Акупацыйны рэжым




Дата канвертавання21.03.2016
Памер111.12 Kb.
Акупацыйны рэжым

17 ліпеня тэрыторыя Расонскага раёна была акупіравана гітлераўцамі. Аднак яшчэ да гэтага, калі стала вядома, што акупацыі не пазбегнуць, райком партыі разгарнуў актыўную работу па стварэнні сеткі падпольных арганізацый. У раёне было пакінута 56 камуністаў для арганізацыі падпольнай і партызанскай барацьбы, яны былі разбіты на 7 груп і атрымалі ў далейшым назву «пяцёрак». Старадворскую «пяцёрку» ўзначаліў загадчык ваеннага аддзела райкома партыі М. Ступакоў, Заборскую — загадчык райза У. В. Петрачэнка, Краснаборскую — М. Бялоў. У раёне засталіся ўсе сакратары райкома партыі — В. Я. Лапенка, С. П. Белы, В. Ф. Гудына, а таксама старшыня райвыканкома Я. П. Васілевіч, сакратар райкома камсамола Д. Л. Задаў, многія раённыя кіраўнікі і мясцовыя камуністы. Райком партыі ў складзе трох даваенных сакратароў і членаў райкома Я. П. Васілевіча і Р. М. Майкова перайшоў на падпольную работу. Адначасова стаў працаваць у падполлі і райком камсамола на чале з Д. Л. Задавым, намеснікам сакратара К. К. Шастаковай і членам райкома Канарскім (пасля гібелі Д. Л. Задава ў верасні 1941 г. райком камсамола прыпыніў сваю дзейнасць). У в. Гарбачэва была пакінута для пад­польнай работы загадчыца фельчарска-акушэрскага пункта Г. Е. Ланеўская, у в. Рудня — старшыня Руднянскага сельсавета I. В. Яфрэменка, у в. Горы — дырэктар пачатковай школы П. У. 1ваноў, у в. Шнітаўка — старшыня сельса­вета Л. В. Волкаў, у в. Мурагі — стар­шыня Гарбачэўскага сельпо I. М. Ша­лаеў. У лясах ля азёр Межна, Нешчарда і ва ўрочышчы Дуброўніца на ўсход ад вёскі Забор'е былі закладзены тры базы для будучых партызанскіх атрадаў, куды завезлі зброю, харчы і адзенне.



Пасля акупацыі Расоншчыны знішчальны батальён і раённае кіраўніцтва адышлі ва ўсходнюю частку раёна на падрыхтаваныя базы, дзе была створана партызанская партыйна-камсамольская ро­та. Не маючы вопыту партызанскай барацьбы, дрэнна ведаючы агульную абстаноўку ў раёне пасля прыходу акупантаў, першыя расонскія партызаны актыўных баявых дзеянняў не вялі, абмяжоўваліся разведкай. У канцы ліпеня 1941 г. партызаны сустрэліся са зводным батальёнам Чырвонай Арміі, аснову якога складалі рэшткі 2-й танкавай дывізіі. Камандзірам батальёна быў Стрыжоў, камісарам — Някрасаў. Пасля цяжкіх баёў пад Ліепаяй яны прабіваліся на ўсход, да Вялікіх Лук, пастаянна ўступаючы ў сутычкі з немцамі, якія імкнуліся акружыць і знішчыць батальён. Па прось­бе камандавання батальёна расонскія партызаны аказалі чырвонаармейцам дапамогу прадуктамі харчавання, разведкай, размясцілі ў надзейных месцах параненых. Для далейшага руху батальёна былі патрэбны праваднікі. Абмеркаваўшы сітуацыю, кіраўніцтва райкома прыняло рашэнне далучыцца да адступаючай вайсковай часці і выходзіць за лінію фронту за далейшымі інструкцыямі. У раёне засталіся толькі асобныя члены райкома і знішчальны атрад.

У суправаджэнні партызан батальён рушыў далей на ўсход. У в. Перавоз байцы паспяхова фарсіравалі Дрысу, аднак далейшы шлях быў перарэзаны нямецкай засадай. У чарговы раз батальён уступіў у бой і са стратамі здолеў вырвацца з акружэння. За Невелем ля р. Ловаць байцы зноў трапілі ў акружэнне. Фашысты навязалі чырвонаармейцам бой у вельмі нязручных умовах — ба­тальён знаходзіўся ў паходным становішчы на адкрытым балоцістым лузе, вакол на ўзгорках заселі фашысты. Бой працягваўся суткі. Калі ў чырвонаармейцаў не засталося боепрыпасаў, камандзір загадаў знішчыць усе аўтамашыны, гарматы, мінамёты і дробнымі групамі выходзіць з акружэння. Партызаны, якія засталіся ў жывых, абмеркаваўшы становішча, вырашылі вярнуцца ў Расонскі раён. Да іх далучыліся начальнік штаба батальёна лейтэнант Карабіцкі, малодшы лейтэнант Каровін і некаторыя іншыя акружэнцы. Партызанскую партыйна-камсамольскую роту ператварылі ў партызанскі атрад і назвалі імем В. I. Чапаева. Камандзірам атрада за-цвердзілі Карабіцкага, камісарам — В. Я. Лапенку, начальнікам штаба — малодшага лейтэнанта Каровіна.

На працягу ліпеня — жніўня 1941 г. ЦК КП(б)Б накіраваў у тыл праціўніка некалькі дзесяткаў партызанскіх груп і атрадаў для арганізацыі барацьбы на акупіраванай тэрыторыі. У ліпені 1941 г. ў Расонскі раён прыбыла група Булаўскага з Ржэва, якая накіроўвалася ў Асвейскі раён. Група правяла на дарогах раёна некалькі дыверсій, аднак, не маючы сувязі з мясцовымі падпольшчыкамі, перайшла ў асноўны раён дзеяння. Амаль у гэты ж час у паўночна-ўсход­нюю частку раёна Віцебскі АК КП(б)Б накіраваў невялікую групу сапёраў (16 чалавек) з 98-й стралковай дывізіі. У хуткім часе група стала ядром асобнага атрада імя В. П. Чкалава. У яе распараджэнні былі 2 грузавыя аўтамашыны з боепрыпасамі і амуніцыяй, а таксама бранявік. Да сапёраў далучыліся разрозненыя групы ваеннаслужачых, якія трапілі ў акружэнне. Было вырашана ства-рыць атрад. Камандаванне ім узяў на сябе ваентэхнік першага рангу С. Дз. Пенкін. Камісарам быў зацверджаны ваенны тэхнік першага рангу В. А. Паўтаў, начальнікам штаба — малодшы лейтэнант I. I. Сяргунін.

Спачатку атрад размяшчаўся ля в. Вялікія Залогі Невельскага раёна, потым на хутары Парамкі, у кастрычніку — лістападзе ля в. Лоева Расонскага раёна, на балоцістым востраве. Такім чынам, ужо ў ліпені 1941 г. ва ўсходняй частцы раёна былі створаны два партызанскія атрады, якія хутка раслі за лік акружэн-цаў. 31 жніўня 1941 г. на партыйным сходзе камуністаў асобнага атрада імя В. П. Чкалава (ад расонскіх членаў партыі на ім прысутнічалі Майкоў, Ступакоў і Петрачэнка) было прынята рашэнне павялічыць атрад да 500 ча­лавек.

Першыя партызаны на Расоншчыне вялі з ворагам сапраўды гераічную барацьбу. Не было яшчэ вопыту партызанскай барацьбы і жыцця, не хапала зброі, адсутнічала пастаянная сувязь з насельніцтвам. Нямногія з іх выжылі, але менавіта яны запалілі факел патрыятызму, паклалі пачатак самаадданай барацьбе партызан і падпольшчыкаў на Расон­шчыне.

Гітлераўскае камандаванне прымала энергічныя меры, каб у зародку задушыць партызанскі рух. Рэгулярна з гарнізонаў у Невелі, Расонах, Дрэтуні накіроўваліся падраздзяленні баявых і ахоўных войск для знішчэння атрадаў імя В. I. Чапаева і імя В. П. Чкалава.

19 верасня 1941 г. асобны партызанскі атрад імя В. П. Чкалава амаль тры гадзіны вёў няроўны бой з вялікім атрадам фашыстаў у лесе на поўнач ад в. Баканіха. Смерцю храбрых у ім загінулі радавыя Аўцуноў, Фядотаў, Малікаў, Прэдыбайла. Быў паранены палітрук Кумрыдзі. На наступны дзень фашысты атрымалі падмацаванне, ім на дапамогу прыйшлі два танкі, лёгкія гарматы. Вораг пачаў акружаць атрад, але партызанам з баямі удалося вырвацца з акружэння.

Вакол месцаў дыслакацыі партызанскіх атрадаў фашысты пачалі ствараць гарнізоны. Шэраг вёсак Невельскага раёна ператварыліся ў апорныя пункты ворага. 27 верасня вялікі атрад фашыстаў прыбыў у в. Забор'е і разгарнуўся ў гарнізон. Амаль кожны дзень арганізоўваліся раптоўныя рэйды ў раён магчымай дыслакацыі партызанскіх атрадаў. Каля 500 фашыстаў раніцай 2 кастрычніка акружылі хутар Парамкі, куды была пераведзена база асобнага атрада імя В. П. Чкалава і дзе жылі яўрэйскія сем'і з в. Краснаполле. Усе сем'і былі поўнасцю расстраляны, а хутар знішчаны. Парты­заны адпомсцілі за гэту расправу: раніцай 4 кастрычніка, калі фашысты паехалі на аперацыю супраць партызан, група смельчакоў прабралася ў Забор'е і спаліла школу, дзе размяшчаўся гарнізон.

Адначасова з зараджэннем партызанскага руху ў раёне пачала фарміравацца і пашырацца сетка падпольных арганізацый. У першыя дні акупацыі стварылася падпольная група ў райцэнтры. Яе арганізатарам стаў 23-гадовы настаўнік фізікі Расонскай сярэдняй школы П. М. Машэраў. У пачатку вайны ён у складзе знішчальнага батальёна прымаў удзел у баях, трапіў у палон, але здолеў уцячы з цягніка, які вёз ваенна-палонных у канцлагер, вярнуўся дамоў. У Расонах у пачатку вайны засталіся многія вучні старэйшых класаў, якія да вайны вучыліся ў Машэрава. Яны і склалі ядро падпольнай арганізацыі. На чале арганізацыі стаў кіруючы камітэт. Пазней да арганізацыі далучылася моладзь суседніх вёсак і чырвонаармейцы, што ўцяклі з палону. Падпольныя групы былі створаны таксама ў вёсках Альбрэхтава, Грачушына, Ражнова, Пірагі, Шалашнікі, Клясціцы, Мілавіды і іншых населеных пунктах.

Камсамольцы паставілі перад сабой задачу — узняць моладзь раёна на барацьбу супраць акупантаў. Падпольшчыкі збіралі зброю і боепрыпасы, здабывалі звесткі аб нямецкіх гарнізонах, падбіралі ў арганізацыю надзейных людзей. Уся работа вялася са строгім захаваннем правіл канспірацыі. На кватэры Пятроўскага, які ўладкаваўся на працу ў валасную ўправу, пад выглядам вечарынак праводзіліся падпольныя сходы, на якіх камсамольцы абмяркоўвалі планы далейшай барацьбы. Яўкай стаў кабінет зубнога ўрача П. Галанавай у раённай бальніцы. У штаб арганізацыі да Машэ­рава прыходзілі кіраўнікі перыферыйных груп, дакладвалі пра новых людзей, якія ўступалі ў арганізацыю, пра колькасць сабранай зброі, атрымлівалі новыя заданні. Да вясны 1942 г. падпольная арганізацыя П. М. Машэрава налічвала ўжо каля 150 членаў. Узніклі падполь­ныя партыйна-камсамольскія арганізацыі ў вёсках Межава, Сакалішча, Сельнікі, Гарбачэва, Забор'е, Бярозаўка.

У верасні 1941 г. на хутары Ф. Быхаўцава, што непадалёк ад в. Стайкі Не­вельскага раёна, Расонскі падпольны райком правёў сход камуністаў, прадстаўнікоў падпольных «пяцёрак», якія былі ў Шнітаўскім, Старадворскім, Круцікоўскім і Заборскім сельскіх саветах. Ад Краснапольскай «пяцёркі» тайнымі сцежкамі прыйшоў Мікіта Ступакоў, ад Шнітаўскай — Лявон Волкаў, ад Заборскай — браты Аляксандр і Гаўрыла Плюсковы. 3 дакладам і інфармацыяй на сходзе выступілі сакратары В. Ф. Гудына і С. П. Белы. У кастрычніку і лістападзе падпольны райком партыі зрабіў яшчэ некалькі спроб правесці сходы камуністаў Расоншчыны. Але многія камуністы і камсамольцы да таго часу былі расстраляны, з-за чаго парушылася сувязь паміж партыйнымі «пяцёркамі».

Найбольш цяжкім стаў для падпольшчыкаў Расоншчыны канец 1941 г. Нечаканым ударам тайнай паліцыі падверглася болынасць падпольных арганізацый раёна. Многія падпольшчыкі недастаткова глыбока ведалі правілы канспірацыі, спецыфіку дзейнасці на акупіраванай тэрыторыі. Акупанты ж у барацьбе супраць патрыётаў выкарыстоўвалі любыя метады, у тым ліку правакацыі, подкуп, знішчэнне людзей як заложнікаў. У лістападзе — снежні 1941 г. былі арыштаваны члены Гарбачэўскай групы Г. Е. Ланеўская, I. М. Шалаеў, Дз. С. Фёдараў, Сакалішчанскай групы — П. А. Куксёнак, С. Е. Траццякоў, Л. Ф. Гатоўскі, кіраўнікі груп У. В. Петрачэнка, М. С. Ступакоў і многія іншыя. Поўнасцю была разгромлена камсамольская група ў в. Бярозаўка Тродавіцкага сельсавета (кіраўнік камсамолец Слоеў).

Акупанты па-зверску распраўляліся з падпольшчыкамі. Фашысты павесілі загадчыка раённага нарыхтоўчага таварыства У. В. Петрачэнку, расстралялі загадчыка партыйнага кабінета Г. Н. Май­кова, закалолі штыком загадчыка ваеннага аддзела райкома партыі М. С. Ступакова, павесілі ў яго роднай вёсцы старшыню Гарбачэўскага сельпо I. М. Ша­лаева і расстралялі старшыню калгаса Дз. С. Фёдарава, павесілі ў Полацку сакратара райкома камсамола Д. Л. Задава і медработніцу Г. Е. Ланеўскую.

Складанае становішча было і ў расонскіх партызан. Набліжалася зіма. У камандавання атрадаў не было вопыту вядзення партызанскай вайны ў зімовых умовах, не хапала цёплага адзення, ежы, медыкаментаў. Акрамя таго, адчуваўся востры недахоп зброі, боепрыпасаў. Пастаянныя зімовыя лагеры падрыхтаваць не ўдавалася — кожны ўчастак, дзе магчыма было абсталявацца, прачэсваўся гітлераўскімі атрадамі з аўчаркамі. У вы­ніку расправы над падпольшчыкамі была страчана сувязь паміж «пяцёркамі» і атрадамі. Ранняя, халодная і снежная зіма стварала цяжкасці і для акупантаў. Снежныя заносы сталі перашкодай у ба-рацьбе з партызанамі для жывой сілы і тэхнікі ворага. Гітлераўцы пачалі ствараць «партызанскія абозы» — з вёсак збіралі вялікі абоз, пад прымусам садзілі на сані старых, дзяцей. Садзіліся разам з паліцэйскімі самі. Такая калона марудна ўцягвалася па глыбокім снезе ў партызанскія лагеры. У такіх вельмі цяжкіх умовах падпольны райком партыі і камандаванне атрада імя В. I. Чапаева прынялі рашэнне аб часо­вым роспуску атрада з тым, каб працягваць барацьбу у глыбокім падполлі. Атрад імя В. П. Чкалава прыняў ра­шэнне аб выхадзе за лінію фронту. 24 кастрычніка ён зняўся з лагера, які быў разбіты на поўнач ад в. Баканіха, выйшаў за межы Расонскага раёна і з баямі пачаў прабівацца да лініі фронту. Паход быў цяжкі, толькі 12 снежня змучаныя, абмарожаныя, са стратамі чкалаўцы дзвюма групамі здолелі перайсці праз лінію фронту.

Гітлераўцы святкавалі перамогу. Іх памагатыя стараліся давесці да насельніцтва, што з партызанскімі атрадамі на Расоншчыне скончана. Фашысцкія газеты з радасцю паведамлялі пра тысячы знішчаных партызан у заборскіх лясах. Аднак ужо ў студзені 1942 г. зноў загаварылі пра з'яўленне партызан. У паў-ночна-заходняй частцы раёна пачаў дзейнічаць партызанскі атрад імя К. Я. Варашылава пад камандаваннем старшага сяржанта Чырвонай Арміі Сяргея Барысавіча Майсеенкі. Арганізаваўся атрад у Себежскім раёне Калінінскай вобласці. Смелымі і надзейнымі памочнікамі камандзіра сталі Сцяпан Каракін, Барыс і Мікалай Кітасавы, Разітдзін Інсафутдзінаў. Пераносячы вялікія цяжкасці, гэты атрад з дня ў дзень рос і мужнеў. Ужо 13—23 лютага партызаны вялі актыўныя баявыя дзеянні. Яны захоплівалі абозы ворага, знішчалі яго жывую сілу і тэхніку. Слава пра гераічнага і таямнічага Сяргея (Майсеенку) ішла па ўсёй акрузе. Яго атрад сваімі баявымі дзеяннямі ў Расонскім і Себежскім раёнах нібы салютаваў вялікай перамозе пад Масквой.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка