прапушчаны пісьменнікам праз душу. Толькі глыбока асэнсоўваючы з’явы, пільна назіраючы, ён здолеў стварыць незабыўныя карціны беларускіх пейзажаў, увасобіць багацце і разнастайнасць прыродных фарбаў.
Літаратура


  1. Андраюк, С.А. Да пытання аб індывідуальным стылі пісьменніка / С.А. Андраюк // Стыль пісьменніка. – Мн., 1974. – С. 3-18.

  2. Бельскі, А.І. Жывая мова краявідаў: Пейзаж у беларускай паэзіі / А.Бельскі. – Мн., 1997.

  3. Бельскі, А. “Гарыць зямля ад фарбаў летніх...”: Лета ў беларускай паэзіі [пачатак] / А. Бельскі // Роднае слова. – 1995. – № 6. – С. 26-38.

  4. Бельскі, А. “Гарыць зямля ад фарбаў летніх...”: Лета ў беларускай паэзіі [працяг] / А. Бельскі // Роднае слова. – 1995. – № 7. – С. 24-29.

  5. Бельскі, А. “Ідзі, вясна, красуйся!..”: Вясна ў беларускай паэзіі [заканчэнне] / А. Бельскі // Роднае слова. – 1995. – № 5. – С. 26-46.

  6. Бельскі, А. “Над Белай Руссю – белы снег...”: Зіма ў беларускай паэзіі [заканчэнне] / А. Бельскі // Роднае слова. – 1995. – № 2. – С. 17-23.

  7. Бельскі, А. Наўпрост да святла / А. Бельскі // Крыніца – 1996. – № 4. – С. 21.

  8. Колас, Я. На ростанях: Трылогія / Я. Колас. – Мн., 2000.

  9. Міронаў М.А., Шамякіна Т.І. Пейзаж // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі: У 4-х т. – Т.4. – С. 243-247.

  10. Пришвина, В.Д. Наш дом. [О М.М. Пришвине] / В.Д. Пришвина.– М., 1977.

  11. Шамякіна, А.І. Колер і гук у трылогіі Якуба Коласа “На ростанях” / А.І. Шамякіна // Каласавіны: Матэрыялы навук. канферэнцыі, прысвечанай 120-годдзю з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Я. Коласа “Творчая спадчына Якуба Коласа ў кантэксце сучас. літ. працэсу” / Дзярж. літ.-мемарыял. музей Я. Коласа; склад. Зайцава Г.І., Далідовіч М.Н. – Мн., 2003. – С. 235-241.

  12. Шапашнікава, А. Вобраз лета ў творах Сяргея Каткова / А. Шапашнікава // Роднае слова. – 1999. – № 7. – С. 174-180.

  13. Шапашнікава, А. Зімовыя пейзажы Віталя Цвіркі / А. Шапашнікава // Роднае слова. – 1998. – № 12. – С. 133-140.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка